Станаўленне [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать онлайн

- Станаўленне 0.98 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Генрых Вацлававіч Далідовіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Генрых Далідовіч Станаўленне

Апавяданні i аповесць

Цяпло на першацвет

Трыпціх

Каўнер з заморскага звера

1

— Сынок! Га, сыне! — хтосьці дужы тузаў мяне за плячо, але я не мог прачнуцца i пазнаць голасу: вельмі хацелася спаць.

Мяккім i ўлежным здаваўся сяннік, хоць напхнулі яго толькі ўчора: за зіму леташняя салома ў ім збілася, перасеклася, нібы яе стачылі мышы, i спаць на ёй было надта мулка. Бацька распароў сяннік, занёс яго ў хлеў i вытрас гэтую «сечку» карове на подсціл, схадзіў у гумно i выбраў жоўценькай саломы. Была яна халодная, доўга ляжала ля грубкі i грэлася. Калі стала сухая i цёплая, бацька запхнуў яе ў сяннік i зашыў яго. Сяннік выйшаў тоўсты, гарбаты, калі я лёг на яго, то не мог утрымацца i скаціўся долу.

«Абтапчы», — усміхаўся задаволены бацька, i я скакаў, уціскаў салому, аж нацёр калені аб вострыя яе камлюкі.

— Стасік! — зноў пачуў я хрыплаваты голас i пазнаў: будзіць мяне бацька.

Не хацелася нават расплюшчваць вачэй: так было цёпла, утульна, мякка, але бацька настойліва, нават з нейкім сполахам клікаў мяне, што я пераадолеў сон, глянуў, адразу зажмурыўся ад яркага, як здавалася, святла газоўкі. Зразумеў, што яшчэ вельмі рана: i спаць хочацца, i не днее, i маці не відаць ля печы.

— Уставай, сыне, імчы да бабы. Скажы, хай да нас ідзе…

У мяне адна баба, матчына маці, жыве за лесам, за добрую вярсту ад нас. Яна сама кожнага дня прыходзіць, спрасоння думаю я, чаго яе клікаць у такую рань! Вось i ўчора была, не дазваляла маме насіць поўныя вёдры, скубці i даваць карове сена, паднімаць на прыпек цяжкія саганы, a рабіла ўсё гэта сама. Дамоў пайшла вечарам, паабяцала, што назаўтра зноў прыйдзе.

— Скажы, што мама… захварэла…

Калі я пачуў гэта, усхапіўся, хуценька апрануўся: вельмі любіў маму i цяпер прыпомніў, што, мусіць, вінаваты ў яе хваробе: учора не паслухаўся, не прынёс у хату дроў, а пабег коўзацца на сажалку. Мама хадзіла па ix сама, прывалакла бярэма, апусціла ля грубкі, абаперлася аб яе, заплюшчыла вочы, не глядзела, што выцірае рукавом мел, доўга стаяла i аддыхвалася — так ёй было цяжка…

Я глянуў на ложак, на якім штоночы спіць маці: i цяпер яна была там, ляжала тварам да сцяны i цяжка стагнала, часам нават ускрыквала. Я захваляваўся, таму паслухмяна надзеў порткі i камізэльку, якія мне падаў бацька, уссунуў на босыя ногі гумовікі, ушчапіў на галаву аблавушку i выйшаў з бацькам на двор. Было яшчэ цёмна, не відаць ні лесу, ні поля. Толькі за лугам на небе выплывала светленькая палоска, паднімалася, i я не ўбачыў, a толькі адчуў недалёкую, ціхую, яшчэ замёрзлую, нежывую рэчку, на якой тоўсты сіні лёд, праз яго ўдзень ледзь-ледзь відаць чырвона-жоўтае дно, усыпанае маленькімі бліскучымі каменьчыкамі, адчуў халодную, залітую талай вадой сенажаць, а на ёй два рудыя стагі, якія не паспелі перавезці. Калі добра прыгледзеўся, то ўбачыў блізка частаколіны, а на ix анучы i збаны.

У хляве ціха стагналі свінні i цяжка дыхала карова. Нечакана галасіста запеў певень. Здаецца, ніколі я не чуў, каб ён так моцна гарланіў.

— Ужо другі,— прамовіў бацька.

Рана, ціха, цёмна i страшна, думаю я. A ў лесе…

— Спушчу сабаку, пабяжыш з ім, — кажа бацька, нібы адгадвае мае думкі.— Трымай за ланцужок. Смялей будзе.

Ён ідзе да будкі і, пазвоньваючы зашчапкаю аб дрот, адвязвае i прыводзіць Шарыка.

— Не бойся, — заспакойвае мяне бацька. — Цяпер ціха… Прабяжыш. Ну… — Ён дае ў мае рукі халодны ланцужок i падштурхоўвае ў спіну.

Сабака нюхае зямлю i цягне мяне, я падаюся за ім, нічога не бачу, але трапляю выйсці з варотаў, падацца за хлеў. За ім — дарога да лесу.

У полі холадна: цягне стылым ад зямлі i павявае вясновы колкі вецер. Снегу ўжо няма — счарнеў за сакавік, растаў на ваду i сцёк. Мясцінамі, дзе ніжэй, трымаецца толькі лёд — стары, яшчэ асенні, скамянелы за зіму, — блішчыць днём на сонцы i нехаця слязіцца — танчэе i асядае; маладзенькі, вясновы лядок, што сабраўся ноччу на лужынах, тонкі, нямоцны, хрумсціць, як папера, i ломіцца пад нагамі. Днём паднімеш кусок, танюсенькі i празрысты, як шкло, i доўга не патрымаеш: хутка растае ў цёплых руках, i халодныя, аж пякучыя, кроплі цякуць у рукаво, халодзяць…

У лесе яшчэ цямней, я не бачу сцежкі, бягу, куды вядзе сабака. Але дарогу адчуваю добра: помню кожную ямінку, узгорачак, камень, ля якога абтапталі пясок. Летась аб адзін такі валунец тут, ля Ваўкавенькі, за выгібам, які будзе скора, я збіў палец.

У бары ціха, толькі чуваць мae крокі i ціхенькае рэха, якое коціцца следам за намі. Страшна, вельмі страшна. Здаецца, за кожным кустом стаіўся воўк, каб схапіць мяне i завалачы ў пушчу. Хоць i цёмна, я заплюшчваю ад страху вочы i імчу за сабакам, ды так хутка, што часамі наступаю яму на ногі. Але думаю, што бягу памалу: уперадзе яшчэ многа дарогі, далека да бабулі, а маме цяжка… Стараюся бегчы яшчэ хутчэй, каб прамінуць гэты лес, за якім будзе бабуліна хата.

Калі нарэшце прыпыняемся ля бабулінай хаты, мне няма чым дыхаць. Адчуваю, што памлелі i ногі.

Я пастукаў кулаком у дзверы — бабуля тут жа пытаецца, хто гэта, i пускае мяне ў сенцы. Здаецца, i не здзіўляецца, што я так рана прыбег да яе.

— Ест што ці яшчэ няма? — толькі запытала яна.

Я зусім не разумею, пра што яна пытаецца, паціскаю плячыма.

— Ну, дзіцяці яшчэ няма?

— Не, — гавару я.

— Пабяжым тады, — кажа бабуля.

Яна качаргою раскідала ў печы дровы, якія ўжо ўгарэліся, заліла агонь, узяла вузялок, што ляжаў на стале, патушыла газоўку, i мы выйшлі на двор.

— О божа! Як ты толькі бачыў дарогу? — здзіўляецца яна, — Я сваімі старымі вачамі дык нічога не бачу, не паспяшу такою цемраю.

Я i сам ведаю, што яна не можа хутка ісці: пажылая, хваравітая, ды перад самаю вайною яшчэ зламала нагу, цяпер ходзіць з палачкаю.

Бабуля распытвае ў мяне, што рабіла нядаўна маці, а пасля нечакана кажа, што ў нас сёння «прыбавіцца сям’я — дасць бог хлопчыка ці дзяўчынку».

Цяпер я прыпамінаю, што маці з бацькам даўно дапытваліся ў мяне, ці хачу, каб «купілі сястрычку». Я гаварыў, што «не трэба яна нам». Добра, смяяліся яны, не будзем збіраць на яе грошай.

Цяпер я задумаўся: дык адкуль жа возьмецца сёння ў нас малое?

— Ты вырас ужо, дзяцюк, — кажа бабуля, — сем годзікаў маеш. Па-добраму, пара даўно мець i другое. На гэтым жа свет стаіць… Але як будзеце жыць, не ведаю. Ратоў прыбаўляецца, а яды… Ды маці нікуды надта не адвернецца, будзе сядзець ля калыскі. Каб не гэтая вайна яшчэ… Такая бясхлебіца…

Калі мы, спяшаючыся, дайшлі да нашай хаты, пачало выплываць чырвонае сонца, калюча i холадна асвяціла небакрай. Мы тупалі i бачылі ўжо дарогу. Ногі мае закарчанелі ў гумовіках.

Маці ляжала на тым жа ложку, толькі цяпер была нейкая вялікая, на ўсю пасцель, глянула на нас, калі мы ўвайшлі, i зноў заплюшчыла вочы. Я заўважыў, што ў яе бледныя вусны, сухія, аж патрэсканыя, як зімою ў мароз.

— Ну, што тут? — спытала бабуля ў бацькі.

— Ды во! — сарамліва ўсміхнуўся ён i паказаў рукою на маці.

Бабуля падышла да пасцелі, нагнулася, разгарнула невялікі белы скрутачак, паглядзела i сказала:

— Ну, во i добра, дзяўчынка… — Пасля паклікала мяне: — Ідзі глянь, i ты некалі гэтакі быў, тож так у руках трымала…

Я падышоў i ўбачыў загорнутае ў чысценькае прасцірадла маленечкае дзіця, здзівіўся: адкуль яно ўзялося?

— Не зачыніў учора коміна, — папракнуў мяне бацька, — вось i ўкінуў нам бусел дзіця. Раз не дапільнаваў, то будзеш цяпер гуляць з ім.

Я разгубіўся, стаяў i лыпаў вачамі.

— Не слухай, сынок, бацька насміхаецца. Гэта твая сястрычка, — ціха сказала маці.— Паглядзі, яна на цябе i падобная.

Бабуля апусціла ніжэй гэтае не пекнае дзіця, але я, разгублены, блізка не падышоў i добра не зірнуў на сястрычку.

Так i не дабіўшыся, каб я прылашчыў хоць позіркам малое, бабуля адышла ад мяне, палажыла дзіця, сказала бацьку прынесці ночвы, выпаласкаць ix i наліць цёплай вады. Я пастаяў, патоўкся пад рукамі i, калі ўбачыў, што лішні, ніхто на мяне не глядзіць, нікому я не трэба, выйшаў на двор. Не ведаў, што буду рабіць там, але падаўся за хлеў, на поле, далей ад дому. Таптаў на лужынах тонкую намаразь, коўзаўся па старым лёдзе, быў неспакойны, не рады, што вырваўся з хаты. Але вяртацца ў яе не хацелася.

З лесу пачулася, як заляскалі па прымерзлай зямлі колы, зарыпелі гужы ды драбіны. Я ведаў, што едзе мамін брат, дзядзька Янусь, такі ж высокі, дужы, як i мой бацька.

Дзядзька Янусь добры, ён увесь час жартуе, расказвае цікавае ці прынясе які ласунец. Ён амаль штодня катаў мяне на калёсах, садзіў ля сябе i даваў «кіраваць». Я моцна трымаўся за лейцы, ехаў i здзіўляўся, чаму такая вузкая дарога: конь кідаўся з абочыны на абочыну. Дзядзька пасміхаўся i гаварыў, што канём не трэба кіраваць, тузаць яго — ён i сам умее выбіраць дарогу.

Цяпер, як бачылася, дзядзька спяшаўся i не думаў заязджаць да нас. Раней, бывала, заскочыць, паставіць ля хлява каня, падкіне яму сена, зойдзе ў хату, паснедае i паедзе далей.

Сёння ён не заехаў, павярнуў ля сажалкі, што была за паўвярсты адсюль, i выехаў на дарогу-сыпанку, якая вяла да суседняй вёскі, Ніўнага.

У Ніўным ужо з паўгода быў калгас, i нашы хутарскія мужчыны часта хадзілі туды глядзець, як жывуць «калгоснікі». Дзядзька Янусь таксама бываў, памагаў свайму брату-ніўнянцу — вазіў з іхняга калгаснага лесу дровы да «хаткі», дзе варылі калгасным цялятам i коням бульбу, каб падмяшаць яе ў сечку. Я часта ездзіў з ім у Ніўнае, заходзіў да другога свайго дзядзькі, Антуся, які працаваў конюхам.

Дзядзька Антусь — не карэнны ніўнянец. Сям’я яго, жонка i двое дзяцей, жылі да нядаўняга часу ля нас у зямлянцы. Але дзядзька Антусь, як толькі вярнуўся з вайны, не захацеў жыць болей на хутары, схадзіў да ніўнянскага старшыні калгаса, дамовіўся з ім i пераехаў туды, уступіў у калгас i стаў працаваць на канюшні: вельмі любіў коней, ён i на вайне быў кавалерыстам.

Дзядзька Антусь, відаць, расказаў старшыні, што мой бацька каваль, бо на днях той, высокі, вусаты, у ваенным адзенні, але без пагонаў, з адным пустым рукавом, якое было заткнута за рэмень, прыязджаў да нас i ўгаворваў, каб i мы перабіраліся ў Ніўнае, прасіў бацьку працаваць кавалём, перавозіць туды i нашу «кузеньку», агораную ўсёй бацькавай раднёю яшчэ да вайны.

Я слухаў i глядзеў на старшынёву, некалі зялёную, а цяпер пабялелую, гімнасцёрку з медалямі, здзіўляўся, як ix многа, з зайздрасцю аглядаў яго выцвілую фуражку, на якой не было зорачкі, а бачылася толькі на яе месцы плямінка i дзірачка. Старшыня быў заклапочаны, худы, зусім не смяяўся, пільна глядзеў на бацьку i гаварыў: «Каваль нам надта трэба, бо даюць трактар, сеялкі, плугі, a правіць ix няма каму, бо ўсе кавалі нашы на вайне паклалі галовы… А ты што тут, на хутары, будзеш рабіць i што заробіш? Хутаранец многа табе не заплаціць, калі ты яму які серп склеплеш».

Бацька згадзіўся, што тут яму няма чаго рабіць i заработкі малыя, ён не супроць працаваць у іхняй калгаснай кузні. Ведаў, што там яму будзе «разгарненне», але бедаваў, што тут у яго стаіць яшчэ дзедава хата, i будзе многа клопатаў, калі яе раскідаць, перавезці, злажыць: паспрабуй крані толькі — пасыплецца ўся. А памагчы надта няма каму: сваякі самі будуюцца. Ды ўвогуле мужчын мала, усе будуюцца, не хочуць жыць у зямлянках.

— Можа, буду хадзіць пакуль што да вас на работу, калі прымеце, — сказаў бацька. — Тут недалёка, вярсты тры. А кузню перадам ужо свайму калгасу, бо i ў нас жа, відаць, скора будзе…

Старшыня шкадаваў, што не можа цяпер памагчы пераехаць i пабудавацца, хоць бы, гаварыў, ніўнянскім уловам агораць якія хаціны, але прасіў прыходзіць i кавальнічаць.

Я, калі бываў у Ніўным, то спярша заварочваў на кашошню, да дзядзькі Антуся. Памагаў яму карміць коней — разносіў па загарадках сена, вотруб’е, найболей стараўся даць чаго-небудзь смачненькага жарабяткам, але дзядзька не дапускаў да ix: баяўся, каб мяне не ўбрыкнулі кабылы. Даваў мне лёгкую работу: прайсці па калідоры i пазакладаць жэрдкі ў стойлах, a ў загарадках самых памаўзлівых коней забіць над жэрдкамі ў дзюркі калочкі.

Вечарамі, калі быў у канюшні, дзядзька садзіў мяне на рахманага Ангора, i мы ганялі на раку паіць коней. Пакуль коні вярталіся — ішлі яны панурыя, цяжкія ад вады, апусціўшы галовы, не брыкаліся i не гулялі, як хвілін колькі таму, — валасы ля пыс абмярзалі, звісалі тоненькімі лядзяшкамі, якія дакраналіся адна да адной i ціхенька пазвоньвалі…

…Я пабег за возам, стаў крычаць i махаць рукою. Каб летам, то мог бы яго i не дагнаць, але цяпер, бездарожжам, цяжка нагружаны конь цягнуўся паволі, i я хутка дагнаў яго.

Дзядзька прыпыніўся i злез з калёс, прывітаўся ca мною за руку, спытаў:

— Што скажаш добрага?

— Сёння нам бусел дзяўчынку прынёс, — сказаў я.

— А! — дзядзька ўсміхнуўся, ускалашмаціў свае валасы. — Ёсць адзін такі бацян, ён ніколі не адлятае на зіму, a разносіць па хатах дзяцей. Правароніў юшку зачыніць?

Я апусціў галаву: сапраўды ўчора не зачыняў, бо дагледжваў грубку бацька — тоўк галавешкі, разгортваў жар. I бацька, i дзядзька вінавацяць толькі мяне…

Дзядзька Янусь падхапіў мяне на рукі, пасадзіў на дровы, i мы паехалі да нас. Калі зайшлі ў хату, я ўбачыў, што бацька дастаў за гэты час з вышак калыску, абцёр яе ад пылу. Знайшоў недзе маленькі сеннічок i паспеў ужо напхнуць яго сенам.

— Я не бачыў, што ты, малец, выскачыў на двор, — усміхнуўся ён.

— Цяпер цябе, пляменнік, будуць часта не бачыць, — прамовіў дзядзька. — Цяпер будуць калаціцца па ёй. Што смачнейшае, лепшае — усё будзе ёй, а не табе… — ён нагнуўся, глянуў на дзяўчынку, здзівіўся: — О, якая брыдкая! Ну што, малец, язык высалапіў? Не ўгледзеў?.. Калышы цяпер.

2

Зусім мяне растрывожыў дзядзька. Я стаў прыглядацца, чым жа смачнейшым будуць карміць малую? Што мне застанецца? Дасюль, калі трапляліся якія цукеркі-падушачкі, то былі мае. А цяпер, выходзіць, дастануцца ёй.

Праз колькі дзён я ўбачыў, што маці яе нічым яшчэ не корміць, дае толькі грудзі. Я не вытрываў i спытаў аднойчы, калі будуць даваць малой есці i што-небудзь іншае.

— Падрасце — будзем падкормліваць, — адказала маці.— Пакалышы, а я схаджу ў хлеў.

«Глядзі во яе!.. Няма як пабегчы да Антоніка, нагуляць», — думаў я, гойдаючы гэтую капрызу: калі тармасіў калыску — спала, толькі адыходзіўся, хацеў выйсці да свайго сябрука — кугакала на ўсю хату. Я ўсё болей разумеў, што цяпер давядзецца мне меней гуляць — трэба глядзець малую.

— Мама, — спытаў я аднаго дня, — a ці забірае бусел маленькіх дзяцей назад?

— Чаму ты хочаш гэта ведаць? — усміхнулася яна.

— Хай забірае, не трэба яна нам… — сказаў я, успомніўшы, як на днях бабуля прынесла салодкі пернік, то маці адламала мне толькі маленькую скібачку, а астатняе схавала «даваць Ганьцы».

— Чаму ты хочаш аддаць сястрычку? — дапытвалася яна.

Я прамаўчаў, але хацеў сказаць, што яна, мама, была дасюль да мяне добрая, ласкавая, а цяпер на мяне мала глядзіць, палюбіла гэтую маленькую дзяўчынку, болей думае пра яе, як пра нас з бацькам. Але нічога не сказаў, толькі насупіўся.

— Буслік мой! — прытуліла маці мяне да сябе. — Бадян дзяцей назад не забірае. Ён яшчэ нам браціка прынясе. Хочаш?

— Не, — крыкнуў я.

— Чаму, сынок? — здзівілася маці.

— Не хачу. — Я не сказаў, чаму не жадаю яшчэ i хлопчыка, хацеў толькі запытаць, ці любіць яна мяне яшчэ, але стрымаўся.

— Ох, мае вы дзеці! Некалі будзеце радавацца адно аднаму, — прамовіла маці, але я не зразумеў, што яна хацела сказаць, не пераставаў думаць пра браціка i баяцца яго.

Рашыў, што трэба ўсяляк не дапусціць да коміна бусла: зноў укіне дзіця. Я штохвіліны прасіўся на двор i, колькі дазвалялі мне, быў там, паходжваў i выглядваў, ці не ляціць бацян.

Пакажацца — праганю, няхай вяслуе да суседзяў, у ix даўно няма маленькіх дзяцей… Але бусла не было, i я зразумеў, што не дапільную яго. Укіне яшчэ адно малое, калі адвярнуся куды, i давядзецца гэтаксама калыхаць яго. I не толькі гушкаць…

Вечарам маці расказала бацьку, як хацеў я пазбавіцца ад сястрычкі. Ён слухаў яе, пасміхаўся, а пасля пачаў дакараць мяне:

— Пара ўжо табе, Стаська, сталейшым быць. Скора ў школу ісці, а ты ўсё дзяцінішся. I чаму ты не хочаш яшчэ i браціка? Весялей жа будзе.

— Нам i так мала есці,— сказаў я. — Лусту хлеба мама цяпер дзеліць на чатыры кавалкі, а тады будзе рэзаць на пяць…

— Ты i праўда ўжо сталы. — Бацька перастаў усміхацца, сеў за стол. — Колькі яшчэ, маці, у нас засталося жыта?

— Сам жа ведаеш, чаго пытается? — адказала яна. — На раз змалоць. A ўперадзе — лета… Пакуль тое новае…

— Да новага далека… — уздыхнуў бацька, пацёр далоняю лоб, пасля глянуў на мяне, ды так пільна, як на дарослага. — Дык не хочаш гуляць з маленькаю? Не? Тады будзеш штодзень хадзіць са мною ў кузню памагаць зарабляць хлеб…

3

Цемната дагнала нас за лесам; у бары быў цёплы пясок, душнаватае паветра, а тут, у полі, бралася раса, студзіла ногі. Я ішоў побач з бацькам, маўчаў, адчуваў на плячах астуджаны пот, стомленасць, ведаў, што хутка мы прыйдзем дадому i я буду паліваць ваду бацьку на яго чорныя, вымазаныя вуглём i жалезам рукі, а пасля буду мыцца сам, смачна есці i моцна спаць, нават не прасіць расказваць мне казкі.

Я не доўга гуляў з сястрычкаю, да якой пачаў прывыкаць, бо да нас пераехала бабуля, цяпер жыве з намі i гуляе з унучкаю, а я стаў працаваць.

Бацькава кузня стаіць непадалёку, тут, на хутары, дзе да вайны жыў ён i сам. Калі ў блакаду хату спалілі, бацька з маці перабраліся сюды, да дзеда, а кузня засталася на ранейшым месцы. Вось нам i даводзіцца хадзіць на працу за добрую вярсту.

Работа мая ў кузні не такая ўжо i цяжкая. У бацькі ёсць памочнік, хударлявы, стары, з задышкай, дзед Васіль, які памахае крыху молатам, сядзе i не можа адсапціся, нават не курыць, сядзіць i глядзіць у зямлю, пакуль не нагрэецца жалеза. Я падмяняю старога — паддзімаю агонь. Даюць мне i другую работу — зубіць сярпы. Дзед Васіль слепаваты, добра не бачыць, часта б’е малаточкам бацьку па пальцах, таму тата налаўчыў зубіць мяне.

Рабіць гэта нялёгка, хоць i цікава: бацька кладзе на дзве калоды стальны роўны вал, ложыць на яго гладка вытачаны серп i настаўляе зубільца, а я часта-часта, з аднолькавай сілай, б’ю па ім малатком. Спачатку ў мяне не выходзіла: біў я моцна i рассякаў вастрыё сярпа, а то стукаў слаба, i зубы былі нявострыя. Часта ўгоджваў бацьку па пальцах, набіваў сінякі, бацька аж войкаў ад болю, лізаў пальцы i крычаў на мяне, але скора я прызвычаіўся — зубікі атрымоўваліся роўненькія i востранькія. Бабы, як жалі, не маглі нахваліцца гэтымі сярпамі i болей хвалілі мяне, чым бацьку…

— Стаміўся, малады каваль? — спытаў бацька, паклаў мне на плечы цяжкую руку. Ён сярдзіты, калі працуе, a калі падыходзім да хаты, ажыўляецца, жартуе.

— Не, — адказваю я.

— Прагаладаўся?

— Не, — зноў гавару я, хоць ужо даўно смокча ў жываце, цякуць слінкі, аж баліць у роце, але я мужчына, я не сусед — аднагодак Антонік, які гуляе цэлымі днямі ў «коні», лепіць гліняныя домікі ці пячэ пясочныя аладкі, плача, калі застрэміць нагу ці ўджыгне яго пчала. Мне няма часу гуляць, мне трэба памагаць бацьку ў кузні, памагаць зарабляць хлеб… Я не плачу, калі мая рука трапіць пад малаток, замлее ад болю, пасінее; не бядую, што ў мяне звініць у вушах ад стуку.

Антонік не ведае, як удараюць малаткі, а я знаю: пудовы малацішча б’е глуха, як у барабан, a маленькі малаток, які часцей гуляе па кавадле, ляскае дробна, бацька выладжвае ім усялякую тонкую работу — клепле сярпы, нажы, шылы.

Я іду i гадаю, чым будзе карміць нас сёння маці. Відаць, наварыла бульбы — яна яшчэ маладая, цвёрдая, мылкая, але есці ўжо можна. Яе добра пасыпаць соллю i есці сухама ці нашчыпаць звялага пер’я цыбулі i кусаць з ёю. А можа, маці сабрала малака, паставіць на стол кіслага?

Я сам здзіўляюся, чаму гэтае лета думаю многа пра ежу, ці таму, што ў нас даўно выйшла сала i мы не ядзім скваранага, ці таму, што працую, трачу многа сілы, ці таму, што ўсё лепшае — смятану, тварог — берагуць для сястрычкі. Забыўся я ўжо, калі ўволю з’еў i чорнага хлеба — адрэжа маці лусту, дасць, а бохан загорне ў белы ручнік i пакладзе на паліцу, напамяне, каб без яе не чапалі…

На ганку нас сустрэла маці, усміхнулася: «Ах, мае вы работнікі!»— але чамусьці абняла ды пацалавала толькі мяне, хоць я цяпер вельмі хацеў, каб мама прылашчыла i бацьку: ён многа працуе — цэлы дзянёчак махае молатам, адпускае мяне паляжаць на траве, пакупацца ў рэчцы, а сам не выходзіць з кузні, стукае, пацее ля агню, а ноччу глуха i цяжка кашляе…

— Ну, што вы сёння зрабілі? — пытаецца маці i палівае нам на рукі халодную ваду.

Мы з бацькам намыльваем рукі, крэкчам i не спяшаемся адказваць. Другім часам я не вытрымаў бы, адразу пахваліўся б, але сёння маўчу, чакаю, што скажа бацька.

— Мы заробім скора Стасю на боты, — кажа ён.

— Малайцы! — радуецца маці.— I я вас сёння нечым пачастую…

Мы заходзім у хату, садзімся за стол. Маці высыпае ў глыбокую місу гарачую бульбу, пара з якой валіць пад столь, i ставіць маласольныя гуркі. Як убачыў я картоплю, у мяне так пацяклі з рота слінкі, што я перастаў стрымлівацца, быць «сталым», напоўніцу набіў рот бульбаю, толькі зяхаў: была яна надта гарачая, апякала рот. Дасюль я, здаецца, не ведаў, што бульба такая смачная.

— Гэта вам, мужчынам, — усміхнулася маці, узяла з паліцы невялікі кавалак сала, адрэзала два роўныя кусочкі, падала мне i бацьку.

Я добра ведаю, што ў нас ужо няма свайго сала, кончылі яшчэ вясною, хрэсьбінамі. Сама мама i бабуля сала не ўзялі, хрумстаюць гуркі i запіваюць бульбу расолам, i хоць часта гавораць, што посная гэта яда, некалі будзе лепшая, але сёння маўчаць, i, здаецца, усе задаволеныя. Толькі наша Ганька не радуецца, не засмучаецца, спіць сабе — сапе ў носік i цмокае губкамі…

— Мама, дзе вы ўзялі сала? — спытаў я, калі крыху збіў голад.

— Вы зарабілі,— кажа яна. — Занесла сёння Пётрыкавым серп, што вы змайстравалі, вось i далі. Так што i ты ўжо наш карміцель…

Я ўсміхаюся, нават бянтэжуся: так мне добра. I тут жа думаю, што, відаць, i бабуля, i маці гэтаксама хацелі б пакаштаваць сала, i я ўзяў нож, адрэзаў ад свайго кусочка i ім па скрыліку.

— Еш сам, сынок, — адмаўляецца бабуля. — Мы тут пры доме… А вы ж у кузні…

I бацька, як толькі цяпер я заўважыў, не еў сала, глядзеў на мяне i пасміхаўся, адрэзаў два кусочкі, падаў ix кабетам, хоць тыя нізавошта не хацелі браць. Узялі толькі тады свае долі, калі сказаў, што i ён не будзе есці.

Крычаты

1

Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:

— Адкуль самі будзеце?

— З Налібак.

— А я з Хлябовіч, з Янковіч…

Толькі не помню, каб пахваліўся хто, што ён з Крычатоў — за вярсту якую схаваўся за нашым мястэчкам, за Шабуневым лесам, такі невялікі хутарок, хат дзесяць, не болей. Спытаюць незнаёмыя крычатоўца, дзе жыве, — нiколi не прызнаецца, скажа: стаіць яго хата «непадалёку Рудні, Янковіч ці Пільніцы»…

Месца, на якім аселі Крычаты, i добрае, i нядобрае: жывуць людзі на беразе шырокай ракі. У ёй многа шчупакоў, ментузоў, плотак — хапае круглы год i свежай рыбы, i сушанай, самі ўволю ядуць i прадаюць, добрую капейку бяруць. Не ведаюць людзі гopa i на сена: месца ля ix нізкае, мокрае, не скора высушваецца — расце трава ў пояс, пахкая, ядкая. I коні ахвотна ядуць i каровы.

Але ў крычатоўцаў мала ворыўнай зямлі: вясною выходзіць з берагоў рака, залівае поле; вада стаіць да чэрвеня, не дае ні араць, ні што лапатаю пасадзіць. А то ворыва забірае лес — ля самага хутарка накідваецца, прыжываецца самасейка, а воддаль уросся, укамліўся бор Налібоцкай пушчы. Дровы, ягады, грыбы блізенька, хоць лапатаю грабі, a зямлі, каб зрабіць добрыя грады ці пасадзіць бульбу, няма.

З-за гэтай зямлі яшчэ раней, за панамі, не хацелі нашы местачкоўцы браць крычатовак, a дзяўчат з вёскі нельга было зацягнуць да ix на хутар. Удавалася ў мястэчку якая бедная ці брыдкая дзяўчына, пасміхаліся: «Табе толькі за крычатоўца ісці…»

Вось так гадамі чужыя людзі абнеслаўлялі гэты лапік зямлі, пасміхаліся, забываліся пра яго, успаміналі, калі выходзіла сваё сена i трэ было дакупіць, ці ўзяць у ix рыбы, мёду або піва, якое ўмелі рабіць толькі на гэтым хутарку. Бралі i стараліся, каб ніхто пра гэта не ведаў… I благая слава трымалася, ліпла да крычатоўцаў, як смала…

Як i я помню ўжо, у Крычатах да самага калгаса не было ні школы, ні магазіна, з ix хутара ніхто не вывучыўся за настаўніка, урача, самае вялікае— налоўчваліся хлопцы рабіць бочкі, шыць касцюмы ды кажухі, век цягаліся па свеце па заработках, прыставалі ў прымы, каб пакінуць меншым кусок зямлі, a самім сесці на жончын.

Праўда, казінцы (так яшчэ завуць крычатоўцаў) амаль усе ўмелі добра спяваць i іграць на цымбалах, гармоніках. Калі паблізу бывала якое вяселле ці вечарынка, казінцы тады хадзілі каралямі: ігралі іхнія баяністы i цымбалісты, i тады ix паважалі, нават зайздросцілі, бо i танцоры былі яны спраўныя, люба глянуць было, як яны танцуюць. Вальсамі ды полькамі іхнія хлопцы знясільвалі дзяўчат, танцавалі падоўгу, прыпеўвалі, скакалі, траслі валасамі, грукалі ботамі, i ніхто з імі не мог параўнацца.

Праходзілі танцы, i забывалася гэтая павага, i нават адчувалі гэта i нашы дзеці-янкоўцы i не толькі помнілі, але i часта крычатоўцам-аднакласнікам стараліся не даць пра гэта забыцца.

Яны хадзілі ў нашу пачатковую школу, то мусілі часцей, чым нашы, падмятаць у класе, не старацца на ўроках добра адказваць i не атрымліваць пяцёрак; калі гулялі ў хованкі, ім даводзілася часцей шукаць, а не хавацца.

У нашай школе самым старэйшым i дужым быў Мішка — стараста другой змены. З раніцы вучыўся першы i трэці клас, пасля полудня — мы, другакласнікі, i большыя.

Мішка быў высокі, плячысты, пад носам у яго ўжо чарнеліся вусы — ён яшчэ да вайны адзін ці два гады вучыўся ў польскай школе, «нямала пастаяў на коленках у кутку». Дома ён араў, касіў, піў з мужчынамі гарэлку, на вечарынках агрызаўся са сталымі хлопцамі, не «папускаўся», каб над ім так жартавалі, як над намі, на гадоў восем меншымі за яго. Ён і ў школе не надта слухаўся маладой настаўніцы, часта даводзіў яе да плачу, i тая пасылала каторага з нас, каб мы паклікалі Мішкавага бацьку. Але мы, гэўрыкі, як ён дражніў нас, не хадзілі i не клікалі: баяліся Мішкі. З ім дружылі толькі пераросткі Пятро i Віця, але гэтаксама надта не пярэчылі яму.

2

…У той лютаўскі дзень яны завяліся з-за сцежкі. Праўда, яе спачатку не было: пакуль мы вучыліся, вецер круціў i перасыпаў снег, гнаў па полі, залізаў ім санную дарогу, i нам трэ было ісці па цальнягу.

Мішка, Віця i я жылі на другім ад школы канцы вёскі, i нам ладны кавалак дарогі выпадала ісці разам з крычатоўцамі, бо мы хадзілі не вуліцаю (так было далей), а па полі, напрасткі. Вось, калі выйшлі на голае поле, Мішка i пагнаў крычатоўцаў таптаць сцежку, а сам цягнуўся па ix слядах i падганяў: «Ну, ну, гэўрыкі!»

Крычатоўцы, усе дробныя, нядужыя, спачатку паслухаліся, як i заўжды, мяняліся па чарзе, ішлі след у след, але хутка стаміліся, набралі ў боты снегу, памарозілі ногі i сталі прасіцца падмяніць ix, але Мішка нават i слухаць не хацеў пра гэта, піхаў ix у плечы i гнаў наперад. Тады яны адмовіліся ісці першымі, збіліся ў кучку i плакалі, пагражалі, што раскажуць настаўніцы.

Мішка пасміхаўся, абы-што гаварыў, з месца не кратаўся, стаяў, сціскаўся ад холаду, калючага ветру, цёр халодныя шчокі i загадваў крычатоўцам падавацца. Я не вытрымаў холаду ды гэтай гыркатні i, абышоўшы ўсіх, памкнуўся таптаць сцежку, але Мішка хапіў мяне за плячо, прыцягнуў да сябе, прасіпеў: «Што — шкода ix стала? Эх ты, гэўрык!..»

Цямнела, хацелася есці, было холадна, але Мішка i не думаў здавацца, усё сыкаў: «А ну пайшлі, казіне». Калі яны так i не падаліся, ён узвярэў, накінуўся на ix i стаў матлашыць сумкаю. Хлопцаў паваліў, панатыкаў кожнага тварам у снег. Пасля кінуўся да маленькай Камці — адзінай дзяўчынкі-крычатоўкі,— піхнуў яе, хапіў жменю снегу, хацеў нацерці ёй твар, але яна павалілася, засланіла нос i шчокі рукою, папрасіла: «Не біся» — i так жаласна глянула на яго, што я сумеўся, у мяне сцялося ад страху сэрца, i я ледзь не заплакаў. Але Мішка сціснуў снег на лядзяшку i пляснуў ёю у твар Камці. Яна заплакала, з носа паказалася кроў.

— Бандзюга! — крыкнуў я.

— Ну, ты! — Мішка вызверыўся на мяне, вылупіўшы вялікія, па яблыку, вочы. — Калі так, то смалі першы. Я цябе…

Я не чакаў, пакуль крычатоўцы падбяруць вытрасеныя з кішэняў ручкі ды гумкі, пайшоў пракладаць сцежку, глыбока правальваючыся i набіраючы ў боты снегу.

— Які жаласлівы! Смаркаты гэўрык! — гудзеў ззаду Мішка, ужо на мне спаганяючы сваю злосць. — Будзеш такі добранькі, дык яны цябе заганяюць… Але каб дома маўчаў, як нічога i не было. Папробуй толькі пахваліцца!..

Дома я звычайна расказваў маці пра ўсё, што было за дзень у школе, паказваў, якую атрымаў ацэнку, за што мяне пахваліла настаўніца. Але на гэты раз прамаўчаў, нічога не прамовіў, бо добра ведаў: маці не пахваліла б за тое, як мы абышліся сёння з Камцяю. А яе плач не выходзіў з маіх вушэй, у вачах стаяла, як толькі заплюшчуся: Мішка б’е лядзяшкай Камці ў твар…

Ноччу мне снілася, як мы ішлі па цальнягу, гналі перад сабой казінцаў, піхалі ix у снег. I мне здалося, што я ўдарыў Камцю ў твар лядзяшкаю, разбіў ёй губу… Я крычаў спрасоння i ўскакваў, так мне было страшна — маці колькі разоў уставала i супакойвала мяне.

Назаўтра, калі я падняўся раненька, сон не выходзіў з галавы; я не чакаў, калі да мяне зойдуць Мішка i Віця, пайшоў у школу адзін. Плёўся i бачыў, што крычатоўцы ўчора ці першая змена сёння панапісвалі на снезе абышто пра нас, янкоўцаў,— выводзілі пальцамі ля сцежкі. Я добра ведаў, што Мішка не даруе ім гэтага, будзе помсціць, і, каб ён не прачытаў іхніх абраз, не прыдзіраўся, каб зноў не папала Камці, стаптаў нагамі надпісы.

Калі сустрэўся з крычатоўцамі ў школе, яны злаваліся, не гаварылі, не прынеслі сушаных яблыкаў i плотак; Камця, як толькі пайшла дамоў першая змена, не глянула на мяне, спырскала i пачала падмятаць падлогу — была сёння дзяжурная.

Хлопцы, баючыся пылу, выйшлі на двор. Я застаўся ў класе, глядзеў на Камцю, невысокую, чорнавалосую, адзетую ў сінюю сукеначку i белы фартушок, i яна ўсё болей мне падабалася. Я жахаўся: як Мішка мог учора падняць на яе руку? Пасля падышоў да яе i сказаў:

— Давай памагу.

— Я сама, — сказала Камця i не дала мне веніка, хоць я прасіў i яшчэ раз.

А мне так хацелася дагадзіць ёй; каб яна згадзілася, дала венік, а сама пастаяла, паглядзела, мне, здаецца, намнога было б лягчэй. Камця старалася не глядзець на мяне, i гэта зусім засмучала.

— Я папрашу Мішку, дам яму што-небудзь, i ён больш не будзе цябе прымушаць ісці першай па цальнягу, — сказаў я. — Ты маленькая…

— Я не меншая за цябе, — запярэчыла, з крыўдаю глянула на мяне Камця. — У адзін клас ходзім. Я дома бульбу абіраю, падлогу мыю.

— А я дровы рэжу i калю, — тут жа, не падумаўшы, зманіў я: пілаваць бярвенні бацьку памагаў, але калоць ix мне не дазвалялі — баяліся, каб не пасек нагу.

— Мне летам ровар купяць, у трэці клас буду ездзіць, а не хадзіць.

Я змоўк: колькі разоў прасіў узяць у магазіне веласіпед, але бацька не хацеў купляць, казаў, што грошы на вартнейшае патрэбны, a ў школу недалёка, можна пешшу хадзіць.

У клас зайшоў Мішка, у бацькавых высокіх валёнках i доўгім, да зямлі, кажусе, уваліўся, як стаяк усунуўся. Як я i чакаў, спытаўся:

— Чаму не пачакаў сёння?

— Бацька раней паслаў,— сказаў я i стараўся не глядзець на яго.

— Што — не хоча казінка падмятаць? — спытаў ён, пагардліва глянуўшы на Камцю, i хацеў, відаць, пацягнуць яе за касу ці піхнуць, бо шэрыя вочы яго нядобра бліскалі.

— Падмятае, — апраўдаў яе я. — Не называй казінка, яна — Камця…

— Камця-мамця! — перакрывіў Мішка. — Казінка… Бэ-э-э…

Я сярдзіта паглядзеў на яго, i мне не спадабаўся яго кірпаты нос, непрыгожымі здаліся адтапыраныя аблавухія вушы, ягоныя рукі, якія мыліся, мусіць, раз у тыдзень. Нядаўна Мішка так накурыўся, што ля яго нельгаі было стаяць.

— Як вынесці смецце? — спытала ў мяне Камця, i я зарадаваўся, што яна нарэшце загаварыла са мною.

Я хуценька адчыніў сваю сумку, дастаў сшытак, вырваў з яго ліст i падаў Камці. Яна змяла на гэтую паперу пясок i панесла на двор. Здаецца, перад гэтым глянула на мяне i прыемна ўсміхнулася, выходзіла, азірнулася i зноў засмяялася.

— Я ім i сёння дам чосу, папру першымі па цальнягу, хоць i сцежка будзе, — сказаў Мішка, скідаючы з плячэй кажух. — Будуць ісці збоку i новую таптаць.

— Не трэба, — папрасіў я, — яны i так…

— Што — яны?.. Не бойся, жывыя будуць, — сказаў ён. — Вось не пайду налета ў школу, паеду вучыцца на трактарыста, дык вам, жабянятам, на галаву сядуць. А так будуць помніць…

— Будзем таптаць сцежку па калейцы, — сказаў я.

— Што яны табе далі? — скрывіўся Мішка, ён вось-вось ад злосці мог ударыць мяне.

— Нічога яны мне не давалі,— прамовіў я.

— Падсунулі, мусіць, нешта, калі заступаешся, — загневаўся ён, што я сапраўды мог што-небудзь атрымаць смачнае, а з ім не падзяліцца.

— Няўжо табе была вялікая радасць, калі ўчора набіў Камцю? — спытаў я.

— Жывая будзе, — махнуў ён рукою. — Яны прывыклі, каб ix матлашылі. Гэта вы, гэўрыкі, саплякі, а я помню, што я янковец, а яны — казіне… Рашыў задачку? То давай, перапішу. Малы, але што ў цябе за галава гэтыя задачкі рашаць!.. Я б гэтую арыхмеціку зусім выкінуў бы…

…Дамоў мы ішлі моўчкі. Паперадзе, па сцежцы, спяшаючыся, падганяючы адзін аднаго, крочылі крычатоўцы, махалі рукамі, толькі сумкі боўталіся па баках. За імі пляліся мы, Мішка, Віця i я.

Сёння наша настаўніца зноў плакала ад Мішкі, абазвала яго ў злосці дурнем i сказала, што яму, такому «быку», ужо сорамна хадзіць з дзецьмі ў школу i што ён «забраў у яе ўсё здароўе»; яна сёння пойдзе ў сельсавет i будзе скардзіцца старшыні. Мішка нават не спалохаўся настаўніцы, перад намі сказаў, што наб’е Васіля, які ходзіць да яе. Яна выганяла яго з класа, цягнула рукамі, але Мішка ўпёрся i не пайшоў.

Цяпер Мішка быў злосны, i я бачыў, што ён хоча задрацца з крычатоўцамі: то скажа якое брыдкае слова на ix, то пхне ў спіну апошняга, то чарпане наском у снег так, каб ён ляцеў пярэднім на галовы.

Крычатоўцы нават не азіраліся, як не бачылі i не чулі гэтага, подбегай трусілі да лесу, дзе дарогі нашы разыходзіліся. Першая ішла Камця, адною рукою яна трымала сумку, прыціскала да боку, другою махала i калі прыспешвала, то шырэй ступалі i мы, калі замаруджвала, то ўсе збіваліся, наступалі адзін аднаму на ногі. Тады Мішка піхаў у плечы крычатоўцаў, усяк зневажаў ix, лаяўся.

— Не трэба, — прасіў я, — не чапай ix.

Камця, пачуўшы гэта, падбягала ўперад, за ёю прыспешвалі хлопцы, i бойка зрывалася.

Ля хвайняку мы разышліся. Крычатоўцы падаліся лесам, а мы павярнулі ўправа, ля краёў маладняку патрусілі ў свой край вёскі.

— Казіне, казіне! — крычаў Мішка, — Бэ-э-э!

— Смагаль, смагаль! — нарэшце асмеліліся, азваліся i тыя.

— Бэ-э-э! — дражніў ix Мішка i падскакваў на месцы — страшыў, што пабяжыць за імі.

Тыя аж выцягваліся, так уцякалі.

— Дурань ты! — упікнуў я Мішку. — Вялікі, але дурань.

— Ты на каго гэта, гэўрык, пляцеш? — Ён падышоў да мяне i звузіў вочы. — Ды я цябе адным пальцам… Як камара… Я, калі захачу, вашу школу перакулю — i не будзеце сваім розумам хваліцца…

Я не спалохаўся, не адступіў, глядзеў яму ў твар i бачыў, як дрыжыць яго губа, як ён, дужы, разгубіўся, пачуўшы, што я сказаў.

— Дык хто я? — прасіпеў ён.

— Ты — дурань, ты сам ніводнай задачкі не рошыш…

Гэта ўжо яго раззлавала, ён размахнуўся рукою — i я са сполахам убачыў, як з яго рукава вылецела прывязаная на гумцы гірка i стала набліжацца да майго твару. Я не паспеў ухіліцца — гірка пляснула мне па пераносіцы.

Я нема завыў ад болю, закрыў твар рукою.

— Будзеш ведаць, як агрызацца… — сказаў Мішка, як апраўдваў сябе.

Я са злосці, крыўды нагнуўся, схапіў жменю снегу, не баяўся, што зноў пападзе (колькі ўжо баяцца), кінуў яго ў твар Мішку.

— Ну ты, гэўрык! — Ён адступіў, закрыў твар рукавом. — Не лезь, а то растапчу… — гразіўся, але біцца не збіраўся, адыходзіў.— У мяне не паскачаш… Вы павінны мяне баяцца… Як агню… А будзеш абзываць — будзеш палучаць. Вытры нос… Калі дома пажалішся, то яшчэ… Заступнік зялёны!..

— Я… Я… — мне хацелася сказаць тое, што думаў, але слёзы душылі, нос балеў, i я не мог стрымаць плачу.

Так, плачучы, з крыўдаю i злосцю, мучачыся, што нічога не магу зрабіць Мішку, прыйшоў дахаты.

3

Ужо летам, калі мы не хадзілі ў школу, калі ў садах акругляліся, трацілі горасць i пачыналі цукравець яблыкі, бацька паслаў мяне ў Крычаты. Там я быў часта, хадзіў па розных патрэбах, але адзін ішоў туды першы раз. Як нашы матлашылі казінцаў у сваёй вёсцы, так i яны, залавіўшы нас на сваім хутарку, стараліся адпомсціць, не выпусціць цэлымі; калі не наштурхаюць ці не дадуць кухталёў, то хоць прабягуць, пастрашаць ды каменняў услед нашпурляюць…

Бацька ўкаваў калёсы аднаму крычатоўцу, i вось цяпер я ішоў да яго па плату. Тупаў i асцерагаўся, каб не злавілі мяне там аднаго i не адлупцавалі, бо не забыліся, як на днях Мішка ля нашай вёскі пераняў Тосіка, паваліў яго, адабраў торбачку, у якой той нёс з нашага магазіна цукар, i насыпаў у яе пяску…

Калі я мінуў Шабунеў лес, выйшаў на луг i ўбачыў, што ля крычатоўскага моста купаецца многа хлопцаў, я ўзяў ля абочыны i засунуў у кішэні пару камянёў. Мяне згледзелі, павылазілі на бераг. Я падрыхтаваўся да бойкі.

— Хадзі, Стасік, пакупаемся, — паклікаў мяне Тосік, але я мала верыў яго дабраце, думаў, што заманьвае.

Я адмовіўся купацца, стараўся хутчэй падысці да моста i перабегчы яго. Азіраючыся, перайшоў i бачыў, што гнацца за мною не збіраюцца. Тады я, адышоўшыся, прысеў, каб мяне ніхто не бачыў, i выкінуў з кішэні камяні.

Калі я забраў плату i вяртаўся дамоў, мяне сустрэла Камця. Здаецца, яна падрасла за лета, стала высокая, загарэлая, леташняя яе сукенка была маленькаю.

— Дзе ты быў? — спытала яна.

Я прызнаўся.

— А мне ровар купілі,— пахвалілася яна.

У мяне такіх радасцей не было, таму я прамаўчаў.

— У Прудах школу адкрылі,— сказала яна. — I мы будзем хадзіць не да вас, а да ix, бо туды бліжэй.

Я пачуў гэта i засумаваў, што мы не будзем больш бачыцца, што цяпер ужо могуць крыўдзіць яе прудзяне, i ніхто, можа, за яе не заступіцца.

— Пачакай мяне, — прамовіла яна i пабегла ў сваю хату, хутка вярнулася i несла ў руках лусту батона, намазанага мёдам.

Белы хлеб мы елі толькі па святах, а так мама пячэ на нядзелях сухарыкі.

— На, — сказала Камця i падала лусту. — Бяры, у нас многа булак.

Я ўзяў i са смакам пачаў уплятаць, хоць шкадаваў: ніяк не мог выхітраваць, каб мёд быў на лусце i яго з’ядаць, бо ён цёк па пальцах i капаў на зямлю.

— Хочаш пакатацца на ровары? — спытала Камця.

— Хачу, — сказаў я.

— Прыходзь заўтра, таты i мамы не будзе дома, то мы i пакатаемся. Прыйдзеш?

— Прыйду, — з радасцю прамовіў я.

— Прыходзь, толькі Мішкі не бяры з сабою. Я не дам яму катацца…

— Я яму нічога не скажу, — паабяцаў я.

Толькі што перастаў ліць, як з дзіравага мяха, дождж. Рассунуліся, пасвятлелі на небе шэрыя хмары — павіднела, стала высокае, блакітнае неба. Прыпякло i прыпарыла.

Камця i я сядзелі ля рэчкі, глядзелі, як блішчыць на сцяблах асакі вада, збіраецца ў кроплі i падае долу. Яшчэ нядаўна мы былі ў хаце, сцішана сядзелі i ca сполахам слухалі, як лютаваў, ляскаў гром, жудасна паліла неба маланка, як ліло, — здавалася, затопіць усё на свеце. Калі пацішэла, пакацілася навальніца кудысьці за Налібакі, мы выбеглі з хаты i гойсалі па цёплых лужынах, пырскаліся, абліліся з ног да галавы вадою, а пасля прыбеглі сюды, на пясчаны бераг крычатоўскай ракі. Тут мы часта ўжо гулялі, ляпілі з мокрага пяску домікі — «школу, магазін, хаты».

Я глядзеў на Камцю i бачыў: за лета яна добра паправілася. Як хадзіла ў школу, была бледная, тоненькая, як сцяблінка, цяпер пачырванела, налілася сілаю, здароўем. Вельмі пекная стала, глядзіш i нельга наглядзецца. Ды яшчэ гэтыя вочы — сінія-сінія, глянеш — i сэрца замірае. I голас яе мне падабаецца — мяккі такі, тоненькі, гаворыць — ручаёк па каменьчыках бурлікае…

— Стаська, ты такі няўмека, — кажа Камця. — Растаптаў хатку цёці Зосі i страху ca школы сарваў. Ці ты вучыцца не хочаш?

— Хачу, — збянтэжана кажу я.

— А чаму тройкі маеш?

— Таму, — насупіўся я, нічога не сказаў болей, апусціў галаву долу, пасля разбурыў нагамі «школу».

— А я буду вучыцца на настаўніцу, — усміхнулася Камця.

Я маўчаў.

Яна падсела да мяне:

— Стаська, як вырасцем, мы з табою будзем жаніцца?

— Не ведаю, — прамовіў я. — У вас сваіх хлопцаў многа, яны цябе возьмуць.

— Я за ix не хачу ісці замуж, — сказала Камця.

— Чаму? — абрадавана спытаў я.

— Яны б’юцца, за валасы цягаюць, — прызналася яна, — я не хачу з імі дружыць. А ты не б’ешся, за нас, крычатоўцаў, заступаешся. Ці i ты будзеш насміхацца?

— Не, — запэўніў я.

— Але ты мяне ўсё роўна не возьмеш, — сказала з жалем Камця.

— Чаму? — я ледзь не пакрыўдзіўся.

— З вашай вёскі нашых не бяруць, — прамовіла яна. — Вы — местачкоўцы… А мы… Мы — казіне…

— Я вазьму цябе.

— Праўда? — узрадавалася i яна. — I бацькі баяцца не будзеш?

— Не, — зноў запэўніў я i захваляваўся: бацькі я пабойваўся. Ён не крычаў так многа, не бедаваў, як маці («О божа! Нашто мне гэта гора на галаву!»), калі я рабіў блага, a гаварыў разок і, калі было не па яго, браўся за папружку… Вось i думаў я, ці дазволіць ён мне ажаніцца з крычатоўкаю Камцяю, бо сапраўды дасюль з нашай вёскі ніхто з імі не парадніўся… — Калі тата не дазволіць, то я маму папрашу. Яна добрая…

— Мы будзем жыць у нас, — сказала Камця. — Я прывыкла тут.

— I я прывык да сваіх Янковіч, — прамовіў я, i мне стала шкода роднай вёскі.

— А як пажэнімся, будзем разам гуляць? Ці ты захочаш камандаваць мною?

— Не, — сказаў я i адчуў на сваім твары цень.

Падняў галаву: перад намі стаяў Гаптар — Камцін бацька — малы, няголены, злосны. Ступіў i патаптаў сваімі ботамі нашыя «хаткі».

— Дык вось чаго сюды ходзіць пан местачковец… — сказаў ён, i я ўбачыў, што ён п’яны, стаіць i хістаецца, не можа ўтрымацца на нагах. Рэдкія валасы яго апалі на лоб, рукі ён трымаў у кішэнях штаноў i растапырваў ix у бакі. Час ад часу ён ікаў, плюскаў вачамі.

Я ўскочыў.

— Вы… Каб нагі тваёй тут не было, — ён зноў ікнуў, аж трасянуўся. — Мне вы… Пасміхаецеся век… Вон, — ступіў, пагразіў рукою, — вон, не магу бачыць.

Я сарваўся з месца i куляю памчаўсядадому.

— Дзе ты гэта бываеш? — накінулася на мяне маці, калі ўбачыла задыханага ў двары.

Я не сказаў, дзе быў.

— Гойсае недзе, а тут хоць разарвіся: дзіця плача, з рук не злазіць, нешта трэба зрабіць па гаспадарцы, свінні развярнулі загарадку i вылезлі… Ды ў школе людзей збіраюць, відаць, будуць у калгас запісвацца, то трэба схадзіць.

— Мама, — калі яна крыху паспакайнела, спытаў я, — чаму крычатоўцы горшыя за нас?

— Чаго гэта яны горшыя? — здзівілася яна. — Людзі як людзі.

— А чаму з ix смяюцца? — спытаў я.

— Смяецца той, хто розуму не мае, — сказала маці.— Гэта ўсё з некаляшняга… Тады, за панамі, яны бяднейшыя былі, меней зямлі мелі. Цяпер усе роўныя… I яны, i мы скора будзем калгаснікамі.

— А ты не будзеш смяяцца з ix? — хвалюючыся, запытаў я.

— Я ніколі, сынок, не смяялася, бо i сама такая была, ні капелькі не багацейшая, — сказала маці, i я зарадаваўся: значыць, i з Камці не будзе пакепліваць, дазволіць, каб мы пажаніліся.

Мне вельмі хацелася схадзіць у Крычаты, сустрэцца з Камцяю i расказаць ёй пра гэта. Але я баяўся яе бацькі, які нечага неўзлюбіў мяне, i не пайшоў. Сумаваў, кожнага дня хацеў убачыць Камцю.

4

Хутка, калі трэ было на днях ісці ў школу, я пачуў ад людзей, што Гаптар прадаў хату, скаціну, сабраўся з’язджаць з Крычатоў.

— Можа, i добра робіць чалавек, — гаварыла маці бацьку, — паедзе ў горад i жыць, як усе, будзе… А тут нялёгка яму: Мішуковы яшчэ за палякамі не аддалі замуж Манькі — пасумаваў нямала… Хоць яна плача цяпер, што не пайшла за Гаптара, можа, шчаслівейшая была б, а то яе Стэфусь — багацей — у паліцыі быў, светёй i дзецям завязаў. Ды i надакучыла, відаць: крычатовец ды крычатовец… Маладыя не такія ўжо, не разбіраюцца, хто адкуль. А старыя… Такі ўжо гонар!.. Хоць цяпер каторыя крычатоўцы, каго не спалілі ў вайну, лепей за нашых жывуць.

Мне вельмі хацелася ўбачыць Камцю, я перасіліў свой страх i пабег у Крычаты.

Гаптар, паголены, у вычышчаных старых хромавых ботах, у белай кашулі, зашпіленай на верхні гузік, выносіў з хаты клункі i лажыў на воз. Там ужо ляжалі мяхі з мукою, цабэркі, стаяў куфар, абвязаны вяроўкаю. На мяне Гаптар нават не глянуў.

Заплаканая, папраўляючы на галаве хустку, выйшла з хаты невысокая, гарбаценькая гаспадыня, абаперлася на частакол i загаласіла.

— Сціхні! Горш не будзе. Такое ўжо дабро пакідаем i славу… — абураўся Гаптар.

— Што не было, а свой куточак, — плакала жанчына.

— А ты дзе там? — крыкнуў гаспадар. — Ідзі, са сваім кавалерам развітайся, бо паедзем ужо. Не развітацца няможна: местачковы кавалер!

— Зусім здурэў,— папракнула яго жонка.

— Хіба няпраўду гавару? — незалюбіў Гаптар, са злосцю глянуў на жонку. — Даўся мне іхні гонар!

— Калі што было…

З сенцаў выйшла Камця. Падышла да мяне i нічога не магла сказаць. Сёння яна зноў была бледная, худзенькая, зусім нямоглая. Стаяла i плакала.

З-за сенцаў выбег рудаваты сабачка, жаласна скуголіў i цёрся гаспадыні аб ногі. Тая дастала з кішэні акраец хлеба i падала яму. Шчанюк нават не нагнуўся да куска, глядзеў на кабету i скуголіў.

— I шчаня ростань чуе… — зноў заплакала жанчына.

— Ну, скарэй… — ужо не са злосцю, а спакойна сказаў Гаптар, адвярнуўся, нацягнуў брылёўку на вочы.

— На, на памяць, — прамовіла Камця i падала мне невялікі, загорнуты ў паперу ад шпалераў, пакуначак.

Я ўзяў падарунак i не мог сказаць ні слова. Маўчала i Камця, толькі з яе вока выкацілася i паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, i я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла i Камця.

— Ну, пайшлі, дачка, на воз, — падышоў і ціха сказаў Гаптар. — Усё роўна ехаць трэба…

— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты, — прамовіў я.

— Дзякуй, сынок, — пацалавала мяне ў лоб гаспадыня. — Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны… Дасць бог, яшчэ ўбачымся… — яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.

Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова, зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.

Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.

Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.

Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз…

Касцюм

— Ідзі, мурза, вымыйся, — зласнавата сказала мне маці,— такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.

Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю i цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, i ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, i я стаў вялікім раздуронцам…

Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, i я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае i глыбокае карыта, адарваў галінку палыну i адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць i прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі i пачаў церці ix пяском i сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.

Калі рукі мае i ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць ix і, ступаючы на пятках, вярнуўся ў хату.

— Людское дзіця адзенуць, i яно дзень чысценькае ходзіць, а ты ды Ганя… Не цэніце вы маёй працы, не шкадуеце рук маіх, — гневалася маці i здзірала праз галаву маю брудную кашулю, — толькі ведаю — дзянёчак цэлы ля вас таптацца: карміць, абмываць ды пераадзяваць.

Я стаяў, моўчкі нацягваў свежыя штонікі, апусціўшы галаву, слухаў маці: праўда была яе. Перад полуднем я ўжо мяняў майку, скідаў брудную i надзяваў чысценькую, але нядаўна, як прагнаў карову на пашу, сустрэўся ca сваім лепшым сябруком, суседам Антонікам, капаў з ім «акопы», добра прапацеў, пасля мы не паладзілі i абсыпалі адзін аднаго пяском…

Нехаця я надзеў штонікі: не любіў ix. Былі яны выцвелый, кароценькія, на шлейках, зусім «дзяціныя», а я даўно ўжо хацеў доўгія, па костачкі, з кішэнямі, «мужчынскія», каб у ix зацягваўся рэмень. Антонік, як i я, скончыў гэтым летам чатыры класы, але мае цёмна-сінія «дарослыя» порткі, хваліцца, пасміхаецца, што ў мяне такіх няма.

Я многа прасіў маці купіць i мне такія штонікі, бо ўжо, гаварыў ёй, не малы, саромлюся насіць «майткі» на шлейках ці шаравары на гумцы. Маці абяцала «расстарацца», але пасля забывалася, распорвала бацькавы зношаныя фрэнчы i штаны, выразала з ix цэлыя, не працёртыя кускі i сшывала з ix мне «портачкі», якія былі зноў без кішэняў. I я не быў рады ім, чакаў той любай часіны, калі буду мець «мужчынскае» новае адзенне…

I вось сёння гэты дзень настаў: маці збіраецца ісці ў суседняе мястэчка купляць мне касцюм. Гэта будзе мой першы «куплены» касцюм: сёлета я скончыў «школку» ў сваёй вёсцы i пайду «ў людзі» — у пяты клас суседняй дзесяцігодкі, i бацька з маці рашылі, што не выправяць мяне ў чужую вёску неахайным, горшым за людскіх дзяцей, «выкамбінуюць» мне яшчэ новыя чаравікі i паліто.

Дзед Караль часта гаворыць, што i цяпер я «разумны»: умею чытаць, пісаць, складаць вяскоўцам заявы, лісты, чытаю пра навіны ў газетах, i ён кажа, што мне ўжо i гэтай навукі хопіць, да нядаўняга ў вёсцы ніхто далей чацвёртага класа не вучыўся. Як бацька i маці, я дзеда не слухаю, хачу яшчэ вучыцца, мару стаць лётчыкам — высока i ca свістам лётаць, збіваць варожыя самалёты, пускаць белы дым па небе i калі-небудзь пакатаць маму i сястрычку, яны ніколі не ляталі на самалёце, толькі што бачылі яго ў небе…

Я вельмі хацеў схадзіць у магазін i сам выбраць касцюм, які, як думаў, будзе харошы, самы лепшы на свеце, паможа мне стаць дарослым, цікавым, у ім я буду лепш вучыцца, даб’юся, чаго захачу, ды i людзям можна паказаць: ужо i мы можам купляць новае i пекнае адзенне, быць не горшымі за іншых… I я не мог дачакацца, калі настане такі дзень.

Маці пабурчала на мяне ды сціхла, падышла да люстэрка, надзела светленькую блузку, завязала ружовую хустку, паглядзелася i перамяніла адзенне — дастала з шуфляды другую, сіненькую, блузачку, з маленькімі, як мак, кропелькамі. Пасля ўзяла з-пад шафы туфлі, якія носіць толькі па нядзелях ці вялікіх святах, абмахнула ix ад пылу i абулася. Як ні гавары, трэба прыхарашыцца: ідзём мы ў Налібакі — там сельсавет, пошта, магазіны, жыве многа настаўнікаў…

Гляджу я на маму i любуюся: пекная яна. Невысокая, чорненькая валасамі i бровамі, кругленькая ў твары, вясёлая, паглядаю я на яе i радуюся, што ні ў кога няма такой красуні мамы, ёсць адна такая на свеце, i тая толькi ў мяне… Падумаў я так i адчуў, што няма ў мяне ні злосці, ні крыўды, што ні ў чым яна не вінаватая, не прыдзіраецца да мяне, нядобрым стаў я сам i часамі гэтага не бачу.

— Ці не на дождж збіраецца? — калі мы выйшлі на двор, занепакоілася мама, зажмурылася i паглядзела на вадкае, нельга было глянуць, расплаўленае сонца, якое абложвалі маленькія чорненькія хмаркі.

— Не будзе дажджу, — заспакойваю я, стараюся вывесці маці з двара. — Пайшлі хутчэй!

— Можа, i раскалышацца, не будзе марасі,— сказала яна i падалася на брукаванку, азірнулася, глянула на новую нашу хату, якую паставілі тут, у вёсцы, толькі пазалетась — дасюль жылі на хутары ў цеснай дзедавай перасыпанцы. Сёлета перавезлі ў вёску i бацькаву кузню, калгас аплаціў нам за інструменты, i кузня стала калгаснай. Але бацька застаўся ў ёй кавалём, толькі цяпер ужо амаль не робіць нажоў ды сякер, а куе калёсы, правіць жняяркі i машыны…

Я пачыльгікаў за маці i весела засвістаў: хацеў, каб цяпер мяне ўбачыў Антонік — не часта i ён бывае ў мястэчку, хоць трапіць туды хоча, бо ўсе малыя дзеці стараюцца пабываць у чужой вёсцы.

Антонік, белавалосы, высокі i тонкі, як дубец, гэтаксама ўжо вымыты i пераадзеты, стаяў у сваім гародзе, нагінаў вялікую жоўтую галаву сланечніка i выбіраў з яе зярняты. Згледзеў нас, памкнуўся спытаць, куды іду, але ўспомніў, што мы цяпер «злуём», i не затрымаў мяне, адвязаў хустку з шапкі другога сланечніка (абвязвалі, каб не вылушчвалі зярнят вераб’і), адвярнуўся, як не ўбачыў, пачаў скручваць недаспелую шапку. I я не зачапіў яго, адвярнуўся, узняў галаву i моўчкі прайшоў ля іхняга частаколу. Калі, выходзячы з вёскі, я не сцярпеў i азірнуўся, то ўбачыў: Антонік выйшаў са свайго двара на дарогу i глядзеў нам услед. Згледзеў я яго — i пашкадаваў, што не загаварыў з ім: мы ідзём «далека», а ён будзе дома, не ўбачыць таго, што я ўбачу хутка. Памахаў яму рукою, i Антонік заківаў, аж падскакаў, каб я яго лепей бачыў.

Маці ішла, маўчала, i я не ведаў, пра што яна думала. Я ўглядаўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць i адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень многа машын, і, бывае, што-небудзь вытрасецца з ix. Вось i цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.

Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседу-шафёру, i той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».

Антонік любіць хваліцца, я… Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння i я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.

Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў ix i — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, i я адчуў, што вымазаў рукі.

Згледзела гэта маці, загневалася i не магла нічога сказаць ад нечаканасці, хацела раззлавацца, але не знаходзіла сярдзітых слоў.

— Выкінь! — спрабавала крычаць, але злосці ў яе так i не было. — Ну, чаму ты такі?.. Чысценькі, у людзі ідзём, а ты ўсялякае жалеззе бруднае паднімаеш. Будзь ты ўжо разумнейшы крыху.

Мне не хочацца выпускаць з рук такую знаходку, але я не мог выцерпець такіх слоў маці, шкадаваў i любіў яе — шпурнуў абцугі далей ад дарогі, у куст алешніку.

— Не відаць, што i мыўся, — сказала маці, гледзячы, як я пакручваў брудныя рукі, стараўся ix недзе схаваць, пасля падабраў шматок саломы, спрабаваў выцерці ёю мазуту, але рукі мае не пачысцелі: салідол расціраўся i ўядаўся ў цела.

Добры настрой мой пагоршыўся. Я захваляваўся, растрывожыўся, i мне стала крыўдна на самога сябе. Чаму я такі бесталковы? Калі ўжо сапраўды прыйдзе да мяне гэты «розум»?

Злаваўся я на сябе i адчуваў, як моцна паліць сонца, прыпарвае. Лес нагрэўся, прымлеў — цягне душным, густым пахам ад шыгалля, пяску i мурашніку. Смалою пахнуць зялёныя ігліцы, карэнні i залысіны на камлях сосен. Хтосьці зачасаў сякераю хвою — кропелькамі-слёзамі выступіла жоўтая сырыца-смала, прыцвярдзела, пабялела i пахне.

Даўнавата не быў я ў лесе, але адчуваю, што пачынае ўжо красаваць верас: прыемна пахне салодкім цёпленькім мядком. Здаецца, прыгледзься добра i ўбачыш, як садзіцца на верасоўку пчолка, гойдаецца, нахінаецца ледзь не да самай зямлі i суне галоўку ў кветачку — п’е соладзь…

Ад гарачыні мітусяцца, медна звіняць разамлелыя авадні; даўно стаіць суш, пыліцца зямля — не зялёнымі, a шэрымі сталі кусты, вецер не можа стрэсці з ix пыл, як не здолее ix абмыць раса, вызеленіць i прасвяжыць. Чакае ўсё дажджу.

I тут я ўспомніў, што мы ідзём купляць касцюм, які будзе прыгожы, з доўгімі штонікамі, у якія можна будзе зацягваць пояс, у кішэні якіх пакладу палавіну свайго дабра — гаечкі, шпунцікі, складанчык. Да ножыка я зашмаргну матузок, які прывяжу i да штаноў — каб не згубіць.

Падумаў так — i адразу павесялеў, шпарчэй затупаў, паразважаў, што рукі памыю ў рачулцы, якая цячэ перад самым мястэчкам, i будуць яны чыстыя. Чаго так па ix бедаваць? Самае важнае, што мы ідзём у магазін, будзем купляць «мужчынскі» касцюм, якога я ніколі не меў, але які хутка ў мяне будзе…

Пясок цёплы, пульхны, i я мякка тупаю, маці стараецца ісці сцежкаю, дзе цвярдзей: там не паднімаецца пыл, i ёй лягчэй шанаваць, каб туфлі блішчалі, а не былі запыленыя.

— Не забалелі ногі? — усміхаецца маці.

— Не, — адказваю я, хоць i паколвае ад быстрае хады ў лытках.

— Напомні, каб кніжак паглядзелі, а то магу забыцца, — просіць маці.— Хоць усё роўна, купляй ці не купляй, толк з цябе малы, вучыцца не хочаш. Троек вунь колькі.

— Не, — адмаўляюся я.

— A кім жа ты хочаш стаць?

— Лётчыкам.

— Ого! Хоць бы за якога шафера вывучыўся б! А Антонік твой кім думае быць?

— Камандзірам-пагранічнікам.

— Ого, начальнікамі хочаце стаць, — кажа маці,— хоць цяпер мала думаеце, што трэба меней мячык ганяць, а болей кніжак чытаць.

— A настаўніца нам гаварыла: каб быць дужым, трэба болей бегаць, хадзіць, — апраўдваўся я.

— Трэба, — згадзілася маці,— але розуму вялікага ад бегатні не набярэшся. Трэба чытаць, калі хочаш лётчыкам стаць. Я хацела настаўніцаю быць, дужа многа чытала, што толькі пападала ў рукі, але бацькі далей чацвёртага не пусцілі вучыцца: сям’я, сказалі, вялікая, няма ад каго вучыць цябе, налаўчыся во на швачку, дык скарэй толк убачым… Паплакала я ад крыўды i пачала хадзіць да адной тутэйшай швачкі, глядзець, як яна шые. За месяцы два вывучылася i з таго часу абшываю вёску… У навуку вы ўжо ідзіце, мы з бацькам дарогі вам заступаць не будзем i знойдзем, з чаго вучыць.

Маці азіраецца, i мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па карэннях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся i чакаем яе, бо вельмі хочацца пад’ехаць, хутчэй трапіць у магазін.

Веска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, i аўтобус да нас не заглядвае. Вось i мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.

Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну i дазволіў нам пад’ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.

Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, i ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца многа вуліц, па якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.

Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як i цяпер, калі мы злезлі з машыны i пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі…

Мы абышлі помнік i пайшлі ўніз, на Пяскі, да сельмага. Маці вітаецца з каторымі жанчынамі, загаворвае, i я вітаюся, усміхаюся, хоць нікога тут не ведаю.

У сельмагу мала людзей, цяпер жнівень — хто сянуе, збірае ягады ці першыя грыбы — часу гуляць няма. Я гляджу на полкі, набітыя адзеннем, i ў мяне разбягаюцца вочы: колькі сукенак, плашчоў, касцюмаў! Тут цяжка i выбраць, i я баюся, што мне трапіць не самае лепшае…

Я пачаў сам углядацца, каб знайсці прыгожы пінжачок. Прайшоўся колькі разоў ля прылаўка i прыпыніўся, дзе вісеў чорненькі касцюм, паказаў яго маці.

— Сама бачыла, — ціха сказала яна, — дарагі вельмі…— прамовіла i паглядзела на шэры, у жоўтыя палосачкі.

Той мне зусім не спадабаўся, здаўся выгаралым, выцвілым, самым горшым на свеце.

Калі маці больш не стала глядзець на яго, я зарадаваўся, што i ёй не спадабаўся гэты касцюм. Яна абышла колькі разоў i нічога не выбрала. Я насцярожыўся: яшчэ скажа, што нічога добрага няма, касцюмы благія, а грошы вялікія, не будзем купляць, перашыем з бацькавага рудога, яшчэ паносіш сёлета. А мне так ужо надакучыла насіць гэтыя цесныя, паношаныя, перашытыя касцюмы…

— Што вы хацелі? — спытала ў мамы магазіншчыца.

— Ды касцюмчык майму кавалеру трэба, — збянтэжылася мама.

— За колькі рублёў?

— Таннейшы які…

— Таннейшы ды пякнейшы, — кажа i ўсміхаецца магазіншчыца, перакладае на прылаўку кіпы адзення i дастае спадыспаду густа-сіні пінжачок.

Маці ўзяла яго, але сказаць што не спяшаецца, аглядае рукавы, падкладку, гузікі.

— Памерай, — кажа потым i надзяе на мяне пінжак, круціць мяне ва ўсе бакі i аглядае. — Здаецца, добра, ciненькі, надта мазацца не будзе, не тое што светлы які. Плечыкі во не паднятыя.

Магазіншчыца ўсміхаецца i падае «мужчынскія» штонікі, я хачу сам узяць ix, але мяне перапыняе маці:

— Не бяры сваімі рукамі.

— Як на яго, — кажа магазіншчыца, — лепшага не падбераце.

— Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень, — цяпер усміхаецца i маці.

— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку, — згаджаецца магазіншчыца.

Я слухаю ix i не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу i павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам…

Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак i азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.

— Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі,— сур’ёзна кажа ён. — Я такіх краслатых не насіў бы.

Я гляджу на яго, разгубліваюся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў ix збіраюцца слёзы.

— Не слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца, — суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае ix папераю, звязвае вяровачкаю — Харошанькі касцюмчык… Насі на здароўе i вучыся добра.

Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую». -

Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:

— Тоненькая вельмі…

Мы развіталіся з магазіншчыцай i вусатым дзядзькам-жартуном i выйшлі на двор. Парыла, было душна i ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей i чуў, як радасна тохкае сэрца.

— Не паспеем мы, Стась, да навальніцы зайсці дадому, — занепакоілася маці,— а пра кніжкі i забыўся, лётчык… Пабеглі хутчэй.

Мы подбегам падаліся ў кнігарню, з яе — у прадуктовую лаўку: трэба купіць булак, цукру, запалак, цукерак маёй сястрычцы — лічы, не быў у мястэчку, калі вярнуўся без гасцінцаў…

Дождж, уліўны, цёплы, грыбасей, дагнаў нас у лесе, абрынуўся як з вядра. Пасвяжэла, пацягнула ветрыкам, пасля бліснула, асляпіла маланка, а за ёю звонка ляснуў гром. Маці зняла з ног туфлі, i мы сышлі з дарогі, сталі пад густой маладою елкай. Увачавідкі змыўся з лесу шэры пыл, вакол усё азелянілася, сабраліся ў спадзінках мутныя ручайкі, падхапілі i панеслі ігліцы, растрэсенае сена.

— Бацька на рабоце, мы гуляем, а сена мокне, — бядуе маці.— Не зусім добра ўсё выйшла… Пападзе нам сёння. Хіба як папяросамі бацьку ўлагодзім, каб не крычаў. Ну, пакажы…

Я падаю ёй пакунак. Яна развязвае матузок, разгортвае паперу i разглядвае.

— Добры касцюмчык! — радуецца маці.— I колер харошы, i падкладачка мякенькая, i моцненькі. Я таго не мела ў твае гады… Шануй толькі.

— Ara, — згаджаюся я.

— Мы адзяём, кормім, а ты вучыся… Цяпер вучыцца можна: хочаш на настаўніка падавайся, хочаш на лётчыка старайся. Ты шчаслівы, што нарадзіцца ведаў калі…— кажа маці, задумваецца i як бы сумуе аб нечым. — Ну, стала далека грымець, то падаліся, сынок. Не з цукру, не растанем.

Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, i я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.

1973

Новы свет

Спечаныя яблыкі на галінках

За чатыры гады вайны

Нябёсы ўдосыць нагрэліся…

Рыгор Барадулін
…I гэтая раніца была надта золкая: сцюдзёніла густая, кроплістая, сівая ад холаду раса. Ад яе аб’інелі за ноч сцены ды платы i нібы лёдам пякло ў босыя ногі. Было яшчэ холадна i ад настылага, высокага, аж да неба, густа-белага сырога туману, што напоўз на хутар, у Амшарок, з рэчкі i з Раўка — блізкай вялікай лагчыны.

