Горад маладосці [Сяргей Грахоўскі] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Горад маладосці 133 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Сяргей Грахоўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вясноваю красачкай,
Каб не ўбачылі князь або пан.
Махнула рукою i скочыла ў халодныя хвалі Дзвіны. Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея i паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора, а за ёю плылі салёныя людскія слёзы, i мора ад ix зрабілася яшчэ саланейшае.

З веку ў век плакалі людзі на гэтым беразе Дзвіны, не ведаючы літасці ад князя i пана, цара i ўраднікаў. Тады, мабыць, i празвалі вёску нашу Плаксамі, a ўсіх, хто жыў у ёй, так Плаксамі i да гэтага часу завуць, хоць нашы дзеці плакалі толькі ў калысках, ды i то рэдка. Мабыць дзяды i мы за ix сваё адплакалі пры Мікалаю.

Дождж сціхаў. Сонца асвятліла верхавіны стромкіх елак, i на ix тысячамі вясёлак загарэліся дажджынкі. Рыгор Васільевіч маўчаў, пазіраючы праз мокрыя шыбіны на шырокую Дзвіну i на калгасны лён, што палёг ад дажджу. Яму, пэўна, уяўлялася прыгажуня-Алёна, успаміналіся тыя дзяўчаты, што сёння афармляліся на работу i заўтра прыйдуць сюды, не рваць, a касіць лён i на гэтым ільнішчы будаваць самы малады ў свеце горад.

— Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці i ўнукі, каб яны мацней любілі i бераглі тое, што ёсць у ix,— нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч.— А то яны часам самага галоўнага не заўважаюць, як не заўважае чалавек паветра, без якога ні дыхаць, ні жыць не можа.

— Але ж, але ж! Ой, як шанаваць i берагчы трэба ўсё, чым мы цяпер жывём, каб болей ні людзей, нi вёсак не звалі Плаксамі,— адказала Ганна Мікалаеўна.

Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч начаў дзелавым тонам:

— Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. I не толькі самому жыць, але i кантору сваю тут мець.

— Жывіце, калі да спадобы прыйшлося. Месца хопіць усім: мы толькі ўдваіх ca старым засталіся, a дзеткі, дзякаваць богу, паразляталіся куды каторы. Большы ў лётчыках служыць, во на картачцы з жонкаю i ўнучкам першанькім сядзяць. Сярэдні за інжынера ў Мінску на трактарным заводзе, а малодшы па электрыцы ў нашым калгасе робіць.

— Цяпер яму ў нас работы хопіць на ўсё жыццё. На гэтым месцы будзе горад большы за Полацк, а завод, якому роўных няма ва ўсёй Еўропе.

— А што ж у ім будуцъ рабіць, у гэтым горадзе? Мы ўжо, мабыць, не дажывём, пакуль яго пабудуюць.

— Што вы, што вы! Праз год тут будуць стаяць дзесяткі дамоў, кінатэатр, школа, магазіны, а як зробім усё гэта, за Новым Дваром пачнём завод будаваць. З нафты будзем рабіць i бензін, i газу, i дзесяткі іншых рэчаў. Вось так, Ганна Мікалаеўна.

— Дзе ж тую нафту возьмуць?

— Па трубах, цётухна, з Волгі нафта прыйдзе сюды.

Ганне Мікалаеўне здавалася, што гэты загарэлы мужчына расказвае ёй, нібы малому дзіцяці, вясёлую казку, а сам нават i не ўсміхнецца. Пасля ёй успомнілася, што ўвесну некалькі дзён запар нізка кружыўся самалёт над ix полем, а пасля прыязджалі сюды ў легкавушцы нейкія людзі ў капелюшах, хадзілі, прыглядаліся, штосьці паказвалі адзін аднаму, размахвалі рукамі, доўга нешта разглядалі праз каморніцкія трубкі на трыногах. З гэтага, мабыць, усё i пачалося.

Рыгор Васільевіч заначаваў у гасціннай хаце Плаксаў. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі.

Першы дзень


Назаўтра зранку тут з'явіўся прараб Сікорскі, майстра Пілюшэнка, маладыя рабочыя Бягуноў, Квачонак — усяго сем чалавек. На ўзбярэжжы ракі напялі брызентавую палатку — гэты паходны домік усіх будаўнікоў. А пасля сюды паплылі па Дзвіне баржы з бярвеннямі i дошкамі, цэментам i гравіем, цвікамі i арматурай. На беразе выгружалі машыны, лапаты, прадукты i абсталяванне для першага бетоннага вузла.

Хлопцы ўзяліся скасіць зялёны калгасны лён на тым месцы, дзе будзе галоўная магістраль новага горада. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Кожны з гэтых незвычайных касцоў добра ведаў цану людское працы. Кожны з ix прыйшоў сюды з палёў Гродзеншчыны i Палесся, з Віцебшчыны i Случчыны. З кожным днём расла сям'я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі i ў адзіночку хлапцы i дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі i з гарачым жаданнем будаваць. Кожны дзень турысцкія рукзакі i зрэбныя мяшэчкі, пашытыя клапатлівымі матчынымі рукамі, самаробныя фанерныя чамаданчыкі i пашарпаныя куфэркі з'яўляліся каля канторы УНР-121, каля тае самае канцавое хаткі Ганны Мікалаеўны Плаксы, у якую забег ад дажджу Рыгор Васільевіч Сабко.

З раніцы да вечара да яго ішлі i ішлі новыя рабочыя з непаслухмянымі юначымі чубамі i з косамі, заплеценымі белымі каснікамі, у форменных вучнёўскіх сукенках i ў спартыўных касцюмах з блішчастымі «маланкамі».

«Дзеці, зусім дзеці,— думаў аб сваіх «кадрах» Рыгор Васільевіч.— Кожнаму з ix яшчэ патрэбна мама, бацькоўская апека. Што я з імі буду рабіць? Ніводнага спецыяліста! Яны ж яшчэ нічога не ўмеюць». I ён, хаваючы свой лірычны настрой, афіцыйна i сухавата пытаўся ў наступнага наведвальніка:

— Прозвішча? Спецыяльнасць? Што ўмееш рабіць?

I амаль