Чалавек натоўпу [Эдгар Аллан По] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Чалавек натоўпу (пер. Сяргей Шупа) 20 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Эдгар Аллан По

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гадзіньнікі на кароткім залатым ланцужку трывалага старадаўняга ўзору. Яны ўсяляк удавалі самавітасьць, калі толькі можна ўдаваць штосьці нагэтулькі паважнае.

Нямала траплялася мне зухаватых з выгляду асобінаў, што належалі, як я лёгка разумеў, да пароды кішэньнікаў экстраклясы, якімі поўняцца ўсе вялікія гарады. Я разглядаў гэтае племя зь вялікай цікавасьцю і ніяк ня ног уявіць, як могуць прымаць іх за джэнтэльмэнаў самі джэнтэльмэны. Неабсяжнасьць іхных манжэтаў у спалучэньні з выразам празьмернае шчырасьці на твары адразу іх выдавала.

Шулераў, якіх я таксама заўважаў нямала, распазнаць было яшчэ лягчэй. Яны былі ўбраныя вельмі розна: і як мацёрыя напарстачнікі — у вэльвэтавыя камізэлькі з каляровымі хусткамі вакол шыі, залачонымі ланцужкамі й філігранавымі гузікамі, або як падкрэсьлена незаўважны сьвятар, які менш за ўсё мог выклікаць падозраньні. I аднак усе яны вылучаліся нейкай прыпухлай смуглявасьцю твараў, бляклай замглёнасьцю вачэй, бледнасьцю сьціснутых вуснаў, Да таго ж, былі яшчэ дзьве рысы, зь якіх я заўсёды мог іх распазнаць; — асьцярожная сьцішанасьць тону ў размове і вялікі палец на руцэ, больш чым звычайна адстаўлены прастакутна да іншых пальцаў. — Вельмі часта, у кампаніі з гэтымі круцялямі, мне траплялася парода людзей, што хоць і мелі крыху іншыя манеры, усё роўна былі птушкі з тае самае чарады. Іх можна было б акрэсьліць джэнтэльмэнамі, якія жывуць з свае спрытнасьці. Яны, як выглядае, палююць на людзей у двух атрадах — фарсуноў і вайскоўцаў. Галоўныя азнакі першае групы — даўгія валасы й заўсёдная ўсьмешка; другое — мундур з аксэльбантамі й насупленыя бровы.

Апускаючыся, так сказаўшы, па шкале арыстакратычнасьці,  я  знайшоў больш  змрочныя  й глыбокія тэмы для разважаньняў. Я бачыў жыдоўскіх вулічных гандляроў зь ястрабінымі вачыма, якія глядзелі з твараў, дзе ўсе іншыя рысы былі пазначаныя пакорлівым прыніжэньнем; дужых прафэсійных жабракоў, што злосна касавурыліся на больш прыстойных з выгляду просьбітаў, якіх толькі нясьцерпная роспач выгнала ў змрок ночы па міласьціну; хвараблівых і страхотных інвалідаў, на якіх сьмерць ужо паклала сваю цьвёрдую руку, якія, няпэўна валочачы праз натоўп свае кволыя целы, умольна зазіралі кожнаму ў твар, нібыта шукаючы нейкага неспадзяванага суцяшэньня, нейкай страчанай надзеі; сьціплых маладых дзяўчат, што вярталіся пасьля доўгай і позьняй працы ў панурыя дамы і сьціскаліся, больш ад страху, чым ад абурэньня, пад позіркамі нахабных нягоднікаў, якіх было нават не абмінуць,  каб  яны не прыціснуліся сярод натоўпу; вулічных жанчын самага рознага веку й гатунку — неаспрэчную прыгажуню ў найлепшым жаночым веку, што нагадвае Лукіянаву статую, з абліччам з пароскага мармуру і з поўным гнюснага бруду нутром — агідную й безнадзейна пагіблую пракажаную ў лахманах — паморшчаную, завешаную аздобамі, абмазаную пудрамі й памадамі старую чапялу ў апошнім  намаганьні  вярнуць маладосьць — зусім малое дзіця зь нясьпелымі формамі, спрактыкаванае праз багаты досьвед ва ўсіх страшных манернасьцях свайго рамяства, ахопленае шалёным  памкненьнем  параўняцца  ў  заганах з старэйшымі; незьлічоных і неапісальных п’яніцаў — адных у палапленым рызьзі, што маўкліва хісталіся на бакі, з пабітымі тварамі й тускнымі вачыма — другіх у цэлым, але брудным адзеньні, з крыху няпэўнай фанабэрлівай хадою, з тоўстымі гарачымі вуснамі і з прыязнымі расчырванелымі тварамі — іншых, чыё адзеньне некалі было добрае, а й цяпер яшчэ было старанна выгладжанае  шчоткай  — людзей,  якія  йшлі ненатуральна цьвёрдаю й пругкаю хадою, але твары ў якіх былі сьмяротна бледныя, вочы жахліва-дзікія й чырвоныя, якія, праціскаючыся скрозь натоўп, чапляліся дрыготкімі пальцамі за ўсё, што трапляла ім пад руку; апрача ўсіх гэтых — пірожнікаў, насьбітоў, вугальшчыкаў, сьмецяроў; катрыншчыкаў, малпаводаў і складальнікаў балядаў, тых, хто гандляваў імі і тых, хто сьпяваў; абадраных рамесьнікаў і зьнясіленых работнікаў усіх гатункаў, і ўсё гэта было поўнае шумлівай і бязладнай жывасьці, якая рэзала вуха і ад якой балела ўваччу.

Чым глыбейшая рабілася ноч, тым больш паглыблялася й мая цікаўнасьць да відовішча; бо ня толькі матэрыяльна зьмяніўся агульны характар натоўпу (яго далікатнейшыя рысы зьнікалі з адступленьнем з сцэны больш прыстойнае часткі гараджанаў, грубейшыя ж наадварот рабіліся штораз больш выразныя, бо позьняя часіна выцягвала зь дзённых логваў самую розную гнюсоту), але й сьвятло газавых ліхтароў, напачатку кволае ў ягоным змаганьні з апошнімі промнямі дня, паволі бралася ў сілу й пакрывала ўсё навокал сутаргавай бляклай сьвеценьню. Усё навокал было цёмнае і ўрачыстае — як той чарнадрэў, зь якім параўноўваюць стыль Тэртуліяна.

Зачараваны дзівоснымі гульнямі сьвятла, я захапіўся разгляданьнем асобных твараў; і хоць хуткасьць, зь якою зіхоткі сусьвет мільгаў за вакном, дазваляла мне кінуць толькі адзін позірк на кожны твар, усё ж здавалася, што ў тым маім асаблівым стане душы й розуму я