Казка пра цара Салтана, пра яго сына славутага асілка князя Гвідона Салтанавіча і пра цудоўную прыгажуню царэўну Лебедзь [Александр Сергеевич Пушкин] (fb2) читать постранично, страница - 7

- Казка пра цара Салтана, пра яго сына славутага асілка князя Гвідона Салтанавіча і пра цудоўную прыгажуню царэўну Лебедзь (пер. Мікола Хведаровіч) 55 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Александр Сергеевич Пушкин

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Цар ужо тут не стрымаў,
Флот падаць ён загадаў.
А ткачыха з паварыхай,
Сваццяй бабай Бабарыхай,
Змову здрадніцы плятуць, -
Не пусціць на востраў-цуд.
Ды Салтан і не зважае
І свавольніц суцішае:
«Што, я цар вам ці хлапчук?
Слухаць нават не хачу!»
Ён нагой са злосці тупнуў,
Выйшаў і дзвярамі грукнуў.
Ля акна Гвідон сядзіць
І на мора ўсё глядзіць.
Не шуміць яно бурліва,
Толькі плешчацца ляніва.
Ледзь прыкметна там плылі
У блакіце караблі.
Цераз роўнядзь Акіяна
Едзе флот цара Салтана.
Князь Гвідон раптоўна ўстаў,
Гучна-гучна закрычаў:
«Мая мамка дарагая!
Ты, князёўна маладая!
Паглядзіце вы туды:
Едзе бацька мой сюды».
Флот да выспы падыходзіць,
Князь Гвідон трубу наводзіць:
Цар на палубе стаіць
І ў трубу на іх глядзіць.
З ім ткачыха з паварыхай,
З сваццяй бабай Бабарыхай;
Іх здзіўляе надзвычай
Невядомы гэты край.
Вось з гарматаў запалілі,
На званіцах зазванілі;
Сам да мора йдзе Гвідон;
Там цара страчае ён.
З паварыхай і ткачыхай,
З сваццяй бабай Бабарыхай;
Князь у горад іх вядзе,
Моўчкі сам за імі йдзе
У палацы ён з гасцямі:
Там у латах каля брамы,
У лусцэ, як бляск зары,
Волатаў аж трыццаць тры.
Ды прыгожыя такія -
Веліканы маладыя,
Як пад мерку, на падбор,
З імі дзядзька Чарнамор.
Цар ступіў на двор шырокі:
Пад ялінаю высокай
Там вавёрачка спявае,
Залаты арэх лузгае.
Ізумрудзінкі вымае
І ў мяшочак апускае.
І засыпаны двор той
Шалупінкай залатой.
Госці ўсё тут аглядаюць.
Пра царэўну праўду баюць:
Месяц пад касой блішчыць,
Зорка на ілбе гарыць.
І вялікасна, і жвава
Пахаджае, быццам пава,
І свякроў сваю вядзе.
Цар глядзіць - і пазнае...
«Што я бачу? Ці здаецца?!
Можа, маніць маё сэрца?»
У грудзях заняўся дух,
Свет ад слёз яго патух.
Абдымае ён царыцу
І сынка, і маладзіцу.
Ён спраўляе пышны баль
На сусвет увесь амаль.
А ткачыха з паварыхай,
Сваццяй бабай Бабарыхай
Пахаваліся ў куткі;
Іх і там знайшлі-такі.
Давялося ім прызнацца,
Павініцца, разрыдацца.
З радасці Салтан траіх
Адпусціў дадому ўсіх.
Спаць вялі пасля Салтана,
Ён спяваў, хістаўся п'яны.
Я там быў: мёд, піва піў -
Толькі вусы абмачыў.