Пачакаем.
— Давай паставім…
Але зрабіць гэта яны не здолелі: раптам з двара данёсся знаёмы голас міліцыянера:
— Хлопцы, дзе вы пахаваліся?
Яны так абрадаваліся гэтаму голасу, быццам то было збавенне ад цяжару, які раптоўна зваліўся на іх.
— Тут мы, тут мы! — ледзь не ў адзін голас закрычалі яны і выйшлі з пакоя.
Тупік стаяў крыху зводдаль і трымаў Сняжка за повад.
— А я вам ад імя савецкай міліцыі прывёз падарункі — новыя гарнітуры і чаравікі. Гэта — за дапамогу, якую вы аказалі нам! — Ён адвязаў ад сядла вялікі пакунак, загорнуты ў рудую паперу і перавязаны аборынай, і перадаў Міколу. — Вось, спажывайце на здароўе…
— Дзякуем, — ціха адказаў Мікола.
Алесь схапіў у яго той пакунак, развязаў і ўсклікнуў:
— Вось гэта — шык! Адзін большы, другі меншы… А мы вам за ўсё заплацім.
— Чым жа? — пацікавіўся Тупік, спадзеючыся, што гэта чарговы жарт.
— Золатам, — сказаў і Мікола. — У гэтым пакоі тая плата, зайдзіце і зірніце.
Тупік кінуў повад і паціху пайшоў у пакой, а Сняжок, адчуўшы волю, прытупаў да Міколы, абнюхаў, як сабака, яго кішэню, рукі…
— Няма цукру, Сняжок, — сказаў Мікола, гладзячы каня. — Але не бядуй, яшчэ знойдзем…
Міліцыянер амаль выбег з пакоя, трымаючы ў абедзвюх руках гліняныя скарбонкі.
— Вось гэта плата! — узняў ён рукі ўгору. — Ды тут жа, брацішкі, па закону і ваша доля ёсць, і немалая!
Падышоў і Мірон, агледзеў усё, пачухаў патыліцу рукою.
— А я думаю — што гэта яны ўсё сцены дзяруць, — сказаў ён і пахітаў галавою. — Аж яны, жэўжыкі, ведаюць, дзе шукаць панскае дабро. І хто ім толькі падказаў?
— Тая карціна, што ў кабінеце вісіць, — сказаў Алесь.
— І вялікая чорная кніга, — дадаў Мікола. — Мы ж…
— Чакайце, чакайце, — перапыніў яго Тупік. — Давайце ўсё па парадку.
І Мікола расказаў усё. Як хацелі адрамантаваць лодку, як пасля ў каморы знайшлі кнігу, як расшыфравалі загадкавы подпіс пад рэпрадукцыяй карціны…
— Гэта, мусіць, апошняя тайна скарбу Загорскай камяніцы, — сказаў Тупік. — Відаць, стары Гурэцкі адхаваў частку сабе, каб не дзяліцца з сынам і хаўруснікамі. Давайце зойдзем у хату і складзем акт…
Толькі гадзіны праз дзве хлопцы і Мірон падпісалі той акт, пералічыўшы крыжыкі і грошы, і Тупік паехаў, сказаўшы, што ў хуткім часе ўсіх іх пераселяць у Пабярэжжа ў новыя хаты.
Хлопцы глядзелі яму ўслед, задаволеныя тым, што гэты дзень прынёс ім столькі радасці…
— Ну што, Алесь, пойдзем рамантаваць лодку? — спытаў Мікола, калі белы Тупікаў конь знік за хмызам рэчкі.
— А як жа! — весела адказаў Алесь. — Хіба ж мы не казалі, што паплывём на вялікую раку? Нам лодка і ў Пабярэжжы спатрэбіцца…
Яны ўзялі ў каморы сякеру, дошкі, некалькі цвікоў і паволі пайшлі да сваёй лодкі…
Последние комментарии
4 часов 31 минут назад
9 часов 35 минут назад
17 часов 24 минут назад
19 часов 54 минут назад
20 часов 2 минут назад
2 дней 7 часов назад