Смерць — мужчына [Адам Глёбус] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Смерць — мужчына 302 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Адам Глёбус

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

любiў рыбу лавiць i трымаў на гаўбцы рыштунак — сетку, вуды, падсакi. Рыштунак iмгненна запалымнеў. Добра, што ў кватэры людзi былi, — патушылi. Нават залiлi ўсё вадою так хутка, што мой самалёт не паспеў згарэць. Па рэштках размаляванага алейнымi фарбамi самалёта мяне i "вылiчылi". У нашым пад'ездзе жылi карэктары, тэхрэды, паэты i празаiкi, нават адзiн паважны сiвы з кавенькаю драматург, а вось мастакоў не было, фатографы i рэтушоры былi, але iм алейныя фарбы не патрэбныя. Вось i логiка. Каб я падпалiў пiшучую машынку, можна было б аспрэчваць, цi я тое ўчынiў. А з каляровым самалётам у руцэ рыбак Ярмоленка адразу да нас прыйшоў. Мяне бiлi салдацкiм пасам, а потым дзве гадзiны стаяў я на каленях, на грэчцы за шафаю. Стаяў i кляў усе пэндзлi, фарбы i алоўкi, якiя так любiў. Але колькi я праз iх памучыўся, нават у тым жа дзiцячым садочку.

Эма Казiмiраўна захварэла. У Клаўдзii Іванаўны памерла сваячка. Нам далi ў групу новую выхавацельку. Пасля палуднавання яна пасадзiла ўсiх за сталы, раздала алоўкi i паперу i загадала маляваць лодкi, караблi ды ветразi. Я намаляваў разрэз падводнай лодкi з мноствам рознакаляровых кают. Людзi не намалявалiся, бо ўва ўсiх каютах жыў толькi я адзiн. Ну хоць на паперы трэба ж мець уласны пакой? Але выхавацелька Нiнэль X. (X. — бо па бацьку, дзякуй Богу, забыўся) узяла мяне за вуха i завяла ў прыбiральню, дзе я i прастаяў, пакуль мацi па мяне не прыйшла. X. паскардзiлася, што я здзекаваўся з яе — псаваў алоўкi ўсiх колераў, перапэцкаў стол i рукi, не кажучы пра паперу, не намаляваў загаданыя лодкi, караблi i ветразi, а сваю абракадабру назваў "Разрэз". Мацi не ўразiлi абвiнавачваннi, яе ўразiла тое, што я прастаяў больш як гадзiну ў халоднай прыбiральнi. На другi дзень вярнулася Клаўдзiя Іванаўна. На паверхню ўсплыў зусiм iншы малюнак. Гэта быў Алегаў опус — на сiнiх, як i загадвалася, хвалях узвышаўся хрэстаматыйны крэйсер з вялiзнай свастыкаю на борце. Клаўдзiя Іванаўна не хапала Алега за вуха, не гнала яго ў прыбiральню, а растлумачыла, што свастыку лепш не маляваць, тым больш на хрэстаматыйным крэйсеры. Са сваiмi выхавацелькамi мы не малявалi караблi, мы абрысоўвалi i расфарбоўвалi сухое лiсце дрэў, малявалi грыбы, жалуды, трусоў, моркву i кабанчыка — тое, што бачылi i ведалi. Як бы там нi было, а накрэслiць свастыку на моркве нiхто не наважыўся. Нашто? Сапраўды. Малюнкi звычайна мы неслi дадому i дарылi бацькам. Шкада, яны з-за шматлiкiх пераездаў з кватэры на кватэру не захавалiся.

Затое засталася падушачка для iголак, якую я сам шыў для мацi пад Восьмае сакавiка. З гэтай падушачкай, вядома, пакуль што без iголак, любiць гуляць мая пяцiгадовая дачка Ядзя.

Укленчыўшы за шафаю, я кляў алоўкi, — напэўна так цi амаль так. Пецька Ярмоленка праклiнаў падручнiкi. Акрамя таго, што ён пляваў людзям на галовы i аблiваў прахожых канцылярскiм клеем, Пецька ўвайшоў у гiсторыю пад'езда адным неверагодным учынкам. Ён адарваў вокладку ў сваiм буквары, бо не любiў чытаць, i спусцiў абязвечаны падручнiк ва ўнiтаз. Як той буквар дайшоў з трэцяга на першы паверх? Не ўяўляю. Але так яно было. Унiтаз на першым паверсе, у кватэры настаўнiка фiзiкi, забiўся, i ўсё "дабро" паплыло-павярнула на падлогу. Настаўнiк насiў вёдрамi тое "дабро" на двор i вылiваў на кветнiк. А куды? Смурод стаяў жахлiвы. А мух было столькi, быццам яны з усяго раёна да нас у двор прыляцелi. Прыехалi сантэхнiкi i нiчога зрабiць не могуць, смяюцца, кажуць настаўнiку — насi. Ён, бедны, тры гадзiны, а можа, i болей цягаў вёдры. Змогся. Колькi можна? Узяў ён сякеру i прасек у падлозе дзiрку, каб "дабро" ў сутарэннi цякло. А яно, як назло, перастала цячы, бо сантэхнiкi нарэшце выцягнулi з трубы спляжаны буквар. Падлогу адрапаравалi хутка, тыя ж сантэхнiкi прынеслi дошку. Распiлавалi яе i прыбiлi, адно што не фарбаваная, але гэта неiстотна. А вось са сцяною ў кватэры настаўнiка фiзiкi было горш, чым з унiтазам i падлогаю. Сцяна памiж кухняю i спальняю трэснула. Ломкая лiнiя, як тая рэчка ўвесну, хутка пашырэла, i з-пад столi вывалiўся вялiкi кавалак бетону. Рабочыя з домакiраўнiцтва прывезлi некалькi бярвенняў i зрабiлi падпоры, каб, крый Бог, не абвалiлася столь. Недзе з год настаўнiк жыў у кватэры з някоранымi сасновымi бярвеннямi, пакуль не паставiлi новую сцяну.

А ў нашай кватэры, на сцяне пад самай столлю, ад вiльгацi началi расцi чырвоныя i дробныя грыбы. Іх саскрабеш, а яны зноў пасля дажджу вылезуць. Саскрабаў iх звычайна бацька, якi вярнуўся з чужой сталiцы i не мог больш як год уладкавацца на працу, пакуль не вызвалiлася месца на кiнастудыi. Бацька прыносiў мне абрэзкi кiнастужак з каляровымi рыбамi i звярамi. Я паказваў тых слайдавых звяроў брату, якi не ўмеў яшчэ гаварыць i больш за ўсё на свеце любiў сядзець на руках у сваёй нянькi.

За няньку ў яго была старэнькая настаўнiца, што колiсь выкладала ў Наваградку польскую мову, вядома, пакуль горад не вызвалiлi ад панскага прыгнёту i панскай мовы, лiтаратуры i культуры адпаведна. Зрэдку нянька гаварыла з бацькам папольску, i мне было цiкава слухаць усе гэтыя пшэ, чэч, гэньсь, бжэ. Мне здавалася, што гукi вельмi падобныя да галасоў страў на кухоннай плiце. "Пш-пш-пш", —