Лісце забытых алеяў [Кастусь Цвірка] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Лісце забытых алеяў 1.2 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Цвірка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

біяграфіі паэта яны зрабілі толькі тады, калі ў 1966 годзе газета «Літаратура і мастацтва» змясціла нататку Я. Бравера «Звесткі з біяграфіі Яна Чачота», у якой даваліся выпіскі са знойдзенай у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі справы аб дваранскім паходжанні роду Чачотаў. Якраз на публікацыю Я. Бравера і спасылаецца выдадзеная ў 1969 годзе двухтомная «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. ІІ). Трэба сказаць, што ў «Гісторыі», там, дзе ідзе гаворка пра нараджэнне Яна Чачота, усё-такі дзве недакладнасці яшчэ засталіся. Першая недакладнасць звязана з назвай вёскі: трэба пісаць не Малюшыцкі, як значыцца ў польскіх выданнях, а Малюшычы, як ёсць у сапраўднасці. Другая недакладнасць датычыць даты нараджэння паэта. Ян Чачот нарадзіўся не 17 ліпеня, як піша ўслед за «Гісторыяй беларускай дакастрычніцкай літаратуры» таксама БелСЭ і маскоўская «Литературная энциклопедия», а трошкі раней. Бо, як відаць з памянёных «Метрык», яго хрысцілі ўжо б ліпеня. Леанард Падгорскі-Аколаў выказваў меркаванне, што Ян Чачот нарадзіўся 24 ці 26 чэрвеня, на святога Яна — таму і імя атрымаў Ян. Даследчыка прывяла да гэтага вываду — і прывяла правільна — сама логіка фактаў.

Але і яму — у сваю чаргу — не трэба б было ламаць галавы, калі б ён разгарнуў другі том «Паэзіі філаматаў», які падрыхтаваў і выдаў у 1922 годзе ў Кракаве Ян Чубэк: там на некалькіх старонках даецца апісанне імянін Яна Чачота, якія спраўляліся 24 чэрвеня 1819 года і дзе Адам Міцкевіч прачытаў у яго гонар свае «Ямбы». 24 чэрвеня, або па новым стылі 7 ліпеня, відаць, і трэба лічыць днём нараджэння паэта.

Усё гэта, між іншым, лішні раз гаворыць аб тым, што Ян Чачот яшчэ па-сур'ёзнаму ў нас не вывучаўся. Па сутнасці, мы не толькі не паднялі архіўныя матэрыялы, якія расказваюць пра аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, але не прачыталі нават таго, што аб ім напісана ў літаратурных крыніцах...

Першы наш супынак быў у Баярах — роднай вёсцы Мірачыцкага, якая якраз ляжала па дарозе ў . Малюшычы. Загналі машыну ў двор, патупалі да бацькоўскай хаты Льва Паўлавіча. Папраўдзе, гэта была не хата, а добры дамок, мураваны, вельмі акуратны. Пабудаваны ён быў, як расказаў мне Леў Паўлавіч, яшчэ «за польскім часам», недзе ў дваццатых гадах. Наогул жа ў Баярах Мірачыцкія пасяліліся даўно — недзе ў шаснаццатым ці семнаццатым стагоддзі, пакінуўшы сваё «родавае» сяло Міратычы, што каля Свіцязі. Ад назвы гэтага сяла, між іншым, і прозвішча Льва Паўлавіча. Яго далёкі продак славіўся як майстар на ўсе рукі, вялікі выдумчык, вынаходнік. Расказвалі, быццам ён змайстраваў нават драўляны веласіпед — гэта тады, калі веласіпедаў яшчэ і ў паміне не было. Даведаўся пра таленавітага майстра-самародка пан з Асташына (вёска непадалёк ад Баяр) і — невядома ўжо якім чынам — дамогся, каб пан з Чамброва, што валодаў Міратычамі, перадаў гэтага майстра яму. Асташынскі пан пасяліў яго ў Баярах. Пра выдатныя здольнасці новага пасяленца адразу ж даведаліся баярцы. Ды і не толькі баярцы — людзі з усяго наваколля. Быў ён чалавек добры, бескарыслівы. Калі каму-небудзь трэба было змайстраваць ці паправіць нейкую рэч у гаспадарцы, казалі: «Ідзі да міратыцкага чалавека — ён табе ўсё зробіць». Мірачыцкі — гэта і ёсць перайначанае ад міратыцкі, чалавек з Міратыч. Цікава, што ўмельства, дапытлівасць, працавітасць сталі родавай традыцыяй Мірачыцкіх. І сёння жыве ў Баярах дзядзька Льва Паўлавіча — Уладзімір Якаўлевіч Мірачыцкі, выдатны майстар кавальства. Знаным кавалём быў і бацька, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1917 года (ён служыў пад Масквой памочнікам машыніста на паравозе). Майстрамі на ўсе рукі, вельмі паважанымі людзьмі сярод вяскоўцаў былі таксама і яго сыны — браты Льва Паўлавіча — Міхась і Кастусь. Кастусь, які закончыў аж два тэхнікумы і выбіраўся старшынёй калгаса, трагічна загінуў колькі гадоў назад: капаў калодзеж, аб'ехала зямля — ёю і заваліла чалавека. Кастусь якраз і быў — пасля смерці бацькі — гаспадаром дамка, да якога мы цяпер пад'ехалі.

У доме Мірачыцкіх сустрэлі нас вельмі ветліва, запрасілі ў пакоі. Дома была сама гаспадыня — братавая Льва Паўлавіча — і яе дачка Таня, студэнтка універсітэта ў Мінску, са сваімі сябрамі. Леў Паўлавіч паказаў мне сямейныя рэліквіі, падахво ціў злазіць на гарышча — там ён захоўваў свае кнігі, якія збіраў яшчэ са школьных гадоў і якія не змяшчаліся ў яго сціплай мінскай кватэры. Знаёмыя назвы кніг, знаёмыя прозвішчы пісьменнікаў, сярод якіх шмат беларускіх. Адразу відаць чалавека, які любіць родную літаратуру, нашу гісторыю.

Потым нас пасадзілі за стол — перакусіць з дарогі. І тут, за сямейным сталом, зусім нечакана я разгаварыўся з чалавекам, які быў з роду... Чачотаў! Ім, гэтым чалавекам, аказаўся не хто іншы, як сама гаспадыня хаты, братавая Льва Паўлавіча — выкладчыца роднай мовы і літаратуры Цырынскай сярэдняй школы Марыя Мікалаеўна Мірачыцкая, да замуства — Чачот. Родам яна з суседняй вёскі Аканавічы. Там, як яна мне