Марэла [Эдгар Аллан По] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Марэла (пер. Марына Дзергачова) 11 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Эдгар Аллан По

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пацалаваў ейны лоб, і яна працягвала:

– Я паміраю, але ўсё ж буду жыць.

– Марэла!

– Не было дня, калі ты любіў мяне, – але калі ты жахаешся жывой, то памерлай будзеш захапляцца.

– Марэла!

– Кажу яшчэ раз, я паміраю. Але ўва мне спее плод тае прыязнасці – такой малой! – якую ты адчуваў да мяне, Марэлы. І калі адыйдзе мая душа, дзіця будзе жыць – тваё дзіця і маё, дзіця Марэлы. Але твае дні будуць днямі смутку – смутку, які доўжыцца даўжэй за ўсе пачуцці, як кіпарыс жыве даўжэй за ўсе дрэвы. Гадзіны твайго шчасця злічаныя, а радасць не прыходзіць у жыццё двойчы, як ружы Пестума квітнеюць двойчы на год. Ты больш не будзеш, як тэосец, радавацца гадам, што мінаюць, але, забыўшыся на мірт і віно, будзеш несці свой саван па жыцці, як мусульмане ў Мецы.

– Марэла! – усклікнуў я. – Марэла! Адкуль табе ведаць гэта? – але яна адвярнулася ў падушку, і лёгкая дрыготка прабегла па ейным целе. Так яна памерла, і больш не чуў я ейнага голасу.

Як яна і прадбачыла, ейнае дзіця, якому яна дала жыццё сваёй смерцю, дзіця, якое пачало дыхаць, калі яна дыхаць перастала, ейная дачка, жыло. І яна дзіўна развівалася целам і розумам і была цудоўным падабенствам той, што пакінула гэты свет. І я любіў яе любоўю больш палкай, чым тая, якую можна адчуць да любога чалавека на зямлі.

Але неўзабаве яснае неба гэтае прыязнасці пацямнела ад хмараў, змрок, жах і гора ахапілі мяне. Дзіўна, дзіўна развівалася яна целам і розумам. Дзіўным, насамрэч дзіўным быў незвычайны рост ейнага цела, але жахлівымі, о, якімі жахлівымі былі неспакойныя думкі, якія апаноўвалі мяне, калі я думаў пра развіццё ейнага розуму. Ці магло быць іначай, калі я штодня бачыў у словах дзіцяці мысленне і здольнасці дарослае жанчыны, калі ўрокі дасведчанасці зыходзілі з вуснаў малое? Калі мудрасць і памкненні дарослай я чуў штогадзіну, дрыжучы ад ейных позіркаў, у якіх свяцілася глыбіня розуму? Калі гэта ўсё стала відавочным для маіх агаломшаных пачуццяў, калі я не мог больш хаваць гэта ад свае душы і выкінуць гэта са сваіх думак, здагадкі, страшныя здагадкі з’явіліся ўва мне, і я ўспомніў неверагодныя аповеды і вар’яцкія тэорыі памерлае Марэлы. Я схаваў ад свету істоту, якую лёс прымусіў мяне любіць, і падарыў ёй строгую адзіноту свайго дому, назіраючы з пакутлівым неспакоем за ўсім, што датычыла яе.

Міналі гады, і дзень за днём углядаўся я ў ейны нявінны, спакойны твар, які так шмат казаў мне, і ейнае дарослае цела, дзень пры дні бачыў новыя рысы падабенства дзіцяці з яе памерлай маці, бачыў скруху і смерць. З кожнай гадзінай згушчаліся гэтыя цені падабенства, рабіліся ўсё больш рэзкімі, выразнымі, складанымі і жахлівымі. Усмешка рабілася падобнай да матчынай, што я мог вытрываць, але дрыжаў ад такое дасканалае тоеснасці; вочы былі падобныя да вачэй Марэлы, што я мог цярпець, але яны так часта зазіралі ў глыбіні мае душы з незразумелай уладнасцю. І абрысы высокага лоба, і пасмы ядвабных валасоў, і бледныя пальцы, якія іх перабіралі, і сумная меладычнасць словаў, і асабліва – о, асабліва словы мёртвай на вуснах любай і жывой хвалявалі і жахалі мяне, і тачылі, як чарвяк, які ніколі не памрэ.

Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. “Маё дзіця” і “мая любоў” – так называла яе бацькава пяшчота, а поўная самота яе існавання выключала ўсялякія дачыненні з іншымі. Імя Марэлы памерла разам з ёй. Я ніколі не размаўляў з дачкой пра маці, гэта было немагчыма. За кароткае сваё жыццё яна не мела ніякіх уражанняў ад вонкавага свету, апроч тых, якія дазвалялі вузкія межы яе адасобленага існавання. Але ўрэшце я згадаў пра хрышчэнне як пра магчымасць вызвалення ад жахаў, на якія асудзіў мяне кон. І нават ля купелі я вагаўся, не ведаючы, якое імя абраць. Мноства імёнаў – сімвалаў мудрасці і прыгажосці, імёнаў старажытных і нашых часоў, імёнаў маёй і чужых краінаў – амаль сарвалося з маіх вуснаў, разам з імёнамі – сімваламі высакароднасці, шчасця і дабрыні. Што прымусіла мяне патрывожыць памяць пахаванай? Які дэман змусіў мяне выдыхнуць гэтае слова, гук якога пагнаў маю кроў ад скроняў да сэрца? Якая пачвара прамаўляла з глыбіняў мае душы, калі ў цішыні ночы сярод крыжоў я прашаптаў святару “Марэла”? Хто ж, калі не сам д’ябал, сказіў рысы тварыка майго дзіцяці, нагнаўшы на яго цень смерці? Пачуўшы гэтыя гукі, яна ўзняла свае шкляныя вочы з зямлі ў неба і, апусціўшыся бязвольна на чорныя пліты нашага фамільнага склепу, адказала: “Я тут!”

З выразнасцю – халоднай, спакойнай выразнасцю – зляцелі гэтыя простыя гукі з ейных вуснаў – і нібы расплаўлены свінец з шыпеннем пацёк у маю галаву. Гады – гады могуць мінуць, але памяць пра гэта не знікне ніколі. Я не толькі забыўся на кветкі і віно, але цыкута і кіпарыс кідалі цень на дні мае і ночы. Я не мерыў ні прасторы, ні часу, і зоры майго лёсу падалі з неба, і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін – Марэлу. Вятры шапталі мне адно слова, якое я мог чуць, і хвалі на моры мармыталі толькі адно –