Казік стаяў за хлявом i — яшчэ амаль сонны — пазяхаў i пазіраў удалечыню, але ні поля, ні Раўка, ні блізкіх, за вярсту, Янковіч, у якіх некалі, да польскай камасацыі[1] жылі яго дзед i бацька, не было з-за туману відаць. Бачыліся толькі зусім побач, за крокаў дваццаць, на выгане іхнія рыжаватай масці даўганогі конь i бела-жоўтая карова, навязаная вяроўкамі за ўбітыя ў зямлю калочкі: цяпер, вайною, усе гаспадары тут, на хутары, пасуць быдла ля дому. Шэрсць у каровы i каня была гэтаксама аб’інелая, a вяроўкі, што цягнуліся па зямлі, дык зусім змакрэлі, абабілі расу вакол калкоў.

Казік павярнуўся i зірнуў на хутар, дзе павінны былі відаць уроскідку тры нізкія, накрытыя саломаю суседскія хаты, але i ix цяпер схаваў белы, перамяшаны з дымам туман. Ля самога Казіка, здаецца, не было ніякага туману, a імжэла нешта сырое i дробненькае — ні то дожджык, ні то імглістая морась, — сеялася, халадзілася i ліпла да твару, як мокрае павуцінне.

Як пастаяў некалькі хвілін, Казік зусім адышоў ад сну i чамусьці не захацеў вяртацца ў цёплую, душнаватую пасля ночы хату, стаяў, пазіраў на туман i гадаў: адкуль ён бярэцца? Чаму такі густы i белы, куды пасля, калі прыгрэе сонца, дзенецца? Бо ўжо добра ведаў, што пасля такіх туманоў бывае вельмі цёпла, суха, сініцца i здаецца бяздонным, надта ж высозным неба…

Каб не гэты туман, не такая яшчэ рань, дык Казік цяпер пабег бы да свайго сябрука, Паланевічавага Стасіка. Яны ўчора ўдвух употай хадзілі ў блізкі Шабунеў лес, да Ям, дзе на тым тыдні ішоў вялікі бой — дзе, як гаварылі сталыя, партызаны зрабілі засаду на немцаў i паліцыянтаў, якія ехалі з Івянца ў Налібацкі гарнізон.

Ля Ям, як было добра чуваць, стралялі ад полудня да вечара, запалілі лес, i ён, высока ўскідваючы агонь i задымліваючы неба, гарэў некалькі дзён, пакуль полымя не зжэрла Кавалёў бор i не выскачыла на сенажаць, прабегла па казянюсе — сівых бародках, — ды па маладой атаве, прычарніла яе i не атухла. Зачапілася толькі на сухім балоце, на торфе, задымелася, пайшло пад зямлю. Адтуль усе гэтыя дні, а надта раніцамі i вечарамі цягнуўся бела-сіні дым, пахнуў едкім, гарэлым смуродам. Гаварылі, што там, на балоце, праваліўся пазаўчора ў выгаралую яміну конь — бег i шуснуў у прысак. Але агню ніхто чамусьці не тушыў. Перад вайною калі аднойчы сухі торф упалілі крычатоўскія пастухі, дык збівалі i залівалі агонь усім мястэчкам.

Вечарамі i ўночы, калі гарэў Шабунеў лес, страшна было не толькі выйсці на светлы ад недалёкага агню двор, але i спаць у хаце, у якой на сценах блішчалі, трымцелі чырвоныя водсветы, было жоўта-чырвона; каб не бачыць гэтага святла, гэтых колераў, бацька завешваў акно ад лесу дзяругаю, якая ружова свяцілася i ўсё роўна прапускала ў хату бурае святло, i маці, не могучы заснуць, бедавала, што гэта каторы ўжо год робіцца на свеце, што далей будзе, калі нарэшце настане спакой…

Казік i Стась учора змовіліся i хадзілі туды, да Ям, шукаць патроны, без якіх у ix не абыходзілася ні адна гульня. Сам Казік, можа, не падаўся б, пабаяўся, каб не ўспароцца на міну, паасцерагаўся б i бацькі, бо той крычаў за яго «гульні ca смерцю», але яго падгаварыў i звёў старэйшы на гады чатыры сябрук: ён меў нямецкі пісталет i хацеў знайсці да яго патронаў.

У свежых акопчыках i паблізу ў шыгаллі яны набралі з шапку жоўценькіх, з вострымі i тупымі дзюбкамі патронаў; задымленых гільз, што пахлі гарэлым порахам i былі чорныя ў сярэдзіне, не бралі: яны, Казік i Стасік, былі ўжо завялікія для такіх «цацак». Казік выпараў яшчэ з ігліц гранату з драўлянаю ручкаю, але Стась забраў яе сабе, сказаў, што ён ужо ведае, як разбіраць i складваць гранаты, кідаць ix, каб узрываліся, але з гэтай гранатай яны сходзяць заўтра на рэчку, на Сядзіўную, — раскладуць на беразе агонь, усунуць яе — во бабахне i рыбы наглушыць.

I гранату, i патроны дадому яны не прынеслі, а закапалі ix у сухім пяску на ўзлеску.

— Казя! — пачуў ён з-за хаты матчын мяккі, амаль пявучы голас. — Дзе ты там дзеўся? Хадзі сюды!

Ён перастаў думаць пра туман, пра Стасіка i гранату, падаўся ля глухой сцяны хлява ў двор.

Невысокая, тонкая, дробная на твары, маладая яшчэ, гадоў трыццаці двух, яна на днях сама так гаварыла, але ўжо вельмі сівавалосая маці стаяла ля расчыненых сянец, мяшала секачом у ражцы едзіва свінням — у ражцы было поўна, i з яе лілася долу белая ад бульбы вада.

— Дзе ты прапаў? — зірнула на яго, высакаватага, але тонкага i худога, здаецца, са злосцю спытала маці.— Стаяў, мусіць, разявіўшы рот, i глядзеў на поле… А тут хоць разарвіся: у гаршках кіпіць, Вэрця хлімкае…

Казік прамаўчаў.

— Даб’ешся нешта ад цябе! — з крыўдаю сказала маці, выцерла рукавом упацелы лоб. — Такі ўжо маўчун, у каго толькі ўдаўся?! Трэба дзесяць разоў папытацца, каб слова выцадзіў… Ідзі, папільнуй свіней… — прамовіла яна і, не пазіраючы на яго, адставіла ўбок накарэлы i мокры знізу сякач i панесла, нагінаючыся налева, ражку ў блізкую, за плотам, загарадку, дзе нылі падсвінкі, бачачы едзіва.

Казік ішоў за маці, а пасля пералез за ёю ў загарадку, добра ведаў, што гэта такое — папільнаваць свіней. Гэта трэба пастаяць з дубчыкам ля карыта i паглядзець, каб большы падсвінак не адпіхаў меншага. Хоць доўгае карыта i падзелена пасярэдзіне палачкаю, але большы парсюк грызе меншага, адпіхае, стане з нагамі ў карыта i глытае адзін. Сам адсунецца, калі вылавіць усю гушчу, пакіне на дне адзін шчолачак, крыху ляніва пацэдзіць яго праз зубы i адыдзе.

Як маці, злуючыся на свіней, якія наступалі ёй на ногі, выліла ў карыта з ражкі едзіва, вярнулася ў хату, з яе адразу выйшаў бацька — высокі, на галаву вышэй за мaцi, плячысты, русявы, у лапцях, палатняных штанах i зрэбнай кашулі з белым кужэльным каўнерыкам.

Бацька, здаецца, гэтаксама пастарэў за гэтую зіму: сагнуўся ад працы i ўсякіх хвароб, ад страху, адпусціў рыжаватыя густыя вусы i бараду, стаў вельмі сур’ёзны, хмурны, больш маўчыць, чым гаворыць. Ходзіць, сядзіць i ўсё думае ды думае, пра нешта часта шэпчацца з маці. Употайкі ад яго, Казіка, яшчэ вясною закопваў у полі, сярод маладой бульбы, кадушку з жытам, a гэтымі днямі амаль не бывае дома, а недзе ходзіць. Праўда, гэтую ноч спаў дома.

Калі Казік запытаецца часамі, дзе ён, бацька, быў, дык i той, i маці засыкаюць, пачнуць вучыць, што трэба гаварыць, калі зойдуць «чужыя дзядзькі» i запытаюць, дзе «гаспадар». Казіку тады трэба адказваць, што «няма таты дома, пайшоў у Івянец i не вярнуўся яшчэ…».

Бацька, здаецца, гэтаксама з дзівам пазіраў на густы туман. Ён нёс з сянец дошчачку з прысохлай зверху каламаззю i невялікую трэску. Падаўся да калёс, што стаялі ля дзвярэй гумна.

Казік ведаў, што бацька будзе зараз ладзіць воз, бо збіраецца вечарам з суседзямі ехаць у млын. Казіку вельмі хацелася гэтаксама паехаць з ім — ад’ехацца хоць ад свайго двара, паглядзець дарогу, лес, паслухаць, пра што будуць гаварыць мужчыны, паглядзець млын, раку, камень, што трэ зерне, меле муку, захацелася з’есці хлеба. Хлеба ўжо не пяклі даўно, з пачатку лета — не было мукі: тая, закапаная, дзежачка ўсё роўна прапала… З астатняй гаркаватай i пратухлай мукі, якую маці выкалаціла з вялікай кадушкі, што стаяла ў кладоўцы, варылі яшчэ ў чэрвені зацірку, якую трэ было есці праз сілу…

Казік падумаў, што пастаіць яшчэ крыху ля свіней, папільнуе ix i падыдзе тады да бацькі ды папросіць узяць з сабою, бо вельмі ж хочацца паглядзець «свету». Ён, не хочучы быць тут, у загарадцы, з абыякавасцю зірнуў на сцены хаты. Яна са старога дрэва, з падгнілымі падрубамі, з глыбока паточанымі бярвеннямі. Пад адною саламянаю страхою — хата, праз сцяну хлеў, гумно, дрывотня. Самая новая, жоўтая, з рудымі сучкамі дрывотня — яе бацька збіў сёлета з аполкаў i расшчапаных камлюкоў. Летась, як i сёлета яшчэ, даўно ўжо складзеныя дровы ляжалі, летавалі ля сцяны пад страхою — па той i па гэты бакі хаты.

З коміна выплываў лёгкі бела-сіні дым, пахнуў сажаю i сасною, не слупіўся ўгору, a слаўся па страсе, ападаў долу, рассцілаўся па двары, ад яго, ад дыму, завільгатнеліся сцены, плот, i з ix абвісалі i падалі на зямлю кроплі вады.

Большы парсюк, як бачыў ля сябе Казіка з дубчыкам, глытаў з карыта гушчу, аж трэсліся ў яго вушы, i не адганяў меншага. I Казіку зусім надакучыла пазіраць на свіней, на брудную ix шэрсць ды парэпаныя вялікія вушы, на стаптаную загарадку i саламяную страху хаты. Ён паглядзеў уверх, бачыў, што ўзнімаецца за Шабуневым лесам халоднае i зусім не яркае сонца, жаўцее праз туман, што там увачавідкі радзее, спаўзае, гусцее ў лагчынах i ля лесу — вісіць, як белае воблака. Пакрысе становіцца відаць сонечнае неба над туманам, i ў ім праз шэрань усё гусцей паказваецца далікатная, празрыстая сінь, i гэтая цяпер лёгкая блакітнасць паказвала на добрае надвор’е, якое мусова павінна было быць: Казікаў бацька збіраўся ехаць вечарам у млын змалоць мукі, каб спячы хлеб. Такі дзень мусіць быць сонечны i цёплы.

Бацька дастаў загваздку, зняў шайбу, адцягнуў кола, трэскаю набраў з дошчачкі каламазі i тыцнуў яе на тонкую бліскучую вось, добра, з усіх бакоў, абцёр трэску, тады зноў падняў перадок калёс, запхнуў кола на месца, пакруціў яго за спіцы, засунуў шайбу, загваздку, падвязаў яе дротам.

Большы падсвінак задаволіўся, цохнуў яшчэ раз вады i адышоў ад карыта. Цяпер не трэ было пільнаваць, i Казік пералез цераз жэрдкі, падаўся да калёс.

— Ідзі ў хату, нагуляй з Вэрцяю, — сказаў бацька, адцягнуў другое пярэдняе кола, — няхай маці ўходжваецца, ды будзем з ёго веяць жыта.

Казіку i цяпер не хацелася вяртацца ў хату, гуляць з маленькаю сястрычкаю: яна яшчэ не ходзіць, а ляжыць у калысцы. Якая з ёю гульня?

Казік пазіраў на шырокую бацькаву спіну, загарэлую рудую шыю i падумаў, што нікога на свеце няма дужэйшага за бацьку. Ён раней адзін i тоўстыя бярвенні на калёсы клаў, i нагружаны задок воза паднімаў, i яго на назе, як пушынку, падкідаў. Бацька ўсіх мужчын на хутары дужаў: часта на якіх хрэсьбінах ці вяселлях барукаўся з імі — схопіцца накрыжкі i паваліць.

— Вось i дачакаліся, што ў млын паедзем, — неяк шчасліва ўсміхнуўся бацька, мажучы з’езджаную вось. — Хочаш хлеба?

Казік кіўнуў галавою, успомніў, што даўно ўжо не трымаў у роце i сухой скарынкі, забыўся пра яе смак.

— Будзеш на днях есці свежы хлеб, — кажа бацька. — Колькі захочаш, столькі i з’ясі…

Казік прыпомніў, як маці ў пачатку лета — у апошні раз — пякла хлеб. Размяшала загадзя муку з вадою ў дзежцы, паставіла яе на печ. Раніцаю рукамі мясіла цеста, клала на лапату, што была пасыпана мукой, апускала рукі ў вядро з вадою, пасля гладзіла цеста, аж яно блішчала, тыцкала наверсе яго пальцам, робячы крыжык, паабапал яшчэ торкала дзірачкі, сунула лапату ў гарачую печ, i турзаючы лапату да сябе, ссоўвала з яе цеста на падмецены пальтовым веткам под. I так яна паклала паблізу прычарнелага жару пяць булак. Апошні раз, як сабралася засунуць на под маленькую для яго, Казіка, булачку, прымусіла стаць ля прыпека i колькі раз дакранулася да яго галавы лапатаю i нешта шаптала. Так яна лячыла, каб ён болей у пасцелі «не лавіў рыбы». A пачаў «лавіць рыбу» ён таму, што спалохаўся паліцыянтаў. Тады, зайшоўшы днём у ix хату, адзін з ix, невысокі, тоўсты, як калодка, нібы жартам піхнуў яму, сцішанаму, руляй вінтоўкі ў жывот, пасміхнуўся: «Чаго баішся нас, малы заходнебеларусец?.. Скажы лепш, ці прыходзяць да вас парцізаны?..»

Хлеб хутка пачынаў пячыся, пах на ўсю хату соладдзю, што цяпер ад успаміну пра той хлебны пах у Казіка аж закружылася галава, a ў роце нагнала сліны…

— Ну, ідзіце снедаць! — адчыніла дзверы ў сенцах i паклікала маці.

Казік хуценька павярнуўся i падаўся ў хату: на сняданак яго не трэ было шмат клікаць. Убачыў, што на полі ўжо, пакуль ён пастаяў ля бацькі, амаль не стала туману, там цяпер рэдзенькая імжа, блішчыць раса, дзе-нідзе зіхаціць сіненькімі зорачкамі. Белае воблака густа ахутвае толькі лес i паўзе на Равок — там яшчэ надта бела, як зімою ў мяцеліцу.

Цяпер амаль добра відаць блізкія, праз вузкае поле-палосю, нізкія, абсаджаныя садамі i бэзам суседскія хаты, ix гароды i сады. Дым з комінаў уяга не сцелецца па зямлі, а падымаецца ўгору. Толькі комін Грыгарцэвічавай хаты не дыміць: яны штодня рана ўстаюць, выпальваюць у печы хутчэй за ўсіх.

Раніца на хутары. Такая раніца, як была i шмат дзён дасюль за жнівень. I астатняе ўсё такое ж: поле, неба, хаты, конь i карова, якія пасуцца на лужку, свінні ў загарадцы, бацька, маці, ix тупатня ля хаты. I ён, Казік, здаецца, гэтакі, які быў пазаўчора, надоечы i сёння. Толькі вось цяпер дзве новыя думкі ў яго галаве — пра гранату, якую яны са Стасікам пакладуць хутка ў агонь, i пра млын, куды вечарам паедзе бацька i, можа, возьме з сабою…

Зайшоўшы ў невялікую, у адзін пакой, хату, Казік убачыў на стале бульбу, міскі з буракамі, лыжкі. Ён сеў у кутку на лаве i пачаў абіраць гарачую бульбіну.

У калысцы-ночвах, што была падвешана вяроўкамі да столі, ляжала распавітая Вэрця. Яна радасна мармытала, паднімала ўверх маленькія ногі з малюсенечкімі пальчыкамі, гуляла. Матузок ад яе шапачкі пад барадою быў бурачковы, чырванаватай была i грудзіна: відаць, маці нядаўна карміла яе бульбай i буракамі.

Зайшоў у хату бацька; твар i рукі яго былі мокрыя: канечне, мыўся ля студні халоднаю вадою. Выцерся ручніком, падышоў да люстэрка, узяў з-за яго палавінку матчынага грэбеня i прычасаўся, разгладзіў бараду. Валасы ля скроней былі мокрыя, прылізваліся.

— Паядзім гэтыя дні яшчэ без хлеба, — сказаў ён, сеў за стол i дастаў з кішэні штаноў складанчык. — А тады ўжо ўволю паласуемся…

— Ды перачакалі ўжо, дзякуй богу, пост на хлеб, — спакойна, нават шчасліва прамовіла маці.— Жыта ўрадзіла, картофля расце, карова i свінні ест, дык ужо не прападзём з голаду. Можам нават, калі збяром ды прыхаваем, колькі клінкоў сыру ці які кавалак масла выменяць у гарадскіх бежанцаў на якую адзежу. Ходзяць жа i мяняюць людзі… Вунь i пазаўчора, гаварылі, былі ў мястэчку.

Казік абабраў бульбіну, узяў лыжку буракоў i зморшчыўся: такія яны былі гарачыя. Бацька яшчэ не сёрбаў, абіраў i складаў ля сябе бульбу.

— Ох i цяжкая гэта праца — сярпом жаць! — сказала маці.— Але колькі я рук папарвала, жнучы ў хатоўскага пана, зарабляючы той горкі злот!.. I сёння, здаецца, яшчэ i рукі баляць, i спіна баліць. Але люблю жаць. I сёлета сабе жала, гэтак радавалася, што дзеці хлеб скора есці будуць…

Цяпер i маці памылася, выцерлася, села за стол i ўзяла ў рукі цёплую бульбіну. На прыгожым твары яе, здаецца, прапала горнасць, свяцілася вялікая радасць. Даўно ўжо Казік не бачыў яе такой пашчаслівелай.

— Без солі во як трава… — прамовіла яна, каштуючы буракі,— i смятанай лэпска, добра такі, забяліла, але ўсё роўна нясмачпыя.

— У каго карову забралі, дык той зусім няшчымнае есць, — адказаў бацька. — Так што яшчэ дзякуй богу… A солі, можа, на днях барадаты падашле. Картофлі ж, жыта далі… Падраджаўся ж учора падаслаць…

— Страшна, што гэты барадаты ходзіць, — сказала маці.— Хай толькі хто шапне немцам… — зірнула на Казіка, i, як убачыла, што ён «нашатэрыўся», сказала: — Гаворым вот пры дзіцяці пра такое…

— Ён жа ведае, што цяпер нікому нічога не трэба гаварыць, пра што гаворыцца ў хаце, — прамовіў бацька. — Не малы ж ужо. Знае, што цяпер i за язык людзі гінуць… Цяпер лепш за ўсё маўчаць i нікуды не паказвацца… Неразбярыха такая… Перадняваў, пераначаваў — дык дзякуй богу…

Пакуль бацькі, як часта i дагэтуль, гаварылі пра свае клопаты, пра непакой, што пануе па свеце, збіраліся есці, Казік ужо здаволіўся, насёрбаўся прэсных буракоў i адсунуўся ад стала. Хацеў папрасіць, каб маці дала кубак салодкага малака, як нечакана ўчуў, што далека на дварэ, недзе ў Грыгарцэвічавым полі, ціха, як авадзень ля шыбы, задугаў матацыкл.

Прыслухаўся i бацька, аж перастаў есці, бо добра ведаў, хто цяпер можа ездзіць на машынах i матацыклах… З бульбінай у руцэ ўстаў са столака — невялікага ўслончыка, — ды так нечакана, што другі край, дзе сядзела маці, апусціўся. Маці ледзь не звалілася долу, разліла на стале i на калені лыжку буракоў — але не зазлавала, з запытаннем зірнула на бацьку, які прачыніў у сенцах дзверы i пазіраў на поле.

— Немцы… — ціха i, здаецца, ca сполахам прамовіў ён. — Сюды едуць.

— Чаго ix чорт з раніцы нясе? — з трывогаю спытала маці.— Можа, падказаў ужо хто?.. Не дай божа… Сынок, — яна зірнула на Казіка, — ты ж нічога не гавары… Маўчы. A калі ўжо прыстануць, дык кажы, што нічога не бачыў, нічога не ведаеш…

Матацыкл затохкаў зусім блізка. Здаецца, поўз ужо дарогаю ад Навіцкіх.

— Шыдлоўскі з імі,— сказаў бацька, пакрочыў на двор.

— Ну вот… — зморшчылася маці.— Гэты паліцыянт не з добрымі дзяламі ездзіць… Ці з допытамі, ці з… — маці стрымалася i не дагаварыла, каб, відаць, не пачуў усяго Казік.

Казік не вылез з-за стала, не падаўся за бацькам, адчуваў, што зноў могуць штырхаць дуляю вінтоўкі ў жывот, дапытвацца пра партызан, натапырыўся i сядзеў каля акна, чакаў, што скажа маці. А яна спалохалася, што i есці перастала, устала i падалася ў сенцы — цікаваць на двор. Прытулілася да вушака — i відаць было, як задрыжалі яе рукі. Яна заўсёды вось так нервуецца, не можа стрымаць у руках дрыготку, калі раптам заявяцца ўзброеныя людзі.

Казік вылез з-за стала, падышоў да маці, зірнуў i ўбачыў, як да плота, што быў ад поля, ткнуўся матацыкл, аж падаліся наперад два мужчыны, якія сядзелі на сёдлах — немец-матацыкліст (без шапкі, у расшпіленым на верхнія гузікі мундзіры) i ззаду за ім вусаты «халерны» паліцыянт, які быў у чорным шынялі з шэрымі нарукаўкамі, з насунутай на вочы чорнай шапкай. Яшчэ адзін немец — у шынялі, у выпаленай сонцам пілотцы — сядзеў у калясцы. Як прыпыніліся, гэты немец адхінуў з грудзей брызент i няўклюдна, цяжка, аж завагаўся матацыкл, выпаўз з каляскі, атрэпаўся ад расы, зняў з галавы пілотку i сіняю хустачкаю, дастаўшы яе з кішэні штаноў, выцер лоб. Гэты ваяка быў зусім стары: ішоў згорбіўшыся, меў маршчыністы твар i вялікую лысіну.

Злез з сядла i паліцыянт, паправіў на плячы карабін, падсунуў яго пояс бліжэй да шыі — каб не спаўзаў. Плячо шыняля, дзе дагэтуль цёрся пояс, блішчала: вышмальцавалася.

Паліцыянт i стары немец падаліся сюды, у двор, на міг схаваліся за дрывотняю — ішлі да брамкі. Матацыкліст, сярэдняга росту пажылы мужчына, застаўся ля матацыкла, прысеў, закасаў вышэй рукавы i пачаў корпацца ў маторы.

— Гаспадар? — падышоўшы да бацькі, які стаяў на двары, не вітаючыся, сурова запытаў стары немец, пад вузкімі вачыма якога i ля доўгага, крыху дзюбаватага носа былі вялікія чорныя ўпадзіны.

— Гаспадар, — чамусьці не сваім гучным голасам, а амаль шэптам хутка адказаў бацька, ведаючы, што стомленыя, суровыя людзі вельмі злосныя.

Лысы немец прайшоў побач, падаўся ў хату. Там ці то са стомленасщо, ці то з абыякавасцю зморшчыўся, агледзеў невялікі пакой, калыску i босага Казіка, які ўслед за бацькамі зайшоў у хату. Пасля скінуў шынель, згарнуў яго, паклаў на калені i сеў на лаве. Падняў са свайго боку сурвэту i закрыў ёю сняданак. У адным месцы сурвэта абвісла i пачала мокнуць, чырванець ад буракоў. Лысы здзьмухнуў перад сабою на голым стале крошкі, дастаў з нагруднай кішэні зложаны папалавіне, абшмальцаваны з сінімі вокладкамі тоўсты сшытак i аловак. Аловак быў без дзюбкі.

«Будзе нешта пытацца, — падумаў Казік. — Але я нічога не скажу, хоць чуў, як прыходзіў той ноччу барадаты партызан, бачыў, цікуючы з-пад коўдры, як маці завешвала акно, паліла газоўку i давала начному госцю есці… Цяпер няможна нічога нікому гаварыць… Цяпер трэба маўчаць, а то за язык…»

— Зваць як? — перапыніў Казікавы думкі стары немец, зірнуў на бацьку, нахмурыўшы бровы. — Цяляты язык аджавалі, ці што? Ну, як назвіско ваша, фамілія?

— Хлябовіч, — зноў шэптам адказаў бацька. — Браніслаў Хлябовіч, бацька Янам быў.

— Вось што, Хлябовіч… — ні на кога не пазіраючы, прамовіў уладна немец, распраміў, прыгладзіў далонню сшытак, а пасля пачаў вастрыць ножыкам аловак; глядзеў толькі на свае вялікія рукі, на хвіліну пасля змоўк, калі хацеў яшчэ нешта сказаць, то паламалася дзюбка, i ён так не прамовіў нічога, зноў пачаў вастрыць.

Казік са страхампазіраў на старога немца, чакаў, што ж ён запытае. Што той гаварыў па-польску i па-тутэйшаму, не здзіўляўся: амаль усе немцы, што заходзілі сюды, гаварылі па-свойму, але былі не раз i такія, што гаварылі i паруску, i па-польску i ўстаўлялі тутэйшыя словы. Хваліліся, што да вайны жылі разам з палякамі ці паблізу ix.

Стары немец здзьмухнуў ca стала смецце, падняў галаву — усе ca сполахам на яго глядзелі ды чакалі, што ж ён скажа, здзіўляліся, чаго ён марудзіць, не дапытвае. А можа, ён не марудзіў, можа, гэта толькі здавалася… Ён строга зірнуў на паліцыянта, што стаяў у парозе, прытуліўшыся да вушака, — i той не вытрымаў позірку, апусціў галаву. Раней, калі заязджаў, быў смелы: i кепікі ўсякія строіў, i на паліцу, дзе стаялі пустыя пляшкі, заглядваў, i хваліўся, як яго начальства паважае…

— Дык вот што, Хлябовіч, — пастукваючы пальцам па стале, надзьмуў тоўстыя губы, з халодным бляскам у вачах зірнуў на бацьку стары немец. — Маем загад з Івянца сёння ачысціць гэтую зону пад нумарам… Значыць, людзей трэба вывезці, а хутары i мястэчка спаліць…

Бацька, слўхаючы, здаецца, пабялеў з твару, маўчаў — ад нечаканасці i страху не мог вымавіць i слова.

— За што гэта? — нарэшце прашаптаў ён, сціскаючы ў руцэ бульбіну.

— Партызан корміце i адзяецё… — сказаў немец. — Ворагаў нашых, ворагаў новага парадку… Вось i маем загад зрабіць мёртвую зону…

— Не кормім мы нікога… — пачала апраўдвацца маці.— Самі во без хлеба, без сала ды без солі жывём. Што тут дасі, калі сам усяму жадзён. Ды i не ведаем мы ніякіх партызан…

— Дзесяць мінут вам на зборы… — больш не стаў яе слухаць стары немец, падняўся. — На каня — i ў Янковічы… А ты хадзі сюды… — прамовіў ён i хацеў узяць маці за плячо, але яна адскочылася. — Тады хадзі ты, гаспадар… — павярнуўся, падышоў да бацькі, узяў яго за кашулю i павёў на двор. — Зобач, паглядзі!

Зірнуў i Казік, куды паказваў немец, i ўбачыў неспадзяванае i не паверыў спачатку сваім вачам: гарэлі суседскія хаты. Высока ўверх над імі ўскідваліся чырвона-жоўтыя языкі, шугалі, аж чуўся шум ад ix. Даносіўся i пах гарэлай саломы.

— А што ж гэта? — загаласіла маці.— Што ж гэта робяць з людзьмі?

— Збірайцеся, — нарэшце азваўся i паліцыянт, — Сёння i мястэчка, i хутары — усё будзе спалена. Аж да Ружэвіч. Вас вот яшчэ так, а мястэчка з раніцы абкружылі з усіх бакоў, пачалі збіраць усіх на аселіцы… Хто пробаваў уцячы — на месцы… Такая воля вялікага начальства. З Мінска, а можа, пават i з Берліна.

— Воля, воля… — перадражніла яго, плачучы, маці,— Каб яго, тое тваё начальства, дзень i ноч гарачка паліла…

Аж дзіва было: паліцыянт — грозны, злосны, прыдзірлівы — нічога не адказаў, адвёў позірк, як пабіты сабака, павярнуўся i пасунуўся на двор.

— Нy, хопіць гавэндаў,— зазлаваў стары немец i ўжо ў сенцах, каб чутно было, мусіць, на двары, прыкрыкнуў: — Лoc, лос шнэль[2]!..

— Толькі i ведаеце: шнэль адно… — перадражніла i старога немца маці.— Калі ўжо якая халера вас сашнэліць адгэтуль… О божачка, чым мы цябе так угнявілі, што ты на нас такую няміласць наслаў?..

Стары немец раптоўна павярнуўся, аж зачырванеўся, сціснуў губы.

— Калі праз пяць мінут не будзеце на дварэ, дык… — прысыкнуў ён. — Дык па законе ваеннага часу…

— Збірайся, Юзя… — ціха папрасіў маці бацька. — Паб’юць…

— А няхай i б’е, паліць!.. — закрычала маці.— Колькi ж ужо можна мучыцца гэтак, у такім страху жыць. Як толькі яшчэ душа не перагарэла?..

— Дзеці ж, дзецям яшчэ жыць трэба… — сказаў бацька, падаючыся на двор — відаць, запрагаць каня.

— Мае вы дзетачкі! — загаласіла маці.— Во жыцейка вы бачыце… Навек упалохаюць вас…

Маці, неяк раптоўна згорбіўшыся, замітусілася па хаце, мусіць, нічога не бачыла перад сабою ад слёз. Узяла з калыскі Вэрцю i зноў паклала яе ў калыску. Кінулася да шафы, але нічога не дастала. Садрала з ложка дзяругу, разаслала на падлозе i пачала кідаць на яе падушкі, дзяругі, яшчэ раз адчыніла шафу i выхоплівала з яе сукенкі, ручнікі, прасцірадлы. Кідала долу i галасіла.

— Адзявайся i абувайся, сынок, — сказала яна праз хвіліну, усё плачучы. — Ты вялікі ўжо, сам… Адзін бог ведае, куды нас пагоняць i што з намі зробяць…

У Казіка ў роце стала суха i горача; ён, здаецца, не разумеў ніякага страху, але на самай справе адчуваў яго кожнаю жылкаю, адчуваў, што вось-вось будзе тая самая страшная бяда, якой яны кожны дзень баяліся… Ён знайшоў пад лаўкаю новыя лапцікі, за лета ні разу не абуваныя, палез на печ i выбраў мяккія анучкі.

Вярнуўся ў хату бацька, пачаў памагаць маці ўціскаць i завязваць клунак.

— Выходзь, Бронісь… — зазірнуў з сянец i нецярпліва падагнаў бацьку паліцыянт, — Давай скарэй на двор… Старшы наш едзе. З ім не пагаворыш: люты звер… З-за вас i мне ўляціць…

Бацька, нічога не адказаўшы, хутка апусціў у мех міскі, лыжкі, патэльні i гаршкі, выплюхнуўшы з ix у сенцы ваду i палуднёвую ежу, адчыніў паліцу i забраў з яе сподачкі, відэльцы ды збаны. Завязаў мех i панёс яго перад сабою на двор. Тады вярнуўся i пачаў збіраць харч — звараную бульбу, малако, яйкі. Маці дастала з калыскі Вэрцю, захутала яе ў свежыя полкі, моцна спавіла.

Пачулася, як пад’ехаў яшчэ адзін матацыкл, прыпыніўся i сярдзіта, як чмель, зататахкаў.

— На, Хойзер, вас іст дэн лос[3]? — злосна па-нямёцку закрычаў прыездяш мужчына.

— Гэр лёйтнант, ix мэльдэ…[4] — пачуўся тут жа збянтэжаны голас старога немца.

— Маўль хальтэн… Лoc, лос! Абэр шнэль, фэрлюхтэр![5]

Крыклівая гамонка заціхла, пачулася на двары тупатня, нібы бег статак кароў, i праз нейкі міг убеглі ў хату спалоханыя, але вельмі рашучыя ад гэтага сполаху стары немец i паліцыянт.

— Шнэль, шыэль! Алле хінаўс![6]

— Выходзьце, — сказаў услед за немцам паліцыянт. — Афіцэр загадаў — i салдаты пайшлі за хлеў падпальваць хату… З усіх бакоў, так сказаць…

— Успомняць табе, Шыдлоўскі, яшчэ гэта нашы людзі,— злосна сказала яму маці,— быць не можа, каб век тут ваш Гітлер панаваў, мучыў народ… Адальюцца вам нашы слёзы…

Той, хмурачыся, прамаўчаў, пасля буркнуў:

— Маю хату гэтаксама паляць, бо тут будзе голая зона… Каб нічым не маглі парцізаны пажывіцца… Блакада…

— Не паглядзелі, што i пяты ім лізаў…— злосна сказала маці, узяла на рукі Вэрцю i паклікала Казіка ісці на двор. — I чаму на свеце ест такія дурні: чужынцы прыйдунь, здзекуюцца, а свае ім яшчэ i памагаюць?..

На двары ля ганка Казік убачыў калёсы, на якіх ляжаў мех з пасудаю, кош з пустымі мяхамі, сякера i піла. Бацька вёў з-за хлява мокрага ад расы каня i нёс у руцэ хамут ды дугу, на якой жалобна пазвоньвала кольца.

— Шнэль! — крычаў на салдат i на бацьку высозны, тонкі, што цэп, светлавалосы афіцэр. — Альзо, ецт іммэр форвэртс! У Янковітшы![7]..

— Ды толпе гэшыхтэ, ды фон гойтэ, ляст айнэн цум ідыётэн вэрдэн[8]… — як агрызнуўся, крыўдзячыся за гэтыя крыкі, стары немец, пакутліва зморшчыўся.

— На, на, Хойзер! Хальт ды фрэссе, зонст кналле ix дых ві айнэн фэррэтэр аб! — грозна, у злосці сказаў яму прыезджы афіцэр, а пасля ўжо — як угаворваючы ці падбадзёрваючы: — Унд ix бін ззр кранк. Унд кан ніхт… Абэр вір зінд дойчэ зольдатэн… Фэрштэст ду?.. — і, павярнуўшыся да бацькі, загукаў: — Шнэль![9]

Стары немец нічога не адказаў, пайшоў у гумно i хутка разам з маладымі салдатамі пачаў выносіць адтуль мяшкі з жытам.

Бацька дрыжачымі рукамі запрог каня, пайшоў у хату i вынес дзяругу з адзеннем, з цяжкасцю, зморшчыўшыся ад болю ў жываце, падняў яе i паклаў на воз. Клунак заняў шмат месца, здавалася, што не будзе дзе i сесці.

— Вэг! — закрычаў афіцэр, падбег i тыцнуў бацьку кулаком у грудзі.— У Янковітшы…[10]

Бацька пачаў разварочвацца, выязджаць з двара.

У гэтую хвіліну сюды, да ганка, падышоў матацыкліст з вядром, плюхнуў з яго нешта вільготнае на сцяну, запаліў запалку i кінуў туды — тут жа ўспыхнула полымя, пашугала да страхі, што пачала ўгарацца спадыспаду, трашчала, як нешта ў ёй лопалася, задымелася i ўсхапілася чырвонымі языкамі. Ужо неўзабаве паваліў дым з самага верху — i страха ўся ўспыхнула, загула, апаліла жарам.

Матацыкліст у гэты час нешта закрычаў па-свойму, кінуў вобземлю вядро, пабег да матацыкла i вярнуўся адтуль з фотаапаратам, замахаў усім немцам рукой, паказваючы ісці да хаты. Тыя ахвотна падышлі, сталі побач, адзін ля аднаго, спіною да агню, усміхаліся (стаяў ля афіцэра i стары немец, толькі не ўсміхаўся) — матацыкліст укленчыў на адно калена, закінуў за галаву тонкі паясок, прымяркоўваў фотаапарат на ахопленую полымем хату i пстрыкаў, пасля падняўся, шчасліва ўсміхнуўся i падняў уверх вялікі палец: — Фэрціг! Унд шэн![11]

Як выехалі за хлеў, Казік зірнуў на суседскія хаты: яны былі ўжо без стрэх, з чорнымі кроквамі i латамі, што густа дымеліся, a мясцінамі, дзе былі на ix сучкі, гарэлі чырвона-жоўтымі агеньчыкамі. Чорныя, як галавешкі, стаялі i сцены, сіне дымелі. Дрыжала вакол ix нагрэтае паветра. Казік пазіраў i бачыў, як абрынуліся кроквы дома Навіцкіх, паехалі долу, задымелі i пырснулі іскрамі.

За лесам у чыстае блакітнае неба поўз чорны дым — гарэў увесь хутар. А можа, дымеліся яшчэ i Пруды ды Крычаты.

— Хатачка мая! — зноў не вытрывала, дала волю слязам маці.— Кароўка мая, жытачка наша!.. Дзе-е-э-тачкі мае!..

Заплакаў за маці i Казік, адчуў: згарыць вось-вось іхняя такая ўтульная хата, а ix некуды звязуць. Стаяць вунь на дарозе ў мястэчка нагружаныя клункамі падводы суседзяў. Сталыя мужчыны самотна пазіралі на ix i на іхнюю палаючую хату, стаялі ля вазоў, а кабеты i дзеці сядзелі на клунках. Сядзеў на звязанай вузлом дзяружцы i светлавалосы Паланевічаў Стасік, але ён быў цяпер маўклівы, заплаканы i на Казіка, здаецца, нават не зірнуў.

Ля калёс на траве, гаворачы i моцна смеючыся, сядзела трое маладых немцаў-салдат, трымаючы між ног аўтаматы, i ля ix — моўчкі двое паліцыянтаў. Ba ўсіх былі да каленяў аброшаны боты i спацелыя, з цёмнымі рагамі твары…

Цяпер, як выехалі на дарогу, было відаць, што гарэлі i Янковічы: вісеў над імі дым аж да неба. Спачатку паднімаўся слупкамі ад кожнай хаты, а тады — вышэй — зліваўся ў вялікую чорную хмару, што распаўзалася па ўсім небе, захіляла сонца.

Бацька пад’ехаў да Грыгарцэвічавага воза — немцы i паліцыянты паўсхопліваліся, закрычалі пярэднім ехаць. Невялікі абоз крануўся. Немцы паўскоквалі на першыя вазы, распіхваючы дзяцей, пазвешвалі ногі, трымаючы ў руках аўтаматы. Калі памкнуўся ўсесціся на пярэдні воз паліцыянт Шыдлоўскі, то два немцы, смеючыся, сапхнулі яго з калёс, штурхнулі ў паясніцу нагамі. Шыдлоўскі паляцеў долу, на абочыну, упаў на калені, хуценька падхапіўся i ўсміхнуўся. Але смяяўся не хочучы, з сорамам. Болей ні на які воз не палез, пачакаў старога немца, які гэтаксама падышоў да дарогі, i пасунуўся побач за ім ззаду калёс, на якіх сядзеў Казік.

Нечакана ляснуў кароткі стрэл — i запішчаў парсюк, як стрэлілі яшчэ раз, завішчаў i меншы падсвінак тонкім голасам. Што там на двары болей рабілася, не было відаць з-за хаты.

Тут, з гэтага боку, бачылася, як ухапілася агнём страха не толькі на хаце, але ўжо i на гумне ды на дрывотні, пацягнулася ўвысь доўгімі агнянымі языкамі, бачылася, як адыходзіць далей ад хаты афіцэр, адкочваюць ад платоў матацыклы салдаты. Як адапхнулі ix, падскочылі да каровы, якая ўцякала, скачучы пярэднімі снутанымі нагамі. Але салдаты, абапёршыся на яе поўныя бакі, хутка злавілі яе за рогі.

— Божа мой, божа! — галасіла маці.— Дзе ж твае, божачка, вочы, дзе тваё добра сэрца? Што ж ты дапускаеш ужо каторы год на свеце? Азвярэлі людзі i ўдзень i ўночы страляюць, б’юць, палохаюць… Колькі ж можна ўжо жыць у страху, што заб’юць, абяруць да ніткі? Дакуль будзе гэтая вайна, калі будзе ёй які канец?

Бацька, угнуўшы галаву, ішоў збоку, трымаў у руцэ лейцы i маўчаў. Прыплюшчыў толькі вочы i часта азіраўся на хату, на якой бачыліся ўжо чорныя латы, высокі чырвоны комін. Твар бацькаў як скамянеў, здаецца, ні крывінкі на ім, ні дабраты, адна зацятасць, крыўда i злосць.

— Мёд пакідала дзецям на лякарства — не ўзялі…— прамовіла маці.— Кажух вісеў пры запечку, дзяруг колькі пакінулі…

— Я пра сярпы, касу ды вяроўкі забыўся… — нарэшце загаварыў бацька.

— А картофлю, што была ў кладоўцы, узяў?

— Забыўся…

— I ў мяне ўсё з галавы выскачыла, — сказала маці,— толькі цяпер прыпамінаю, дзе што засталося. Ды дзе яно засталося! Усё ж згарыць, агоранае гадамі, мазалём ды потам набытае…

Калі пачалі спускацца з горкі ў лагчыну, што цягнулася сюды ад Раўка, Казік прыўзняўся, яшчэ раз зірнуў на ахопленую полымем хату, пазіраў, пакуль было відаць. Пасля вышэй узвіўся дым, паярчэў агонь — мусіць, угарэлася сена. У Казіка моцна стукала сэрца, i ад гэтага аж калола ў скроні.

Як праехалі лагчыну, падняліся зноў на ўзгорак: у вялікай-вялікай, як акінуць позіркам, спадзіне паказаліся зусім блізкія, што на далоні, Янковічы, праз якія ляжала дарога з Івянца ў Налібакі, у Стоўбцы. Праўда, цяпер гэта было не зялёнае, з мноствам хат мястэчка, а суцэльнае задымленае папялішча. Стаялі чорныя печы, дымеліся ніжнія, яшчэ не згарэлыя вянкі сцен.

Абсмаленыя, амаль без лісця, стаялі ліпы ля вуліцы i сады, чорная, рудая вакол хат ды хлявоў была зямля, зрудзеў — нібы змарожаная старая папараць — бульбянік. Вочы выядаў дым i смурод: дым віўся адусюль — ад падвалін, параскіданых дошак, галавешак, наваленых платоў, абгарэлых дрэў. На голых яблынях, што раслі блізка ля хат, рудзелі спечаныя ад полымя яблыкі. На ix выступіў i застыў белы сок. Каторыя — самыя блізкія — яблыкі зусім згарэлі, чарнеліся маленькімі агаркамі.

— Канец свету, — шаптала маці, ківаючы галавою, — гэта ўжо канец свету… Як i ў святым пісанні сказана…

Бацька маўчаў, мусіць, браў бяду ды гора на сэрца. Моўчкі пакіраваў каня за пярэднімі падводамі па бруку, па якім колы калёс дрыготка застукалі, аж затрэсліся ў Казіка шчокі. Пасля колы прашарахцелі па пяску i спусціліся на аселіцу, што зелянела ўздоўж местачковых агародаў, шмат гадоў дагэтуль была для янкоўцаў сенакосам.

Цяпер на аселіцы было многа, відаць, з усяго мястэчка i з усіх блізкіх хутароў, запрэжаных калёс, на якіх ляжалі клункі. Ля вазоў стаялі i сядзелі хмурныя, заплаканыя местачкоўцы ды хутаране — мужчыны, кабеты, дзеці. Вакол вялікай аселіцы адзін ад аднаго на крокаў трыццаць стаялі немцы i паліцыянты. Ля ног немцаў ляжалі, паклаўшы галовы на пярэднія ногі, сабакі з маленькімі вушамі-стаякамі i з высалапленымі языкамі.

Жываты i пазухі ў салдат былі параспіраныя — відаць, напакавалі за мундзіры яблыкаў ды гуркоў; каторыя трымалі ў руках вялікія шапкі сланечнікаў, разломлівалі ix, выкідалі пустую жоўтую сярэдзіну, абіралі з поўных чорных краёў зярняты, грызлі гуркі — горкія кусалі раз-другі i кідалі пад ногі.

Бацька прыпыніў каня, як толькі стаў пярэдні воз. З калёсаў пасаскоквалі немцы, пайшлі да сваіх вартавых, весела загергеталі, i тыя адразу пачалі частаваць ix гароднінай ды садавінай. Яны выціралі яблыкі ды гуркі аб полы i грудзіны мундзіраў і, смеючыся, грызлі, весела i пераможна пазіралі на сагнаных сюды, перапалоханых, пачарнелых ад гора людзей.

Да першага вартавога, які быў бліжэй ад вуліцы, падышлі лысы немец i паліцыянт Шыдлоўскі. Ix частавалі сланечнікам, але яны адмовіліся, селі на зямлю i апусцілі ўніз галовы.

— Павязуць нас у Нямеччыну, — сказаў ціха бацька, які крыху разумеў па-нямецку. — Салдаты гавораць між сабой, што пагоняць нас на конях у Стоўбцы, а там пасадзяць на цягнік… Калі так, дык не дай бог… Як толькі выпадзе шанец — трэба ўцякаць. Няхай прападзе яна там, іхняя Нямеччына, на што яна нам…

— Каб ix дзень i ноч ганяла! — азвалася маці, кашляючы ад дыму. — Ці мы сваей зямлі i хаты не мелі? Ох, божа літасцівы, нікому нічога не ўкажаш… Што хочуць, тое i робяць з людзьмі… I Гітлер іхні горшы за ўсіх чарцей, за Люцыпара…

— Налаташылі…— сказаў бацька i кіўнуў галавою на сценку — дарогу пры янковіцкіх гародах, па якой з хутара ехалі фурманкі, заваленыя поўнымі мяхамі, адзеннем, пабітымі свіннямі. Да кожнай фурманкі была прывязана на повад карова. Кіравалі коньмі чужыя людзі. На кожным возе сядзеў яшчэ немец ці паліцыянт.

Абоз падаўся на другі бок мястэчка — ці не ў Івянец. Уперадзе i ўслед за ім ехалі матацыклы.

Некаторыя матацыклы павярнулі сюды, на аселіцу. Нa адным з ix Казік пазнаў матацыкліста, які ліў на ix хату з вядра бензін, пазнаў высознага крыклівага афіцэра. Афіцэр злез з матацыкла i шпарка падаўся па аселіцы, падышоў да другога высокага афіцэра, абкружанага салдатамі, ускінуў уверх руку i нешта доўга гаварыў. Высокі тоўсты афіцэр слухаў, пасля паціснуў прыезджаму руку, весела паляпаў па плячы.

Да гэтых афіцэраў пачалі сыходзіцца з усёй аселіцы салдаты. Вартавыя цяпер пасталі адзін ад аднаго на крокаў сто, тузалі за павадкі сабак з рудымі бакамі i чорнымі спінамі. Сабакі нехаця ўставалі, злосна гыркалі. Ад гэтай гыркатні цішэў людскі гоман, па спіне, як чуў Казік па сабе, прабягалі халодныя мурашкі.

Салдаты i паліцыянты густа абляпілі афіцэраў, слухалі, са згодаю ківалі галовамі. Толькі, здаецца, лысы немец не лез наперад, a стаяў ззаду ўсіх абыякавы i стомлены.

Праз хвілін пяць усе пачалі разыходзіцца. Ля тоўстага афіцэра засталіся толькі прыезджы афіцэр i паліцыянт Шыдлоўскі.

— Увага, людзі! — звонкім голасам закрычаў Шыдлоўскі, выцягваючы шыю. — Пан маёр мае загад адправіць вас усіх у Стоўбцы. — Пасля ён на хвіліну замоўк, павярнуўся да «пана маёра» i слухаў, што той яму гаворыць, — Пан маёр дае загад ехаць адзін за адным. Не адставаць i не перагаворвацца! Хто ўздумае ўцячы — расстрэл на месцы… Тут вы прыносіце толькі шкоду, a ў вялікай Нямеччыне будзеце прыносіць карысць сваёю працаю… З богам! Паехалі! — i ўжо не Шыдлоўскі, а «пан маёр» выйшаў наперад, падняў руку i махнуў пярэднім фурманам.

— Вось i ўцячы, не паедзь у іхнюю Нямеччыну… — прашаптала маці, калышучы на руках Вэрцю, — Паб’юць, як мух…

— Дарога доўгая, пад сорак вёрст… — адказаў бацька. — Як удасца, дык i будзем уцякаць… Калі яны тут душу вымаюць, дык у іхняй Нямеччыне пагатоў не будзе дабра…

Пярэднія падводы, што, мусіць, ужо доўга стаялі на аселіцы, рушылі ў бок Дзераўной — першага мястэчка за Янковічамі па стаўбцоўскай дарозе. Казік яшчэ доўга сядзеў на возе i чакаў, калі крануцца яны. Каторыя немцы паўскоквалі на калёсы, вартавыя з сабакамі пайшлі збоку. Матацыклісты паселі на матацыклы i памчалі да Дзераўной пустою вуліцаю. З яе ўзнімаўся гарачы пыл i попел.

Недзе далека, як баючыся заставацца ў спаленым мястэчку, закудахтала курыца, са страхам завыў сабака…

Казік бачыў: фурманкі выцягнуліся ў доўгі шнур. Яны падаваліся спярша па аселіцы, па стаптанай траве, пасля выехалі на пясчаную дарогу, з яе — на брук. Мястэчкам, пасярод дымных гарачых папялішчаў, падаліся да рэчкі. За капліцаю пасярод абгарэлых ліп сіратліва стаяў нядаўна новы, жоўты, а цяпер абсмалены высокі крыж, праязджаючы ля яго, тутэйшыя мужчыны знімалі шапкі, а кабеты жагналіся.

Ззаду Казіка ехала яшчэ шмат калёс, збоку ix сунуліся немцы, паліцыянты, але яны не знялі насупраць крыжа шапак, толькі абыякава паглядзелі на яго.

«З богам!» — чамусьці ўспомпілася Казіку, успомнілася тое, што гаварыў «пан маёр» i тлумачыў Шыдлоўскі…

Скончылася мястэчка, паказалася гара, з якой раней людзі бралі гліну, але цяпер там, у яміне з вадою, было нацярушана шмат вуголля, пахла дымам. Дымам пахла i ў лесе, што пачаўся адразу за рэчкаю, ля якой на беразе ляжала гарэлая салома. Дым у лесе стаяў што пара пасля дажджу, калі нечакана прыпячэ сонца.

— Вожачка! — забедавала зноў маці,— І што будзе з намі? Голыя, галодныя ў чужы свет едзем, дзе нас ніхто не чакае i не прытуліць…

— Усё мястэчка едзе, — сказаў бацька. — Можа, як ацалеем усе разам…

Цяпер i ён прымасціўся ўперадзе на драбіне. Як устаў раніцай у зрэбнай кашулі, так i ехаў у ёй. Па лесе густа кацілася рэха ад калёс, плыло збоку, як там, непадалёку, ехаў яшчэ адзін абоз.

Калі былі на паўдарозе да Дзераўной, нечакана ўперадзе пачуліся стрэлы — задудукаў аўтамат. Як яшчэ крыху пад’ехалі бліжэй, дык убачылі на абочыне, на дарозе ў Балявічы, што былі справа, калёсы. Ля ix, скурчыўшыся на зямлі, нерухома ляжаў гаспадар, местачковы жартаўнік, шавец Янка Навіцкі, а на калёсах, паваліўшыся адно на адно, раскінуўшы рукі, ляжалі Янкава жонка i дзеці. Кабета як накрывала сабою дзяцей, белая блузка на яе спіне была чырвоная-чырвоная…

— О божа! — усклікнула маці i закрыла твар — апусціла галаву i прытулілася да Вэрці,— Бедныя Навіцкія, бедныя дзеткі!..

…Калі мінулі ўжо Дзераўную, яшчэ некалькі мястэчак за ёю, уехалі ў стараваты лес. За гарою, перад павароткаю, маленькі чарнаваты конік, які ішоў ззаду i ўсю дарогу намагаўся не адстаць, прыпыніўся. За ім стаў i абоз. З калёс саскочыў пажылы гаспадар, сагнуўся. Следам за ім злез з воза i невысокі немец, трымаючы ў руцэ аўтамат, гэтаксама прысеў i пачаў пазіраць на задняе крывое кола.

Казікаў бацька, які ўвесь час азіраўся i ўбачыў гэта, турзануў, каб конь пабег, i за павароткаю, калі не было відаць задніх калёс, звярнуў налева i пачаў хлістаць лейцамі каня па нагах.

— Бронісь, што ты робіш? — аж жахнулася маці.— Заб’юць жа! Паб’юць, як i Навіцкіх…

Конь спачатку рвануўся, відаць, спалохаўся, а пасля шпарка пабег па лесе. А бацька, не слухаючы маці, паганяў i паганяў яго — калёсы трэсла, падкідала на пнях. Колькі разоў задняя вось ледзь не чаплялася за камлі хвоек, але саслізгвала, толькі да белай смалы здзірала з ix кару. Мільгалі ў вачах хвойкі, ядлоўцавыя кусты, чарнічнік. А бацька сцёбаў i сцёбаў каня лейцамі.

Нарэшце, калі лес памаладзеў i пагусцеў, задняя вось зачапілася ўсё-такі за камель невысокай таўставатай хвойкі — конь раптоўна стаў, аж трэснула дуга, ірвануўся, але не змог скрануць калёсы. Цяжка, раздзімаючы i ўцягваючы жывот, дыхаў, спалохана азіраўся.

— О божа! — уздыхнуўшы, прашаптала збялелая маці, азірнулася i хапілася рукою за левую грудзіну. — Думала, што зачэпімся ля дарогі, станем, убачыць гэта каторы — i бабахне ў спіны… Цяпер жа наш чалавек як муха… I ніхто вінаватага шукаць не будзе… Як во i за Навіцкага…

— Ціха, — сказаў бацька, саскочыў мякка на зямлю i прыслухаўся: па лесе кацілася грукатлівае рэха, чулася, як гудуць матацыклы.

— Але ж ты i адчайны…

— Лепш тут галадаць, спаць пад акрытым небам, чым у чужыну ехаць, — адказаў бацька. — Пастаім ці паедзем?

— Давай ад’едземся яшчэ ад дарогі,— сказала маці.— Не дай бог агледзяцца, пойдуць па следзе…

— Слядоў не будзе: на гары i збоку дарогі трава была… — супакоіў яе бацька. — Паедзем… Можа, ружэвіцкі дзядзька твой прыме нас? Ружэвічы ж, гаварыў Шыдлоўскі, не будуць паліць.

— Надта ж ён скупы ды звяга вялікая, гэты дзядзька… — адказала маці.— Задушыць нас работаю…

— Што ж зробіш. Мы ўжо не гаспадарэ, а пагарэлыя бежанцы… Трэба думаць, як выжыць, дзяцей выратаваць… — з сумам прамовіў бацька, падышоў да хвоі, упёрся i адцягнуў ад яе задок калёс. — Але, дасць бог, можа, як выжывем. Ды i барадаты парцізан гаварыў, што ў бядзе нас не пакіне, аддзякуе…

Бацька, як адвалок ад хвоі калёсы, нагнуўся, выцер аб высокі верас рукі, цмокнуў на каня i пакіраваў яго далей ад дарогі, туды, куды пазіралі вочы i цягнуўся сіні горкі дым…

Саладуха

Стаў новым свет, а губы пахлі дымам,

Бо мы з снарадных конавак пілі…

Сцяпан Гаўрусёў
— Мамуся, ідуць… — сказаў Казік. Ён сядзеў на коленцах на лаве i цяпер азірнуўся на цемнаватую хату, на невысокую цагляную, пабеленую мелам пліту, ля якой з відэльцам у руцэ стаяла ў валёнках, у доўгай цёмнай спадніцы i цёплай хустцы пастарэлая за апошні год маці.

У гаршку, што стаяў на пліце, булькала вада, лілася з яго на гарачы кружок, сіпела i мігам высыхала, узнімалася ўверх гаркаватай парай.

— Не сядзі ты ля акна… — з незадавальненнем, мусіць, баючыся, каб ён не прастудзіўся, адказала маці, парнула відэльцам бульбіну — паглядзела, ці зварылася, ці яшчэ ёй трэба крыху пастаяць на агні, а пасля як папікнула: — Дзіва ўбачыў…

Маці памацала колькі бульбін i ўсё ж падышла да замёрзлага акна, прыхінулася i пачала пазіраць праз маленькую, прадзьмуханую i вылізаную Казікам дзірачку на снежнае ранішняе, не зусім цёмнае, але яшчэ i не надта светлае поле, на дваіх мужчын, якія выйшлі з пустых, без ніводнай хаты, без ніводнага чалавека, замеценых снегам Янковіч на пагонку i плятуцца сюды, на хутар.

На дварэ стаяў моцны мароз. Яшчэ ўчора ўвечары, як толькі спусцілася над прудскім лесам сонца, зачырванелася i стала што памідор, паціснуў холад. Ад яго хутка пашарэлі шыбы i пачалі абрастаць белай намараззю, выбеліліся снежным пухам сцены, заскарынілася адталая за сонечны дзень вада ля цёплых прызбаў, пашэрхлі, пазвоньвалі абледзянелыя вішнёвыя галінкі, гэтаксама адталыя ўдзень пры цяпле. Звечара ўжо ляскала ў вуглах ды ў плоце, а пад раніцу дык i моцна трэскала, як нехта ўсё роўна біў там пранікам.

Чуў гэта Казік, бо кепска ўночы спаў, часта прахопліваўся i енчыў ад болю: яшчэ ўчора — шараю гадзінаю — нарабіў сабе бяды. На двор ён удзень не выходзіў (не меў цёплай вопраткі i абутку), a сядзеў на цёплай печы ці на ложку, гуляў з сястрою Вэрцяю. Калі пад вечар маці выйшла на двор, напаіла карову, укінула ёй сена i вярнулася ў хату з поўным вядром чыстай-чыстай вады, што, здаецца, надта ж чуйна пахла холадам, марозам, зімою, дык Кaзік адразу саскочыў з печы, падбег да вядра i чамусьці не рукамі, a губамі захацеў злавіць драбок празрыстага лёду, што плаваў на вадзе. Лавіў яго i не заўважыў, як даткнуўся языком да вочапкі. Язык прыліп да халоднага жалеза, як прыліпае цукерка да сукна. Казік пачуў бяду, адскочыўся — i зайшоўся ад болю: здаецца, па языку працягнулі гарачаю лыжкаю. Ён заенчыў, мусіць, дзікім голасам.

Маці, калі ўбачыла гэта, i смяялася, i папікала, што лез да вядра: «Ужо, лічы, кавалер, а розуму ніякага няма…» — а пасля прытуліла, шкадавала, прасіла адкрыць рот. Глядзела на абадраны, з крывёю язык i бедавала, што ён, гэты язык, не дасць цяпер у рот ні халоднага чаго, ні гарачага ўзяць…

…Новую хату, дзе цяпер былі Казік i маці, тут, на хутары, бацька пачаў ставіць, як толькі вярнуўся з бежанцаў — калі адступілі немцы i прыйшлі сюды савецкія салдаты.

Бацьку ў войска не ўзялі: ён хварэў перад гэтым на жаўтуху. Спачатку бацька, яшчэ добра не паправіўшыся, тут, ля былога селішча, зладзіў зямлянку. У ёй яны жылі аж да першых маразоў, пакуль не перабраліся ў падладжаную новую хату.

Янковічы, хутары пуставалі. Нядаўнія суседзі ўсё яшчэ былі ў Нямеччыне, i ніхто пра ix нічога не ведаў — жывыя яны ці даўно ўжо на тым свеце. Тутэйшыя ix селішчы застылі, утапталіся, абмыліся дажджамі i снегам, зараслі палыном i сухадзяроўкаю — i ўсё навокал увогуле здзічэла, як тут i не жылі людзі.

Бацька i маці, як толькі зрабілі зямлянку, наслалі ў ёй замест пасцелі моху, пачалі цягаць з лесу бярвенне. Рэзалі там пілою стройныя сосны, валілі ix, разразалі, клалі на калёсы, без драбінак ды ляжанкі i цягнулі да свайго селішча. Каня не было: яго забралі ў абоз.

Да першых восеньскіх зацяжных дажджоў бацька зляпіў невялікі, на адну палавіну i з адным акном, зруб, накрыў яго трысцём, нашчапаў сасны, паслаў з гэтых плашак столь, на яе наслаў моху i нацягаў пяску, а пасля ўзяўся сам складваць печ. На яе выбраў цэглы з папялішча i зрабіў новай, накапаўшы гліны на Каменнай гары.

Аднойчы, калі майстраваў ложак-тапчан, да ix зайшоў барадаты партызан. Ён цяпер стаў старшынёй тутэйшага сельсавета. Павітаўся з бацькам i з ім, Казікам, за рукі.

— Ну, вось ужо ў Янковічах i ёсць людзі,— усміхнуўся ён. — Віншую! Значыць, будзе жыць веска… Можа, хутка вернуцца i астатнія янкоўцы, людзі з другіх вёсак — i будзем пачынаць пакрысе ладзіць новае, сацыялістычнае, жыццё… Пачнём з таго, — ён падміргнуў Казіку, — што зладзім школу… А пасля пачнём калгасы ладзіць, заворваць межы…

— Можа, ці вернецца ўжо хто адтуль?! — пабедавала маці.

— Вернуцца, — адказаў старшыня сельсавета. — Нашы ўжо вось-вось возьмуць Берлін… Але i ты, таварыш Хлябовіч, папрацаваў! — здзівіўся госць, пазіраючы на новую хату. — Так можна змоладу падарваць здароўе… Столькі працы… I што ж вы тут ясце, людзі?

— Булён по сны, зацірку, — адказала маці,— сушым трысцёвае карэнне, таўчом яго i варым каву, варым жалуды, робім павідла з лопухавага карэння… А вопратку мыю сабачым мылам…

— Так… — пацмокаў барадач. — Выцерпелі не такое, дык неяк выцерпіце i гэта… Усё хутка перайначыцца… Ну, а што вы кармілі мяне i маіх сяброў тут, на гэтым хутары, што правілі нам хамуты, шылі боты там, у Ружэвічах, я вам дам даведку, што вы памагалі партызанам, дам карову…

Назаўтра бацька з раніцы пайшоў у сельсавет i прывёў чорна-белую былую партызанскую карову. Маці гладзіла галаву каровы, а ж плакала ад шчасця, гаварыла, што цяпер, маючы карову, яны ўжо напраўду зноў выжывуць.

Бацька адразу ж узяўся касіць старую, нікім за гэтае лета не чапаную, здзічэлую траву. Хлява, канечне, хутка не мог зрабіць, адклаў гэтую работу на вясну. Дык прыставіў да шчыта хаты высокіх жэрдак, абклаў ix мохам, зноў, каб не сарваў моху вецер, наставіў наверх моху жэрдак i ў вузкім, але высокім катушку знайшлося месца карове, якую нанач прывязвалі за рогі пастронкам да ўбітага ў сцяну вялікага цвіка.

…Бацька ў вераснёўскі сонечны дзень паблізу хаты, на поплаве, касіў, a Казік з маці грэблі скошаную яшчэ пазаўчора траву i насілі яе да азяроду.

Працавалі моўчкі; бацька махаў i махаў касою; маці i Казік, вяртаючыся ад азяроду да поплаву, яшчэ ўсё чуючы салодкі пах сена, ішлі з апушчанымі галовамі, пазіралі долу: калолася ў босыя ногі.

— Зірні, сын, у цябе вочы маладыя… — неспадзявана сказала маці, штурхнула Казіка ў бок локцем i кіўнула на здзічэлае, зарослае парыжэлаю свірэпаю, асотам, асветленае цяпер жаўтаватым святлом невысокага сонца поле. — Ці не чалавек вунь ідзе…

Казік зірнуў у поле, але не ўбачыў на ім чалавека.

Тады зірнуў далей, туды, дзе неба сыходзілася з зямлёй, — і, здаецца, напраўду ўбачыў жывую душу.

— Нехта ідзе… — узрадаваўся ён: за ўсё лета ён бачыў тут толькі аднаго чалавека — старшыню сельсавета, — той прыйшоў да ix з другога боку, з Хатавы. А гэты чалавек ішоў з Налібак.

— Бронісь, Бронісь! — паклікала маці бацьку i паказала таму рукою. — Нехта ідзе… Няўжо хто з мястэчка вярнуўся ці з Налібак?

Бацька перастаў касіць, разагнуўся, прыклаў руку да лба i гэтаксама пачаў глядзець на чалавека, што ўсё прыбліжаўся.

— Мужчына… — пазнала маці, а пасля, калі чалавек падышоў бліжэй, спытала: — Зірні, Казя, ці не ў нямецкім ён мундзіры? Вой, дальбуг, той стары немец, які нас паліў… Утаіўся во, мусіць…

Калі чалавек падышоў зусім блізка, як можна было ўбачыць твар, дык i Казік пазнаў ужо: так, гэта той стары лысы немец. Ён быў у зношаным, без пагон мундзіры, у старой-старой пілотцы. У чаравіках. На схуднелым твары з запалымі, як выцвілымі вачыма, здаецца, стала яшчэ больш маршчын, якіх надта шмат — як слаямі — было на лбе.

— Дзень добры вам, — падышоўшы, пільна зірнуў на ix, маўклівых, строгіх, ціха прамовіў ён. — Дзень добры.

Hi бацька з маці, ні Казік яму не адказалі, пазіралі на яго, як на нейкае дзіва: як ён уцалеў тут да гэтай пары?

— Ведаю, што ненавісны i пану, i пані…— слабым голасам, як каючыся, загаварыў прышэлец, пазіраў то на бацьку, то на маці i нават на яго, на Казіка. — Паліў вас i мястэчка… Але я не хацеў… Быў загад… Каб не паліў — пакаралі б… I радню там, у Нямеччыне, пакаралі б…

Зноў на яго словы было маўчанне.

— Я быў салдат, меў дысцыпліну… Салдат мусіць…

— Што мне цяпер тваё апраўданне! — злосна перапыніў яго бацька. — Няма во мястэчка, няма людзей… Зямля пустуе… Я не бачыў, не чуў, хто там вам загадваў… Але бачыў, як вы тут білі нашых людзей, палілі нашыя хаты… Бачыў, што ад усіх вас, праклятых чужынцаў, не было нам дабра… Была б вот цяпер ваша сіла тут, дык зноў здзекаваўся б з нас… Але чаго ты цягаешея? Уцёк? Не, не ўцячэш. Хоць няма i калі, але ўсё кіну, завяду зараз у сельсавет…

— Я, пан, у палоне, у Кляцішках, — як апраўдваўся стары. — Маю дакументы… — i ён дрыготкаю рукою расшпіліў верхнюю кішэньку мундзіра, дастаў складзены белы зверху ліст паперы, падаў бацьку. — Маю дазвол хадзіць, маю заданне… Куды ж я ўцяку? Нікуды не ўцяку. Ды i каб уцёк, то маім жа горш было б… А на тое, што цяпер ёсць, што было б, каб мы, немцы, мелі тут яшчэ ўладу, дык скажу: вайна, пане… Чыя сіла, улада, таго i права…

Бацька не ўзяў у рукі паперы.

— Ну, дык i ідзі, куды ідзеш… Сыдзі з воч… Калі б не яны… — ён кіўнуў на маці i на Казіка. — Я з табой цяпер не так пагаварыў бы… А пра сілу ды ўладу не вучы: вучаныя… Ведаем, якія вы, заваёўнікі, дабрадзеі…

— То ўсё Гітлер… Ён хацеў захапіць Расію, а не я. Мне i дома зямлі даволі. I я хачу не ваяваць, а працаваць…

Стары немец пастаяў яшчэ крыху i пайшоў. Але не на зусім. Як толькі яго адпускалі, ён прыходзіў зноў, каяўся, прасіўся, каб яму бацька дазволіў папрацаваць. I бацька, як здаўшыся, дазволіў таму рэзаць дошкі, рабіць дзверы ды вокны, ляпіць пліту. Стары немец быў майстра адмысловы, рабіў усё паволі, але трывала.

Як пачалі капаць у хаце — за плітою — яму, дзе меліся хаваць бульбу, гародніну, што даў ім за працу ружэвіцкі дзядзька, разам са старым немцам пачаў прыходзіць i малады немец. Малады немец не ўмеў гаварыць ні па-польску, нi па-тутэйшаму, дык ні яго, ні ён нікога не разумеў. Увесь час ён маўчаў i ніколі не ўсміхаўся.

…Два немцы — стары i зусім малады — прайшлі вялікае заснежанае поле i наблізіліся да замёрзлай i закіданай зледзянелым снегам сажалкі, што была непадалёку хаты. Некалі збіраліся тут дзеці з усіх хутароў — Амшарка, Ляжджа, Падзеры, — расчышчалі лапатамі снег, прыносілі кола i моцную бярозавую жэрдку, ладзілі «казу» i каталіся. Крыку, смеху тады было на ўсё наваколле…

Гэтаю зімою на сажалцы стаялі асака, ваўчкі, мятліца, якія хісталіся ад ветру i асыпаліся перамерзлаю трухою.

Стары немец, Хойзер, быў i сёння, у нядзелю, апрануты ў знаёмы стары латаны шынель, падпяразаны вяровачкаю, у старой вушанцы, завязанай пад барадою, у чаравіках, абкручаных анучамі, малады немец — ні імя, нi прозвішча яго Казік не мог ніяк запомніць — плёўся крыху ззаду гэтаксама ў шынялі без пагон; рукавіц у яго не было, дык ён падцягваў рукі ў рукавы, скрыжаваў ix на грудзях. Быў ён у змерзлых, абшмальцаваных ботах i салдацкай нямецкай шапцы з апушчанымі на вушы адкладкамі. Шыя яго была голая, чырванелася. Ішоў ён, звесіўшы галаву.

Рыпнулі намёрзлыя, з белымі галоўкамі цвікоў дзверы, напусцілі халоднай пары — зайшоў у хату бацька, ужо з месяц такі ж, як i раней, худы, скура ды косці на ім, але, здаецца, памаладзелы: згаліў вусы i бараду. Цяпер ён быў чырвоны, шчокі яго ад марозу яшчэ больш сцягнула, i ён выглядаў зусім худым. Ён скінуў нацёрты чырвонаю цэглаго кажушок (адзін на дваіх з маці), на чорнай аблямоўцы якога набілася дробнага сена i мякіны, паклаў на край пліты рукавіцы.

— Ідуць, — сказаў бацька, зірнуў на маці, якая збіралася ўжо высыпаць на стол бульбу.

— А мы во… — прамовіла яна, — запазніліся, не паснедалі яшчэ…

Бацька прамаўчаў, зірнуў толькі на гаршчок з бульбаю, што стаяў на краі пліты, пракаўтнуў сліну, i Казік убачыў, што i ён вельмі хоча есці, бо кожнага дня з’есць, што дасць маці, i не раз кажа, што ён яшчэ столькі з’еў бы. Казік ужо сёння, як толькі маці адцадзіла ваду з гаршка, ухапіў пару гарачых бульбін i, перакідваючы ix з рукі ў руку, астуджваючы, з’еў, распаліў голад да таго, што аж забалеў жывот. Хочучы есці, ён як пра сон, што спіцца, але ніколі не спраўджваецца, успомніў пра даваенпыя нядзелі, у якія маці пякла смачныя бліны, смажыла катлеты, варыла мачанне i ячменную каву, а да яе пякла салодкія сухарыкі, намазаныя зверху жаўтком i пасыпаныя цукрам…

Стары немец ужо на двары, калі ўбачыў Казіка, шырока заўсміхаўся бяззубым ротам, прывітаў рукою. Малады немец зірнуў на акно i на Казіка з нейкаю зайздрасцю i тут жа зноў са стомаю звесіў галаву.

Гучна прарыпеў ля хаты ад крокаў снег, i госці пастукалі ў дзверы: яны, дзверы, адразу выходзілі на двор, бо не было яшчэ ні сянец, ні плота вакол хаты.

— Можна, — сказала маці.

Дзверы адчыніліся — i спачатку напаўзла панізе белая пара, за ёю ўвайшоў дзяцюк, тады ўжо ўсунуўся стары. Ён i прывітаўся, пачаў адразу адвязваць зледзянелыя матузы вушанкі.

— Ну i зіма! — закрактаў ён, пацёр далонню шчокі.— Такі мароз перад узыходам сонца… Агонь!

Маці i бацька слухалі i маўчалі.

— Не першы тут год, i не першая тут такая зіма… — гаварыў стары ўсё адзін. — Як вы толькі i жывяце… Мне холадна. Можа, i таму, што стары… А пра яго, — ён паказаў рукою на маладога немца, — няма што i гаварыць. Мерзне i мерзне… У бараку, у лесе з пілою… Сюды ледзь даплёўся, садзіўся колькі разоў на снег i гаварыў, што не ўстане… О, сын мой, ды ў цябе шчокі i нос белыя… — затрывожыўся стары, хуценька падаўся на двор, прынёс жменю снегу і, скінуўшы з галавы ў таго шапку, пачаў церці ім шчаку.

Рыжы падлетак — рыжы на твары ад рабаціння, на галаве ад валасоў — моршчыўся, шморгаў носам, спрабаваў адшпіліць гузікі шыняля, але ніяк не мог зрабіць гэта адубелымі нальцамі. Бела-пасінелая дасюль шчака чырванела, амаль на вачах налівалася ружовасцю. Ён моршчыўся (снег раставаў на шчацэ i цёк па шыі на грудзі), а пасля нечакана загаласіў на ўсю хату: мусіць, запалымнеў твар.

— I ў салдаты во ўзялі…— цёр падлетку шчокі, а тады i пальцы рук i гаварыў стары. — Дзіця ўзялі… Ён жа яшчэ зусім малады, шаснаццаці няма… Ці во я — салдат… Шэсцьдзесят на той год будзе. Але не паглядзелі на гэта, прыгналі: ваюй, стары, ваюй, малады… Ваюй за Гітлера. A Гітлер — ды якая трасца цяпер яму?! А мы…

Падлетак пачаў угравацца, расчырванеўся, але яму, як відаць, усё яшчэ балела ад гэтай цеплыні. Ён перастаў плакаць i з сорамам выціраў рукавом слёзы, забруджваючы шчокі.

— Рускі афіцэр гаварыў сёння, што рускія ўзялі Кольберг, Кезлін, — гаварыў стары. — Дык, можа, да вясны будзе канец такой доўгай i цяжкой вайне?.. Вашы людзі вернуцца, i мы паедзем дадому, паедзем, апусціўшы галовы… А! — ён махнуў рукою. — Якая яшчэ трэба слава! З мячом прыйшлі, ад мяча i галовы пагублялі… Скарэй бы да жонкі, да дзяцей!..

— Нашы людзі альбо вернуцца, альбо не, — азваўся бацька, — ніхто ж не ведае, чаго ix звезлі, што з імі…

— Так, пан, так, — заківаў у згодзе стары, — Гітлер наш вельмі нядобры, ён i ў нас сваіх праціўнікаў бязлітасна караў. Ад яго можна ўсяго чакаць… I вайну з Paсіяй ён толькі… А потым тут, — ён паківаў галавою, — так з людзей здзекаваліся.

— Божа мой, як нам абрыдзелі гэтыя войны… — уздыхнула маці. Яна сядзела ля стала, збіралася есці.— Гэта ж не месяц i не год нават, а запар гэтулькі гадоў ішла такая калатнеча… Гэта ж у каждую мінутку страх быў… Цяжка во цяпер, немаведама як дажыць да вясны, але няма страху, што прыйдзе нехта i ці абярэ, ці спаліць…

Малады немец падсунуўся да напаленай пліты i грэўся. Раз за разам шморгаў носам i кашляў. Бухаў неяк надта суха i цяжка — аж чырванеў на твары.

— Для нас трагед ыя, i для вас трагедыя… Для ўсіх народаў гора… — заківаў галавою стары, патаптаўся, гэтаксама падышоў да пліты i апусціў над ёю чорныя ад хваёвай смалы рукі.— I для ix, дзяцей, — кіўнуў на Казіка i на падлетка, — трагедыя, гора… Дзецям вучыцца трэба, а яны… Ды што яны за вайну бачылі? Жах адзін… Не тую, што трэба, навуку бачылі…

Маці моўчкі, слухаючы гамонку, палезла на печ, нагнула дзежачку, наліла ў міску саладухі, вярнулася i паставіла яе на стол. Саладуха наздрылася, кісла запахла. Немец-падлетак зірнуў на стол, праглынуў сліну.

— Можна, пані, я залезу на печ i пагрэюся? — спытаў стары, як заўважыў гэты галодны позірк маладога.

— Лезце, — адказала маці.

Стары разуўся, павесіў на сагнутую трубу ад пліты анучы, усунуў у чаравікі па паленцу i паставіў ix па пліце, прыхіліўшы чаравікі да трубы. Анучы адразу ж запарыліся, запахлі потам. Стары пабраўся на печ, адсунуў лахманы, карчажку, сеў на голай ляжанцы. Але доўга не ўседзеў, пачаў падкладаць пад сябе смалякі. За старым ля сцяны ўсё яшчэ спала Вэрця.

