Мёртвыя душы [Мікалай Гогаль] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Мёртвыя душы 1.37 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікалай Гогаль

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ўдзячнасці і струменілі патокі слёз у знак удзячнасці пану граданачальніку. Распытаўшы падрабязна будачніка, дзе можна прайсці бліжэй, калі спатрэбіцца, да сабора, да прысуцтвенных месцаў, да губернатара, ён накіраваўся зірнуць на раку, што працякала пасярод горада, па дарозе адарваў прыбітую да слупа афішу з тым, каб уважліва прачытаць яе прышоўшы дамоў, паглядзеў пільна на праходзіўшую па драўляным тратуары даму не брыдкую з выгляду, за якой ішоў хлопчык у ваеннай ліўрэі з пакуначкам у руцэ, і, яшчэ раз акінуўшы ўсё вачамі, быццам для таго, каб добра запомніць гэтае месца, накіраваўся дамоў проста ў свой нумар, прычым на сходках яго злёгку падтрымліваў тракцірны слуга. Напіўшыся чаю, ён сеў перад сталом, загадаў падаць сабе свечку, дастаў з кішэні афішу, паднёс яе да свечкі і пачаў чытаць, прыжмурыўшы крыху правае вока. Аднак цікавага мала было ў афішы: давалася драма Г. Кацэбу, у якой Рола іграў п. Паплевін, Кору — дзяўчына Зяблава, іншыя асобы былі і таго менш прыкметныя, аднак-жа ён прачытаў іх усіх, дабраўся нават да цаны партэра і даведаўся, што афіша была надрукавана ў друкарні губернскага праўлення, потым перавярнуў на другі бок, даведацца, ці няма там чаго-небудзь, але, не знайшоўшы нічога, працёр вочы, скруціў акуратна і палажыў у сваю скрынку, куды меў звычай складаць усё, што ні траплялася. Дзень, здаецца, быў закончаны порцыяй халоднай цяляціны, бутэлькай кіслых шчэй [3] і моцным сном на ўсе застаўкі, як кажуць у некаторых месцах абшырнай рускай дзяржавы.

Увесь наступны дзень быў прысвечаны візітам; прыезджы накіраваўся рабіць візіты ўсім гарадскім саноўнікам. Быў з шанаваннем у губернатара, які, як выявілася, падобна Чычыкаву, быў ні тоўсты, ні тонкі сабой, меў на шыі Анну, і пагаварвалі нават, што быў вылучан на атрыманне звязды; аднак быў вялікі дабрак і нават сам вышываў часамі па цюлю. Потым накіраваўся да віцэ-губернатара, потым быў у пракурора, у старшыні палаты, у паліцэймейстара, у адкупшчыка, у начальніка над казённымі фабрыкамі... шкада, што крыху цяжка ўспомніць усіх сільных міра сего; але досыць сказаць, што прыезджы выявіў незвычайную дзейнасць у дачыненні візітаў: ён з’явіўся нават засведчыць шанаванне да інспектара ўрачэбнай управы і гарадскога архітэктара. I потым яшчэ доўга сядзеў у брычцы, прыдумваючы, каму-б яшчэ зрабіць візіт, ды ўжо больш у горадзе не знайшлося чыноўнікаў. У размовах з гэтымі ўладарамі ён вельмі па-майстэрску ўмеў сказаць прыемнае кожнаму. Губернатару намякнуў неяк мімаходзь, што ў яго губерню ўязджаеш, як у рай, дарогі ўсюды аксамітныя, і што тыя ўрады, якія прызначаюць мудрых саноўнікаў, варты вялікай пахвалы. Паліцэймейстару сказаў нешта вельмі прыемнае наконт гарадскіх будачнікаў, а ў размовах з віцэ-губернатарам і старшынёй палаты, якія былі яшчэ толькі стацкія саветнікі, сказаў нават памылкаю два разы «ваша прэвасхадзіцельства», што вельмі ім спадабалася. Вынікам гэтага было тое, што губернатар запрасіў яго наведацца да сябе ў той-жа дзень на хатнюю вечарынку, іншыя чыноўнікі таксама з свайго боку, хто на абед, хто на бастончык, хто на кубак чаю.

Пра сябе прыезджы, як здавалася, унікаў многа гаварыць; калі-ж гаварыў, дык нейкімі агульнымі месцамі, з прыкметнай сціпласцю, і гаворка яго ў такіх выпадках прымала крыху кніжныя звароты: што ён нязначны чэрвь міра сего і не варты таго, каб многа аб ім клапаціліся, што многа зазнаў на вяку сваім, пацярпеў на службе за праўду, меў шмат ворагаў, якія рабілі замахі нават на жыццё яго, і што цяпер, жадаючы супакоіцца, шукае, нарэшце, месца для жыхарства, і што, прыбыўшы ў гэты горад, палічыў за першы абавязак засведчыць сваё шанаванне першым яго саноўнікам. Вось усё, што даведаліся ў горадзе аб гэтай новай асобе, якая вельмі хутка не мінула магчымасці паказаць сябе на губернатарскай вечарынцы. Падрыхтоўка да гэтай вечарынкі заняла больш за дзве гадзіны часу, і тут у прыезджым выявілася такая ўважлівасць да туалета, якую нават не ўсюды здараецца ўбачыць. Пасля невялікага пасляабедзеннага сну ён загадаў падаць памыцца і надзвычайна доўга цёр мылам абедзве шчакі, падпёршы іх з сярэдзіны языком; потым, узяўшы з пляча тракцірнага слугі ручнік, выцер ім з усіх бакоў поўнае сваё аблічча, пачаўшы з-за вушэй і чмыхнуўшы перш разы са два ў самы твар тракцірнага слугі. Потым надзеў перад люстэркам манішку, выскуб вылезшыя з носа два валаскі і непасрэдна за гэтым апынуўся ў фраку бруснічнага колеру з іскрай. Такім чынам апрануўшыся, пакаціў ён ва ўласным экіпажы па бясконца шырокіх вуліцах, асветленых цьмянымі агнямі з там-сям мільгаўшых акон. Аднак губернатарскі дом быў так асветлены, хоць-бы і для бала; каляскі з ліхтарамі, перад пад’ездам два жандармы, фарэйтарскія крыкі ўдалечыні — словам, усё як трэба.

Увайшоўшы ў зал, Чычыкаў павінен быў на хвіліну зажмурыць, вочы, таму што бляск ад свечак, лямп і дамскіх убранняў быў страшэнны. Усё было заліта святлом. Чорныя фракі мільгалі і насіліся паасобку і кучамі там і там, як