Маленькi прынц [Антуан де Сент-Экзюпери] (fb2) читать постранично, страница - 4

- Маленькi прынц (пер. Нiна Мацяш) 237 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Антуан де Сент-Экзюпери

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

людзей. Але небяспека ад баабабаў так мала спазнана, а рызыка таго, хто трапiў бы на астэроiд, такая сур'ёзная, што сёння я адкiдаю сваю стрыманасць i папярэджваю:

- Дзецi! Сцеражыцеся баабабаў!

Толькi каб папярэдзiць сваiх сяброў пра небяспеку, якая даўно падпiльноўвае iх, а яны i не здагадваюцца пра яе, як не здагадваўся раней i я, так шчыраваў я над малюнкам. I не шкадую аб гэтым.

Магчыма, вы запытаецеся:

- А чаму ў кнiзе больш няма такiх сур'ёзных малюнкаў, як гэты, з баабабамi?

Адказ зусiм просты: я спрабаваў, але не здолеў. Калi я маляваў баабабы, мяне натхняла думка, што гэта вельмi важна i надзённа.


VI


Мой Маленькi прынц! З цягам часу я зразумеў, якiм аднастайным i самотным было тваё жыццё. Доўга ў цябе была адна толькi забава: ты любаваўся захадамi сонца. Гэтая новая дэталь дайшла да мяне наранку чацвёртага дня, калi ты сказаў:

- Я так люблю адвячоркi. Хадзем паглядзiм, як заходзiць сонца...

- Дык трэба ж пачакаць...

- Чаго пачакаць?

- Каб сонца пачало заходзiць.

Ты спачатку вельмi здзiвiўся, а потым пасмяяўся з самога сябе.

- Мне ўсё здаецца, што я дома! - прызнаўся ты.

I сапраўды. Калi ў Злучаных Штатах Амерыкi поўдзень, то ў Францыi - хто гэтага не ведае? - сонца заходзiць. Дастаткова было б за адну хвiлiну перанесцiся з Амерыкi ў Францыю, каб пераканацца ў гэтым. Але на тваёй планеце табе даволi было пераставiць на некалькi крокаў уперад сваё крэслiца, i ты мог любавацца адвячоркам столькi, колькi табе хацелася...

- Аднойчы я назiраў, як сонца заходзiла сорак тры разы запар!

Ты трошкi памаўчаў i дадаў:

- Ведаеш... калi вельмi сумна на душы, так хораша глядзець, як заходзiць сонца...

- Значыць, у той дзень, калi ты бачыў сорак тры захады сонца, табе было сумна?

Але Маленькi прынц не адказаў.


VII


На пяты дзень, i зноў-такi дзякуючы баранчыку, я даведаўся пра сакрэт Маленькага прынца. Неяк раптоўна, без усялякай сувязi, бы ў вынiку доўгага маўклiвага абдумвання нейкай праблемы, ён спытаў:

- А калi баранчык есць кустоўе, дык ён i кветкi есць?

- Баранчык есць усё, што трапiцца.

- Нават тыя кветкi, што з калючкамi?

- Ага, нават тыя, што з калючкамi.

- Тады навошта iм калючкi?

Гэтага я не ведаў. I акурат у мой момант намагаўся адкруцiць у маторы адзiн непадатлiвы вiнт. Я быў моцна заклапочаны, бо пашкоджанне пачало здавацца мне сур'ёзным, а вада канчалася, i гэта вымушала мяне думаць пра найгоршае.

- Дык навошта ж тады iм калючкi?

Маленькi прынц нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне. Мяне злаваў пракляты вiнт, i я ляпнуў, абы адмахнуцца:

- А нiнавошта! Кветкi проста ад злосцi выпускаюць iх!

- Вось як!

Ён памаўчаў, потым абурана сказаў:

- Не веру я табе! Кветкi кволыя. I наiўныя. Яны падбадзёрваюць сябе, як могуць. Яны думаюць, што калi выпусцяць калючкi, то iх усе пачнуць баяцца...

Я нiчога не адказаў. Якраз у тую хвiлiну я думаў: "Калi гэты чортаў вiнт i зараз не адкруцiцца, то я так лясну па iм малатком, што ён на друзачкi разляцiцца". Маленькi прынц зноў перабiў мае думкi:

- А ты думаеш, што кветкi...

- Ды не, не! Нiчога я не думаю! Я сказаў, абы сказаць. Ты ж бачыш, я заняты сур'ёзнай справай!

Ён недаўменна паглядзеў на мяне.

- Сур'ёзнай справай?!.

Ён глядзеў на мяне, згорбленага над нейкiм прадметам, якi здаваўся яму вельмi няўклюдным, на малаток у руцэ, на чорныя ад мазуту пальцы.

- Ты разважаеш, як дарослыя! - сказаў ён.

Мне стала трошкi сорамна. А ён бязлiтасна дадаў:

- I ўсё ты блытаеш!.. I нiчога ты не разумееш!

Так, ён раззлаваўся не на жарт. Ён страсянуў галавой, i вецер раскудлачыў яго залатыя валасы.

- Я ведаю адну планету, там жыве такi Пан з пунсовым тварам. Ён нiколi не нюхаў кветкi. Нi разочку не глянуў на зорку. Ён нiколi нiкога не любiў. I нiколi нiчога не рабiў. Ён заняты толькi адным: лiчэннем. Цэлымi днямi напралёт ён, як ты, паўтарае адно i тое ж: "Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!" I проста ледзь не лопаецца ад гордасцi. Але гэта не чалавек, гэта грыб!

- Хто, хто?

- Грыб!

Маленькi прынц нават збялеў ад гневу.

- Мiльёны гадоў у кветак растуць калючкi. I мiльёны гадоў баранчыкi ўсё-такi ядуць кветкi. I гэта не сур'ёзна - знайсцi адказ, зразумець, навошта кветкi гэтак сiляцца выпусцiць калючкi, калi ад гэтых калючак нiякага толку? Гэта не важна - вайна баранчыкаў i кветак? Гэта не сур'ёзней i не важней вылiчэнняў надзьмутага пунсовага Пана? I калi я ведаю адзiную ў свеце кветку, якая iснуе толькi на маёй планеце, а нейкi баранчык як-небудзь наранку, бяздумна, у iмгненне вока можа загубiць яе - гэта зусiм не важна?

Ён пачырванеў, але гаварыў далей:

- Калi любiш кветку - адзiную, якой больш няма нi на адной з мiльёнаў i мiльёнаў зорак, гэтага дастаткова: глядзiш на неба i адчуваеш сябе шчаслiвым... I думаеш: "Недзе там жыве мая кветка..." А калi баранчык з'есць кветку, то гэта будзе тое самае, як бы раптоўна згаслi ўсе зоркi! I гэта, па-твойму, зусiм не важна?

Нечаканае рыданне абарвала яго словы. На пустыню ўжо