Дома [Міхась Стральцоў] (fb2) читать онлайн

- Дома 14 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Міхась Стральцоў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхась СТРАЛЬЦОЎ


ДОМА


Доўгім і нізкім дваром яны дайшлі да пуні.

Сцяпан зняў з прабоя клямку, і вароты са скрыпам расчыніліся. 3 пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. Ён дастаў з кішэні карабок і асцярожна чыркнуў запалкай.

— Ну, Сцёпа,— з дакорам сказала сястра і дыхнула на агеньчык.— Ты ж ведаеш: тата. Ён прасіў…

Стала цёмна. Сцяпан усміхнуўся: «Як яна, аднак, вырасла. Дзевяцікласніца!»

Вось ужо два гады, як ён не наведваўся дамоў. Калі ад’язджаў апошні раз з вёскі, сястра была амаль што дзіцём; ён нават помніў: часта плакала, рыхтуючы ўрокі. А цяпер — без якога тыдня нявеста.

Было вельмі цёмна пасля запалкі. Сцяпан нічога не бачыў.

— Сюды,— шэптам сказала сястра,— ці ж ты забыўся? — Сцяпан выставіў упоцемку перад сабою рукі і пайшоў за ёю.

Па драбінах падняліся на вышкі. Не паспеў Сцяпан і кроку ступіць, як сена пад яго нагамі загайдалася, зашамацела — ён не ўтрымаўся і ўпаў. Сястра засмяялася. I яму самому раптам зрабілася весела і прыемна.

— Як хораша, Ніна, га? — на ўсе грудзі выдыхнуў ён і яшчэ глыбей зашыўся ў цёплае, пахкае сена.

— Хораша, праўда,— жвава адгукнулася Ніна.— Я яшчэ да экзаменаў тут спаць збіралася, ды мама не дазволіла. Гэта яна баіцца, што буду позна прыходзіць з сяла.

— I правільна робіць. На вечарынкі, нябось, даўно ходзіш… I запіскі на ўроках палучаеш… Што, можа, скажаш, няпраўда?

Братаў голас гучаў хітравата і лагодна.

Ніна адказала з прытворным нездавальненнем:

— Якія вы, настаўнікі, бурклівыя, злосныя. А я яшчэ некалі думала, што вы не такія людзі, як усе… Ну, спі, выдумшчык, я пайшла.

Сцяпан смяяўся.

Калі Ніна выйшла, ён распрануўся і лёг. Захацелася курыць. Успомніў перасцярогу сястры і ўсміхнуўся, запаліў папяросу. Запалку раструшчыў у пальцах і адкінуў далей ад сябе. «Каб не ўбачыў часам бацька».

Ён ляжаў і думаў. Было ціха, толькі ўнізе перарывіста дыхала карова, ды над самым вухам надакучліва звінеў камар. У адным месцы праз страху прасвечвала неба, і Сцяпан доўга глядзеў туды, пакуль недзе зусім непадалёку не зайграў гармонік і не ўзрадаваўся раптам песняй высокі і прыгожы дзявочы голас. Сцяпан устрапянуўся. Нешта варухнулася, заказытала ўнутры, і ён адчуў, як незразумелая радасць агортвае яго.

Ён ужо не мог ляжаць спакойна, варочаўся. «Што гэта,— думаў ён,— чаго я так расхваляваўся?» I раптам зразумеў: «Я дома! Як жа не здагадацца? Я дома!»

А гармонік усё граў і граў, і ўсё той жа дзявочы голас спяваў пра закаханых, што ніяк не могуць расстацца, пра росную сцежку ў жыце і туманы над ракой…

I Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю, жвавую тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. Уладзік нават пра маці сваю, калі тая рабіла ці гаварыла што не так, як яму хацелася, па-даросламу казаў: «Ведама, жанчына». Уладзік рос без бацькі. 3 дзяўчынкамі ў класе, акрамя Каці, ён не сябраваў. Утраіх яны часта хадзілі за вёску на шлях, узлазілі там на вербы і спявалі песні. Сцяпану ад такіх пагулянак было мала радасці. Уладзік тады ўжо курыў і, калі скручваў цыгарку, дастаўшы з кішэні шматок газеціны і шчопаць самасаду, заўсёды папярэджваў Кацю: «Глядзі, каб нікому ні слова». I Каця заўсёды пакорліва адказвала: «Добра, Уладзік»,— і чамусьці ўздыхала. А Сцяпан увесь час сачыў за ёю, пакутаваў і даваў сабе слова нават не глядзець на яе. Потым праходзіў нейкі час, і ён браўся за запіскі. Каця рабіла выгляд, што нічога не разумее, малявала на тых запісках смешных чалавечкаў і адсылала Сцяпану.

Так ішоў час. Неўзабаве яны скончылі дзесяцігодку. Уладзік паступіў у ваеннае вучылішча. Каця паехала да сястры ў горад, і больш Сцяпан яе не бачыў.

