Дазорца маяка [Генрик Сенкевич] (fb2) читать постранично

- Дазорца маяка (пер. Паліна Маслянкова) 28 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Генрик Сенкевич

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генрык Сянкевіч Дазорца маяка

I

Неяк знік без весткі дазорца маяка Аспінвол, што недалёка ад Панамы. Здарылася гэта сярод буры: верагодней за ўсё небарака падышоў да самага берагу скалістай выспы, на якой стаіць маяк, і яго змыла хваляй. Пэўна, так яно і адбылося, бо назаўтра не знайшлі яго лодкі, што звычайна стаяла ў бухце.

Вызвалілася пасада дазорцы маяка, на якую трэба было найхутчэй знайсці замену, бо маяк мае немалое значэнне як для мясцовага руху, так і для судоў, што ідуць з Нью-Ёрка ў Панаму. У затоцы Маскітаў шмат плыткіх пясчаных месцаў, паміж якіх праплыць цяжка нават удзень, а ўначы і пагатоў, асабліва сярод імглы, якая падымаецца над вадой, нагрэтай промнямі субтрапічнага сонца. Таму адзіным правадніком для шматлікіх судоў было святло маяка.

Клопат па пошуку новага дазорцы зваліўся на плечы консула Злучаных Штатаў у Панаме, а быў гэта немалы клопат, бо замену трэба было знайсці за дванаццаць гадзінаў, да таго ж наступнік мусіў быць сумленным чалавекам, нельга было ўзяць абы-каго, і ўрэшце, наогул бракавала кандыдатаў. Жыццё на вежы даволі цяжкое і зусім не ўсміхаецца разняволеным і закаханым у свабоду жыхарам Поўдня. Дазорца маяка робіцца вязнем. Ніколі, апроч нядзелі, ён не мае права пакінуць сваю скалістую выспу. Лодка з Аспінвола штодзень прывозіць яму прадукты і ваду і тут жа адплывае, а на ўсёй выспачцы плошчай на адзін морг * няма больш нікога. Дазорца жыве ў вежы, утрымлівае яе ў парадку; удзень вывешвае рознакаляровыя сцяжкі ў адпаведнасці з паказчыкамі барометра, а ўвечары запальвае святло. Можа, і не было б гэта цяжкою працай, калі б дазорцу, каб запаліць агонь на вяршыні вежы, не даводзілася пераадольваць чатырыста крутых і дужа высокіх прыступак штодзень, а часам і некалькі разоў на дзень. Наогул гэта жыццё сапраўднага мніха ці нават пустэльніка. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што містэр Ісаак Фалконбрыдж меў немалы клопат — адшукаць вартую замену нябожчыку. Лёгка сабе ўявіць яго радасць, калі наступнік неспадзявана знайшоўся ў той самы дзень.

* Морг — састарэлая адзінка вымярэння плошчы зямлі ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе, у прыватнасці ў Рэчы Паспалітай, роўная прыблізна 0,56 га, або плошчы, якую адзін чалавек можа ўзараць з канём ці скасіць за адзін дзень.

Гэта быў чалавек ужо стары, гадоў семдзесят ці нават болей, але бадзёры, з рухамі і паставай жаўнера. Валасы былі цалкам сівыя, скура загарэлая, як у крэолаў, але, мяркуючы па блакітных вачах, ён паходзіў не з Поўдня. Выраз твару ў яго быў прыгнечаны і смутны, але сумленны. З першага погляду ён спадабаўся Фалконбрыджу. Заставалася яго праэкзаменаваць, вакол чаго і завязалася наступная размова:

— Вы адкуль?

— Я паляк.

— Што рабілі дагэтуль?

— Бадзяўся ў выгнанні.

— Дазорца маяка павінен любіць сядзець на месцы.

— Мне трэба адпачыць.

— Вы служылі? Маеце пасведчанне ганаровай урадавай службы?

Стары дастаў з-за пазухі выцвілы акравак ядвабу, падобны да шматка харугвы, развязаў яго і прамовіў:

— Вось пасведчанні. Гэты крыж я атрымаў ў трыццатым годзе. А гэты гішпанскі, з карлістоўскай вайны. Трэці з французскага легіёну. Чацверты атрымаў у Венгрыі. Потым змагаўся ў Штатах на баку Поўдня, але там не даюць крыжоў — вось толькі папера.

Фалконбрыдж узяў паперу і пачаў чытаць.

— Хм! Скавінскі? Гэта вашае прозвішча? Хм! Дзве харугвы здабытыя ўласнаручна ў штыхавой атацы... Вы былі мужным жаўнерам!

— Патраплю быць і сумленным дазорцам.

— Там трэба штодзень па некалькі разоў падымацца на вежу. У вас здаровыя ногі?

— Прайшоў пехатой паўсвету.

— All right! Ці абазнаны вы ў марской службе?

— Тры гады служыў на кітабойным судне.

— Спрабавалі розныя прафесіі?

— Не зазнаў толькі спакою.

— Чаму?

Стары зварухнуў плячыма.

— Такі лёс...

— Усё ж на дазорцу маяка вы падаяцеся мне застарым.

— Сэр, — раптам узрушана азваўся кандыдат, — я вельмі зняможаны. Шмат, бачыце, перажыў. Гэтага месца я горача прагну. Я стары, мне хочацца спакою! Павінен сабе нарэшце сказаць: тут мусіш асесці, тут твой порт. Эх, сэр! Усё залежыць толькі ад вас! Другі раз такой пасады мне не знайсці. Гэта шчасце, што быў я ў Панаме... Прашу вас... Напрамілы Бог, я як карабель: калі не зайду ў порт, патану... Калі хочаце ашчаслівіць старога чалавека... Клянуся, што буду служыць сумленна, але... досыць гэтага бадзяння...

У блакітных вачах старога была такая гарачая мальба, што Фалконбрыдж, які меў простае добрае сэрца, расчуліўся.

— Well! — сказаў ён. — Я вас бяру. Будзеце дазорцам маяка.

Твар старога асвятліўся невымоўнай радасцю.

— Дзякуй.

— Ці можаце сёння ехаць на вежу?

— Так, вядома.

— Ну тады good bye!.. І яшчэ: за любое парушэнне па службе вы будзеце звольнены.

— All right!

У той самы вечар, калі сонца зайшло за перашыек, а прамяністы дзень змяніўся ноччу, новы дазорца, відавочна, быў ужо на месцы, бо маяк, як заўжды, кідаў на ваду пучкі яскравага святла. Ноч была