Мурашкі [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Мурашкі 16 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

захапілі мяккія гамакі з сынтэтыкі, ад ворагаў навучыліся есьці ня палачкамі, як раней, а глыбокімі лыжкамі. Праз год пасьля той перамогі ў вялікай вайне пачалася ўнутраная вайна, ды такая лютая, што Пан Бог цяпер думаў, лепш бы ўжо гэтыя сьветлавалосыя стрывалі паразу. Кожны ненавідзеў іншага, брат рэзаў брата, дзеці цураліся бацькоў — пачуцьцямі кіравала варажнеча і зайздрасьць. Усе крычалі аб нейкай справядлівасьці, пра якую нічога ня чуў і ня мог зразумець таго слова нават сам Пан Бог. І ён дужа сумняваўся, што тое разумелі людзі, якія пралілі за яе столькі крыві.

Але во і грамадзянская вайна была скончаная. Справядлівасьці не дамагліся, затое парэзалі ці ня большую палову насельнікаў. Жывыя не спраўляліся хаваць мёртвых. А то і не хавалі — такая нянавісьць нават да мёртвых панавала ў народзе. І не хавалі б ніколі, калі б дух ад нежывых целаў ня быў гэткі нясьцерпны. А пахаваўшы, тут жа магілы раўнялі зь зямлёй, каб не засталося і знаку. (Пан Бог, аднак, усё бачыў, для яго ня трэба было адмысловага знаку.)

Былі і яшчэ вялікія, сьвятыя і татальныя войны — за землі, ідэі, нацыянальныя інтарэсы. Былі чатыры вайны за справядлівасьць, тры — за зьняважаную праўду і нават вайна супраць войнаў — можа, самая жорсткая сярод іншых.

У часе кароткага перадыху было выяўлена, што ўвогуле ваявалі дарма: войны ня вырашылі ніводнай праблемы, а толькі спарадзілі нямала новых. Але хто вінаваты? Ну вядома ж, вінаватыя мужчыны. Гэта зь іх ліку былі генэралы і палкоўнікі, якіх узнагароджвалі, шанавалі, якім сьпявалі пранікнёныя гімны. А яны падвялі. Ужо жанчыны, напэўна б, ваявалі б лепш і хутчэй здабылі б перамогу. Усчаўся новы глябальны рух фэмінізму. Жанчыны падняліся на мужчынаў.

То ўжо, напэўна, была самая жахлівая і даўгая вайна на Зямлі. Змагаліся ня толькі зь людзьмі, але і зь людзкімі пачуцьцямі. Найгоршым лічылася праклятае абодвума бакамі пачуцьцё каханьня, празь якое і пачалася глябальная варажнеча. Закаханых пачалі караць самаю страшнай карай, для чаго давялося выдумаць электрычнасьць і расшчапіць атам. Кахаць было дазволена толькі аднаго чалавека — галоўнага Ката — і ягонае начыньне — шырокую сякеру. Сякеру, заўжды вострую і блішчастую, дык дужа кахалі жанчыны. Казалі, яе дотык да далікатных шыяў быў непараўнальна пяшчотны. Але як Кат пастарэў ад нялёгкае працы, каханьне да яго стала мала папулярным нават сярод жанчынаў. Ды й тое — каму патрэбны нямоглы кат? Быў кінуты лёзунг: каханьне замяніць на нянавісьць! Нянавісьць разумелася шырока і з абодвух бакоў была прызнаная за агульначалавечую маральную каштоўнасьць. Тое ні ў мужчынскім, ні ў жаночым лягеры не выклікала пярэчаньня і нават на пэўны час кансалідавала нацыю ў яе сьвятой барацьбе за вынішчэньне.

І во — вынішчыліся.

Учора Пан Бог паціху абляцеў на аблачыне ўсю зямлю і нідзе ня згледзеў нікога. Толькі сярод джунгляў ля Амазонкі варушыліся ў лістоце нейкія стварэньні, а так усе палі, пагоркі і выпасы былі пустэльныя — ні гарадоў, ні паселішчаў, ні якіх халупаў. Асабліва ўразіў Пана Бога кавалак сушы на поўнач ад рэчкі Прыпяці — такі быў слаўны куточак, не гарачы і не сьцюдзёны, некалі поўны зьверыны, рыбы і птушак, аддадзены неблагому працавітаму племю дрыгавічоў. І што сталася? Засыпаліся нуклеарамі, здурнелі і вымерлі. Во і рабі людзям дабро!

Стала зразумела Пану Богу, што ўсё трэба пачынаць спачатку.

Але каму пачынаць? Ясна, што людзям ня варта давяраць тое. Ужо аднойчы было даверана, і што атрымалася? Сорам адзін.

Порсткая чародка чорных мурашоў сноўдала каля босых, натружаных за даўгое жыцьцё Боскіх ног. Адзін муравейка, мабыць, самы зь іх сьмелы, борзьдзенька ўскараскаўся на Боскі вялікі палец і раздумна зьнерухомеў. Пан Бог сьпярша памкнуўся яго струхнуць прэч, ды падумаў: а можа, гэтым? Будуць сабе мітусіцца, рупіцца, бяз сваркі і варажнечы, грахоў ды эмоцыяў.

Сапраўды, варта было падумаць.

2002