«Як гэта было даўно,— думаў цяпер ён.— Дзе цяпер Уладзік, дзе Каця? Ах, як нядобра: я нават не ведаю, дзе яны».

Ён папракаў сябе, і яму чамусьці стала маркотна. Ранейшы настрой адразу прапаў. Другія, непрыемныя ўспаміны агарнулі яго. Цяпер ён бачыў сябе студэнтам, нязграбным і нясмелым, які больш за ўсё на свеце баяўся быць смешным. Студэнтам Сцяпан насіў акуляры і адчуваў сябе ў іх вельмі ж няёмка. На людзях ён амаль увесь час маўчаў, бачыў, што выглядае і недарэчным і смешным, але нічога не мог зрабіць з сабою.

Два гады, што прайшлі пасля інстытута, ён працаваў настаўнікам у палескай вёсцы Альхоўцы. Ён ніколі не задумваўся, падабаецца яму настаўнічаць або не: рыхтаваўся да ўрокаў, чытаў калгаснікам лекцыі, калі прасілі, вечарамі сумаваў у сваёй халасцяцкай кватэры — яму здавалася, што так і трэба было. Ён выкладаў літаратуру. Урокі праходзілі гладка, вучні як быццам паважалі яго, але ён адчуваў: каб быць ва ўсім аўтарытэтам для іх, яму нечага не хапала. Але чаго — Сцяпан не ведаў.

Прыходзіла лета, канчаліся экзамены, і неяк здаралася так, што Сцяпан заставаўся ў Альхоўцы і суцяшаў сябе, што нічога лепшага яму не трэба. Часам ён успамінаў горад, інстытут, сяброў. Былыя аднакурснікі даўно ўжо мелі свае сем’і, а ён пасля інстытута нават не закахаўся. У такія мінуты на душы было горка.

I вось цяпер далёка Альхоўка, ён — дома.

Гармонік ужо сціх, і ў цішыні Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву і як пад яго нагамі хлюпае мокрая зямля. Ён павярнуўся на другі бок і, заплюшчыўшы вочы, стараўся ўявіць сабе што-небудзь белае, мяккае, як вучыла ў дзяцінстве маці, калі ён доўга не мог заснуць. Але сон не даваўся.

Так ён ляжаў доўга, пакуль на двары не пачуліся крокі. Сцяпан насцярожыўся: хто ж гэта?

— Пастой яшчэ крыху, Ніна! — гаварыў нехта. Голас быў незнаёмы, хлапечы. Сцяпан прыўзняўся і стаў слухаць.

— Не крычы, брат пачуць можа…

Гэта гаварыла яна, сястра,— Сцяпан адразу пазнаў яе голас.

Нехта паспешліва зашаптаў, і нічога нельга было разабраць.

— Мне пара ісці,— сказала Ніна.

Потым быў зноў шэпт, і потым зноў выразна голас сястры:

— А хто Васілю сказаў, што мы з табой учора гулялі на шляху?

— Я не гаварыў, ён сам, мусіць, здагадаўся.

Запанавала маўчанне.

— Ты мне нават хусцінку даць не хочаш,— пачуў Сцяпан праз хвіліну пакрыўджаны, невясёлы голас.

— Не хачу, не хачу… А калі хто ўбачыць…

— Не ўбачыць, я панашу крыху і аддам.

«А, відаць, добры хлапчук,— падумаў Сцяпан.— Нябось, каб цяпер убачыў, дык і не пазнаў бы чый… А Ніна! Вось табе і дзевяцікласніца!»

I ён зноў стаў слухаць. Ніна гаварыла:

— Ды перастань ты пра хусцінку. Вышыю — тады і дам… Пусці руку… Мне ісці трэба…

Яны яшчэ пра нешта шапталіся, а потым Сцяпан чуў, як сястра ўзбегла на ганак і адчыніла дзверы ў сенцы.

«Вось табе і дзевяцікласніца! — зноў у думках сказаў сабе ён і са здзіўленнем адчуў, што яму стала чамусьці радасна і прыемна.— Дзіўна! Пры чым тут я? Ля ганка я не стаяў, у каханні нікому не прызнаваўся…»

Але дзесьці на дне душы жыла ўпэўненасць, што ён ашуквае сябе. Перад вачамі паўстала Каця: ён думаў, што тады, у школе, Каці было столькі ж гадоў, як цяпер сястры. А хіба гэта было даўно? «Дурны ты корч,— сказаў ён сабе,— нічога яшчэ не страчана, усё ў цябе наперадзе. А ты разводзіш розныя міноры». Ён увесь напружыўся, нейкі цёплы клубочак падкаціўся да сэрца, мякка крануў яго. Маркотнасці больш не было.

На седале залопаў крыллямі певень і голасна кукарэкнуў. Яму адгукнуліся з нейчага двара, і хутка бадзёры петушыны спеў пракаціўся па вёсцы.

Спаць не хацелася.


1956