Маці ўкінула ў саладуху драбочак сахарыну, размяшала, стараючыся лыжкаю расцерці яго. Бацька гэтаксама моўчкі дастаў з кішэні фрэнча ножык i пачаў ім абіраць бульбу — здзіраць тоненькую лушпінку. Пальцам узяўся чысціць сабе бульбу i Казік.

Падлетак пазіраў усё на стол. Казік разумеў, чаго той так з прагаю пазірае. Ад гэтага свайго адчування Казіку рабілася чамусьці вельмі сорамна, i ён апускаў галаву, адводзіў позірк…

— Не магу, калі так пазірае… — кажа шэптам бацьку маці. Яна наўмысна перасела, прымасцілася спіною да рыжага падлетка. — Дзіця ж…

— Адлі крыху яму… — гэтаксама шапнуў бацька.

Стары, відаць, не пачуў, пра што шапталіся маці i бацька, але неяк зразумеў, што яны перамаўляліся пра ix: паклікаў маладога грэцца разам на печы. Той з неахвотаю падаўся, сцягнуў з ног боты.

Маці паднялася з-за стала, узяла з паліцы гліняную місачку, адліла ў яе з вялікай місы саладухі, узяла пару бульбін i пайшла да печы. Стары пазіраў на гэта ca спакоем, нават неяк з журботаю, а вочы маладога, здаецца, успыхнулі, заўсміхаліся. Ён не мог стрымацца i раз за разам каўтаў сліну. Вочы яго пазіралі толькі на гэтую няпоўную міску, дзе была рэдкая i кіслая саладуха.

— Не трэба, пані,— падняў галаву, сам каўтнуў сліну стары немец, — вам самім няма чаго, не тое што нам яшчэ… Нас жа кормяць у лагеры, мы ўжо цёплай вады з травою напіліся б ды пагрэліся б. I на тым дзякуй вам вялікае…

— Пасёрбайце, — сказала маці.

— I ў вас, пані, i ў людзей вашых добрае сэрца… — прамовіў стары, беручы ў рукі міску i бульбіны. — Ён, малы, яшчэ не бачыў гэтага, як не бачаць i каторыя старэйшыя, кажуць, што цяпер нам помсціць будуць…

— Вы гаворыце пра нашу пом сту ды злосць… — азваўся бацька. — Каб вы прыйшлі не з вінтоўкамі, не біць ды паліць нас, a прыйшлі ў госці, па-добраму, дык мы б вас i пакармілі i напаілі б… I песні разам паспявалі б. А так — якая нам радасць ад вас? Гора ды бяда толькі…

— Так, пан, так, — са згодаю заківаў галавою стары, перавярнуў на трубе анучы, якія пачалі падгараць.

У хаце запахла гарэлаю адзежынаю. Даўка было i ад жалезнай трубы, што пахла не па-цаглянаму мякка i ўтульна, як пліта, а дыхала па-свойму — суха i дзярката. Трубу гэтую маці штотыдня бяліла мелам, але бель адразу, як толькі труба награвалася, рудзела, а праз дзень-другі i адвальвалася.

— Можна, пані, я вазьму самавар? — стары аддаў міску i бульбіны падлетку, а сам злез з печы.

— Бярыце, — адказала маці.

— Дзякую, — прамовіў ён i босы пайшоў па халоднай гліне да парогa, наліў з вядра ў «самавар» —невялікі пусты снарадны патрон — вады i паставіў яго, адкінуўшы ўбок верхні маленькі кружочак, на пліту, зноў палез на печ.

У гэтым «самавары» грэла сабе гарбату i маці. Гарбата гэтая, праўда, вельмі доўга пахла жалезам i порахам, але цяпер «самавар» добра абварыўся i больш пе гаркавіў вады.

Калі вада закіпела, стары ўзяў з кішэні свайго шыняля загорнуты ў сінюю анучку скрутачак, разгарнуў яго. У ім была нейкая сухая рыжая трава. Ён адарваў ад пучка пекалькі лапак, разламаў ix i апусціў у вар. Тады дастаў з кішэні пінжака-мундзіра маленькую шкляную бутэльку, заткнутую гумовым коркам, адкаркаваў яе i высыпаў на далопь белых «пігулак» — сахарыну.

Стары трымаў сахарын на далоні i чакаў, пакуль высербае саладуху малады i калі настоіцца навар. Малады немец трымаў у руках міску, бульбіны, еў i стараўся не выпусціць з лыжкі ніводнай кропелькі. Калі нёс лыжку да рота, дык пад яе падстаўляў далонь i кропельку, што падала на яе, адразу ж злізваў.

Казік ужо здаволіўся, стаміўся сёрбаць, хоць i адчуваў, што не вельмі прагнаў голад. Поўны жывот, бурчыць у ім, але есці ўсё роўна хочацца.

Пачакаўшы, калі вада ў «самавары» пачала бурачковіцца, стары адліў з яго настою ў кубак, укінуў сахарыну, размяшаў лыжачкаю. Заплюшчваў вочы, бо кубак пёк рукі, а вада — рот, але піў маленькімі глыткамі, гучна, на ўсю хату, сёрбаючы.

— Сахарын блага на вочы, — гаварыў ён, — але гарачае надта добра для здароўя. I трава гэтая, маліннік, добра. У вас надта многа ўсякіх ягад ды траў, грыбоў. У вас усяго многа, вы надта багатыя на ўсё — на лес, на ваду, на сена, на поле… Толькі мір вам трэба, рукі ды машыны… Некалі вы будзеце добра жыць…

Малады немец, апаражніўшы амаль усю міску, толькі тады прыпыніўся сёрбаць, падсунуў яе старому, падаў яму паўбульбіны.

— Еш сам, хлопец, — махнуў той рукою, — табе трэба расці, дык i есці трэба болей. А я стары… Дзякуй во добрым людзям… — далей ён, павярнуўшыся да маладога, пачаў гаварыць нешта па-свойму — малады пазіраў на яго, услухоўваўся.

Казіку i бацьку маці наліла гарбаты, настоенай з сушаных чарніц: яна заўсёды, калі ядуць саладуху, робіць навар з чорных ягад — каб не балеў жывот. Казік i бацька пачалі сёрбаць гарачую чарнаватую, зусім не салодкую ваду, a маці паставіла на падаконнік астуджвацца свой кубак i ўзялася выціраць стол.

Падлетак слухаў ды слухаў старога, а пасля хутка злез з печы, з сорамам падышоў да маці, злавіў яе правую мокрую руку i прыпаў да яе вуснамі.

— Данкэ шэн, гнэдыгэ фраў…— прашаптаў ён, пазіраў на маці з вялікаю падзякаю, як яна ўсё роўна выратавала яго ад смерці.— Данкэ шэн!..[12]

— Не трэба так… — засаромелася, аж успыхнула чырванню маці i выхапіла руку, схавала яе за спіну. — Не трэба…

Падлетак збянтэжыўся, вярнуўся на печ, да старога, які адліў з «самавара» яшчэ вады, падсаладзіў, пачаў піць. Стары яшчэ нешта доўга па-свойму гаварыў маладому, той з увагаго слухаў i пазіраў на Казіка i на яго бацьку. I сёння, здаецца, нічога не было ў гэтым позірку спалоханага i дзікаватага, а ён, гэты позірк, выдаваў звычайным дзіцячым позіркам.

…На дварэ, падняўшыся над лесам, бліснула вялікае чырванаватае сонца, ружова i калюча засвяціла ў аброслыя намараззю вокны, i ад яго святла відаць было, як плыве па хаце дробненькі залацісты пыл, кратаецца цёплае паветра ля пліты. Гэтае позняе сакавіцкае сонца было яшчэ халоднае, бо рана было яму яшчэ быць цёплым за доўгую сцюдзёную зіму, не грэла праз цёмныя шыбы, праз стылае, астуджанае паветра, але раз паказалася, адчулася, дык пара ішла да цяпла…

1974–1977

Дарога

1

Палуднёвая пара.

Ліпеньскае сонца — не круглае ды маленечкае, як у звычайны цёплы дзень, a нібы расплаўленае, разлітае шырокім кругам — вісіць сама высока на пабялелым, амаль без блакіту небе. Гарачынёю дыхаюць зямля, каменні, нібы пераліваецца-мітусіцца блакітнае паветра; ад спякоты, здаецца, агнём гараць голыя плечы, на лобе буйнымі кроплямі выступіў пот. Ён цячэ струменьчыкамі па шчоках, трапляе на вусны — i ў перасохлым роце робіцца солана.

Я, абуты ў цяжкія ялавыя, з белымі жалезнымі заклёпкамі чаравікі, у выцягнутых на каленях картовых штанах, пад поясам якіх вільготна ад поту, у газетным капелюшы, ужо каторую пару — з раніцы, калі было яшчэ свежа i халаднавата ад расы, — дубасіў сырой тоўстай мятровай калодкай па каменнях, забіваў ix у цвёрды грунт. Тыя каменні, што я ўжо ўбіў, здаецца, лезлі ў зямлю з ахвотаю, але вось гэты — тоўсты, пляскаты — ніяк не лезе, толькі ўціскае, моршчыць пад сабою тугі пясок. Ад працы гараць, пацеюць у рукаўках далоні, ныюць локці i плечы, агортвае стома, i я, спадзеючыся на кароценькі адпачынак, зірнуў на другога трамбоўшчыка, на свайго аднавяскоўца Антона, старэйшага на гады тры, ніжэйшага, але болей плячыстага: ён, як i гадзіну-дзве назад, усё гэтак, здаецца, ціха i без спеху таўчэ i таўчэ ўсё новыя i новыя каменні, аж калоцяцца мускулы рук, i не думае адпачываць. Хоць стаміўся i ён: цячэ вунь ручайком з лоба пот, збіраецца на доўгім носе i падае кропелькамі долу, але Антон не спыняецца, усё трамбуе, калі-нікалі паварочвае галаву то да аднаго, то да другога плечука i выцірае аб ix пот з носа.

Я нарэшце пе вытрываў, не збаяўся, што з мяне, такога рабочага, пасмяюцца маладыя языкастыя дзяўчаты — яны падносілі нам з крушняў каменне. Я прыпыніўся, абапёрся грудзінай па калодку i прыбітую да яе зверху круглую невялікую, на паўметра, палку-ручку, за канцы якой я абедзвюма рукамі паднімаў i апускаў дасюль калодку, аддыхваўся, чуючы, як сохне, моршчыцца ад сонечнай гарачыні спіна, як торгае кроў у скронях,

Падышлі дзяўчаты — у выцвілых сініх трыко-штанах i ў кедах, у выпаленых сонцам белых станіках i хустках, — прынеслі перад сабою на апушчаных руках каменне. Здаецца, нават не зірнулі на мяне, прамаўчалі. Відаць, гэтаксама стаміліся. Моўчкі кінулі ля нас каменне i адышліся.

Я павярнуў грудзінай калодку, сам павярнуўся i ca стомаю паглядзеў на прымлелы наш, янкоўскі, лес, на новую, у вёрст пяць, дарогу. Яе мы брукуем ад Дзераўной замест старой, выбоіністай, мясцінамі вельмі пясчанай, сыпкай улетку, мокрай ды гразістай увосень. Глядзеў, бачыў i чуў непадалёку нашу дарожную тэхніку: з бліскучымі вальцамі цяжкія каткі, што поўзалі па дарозе то ўперад, то назад i ўціскалі пясок, за каткамі гудзеў грэйдэр, што адвалам распіхваў кучы пяску, засыпаў яміны, раўняў дарогу, i далёка ўперадзе, ля самага лесу, там, дзе надта пералівалася-мітусілася паветра, кратаўся скрэпер — зразаў грунт на пагорках. Ад мройлівага паветра ні вадзіцеля самага далёкага адсюль скрэпера, Васіля, ні брыгадзіра, дзядзькі Стася — самага сталага чалавека нашай маладой брыгады, — не было відаць, як i зусім не відаць за імі i акоранай сасновай жэрдкі праз усю дарогу. На жэрдцы пасярэдзіне вісіць жоўты трохкутнік з чырвоным абадком, а на трохкутніку намаляваны сагнуты чалавек, што ўпіхвае ў грудку пяску лапату. Такі самы знак стаіць i ля дзераўнянскай павароткі, там, адкуль мы пачалі ўкладаць брук. Яшчэ ў нашай брыгадзе дзве грузавыя машыны, адна з ix, самазвал, возіць пясок з кар’ера, дзе стаіць наш экскаватар, другая дастаўляе з блізкіх i далёкіх палёў каменне.

Самазвал сёння сапсаваўся, стаіць ля Дзераўной, у БМУ, там i шафёр ды экскаватаршчык, рамантуюць яго; грузавік недзе на ніўнянскім полі, ён павінен вось-вось вярнуцца. Як будзе тут i дзяўчаты-грузчыцы скінуць каменне, тады мы пойдзем палуднаваць.

Толькі я, сёлетні выпускнік тутэйшай дзесяцігодкі, самы малады з нашай хлапеча-дзявочай брыгады, куды сабралася моладзь з блізкіх вёсак, падумаў, што трэба перасіліць сваю стому, узяцца зноў трамбаваць, як пачуў сярод назойнага шуму каткоў, грэйдэра і скрэпера далекаватае ціхае, але натужнае вуркатанне грузавіка, — сэрца маё, здаецца, спачатку прымлела, так заціхла, што не стала чуваць яго, а пасля так раптоўна азвалася, як вынырнула аднекуль з глыбіні, што я мусіў прыжмурыцца ад болю. Я адчуў, што разгубіўся i захваляваўся: едзе грузавік, едзе i яна, Вікця, у якую я за гэтыя два тыдні, што працую тут, вельмі закахаўся.

Закахаўся, праўда, не ўпершыню, бо з бояззю, тоячыся ад усіх, кахаў некаторых харошых з твару аднакласніц, але ніколі пра гэта ім не прызнаўся. Цяпер, як мне здавалася, кахаю зусім інакш. Ca сталасцю ды сур’ёзнасцю. Вельмі хачу пра гэта сказаць Вікці, бо вельмі хачу, каб i яна мяне пакахала. Зноў коса пазіраю на Антона: ці не прыкмеціў ён маё хваляванне. Але той, выціраючы аб плечукі спацелы твар, так i не прыпыніўся ні на хвілінку, тоўк i тоўк калодкаю каменне, большыў брук на невялікай бездарожнай лапінцы стаўбцоўска-налібацкага шляху. Ад моцных удараў аб зямлю з яго бярозавай калоды адлушчылася, абвісла i трасецца бела-рудая кара, а на ручцы пасярэдзіне ўсё больш вылазяць наверх цвікі, i ручка пачынае паднімацца-апускацца на ix, замінаць, але Антон, вельмі ядавіты да работы, хоць можна было на хвіліну якую прыпыпіцца i забіць каменем цвікі, не зважаў на гэта, усё трамбаваў.

«Ці два ў яго сэрцы? — з зайздрасцю падумаў я. — Адкуль толькі бярэцца ў яго сіла?»

Я зноў, адчуваючы яшчэ большую ад кароценькай перадышкі стому, пачаў гэтаксама трамбаваць: ніяк няможна, каб Вікця ўбачыла, што Антон працуе, а я стаю. Я не толькі баяўся яе насмешкі, без чаго яна, здаецца, i жыць не можа, але мне i самому хацелася пахваліцца, што я не гультай i не такі ўжо «маладзенькі» сярод усіх астатніх, на гады тры-чатыры старэйшых за мяне.

Грузавік пад’ехаў сюды абочынай дарогі ад Дзераўной, запыліў — следам за ім цягнулася шэрая пясчаная сцяна. Яе не зносіла ўбок, бо не было ветру, а пакрысе, жаўцеючы на сонцы, яна асядала долу. Ужо здалёку ўбачыў, што ў кузаве на каменнях сядзіць толькі рабаціністая, вельмі дужая Гэлька, a Вікця сядзіць у кабіне побач з Фэлікам.

Сэрца маё зноў спачатку заціхла, а пасля затрапяталася хутка-хутка. Можа, i ад таго, што я добра ведаў: нядаўна дэмабілізаваны Фэлік думае жаніцца i, здаецца, вельмі ўпадабаў Вікцю. I мяне каторы ўжо дзень палохае не толькi тое, што Фэлік, якога я цяпер ненавіджу, такі смелы, a i тое, што Вікця, здаецца, яго ўпадабала.

Машына пад’ехала i прыпынілася паблізу нас, ля саменькага неглыбокага рова, абціснула яго бераг, i я, не перастаючы трамбаваць, правым вокам убачыў задаволенага, са шчасліваю ўсмешкаю Фэліка, убачыў ля яго невялікую, з чорнымі валасамі галоўку, з круглаватым прыгожым тварыкам. Мне здаецца, што Фэлікава i Вікціна галовы вельмі блізка адна ад адной.

Фэлік, нарэшце вызваліўшы рукі ад руля, не асцерагаецца, што мы ўсё бачым, прыхінуўся, абняў Вікцю, i яна, мусіць, не зусім шчыра пішчучы, не адрывалася ад яго, сядзела побач, пакуль ён не пацалаваў яе ў шчокі. Толькі пасля выскачыла з кабіны, скокнула ў роў, шчасліва пасміхалася. У гэтую хвіліну яна — высакаватая, вельмі стройная ў трыко — была надта харошая, як красуня на карцінах.

Вікця, усё смеючыся, паднялася, стала адною нагою на задняе кола машыны — яе трыко пры гэтым яшчэ больш абціснулася, паказала, якія стройныя яе ногі,— ухапілася рукамі за борт кузава і, матлянуўшы кароткімі распушчанымі валасамі, перавязанымі ля галавы гумкай, ускочыла наверх. Адчыненыя дзверцы ўсё яшчэ хіляліся, рыпелі.

Сюды высунуўся Фэлік, прыжмурыў левае вока. Я не вытрываў гэтай пераможнай ухмылкі, адвёў позірк; маўклівы Антон нават не зірнуў на машыну сваім адным вокам, нібы нічога не бачыў i не чуў. Я ж коса кінуў яшчэ позірк на Вікцю: яна, седзячы на каменнях, глядзела на нас, пасміхалася («Няўжо так усцешыла яе Фэлікава заляцанне?»), а пасля, сустрэўшыся позіркам з маім, нечакана пасур’ёзнела.

— Малавата, малавата вы, хлапцэ, падагналі! — заківала яна галавою. — Можна было i далей умасціць. Відаць, болей сядзелі, чым рабілі.

Антон прамаўчаў, толькі, здаецца, яшчэ больш сярдзіта, раздзімаючы шырокія ноздры ды прыкусваючы сасмяглыя вусны, заляскаў калодкай, i я зразумеў, чаму ён сярдзіты: i ён, як i ўсе астатнія хлопцы, нядаўна гэтаксама заляцаўся да красуні Вікці, i яна спачатку яму, як i кожнаму, усміхалася, жартавала, заманьвала, а пасля высмеяла за гэтае кавалерства, асаромела. Хлопцы-няўдачнікі хутка перажылі гэта, па-ранейшаму ліпнуць да яе, а Антон зацяўся — не дакарае, не ліпне, але болей яе як не бачыць.

— Дзе дзядзька Стась? — спытала Вікця. — Трэба нацкаваць яго на вас — лепей будзеце таўчы… З такім спрытам мы i да зімы нейкую там вярсту не забрукуем i нічога не заробім… Таўкачы!

Антон зноў прамаўчаў. А я не ведаў, як трэба аджартаваць. A апраўдвацца, што мы добра працуем, стараемся, не варта: Вікця ўсё роўна яшчэ да печага прычэпіцца, скажа дасціпней, а то i асароміць, не дасць, каб яе перагаварылі.

Фэлік — невысокі, але плячысты, у вайсковых зялёных штанах i ботах, у чырвонай майцы — вылез з кабіны, адшчапіў бліжэйшы ад сябе борт — каменне абсунула, выгнула яго, як адшчапіў i з другога боку, адскочыўся, кінуўшы борт уніз: у кузаве было поўна камянёў, i палавіна ix адразу, абіваючы край борта i грукочучы, пасыпалася ў роў. Узбіла там перагрэты пясок, стукалася адзін аб адзін ды пырскалася дробненькімі адбітымі кавалачкамі. Некаторае, руда-чырвонае ўсярэдзіне, крохкае, каменне расколвалася папалавіне, а то i зусім на маленькія драбкі. Калі каменне далей само не падала, Вікця i Гэлька пачалі піхаць каменне нагамі — i яно адно за адным кацілася долу, на верх крушні.

— Не згружвайце ў адну кучу! — нарэшце, прыпыніўшыся, зірнуў на грузчыкаў i сярдзіта сказаў Антон. — Трэба думаць i пра тых, хто будзе ix тут разносіць.

Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур’ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад’ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.

Калі зірнуў на янкоўскі прылесак, я ўбачыў, што сюды пешшу ідуць грэйдэрыст, скрэперыст i брыгадзір. Значыць, пойдзем ужо на полудзень.

Вадзіцелі прыпыніліся ля машыны i пачалі жартаваць з грузчыцамі, брыгадзір, дзядзька Стась — гадоў трыццаці васьмі, высокі лысы мужчына, адзеты ў новыя шэрыя штаны, жоўтую з кароценькімі рукавамі тэніску, у саламяным капелюшы — падышоў да нас з Антонам, зірнуў, колькі i як мы тут зрабілі без яго, пасля зайшоў на ўтрамбаваны намі брук, стаў на край уплясканага ў цвёрды дол каменя i пагойдаўся на адной назе, — але ні камень, ні пясок вакол яго нават не зварушыліся. Раней, як толькі я пачынаў брукаваць, было, што камень кратаўся, i мне прыходзілася вяртацца i перабрукоўваць. Дзядзька Стась патаптаўся яшчэ па некалькіх маіх i адным-двум Антонавых каменнях i ix не зрушыў, але нам нічога не сказаў. Падышоў затым да правага боку дарогі, дзе стаяў я, прысеў i паглядзеў, ці ладна — роўненька па нацягнутым шнуры — клаў я ля ўзбочыны каменне. Доўга пазіраў i зноў маўчаў.

— Хоць трыма вокамі глядзяць, але не крывяць… — вылезшы зноў з кабіны, захіхікаў Фэлік, скінуў майку i пагладзіў сваю дужую, загарэлую да колеру бронзы грудзіну.

Яму ніхто не адказаў; не ведаю, як у каго, a ў мяне паднялася лютая злосць на Фэліка, а пасля, калі ўбачыў, як успыхнуў сарамлівай чырванню Антонаў твар, — i нянавісць.

Дзядзька Стась раптоўна выпрастаўся, з гневам глянуў на Фэліка — i той, як i мы ўсе, вельмі паважаючы строгага, але справядлівага нашага брыгадзіра, зніякавеў, закруціўся, як вінаваты шчанюк. Пастаяў крыху навідавоку i схаваўся за машыну.

— Абед, хлопцы, — чамусьці толькі нам сказаў дзядзька Стась. — Кідай калодку, Антоне. Адпачывайце, падсілкуйцеся. Пасля абеду, Антоне, будзь за старшага, мне трэба падскочыць у Стоўбцы…

Я адразу паваліў долу калодку; Антон гэтаксама прыпыніўся, але не паваліў калодку, a ўзяў з зямлі невялікі камень, забіў на ручцы выпаўзлыя цвікі, абадраў з калоды адлушчаную кару i кінуў яе ў роў. Пасля ён падаўся па ўтрамбаваным намі бруку, туды, дзе мы сёння раніцай пачыналі працаваць, узяў свой i мой пінжакі, нашы сумкі з ежаю, вярнуўся сюды, бліскаючы адным вокам. Быў маўклівы i, здаецца, злосны. Ён першы, а я за ім услед залез у кузаў машыны. Тут у полі, пад сонцам, мы ніколі не палуднуем, пад’язджаем да лесу, садзімся ў бярозавым гайку на густой мяккай мураве.

— Паехалі, дзядзька Стась, — сказаў з віною Фэлік, выйшаўшы з-за машыны, падняў i пачаў зачыняць борт.

— Я пасля… — як i заўсёды, адмовіўся брыгадзір, збіраючыся i сёння есці адзін. — Едзьце ды на хвілін якіх трыццаць i зацягніце полудзень: гэтакая ж гарачыня! Пекла! Лепш вечарам пазней папрацуйце.

Вікця, стоячы ў кузаве, стрэсла з грудзей, са штаноў пыл, паправіла валасы, усміхнулася — i ад гэтай яе ўсмешкі палягчэла, прапала стома, хацелася думаць пра нешта вельмі прыемнае. Але Вікця не засталася з намі: саскочыла долу i падалася да Фэліка ў кабіну. I я праз задратаванае акенца бачу, як яны там сядзяць блізка, плячо ў плячо, усміхаюцца. Ніхто не ведаў, як я цяпер зайздросціў шчасліўцу Фэліку, як шкадаваў, што я яшчэ такі малады, не быў у войску i не вывучыўся за шафера.

Фэлік, увесь час рагочучы з Вікцяю, падвёз нас да бярозавага гайка, прыпыпіўся. Як мы злезлі, развярнуўся i паехаў дамоў. Разам з ім паехала i Вікця.

Паехала Вікця з Фэлікам у кабіне i вечарам…

2

Назаўтра, з самай раніцы, Вікця шапталася, пасміхалася з дзяўчатамі, i тыя, слухаючы яе, заліваліся смехам, часта кідалі насмешлівыя позіркі на Фэліка. Ён быў сумны, злосны, амаль не вылазіў з кабіны. Прывязе грузчыкаў i каменне з поля, сядзіць у кабіне i чакае, пакуль тыя разгрузяць. Калі аднаго разу Вікця паспрабавала сесці побач з ім, дык ён не пусціў: седзячы ў кабіне, трымаў за ручку дзверы i не даваў ix адчыніць.

Антон, бачачы гэта, ляпаў калодкай і, здаецца, пасміхаўся. Павесялеў i я, аднак з трывогаю думаў, якая яна смелая ды хітрая, гэтая Вікця. Як добра ўмее прыблізіць i адштурхнуць!..

У гэты дзень Фэлік не падвёз нас да лесу на полудзень: як толькі ў апошні рэйс згрузілі каменне, развярнуўся i памчаўся дахаты. I мы ўсе гуртам, стомленыя, але вясёлыя, падаліся пешшу. Як i заўсёды, без брыгадзіра.

— Дзівак гэты чалавек… — сказала Вікця, несучы на плечуку мужчынскую чорную, на доўгім поясе сумку з ежаю. — Ніяк не магу разгадаць гэтага нашага дзядзьку Стася… Нейкі ж надта нелюдзіна ён…

— Табе толькі i засталося аднаго яго паэкзаменаваць… — усміхнуўся скрэперыст Васіль — высозны, але тонкі, бледны, — які, здаецца, вельмі хутка перажыў Вікціну насмешку з яго заляцання. — Усіх жа ўжо прымусіла, каб у любві прызналіся, i ўсіх жа ўжо абсмяяла.

Васіль сказаў гэтак, а мяне пакрыўдзіў: застаўся я яшчэ, каго Вікця не асаромела. Але Васіль, відаць, не зважаў на мяне, лічыў зусім замаладым, раннім для такіх заляцанняў.

Вікця прамаўчала, усміхнулася сама сабе.

— Фэліку ж ужо, відаць, гэтаксама дала анучаю па зубах? — дапытваўся Васіль.

— З такога фацэтнага кавалера, можа, i грэх смяяцца… — з жартам адказала Вікця. — Прывёз учора дадому i хваліцца, які ён багаты. Водзіць усюды i паказвае: паглядзі, які добры дом… «А гэта вось наш сад, нашы бджолы…» — яна гаварыла Фэлікавым голасам, i за ёю амаль упокат рагаталі i хлопцы i дзяўчаты. — A частаваў як, людцы мае!.. Чаго толькі не было на стале! Пасля ўсе куры, свінні свае паказаў, пахваліўся, колькі мае новых кашуль i шкарпэтак. У лазню з паўсотні венікаў унад навязаў… Жонцы сарочак i трусоў, служачы за граніцай, пакупляў… Я вось як раз падыходжу да памеру таго адзення…

Я, слухаючы гэтыя абгаворы, адчуваў: можа, так усё i не было, бо Вікця можа цяпер i наўмысна шмат перакруціць. I сам сябе перасцерагаў: глядзі, Чэсь, не трапляй ёй на язык — каго-каго, а цябе, такога смелага i гаварлівага, яна зусім звядзе са свету!

…Сёння селі палуднаваць на новым месцы — на свежай зялёнай траве, у цяні ад вялікай разлапістай ды густой бярозы, — разгарнулі газеты, выклалі на ix усе свае стравы — хлеб, вараныя яйкі, сырое i печанае сала, гуркі, малако ў бутэльках — i абселі «стол» з усіх бакоў, елі ўсе разам — як адна вялікая сям’я.

Першыя наеліся дзяўчаты, адышліся, разаслалі свае пінжакі ды курткі i палеглі на спіны, падклаўшы пад галовы рукі.

— Хай тлушчык завязваецца, — нікога не саромеючыся, пажартавала дужая, як мужчына, Гэлька i пагладзіла тугі жывот. — Толькі сёння не мяшайце падрамаць.

Усе ўсміхнуліся, бо кожны ведаў: так, як яна хоча, яшчэ не было ніколі i не будзе: заўсёды яны, дзяўчаты, просяць спакою i заўсёды хлопцы не даюць ім ціха паляжаць, лезуць да ix, дурэюць. Янкоўцы — ні Антон, ні я — не лезем, i дзяўчаты, калі хочацца ім адпачыць, хваляць нас, папікаюць надта нахабных Васіля, Войтуся, Жэніка, а другою парою, калі працуем, калі ідзе між намі даверлівая гутарка пра ўсё маладое, дзяўчаты тады чамусьці якраз папікаюць нас з Антонам, кажуць, што мы цельпукі, што да нас ні адна дзяўчына сама не прыгорнецца.

— Дадзім падрамаць, калі толькі пусціце прытуліцца… — усміхнуўся Васіль, першы з хлопцаў адвярнуўся ад «стала» i на каленях ды на руках папоўз да Гэлькі, лёг побач, i тая не ўцякала, дазволіла вялікую, нават нечуваную для мяне, вольнасць яго рукам. Праўда, пасля, калі яны, гэтыя рукі, «палезлі туды, куды ім няможна», Гэлька схапіла ix, сціснула, што Васіль не змог i вырваць — i між імі пачалася валтузня, ад чаго Васіль хутка апынуўся наверсе, трымаў раскінутыя ў бакі дзявочыя рукі, пачаў цалаваць Гэльку. Яна i ca злосцю, i са смехам крычала, што ёй цяжка. Моршчылася, адварочвала твар, які разружовіўся да чырвані, як спелы памідор.

— Пусці, вой! — лямантавала Гэлька. — Злазь i ляж збоку крыцаю…

Ад гэтага зайздроснага піску пачалі ўхмыльвацца другія хлопцы: Войтусь, пасміхаючыся, падаўся да Ядзі, Жэнік — да Люci, i яны гэтаксама пачалі гарэзна валтузіцца i качацца пa зямлі. Дзяўчаты, вызваляючыся, здаецца, злаваліся, але так «сердавалі», што хлопцы ад ix не адыходзіліся, ліплі i молада, як ад агню, чырванелі.

— Хадзем, Гэлька, пашукаем ягад… — услых сказаў Васіль, усё яшчэ цалуючы яе ў шчокі ды цягнучы за руку, каб яна паднялася.

— Уга, пайдзі цяпер з табою! — зарагатала тая. — Дык добрую ягадку знойдзеш!

— Вой, які гадасны! Адлезь! — амаль у адзін голас вішчалі паблізу Ядзя i Люся.

Юзік, Антон — спакойныя, сарамлівыя хлопцы — адышліся ў зусім іншы бок i палеглі на спіны; я згарнуў газеты ў адну кіпку, падпаліў яе — каб не засмечваць лес. Бачыў, што Вікця сядзела, паклаўшы бараду на калені, усміхалася. Глядзела спачатку на гарэзных дзяўчат i хлопцаў, пасля павярнулася i зірнула на мяне. Усміхнулася так міла, што ў мяне сціснула дыханне ў горле.

— Давай, Чэсік, пабарукаемся: хто дужэйшы… — нечакана сказала яна i махнула рукою, каб я падышоў да яе.

Я засаромеўся: яна лічыла мяне зусім маладым, роўным па сіле дзяўчыне. Не зважала, што ў мяне ўжо i пышная прычоска, i вусы растуць, што я, нарэшце, закончыў ужо школу.

— Хадзі, міленькі…— ужо як сур’ёзна папрасіла яна i, як убачыла, што сам я не падыду, падышла, узяла мяне за руку i пацягнула да сябе.

Трымаючыся за невялікую, але дужую цёплую яе руку, я запалымнеў ад сораму, не хацеў уставаць: брыдка барукацца з дзяўчынаю! Нібы нікога з хлопцаў я i не падужаю!

— Ды грымні ты яе, малец! — пажартаваў Васіль. Ён не толькі дурэў з Гэлькаю, але i бачыў, чуў, што робіцца вакол. — Хоць адзін з нас пабудзь на ёй, наверсе…

Я не змог выцерпець, што яна так доўга просіць, i падняўся, з сорамам усміхнуўся, затаптаўся на адным месцы, не ведаючы, як узяцца за дзяўчыну, a Вікця хуценька, што я не паспеў міргнуць, прыпала, хапіла мяне пад пахі, сціснула, перагнула ў паясніцы — i я, баючыся паваліцца на спіну, ледзь устаяў на нагах, перагнуўся, замахаў рукамі, хапіўся за яе трыко, пачуў, што з мяне смяюцца. A Вікця моцна ціснула мне барадою ў шыю, а ж скрыгітала зубамі, але сілы яе паволі слабелі, i я, ледзь утрымаўшыся, здолеў крутнуць яе ўбок — i цяпер ужо яна, саслізнуўшы цераз мой клуб, нахілілася, а я выпрастаўся, адчуваючы, што яна амаль вісіць на маіх руках. Каб хлопца, дык я гэтай хвілінай добра ляснуў бы спіною вобземлю, a Вікцю з асцярогаю, але па-дужаму пераціснуў, толькі пачаў шукаць рукою зямлі, каб абаперціся i балюча не ўдарыць, не пабіць ёй спіны. Вікця, моцна перагнутая, не змагла ўтрымацца, упала на спіну, цягнучы мяне за сабою, i я разагнуў калені, каб не прыціспуць яе, упаў, знецойкі моцна націснуў грудзінай яе грудзі, што яна аж зморшчылася. Яна войкнула, аж зяхнула, i я, баючыся, што прыціснуў яе, хацеў хуценька ўскочыць, але яна нечакана абхапіла мяне за шыю рукамі, прыціснула, i я з хваляваннем адчуў пякучы дотык тугіх грудзей, жывата, сцёгнаў — нібы правялі па мне нечым гарачым. Вікця пацалавала ў шчаку, i шчака мая суха запалымнелася. Я з сорамам скаціўся, лёг побач, але не мог яшчэ вызваліць шыю.

— Ты самы лепшы за ўсіх… Я цябе люблю… — зашаптала Вікця, i я паверыў i не паверыў у яе шчырасць, але зусім разгубіўся: вось, вось яно, каханне! — Сёння будуць у нас танцы, прыходзь. Буду танцаваць толькі з табою, вось паглядзіш…

Яна адпусціла рукі — i я мігам адскочыўся, як ад нечага недазволенага, грэшнага, сеў i з сорамам падумаў, што ўсе чулі яе гэтыя словы, усе бачаць на маёй шчацэ след пацалунка.

— Не ўцякай, паляжы ля мяне… — шапнула Вікця, паляпала рукою ля сябе на зямлі.

— Яшчэ адна будзе ахвяра любві…— уздыхнуў Васіль. — Ну i крывапіўка: нават дзіця не пашкадавала! Але глядзіце, людзі, хлапчанё, а як расчырванеўся! Чуе ўжо — халера — бабу… Зашумела маладая кроў…

Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з yciх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.

Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!

…На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.

Амаль цэлы вечар яна папраўду танцавала толькі са мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў прыставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, адзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.

Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!

Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.

Вікця жыла гэтую пару, што працавала тут, на дарозе, ля БМУ ў прычапным вагончыку на колах: у адной палавіне спалі хлопцы, у другой — дзяўчаты.

— Не пойдзем туды, — прашаптала Вікця, прытулілася да пляча, — чуеш, колькі там стаіць скалазубаў? Будуць ацірацца да раніцы i лезці ў дзверы ды вокны. Я хачу з табой пагуляць… — I яна ўзяла за пальцы маю апушчаную руку, захінула яе сабе за спіну, а пасля прыціснула мае пальцы пад сваёю пахаю, i я, вось так неспадзявана абняўшы яе, адчуў тугую яе спіну, цвёрдую зашчапку ад статна, адчуў такое хваляванне, што мне стала i радасна, i трывожна, што здалося, што цяпер, ноччу, іду не па янкоўска-дзераўнянскай дарозе, a іду па нейкім невядомым казачным каралеўстве, іду з казачнай каралеўнай…

— Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут? — мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукавайцы.

— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.

— А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла… — уздыхнула Вікця. — Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі… Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая…

Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.

— Але не трэба больш пра гэта… — як папрасіла яна i мацней прыціснулася да мяне, прыпынілася, зірнула мне ў твар.

Ці мне здалося ў цемені, што твар яе блізіцца, ці, заміраючы, я сам нагнуўся, але хутка нашы насы сустрэліся, размінуліся, i я адчуў яе халаднаватыя вусны. Ад першага ў сваім жыцці пацалунка я аслабеў, асмялеў i абняў яе за плечы, прытуліў, адчуў, як яна блізка i аддана прыціснулася грудзьмі. Адчуў, як пахнуць яе валасы, як мяне ўсяго захлынае нейкае дзіўнае мяккае жапочае цяпло.

— Задушыш… — ціхенька засмяялася яна. — Малады, але гэтакі дужы… Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?

Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.

— Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі…— як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця. — З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы…

Я прамаўчаў. Але калі праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе…

…У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям’і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.

— Малы, малы, а як упіўся, што клешч… I гне… — пачуў я, як Вікця шаптала дзяўчатам. — Ледзь абаранілася.

Твар мой раптоўна загарэўся, i яго, мусіць, заліла чырвань: чаму я гэтак паверыў, быў такі шчыры? Дзеля чаго яна i з мяне строіць такія кепікі? Чаму яна такая?

I Вікця, i дзяўчаты зарагаталі — аж узняў галаву i ca здзіўленнем зірнуў на ix сур’ёзны дзядзька Стась, усміхнуўся. Я ж, здаецца, зненавідзеў у гэтую хвіліну Вікцю. Любіў i ненавідзеў…

3

Пайшоў на схіл жнівень.

За гэтую пару мы яшчэ далей выбрукавалі дарогу, а я атрымаў вельмі чаканы выклік у інстытут на вучобу.

Усе мяне, шчаслівага, павішнавалі з гэтым. Толькі адна Вікця, здаецца, пасумнела пасля гэтай весткі. Але я ўжо, як i Антон, не зважаў на яе, як i не чуў ды не бачыў, што яна робіць.

У апошні дзень маёй працы на дарозе дзядзька Стась прывёз мне пад вечар са Стоўбцаў плату, прэмію. Я думаў, як толькі распісаўся ў ведамасці i паклаў у кішэню грошы, развітацца з усімі i пайсці дадому, але хлопцы так мяне не адпусцілі.

Калі звечарэла, мы гуртам падаліся ў аблюбаваны лясок, паселі, разлажылі перад сабою пачастункі.

— Ну, вучыся добра, Чэсь, — першы сказаў тост дзядзька Стась, — А вучыцца будзеш: маеш старанне, цярплівы, цягавіты. А дарогу мы ўжо давядзём да ладу, будзеш некалі ездзіць па ёй дадому са студэнцкім чамаданчыкам па сала, дык успомні i нас, i нашу работу тут.

Пасля гаварылі амаль усе, жадалі мне добра вучыцца. Дзядзька Стась, як i ўсе, падпіў, развесяліўся, пачаў спяваць песні: да яго падсела Вікця, прымушала яго дапіваць, «не пакідаць зла». Яна з ім выпіла i на брудэршафт. I, як мне здавалася, сёння, каб захацела, магла i яго прымусіць заляцацца да яе: мела такую ўладу. Уладу красы.

Як усе наспяваліся, нажартаваліся, — а я крыху самотны ад ростані з сябрамі,— пачалі разыходзіцца. Я падаўся ў свае Янковічы з Антонам.

— Чэсь, пачакай! — тут жа пачуў я Вікцін голас.

Антон азірнуўся i мігам адвярнуўся, падаўся дадому адзін. Я не мог не прыпыніцца.

Вікця падышла, зірнула з нейкім смуткам. Яна, канечне, хацела мне нешта сказаць, але, мусіць, чакала, што загавару першы я, хлопец.

Але я маўчаў, пазіраў долу. На прыцемнены вечарам верас, на ўсыпаную рыжым шыгаллём зямлю, што пахла гарачынёю, смалой, мёдам, стомаю.

— Выбачай, Чэсь, не крыўдуй… — як папрасіла, усё ж першая загаварыла Вікця. — Я i сама не ведаю, чаму i цябе так пакрыўдзіла. Ты ж не такі, як каторыя, ты добры, а вот найшоў дур… — i зірнула на мяне з такою пяшчотаю, што я, каб быў старэйшы, смялейшы ды разумнейшы, можа, нічога i не сказаў бы, але ўзяў бы яе за руку — i ўсё-ўсё перамянілася б, было б у нас з Вікцяю нешта новае.

Я адчуваў, што гэтыя хвіліны вельмі важныя, але так i не здаўмеўся, што сказаць, не асмеліўся падысці да яе бліжэй. А яна — ці залішне паспадзявалася на маю сталасць, ці гэтаксама не асмелілася пасля ўсіх сваіх насмешак падысці бліжэй — стаяла, гэтаксама пазірала долу, наском кедаў шмаравала па зямлі, кусала сасмяглыя вусны. Ніколі я не бачыў яе такой нерашучай.

— Ну, я пайду даганяць Антона, — сказаў я, парушыў вельмі гнятлівую цішыню. — Усяго табе добрага.

— Напішы, Чэсь, мне… — папрасіла яна, зірнула на мяне, i ці ў прыцемку, ці напраўду я ўбачыў, што яе вочы як затуманіліся. — Я буду чакаць твайго пісьма. Як напішаш, як уведаю твой адрас, тады сама табе буду пісаць. Напішаш?

— Напішу, — адказаў я.

— Добра, — сказала яна, зноў з пянічотаю зірпула па мяне.

I я зноў не вытрымаў яе гэтага позірку, патаптаўся, пажадаў ёй яшчэ раз усяго добрага i пабег даганяць Антона.

4

…I вось зноў полудзень.

Толькі ўжо праз дванаццаць гадоў. I не ў вёсцы, не на дарозе Стоўбцы — Кляцініча, a ў Мінску, на Камароўцы.

Я, як i часта дагэтуль, зайшоў сюды купіць гуркоў ды памідораў у вясковых кабет.

Гандлярак, пажылых i маладых, было шмат, i яны наперабой заклікалі пакупнікоў узяць толькі іхняе дабро; тых жa таўклося яшчэ больш, aлe яны не спяшаліся купляць што-небудзь, a хадзілі натоўпам між радоў, прыглядаліся, прыцэньваліся.

— Бярыце, мужчынка, гурочкі, укропчык, — запрасіла i мяне яшчэ маладая, прыгожая, загарэлая кабета ў светла-жоўтай даўгаватай сукенцы, — большыя во па рублю кіля, меншанькія — па семдзесят капеек… Звязка ўкропчыку зусім дарэмна, па пятнаццаць…

Я запыніўся: хацеў паслухаць дарагую мне вясковую гаворку i хацеў непрыкметна яшчэ i яшчэ паглядзець на прыгожую кабету. Пачаў дзеля прыліку пазіраць на гладкi, пакрыты сашмараванаю бляхаю стол, на два сплеценыя з сасновага карэння i дзе-нідзе падладжаныя ўжо белым дротам кошыкі з ссунутымі на бакі старымі хусткамі: у кошыках зелянеліся гуркі. Свежыя, крамяныя, пахкія ад вятроў, сонца i расы.

Пасля, калі я агледзеў не толькі стол, гародніну, але i мазолістыя, крышку зеленаватыя ад травы гаспадыніны рукі, яе крышку паўнаваты ўжо жывот, які паказваў, што кабета ўжо раджала i не раз, высокія грудзі, доўгую прыгожую шыю, лыпнуў позіркам па загарэлым прыгожым твары — i мы пазналі адно аднаго: я — Вікцю, а яна — мяне.

Усміхнуліся, i, здаецца, абое абрадаваліся гэтай неспадзяванай сустрэчы: як-ніяк мы не бачыліся дванаццаць гадоў. Папісалі спачатку адно аднаму лісты, а пасля i гэтая перапіска раптоўна абарвалася: яна, Вікця, напісала, што выходзіць замуж.

— Чэсь? — усклікнула яна, заківала ад неспадзяванага дзіва галавою, пляснула па стале рукою, з захапленнем зірнула на мой дарагі шэры касцюм, белую кашулю i шыракаваты руда-чорны гальштук.

— Пастарэў? — ужо без разгубленасці, а смела, толькі крыху з хваляваннем усміхнуўся я, бачачы, што Вікця не толькі ўжо добра ўсталелася, але i пастарэла: ёсць вунь — i нямала ix — маршчыны ля вачэй, на лобе, страціла некалькі зубоў, замест ix паставіла залатыя, мае сур’ёзны, сталы позірк.

Не страціла толькі былой сваёй красы, а, наадварот, набрала яе, як кветка ў цяпло ды ў дождж, яшчэ больш.

— Чысценькі які во! — пажартавала яна, відаць, па-ранейшаму была смелай, гарэзнай, толькі i я цяпер быў не такі ўжо сарамлівы, легка вытрымаў яе позірк. — Не тое што мы, вясковыя. Ведама, у горадзе жывеш, лёгкую работу маеш. Чула, колькі раз чула, як спраўна гаворыш па радыё… Журналіст… Пачую — сяду i паслухаю: ведаю ж чалавека, рабілі некалі разам, нават крышку ўлюбляліся… — i ўсміхнулася з сорамам, як за даўні свой грэх, i я не вытрываў, гэтаксама крыху засаромеўся. — Колькі раз бралася табе пісьмо на радыё напісаць, напомніць, што ёсць такая, але баялася, што смяяцца будзеш: мы ж людзі простыя… Куды там да вас…

— Дзе ты i як цяпер жывеш, непераможаная красуня? — запытаў я, не зважаючы на яе астатнія словы.

— Дзе? — паківала яна галавою. — Нa зямлі… I даўно пераможаная ўжо. Я тады, як ты пайшоў ад нас, зноў рабіла на дарозе, ля Стоўбцаў. Ой, колькі я таго камення папацягала! Яшчэ крыху быў дур у галаве, яшчэ кепікі строіла. I дажартавалася: наляцела на прыезджага шафера, i ён перажартаваў… Пасля не смяялася, а плакала, каб узяў…— яна нікога не саромелася, расказвала голасна, рэплікамі адказвала пакупнікам, колькі каштуе яе гародніна, злавалася, калі тыя нядобра гаварылі пра яе гуркі.— Жывём пад Мінскам на яго радзіме. Ён шаферам робіць, я на птушкаферме. Трое дзяцей гадуем, дом свой, гарод, соткі маю. А ты?

— Думаеш, я да трыццаці ўсё яшчэ хаджу халасты? — усміхнуўся я. — Ці так i не здолеў перамагчы якой красуні?

— Ну, не… — зачырванелася яна. — Дзяўчат жа хапае… Ды цяпер гэтулькі многа пекненькіх дзяўчат. Каб i я разумнейшая некалі была, дык цяпер магла б быць жонкай такога важнага чалавека, у горадзе — пры газе, цёплай вадзе — жыла б… Але папікаю сябе i не папікаю: ты ж маладзейшы ды вучаны… Агледзеўся б некалі, мог бы яшчэ i не ўзяць. А са сваім мы абое рабое…

Я гэтаксама ўсміхнуўся: што было б, каб гэтая вось Вікця была маёй жонкай. I, можа, зусім іншае жыццё было б. А якое — цяжка i сказаць.

— Пэўне, бабы надта любяць: ладны ж?.. З такім i не грэх паўлюбляцца…

— У мяне i жонка ладная, дзеці харошыя, — адказаў я.

— Ведаеш… — ціха прашаптала яна, — каб зноў выпала калі з табою падужацца, дык, далібог, сама павалілася б… Было не было… — i гарэзна бліснула маладым бляскам у вачах. — Пастарэла, растраціла малады агонь на дзеці, але не ўвесь яшчэ дур з галавы выйшаў… Помніш, якая я тады была? Дык i цяпер пачці гэтакая…

— Калі ўжо тое было! — махнуў я рукою, падумаў, колькі за гэтую пару было ўжо чаго новага i вартнейшага. — Ды i дзяцінства было!

— Ну, чаму дзяцінства? — не згадзілася яна, — Маладосць была. Самыя лепшыя нашы гады, можа… Цяпер мы інакш жывём, надта пра ўсё думаем, а тады іначай жылі… Вось жывеш-жывеш — возьме ды ўспомніцца, заные душа, захочацца нечага лепшага…

— Гэта праўда, — усміхнуўся я. — Напраўду не раз хочацца нечага інакшага.

— Мне — хоць бы тваё… — сказала Вікця, а пасля як спахапілася: — Занясі сваім гурочкаў…— узяла абедзвюма рукамі з кошыка гуркоў, запатрабавала, каб я разгортваў i падстаўляў сетку. — Нарасло процьму, дык вот i прадаць рашыла, капейку на што сабраць. Не крыўдзі…— нахмурылася, калі я загаварыў пра плату. — Ешце на здароўе… А сам прыедзь калі ў нашу Сенніцу, саўгас наш добры, багаты — i напішаш нешта, i па радыё сваім зможаш сказаць добрае пра нас. Сазановіч цяпер я, на птушкаферме працую… Тады яшчэ болей пагаворым…

— Паглядзім… — падзякаваўшы, усміхнуўся я, развітаўся i адышоўся.

Калі пасля азірнуўся, дык убачыў, што Вікця не кліча да сябе пакупнікоў, a стаіць i з нейкаю журбою пазірае мне ўслед.

1976

Старая сасна

1

Зубрэй вяртаўся дахаты.

Ён паволі ішоў тупкаю лясною дарогаю, адчуваючы, што нахадзіўся за дзень, стаміўся пад гарачым чэрвеньскім сонцам, дык цяпер цяжкія сталі не толькі кірзавыя боты, сумка ці стрэльба, але цяжкая зрабілася i леснікоўская фуражка на галаве. Ён зняў яе i панёс у руцэ, адчуваючы, як прыемна ад хады ўзнікае ветрык, лагодна халодзіць скроні, лоб, густыя валасы.

Вёска, куды набліжаўся, была ўжо блізка: праз ціхі лясны звон, перасільваючы зумканне мошак i птушыныя спевы, даносіліся людскія галасы, дробны i часты стук малатка — нехта ў гэтым, бліжэйшым, засценку кляпаў касу.

Зубрэй крочыў i, здаецца, нічога не бачыў, без ніякага інтарэсу пазіраў на каляіны, на абабітае карэнне ды на абадраныя i засмаленыя сасновыя камлі, на шматкі сена, што нядаўна вырвалі з высокіх вазоў густыя асінавыя i бярозавыя галіны i што цяпер, зусім зрыжэлае, усё яшчэ вісела на дрэвах — адным словам, не ўзіраўся на лес, а вось раптам, калі быў ужо ля гары, ля Ям, дзе некалі, у вайну, вяскоўцы хаваліся самі i хавалі бульбу ды жыта, запыніўся i душою адчуў: чагосьці не хапае ў гэтым вялікім лесе…

Ён замёр i той рукой, якой за цвёрды брыль трымаў фуражку, пачасаў галаву, прыжмурыўся i пачаў узірацца, дзе i што тут знікла. Павёў вачыма на самы грудок, на рэдкія сосны i густое кустоўе i ўбачыў, што там чамусьці лысіцца вельмі вялікая прагаліна. У яго аж страпянулася сэрца: ды там жа яшчэ ўчора ўполудзень, калі ён праходзіў сюдою, стаяла старая, самая высокая i тоўстая тут паблізу, налітая смалой i ад таго, мусіць, цвёрдая што камень хвоя з зачасаным некалі ім жа камлём. Цяпер там гэтай сасны не было, як правалілася скрозь зямлю.

Пазіраў туды i не верыў сваім вачам, пасля збочыў з дарогі, прайшоў па папараці i густым, з яшчэ зялёнымі ягадамі чарнічніку i цяжка, нізка нахіляючыся ўперад, уссунуўся на гapy. Убачыў: не, хвою не вывернуў вецер (ды i як яна, сырая, цяжкая, магла паваліцца, калі не было на днях ні навальніцы, ні моцнага ветру?), яе не было зусім. На месцы яе ляжала невялікая, складзеная наўмысна кучка старога лому. Раскідаў яго нагою — паказаўся свежы шырокі смалісты пень, нізка, амаль ля самай зямлі, зрэзаны. Вакол яго сярод нацярушаных ігліц i аблушчанай кары бачылася белае i рудое пілавінне.

Галля, ні старога ды сухога, што было знізу, ні зялёнага верхавіння, паблізу не бачылася: яго, пэўна, параскідалі па лесе. Толькі добра было відаць, куды падала хвоя: падаючы, яна ламала, гнула ядловец i тонкія бярззінкі, папараць, a некалькі тоўстых сукоў, што былі спаднізу i зламаліся, яшчэ i цяпер сядзелі ў зямлі, бялеючы вострымі смалістымі канцамі-пікамі.

«I каго халера сюды ўвагнала? — i гнеўна i адчайна разгублена падумаў Зубрэй. — Здаецца, учора тут, у лесе, ні трактара, ні калёс не было. Няўжо нехта ўночы ўлез? Каліўночы ўкралі, дык гэта свае, з вёскі».

Не сказаць, што ў яго абходзе часта былі пакражы: наадварот, яны здараліся рэдка, як кажуць, рады ў гады. Можа, i таму, што стараўся, глядзеў лес, поле, сенажаці, як сваю гаспадарку. А то i лепей. А можа, i таму, што да браканьераў i парубшчыкаў быў не толькі строгі, але i суровы. Новы ляснічы, Клімуць, хваліў яго, часта гаварыў астатнім леснікам: «Вучыцеся працаваць у Зубрэя. Не канчаў, як вы, вучылішчаў, няпоўную сярэднюю адукацыю мае, але лепш за вас, вучоных, спраўляецца…»

Праўда, сам ён, Зубрэй, пры такіх гутарках не так цешыўся ад гэтай пахвальбы, як саромеўся: лічыў малою пахвальбою ды заслугаю тое, што за яго плячыма толькі ўсяго пяць класаў, ведаў, што каб выжыў у вайну бацька i памог маці дагледзець ix, пяцярых дзяцей, дык у ix зусім іншае жыццё, канечне, было б… А цяпер позна ўжо брацца за навуку.

Зубрэй падаўся, куды валілася хвоя. Бачыў тоненькія сухія трэсачкі, што нападалі там, дзе абсякалі голле; прайшоўшы далей, згледзеў параскіданыя ў бакі галіны. Далей, у папараці, ляжала i адсечаная зялёная верхавінка.

Пад’язджалі сюды на машыне: на той бок гары, ад сенакосу, была паламаная коламі папараць, a між каляін на ўцалелую траву пачаплялася мазута. Каляіны вялі на край лесу — відаць, да дарогі. За папараццю, дзе не было травы, ляжала ўсыпаная ігліцамі зямля, адбіткі колаў амаль не бачыліся, i дзе праехала машына, можна было пазнаць толькі па зломленых старых галінках — пераціснутых папалавіне, а то i на некалькі кавалачкаў. А на самой тупка-жвірыстай дарозе сляды зусім прапалі: засыпаліся пяском.

Зубрэй падаўся гэтаю дарогаю, выйшаў ca старога, а пасля i з маладога лесу на гуляшчае поле, дзе сам па сабе сеяўся дзікі хвойнік, i, зусім стомлены, прыгнечаны, пайшоў напрасткі да блізкай ужо, нізкай i старой сваёй хаты, стараючыся прыпомніць, хто ў вёсцы будуецца ці думае падладзіць старую хаціну, хто загаворваў калі з ім пра лес.

2

Падхапіўся Зубрэй раненька, яшчэ на світанні.

— Чаго ты ўспароўся? — прачнуўшыся ўслед за ім, запытала жонка, спрасонак пазірала, як ён сядзіць паблізу на зэдліку i накручвае на нагу анучу i яшчэ гэтаксама спрасоння не можа абмацаць пад ложкам з сагнутаю халяваю бот.

Ён прамаўчаў, стараючыся паадолець санлівасць, знайшоў нарэшце бот, абуўся, кіўнуў жонцы, каб маўчала: дзеці ж паблізу спяць.

Падышоў да ложка, што стаяў пры стаяку, i накрыў лёгкім коцам сыноў — пяцікласніка Янака i трэцякласніка Гіполіка; жонка моўчкі накрыла маленькую дачку, накінула на сябе халат, пагладзіла рукою сонны, але прыгожы твар, закруціла ў «куклу» валасы i прыткнула ix грэбнем. I, босая, поўная ды цяжкаватая ўжо ў свае сорак гадоў (яны былі равеснікі), пайшла са спальні, a ўслед за ёю падаўся i ён, прыпаднімаючы i ціха зачыняючы за сабою дзверы.

— Крадуць людзі, бо лепей хочуць жыць… — сказала ўжо на кухні Ядзя. Здагадалася, чаго ён так рана падхапіўся. — А ты ляснік, лічы, гаспадар лесу, а яшчэ ў бацькавай перасыпанцы жывеш… Трасешся за кожную хвоечку…

Ён змаўчаў, узяў з падаконніка пачак цыгарэт i закурыў. Падумаў: жонка гаворыць праўду — у старой ды халоднай хаце яны жывуць. Даўно час новую ставіць. Сёлета дык ужо абавязкова трэба выпісаць лесу на новы дом.

— «Пахвалу», «выгоду» вялікую атрымаеш за сваё старанне… — мыючыся, папікнула Ядзя. — Як i ў таго ляснічага… Вось упрэшся на сваім, не ўгодзіш, раз-другі не даўшы самому дзерава, дык перастане хваліць, а пачне чапляцца за ўсякую дробязь. Кажуць людзі, i гэты ласы на дармавое…

— Надта ты ды твае «людзі» многа ведаюць! — буркнуў ён. — Ды хіба я раблю дзеля пахвалы ці выгоды?!

Ядзя не адказала, уздыхнула, нібы сказала: дзе цябе перайначыш! Які нарадзіўся, такі i памрэш. Падалася на двор — даіць карову. Праз акно было відаць, як яна зняла з частаколу росную ад ночы даёнку i пайшла да хлява.

Зубрэй накінуў на плечы паношаны форменны фрэнч, надзеў фуражку i гэтаксама выйшаў з хаты.

Янковічы толькі прачыналіся: развейваючы густы, як дым ад сырога сасняку, бела-сіні туман, выплывала з-за зямлі ружовае сонца; спрасонку адзін за адным гарланілі пеўні; гулка паблізу i воддаль па вёсцы стукалі дзверы i звінелі вёдры; недзе ў далёкім засценку затрашчаў матацыкл.

Зубрэй выйшаў ca двара, абгароджанага старым, дзе-нідзе падпёртым каламі плотам, прайшоў па загуменні i павярнуў на сценку, хочучы яшчэ раз папрыглядацца да чужых загуменняў: а можа, хто ўжо выцягнуў ca схованкі дзерава i пачаў яго абкорваць ці пілаваць? Учора пад вечар, вярнуўшыся з працы, гэтаксама праходжваўся, але нічога падазронага не заўважыў, a распытваць паасцерагаўся: баяўся насцярожыць парубшчыка.

Сценка была сыпкая ад пяску i бязросная; ён ішоў, падбіваў гэты пясок, i той ледзь не пыліўся ўслед за ім.

«Сваяк ці не сваяк украў — складу акт, — думаў, напружваючы зрок, — няхай не скупіцца, капейку заплаціць, не лезе, як свіння ў чужы агарод. Няхай не лічыць, што ў дзяржавы можна браць як сваё… Будуць пасля гэтага, любіць ці не любіць — такой бяды… Але затое адаб’ю ахвоту красці».

Зубрэй прайшоў усю сценку. Як i ўчора, не ўбачыў нічога падазронага. Другую палавіну вёскі пачаў абыходзіць гэтаксама з агародаў, ідучы крайком аселіцы: тут блізка не было ні поля, ні лесу, a шырока раскінулася сенажаць, a ўздоўж яе цягнулася аброслая лазовымі кустамі старая канава.

Ён ішоў, расіўся да каленяў. Вось убачыў пенсіянера Асташонка. Той выкошваў за сваімі градамі, ля самай аселіцы, абгароджаную лапіну травы. Нізенькі, тоўсты, у паношанай сынавай салдацкай форме. Агледзеўшы яго, запыніўся i пачаў чакаць, калі ён падыдзе.

Прывіталіся.

— Ці не згубіў што? — усміхнуўся Асташонак.

— Шукаю… — адказаў Зубрэй, пазіраючы на траву — яе той не выкасіў, a нібы выгаліў брытваю да самых белых карэньчыкаў.

— Ці не хвойку якую ўкралі ў цябе?

Зубрэй змаўчаў.

— Відаць, добры спец трапіўся, калі ўжо ў цябе хапнуў,— паківаў галавою Асташонак.

— Можа, хто ў вашага Юзі машыну на днях прасіў? — спытаў Зубрэй, стараючыся не гаварыць пра пакражу ў сваім абходзе.

— Не ведаю, брат, — паціснуў плячыма стары. — Але дзіва ты мне прынёс.

— Дзіва вам… — зазлаваў Зубрэй i адышоўся, пацягнуўся далей па сцежачцы, што была між агародаў i аселіцы.

«Можа, даўно тая хвоя ўжо на пілараме, — падумаў.— Так яе дома трымаць будуць! Уночы ўкралі, уночы i адвезлі… Тут ужо загадзя абдумана ўсё i дамоўлена было».

Зубрэй дайшоў да доўгіх белых цялятнікаў, павярнуў ля ix i падаўся напрасткі праз Равок у лес, да Ям.

…I ў лесе, надта ў папаратніку, было сыра ад расы, вісела набрынялае вадою i зіхаткое ад сонечных праменняў павуцінне, мокры стаяў ядловец. Зубрэй абрасіўся па грудзі. Яшчэ раз агледзеў смалісты пень, пасля адышоў ад яго (куды падала хвоя) i пачаў пасвіць вачыма землю, стараючыся абсачыць, дзе відаць апілкі. Дайшоўшы да верхавінкі, павярнуў да камля, заадно мераючы крокамі дол. Вылічыў, што хвою парэзалі на чатыры бярвёны i на доўгую верхавіну.

«Пайду на пілараму i спытаю, хто прывёз чатыры тоўстыя бярвёны. Не пакажуць — сам агледжу бярвёны, пазнаю».

Ён павярнуўся на груд, сеў на пень, змахнуў з твару наліплае павуцінне i закурыў. I патухлую запалку па даўняй звычцы не схацеў кідаць долу, дык нагнуўся, каб запахнуць яе ў пясок. Запхнуў i ўбачыў ля ссечанага ядлоўцу замусоленую, складзеную ў некалькі столак, аброшаную паперку. Без вялікай цікавасці падняў яе, спакойна разгарнуў, распраміў — і, здаецца, апала сэрца. Гэта была вельмі мажная паперчына — квітанцыя за ўзяты напракат тэлевізар. Не ёй крышку разбрынялымі ад вільгаці, велікаватымі цяпер літарамі была запісана вёска, прозвішча.

«Агароднікі. Дзеравяка В. М.», — прачытаў Зубрэй i адразу ўспомніў гэтага чалавека.

3

У суседнюю, за вёрст пяць, вёску Агароднікі Зубрэй выбраўся вечарам: з раніцы, пазваніўшы на янкоўскую ферму, яго выклікалі на нараду ў лясніцтва, пасля хадзіў пад Крычаты, дзе людзі рэзалі сабе бярэзнік на дровы i палілі галлё. Нікому пра кражу ён нічога не сказаў, надумаў сам з’ездзіць да Дзеравякі, абгледзець усё, пагаварыць, a калі трэба будзе, дык i перамовіцца з людзьмі-суседзямі, a тады ўжо думаць, што рабіць, як i каму што сказаць.

На матацыкле Зубрэй заскочыў у Агароднікі мігам.

Новы, ашаляваны, вымаляваны вялізны Дзеравякаў дом стаяў амаль на самым канцы вёскі ў засені вішань i бззу. За прыбудовамі гусціўся вялікі сад. Пад’ехаўшы, Зубрэй аж з зайздрасцю агледзеў трывалы новы дашчаны плот, бетонныя слупы ў ім, высокія жалезныя вароты i вылітыя цэментам дарожкі ў дварэ.

Гаспадар — былы кладаўшчык, рослы, у целагрэйцы без рукавоў, у выпнутых на каленях штанах i ў лёгкіх сандалях на босую нагу — быў у дварэ. Стаяў ля дрывотні каля тоўстай калодкі i перасякаў галлё. Пасля азірнуўся, усадзіў у калоду сякеру, выпрастаўся i пайшоў насустрач.

— Здароў быў, сваяк! — адказваючы на прывітанне, пажартаваў: калі даводзілася сустракацца, ён заўсёды называў яго сваяком (Зубрэй узяў з гэтай вёскі жонку). — Здароў! Заходзь, скажы якую навіну. А то я цяпер болей дома сяджу, мала што чую, дзе што робіцца…

— Я, дзядзька, з нецікавымі весткамі,— Зубрэй не меў ахвоты шмат перастарэкваць попусту, пачаў, як кажуць, хапаць быка за рогі.

— Што такое? — здаецца, шчыра ўстрывожыўся Дзеравяка. — Бяда якая?

— Прыехаў, дзядзька, на вас акт складаць…

— Дзе ж я так правініўся перад табою, сваяча? — Дзеравяка мігам змяніўся, усміхнуўся, i Зубрэй раптоўна разгубіўся, адчуваючы, што той, можа, i не браў ніякага дрэва, a калі i ўзяў, дык не надта ў гэтым прызнаецца: во які смелы ды вёрткі. Той ухмыляўся i цяжка, нібы жартуючы, нібы насміхаючыся, пазіраў у вочы. — Можа, дрэнны сваяк я: здаецца, ніколі i не пачаставаў цябе?

— Хвойку вы ў маім абходзе на Ямах зрэзалі,— рашыў астудзіць яго кепікі Зубрэй, зірнуў у Дзеравякавы глыбокія вочы i сумеўся, што яны такія вялікія, шэрыя, нейкія пустыя.

— А каб на цябе! — Дзеравяка засмяяўся, лэпнуў на каленях. — Напалохаў ты мяне, чалавек. Я думаў ужо, што з маткай тваёй нешта сталася… Як яе здароўе?

— Добрае, — Зубрэй пільна пазіраў у вочы Дзеравяку, бачыў, што хітруе, як ліс, адчувае за сабою віну. — Дома лес ці на пілараму ўжо завезлі? Чатыры кавалкі i пятая вяршынка…

— Не браў я, чалавек, ніякай хвойкі, як ты мог падумаць на мяне? — спакойна, упэўнена, голасам старэйшага сказаў Дзеравяка, падняў з зямлі цвік i ўсадзіў яго ў паз сцяны. — Раз прыйшоў, Косцік, сюды з такімі думкамі, то благія людзі пастараліся нагаварыць на мяне.

— Каб жа так, дзядзька. Паперка вось цвердзіць, што гэта вы… Відаць, вытраслі, калі даставалі запалкі…

Дзеравяка хацеў узяць квітанцыю, але Зубрэй не даў, схаваў у кішэню.

— Такую паперку мог i я напісаць на любога. Ты толькі вер усім. Ды паперкам усякім.

— Не простая гэта паперка, дзядзька, а ваша квітанцыя. Ваша вёска запісана, прозвішча. Так што я прыйшоў з доказам…

Дзеравяка, канечне, адчуваў, што яму не варта ўпірацца, маніць. Нейкую хвіліну ён нібы зычліва пазіраў, а пасля быццам па-прыяцельску зарагатаў:

— Следчы, гы-гы-гы! Вынюхаў, каб на цябе ваўкі!.. Вось табе i простая паперчына, каб ты згарэла!

— Адмаўляцца не будзеце, што ўзялі, ці з міліцыянерам i дэпутатам прыйсці? — спытаў Зубрэй сур’ёзна, не маючы ніякай ахвоты смяяцца.

— Я, браток… — усміхнуўся Дзеравяка і, відаць, гадаў, што ж далей будзе, але зусім не саромеўся, што дасюль так маніў, адпіраўся.

— Пазаўчора ўночы ўкралі, машынаю з сенакосу пад’ехалі…

— Усё выследзіў… Вось ляснік! Следчы, далібог! — нібы хваліў, але, мусіць, у душы кіпеў кіпнем.

— Хвойка гэта, дзядзька, адмысловая, навідавоку была… — зморшчыўся Зубрэй, зірнуў на дрывотню i на дварышча, спадзеючыся ўбачыць дрэва, але нічога не ўбачыў: яно, відаць, было добра схавана хітрым парубшчыкам. — Будзем, дзядзька, складаць акт, паеду толькі па міліцыянера…

— Не спяшайся… — Дзеравяка нечакана заступіў дарогу. — Не гарачыся, Косцік… Канстанцін Пятровіч. Зойдзем спярша ў хату, пасядзім, пагаворым. Мы ж людзі, згаворымся неяк…

— Не, дзядзька. Ды пра што тут гаварыць: парубка ёсць парубка… — Зубрэй узяўся за брамку, хацеў адчыніць яе.

— От чаго ты лезеш на ражон! Не кіпі? — сказаў Дзеравяка. — Зойдзем у хату, я табе паперку з лясніцтва на дзерава пакажу, каб супакоілася твая душа. Сам Пятровіч, а не хто іншы падпісваў.

Зубрэй разгубіўся, з недаверам зірнуў Дзеравяку ў вочы.

— Калі вы мелі дакументы, дык чаго цішком ды ўночы лезлі, кралі?

— Ды каб людзям вочы не мазоліць, — адказаў Дзеравяка, пацягнуў за рукаво ад брамкі.— Хадзі пакажу паперку.

Павёў за локаць, адчыніў у сенцах дзверы i прапусціў паперадзе сябе.

— Мы тут разуваемся, ходзім у хаце ў тапачках, але ты ідзі ў ботах, табе можна, — гаварыў Дзяравяка i падштурхоўваў яго ў спіну, нібы стараўся хутчэй запхнуць у хату. Сам скінуў сандалі, абуў тапачкі i ў ix падаўся ўжо ў хату.

Там было чыста, утульна: свежая белая столь, вымаляваная ў блакітны колер печ, на падлозе ляжаў новы чысты ходнік, стол быў засланы новаю цыратаю. Зубрэй аж сумеўся, што зайшоў у запыленых ботах.

З другой, лепшай, палавіны хаты выйшла невысокая пажылая гаспадыня, пільна, бадай з насцярожанасщо зірнула на Зубрэя, на свайго мужа і, разгубіўшыся, стала.

— Можа, павячэраем спярша? — спытаў Дзеравяка, выключыў радыё, зацягнуў на вокнах фіранкі.— Нашча i язык не так ходзіць…

— Не, дзядзька, другім разам не адмовіўся б, але сёння не магу, — сказаў Зубрэй. — Паказвайце паперы.

— А ты садзіся i сёння, не адмаўляйся. — Дзеравяка зняў з яго галавы фуражку, павесіў яе на вешалку, запрасіў садзіцца на столаку.

Сам сеў на лаву, палажыў рукі на край стала.

— Я табе, чалавек, зараз усё раскажу, каб не думаў многа ды не баяўся нічога… Уздумаў я сабе яшчэ асобны паднавесік скідаць, а дошак няма. Я — да Пятровіча, a Пятровіч — даўні мой друг, з тых яшчэ ваенных, часоў… Паслухаў ён мяне i кажа: вазьмі ў аднаго ды ў другога лесніка па хвоі. У тваім абходзе, як ехалі з ім да мяне, сам мне тую таўстулю паказаў. Ну, я доўга не думаючы — i за яе… Таўсценная, братачка ж, была, смалістая, вось памучыліся, рэжучы! Сам ведаю: не надта добра выйшла, трэба было спачатку перагаварыць з табою, але спяшаўся ды i цябе напаткаць не мог…

— Дык Пятровіч ведае? — спытаў Зубрэй, крыху супакойваючыся.

— Кажу ж табе, — пацвердзіў Дзеравяка, пасля павярнуўся да жонкі: — Дастань, баба, тую, пачатую…

— Не буду я, дзядзька, — Зубрэй не хацеў звязвацца з гэтым Дзеравякам.

— Не памрэш, калі кроплю возьмеш. А мне сорам: быў добры чалавек у хаце, а я яго па-людску не прыняў.

— Але ж быў я сёння ў лясніцтве, нешта ўсе маўчалі,— сказаў Зубрэй. — Hi перасцераглі, ні спыталі…

— Забыліся, можа. Сам ведаеш, колькі ў ix дзялоў.— Дзеравяка падняўся, прынёс з кухні чаркі, хлеб, следам за ім жонка падала нарэзанае сала, агуркі.

— Можа, яно i так, як вы гаворыце, але мае дзела далажыць, а начальства хай разбірае, — сказаў Зубрэй. — А па-другое, паперку ўсё ж дайце мне, а то слова вашага нідзе не пакажаш у апраўданне i ў справаздачу не прышпіліш…

— Ну i палахлівец ты, як бачу. Кажу ж: нічога нікуды не пішы i нікога не бойся. — Дзеравяка выцягнуў гумавы корак з пляшкі i наліў поўную чарку Зубрэю, палавіну сабе. — Я зладжу з Пятровічам, усё будзе добра i ціха… Бяры, будзь здароў.

Дзеравяка першы падняў чарку, стукнуўся i памалу выцягнуў усё. Зубрэй вагаўся — піць ці не піць. Гаспадар ківаў галавою, каб выпіваў ды хутчэй прыкусваў.

— Бяры во гурочкі,— падсоўваў i гаварыў Дзеравяка. — На кірмашы дарагія яшчэ, не дакупішся, але я, брат, лічы, за дармавіну дастаў. Сын мой на базе… Адходы, так сказаць… Сапсаваліся ці мышкі пагрызлі — ёсць жа процанты порчы… А гэтыя адходы смачныя. Ге-ге-ге…

Зубрэй маўчаў, прыкусваў.

— Дык гаворыш, перажываў крыху, не паспаў гэту ноч? Ге-ге-ге… — Дзеравяка расчырванеўся, бліснуў вачыма, неяк не хочучы, рагатаў.— Ведаю, што службіст ты адмысловы… Але не перажывай. Усё будзе добра, кажу. Прапала адна хвойка — дык прапала… I абход табе будзе, застанецца, i плата ісці не перастане, i ляснічы задаволены будзе… Мала што ў лесе бывае: i ветрам тыя хвойкі выварочвае, i громам б’е… Знойдзеш сведак, складзеш акт — i ўсё… Лесу хопіць, ды ён не твой. А дзяржава па адной хвойцы не абяднее…

— Так можна, дзядзька, калi слухадь вас, i ўвесь стройкі лес уціху выразаць, — сказаў Зубрэй. — Я дык добра знаю, што ўжо яго паменшала…

— Ты менш, дружа, бядуй, бяры да сэрца. — Дзеравяка махнуў рукою. — А матацыклет ты ладны купіў,— i жартоўна прыжмурыў вочы. — Гаворыш вось тут мне пра чэснасць ды беражлівасць, а сам, відаць, грошыкі ў лесе знайшоў…

— Не займаюся я гэтым, дзядзька, — незалюбіў Зубрэй. — Цялушку летась увосень прадаў i за яе купіў…

— Такой бяды, каб i загнаў машыну-другую каму надзейнаму, падзарабіў крыху. Жыць жа трэба… Пятровіч нешта таксама хутка «масквічок» купіў… Прыехаў сюды яшчэ нядаўна з чамаданчыкам, а цяпер ужо не толькі ў сваім легкавіку, але яшчэ i на грузавіку ўсяго свайго дабра не вывезе… — яхіднавата i з хітрыкай прамовіў, але, бачачы, што яго не хочуць падтрымаць у такой гутарцы, сказаў быццам абыякава: — Хаця гэта не наша дзела, усе мы хочам добра жыць, купіць многа чаго i надта не патраціцца…

— Такі хлеб, дзядзька, не надзейны… — перапыніў яго Зубрэй. — Дык пакажыце тую паперку.

— Эйш, цягнёнік, халера! — заківаў галавою Дзеравяка. — Мала тых сто грамаў… Я i сам гэта ведаю. Я, брат, умею з людзьмі жыць, усё разумею… — усміхаючыся, ён адшпіліў гузік з памятага накішэнніка, дастаў i кінуў перад Зубрэем дзесяць рублёў.— Гэта паперка трэба? Гы-гы-гы!

— Я не гандляр чужым дабром, — Зубрэй, як ад агню, адсунуўся ад стала. — Не трэба мне вашых грошай. I нядобра вам, старому чалавеку, лезці ў лес, падманваць ды Пятровіча чарніць…

— Цягнёнік, халера! Гы-гы-гы! — Дзеравяка палажыў на стол яшчэ адну пакамечаную, парваную з боку паперку — пяцёрку. — Дармо, што малады, а дзела ведаеш… Начальства хваліць, але на матацыкле ездзіш, відаць, дома ў панчосе тое-сёе ляжыць… На, бяры, — ён узяў грошы, склаў ix, нюхнуў, жартоўна цмокнуў i працягнуў Зубрэю.

— Не хапуга я, дзядзька.

