Сцюдзёны вырай [Віктар Марціновіч] (fb2) читать постранично

- Сцюдзёны вырай 1.32 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Віктар Марціновіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Віктар Марціновіч СЦЮДЗЁНЫ ВЫРАЙ

.

. . .

Тэкст выдаецца ў электроннай форме. Ніякай іншай формы выдання не прадугледжана існай культурнай ды палітычнай сітуацыяй.

. . .

Дызайн вокладкі — Palasatka.

. . .

Аўтар выказвае шчырую падзяку Сяргею Шупу і Валянціну Акудовічу — першым чытачам рамана, заўвагі якіх дапамаглі ўдасканаліць яго.

. . .

Гэты тэкст цалкам з’яўляецца маёй выналезкай і не звязаны ні з воднай з вядомых аўтару формаў рэальнасці. Усе прозвішчы ды імёны ўзятыя з галавы. Любыя супадзенні з рэальнымі асобамі, краінамі, абрэвіятурамі ды займеннікамі — выпадковыя. Пад Беларуссю, апісанай у рамане, разумеецца ўяўная краіна, якая чымсьці нагадвае, а чымсьці не — тую Беларусь, у якой мы прачынаемся штораніцы.

Віктар Марціновіч

Тлумачальнае слова

Гэты тэкст быў цяжкім выпрабаваннем для мяне, больш цяжкім за ўсё, напісанае дагэтуль. Пачаўшы бадзёра, з мехам стылістычных задумаў, прагай моўнай эквілібрыстыкі ды мігацення напаўпразрыстых сэнсаў, я спатыкнуўся ўжо на першым абзацы, які пісаў некалькі гадзінаў. Я быў паралізаваны моўным здранцвеннем, немагчымасцю выкласці нават простую думку так, каб яна трымцела ад напружанасці, марознае звонкасці (гэта так проста зрабіць па-руску!). З галавы не йшла парада Акудовіча: пішыце па-беларуску, каб спыніць занадта хуткі ў вас тэмп пісання, каб біцца за кожнае слоўца, кожны рытмічны прыпынак, вымяраючы ўсё з лінейкай. І — тое, што ў першы дзень падалося вар’яцтвам, у рэшце рэшт ператварылася ў працу нейкага іншага (вышэйшага? Хочацца думаць, што вышэйшага, чым раней, інакш — якога д’ябла!..) парадку. У новыя ўзаемаадносіны са словам. У новае разуменне пісання, калі ўзважаным ёсць кожны сказ, калі кожнае трэцяе слова прасканаванае ў слоўніку на лексічную адэкватнасць, металічныя прадметы ды выбуховыя рэчывы, здольныя знесці ўсю грацыю тэкставай пабудовы.

Я ведаю, што абіраючы мову (тут можна не ўдакладняць: «мова» па азначэнні ў нас адна, гэтаксама, як «ён» па азначэнні таксама адзіны, вельмі пэўны персанаж), я неабачліва звужаю патэнцыйную колькасць чытачоў гэтага тэкста да 300 чалавек — прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты, аскепкаў некалі адной з самых адукаваных у Еўропе нацыяў, якія яшчэ цікавяцца тым, што адбываецца ў роднай літаратуры. Але ж, па-першае, 300 чалавек — ужо няблага. Па-другое, гэты тэкст у любым выпадку не зразумее ніхто па-за межамі беларускаці. Калі хочаце, гэта тэкст для чытання беларусамі. І, баюся, нават не ўсе беларусы здолеюць пабачыць падводныя ззянні сюжэта, бо ёсць сярод іх тая большасць, якую не скаланае ад безназоўнага займенніка «ён». Гэты тэкст — не для іх, давайце не будзем чапаць іх шчаслівую недасведчанасць. Зразумеюць хіба што тыя, хто чытае па-беларуску. Таму пададзеныя ніжэй словы можна ўспрымаць як закадзіраваны мэсадж, да якога прылеплены пароль — мова. Без паролю не дэшыфраваць. Тыя, хто маюць вочы, пабачаць. Астатнія мяне не цікавяць.

Разлічваючы на адзінак, я магу дазволіць сабе зрабіць гэты тэкст настолькі складаным, наколькі ён такім мае быць. Складаючы тэкст на мове, адрынаеш масавага чытача, які лезе ў кнігу пад гукі «Рускага радыё» па дарозе на дачу — даражэнькія, трымайцеся як мага далей ад гэтай кніжачкі, бо яна зруйнуе ваш мозг! Размаўляючы выключна з інтэлектуаламі, я набываю недасяжную раскошу не адказваць на пытанні: «Што азначае англамоўны эпіграф да трэцяй часткі, у чым палягае яго таямніца?». Ці — «што ж насамрэч адбылося і хто злодзей?». У свой час я апаліўся на занадта шматслоўных тлумачэннях да «Параноі» і больш не буду рабіць глупствы: гэтая прадмова — першае і апошняе тлумачэнне пра «Сцюдзёны вырай», публічна прамоўленае аўтарам.

Два словы пра мову — майго падзельніка, майго сааўтара, майго памочніка ды мой праклён (праклён таго мяне, які дагэтуль пісаў выключна па-руску). Вядома ж, узнікае пытанне — хто я, каб разважаць пра гэта? Сапраўды, ніхто. Сапраўды, не маю права. Аднак жа… У той беларускай мове, якую я меў падчас стварэння гэтай гісторыі, мне катастрафічна не хапала вытанчанасцяў. Часткова гэта абумоўлена тым, што я проста не валодаю адпаведнымі сінтаксічнасцямі, якія б дапамаглі выбудоўваць (хутчэй у гэтым выпадку — вымалёўваць, бо ўвесь час было ўражанне, нібы я ствараю нешта акварэльнае, з выкарыстаннем натуральнай беласці паперы як бялілаў) такі складаны сюжэт, у якім усё — не тое, чым падаецца на першы погляд. Не хапала лексікі, якой проста няма. Ну, вось, напрыклад, слова «patina» (лац.), якое абазначае той танюткі смарагдавы налёт, якім час аздабляе статуі, зробленыя з медзі (узгадаем медзянога вершніка). Слова засвоена беларускай, але ж прыкра было б выкарыстоўваць распаўсюджаны рускі аналаг — «паціна». Тыя ж беларускія-беларускія лексемы, якія я знаходзіў у напаўзабароненых слоўніках, выглядалі