Дзве душы [Максім Гарэцкі] (fb2) читать постранично, страница - 40

- Дзве душы 422 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Гарэцкі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прыехаць туды, каб бараніць сваіх, не можа, — проста з галавы схадзіла ад чорных думак. Глаўнае, што нічога не ведала: Абдзіраловіч нічога не пісаў.

Тым часам Абдзіраловіч пабыў у другую суботу ў вастрозе і пагаманіў пры вартаўніку з Міколам і Сухавеем. Мікола быў незвычайна рад, што Ігнат даведаўся яго, а Сухавей пазнаў, што Абдзіраловіч той падарожны рэнегат, і непрыхільна наставіўся да яго. Мікола дужа схудзеў, збялеў і аброс шчацінаю, вельмі мучыўся ад боязні, што расстраляюць, і зусім апаў духам. Сухавей быў спакойны, засмучоны, але цвёрды, «Аб бацьку вашым тут ніхто нічога не ведае, — сказаў ён Абдзіраловічу з падказанным значэннем слоў, — веданне знішчылась у сяле, вусны пераказ, як давядзецца, после…» Абдзіраловіч зразумеў, што пісьмо не папала ў рукі «чразвычайкі», і з асаблівай ласкавасцю адказаў яму: «Надта вам дзякую… Добра, добра…» — «А грошы?» — спытаўся вучань. «Я йшчэ не ведаю…» — адказаў Абдзіраловіч. «Дык вы йшчэ рэнегат… Я йзноў памыліўся», — злосна буркнуў яму Сухавей, кінуў іх, адышоў ад рашоткі на нары, сеў там і больш не падышоў, як ні прасіў яго Мікола «быць чалавекам».

Вартаўнік-чырвонаармеец з увагай слухаў іхнюю гаворку, а потым прыхільна ўхмыльнуўся і сказаў: «Па-мужыцку гамоніце, а йдзіцё проці народа». — «А вы самі адкуль?» — спытаўся ў яго Канцавы. «А з С-кай воласці, калі ведаеце». — «О, ведаем! Таварыш Сухавей! — гукнуў ён хлопца. — З тваёй, братка, воласці чалавек». Вучань не адгукнуўся. «Ён сярдзіты, — сказаў вартаўнік, — з гарэцкіх студэнтаў, я пазнаў па форме…»

На тым і скончылась пабачанне. Абдзіраловіч намагаўся заспакоіць свайго любага Міколу, ды той мала няў веры ў яго няпэўныя словы.

Дальш за гэтыя дні падзеі раскаціліся шырокім клубком.

Глаўнай навіной для ўсяго N. была страшная і загадковая смерць камуніста Гаршка, каторага знайшлі на яго кватэры зарэзанага, а з запіскай, пісанай яго рукою, каб нікога не вінавацілі ў яго смерці.

У газетах нічога не было друкована, але пераказы штораз болей страшныя і фантастычныя аб смерці «кульгавага» плылі сярод людзей.

На другі дзень пасля тае смерці, увечары, Гарэшка прыйшоў да Абдзіраловіча, сеў проці яго за стол, закурыў цыгару і сказаў:

— Гэта я зарэзаў яго…

— Дык што вы ад мяне хочаце? — сказаў Абдзіраловіч, вытрашчыўшы вочы, і пачуў, як пасцюдзянелі яго пальцы.

— Хочу, каб вы паслухалі, што я кажу.

— Я слухаю…

— Я меў загад якім толькі мага спосабам вывезці з Бальшавізіі аднаго друзленькага, старэнькага архірэя і яго двух манахаў. Я здолеў іх перавезці сюды з Масквы. Патрэбны былі толькі перапускі да дэмарклініі. Нам не пашчасціла. Па нейчыму даказу іх забралі, білі, укінулі ў «чразвычайку». Я быў у ласцы ў нябожчыка Гаршка. Заслужыў гэтую ласку цэлымі цэбрамі густой, запечанай, чорнай крыві паўстанцаў. Аднойчы Гаршчок запрасіў мяне паглядзець на нешта прыемнае. Ён павёў мяне ў «чразвычайку», гдзе начальнікам — яго прыяцель-латыш, сын быўшага прыказчыка князёў Гальшанскіх. Нас завялі ў цёмны склеп, гдзе было толькі трое гэтых манахаў, бо звычайна арыштаваных адсылаюць у вастрог. Гаршчок пераказаў мне, каб чулі й манахі, цэлую гісторыю, як яны яго некалі пакрыўдзілі ў манастыры. Потым ён пляваў ім у твар, здзекаваўся, а потым мы выйшлі. Уноччы ўчора… ці сёння, як гэта выходзіць… я прыйшоў падзякаваць яму за ласку і прыемнае зрэлішча. Выслаўшы Ахмета, запёршы дзверы, я зламаў яго, забіў рот, звязаў і сцягнуў у склеп — ведаеце… робяць тут такія пад кватэрамі… Прынёс туды паперу, чарніла. После нядоўгага падпалівання яму пятак ён згадзіўся напісаць усё, што я прадыктаваў: каб далі перапускі і інш. Праўда, ён зробіў спробу паўстання: кінуўся на мяне з асадкай і зламаў пяро аб лоб, хацеў выкаліць вока… во, бачыце знак? Але я лёгка сцішыў паўстанца і ўспамяніў яму, як мы сцішалі мужыцкае паўстанне ў некаторых паветах. Ён прызнаўся, што ён мізэрны паўстанец. Затым я прынёс колькі трэсачак з лучыны, шкумацця паперы, запаліў другую свечку, сеў побач на нейкую калодачку і, гледзячы на звязанага, як цяпер на вас, пераказаў яму цікаўную гісторыю з жыцця майго брата, якая трапілася ў слаўным чырвонай славаю Кранштаце… Гэта было зараз после сацыяльнай рэвалюцыі. Адну таварыш прастытутку, маю знаёмую, чырвоныя матросы запрасілі да сябе на баль. У вадным антракце кавалер гэтай дамы запрасіў яе на гарбату і павёў у трум. Там ляжаў на спіне, голы і прыбіты к падлозе рукамі і нагамі, зусім маладзенькі і прыгожанькі мічман, а на голых грудзёх у яго гарэў грудок трэсак і стаяў саганок з вадою, каб, зварыўшы, піць гарбату… Пераказуючы гэта, я здзёр вопратку з грудзей Гаршка, насыпаў на касматае цела трэсак, кавалкаў паперы і сказаў, што «ну, зараз падзівуюсь, ці добра выглядала вогнішча на грудзёх у майго брата»…

Капітан наліўся крывёю, дрыжачай рукой адарваў канец цыгаркі і казаў далей:

— Тут Гаршчок неўспадзеўкі для мяне самлеў, і я, замест таго, каб паліць яго, адліў вадою, потым вывалак нагару, у пакой, паклаў на пасцелю і брытвай,