Фрашкі да пляшкі [Севярын Квяткоўскі] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Фрашкі да пляшкі 385 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Севярын Квяткоўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пытае:

— Куды гэта вы такія нагружаныя?

— Да Ваньковіча. Хадзем з намі!

—Вой, ды я яго ня ведаю, — засмучона кажа Іначка. — У яго дзеці ёсьць? Можа, цукерак набыць?

—Хадзем, Іначка, — загадкава сьмяемся мы, грукаючы поўнымі бутэлькамі ў торбах.

Хіба, для мяне і маіх сяброў Ваньковіч стаўся адным зь нямногіх месцаў у цэнтры Менску, дзе можна было адчуць сябе паза сталінскім ампірам, абшчапітам і новай уладай, якая толькі набірала абароты празь зьбіцьцё дэманстрантаў, закрыцьцё беларускіх школаў і масмэдыяў ды арышты непакорлівых бізнэсоўцаў.

Для мяне Ваньковіч скончыўся, калі там ужо зрабілася сумна, няўтульна і тлумна, месца сталi часьцяком наведваць мiлiцэйскiя патрулi…

Калі да Ваньковiча завiтала кумпанiя “старажылаў”, мы вырашылi “прыгадаць мiнулыя часы”, наладзiць свайго кшталту разьвiтаньне з Домам. “Госьцi” крыху прыбралiся навокал, разьмясьцiлiся на прыступках, але вiно-пiва адразу не пілі — любавалiся заходам сонца.

Ва ўсiх было колiшняе адчуваньне знаходжаньня ў паралельнай прасторы. Атмасфэра была крыху ўзьнёслая. Немагчыма было ўявiць, што нешта можа парушыць гэты настрой. Кася Камоцкая выйшла наперад да дарогi, якая вяла да суседняга Дому масонаў (яшчэ адно культавае месца 1980-х – пачатку 1990-х). Раптам зза Масонаў на малой хуткасьцi выехала мiлiцэйская машына. Мiлiцыянт, якi сядзеў побач з кiроўцам, паўвысунуўся з вакенца, прабегся позiркам па прыцiхлых “гасьцёх” i спынiў позірк на Касi. Машына марудна наблiжалася, Кася i мiлiцыянт глядзелі вочы ў вочы, завiслая паўза зацягвалася…

Цi ўплывае месца на людзей? Магчыма. Цi мог мiлiцыянт узарваць элегiю, што валодала месцам? Вядома. Як бы там нi было, параўнаўшыся з Касяй, мiлiцыянт ледзь чутна прамовiў: “Здрасьце…” Кася адказала: “Прывiтаньне”. I яны ўсьмiхнулiся адно аднаму.


Сапраўднае сьвята
Мы зь сябрамі ніколі не спынялі пошукаў паралельнай прасторы — аскепкаў старога Менску. А яшчэ часам была патрэбная плястыкувка і сяброўская бяседа. Што яшчэ трэба, каб адчуць сябе ў Каралеўстве Беларусь?

Ставалася так, што жыхары Кралеўства Беларусь на час захоплівалі ўсю навакольную рэчаіснасьць.

Траецкае прадмесьце добра бачнае зь Верхняга гораду. Гэты стары квартал першым “адрэстаўравалі” ў Менску, яшчэ напрыканцы СССР. А насамрэч разбурылі старыя сьцены і стварылі навабуды на старых фундамэнтах. Тут разьмясьціліся “модныя” кавярні і рэстараны. Да сярэдзіны 1990-х Тройку акупавала гапата і калдыры. Верхні горад, Траецкае і Опэрны тэатар утвараюць своеасаблівы трохкутнік. Опэрны стаіць на колішняй Траецкай гары. Але менчукам не вядомая ні старая, ні сучасная назва — плошча Парыскай камуны. Опэрны ёсьць Опэрны. Менавіта ля Опэрнага ўлады дазвалялі апазыцыі ладзіць свае мерапрыемствы. Самая важная і самая прынцыповая акцыя — шэсьце і мітынг на Дзень Волі. Я памятаю гэтае неверагоднае адчуваньне: нашы ў горадзе! Гэтак здарылася на Дзень Волі 1998 году. Пасьля мітынгу кавярні Траецкага прадмесьця былі цалкам запоўненыя публікай, і амаль усе гаварылі і сьпявалі па-беларуску. Ашалелая прадавачка, што разьлівала піва, ажно зьбелянела. Яе прымусілі выключыць ветер с моря дул,і публіка гарланіла штосьці пра змагароў з маскальскай пошасьцю. Тым часам у пастарункі ўжо завозілі першыя партыі затрыманых пасьля мітынгу (шэсьце было несанкцыяванае). А тут, у Траецкім, паўстала цалкам новая — сто працэнтаў беларуская — рэчаіснасьць. Хай сабе адно на некалькі гадзінаў.

Сапраўднае сьвята — калі мара хоць на імгненьне робіцца рэальнасьцю.


Марш свабоды ў кафэтэрыі
15 сакавiка 2000га, Марш Свабоды-II. Не даходзячы да пляцу Бангалор, збочваем зь сябрамi да ўнiвэрсаму “Рыга”, каб пагрэцца кавай ды гарбатай. У кафэтэрыi дзьве касы, дзьве прадавачкі. Зьмiцер Бартосiк падыходзiць да першай i замаўляе: “Калi ласка, бутэрброд з гарбушай i адну гарбату”. Калi Бартосiк уступае ў кантакт з паспалітым людам пабеларуску, ён рыхтуецца як найменш да сутычкi, таму крыху хвалюецца. Беларускiя словы, прамоўленыя неперадавальнымi ніжагародзкімі iнтанацыямi, умомант вырубаюць супернiка. “Што-што?” — перапытвае прадавачка, чарнявая дзяўчына гадоў дваццацi. “Гарбата” по-русски значит “чай”, — вясёла тлумачыць наш калега, журналіст Алег Дашкевiч. Сьледам раблю замову я: “Адну каву”. “Это кофе?.. Я по-белорусски не понимаю, я россиянка!” — дзяўчына адказвае агрэсiўна. “Россиянка?.. Вы беженка?!. Из какого региона?” — спагадліва перапытваю. Алег Дашкевiч таксама замаўляе “адну каву”, i мы ўтрох адыходзiм да стойкi. За намi чарга чалавек дваццаць, усе — з Маршу.

На пятым замаўляльніку кавы маладая прадавачка ў гiстэрыцы адскоквае ад касы. Праз хвiлiну з кута даносяцца словы, якiмi яна скардзiцца каляжанцы: “А он и спрашивает, вы что, беженка?..”

А “бежанку” замяніла каляжанка, якая цудоўна разумела “каву”, “гарбату”, усьміхалася і казала ўсім “калі ласка”.


Адамовіч і мянты
Пасьля “дня без прэзыдэнта” — 21