Планета малпаў [Пьер Буль] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Планета малпаў (пер. Алесь Асташонак) 283 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Пьер Буль

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

праз нейкiя два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклi да нашых мiжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калi дапушчальнае максiмальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а крэйсерская хуткасць у параўнаннi з нашай смеху вартая... Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якiя мне ўдалося вынайсцi, наш касмiчны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькi можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасцi, яна амаль роўная хуткасцi святла. А калi мы рушым з такой хуткасцю, наш час iстотна адрознiваецца ад зямнога, i чым хутчэй мы ляцiм, тым большая гэтая рознiца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а на Зямлi - некалькi месяцаў. Калi ж мы набяром гранiчную хуткасць, час для нас амаль спынiцца, хоць мы гэтага i не будзем заўважаць. Тады некалькi секунд для вас i мяне, некалькi ўдараў сэрца для вас i мяне будуць раўняцца многiм гадам жыцця на Зямлi.

- Разумею. Менавiта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасцi. Але чаму ў такiм выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькi дзён цi некалькi гадзiн?

- Якраз да гэтага я вас i падводжу. Усё вельмi проста: каб набраць максiмальную хуткасць, калi час амаль спыняецца, нам спатрэбiцца каля года, бо наш арганiзм проста не вытрымае большага паскарэння. I яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графiк палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзiне ўсяго толькi некалькi гадзiн, але за гэтыя гадзiны мы пройдзем найвялiкшую частку нашага маршруту. Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькi крышачку больш, чым пералёт да Проксiмы Цэнтаўра. У апошнiм выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесцi ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, i яшчэ год - на тармажэнне, хiба што памiж iмi было б некалькi хвiлiн замест некалькiх гадзiн, як у нашым палёце. Рознiцы нiякай. Я ўжо старэю i наўрад цi змагу калi-небудзь яшчэ выправiцца ў такую экспедыцыю, таму i абраў далёкую мэту - спадзяюся адшукаць сусветы, якiя вельмi адрознiваюцца ад нашага.

Падобныя гамонкi дапамагалi нам бавiць вольны час, i пасля кожнай з iх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасцi прафесара: не было ў навуцы вобласцi, яму незнаёмай, i мне заставалася толькi радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакi эрудыт. Як i прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якiя на Зямлi прайшлi тры з паловай стагоддзi. У гэтай вось акалiчнасцi i быў адзiны недахоп такой далёкай экспедыцыi: калi нам нават i ўдалося б шчаслiва вярнуцца назад, то апынулiся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот - восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалi. Падазраю нават, што мажлiвасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабiла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стамiўся ад людзей...

За ўвесь палёт у нас не было нiводнай сур'ёзнай непрыемнасцi. Стартавалi мы з Месяца. Зямля i ўсе астатнiя планеты хутка знiклi з поля зроку. Сонца iмклiва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велiчынёю з апельсiн, потым стала меншае за слiву i нарэшце зрабiлася маленькай зiхоткай кропкай, толькi адной з мiльярдаў зорак нашай галактыкi, распазнаць якiя ўдалечынi мог хiба што эрудыт Антэль.

Так што жылi мы без Сонца, але нiчога непрыемнага праз тое не адчувалi: на караблi было штучнае святло, эквiвалентнае сонечнаму. Не ведалi мы i нуды. Прафесара можна было слухаць гадзiнамi. Чаго толькi я не ўведаў за гэтыя два гады - больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я i неабходны вопыт у кiраваннi зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, i яны самi рабiлi ўсе разлiкi i дакладна вызначалi курс.

Багата радасцi прыносiў нам сад, якi займаў на караблi шмат месца. Апроч усяго iншага, прафесар Антэль цiкавiўся батанiкай i сельскай гаспадаркай i iмкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыi развiцця раслiн у касмiчных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубiчных метраў. Дзякуючы шматлiкiм стэлажам аб'ём нашай аранжарэi выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хiмiчнымi ўгнаеннямi, i ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гароднiна, так што мы мелi здаровай свежай ежы колькi было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забылiся мы i на прыемнае: адвялi адну секцыю аранжарэi пад кветнiк - прафесар даглядаў яго асаблiва дбайна. Гэты арыгiнал захапiў з сабою яшчэ i некалькi птушак, матылькоў i нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалi Гектарам, - гарэза бавiў нас усю дарогу.

Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставiўся да людзей. Ён часта казаў, што людзi - iстоты, мякка кажучы, не зусiм iдэальныя, i, напэўна, менавiта таму ў велiзарным караблi, у якiм магла б спакойна размясцiцца не адна сям'я, была процьма ўсялякiх раслiн, некалькi жывёлiн i толькi тры чалавекi: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фiзiк з вялiкай будучыняй, i я, Улiс Меру,