— Усе мы не хапугі, але ўсё стараемся грэбці пад сябе… — Дзеравяка ўстаў i даваў грошы. — Не бойся: ні адна жывая душа не будзе ведаць… Бяры, ды яшчэ, можа, дамовімся з табою на які пянёк ці на лапіну сенакосу.

— Вось які вы, дзядзька! Укралі самі, яшчэ хочаце…

— Хачу, брат. — Дзеравяка засмяяўся, пастараўся сам палажьщь яму ў кішэню грошы.

Але Зубрэй не даўся, адсунуўся.

Дзеравяка разгублена зірнуў, як не паверыў, што не хочуць браць дармовых грошай, падсунуўся. Зубрэй падхапіўся з-за стала, забраў з вешалкі фуражку i памкнуўся з хаты. Гаспадар, як чулася, подбегам шыбануў за ім.

— Ты што? — нібы здзівіўся, стараючыся забегчы наперад. — Не жартуеш? Бяры… Правы памагу дастаць…

— Правы я i без вас дастану. I акт напішу… — сказаў Зубрэй не азіраючыся. — Што ж гэта будзе, калі ўсе вось так…

— Паслухай… — хапаў за руку Дзеравяка, але Зубрэй паддаў кроку i выйшаў з двара.

— Я ўсё сказаў…

— Можаш пісаць… — злосна, праз зубы працадзіў Дзеравяка. Прыпыніўся ля брамкі.— Але не ўшчунеш ты мяне сваёю папераю: ёсць каму заступіцца… A ў цябе, дурня такога цвердалобага, пажар можа здарыцца ці парубка якая вялікая — пойдзеш з лесу, толькі я слова некаму шапну ці паперу складу… Другога каго, з большай граматай, паставяць… Ці медалёк захацеў палучыць?

Зубрэй маўчаў: пра што было гаварыць? Ён i так шмат патраціў тут часу. Завёў матацыкл i паехаў. Дзеравяка яшчэ нешта крычаў, прыпалохваў, але хутка яго голас перастаў чуваць.

Зубрэй праскочыў вуліцаю вёску, павярнуў за ёю на пагонку, адчуваючы, як дыхнула ў твар свежасцю, i хутка апынуўся ў маладым, а пасля i ў старым, яшчэ цёплым ад гарачага дня лесе — сваім абходзе. У ім было ўжо цемнавата, толькі стужкаю свяцілася дарога-брукаванка.

Зубрэй стомлена зірнуў на лес i востра адчуў, што той пабяднеў яшчэ на адно вялікае старое дрэва.

1971

Страта

1

Як цяпер, помню: Бокуці прыехалі ў нашу вёску ўвосень. У разлагоджаную, ціхую i сонечную часіну — у самае красаванне бабінага лета.

Казалі, дагэтуль Бокуць-бацька працаваў у горадзе, быў на добрай пасадзе, але сам папрасіў, каб яго назначылі дырэктарам нашага саўгаса. Разам з ім заявіліся яго жонка i двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка.

Дзяўчынка, Валя, была яшчэ маленькая, мела ці не тры гады, а хлопчык, Міця, быў мой аднагодак, як i я, пяцікласнік.

Міця адразу выдзеліўся сярод янкавінскіх падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды з сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. На дварэ шчадрыўся яшчэ пышным цяплом верасень, мы, янкавінскія дзеці, былі яшчэ ў касцюмчыках, a Міця апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе, нёс у руцэ не ранец, як насілі мы, a пакоўны чорны скураны партфель з металічнаю акоўкаю на рагах. I яшчэ Міця быў у акулярах, надзвычай белы; амаль усе гараджане, што прыязджалі да нас, мелі не чырвань ці ружовасць, як мы, вясковыя, але такой белізны на твары дасюль мы не бачылі ні ў кога.

Адмысловае адзенне, партфель, акуляры рабілі Міцю сур’ёзным, разумным i сталым — ледзь не маларослым дзядком. Усе ў вёсцы, хто спатыкаў яго на вуліцы, здзіўляліся, азіраліся не то з усмешкаю, не то з пачцівасцю на такога незвычайнага вучня, які ішоў у школу не адзін, a з маці, трымаючы яе пад руку. Кабета таксама мела на сабе адмысловыя, гарадскія, уборы — светлы плашч, жоўтую касынку на шыі, жоўтыя туфлі. На галаве ў яе красавалася прыгожая завіўка.

Міця з маці спачатку зайшлі ў настаўніцкую, а пасля ўжо наша класная кіраўніца прывяла навічка ў пяты «А». Як i заўсёды перад пачаткам урока, мы бегалі, штурхаліся, гаманілі, але пры Ірыне Вітальеўне i навічку пацішэлі, бачачы, што дырэктараў сын будзе вучыцца якраз у нашым класе: сын ранейшага дырэктара саўгаса, ганарлівец Артур, таксама вучыўся разам з намі i нямала папсаваў нам ды настаўнікам крыві. Які ж будзе гэты навічок, як ён пачне паводзіцца? Я здзівіўся, можа, больш за ўсіх: класная сказала, што Міця Бокуць будзе сядзець са мною на першай парце (мяне пасадзілі тут як летуценнага, не зусім уважлівага вучня, каб я заўсёды быў на вачах i каб пастаўнікі ў любую часіну маглі перапыняць мае мары-мроі ды вяртаць да рэчаіснасці).

Калі пачаўся ўрок, я адчуў нейкую нядобрую насцярожанасць. Міця не толькі не загаворваў, але i зусім не зважаў на мяне; паклаўшы, як першакласнік, рукі на парту, выпрамлена сядзеў i не зводзіў вачэй з маладой настаўніцы беларускай літаратуры. Ці ён задзіраў па прыкладу свайго папярэдніка нос (усё ж гараджанін, дырэктараў сын, вунь адзін з усяго класа мае на руцэ гадзіннік!), ці хітраваў, ці на самай справе быў сур’ёзны, глыбакадумны. Я час ад часу скасавурваў на яго вока, але ён па-ранейшаму быў непарушны, толькі, бадай, яшчэ болей ненатуральна белы, нібы не меў у сваіх жылах ні кроплі крыві.

Калі настаўніца задала нялёгкае, нават цяжкае для ўсяго класа пытанне, дык сярод нас не шмат знайшлося ахвотнікаў адказаць. Але Міця падняў руку, здаецца, не задумваючыся.

— Калі ласка, новенькі, адкажы, — усміхнулася настаўніца.

Ён устаў i, хвалюючыся, пачаў гаварыць. Гаварыў ціха, але абдумана, ясна i, галоўнае, як мне здалося, вельмі глыбока, нібы настаўнік. Я з нейкаю нават трывогаю адчуў: не, я так добра не адказаў бы, хоць быў, як казалі, «харошы» вучань. I Янка, наш круглы выдатнік, бадай, таго не ведае.

— Ды ты выдатна ведаеш тэорыю літаратуры, паэтычныя памеры! — усклікнула ўражаная маладая настаўніца. — Звычайна вучні гэта знаюць слаба.

— Я i сам пішу вершы… — прызнаўся, сумеўшыся, Міця. Іншы вучань, канечне, у такую хвіліну ўспыхнуў бы чырванню, як паспелы памідор, а колер Міцевага твару амаль не змяніўся; толькі сям-там на шчоках заружовіліся тоненькія жылачкі.

— Дык ты, можа, прачытаеш тое-сёе сваё зараз? — напрасіла настаўніца.

— Не, — збянтэжыўся той. — Я пасля… Сшытак свой пакажу… Я якраз пішу па-беларуску…

— Малайчына! — пахваліла здзіўленая настаўніца. — Я з задавальненнем пачытаю твае вершы.

Пасля гэтых слоў у мяне, сказаць шчыра, аж сціснулася, замерла сэрца: вунь яно што! Міця — паэт! Вось чаму, мусіць, ён носіць акуляры, плашч, кепку, партфель! Паэт, відаць, не як усе — незвычайны. Ва ўсім. Міця, хоць i падлетак яшчэ, ужо таксама незвычайны. Можа, i таму, што гарадскі, больш i лепш нешта ведае. I я ад Міцевай перавагі востра адчуў сваю мізэрнасць. Я не маю такога гарадскога адзення, абутку, не ўмею так прыгожа гаварыць, хоць таксама пішу вершы, тое-сёе з ix надрукавалі ўжо ў школьнай насценнай газеце, але цяпер, можа, гэты новенькі адным якім вершам заслоніць мяне. Бадай, грэх — зайздросціць вельмі заўзята ці мець да шчасліўца непрыязь, але не так i лёгка адолець свае ўзбуджаныя пачуцці. Як я ні затаіўся, але, мусіць, настаўніца заўважыла маю рэўнасць, мае пакуты, бо неяк нязвыкла ўсміхнулася, паківала галавою.

Тут жа, калі Міця пераможна, як герой, сеў, здарылася на першы погляд непрадбачанае, а на самай справе звычайнае для нашага класа i, можа, для ўсіх вучняў нашага ўзросту: нехта з задніх парт запусціў у Міцю кавалачак гліны. Камячок уцэліў Міцю ў вуха; ён уздрыгнуў, але не падхапіўся, не азірнуўся, a ўціснуў галаву ў плечы. Я аж пазлараднічаў: так табе, выхваляка, i трэба! Ведай, што ганарыцца вельмі не варта! Яшчэ праз хвіліну я заўважыў, што па яго белай шчацэ пакацілася буйная слязіна. Значыць, здагадаўся я, гэты навічок — не ганарлівец ды задзірака, як сын ранейшага дырэктара саўгаса, а цяльпук. Як i наш аднакласнік Антон, які таксама не ўмее абараніцца, плача, калі яго хто-небудзь пакрыўдзіць.

Настаўніца заўважыла i кінуты камячок, i Міцевы слёзы.

— Хто зняважыў навічка? — ціха, але строга, спахмурнела запытала яна, здаецца, найбольш пазіраючы туды, дзе на апошняй парце на нашым радзе сядзеў пераростак Віця Шпак. — Ты, Віця?

— He, — загуў той. — Чаму гэта ўсё я ды я вінаваты, калі што якое?!

— Нельга так, дзеці,— сказала настаўніца. — Трэба не засмучацца, а радавацца, што ў наш клас прыбыў добры вучань, выдатнік. Ад гэтага ўсім нам будзе толькі карысць.

Прамовіла i пільна зірнула мне ў вочы. Я не вытрываў яе красамоўнага позірку, апусціў галаву i густа пачырванеў: раптоўна мне стала горача ў шчокі.

2

У вольны час мы любілі гуляць у футбол. Любілі — нават не тое слова; лепш сказаць, мы самаахвярна, адрынута ад іншых захапленняў i ўцех ганялі мяч, адчуваючы велізарную страсць у гульні, забітых галах, у перамозе, а таксама адчуваючы моцную горасць ад прапушчаных галоў i прыкрых паражэнняў.

Нашы бацькі часта наракалі на такую нашу заўзятую захопленасць, бо мы хутка збівалі свой абутак, дралі адзенне, бывала, i скалечваліся, пераставалі быць памочнікамі пры доме — а, як усе ведаюць, работы па гаспадарцы ў вёсцы вельмі шмат, бацькі самі ўсяго перарабіць не могуць. Для нашых бацькоў было, канечне, мала толку ад таго, што мы дацямна бегалі па футбольным полі, галёкалі, перажываючы то горыч, то прыемнае ўзрушэнне, але для нас, кажу, у гульні была вялікая радасць: мы не толькі загартоўваліся, але i добра навучваліся гуляць у футбол, усё часцей i часцей абыгрывалі футбольныя каманды з суседніх вёсак.

Вось i тады, неўзабаве пасля школы, да мяне зайшлі мае сябры Янка, Віця. Мы зашылі ў мячы дзірку (ні суравыя ніткі, ні дратва не вытрымлівалі нашых бязлітасных удараў па сухім ці мокрым мячы, ірваліся), напампавалі паветра i рушылі на футбольнае поле.

У Засценку я заўважыў у садзе Міцю.

Бокуці пачалі жыць у хаце нашага чалавека, які на час аддаў саўгасу сваю гаспадарку i паехаў з сям’ёю на цаліну. У ранейшага гаспадара быў вялікі сад, дык вось цяпер на зялёнай атаве на поплаўчыку пад ачахла зеленаватаю яблыняю антонаўкаю, пад якой ляжала нямала апалых яблыкаў, i быў Міця. У кепачцы, у плашчыку, ён сядзеў на нейкім дзіўным, здаецца, сплеценым ці то з карэнняў, ці то з дубцоў крэсле, гайдаўся ўперад-назад, трымаючы на каленях загорнутую кнігу. Вочы яго былі заплюшчаныя, твар задуменны — ён шчодра быў асветлены ўжо нізкаватым, крыху жоўтым, блеклым, але ўсё яшчэ лагодным сонцам. Увесь зялёна-рудаваты сад быў азалочаны мяккім, пяшчотным i ў той жа час развітальным сумнаватым святлом. Восеньскія жаўтавата-рудыя ці чырвоныя мазкі на лісцях, на траве, а таксама паніжэлае, засмяглае неба, астылае сонца, лёгкае белае павуцінне ў паветры, апусцелыя палі — усё гэта выклікае ў душы харошую журботу. Міця, відаць, у гэтыя хвіліны якраз i быў у палоне нейкай узнёсласці ці занепакоенай задумлівасці.

Янка i Віця зірнулі на яго з вясёлым здзіўленнем; я душою адчуваў, што Міцю цяпер няможна непакоіць, але палічыў, што, можа, будзе лепш, калі паклікаць Міцю ісці разам з намі. Усё ж ён наш аднакласнік.

— Міця! — бадай забыўшыея пра сваю нядаўнюю рэўнасць, а таксама збянтэжанне, паклікаў я. Дзеці, як усе ведаюць, даволі хутка забываюць свае гаркоты, пакуты i слёзы, хутчэй, чым дарослыя, становяцца жыццярадасныя.

Міця ўздрыгнуў. Адплюшчыў вочы, учапіўся за ствол яблыні i запыніў крэсла. Хоць i быў на дварэ, але ўсё роўна твар, рукі яго бялеліся, быццам злепленыя са снегу.

— Хадзем з намі гуляць у футбол, — запрасіў я.

— Дзякую, — падняўся, прамовіў Міця. — Я яшчэ не ўсе вывучыў урокі.

— Ды нічога ж цяжкага не задалі,— сказаў я. — Усё лёгкае.

— Усё, самае i лёгкае, трэба вывучыць, зразумець вельмі ясна, — без крыўды, але па-сталаму сур’ёзна адказаў той. — Вывучыш, зразумееш — навучышся думаць, разважаць, усё будзеш схопліваць на хаду. Мозг свой трэба трэніраваць змалку.

— Ад вялікага розуму галава баліць… — уставіў слова пераростак (пяцікласнік-другагоднік) Віця, як кажуць настаўнікі, «заядлы абібок, вораг навукі».

Міця на гэты жарт нічога не адказаў, нібы i не пазважаў — як сталы ўжо чалавек.

— Хадзем, — зноў наклікаў я. — Калі не хочаш быць абаронцам ці нападаючым, дык можаш стаць варатаром. У нас якраз няма яго.

— Я не ўмею гуляць у футбол, — нечакана прызнаўся Міця i, здаецца, нават крыху збянтэжыўся. Можа, i за тое, што яго могуць палічыць за нейкага хліпака, а не за мужчыну. — А па-другое, мне няможна бегаць, цяжка падымаць. У мяне лейкоз…

Я, канечне, як i мае сябры, не зразумеў, што такое лейкоз, але чамусьці ўсцешыўся, што не ўсё здольвае i ўмее наш навічок-выдатнік. Вось, бачыце, у такую прыгожую i захапляльную гульню, як футбол, гуляць не можа. A сапраўды, які гэта ты хлопец, мужчына, калі не ўмееш гуляць у футбол?

— Дык, можа, пабудзь у нас за суддзю… — паблажліва прамовіў я.

— Дзякую, — зноў пачціва адмовіўся Міця. — Я не ўмею i судзіць, бо не знаю правілаў. Гуляйце без мяне. Я яшчэ крыху пасяджу ды пайду ў хату.

— Беленькі… Смятаннік! — як мы адышліся, пакпіў Віця. — Сынок-пястунчык…

Я адчуваў, што Віця залішне зласлівы, але не заступіўся за Міцю. Бо не думаў асабліва пра гэта: усе думы былі пра футбол. Але нейкі гаркаваты след на душы застаўся.

Увечар, калі я, стомлены, вярнуўся дадому, дык якраз маці i бацька гаварылі ў хаце пра прыезджага дырэктара саўгаса.

— Надта ж белы ix хлопец, — пахітала галавою маці.— Мусіць, надта хворы ён.

— Кажуць, белакроўе ў яго, — адказаў бацька. — Не жылец ён на гэтым свеце. Рана-позна памрэ.

— Божа мой, божа! — забедавала спагадная маці.— Такі ж маладзенькі, ветлівы і, як кажуць, разумны, сталы, a гэтакі нешчаслівы… Вот гора дык гора для бацькоў…

Чуючы гэта, я, канечне, не ўсё разумеў, не так глыбока адчуваў Міцева i яго бацькоў няшчасце, як адчувалі мае маці i бацька, але i дзіцячым сэрцам усвядоміў: не буду злы, няшчыры ці помслівы да Miці. Нейкая незразумелая мне самому пяшчота да хворага навічка агарнула маю душу, здаецца, напоўніла яе нечым новым, больш змястоўным.

3

На ўроку матэматыкі, калі мы рашалі задачу, Міця нечакана нахіліўся да мяне.

— Давай, Стась, выйдзем на двор, — ціха прашаптаў ён. — Мне блажыць.

Падняўшы галаву, я ўбачыў: твар яго не толькі звыкла белы, але цяпер яшчэ i стомлена-спакутаваны, з нейкім ценем цяжкога болю ды страху.

Мы папрасіліся ў настаўніка i падаліся з класа.

— Калі я ўпаду раптам, дык ты не бойся, — сказаў ён. — У мяне часта кружыцца галава, бывае млосць, а то нават ідзе з носа кроў. Здараецца, зусім трачу прытомнасць.

Гэтая сталая гаворка пра страшныя выпадкі напалохала мяне, i я аж разгубіўся. Бадай, упершыню сваім яшчэ дзіцячым сэрцам адчуў тое, пра што раней, бадай, i не думаў, a калі i думаў, дык з не такім усведамленнем, — пра смерць. Адчуў яе пагрозны подых. У мяне аж сціснулася душа: сапраўды, як кажуць мае бацькі, чаму Міця, шчыры, далікатны, разумны хлопец, такі нешчаслівы? Адкуль, навошта прычапілася да яго такая страшная хвароба? Чаму яна ўвогуле ёсць? Я задаваў сабе гэтыя i іншыя пытанні, канечне, не знаходзіў на ix адказ, i гэта вельмі прыгнятала мяне. Здавалася, каб сказалі, што для Міцевага вылячэння трэба нешта аддаць — руку, нагу, вока, — дык я аддаў бы не задумваючыся. Я адчуў вялікі, небывалы дагэтуль прыліў спагады i шкадавання.

На дварэ, сонечным, але ветраным i пасцюдзянелым ужо, Міця запыніўся, прытуліўся да сцяны. Ногі i рукі яго трымцелі i, канечне, не ад холаду.

— Можа, на свежым паветры палягчэе, — прамовіў ён. — Можа, не самлею.

— А можа, я скажу настаўнікам, што табе блага? — запытаў я з трывогаю. — Няхай яны выклічуць па тэлефоне ўрача з Дзераўной.

— Не, не трэба, — адказаў ён. — Ніякі ўрач, нават прафесар ці акадэмік, мне надта не паможа. Я ў «Медицинском справочнике» вычытаў, што мая хвароба невылечная. Ніхто яшчэ не ведае, адкуль i чаму яна бывае, як яе лячыць… — дрыготкаю рукою дастаў з кішэні пінжака два невялікія пачкі з надпісамі на незразумелай мне мове, адчыніў ix i ўзяў з кожнага ў рот па адной белай таблетцы. — А па-другое, ніхто не павінен ведаць, што я такі хворы… З-за гэтага мы нават пераехалі сюды… Таму я папрашу цябе: не гавары, калі ласка, нікому, што ты пачуў i ўбачыў. Я цябе паклікаў, бо думаў: упаду, як падаў ужо. Ды я табе веру…

Я падакляраваў, што буду маўчаць, не расказваць Міцевай тайны, хоць яна ўжо не была тайнай для нашай вёскі. Нехта быў у горадзе, неяк уведаў усё пра Бокуцяў i расказаў янкавінцам пра страшную Міцеву хваробу.

Неўзабаве, калі Міцю палягчэла, мы вярнуліся ў клас. Я з той часіны глыбока ў душы пачаў насіць Міцеў цяжкі сакрэт.

4

Мінула пагодная, a пасля i дажджлівая восень, насталі сіберныя халады.

Міця скончыў першую чвэрць лепш за нас усіх — толькі на «моцныя», як казалі, пяцёркі, пахадзіў пасля канікулаў у школу яшчэ крыху, недзе да паловы марознага, гурбістага снежня i нечакана злёг у пасцель.

У яго часта, па некалькі разоў на дзень, пачала здарацца непрытомнасць альбо ішла з носа ці рота кроў: ён схуднеў, абяссілеў, аж пасінеў — з ложка не ўставаў.

За восень я прывык да стрыманага, крыху дзікаватага, але шчырага суседа па парце, дык цяпер кожны дзень прыходзіў да яго. Мы рабілі разам урокі, чыталі кнігі ці доўга гаварылі пра раней прачытаныя раманы i аповесці, бывала, нават i спрачаліся — кожны з нас па-свойму разумеў тое, што было апісана ў прачытанай кнізе. Найбольш хвалявалі нас кнігі Аляксандра Дзюма, Жуля Верна, Джэймса Купера, Марка Твэна, Гарыет Бічэр-Стоў, Майна Рыда, Чарльза Дзікенса, Данізля Дэфо, Пушкіна, Талстога, a з нашых, беларускіх, пісьменнікаў — аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа, «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова i ўсе творы Янкі Маўра. Гэта значыць, нас вабілі прыгоды, небяспечныя, але цікавыя падарожжы ў незнаёмыя краіны, пошукі скарбаў, сутычкі з ворагамі, пагоні, подзвігі, высакародныя пачуцці, пазнанне свету, што быў далёка ад нас. Мы нават павыбіралі i прысвоілі сабе імёны, мянушкі герояў, што нам найбольш спадабаліся. Жартуючы, за вочы давалі іншыя імёны, мянушкі i нашым аднакласнікам. Hi Міця, ні я тады нават i не здагадваліся, што цікавае ёсць i паблізу нас: чамусьці здавалася, што яно, цікавае, было i ёсць толькі недзе далёка, а вось тут, на нашай зямлі, яго ці няма, цi ёсць вельмі мала. Яшчэ чыталі мы адзін аднаму свае вершы, правілі ix альбо нават i разам складалі доўгія ці кароценькія вершаваныя творы для нашай новай насценнай газеты. Трэба шчыра прызнацца: у Міці ўсё выходзіла хутчэй i лепш: ён i спрытней знаходзіў патрэбныя словы, рыфмы, i ясней, ямчэй выяўляў думку, i ўмеў сказаць пра звычайнае неяк вельмі ж незвычайна, хораша. Я часамі аж не даваў сабе веры: няўжо Міця ўсё гэта прыдумляе сам? А па-другое, уражваўся, што ён, мой аднагодак, думае зусім іначай, чым я, нібы зазірае ўжо туды, куды я яшчэ зазірнуць не магу. Адыходзячы дадому, я браў яго сшыткі i назаўтра заносіў ix у школу, а пазней ужо ix, правераныя настаўнікамі, прыносіў Міцю.

5

На дварэ шалее завіруха (вые ахалоджаны вецер, бяжыць па заснежанай зямлі няўцямная замець, насыпаецца ў гурбы снег вакол плота i прыбудоў), але ў Бокуцевай хаце не холадна. Пакаёўка, цётка Гэля, яшчэ, мусіць, з раніцы напаліла стаяк, дык у хаце нават горача. За стаяком аж зазумкала ад цеплыні адна з самых неспакойных i шустрых мух, мусіць, падумаўшы, што прыйшла ўжо вясна.

Я сяджу на крэсле каля ложка, а на ложку ляжыць накрыты коўдраю Міця. Пад яго галавою горка падушак, падушка ляжыць i на яго грудзіне. На ёй — разгорнуты сшытак. Мы рашаем задачу — на пяць ці шэсць дзеянняў. Калі я не пачуў Міцевага голасу, падняў галаву, адарваўшы позірк ад свайго сшытка, што ляжаў на каленях, дык убачыў: Міця, закінуўшы галаву, ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Лоб, шчокі яго ссінелыя, вочы запалыя, вусны пасмяглыя i таксама быццам пасінелыя, шыя худая, з вострым кадыком. Краёк грудзіны, што відаць праз расхінутую ля горла кашулю, белы-белы, як вымазаны крэйдаю.

— Давай крыху адпачнём, — ціха прашаптаў Міця слабым голасам. — Вельмі кружыцца галава. Можа, i ад таго, што ў хаце горача i я даўно ўжо выходзіў на двор. — Перадыхнуў, а пасля папрасіў: — Толькі ты сёння маму не кліч… Ёй i так цяжка… Трэба яе пашкадаваць…

Я, канечне, не ведаю, чаму Міцю раптоўна становіцца блага, але гэтая раптоўнасць заўсёды ашаламляе мяне: у апошні час яна ўсё часцейшая i страшнейшая. Мусіць, вось i зараз хлыне з носа ці горла кроў. Тут жа, бачу, Міця хапае з-пад падушак белы ручнічок, затульвае рот i паварочваецца на бок. Сэрца мае сціскаецца ад болю: ну, чаму Міця так пакутуе, чаму i за што так яго нехта пакрыўдзіў, не даў здароўя?

Усё ж, думаю, трэба выйсці i паклікаць Міцеву маці, цётку Веру. Але я не паспеў нават падняцца, як яна, нібы адчуўшы душою бяду, заходзіць сама i подбегам кідаецца да ложка.

— Сыночак ты мой бедны… — як i кожны раз, пачынае плакаць яна. Бярэ ручнічок, выцірае сынавы вусны, шчаку i шыю. Ручнік усё больш i больш робіцца чырвоны, i гэтая непажаданая яркая пляміна на ім коле вочы. — Можа, каб ты не напружваўся, дык усё было б добра. Не старайся ўжо так, сыночак, не адстаць ад іншых. Паправішся — хутка ўсё нагоніш. Ты ж кемны хлопчык.

Міця павярнуўся, лёг на спіну i заплюшчыў вочы. На яго лбе расою выступіў пот. Я адчуваю: мне трэба пайсці адгэтуль, пакінуць Міцю ў спакоі. Без мяне ён, можа, не будзе больш ні чытаць, ні пісаць, а прысне, адпачне.

— Стась, пабудзь яшчэ, — адчуўшы мой рух, ціха прамовіў Міця. — Зараз мы кончым рашаць задачу.

— Пабудзь, Стасік, — просіць услед за сынам i цётка Вера, садзіцца на ложку ля сынавых ног. — Толькі вы не рашайце ніякіх задач. Пасядзіце, адпачніце. А я вам зараз тое-сёе падсілкавацца прынясу.

— Не, мама. Задачу мы ўсё ж павінны кончыць рашаць, — не згаджаецца Міця. — A падсілкавацца сапраўды прынясі, калі ласка.

— Добра, сыночак, — кажа цётка Вера, выходзіць з залы i праз хвіліну вяртаецца з падносам. На ім у вазе горкаю ляжаць буйныя чырванабокія яблыкі, жаўтаватыя апельсіны (ix, апельсіны, я ўпершыню ўбачыў i пакаштаваў тут, у Бокуцяў), побач два кубкі з чаем, дзве лустачкі булкі, з маслам i чорнаю ікрою.

Мне i сёння няёмка: па-першае, як ні дакараю сябе, a з прагаю пазіраю на гэтыя дзівосныя цяпер, зімою, дары, а па-другое, ёсць адчуванне, што цётка Вера болей радавалася б, каб гэтак ахвотна i апетытна еў усё, як i я, i Міця. Ён звычайна есць мала, нібы праз сілу, хоць яго бацька дастае яму ўсё, што ён толькі не зажадае.

— Ешце, хлопчыкі,— кажа цётка Вера, падае Міцю, а пасля i мне чай i лустачкі.— Гэта ўсё дужа спажыўное.

Сказаць шчыра, чай я піў рэдка (піў малако ці ваду з вядра), гэтую ікру недалюбліваў за яе кісласць (у тыя разы, бывала, i згортваў яе ўпотай пальцам з лустачкі, выкідаў), але цяпер узяўся сілкавацца, каб i ўталіць голад, i паддаць апетыту Міцю. Раней я першы з’ядаў усё, а цяпер стараюся не спяшацца, хоць яблыкі, якія дасць цётка Вера пасля, мяне вельмі вабяць. Я адзін з’еў бы ix усе на гэтай вазе.

— Даядай, сыночак, — просіць цётка Вера, — не адставай ад Стасіка. Дык i ты будзеш гэтакі здаровенькі, крэпенькі, ружовенькі.

Пазней, калі мы перакусілі, рашылі задачу, я заспяшаўся дадому. Цётка Вера выйшла мяне праводзіць.

— Дзякую, дзіцятка, што ты прыходзіш, памагаеш Міцю, разганяеш яго сум, — прамовіла яна, прытрымаўшы мяне на ганку. Паклала мне руку на плячук, прытуліла. — Я i не ведаю, што мы без цябе рабілі б. Міця так прывык да цябе, так чакае… — усхліпнула. — Хоць ты i малы яшчэ, не ўсё разумееш, але ведай: Міцю нашаму вельмі блага… Дзяды, бацькі нашы, я, Мікалай Іванавіч — усе мы, дзякуй богу, здаровыя, а вось да Міці чамусьці прычапілася гэткая страшная хвароба… Ён змалку хварэе i хварэе, не бачыць дзяцінай уцехі, стаў дарослы… Ён усё ведае пра сябе, але, як сталы, умудроны які чалавек, трымаецца з усіх ciл, хоча быць такі, як i ўсе здаровыя дзеці… Сам бачыш: хвароба не зрабіла яго злым ці сумным. Наадварот, у яго гэтулькі дабрыні, шчырасці, што аж душа баліць: такі добры чалавек быў бы… Ён жа ўжо адабраў ca сваёй бібліятэкі кнігі, а таксама асобныя свае дарагія яму рэчы, цацкі i наказаў пасля аддаць табе… На памяць… — Замаўчала, затуліла твар рукою, здаецца, мацней прыціскаючы мяне да сябе. Падштурхнула. — Ну, бяжы. Будзь здаровенькі, разумны, шчаслівы. Заўтра зноў прыходзь, калі ласка. Мы будзем цябе чакаць. Я сёння гаварыла з тваёй маці, яна дазваляе, каб ты прыходзіў да нас, рабіў разам з Міцем урокі…

Расчулены словамі, а найбольш тым, чаго недагаварыла цётка Вера, а таксама яе болем, я пабег у зімовы цёмны вечар, адчуваючы, што нешта мяняецца i мяняецца ў маёй душы, прыходзіць тое, чаго я раней ці не ведаў, ці ведаў не ў такой меры.

6

Пад цяпло, перад маем, Міця памёр.

Хавалі яго мы ўсёй школай на нашых вясковых могілках, плакалі разам з дарослымі, шчыра шкадуючы, што пайшоў ад нас такі добры, але нешчаслівы хлопчык. Бокуці пазней, пасляпахавання, перадалі мне ўсё, што наказваў Міця. Я i сёння берагу тыя кнігі, што мы некалі любілі чытаць, а таксама Міцеву кепачку, яго пенал i любімы компас. Берагу як памяць, як даўнюю i, можа, яшчэ няздзейсненую мару.

Прыязджаючы з горада, я кожны раз заходжу да Бокуцяў. Яны, цяпер пенсіянеры ўжо, сівыя дзед i баба, засталіся назаўсёды жыць у нашых Янкавінах, каб быць паблізу свайго любімага сына. Заходжу я i на могілкі, падоўгу стаю ля агароджы i помніка — з яго з лёгкаю журботнаю ўсмешкаю пазірае на мяне па-ранейшаму маладзенькі Міця, можа, здзіўляючыся, што я пасталеў ужо, нават крышку пасівеў i стаміўся.

Часамі, калі мне бывае нялёгка на душы, калі мне нехта зробіць прыкрасць ці калі я сам ашукаюся альбо зраблю ганебны ўчынак, я думаю: жыў бы Міця, дык ён памог бы мне лепш ва ўсім разабрацца. Нямала ў мяне знаёмых, сяброў, але Міця, можа, быў бы маім самым лепшым i надзейным таварышам.

1984

Першае каханне

1

Старая, як наш свет, i новая, як заўтрашні дзень, гісторыя — першае каханне. Усе людзі зведвалі i зведваюць гэтае найдаражэйшае чалавечае пачуццё, i на нікім яно не спыніцца, будзе вечна хваляваць усё новыя i новыя маладыя сэрцы, заўсёды цешыць душу людзей, якія шмат паспыталі, але сваё маладое ніколі не змогуць забыць, пакуль жывыя.

У Віці Шпака таксама было яно, першае ўзнёслае i ашаламляльнае каханне. Узнікла яно, праўда, цяжка сказаць калі, не з таго-сяго, як кажуць, а рыхтавалася ўсім яго маленствам. Спачатку ён чула, збянтэжана зведаў далікатнае, пяшчотнае пачуццё ў першым класе да маленькай, дробненькай дзяўчынкі Волечкі з суседняй вёскі. Яму падабаліся яе галоўка, хораша зачасаныя русявыя валасы, белыя банцікі на кароткіх косках, заўсёды чысценькія прыталеныя сукеначкі, белыя каўнерыкі i манжэцікі, а таксама яе прыгожы почырк. Пазней, у пятым класе (у новай школе, у васьмігодцы), ён адчуў хваляванне, калі заявілася ў ix новая вучаніца, Таня — дачка прыезджага калгаснага агранома. Таня зачаравала яго не хараством, акуратнасцю, як Волечка, a дзіўным бляскам велікаватых чорных, нібы ў цыганкі, вачэй, усмешкаю i нейкаю нечаканаю для дзяўчынкі гарэзнасцю: яна вольна паводзілася на уроках, не папускалася хлопчыкам, смела ўступала з імі ў сутычкі, была вялікаю ахвотніцаю да ўсякіх гульняў, паходаў ды экскурсій, здаецца, не могучы пабыць у спакоі ні хвіліны. I з Волечкаю, i з Таняю неўзабаве разышліся яго сцежкі-дарожкі: першая ў свой час, пасля чацвёртага класа, пачала хадзіць у іншую, чым ён, школу, а другая перестала яму падабацца. Ды пасля восьмага класа разышліся таксама: Таня пайшла ў дзевяты клас Вішнёўскай дзесяцігадовай школы, а ён — Драўлянскай.

Іншае, болей пяшчотнае, трывожнае ды глыбокае, адным словам, сталае, пачуццё нахлынула на яго ў дзесятым класе. Гэтае пачуццё ўжо смела можна назваць першым каханнем.

Звычайна, як чытаў Віця, пісьменнікі пішуць пра сваё ці нечае юначае каханне прыкладна так: ёсць у класе прыгожая «яна» i яе, красуню, кахаюць, лічы, усе хлопцы з класа. Кахае пакутліва i «ён» — ціхі, спакойны, няўклюдны, сарамлівы, але добры душою. «Яна» выбірае не «яго», a іншага — спрытнага, смелага, хоць у рэшце рэшт чытач ці не ведае, што далей, у сталым, ужо не вучнёўскім, жыцці адбываецца, ці дазнаецца, што праз які дзесятак гадоў «яна» ўжо не вабная, звычайная са звычайных, выклікае ў душы «яго», чалавека ўжо вядомага, сямейнага, толькі спачуванне ці шкадаванне, светлую журботную памяць пра маладыя гады.

Віця Шпак у дзесятым класе не быў ціхі ды сарамлівы. Наадварот, з усіх шаснаццаці хлопцаў-равеснікаў ён вызначаўся шустрасцю, рэзкасцю i нават, можа, яшчэ i шанцаваннем. Ён меў добрую памяць, кемнасць — вучоба давалася легка, без ніякай натугі, як некаторым зубрылам; на ўроках фізкультуры ён быў увогуле першы, бо спрыт, сіла памагалі хутчэй за ўсіх бегаць, скакаць, шпурляць цяжар ды ўвішней рабіць гімнастыку. Карацей, усё гэта ды яшчэ яго кампанейскі характар рабілі яго душою класа, школы. Па-другое, ні адна з дваццаці аднакласніц яму не падабалася. Hi да кога не адчуваў узнёслага пачуцця. Пра пачуццё ды каханне ён толькі марыў альбо чытаў у кнігах ды бачыў у кінафільмах. Праўда, па нейкай невядомай нават яму самому прычыне ён паводзіўся дзіўна: свае думкі пра каханне глыбока хаваў, а з чужога кахання пасміхоўваўся ды пакепліваў. Можа, i за гэта неўзабаве быў жорстка пакараны.

Можа, нават лёс адпомсціў яму i за Іру Ламаку. Тая, як ведаў ён, як бачыў увесь клас, была самааддана ў яго закахана. Яна з незвычайным здзіўленнем ды з зачараваннем пазірала, як ён хораша адказваў на ўроках, паказваў спрыт i ўмельства на фізкультуры, дужаў, усюды браў верх над аднакласнікамі, чырванела, калі ён загаворваў да яе, i на ўроках пісала яму запіскі, папікаючы, што ён зашмат пазірае на некаторых дзяўчат, ці запрашала яго на спатканне. Ён-то загаворваў часамі да яе, але не зусім ласкава, даводзіў яе сваімі словамі да плачу, а на яе запіскі адказваў рэзка i непачціва.

«Іра, выкінь лухту з галавы, — звычайна перадаваў ён ёй калі-нікалі запіску з аднымі i тымі ж словамі. — Па-першае, вось што, міленькая: на каго хачу, на таго i пазіраю. А па-другое, перш чым марнаваць свой час, вучы болей алгебру i трыганаметрыю, бо будзеш мець у атэстаце тройку…»

Іра, атрымаўшы такі адказ, заўсёды апускала галаву i ціха плакала. Ён не шкадаваў яе. Наадварот, нават цешыўся: так табе, таўстуля, i трэба. Але Іра не адступала. Hi ў класе, ні ўвечар у клубе, куды яны ўжо не тоячыся хадзілі ў кіно альбо i на танцы.

I вось неспадзявана пад самы канец навучальнага года, у красавіку, заявілася ў школе Даўгапол. Яна была ўжо не вучаніца, але яшчэ i не настаўніца: летась, як хутка ўсе ўведалі, скончыла непадалёку, за вёрст пятнаццаць, дзесяць класаў, паступіла на завочнае ў педінстытут. Сюды, у Драўлянскую дзесяцігодку, яе прыслалі піянерважатай, бо іхняя ранейшая піянерважатая выйшла замуж i паехала ў горад.

Калі яна ўпершыню зайшла па нейкай патрэбе ў іхні дзесяты клас, усе не толькі здзівіліся ці ўразіліся, але i анямелі. Дзяўчаты, мабыць, пазайздросцілі: перад імі была яшчэ, лічы, іхняя равесніца, але ўжо не вучаніца, не падлетак, як усё яшчэ лічыліся яны, а самастойны чалавек. Той, хто ўжо працуе разам з настаўнікамі, бывае з імі на педсаветах, слухае ўсіх i кажа сваю думку, хто атрымлівае ўжо зарплату, мае i іншыя перавагі. Яна не была вышэйшая па росту за Іру Ламаку ці іншых дзесяцікласніц, але, маючы на год болей, была станістая, на гордай яе галаве была прыгожая прычоска, плечы вабна акругліліся, грудзі паглядна ўзвышаліся, ногі былі стройныя i лёгкія. I ў дадатак да ўсяго яна мела ўжо адмысловую — рухавую, крышку гуллівую — хаду. Адным словам, яна ўжо больш, чым вучаніцы, набрала жаночага хараства. Хлопцы пры ёй таксама заціхлі, не маглі адвесці зачараваных позіркаў.

Даўгапол, чамусьці сумеўшыся ад іхніх вачэй, ад яго, Віцевага, настойлівага позірку, успыхнула чырванню. Мусіць, зусім не чакала такой сустрэчы, душою адчула, што цяпер адчувалі да яе дзесяцікласніцы, збянтэжылася ад сваёй перавагі і, добра нічога не сказаўшы, вышмыгнула з класа.

На новым уроку Віця быў разгублены, няўважлівы. Ён мала слухаў, пра што гаварылі вучні, настаўнік, a калі яго паднялі i пра нешта запыталі, дык ён i не ведаў, пра што ў яго пытаюць, i, канечне, толкам не адказаў.

«Я ўсё бачыла, — пісала ў запісцы ў гэты дзень Іра. — Яна цябе ўразіла. Ты з-за яе страціў развагу. I дарэмна. Яна нічым не лепшая за нашых дзяўчат. Можа, толькі табе аднаму здаецца, што яна незвычайная…»

Ён на гэты раз нічога Іры не адказаў. I гэта, здаецца, больш пакрыўдзіла, прынесла ёй пакут, чым тады, калі ён адказваў рэзка i непачціва.

Не вытрываўшы, на апошнім уроку Іра прыслала яшчэ адну запіску. У ёй было ўсяго адно слова: «Дурань!!!»

2

За некалькі дзён Віктар абсачыў i ўжо добра ведаў, у каго Даўгапол кватаруе, што яна робіць не толькі ўдзень, але i па вечарах.

Бадай увесь светлы дзень яна была ў школе, валтузілася-важдалася з вучнямі малодшых класаў. Здаецца, толькі i мільгалі па школьным калідоры, з класа ў клас яе сіняя спадніца, белая блузка i чырвоны гальштук на шыі, i няможна было запыніцца на ёй вокам. Тут была блізка, тут жа апынулася ўжо далека ці недзе нават схавалася. Увечар, да позняй ночы, яна была дома, нікуды не выходзіла, чытала i пісала за сталом — відаць, рыхтавалася да летняй студэнцкай сесіі.

Ён на другі ж дзень знаходжання Даўгапол у Драўляным, калі сцямнела, стаіўся каля гаспадынінага плота i праз шчыліну між дзвюма палавінкамі фіранак пазіраў на яе — на яе мочку вуха з задатою завушніцаю, на шчаку, на поўныя вусны, на кірпаты носік i высакаваты лоб, што часта зморшчваўся i нахмурваўся ў задуменні. Ён любаваўся, а яна чытала, пісала i, здаецца, адчувала, што нехта на яе пазірае: колькі разоў падымала галаву i пазірала ў акно, у шэры красавіцкі вечар, а пасля падымалася, падыходзіла да акна, адхінала фіранку i доўга ўгледжвалася ў красавіцкую цемень — ён тады мусіў з заміраннем сэрца адскокваць, хавацца за шуло i з трывогаю чакаць: выйдзе на двор ці не? Не, не выходзіла, вярталася i зноў садзілася за стол.

Хутка, праз нейкі тыдзень, ужо ўсе вучні старэйшых класаў ведалі, што ён закахаўся ў новую піянерважатую; мабыць, чуткі дайшлі i да Даўгапол, бо яна пачала рашуча пазбягаць яго. Ён жа, наадварот, пачаў хадзіць за ёю, як кажуць, следам — стараўся сустрэць яе на калідоры ці на дварэ, убачыць у якім-небудзь класе, загаварыць, папрасіць, каб яна дазволіла ёй у чым-небудзь памагчы. Яна, чырванеючы, коратка, адным-двума словамі, адказвала, адмаўлялася ад яго помачы i знікала з яго вачэй быццам па нейкай сваёй вельмі пільнай справе.

Ён спакутаваўся, змарнеў. Яго яшчэ не загартаванае сэрца не вытрымлівала нечаканай паводкі пачуццяў. Адчуваў: мусіць пагаварыць з Даўгапол. Не пагаворыць, не скажа, што ў яго на сэрцы, не ўведае яе думак — зусім зняможацца. Але не ведаў, як i з чаго пачаць. Пісаў ёй дома, на ўроках у школе процьму запісак, лістоў, але ўсё рваў: здавалася, піша то цьмяна, то кепска, зусім не тымі словамі. Ад разгубленасці, бяссілля аж страціў сваю былую дзёрзкасць ды рухавасць, стаў збянтэжаны, няўклюдны. Калі б хто яму сказаў раней, што ён будзе такі, дык ніколі не паверыў бы. А цяпер i сам пераканаўся: каханне — не толькі ўзнёсласць, але i вялікі цяжар, вялікая пакута. Яно ўсё пераварочвае ў душы, туманіць розум.

Аднакласнікі, канечне, бачачы яго пакуты, прыціхлі ў зацікаўленым чаканні, што ж будзе далей. Іра Ламака хадзіла ў школе i па-за школаю засмучаная, наплаканая. Яе, можа, не толькі прыгнечвала яго абыякавасць да яе, але i разгубіла, уразіла да роспачы яго нечаканая закаханасць да новай піянерважатай, падкошвала маладая рэўнасць.

Неўзабаве напружанне, пакуты выбухнулі болем. На школьным вечары, прысвечаным Першаму мая. Ужо тады, калі адбыліся ўрачыстая частка, невялікі канцэрт i пачаліся танцы.

У Драўлянскай школе настаўнікі не асцерагаліся рабіць для вучняў танцы, запрашаць на ix вясковую моладзь — сваіх выпускнікоў ці зусім незнаемых людзей. Яны лічылі, што трэба вучняў змалку вучыць танцаваць старыя i новыя танцы, культурна паводзіцца адно з адным, з гасцямі, а гасцям таксама трэба ўмець абыходзіцца з дзецьмі, з настаўнікамі. Ён, Віктар, заўсёды быў спакойны, што на школьныя вечары прыходзілі i пастароннія, але сёння адзін госць прыйшоўся яму не даспадобы. Лепш было б, каб той сюды не заявіўся, увогуле не ведаў у Драўлянае дарогі…

Танцавалі ў спартыўным зале. Іграў школьны аркестр, якім кіраваў настаўнік спеваў, танцавалі настаўнікі, вучні, госці. Падахвочаныя, асмялелыя, кружыліся ў вальсе ці вытупвалі танга, здаецца, самыя сарамлівыя i няўмелыя, а ён, Віктар, як усе кажуць, добры танцор, не весяліўся, стаяў у кутку зала каля складзеных матрацаў i з заміраннем сэрца, з рэўнасцю кідаў позіркі на непажаданага госця — высокага чарнявага хлопца ў куртачцы, з чорнымі вусікамі, — які ці стаяў каля Даўгапол, штосьці нашэптваў ёй на вуха, i тая радасна ўсміхалася, ці раз за разам запрашаў яе на танец. Адным словам, ад Даўгапол ні на крок не адыходзіўся. Ён, як казалі, быў яе аднавясковец i сёння прыехаў сюды на матацыкле. Можа, сам прынёсся, можа, i яна запрасіла.

Віктар ні на хвіліну не выпускаў ix ca свайго поля зроку. Даўгапол жа нават ні разу не зірнула на яго, нібы i не бачыла. Ці яму здавалася, ці так яно было i на самай справе, але сёння яна была казачна прыгожая — у белых туфліках, ліловай сукенцы, з завіўкаю, лёгкая, спрытная. Бянтэжачыся, ён не мог асмеліцца запрасіць яе на танец. Ды замінаў i яе даўганогі вусаты аднавясковец.

Калі зайгралі дамскі вальс, Даўгапол адна з першых у зале запрасіла партнёра на танец. I канечне ж яго, гэтага задаволенага шчасліўца. Ад рэўнасці, пакуты ў Віктара аж зайшлося сэрца. Каб не бачыць гзтую парачку, ён думаў ужо цішком пакінуць зал i пайсці дадому. Але, нібы адчуўшы толькі маленечкі яго pуx, тут жа да яго пакіравала Іра Ламака. Гэтае яе запрашэнне было яму зусім не мілае, недарэчнае, але нідзе не дзенешся, мусіў пайсці танцаваць. Заўважыў: кружачыся i ўсміхаючыся, Даўгапол упершыню затрымала на ім позірк, нібы зацікаўліваючыся, хто ж яго запрасіў на белы вальс. Але толькі на міг. Бо неўзабаве зноў стала да яго абыякавая, пазірала ў вочы свайму партнёру, пасміхалася i легка кружылася.

Віктар танцаваў моўчкі, стараючыся не пазіраць на Іру. А яна, відаць, рыхтавалася да гэтага вечара, бо была ў новай прыталенай блакітнай сукенцы, здаецца, з такою ж пышнаю, як i ў Даўгапол, завіўкаю, з жоўтымі завушніцамі, лёгкая, увішная. Яна зрэдзь падымала галаву, намагаючыся зазірнуць у вочы, але тут жа зноў апускала: ён не зважаў амаль на яе, быў побач у думках з іншай, бо выцікоўваў, дзе Даўгапол, што яна робіць, як паводзіцца.

— Віця, — мусіць, адчуваючы, што танец вось-вось скончыцца, першая загаварыла Іра, — прачніся! Хіба не бачыш: з цябе ўсе смяюцца. Ты з-за яе страціў не толькі розум, але ўжо зусім аслеп i аглух… А яна не вартая таго. Яна — ганарліўка, выскачка, але нічым не лепшая за іншых. Яна звычайная. Толькі што старэйшая за нас на год, ужо не вучаніца, дык ужо ўяўляе сабе… Ды, бачыш, у яе ёсць хлопец…

Ён маўчаў, адчуваючы, як гэтыя, можа, i слушныя, словы не прыносяць яму палёгкі, а, наадварот, яшчэ болей паддаюць болю.

— Хочаш, я пагавару з ёю? — нечакана ўжо не з папрокам, а са спачуваннем запытала Іра. Зноў зірнула яму ў вочы, вусны яе затрымцелі, вейкі часта заміргалі. — Ну, каб яна так не ганарылася, не паводзілася як багіня… Каб не пазірала на цябе, як на дзіця ці нейкага непаслухмянага i дзёрзкага хлапчука… Каб…

— Не трэба, — папрасіў ён, ужо не шукаючы вачыма той, што выбіла яго з раўнавагі, — не гаварыць з ёю, не… Разумееш…

— Ды ўсё разумею… — ціха прамовіла яна, i з куточка яе левага вока выплыла i пацякла па шчацэ слязіна. Іра не выцерла яе, каб ніхто не заўважыў яе разгубленасці ды адчаю, толькі дакранулася шчакою да яго плечука. — Толькі аднаго не ведаю: чаму ёсць шчаслівыя, удачлівыя i чаму ёсць нешчаслівыя, няўдачлівыя… Ды чаму вы, хлопцы, такія… Ці не бачыце нічога, ці нейкія дзіўныя…

Віктар нічога болей ёй не сказаў, бо асцерагаўся сёння яе пакрыўдзіць. Бадай, упершыню адчуў: Іра — не такая сумная ды надакучлівая, як ён лічыў дагэтуль, a зусім іншая, можа, нават больш разважлівая, чулая ды добрая, чым ён. Не яна перад ім, а якраз ён вінаваты перад ёю. Ды, на жаль, змяніць нешта цяжка, бо, відаць, няможна загадаць свайму сэрцу: змяніся, пакахай не гэтую, a іншую! Толькі моўчкі падакляраваў сабе: ніколі не будзе з сённяшняга вечара кпіць з Іры, будзе паважаць яе. Бо, як сам убачыў, нялёгка, нават цяжка, калі не толькі не паважаюць, не цэняць твае светлыя парывы, але i абыякавыя да ix ці, яшчэ горш, i пасміхоўваюцца з ix.

Болей ён не танцаваў. Болей не стараўся сачыць за Даўгапол, хоць усё роўна заўважыў, калі яна з даўганогім хлопцам падалася з залы. Неўзабаве выйшаў i ён. Не хацеў ісці ўслед, але нібы самі павялі ногі.

На школьным двары нікога ўжо не ўбачыў, пачуў толькі матацыклетны гул, што хутка аддаляўся ад школы, ды ўбачыў святло, што доўгім промнем урывалася ў цемень, асвятляла вуліцу, платы i таксама аддалялася, імкнулася наперад i наперад. Віктар трушком пабег следам за гукам i святлом, адчуваючы незвычайны адчай, а таксама i трывогу. Здавалася, у гэтыя начныя хвіліны ён траціць нешта самае дарагое ў сваёй душы, аддае яго без бою, увогуле, ён баязлівы, нікчэмны чалавек, варты толькі жалю.

Бегучы, ён ужо не чуў матацыкла, бо заглушваў яго сваім тупатам па бруку, але бачыў, што светлы прамень павярнуў з гэтай вуліцы, бліснуў у цёмнае неба, а пасля асвяціў іншую вуліцу, дзе кватаравала Даўгапол.

Там, на Пясках, неўзабаве святло i патухла. Значыць, хлопец давёз сваю зямлячку да яе кватэры i запыніў матацыкл. Віктар запаволіў бег i, аддыхваючыся, пайшоў павольней, каб у чуйнай цішыні тыя не пачулі яго крокаў.

Вялікая вёска, лічы, ужо спала. Толькі сям-там сіне — ад уключаных тэлевізараў — свяціліся вокны ды таксама там-сям гарэлі невялічкім агнём начныя настольныя лямпы — у гэтых хатах, як ведаў, ёсць маленькія дзеці.

Сэрца яго тахкала, аж, здаецца, ціснула ў горла. У вушах звінела ад напружання. Па знаёмых абрысах — дашчаным плоце, бетонных, пабеленых вапнаю слупах, па высокай хаце, паблізу якой стаяла высозная антэна, — пазнаў, што падыходзіць да суседавай хаты. Тут зусім запаволіў хаду, пайшоў на дыбачках.

Ля плота старой Альдоны стаяў матацыкл, паблізу яго, на лаўцы, сядзелі Даўгапол i гэты непажаданы госць. Размаўлялі. Віктар стаў, затаіўся.

Ведаў: падслухоўваць непрыгожа. Але ён не мог пакінуць госця сам-насам з Даўгапол, не ведаў, што трэба рабіць, дык запыніўся ў нерашучасці ды ў аняменні.

— Слухай, ды ты ўжо знайшла сабе паклонніка… — пачуў ён зневажальны, кплівы голас. — Сам бачыў: адзін белабрысы, з яўна ўжо вытыркнутым пушком пад носам увесь вечар не зводзіў з цябе сваіх луп, вожыкам пазіраў на мяне…

— Не выдумляй, — адказаў яму жаночы голас. — На вечары сёння былі адны дзеці…

— Той вожык — ужо не дзіця…

— Ты раўнуеш? — услед за словамі данёсся гарэзны смех.

— Не раўную, але… Ну, разумееш…

— Перастань, не зважай на дробязі… Ты ж прыехаў не папікаць мяне. Так? Тым больш што я перад табою ні ў чым не вінаватая.

Больш ён нічога не пачуў. Наступіла доўгае маўчанне. Але неўзабаве здагадаўся, што гэтая цішыня незвычайная: Даўгапол i хлопец цалаваліся.

«Значыць, яна яго кахае», — горка падумаў ён i ціха сышоў адгэтуль. Але дадому не падаўся, доўга блукаў па вёсцы, пакуль не пачуў, як з Пяскоў загудзеў матацыкл i пагнаў перад сабою святло па драўлянска-стаўбцоўскай шашы.

3

«Добры дзень, Ніна Адамаўна!

Вы, канечне, здзівіцеся, калі атрымаеце гэты ліст. Па-першае, ліст будзе не з далёкіх якіх мясцін, а з нашага Драўлянага, па-другое, Вам піша вучань той школы, дзе Вы працуеце цяпер.

Я не ведаю, Ніна Адамаўна, як усё Вам расказаць пра тое, што хачу. Ды асмельваюся прызнацца: я — Віктар Шпак з дзесятага класа. Мой бацька працуе на трактары, a маці — на ферме. Я вучуся яшчэ i вучуся няблага, троек i двоек не маю. Калі скончу школу, дык хачу паступаць вучыцца на агранома, каб зноў вярнуцца ў Драўлянае i жыць тут. Ды i наш дырэктар саўгаса, Валовіч, кажа: „Можаш ехаць у горад i вучыцца там, а можаш працаваць у нас i вучыцца завочна“. Як Вы, Ніна Адамаўна, параіце мне зрабіць?

Я, Ніна Адамаўна, ведаю, што Вы маеце сябра, таго, што прыязджаў да нас на вечар на матацыкле, але я хацеў бы пісаць Вам лісты. Ці згодны Вы будзеце на гэта? Адкажыце. Толькі не падпісвайцеся сваім сапраўдным прозвішчам, a назавіцеся, скажам, Мішам. Наша паштарка можа прачытаць употай ліст i расказаць усім, дык лепш няхай яна ўсяго не ведае.

Я вельмі чакаю Вашага адказу, як салавей лета. Буду вельмі рады, калі Вы мне напішаце. Усяго Вам добрага. В.Ш.».

4

«Віця!

Я атрымаў твой ліст, уважліва прачытаў. Праўда, я не зусім здзівіўся, што прыйшло гэтае пасланне, я яго нават нібы чакаў. Чаму? Ды многае было ўжо відаць. I не толькі мне аднаму.

Я не ведаю, што табе адказаць. Ты пытаешся, ці дам я згоду, каб мне пісаць, але я за гэтым пытаннем бачу іншае, большае. Я разумею, здаецца, чаму ты хочаш пісаць якраз мне.

Я ўжо ведаю: ты — добры вучань. Амаль выдатнік. Ты, як усе настаўнікі кажуць, вельмі здольны, абавязкова паступіш у ВНУ, будзеш добра вучыцца. Але цяпер ты — яшчэ вучань. Ты яшчэ не павінен адносіцца да мяне так, як адносішся цяпер. Мне той, каго вы называеце Бусел, даў ужо заўвагу: „Да нас дайшлі чуткі, што ў вас раман з вучнем. А гэта, разумееце, для нас усіх пляма, сорам. Вы павінны тут жа абарваць усё, спыніць i выкінуць з галавы“. Дык от я, Віця, прашу цябе: не пазірай больш так на мяне, не хадзі за мною ўслед i не пішы мне ніякіх лістоў: ты ставіш мяне ў няёмкае становішча, выбіваеш з раўнавагі.

Што датычыць сябра, пра якога ты пішаш, дык ведай: мы вучыліся з ім разам дзесяць гадоў, сябравалі. Нашы бацькі хочуць, каб мы пажаніліся. Але нам яшчэ рана пра гэта думаць: i яму i мне трэба яшчэ вучыцца. Ён, як i я, таксама завочнік, толькі я паступіў у педагагічны, а ён — у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

Паслухай мяне, Віця. Ад сябе я табе раю больш зірнуць на Іру Ламаку з вашага класа. Яна — чулая, добрая дзяўчына. I, галоўнае, яна кахае цябе.

Усяго табе добрага. Не крыўдуй. Міша».

5

Мінуў цёплы май, a ўслед за ім прайшоў i гарачы чэрвень.

Віця Шпак быў разгублены, з парушаным спакоем ды з вялікім адчаем (Даўгапол рашуча загадала не пісаць ёй болей лістоў, не хадзіць услед, нават расказала пра яго залёты свайму сябру-земляку, i той аднойчы «па-мужчынску» пагаварыў з ім), але здолеў утрымацца i школьныя экзамены здаў амаль толькі на пяцёркі.

Праўда, паступаць вучыцца на агранома не збіраўся. Хацеў застацца працаваць у саўгасе на машыне (у школе здаў экзамен i на шафёрскія правы) i паспрабаваць паступіць пазней на завочнае, але не вытрываў матчыных слёз ды бацькавых строгіх вымоў, паехаў у горад i ўдала здаў экзамены ў інстытут.

I зарадаваўся неўзабаве, што не настаяў на сваім, паслухаў бацькоў ды настаўнікаў: у тое ж лета Даўгапол выйшла замуж за свайго земляка i выехала з Драўлянага. Верыць, што ён усё ж зможа дабіцца ад любімай ім дзяўчыны ўзаемнасці, ужо не выпадала. Засталося толькі глыбока ў сэрцы затаіць сваё каханне, перажываць ды вучыцца перамагаць сваю першую вялікую няўдачу.

Пазней, як часта бывае, іхнія сцежкі зусім разышліся: Даўгапол знікла, нібы растварылася ў гэтым вялікім свеце, a Іра Ламака, не паступіўшы, падалася ў раённы горад на будоўлю. З часам — з вучобаю, у паездках, у рабоце, адным словам, з новымі ўражаннямі i клопатамі — ягоны сардэчны боль пачаў слабець, быццам кудысьці западаць, а то i пакрыху забывацца, a калі ўспамінаўся, дык ужо са сталай усмешкаю. Як пра шчырае, але наіўнае сваё юнацтва.

Гады недзе праз чатыры былы аднакласнік у адным ca сваіх лістоў напісаў яму, што Іра Ламака выйшла замуж за вёрткага шафёра, атрымала ў горадзе кватэру, жыве заможна i не тужыць, а вось Даўгапол, як ён уведаў ад яе бацькоў, развялася, гадуе малога сына адна i каецца, што рана выйшла замуж i выбрала не таго за мужа.

Гэтыя навіны нічога ўжо не змянілі ў Віцевым жыцці: ён пакахаў сваю аднакурсніцу i меўся з ёю жаніцца. Толькі пазней, калі стаў сем’янінам, працаваў, набіраў цяжэйшую ношку гадоў, часамі зусім нечакана чамусьці ўспамінаў i Даўгапол, i Іру Ламака. Успамінаючы былую аднакласніцу, дакараў сябе, што ў свой час быў не зусім чулы, а думаючы пра маладую піянерважатую, адчуваў трапяткое хваляванне i пяшчоту ды шчыра лічыў: сапраўднае каханне зведаў якраз тады, калі быў малады.

1984

Сямён

Новы дзень пачаўся так, як i ўчора ці пазаўчора.

Сямён прачнуўся з першым сонечным прасветкам i вераб’іным чырыканнем. Паволі споўз з цёплай ляжанкі, вобмацкам знайшоў пад лаўкай старыя валёнкі. Абуўся i яшчэ крыху пасядзеў — адыходзіў ад сну i болю ў галаве. З гэтым, цяжкім, са звонам у вуху ды з рэззю ў вачах болем, ён кожную раніцу падымаўся i кожны вечар клаўся спаць. Знікаў альбо забываўся боль удзень — у рабоце, у клопатах. Яго, гэты боль, як сказалі ўрачы, ужо не вылечыш: ён застарэлы, яшчэ ад некалішняй, франтавой, кантузіі.

Боль не паслабеў — наадварот, узмацняўся. Але Сямён болей не прыслухоўваўся да яго, падняўся i патупаў з хаты. На ганку запыніўся, акінуў позіркам наваколле. Здаецца, усё на дварэ такое, якое было i ўсе гэтыя дні: стары плот, грады, тоўстая разлапістая яблыня i гонкая маладая груша за ім, пахілены, накрыты яшчэ саломаю хлеў. Аж не, ёсць i такія-сякія змены: відавочна парудзелі ўжо грады, пабольшала на дрэвах жоўтага лісця, а неба ўжо не лёгкае, не вясёлае, як улетку, а цяжкаватае ад павільгатнелых ды пацямнелых воблакаў, няяркага сонца, патужэлага паветра — увысі i тут, на зямлі, пачала ўбірацца ў сілу ранняя воеень.

Пасля Сямён падаіў сваю Лысую — лічы, спрэс белую карову; даёнку з малаком паставіў у сенцах, а карову выгнаў з двара, пачаў прыпасваць каля бульбянога поля, на лапінцы зялёнага маладога дзяцельніку. Стаяў i слухаў, што робіцца ў вёсцы.

Вёска ўжо прачнулася: паблізу i воддаль спявалі апошнія пабуджальныя воклічы старыя пеўні, абзываліся асіплыя за ноч сабакі, рыпелі дзверы, вароты, гудзелі матацыклы i машыны, a ў далёкім канцы ў некага звінела цыркулярка. Вось тут, у Засценку, пачуўся ражок. Значыць, Андрэй, стары яго сябрук, пайшоў займаць каровы.

Неўзабаве той быў ужо тут, каля Сямёнавай хаты, ca статкам. Сямён сілком адагнаў Лысую ад дзяцельніку, далучыў да гурту.

— Здароў,— падышоўшы, павітаўся аднавокі Андрэй. — Ну што: восеніцца пакрыху?

— Ды час ужо, — адказаў Сямён. — Хутка будзеш на ўвесь дзень каровы ганяць.

— Прыйдзецца. Як i прыйдзецца пастарэць яшчэ на адну восень…

Андрэй — у кірзавых ботах, у выцвілым, шэрым плашчы — паляскваючы даўжэзнай пугай, пакрочыў услед за каровамі, а Сямён — у свой двор. Працадзіў малако, выпаласкаў марлю i павесіў яе на частаколіну, пасля падпаліў у печы. Паставіў цяжкія цаганы з вадой i бульбаю, закурыў, сеў на лаве i пазіраў, як угараюцца дровы, цягнецца ў комін сівы дым.

«Ці не збыць карову, свінні? — падумаў.— Нашто мне, адзінокаму, гаспадарка? Як ні зірні, дык адны клопаты толькі з ёю. Трэба сена, подсціл карове, трэба чым карміць i свіней. Расстараешся — тады думай, дзе дзець малако, сала…»

Але i сёння не хапіла рашучасці апаражніць хлеў.

«Як жа жыць у вёсцы без гаспадарскіх хлопатаў? Не, пакуль буду магчы хадзіць, датуль буду як i кожны вясковы чалавек. Іначай ссохну без ніякага занятку».

Паснедаўшы, Сямён падаўся ў гарод. Выбіраць цыбулю.

Здзівіўся: лічы, не відадь той цыбулі. Нядаўна яшчэ зялёны, буйны, як малады лес, цыбульнік ссох, а на градзе за некалькі апошніх дзён разлапушылася дзікая трава, амерыканка, як яе тут называюць, схавала цыбулю. Прыйшлося спачатку выпалаць пустазелле, а пасля ўжо, бачачы рудыя хвосцікі, пачаць выбіраць галоўкі. Побач — градкі морквы, укропу, маку, буракоў i гуркоў; некалькі гурочнікаў запаўзлі аж сюды, на цыбулю, i на гэтых адростках выраслі ў сырасці буйныя, зялёныя, спаднізу белаватыя гуркі.

«Трэба зноў аддаць ix каму, — падумаў.— Сабе насаліў ужо бочачку, хопіць. Андрэю ды суседцы даў; цяпер, можа, Адаму сказаць, каб прыходзілі i бралі сабе на пасол: чуў, што ў ix сёлета гуркі не ўрадзілі».

— Дзень добры, дзядзька, — перапыніў яго думкі малады жаночы голас.

Разагнуўся, азірнуўся.

— А-а, гэта ты, Волька! Дзень добры, — усміхнуўся. — Я нават i не пачуў, як ты падышла. Відаць, глушэю на старасці.

Волька — старэйшая Андрэева дачка. Малодшыя дзеці, сын i дочкі, у горадзе, а Волька жыве з бацькамі. Яна — даярка, а яе муж, Пятро, — трактарыст.

— Добрая ў вас цыбуля, — пазайздросціла, пазіраючы на поўны ўжо кошык. — Лепшая, чым у якіх гаспадынь.

— Вырасла такая, — усміхнуўся. — У вас, пэўне, яшчэ i лепшая.

— Горшая, дзядзька, — прамовіла i абаперлася грудзьмі на плот. — Можа, i таму, што мы, кабеты, столькі не глядзелі грады, як вы, мужчына. Праўда, сорам мне, кабеце, пра гэта гаварыць, але праўда ёсць праўда. Вы — адмысловы гаспадар i адмысловая гаспадыня.

— Які там адмысловы… — прамовіў. I замаўчаў.

Ды што ён мог сказаць болей? Жыла б гаспадыня ці сястра, былі б дочкі ці пляменніцы — займаліся б жаночаю работаю, а яму хапіла б сваіх, мужчынскіх, клопатаў. Але ні жонкі, ні сястры, дачок ці пляменніц няма, дык прыходзіцца ўсюды гаспадарыць самому. Нашто ж, каб пуставала, дзічэла зямля, зводзілася гаспадарка?! Ды як сядзець седзьма склаўшы рукі?!

— Будзе мала сваёй цыбулі, дык возьмеце ў мяне, — пасля дадаў.

— Мама i тата зайздросцяць вам, — сказала Вольга. — Хоць адны, але жывяце ў спакоі, без калатні…— Пасля, адчуўшы, што гаворыць не тое, варушыць у яго сэрцы даўні, усё яшчэ незарубцаваны боль, уздыхнула, паскардзілася: — А мой… Самі ведаеце, які ён… Вось i ўчора напіўся, прыпоўз дадому, сказалі мы з мамаю няласкавае слова — разбушаваўся, усё ў хаце перавярнуў, да нас біцца лез. Сёння мама i тата сказалі: будзеш, прымак, далей гэтакая свіння — выганім з хаты. Ідзі куды хочаш, хоць у лес, хоць у чыстае поле.

— Залішне ўлягае твой чалавек да гарэлкі,— паківаў галавою Сямён. — Я яму колькі разоў ужо казаў: Пятро, не пі гэтулькі, гарэлка нікога да дабра не даводзіла i не давядзе.

— Каб жа яны слухаліся, дзядзька. Проста аж млеюць за гэтаю гаркотаю, вар’яцеюць. З-за яе, можна сказаць, свету не бачаць.

— Жылі бядней — шанавалі капейку, здароўе. Цяпер мала шануюць. I капейкі, i здароўя. I не бачаць: гэта ж на згубу самім сабе. Мне не раз страшна робіцца, што i каторыя кабеты пачулі смак у гарэлцы… Улягуць яны — разап’ецца вёска…

— Мяняецца вёска… — згадзілася Волька. — Багацеюць людзі, але распускаюцца… Я дык думаю папрасіць міліцыю, каб майго лячыцца паслалі. Будзе i далей гэтак піць — прападзе ж. Чацвёра дзяцей без бацькі застануцца… А вы, відаць, зараз грады выбераце, картофлю выбіраць пачнеце?

— Можа, i пачну, можа, i пачакаю. Мне ж, пенсіянеру, часу хапае.

— Чулі: да Верчынай Іркі Васька ўчора ў сваты прыходзіў? — загаварыла пра вясковыя навіны Волька, нібы жанчына з жанчынаю.

— Не, не чуў.

— Адвярнулася. Лічы, за стол нават не села. За трактарыста не хоча ісці: бялізны яго баіцца. Яна ж, бачыце, у бібліятэцы робіць. Прафесарка! Жаніхоў, як прынцэса, выбірае, не зважае, што трыццаты год ужо ідзе, хутка спадзе краса…

— Іхняя i матка ганарлівая была, некалі нашаму Адаму адмовіла. З багатай сям’і была, а мы з беднай.

— Суседка наша зноў грубая, — сказала яшчэ адну навіну Волька.

— Дай божа, — прамовіў.— У яе ж толькі двое. Можна i яшчэ адно, два, а то i болей дзяцей мець. Цяпер усяго ж усім хапае. Калі малыя дзеці, дык ix, здаецца, поўна, шмат клопатаў з імі, вырастуць — разыдуцца, нікога не ўгледзіш, адзін застанешся. Цяпер мала ў вёсцы дзяцей, лічы, усё людзі сярэдняга i пажылога веку. A калі мала дзяцей, маладых — старэе веска.

— Можа, i праўду вы, дзядзька, кажаце. I хапае ўсім усяго, i веска без дзяцей ды маладых старэе. Але ж маладыя цяпер не хочуць многа дзяцей. Адно, два завядуць — i ўсё. Баяцца лішніх клопатаў.

— I дарэмна. Без клопатаў псуецца чалавек.

— Можа, каб меліся яслі, садзік, дык яшчэ смялейшыя былі б. А то, у каго няма бабы ці дзеда, не маюць з кім дзяцей пакінуць, калі абое на рабоце. Учора да нас новыя настаўнікі прыходзілі, прасілі маму паглядзець іхняе дзіця колькі гадзін, пакуль самі з работы прыйдуць.

— Пойдзе маці?

— Дзіця ж іхняе зусім яшчэ малое, месяцаў шэсць ці сем толькі. Вучыліся разам, пажаніліся… A ў мамы, самі ведаеце, якія рукі. Дзе ж яна вынасіць на ix малое? Ды i сваіх бэйбусаў чацвёра.

— Можа, нехта ўсё ж падрадзіцца паглядзець?

— Не ведаю, — паціснула плячыма Волька. — Наўрад хто захоча цяпер глядзець чужыя дзеці. Хто сваіх унукаў гадуе, хто, пагадаваўшы ўжо, не хоча лішняй марокі. Пенсію атрымалі — можна i ўздыхнуць лягчэй…

— Трэба ўсё ж маладым памагчы, — сказаў Сямён. — Яны прыехалі вучыць нашых дзяцей, выводзіць у людзі — а мы адварочваемся ад ix. Хіба не гэта добра? Хіба гонар — не ўважыць настаўніка?

— Канечне ж, трэба памагчы, — згадзілася Волька. — Можа, хто i падсобіць.

— Грэх вялікі, калі не хочаш памагчы чалавеку ў бядзе, — прамовіў.— Дабра тады на свеце меншае. Зашмат, як пустазелля, сеецца зла. А зло губіць усё людское ў чалавеку.

Вольцы стала няёмка. Яна падтакнула яму i пастаралася сысці з двара. Ён жа са шкадаваннем доўга пазіраў ёй услед — невысокай, тоненькай, гаротнай, але, здаецца, не зусім чулай да чужой бяды. На словах спачувае, але далей свайго спачуваыня ступіць не хоча. Не такая ўжо хворая яе маці, магла б i паглядзець гадзіну-другую тое настаўніцкае дзіця.

Не ведаў прыезджых маладых настаўнікаў, не бачыў ix сына ці дачку, але трывожыўся ўвесь дзень: як яны будуць жыць? Што ім рабіць? Ісці на працу i браць з сабою шасцімесячнае ці сямімесячнае дзіця? Якая ж у ix тады будзе работа i якое маленства будзе ў дзіцяці? Трывожыўся яшчэ i таму, што, як можна смела сказаць, паглушэлі вясковыя людзі да чужых непрыемнасцей i нягод, не кідаюцца, як некалі кідаліся, памагчы небараку, таму, каму часова цяжкавата. Ці ён нешта перабольшвае, перажывае за настаўнікаў іменна таму, што некалі i яго жонка, Маруся, Марыя Палікарпаўна, была настаўніцаю, гэтаксама мела нямала клопатаў з чужымі i ca сваімі дзецьмі? Можа, іншыя людзі абыякавыя да чужой бяды, каб навучыць людзей умець найперш самім клапаціцца пра сябе, пераадольваць усякія — малыя ды вялікія — цяжкасці?

Па тэлевізары паказвалі кіно. Пра калгас, пра вясковы люд, пра клопат аб кожным чалавеку. Сямён, начапіўшы аісуляры, сядзеў на канапцы, глядзеў гэтае кіно, не толькі здзіўляўся, але аж ківаў галавою: як спрытна i хораша ўсе гавораць! Вось каб так усё i было! Ды тут, у Міланьках!

Пачуў: у хату зайшоў чалавек. Знаёма затупаў сюды, у лепшы пакой. Андрэіха — Андрэева жонка, Вольчына маці. Невысокая, поўная, як капа.

Здзівіўся: чаго яна зайшла? Пад вечар, калі ледзь не сустрэліся каля яго хаты, яна надзіва жвава шуснула ад яго, нібы не заўважыўшы. A цяпер вось, увечар, сама зайшла.

— Сямён, ці е ў цябе перац? — сказала тая адразу, нават не павіталася. — Хочам закатаць гуркі, памідоры, а перцу няма. Перавёў зяцёк, любіць дужа вострае.

— Ды е. Сядзь, пашукаю. Паглядзі кіно. Пра вёску. Дужа хораша гавораць, — адказаў Сямён i падаўся на кухню.

— Няма калі кіны глядзець. Кажу ж, работы багата, — прамовіла Андрэіха i затупала за ім. Калі падаў пакецік чорнага перцу, дык адразу, хаваючы позірк, хацела вымкнуцца з хаты.

— Пачакай, дзеўка, — ён затрымаў неспадзяваную госцю. — Е да цябе пару слоў. Скажы: ты зусім не захацела паглядзець настаўнікам дзіця?

— Нашто мне чужыя дзеці? — адказала, запыніўшыся каля парогa. — Сваіх унукаў няма? Не, е. Грошай мала? Не, хапае.

Ён уключыў тут, на кухні, святло. Андрэіха не толькі прыплюшчыла ад яркасці вочы, але i сумелася. Сэрцам адчуў: на душы яе разгубленасць, неспакой.

— Яно так, — прамовіў.— Але як. будуць жыць маладыя настаўнікі, калі ўсе так, як ты, будуць думаць?

— Ну, i адзін увесь свет не абагрэеш.

— Адзін, канечне, свет вялікі не абагрэеш. Але чалавеку якому можна ж памагчы.

— Узяў бы i памог, калі такі добры, — адказала. I, лічы, са злосцю. — Дзяцей жа любіш. Свістулькі ім робіш, гародніну i садавіну сваю аддаеш, цукеркі купляеш.

— Быў бы кабетаю, дык i памог бы. A любіць i сваіх, i чужых дзяцей, дзеўка, — не вялікая загана… Ды калі яшчэ… — недагаварыў, бо здушыў нейкі горкі камяк. — Ды што гаварыць?! Змяніліся мы. Лепей, багацей жыць пачалі, дык меней думаем пра другіх. Не зважаем, як хто жыве, клапоцімся, каб толькі нам добра было… A хіба ж так трэба жыць? Хіба так мы некалі жылі? Да вайны i пасля вайны апошнім дзяліліся, спачувалі, памагалі адно аднаму. I, можа, толькі таму i выжылі, на ногі сталі, пабагацелі…

— Ніяк не разбяруся, што ты, Сямён, за чалавек, — з нездавальненнем паківала галавою Андрэіха. — Ды цяпер мала хто, як ты хочаш, жыве. Што было, тое прайшло. Цяпер іншы час, іншыя людзі…

— Не, дзеўка. I часы, i людзі мяняюцца, але нешта не павінна мяняцца, a мусіць заставацца. Без яго цяжка жыць. Калі цяпер гэтага не бачаць, дык хутка ўбачаць… Мы ж, старыя людзі, ведаем гэта добра. I нам трэба добры запавет, наказ пакідаць. A хіба мы не павінны наказаць: мей сэрца, мей душу — будзеш чалавек ва ўсе часы?!

