Вёска [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Вёска (и.с. Беларуская проза ХХІ стагоддзя) 510 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Андрэй Федарэнка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ўслончыку, пазіраючы на гэтае жоўтае матчына паліто, на самую маці, Антон адчуў, як у сярэдзіне ў ім нешта вось-вось збіраецца абарвацца, а вочы пачынае шчыпаць. Адкуль узялася, ад чаго гэтая віна перад ёю?! Што цяпер яна ўжо не спявае? Што не можа ён вярнуць яе ў той летні дзень, калі пчолы гудзелі на красках, і ліплі да пальцаў смолкі, і песня плыла над рэчкаю, лугам, аддавалася ў лесе?..

Вось што цяпер яму казаць? Што выгналі мяне, але нічога страшнага, галоўнае, я люблю цябе, шкадую, буду слухацца, памагаць? Ды не трэба ёй ніякай помачы! Гэтая праца — адзінае, што ў яе асталося. Яна прывыкла жыць адна, есці абы-як, мала, не паліць у грубе, шкадуючы дроў, мерзці вечна, — але яна шчаслівая, бо жыве не для сябе, ведае: адзін, старэйшы сын — у блізкім горадзе, сямейны, другі вучыцца ў Мінску, гэта для іх ёй трэба недаядаць, недасыпаць... І вось заяўляецца ён, каб памагаць ёй — адбіраць занятак, які для яе само існаванне.

Гэты момант, калі Антон ледзь не заплакаў ад жалю, гледзячы на матку і яе жоўтае асенняе халоднае паліто, ясна паказаў яму: калі ён сапраўды так моцна любіць і шкадуе яе, лепш за ўсё яму не паказваць гэтага. Трэба быць або строга ўпэўненым, або насмешлівым, як з Пульсам у лесе, трэба казаць і рабіць выгляд, што яму на ўсё напляваць, у жыцці бывае не такое, ён, урэшце, жывы-здаровы, малады, і не прападзе. Расслабляцца не трэба было.

Ён сказаў:

— Сядзь ты за стол ды паеж па-людску. Зараз картоплі зварацца.

— Я не хачу, — але паслухалася, села, падперла рукою галаву, гледзячы на яго. — Ну, выгналі? Дапіўся? Ай-яй...

— Ніхто мяне не выганяў. Я заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск.

— Не брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць.

— Скажы лепш, — схамянуўся ён, — чаму ты раструбіла па ўсёй вёсцы, што мяне выгналі за п'янку?

— Я раструбіла?! Я маўчала, як тая рыба ў пельцы! Гэта ж тая, на пошце, прачытала тваё пісьмо! (Маці мела зуб на Надзю-паштальёнку, некалі сама хацела прыстроіцца насіць газеты, але ўзялі Надзю як больш «граматную».)

— Як прачытала? Чужы ліст?

— Так, разадрала канверт і прачытала! Яна што хочаш можа! І пісьмы чужыя чытае, і што хочаш... Пабач на сам, — маці дастала з шуфлядкі тумбачкі пісьмо, падала.

Праўда, добра было відаць, як няўмела, грубавата падклейваўся ў другі раз верх канверта. Васкевіч пакруціў канверт у руках — «А раптам гэта не Надзя?» — падумаў ён і знаёмы з Мінска халадок варухнуўся ў грудзях, каля сэрца.

— А я ўжо як пабачыла, — казала далей маці, — што яе рук гэта не мінула, тады ўжо і я ў магазіне — як то сказаць, прабалтала, што, можа, Антон мой хутка прыедзе. Што, можа, ён там у Мінску трохі выпівае. А так — я ж маўчала, як рыба!

Антон абгарнуў ручніком чыгунчык, сцадзіў у вядро, паклаў у талерку некалькі гарачых бульбін, падсунуў да маткі. Але тая не стала есці, усхапілася, выцягнула з печы вялізны чыгун са «свінячай» ежаю, у вядро з адцэджанай вадою сыпнула мукі, укінула паўкулідкі хлеба, пачала мяшаць рукою...

— І што ты думаеш рабіць цяпер? Адзін, як гаворыцца, на ўсе дзярэўні?

— Нічога... жыць.

— Ну жыві. Ідзі ў які калхоз, калі шчэ возьмуць, ды сядзі тут з маткаю... Будзеце піць з Пульсам, бо той тожэ адзін сядзіць, дык той дурны, а ты ж разумны...

Панесла вядро на двор, а Васкевіч зноў прысеў перад грубкаю, у якой даўно ўжо ўсё патухла, і паўтараў сам сабе, бы зацыклены: «Не Надзя, гэта не Надзя...»

Вяртаючыся, маці заскочыла ў поргаб[3], прынесла ў хату кош, выставіла з яго слоік гуркоў, слоік памідораў, слоік белых марынаваных грыбкоў, міску квашанай капусты, пабегла ў калідор, падсмажыла хутка на газе мяса з яечняю — застаўлены аказаўся ўвесь стол. Паелі моўчкі. Раней, калі Антон прыязджаў з Мінска, заўсёды пытала, ці не вьп'е, і калі згаджаўся, ставіла пляшку куплёнай гарэлкі — цяпер нават не папыталася. Хутка Антон падзякаваў, выбраўся з-за стала, накінуў на плечы кухвайку, выйшаў на двор пакурыць. Марозу амаль не было, ледзь-ледзь мігцелі над галавой слабыя зоры. Усё навокал цёмнае, чорнае — нават плот і дрывотня здаюцца нечым чужым, фантастычным... Моцна пахла начным адліжным снегам, і проста рука не паднялася закурыць, перабіваць гэты пах. «Нічога, цяпер усё ясна. Чысты перад Богам і людзьмі».

Спаць ляглі рана. Ціха ішоў тэлевізар. Антон пачаў быў ужо засынаць, як зусім бяссонным голасам азвалася маці:

— Нашто ты піў?

— Мама, я не піў. Гэта доўга расказваць. Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Па-беларуску.

— Не брашы. За гэтае нікога не выганяюць!

— Мяне ж выгналі.

— А яшчэ каго? — з надзеяй спытала маці.

— Нікога больш.

— Хіба ты адзін так гаварыў?

— Чалавек дзесяць.

— А цябе аднаго выгналі? Чаму?

«Хацеў бы я гэта і сам ведаць...» Антону раптам падалося, што маці разумее нашмат больш, чым яму здаецца — можа, ва ўсялякім разе, зразумець — і зноў пяшчота і шкадаванне да яе заварушыліся ў ім, але зноў ясна было, што калі пачаць гаварыць з ёю інакш, чым ён