Ніжнія Байдуны [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Ніжнія Байдуны 372 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Брыль

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

свеце было наогул шмат. І на ваеннай службе, і потым, калі ён, недзе там акалечыўшы вока, працаваў у Адэсе тракцірным палавым.

— Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края… (замінка) некто Крэставаздзвіжанскі Пётр Філімонавіч. На Дзярыбасаўскай — перакувырку тваю!.. І я стаю на крыльцэ свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»

— Пазнаў! — захоплена перапыняе хтосьці з мужчын.

— Вот жа, перакувырку тваю! Наш быўшы генерал. Па Нікольск-Усурыйску. Патом у Танку… (Замінка.) Пракрасны чалавек!..

На гэты раз чамусьці абышлося без «царсцвія нябеснага», нібы знаёмы недзе жыў-здароў.

— Яшчэ адзін Пеця, — трохі цішэй, як звычайна, сказаў-такі, не вытрываў Ігнат.

Але на гэты раз гаспадар, відаць, не пачуў.

Пасля такога, усурыйска-таўрычаскага, знаёмства былі яшчэ і намёкі.

Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу, і не зімой, і я тады, прытаіўшыся, бачыў і чуў цераз плот, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі. Той быў навязаны, выйшаў насустрач, сеў на хвасце, гледзячы ў твар гаспадару з усёй адданасцю.

— Каніс! Дружышча! Здрастуй, перакувырку тваю! Как гаварыў пакойны Мікалай Аляксандравіч Раманаў-Утарой: «Нічаво не віжу, тока крофь, крофь, крофь, крофь!..»

У такт з гэтым паўторам чалавек пагойдваўся назад-наперад-назад, а сабака, таксама ў такт, мёў, матлашыў па пяску хвастом. Тады чалавек пачынаў спяваць. Сваю любімую, адну на ўсё жыццё:

— І гарыт лучына, із-да-ва-я тр-рэск, і вакруг тры-вож-ны!..

Далей, да «разлівання блеску», не ішло. Зноў паўтаралася трагічнае «крофь, крофь» пакойнага Раманава-Утарога. Як пра якога-небудзь яфрэйтара або унцера з Танку, што «Іваноў-утарой», ці радавога — «Сідараў-трэці»…

Часамі, разварушаны экзотыкай маладых успамінаў, не звяртаючы ўвагі на нас, малых, што слухалі з найбольшай пільнасцю, ён летуценна расказваў пра маньчжурскія «увеселительные» дамы. «Кітаяначку, перакувырку тваю, вазьмёш, і на той цыноўцы з кута ў куток заедзеш!..» Пра развітанне жонкі Раманава-Утарога з Распуціным, які ляжаў у труне, расказвалася яшчэ больш адкрыта. Як яна, тая Аліса, «выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: „Спасіба, Грыша!..“»

Была і палітыка. У той глухі вясковы час, без газет, без радыё, ён, вярнуўшыся з мястэчка або з лесу, зайшоўшы да нас па-суседску, мог з неабвержнай значнасцю пачаць:

— Ну, нешта ўсё-такі будзе. Варушылаў даў Будзёніну па мордзе!

Улетку сорак другога года я начаваў у садзе пад яблыняй. І прачнуўся ад гаманы на Качкавым двары. Ішла прыцішаная валтузня каля свіронка, — адзін нехта штосьці браў, а другі не даваў. І сосну я ўцяміў, што гэта дзядзька Захара і партызаны, тады яшчэ вельмі рэдкія.

— Старик, да пойми же ты, — культурна гаварыў хтосьці з акружэнцаў, — пойми, что нам надо. Мы ведь воюем!..

— Перакувырку вашу — ва-ю-ем! Які Сталін маршал, такія вы ваякі!

— Молчи, старик! Такими словами…

Ды ён яшчэ ўсё неспалохана бурчэў.

Вернемся, аднак, у пачатак дваццатых.

Калі ў расказах, кажучы мякка, перабольшваў хто-небудзь іншы, дзядзьку Захару гэта не падабалася. Нават і другу свайму, Івану Бохану-Калошы, па мянушцы «Лётчык», ён не даваў уздымацца залішне высока.

Бохан-Калоша служыў калісьці ў «пецяргофскай воздухаплавацельнай роце». Падагрэты расказамі Качкі, і ён пачынаў сваім мяккім, таксама «гарадскім», культурным голасам што-небудзь, напрыклад, такое (бяру не з пачатку):

— І так, значыцца, паднімаю ўзвод па трывоге, а сам саджусь на дзерыжабль. Даю каманду…

— Яфрэйтарышка, перакувырку тваю! Які ўзвод? Якую каманду? Хто т-та-бе дасць дзя-ры-жабль?!

Паветраплавацель не меў той непахіснасці, што чыгуначны старшы унцер, і ён абараняўся мякка:

— Ты жа ведзь там са мною не быў. Што ты арош на міня? Удзівіцельны чалавек!..

ЧАМУ Ж ЁН НЕ СОКАЛ?.

«Авёс сей у гразь…» А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі.

Усе тым часам падхадзіліся, а дзядзька Бохан-Калоша сама што пачынае.

У яго худой, віхлястай кабылкі таксама была мянушка, трохі задоўгая: «Не на таво наскачыла». Так на яе гаварылі на пашы, у табуне, на вуліцы, калі коні вярталіся ўвечары з выгану і калі яна была ў возе — абы не чуў гаспадар. Бо, на добры лад, мянушка гэтая належала не ёй, а самому Лётчыку, яшчэ адна. Гэта яна, буланка, аднойчы падгрузіла яго пад сябе, загізаваўшы ў аглоблях, калі парваліся спачатку супоня, а потым і хамуціна. Навокал рогат, бо тое здарылася на вуліцы, а Лётчык выбраўся з-пад буланкі і пераможна закрычаў:

— А, сцерва, не на таво наскачыла!..

Сёння супоня і хамуціна трымаюцца, воз таксама ліпіць, на возе — гной, а побач з возам ідзе сваёй лёгкай, яшчэ ўсё ваяцкай хадою былы паветраплавацель.

Насустрач едзе Алісей Цівунчык, з дзіўнай і дагэтуль не зразумелай мне бабскай мянушкай Рыўка. Гэты дзядзька, маладзейшы за Лётчыка, таксама