Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без 866 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Някляеў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

кожную гадзіну з паўгадзінай… Коратка і працягла…

Гэта ўсё будзе пазней, тады, калі праспект Сталіна, колішняя вуліца Захар’еўская, былая Савецкая, стане праспектам Леніна — і Эдзік Гарачы апынецца ў створаным яшчэ пры Леніне лагеры ў Мардовіі. Пакуль жа ён — актор Тэатра юнага гледача, і знакаміты ў Мінску тым, што мае фотаздымак з аўтографамі Эдзі Рознэра і Луі Армстранга, якія стаяць на фотаздымку ў абдымку. “Эдзіку ад Эдзі і Луі” — напісана на звароце фотаздымка, і гэтага дастаткова, каб мець славу і не мець праблем пры знаёмстве з дзяўчатамі, якім Эдзік кажа, што ён саліст аркестра Эдзі Рознэра. Таго самага аркестра, у якім Ніна Дорда, на якую падобная кандуктарка Віялета Казіміраўна, спявае песню пра ландышы. І хоць аркестр Эдзі Рознэра быў Дзяржаўным джаз-аркестрам Беларускай ССР у той час, калі Эдзік Гарачы мог спяваць у ім толькі дзіцячыя песні, а цяпер аркестр у Маскве, гэта не замінае Эдзіку Гарачаму быць ягоным салістам. “Увечары, — кажа ён дзяўчатам, — сядаю на цягнік у Мінску — і раніцай спяваю ў Маскве”.

“Утро красит нежным светом стены древнего Кремля, просыпается с рассветом вся советская земля! Кипучая! Могучая! Никем не победимая!..” — заспявала радыё, пажадаўшы поспехаў калектыву паравознага дэпо, намеснікам начальніка якога працуе таварыш Папковіч, і раптам мужык на сядзенні ўперадзе ўстаў, павярнуўся да кандуктаркі, да мяне, да дамы ў каракулі, да дзвюх бабулек у хусцінках і дзядка ў капелюшы, да падпалкоўніка ў пагонах, да ўсіх, хто ў тралейбусе, і абвясціў, стукнуўшы сябе ў грудзі: “Гэта я таварыш Папковіч! Там па радыё выступаю, а тут з вамі еду!..”

Яшчэ не ўзляцеў у космас першы савецкі касманаўт Гагарын, а тым больш ніхто не ведаў нічога пра другога касманаўта Цітова, касманаўта-3 Мікалаева і касманаўта-4 Паповіча, таму на намесніка начальніка паравознага дэпо таварыша Папковіча, які выступаў па радыё, вылупіліся ўсе, як на героя. І гонар нейкі — я па вачах кандуктаркі ўбачыў — узнік: вось ён, такі чалавек, які выступае па радыё, едзе з намі, з простымі людзьмі ў адным тралейбусе… І праз гэта трохі разгубіліся і дзве бабулі, і кандуктарка, і падпалкоўнік — усе, апроч дзядка, які раптам сказаў:

— Голас непадобны.

Намеснік начальніка дэпо глянуў на дзядка, на кандуктарку…

— Як непадобны?..

— А так, — насмешліва прыўзняў капялюш уедлівы дзядок. — Не твой.

— Дык зменены, — сказала кандуктарка, якой, канечне, хацелася, каб такі знакаміты чалавек, як таварыш Папковіч, ехаў у яе тралейбусе. — Што па радыё, а што так…

Голас у кандуктаркі аказаўся нечакана нізкі для жанчыны. Не як у Ніны Дорды. Гэтакі голас, што нават падпалкоўнік азірнуўся.

— Непадобны! — упарціўся дзядок. — Вунь у кіроўцы нашага як па радыё, гэтак і так.

— Кіроўца не па радыё, — не здавалася кандуктарка. — Ён у мікрафон.

— Вуліца Камсамольская! — абвясціў кіроўца. — Наступны прыпынак — Цэнтральная плошча.

На Цэнтральнай плошчы ў Палацы прафсаюзаў, дзе ўчора былі танцы, я і пазнаёміўся з амерыканцам.

“Широким проспектом шагаю и радостно мне оттого, что в этой красе величавой есть доля, есть доля труда моего!.. — пачало новую песню радыё, а дзядок ускочыў:

— А няхай пашпарт пакажа! — І спытаўся чамусьці ў падпалкоўніка. — Пашпарт у яго ёсць?

Падпалкоўнік, паправіўшы фуражку, адвярнуўся да акна.

— Ага… — крыўдліва сказаў, сядаючы, намеснік начальніка паравознага дэпо. — Буду я пашпарт цягаць, каб згубіць.

Дзядок пераможна, нібы гэта канчаткова нешта вырашала, тыцнуў у намесніка начальніка пальцам.

— Няма ў яго пашпарта!.. А калі б і быў, то што? Вось у мяне сусед — грузін Джугашвілі, дык ён хто: Сталін?

У тралейбусе, здалося, нават радыё прыціхла.

Чатыры гады таму ў Маскве сказалі, што Сталін быў не такі ўжо вялікі, як здавалася, і яго няма за што асабліва любіць. Але гэта недзе ў Маскве, а не тут, у Мінску. У Мінску не любіць Сталіна не спяшаліся, бо раптам у Маскве перадумаюць…

— Хто ваш сусед? — спытала, не дачуўшы, дама ў каракулі, але дзядок яшчэ раз тое самае казаць палічыў залішне — і пытанне, зляцеўшы з малінавых губ, павісла ў сонечным паветры.

“Сталін — наша сонца, Сталін — наша слава, Сталін — наша вечная вясна…” — успомніліся словы, якія Эдзік Гарачы мог спяваць у аркестры Эдзі Рознэра, як я спяваў іх у піянерскім хоры, а жанчына ў каракулі перапытала дзядка. — Ваш сусед Сталін? — І малінавыя вусны падціснула. — Ён жа культ!

Дзядок і на гэта раз нічога ёй не адказаў. Па ўсім відаць было, што не падабаюцца яму дамы ў каракулі.

— Які ку-у-льт?.. — незадаволена працягнуў, гледзячы ў акно, падпалкоўнік. — Прычапіліся… — І стукнуў кулаком па калене. — Я з ім у Берлін увайшоў!

У левыя вокны тралейбуса ўплывала Цэнтральная плошча, пасярод якой стаяў у бронзавым шынялі, прыклаўшы бронзавую руку да бронзавых грудзей, Сталін. Дзесяціметровы, велічны на высокім, абкладзеным мармуровымі плітамі пастаменце, ён, здавалася, падпіраў неба над Мінскам, быў пастаўлены