Тарасова доля [Янка Купала] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Тарасова доля 22 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Купала

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

          І крывёй не можна.
Думкі лезуць, выліваў бы
          Думкі на паперы,
І нявінную паперу
          Адабралі зверы.
Чахне, сохне, адарваны
          Ад роднае нівы,
Пад салдацкай царскай палкай,
          Тарас нешчаслівы.

XIII

Такой кары акаяннай
          Не жадай нікому!
Павяртаў Тарас з няволі
          Ў няволю дадому.
З'ела царскае каранне
          Тарасову сілу, -
Менш глядзеў ужо на неба,
          Болей на магілу.
Адно песень, песень гулкіх
          Не забыў складаці,
Не забыў у песнях-думках
          Украіну-маці.
Мо пісаў бы свае думы
          Ён крывёй і далей,
Але з жылаў яго каты
          Кроў павыпівалі.
Ласа высмакталі гады
          Яго кроў з-пад сэрца.
Хай жа памяць гэтай крыўды
          Навек застанецца!

XIV

І памёр Тарас. Няволя
          З горам даканалі.
Зашумелі сумна-сумна
          Дняпровыя хвалі.
Паплылі Дняпровы хвалі
          Ажно ў сіне мора.
Хай гавораць хвалі свету
          Аб вялікім горы.
І заплакала Ўкраіна, -
          Плакала нямала, -
Як хавала свайго сына,
          Песняра хавала.
Насып сыпалі высокі
          Па-над Днепрам сінім,
Каб відаць было далёка
          Па ўсёй Украіне.
Спіць Тарас, адпачывае
          Ў вёсны і прадвесні,
Не спіць толькі між людзямі,
          Не спіць яго песня.

XV

Гэй, Тарас, каб ты збудзіўся,
          Каб устаў з магілы,
Ды зірнуў ты на Ўкраіну,
          Песняру наш мілы!
Ой, пабачыў бы ты дзівы
          На стэпу шырокім!
Новай песняй прывітаў бы
          Дняпро сінявокі.
На тваёй зямлі квяцістай
          Сонца ясна свеціць,
Не згібаюць плеч у ёрмах
          Бацька, маці, дзеці.
Ройным роем гаспадараць
          Сабе самі людзі.
Будаўніцтва йдзе такое, -
          Нібы цуд па цудзе!
Ані слёз тых, ані гора,
          Ні цара, ні пана!
Эх, Кабзар, каб ты збудзіўся,
          На Ўкраіну глянуў!..

1939