— Дзівак-чалавек… — паківала галавою Андрэіха. — Памрэш, i дабрыню тваю ўсе забудуць.

— Такой бяды, дзеўка, што забудуць іменна мяне. Абы сама дабрыня не звялася, а жыла, грэла людскія сэрцы.

— Гэта яна, Маруся твая, яшчэ i цяпер кіруе табою…

— Не чапай яе… — папрасіў.— Яна… — зноў замоўк ад даўкага камяку ў горле.

— Хіба я кепска пра яе гавару? Я ж кажу, што яна, як ніхто з нашых настаўнікаў, для людзей жыла. Сябравала ж з ёю, ведаю. Усе так, відаць, жыць не могуць. Нейкія асаблівыя вы…

— Якія там асаблівыя. Людзі як людзі.

— Гэта ж сёлета дваццаць восьмы год, як яе, беднай, i дзяцей, Іны i Тоніка, няма… — адышла, расчулілася i Андрэіха. — Я дык i не веру, што яна, як i я, старая была б. Яна засталася ў маёй памяці маладая, вясёлая, са светлымі валасамі. Як i цяпер чую яе голас… Каб ix, ірадаў, i на тым свеце паліла, як яны спалілі яе з дзетачкамі… Сястры тваёй трэці год ужо няма. Зусім ты адзін застаўся на свеце. Як колас на полі.

— Што ж зробіш, — прамовіў.— Хоць i не такі ўжо я адзінокі. Пляменнікі ж е. Бяруць мяне ў горад, да сябе. Едзь толькі.

— Ну, я пайду, — ціха прамовіла Андрэіха. — Дзякую табе за перац.

I, развітаўшыся, пайшла.

Назаўтра Сямён пачуў ад суседкі, што Андрэіха падрадзілася паняньчыць настаўніцкае дзіця.

1970

Маня

1

Нарэшце перастаў ліць, а пасля імжэць дождж. Неба пачало святлець, пакрысе выблакітнівацца, a невысокія чорна-сінія хмары пасунуліся за Налібацкі лес, i там цяпер злосна крыжавала маланка, бухкаў гром ды абвісала шэрая дажджавая сцяна. Тут жа, у Янковічах, ужо выбліснула сонца, зазіхацела ў кроплях расы на траве i на лісці, у запененых раўчуках i сцішэлых лужынах, прыпарыла — i мокрае наваколле задымілася.

Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаляла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужынах.

У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы дзве палавінкі.

Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.

Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментаваныя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.

Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.

Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаемы зайшоў у хату.

— Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.

— Вазьмі, гаспадынька, на кватэру, — калі яна адказала на прывітанне, сказаў ён. — Пажыву з тыдзень, не болей.

— Ды цесна ў нас… — Ёй i адмовіць было цяжка, i запрашаць не хацелася.

— Пакояў мне тваіх не трэба… — ён гаварыў басавітым голасам, раз-пораз акідваючы яе ўсю позіркам, не саромеўся. — Спаць магу на падлозе або ў гумне на сене, калі маеш. Зварыш сабе раніцай ці вечарам — i мне міску якога булёну дасі. Мне абы гарачае. Заплачу, колькі скажаш.

— Мне не шкода, — за саромелася яна. — Жывіце…

— Ну, то дзякую, — узрадаваўся ён. — Сходзім зараз з хлопцамі на рэчку, памыемся, бо чорныя, што чэрці. Тады прыйду, шукаць ужо жытла нікуды не пайду. Заходзіў тут да адных — нават слухаць не захацелі.

— Я i праўду булёну зараз пастаўлю, засмажу цыбуляю, — сказала яна, збянтэжыўшыся яго позірку.

— Ды глядзіце самі, — ён назваў яе на «вы», i яна падумала: агледзеўся, падумаў, што яна старэйшая.

«Няўжо я так нямолада выглядаю?» — падумала яна i ўспомніла, што пасля смерці мужа, мусіць, добра i не глядзелася ў люстэрка. A ў верасні будзе ўжо шостая восень, як няма яе Сцяпана…

— Ну, я пайду, — здаецца, заўважыўшы яе гэтую сарамлівасць, сказаў электрык, паставіў пад лаўку свой чамаданчык i выйшаў з хаты.

«Шосты год… — Маня села на крэсла, невідушча зірнула ў акно на двор, забылася пра незнаёмца, падумала пра сваё. — Я толькі два леты пажыла са Сцяпанам. Год да войска i год, калі вярнуўся з салдатаў. Чакала тры гады… I цяпер колькі ўжо чакаю, але не дачакаюся…»

Яна паднялася, стрымалася, не заплакала, хоць вочы i павільгатнелі, пайшла на гарод i накапала маладой ранняй бульбы. Паскрэбла яе, прамыла, расклала на двары агеньчык i паставіла варыць на ім булён. Успомніла пра вясковага кладаўшчыка Франака, той сёлета пачаў ужо не толькі заляцацца да яе, але i лезці сляпіцаю. Сёння нават кабетына лузе жартамі рабілі намёкі, ці не «сышліся» яны, расказвалі, што ўчора паднімала лямант Вікця, Франакава жонка…

Маня выйшла з хаты, дала есці свінням, пастаяла ля ix: зусім не хочуць браць паранай лебяды, варочаюць лычамі ў карыце, шукаюць бульбіны ці якой скарынкі, выкідваюць траву долу. Калі сцебане дубцом па вушах, то перастаюць наравіцца, усё глытаюць. Паблізу хадзілі куры i стараліся гэтаксама што-небудзь ухапіць з карыта. Маня не ўзлавалася на ix: сёлета добра несліся — хапала яек i сабе, i было на продаж. I цяпер пад ложкам стаіць поўнае рэшата ix, трэ было б завезці ў горад, прадаць i купіць сала: старое выходзіць, ды i нясмачнае ўжо, нейкае ёлкае, а да новага яшчэ далёка.

Карова яшчэ не скора павінна была прыйсці з пашы, таму Маня рашыла схадзіць на аселіцу, у свой гарод, — паглядзець, ці не пара зноў яго прапалоць, нашчыпаць шчаўя. Наўмысна, як i яе суседзі, зрабіла гарод далей ад дома, бо ля хаты i свае, i чужыя куры не дадуць ні ўзысці, ні завязацца якому зярнятку — выграбуць, здзяўбуць. Ды тут i свінні, калі ўварвуцца, златошаць.

…Гуркі, памідоры, морква ды капуста буялі, цёмна зелянеліся, i яна палюбавалася, парадавалася, што хутка будзе многа ўсякай гародніны, пайшла да градкі са шчаўем.

Толькі нагнулася яго нашчыпаць, як пачула крокі. Азірнулася: ішла суседка Ядзя — замужняя кабета амаль яе гадоў, маці пяцярых дзяцей.

— Во якія ў цябе ладныя грады! — Ядзя не падалася ў свой гарод, а прыйшла сюды, акідвала зайздросным позіркам кожную лапінку.

— Цьфу, цьфу! — усміхнулася Маня. — Прагаворыш…

— Ай, забабоны! — махнула рукою тая, адставіла поўны жывот: хадзіла шостым дзіцем. — Кватаранту прыйшла шчаўя нарваць? Кісленькага захацеў?

Маня не здзівілася, што Ядзя ўжо ведае пра тое, што яна ўзяла на кватэру электрыка: тая ўсё пра ўсіх у вёсцы знае. Яна ўсміхнулася i паківала толькі галавою.

— Можа, зарвецца язык Франакавай Вікці, не будзе страшыць, што прыйдзе i памалоціць твае вокны… — загаварыла Ядзя. — Хоць яе дурны поп хрысціў, будзе мянташыць, што ты наўмысна, з хітрынкай кватаранта ўзяла…

— Мне ад гэтага ні холадна, ні горача, — сказала Маня, адчуваючы на душы вялікую непрыемнасць ад гэтых плётак, i, каб не гаварыць пра гэта больш, сказала Ядзі: — Ну, я пайду: булён на агеньчыку варыцца.

Калі вярнулася дадому, несучы ў прыполе шчаўе, кватарант стаяў на двары, падкідаў у агонь трэскі. Быў ён цяпер паголены, мокрыя валасы залізаны назад, стаяў не ў ботах, a ў туфлях, у новых штанах, у белай тэнісцы. На яго даўгаватым носе блішчэў пот.

«Ды ён зусім малады», — падумала яна i засаромелася, што так i не пераадзелася, тупае босая.

— Кінула во агонь без догляду… — усміхнулася Маня.

— Нічога. Не суха ж, — сказаў ён, нагнуўся, дастаў з агню галавешку, прыкурыў.

Маня адразу адчула папяросны дым, што казытнуў у носе: пасля смерці Сцяпана, здаецца, ніхто i не курыў у яе хаце. Цяпер яе захваляваў гэты дым, зноў напомніў ён дарагога чалавека… Яна неяк уся зноў аслабела, пасумнела, стала абыякавай да плётак, што ўжо ёсць, што яшчэ будуць…

Вярнулася з пашы карова, відаць, наскублася ў полі добра, бо бакі былі поўныя, як бочкі, але ўсё роўна ткнулася ў свіныя вёдры, аблізала муку, што прыліпла там.

Маня загнала карову ў загарадку. Прынесла з хаты патэльню, кавалак сала i цыбулю, паставіла ля агню.

— Падсмажце, можа, самі, — ужо не з сорамам, а спакойна сказала яна электрыку, — я пайду карову падаю.

Зняла з частаколу даёнку i пайшла да каровы. Калі даіла, бачыла, як ён замітусіўся (відаць, ліўся на агонь булён), як зняў чыгунок, паставіў на трыножнік патэльню, смажыў, адхіляўся ад дыму, як варушыў сала i цыбулю.

Калі Маня прынесла малако ў хату, ён ужо сядзеў на лаве. На стале былі яго кілбаса, кансервы, слоік куплёнай капусты, пляшка віна.

— Ды вы ешце, нас не чакайце, — сказала яна. — Я пачакаю сына.

Працадзіла малако, наліла з адстойніка ў кубак, паставіла на стол, астатняе, што было ў бляшанцы, паставіла ў вядро з халоднаю вадою. Бачачы, што сам ён не бярэ есці, змахнула крошкі са стала, абчысціла кілбасу, нарэзала яе скрылікамі на талерку, памыла i падала гуркі, наліла міску булёну.

— Дык за знаёмства… — ён усміхнуўся, садраў зубамі з пляшкі бляшаную галоўку. — Мяне Віцем завуць. Віця Салавей. Голасу добрага не маю, a прозвішча во пявучае… — жартаваў ён i ўвесь час каўтаў у роце сліну, з прагаю пазіраў на ежу.

— А мяне Маняю завуць, пішуць Марыяй, — сказала яна, дастала з куфэрка i паставіла на стол кілішкі.

— Вы мне шклянку дайце, — папрасіў ён. — Не люблю цыркацца гэтымі… — Наліў ёй у кілішак, сабе ў шклянку, астатняе віно паставіў на падаконнік.

— Ну, будзьце здаровыя!

Яна кіўнула яму, крыху пакаштавала i паставіла кілішак на стол.

Еў ён са смакам. Відаць, добра прагаладаўся, з’еў усё, што толькі падала. Павячэраў, падзякаваў i падаўся ў вёску, дзе ўжо чуўся гармонік, — свае цяпер, летняю парою, вечарамі мала граюць, рана кладуцца спаць, — весяліліся, відаць, прыезджыя.

Маня не дачакалася сына i села адна есці, падумала, што трэба пагаманіць, каб не круціўся ля гэтых электрыкаў, не замінаў людзям працаваць. Вымыла пасуду i пачала збірацца спаць, ведаючы, што не хутка засне, пакуль усяго не перабярэ ў памяці, пакуль не паплача i не пагадае, як жыць далей…

2

Назаўтра кватарант падняўся рана, услед за ёю — яна спяшалася адправіць на пашу карову.

Вечарам, калі вярнуўся з работы, зноў хадзіў купацца, сядзеў ля агню i варыў бульбу, пасля, ужо ў хаце, згледзеў, што стаіць некранутае віно.

— Няма каму піць, — прамовіла Маня, сёння ўжо дзеля госця ў новай сукенцы, абутая ў басаножкі, у новай хустцы (у Янковічах усе замужнія кабеты i летам носяць хусткі).

— Гаспадар ваш не бярэ? — здзівіўся ён, пазіраючы на яе не так, як учора, а з нейкім агеньчыкам у вачах.

— Няма ў хаце гаспадара… — чамусьці незадаволеная, што ён так гаворыць, адказала яна.

— Паехаў куды?

— Памёр…

— Так… Вы… — ён развёў рукамі. — Удава, значыць… Маладая ўдава…

— Жыву з хлопцам, — прамовіла яна. — Увосень ужо шосты год будзе…

— Я тож адзінокі… — сказаў ён. — Быў жанаты, меў дачку… — прамовіў i стаў самотны.

Маня не спытала, дзе яго жонка, збаялася вымавіць слова «памерла». Страшнае для яе было гэтае слова… Толькі неяк па-новаму, дабрэй зірнула на яго, паспачувала.

— Праўда, жонка мая жывая, — сам сказаў ён. — Работа мая такая — у паездках… Прытуліў яе другі, лепшае паабяцаў. Кінула… Езджу вось ужо чацвёрты год па свеце, нідзе затрымацца не магу. А хутка ўжо трыццаць з палавінаю, хочацца асесці…

— А дачка ваша дзе? — спытала Маня, шкадуючы госця i яго дзіця.

— Не аддала мне. Судзіўся, але прысудзілі ёй. Яна на месцы, а я вечна ў раз’ездах.

— I ў вас гора… — са спачуваннем прамовіла яна, села на лаўку.

— Спачатку мучыўся, цяпер прывык, ачарсцвеў.

— I я неяк адзервянела, звыклася з удоўскаю доляю — работа ды работа.

— А вы ж, відаць, маладзейшая за мяне? — спытаў ён, зірнуў на яе, гэтак сама са спачуваннем i лагодаю.

— Мне трыццаць тры.

— Сама жыць, а мы ў гэтыя гады…

— Што зробіш, калі так Бог даў, — сказала яна.

— Бог гэты… Да аднаго дык i дужа добры, а да другога ўвесь час спіною…

— Мне дык век не шанцуе… — паскардзілася Маня. — Не хочацца i расказваць…

— Так, бывае… — мармытнуў ён, закурыў i выйшаў на двор, каб дыміць там.

З акна Маня бачыла, як ён сустрэўся ў двары з яе сынам, загаварыў з ім. Сын гэтаксама нешта расказваў, паказваў рукамі, смяяўся.

Пасля кватарант вярнуўся да ганка i падняў лазы, ускінуў ix на плячо. Пайшоў на вуліцу, сын падаўся за ім. Яна, каб лепш бачыць, перайшла хату, прыпала да другога акна, што глядзела на вёску.

Кватарант адзеў на ногі лазы i лёгка, як кот, палез на слуп; сын стаяў i глядзеў разявіўшы рот, так, што ў яе зашчымела сэрца: мужчына мужчынскае любіць…

Салавей злез са слупа, пачаў адзяваць лазы на ногі яе сыну. Яна затрывожылася, пазірала, як сын няўмела, чапляючы лазамі то за свае ногі, то за зямлю, падышоў да слупа, лез на яго i спаўзаў долу. Тады Салавей падперазаў яго сваім поясам, прыхапіў i слуп, падняў малога i рукою прыціснуў лазы да слупа. Сын палез наверх, азіраўся ўніз i смяяўся. Такі ён быў задаволены, шчаслівы.

Калі крыху падняўся, зноў глянуў на зямлю, спыніўся i спалохаўся. Яна затрывожылася, што зваліцца яшчэ ды пакалечыцца. Сын закрычаў. Яна выскачыла з хаты. Але сын ужо стаяў на зямлі. Салавей адвязваў ад яго ног лазы, супакойваў.

— Скруціш галаву, калі такі дападны! — сярдзіта сказала сыну, хоць, мусіць, яе гэтая сярдзітасць была залішне мяккай.

— Нічога, — усміхнуўся Салавей, разумеючы яе. — Спачатку i сталыя вышыні баяцца. Але ўсе хочуць яе. Добра там?

— Ага, — кіўнуў галавою малы, пазіраючы на кватаранта.

— Будзеш электрыкам? — усміхнуўся той.

— Угу.

— Чаго ж галасіў тады? — усміхнулася i Маня, узяла сына за руку i павяла ў хату.

Следам за імі, усміхаючыся, падаўся Салавей.

Гэтым вечарам ён не пайшоў у вёску, рана лёг на канапе i чытаў. Ix раздзяляла тонкая шырма, i яна чула, як ён загарнуў кнігу, патушыў лямпу, уздыхнуў. Яна гэтаксама не спала, думала i пра Сцяпана, i пра свайго кватаранта, i яе аж палохала: пра чужога чалавека думала больш. Разважала, што благая была ў яго жонка: яна, Маня, каб быў у яе добры чалавек, — берагла б яго, калацілася б за ім, як за дзіцем…

«Што ён добрага бачыць? Лазіць па слупах, цягаецца па чужых хатах. Хто пусціць, а хто i не пусціць, каторы добры пачастуе, a другі абы-як. Глядзі ў чужую міску. Але што я пра яго?.. Чужы чалавек…»

…Назаўтра i паслязаўтра кватарант яе не прыйшоў вячэраць i начаваць. Яна ўжо моўчкі бедавала, што не ўтрымаўся i зляцеў ca слупа, пакалечыўся. Перабрацца на другую кватэру не мог: яна глядзела добра — што мела, тое i ставіла на стол, не павінен быў пакрыўдзіцца, ды рэчы яго засталіся, каб пераходзіў, то забраў бы. Яна ўжо хацела схадзіць да Януковых хлопцаў, якія штовечар прыходзілі дадому, спытацца, дзе падзеўся яе Салавей. Нават выйшла ўжо за вароты свайго двара, але вярнулася, паслала спытаць сына i гэтаксама вярнула яго: падумала, што скажуць на гэта людзі…

Варта было папрасіць мужчыну выкасіць дзялянку травы, з’ездзіць з ім у лес ці папрасіць закалоць свінню, як пра гэта ведала ўся веска. Аднойчы нават, калі частавала брыгадзіра, суседку Ядзю злавіла ля акна — стаяла i падцікоўвала… А цяпер во запляліся гутаркі пра яе i Франака…

«Ды, відаць, начуе недзе ў сяброў», — падумала яна i старалася забыцца пра яго, але ноччу не спала, уздрыгвала, калі рыпелі вароты, якія, відаць, матляў вецер…

3

Прыйшоў Салавей праз тры дні, у суботу. Спачатку памыўся ў Януковай лазні, выпіў там з хлопцамі, тады паказаўся ўжо. Ад вячэры адмовіўся, загаворваў, жартаваў з яе сынам, браўся вывучыць яго за электрыка.

— Будзе лазіць па слупах, i ад яго жонка ўцячэ, — пасміхалася Маня.

— Тады не ідзі па маіх слядах, малец, — гаварыў ён, i яна заўважыла: вып’е — смешна плюскае вачамі.

— Лепш вучыся, малец. Скора ў школу?

— Ды сёлета, — сказала Маня.

— I мая скора пойдзе…

— Растуць дзеці, — уздыхнула яна.

— Яны растуць, а мы старэем.

— На гэтым i зямля трымаецца, — сказала Маня. — Некалі i мы маладыя былі.

— Ну, мы яшчэ… — Локаць саслізнуў са стала, i ён боўтнуў галавою ўніз, ледзь не зваліўся з лавы. — Але мне трэба спаць. Калі можна, пасцялі мне, гаспадынька, на сене. У хаце будзе душна, ды яшчэ ты гэтую печ напаліла.

— He паліла б, каб есці не варыць ды свінням траву, — адказала яна, узяла падушку, старую дзяругу i коўдру, падалася з хаты. Хістаючыся, выйшаў i ён.

— Налізаўся я сёння, — не трапляў ісці за ёю. — Ты не спяшайся, а то не бачу, куды ісці.

Яна пачакала яго на цёмным двары, адчыніла гумно i пачала слаць.

— Мала сена, — сказаў ён, убачыўшы нешта ў цемені.

— Ужала на межах, — сказала яна, думаючы, што кожны год мае шмат клопатаў з сенам. Ногі саб’еш, рукі ўварвеш, пакуль яго назбіраеш на зіму.

— Цяжка вам без мужчыны?

— А вам без кабеты легка? — смела спытала яна, паслала пасцель, пастаяла з хвіліну. — Спіце…

— Цяжка, — сказаў ён. — Застанься са мною, — злавіў яе руку, прыцягнуў да сябе: — Надаела мне аднаму. Вера…

— Вось i будзьце з Вераю, — нечакана ўзлавалася яна i вырвала руку.

— Ой! — ён зноў ступіў да яе. — Маня… Мы абое… Ну, не ўцякай.

— Спіце лепш, — з папрокам сказала яна i не спынілася нават: легка пераскочыла цераз загарадку, зачыніла дзверы, узяла ix на кручок.

«Усе яны такія, гэтыя мужчыны, — ішла ў хату i думала. — Вытуру заўтра… Дарэмна спачувала яму: падоўгу, можа, не быў дома, піў, не даваў капейкі, вось i кінула кабета, скінула гора з плячэй, жыць захацела. Крыўдзіцца яшчэ, сам на сябе наракаў бы…»

…Назаўтра ўстала позна: была нядзеля. Спачатку, праўда, паднялася раненька, падаіла, выпусціла на пашу карову i зноў легла. Не спяшаўся ўставаць i кватарант, доўга не выходзіў з гумна.

Злосць за ноч уляглася, але Маня ўсё роўна думала прагнаць яго, ляжала, пасля тапталася ля печы i абдумвала, якімі словамі адчытаць, адвучыць. Папусціся толькі такім…

Падняўшыся, прыгатавала сняданак, паставіла на стол, а кватаранта ўсё не было.

— Ідзі ў гумно, скажы, хай ідзе есці, а то галодны дзень будзе, — паслала сына, сама прытаілася ля акна i пачала глядзець, што будзе.

Салавей хутка выйшаў. Ступаў, апусціўшы галаву. Відаць, i не раздзяваўся: касцюм на ім быў скамечаны, у сене. Падышоў да калодзежа, доўга мыўся, відаць, чакаў, што яна выйдзе, падасць ручнік. Але яна не вынесла, стаяла, глядзела на яго i не са злосцю ды з крыўдаю, а крышку з пометаю ўсміхалася. Як убачыла, што прастуе ў хату, кінулася ад акна да печы — нібы адсунуць ад агню чыгунок.

— Здарова! — не бойка, як раней, а з разгубленасцю прывітаўся ён, калі зайшоў i стаў у парозе.

— Здрастуйця, — спакойна i як бы абыякава адказала яна не азірнуўшыся, хоць сама чакала, што будзе далей.

Ён зняў з цвічка ручнік, выцерся, зноў павесіў, сказаў малому:

— Схадзі, дружа, у гарод, паглядзі гуркоў.

Маня хацела затрымаць сына, але пасля падумала, што напраўду лепш пагаварыць без яго. Сын паслухаў, выбег з хаты.

— Маня, — ён падышоў, хацеў, каб яна зірнула на яго. — Ты не злуй… Я-то не апраўдваюся i сёння тое думаю, але ўчора не тымі словамі сказаў…

— Я ўсё разабрала, — зноў спакойна, не пазіраючы, прамовіла яна.

— Не, я не тое… I давай не будзем выкацца, — папрасіў ён, разгубліваючыся, што яна такая спакойная. — Кінулася ты мне ў вока. Добрая ты i спагадлівая… Калі згодзішся, бяры мяне за гаспадара.

Маня азірнулася, цяпер ужо з разгубленасцю глядзела на яго, вінаватага, але, здаецца, не з маною ў вачах, сур’ёзнага. Недзе торгнула i балюча зашчымела жылка, закалацілася сэрца так, як даўно ўжо не трывожылася.

— Гаворыце вы… — толькі вымавіла яна. — Гэта з учарашняга.

— Што я благое гавару? — ён сеў на лаве. — Сёння мне або ісці з тваёй хаты, або застацца… Не думай, што абманшчык, гуляка, што да чаркі вялікі любіцель. Магу жыць i без гэтага… Мы ўсё законна. Тады ўжо…

— Ці тое вы думаеце, што гаворыце? — пажартавала яна, a ў галаве паплылі самыя розныя думкі, i нельга было разабрацца, што з ёю робіцца.

— Toe, — сказаў ён хвалюючыся. — А ты што скажаш?

Яна паціснула плячыма.

— Сам не ведаю, скора мо гэта, не варта спяшацца, — ён устаў. — З другімі не хачу звязвацца, а з табою… Прыпала ты мне да сэрца, — сказаў i выйшаў з хаты. Яна бачыла: пайшоў у вёску.

Прыбег сын i прынёс маленькіх гурочкаў. Здзіўлена паглядзеў на яе: дзе ж дзядзя?

— Скажы мне, сын, не баішся ты дзядзькі Віці? — спытала яна, села, прыхіліла сына да сябе, зірнула яму ў вочы.

Той усміхнуўся, паціскаў плячыма.

— Дык не баішся?

— Не.

— Ну, садзіся есці, — чамусьці павесялела яна.

Самой ёй не хацелася снедаць: натапталася ля печы, нанюхалася стравы — адпаў апетыт. Яна выпіла шклянку малака i пайшла ў другую палавіну, падышла да люстэрка. Убачыла ля вачэй глыбокія маршчынкі, але яшчэ ix было мала. Падумала: трэба не насіць хусткі, не захутвацца: шчокі, нос чырвоныя ад сонца, а лоб зусім белы. Скінула хустку, распусціла валасы. Чорныя, яшчэ без ніводнай сівінкі, доўгія. Пачала расчэсваць. Падумала, што няма калі за работаю i за сабою паглядзець.

«Ды я яшчэ маладая, — узрадавалася яна, павярнулася, убачыла, што яшчэ i статная — грудзі, плечы i ногі як у дзяўчыны. — Так што, можа, недарэмна ліпне Франак, сватаецца во Салавей…»

Маня прыткнулася да халоднага люстэрка лбом i заплюшчыла вочы, пагладзіла сябе рукою па шчоках, падумала, што даўно не ведае ласкі, адчула, як цяжка жыць без яе.

…Салавей сам не пайшоў ад яе, i яна не праганяла. Ранічкаю ўставаў i ішоў на работу, вечарам не затрымліваўся, яшчэ да заходу сонца вяртаўся i стараўся што-небудзь зрабіць ля хаты. Памяняў дрот, паставіў яшчэ некалькі разетак, уключальнікаў, парэзаў з малым, раскалоў круглякі, што ляжалі яшчэ з зімы, на якіх ужо згніла кара, a самі пазарасталі травою.

Больш не сватаўся, як усё роўна i не гаварыў пра гэта ці забыўся. I яна не загаворвала, давала есці, адказвала, калі пра што пытаўся, хадзіла на работу, тапталася пры хаце i чакала, што ж будзе.

Праз тыдзень Салавей застаўся ў вёсцы толькі адзін. Раніцай прыходзіла i забірала яго машына, а вечарам толькі аднаго прывозіла.

Маня ведала, што так доўга цягнуцца не будзе. Трэба адно: браць у прымакі або не браць. Відны мужчына, працавіты, але што скажуць людзі, свякроў? Не пахваліць яна, узлуецца за сына.

4

Свякроў прыйшла сама. Маня якраз вярнулася з саўгаснай работы i капала ў садзе на вячэру бульбу.

— Добрая картофля? — падышла, запытала свякроў i не павіталася.

— Дабро такое, — адказала Маня, — велькая, але не ядраная.

Свякроў, тоўстая, абутая ў цёплыя валёнкі, у старой фуфайцы, стаяла ля яе i гаманіла пра гаспадарскае, пакуль яна не накапала поўнае вядро. Пасля пайшла ўслед за ёю ў двор. Маня адразу здагадалася, чаго тая прыйшла, але маўчала, першая не загаворвала. Яна добра ведала сваю свякроў: адразу не скажа ў вочы, будзе падыходзіць здалёку, старацца мацней уджаліць.

— I доўга ён яшчэ будзе жыць? — нарэшце не вытрымала i запытала тая.

— Хто, мама? — як не здагадваючыся, спытала Маня i хацела, каб свякроў хутчэй пасунулася дадому.

— Хто — яшчэ пытае! — узлавалася тая. — Ён, кватарант твой.

— Не ведаю, — спакойна прамовіла Маня. — Не прагоніш жа чалавека.

— Магла i не браць, — папікнула свякроў. — Другія з мужамі, але не бралі.

— Папрасіўся… — апраўдвалася Маня.

— Мала хто прасіцца будзе. Ты чуеш, што людзі гавораць?

— Хай гавораць… — прамовіла Маня, трымала ў руках вядро, забылася паставіць яго на зямлю.

— Бачу, ты яго не думаеш праганяць, рада, што не выбіраецца, — свякроў злосна бліснула вачыма. — Надта скора забылася пра Сцяпана.

— Перастаньце, мама, не трывожце душы, — напрасна Маня, стрымалася, каб не раскрычацца. — Не паднімем мы яго ўжо…

— Во што ў цябе ў галаве, — усміхнулася свякроў, рукавом фуфайкі выцерла слёзы на маршчыністай шчацэ. — Гэта я толькі ўбіваюся, свету не бачу. Бо я маці, а ты хто…

— Прашу вас, сціхніце, або… — не вытрымала Маня, паставіла на зямлю вядро i рыдлёўку, але стрымалася, больш нічога не сказала.

— Ужо i не трэба мы табе? — гаварыла свякроў, як хвастала па шчоках. — А як дасюль чаго дранага-рванага трэ было, то да нас бегла… «Татачка, мамачка, памажыце». Цяпер ужо не трэба, з двара гоніш.

— Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі… Жыў бы Сцяпан — была б рада яму… Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы… I пра дзіця падумаць не хочаце.

— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш…

— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць…

Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.

Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.

Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.

Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:

— Чаго ты, Маня?

Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.

— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні… Чуеш?

Але яна не чула, не адказвала.

— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.

5

Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.

Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.

— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады… Гаспадар!

Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.

Аплявуха

1

Толькі ўжо на трамвайным прыпынку, калі развітваліся, Вішнявец запытаў пра тое, пра што, мусіць, думаў увесь час.

— Скажы, Васільевіч, ты помніш пра некалішнюю маю аплявуху? — ён не то гарэзна ўсміхнуўся, не то крышку засаромеўся, падняў правую руку i пацёр далонь, быццам яна засвярбела. — Ці забыў даўно ўжо тое?

Вішнявец запытаў, а я збянтэжыўся. Быццам ён невінаваты, быццам я зграшыў. Міжволі зірнуў на гэтую руку, што некалі так балюча ўдарыла мяне. Яна i цяпер, калі Вішнявец пастарэў, трохі асеў, як асядае ў камлі старое дрэва, была яшчэ дужая — шырокая, як шуфель, далонь, тоўстыя пальцы. Ён сцепануўся ад майго пільнага позірку, апусціў руку i, здаецца, без дай прычыны схаваў яе ў кішэні светлага пінжака.

— Даўно тое было… — нібы апраўдваўся Вішнявец, нібы заадно хацеў супакоіць i мяне, каб я хоць цяпер не меў на яго крыўды. — Можа, гадоў трыццаць прайшло ўжо… Я тады быў яшчэ зусім малады, гарачы, а ты — горкае дзіця… Як i наш Міхась… — гаварыў i адводзіў вочы, не вытрымліваючы майго позірку. — Ды i час тады быў… Ого, які гарачы быў тады i час… Многа не гаварылі…

«Які б ні быў час, дзядзька Іван, але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам», — хацеў сказаць я, але змаўчаў.

Я, прызнаюся шчыра, не забыў пра той былы, сапраўды даўні ўжо выпадак, але i не ўспамінаў яго каму-небудзь: па-першае, ці варта доўга выношваць крыўду i помсту, а па-другое, у жыцці маім за гэты час было яшчэ нямала ўсякіх — значных i дробных, прыемных i гаркотных — выпадкаў. Хіба ўсё ўтрымаеш у памяці?! Хіба на ўсё зважаць?! Але сёння, як пачуў званок, адчыніў дзверы i ўбачыў на пляцоўцы нечаканага знаёмага госця, дык адразу i ўспомніў той час, маладога дзёрзкага Вішняўца, тое прыкрае здарэнне.

Запрасіў у кватэру, слухаў яго крыўду, папрокі, частаваў, але не напамінаў былога. Ды i лічыў: Вішнявец пра ўсё ўжо забыў. Калі ўжо тое было! Ды ці варта за яго папікаць цяпер старога ўжо чалавека?! Лепш паглядзець, кім ён стаў на старасці. Маладыя грахі ды памылкі навучылі яго чаму-небудзь карыснаму ці нічога не змянілі ў чалавеку?

Я i цяпер, усміхаючыся, пазіраў на Вішняўца — невысокага, камлістага, у белым капелюшы i ў светлым касцюме, з кішэнькі пінжака якога вытыркаліся два хвосцікі самапісак, з гаспадарчай пакоўнай сумкаю ля ног.

Нейкую хвіліну мы абодва маўчалі, мусіць, кожны па-свойму ўспамінаючы той няблізкі час, тое здарэнне, сваё некаляшняе i цяперашняе жыццё.

— Я, Васільевіч, прызнаюся: я забыў тое… зноў нібы гарэзна, нібы крышку з няёмкасцю ўсміхнуўся Вішнявец. — Кажу, колькі вады ўжо сплыло, чаго толькі не было… Але як параілі знаёмыя пад’ехаць да цябе папрасіць помачы, дык адразу ўспомніў… Як у памяці нешта адчынілася… Думаў: ты цяпер важны чалавек, не захочаш нават гаварыць са мною, пенсіянерам. Каб я яшчэ на базе, як раней, два гады таму, рабіў, дык, можа, паразумеліся б, а так… З-за крыўды, з-за цяперашняй сваёй важнасці можаш нават не дапусціць мяне да дзвярэй… Аж ты просты, бачу, чалавек. Можа, i занадта просты. Во іншы на тваім месцы… Ого, не так бы паводзіўся, не тое меў бы… — Усклікнуў у захапленні.— О, якія ёсць пыхліўцы ды грабуны! I я табе, Васільевіч, скажу, што i трэба марку сваю высока трымаць. Тады болей паважаюць, а то i баяцца… З простага пасміхоўваюцца, а то i папіхаюць яго ўсюды…

Я моўчкі слухаў. Вішнявец гаварыў-гаварыў пра сваіх знаёмых падначаленых i кіраўнікоў, хваліў ці ганіў ix, а пасля, убачыўшы, што падыходзіць патрэбны трамвай, заспяшаўся ехаць дадому, у свой гарадок.

— Дык, Васільевіч, заступіся, не дай у крыўду заслужанага чалавека, — зноў, як i ў кватэры, пачаў прасіць. — Цыкні зверху на нашага Сідаровіча, іншым падсып перцу. Памажы дабіцца мне праўды i справядлівасці.

Я падакляраваў узяць ад газеты камандзіроўку i пад’ехаць разабрацца ca скаргаю Вішняўца. Ён аж рассыпаўся, як кажуць, ад падзякі ды паехаў сваёю дарогаю.

Неўзабаве я i з’ездзіў туды, як i абяцаў. Мясцовыя кіраўнікі выслухалі мяне, з болем паскардзілся, што Вішнявец замучыў ix ужо сваімі просьбамі ды скаргамі. Ён па льгоце атрымаў у горадзе вялікую кватэру, легкавік, а цяпер хоча атрымаць яшчэ адну машыну i яшчэ адну кватэру — для сына. Для Міхася, з якім я некалі разам хадзіў у школу. Мне не толькі расказалі пра ўсё гэта, але i дакументамі пацвердзілі, што той Міхась, заводскі інжынер, можа жыць i з бацькамі, бо плошчы хапае.

Калі я, маючы на руках копіі Вішняўцовых лістоў, адказаў з раённых устаноў, зайшоў да Вішняўца ды паказаў усё гэта, дадаў ад сябе, што ён скардзіцца без дай прычыны, дык ён мігам змяніў сваю ласку на гнеў, пачаў нагаворваць i на мясцовых людзей, i на мяне самае што ні ёсць паганае. Мяне яшчэ папікнуў, што я не хачу памагчы яму за тую сваю даўнюю, «нікчэмную», як сказаў, крыўду. Уз’юшыў супраць мяне i свайго сына, бо той не сказаў мне ніводнага прыемнага слова, толькі кпіў з мяне ды таксама нагаворваў на сваіх людзей.

З прыкрасцю я зразумеў, што Вішнявец i на старасці не толькі не змяніўся, не палагоднеў ды не падабрэў, але яшчэ болей закасцянеў ад зла. Недарэмна ж, мусіць, людзі кажуць: калі нарадзілася цялятка з лысінкай, дык з ёю i памрэ.

2

Той даўні выпадак, пра які не адзін раз напамінаў Вішнявец, здарыўся, калі я пайшоў у першы клас.

Што такое пайсці дзіцяці ў школу, усе ведаюць. Гэта — i вялікая падзея, i немалая перамена ў жыцці, i новыя хваляванні ды трывогі, i велізарная радасць ды доўгая, без канца i краю, дарога ў навуку, да пазнання. Тым больш усё гэта было ашаламляльнае i важнае для мяне: я нарадзіўся i гадаваўся на хутары, дзе было ўсяго некалькі аддаленых адна ад адной хат, не мелася яшчэ электрычнага святла, дык для мяне дарога ў вёску, да людзей, навучанне ў школе, дзе было электрычнае святло, радыё, а таксама была досыць вялікая бібліятэка тоўстых i тоненькіх, з малюнкамі кніг, стала, можна сказаць, дарогаю ў вялікі свет. Канечне, свет той быў не такі ўжо вялікі, але для мяне, тагачаснага, быў, паўтару, не малы.

У школе я хораша сышоўся ca сваім суседам па парце, Міхасём Вішняўцом. Быў ён крышку ніжэйшы за мяне, як казалі, «гонкага, але худога», але камлісты, дужы i вельмі прыгожы, нібы дзяўчынка. Яшчэ ён быў разумны, кемны, умеў ужо добра чытаць — не толькі «Буквар», але i кнігі ды газеты, — а таксама спрытна пісаць ды лічыць, здаецца, бясконца. Я яшчэ столькі ўсяго не ўмеў, мог толькі чытаць i пісаць друкаванымі літарамі, лічыў з запінкаю, не мог вызначыць, які дзесятак ідзе ўслед за якім.

Пасябраваўшы з Міхасём, я пачаў заходзіць да яго дадому — ці раніцай, ці пасля вучобы. Хата Вішняўцоў мяне таксама ўразіла: у нас, на хутары, хата, хлеў, гумно — усё было над адной страхою, жыллё наша было з аднаго пакоя, з адным, ад вёскі, ад поля, акном, з гліняным долам. У Вішняўцоў высокі светлы дом стаяў ля вуліцы, за плотам i гародчыкам, a астатнія прыбудовы былі воддаль. Дом быў з трох пакояў, з мноствам вокнаў, з дашчанаю падлогаю. Вішнявец-бацька быў у той час нашым брыгадзірам, жыў заможна.

Мы з Міхасём ці забаўляліся ў двары альбо на блізкім поплаве, ці каталіся на яго дзіцячым веласіпедзе, ці былі ў хаце i гулялі ў «школу», у «настаўніка» i «вучня». Міхасёва маці, цётка Франя, сустракала мяне ветліва, частавала смачнымі грушамі ды яблыкамі альбо разам з Міхасём садзіла за стол, а гаспадара я мала калі бачыў у хаце: ён, лічы, не стыкаўся дома. Сядзе на свайго жарэбчыка, стукне яму нагамі пад бакі — толькі яго i бачылі.

3

Тады, у першым класе, я з зачараваннем адносіўся да нашай настаўніцы — маладзенькай Клаўдзіі Ільінічны. Яна — у белых туфлях, блакітным касцюме, з выкладзеным наверх вялікім каўняром белай блузкі — была вельмі наглядная, а па-другое, ветлівая, хораша тлумачыла, чытала, а таксама спявала. Бачыць, чуць яе была для мяне кожны дзень найвялікшая радасць. Маці мая часамі аж «скардзілася»: пайшоў ты, сынок, казала, у школу, дык зусім змяніўся — мяне перастаў любіць, a палюбіў сваю настаўніцу, чужую жанчыну.

Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам ca сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, «мядзведжым», «лісіным» ды «воўчым», галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне i слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.

Нечакана рззка адчыніліся класныя дзверы, i мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ i зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.

— Ідзі сюды, — запатрабаваў у анямелай цішьші Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына. — I ты, друг хутаранскі,— кіўнуў i мне, — выйдзі.

— Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей. — У нас жа ўрок…

— Нічога, урок можна i перарваць, — непачціва адказаў ёй Вішнявец. — Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі…

— Выйдзем, хлопчыкі,— ціха прамовіла настаўніца, — А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.

Мы падняліся i пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася i Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.

Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт «Казбек» (Міхась збіраў пустыя пачкі i абменьваў на ix жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы i кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку i хустачкаю выцер з ілба буйны пот.

— Іван Станіслававіч, я нічога не разумею… — i разгублена, i незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца. — Што здарылася?

— Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку, — Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?

Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць i не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы i разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але i для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.

— Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў,— папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выстунілі на ix вялікія пляміны.

— Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец. — Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.

Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.

— Дзе грошы?

Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, i ад нечаканага бацькавага запытання.

— Чуеш? Дзе грошы, што ляжалі ў новай шафе між прасцірадламі? — не зважаючы на сынавы моршчыкі, дапытваў Вішнявец. — Адзін узяў ці ўдвух укралі?

— Татачка, баліць… — заенчыў Міхась, пачаў прасіцца: — Пусці. Я не браў ніякіх грошай. Татачка…

— Перастаньце! — нечакана павысіла голас Клаўдзія Ільінічна, аж ён у яе сарваўся, — Што за дамастроеўскія метады?! Гэта зусім не педагагічна!

— У мяне свае метады… — пырснуў слінай Вішнявец i ўдарыў адзін-другі раз Міхася па шчацэ. — Гавары, падшывалец, дзе грошы?

Міхась, енчучы, пачаў клясціся, што нічога не ведае. Тады Вішнявец схапіў мяне за вуха.

— Можа, ты, госць наш даражэнькі, скажаш, дзе нашы грошы, уся выручка за бычка? — прыблізіў гарачы потны твар, дыхнуў гарэлкаю. Настаўніца мітусілася, крычала штосьці, але раззлаваны Вішнявец не слухаў яе, здаецца, з усёй сілы круціў-вырываў мне вуха. — Можа, успомніш, чаго ўчора з нашым бэйбусам лазіў у шафу?

— Мы ніткі шукалі…— адказаў я, плачучы ад крыўды i болю. Караў мяне часам i бацька, але яго кара не была такая цяжкая i крыўдная, як гэтая. Цярпець кару за сваю віну не так ужо i пакутліва, а вось пакутаваць за незаслужанае, за недарэчнае вельмі цяжка.

— Ніткі шукалі, a знайшлі грошы? — здзекаваўся з мяне Вішнявец, усё яшчэ круцячы вуха. Яно гарэла, нібы ад агню, — Дзе ix дзелі? Ну, гавары, а то…

— Мы не бралі…— з плачам выціснуў я.

— I ён не браў, i ты не браў? Я ўкраў? Сам у сябе? На вас, анёлкаў, нагаворваю? — Вішнявец разлютаваўся, а пасля нечакана i мяне, чужога, агрэў па адной i другой шчацэ. У галаве маёй аж зазвінела, шчокі запяклі.

Ад цяжкай крыўды i ад горкага болю я нічога больш не чуў, толькі скрозь слёзы бачыў, як Клаўдзія Ільінічна раптоўна аж змянілася ад перапалоху на твары, штурхнула Вішняўца ў грудзі, паказала гнеўна рукою, каб выйшаў прэч. Той ад нечаканасці хіснуўся, бухнуўся спіною ў сцяну. Калі выпрастаўся, закрычаў ужо на настаўніцу, а пасля, патросшы кулаком, выскачыў з настаўніцкай.

Мы з Міхасём, стоячы пасярод пакоя, плакалі наўзрыд.

— Хлопчыкі міленькія мае, — прытуліла нас абодвух да сябе Клаўдзія Ільінічна i таксама заплакала. — Што ж гэта такое? На што ж такая жорсткасць? Што ж гэта за ліха? Скажыце, скажыце, родненькія, мне шчыра: вы бралі ці не бралі тыя грошы? Не бойцеся, кажыце толькі праўду.

Мы не маглі нічога адказаць толкам, хоць i спрабавалі, перабіваючы адзін аднаго ды глытаючы горкія слёзы, расказаць, што не рабілі ніякага крадзяжу.

— Супакойцеся, хлопчыкі. Супакойцеся, міленькія, — прасіла Клаўдзія Ільінічна i ў настаўніцкай, i пазней у класе, але мы не маглі суцішыць ні плачу, ні ўздрыгвання. — Я веру: вы невінаватыя. Выйшла нейкая прыкрая памылка альбо недарэчнасць. Грошы знойдуцца, ад вас будзе адведзена ўсякая ганьба…

4

Яшчэ з гародчыка мяне ўбачыла маці.

Яна разам з малодшаю маёю сястрою выбірала там бульбу — як я згледзеў, на сотках было разагнана колькі баразён, што падсохлі ўжо ад нізкага, няяркага, але яшчэ не цалкам астылага вераснёўскага сонца ды на цеплаватым ветрыку.

Каб іншы раз, дык я абавязкова адразу ж падаўся б да маці, расказаў бы, што ўведаў у школе новае ці якія сёння атрымаў адзнакі. Але цяпер я пакрочыў адразу ў хату. Маці, разагнуўшыся ды трымаючы ў руках бульбу, толькі праводзіла мяне позіркам.

Данута (з ёю, аднакласніцай, мы ішлі разам дадому), відаць, пра ўсё расказала маці, бо тая, тады яшчэ маладая, рухавая, не нашмат, мусіць, старэйшая за нашу настаўніцу, хутка ўбегла ў хату i адразу пляснула рукамі.

— Сыночак мой! — ускрыкнула, — Ды ты ж аж змяніўся на твары!

Я дагэтуль уздрыгваў i ўсхліпваў, а цяпер зноў разжалобіўся i не вытрываў — заліўся горкімі слязьмі. Маці, прытуліўшы мяне да сябе, як у настаўніцкай Клаўдзія Ільінічна, гладзіла мяне па галаве, прасіла супакоіцца i толкам усё ёй расказаць. Я, глытаючы слёзы, збольшага пераказаў сваё гора.

— Можа, ты, сыночак, усё ж узяў тыя грошы? — напужалася маці,— Можа, растрацілі ўжо на нешта ці схавалі дзе? Гавары, прызнавайся — дадзім нейкую раду. Грэх вялікі — маніць, быць злодзеем. Гэта ўжо пляма на ўсю сям’ю, на ўвесь род.

Калі я пакляўся, што i ў вочы не бачыў грошай, маці разжалобілася i таксама заплакала разам са мною.

— Божачка, ты аж апух… — забедавала яна. — На шчоках відаць сінія сляды ад пальцаў… Не чалавек ён, а звер! Без душы i сэрца! Не разбярэцца, не пагаворыць толкам — б’е чужое дзіця… Няхай бы яму рукі паадсыхалі…

Матчына спагада зусім размякчыла мяне. Я плакаў, як бабёр.

— Не хадзі болей да ix, сыночак, — прасіла маці.— Адвучышся — адразу шыбуй дадому… Сам крадзе, сам адмысловы злодзей, дык нікому не верыць, думае, што i ўсе заграбушчыя ды завідушчыя…

Ад крыўды, плачу забалела галава. Маці распранула мяне i паклала на ложак, просячы супакоіцца i заснуць. Наплакаўшыся, я пасля трохі i прыснуў.

Прачнуўся ад бацькавага сярдзітага голасу.

— «Ніхто не бачыў!» «Ніхто не бачыў!» — злаваўся ён i гаманіў на маці,— I ты нічога не бачыла. А раз не бачыла — дык надта не заступайся. Бо, можа, i ўзялі ці адзін узяў… Прывучыцца красці — вырасце злодзеем…

Бацька запаліў i павесіў лямпу на дрот, a маці ў гэты час высыпала з гаршка ў вялікую місу звараную бульбу — сям’я збіралася вячэраць.

— Як жа не верыць свайму дзіцяці? — заступалася за мяне маці. — Ніколі ж у жыцці ні ў кога нічога не ўзяў!

— Але ж грошы, кажа Іван, прапалі. З шафы. А яны абодва лазілі ў шафу — меншыя дзеці гэта добра бачылі…

— Па-першае, столькі грошай дзеці не возьмуць, можа, хто i ca сталых падгледзеў ды ўкраў, а па-другое, не мае права гэтак палохаць i біць чужое дзіця… — усхліпнула маці.— Думае, што наша дзіця вінаватае, дык няхай i скажа пра гэта нам. Самі разбяромся. А ён без суда i совесці рукі распускае, упалохаў хлопца, што i ў сне плакаў ды прасіўся…

Я прыкідваўся, што сплю; бацька замаўчаў; відаць, i яго, строгага, кранулі такія бессардэчныя Вішняўцовы выхадкі; маці падышла да мяне, прыклала вусны да лба, а пасля да скроні.

— Гарачанькі. Гарыць увесь… — уздыхнула, пацалавала мяне ў адну i другую набітыя сёння шчокі.— Зараз адвару з журавінак дам, кампрэс халодны на лоб пакладу…

5

Я назаўтра ў школу не пайшоў.

Гарэў, моцна балела галава. Маці сказала, што гэта ў мяне ад моцнага перапалоху. Вельмі злякаўся — вось i прычапілася хвароба. Часамі мне было так горача, што аж траціў прытомнасць — у вачах не то раіліся пчолы, не то лёталі мухі, бесперастанку стаяў звон-гул у вушах. Я то разумеў, дзе я i што са мною, то раптоўна падаў у забыццё.

Не хадзіў я ў школу з тыдзень. Усе гэтыя дні не то спаў, не то трызніў, сніў нейкія дзіўныя сны. Мала помню, што прывозілі да мяне з Дзераўной урача, што маці па некалькі разоў у суткі давала піць разведзеныя ў вадзе парашкі i таблеткі i што прыводзілі да мяне з далёкага хутара бабу Аршулю, каб яна «выгнала сполахі».

Калі я нарэшце ачуняў, дык адразу ўбачыў каля сябе маці.

— Сыночак, ты i праўда невінаваты, — абцалавала мяне. — Учора была тут твая настаўніца, дык сказала, што Вішняўцы знайшлі грошы. Ix украў іхні сусед, Кузёмка. Хаваў, таіў, а потым падкінуў Вішняўцам… Але людзі ўбачылі, расказалі пра ўсё ўсім…

Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што i маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што i з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.

Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:

— Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў…

— Абышлося ўсё, дык i добра, — буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.

— Дзе ж яно «добра»?! — не адступала маці,— Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?

Бацька ўнурыў галаву i нічога не адказаў. Закурыў i зморшчыў лоб.

— Каб ён быў чалавек, меў душу i сэрца, дык сам прыйшоў бы i перад невінаватым дзіцем на калені стаў бы… — папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злосць на Вішняўца. — Але ён не прыйшоў i не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее…

Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.

Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне i абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.

6

Прайшлі гады, i тая даўняя мая крыўда, як казаў ужо, паволі забылася ці ўспаміналася ўжо не з такім, як у маленстве, болем. Ажыла, абзыўнулася, калі ўбачыў старога ўжо Вішняўца на пляцоўцы каля нашай кватэры. Дагэтуль добрыя пятнаццаць гадоў ён не трапляў мне на вочы ні ў сталіцы, ні ў тым гарадку, дзе цяпер жыве, ні ў нашай вёсцы, куды i ён, як кажуць, зрэдку прыязджае.

…Пасля сустрэчы з Вішняўцом я даў сабе зарок: стрымлівайся з усіх сіл i без дай прычыны не крыўдзі чалавека. Калі ведаеш цяжар крыўды, болю, дык не трэба свядома жадаць гэтага некаму.

Помнік на ўзгорку

Лявончык, задумаўшыся, сек каля дрывотні галлё. На хвілінку запыніўся, каб адпачыць, зірнуў на блізкую сценку: тудою шпарка, угнуўшы галаву, ехаў на веласіпедзе Рыгор Бурак. Да рамы было прывязана кассе, да багажніка прымайстравана загорнутая ў анучку каса.

«Паехаў выбіваць нагледжаную лапінку травы», — падумаў Лявончык. Пазайздросціў, што Бурак старэйшы, але гэткі яшчэ рухавы, дужы. Лічы, дватыдні былі на сенакосе, на Шубіне, касілі, пераварочвалі, грэблі, стагавалі сена, млелі ад спякоты, смагі ды ад аваднёў i камароў, толькі сёння вярнуліся дадому — а ён, бачыш, зноў за касу. Праўда, i ён, Лявончык, не песціўся на ложку, але ўсё роўна аж паківаў галавою: ну, Бурак! Жылісты яшчэ, стары корч! Спраўнейшы нават за некаторых маладых.

Падумаў гэтак i захваляваўся. А што, калі Бурак падаўся ў яго норцік? Кожны гаспадар з вёскі мае ў лесе, у кустах ці каля рэчкі невялікі лапік, які па няпісанаму закону лічыцца толькі яго. Лявончык спрадвеку выкошваў Ярылаў норт. Але сёння гэты Бурак можа ўплішчыцца туды. Ён, бадай, болей за ўсіх з вёскі не любіць Лявончыка, зычыць яму толькі бяды i ліха. Можа, яшчэ i больш за Салавейчыкаву Ганну, хоць тая ўвогуле ні з ім, ні з жонкаю не гаворыць. Няпрыязь іхняя даўняя, яшчэ з маладых гадоў. З вайны.

«Пабягу i я, — сцепануўся i ажывіўся Лявончык, — закашу свой норт. Тады ўжо ні Бурак, ні іншы хто не ўлезе».

Ён усадзіў у калоду сякеру i падаўся ў дрывотню па касу i брусок.

Калі хуценька трусіў да дарогі, запыніла жонка. Яна збірала з бульбоўніку, што ўжо лашчыў вочы белымі, чырвона-фіялетавымі i сінімі кветкамі, каларадскіх жукоў. Падняла галаву, зірнула на яго ca здзіўленнем.

— Ты куды? Паляжаў бы…

Ён зірнуў на яе, невысокую, худую, быццам невылечна хворую, з выцвілымі вачыма, i нічога не сказаў. Бо i цяпер убачыў у яе позірку не толькі спачуванне, але i затоены боль, нават пакуту — за яго некалішнюю памылку, Гэтая памылка каменем ляжыць на яго i яе сэрцы.

— Прыйдзе час — наляжуся… — буркнуў, калі мінаў яе.

Жонка нічога больш не прамовіла, здаецца, з жалем пазірала, як ён ідзе — цяжка, прыгорбіўшыся, без ранейшай жвавасці, хоць i вымагаецца з усіх сіл здавацца бадзёрым. Сёння яго крануў гэты спачувальны жончын позірк, бо дабрыня, пяшчота заўсёды дарагія, але ён не ведаў, як аддзячыць. Не ўмеў, нават асцерагаўся гаварыць жонцы цёплыя словы. Больш бурчаў, злаваўся, чым быў ласкавы. I дзяцей не вельмі атуляў увагаю, любоўю.

Адчуваў: зараз, пад старасць, за ўсё гэта трэба дорага плаціць. Хочацца i мець ласку, i самому быць ласкавым. Не выходзіць такое, простае, чалавечае, i ў гэткія гады — значыць, неяк не так, як трэба, ты, чалавек, жывеш, не тое робіш.

Узбоч бульбянога поля, на поплаўчыку, бегаў, ловячы белага матыля, унук Пецька. За летні месяц, што пабыў у ix, паправіўся. Знікла з твару нездаровая белізна, заявілася ружовасць, падужэў i набраў моцы, як маладое дрэўца на добрай зямлі.

— Дзед, ты куды? — падбег. Патрусіў побач. Сёмы годзік хлопцу, але высакаваты — яму ўжо вунь па грудзіну. Чорныя што смоль валасы, вочы. Увесь у бацьку.

— Далёка, — усміхнуўся. Перад унукам, якога пакінуў бацька, не мог быць строгі.

— I я хачу з табою, — папрасіўся Пецька.

— Босы? Без маечкі? — запытаў з мяккім дакорам. — Там цябе авадні скусаюць, змяя цне. Прыедзе ў суботу маці, захоча ўбачыць свайго аднаго-адненькага сыночка — а Пецька хворы… Дык яна ж тады дзеда i бабу з хаты выгане… Ідзі лепш у сад, парэчак спелых пашукай ці трускавак.

Пажартаваў, прытуліў унука — той прыхінуўся, з мальбою пазіраў у вочы. Не памятаючы бацькі, не ведаючы мужчынскай ласкі, цягнецца да дзеда. За ім — як нітка за іголкаю.

Пазіраючы ў вялікія i глыбокія ўнукавы вочы, Лявончык зноў сумеўся. A раптам i ў ix хутка заявіцца папрок? Родныя дзеці гэтаксама некалі цягнуліся да яго, надта сыны, але пасля, калі пасталелі, пайшлі ў людзі i пабачылі свет, не толькі зчужэлі, папікалі за мінулае, a i адвярнуліся…

— Застанься дома, унучак, — папрасіў.— Я хутка вярнуся. Заўтра ўжо вазьму з сабою. Паедзем на коніку ў лес па галлё.

Пецька паслухаў, адстаў. А Лявончык зірнуў туды-сюды, ці не ідзе хто па дарозе, i прыспешыў крок. Не хацеў ні з кім сустракацца. У апошнія гады ён наогул любіў хадзіць i працаваць адзін, чужаніўся людзей, гулянак, стараўся не пазіраць нікому ў вочы. I людзі абыходзілі яго i жонку, не запрашалі на вяселлі ці хрэсьбіны, не прыходзілі ў пазыкі. Гэтая пагарда, абыякавасць, канечне, не былі без дай прычыны, але зусім забівалі яго дух.

На пыльнай сценцы ляжалі шматкі перапаленага на сонцы, згубленага з вазоў сена. Самыя буйныя Лявончык падабраў i панёс з сабою.

З высокага, забеленага воблакамі неба скочвалася сонца. Гарачыня спала, але ў паветры ўсё роўна адчувалася спякота. Відаць, на днях зноў, як i перад паездкай на Шубін, павінна адшугаць навальніца.

Адчуваючы напружанне, Лявончык закрочыў хутчэй. Міжволі, як i заўсёды, захацелася прайсці, мінуць выган за вёскай. Але зноў жа міжволі, як i раней, зірнуў направа, на ўзгорак, дзе стаяў помнік.

Высокі шэры абеліск, з чырвонаю зоркаю наверсе, з выбітымі прозвішчамі загінулых вяскоўцаў, узвышаўся ў невялікім зялёным скверыку, які некалькі гадоў таму пасадзілі школьнікі. Некалі тут, у яміне, навек палеглі партызанскія сем’і…

…Тады гэтаксама быў чэрвень. Тры немцы, два паліцэйскія i Лявончык гналі да Глінішча Адама Салавейчыка, яго жонку, унукаў i сям’ю Рыгора Бурака.

У Глінішчах былі глыбокія ямы, тут звычайна кожны год капалі гліну i мел.

Людзей вялі расстрэльваць.

Кабеты галасілі, прасілі ў канваіраў літасці. Малілі заступіцца за ix i яго, хоць ён нічым не мог ім памагчы.

Людзей паставілі ў рад каля свежай глыбокай яміны. Начальнік-немец, высокі рабаціністы афіцэр, зачытаў загад. Чытаючы, афіцэр то падымаў за бліскучы брыль фуражку на галаве, то апускаў i пасля трымаўся за жоўтую дзягу альбо, прыпаднімаючыся на дыбачках, ляпаў па жоўтай кабуры. Ён, як казалі, не толькі камандаваў расстрэламі партызанскіх сем’яў, але i сам меў ахвоту страляць у патыліцу. Калі заяўляўся ў якой-небудзь вёсцы, разам з ім туды прыходзіла i смерць.

Калі перакладчык, рыжы вайсковец, ператлумачыў загад, людзей змусілі павярнуцца тварам да ямы. Лявончык, стоячы каля паліцэйскіх, чакаў, што неяк усё абыдзецца ціха, не будуць расстрэльваць яго аднавяскоўцаў — толькі напалохаюць. Але бачачы, як рабаціністы расшпільвае жоўтую кабуру i дастае зброю, адчуў: не, не абыдзецца, загубяць людзей. Ад гэтага адчування аж задрыжалі яго калені ды закалаціліся рукі: як гэта страляць у сваіх людзей?

Пачулася каманда — усе паднялі карабіны. Ён — таксама. Першы стрэліў рабаціністы — тут жа кулём паляцеў у яму Адам Салавейчык. Лічы, у гэтую ж самую хвіліну афіцэр зноў нешта крыкнуў — пальнулі з карабінаў астатнія немцы i паліцэйскія.

Дзеці пападалі — хто ў яміну, хто тут, на абрыўку. Адамава нявестка, Ганна, хіснулася, але ўстояла і, нечакана павярнуўшыся, закрычала:

— Звяры! Душагубы! Дзетачак — за што?..

Хтосьці яшчэ стрэліў — i Ганна кульнулася ў яміну.

— А ты чаго не страляеш? — раўнуў над самым вухам Лявончыка старэйшы паліцэйскі, Стась Найдзён з Пільніцы — адпеты п’яніца i рабаўнік. — Шкадуеш бальшвіцкае семя?

Ля яміны ніхто ўжо не стаяў, але Лявончык не то ад страху, не то ад адчаю схамянуўся i, не цэлячыся, пальнуў з карабіна ў паветра…

З аднавяскоўцаў, якіх пабілі i закапалі ў той дзень, усё ж выжыў адзін чалавек. Увечар, акрыяўшы, выпаўзла з-пад пяску Ганна. I яна, i іншыя сведкі пазней, пасля вайны, прызналі на судзе, што Лявончык не страляў у людзей. Суд узяў гэта пад увагу, змякчыў кару, але зусім не апраўдаў. За тое, што быў у «самаахове», хаўрусаваўся з акупантамі i здраднікамі, даў сем гадоў турмы. I ўсё ж тое пакаранне было не самае страшнае, страшнейшае, як аказалася, было іншае — Ганніна, Рыгорава, усёй вёскі, а таксама сваё асабістае… Колькі ён папакляў ужо, што паслухаў паганага чалавека, уцягнуўся ў тую «самаахову», павёў разам з забойцамі ў той страшны дзень людзей да Глінішча. Апрача яго ў «самаахове» было яшчэ некалькі мужчын з вёскі, але яны здолелі схавацца тады, калі наляцелі карнікі. Ім людзі не помсцілі, а яго «ўслужлівага», зненавідзелі. I, што ні кажы, за вяскоўцамі праўда, а не за ім…

На тым месцы, дзе некалі загінулі вяскоўцы, паставілі помнік. Лявончык тады быў ужо дома, працаваў конюхам. Усе на яго пазіралі спадылба, некаторыя нават не віталіся. З-за гэтага яго сыны i дочкі, як толькі пасталелі, пакінулі вёску, родную хату i мала тут паказваюцца. Апроч меншай, якая засталася без мужа i кожнае лета прывозіць ім Пецьку.

Помнік гэты — вечны яму дакор. Куды ні ехаў, адкуль ні вяртаўся дадому, найперш бачыў яго. Толькі абмацвае вяршочак з зорачкаю вока, дык адразу ўсё ажывае ў памяці…

Лявончык разуўся, перайшоў рэчку, падаўся да старой сажалкі. Паблізу быў намошчаны з галля пераход, i па ім, падсохлым, зляжалым, увайшоў у аслонены альхою i густой асакой норт.

Трава стаяла цэлая. Ніхто яе не чапаў. Лявончык абуў сандалі, памянташыў касу, з радасным заміраннем сэрца зірнуў на высокую i густую мятліцу, па-гаспадарску прыкінуў, што павінен згрэбці тут не менш добрага калесніка.

Шахкала каса, спрытна рэзалася i збівалася ў пракос трава. Ён касіў i ўсё больш уваходзіў у асалоду касцовай, гаспадарскай працы, бо любіў работу i ў рабоце заўсёды знаходзіў суцяшэнне.

Нечакана каса, што рэдка здаралася ў яго, урэзалася ў вырыты кратом грудок. Ён асцярожна выцягнуў касу, узяў пучок сырой травы i выцер лязо. Толькі думаў узяцца за мянташку, як пачуў чалавечы голас.

Ад нечаканасці аж сцепануўся. Хто i чаго ідзе? Прысеў, прыслухаўся: нехта набліжаўся якраз сюды, да Ярылавага норта. I не адзін. Здаецца, ішло двое. Мужчына i кабета. Але як ні ўзіраўся скрозь густыя кусты, што асланялі i норт i рэчку, нікога не ўбачыў.

— Во тут ён косіць… — добра пачуў жаночы голас. Голас Ганны Салавейчык.

Мужчына прамаўчаў, а Ганна ўсё гаманіла:

— Яшчэ ніхто сабе не косіць, а ён прыпёрся ўжо, без дазволу пляжыць. Нядрэмны ўрвіцель. Усюды паперадзе ўсіх лезе…

— Ды якая там трава! — пачуўся мужчынскі голас. Брыгадзіраў. Яго, навучэнца сельгасінстытута, часова паставілі ў іхняй вёсцы за брыгадзіра. — Я нядаўна быў з аграномам у тым норце, калі выбіралі для вёскі дзялкі, дык сам усё бачыў. Капы дзве-тры будзе таго сена, не больш.

— За ім нічога не ўлежыць, не ўстоіць, — нападала Ганна. — Усюды дападзе, усё падбярэ.

— Можа, i дарэмна вы ўжо так, цётка Ганна, — прамовіў брыгадзір. — На пенсіі ўжо, але на калгасную работу ходзіць. Куды ні папрасі пайсці — пойдзе. I зробіць усё добра, спраўна.

— Замольвае свае грахі…— сказала Ганна. Здаецца, спынілася. Каля рэчкі.— А душа ў яго чорная, паганая. Кроў людская на ім…

— Пра тое я не ведаю, цётка. Ад людзей чуў, што ён не ў паліцыі, a толькі ў «самаахове» быў i крыві нічыёй не праліў…

— A чаго пёрся ў тую «самаахову»? Іншыя не пайшлі, а ён пайшоў. Бо хацеў паддобрыцца, выгоду мець…

— Я тут у вас новы чалавек, але бачу: як пад зямлёю ходзіць.

— Так яму i трэба, сабаку, — злосна сказала Ганна. — Я сваімі рукамі задушыла б, каб вясёлы быў…— Усхліпнула. — Дзяцей жа маіх першанькіх няма… Вам ён добры работнік, а для мяне…

Замаўчала. Відаць, плакала.

— Кажуць, у «самаахову» тую трапіў па маладой дурноце…

— Раз быў з імі, дык i вінаваты, — перапыніла Ганна. — Былі б жывыя мае дзеці, дык, можа, быў бы i невінаваты… Але ж, кажу, дзяцей маіх няма. Як няма i яшчэ каторых людзей з вёскі.

— Ох, вайна гэтая! — уздыхнуў брыгадзір. — Чаго яна толькі не нарабіла… Колькі яшчэ i цяпер ран ды пакут ад яе!

Галасы аддаліліся.

Лявончык падняўся, адчуў: дрыжаць i ногі i рукі, балюча заныла сэрца, нібы шпількаю кальнула пад лапаткаю.

Больш не касіў. I ахвоты не было, i раптоўна аслабеў. Зноў разуўся, перайшоў раку i пакіраваўся дадому.

Мінуўшы сенажаць, а за ёю лес, вымкнуўся на поле, i першае, што ўбачыў, быў высокі, з чырвонай зоркай i з жалезнаю агароджаю помнік…

Ада

У пачатку снежня стаіліся, заціхлі дажджы, неба пасвятлела, выяснілася i калюча запальвала далёкія маленькія зоркі. Падзьмулі халодныя сухія вятры, паціснулі марозікам: вада (а яе шмат налілося за восень) пакрывалася на ноч тонкім лёдзікам; начны вецер шумеў не гарэзліва, як гуляў летам у цёплым лісці, а нудна i злосна хістаў голае голле, прычэпліваўся да адзінокага ўцалелага ліста, ірваў яго, i той вечарамі адчайна хліпаў, спяваў развітальную песню…

Ада душою адчула, што настала часіна, калі ўжо не будзе ні цяпла, ні дажджоў, але не пойдзе яшчэ i снег, яго нагоніць, насыпле, калі аднаго дня зніжэе i пашарэе неба. Але да гэтай белай радасці было не хутка: зіма апошнія гады ўсталёўваецца позна, i Ада затрывожылася ад асенняй нудоты, суму; вечарамі яна падоўгу пазірала ў запацелае, ужо даўно закітаванае акно, на чырвоныя ягады за дубэльтамі i бачыла ў глыбіні толькі сябе, адзінокую, здаецца, непрыгожую, не па гадах папаўнелую. I страшна было выйсці на двор, на пякучы холад, ды i не хацелася выходзіць: ніхто яе там не чакаў. I не таму, што яна была ў гэтай вёсцы новы чалавек, нядаўна прыехала рабіць у школу настаўніцаю, не. Вунь ад Элы i Тані, што, як i яна, толькі пачалі вучыць дзяцей, лічы, не выбіраюцца хлопцы, ледзь толькі паспеюць прыехаць з горада ці прыйсці з работы, як бягуць да ix… I Ада, як i ўся вёска, ведала, чаму шчаслівейшыя тыя дзяўчаты: маладзейшыя, прыгожыя…

Не хацелася ісці ў клуб, дзе штовечара круцяць знаёмыя пласцінкі, танцуюць, гуляюць у даміно ці хлопцы млеюць за хакеем па тэлевізары, ніколі не дадуць паглядзець кіно. Яна заракалася хадзіць у гэты клуб, на вечары, вяселлі, дзе скачуць, пяюць, шмат жартуюць; яе хлопцы не запрашалі на танцы, не праводзілі дахаты, на яе толькі ахвотна зыркалі ды абгаворвалі вясковыя языкатыя кабеты. Нават маладыя мужчыны (з імі дзяўчаты не вельмі хочуць знацца) не падыходзілі да яе, i яна, адзінокая, сядзела ў якім кутку i адчувала сябе лішняй тут.

Ада бачыла i раней, што яе не чапалі, не пісалі запісак аднакласнікі ў школе, не падалі за ёю ў інстытуце хлопцы, гаварылі толькі пра кнігі, экзамены, прасілі даць перапісаць канспект. Раней яна не баялася гэтага, але цяпер, калі ёй падбіралася пад трыццаць, яна востра адчула, што яна нямала нечага страціла i шмат чаго не знайшла ў жыцці. Ёй прыпаміналася, каго яна кахала i каму ніколі не сказала пра гэта, хоць цяпер адчувала, каб прызналася, была смялейшая, можа, была б шчаслівейшая…

Ада позна сядзела вечарамі, правярала сшыткі, пісала вялікія планы, хадзіла на ферму чытаць лекцыі, складала сваім сяброўкам доўгія лісты, чытала ўсе газеты, аднойчы нават сама напісала ў газету пра тое, як трэба цяпер кахаць. Але не надрукавалі, толькі падзякавалі з рэдакцыі за ліст, папрасілі напісаць пра тутэйшы калгас, пра калгаснікаў, пра моладзь i іхнюю працу, але Ада не пісала ды баялася: прыедзе яшчэ журналіст, зірне на яе ды скажа: мілая, табе, такой маладусе ды красуні, толькі i застаецца пісаць пра шчырасць, дабрыню, сціпласць… Яна часцей стала ўзірацца ў люстэрка i пужацца за маршчынкі ля вачэй, за твар, што не быў ужо такі белы, пяшчотны, як у юнацтве, a пацямнеў i пачаў старэць. Яна востра адчула, што адыходзіць маладосць i спяшаецца, падступаецца сталасць. I гэтага ўжо няможна схаваць, як няможна ўтрымаць цяпло, калі гоняць вятры холад, сівер, прыганяюць, укрываюць снегам, i стаіць тады суцэльная халадэча.

Калі аднойчы яна заўважыла ля скроні сівы волас, дык зусім растрывожылася, задумалася, што будзе з ёю далей, a ўночы ціха плакала, хоць i плакаць не вельмі хацелася, было толькі страшнавата.

…Растрывожыў яе сусед Пеця, высокі, прыгожы, які гэтай восенню вярнуўся з войска. Прыйшоў ён, як помніцца, у чацвер, быў такі сур’ёзны, як i яна, сарамлівы, негаваркі i спадабаўся ёй. Ён называў яе Адай Іванаўнай, хоць яна i прасіла быць прасцейшым, клікаць Адай, спрабавала жартаваць з ім.

Прыйшоў Пеця i ў пятніцу: яна нават не паспела пераапрануцца, паправіць прычоску. Цэлы вечар ён расказваў пра войска, калі змаўкаў, тады Ада паказвала яму свой студэнцкі альбом, сшыткі дзяцей, расказвала, як яны не хочуць вучыць алгебру i геаметрыю, пасля яны хадзілі ў кіно, хоць яна i абяцала сабе не хадзіць болей у клуб.

Назаўтра раніцай, калі Ада яшчэ спала, прыбегла Пецева маці i пачала шаптацца з гаспадыняй.

— Учора позна наш вярнуўся, — расказвала суседка, — спытала сёння, дзе быў, сказаў, што ў кіно з вашай настаўніцай хадзіў.

— I наша позна вярнулася, — сказала гаспадыня. — Была такая вясёлая, аж я парадавалася, падумала: маё ты дзіця, хай бы пашчаслівіла табе. I добрая i разумная, але вось не надарыцца добры чалавек… Можа, з тваім як згаворацца…

«Як яны, вясковыя кабеты, усё бачаць», — здзівілася Ада.

— A колькі яна палучае?

— Ды лэпска, — сказала гаспадыня, — цяпер дабавілі яшч, дык на кніжку паўзарплаты носіць.

— Хай бы жылі,— згадзілася госця, — кароўку, свінню, курэй дадзім. Ён можа шафёрам рабіць, у дом саўгасны могуць пайсці, калі з намі жыць не захочуць. Цяпер дзеці з бацькамі не заўсёды ўжываюцца.

— Чаму ж не, жыць можна, — сказала гаспадыня. — Цяпер станавіцца на ногі лягчэй, як некалі.

— Дзеўка яна сталая, — гаварыла госця, — з дыпломам, пры добрых, як ты кажаш, грошах. Толькі вось крыху паўнаватая для нашага Пеці i старэйшая.

— Гэта не бяда, — сказала гаспадыня, — затое жыць умее: сталая, сур’ёзная, працавітая.

— Яно так. Я таксама старэйшая за свайго Міколу, паўнейшая, — госця стала гаварыць цішэй, — ты ж, Алена, пагавары з ёю як-небудзь пра гэта, распытай, ці пойдзе за нашага хлопца.

— Добра. Пагаманю.

Ада заплюшчыла вочы i накрыла галаву коўдрай, ёй стала сорамна, што вось так гавораць пра яе, робяць па-даўнейшаму, што да яе па-вясковаму прыйдуць у сваты, а ёй неяк няёмка i сорамна напісаць бацькам, што ў Пеці толькі восем класаў.

Яна не ўзрадавалася, не пашчаслівела, бо думала, што гэта ўсё не так, як у іншых дзяўчат. Пасля падумала: ці варта ў яе гады спадзявацца на ўзвышанае пачуццё, жыць выдумкаю? У жыцці яно, мусіць, усё прасцей i цвярозей. Яна часамі не бачыць гэта — таму i не ўладкаваная яшчэ.

…У школе, відаць, пра ўсё ведалі: на яе, усміхаючыся, пазіралі настаўнікі, калі выходзіла на калідор, відаць, гаварылі пра яе. Пачала загаворваць з ёю i гаспадыня, хваліць Пецю.

Пеця ў суботу не прыйшоў. Ада палічыла, што ён стрымліваецца, думае, калі ўжо прыйдзе, то i папросіць яе выйсці за яго замуж. Калі ж яго не было i ў нядзелю, яна захвалявалася, засмуцілася, што не пакахае яе Пеця, пабяжыць маладзейшых шукаць.

Гаспадыня, мусіць, угадала, што Ада пакутуе, заспакоіла, што сусед паехаў у горад купляць сабе касцюм.

Назаўтра Ада, калі ішла са школы, убачыла Пецю ў новым касцюме. Сусед стаяў з сябрукамі ля магазіна i курыў. Яна прывіталася і, не азіраючыся, падалася дамоў.

— Твая? — пачула яна.

— Ай, — сказаў Пеця, — яна такая ж цікавая, як i яе алгебра.

Хлопцы пырснулі смехам, яшчэ штосьці сказалі, але яна не пачула, прыспешыла крок. У галаве яе стукала, звінела.

«Пустадомкі вы! Вам яшчэ далёка да мяне з маёй матэматыкай», — суцешыла сябе, пайшла спакойней, але не вытрымала i заплакала.

…Зіма па-ранейшаму стаяла бясснежная. Увесь снежань плыло нізкае шэрае неба, па-асенняму цабанілі дажджы. Лінула было ў адзін дзень шэрай вадзяной хлюпанкай, паляжала яна колькі хвілін на цёплых стрэхах i знікла.

У самым канцы снежня высокае i светлае стала неба, густа высыпалася ноччу зоркамі — цяпло згарнулася, узяўся іней i ўбяліў зямлю. Вада высушылася, выдзьмулася, схапілася лядком. Зямля стала цвёрдая i звонкая, гулі на моцныя маразы драты, але зімы, снежнай, з гарэзнымі, шалёнымі мяцеліцамі, не было.

