Аліва і меч [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Аліва і меч 89 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

талковага, каб з фронту быў, каб становішча ў вызваленых мясцінах ведаў. Аж пра ваўка мова, а воўк у хатку… На фронт не паедзеш, справу табе дамо. Усё адно ты паранены.

— Мяне на пяць дзён адпусцілі. Мне ваяваць трэба.

— Ты што, дысцыпліны не ведаеш? Бач ты, партызаншчына якая!

I крыкнуў да кагосьці:

— Юстына сюды давайце, хлопцы.

Арсень, засмучаны да глыбіні душы, махнуў рукою. Кандратовіч уважліва разглядаў дваццацігадовага хлопца, які стаяў перад ім. Пабачыў сухі загарэлы твар, цыганскія вочы з выгінастымі веямі, бліскучыя чорныя валасы, цвёрдыя мускулы каля вялікага прыгожага рота.

— Ты сядай, сынок. Чаго ўскочыў? Знаёмся лепей. Юстын Шлык.

Перад Арсенем стаяў чалавек у бушлаце, і першае, што Воўкаў заўважыў, былі вялікія рукі, якія на дзве пядзі высоўваліся з кароткіх рукавоў. Пасля ён пабачыў надпіс вышэй левай кісці ("Бацька, ты спіш, а я пакутваю"), пасля драўляны кабур маўзера. Вясёлыя сінія вочы, ясныя, як майская вадзічка, глядзелі на Арсеня. У Шлыка былі белыя, як у сабакі, зубы, ружовыя, відаць, толькі ад здароўя, шчокі. Бялявыя хвалістыя валасы кудламі падалі на лоб. Яму магло быць гады дваццаць тры.

— А гэта Арсень Воўкаў… Той самы, што з магілы вылез.

Юстын трахануў руку новага знаёмага.

— Шлык, брат, таксама цаца. Матрос былы. Партызаніў. Мост высадзіў у паветра на лініі Мінск — Вільня. Ён будзе твой целахраніцель. Да таго ж, толькі што вярнуўся з ліквідацыі банды Андрэя Апостала. Быў і на хлебанарыхтоўках. Таму можа быць карысны.

— Траханулі белую сволач, — прыемным барытонам сказаў Шлык.

Селі. Кандратовіч скруціў вялікую "сабачую ножку", пусціў хмару едкага дыму.

— Ты, Воўкаў, гімназіст былы?

— Так.

— Ну, значыцца, здолееш усё растлумачыць як трэба.

Надсадна забухаў. Пасля яшчэ раз дапытліва згледзеў Арсеня і рашуча сказаў:

— Справа, хлопцы, вось у чым. Разведка даносіць з доляй пэўнасці, што рыхтуецца контрнаступленне. Ведаем, што падышла да іх сіла-сіленная: дадатковыя аэрапланы, танкі, англійская зброя. Мабілізацыя ідзе поўным ходам. Усё падмялі. Паэтаў і тых мабілізавалі, гімназістаў, студэнтаў. Пад Варшавай умацаванні будуюць. А абараняць іх будуць, акрамя рэгулярнага войска, жаночы полк (Юстын хмыкнуў), полк імя Сабескага й полк "Дзеці Варшавы". Бачыце, да чаго дайшло.

— Гэтых размалоцім, — сказаў Шлык.

— Размалаціць не штука. Але чым? Зброі няма. Па дзесяць снарадаў на гармату, патронаў мала. Знясілелі мы… Акрамя таго, некаторых людзей з камандавання я асабіста расстраляў бы за патэнцыяльную здраду… Горш за падлу Сарокіна трымаюць сябе.

I прыстукнуў далонню па стале.

— Дык вось, дні праз тры разам з ім паедзеце да Леніна. Павезяце даклад аб становішчы ў заходніх губернях. Яму трэба ведаць усё, як яно ёсць. I што на фронце, і што ў стаўцы, і што на сяле, і як справы з хлебам.

I кінуў са злосцю:

— Хрыстом-Богам, якога, вядома, няма, прашу вас, браткі. Паразмаўляйце асабіста з Уладзімірам Ільічом. Рабіце, што хочаце, але каб зброя была. Павінна знайсціся, іначай нам — гамон. Я пабойваюся, што і зараз пазнавата.

Арсень сказаў проста:

— Будзе зроблена, Кандратовіч.

Той ужо шкрабаў нешта на шматку паперы. Устаў, сунуў шматок у руку Шлыку.

— Начаваць няма дзе? Паставім да аднаго буржуя непадалёку. Ушчыльнім яшчэ трохі. У яго засталося два пакоі.

— Хто такі? — спытаў Арсень.

— Маеўскі.

— Хто? Гэты мільянер? Лесапрамысловец?

— Угу. Мы яго не чапаем пакуль. Здаецца, няшкодны.

I Кандратовіч зірнуў на Шлыка.

— Хоць некаторыя і кажуць адваротнае… А мне цяжка яго абараняць… I не ведаю, ці варта. Змовы, братка, паўсюль. Стрэлы ў спіну. На поўдні губерні — мяцеж. I ведаю — іхняя рука дзейнічае. Ну, ідзіце.


ІІ


Усю дарогу да кватэры Арсень Воўкаў думаў над апошнімі словамі Кандратовіча. Становішча сапраўды было трывожным.

Голад гуляў абшарамі краіны, свістаў у пустыя вокны заводаў, еў карэнні лопуху без солі і цыбуліны чароту.

Брат ішоў на брата, краіна раздзіралася ў міжусобнай вайне. Мяцеж успыхваў то на поўдні, то на поўначы. Па самых скромных падліках колькасць бандытаў трэба было вызначыць у дзесяць — пятнаццаць тысяч чалавек.

На захадзе буялі шабля і агонь, мяшаліся ў адзін бязладны лямант крыкі "ўра!", "слава!", "віват!" і д'ябал яго ведае што яшчэ.

Біліся, знемагаючы, як у стэпах палавецкіх. Сяклі, стралялі. Кідаліся, пазбаўленыя коннікаў, шалёныя коні. Ім бы зямлю араць, а яны замест таго хапалі жоўтымі зубамі варожых коней, сцягвалі за нагу коннікаў, пранізліва гігаталі.

А гаспадары іхнія падалі ў бадзякі і, як чырвоныя бадзяковыя шапкі, - і яскравей іх, — гарэлі ў чартапалоху, на пыльных травах, кроплі крыві.

А ў горадзе і сам Люцыпар зламаў бы нагу. Горад захлынаўся ў барацьбе партый: анархіствуючыя бандзюкі, максімалісты, высокаідэйныя бундаўцы, сволач з рабочага сіёна, — усё гэта, напалову ў падполлі, напалову на паверхні, гарлапаніла, агітавала, страляла ў спіну ідэйным