Людзі на балоце [Іван Мележ] (fb2) читать постранично, страница - 147

- Людзі на балоце (а.с. Палеская хроніка -1) 1.34 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Іван Мележ

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

з роздумам:

— Усё адно — кеб і адабралі ў Глушака і аддалі каму другому — мало хто б парадаваўся. Крыўды було б усё адно багата. Усіх не задаволіш адным кавалкам етым, не сакрэт. От штоб да балота падступіцца, ды асушыць, ды раздзяліць!..

— Ат, слухаць няма чаго! Абы пачасаць язык!

— Ето толькі ў нас дзіво! Балото цэлае! Падумаць — і то страшно! Нам усё — страшно! Усё — выдумка!.. Нічого — прыйдзе пара!

Недалёка ўжо віднеліся прыцярушаныя сняжком, як бы не такія панурыя, як заўсёды, куранёўскія стрэхі.

— Ты б от Ганну лепей трымаў пры сабе! — зачапіў Хоня. — Такую дзеўку ўпусціў.

— Упусціў не ўпусціў — што з таго! Чаго мне було дзяржаць яе!..

— Як ето — чаго?

— А так — сам голы!.. Ды шчэ голую браць на шыю!..

— Ета, не сакрэт, на шыі не була б! — сказаў Міканор. — От дзеўка — што ўродаю, што рукамі, першая мо на ўсю воласць! Мяне аж зайздрасць брала, што яна з табою! Упусціў!

— Упусціў! — Васіль раптам ускіпеў. — Ну, упусціў! Што вам!

Міканор сумеўся: упершыню чуў такі сум, такі боль у гэтым маўклівым, недаверлівым хлопцу. Каб суцешыць, супакоіць трохі Васіля, сказаў вінавата:

— Нічога, можа, шчэ і не ўсё кончылася! У жыцці, не сакрэт, усяляк бувае…

Васіль не адказаў.

1961