Адзе зноў было адзінока, сумна i холадна на душы, яна нават здзіўлялася, чаму так нервуецца, злуецца часта на дзяцей. Яна чакала снегу, надумалася: настане снежная пара — штосьці новае, блізкае i радаснае народзіцца ў яе душы, i сама яна стане весялейшая, убачыць тое, чаго дасюль не магла разгледзець. Тады больш ахвотней i радасней здасца работа, лягчэй будзе пераносіць кпіны фізіка i літаратара, маладых жанатых настаўнікаў: яны ўвесь час пацвельваліся з яе, жартавалі, што ёй трэба выходзіць замуж — усю яе нудоту як рукой здыме. «Можна быць нешчаслівай з мужам, але нельга быць шчаслівай без мужа», — гаварылi яны.

«Вой, вельмі!» — адмахвалася Ада, але адчувала, што ёй тут больш не варта заставацца, варта паехаць адсюль i папрасіцца ў другую школу.

Так думала яна, пакуль зноў не прыйшоў Пеця. Аднойчы ён дагнаў яе па дарозе ў школу i сказаў, што будзе вечарам, ля шасці гадзін, чакаць яе за школьным садам.

«Я ж такая цікавая, як мая алгебра…» — хацела папракнуць яна, але не паспела: Пеця абмінуў яе i хутка-хутка пайшоў, не аглядаючыся.

«Што гэта з ім? — здзівілася яна. — Можа, ён тады толькі пажартаваў? Можа, ён калі не кахае, дык хоць захапіўся мною?»

Дома Ада падышла да люстэрка. Зірнула ў яго — i прыпынілася: якая яна поўная, мажная, як замужняя кабета.

«Трэба меней есці,— падумала, — я павінна пахудзець i пастрайнець».

Яна, галодная, вярнулася ў свой пакойчык, падумала пра Пецю. Пасля прылегла, але заснуць не магла, пазірала ў акно, на аб’інелы двор. Снегу там яшчэ не было, але платы, вецце так намерзлі, што былі белыя, як студзенем у вялікі мароз.

Звечарэла. Хоць i да шасці было яшчэ далёка, але неба ўжо выцемнілася, стала густа-шэрае, i ў ім не бачылася ні сонца, ні светлай палоскі ад яго. У гэты час Ада звычайна садзілася правяраць сшыткі, але сёння за ix не ўзялася.

Сёння, мусіць, Пеця, нечакана надумала яна, захоча пацалаваць яе, але трэба яму не дазволіць, сказаць: «Няхораша вы тады сказалі» ці «Пацяшаць сяброў абразамі другіх несумленна». Яна паднялася, доўга вычэсвалася i круцілася ля люстэрка.

«Не трэба так гаварыць, — перадумала яна. — Лепш памаўчаць. Але, божа мой, якая я непрыгожая! Лепш у мяне розуму напалавіну менш было б, а красы ўдвая болей… Можа, добра, што хоць Пеця звярнуў на мяне ўвагу…»

Яна яшчэ падумала, ці можна дазволіць Пецю пацалаваць яе, пра што яны будуць гаварыць. Што ён невывучаны — не бяда, яна паможа яму паступіць у які тэхнікум.

Ада апранула лепшую сукенку, новае паліто i, хвалюючыся, выйшла з хаты, пайшла хутка, каб ніхто не мог убачыць яе.

Супакоілася толькі за вёскай, суцішыла крок. Яе дагнаў на веласіпедзе школьнік, пазваніў, але, пазнаўшы, аб’ехаў, хітра ўсміхнуўся, як усё ведаў, i панёсся віхрам наперад па дарозе.

Сцямнела; Ада ўзіралася i старалася разгледзець сярод слупоў, ствалоў дрэў чалавека. Мусіць, i не ўбачыла б, каб не іскры ад цыгарэты. Калі яна падышла на агеньчык, чалавек кінуў недакурак на зямлю — ускінуліся іскры.

Гэта быў Пеця; цяпер ён нервова таптаўся, прыкурваў новую цыгарэту.

«Ён таксама, мусіць, такі смяльчак, як i я».

Ада падышла i нічога не сказала, падумала: няхай загаворыць ён; зняла з рук рукавіцы, паправіла хустку на галаве.

— Ада Іванаўна, — сапраўды першы загаварыў Пеця, — у вёсцы ўсе гавораць, i маці мая хоча… Але лепш вы пачытайце… — i ён хутка дастаў з кішэні паперку i падаў ёй.

Ада захвалявалася, ведала, што гэта прызнанне ў каханні, хацела сказаць, што цёмна, але Пеця дастаў з кішэні ліхтарык i пасвяціў ёй. Яна пачала чытаць i бачыла, як ён непісьменна піша; ірвануў халодны вецер, працяў яе, ажно ў яе пакацілася сляза. А можа, яна i заплакала, бо не дачытала гэтага ліста — нечакана зашумела ў галаве, забалелі скроні: у Пеці, выходзіць, была дзяўчына, i ён сябраваў з ёю колькі гадоў, пісаў з войска, i гэтая Таня ўвесь час пісала яму.

— Што вы, Пеця, — Ада ніяк не магла знайсці патрэбных слоў,— ні ваша Таня, ні вы не павінны адчуваць перада мною ніякай сарамлівасці i маральнага абавязку, — пасля яна адчула, што не тое гаворыць. — Гэта вам трэба перад Таняй апраўдвацца, а не перада мною…

Пеця стаяў i маўчаў.

— Ідзіце цяпер да яе i супакойце, — сказала Ада, захінулася хусткаю ад ветру, што калюча біў у твар, слязіў вочы, але яна старалася не заплакаць. Пасля адчула, што слёз не было, вырываўся толькі боль, яна адкінула на спіну галаву, чула, як апякае шыю холад. Адплюшчыўшы вочы, заўважыла: на небе высвецілася маленькая ранняя зорка i адзінока замігцела ў далёкім небе.

«Ёй там, у небе, гэтак жа, мусіць, холадна, як i мне цяпер тут, на зямлі?»

Пахадзіла за вёскаю, паслухала, як шуміць вецер, парыпвае частакол, рыпяць недзе далека вароты. Паглядзела, як знаёмая кабета скубла са стога сена, скубла i прыпынялася, дзьмула сабе на адубянелыя рукі. Дома Ада не правярала сшыткаў, не пісала планаў: рашыла быць такой, як ёсць. Пасля напісала на імя дырэктара заяву, прасілася адпусціць яе ca школы. Яна не ведала, куды паедзе, дзе будзе рабіць, але рашыла выехаць з гэтай вёскі.

Назаўтра дырэктар чытаў яе заяву i здзіўляўся:

— Чаму, Ада Іванаўна? Хто вас пакрыўдзіў?

— Ніхто мяне не крыўдзіў,— адказала яна.

— Паслухайце, — сказаў дырэктар, — дзе вы ў нашым раёне знойдзеце лепшую школу? Да горада блізенька, умовы працаваць выдатныя, гадзін, зарплаты павінна ж хапаць. Што вам у нас не спадабалася?

«Усё гэта добра, — падумала яна, — але ж я не толькi настаўнік, але i чалавек, дзяўчына… А гэтага ў заяве не напішаш».

— Падумайце яшчэ, Ада Іванаўна, — гаварыў дырэктар, — мы вас можам адпусціць, але не зможам затым назад узяць. Хоць хто будзе вучыць дзяцей, пакуль каго на ваша месца знойдуць?

Ада маўчала.

— Мы да вас прывыклі, Ада Іванаўна, — падышоў да яе дырэктар, усміхнуўся, — i дзеці, бацькі ix вас любяць i паважаюць. Вы тут патрэбны чалавек. Неўзабаве калгас у новым доме дасць вам кватэру, купіце сабе «Масквіч»… Праз год пяць мы вас заслужанай настаўніцай зробім… Чаго вам яшчэ лепшага шукаць, хацець?!

Ада не ўтрымалася i ўсміхнулася: так заспакойваюць маленькіх дзяцей, расказваючы ім «добрыя» казкі. Нечакана яна (аж дырэктар здзівіўся) падалася да акна, за ім было шэра, нават цемнавата: навісла густое неба. Яно цямнела, а пасля пачало выбельвацца. Ада аж скаланулася: на дварэ ціха i павольна сыпаўся сухі лёгкі сняжок, якога яна столькі чакала.

Прыціх вецер, пакінуў у спакоі адзінокі лісток, які дасюль хістаў, ірваў з клёна, але так i не сарваў i не зразумеў упартасці ці жывучасці лістка. Вецер збег, каб вярнуцца ўжо са злымі мяцеліцамі.

Зямля ўвачавідкі рабілася белая: яна стала ўжо халодная, выдзьмутая вятрамі, змацаваная лёдам i не магла распусціць снег i нарабіць хлёпанкі — ужо доўга, да вясны, будзе на зямлі снежна, чыста i бела.

Цыганскія пechi

Я ў маленстве вельмі баяўся цыганоў. Можа, таму, што тады хадзіла пра ix шмат самых неверагодных легенд.

Калі правінавачваўся ў нечым, дык маці альбо бабуля звычайна прыстрашвалі адным i тым жа: «Пачакай-пачакай, неслух! Прыйдзе вот цыганка — аддадзім. Як трапіш у цыганскія рукі, дык будзеш ведаць, як не слухаць маці альбо бабулю». I калі ўзімку ці летам да нас сапраўды заходзіла цыганка, я заўсёды хаваўся — на печы над лахманамі альбо на ваг над ложкам. Праўда, госця, бадай, не зважала на нас, дзяцей, альбо нават i ласкава загаворвала, але я, цікуючы за ёю з якой шчыліны, надта не верыў — думаў, што заманьвае. I мяне са схованкі, i меншых маіх сястру ды брата, што туліліся да маці.

У нас, на хутары, яшчэ гаварылі, што цыганы не толькі забіраюць малых непаслухмяных дзяцей, але i ашукваюць старэйшых, выманьваюць ад ix дабро, а бывае, нават i крадуць. Да слова, казалі, што ў Антосі Кузёмка, старой кабеты, яны «выцыганілі» прыгожы, даўняй работы абрус толькі за тое, што «надакляравалі» яе адзінаму хваравітаму сыну шчаслівае вяртанне з гарадской бальніцы. У Ганны Навіцкай забралі пярсцёнак, i забралі так хітра, што яна нават апамятацца доўга не магла: помніць, што паказвала «маладой i надта ж нагляднай чорнавалосай госці» шлюбны пярсцёнак, помніць, што тая разглядала яго i ўсміхалася, а пасля аддала «ў самыя рукі», а вось зусім не помніць, як памяць адняло, чаму пярсцёнка ўсё ж у пудэлку не стала. Наш бліжэйшы хутарскі сусед, Пятро Мельнік, любіў баяць сваю гісторыю з цыганамі. Да ix, па яго словах, зайшла аднойчы ў зімовую сцюжу маладая цыганка з маленечкім дзіцем, папрасілася пагрэцца, а таксама папрасіла есці. Дзе ты адмовіш! Людзі ж! Маці з дзіцем! Гаспадыня пакарміла госцю i яе дачку, паслухала яе цікавыя расказы пра свет вялікі i пра ўсякія цыганскія прыгоды. Калі ж адагрэтая i сытая падарожніца збіралася пайсці далей сваім, вядомым толькі ёй шляхам, нечакана заявіўся ў хаце «усаты малады цыган, можа, i яе муж». Ён ветліва павітаўся з гаспадарамі, а пасля пачаў не толькі пагрозна крычаць на сваю маладзіцу, але i хлістаць яе пугаю — відаць, за тое, што яна тут надоўга затрымалася. Жанчына лямантавала, кідалася па хаце, урэшце шмыгнула пад вялікі ложак.

Калі гаспадары супакоілі ваяўнічага госця, пакармілі, яна вылезла ca схованкі i бокам-бокам шмыг за дзверы, нават пра дзіця сваё забылася. Ветліва развітаўшыся, падзякаваўшы, неўзабаве падаўся з хаты i мужчына. Разам з дзіцем. Мельнікі доўга гадалі, чаму быў такі злы цыган, i толькі на трэція суткі агледзелі выпадкова, што з-пад ложка зніклі гаспадаровы новыя хромавыя боты. Спахапіліся, завохкалі, ды вярнуць боты было позна: ужо гасцей тых нечаканых за гэты час i след выстыў.

Канечне, расказваючы гэтыя i іншыя гісторыі, людзі шмат перабольшвалі, дапрыдумвалі нямала чаго самі. Не для зла, здзеку ці ганьбы, а больш для фантазіі, пацехі, утаймавання аднастайнага хутарскога побыту. Якімі ні былі цыганы ахвотнікамі на малых дзяцей, але ні адно, самае i непаслухмянае, хутарское дзіця не знікла, па-другое, той-сёй гаварыў, што Антося сама аддала абрус, а Ганна сама згубіла свой пярсцёнак, а Пятро застаўся без святочнага абутку таму, што, вяртаючыся аднойчы з вяселля, заснуў на дарозе, дык боты з яго ног сцягнуў нехта свой, з вёскі. Праўда, быў на хутары адзін чалавек, жулікаваты дзяцюк Яська, які не любіў гаварыць пра цыган ні добрае, ні паганае, увогуле пра ix маўчаў, як ніколі не бачыў. Ён, казалі, аднойчы захацеў пазаляцацца да маладзенькай прыгожай варажбіткі, нават заманіў яе ў гумно, але тая здолела выскачыць, уцякла з хутара. На другі дзень прыйшоў туды паджылы, але яшчэ мядзведжай сілы, хмурны барадаты цыган-велікан i так загадкава сам-насам пагаварыў з Яськам, што той не толькі страціў ахвоту заляцца да варажбітак, але i зусім змяніўся, нібы нанова нарадзіўся. Як жартавалі, Яська з той часіны, калі пайшоў з хутара хмурны велікан, а ён застаўся жывы, пачаў верыць у бога, стаў мяккі ды ветлівы, хоць ты да вуха яго прыкладай.

Адным словам, я ў маленстве не ведаў доўга, дзе людзі кажуць праўду, а дзе i складаюць прыдумлянцы пра гэта вандроўнае, гордае, вясёла-журботнае племя, дык i пабойваўся як яго мужчын, так i кабет. I вось у апошняе мае вольнае лета (увосень я павінен быў пайсці ў школу) маё ўяўленне пра цыган змянілася, страх знік, прыйшло новае, раней не чуванае пачуццё.

Здаецца, ці не ў ліпені нечакана ў нас, на хутары, у адзін сонечны надвячорак заявілася мноства фурманак-кібітак. Спыніліся яны адразу за крычатоўскім лесам на неўрадлівым пустым дзірване за нейкіх паўвярсты ад нашай хаты. Сталі табарам, як сказала маці.

У першы вечар новыя суседзі паводзіліся ціха. Спуталі, павязалі коней на дзірване, нарыхтавалі ў лесе сухіх дроў, a ўвечар расклалі вогнішча. Сполахі ад яго паблісквалі далёка, па ўсім нашым хутары, Амшарку, лашчыліся i па шыбах нашага акна.

Увечар, пасля вячэры, бацька i я доўга стаялі на двары i пазіралі туды, дзе весела i высока палаў агонь, цікавячыся, што там адбываецца.

«Павінны спяваць i гуляць», — сказаў бацька.

Але ля лесу было ціха, звычайна шумлівыя госці паводзіліся спакойна. Можа, стаміліся за доўгую дарогу. Канечне ж, качэўнічалі, зведалі ўжо нямала дарог: пабылі i пад сонцам ды пылам, i пад дажджом, i пад ветрам — натрэсліся, сасмяглі, стаміліся. Жыццё на колах не толькі рамантычнае, але ўсё ж i суровае.

Назаўтра раніцай я, як толькі прачнуўся, адразу ўспомніў пра табар i падаўся на двор. Але толькі абмінуў гумно, зірнуў на нізкае над лесам сонца, прыціхлае ў ранішняй смузе зялёнае поле, як запыніўся, нібы нехта штурхнуў мне ў грудзі: да брамкі падыходзіў высокі, у хромавых ботах, у вайсковай форме, але без пагонаў, толькі з некалькімі медалямі ці ордэнамі на грудзіне, з вялікай завушніцай у вуху, чорнавалосы барадаты дзядзька. Я адскочыў, быццам апёкся аб крапіву, але ад збянтэжання не ведаў, што рабіць: даць драла, каб толькі пяткі бліснулі, ці не паддавацца страху? Хто ж ведае, што задумае гэты ранні госць? Можа, i схопіць мяне ды дасць лататы ад нашай хаты, памчыць у свой табар усім на пацеху!

— Здароў, малады гаспадар, — па-нашаму прамовіў чорны дзядзька i лагодна ўсміхнуўся. Вялікія чорныя вочы цёпла бліснулі. I, калі я мармытнуў у адказ на прывітанне не зусім, мусіць, для яго зразумелае, запытаў: — Бацька дома?

Я хітнуў галавою. Ён засунуў руку ў кішэню вайсковых штаноў і, сказаўшы падставіць далоні, усыпаў у ix жменю светла-рудых нянашынскіх арэхаў, а затым папрасіў:

— Будзь ласкаў, пакліч сюды бацьку.

Я яшчэ болей здзівіўся — i ад такой ветлівасці, i ад таго, што ён так хораша гаворыць па-нашаму. Я смялей зірнуў у цёплыя дзядзькавы вочы, на каня i калёсы, што стаялі непадалёку, і, забыўшыся падзякаваць за пачастунак, пайшоў клікаць бацьку.

З бацькам я таксама вярнуўся да брамкі. Ужо без насцярогі, з цікаўнасцю.

— Ці дазволіў бы гаспадар узяць вады са студні? — павітаўшыся з бацькам, ветліва запытаў цыган. — Коней паіць будзем у вашай рэчцы, а вось вада пітная, як самі разумееце, трэба якраз са студні.

— Калі ласка, бярыце, — адказаў бацька.

Калі цыган насіў вядром ваду i выліваў яе ў бочку на калёсах, вяртаўся да студні, я, ужо не баючыся, разглядаў яго — дужага, камлістага, ужо не маладога, з сівізной на скронях, з маршчынамі на лбе. Ён жа за кожным разам жартаваў са мною, а на развітанне запрасіў:

— Прыходзь да нас. З нашымі дзецьмі пагуляеш, мядзведзя ручнога пабачыш, — а калi ўбачыў, што на двор выйшла маці, пакланіўся ёй, таксама запрасіў: — Прыходзьце, гаспадыня, у наш табар. Можа, што купіце сабе. Хустку, матэрыял на сукенку ці блюзку, мужчынскае што альбо дыванчык які… Калі маеце, мы ў вас можам купіць малако, сыр, яйкі…

Маці падзякавала i падакляравала завітаць. Калі госць пакінуў двор, я пацвеліўся з маці:

— Вы казалі, што яны дзяцей забіраюць i звозяць з сабою. А вот не забіраюць.

— Добрых, паслухмяных, чыстых, канечне, не бяруць, — усміхнулася яна, — А вот нягодных, брудных падчышчаюць. Чысты, акуратны гэтыя дні — дык не забралі. Не ўшануешся, зграшыш — забяруць.

Я ўвесь дзень стараўся быць чысты, слухаць маці, з ахвотаю гуляць з малодшымі сястрою i братам. Праўда, крыху засмуціўся, калі маці ўзяла дзесятак-другі яек, сыр, пакінула мяне з дзецьмі, адна пайшла да табара. Вярнулася адтуль не так ужо i хутка, прынесла сабе чорную, з вялікімі чырвонымі кветкамі хустку, бацьку i мне — па кашулі, сястры i брату — ляльку i маленькую самаходную машынку.

Увечар мы таксама, як i ўчора, выйшлі на двор i зноў пазіралі на полымя i ўжо слухалі глухаватую ад далечыні музыку, песні.

Цыганы сёння не маўчалі, весяліліся. Нават праз поле было чуваць, што яны сёння гарэзныя, дзёрзкія: музыка, песні часамі так усходжваліся, віхурыліся, што, здаецца, там хадзіла ходырам зямля.

— Можа, сходзім ды паслухаем? — прамовіў бацька.

— Няёмка, — адказала маці,— чужыя ж людзі…

— Помню, некалі недзе я чытаў,— сказаў бацька i, успамінаючы, загаварыў нечакана вершам:

Цыганы шумною толпой
По Бессарабии кочуют.
Они сегодня над рекой
В шатрах изодранных ночуют.
Как вольность, весел их ночлег
И мирный сон под небесами.
Между колесами телег,
Полузавешанных коврами,
Горит огонь; семья кругом
Готовит ужин; в чистом поле
Пасутся кони; за шатром
Ручной медведь лежит на воле.
Я слухаў i сённяшні вечар: цемнаватае, лічы, без зорак неба, блізкае ахаладнелае поле, цёмная сцяна лесу, полымя на дзірване, музыка, песнb, мы на хутары — усё здавалася казкаю. Мне вельмі хацелася трапіць туды, дзе было гэтак таямніча, але мы не пайшлі, толькі доўга яшчэ стаялі i слухалі. Пакуль не стала нам холадна ад начной стыласці.

Назаўтра барадаты цыган зноў прыехаў па ваду. Але ўжо не адзін, а з малою, нрыкладна майго ўзросту дзяўчынкаю. Я нямала бачыў ужо цыганскіх дзяцей, але кожны раз не пераставаў здзіўляцца, што яны такія смуглявыя, узімку ды ўлетку легка апранутыя. Во i цяпер, у раннюю стынь, дзяўчынка была толькі ў сукеначцы, босая. Малая, але мела ўжо, як i сталыя, на мочках вушэй завушніцы.

— Ну, чаму не прыйшоў учора да нас? — запытаў мяне госць і, усміхнуўшыся, зноў запрасіў: — Сёння ўвечар прыходзь. Аза, — кіўнуў на дзяўчынку, — наша маленькая красуня, артыстка, прыехала цябе запрасіць. Яна табе спяе i станцуе. I на картах, калі хочаш, пагадае. Вызначыць твой лес, скажа, кім ты будзеш, як складзецца тваё жыццё. Па вачах яе бачу: спадабаўся ты ёй. Адным словам, прыходзь. Сёння апошні дзень мы тут, заўтра ранічкай зноў паедзем у далёкую дарогу і, можа, ніколі больш сюды не вернемся…

Я яшчэ болей збянтэжыўся, а гэтая Аза толькі ўсміхнулася ды стрэльнула то па дзядзьку, то па мне вялікімі хітраватымі чорнымі вачыма i неяк не па-дзіцячаму ўжо, a ісакетліва ўсміхалася, што яе гэтая ўсмешка, позірк аж захвалявалі мяне.

Увечар бацька, маці i мы, дзеці, пайшлі да табара. Прыйшлі паглядзець, калi можна так сказаць, развітальны канцэрт.

Ha дзірване непадалёку лесу гарэла вясёлае вогнішча, языкі ад якога весела імкнуліся ў цемнаватую высь, вакол сядзела шмат старых, маладых цёмнавалосых, апранутых у яркія ўборы цыганоў i цыганак, іхніх дзяцеі, а таксама i ішмала иашых хутаранцаў, што я а ж здзівіўся: бывае, людзі пацвельваюцца з гасцей, складаюць пра ix усякія легенды, а вось самі прыйшлі сюды, каб палюбавацца на спрыт прыроджаных танцораў i спевакоў.

Калі мы падышлі, якраз дужы паджылы цыган, той, што прыходзіў да нас па ваду, вадзіў на прывязі мядзведзя. Мядзведзь, высокі, у кароткіх чырвоных штоніках, у сіняй камізэльцы i чырвоным капелюшы, танцаваў, куляўся цераз галаву, паказваў вясёлага i журботнага чалавека, а пасля зняў капялюш i пайшоў па крузе, збіраючы ад хутаранцаў плату.

Затым пад гітару спявалі дарослыя цыганы i цыганкі. Калі спявалі гарэзна, весела, падрыгваючы плячыма i выгінаючыся, здаецца, з імі спяваў, весяліўся i не толькі ўвесь хутар, a i свет, калі ж спявалі журботна, з горыччу, нібы скардзячыся на свой пакутлівы лёс, душа нібы сціскалася, хацелася не толькі сумаваць, але i плакаць, Слухаючы гэтыя песні, я не разумеў ніводнага слова, але ўсё роўна сэрца маё перапаўнялася нейкімі дзіўнымі пачуццямі, што былі яшчэ i ад цёмнага неба, лесу, вогнішча, мне хацелася некуды паляцець птушкаю ці ветрам, пападарожнічаць, каб наталіць нейкую незразумелую смагу.

Калі праспявалі сталыя, у круг выбегла Аза. Босая, але, здаецца, у дзесяці рознакаляровых шырокіх знізу сукенках, з вялікімі завушніцамі. Пад музыку яна так хутка, спрытна танцавала, выгіналася, выштукоўвала тоненькімі ручкамі, што здавалася, у яе няма касцей. Сапраўды, яна была ўжо i тады вялікая артыстка.

…Я люблю матчыны песні, песні ўсіх народаў свету, але заўсёды адчуваю незвычайнае ўзрушэнне, калі пачую цыганскі матыў. Чамусьці душа мая тады захвалюецца, мне захочацца ўволю, без ніякага стрымлівання павесяліцца альбо, наадварот, пасмуткаваць, апынуцца там, дзе кібіткі, цёмныя неба i лес, вогнішча, песні, дзе ты запалонены дзівоснымі летуценнямі, шчыры i ўзрушаны.

Губаты

1

….Яно, ласяня, нечакана, прачнуўшыся, пачула, што нехта сюды ідзе. Хоць яшчэ мала пражыло на свеце, але ўжо адчула, што гэта тупае не той малы рыжаваты, але шпаркі i спрытны, дужы ў нагах, з учэпістымі зубамі звер, які нядаўна, зваліўшы з ног, цяў яго за кумпяк, што цяпер абліваўся нечым цеплым i соладка пахкім ды балюча ныў. Той звер падпоўз зусім нячутна, насупраць ветру, а пасля, як яно крыху адстала ад маці, неспадзявана выскачыў з-за кустоў, збіў з ног; тым болей гэта ішла не лёгкая даўгахвостая знаёмая ліса, якая часта блізка падыходзіла i доўга пазірала на ix, дужую маці i яго — свавольніка, i не баязлівы заяц-сусед, не буравата-шэры, з белаю мызаю барсук-валацуга, якіх маці ніколі не баялася i не адганяла, якія любілі пастаяць ля ix i самі пасля адыходзіліся. Валокся нехта цяжка, ломячы галінкі i парыпваючы, тупаючы; а пасля, калі гэтыя шаргавітыя крокі пачуліся зусім блізка, хтосьці, рассякаючы паветра, лёгка шуснуў сюды, да ягонай схованкі — пад густы лазовы куст, — i ласяня, адплюшчыўшы вочы, са страхам убачыла праз напаратныя камлі амаль такога ж невысокага, толькі другога колеру — не рыжаватага, а чорна-белага — звера, які нядаўна разарваў яго сцягно.

Але стомленае, аслабелае ласяня не магло ўжо болей уцякаць, яно толькі торгнулася, крышку праехаўшы ўперад на складзеных пярэдніх нагах i жываце, i зноў заплюшчыла вочы, чакаючы ўдару, за якім ягонае цела зноў ірвануць вострыя клыкі, ды адчуваючы, як зайшлося ад страху сэрца, шурхне, збягаецца i халаднее скура; звер, які чамусьці амаль не пахнуў лесам, дзікім сіверам, ператраўленым пахам дзічыны, a меў нейкія чужыя, як палявыя, пахі, не накідаўся, a таптаўся паблізу, нават не датыкаўся, a залівіста, аж закладала ў вушах, брахаў. Неяк дзіўна сёння абзываўся i той страшны звер — закінуўшы ўверх невялікую галаву, працяжна зацягваючы, выў,— пасля гэтага хутка прыбеглі аднекуль яшчэ такія ж невысокія злосныя звяры i разам абкружвалі, нападалі; нарэшце, правалтузіўшыся так з ночы да раніцы, адсталі ад яго i пагналі некуды маці. Відаць, вось так падклікае сабе памагатараў i гэты чорна-белы звер…

I праз брэх чуваць было, што гучныя крокі ўсё прыбліжаліся, цяжэлі, ад ix аж пачало, здаецца, бухаць у вушах; нарэшце заціхлі, у гэтую хвіліну змоўк i брэх — i спачатку халодны цень, а пасля i нешта вялікае, пахкае i лесам, дымам, смалою, i гэтым чорна-белым зверам, i зусім яшчэ нечым не звярыным, не дзікім, прысела над ім, мякка лэпнула па здаровым сцягне — ад чаго ласяня ўздрыгнула, моцна заплюшчваючы вочы i душою адчуваючы: ну, вось i няма сіл уратавацца, вось i прыйшла смерць!.. I яно абыякава падумала: што будзе, хай тое i будзе. Ад слабасці i адчаю апала галава, тыцнулася зубамi ў зямлю, аж забалелі вусны i набілася ў рот сырога пяску.

Яно плюшчыла вочы, аж уздрыгвалі бровы, сціскалася ў камячок, чакаючы ў любое месца цела балючага ўдару, але ўдару не было. I тады яно з цяжкасцю адплюшчылася i як скрозь вільготны туман, відаць, праз слёзы, убачыла, што сядзіць каля яго на каленях невядомы яму звер, трымаючы пярэднія ногі з доўгімі пальцамі высока над зямлёю. I гэтыя ногі, i твар звера былі белыя, зусім без шэрсці, добра кранутыя загарам. Доўгая шэрсць была толькі па круглай галаве з высокім белым ілбом.

— Дальбуг, плача па-чалавечаму… — як са здзіўленпем пачулася ад таго, i ласяня ўспомніла, што i ў лесе, i за лесам, за рэчкаю, ужо не раз чула такія далёкія галасы, здзіўлялася, які ж звер ix вымаўляе, хацелася пачунь лепш, убачыць таго, але маці зводзіла падалей, балюча таўхалася, каб яно ніколі не імкнулася ісці на гэтыя галасы, i вось яно цяпер пачула, убачыла, хто так гукае (пачула, але нічога не разумела, як не ведала, што гэта ніякі не звер, а чалавек, i не абы-які чалавек, а тутэйшыляснік). — Ну, што з табою, маё цялятка? Ножку зламала, гойсаючы, ці матка цябе кінула?.. — i яшчэ рукою палэпаў яго па спіне, ад чаго яно зноў заплюшчылася, задрыжала, сціснулася.

Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў — як ад агню — руку, якая стала чамусьці чырвона-яркай, зацёр яе аб зямлю.

— Ды вось яно што!.. — усклікнуў ён. — Ваўке цябе парвалі… Беднае ты мае, бязвіннае…

I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы i ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў i працягнуў жмут да калена — услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцеліся i зазвінелі мухі.

— Трэба ратаваць цябе, цяля маё, — сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля i другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў; высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі i не маглі дастаць зямлі, але i закружылася ад непрывычкі галава, i панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай вопратку носчыка.

Паперадзе ix пабег сабака — падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, a задрабязіў, часта прыпыняючыся i шохаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.

За драбналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то i ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы i вяртаючыся ад яе ў лес.

Хутка яны цяпер падышлі да зарослай кустамі, аерам старой рэчкі, дзе закіданая гніллём вада была нясмачная, абагнулі яе i апынуліся ля амаль безбярэжнай, стромкай новай рэчкі-канавы, дзе яны пілі золкам ці зусім познім вечарам плыткую смачную ваду, за якой — у цемнаватай зелені i сярод мноства дамоў — чуліся тыя знаёмыя галасы. Яны з маці часта стаялі тут, на беразе, i з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё…

Носчык прайшоў берагам i апынуўся ля кладкі, неакораных, але гладкіх зверху жэрдак, перакінутых з аднаго берага на другі. Ступіўшы, ён пагойдаўся i паволі, калышучыся, бокам падаўся на другі бераг, дзе яно ні разу не было: страх i боязь за сваё жыццё праходзілі, але незнаёмыя мясціны з дзіўнымі галасамі, з дзіўным, не лясным, пахам, таемная будучыня так расхвалявалі, што ад усяго гэтага ўзрушэння заслязіліся вочы i пачалі падаць з ix на зямлю буйныя кроплі…

2

Ляснік, прыйшоўшы дамоў не вуліцай, а сценкай, праз загадзя адчыненыя жонкай дзверы ўнёс ласяня ў хату, за парогам якой стаяла вялікая печ, дзе шугала полымя i кіпела вада ў гаршках. Тут стаяў зусім незнаемы для ласяняці дух, якім яшчэ там, у прылеску, пахнуў гэты чалавек.

Ласяня апусцілі i палажылі ў кут на цвёрдую падлогу, а сам носчык разагнуўся i памахаў, мусіць, здранцвелымі рукамі.

— Дзе ты яго ўзяў? — спытала невысокая поўненькая гаспадыня. — Такое ж яшчэ малюсенечкае…

— Падабраў у Кавалёвым бары, — адказаў муж, высокі, плячысты, сярэдніх гадоў мужчына. — Ваўке зад парвалі, а матку, відаць, уходалі. Каб яшчэ з гадзіну якую, то i яму капцы былі б: крывёю сышло… Трэба спіртам абмыць рану ды падбелам прыкласці. Схадзі ты, Маня, нарві…

— Божа, ты мой божа! — пабедавала гаспадыня, збіраючыся выходзіць на двор. — Гэтакае маленечкае, колькі яшчэ там пажыло, a ўжо такі боль… Хай яе з такой доляй!.. Хоць дзікі звер, але як шкода…

Жанчына, накульгваючы, падалася з хаты, а мужчына падышоў да ляжанкі-печы, палэпаў па ёй, намацаў белую анучу, трасянуў яе, што пасыпаўся пыл, пагамтаў у руках, падышоў да вузкай высакаватай шафкі, адцягнуў верхняе шкло i дастаў бутэльку, у якой напалавіну было празрыстай вадкасці. Адкаркаваўшы зубамі бутэльку, ён лінуў з яе на анучку, якая ўвачавідкі памакрэла, што з яе ўпалі долу кроплі, запахлі незнаемым хмелем — намнога мацнейшым, чым пахне паслядажджовы лісцяны лес.

Паставіўшы на месца бутэльку, мужчына падышоў да яго, ласяняці, нагнуўся i прыклаў халодную анучку да раны — ад чаго яго сцягно, здаецца, апалілі агнём.

Яно дзіка замукала, спрабавала ўскочыць, але ляснік паклаў другую дужую руку на спіну i прытрымаў, супакойваючы: «Ну, пацярпі, маё цялятка, папячэ яшчэ троху i сціхне!..» — i вадзіў ды вадзіў, выціраючы, латкаю па ране i вакол яе, раз за разам перакручваючы анучку, хаваючы ў сярэдзіну камячка крывяныя плямы. Выціраў, трымаў спіну i сам ад нечага крывіўся, робячы зусім маленечкія вочкі.

Ласяня моцна-моцна заплюшчыла вочы i зайшлося ад болю, ад якога закалола ў скроні, думала, што вось то ўжо напраўду наступіў канец. Але пасля — i нават нечакана — боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд, — i здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі — i яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці: сёння маці не паспела яго пакарміць з-за ваўкоў, збегла недзе з поўным вымем, якое цяпер, можа, пырскае на зямлю… Ад успаміну пра цёплае салодкае малако ў ласяняці сабралася ў роце сліна, i тая, якую не паспела пракаўтнуць, пацякла на ніжнюю губу…

— Ці не естачкі ты хочаш? — лагодна запытаў ляснік. — Зараз знойдзем табе малачка, напоім, каб падужэў,— i адышоўся да белай шафкі.

Адчыніў дзверцы, узяў з налічкі збанок, трымаючы яго вялізнай рукою за горлачка, пакруціўся, нешта шукаючы, пасля ўзяў міску, наліў у яе малака i паднёс, даў ласяняці. Яно пачула знаёмы малочны пах (хоць ён быў не зусім такі, як у мамы-ласіхі), але адразу ткнулася ў міску ды так няўдала, што свежае, відаць, яшчэ нядаўна надоенае, малако залілося ў ноздры, ад чаго прыйшлося некалькі разоў фыркнуць i апырскаць чалавека ды падлогу.

— Ды ты не ўмееш яшчэ піць з місы… Ты яшчэ, брат, зусім нягеглы, — усё так жа лагодна сказаў ляснік, устаў i зноў падаўся да шафкі.

Узяў там бутэльку i, нагінаючы, ільючы на стол, пачаў пераліваць у яе з міскі малако.

Ласяня, шкадуючы, што так хутка прапаў ласунак, аблізала языком вусны, бараду, адчуўшы, што i гэтае малако смачнае, з радасщо праглынула ўсё, што трапіла ў рот, яшчэ больш распаляючы голад.

Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, i ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула i адчула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, i прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю i стараючыся не выпусціць слізкай соскі.

I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей — худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі i поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку i на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка — i ў ix адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы i паадкрываліся роцікі.

— Гэта другое цялятка? — запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка. — Дзе ты яго ўзяў?

Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.

— Гэта не цялятка, — сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.— Гэта маленькі лось. Так, татусь?

— Так, дзеці,— сказаў ляснік. — I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.

— Лёсь, лёсь! — прысеўшы ля ласяняці i гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку i пацягнулася да бутэлькі…— Дай я, татусь… — I як той згадзіўся, узяла бутэльку i трымала яе абедзвюма ручкамі.

Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, яно пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.

…Ноччу — пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком i яно спала — прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго — самотна мычыць.

Яно прахапілася, прыслухалася — мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць — зноў пачулася жалобнае мыканне.

Ласяня напялася, абапёрлася на пярэднія калені, каб стаць на заднія ногі, а пасля падняць ужо адну i другую пярэднія, але задняя нага не ўпёрлася, як у лесе аб зямлю, а паехала, зарыпела капытом па падлозе. На нагу аб’ехала з плячэй старая фуфайка, i яно заблыталася ў ёй i ў падасланай, але ўжо збітай набок дзяружцы.

— Ужо хвост падняло, га? — пачуўшы яго грукат, азваўся гаспадар, які ў майцы i трусах прыйшоў сюды са спальпі i ўключыў святло, асляпіўшы зусім ласяня. — Ужо i сіла ест? Га? Гэта добра, але каб не нарабіла ты нам бяды, я адгараджу цябе, — i ён, прыпаднімаючы, прывалок перад сабою i паставіў наўскасяк высакаваты столік. — A заўтра, маё даражэнькае, я цябе ў дрывотню затарабаню. Там табе будзе воля… — пастаяў крыху, успёршыся грудзінай на столік, пагладзіў па спіне i, выключыўшы святло, пашлэпаў назад у спальню.

3

Прайшло пекалькі тыдняў.

Ласяня падрасло, падужала, пачула, што ў яго залячылася рана — спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэтая нарасць пачала сушэць, свярбець i адлушчвацца ды абвісаць.

У падпаветцы — на ахапку сена — яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, добрага i спагадлівага чалавека, мірна ўжылася з крышку страгаватаю i буркліваю гаспадыняю, падружылася з таварысцкім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі — драбнатой — яму было нецікава, i яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту не адганяла тых, a наўмысна бегала за імі, нясмелымі, пудкімі, бачачы, як яны баязліва ўцякаюць, i гаспадар, заўважыўшы гэта, у першы раз накрычаў, кажучы, што ката чорт не возьме, а вось курэй не трэба гэтак палохаць: яны i пер’е губляюць, i «адбіваюцца», не нясуцца. З вялікай — амаль з ласіху — каровай адразу ж, у першую хвіліну сустрэчы, ніякага сяброўства не выйшла: яно памкнулася да яе, да вымя, пачуўшы пах малака, але тая балюча трэснула задняю нагою, i яно, плачучы ад болю, больш не падышло да яе, як i тая ганарліва не звяртала ніякай увагі.

Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі — з хлопчыкам i дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з ix любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно i дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі i пернікі, ад ix яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку — Губаты.

Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля i выдумаў: «Губаты!» Падклікалі яго адным з цялём клічам: «Цяля-цяля!» — а мянушку вось далі такую.

Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць i сталыя.

У адзін з апошпіх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, ужо не трэскалася i не балела, толькі крышачку саднела, хоць так i не зарасла шэрсцю, чамусьці зрання прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар. Ён быў ужо ў аброшаных кірзавых ботах, старым пінжаку, на плечы якога начаплялася шмат лясной павуціны, i ўвесь ён пахнуў вільготнымі грыбамі.

Прынёс па паўвядра пойла яму i цяляці, якое сёння чамусьці ўсё яшчэ не выводзілі ў поле i з якім яны дасюль елі з цабэрка свежую траву.

Хлопчык заўсёды стаўляў перад ім вядро, апускаў у яго руку, i Губаты, ловячы пальцы, хлябтаў смачнае цёплае пойла, а пасля ўжо языком вылізваў наліплае да дна салодкае цеста. Цяпер Губаты тыцнуўся ў вядро, шукаючы мяккіх пальчыкаў, абліў да вачэй морду і, нічога не абмацаўшы, не мог піць, толькі выплёхваў усё долу.

Ляснік моўчкі пазіраў, але пальцаў сваіх не даваў i за такую марнату не крычаў. Стаяў i курыў зацяжкамі, моршчыўся. Быў ён сёння нейкі задумлівы, надта сур’ёзны.

Як цяля выпіла i вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку i павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, i Губаты — спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей — памкнуўся следам.

Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна i нават, здаецца, нечага плача — выцірае рагом белай хусцінкі вочы.

За яшчэ адною — лаўчэйшаю намнога — брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны — ад вуліцы да лесу — выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў ix да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.

Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала i ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала i блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.

— Ну што, Губаты? — кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне. — Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, i жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць… Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра… Ідзі, покуль дзеці спяць… — сказаў так i падштурхнуў у зад. — Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь… Так будзе табе ж лепей…

Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п’янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.

За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, — i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.

Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста — i зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап’яненне воляй прайшло, i ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што i лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.

I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» — а гэтаксама тоненька, як камар, плача дзяўчынка: ён зразумеў, што далека адбегся, пакінуў адных сваіх сяброў. Падумаў так i затрусіў назад.

Выскачыўшы з лесу, згледзеў, што ляснік трымае на руках i спрабуе несці дамоў дзяўчынку, якая вырываецца i румзае.

— Губаты, Губаты! — радасна закрычаў хлопчык — босы, у кароткіх трусіках ды майцы, — а пасля хутка-хутка пабег насустрач.

Убачыўшы гэта, ляснік апусціў на зямлю дзяўчынку ў кароценькай кашульцы, босую, i яна гэтаксама падалася сюды за хлопчыкам, крышку смешна віхляючы крываватымі ножкамі. Бегла i нешта радаснае крычала.

Яны сутыкнуліся з хлопчыкам i пакаціліся долу (Губаты падаў першы, каб не пакалечыць малога); хлопчык хутка ўсхапіўся, абняў за шью, прытуліўся, шэпчучы: «Губаты мой! Губаценькі!» Падбегла, гопнулася на яго i дзяўчынка, гэтаксама абхапіла шыю мякенькімі маленькімі ручкамі, а пасля i прытулілася поўненькаю шчочкаю — i Губаты не вытрываў, заплакаў, што ў яго такія верныя, мілыя маленькія сябры…

— Ты маніў нам… — папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды. — Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят… Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас… Я яго буду карміць…

— I я буду кальміць… — паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз. — Ты нядоблі, татусь…

— Добра вы робіце, дзеці, i нядобра… — зморшчыўся, нарэшце азваўся ён. — Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом… Пасцель, яда, воля… Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі… Гора бывае, бяда… Я ж ведаю…

Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур’ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.

4

Губаты — так ужо выйшла — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.

На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго, — цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.

За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.

Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.

I ён, калі апынаўся на двары, нервова хадзіў на ім, цёрся ля высокага плота, пакідаючы на стрэмках пабурэлую ўжо поўсць, а аднойчы пад’юшчыла гэтая самота, жаданне волі — i ён разагнаўся, стукнуўшыся галёнкай, перагойснуў загарод i радасна пабег па знаёмым выгане ў лес.

…Ляснік, як сонца паднялося над хатай, разліло маладое цяпло на сінім небе, уехаў у двор з калясьмі, увайшоў сюды, у хлеў, пагладзіў Губатага, якому надакучыла стаяць аднаму ў загарадцы, па шыі, а пасля амаль пячутна завязаў на яе пастронак i за яго, адч’ыніўшы перакошаныя варотцы, вывеў з пустога хлява на двор, прывязаў да калёс. Ён тыцнуўся да воза, панюхаў сена, галінкі з альховым i лазовым лісцем, шчыпнуў, але з неспакоем адчуў, што гаспадар сёння задумаў зрабіць з ім нешта дасюль яшчэ не вядомае.

Да воза падышлі гаспадыня, дзеці, моўчкі пазіралі на ix.

Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы — i маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся — i павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам i не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу i развітальна махаюць рукамі…

У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, i нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, i ён ледзь не задыхнуўся.

— Не бойся, Губаты, — заспакоіў яго ляснік. — Ніц благога я табе не зраблю… — зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.

Ехалі яны так доўга. I па мяккай, i па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост — Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва — пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху i верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні i ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.

Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава i карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!

Губаты не спалохаўся гэтага ўзмаху, ведаючы, што гаспадар ніколі яго не біў, але яшчэ далей адышоўся, аддуваючы нядобрую перамену да сябе, стаў i пачаў глядзець, што ж будзе далей, убачыў, што чалавек зноў садзіцца на воз i ад’язджае. Ён памкнуўся следам, не хочучы заставацца тут, у незнаемым лесе, адзін, але мужчына спыніўся, нагнуўся, падняў тоўстую, з аблезлай карой галіну i запусціў у яго.

— Пайшоў! — закрычаў ён, а пасля — ужо ціха — сказаў сабе: — Пайшоў, родны… Цяпер не прападзеш. Гэта летась, як быў малы i я шкадаваў разам з дзецьмі, баяўся, што не ўцалееш… Каб ты не прыбег, я наўмысля выпусціў не за нашымі Янковічамі, а прывёз сюды, у Налібацкую пушчу… Жыві тут сабе на здароўе… У нас табе не жыце… I нам клапатэ з табою…

Губаты, пакрыўдзіўшыся, больш не памкнуўся наўздагон, адстаў, адвярнуўся i паціху пакрочыў па чужым, ціхім, зусім далёкім ад вёсак лесе, чуючы, як аддаляецца ляскат колаў. Але ён наўмысна, не ўслухоўваючыся, ішоў, куды вялі погі.

…Ужо к вечару ён, не раз пад’еўшы i напіўшыся ў невялікай лужынцы зеленаватай нясмачнай вады, спалохаўшы зайца, сямейку цецерукоў, набіўся на лася.

Той, высокі, буры, рагаты, стаяў уперадзе і, падняўшы галаву, чакаў яго, а пасля злосна зафыркаў, грабянуў стройнаю дужаю нагою зямлю. Губаты i спалохаўся, i радасна памкнуўся да свайго ляснога аднакрэвіча, але той, моцна раздзімаючы ноздры, грозна насупіўся, апусціў рагатую галаву, а пасля, бачачы, што аднаго яго пагрознага выгляду мала, подбегам падаўся насустрач. Губаты ледзь паспеў адскочыцца, ухіліцца ад вострых цвёрдых рогаў, зразумеўшы, што ён тут чужы, лішні, замінае, бо — хоць у лесе ўсяго шмат i ўсім любога хопіць — гэтаксама хоча мець тут нязводны харч, быць гаспадаром удалай мясціны… Таму вось так не хочуць, каб яшчэ быў i ён, ці, можа, i не супраць, каб быў, але каб блукаў недзе падалёку, у горшых мясцінах…

Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце i траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго i малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць i сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся i абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць i лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх — сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку, — i ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.

Яму не цярпелася ўскочыць i пабегчы туды, да людзей, i калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве i нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы i сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі i — самае важнае — там ён зусім непатрэбны…

5

Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім сабе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага i другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця i травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.

Ён пачаў накрысе дзічэць. Можа, i зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям’і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.

Губаты не мог яшчэ зусім ад ix адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана дадёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да ix на злом галавы праз стары лес. Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі i граблямі. Чакаючы смачнага хлеба i аж пускаючы слінкі, кінуўся да ix, падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску i сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары ix аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю…

…Гэтых двух маладжавых мужчын — высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары i маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высотах ботах i фуфайках, — якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, a ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.

Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку i скуб лісце. Як лавіў ротам галінку i цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося i абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна. Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але i не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.

— Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей…

— Страшнавата неяк, халера… — дрыготкім голасам прамовіў маларослы. — Закон жа ест строгі!..

— Бо ідзеш так у першы раз… — хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне i паднімаючы вышэй стрэльбу. — Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса — i варанага, i паранага, i катлетак, i шметак, — то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес… Стой! — Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка. — Дальбуг, вунь ён стаіць…

— Дзе? — пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.

— Па кубельцу, брат, будзя… — прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку i апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу. — Так што не лгалі людзі, бачылі-такі…

Губаты ўсё стаяў i пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах ca ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла i леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.

— Э-э, стралок! — грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму. — Ды ў цябе рукі калоцяцца i губы дрыжаць, як у зайца… То я пальну… Калі не ўкладу, то ты тады бі…— i паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам i ведучы ў яго бок ствалом.

Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль i толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, i больш ужо ён нічога пе мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната…

Ліст да Олі

У нашай старой, нядаўна перацягнутай з хутара хаце, днямі вымытай, паклеенай шпалерамі, была вялікая радасць: жаніўся мой старэйшы брат Казік. Праўда, з намі ён цяпер не жыў, давучваўся, прыйшоўшы з войска, але тата папрасіў яго справіць вяселле дома, а не ў горадзе, згуляць па старых законах, па-людску. Бацька сказаў, што ў касцёл шлюб браць ні яго, ні яе не гоніць i не будзе злавацца, калі не паедуць: цяпер усе маладыя без шлюбу жывуць.

Я болей радаваўся б, каб жаніўся наш сусед, Янак. Да яго я прывык болей, як да Казіка. I не таму, што Казік, закончыўшы васьмігодку, рэдка бываў дома, блытаўся недзе па свеце i я да яго не прывык. Не. Казікам чамусьці найболей ганарыліся ў сям’і, хвалілі яго, хацелі вывучыць на «вялікага чалавека». I ён пыжыўся, задзіраў высока нос, рос трутнем, звальваючы ўсю дамашнюю работу на нас, меншых, а то i ўпотай крыўдзіў нас. Яго перасталі хваліць, калі ён не пайшоў у дзевяты клас, a паехаў у горад вучыцца на шафёра, пазлаваліся, калі бацьку выклікалі ў вучылішча — Казік адпусціў доўгія валасы, стаў курыць, піць, запусціў вучобу. Былі рады, калі яго забралі служыць: думалі, што ў арміі ён паразумнее. Але не вельмі ён паразумнеў. Ад яго i цяпер рэдка калі пачуеш добрае слова, Янака ён абзывае «рабацягам», мяне — «старым» ці «шпінгалетам», а то i яшчэ горш — «салагаю». Калі бывае ласкавы, дык ведай: трэба хуценька збегаць у краму па віно ці цыгарэты.

Тады зрання пачалі збірацца госці. Добрая палавіна прыехала з горада. Павыходзіўшы з аўтобуса, сябры Казіка цмокалі: «Славное местечко. Еще бы жинку с хорошей тещей, домик, деньжат!..» I смяяліся. Ціснулі да болю маю руку: «Здароў, здароў, стары!», траслі бацькаву: «Привет, хозяин!» Шмат гасцей прыкаціла на матацыклах i на вазах, напакаваных сенам, з блізкіх мястэчак.

Гарадскія госці, у дарагіх чорных касцюмах, у модных туфлях i пры гальштуках, не саромеліся прызнацца, што прыехалі нашча, i адразу паселі за стол, пілі, елі, без супынку хвалілі катлеты, галубцы, піва.

Іншыя — нашы, янкавіцкія i з Налібак, у зашпіленых на ўсе гузікі кашулях, без гальштукаў, падстрыжаныя пад польку, таксама на вяселлі шмат пілі, чарка за чаркаю, мала закусвалі, толькі выціралі губы рукою. Яны быццам адчувалі сябе лішнімі на гэтым вяселлі, найболей паглядалі на сваіх жонак з пазатыканымі ў рукавы хустачкамі. Негаваркія яшчэ жанчыны каштавалі катлеты, булкі, сухарыкі, ківалі сваім мужчынам на яду, шапталі на вуха: «Закусвай, закусвай, каб не давялося валачы цябе дадому!»

Я стаяў са сваімі аднагодкамі за стаяком i цікаваў за вясельнікамі. Мяне таксама пасадзілі б за стол, можа, ля маладых, але было мала месца. Бацька сказаў, што я не такі вялікі госць, a Казік загадаў мне пільнаваць, каб «падшыванцы», гэта значыць мае сябры, не палазілі па кішэнях скінутага гасцямі адзення. Мне было брыдка перад сваімі хлопцамі, i я сказаў, што не буду пільнаваць. Казік зазлаваў, а потым махнуў рукою, толькі прыстрашыў, што адлупцуе.

Я не зводзіў вачэй з будучай братавай — Олі. Яна моўчкі, апусціўшы вочы, сядзела на покуці ля Казіка, які раз-пораз чокаўся чаркай з усімі праз стол, піў, лічы, не закусваючы. Ён, здаецца, не зважаў на Олю — тая не піла i не ела, а нечага плакала, выціраючы вочы i нос белай хустачкаю.

Олю я ўжо крыху ведаў, яна рабіла на прудскім медпункце, i мяне туды вазілі летась, калі я парэзаў палец. Бачыў яшчэ, як раз у нядзелю катаў яе на «Яве» Казік. Ён амаль кожную нядзелю катаў новых дзяўчат, маладых i ў гадах, а пасля на вечар кудысьці прападаў. Варочаўся толькі раніцай, сонны, з прыпухлымі вачыма. Хапаў сваю сумку i, папрасіўшы ў бацькі грошай, бег на аўтобус.

Я прывык да гэтага, думаў, што ўсе дзяўчаты закаханы ў майго старэйшага брата.

Я ўяўляў, што, падцягнуўшыся ў росце, таксама буду вазіць дзяўчат, можа, на «Яве» ці на «Іжы», а то i на легкавой: Казік заробіць на машыну грошай i купіць мне. Аднойчы суседскую ганарлівую Стасю я правёз на веласіпедзе з горкі, але ў шасцярню ўкруцілася калашына, i мы паваліліся. Стася абабіла нагу, заплакала, сыпанула на мяне пяском i ўцякла. Я быў кінуўся наўздагон, але не дагнаў.

Я ўбачыў, што мяне шукае вачыма Янак. Калі я падышоў да яго, ён паказаў мне пальцам на Олю. Яна рабіла знакі: маўляў, ёсць месца. Пасля неяк дзіўна зірнула на Янака, а ён на яе, i абое ў адну хвіліну апусцілі вочы.

Я выйшаў на двор i праз адчыненае акно ўлез у хату, Оля крышачку пасунулася да Казіка, вяла ўсміхаючыся, пасадзіла мяне ля сябе.

— Чаму ты схаваўся i не хочаш паказацца? — шапнула яна мне на вуха. — Мне гэтак сумна… Давай з табой вып’ем крышачку. Добра?

— Ды ён — здаровы малец! — мусіць, першы раз навёў на Олю п’яныя, бліскучыя вочы Казік. — Блатняга! Ён i шклянку кульне. I не зморшчыцца.

— От, не абгаворвай мне хлопца! — не паднімаючы на яго вачэй, мусіць, наўмысна зласнавата сказала яму Оля i пагладзіла мяне па галаве, а пасля палажыла на плячо сваю лёгкую, шорсткую ад шоўку руку. Я, мусіць, зачырванеўся, бо ўсе вясельныя зірнулі на мяне, падміргнулі, a адзін з вусікамі пажартаваў: «Бач ты яго, дзе прымасціўся! Ты, Казік, глядзі…»

— Музыканцікі! — усміхнуўшыся, Казік ляснуў далонямі.— Не паснулі яшчэ?

— Січас, січас, — выціраючы губы хустачкаю, падняў з каленяў скрыпку дзядзька Валюсь.

Маладыя хлопцы i дзяўчаты, не слухаючыся ўгавораў старэйшых, пачалі вылазіць. Хлопцы далікатна прапускалі дзяўчат, падтрымліваючы ix за локці. Палез да дзвярэй i Казік, махнуў рукою Олі: «Пайшлі, чаго расселася!»

Старэйшыя мужчыны засталіся за сталамі, уволю цяпер курылі, наперабой гаварылі пра вайну, палітыку, дымілі на ўсю хату.

Танцавалі на вымеценым дварэ — нешта знаёмае, павольна, як кожную нядзелю ў клубе пасля кіно. Але калі да музыкантаў падышоў Казік, дык яны разанулі штосьці хуткае i такое вясёлае.

— Глядзі, чарлістон!

— Гэта ліпсі, ліпсі, цётка.

— А, каб вы пагарэлі са сваімі танцамі!

— I маладая дае! Вось папалася Янукевічу танцорка! — кабеты паказвалі пальцамі, смяяліся.

— Mo i ты, Манька, пусцілася б! — таўханула ў бок сваю суседку Пётрыкава Зося. — Далібог, сумееш так круціць. Ці баішся рассыпацца? Не ведаю, як яны зжывуцца! Ты чула, Манька?.. — Зося нагнулася да яе i зашаптала, што сусед наш, Янак, да Олі хадзіў.

— A Казік сілаю яе… Дык i бярэ цяпер. Мо судом прыстрашыла: цяпер сама знаеш, з гэтым дзелам надта… А Янак… Любіць яе. Моцна любіць: мая Яня мне гаварыла. Ой, i будзе ў Янукевічаў вайна! Хіба стары як супакоіць… Але хіба ўпільнуе ён? Казік то ў горад паедзе, а яна з Янакам… Цяпер не разбярэш, што на свеце робіцца…

— Э, не тое! — выбег раптам на круг і махнуў рукою сват Міхал, палажыў баяністу руку на баян. — Не тыя танцы! Калі вы, маладыя, хочаце такіх, то, проша прабачыць, пачакайце. Паспееце — нагуляецеся. Эй, Валюсь! Браток, сыпні полечку! Ды нашу, беларускую! Нашу, браток…

Дзядзька Міхал падхапіў Олю (Казік нават не паспеў нічога сказаць), выскачыў на сярэдзіну:

Эх, дзевачка,
Чаму ты тоненькая?
Пагуляй са мной,
Будзеш ры-рай-рай-рай…
Эх, ха-ха-ха!
— Ну і таўсцюк! Што падмецены скача! — засмяялася Зося. — Так, здаецца, ледзь жывот свой валачэ, а на танцы — спец, каб ты праваліўся.

Зося не паспела дагаварыць: яе падхапіў i закруціў другі сват, дзядзька Антон.

— Танцы знайшлі! Цьфу! — плюнуў Казік. — Цэлы вечар цяпер сваімі полькамі ды падыспанамі зоймуць. I гэты скача, рад вельмі! — гэта сказаў ён, мусіць, пра Янака.

Я ўвесь вечар не зводзіў з Олі вачэй. Тое, што яна будзе жыць з сённяшняй ночы з намі, радавала мяне i крыху палохала.

…Казіка ў горад праводзіў з Оляю i я. Калі паказаўся чырвоны з белымі фіранкамі на вокнах аўтобус, Казік сунуў мне ў кішэню тры рублі.

— Цукеркі купляй, — прашаптаў.— А то ты на мяне гэтакі злосны… Калі Янак сыдзецца з Оляй, то ты не адыходзь, будзь з імі. Добра?

Я радасна кіўнуў галавою.

Казік ускочыў у перапоўнены аўтобус, махнуў мне рукою, потым прыклаў руку да вуснаў — для Олі.

Мы павярнуліся i пайшлі. Оля была нейкая сумная, не смяялася i не хацела жартаваць са мной.

Вяселле адшумела, адзвінела, аб ім ужо i не ўспаміналі. Спярша мне здавалася, што ў нашай хаце нічога не перамянілася: бацька па-ранейшаму паднімаўся на світанку — даіў сам карову, працэджваў малако, карміў свіней. Рана раскатурхваў i мяне выганяць на пашу карову.

Калі я вяртаўся дахаты, хадзіў па сваім дварэ i Янак. Ён з’язджаў на цэлы дзень — карчаваў недзе за Налібакамі алешнік i зарабляў няблага. Я пасля Янакавай палучкі набіваў кішэні цукеркамі i пернікамі.

З Оляю Янак бачыўся рэдка. Павітаецца i стараецца адысці. Оля вечарамі штосьці чытала ці пісала Казіку лісты — з хаты не выходзіла.

На другі тыдзень пасля вяселля я прачнуўся раней, чым звычайна. Брынчалі вёдры, лілася вада: упаў з лавы кубак. Канечне, там гаспадарыла Оля. Я чуў, як яна ўчора расказвала бацьку, што сама таксама з вёскі, скончыла медвучылішча, хацела падавацца вучыцца далей, але не ўдалося.

— Тата, тата?.. Гэта ты пабудзіў Олю? — шэптам спытаў я ў бацькі — ён ляжаў побач.

— Уга! Сама, — таксама ціха прашаптаў ён. — Кажа: «Спіце, тата. Хіба ваша гэта работа з каровамі i свіннямі пэцкацца? I карову сама падганю, хай падрэмле яшчэ Пецька». Далібог, так i сказала. Кажа, што падніме нас, калі снеданне згатуецца.

Бацька мігам схаваў галаву, стаіўся i я: сюды ішла Оля. Я чуў — сцягнула з маёй галавы коўдру, дыхнула цяплом, мусіць, ад печы, i сціснула мой нос. Я не ўтрымаўся, каб не ўсміхнуцца.

— Спіш, швагрусёк? — прашаптала яна i прыгарнула мяне да сябе, прыткнуўшы сваю шчаку да маёй. — Ну, паспі яшчэ трошачкі,— накрыла мяне i адышла.

Мне стала лёгка-лёгка i радасна, здаецца, намнога вальней забілася сэрца.

Калі мы паснедалі, Оля паехала на бацькавым веласіпедзе ў медпункт. Панеслася што віхор.

— От галаву яшчэ дзе скруціць! — усміхнуўся сабе пад нос бацька. — Хоць бы цішэй крыху…

«Во! — падумалася мне. — Каб я так насіўся на тваім веласіпедзе, то скора забраў бы i накруціў бы вушы. I на Казіка насварыўся б. А на Олю — не…»

Заўважыў я, што раней звычайнага пачаў прыязджаць з работы Янак. Ён несся на «Яве» што чорт, аж крычалі i ляцелі ў свае двары куры, a бабулькі спалохана падбіралі ca сцежак малых дзяцей.

— Слухай, Оля ўжо вярнулася? — спытаў ён аднаго дня, нечага чырванеючы.

— Не, — шчыра прызнаўся я. — A які ў цябе да Олі інтарэс?

— Дваякі! — ён даў мне ў лоб пстрычку i засмяяўся. — Менш старайся ў свае гады ведаць! Слухай, — Янак пацішэў,— хадзі сюды. Ну, не бойся. Гэта во — табе. А гэты кулёк аддасі Олі. Скажаш, што ты купіў за свае грошы, — ён прыплюшчыў вока. — Я чуў, што бразгаюць капейкі ў цябе. Ці не Казік раздабрухаўся?

— Не, — зманіў я i адчуў, што запалалі шчокі.— Тата даў. А чаму ты сам ёй не хочаш даць? Чаго ты яе баішся? Вось я…

— Ну, аддасі?

Не паспеў я пакаштаваць i першай цукеркі, як на веласіпедзе ўляцела ў двор Оля. Саскочыла з яго, падбегла да мяне. Бегла босая i таму на пятках — калоўся пясок. Яна падхапіла мяне пад пахі i памчала ў хату. Я не бараніўся i адчуваў сябе неяк няёмка, саромеўся. Відаць, ад таго, што я гэтак мала пазнаў цяпла i ласкі матчыных рук: яна памерла, калі мне не было i года.

— Ведаеш што, Пецька? — Оля прыціснула мяне да грудзей. — Зараз пабяжым купацца. Спацела я! Запылела! Ой! — яна апусціла мяне на падлогу. — I ногі ж у цябе! Хоць рэпу сей. Каб бачыла раней, то не захацела б сябраваць з табой.

— Я памыюся сёння, — мне стала сорамна перад Оляю. — На, — не паднімаючы вачэй, падаў ёй кулёк з цукеркамі.

— Цукеркі? — яна засмяялася, разарваўшы кулёк, усыпала мне за пазуху цэлую жменю. — А табе хто даў?

— Янак.

— Янак?

— Ну, — я раптам адчуў, што прагаварыўся. — Гэта я пасмяяўся. Я сам купіў.

— Ты? А дзе ж ты гэтулькі грошай узяў?

— Казік даў.

— Ой, Пецька, любанькі, не мані,— яна паківала галавою. — Няможна. Ну, скажы праўду. Янак купіў, га?

— Ага, — матнуў я галавою, ведаючы, што давядзецца ўжо з тыдзень не падысці да Янакавай «Явы».

Оля шпарка падбегла да акна, расчыніла яго, перагнулася:

— Янак?

— У-У, — пачуўся яго голас.

— Дзякуй за падарунак! Не забыўся: сёння ў мяне дзень нараджэння!

— За які падарунак? — Янакаў голас пачуўся бліжэй. — Нічога не разумею.

— Ой, не ведаеш! — Оля паківала галавою. — От хлусы сабраліся! I малы, i вялікі.

Не дачакаўшыся Янакавага адказу, Оля падбегла да мяне, падняла мой падбародак i цмокнула ў шчаку.

Калі мы з ёю выходзілі з хаты, я ўбачыў, што Янак сядзеў у сваім дварэ i корпаўся ў матацыкле.

«I што ён там робіць? Нядаўна хваліўся, што „Ява“ спраўная».

— Пайшлі на рэчку, хлус! — пазвала яго Оля.

— Я памыўся ўжо, — сказаў Янак, не паварочваючыся.

— Памыўся! Калі ты паспеў! — засмяялася Оля.

Яна зайшла ў суседскі двор, да Янака, паваліла яго на спіну.

— Пайшлі!

— Я ж быў…— расплыўся нарэшце ва ўсмешцы i Янак.

— Ах ты манюка! — Оля нагнулася, валасы апалі на Янакаву галаву. Я ўбачыў, што яна пацалавала суседа.

«I Янаку цяпер добра».

Оля ўскочыла, схапіла маю руку, i мы пабеглі. Я азірнуўся. Янак стаяў i глядзеў нам услед.

Рэчка ў нас неглыбокая. Некалі не было відаць i дна, гаварыў мой бацька, але як пракапалі, каб асушыць балота, вада спала, звялася i рыба.

— Пецік, ты купайся за тым кустом, а я тут буду. Усё ж ты хлопец, — пажартавала Оля.

Праз лісце алешніку я зірнуў i ўбачыў, як яна сцягвала цераз галаву світэр. Апускаючы на ногі спадніцу, яна цікнула на мяне.

— Швагра! Не глядзі!

«Што маленькая… Саромеецца».

Я хуценька распрануўся, скокнуў у ваду, на хвіліну ад задавальнення заплюшчыў вочы, пасля пачаў плюскацца. Гонячы перад сабою вялікія, адзін за адным кругі, падплыла i Оля, моцна б’ючы па вадзе.

«I плаваць добра не ўмее. Я лепей…»

Оля апырскала мой твар вадой, пачала біць па вадзе далонню. I пакуль я засланяў рукамі твар ад пырскаў, яна прыцягнула мяне да сябе. Я пачаў адхінацца, але Оля трымала моцна. Тады я ўшчыпнуў яе за жывот, яна войкнула i села ў ваду. А я выскачыў на бераг.

— Няможна так, — паскардзілася яна. — Пецік, не ўцякай… Я жартам…

Пасля яна вылезла з вады, прыкрыла грудзі рукамi. Прысела. Папрасіла, каб я расчэсваў ёй валасы. Доўгія, на ўсю спіну, мяккія-мяккія, прыгожыя. Калі я працягваў зверху грэбенем, Оля зажмурвалася. На яе спіну зляталі з грэбня кроплі вады, ад ix Оля аж выгінала спіну.

— Пецька, ты любіш мяне?

— Не ведаю, — засаромеўся я.

— Як гэта ты не ведаеш? Не любіш, значыць, — яна, мусіць, пакрыўдзілася. — А скажы, Янак любіць мяне?

Я паціснуў плячыма.

— А ты Янака любіш? — зірнула на мяне неяк з не цярплівасцю.

— Люблю, — адразу адказаў я.

— A Казіка? Любіш ты Казіка?

— Не ведаю, — паціснуў я плячыма.

— I я не ведаю, ці люблю Казіка, — Оля сказала i змоўкла, пасля прытуліла мяне да сябе, пачала гладзіць па мокрай галаве. — I яЯнака больш люблю, мне за яго трэба было замуж ісці, але, — яна ўздыхнула, — ты гэтага яшчэ не зразумееш! А цябе я, дурненькі, вельмі люблю. Больш, як Казіка, як Янака, як тату. Сіротка мая… Ты добры, Пецька, толькі нешта хаваеш ад мяне, недагаворваеш. Чаго ты ўчора за мною ішоў, калі я да Ані вечарам выходзіла?

Я апусціў галаву i маўчаў, мне стала сорамна, што Оля здагадалася, што я за ёй трохі падпільноўваю.

— Сама цяжка, калі бачыш, што нехта табе не верыць. Значыць, не любіць цябе, зневажае… Цяжка, аж плакаць хочацца…

— Я, я… люблю цябе…

— Я не пра цябе, Пецька. Я пра яго, пра свайго… — Яна стала бокам да мяне, пачала адзявацца. — Ужо i ў школу хутка табе. Заўтра мы, можа, паедзем у раён. Касцюмчык, туфелькі новыя табе пастараемся…

Ідучы дамоў, мы згледзелі Казіка. Оля кінула мяне i пабегла да яго, высокага, з пышнымі бакенбардамі. Кінулася на грудзіну, абхапіла шыю рукамі.

— Пачакай, — адштурхнуў яе Казік, — дай штаны ачысціць, а то — як вахлак хаджу.

Оля адскочыла ад яго, адвярнулася i закрыла твар рукамі.

— Ладна, кінь крыўды. Будзь прасцей, — абняў яе Казік, зірнуў на мяне. — А ты тут чаго? Кыш адсюль…

Я адбегся i азірнуўся. Казік i Оля цалаваліся.

«I Казіку цяпер добра. Бач, як доўга цалуюцца, хочуць, каб паболей хораша было».

…Вечарам, сустрэўшы на вуліцы хмурага Янака, я пацягнуў яго за руку ў наш двор. Ён здзіўлена пазіраў на мяие. Я паказаў яму на высокую яблыню: пад ёю на разасланай дзяружцы ляжала Оля, а збоку сядзеў ля яе Казік.

— Мазалі на тваіх руках… — гаварыў Казік. — Вёдры цягаеш? Не цягай.

— Шкода твайго бацькі,— прашаптала Оля, — мужчына, а…

— Шкода, шкода… Падумаеш, мне вялікі гонар, што мая жонка свіныя вёдры носіць… Паедзем са мной. А то здзічэеш тут, сярод свіней. Сорам будзе людзям паказаць.

— Глядзі, глядзі! — тузануў я Янака за рукаў.

— От! Другі раз вушы абарву, калі будзеш лезці не ў сваё, — адпіхнуў мяне злосна Янак i пайшоў.

— Ну, як? — злавіў мяне пасля вячэры аднаго на дварэ Казік. — Яны, гэтага… не цмокаліся?

— Не, — утаіў я.

— Ты, пацан, праўду гавары!

— Далібог, не бачыў,— сказаў я.

— Ціх! — сыкнуў на мяне Казік. — Яна, можа, стаіць дзе i падслухоўвае. Ты мо i не думаў глядзець за імі?

— Дальбог, глядзеў…

— Ну, ладна. Малайчына! — пагладзіў Казік па маёй галаве. — А касцюмчык табе Оля купіць. Ведай маю дабрату! Ты, брат, пільнуй. Ты мала каму вер на гэтым свеце. Пацан, салага ты яшчэ, некалі ўбачыш…

Я так i не зразумеў тады, што ён мне хацеў сказаць, але толькі не паслухаўся яго, па-колішняму верыў тату, Янаку, Олі, а яму… Сапраўды, чамусьці Казіку мне не хацелася верыць.

Нядзелі я ніяк не мог прычакаць. У гэты дзень медпункт не працаваў, i Оля мелася быць дома. Яна падакляравала мне касцюм, а яшчэ сказала, што пачастуе марожаным, якога я дагэтуль i ў вочы ніколі не бачыў.

Устаў я раненька, раней за ўсіх. Дапамог Олі падмесці двор, знёс кошыкамі ў поле смецце, а пасля прынёс сырога, жоўтага пяску i густа высыпаў сцежку.

Пазней мужчыны, што прыходзілі падстрыгацца да майго бацькі, страшылі мяне, што я адаб’юся ў горадзе ад Олі, буду бегаць i плакаць адзін. Але я не баяўся: ведаў, што яны жартуюць.

Калі мы з Оляй выскачылі з хаты, то ледзь не збілі на ганку з ног нашага брыгадзіра.

— Куды вы, Янукевічы? — запытаў ён.

Я паспяшыў пахваліцца.

— Канечне, яно трэба, — брыгадзір пачухаў патыліцу. — А можа, вы, Вольга Васільеўна, выратавалі б мяне сёння. Ведаеце, жыта за рэчкаю асыпаецца. А як дождж? З’есць тады мяне старшыня! Нядзельнік во зрабіць надумалі, падабраць за жняяркаю валкі.

— Як, Пецька? — тузанула мяне за нос Оля.

— Ай, — пацягнуў я яе за руку. — Паехалі… Тата сходзіць.

— Не, мусіць, трэба памагчы, — затрымала мяне Оля. — Дзядзьку Мікіту могуць з брыгадзірства скінуць.

— Ну, не скінуць, — усміхнуўся брыгадзір, — але будзе грызні…

У Стоўбцы мы не паехалі. Выбралі лягчэйшыя граблі, падышоў Янак з драўлянымі вілкамі, i мы пайшлі вуліцаю за рэчку. Янак i Оля ішлі побач, а я трумсаў другім бокам вуліцы, перабіраў грабільнам штыкеціны платоў.

Недалёка ля моста, ужо за вёскаю, Оля войкнула i прысела. Я быў злосны i не падбег да яе — злаваўся. Дакляравала-дакляравала i — на табе! А Янак нагнуўся i пачаў шукаць у назе стрэмку, але нагі Олінай у рукі не браў. Яна засмяялася, пабегла. Дагнаўшы мяне, падхапіла на рукі.

Я ж цябе падманула,
Я ж цябе падвяла,
Я ж цябе, маладога,
З розуму звяла…
Я нехаця зграбаў жыта, не зважаў на Оліны жарты, адварочваўся, калі яна хацела зазірнуць мне ў твар.

— Злуе! — ківала яна на мяне галавою Янаку. — Ну, Пецік, у гэтую нядзелю. Далібог, ужо ў гэтую…

Мы не пайшлі да ўсіх за рэчку, бо Олі захацелася грэбці ля лесу, нашаю групкаю.

— Мы — ударнікі,— смяялася яна. — Перадавікі. Змагаемся за… Янак, не адставай, бяры прыклад з Пеці. Ён лепш за нас усіх працуе.

Я не хацеў з ёю размаўляць ці жартаваць. Калі я сабраўся кінуць граблі i марсянуць дамоў, пацямнела, прапала сонца, адразу пасвяжэла, застыў на спіне i на твары пот. Над вёскаю чарнела вялікая, на палавіну неба, хмара. Хутка аднекуль наляцеў вецер, закруціў, панёс хапкі жыта, чапляў за кусты. Гэтак жа хутка пырснулі халодныя кроплі. Потым зашумела, завесіла вёску: лінуў спорны-спорны, цёплы дождж.

Янак i Оля схаваліся ад дажджу ў раскіданай ветрам нечай капе сена, а я залез у другую, што была збоку іхняй.

Стрэліла, аж трасянуліся ля вушэй жылкі.

— Ідзі сюды, хопіць дзьмуць губы, гэй! — гукнула Оля. — Адзін баяцца будзеш.

— Не будзе, — заспакоіў яе Янак.

— Злосны i помслівы ты, мусіць, Пецька, як i твой брат…

Я маўчаў. Маўчалі i яны. Усё, мусіць, паглядалі на поле, на тое, як да дзяўчат перабягалі хлопцы, як вісеў над іржышчам дождж. Пасля я бачыў, што Оля высоўвала з капы руку, збірала на яе ваду i пырскала ёю на Янака — кідала яму на грудзіну, відаць, на гарачы, яшчэ не астылы твар.

— Чаго ты такі, Янак? — пачуў я, хоць Оля i ціха гаварыла. — Ты ж не такі ўжо быў ціхоня. Не раз бараніцца трэба было…

— Не быў,— Янак высунуў босую нагу на дождж.

— Ты яшчэ любіш мяне?

— Чаму ты так думаеш?

— Ты ж… Не мог ты ўжо ўсё забыць… — ціха гаварыла Оля.

— Я хацеў таго, чаго хлопцы хочуць…

— Няпраўда. Не мані. Ты не такі. Гэта Казік тады з першага вечара не паважаў мяне, нахабнічаў… Ты дарэмна тады ўцёк, пакінуўшы Казіка ca мною… Haшто ты яго прыводзіў? Чаму злаваўся, раўнаваў? Дзяўчатам падабаюцца вясёлыя хлопцы, вось я i… Далібог, у той вечар была я з Казікам строгая… Можа, ён, вярнуўшыся, табе абы-чаго нагаварыў… Яначак, скажы, ты любіш мяне?

Янак маўчаў.

— Маўчыш. Ну, i не кажы. I не трэба… Сваркі баішся. А я ўбачыла, што Казік мяне не любіць, што яму трэба было даказаць, што за ім любая…

— А чаго ж ты ішла тады за яго? — ледзь не закрычаў Янак.

