Спатканне з Нінай [Герман Гесэ] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Спатканне з Нінай (пер. Уладзімір Папковіч) 16 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Герман Гесэ

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

таму ёй патрэбны час: цяжка даць рады нягнуткім нагам. У яе левай руцэ дрыжыць драўляная табакерка, грудзі і спіна абвязаныя чорнай ваўнянай хусткай. Са старога прыгожага твару драпежнай птушкі сумна і насмешліва пазіраюць пранізлівыя разумныя вочы.

 Яна глядзіць на мяне па-сяброўску кпліва: яна ведае “стэпавага ваўка”, ведае, што хоць я і сіньёр, і мастак, але ўсё ж невялікая шышка, што я ў адзіноцтве блукаю па Тэсіне, зведаўшы, як і яна, зусім няшмат шчасця, хоць няма сумневу, што мы абодва вельмі яго жадалі. Шкада, Ніна, што ты нарадзілася на сорак гадоў раней за мяне. Шкада! Не кожны лічыць цябе прыгожай, таму-сяму ты падаешся хутчэй старой ведзьмай з чырвонымі вачыма, пакрыўленымі рукамі-нагамі, бруднымі пальцамі і нюхальным тытунём пад носам. Але што гэта за нос на зморшчаным арліным твары! Якая ў цябе пастава, калі ты выцягнешся ва ўвесь рост! А які разумны, які горды, які пагардлівы, хоць і не злосны, позірк тваіх выразных, вольналюбівых, адважных вачэй! Якой прыгожай дзяўчынай была ты, пэўна, сівенькая Ніна, якой прыгожай, мужнай, пародзістай жанчынай! Ніна нагадвае мне пра мінулае лета, пра маіх сяброў, сястру, каханую, якіх яна ведае, і адначасова пільна прыглядае за чайнікам, заўважае, калі закіпае вада, засыпае з кавамолкі каву, ставіць кубак, прапануе мне табакі — і вось мы сядзім каля агню, п’ем каву, плюём у агонь, распытваем, расказваем, урэшце змаўкаем, зноў гаворым пра падагру, пра зіму, пра сумнеўнае жыццё.

 — Падагра! Б..дзь гэта, заклятая б..дзь! Брудная путана! Няхай яе чорт забярэ! Няхай яна здохне! Ай, не будзем лаяцца! Я радая, што вы зайшлі, вельмі радая. Застанемся ж сябрамі. Цяпер, у старасці, не вельмі каго дачакаешся... Мне семдзесят восем...

 Яна зноў з цяжкасцю ўстае і ідзе ў суседні пакой, дзе ў люстэркавай раме — пабляклыя фатаграфіі. Я ведаю, што яна шукае мне падарунак. Нічога не знайшоўшы, яна прапануе мне старую фотакартку, і калі я адмаўляюся, то мушу яшчэ хаця б раз нюхнуць з яе табакеркі.

 У закопчанай кухні маёй сяброўкі не надта чыста: тут парушаныя ўсе санітарныя нормы, падлога запляваная, а з саламяных крэслаў звісаюць вырваныя пукі, і мала хто з вас, чытачоў, ахвотна выпіў бы з гэтага кафейніка, гэтага бляшанага жбанка з зацвярдзелым налётам высахлай кавы, які пачарнеў ад сажы і пашарэў ад попелу. Мы жывем тут за межамі сённяшняга свету і часу, жывем хоць і беднавата ды непрыглядна, крыху запушчана і не зусім дагледжана, затое блізка ад гары і лесу, побач з козамі і курамі, што квохчуць і бегаюць па кухні, поплеч з ведзьмамі і казкамі. Кава з пагнутага кафейніка мае цудоўны смак, моцная чорная кава з лёгкім, пахкім і горкім прысмакам дыму ад дроваў, і гэтыя пасядзелкі за кавай, і лаянка, і пяшчота, і адважны стары твар Ніны бясконца даражэйшыя мне за дванаццаць запрашэнняў на гарбату з танцамі, за дванаццаць вечароў з размовамі пра літаратуру сярод славутых інтэлектуалаў, хаця я, безумоўна, не адмаўляю адносную вартасць гэтых сімпатычных рэчаў.

 Там, за сценамі, заходзіць сонца. У пакой зазірае Нініна кошка і залазіць да яе на калені, водсветы агню ўсё ярчэй бліскаюць на тынкаваных каменных сценах. Якой халоднай, якой жудасна халоднай бывае, пэўна, зіма ў гэтай высокай каменнай пустэчы, дзе няма нічога, акрамя маленькага адкрытага агню, які палае ў каміне, і старой самотнай жанчыны з падаграй, што жыве тут з адной толькі кошкай і трыма курамі.

 Кошку яна праганяе. Потым зноў устае, высокая і падобная да прывіда, і стаіць у цьмяным святле — худая, нават кастлявая фігура з белымі валасамі і строгімі вачыма на твары драпежнай птушкі. Яна не адпускае мяне. Яна запрашае мяне яшчэ гадзінку пабыць яе госцем і ідзе па хлеб і віно.

Примечания

1

Дарагі сябра, як я радая зноў цябе бачыць! (іт.).

(обратно)