— Табе назло. Як пакінуў тады мяне, падумаў брыдкое, не паверыў мне, то я i вырашыла адпомсціць…

— Адпомсціць, адпомсціць! — Янак гаварыў злосна. — Помста! Скажы: баялася, што буду бензінам пахці i ты за мною горада не ўбачыш, прападзеш ля свіней… Здзічэеш!

— Змоўкні!

— Праўда вочы коле… Янак цябе толькі можа на трактары пакатаць… На трактары? Сорам! Вось сусед — гараджанін…

Янак гаварыў, крычаў, а Оля маўчала i, мусіць, плакала, а пасля змоўк i ён.

— Янак, я вазьму развод? Усё роўна прыйдзецца…

— Як хочаш, — Янак апусціў вочы i пачаў капаць пяткаю зямлю, — раз ужо людзей насмяшылі…

— Ты ж любіш мяне, счарнеў вунь…

— Ну i што?

— Як — што! — Оля нахілілаея, упала яму на грудзіну. — Навошта мы губім сябе?

Янак падняў яе галаву, зірнуў у вочы, а пасля пачаў цалаваць. Оля не баранілася.

«Думаюць, што я не бачу. Скажу тату…»

— Янак, — яна адхінулася ад яго, — як сёння прыедзе Казік, то адразу сама i скажу… Не будзе ў нас з ім жыцця… Мы з’едзем куды — хоць у Сібір, хоць у Казахстан, — а пасля, калі ўсе забудуць, можам i вярнуцца. Чаго маўчыш? Скажы што…

— Думаеш, мне легка? — ціха сказаў Янак. — Як падумаю, што ты ўжо…

— Ну, якая? — не дачакаўшыся, нецярпліва запытала Оля.

— Якая! Чужая…

— Чужая… — перакрывіла Оля. — Вось як… Ды ты ні кропелькі мяне не кахаў. Кахаў бы — усё зразумеў…

Оля яшчэ шмат папікала, а пасля нечакана падхапілася i пабегла ў густы дождж.

— Янак, — перабегшы да свайго суседа, усклікнуў я, — пакатаеш мяне сёння? Вунь як будуць ляцець з-пад колаў пырскі!

— Адчапіся ты! — буркнуў той. — Не да цябе…

Казік прыехаў дамоў пад вечар, прывёз мне ўсялякіх ласункаў. Сам не разумею, як усё здарылася, але ён змусіў мяне расказаць пра сённяшні дзень. Слухаў, кусаў вусны.

— А ты хоць, асёл, з імі ў адной капе сядзеў ці воддаль дзе? — закрычаў на мяне.

— Воддаль.

— Эх ты, дубіна!

— Чаго ты так на Пецьку крычыш? — аднекуль нахапілася Оля.

— Ну, хадзі, хадзі сюды, галубка… — паківаў пальцам Казік. — Раскажы, падзяліся шчыра, як сумна адной без мужа, як… Усё-ўсё раскажы.

Оля стрэльнула позіркам на мяне — я не міргнуў i вокам: ведай, як хлусіць.

— Ну, расказвай, мадам…

— Казік, нам з табой…

— Што — нам?.. — закрычаў Казік i хапіў яе за плячо. — Сволач ты! Абы толькі пакінуў адну, то… Варту ставіць да цябе?

— Казік, ты не любіш мяне, ты мяне ўзяў, каб толькі…

— Гэта як я захачу! — перабіў яе Казік. — Калі ўзяў, то ты — мая.

— Мы павінны ўзяць развод! I чым хутчэй, тым лепш.

— Я табе дам развод! Я табе… — Казік замахнуўся i ўдарыў Олю па шчацэ. — Ну, я не люблю цябе i не любіў, я памыліўся, паспяшаўся, мне не такая баба, як ты, патрэбна…

Ён замахнуўся яшчэ раз, але я не стрываў, падбег i павіс на яго руцэ.

— Не бі Олю! Яна харошая! Оля добрая! Скажу тату!..

— Усе вы добрыя, — адкінуў мяне брат. — Усе вы абманваеце мяне: робіце адно, а гаворыце другое.

Оля вырвалася, уцякла да суседзяў. Пакінуўшы брата, услед за ёю пабег i я.

Сёння зноў прыязджае дамоў Казік. Я не ведаю: ажаніўся ён з «дачкой якога-небудзь туза» ці не. Але я рашыў, што не пакажу яму, нізашто не пакажу ліст, што прыслалі Янак i Оля з цаліны. Я не скажу яму, што атрымаў учора першую пяцёрку, што настаўніца мяне пахваліла, не прагаваруся Казіку i пра тое, што калі навучуся пісаць, дык абавязкова напішу Олі ліст. Раскажу, як яе я любіў, папрашу ў яе прабачэння за тую віну перад ёю. Я ёй усё-ўсё апішу, пажадаю шчасця…

Жывы покліч

Прысвячаю маладым бацькам 1944 i 1945 гадоў

1

Самалёты ляцелі адзін за адным, натужна гулі, i ад гэтага густога, настойлівага гулу, здаецца, трымцела ды звінела не толькі высокае неба, але i зямля. Калі яны наблізіліся, Васіль нібы аглухнуў: заклала ў вушах. Усё ранейшае — шапаценне пяску пад коламі, калёсны рып, птушыныя спевы, лясны ціхі звон — патанула ў гэтым магутным неспакоі.

Яніна закрыла твар далонямі i з насцярогаю прыціснулася да Васіля. Гэтыя насцярога ды боязь самалётаў заявіліся ў яе яшчэ ў блакаду, калі немцы пачалі бамбіць партызанскія лагеры ў Налібацкай пушчы, а таксама — сёлета, пасля нядаўніх кароткіх, але лютых баёў над Ружэвічамі. I ў тыя бамбёжкі, i ў гэтыя баі самалёты страшна вылі, скаланалі паветра i зямлю стрэламі ды выбухамі. Сёлета некалькі ахопленых агнём машын нават упала каля вёскі, адна — зусім на гародзе канцавой хаты. Ад упалага самалёта загінула сям’я, якая хавалася ў акопчыку, а ад узрыву i агню загарэлася некалькі блізкіх дамоў i ва ўсім засценку павыбівала шыбы ў вокнах.

Васіль прыпыніў каля густалістай бярэзіны каня i задраў галаву, стараючыся пазнаць: чые ў светлым, нават белаватым ад шчодрага сонца небе самалёты? Заўважылі зверху ix тут, на лясной дарозе, ці не? Паласнуць кулямётнаю чаргою ці не пазважаюць на адзінокую фурманку, паляцяць далей — сваім шляхам?

Самалёты, як здалося адгэтуль, з зямлі, былі шэразеленаватыя, з светлымі водбліскамі. Вось накрылі ценем, паказалі свае знакі — чырвоныя зорачкі з белаю акаймоўкаю. Праляцелі над імі, памкнуліся наперад, на захад. Гул, адбіваючыся ад зямлі, хваляваў-калыхаў паветра. Яно, парушанае ды ўстрывожанае, дрыжала, аж спявала-стагнала ад цяжару.

— Бамбавозы, «ПЕ-2», — калі самалёты пагналі гул наперад i аддаліліся, з палёгкаю прамовіў ён. — Відаць, паляцелі на Ліду. На аэрадром.

Яніна, пачуўшы, чые самалёты, адсланіла твар, апусціла рукі на калені, але ўсё яшчэ з трывогаю тулілася да яго плечука i маўчала; рэха суцішвалася i ўкладвалася, лес спакайнеў, хоць здавалася, наваколле ўсё яшчэ звініць i гудзе — ён, гул, стаяў у вушах. I калі неўзабаве зноў крануліся, паехалі далей, дык даўгавата не было чуваць, што шапаціць сухі пясок пад коламі, рыпяць на выбоінах калёсы i пазвоньваюць на ix каструлі ды міскі ад нечаканых штуршкоў.

— А што, калі, як той-сёй кажа, вайна вернецца? — нечакана выразна сярод гэтай аглухласці ды ўтрапеласці запытала Яніна.

— Ты — што?! — усміхнуўся ён. Як чалавек, што добра ўсё ведаў i добра ва ўсім разбіраўся. Нібы стары дзед, — Цеперся ўжо сіла пераламала сілу… Чырвоная Армія прарвала нямецкую абарону, «Фатэрлянд», узяла Гродна. На днях, кажуць, выганяць немцаў i з Брэста. Вайна пакоціцца па Польшчы. Да самой Германіі. А на яе ўжо, сама ж чула, болей месяца ідуць англійскія ды амерыканскія арміі…

— Усякае яшчэ можа быць… — прамовіла яна, — Брэст яшчэ ж пад немцамі. А Брэст той не так ужо i далека ад нас…

— Не. Вайна будзе ўжо там. Сама ж бачыш, як ляцяць гэтыя самалёты! Удзень! Нізка! Нічога не баяцца!

— Вачыма бачу, вушамі чую, але на сэрцы няма спакою… — шчыра прызналася яна. — Усё яшчэ страх у душы сядзіць…

Усе гэтыя дні маўчала пра сваю трывогу ды адну для абаіх небяспеку, а вось цяпер, у дарозе, не вытрывала, абзыўнулася. Відаць, тры гады, прапакутаваныя ў акупацыі, паклалі ў яе душы глыбокі след, напоўнілі надоўга кроў трывогаю ды страхам. Праўда, яна ўсё ж не паслухала маці, згадзілася ехаць у гэтую, сапраўды даволі яшчэ небяспечную дарогу з ім, маладым, толькі на год старэйшым мужам. Прасіў, настойваў — яна i падрадзілася пакінуць абжытую, але не зусім мілую кватэру ў Ружэвічах, вярнуцца на папялішча ў свае родныя, спаленыя ў блакаду Янковічы.

Ды які мог быць у яе, кабеты, спакой, калі яшчз паблізу ішлі баі (уночы, у цішыні, нават чуваць, як бухае за Налібацкаю пушчаю, калоціцца, стогне ад бомбавых выбухаў зямля, ды відаць, як там палымнее неба), калі яшчэ няма тут ладу, яснасці. Удзень ляціць, едзе, ідзе на захад адна сіла, a ўночы — яшчэ i іншая. Уночы пруць, даганяючы фронт, ацалелыя нямецкія часці, паліцэйскія, усякія цёмныя людзі, а таксама разбойнічаюць рабаўнікі. I цяпер — без вайны — усё яшчэ можна скласці галаву. Нават ненаўмысна i выпадкова. Асцеражнейшыя людзі цяпер вельмі пільныя. Лічы, далей свайго ганка не вытыркаюцца на чужыя вочы. Але ні Васіль, ні Яніна не паасцерагаліся, узгарэліся кінуцца, як у вір, у новы дзень.

— Выжылі ў вайну, дык выжывем i цяпер, — усміхнуўся ён, каб зноў падбадзёрыць Яніну. — Цяпер грэх загінуць. Ды збіраючыся доўга i шчасліва жыць…

— Упарты ж ты… — нязлосна, мякка папікнула яна.

— A хіба кепска, калі мужчына ўпарты ці настойлівы? — пагарэзаваў. Яна не ўтрывала, таксама ўсміхнулася, бо зразумела яго намёк, але пастаралася быць строгаю. Ды не паспела ні кіўнуць пальцам, ні штосьці сказаць болей: ён затуліў яе вусны сваімі.

Яніна не ўпарцілася, i на нейкую хвіліну абое заціхлі ў доўгім пацалунку, не зважаючы, што іхні конь запыніўся, — відаць, адчуў апушчаныя лейцы i ca смакам ткнуўся да прыдарожнага дзікага сіняга лубіну: яго, лубіну, абапал дарогі было шмат.

— Ах, как хорошо-то! — нечакана сцёбнуў па ix блізкі мужчынскі голас.

Яніна i Васіль рэзка адхінуліся адно ад аднаго, зыркнулі на дарогу: што за людзі заявіліся тут нечакана?

З-за павароткі, з-за густых арэхавых кустоў адзін за адным выходзілі вайскоўцы. У ботах, у зялёных доўгіх плашч-палатках, але без пілотак. Усе загарэлыя, русявыя. Конь падняў галаву i нібы ўзрадаваўся падарожным. Пасля сам крануўся ім насустрач. Пад’ехаўшы бліжэй, Васіль заўважыў за густым арахоўем вытыркнуты цёмназялёны капот вайсковага грузавіка.

«Здаецца, чырвонаармейскі,— пільна ўзіраючыся, падумаў ён. — А можа, i не чырвонаармейскі. Цяпер шмат хто ў такой форме ходзіць, ездзіць на такіх машынах ці, наадварот, чырвонаармейцы, бывае, катаюцца на нямецкіх легкавіках ці матацыклах».

Першы вайсковец запыніў за вобраць рахманага каня, пасля, трымаючы правую руку пад плашч-палаткаю, падышоў, чэпка зірнуў на звязаныя ванзэлкі на калёсах, на ix, людзей. Сам ён быў маладжавы, з гладка выгаленымі шчокамі ды шырокім раздвоеным падбародкам.

— Хто такія? — запытаў. Рэзка, строга. Пазіраючы ўжо толькі яму, Васілю, у вочы.

— Бежанцы… — адказаў ён, адчуваючы, як ад хвалявання сціскае горла. Здаецца, i прывык ужо за вайну да сустрэч з незнаёмымі людзьмі, але ўсё роўна, бывае, новая сустрэча разгубіць, змусіць мацней, чым звычайна, забіцца сэрца. Можа, i ад таго, што кожны раз пры такой сустрэчы не ведаеш, што з табою будзе — ускочыш, як заяц, у пятлю ці выскачыш цэлы.

— Куды i чаго едзеце? — зноў гэтак жа строга запытаў вайсковец. Гаварыў ён па-руску.

— Вяртаемся ў сваю вёску.

— Куды? — не зводзячы пільнага позірку, дапытваў вайсковец. Іншыя вайскоўцы, падышоўшы, абступілі калёсы з усіх бакоў. Кожны трымаў правую руку пад плашчпалаткаю. Адзін з ix, самы малады, кірпаносы, з маладым захапленнем зірнуў на Яніну. Здаецца, аж здзівіўся, што ёсць такія прыгожыя кабеты.

— У Янковічы, — адказаў Васіль, — На хутар Амшарок. Яны за гэтым, крычатоўскім лесам. — Гаварыў, а сам пакутаваў ад загадкі: хто на самай справе яны, гэтыя вайскоўцы? што ім трэба? што яны зробяць з імі?

— Чаму не ў арміі? — пачулася новае строгае пытанне. — Дэзерцір?

— Мяне камісавалі,— патлумачыў Васіль. — Па хваробе…

Вайсковец дапытліва акінуў яго ўсяго позіркам.

— У мяне язва, — зноў растлумачыў,— a ўвесну была яшчэ i цяжкая жаўтуха…

— Ёсць дакументы? — ужо лагодней запытаў той.

Васіль дастаў з унутранай кішэні пінжака такія-сякія свае паперы, дзе было пасведчанне i пра яго камісацыю, i падаў чалавеку. Той пагартаў, паглядзеў, а пасля, не вяртаючы папер, азірнуўся, махнуў рукою — на міг яго плашч расхінуўся, i пад ім паказалася афіцэрская партупея з падвешаным кінжалам i з палявою сумкаю на баку. З-за арэшніку тут жа выйшаў невысокі паўцывільны — у ботах, у афіцэрскім галіфэ i сялянскім суконным фрэнчы, з новенькім аўтаматам у руцэ. Прыгледзеўшыся, Васіль адчуў палёгку: гэты чалавек быў добра знаёмы. Васюкоў, былы камандзір партызанскага атрада, былы (даваенны) i цяперашні старшыня Ружэвіцкага сельсавета. Казалі, усіх тутэйшых партызан перад ліпеньскім парадам у вызваленым Мінску сабралі ў Івянцы — каго пакінулі тут для гарнізоннай службы, хто паехаў на парад, а адтуль — на фронт, у тыл ці застаўся ў Мінску альбо ў іншых гарадах i вёсках на партыйнай i гаспадарчай рабоце.

— Ведаеце гэтых галубкоў? — паўазіраючыся i ў той жа час не спускаючы з ix позірку, запьггаў вайсковец у Васюкова. — Не дэзерцір?

— Ведаю, таварыш капітан, — усміхнуўся той, — Не дэзерцір. Мясцовыя. Свае. Ён, — кіўнуў на Васіля, — памагаў нам. Зброю ў гаспадаровай кузні правіў, звесткі важныя даваў. Камісаваны… — I, падаючы Васілю руку, загаварыў да яго ca здзіўленнем: — Вяртаешся ўжо дадому?

Васіль кіўнуў галавою.

— Смелы! — хітнуў галавою i Васюкоў.— Адзін! У такі час! На папялішча!

Вайсковец аддаў Васілю яго паперы.

— Учора ці сёння, можа, бачыў непадалёку вайсковых людзей з рацыяй? — ужо заклапочана запытаў у яго Васюкоў.

Васіль крутнуў галавою: не. Толькі цяпер разгледзеўся: вайскоўцы, а гэты капітан найбольш, не такія ўжо i строгія. Яны вельмі стомленыя: прыпухлыя, чырванаватыя ва ўсіх вочы, запалыя шчокі, лічы, цёмныя твары.

— Ты, хлопец, не бойся… — зноў абзыўнуўся каштан. — Ведаеш — гавары. Чым скарэй вылавім дыверсантаў, здраднікаў ды іншую пошасць — тым лягчэй, спакайней будзе i тылам нашай арміі, i вам, мясцовым. Ды трэба шчыра памагаць нашай, Савецкай уладзе, што пачынае цяпер аднаўляцца i тут…

— Ды ён, таварыш капітан, кажу, свядомы. Наш, — заступіўся за яго Васюкоў, таксама цяпер нясвежы, нават змардаваны. — Мы яму верым. Калі гаворыць, што не бачыў, дык i не бачыў. Я за яго ручаюся. Трэба дазволіць яму вярнуцца ў сваю вёску.

— Ладна, хлопец. Едзь, калі за цябе ручаюцца, — дазволіў вайсковец, адступіў.— Толькі, па-першае, трымай язык за зубамі, маўчы пра нас, як i не бачыў нічога, а па-другое, не лаві варон. Цяпер не самы лепшы час для любові…

Васіль, бянтэжачыся ды, відаць, заліваючыся чырванню, што біты-абабіты, але страціў пільнасць, тузнуў лейцамі каня. Той крануўся, навалок калёсы. Васюкоў закрочыў поруч з імі, абапіраючыся адной рукой на вышмальцаваную драбінку, a ў другой несучы новенькі, відаць, падараваны вайскоўцамі аўтамат.

— Будзеш бачыць на сваім хутары што падазронае — дай вестку ў Ружэвічы, у сельсавет, — прамовіў ён. Гаварыў найперш яму, Васілю. Як мужчына мужчыну. — Толькі абы-каму не гавары ўсё, а мне ці майму памочніку, Казлову. I яшчэ, — сказаў лагодна, нават па-бацькоўску даверліва i павучальна, — праўду кажа гэты капітан: асцерагайся. I паганых людзей, i мін. Мін многа панакідана на полі, у лесе, па дарогах, a людзі, як сам ведаеш, цяпер тут усякія. I свае, i чужыя… Кажуць, i бандзюга Вяршок тут яшчэ блытаецца. I не адзін, а з хаўруснікамі. I сынок пана ляснічага, Крушынскі, акавец заядлы, аднекуль вынырнуў, шкодзіць тылам нашых войск i новай польскай арміі. Так што не спрыяльны яшчэ час, каб жыць адным на хутары. Беражыцеся. А беражонага, як кажуць, i бог сцеражэ… — Усміхнуўся, падаў на развітанне Васілю, а пасля i Яніне руку, — Напалохаў? Загнаў душу ў пяткі? Не хочацца павярнуцца назад, у Ружэвічы? Не?! Ну што ж, калі адчайныя — дык едзьце на сваю бацькаўшчыну, чапляйцеся i на папялішчы. Жывыя — дык i думайце пра жывое. Пускайце карэнне, ажыўляйце вёску i заводзьце новы янкоўскі род! На жаль, я нічым вельмі памагчы вам не магу. Хіба што толькі гэтым… — дастаў з кішэні, падаў пісталет. — Бяры, Васіль, можа, i спатрэбіцца. Хоць лепш было б, каб не спатрэбіўся, каб перастала ўжо ўрэшце ўладарыць зброя…

Аблашчыў позіркам, адстаў і, можа, успамінаючы ў гэтую хвіліну сваю сям’ю, што жыла далека адгэтуль, на Пскоўшчыне, памахаў услед рукою.

2

Рыжы трухаў, трос галавою, адганяючы ад пакалечанага вока аваднёў i мух, што не давалі яму спакою ўсю дарогу, марудна цягнуў калёсы i зусім не зважаў, што вось нарэшце скончыўся крычатоўскі лес, пачалося налібацкае поле i паяснеў ды пабольшаў свет.

Канечне, Рыжы не мог ні заспяшацца, ні радасна зафыркаць, як звычайна радуецца жывёла, набліжаючыся да свайго жытла. Гэтак жа не мог узбудзіцца i сабака, Мурзік. Ён дасюль бег ззаду калёс, раз за разам запыняўся, збочваў, да нечага прынюхваючыся, абмінаў i шыбаваў паперадзе каня. Яны, i сталы Рыжы, i малады ящчэ Мурзік, дагэтуль ніколі не бачылі ні Янковіч, ні хутара Амшарка. Рыжы прыбіўся з-за свету — валок з-за Мінска сюды гармату, а пасля яго, параненага, падаравалі вайскоўцы Васілю, a Мурзік быў гаспадароў, ружэвіцкі, сабака i толькі па сваёй вялікай схільнасці да Васіля-кватаранта прычапіўся суправаджаць яго ў незнаемы шлях.

Цяжка было здагадацца, што адчувала якраз у гэтую хвіліну сцішэлая Яніна: яна была тутэйшая, з недалёкага хутара, з Ляйтарак, але ўсё ж не з Амшарка. Яна, здаецца, ужо супакоілася пасля нечаканых сустрэч з самалётамі i вайскоўцамі ў лесе i, схаваўшы лоб ад спякотнага сонца пад белаю хусткаю, са здзіўленнем i нават з аняменнем пазірала на вялікае, як акінуць вокам, янковіцкае поле. Яна ведала гэтыя ваколіцы i раней, але не бачыла ix якраз такімі. Яны цяпер былі стракатыя, нібы велізарны шматколерны дыван. Што толькі не расло тут! Палавелі жаўтавата-белыя лапікі малога, з дробным калоссем жыта, пшаніцы i ячменю, зелянеліся авёс i бульба, але яшчэ больш гусцеліся абшары пырніку, лебяды, высознага, у рост чалавека, асоту з шэрымі галоўкамі, жоўтых свірэпы i лубіну.

Ён жа, Васіль, адчуваючы пачасцелае сэрцабіццё, пазіраў не так на гэтае адзічэлае без людзей поле, дзе цяпер расло ўсё, што можа расці само па сабе пад сонцам, дажджом i ветрам, а болей кідаў позірк налева, дзе за вярсты дзве ўздоўж гэтага поля стаялі ліпы, бярозы, сады — усё, што засталося ад спаленых у блакаду Янковіч, а таксама i направа, дзе сям-там сярод поля ці перад самым лесам бачыліся астраўкі бяроз, бэзу, садоў — усё, што ацалела ад былых хутарскіх хат. Наваколлі былі знаёмыя, родныя, але нібы ўжо i счужэлыя.

Хутар Амшарок, дзе жыла Васілёва сям’я да блакады, найбліжэйшы да вёскі, у полі. Яны цяпер i ехалі да яго — да старой зялёнай грушы-дзічкі, што ўкамлелася на некалішнім іхнім бульбяным полі, ссохлых, як было ўжо відаць, сліў i вішань i да напалавіну амярцвелай — знізу апаленай, чорнай, зверху зялёнай — бярэзіны, каля якой раней стаяла іхняе гумно. Дарога тут — а па ёй апошні год ніхто не ездзіў — таксама падзічэла: выбоіны, каляіны заплылі ў паводку i ў дажджы пяском, a міжкаляінне, узбочыны зараслі падарожнікам, гусінаю лапкаю i дзьмухаўцом. Тут, бадай, можна было ўжо i касіць.

За полем паказалася пагонка — дарога з вёскі на хутары ці з хутароў у вёску. За пагонкаю — невялікі поплаў. На ім Васіль i запыніў каня. Поплаў быў зялёна-рудаваты, крышку ўжо выгаралы ад ліпеньскага сонца, з перастаялаю травою. Рыжы адразу ж нагнуўся, ткнуўся да дзяцельніку. Хамут аб’ехаў яму на галаву, агаліўшы вільготную ад поту шыю.

— Вот i прыехалі, як кажа Васюкоў, на бацькаўшчыну… — сказаў Васіль. Па-ранейшаму крышку з наўмыснаю бадзёрасцю.

Яніна нічога не адказала, са смуткам зірнула на апаленыя, ад таго i пасохлыя, руда-чорныя слівы, што стаялі ўздоўж былога плота (цяпер воддаль ад папялішча, паваленага i чорнага, a паблізу згарэлага), на рэшткі выгаралых да сярэдзіны бярвёнаў i падвалін, на разбураную, без коміна, ужо не белую, а абмытую дажджамі, чорна-рудую печ. Далей, за селішчам, у полі мірна, як i заўсёды ўлетку, мігцела-мроілася паветра. Але Васіль толькі зірнуў туды i адразу ж адвёў вочы: здалося, што паветра калышацца не ад шчодрага сонца, а ад гарачага агню…

Пераадолеўшы даўні боль i пакуты, Васіль заварушыўся, ажывіўся. Каб не засмуткавала ды не адчаялася Яніна.

— Баішся нават злазіць з калёс? — спытаў нібы з жартам, хоць гэты жарт, можа, быў не зусім удалы, — Не бойся. Не прападзём. Зачэпімся, як кажа Васюкоў, i на папялішчы, пусцім карэнне…

Ён хацеў узяць Яніну на рукі ды гарэзна ссадзіць, як дзіця, з калёс, але яна не далася, як не давалася заўсёды, калі хацеў удзень, пры святле, прытуліць, — сама рухава саскочыла i — невысокая, худаватая, ад таго i дробная, нібы падлетак, босая — зашлэпала побач з ім да котлішча. Ішлі i абое адчувалі: патыхае нагрэтым ад сонца горкім дымам, пахам, хоць прайшло ж ужо нямала часу, як тут усё гарэла. Лічы, год. Дым ды горасць, відаць, выдыхвала папялішча, як часамі выдыхвае ці выкашлівае атруту хворы чалавек.

Ля пачарнелых камянёў у падмуроўцы былой хаты i хлява гусціліся лебяда, палын, дзікая мята, i камяні ляжалі,нібы чорныя авечкі ў траве, у цяні. На самім селішчы буйныя i дробныя галавешкі, попел былі прыплясканыя ўжо, змытыя ад чорнага бруду, паблізу печы рыжэлася вялікая пляміна — ад размяклай i расцеклай гліны. У былых градах, як убачыў Васіль, лапушылася пустазелле (хоць тое-сёе сярод яго ўчапілася i спажыўное — кусцікі цыбулі, маку, кропу, салаты). Пустазелле ўраслося i ў гародчыку, што некалі быў пры шчытавой, «вясковай», сцяне хаты. Але тут не яно, смелае, укамлелае, кідалася ў вочы, а — кветкі. Цёмна-бурачковыя i светла-ружовыя мальвы.

Кветак было нямала. Яніна ўгледзелася на ix i нібы здзівілася, нібы аж залюбавалася: хіба само па сабе магло сярод дзічыны заявіцца такое дзіўнае хараство?! A ў Васіля ў гэтую ўражлівую хвіліну млосна зайшлося сэрца: мальвы любіла маці. Як ні бурчэў некалі працавіты, дбайны, але крышку мармытлівы бацька, што «засмечваецца зямля», яна кожны год садзіла ў гародчыку кветкі, любіла ў вольную хвіліну прыпыніцца i зірнуць, пацешыцца на ix, не дазваляла нікому ix ламаць. Давала ix толькі каму-небудзь на вяселле. Усе ў вёсцы i на хутары ведалі, што яна любіць кветкі, дык, лічы, з усіх Янковіч дзяўчаты i маладыя кабеты прыходзілі да яе i па насенне, i па букеты. I не толькі па насенне ці букеты. Але i спячы тут торт, вышыць дарожку, звязаць свэтар альбо пашыць сукенку — маці была, як казалі, вялікая майстрыха, «кабета з залатымі рукамі…».

З одуму i журботы Васіля вывеў нечаканы пошчак: на паўмёртвай бярэзіне каля ўцалелай, але абгарэлай шпакоўні засвістаў шпак. Бач, людзей тут няма, а ён жыве! Сядзіць вунь чорны камячок на галінцы i нібы вітае ix сваёю песняю. I гэтае яго вітанне было вялікаю ласкаю ды пяшчотаю. Бо ўсё ж жывая душа ёсць паблізу — не цалкам вымерлае наваколле, не пустыня. Узрушаны, Васіль прайшоў уздоўж былога плота да лугавіны, дзе пасярод была яма з вадою (там яны мачылі каноплі). На лугавіне трава была, лічы, у пояс. Далей, да яміны, Васіль не пайшоў. Не захацеў таптаць траву.

Прыкінуў па-гаспадарску: калі скасіць усё, а пасля яшчэ i атаву, дык, бадай, i хопіць Рыжаму сена на зіму. Сена можна скідаць у стажок, а для Рыжага трэ будзе зрабіць невялікі ўцеплены буданчык.

Вярнуўся. Да студні. Зруб яе быў напалову спалены, разбураны; калі ж Васіль зазірнуў усярэдзіну, дык убачыў: там шмат колля, саломы ды травы, але сярод смецця вабна i зазыўна паблісквае жывое вока.

— Відаць, найперш пачысцім студню, — нібы параіўся з Янінаю, калі i яна падышла сюды, — Будзе вада — будзе i ўсё астатняе. А пасля возьмемся капаць яму для зямлянкі. Так?

Яніна моўчкі паціснула плячыма; трымаючыся за рукаво яго палатнянай кашулі, нагнулася i таксама з насцярогаю зазірнула ў калодзеж i тут жа адхінулася — відаць, збаялася глыбіні.

— Божа, колькі нарасло дзічыны! — прамовіла, пазіраючы на дворышча, а таксама i на былое прыгуменне, дзе буялі, раскашоўваліся загоны жоўтай піжмы, белых рамонкаў, зялёна-рудой сухадзяроўкі — дзікага палыну.

— Вельмі баішся заставацца тут, сярод дзічыны? — запытаў ён, па-свойму зразумеўшы яе адчайны ўздых.

Яніна прытулілася, даверліва прыхіліла да яго грудзіны галаву. Ён пагладзіў шорсткай далонню па яе загарэлай, але гладкай маладой шыі i па худаватым плячы.

— Я з табою не баюся… — прамовіла яна ў адказ, — Ты ж дужы, смелы.

— Не бойся, — i папрасіў, i запэўніў ён. — Зачэпімся. Тут жа ўсё сваё, наша. А сваё спрыяе, памагае стаць на ногі. Гэта на чужыне, кажуць, цяжка зачапіцца. Бо цяжка дабіцца, каб чужая зямля стала бацькаўшчынаю… Хоць, канечне, працы тут трэба будзе многа пакласці…

— Хіба мы старыя ці беларукія якія, што будзем баяцца работы? — адказала, ужо не з разгубленасцю, а з вераю ў яго i свае сілы.

— Ну, дык i пачнем прыжывацца, — сказаў ён, радуючыся, што Яніна паспакайнела. — Давай чысціць студню.

Неўзабаве Васіль спусціўся па зрубе ў калодзеж, узяўся падбіраць колле, звязваць, a Яніна вяроўкаю выцягвала наверх. Калі ачысцілі, тады па чарзе выбіралі драўляным вядром старую пратухлую ваду i вылівалі яе воддаль.

3

Сонца сёння, здаецца, зайшло зарана, нібы пашкадавала, каб яны не надарваліся: i Васіль, i Яніна не стаміліся, зусім не думалі пра стому — цягалі i цягалі ваду са студні, вылівалі, жадаючы, каб светлы дзень яшчэ доўга не канчаўся. Старой, нясмачнай вады вунь яшчэ колькі — амаль на цэлы круг.

Калі звечарэла, спахапіліся, пакінулі калодзеж у спакоі, пачалі дбаць пра начлег. Васіль насек паваленага абгарэлага частаколу (калі кратаў i сек, дык з большаю моцаю пахла гарэлым), расклаў паблізу калёс цяпельца. Пакуль ён напаіў Рыжага i перавязаў на новае месца на поплаве, Яніна прымайстравала каля агню саганкі з вадою: адзін, каб зварыць булён, другі, каб медь вар, памыць пасуду.

Пазней, калі са смакам пасёрбалі булёну — з маладой бульбы-самасейкі, са шчопаццю чырвонаармейскіх макаронаў, запраўленага чырвонаармейскаю тушонкаю, — пачалі рыхтавацца да сну.

Памыўшы пасуду, Яніна зладкавала на калёсах пасцель — падбіла ўзятае яшчэ ў Ружэвічах сена, дастала з клунка тое-сёе са свайго пасагу — дзяружку, падушкі i коўдру.

Васіль за тэты час схаваў у надзейным месцы торбу з харчам, патушыў цяпельца. Не варта, каб яно некаму — надта ліхому — кідалася здалёку ў вочы.

Без агню стала цёмна. З высі на ваколіцы адразу ж пала цемень, накрыла поле, блізкі лес, хутар, ix абаіх цішынёю. Гэтая цішыня была, амаль сказаць, нязвыклая. Бадай, страшнаватая. Здаецца, звыклыя, вабныя былі цёмнае неба, рэдкія далёкія зорачкі, а вось усё астатняе насцярожвала ды прыгнятала: па тым, што нідзе вакол не рьшалі вороты ці калодзежныя жураўлі, не чуўся чалавечы голас ці сабачы брэх, не тарахцелі калёсы альбо не даносіўся стук сякеры, адчувалася: вакол безжыццёвая, абязлюджаная прастора.

Вёска, хутар, калі яны з людзьмі, дык i цяпер, увечар, іншыя. Можа, таксама ціхія, але i ў цішыні ўсё роўна адчуваецца жыццё.

— Якая нямая ціш! — прашаптала Яніна, тулячыся да яго. — Нідзе ніякага гуку! Хоць бы кот дзе мяўкнуў ці нейчы крок пачуўся! Гэткая немата не меней страшная, чым гвалтоўная часіна, калі блізка страляюць ці паляць. Вусцішна.

— Вернуцца людзі з Германіі, асядуць — будзе ўсё па-людску, як i трэба, — супакоіў ён, — Зноў будзе гамана, смех, крыкі, песні…

— Калі яшчэ вернуцца! I ці вернуцца?

— Вайна скончыцца, усё ўляжацца, дык адразу i вернуцца.

— A ці адпусцяць ix? Ці тут прымуць? — у Янініным голасе пачулася трывога, — А можа, ix усіх там, не дай божа, замучаць ды паб’юць перад прыходам нашай арміі?

— Не можа быць, каб пазводзілі гэтулькі людзей, вёсак, — гэтая трывога нечакана перадалася i яму, кальнула шпількаю ў сэрца, але ён стараўся ёй не паддацца. Лягчэй нашмат жыць, калі сам сябе супакоіш, маеш моцны дух. — Яшчэ ж увесну, перад наступлением, присылал} каторыя ў Ружэвічы i ў іншыя вёскі весткі, пісьмы, пісалі, што маюць многа работы на нямецкіх заводах i фабрыках, у вёсках, бяспраўныя, але жывыя…

— Хіба дасі цяпер іхнім гаспадарам вялікую веру? Хіба тут, у нас, мала тыя пабілі люду? Каторыя вёскі, як нашы Янковічы i блізкія хутары, палілі без людзей, a ў каторых зганялі старых, малых у якое гумно, запіралі i палілі ўсіх… А на канец вайны… Адзін бог ведае, што яны могуць вытварыць ад вялікай злосці…

Васіль таксама адчуваў: вогненны віхор пранёсся ўжо на роднай зямлі туды i назад, памчаўся да кастра, адкуль выскачыў. Але праўда, як кажа Яніна, хто ж ведае, што там, у нелюдзевай бярлозе, будзе, хто выжыве, а хто i не ўцалее? Канечне, апошні бой будзе жорсткі, люты. Канечне, можа быць нямала ахвяр — наўмысных i ненаўмысных. Як сярод салдат з розных бакоў, так i сярод цывільнага люду — тамтутэйшага i вывезенага, — так, можа, i сярод янкоўцаў. А з янкоўцамі павезлі туды яго маці, сястру, трох братоў (ён, Васіль, уцёк па дарозе i ў Германію не трапіў). Бацька памёр яшчэ тут, у няспаленай хаце, да блакады. Лічы, у адзін час з Янініным бацькам. Каб на добры час, дык, можа, абодва i засталіся б жыць: адзін памёр ад нарыўнога зуба, a другі — ад запалення лёгкіх. Ix, канечне, загубіла не хвароба, а вайна, безурачоўе. Янініна маці засталася ў бежанстве, у Ружэвічах, а яе сына на тым тыдні ўзялі на фронт.

— Не дай бог, калі прыйдзецца адным жыць тут… — прамовіла Яніна. — Адным на ўсё хутарское i янкоўскае поле ці з чужымі, наезджымі, людзьмі…

Аж сшэрхла скура ад яе гэтых думак: праўда, калі раптам пагінуць на чужыне ўсе янкоўцы, дык яны застануцца тут адны, як сіроты ці як апошнія тутэйшыя насельнікі. Тады сапраўды Янковічы могуць i звесціся, калі раптам у ix, у яго i яе, не будзе дзяцей…

— Не. Душа чуо: i жывуць нашы людзі, i жывыя дадому вернуцца, — адказаў ён, цяпер ужо сам сябе падбадзёрваючы. — Іначай бог зусім ужо нелітасцівы… А мы першыя тут, як кажа Васюкоў, пачнем заводзіць новы, янкоўскі род…

— От кажаш… — папікнула. — Не гняві без дай прычыны бога, калі хочаш, каб спрыяў…

— Хіба я гняўлю яго? Я ж прашу, каб быў літасцівы. I да ўсіх янкоўцаў, i да нас. Што мы дагэтуль найболей бачылі? Лічы, адны толькі калатнечы, звады, рабаўйіцтва, знявагі ды гора…

— А недзе ж там, высока i далека, рай, — відаць, з таемнасцю пазіраючы ў цёмнае неба, прамовіла яна задумліва. — Там легка, шчасліва, без калатнечы, звад, рабаўніцтва, без зняваг i гора жывуць душы, што не грашылі, а шмат напакутаваліся на зямлі… Недзе там сядзіць i Ён i, можа, нават цяпер пазірае на нас. Бачыць вакол поле, лес, папялішчы, але адны шустрыя ды не зусім мудрыя маладыя ўжо тут… Відаць, хітае галавою ад нашай залішняй смеласці…

— Не, — да яго скрозь стому, непрыемныя ды горкія трывогу i розныя хвалюючыя прадчуванні нечакана пад’шшчыла гарэзнасць. — Ён хітае галавою па іншай прычыне: гэтыя маладыя — нібы старыя дзед i баба. Разважаюць, уздыхаюць, скардзяцца, наракаюць, баяцца ўсяго i зусім забыліся пра маладое…

Яніна на нейкую хвіліну замаўчала, здаецца, не чакаючы ад яго цяпер гэткіх гарэзных слоў, а пасля схамянулася, у яе быццам неспадзявана штосьці змянілася ў душы, прарвалася жывасЦь альбо гарэзнасць праз смутак, пакуты i боязь. Праўда, толькі яна была стражэйшая, затуліла яму рот пахкай ад дыму далонькай.

— Ты — што? — не то здзівілася, не то папікнула. — Хіба можна такія словы гаварыць?

Васіль хацеў адняць яе маленькую, але дужую далонь ад рота, каб яшчэ пажартаваць, пагарэзаваць нават дзеля нейкай палёгкі, а яна настойліва не паддавалася. Нават не заўважылі, як у гэтай нечаканай кароткай барацьбе палымяна ўспыхнула іхняя маладая кроў, апаліла ix гарачым, яшчэ амаль непарушаным маладым агпём. Паволі зніклі ca свядомасці ноч, неба, зямля з усімі яе бедамі i клопатамі — міжволі цвердаватая, пахкая дымам далонька адкрыла яму рот, апынулася, здаецца, на яго шыі. Яніна перастала супраціўляцца, аддана прытулілася, i яны абое заціхлі ў пацалунку, што быў усё болей i болей слодычны, хмяліў, змушаў часцей біцца іхнія сэрцы, траціць сталую ўжо разважлівасць, змушаў забыцца на стрыманасць i свядомасць, шпурляў у полымя, што было ўсёперамагальным поклічам кахання i жыцця. Супраць гэтага поклічу няможна ўстояць. Нават з усёй суровай рэчаіснасцю. Ён настойліва вабіў, клікаў у свае ўладанні.

— Мілы! Харошы мой! — праз хвіліну зашаптала Яніна. — Як я цябе люблю!

— I я цябе, — прашаптаў i ён, пасля, аддаўшыся ва ўладу таго поклічу, яшчэ нешта прамармытаў пяшчотнае ды заціх, бо, здаецца, яны абое адарваліся ад гэтага хутара, грэшнай зямлі i птушкамі памчаліся ўвысь, у неба ці нават туды, дзе быў загадкавы, недасяжны, як кажуць, для зямнога чалавека рай.

Але такі ўжо чалавек, такія яго пачуцці, каханне, узнёсласць, шчасце, што яму зусім ненадоўга даецца нешта звышпачуццёвае i звышрадаснае, нябеснае, ён застаецца зямным, каб не забываўся, што ён якраз чалавек са сваімі, зямнымі, пачуццямі, клопатамі ды адчуваннямі. Неўзабаве тое «звыш» спала, знікла, маладая кроў пачала ўтаймоўвацца, разлівацца спакоем, радасцю па ўсім целе, але пяшчота, праўда, затрымалася. I калі Васілю хацелася памаўчаць, ціха перажыць урачыстасць жыцця i кахання, дык Яніна мела цягу пагаварыць, яшчэ папяшчоціцца, выказаць тое цёплае, сардэчнае, што сабралася ў яе ўражлівай, добрай жаночай душы i чакала сваёй, адпаведнай для інтымнасці ды шчырасці, хвіліны.

— Васілёк, ты хочаш, каб у нас было дзіцятка? — ціха запытала яна.

— Хачу.

— I я вельмі-вельмі хачу, — узнёсла прамовіла. — Здаецца, аж бачу ўжо яго: маленькае, мілае, харошанькае… Малюсенькі носік, малюсенькія вочкі… А каго ты хочаш: дачку ці сына?

— Сына.

— Няхай першы будзе сын. Калі вырасце, ён стане гэтакі, як i ты: высокі, дужы, са светлымі валасамі, паглядны. А пасля яго будзе дачка. Можа, i надобная на мяне. А можа, i на цябе. Ты ж наглядны, дык няхай i яна будзе такая ж. Кажуць: калі дачка падобная на бацьку, дык шчаслівая. Я падобная на тату, дык i маю шчасце. Я даўно ўжо, яшчэ да вайны, хацела, каб якраз ты ўзяў мяне замуж, быў мой…

— A ў вёсцы ці ў вас, на хутары, калі былі танцы, дык уцякала ад мяне альбо сярдзітая была…

— Дурненькі мой, — пагладзіла далонню па яго грудзіне. — I не ўцякала, i не была сярдзітая. Я не хацела, каб ты i на другіх дзяўчат пазіраў, усміхаўся ім ці танцаваў з імі… I ў Ружэвічах не хацела, каб ты на каго зыркаў… Баялася, наварожвала, каб ты не прыстаў у прымы да гаспадаровай дачкі. Яна ж, як кошачка на смятану, на цябе пазірала, як сыч надзімалася, калі ты ca мною танцаваў альбо мяне дадому падводзіў… I я дабілася свайго. Узяў мяне — я i шчаслівая. Не бяда, што цяпер цяжка, гаротна, няўтульна. Век так не будзе. Паспрыяе бог — i людзі нашы вернуцца з чужыны, i веска адбудуецца, i жыць будзем добра. Абы мы любілі, шанавалі адно аднаго. Дасць бог — i вайны больш ніколі не будзе. Бо ўжо ўвесь свет убачыў, колькі пакут, гора, страт прыносіць вайна. Людзі захочуць жыць у спакоі, у згодзе ды ў дастатку…

Яна шаптала — то расказвала, то пыталася пра нешта, што яе непакоіла, — а ён адказваў адным-двума словамі ці маўчаў. Таму абое нават i не заўважылі, як да ix падкраўся, змарыў сон.

Спалі яны ў першую ноч на сваёй бацькаўшчыне, напрацаваўшыся, на свежым паветры, соладка, але, мусіць, нядоўга: пабудзіў сабака. Ён улёгся нанач пад калясьмі, ляжаў ціха, але вось чагосьці заліўся брэхам.

Васіль падхапіўся. Не ўбачыў, a толькі пачуў у цемені-гушчэчы: Мурзік стаяў паблізу калёс i гаўкаў на пакрытае чарнатою поле.

— Што тут? — падхапіўшыся, ca спалохам запытала Яніна.

— Нічога не відаць, — адказаў ён.~ Можа, цяўкае на зайца альбо на вожыка. Ці на якую аўчарку, што адбілася ад свайго гаспадара.

— Ваўкі! — усклікнула Яніна i ca страхам прытулілася да яго.

Васіль таксама згледзеў: бліснулі непадалёку, відаць, ужо на пагонцы, агеньчыкі. Можа, i нейчыя іншыя — дзе тут разбярэшся ўночы ды спрасоння.

— Не бойся, — хутка апомніўшыся, супакоіў Васіль i дастаў з-пад падушкі падораны Васюковым пісталет. — Маем чым абараніцца.

— Кажуць, не надта цяпер ваўкі ды аўчаркі баяцца чалавека ці стрэлаў,— бліжэй тулячыся, ціха сказала яна.

Агеньчыкаў на пагонцы скупілася шмат. Ваўкі, здаецца. Можа, беглі па іхніх учарашніх слядах, вымкнуліся на пагонку — вынюхаць, хто тут заявіўся жывы, ці пачакаць новай важаковай каманды, што рабіць: нападаць ці не? Мурзік, адчуўшы страх, сцяўся, баязліва шуснуў пад калёсы; Рыжы на поплаве, здаецца, падхапіўся, таксама падаўся сюды, шукаючы ў ix, людзей, абароны.

— На нас ідуць… — задрыжэла Яніна.

Васіль падняў руку i стрэліў — туды, на пагонку, панёсся пагрозны агонь. Залажыла ў вушах ад гучнага стрэлу. Агеньчыкі замітусіліся, а пасля раптоўна зніклі ваўкі, здаецца, пашыбавалі па пагонцы ў вёску. Мурзік выскачыў з-пад калёс i ўжо смела загаўкаў услед пераможным брэхам.

— О божа! — уздыхнула Яніна. — Як б’ецца сэрца. Здаецца, выскачыць з грудзей… Не, я тут уночы адна ніколіне застануся… — i неўзабаве зноў насцярожылася, тузнула яго за руку. — Чуеш: тупат?!

Сапраўды, па дарозе ад крычатоўскага лесу хтосьці бег. I якраз сюды. Можа, яшчэ ваўкі перлі перад сабою ласіны статак. Але, кажуць жа, цяпер ласёў вельмі мала: выбілі за вайну людзі, нямала парвалі ваўкі ды аўчаркі.

Здаецца, тупат быў ужо на пагонцы. Бліснула адтуль святло. Доўгім яркім промнем. З ліхтарыка. Значыць, беглі сюды людзі. Здаецца, яны ўжо згледзелі іхнія калёсы, Рыжага, запаволіліся i закрочылі марудней, высвечваючы папялішча. Падыходзіла, здаецца, не меней дзесяці чалавек. Мурзік зноў шуснуў над калёсы. Ён быў хітры i навучаны за вайну сабака, не на кожнага чалавека брахаў.

— Хто такія? — за крокі два да ix запытаў пярэдні нечаканы госць. Загаварыў па-руску.

— Бежанцы, — адказаў Васіль, амаль нічога не бачачы: сляпіла вочы нацэленае на твар ліхтарнае святло.

— Хто страляў? — зноў пачуўся той жа строгі голас. — Каму быў сігнал?

— Я страляў,— прызнаўся Васіль, — Адганяў ад калёс ваўкоў ці аўчарак.

Чалавек, што пытаўся, тут жа загаварыў па-нямецку — прышэльцы заварушыліся, загергеталі. Васіль, крыху ведаючы нямецкую мову, нават тое-сёе зразумеў.

— Чую па гутарцы: тутэйшыя, беларусы, — сказаў перакладчык. — Кажуць: бежанцы.

— Відаць, бежанцы, — прамовіў нехта іншы, здаецца, стары ўжо чалавек, — Не падобна, каб былі ў засадзе ці за сігнальшчыкаў…

— Для ix вайна скончылася ўжо? — здзівіўся хтосьці іншы. — Вярнуліся сюды жыць? На пустэчу?!

— Чалавек, дружа, такі: жывы — пра жывое i думае… — зноў пачуўся старэчы голас. — А тутэйшыя людзі тым больш… Яны жывушчыя i трывушчыя, як жывёла… Зарыецца, як крот, у зямлю, будзе галодны, голы i босы, але выжыве… Пра іхнюю трывушчасць мне яшчэ бацька гаварыў: ён быў тут у тую, першую, вайну, нагледзеўся ўсяго…

Чалавек з ліхтарыкам падышоў бліжэй. Высокі, з аўтаматам у руцэ, у афіцэрскім мундзіры.

— Зброю сюды! — закамандаваў.

Васіль дастаў з-пад падушкі пісталет (калі ткнуў туды, не запомніў), падаў. Той выцягнуў руку, забраў, сунуў пісталет сабе ў кішэню галіфэ.

— Яшчэ маеш што? — запытаў і, калі Васіль адказаў, што цяпер абяззброены, ужо больш паспакайнела: — Тэта — Янковічы? Так?

Пачуўшы адказ, пачапіў аўтамат на плячук, дастаў з афіцэрскай сумкі карту, разаслаў на коўдры, на іхніх нагах і, накіраваўшы на яе святло, тыцнуў брудным пальцам у кружок.

— Тут — Пруды? Лявей — Налібакі? Так?

— Так, — пацвердзіў Васіль.

— Чырвонаармейцаў вось тут, у налібацкім лесе, бачыў? — загарнуўшы карту, запытаў яшчэ.

— Мы тут толькі першую ноч: i ехалі сюды крычатоўскім лесам, у налібацкім лесе не былі.

— A ў крычатоўскім лесе чырвонаармейцаў бачыў?

— Не.

— Калі бачыў, дык гавары. Заманіш у пастку — вернемся i расстраляем.

— Праўду кажу. Далібог.

— А з мілкай, як кажуць у вас, i ў шалашы рай? Га? — нечакана перамяніў гамонку перакладчык, хапнуў Яніну за грудзі.

Яна, у начной белай кашулі, з распушчанымі валасамі, віскнула ад болю i страху, схавалася за Васіля. Няпрошаныя госці ўсцешна зарагаталі.

— Можа, i варта было б, смяльчак, пацешыцца з тваёю мілкаю, пакінуць пра сябе памяць… — ухмыльнуўся высокі. — I наш афіцэр, i салдаты даўно ўжо не мелі ўцехі… Бач, ён тубылец, ужо пра дамашні прытулак дбае! Каму вайна, а каму ўжо i мір, уцеха…

Васіль змаўчаў. Няхай абы-што балбочуць, рагочуць, абы не чапалі.

— Ладна, лічыце, пашанцавала вам. Няма часу… — нібы даючы ім міласціну ці шчасце, прамовіў той, — Але водкуп возьмем: дайце нам паесці, папіць.

— Вада ў студні, але старая, нясмачная, а яды мы не маем самі…— адказаў Васіль, — Кажу ж, з бежанцаў мы, ды ўдзень нас аграбілі. Усё забралі.

— А чым жа харчуецеся? Травою?

— Мы яшчэ…

— Ладна, маўчы. Бачу: маніш, выкручваешся, — абарваў перакладчык і, павярнуўшыся да сваіх, сказаў ім па-нямецку, каб ішлі па каня.

— Пан, ён стары, паранены… — запаліўся, не зважаючы на асцярогу выратаваць Рыжага, Васіль. — Вам з яго толк малы…

— Гэта мы самі ўбачым, — буркнуў той. Нагнуўся, здаецца, адпіхнуў нагою баязлівага Мурзіка, выцягнуў з-пад калёс клунак, развязаў, выкуліў усё долу. Свецячы ліхтаром, выбраў не новыя, але яшчэ моцныя Васілёвы суконныя порткі, кашулю; сёй-той з хаўруснікаў высокага таксама нагнуўся, пачаў нешта выбіраць сабе.

Васіль моўчкі душыў у сабе злосць, бо ведаў: не варта храбрыцца.

Меў ужо горную, прыдбаную за акупацыю, навуку: брыкацца перад людзьмі са зброяю не трэба. Пастраляюць, паб’юць — і, не міргнуўшы вокам, не зашкадаваўшы, пойдуць далей сваёю дарогаю. Ім забіць чалавека — тое ж, што забіць i муху. 3 болем пазіраў толькі, як перабіралі іхнія транты, забіралі лепшае, як двое ці трое пайшлі па каня.

— Ладна, — зноў «міласціва» паўтарыў высокі, набраўшы сабе адзення, — брыкаліся, не хацелі мець Генеральбэцырк Беларутэнію, жыць у Остландзе, знацца з культурнаю нацыяй, дык жывіце далей з бальшавікамі-азіятамі ды з крывадушнымі яўрэямі… Яны зробяць вам тут «рай». Паплачаце, не раз пашкадуеце…

Пасвяціў на студню — туды пабрылі прышэльцы. Выцягнулі бадню вады, паспрабавалі піць, але, не засмакаваўшы, злосна шпурнулі бадню ў калодзеж, залаяліся i палапаталі праз поле на Налібакі — відаць, ідучы ўслед за фронтам, імкнуліся лясамі ды палявымі сцежкамі да Гродна. Павялі з сабою i Рыжага.

— О божачка! — толькі цяпер азвалася, застагнала

Яніна. — Ну i ночка! Гэта ж маглі і забіць, i павесці з сабою… I паздзекавацца…

Васіль не адказаў. ГІераадольваў сам i страх, i шкадобу па Рыжым, бо меў на каня вялікія надзеі. Які ж ён цяпер, без каня, гаспадар? Як стане на ногі? Што — на сабе будзе араць, вазіць з лесу дровы?

Больш у гэтую ноч i раніцу яны не спалі, праляжалі да світання, не заплюшчваючы вачэй.

4

Па апоўдні, як капалі яміну i раз за разам выкідвалі на бакі жоўты пясок, Васіль i Яніна, нібы i не азіраючыся, амаль разам заўважылі: з крычатоўскага лесу, прыгінаючыся, выйшлі два чалавекі — сярод жыта i асоту замільгалі іхнія галовы. A прыкмецілі таму, можа, што цяпер, напалоханыя ўночы, былі падобныя на птушак ці звяркоў: рабілі сваё, але ні на хвіліну не забывалі, не выпускалі з поля зроку наваколле.

На пагонку вымкнуліся знаёмыя людзі. Васюкоў i Казлоў. Нізка прыгінаючыся, ішлі якраз сюды, да папялішча.

Васіль i Яніна вылезлі з ямы, але па ўзмаху рукі Васюкова адразу ж прыселі паблізу горкі выкінутага пяску i прынесеных сёння Васілём, акораных ужо жэрдак — на кроквы i латы для будучай зямлянкі. Тут жа, ля жэрдак, павітаўшыся, селі Васюкоў i Казлоў, абодва з аўтаматамі, у афіцэрскіх хромавых ботах i галіфэ, у сялянскіх жупанах.

— Пераначавалі? — усміхнуўся Васюкоў, зняў брылёўку i хустачкаю выцер пот з высокага, напалову загарэлага, напалову белаватага лоба.

— Як бачыце, — адказаў Васіль.

— Ды бачу: жывыя, — прамовіў Васюкоў.— Малайцы! Варушыцеся! Студню пачысцілі ўжо, яміну на зямлянку скора выкапаеце… А дзе ж Рыжы? Схавалі?

— Рыжага ўжо няма, — запанурыўся Васіль. — Забралі ўночы немцы. Нагнаў чорт ix неспадзявана.

Васюкоў нічога не сказаў на гэта, пахітаў толькі галавою.

Вярнуўся з поля Мурзік, не забрахаў на гасцей, лёг паблізу на зямлю: усе былі яму знаёмыя. Па начных приходах у Ружэвічы.

— Магу адным вас суцешыць. Па-першае, хутка схлыне гэтая навала, ачысціцца наша зямля ад акупантаў, а па-другое, як перадалі нам сёння па рацыі, i ў гэтую ноч наш заслон нямала паланіў немцаў па важнай стратэгічнай да розе каля Несцеравіч i Налібак, — сказаў Васюкоў.— Так што, можа, папаліся i «вашыя». Цяпер будуць адбудоўваць гарады i вёскі, што разбурылі…— Зірнуў у Янініны вочы. I пільна. — А апроч немцаў, заходзіў хто да вас? Ga знаёмых?

— Не, — амаль у адзін голас адказалі Васіль i Яніна.

Васюкоў хацеў яшчэ нешта запытаць, але ўбачыў у

Янініных вачах устрывожаную насцярожанасць, дык змаўчаў, перавёў позірк на Васіля.

— Маю для вас, маладажоны, прыемную неспадзяванку, — усміхнуўся. — Прынёс першы ваш сумесны новы, савецкі, дакумент, — дастаў з ніжняй кішэні жупана самадзялковую кніжачку. Здаецца, з выразаным аднекуль i наклееным гербам, з надпісамі на вокладцы на дзвюх мовах: «Свидетельство о браке», «Пасведчанне аб шлюбе». Падаў.— Віншую! Праўда, пакуль што i самаробны наш, сельсавецкі, дакумент, i прыходзіцца ўручаць зусім празаічна… Але, думаю, гэта не бяда. Наладзіць мірную работу раён — абмяняем на новы, сапраўдны, дакумент i ўручым урачыста… Галоўнае іншае: вы першая новая сям’я на вызваленай зямлі нашага сельсавета! Хоць i з рызыкаю, але чэпка стаіцё на зямлі! Малайцы! Як i ўсе беларусы, вы шматпакутныя, але жыццялюбныя, руплівыя, цягавітыя!

Новы, адзін на дваіх, дакумент узяў Васіль. Цеплынёю аблілося сэрца: паверылася, што нават i з гэтым самаробным дакументам павінна пачацца ў ix зусім новае жыццё. Не толькі, як кажуць, законнае, але сапраўднае, спакойнае, радаснае, якое яны бачылі ў марах i летась, i сёлета, калі, хочучы пажаніцца, з нецярпеннем чакалі канца доўгай вайны i пачатку мірных дзён.

— На добры толк, дык i не шкодзіла б замачыць такую важную падзею… — усміхнуўся Васюкоў, бачачы, што i сваёю ўвагай, i гэтым дакументам усцешыў маладажонаў.

— Трэба было б, але няма гарэлкі,- збянтэжыўся Васіль.

— Нічога, — лагодна прамовіў госць. — Замочым пазней, нікуды гэта не збяжыць. Абы былі мы, а гарэлка, гулянкі будуць. — I зноў пільна зірнуў на Яніну, што тая аж збянтэжылася. I Васіль адчуў: нешта Васюкоў нядаўна не дагаварыў, штосьці яго вельмі непакоіць, ды толькі ён, здаецца, стрымліваецца ўсё гаварыць пры Яніне. Нібы ў доказ гэтага Васюкоў неўзабаве i прамовіў: — Маю да вас, маладыя людзі, яшчэ адну размову. Не дужа приемную, але вельмі сур’ёзную, адказную…

Зноў учэпіста зірнуў на Яніну, занытаў:

— Скажы, маладзічка, дзе твой брат?

Тая знерухомела, залыпала вейкамі, насцярожана зірнула на Васюкова. Янку яшчэ на тым тыдні з івянецкага прызыўнога пункта ўзялі на фронт. Яны, Яніна, яе маці, Васіль, усе разам адвозілі таго ў Івянец, развіталіся, жадалі яму добра ваяваць, застацца жывым i вяртацца дадому.

— Не заяўляўся часамі тут, каля вас?

Яніна пахітала галавою: не. Вусны яе плаксіва ўздрыгнулі. I да яго, Васіля, шыбнула цяплынь да галавы: ён адчуў нейкую бяду.

— Вось што, дарагія мае, — Васюкоў паклаў ім рукі на плечы. — Буду з вамі шчыры, як з сябрамі. Памагалі дагэтуль, памажыце i цяпер… Адным словам, як i самі бачыце, тут, на вызваленай зямлі, ідзе набор у Чырвоную Армію. Люд разумее патрэбы вайны, краіны, ідзе з патрыятычным настроем. Але ёсць i такія, што ўхіляюцца ад набору — падмалоджваюцца, прыбаўляюць сабе гады, хаваюцца, уцякаюць з часцей. I вельмі шкода, што сярод гэтых дэзерціраў ёсць добрыя людзі. Паліцаі, зламыснікі пусцілі чутку, што нашы цяпер помсцяць люду Заходняй Беларусі за тое, што ён не сышоў у бежанства, быў у акупацыі, паводзіўся адмыслова,і яшчэ нібы за тое-сёе… Маўляў, бяруць у Чырвоную Армію маладых мужчын i хлопцаў, партызан таксама i, нават не пераапранаючы, адразу ж кідаюць у бой — бярыце самі свае гарады ды вёскі… I, плятуць, цывільны люд, партызаны, нязвыклыя да адкрытых баёў, гінуць тысячамі… Дык вось, Яніна, ваш Янка паверыў гэтай хлусні i ўцёк ca сваёй часці…

Васіль, жахаючыся ад таго, што натварыў швагер, анямеў; Яніна ад новай небяспекі, што заявілася над ёй i раднёю, збялела: небяспека была велізарная.

— Паверце, я таксама вельмі перажываю, — прамовіў Васюкоў,— па-першае, дэзерцірства — злачынства, па законах ваеннага часу караецца строга. Па-другое, у роспачы ці ў страху, разгубленасці Янка прыбіўся да банды Вяршка… A самі ведаеце, хто такі Вяршок. Адпеты бандзюга… Ён змусіць маладога хлопца стаць забойцам…

— О божа! — усклікнула Яніна i закрыла твар рукамі.

— Я не страшу, — сказаў Васюкоў.— Кажу ж, шчыра шкадую, што такое вытварыў Янка. Добры ж хлопец. Працавіты, шчыры, сарамлівы. Ды толькі во такі надумлівы ды… Я вас папрашу: зойдзе ён да вас — змусьце, упрасіце, каб напрамілы бог уцякаў ад Вяршка ды ішоў з пакаяннем у ваенкамат. Праўда, я не даклярую, што яму даруюць, але… Мне здаецца, у яго ёсць адзін маленечкі шанц. Яму трэба не толькі вярнуцца, пакаяцца, але i прывесці Вяршка з хеўраю. Альбо падказаць іхнія хады, схованку. Гэта будзе нялёгка зрабіць, але, паўтараю, я тут бачу нейкі шанц…

Яніна застагнала ад болю i адчаю, халадзеючы не толькі ад страху за Янкава жыццё, але i ад нейкай безвыходнасці.

— Вайна ёсць вайна, — уздыхнуў Васюкоў.— Канечне, гінуць на ёй людзі, але няпраўда, хлусня, што тых, хто быў у акупацыі, пасылаюць наўмысна на смерць. Для Чырвонай Арміі, для краіны кожнае чалавечае жыццё дарагое…

Слухаючы, Васіль цяпер зразумеў, чаму Васюкоў i Казлоў ішлі сюды прыгнуўшыся. Можа, i асцерагаліся Вяршка з шайкаю, можа, i не хацелі, каб ix тут бачылі, а па-трэцяе, можа, там, у лесе, употай запыніліся байцы, гатовыя ў любую хвіліну напасці на шайку. Няма спакою i бяспекі ні ўночы, ні ўдзень. Можа, яны з Янінай сёння які ўжо час пад нейчым пільным i незычлівым назіркам альбо нават i пад прыцэлам? А што будзе пасля таго, калі Васюкоў i Казлоў пойдуць адгэтуль, пакінуць ix безабароннымі? Што будзе ў гэтую ноч? 3 Вяршком не дай бог сустрэцца. Той — сапраўды забойца з забойцаў, карнік, нямала праліў людской крыві разам ca сваімі гаспадарамі-акупантамі. А на яго, Васіля, у яго, пэўна ж, асабліва свярбяць рукі — за тое, што ён адмовіўся ісці служыць у паліцаі i не аддаў яму Яніну. Праўда, у Вяршка па ўсіх вёсках было шмат нявест i «жонак», але, канечне, той зламыснік за няўдачу затаіў не толькі злосць, але i помету…

— Яшчэ раз папрашу, — уздыхнуў Васюкоў, паціснуў ім плечукі.— Убачыце Янку — пагаварыце, памажыце ці на ват i змусьце яго адумацца, зрабіць іншы, высакародны, выбар. А Янка да вас зойдзе. I, можа, нават не адзін.

Васіль i Яніна падакляравалі, што, калі ўбачацца з

Яикам, пагавораць з ім так, як трэба; Васюкоў i маўклівы Казлоў неўзабаве пакінулі хутар.

— Божа, што ён сабе надумаў? — сашчаміўшы калені рукамі, захітала галавою, забедавала Яніна. — I праўда ж, можа зусім марна ды ганебна скласці галаву… Выжыў у вайну, дык прападзе цяпер, пасля вайны. Малады, здаровы. У васемнаццаць гадоў.— Заплакала. 3 вачэй паплылі па загарэлых шчоках буйныя слёзы. Пасля паскардзілася: — Ну чаму ты, божа, такі нелітасцівы? Дзе ні ступі, куды ні павярніся, дык усюды адна бяда ды гора…

— Сам Янка вінаваты, — прамовіў Васіль, разумеючы, што не вельмі суцешвае Яніну, а яшчэ болей дадае ёй пакут. — Не ўцякаў бы — дык i не было б ніякай мітрэнгі. Можа, быў бы i шчаслівы — абмінула б куля, абмінуў бы i асколак…

Яніна маўчала, моўчкі плакала. Канечне, яна, кабета, сястра, вастрэй, балюча адчувала трывогу, пакуту як за брата, так i за маці: Янкаў учынак ніколечкі не ўсцешыць i тую, не прынясе радасці.

«Дзе ён цяпер можа быць? — падумаў Васіль пра швагра. — У ружэвіцкім лесе ці тут, у нашым? Хто ж яго ведае. Паспрабуй знайсці іголку ў стозе сена ды яшчэ такою неспрыяльнаю часінаю. Колькі ні сноўдай, можаш не напаткаць, а вось нарвацца на ліха, сам скласці галаву можаш лёгка i незваротна…»

Васіль моўчкі падняўся i зноў апусціўся ў яміну — колькі ні адчайвайся, ні пакутуй, а жыць, дбаць пра прытулак усё роўна трэба. Дзеўбануў рыдлёўкаю — яна заскрыгітала, адкалупнула толькі са жменьку рудаватага, лічы, ужо гліністага пяску.

Неўзабаве, наплакаўшыся, апусцілася ў яміну i Яніна, таксама пачала дзяўбаць рыдлёўкаю рудую цвердзь i выкідаць яе на насып.

5

Янінін i Васілёў лёс рашыўся сёлета ўвесну, калі пацяплелі ночы, пырснула маладзенькая, кволая зелянота на дрэвах.

У адзін з такіх позніх майскіх вечароў яны сядзелі на лаўцы каля Янінінага гаспадара і, як у ранейшыя вечары, шапталіся, па-маладому гарэзавалі. Абое аж уздрыгнулі, калі нечакана з ганка пачулі строгі голас Янінінай маці, старой Чапроўскай:

— Яня, ідзі ў хату! I ты, Вацік, зайдзі…

Паслухалі. Сціхлыя, наструненыя, пайшлі на кліч. Васіль тупаў з насцярогаю: ён, прызнацца, пабойваўся Янінінай маці — невысокай, худой, кульгавай старой кабеты. Яму які ўжо час i тады, калі хадзіў разам з Янінаю ў Янковічы ў старую, польскую, школу i, бывала, крыўдзіў яе, дробненькую, паглядную дзяўчынку (крыўдзіў нават па невядомай яму самому прычыне), i цяпер, калі прыйшлося разам ратавацца, шукаць прытулку ў Ружэвічах, паразумецца — здавалася: старая Чапроўская (хоць якая яна была старая?! Ёй ішоў яшчэ ўсяго толькі сорак другі год!) недалюблівае яго, зыркае спадылба, нібы на воўка, стараецца ні сустрэцца з ім, ні загаварыць. A калі спаткае выпадкова на дарозе ці мусіць пры людзях сказаць слова, дык не пазірае ў вочы, буркне нешта толькі для адчэпнага. Пагэтаму i ён намагаўся не трапляць ёй на вочы, не заходзіў у хату, дзе кватаравалі Чапроўскія. Хоць яна, старая, канечне, ведала, што яе Яніна «любіцца», як казалі ў Ружэвічах, з маладым бежанцам, сваім земляком. Цяпер Чапроўская, відаць, клікала ix на нейкі суд.

Яніна i Васіль зайшлі ў невялікую, на адзін пакой, хату, дзе на вокнах віселі цёмныя фіранкі, а на камінку тлела лучына. Чапроўская сядзела ўжо пры стале, абапіраючыся на гладкую ядлоўцавую кавеньку; на другі бок стала прымайстраваўся светлавалосы Янка; на тапчане сядзелі гаспадары, Кажушкі.

— Садзіцеся, галубэ, — не то сярдзіта, не то лагодна прамовіла Чапроўская i паказала ім месца на лаве — паблізу сябе.

Яны паслухмяна селі. Нібы вінаватыя ці нібы сапраўды на нейкім судзе.

— Скажыце вы мне: праўда гэта ці не, што людзі гавораць? — рашуча запытала Чапроўская. — Што вы хадзілі да ксяндза i дамаўляліся, каб ён даў вам шлюб?

Васіль з трывогаю апусціў галаву: Чапроўская супраць таго, што яны «любяцца», думаюць пажаніцца? Па-другое, чаму яна пытаецца пра гэта не ў адной Яніны, але i ў яго? Што надумала яна? Разлучыць?

— Хадзілі, гаварылі…— нечакана смела прызналася Яніна.

Яе маці, бадай, разгубілася i з адчаем зірнула на ix абаіх. Васіль не падымаў галавы, але душою адчуваў гэты гіільны разгублены i адчайны позірк. Калі ж на міг асмеліўся падняць вочы, дык аж здзівіўся: сярдзітая кабета была цяпер зусім не сярдзітая, а разгубленая i нібы хацела заплакаць, чамусьці найбольш пазіраючы на яго рукі. Ён, бянтэжачыся, нібы які рабаўнік, не ведйў, дзе дзець ix, гэтыя свае рукі — вялізныя, з шырокімі, па лапаце, далоньмі ды з ёмкімі пальцамі. Ад ix, таксама i ад шырозных плячэй ён здаваўся здаравідлам, мядзведзем, a Яніна побач з ім выглядала зусім дробная, кволая, як лань. Аж сцяўся ад адчування гэтай сваёй велічы, дужасці і, здаецца, няўклюднасці ды ад Янінінай кволасці. Адчуваў: з-за гэтай жа прычыны, мусіць, хоча цяпер i заплакаць Чапроўская, — бачыце, на яе дзіцятка квапіцца гэткі велікан.

— Каб не такі час, дык я не замінала б, не стаяла на вашай дарозе… — урэшце ціха i чулліва i, галоўнае, здаецца, сапраўды лагодна да Васіля сказала Чапроўская. — Няхай бы сыходзіліся i жылі сабе на здароўе, калі ўпадабалі адно аднаго. Я пра цябе, хлопец, нічога благога не скажу…

Ён, пачуўшы гэта, усцешыўся, здзівіўся: няўжо гэтая, як здавалася, вельмі строгая кабеціна не вастрыла i не вострыць на яго зуб?

— Як не скажу нічога благога ні пра тваіх дзеда i бабу, пра бацьку-нябожчыка. Гаспадарлівыя, талковыя, паважаныя ў вёсцы былі людзі. I на маці ні злосці, ні крыўды не маю. Гаротніца яна. На далёкім свеце цяпер недзе з дзецьмі пакутуе… Але ж… — гаворачы, Чапроўская адну руку пакінула на кавеньцы, другую прыклала да ўпалых грудзей, — Хіба цяпер, дзеці мае, думаць пра вяселле? Кажуць жа, скора Саветы наступаць пачнуць, будзе непадалёку вялікая бітва… Хоць бы жывымі застацца… Людзі янкоўскія вывезеныя, вёска спаленая, пустая, дзікая… Мы яшчэ тут… Ці да галавы, кажу, ігрышча?! — I, бачачы, што нішто ix, моладзь, не палохае, папрасіла: — Пачакайце хоць крыху, дзеці мае, няхай усё ўтрасецца, уляжацца. Бо цяпер я вам i вяселля ніякага не зраблю. I няма з чаго, i няма дзе…

— Не трэба нам вяселля, — абзыўнулася Яніна, — Шлюб возьмем — i ўсё, жыць будзем…

— Што ты гаворыш, дачка?! — усклікнула маці.— Як жыць без вяселля?

Чапроўская з надзеяю i з мальбою зірнула на Янку: ты ж, сын, за гаспадара ў нас, дык памажы! Але той, малады, Васілёў сябрук, яшчэ ніжэй угнуў галаву, відаць, не ведаючы, што парадзіць у такой важнай справе.

— Яны, пані Зося, яшчэ не думаюць пра тое, пра што вы ўжо са сваёю мудрасцю талкуеце, — уставіў слова гаспадар, лысы, таўсматы, спагадны, але жартаўлівы, часамi нават кплівы чалавек. — У ix пра іншае думкі. Маладому з маладою маладое ў галаве…

Кабеты збянтэжыліся. Засаромеўся i Васіль. 3-за свайго жаніхоўства. Нехта іншы, падумалася цяпер яму, нават маладзейшы, хірлявы, жаніўся да вайны ці ў вайну — рабіў усё па-чалавечаму, як i трэба, а вось падумаў ён пра жаніцьбу напрыканцы калатнечы — усё нібы дачасна, сорамна. Быццам спяшаецца, адно толькі грэшнае мае ў галаве.

— Божа ж мой! — пахітала сіваватаю галавой Чапроўская, — Hi двара ні кала, а думаюць сыходзіцца, жыць, сям’ю новую ладзіць…

— Можа, i не варта, пані Зося, баяцца ды наракаць, — зноў сказаў гаспадар. Але ўжо сур’ёзна, без кпінаў,— Абое маладыя, здаровыя, змалку навучаныя да работы. Па-другое, не такі ўжо i галец ваш зяць. Прыблукаў сюды летась з пустымі рукамі, голы як бізун. А цяпер мае свае калёсы, плуг, пілу, сякеру, косы. Мае каня. Не прапаў, адным словам, без бацькі ды маткі. Сам па сабе на ногі стаў. Малайчына! Парабкаваў, лічы, у Дошчачкі-скнары, быў малатабойцам у каваля, але сабраў, кажу, усё для гаспадаркі. Ca сваёй долі, што зарабіў за восень i зіму, увесну пшаніцу пасеяў, картофлю пасадзіў… Сталы ўжо, адным словам, гаспадар. Не прападзе i сам, i дачка ваша за ім не загібее… — Не вытрываў, усміхнуўся. — Праўда, я думаў: да багацейкі, да гаспадаровай Данусі-мілусі, прылепіцца ў прымы. Крышку касавокая, гугнявая, але затое вунь з якім загуменнем, адна ў бацькоў, з добрым пасагам. Дошчачка, гешэфтуючы з волаг. цю, за вайну яшчэ болей абжыўся… А ён, кажу, выбраў такую, як i сам — бежанку, сірату…

Усе змаўчалі. Можа, i з-за зразумелай усім няёмкасці: Дошчачка, можа, i меў нейкія скрытный намеры, калі браў Васіля-бежанца на кватэру, i тая Дануся-гультайка, здаецца, была б рада, каб малады кватарант хіліўся да яе, але вось Васіль выбраў іншую.

— Бог сірот любіць, але шчасця, долі не дае, — праз хвіліну-другую ўздыхнула Чапроўская.

— Не бойцеся, не бядуйце, кажу, нані Зося. Абое спраўныя, не прападуць, — супакоіў Кажушка. — Харошая

пара, аж люба паглядзець: ён — багатыр, а яна — каралеўна… Можа, усё i добра будзе. А шчасце, я вам скажу, само i не даецца, за яго трэба нямала папакутаваць…

— Шчасце ці бяда, пане мой, можа, яшчэ вызначана кожнаму на родзе… — зноў цяжка ўздыхнула Чапроўская. — Я дык бяды колькі хочаш пазнала, а шчасця, як вы кажаце, лічы, i не бачыла яшчэ.

Назаўтра, калі ўжо ўсе ў Ружэвічах ведалі, што будуць браць шлюб маладыя бежанцы, Дошчачкі пасварыліся.

Васіль не чуў, за што тыя не паладзілі, колькі i што сказалі адно аднаму, але, падыходзячы пад полудзень да двара з канём (абганяў дагэтуль гаспадарову бульбу), залавіў толькі з-за сянец апошнія Дошчачкавы словы: «…гэта вы, баб’ё, такога спраўнага хлопца ўпусцілі. Ты, старая скнара, баялася лішняй лыжкі смятаны ці лішнюю лусту хлеба даць, вечна наракала, што ён жарэ не ў сябе, а ты, маладая, дурная. Падкацілася б, прыгрэла — дык i быў бы твой… Звязала б рукі ды ногі — нідзе не дзеўся б…»

Янініны i Васілёвы бацькі некалі былі ў налібацкай парафіі, але Яніна i Васіль шлюб узялі ў тутэйшым, ружэвіцкім, касцёле (налібацкі касцёл разбурылі яшчэ летась, калі ішоў у Налібаках бой між партызанамі i нямецкім гарнізонам).

З халоднага касцёла i з-за строгай шэрай касцельнай агароджы Яніна i Васіль выйшлі на сонечны, цёплы i прасторны двор жонкаю i мужам. Урачыстыя, аспакайнелыя (скончыліся многія хваляванні), радыя, толькі крышку збянтэжаныя.

Спусціліся з касцельнай горкі, пайшлі па тупкай сцяжыне каля сухіх старых платоў, зялёных гародаў, садоў з густой крамянай завяззю i ціхіх, прымлелых ад яркага ліпеньскага сонца хат. Апроч дзяцей, лічы, нідзе нікога не было, але на ix, маладых, адхінуўшы фіранкі, пазіралі з кожнага акна. Гаспадыні, старыя дзяды i бабуль I, мабыць, усе яны не толькі здзіўляліся, што яны ў такую часіну ўзялі шлюб, але заўважалі, што на ім, Васілю, пазычаныя ў гаспадара хромавыя боты, гаспадаровага сына i чорны суконны касцюм — калі Васіль уцякаў у блакаду з абозу, што гналі немцы i ўласаўцы ў Стоўбцы да чыгункі, дык, як i казаў Кажушка, пабег у чым стаіць. Здаецца, не пазіралі на ix толькі з тых акон у канцы вёскі, дзе замест шыб у некаторых хатах была фанера — шыбы павыбівала ад узрываў упалых тут падбітых самалётаў.

Лічы, у самым канцы вёскі на іхняй дарозе была высокая i доўгая драўляная будыніна, накрытая чырвонаю чарапіцаю. Тут за панамі была гміна, у нямецкую акупацыю — воласць. Цяпер, пасля адыходу немцаў, трэці ўжо дзень тут быў сельсавет. Над дзвярыма сельсавета, сведчачы пра новую ўладу, віселі неварухлівыя ад спякоты два сцягі — чырвоны i чырвона-зялёны. Праўда, самі сельсаветчыкі ўдзень былі ў сельсавеце, а нанач (мусіць, да прыходу чырвонаармейцаў) ішлі ў лес. Цяпер на ганку сельсавета стаяў вартавы, з сярэдзіны чуўся вясёлы гоман.

Неспадзявана ў расчыненае акно высунуўся светлавалосы, рыжаваты камісар Васюкоў, махнуў ім рукою: зайдзіце сюды! I пасля, калі яны зайшлі ў пакой, дзе Васюкоў сядзеў са сваімі таварышамі, пачулі прысаромліванне:

— Эх, Васіль! Эх, Яніна! Усё па-старому, па-даўнейшаму робіце. A ў нас тут ужо, як бачыце, новая, Савецкая, улада. Нават да прыходу Чырвонай Арміі. Дык i трэба ўжо рабіць усё па-новаму. Тут, у сельсавеце.

Тут, у старшынёўскім пакоі, абабітым выцвілымі, яшчэ нямецкімі бела-рудымі, у палосачкі сям-там ададранымі шпалерамі, але ўжо не ca старым, а з новым партрэтам на сцяне (з партрэтам Сталіна), стаяў моцны дубовы стол, накрыты зялёным сукном i шклом, абапал сцен прыхінуліся крэслы з зялёнымі, сцёртымі сядзеннямі. На бліжэйшым да стала крэсле сядзеў таварыш Васюкова, Казлоў.

— Зараз мы вас абчалавечым як след, — усміхнуўся Васюкоў, дастаў з верхняй шуфляды стала тоўсты сшытак з цвёрдымі сінімі вокладкамі, закрэсліў на верхняй вокладцы нейкі нямецкі надпіс, пасля вырваў у сшытку некалькі спісаных першых старонак, сунуў ix у адну з шуфляд. — Назавём так: «Кніга рэгістрацыі грамадзянскіх шлюбаў». Так, пры сведках, — назваў сваё i таварышава прозвішча, — 5 ліпеня 1944 года пад нумарам адзін зарэгістраваны шлюб грамадзян Ружэвіцкага сельсавета Грыгарцэвіча Васіля Уладзіслававіча i Чапроўскап Яніны Іосіфаўны, — а пасля, калі запісаў год, месца, дзе яны нарадзіліся, колькі скончылі класаў школы, іхнюю нацыянальнасць, новае Янініна прозвішча i павіншаваў ix з «законным шлюбам», усміхнуўся Казлову: — Федзька, давай марш Мендэльсона.

Спакойны, нават марудлівы, русявы масквіч Казлоў дастаў з кішэні афіцэрскіх штаноў новенькі, белы, з карычневым дрэвам трафейны губны гармонік, прыклаў да вуснаў i зайграў. Незвычайна ўрачыста, лічы, у прывыклых да нямецкіх маршаў i адвыклых за вайну ад сваёй ці вось такой музыкі вушах пачулася гэтая незнаемая, але шчырая, узнёслая мелодыя, здаецца, запаланіла, узвысіла ўсіх, i ў Васіля ў гэты момант аж сціснулася ў горле ад нахлынутай радасці i затоенай трывогі. Яніна, як заўважыў, не вытрывала, моўчкі заплакала.

— Сапраўды, аж усё ў душы перавярнулася… — калі аціхла музыка (праўда, узнёслы дух яе па-ранейшаму быў у пакоі), усхвалявана прамовіў Васюкоў. Відаць, гэты нечакана мірны, пасляваенны ўжо, сціплы i ў той жа час велічны абрад таксама ўразіў, расчуліў яго мужнае сэрца, што абнемагло ўжо ад вайны i яе суровага жыцця. — Усё будзе добра. Нашы вызвалілі ўжо Мінск. На днях будуць тут. Дык i правільна, трэба дбаць пра жыццё, пра будучыню…

Паціснуў ім рукі, пацалаваў у шчокі.

— Віншую! — усміхнуўся i — мужчына, баец — не выцерпеў, сцёр даланёю буйную слязу, што выплыла i хутка пакацілася па выгаленай шчацэ. Стукнуў кулаком у сцяну, гукнуў: — Вольга! Нясі свае ягады.

Тут жа зайшла сюды радыстка Савельева — высокая, светлавалосая, у зялёнай спадніцы i гімнасцёрцы, падпяразаная салдацкім рэменем маладая дзябёлая дзяўчына. Перад сабою несла поўны кацялок спелых суніц. Высыпала ix на стале, на падрыхтаваным Васюковым чыстым лісце паперы. Суніцы запахлі лесам, сонцам, гарэлі на белым лісце чырвоным цяплом дабрыні i сардэчнасці.

Васюкоў у гэты час дастаў з-пад стала нямецкую паўтарачку з ромам, з ніжняй шуфляды — зялёныя кубкі.

— Грэх не замачыць такую падзею, — усміхнуўся, наліваючы пакрысе пітво ў пасуду. — Падарунак, праўда, уручыць цяпер не можам. Не ўдасца выставіць i шчодрых ласункаў. Затое шчыра, ад усёй душы пажадаем хуткага заканчэння вайны, міру, трывалай сям’і, любові, шчасця! — Патрымаў міг кубак з пітвом у руцэ, а пасля сказаў усміхаючыся: — Горка!

Услед за ім, ляскаючы далоньмі, загаркавалі i ўзнёслыя Казлоў ды Савельева. Яніна i Васіль злёгку пацалаваліся.

Яніна дагэтуль яшчэ не піла ні гарэлкі, ні віна, дык памачыла толькі вусны, зморшчылася; Васіль пасля хваробы-жаўтухі таксама не ўжываў ніякага спіртнога пітва, але цяпер не мог ад яго адмовіцца.

Ром быў цёплы, адмыслова, не зусім прыемна, пахнуў, дык піўся з неахвотаю. Але Васхль, уздрыгваючы, лічы, пакрываючыся пупырышкамі, нібы ад холаду, апаражніў усё, адчуваючы, як апякло горла, нутро, пайшла па жылах цеплыня i сёння — ці не без прывычкі — тут жа шыбнула ў галаву лёгкім хмелем.

— Частуйцеся, — запрасіла Савельева (яна выпіла сваю долю не зморшчыўшыся) i першая ўзяла колькі суHin, — Няхай у вашым жыцці, Янька i Васька, будзе шматшмат салодкага, як i гэтыя ягады…

Падзякаваўшы, Васіль укінуў у рот колькі суніц — яны сапраўды былі салодкія, прыемныя, перабілі досыць нясмачны пах рому. Усе астатнія таксама закусвалі суніцамі, усміхаліся, былі задаволеныя i радыя.

…Чапроўская блаславіла ды пацалавала ix яшчэ на ганку, запрасіла ў хату. Цяпер гэтая кабета, апранутая ў святочную чорную, з чырвонымі кветачкамі сукенку, абутая ў туфлі, хоць i плакала, але здалася зусім не строгая, вельмі лагодная, як i яго, Васілёва, маці.

— Кажушкі паехалі на сенакос, сказалі, што папрывецяць вас ужо ўвечар, — сказала яна. — Так што садзіцеся за стол, будзем палуднаваць. Во i мне трэба бегчы туды, да ix, — Калі падала па місцы гарачага, без мяса ды косткі, але добра забеленага смятанаю шчаўя, па лусце хлеба, запынілася каля стала i сказала маркотна: — Выбачайце, дзеці, што не частую як след, не прымаю гасцей… Што вяселле ваша як i не вяселле… Быў бы іншы час — дык усё было б па-другому, інакшаму…

— Нічога, мама, — жвава прамовіла Яніна, садзячыся за стол. — Затое нас добра пачаставалі ў сельсавеце. Нават i выпілі патроху.

— Хто ж вас так прывеціў? — не то ўзрадавалася, не то засмуткавала Чапроўская. Узрадавалася, відаць,

з-за таго, што ix, маладых, уважылі чужыя людзі, засмуткавала, пэўне, з-за таго, што, як сказала, не можа як след адсвяткаваць сама.

— Васюкоў,— адказала Яніна.

— Добры чалавек, — пахваліла яго Чапроўская, — дай бог яму добрае здароўе, доўгае жыце…

Васіль моўчкі сёрбаў шчаўе i ў размову не ўступаў. Па-першае, ён бянтэжыўся перад Чапроўскаю, што ўжо не толькі пасягнуў на яе дачку, але ўжо i яе зяць, па-другое, ён зусім ап’янеў. На яго лобе, здаецца, выступіў густы пот. Ап’яненне гэтае, канечне, было часовае, неўзабаве той глыток рому, што ён выпіў, павінен быў разысціся, страціць сваю моц.

Адчуваючы, што разам з маці трэба ісці на сенакос i Яніне, Васіль неўзабаве падзякаваў Чапроўскай i меўся ісці да сваіх гаспадароў.

— Куды ж ты, сын, пойдзеш ужо? — хаваючы ад яго вочы, прамовіла Чапроўская i завіхнулася прыбраць ca стала. — Ты ж не чужы ўжо нам. Свой… Мне — зяць, Яні — муж…

— Ды, казаў Дошчачка, пасля полудня па сена трэба ехаць, — пранікаючыся павагаю i падзякаю да Чапроўскай, сам дабрэючы, сказаў ён.

— Не прападзе ні Дошчачка, ні яго сена, — разважліва, здаецца, важка ацэньваючы коЖнае слова, адказала Чапроўская, але па-ранейшаму не пазіраючы ім абаім у вочы, — Ідзіце адпачніце… Я вам у гумне на сене наслала…

Васіль ад неспадзяванасці зірнуў на Яніну: тая ў гэтую ж хвіліну густа ўспыхнула чырванню, адвяла ад яго позірк.

— Мы, можа, паможам вам, мама… — збянтэжана нрамовіла яна.

— Справімся i без вас, — здаецца, наўмысна страгавата сказала Чапроўская. Пасля, бачачы, што яны абое засаромеліся, як яшчэ малыя дзеці, хуценька падалася за печ i дадала ўжо адтуль:

— Ну, ідзіце. Я хачу пераапрануцца.

Яны паслухмяна выйшлі з хаты.

6

Хутарок Амшарок паспакайнеў (не ішлі ўночы немцы, не заяўляўся Вяршок з шайкаю) i заадно ажываў, культурнеў.

За некалькі дзён пасля таго, як пабылі Васюкоў i Казлоў з непрыемнымі навінамі, Яніна i Васіль выкапалі досыць прасторную i глыбокую яміну, абклалі жэрдкамі сцены, зрабілі палок, стол, лаўкі з расколаных ды абчасаных сякераю плашак, невялікае акенца, дзверы, разабралі печ на папялішчы i ca старых, але яшчэ моцных цаглін склалі ў зямлянцы печачку з невялікаю плітою. Прымайстраваўшы да двух вянцоў зямлянкі надзейную i цёплую страху, аж залюбаваліся: спрытнае i ўтульнае выйшла жытло! Тут, як здалося ім, можна не толькі зімаваць, але i не баяцца ніякага марозу! Толькі трэба расстарацца для печы дроў i харчу для сябе. Там, увесну, можна будзе ўжо дбаць i пра хату.

Зладаваўшы жытло, не супакоіліся, не сядзелі склаўшы рукі. Пачалі чысціць былы склеп. Каб было дзе ўвосень схаваць гародніну, бульбу, што дадуць ім Кажушка i Дошчачка — іхнюю долю, а таксама i плату, што яны зарабілі за зіму, вясну i лета.

Склеп стаяў непадалёку ад хаты; дык у блакаду, калі гарэлі прыбудовы, не ўцалеў i ён: страха i ўсё — адзенне, бочкі, цабэркі, што былі пад страхою, дол, што быў з плашак i зляжалага кастравіння, — сатлела ды абвалілася. Агонь, лічы, нічога не пашкадаваў: сярпы, косы, што знайшліся ў попеле, былі перапаленыя, ужо непрыгодныя, a бочкі, што стаялі раней у пограбе, абгарэлі напалову, рассохліся.

Яніна i Васіль цягнулі ў гэтую хвіліну з лесу на калёсах бярвенне — на зрубік для склепа. Хоць не бралі з сабою драбінак, ляжанкі, бярвёны ляжалі толькі на расцягнутых перадку i задку калёс, але цягнуць было цяжка. I Васілю, што валок за аглоблі, i Яніне, што папіхала калёсы за заднюю ручку. А цяжэй на гэты раз было таму, што i стаміліся ўжо, i сонца смаліла неміласэрна, нібы стараючыся якраз за ліпень аддаць зямлі найбольш свайго цяпла, i паклалі на калёсы больш, чым раней. Каб не выбірацца яшчэ раз у лес, уздумалі ўзваліць не толькі тры чатырохметровыя сырыя сасновыя бярвёны, але i яшчэ пару верхавінак ды найбольш буйнога галля. Ведалі: усё — буйное i дробнае — спатрэбіцца.

У лесе i пасля па роўнай тупкай дарозе колы каціліся без вялікага намагання, але ў нізінцы, на павароце, дзе сабраўся нанесены ў паводкі i цяпер сыпкі без дажджоў пясок, забуксавалі. Як Васіль ні ўпінаўся, як ні падштурхоўвала Яніна, выскачыць з не такой ужо i вялікай лапіны пяску не маглі — хаваліся па спіцы колы. А за ёю, гэтай лапінаю, зноў была роўная i, самае важнае, ужо блізкая дарога да зямлянкі. Аж брала крыўда i злосць, што не хапала сілы, моцы, каб зрабіць рашучы рывок, што сабака, Мурзік, дагнаўшы ix, не запыніўся нават, не пазважаў, што ім цяжка, радасна пашыбаваў без запынку на хутар.

У адчаі ды нават у абурэнні Васіль азірнуўся: відаць, зусім слаба памагае Яніна. Ці жартам нават, можа, i пакеплівае — ускочыла, як i той раз, на бярвёны i едзе як пані. Не, упіраецца, пхне, аж крэкча. Але вось зморшчылася, нібы дакараючы, што ён, мужчына, не дасць рады, а пасля раптоўна напружаны, пачырванелы твар яе скрывіўся; яшчэ праз міг яна ўпала на адну руку на бярвенне, а другою схапілася за жывот.

Ён спачатку вельмі не захваляваўся, палічыў, што, мабыць, крыху перасілілася, дык хоча адпачыць. Але пасля адчуў: штосьці тут не так. Яніне якраз блага, бо цела яе нервова ўздрыгвае. Кінуў аглоблі ды падбег да яе.

Аклікнуў, але яна не варухнулася, не абзыўнулася. Здаецца, не магла нават разагнуцца, была нібы паралізаваная. Не пазважала, калі i дакрануўся да яе.

Напаўняючыся трывогаю, узяў яе на рукі. Уразіўся: твар яе, яшчэ нядаўна чырвоны ад натугі, белы-белы, вочы заплюшчаныя, а цела яе бязвольнае i цяжкае.

— Янінка… — са страхам паклікаў, прытуліў, не разумеючы, адкуль i чаго накінулася на яе нейкае ліха.

— Пакладзі… На траву, — ледзь чутна прашаптала яна i застагнала, нават заенчыла, сціскаючы зубамі вусны.

Выйшаў з пяску i паклаў яе на ўзбочыне — на дзірване. Каля самага поля, дзе сярод лебяды, пырніку сям-там кусцілася бульба — здаецца, на загоне Навіцкіх. Яніна адвярнулася, надгарнула пад сябе ногі, зрываючыся на плач, зусім не зважаючы на яго нытанні.

— Янінка! — Ён стаў на калені, гладзіў яе па галаве, руках, прасіў сказаць, дзе i што ёй баліць, сам ледзь не плакаў, праклінаючы той момант, калі згаджаўся, каб яна памагала яму ўскочваць ці падымаць на калёсы бярвенне, папіхала. Усё ж яна — кабета, не такая ў яе сіла, каб рабіць нароўні з мужчынам. Тады, пры рабоце, быў рад за кожную яе i маленькую помач, а цяпер во хоць укусі сябе за локаць за сваю неабачлівасць.

Няхай бы што з ім здарылася кепскае, а не з ёю.

— Баліць… — закричала яна. — Ой, як баліць…

— Мілая мая, харошая, — прасіў ён. — Ну скажы, дзе i што табе баліць.

— Жывот… — нарэшце прызналася яна. — Рэжа… Як агнём гарыць…

Як пачуў, дык стала лягчэй. Можа, сапраўды перасілілася, крышку адпачне — i зноў стане на ногі. Іначай i быць не можа. Бо што ж ён тут, на хутары, ёй парадзіць, як выратуе ад болю. I, на шчасце, Яніне, здаецца, начало лягчэць. Яна заціхла, прыўзнялася нават, абцягнула на калені лёгкую, некалі бела-жоўтую, а цяпер выцвілую сукенку. Калі Васіль, азірнуўшыся, убачыў ды сказаў, што з лесу выйшла i ідзе па дарозе Чапроўская, дык Яніна нібы зусім ачуняла, ажывілася, досыць рэзка паднялася, хоць i хіснуўшыся, абаперлася на бярвенне.

— Нічога маме не кажы… — папрасіла-загадала. — Няхай думае, што мы адпачывалі… I пра каня не гавары праўды. Запытае сама — адкажам, што ўцёк…

Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.

— Якая ты белая… — не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны. — Блажыць?

— Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела, — паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.

— Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская. — А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу… — i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.

— Уцёк ад нас Рыжы, — стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна. — Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.

— Дык самі цягаеце такі ценжар? — пахітала галавою Чапроўская, а пасля i папікнула: — Ці не падурэлі вы?! Цягнучы за каня, i падарвацца можна. Ты ж, — зірнула на Яніну, — дзяўчына, а ты, — перавяла позірк на яго, — яшчз ж нядаўна на жаўтуху хварэў, печань у цябе слабая… Падарвяцё змоладу, так перасільваючыся, здароўе — белы свет мілы не будзе… Скідай, хлопец мой, бервяно во гэтае, самае тоўстае, потым яго забярэш…

Васіль паслухаў, залез на бярвёны, стаў адною нагою на пярэднюю ручку, другою — на сярэдняе бервяно, ухапіўся рукамі за камель крайняга бервяна i папхнуў яго між ног назад, пакуль не скінуў з перадка. Пасля, злезшы, зайшоў за задок калёс, яшчэ, вышэй задняй ручкі, надняў узняты канец бервяна i скінуў яго долу, нагою адкаціў на ўзбочыну. Пакуль ён рабіў гэта, Чапроўская ўсё ўшчувала ix абаіх. У яе словах была праўда, але, канечне, няможна было цяпер, у такіх умовах, жыць па гэтай праўдзе. Хочаш ці не хочаш, але мусова трэба было якраз не спаць у шапку i не асцерагацца. Праўда, кабеты пасля злёгку падпіхнулі, i ён калёсы з двума бярвёнамі пацягнуў без вялікай натугі. Чапроўская ішла ззаду i ўсё ці то дакарала Яніну, ці пра нешта ў яе строга дапытвалася. Колькі разоў азірнуўшыся, Васіль бачыў, што Яніна нібы без ахвоты адказвае i ідзе, апусціўшы галаву.

На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.

— Сядзьце, з’есце трохі,— лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.

— Дзякую, мама, — сказала Яніна, — няхай Васіль перакусіць, а я прылягу, — i легла на палок.

— А што ж вы тут ясцё? — запытала Чапроўская.

— Ды не галадаем, мама.

— Бачу, што надта сытыя… Аж «ляўціць» усё i на адным, i на другім… Шчокі ўпалі, вачэй не відаць…

— Хлеб i тушонка, праўда, скончыліся, — прызналася Яніна, — але картофлю-самасейку капаем, булён ці шчаўе варым… Я нават шчаўе на зіму крышу…

— Зерне пражым, — дадаў Васіль, не могучы паадолець сліну, што гнала i гнала ў рот, калі ўбачыў такі вабны, смачны цешчын пачастунак. — Яблыкі-скараспелкі ходзім у Ляджа рваць… Там не згарэла, уцалела колькі яблынь… Увосень грыбоў на зіму насушым, грыбныя поліўкі будзем варыць…

— Адным словам, як паны жывяцё, — усміхнулася Чапроўская.

— Ды не прападзём, мама, — сказала Яніна. — Жылі людзі ў зямлянках, будзем жыць i мы.

— Я за свой век аж чатыры разы ў зямлянках жыла, — уздыхнуўшы, загаварыла госця, села пры стале. — Першы раз жыла, калі яшчэ малая была. Тады наша, яшчэ дзедава, хата ад маланкі згарэла — агонь палавіну Янковіч як языком злізаў. Пасля гэтага мы выбраліся з вёскі, пачалі жыць у Ляйтарках. Вось там, калі пачалася тая, першая, вайна з немцамі, нашу новую хату царскія салдаты на мост разабралі, змусілі зноў рабіць зямлянку. На трэці раз загналі ў зямлянку немцы, на чацвёрты — палякі… Цяпер вот, калі выганіць Кажушка, прыйдзецца пяты раз у зямлю рыцца… — горка пахітала галавою, зірнула нібы невідушча, — Іншы раз калі падумаеш, успомніш усё, дык аж дзіва альбо страх бярэ: божа, колькі чаго выпала на долю, колькі чаго можна выцерпець… A колькі яшчэ чаго наперадзе будзе… Босыя, без кала ł двара, без жаднай жывёлінкі, без гаспадара…

— A хіба Васіль ужо не гаспадар? — запытала Яніна, лежачы на палку i, здаецца, ужо ачуньваючы, — Хіба благую зрабіў зямлянку? Хіба не змайструе пазней хату?

— Зямлянка ў вас i праўда неблагая. Відаць, Вацік як быў у партызан, дык навучыўся ў ix, — усміхнулася Чапроўская, крышку падбадзёраная дачкою. Але тут жа, нешта ўспомніўшы, зноў засмуткавала, нават панікла. — Я i з-за вас, дзеці, начэй не сплю, але… — Зусім спахмурнела. — Бачу: будзеце жывыя — будзеце жыць. Не прападзіцё, як вы кажаце. А вот з-за Янака ўтрая мяне цяпер сон небярэ… — Заплюскала вачыма, не стрымала слёз. — Я спачатку, калі вы прыйшлі i сказалі, што ён вытварыў, не паверыла. Думала: можа, нагаварылі людзі, бачылі ці не бачылі, а плятуць. Калі ўцёк, дык не павінен ён абы з кім туляцца, лаўкі, як кажаце, абіраць, на начальства цяперашняе кідацца… Аж учора чуем уночы стук у шыбіну. Выйшаў Кажушка ў сенцы i тут жа зноў ідзе ў хату. Вас, кажа мне, кліча Янак. У мяне i ногі памлелі, сэрца абарвалася: ускочыў-такі ў пастку, пайшоў па сабачай сцежцы недавярак… «Сыночак ты мой, сыночак, — кажу яму ў хаце, — хай бы ты лепш не радзіўся ці малы памёр… Што ж ты сам губіш сябе? Мяне без пары ў магілу гоніш? Род наш знеслаўляеш?! Яня з Вацікам вунь на бацькаўшчыне ўжо сваёй, жыць як людзі пачалі, а ты… Ды ў той час, калі ўжо Брэсце на нашым баку…»— «Такая ўжо мая доля, мама, — адказвае, — Няма ўжо мне ходу назад. У арміі мяне расстраляюць. I Вяршок расстраляе, калі я сыду ад яго… Буду пакуль што хавацца, а потым, можа, з’еду куды…» — «Ідзі, злыдзень, — кажу, — да Васюкова, папрасі, каб заступіўся. Не ўхаваешся i не збяжыш, не ўратуешся нідзе…» Колькі ні прасіла, ні ўгаворвала, не паслухаў. Узяў чыстую бялізну i пайшоў з хаты ў ноч… Куды, чаго пайшоў, адзін чорт ведае…

Васіль i Яніна паныла маўчалі.

— Вацічак, сыночак, — нечакана толькі да яго загаварыла Чапроўская, — я цябе папрашу як сына… Яня сёння мне сказала, што Янак яшчэ ў вас не быў. Але я ведаю: ён прыйдзе сюды, не ўтрывае, каб не ўбачыць вас. Дык ты, сыночак, як мужчына пагавары з ім. Ты ж сталейшы, разумнейшы. Як кажа Яня, наш гаспадар ужо… Папрасі, змусь, каб адумаўся, не цягаўся з тым бандзюгам. Загубіць жа той яго…

Замаўчала, выцерла канцом белай хусткі слёзы.

— Канечне, пагаворым, мама, — падакляравала Яніна, таксама выціраючы слёзы. — Толькі ці паслухае ён i нас…

— Божачка мой родненькі,— забедавала Чапроўская, — ці ж трэба быць такім нелітасцівым? Як толькі нарадзіўся Янка, дык i маю з ім клопаты. Ды не толькі клопаты — бяссонныя ночы, слёзы, боль. Хіленькі, слабенечкі быў, доўга не мог падняць галоўкі, потым — на ножкі стаць, пайсці… Думалі: не выжыве. Але выжыў, акрыяў патроху, але доля яго ўсё роўна была няўдалая. То шкоду якую зробіць, то скалечыцца без дай прычыны: спатыкнецца на гладкай дарозе, са страхі ці з дзерава ўпадзе, нагу ці палец рукі куды падсуне — пад серп, пад касу, над якое кола… Пайшоў у школу — зноў бяда ды гора. То яго наб’юць смялейшыя дзеці, то настаўнік без дай прычыны прычэпіцца, то нешта паб’е ці перакуліць… Мы i вучылі, i крычалі, нават i білі з нябожчыкам Юзем — нічога не памагае. Ці маўчыць, ці плача… Думалі, гаварылі не раз: перарасце, паразумнее — зменіцца, талкавейшы стане. Аж ён i хлопцам не такі, як усе, стаў. Усе вясёлыя, гаманкія, борздкія, а ён усё задумлівы ды задумлівы, сцішлівы, а то нават нейкі i адрачоны. Як сам не ведае, чаго жыве, што робіць… Вот цяпер аднагодкі, маладзейшыя на фронт ідуць, хто рады, хто плача, а ён маўчыць… А я ж, маці, павінна была ведаць, што ён думаў, чаго хацеў, чаго баяўся… А я не ўведала, не пагаварыла добра… — Залілася слязьмі,— I ён ні разу не захацеў пагаварыць, усё таіўся… А цяпер, божа мой, каму — Вяршку даверыўся…

Чапроўская панаракала на вайну, на сваю жаночую i матчыну долю, паплакала, выяўляючы ўвесь свой боль.

Пасля, калі пахадзіла па дварэ, агледзела студню, вычышчаны склеп, выпаланы Янінаю гародчык, мальвы, луг, а таксама i блізкае поле з жытам, пшаніцай i бульбаю-самасейкаю, пачала збірацца дадому.

— Я ж вам, здаецца, казала, што Брэсце ўжо на нашым баку, вайна пайшла далей, — загаварыла на развітанне Чапроўская, — але зімаваць, будзьце пэўныя, будзеце тут адны. Людзі нашы яшчэ не скора вернуцца. Дык смела потым жніце з усяго янковіцкага поля жыта, пшаніцу, ячмень, выкопвайце картофлю — зімою як знойдзеце… Праўда, усё, што само насеялася, мізэрнае, але, што ні кажы, дабро… — Схамянулася: — Ага, ледзь не забылася. Дошчачка наказаў, каб сабаку яго прывяла.

Мурзік якраз, стоячы паблізу, залівіста гаўкаў на поле. Дарэчы, ужо каторы дзень, якую ноч запар ён на некага ўсё брэша. Спачатку думалі, што ён цяўкае на немцаў ці на Вяршка з шайкаю, але калі тыя не заяўляліся, дык рашылі, што, можа, брэша на вожыка якога альбо на ваўкоў. Шкода было Васілю аддаваць Мурзіка, бо i прывык да яго, i не ведаў, як заставацца тут, на хутары, без сабакі, без ніякай жывёлінкі. Але нічога не зробіш, мусіў паклікаць таго i ўзяць на вяровачку.

— Я, як сказаў мне пра гэта Дошчачка, хацела знайсці вам хоць якое шчаня, — прамовіла Чапроўская, бачачы, як Васіль i Яніна спахмурнелі, нібы сіроты. — Але не знайшла. Хто i мае, дык не дае. Трымае на развод, думае за гэта нешта ўзяць. Бо не кожны цяпер мае сабаку. Самі ведаеце, павыбівалі ix за вайну…

I калі, яшчэ раз наказаўшы, каб шанаваліся, не знясільваліся, не стараліся зрабіць за адзін дзень столькі, што трэба рабіць тры дні, падалася з хутара, дык Мурзік паплёўся з ёю нехаця, упіраючыся.

Яніна i Васіль доўга пазіралі ім услед са шкадаваннем ды са скрухаю.

Самотныя яны былі ўвесь астатні светлы дзень. Васіль моўчкі, прыцягнуўшы скінутае на дарозе бервяно, плазаваў камлюкі, Яніна таксама на адзіноце тупалася каля зямлянкі, гатавала вячэру. Толькі ўжо ў цёмны вечар, калі ляжалі на тапчане, парушылі затоенасць, разгаварыліся.

— Дык што табе сказала маці, калі я цягнуў калёсы, а вы ішлі ўслед? — запытаў ён.

— Ты што, чуў, што мама нешта мне гаварыла? — здзівілася Яніна. — Яна ж, лічы, шаптала…

— Не чуў, але здагадаўся. Яна, здаецца, гаманіла за нешта якраз на цябе.

— Бач, які здагадлівы, — прытулілася да яго. — Але жывы будзеш, калі i не ўведаеш. Яна мне пра мяне гаварыла…

— Пра што?

— Спі,— чамусьці не хацела прызнацца яна. — Ты ж натаміўся, адпачні.

— Лаяла, што выйшла за мяне замуж? Ці за тое, што згадзілася ca мною ехаць без часу сюды?

— Ну i зяць! Цешча з усёю душою да яго, а ён, бач, які недаверлівы! — папікнула. — Кажу ж, мне пра мае гаварыла… Ну, па-жаночаму…

— А ты скажы, каб я ведаў,— настояў, не разумеючы, чаму Яніна штосьці недагаворвае.

— Ну i ўпарты! — лагодна прамовіла яна. — Ну, казала, што мне ўжо няможна ні цяжкае падымаць, ні саскокваць зверху, ні рэзка нагінацца… Іначай… ці мне што, ці яму, ну, казала, бывала, што кабеты i паміралі ад гэтага альбо вось так губілі тое, што насілі…

— Больш не будзеш ні бярвён падымаць, ні зямлі варочаць…

— Хочаш, каб я жыла? Сына табе нарадзіла?

— От кажаш! — падакараў.— Нашто ж тады гэтая зямлянка, калі… Я жыць без цябе не захачу…

— Ты праўда кахаеш мяне? I моцненька? — запытала яна з радасцю.

— Я ж табе казаў.

— А ты яшчэ раз скажы.

Ён таксама ад радасці ўсміхнуўся: ну i гэтыя кабеты! Вось дык любяць лагодныя, пяшчотныя словы, прызнанні ў каханні!

— Чаму ты маўчыш? Не кахаеш?

— Не, — зноў усміхнуўся.

— Які паганы! — прытворна пакрыўдзілася. — Я ведаю: ты, можа, ужо i каешся, што ўзяў мяне, можа, цяпер думаеш пра Данусю-пястусю. Хіба з ёю ты гэтак пакутаваў бы!

— Канечне, не гэтак…

— От бачыш! — цяпер, здаецца, пакрыўдзілася па-сапраўднаму ўжо. Яна, як i кожная маладая жонка, была вельмі раўнівая.

— З ёю пакутаваў бы ў дзесяць разоў больш… — прамовіў ён. — А з табою мне ўсякія накуты не страшный…

— Каб жа ты праўду казаў…— адпусцілася, але не спяшалася дараваць яму яна. Папікнула: — Скупец! Шкадуеш добрае слова лішні раз сказаць… Ты — мужчына, табе, можа, i не трэба тыя словы, а я ж — кабета, мне хочацца i гаварыць, i чуць ласкавае, далікатнае…

Дагаварыла i замерла; у гэтую ж хвіліну наструніўся i ён: здаецца, на дварэ штосьці піснула жывое. Прыслухаліся. Цяжка было даць веры, але мяўкаў кот. Жаласна, нібы просячыся ў хату. I адкуль ён тут узяўся?

Васіль устаў, адчыніў дзверцы i зірнуў у цемень. Спачатку нідзе не згледзеў ніякага ката, а пасля паблізу аплазаванага бервяна ўбачыў пару светла-карычневых вачэй. Напружыўшы зрок, абмацаў вачыма i невялікі камячок. Кот! Няўжо іхняя Мурка, якая была ў ix да блакады? Калі яна, дык як уцалела адна тут?

— Мурка! — паклікаў ён. — Гэта ты?

Агеньчыкі мільгануліся, камячок варухнуўся i падаўся насустрач, увайшоў у зямлянку, зацёрся аб ногі i зноў жаласна замяўкаў, нібы заплакаў.

— Мурка! — узрадаваўся ён, падняў кошку на рукі.— Жывая! I не здзічэла, не забылася на нас! Дык гэта на цябе ўсе гэтыя дні брахаў Мурзік, адганяў цябе, бедную, ад нас? — Пагладзіў па спіне, а Мурка, шчаслівая, замурлыкала, тулячыся да грудзіны. — Жыві, Мурка, з намі, усё ж жывая душа. А па-другое, i твая тут дамоўка…

7

Мурзік (ён на трэці дзень збег ад свайго ружэвіцкага гаспадара i прымчаўся сюды, на хутар Амшарок) Hiяк не хацеў прымірыцца, што заявілася тут яшчэ адна жывая істота, знайшла прытулак i ласку. Ён пры першым жа выпадку нападаў на кошку, змушаў яе ці ратавацца бегам, несціся з усіх сіл ад зямлянкі ў поле, ці ўзабрацца i сядзець гадзінамі на бярэзіне альбо на грушы. Яніна i Васіль спрабавалі памірыць ix, прывучыць, што можна тут жыць ім абаім i што яны абаім ім рады, але скончыўся ліпень, пачаўся жнівень, a іхняя

прымірэнчая спроба не ўдавалася. Каб паспачуваць Мурцы, мусілі навязаць Мурзіка каля склепа, пасяліць яго ў будцы, дазволіць кошцы хадзіць там, дзе яна хоча, без ніякай перашкоды заходзіць у зямлянку. Мурка, ці то засумаваўшы за год без людзей, ці то баючыся ix зноў страціць, лічы, не адступала ад Яніны i Васіля ні на крок: ідуць яны на поле, у лес альбо вяртаюцца, заходзяць у зяМлянку — яна пляцецца ўслед за імі. Лягуць спаць — i яна сцюцюрыцца ў іхніх нагах, ціхенька мурлыча ад шчасця. Мурзік панерваваўся колькі дзён — ліслівіў перад імі, гыркаў на кошку, — а пасля здаўся, падпарадкаваўшыся сваёй долі, хоць, канечне, затаіў прыкрую злосць на кошку.

Сёння ўвечар Яніна i Васіль позна не клаліся спаць. Яна пры святле лучыны, што тлела на пліце, латала яго падраную на локцях i разарваную пад пахамі кашулю, а ён тачыў бруском серп — па-першае, рабілі пры зямлянцы i ў самой зямлянцы не толькі ўдзень, але i ўвечар, а па-другое, заўтра з раніцы меліся пайсці на рэчку, на Сядзіўную, каб нажаць аеру. 1 м, як i зямлянку, думалі накрыць склеп.

Абое, не змаўляючыся, аж уздрыгнулі, калі пачулі, што на двары нечакана забрахаў Мурзік. Яны кожны вечар чакалі сабачага брэху, дранцвелі, калі чулі яго, але сёння адразу ж разгубіліся ўдвая ці ўтрая, чым звычайна. Кожнаю жылкаю адчулі: цяпер Мурзік брэша не так, як раней цяўкаў на Мурку (a цяўкаў тады не вельмі пагрозна, смела ды з перавагаю сваёй сілы), цяпер жа ён нібы спалохаўся i забрахаў з адчаем, з перасцярогаю. Гэтак ён, як, бадай, i кожны сабака, падаваў голас удзень i ўночы ў Ружэвічах, калі заяўляліся нечакана незнаёмыя людзі. Ведаючы ўжо гэты нораў, адчулі: Мурзік брэша на людзей. I найхутчэй за ўсё прарочыць непажаданых — тых, каго яны чакалі ды баяліся ўсе гэтыя дні, пасля прыходу Васюкова i маці. Каб ішоў адзін Янка, дык Мурзік гэтак не перасцярагаў бы, бо ён, сабака разумны, навучаны-правучаны, помніў таго па Ружэвічах.

Бачачы, што Васіль збіраецца выйсці, Яніна хацела затрымаць яго. У яе вачах застыў спалох, i ўся яна наструнілася, нібы закамянела.

— Калі ўведалі пра нас, ідуць, дык ужо нікуды не ўцячэш, не схаваешся, — сказаў ён, адчуваючы, што трэба выйсці i суцішыць Мурзіка, бо той пазней можа заплаціць за свой гэты брэх i жыццём.

На дварэ было ўжо цёмна, халаднавата i, здаецца, расяна. Як ні ўзіраўся туды-сюды, нікога нідзе не ўбачыў, не пачуў.

— Ціха, Мурзік, — папрасіў, каб той не брахаў, не тупаў.— Маўчы.

Той паслухаў, сціх. Але па-ранейшаму стаяў галавою на Ляжджа — i Васіль зразумеў: адтуль, з прырэчных хутароў, нехта ідзе сюды. Неўзабаве Васіль, маючы абвостраны за вайну слых, учуў далёкія крокі. Нехта — і, канечне, не адзін — ішоў па тупкай пагонцы, што вяла з тых хутароў да Амшарка, а з Амшарка — у вёску. Непадалёку, ля поплаву, на муроўі, тупат заціх, i неўзабаве нехта адзін накіраваўся сюды. Ішоў лёгка, амаль нячутна. Пэўне, быў яшчэ малады. Па тым, што Мурзік паводзіўся досыць спакойна, Васіль зразумеў: ідзе не зусім чужаніца.

Не пачуўшы брэху, не выцерпела, выйшла з зямлянкі i Яніна.

— Ну, што тут? — не даходзячы да склепа крокі тры, запытала яна.

Васіль нічога не адказаў, ускінуў угору руку — яна, маючы добры зрок i слых, згледзела гэты яго перасцерагальны знак, замоўкла, затаілася, таксама прыслухоўваючыся.

Чалавек, пачуўшы Янініна запытанне, запаволіў хаду i, здаецца, клацнуў затворам пісталета. Запыніўся. Ці то сам ён усхвалявана дыхаў, ці яму здалося, але Васіль нібы адчуў чужое дыханне.

— Яня? — пачуўся глухаваты голас.

Яны абое выдыхнулі з сябе, здаецца, увесь цяжар: Янка.

— Мы, — адказала Яніна.

Янка рушыў зноў да ix, паўстаў у цемені перад імі невысокай таўсматай постаццю. Здаецца, ці ў фуфайцы, ці ў кароткім бушлаце.

— Вы адны? — не вітаючыся, запытаў ён. — Няма нікога чужога?

— Няма, — цяпер ужо адказаў Васіль. — Мы адны. На ўсю вёску i на ўсе хутары.

Янка, павярнуўшыся, свіснуў тры разы — тут жа з пагонкі сюды накіраваліся людзі. Падаў руку Васілю.

— Ну, здароў,— прамовіў. I праўда, як казала Чапроўская, пахнуў дымам, лесам. Як i лясны звер. Калі Васіль паціснуў яму руку ў адказ, дык не то збянтэжана, не то храбрачыся, ухмыльнуўся: — Вось у госці да вас прыйшлі…

— Не госць ты, а валацужны сабака! — накінулася на яго Яніна. — Думает, мы так ужо i рады?! Чаго ты прыпёрся? Хавацца? Нас, маму ўцягнуць у пастку? Усіх разам загубіць захацеў?

— Што за шум, a дракі нет? — пачуўся ўжо блізка знаёмы голас, гол ас Вяршка. — Брата роднага сястра не хоча бачыць? Гоніць прэч?

Васіль тузнуў Яніну за руку: маўчы, не агрызайся. Яна сапраўды заціхла, пазіраючы на няпрошаных гасцей: ix падыходзіла сюды трое. Усе высокія, мажныя. Мурзік загірчэў на ix, нутром чуючы нядобрае, але ні на кога не кінуўся, схаваўся ў будку.

— Ну, гутэн таг, — загуў басам Вяршок, мусіць, як воўк, усё добра бачачы i ў цемені. Усіх вайна змусіла быць заўсёды відушчымі i чуйнымі.— Не рады? Не тых чакалі? — здзекваючыся, раз за разам папраўляў на плечуку рэмень аўтамата. Ці то ад звычкі, ці то палохаў.— Чаго маўчыдё, як вады ў рот набралі? Мову адняло? Ці, можа, думаеце, як бы сігануць у Ружэвічы i заявіць на брата, на нас усіх свайму прыяцелю, Васюкову? Не раю НІ замышляць такое, ні бегчы… Раю быць гасціннымі… Так што запрашайце ў хату.

Першая моўчкі пайшла ў зямлянку Яніна, за ёю падаўся Янка, за ім — Вяршок i яшчэ адзін яго хаўруснік, трэці адышоўся i стаў воддаль ад зямлянкі — відаць, заступіў на варту.

— Добрая зямляначка! — спусціўшыся ўслед за ўсімі, Васіль пачуў Вяршкоў голас. — Лепшая, чым у нас. Утульнейшая.

Пры святле цяпер Васіль пазнаў незнаёмага чалавека: Крушынскі, сын панскага ляснічага. Усе лічылі, што ён яшчэ з трыццаць дзевятага года паехаў з сям’ёю на сваю бацькаўшчыну — у Познань, а ён, бач, туляецца тут. Як i Янка ды Вяршок, пахне сіверам, аж зрывае нос. Толькі тыя ў бушлатах, а ён у шынялі. Усе прыкідваюцца чырвонаармейцамі: Янка з пагонамі радавога, Крушынскі — яфрэйтара, а Вяршок — старшыны.

— Што — не красіф, брудны? — крыўляючыся, ухмыльнуўся Вяршок Яніне, бо яна, седзячы ўжо на палку, не зводзіла позірку з няпрошаных гасцей, — I не толькі цяпер не красіф, але i пасівеф ды палысеф, — шчыльней зацягнуў на акенцы цёмную фіраначку, зняў ca спіны досыць пакоўны вайсковы пляцак, сеў справа на лаўцы, апусціў перад сабою долу пляцак i аўтамат. Калі сцягнуў з галавы пілотку i паклаў яе на калена, дык сапраўды было відаць, што паглыбелі на яго галаве залысіны, памаршчынеў лоб, a скроні ды густая шчэць на шчоках сіваватыя. У чорных невялікіх вачах яшчэ выразней застыла непрыязнь, i ад ix выпраменьваўся жудасны холад.

За апошнія гады змяніўся i Крушынскі. З гонкага хлопца стаў мажным мужчынам, таксама палысеў i пасівеў, a тонкі яго нос завастрыўся нібы ў піку, чамусьці скрывіліся тонкія нервовыя губы — ці не быў ён паранены ў левую шчаку. Крушынскі сеў каля стала, аўтамат свой паставіў пры вушаку дзвярэй.

Янка, яшчэ дзяцюк пры мужчынах, быў схуднелы, з запалымі вачыма, з доўгаю драпінаю на шчацэ, быццам ад удару нажа ці кінжала. Ён сеў на палку, але воддаль ад сястры. Васіль апусціўся на саступкі пры ганку.

— Прыткія! — хітнуў галавою Вяршок. — Яшчэ зямля, лес пахнуць порахам, нідзе нікога, а вы ўжо гоп на гаспадарку! — Пасля нібы ўзрадаваўся: — Але не соладка, бачу, жывецца. Скура ды косці толькі на абаіх. Ці думалі, як кажуць, што пры вялікай любові i ў шалашы рай?

Васіль нічога не гаварыў у адказ, але адчуваў: не варта маўчаць. Набірае моц напружанне, гнятлівасць, i гэта можа неўзабаве выбухнуць.

— Не рады нам, такім гасцям, — зноў пахітаў галавою Вяршок, калі яму ніхто нічога не адказаў.— А мы ж на наваселле зайшлі. Павіншаваць. Ca шлюбам, з зямлянкаю. I не з пустымі рукамі заявіліся, а з падарункамі i пачастункамі. Прыйшлі не браць, а даць. Гасцей, што не абіраюць, а прыносяць добрыя падарункі, трэба ласкава прывячаць. Такія госці — божы даір…

Янка, адчуваючы няёмкасць за свайго верхаводу, за сваё хаўрусніцтва з ім, узяўся прыпальваць новую лучыну. Вяршок у гэты час нагнуўся, развязаў пляцак, дастаў з яго сінюю, з белым гарошкам хустку, сінюю сукенку з белым каўняром i з белымі манжэтамі на рукавах, чорныя, a ўсярэдзіне жоўтыя, з нейкімі белымі штампамі жаночыя туфлі на высокіх вузкіх абцасах, згарнуў усё у скрутак i шпурнуў на палок Яніне.

Тая несвядома злавіла ўжо на падоле ўсё, але трымала, здаецца, нібы палаючую галавешку, вось-вось могучы выпусціць яе з рук.

— Не бойся, не з цыпы якой садранае. З крамы, — ухмыльнуўся Вяршок, — Прыгодзіцца не цяпер, дык у чацвер… Голыя во абое, аблатаныя. Была б мая — дык не тое падарыў бы, увабраў бы як арцістку. А так лепшае аддаў адной цытры, каб хоць раз у месяц да мяне ў лес прыйшла… I табе, сапернік, прынёс тое-сёе, — вывалак з пляцака i падаў цывільны клёшны касцюм, здаецца, сіне-карычневага колеру, цёмную брылёўку i шэрую, у цёмныя клетачкі, кашулю. Усё адзенне было з падвешанымі на нітках цэтлікамі. Паклаў яго Васілю на калені,— Бяры. Таксама ўсё новае, няношанае. Меў злосць на вас, а цяпер, перагарэўшы, не маю. Не пайшоў ca мною, аблапашылі мяне — ладна, не тое прападала ці прападзе… Наце i яшчэ тое, чаго цяпер не знойдзеце з агнём… — Гаворачы, дастаў з пляцака два кавалкі цёмнага мыла, некалькі карабкоў запалак, пачак солі. Гэта не падаў ні Яніне, ні Васілю, a паклаў побач, на лаўцы. — Перастанеце зыркаць спадылба, будзеце трымаць язык за зубамі, памагаць калі — дык яшчэ не тое прынясу… Я не галяк, а маю тое, што вам, можа, i не снілася. У мяне ляжаць закопаныя яўрэйскія сталовыя сервізы, сярэбраныя нажы i відэльцы, пярсцёнкі залатыя… Гэтае дабро — заўсёды дабро…

Падышоў да стала, адсунуў конаўку ca снараднай гільзы, драўляныя лыжкі i выклаў два боханы чырвонаармейскага хлеба, тры бляшанкі кансерваў, колца вэнджанай кілбасы, салдацкую новую зялёную флягу.

— Вось як мы жывём! Як каралі! — пахваліўся, сеў на другі бок стала, загадаў: — Давай, гаспадыня, шыкуй усё. Папіруем. А ты, — навёў калючыя вочкі на Васіля, — падай вады, каб разводзіць спірт. I варушыцеся вы абое! Не чэрці ж мы ўрэшце! З адной плоці ды крыві! Хоць вы чысценькія, а мы — заплямленыя, але ўсё роўна на адной зямлі ходзім…

Пазней Яніна i Васіль адмовіліся ад пачастункаў («мы павячэралі ўжо»), Янка піў i еў мала, a налягалі на пітво i на ежу Вяршок ды Крушынскі.

Сын ляснічага маўчаў, быў нібы ад усяго адрачоны; Вяршок, падпіўшы, пачаў не прыдзірацца, як бывала раней, а сгіавядацца.

— Страшны, агідны я вам? — пачаў ён, праўда, з крыўдаю. — Нелюддзю, забойцам мяне лічыце? Сам бачу:

седзіцё як на іголках ды думаеце: «О божа! Калі цябе чорт панясе з хаты ды дзе ўходае, звядзе са свету?!» Канечне, іначай бы сустракалі, калі не так, a іначай было на свеце… Не любілі б, клялі за вочы, але не нагарджалі б… Не смелі б… Не смелі б наказаць, што гідзіцеся… Бо ніхто перад начальствам не фанабэрыцца, усе хочуць яму дагадзіць…

Ён гаварыў, прынлюшчваў, нібы для прыцэлу, левае вока i, здаецца, па-ранейшаму ўніваўся сваёю ўладаю, уладаю аўтамата, сілы.

— Але ці думаў хто ў сорак першым, што так усё павернецца? — пахітаў галавою, зажмурыўся ад дыму, а можа, найбольш ад адчаю, што, мусіць, які ўжо час тачыў яму душу, нібы шашаль. І той адчай, відаць, не заглушвалі ні зверствы, ні оргіі, ні гарэлка. — Я верыў усёю душою: усё, канец Саветам. Будзе ў нас новая ўлада, новае жыццё. Не бальшавікі, не яўрэі будуць кіраваць, мець усе асалоды, a зусім іншыя сілы. Падумаў я сам сабе: «А чаму i я не магу вынырнуць наверх? Ну, хто быў я дагэтуль у сваёй Оршы? У дваццаць пяць гадоў? Грузчык. Вугаль, мяшкі з соллю цягаў, пуп надрываў. Меў толькі на пражытак, жыў у канурцы, быў гнаны i абсмяяны. A хіба я дурань, абэлтух? Не, я не дурань i не абэлтух. Я заўсёды быў кемны, цямлівы, мог бы інжынерам, урачом ці настаўнікам стаць. Але не стаў. Уся бяда была ў тым, што бацька мой быў поп. Засланіў ён мне дарогу ў навуку, да насад, нарадзіў i пусціў у свет на ганенні, здзекі ды пакуты. Дык не, цяпер, пры новай уладзе, не буду кузюркаю, пастараюся стаць чалавекам. Калі можна апраўдаць тое, чаму быў я такі раней, дык чаму няможна апраўдаць таго, што я хачу стаць іншым?! Адным словам, пайшоў у паліцыю. Сам. „Хачу, — сказаў там, — паслужыць новай уладзе. Шчыра, сумленна, каб яна хутчзй тут узяла моц“. Абнюхалі, абмацалі — узялі. Стары мой, праўда, залямантаваў: „Ты — выхрыст, антыхрыстава семя, здраднік! Не смей здраджваць Радзіме, народу!“ — I давай-давай далдоніць мне ледзь не бальшавіцкімі лозунгамi. „Дурань ты стары! Мала цябе ціснулі!“ — сказаў я толькі яму i пайшоў станавіцца чалавекам…»

Вяршок заціх, наліў з флягі Крушынскаму, сабе ў кубкі спірту, дадаў вады з конаўкі, моўчкі, не запрашаючы, кульнуў, нанова закурыў.

— На службе я не хітраваў, не лайдачыў ці не віляў, як іншыя вілялі,— зноў загаварыў.— I там, i тут не шкадаваў ні бальшавікоў, ні яўрэяў, ні партызан i ix сем’яў, ні ўсякіх падазроных — нікога, хто хоць крыху нос вярнуў ад новай улады… Я i да цябе, галубок, — прыплюшчыў вока на Васіля, — дабіраўся, ды не паспеў. Нутром чуў, што ты ў гаспадаровай кузні не тое, што трэба, клеплеш, уночы людзей з лесу сустракаеш i сам у лес ходзіш… Ды i твой гаспадар, Дошчачка, мне намёкі пра гэта рабіў… Шчасце тваё: не паспеў… Немцы пасля «катла» пачалі рыхтавацца даваць драла, i я пачаў пра сябе больш думаць… Думаў разам з імі падацца. Я ж не дурань, ведаў i ведаю: тут мне канцы. Чамаданчыкі спакаваў, іду ў воласць, дзе адыходзіць на Навагрудак грузавік з чамаданамі афіцэраў. Толькі я ткнуўся, a адзін з ix штурхель мне ў грудзі: «Пшоль! Сваім ходам драпай, ты нам болей не трэба». Аж закалаціла мяне. Ах вы, свалата! Калі я верпа служыў, рабіў усю чорную работу, усталёўваў тут вашу ўладу, дык быў трэба, а цяпер ужо не трэба?! Зло, крыўда мяне ўзяла. Добра, думаю, што вам не толькі ў лыч далі, пыху збілі, але i рукі ды ногі вам пераламалі… Радасць мая гэтая, праўда, адмысловая была, бо не чакаў i не чакаю тут пераможцаў, бо яны нясуць мне толькі кулю ці пятлю… Адным словам, на Захад не пабег, як пабеглі іншыя. А што там рабіць? Кім там будзеш? Парабкам, халуём! Відаць, доля мая такая, каб быць гнаным, кузюркаю, a ўрэшце i загібець сабакам з ліхой памяццю… Але, — вочы яго страшна бліснулі,— не, не палезу сам у цятлю, не смальну сабе у скроню: пацешуся, нагуляю япічэ трохі, пакуль яшчэ час мой, час зброі… Яшчэ ў мяне многа зла, яшчэ не за ўсё я паквітаўся…

Зноў наліў Крушынскаму, сабе спірту, разбавіў вадою i зноў, не запрашаючы таго, выпіў, не закусіў.

— Ён, пан паручнік, — кіўнуў на Крушынскага, — іншы. Ён — рыцар! Ён усё меў, але ўсё страціў. Ён хоча ўсё вярнуць — маёнтак, багацце i яшчэ большае. Да д’ябла мне ён, я яго на ражне бачу, як i яго веру ды ідэю, бо я сам за сябе, але я цяпер з ім, служу яго гаспадару — польскаму лонданскаму цэнтру. Эмігранцкаму буржуазнаму ўраду ці яшчэ як там, чорт яго ведае… Мне абы з кім хаўрусаваць, хоць з самім д’яблам, абы шкодзіць бальшавікам… Хоць i яго натугі марныя. Яму старой «Польскі ад можа да можа», «крэсаў» ніколі ўжо не бачыць. Будзе Польшча, але ўжо новая, бальшавіцкая, без эмігранцкай буржуазіі. Толку ад таго, што мы передаём усё па рацыі лонданскаму цэнтру пра тылы Чырвонай Арміі, ад нашых дыверсій мала. Чырвоную Армію ўжо не спыніш. Чорт яе ведае, адкуль у яе сіла… Ці бальшавікі трохжыльныя, ці ўвесь народ ідзе за імі ў агонь i ў ваду… Вы ж абое, — паківаў пальцам на Васіля i Яніну, — таксама бальшавіку Васюкову прадаліся. Ён заваражыў вас сваімі байкамі пра будучы рай на гэтай зямлі… Толькі, я вам скажу, не спакушайцеся, не цешцеся, бо спачатку будзеце вялікі адказ трымаць… Вам за многае не даруюць… Вам, можа, прыйдзецца яшчэ i ў Сібір перасяліцца… Няхай во ён, — кіўнуў на Янку, — скажа, што чуў i бачыў на свае вочы…

— Дурань гэты «відушчы», — не выцерпела, падала голас Яніна. — Хто дык за заслужанае зложыць сваю галаву, а ён — за дурноту…

— Думаеш: героем стаў бы? Пасмяротна быў бы ўзнагароджаны медалём? — аскаліў зубы Вяршок, — Не, мілка. Усе вы тут асуджаны…

— Калі ў каго рукі не ў крыві ды душа без бруду, дык i тут не прападзе, — рэзка адказала Яніна. — Калі ж хто акрывавіўся чужою крывёю, аддаў чорту душу, дык i на тым свеце не будзе яму спакою…

— Во, галубок, у цябе систры да дык сястрыца! — пахітаў галавою Вяршок, — Судзіць, бэсціць… А ты яе шкадуеш. На днях, як мы прыйшлі сюды, на гэты хутар, дык ён, — кіўнуў на Янку, — рваўся памагчы вам, калі вы на сабе калёсы з лесам цягнулі. Аж пабялеў, калі мудрая сястрыца ўпіналася-ўпіналася ды ад натугі ножкі задрала. Каб не прыстрашыў, што пушчу нож у спіну, дык i ўдзень выбег бы з лесу…

— Адпусціце вы яго ці праганіце, — нечакана папрасіла Вяршка Яніна. — Вы самі за сябе адказ трымайце, а яго не калечце… Ён жа яшчэ зусім малады, не ведае, дзе праўда, а дзе мана, сам лезе ў пятлю… Маціўдаву, калі маеце ў душы хоць кроплю чалавечага, пашкадуйце…

— Перагарэла ў маёй душы ўсё чалавечае… — хмурна прамовіў Вяршок. — I ў яго паволі перагарыць. Раз сустрэўся з намі на адной сцежцы, дык з намі i да канца па адной дарозе будзе ісці… Як людзі кажуць? Пайшла душа па руках, дык у чорта будзе! Вось. А па-другое, як яго адпусціш? Ён жа ўжо ўсе нашы сцежкі, спраты ведае. Возьмуць яго за кіршэнь, страсянуць — дык ён, як ты, мілка, кажаш, малады, дурны, возьме i прадасць нас. Чалавек, калі яго апанаваў страх, на што хочаш гатовы, зноў i зноў можа прадаць сваю душу…

— Божачка, якое ліха! — забедавала Яніна, калі няпрошаныя госці перасцерагалі ix («Нават i не думайце ўдаваць нас, бо адплацім — перастраляем, i рука нават не дрыгне») i папляліся ў сваю ганебную дарогу. — Які нелюдзь гэты Вяршок! I праўда, нічога чалавечага, святога няма ў яго душы. Адна крыўда, злосць, помета ды ярасць у яго. Увесь свет вялікі ненавідзіць. Загубіць ён нашага дурня…

Яна ўсё яшчэ сядзела на палку, не слала пасцель, не прыбірала ca стала, дзе засталіся астаткі ежы, што даўно пахла на ўсю зямлянку, але — дзіва! — не вабіла, не гнала ў роце сліны. Можа, i таму, што яна была са злыдневых рук. Ківаючы галавою, Яніна сабрала з палка «прэзенты» i склала ix на лаўцы.

— А што будзем рабіць во з гэтым? — задумліва запытала.

— Гэта — паўбяды, — адказаў Васіль, таксама ўражаны, разгублены. — Усё гэта можам выкінуць, схаваць ці аддаць Васюкову. А вось важней іншае — сказаць ці не сказаць, што да нас прыходзілі такія госці?

Яніна вярнулася, зноў задумліва села на палку. Лучына на пліце дагарала, i ў зямлянцы браў моц паўзмрок.

— Выходзіць, трэба заяўляць на роднага брата… — ціха прамовіла яна. — Прыйдзе Васюкоў са сваімі людзьмі, заляжа, прыйдуць тыя — пачнецца страляніна… Адзін бог ведае, хто тады застанецца жывы, зложыць галаву… Калі ж, не дай божа, куля не абміне Янку, дык мама нам тады ніколі не даруе…

— А што ён у лесе выседзіць? — запытаў Васіль, перайшоўшы i сеўшы таксама на палок. Ля самай Яніны. — Уратуецца? Заслужыць дараванне? Не, не ўратуецца i не ўцячэ ад кары. Чым больш будзе хадзіць па крывых сцежках, вытвараць разам з тымі нелюдзямі, дык тым больш строгі пазней будзе для яго суд… Ды i нам цяжка ўвесь час жыць у страху…

— I нам, i яму можа быць смерць… — пахітала галавою Яніна, — Божа мой, чаму ты ўсё-такі нелітасцівы? Перажылі вайну, выцерпелі пекла, дык не, зноў

ні спакою, ні радасці няма. Нават цяпер, пасля вайны, возьмеш ды i складзеш галаву…

— А як іначай уратаваць Янку? — запытаў ён ужо ў цемені, бо лучына патухла. — Бачыш, нават пагаварыць з ім не далі, не адпускаюць яго ад сябе ні на крок.

— Каб жа я ведала, як яго можна ўратаваць, дык… — усхліпнула, прытулілася да яго. — Адно толькі душа чуе: загубіць ён калі не нас, дык сябе… У такія маладыя гады, у такі час… Не пацешыцца, можа, ні сваёю хатаю, сямейкаю, а будзе змоладу сырую зямлю парыць…

— Дык утрая, я лічу, трэба паспрабаваць выратаваць яго… — ужо цвёрда сказаў Васіль, — Можа, удасца як адарваць яго ад шайкі, вярнуць да розуму. Будзем маўчаць, а ён рана-позна пападзецца, загіне — усё жыццё тады сябе не апраўдаеш, сабе не даруеш…

8

Засада трое сутак цярпліва чакала Вяршка, але дарма. Той ці вылежваўся ў сваёй бярлозе, ці недзе рабаваў альбо, можа, па-звярынаму i насцярожыўся — сюды ні ўдзень, ні ўночы не патыкаўся. Ад бяссоння ды напружанасці выбіліся з сіл i Яніна ды Васіль i Васюкоў з людзьмі.

На чацвёртыя суткі апоўначы Мурзік падаў перасцерагальны голас — спачатку гаўкнуў раз-другі ціха, нібы будзіў, а пасля трывожна забрахаў. I калі пачуў неспакой сабакі, i калі ўжо на цёмным дварэ адной рукою гладзіў яго па галаве i шыі, a ў другой, запацелай, сціскаў пісталет, Васіль аж дрыжэў: па-вар’яцку часта i шалёна закалацілася сэрца. Сама душа адчувала: хуткая сустрэча добра не скончыцца, акрывяніць хутар, i адзін бог ведае, хто ўцалее, а каго неўзабаве i падкосіць куля. Па рыпу дзвярэй пачуў, што высунулася з зямлянкі Яніна: ёй там адной, відаць, вельмі страшна. Засыкаў — яна зноў схавалася, хоць, канечне, не супакоілася, таксама — а можа, яшчэ i больш — не магла суняць дрыжыкі.

Цёмная, амаль без зорак ноч, глухое наваколле, хутар застылі ў трывожным чаканні. Настала такая цішыня, што аж звінела ад яе ў вушах i, здаецца, не адчуваўся, а якраз чуўся стук сэрца.

Але вось у вушах нібы забухала: на пагонцы пачуліся крокі. I яны ўсё прыбліжаліся ды прыбліжаліся, скарачаючы шлях да няўмольна трагічнай хвіліны. На поплаве крокі заціхлі, а пасля ўзнавіліся: нехта ішоў сюды, да зямлянкі. I не адзін.

Васіль зусім разгубіўся: бурыўся іхні першы план, на які ён так спадзяваўся, i ўсё далейшае станавілася непрадбачанае. Па тым, па першым, плане Васіль павінен быў затрымаць, абяззброіць Янку i зацягнуць у зямлянку, каб выратаваць ад кулі, калі той зноў, як i мінулы раз, падыдзе адзін, a Васюкоў са сваімі людзьмі ў гэты час меўся ўзяць жывымі альбо знішчыць астатніх — адпетых злачынцаў. Цяпер, па іншым плане, Васілю трэба аглушыць альбо страляць у чужака, спадзеючыся, што Янка на яго, сйаяка, зброі не падыме. На словах, можа, усё выходзіла i гладка, але ці будзе ўсё так на самай справе?

Васюкоў з людзьмі затаіліся, i Васіль па постацях што набліжаліся, убачыў: ідуць сюды двое. Мурзік загірчэў, чуючы пагрозу, i Васіль наўмысна падаў голас: «Ціха, ціха, Мурзік», каб тыя яго пачулі.

— Гаспадар? — за крокаў пяць запытаў незнаемы.

— Я, — адказаў Васіль, хаваючы ў кішэню пісталет. — Сабаку во суцішваю.

— Чужых няма?

— Не, — прамовіў Васіль, баючыся, што сваім цяперашнім, здрадлівым голасам можа насцярожыць прышлых.

Постаці прыблізіліся. Адзін, крышку ніжэйшы, быў Янка, другі, высокі, ці не ў расхінутым шынялі, быў незнаемы. Па абліччы падобны на таго, што ў той прыход стаяў на варце.

— Чаго так смярдзіць бензінам? — ужо зусім блізка запытаў незнаемы. — На машыне тут быў хто?

— Я знайшоў i прынёс дадому пустую каністру. Вот яна i пахне, — ледзь не заікаючыся ад хлусні ды напружанасці, замармытаў Васіль, здзіўляючыся, які чуйны ў прышлага нюх.

Пакуль Янка падаваў Васілю руку, незнаемы зазірнуў у зямлянку, засвяціў туды, усярэдзіну, ліхтарыкам — ад святла, што адбілася ад сцен зямлянкі, у праёме дзвярэй Васіль убачыў сагнутую постаць незнаёмца — сапраўды ў расхінутым шынялі, з аўтаматам у правай руцэ, у ботах. Патушыўшы святло, відаць сам на свае вочы ўбачыўшы, што чужых людзей няма, той гукнуў савою. Тут жа з пагонкі пачуліся жвавыя крокі.

Стоячы ля Янкі, Васіль адчуў: той падвыпіўшы. Значыць, недзе пілі i рашылі зайсці сюды. Васіль засунуў руку ў кішэню i намацаў пісталет, каб неўзабаве ціха дастаць альбо выхапіць яго i смалянуць рукаяткаю незнаёмца па карку. Але ці зваліш з ног, аглушыш такога спрактыкаванага, асцярожнага бугая?

У гэтую ж хвіліну нечакана ля лугавіны, за былым садам i плотам, успыхнуў агонь i, робячы вогненную дугу, упаў на поплаве, узвіўся слупам i высвеціў дваіх, Вяршка i Крушынскага, што спакойна ішлі да зямлянкі. Тыя аж аслупянелі ад нечаканасці, на міг у адзін час закрылі твары рукамі. Крушынскі нават трымаў у руцэ аўтамат. Пасля адскочыліся: загарэлася над імі зямля. Факел, намочаны ў бензіне i цяпер падпалены, удала ўцэліў у загадзя аблітае бензінам сена на поплаве.

— Рукі ўверх! Вы акружаны! — пачуўся голас Васюкова. З лугавіны.

Двое, Вяршок i Крушынскі, тут жа апамяталіся — відаць, ад звярынага страху — i з нечуваным спрытам пусцілі чэргі з аўтаматаў на лугавіну. У адказ ім бліснуў, панёсся агонь i з лугавіны, i ззаду — з поля. Амаль у адзін жа час абодва рухнулі на дол як падкошаныя — адзін ткнуўся носам, a другі, нібы пераламаўшыся, — гупнуў на спіну. Нехта з ix дзіка заенчыў.

Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.

— Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле, — Ян… — Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.

Нечакана зноў стала ціха-ціха, толькі пры аслабелым святле пачулася, што пахне спалены порах. Да Вяршка i Крушынскага, да Янкі з незнаёмцам з усіх бакоў, прыгінаючыся, пабеглі людзі Васюкова.

— Гатовыя, — сказаў нехта задаволена на поплаве, падбіраючы з зямлі аўтаматы Вяршка i Крушынскага.

Падбіралі зброю i там, дзе ляжаў Янка.

Як не сваімі нагамі Васіль паспяшаўся туды і, дабегшы, пры зусім ужо слабым святле ўбачыў, што Янка шкрэбае праваю рукою па зямлі, глуха стогне. Скроня, шчака яго чамусьці цёмныя-цёмныя — відаць, куля трапіла яму ў галаву, i адтуль, з раны залівае шыю, твар кроў.

— Братцы, — пачулася ззаду, з-пад лугавіны. — Васюкоў забіты…

Тыя, што стаялі ля Вяршка i Крушынскага, пабеглі да таго месца, дзе ляжаў у засадзе Васюкоў; у гэтую ж хвіліну наваколле агаласілася пранізлівым жаночым енкам — з раскінутымі рукамі, галосячы, імчалася ад зямлянкі сюды, дзе стаяў Васіль, Яніна. Але, відаць, позна ўжо было як-небудзь памагчы яе брату…

Эпілог

— Ідзі на двор, — загадала Чапроўская, — Ты нічога не паможаш, толькі будзеш замінаць. Ды i не трэба табе, мужчине, быць тут.

Васіль накінуў на плечы бушлат i яшчэ раз з жалем, са шкадобаю зірнуў на Яніну. Тая, у белай кашулі, накрытая самадзельнаю, пашытаю з усякіх каляровых кавалкаў коўдраю, не зважала ні на маці, ні на яго, моршчылася, нават курчылася ад болю i то стагнала, то лямантавала на ўсю зямлянку, аж, здаецца, сінеючы ў твары.

Ён паслухаў цешчу i выйшаў. Ён ведаў, што цешча (кабета, маці) лепш дагледзіць, паможа Яніне, дык не варта ёй надакучаць, таўчыся ў яе гіерад рукамі. Дзякуй богу, адпусцілася во, прыйшла i ўвесь гэты тыдзень жыве з імі: дагэтуль не толькі не прыходзіла сюды, але, лічы, не гаварыла з імі, не дазваляла, каб паказваліся ёй на вочы i ў Ружэвічах. Яна лічыла, што i яны абое вінаватыя ў Янкавай пагібелі, не ўратаваўшы яго, маладога, няцямлівага. Ён як мог апраўдваўся, Яніна горка плакала, кленучыся, што яны рабілі ўсё толькі для таго, каб якраз адвесці Янку ад бяды, але старая не толькі пакрыўдзілася, а зацялася i нібы зненавідзела. Ніхто яе сюды цяпер не клікаў, сама прыйшла, здаецца, адпусцілася, палагаднела. Праўда, сынава пагібель не прайшла для яе незаўважна: зусім ссівела, пачала выглядаць старою бабуляй.

Васіль запыніўся каля зямлянкі. Тут, на дварэ, пасля зімовых маразоў, мяцеліц усталёўвалася пяшчотная сакавіцкая цяплынь. Неба было ўжо высокае, блакітнае, з кучмамі белых воблакаў, з амалоджаным яркім сонцам. Каля зямлянкі, склепа, стажка сена, а таксама ля паднавеса, дзе зімавала карова, якую наказаў ім даць перад смерцю Васюкоў, значыць, там, дзе быў зацішак, прыгрэвак, пачаў асядаць, раставаць снег i паказаліся першыя лапікі зямлі, што ўжо абуджалася, прагла волі, цяпла i жыцця. У паветры ўжо прыемна запахла яе жыццядайным водарам. Надыходзіла часіна вялікай паводкі, а таксама таго чаканага моманту, калі вось-вось павінны былі прыляцець сюды птушкі. Васіль найбольш любіў якраз такую пару, бо адчуваў абуджэнне, радасць у душы, а таксама прагу да працы, да зямлі, да песень, да нейкай новай надзеі ды веры.

Гэткае ж, узнёслае, пачуццё было ў яго i сёлета. Цяпер, праўда, у яго яшчэ быў i вялікі клопат. Усе яго думкі былі найперш пра Яніну; кожны яе адчайны енк, крык ці стогн болем адклікаўся ў яго душы, i заадно ён з нецярпеннем чакаў той хвіліны, калі зямлянка, іхняе жыццё азорацца святлом вялікага жывога поклічу, радасці ды шчасця, калі пасля гэтага зменіцца іхняя доля, зменяцца яны самі, калі сцвердзіцца вялікая i магутная загадка прыроды, свету i род чалавечы павялічыцца, каб не звясціся, а яшчэ болей i далей доўжыцца.

Вось Яніна надзвычай адчайна i доўга закрычала, здаецца, з усёй сілы, i ён, заміраючы, не мог выцерпець гэтага крыку, гэтага болю, заткнуў вушы пальцамі — хоць на хвіліначку нічога не чуць, думаць, што Яніне не толькі палягчэла, але i добра. Цяжка было адчуваць, што ты нічым не можаш памагчы любімаму чалавеку, які цяпер, рыхтуючыся даць новае жыццё, сам, бадай, развітваецца з гэтым светам. Без Янінінага крыку, таксама без ціхай песні капяжу, далікатнай мелодыі марозна-сонечнага паветра зазвінела ў вушах ці ў галаве, i ад гэтага настойлівага, неадчэпнага звону ці, можа, i ад хвалявання задрыжэлі пальцы, рукі. А можа, яны закалаціліся па нейкай іншай, нават невядомай яму прычыне.

«Божа, памажы ёй», — маліў ён у думках. Пасля не вытрываў адлучанасці, адклаў пальцы, каб зноў чуць тое, што робіцца ў зямлянцы, а таксама як ціхенька пяе прырода. I ў гэтую хвіліну аж скалануўся: замест Янінінага крыку пачуў тоненькі адчайна-патрабавальны піск. У яго памлелі ногі ды сэрца аблілося гарачынёю не то ад радасці, не то ад разгубленасці: нарадзілася дзіця! У яго ёсць сын ці дачка! Яны з Янінаю ўжо не маладыя хлопец i дзяўчына, а тата i мама!

Дзіця, паддаючыся нейкаму магутнаму вечнаму клічу, усё надавала i падавала свой голас, нібы сцвярджаючы: я — Чалавек, жыву, раз мне было суджана прыйсці на гэты свет! Перапаўняючыся радасцю, хваляваннем, Васіль з нецярпеннем чакаў таго шчаслівага моманту, калі яму можна будзе зайсці, зірнуць на яго, гэтага Чалавека, у якім пульсуе i яго кроў. Як бацька, ён адчуваў, што першае іхняе дзіця нарадзілася i ў цяжкі, i ў шчаслівы час — у год, калі скончыцца доўгая, шматпакутная ды шматкроўная вайна, прыйдзе Вялікая Перамога, усталюецца на роднай зямлі мір, хоць немаўляці разам з імі, бацькамі, прыйдзецца нямала сербануць ліха, пагараваць, пасніць перададзеных ад ix трывожных сноў… Нават аж сам здзівіўся, што да яго ў гэтыя хвіліны прыходзіць нейкае новае, узмужнелае, пачуццё, нейкая новая — ці не мудрэйшая — развага, нейкі новы, ужо бацькоўскі клопат.

Урэшце, калі ён ужо знемагаў ад нецярпення ўбачыць Яніну i дзіця, адчыніліся дзверы i з зямлянкі вызірнула Чапроўская.

— Заходзь, бацька, — усміхнулася яна і, калі Васіль уваходзіў, пазіраў на палок, на даўгаватую, бледную, з заплюшчанымі вачыма Яніну i невялікі скрутачак каля яе, дадала шчасліва: — Сына маеш… Так што не звядзецца род…

Примечания

1

Камасацыя — хутарызацыя.

(обратно)

2

Давай, давай хутчэй!.. (ням.)

(обратно)

3

— Ну, Хойзер, што тут у цябе? (ням.)

(обратно)

4

— Пан лейтэнант, дазвольце далажыць… (ням.)

(обратно)

5

— Заткніся… Давай, давай! Хутчэй, чорт вазьмі (ням.)

(обратно)

6

— Хутка, хутка! Выходзьце ўсе! (ням.)

(обратно)

7

— Хутка! Bось цяпер толькінацерад! У Янковічы!.. (ням.)

(обратно)

8

— Пасля ўсяго, што сёння нарабілася, i звар'яцець можна… (ням.)

(обратно)

9

— Ну, ну, Хойзер! Сціхні а то застрэлю, як здрадніка! I я хворы. I стаміўся... Але мы нямецкія салдаты... Разумееш? Хутка! (ням.)

(обратно)

10

— Прэч! У Янковічы... (ням.)

(обратно)

11

— Гатова! I цудоўна! (ням.)

(обратно)

12

Шчыра дзякую, ласкавая пані.. Вялікае дзякуй! (ням.)

(обратно)

Оглавление

  • Цяпло на першацвет
  •   Каўнер з заморскага звера
  •     1
  •     2
  •     3
  •   Крычаты
  •     1
  •     2
  •     3
  •     4
  •   Касцюм
  • Новы свет
  •   Спечаныя яблыкі на галінках
  •   Саладуха
  • Дарога
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  • Старая сасна
  •   1
  •   2
  •   3
  • Страта
  •   1
  •   href=#t26> 2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  • Першае каханне
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  • Сямён
  • Маня
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  • Аплявуха
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  • Помнік на ўзгорку
  • Ада
  • Цыганскія пechi
  • Губаты
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  • Ліст да Олі
  • Жывы покліч
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   Эпілог
  • *** Примечания ***