Шляхам жыцьця [Янка Купала] (fb2) читать онлайн

- Шляхам жыцьця 735 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Купала

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Янка Купала Шляхам жыцьця

Шчыра паважанаму

доктару А. П. Ерэмічу

гэтую кніжку пасьвячаю.

Аўтар

I. Бацькаўшчыне

*** Усяго па крысе…

Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, —
Пры сасе пры касе собрана за лета.
        Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра,
        Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай.
Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня;
Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя.
        Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай;
        Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата.
Што у думках я меў, кепска даць ня браўся,
Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся…
        Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды,
        Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы.
О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе…
Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі!
        А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы!
        Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.

Песьня мая!

Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —
Знацца ёй досьць зь беларускаю красай —
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо, калі гасьне паходня старая, —
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай ня знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай — служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.
Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песьня мая не шукае чырвонцаў —
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.

Грайце, песьні…

Ці то позна, ці то рана
      Чую нейкую напасьць;
Дзе ні стану, дзе ні гляну —
      Думка ўсюды голас дасьць.
Неба, сонца, месяц, зоры,
      Людзі, пушча, ўся зямля,
Ўсё да сэрца штось гавора,
      Ўсюды бачу моц жыцьця;
I пагодай, непагодай
      Не магу драмаць, чакаць:
Так і хочацца заўсёды
      Песьню вечную снаваць;
Добрай доляй, дзіўнай казкай
      Сон палошыць з хат нямых,
Пацяшаці сонца ласкай
      I старых, і маладых;
Зваці, клікаць на пакосы,
      На нязьмераны прастор,
Хай зазвоняць сьмела косы,
      Грукне ў лесе хай тапор;
Хай цярэбяць, косяць, звоняць,
      Клік пускаюць на ўвесь сьвет,
Аж няўлады ўсе разгоняць,
      Ляжа чысты роўны сьлед.
Гэтак, покі сэрца чуе,
      Што ня час у шапку спаць,
Грайце, песьні, хай красуе
      Наш загон і сенажаць!

Сваякам па гутарцэ

Шлю вам песьняй, братнім словам
      Здароўканьне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
      Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,
      Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
      Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
      Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
      Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай
      Магнацкай саеце,
А Ў сярмязе непавабнай,
      Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць а біты —
      Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
      Для ўсіх бел і смачан.
Слава вашай гэткай сілы
      Вочы ўрагам коле,
Сьведкай — сьвежыя магілы,
      Што сыпе няволя.
Сьведкай — прадзедаў шкілеты,
      Курганы з кустамі,
Сьведкай — песьні воклік гэты,
      Сьведкай — вы зь сьлязамі.
Дык хай жа вас не асіле
      Зьверства непагоды,
Распусьціце сваё крыльле,
      Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
      Ворагаў адстраша,
Будзе долі панаваньне
      На зямлі на нашай.

Паляці, мая мысьль

Паляці, мая мысьль,
Лётам сокала
I прагледзь гэты сьвет
Кругом-вокала.
Лётам сьветлай зары
Па-над стрэхамі —
Сып надзеяй жывой
I пацехамі.
Пей аб волі людзям
Думкі цудныя,
Уміляй іх жыцьця
Сьцежкі трудныя.
Залатыя сны ім
Няхай рояцца;
Няхай жаль на душы
Супакоіцца.
Гоняць хай ад сябе
Цьмы нядольныя,
І рука у руку
Пойдуць вольныя.
Так, ляці, эй, ляці,
Мысьль свабодная!
А ты міла спаткай,
Зямля родная.

Рвіся, думка!

Покі старасьць неўдалая
Костак з ног ня вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!
К таей праўдзе ненапраснай,
К шчасьцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!
Гарапашна, непрасьветна
I ў душы, і ў хаце,
Стане горай непрыветна,
Калі будзем спаці.
Дык жывуча, скокам-бокам,
Покі сэрца точыш,
Рвіся, думка, ненарокам, —
Знойдзеш, чаго хочаш!
Рвіся! рвіся! дый старайся
Нуду адалеці,
Заглушыцца не давайся
Ні за што на сьвеце.

За свабоду сваю…

За свабоду сваю
Ўсёй душой пастаю;
      У агонь, у ваду
      Я за ёю пайду.
Лепей сам сябе дам
Пахаваці людзям,
      Як свабоду хаваць,
      Злыбядзе аддаваць.
Ў сэрцы, ў думках сваіх
З самых лет маладых
      Я яе ўзгадаваў
      І сваёю назваў…
Гэй, ты, гэй, вецер, пей
А свабодзе маей!
      Гэй, ты, гэй, бор, шумі,
      А свабодзе грымі!
Гэй, ты, сонца, гары
Ад зары да зары,
      Ланцугі распалі.
      Па ўсёй чыста зямлі!..

На жалейцэ

I

З шумам бораў, ясакораў,
      Ой, гаю, ой, гаю,
На жалейцы-дабрадзейцы
      Думку дум зайграю.
Ой, зайграю, запытаю,
      За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
      Сэрца маладое?
Ці у маці я дзіцяцей
      Ня быў, не хаваўся?
Ці замала уздыхала,
      Як зь ёю прашчаўся?
Ці ніколі ня меў долі
      У чужой хаціне,
Ці я ў полі ня меў волі
      Пры чужой скаціне?
Ці мо’ сілы, Божа мілы,
      Калі не хапала,
Як з сахою ці з касою
      Ваюю, бывала?..
Ці ж то гэта, там, празь леты,
      Як умру з надзеяй,
Мае косьці ў дзікай злосьці
      Вецер не разьвее?
Не разьвее, не расьсее,
      Каб і сьлед ня ўзьняўся,
То гаротны і маркотны
      Па сьвеце бадзяўся?
Эх, жалейка-дабрадзейка,
      За што, за якое
Плачуць песьні, як ня трэсьне
      Сэрца маладое?

II

Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
         Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, —
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
         Граю толькі на жалейцы.
Я ня звон, што час нам ліча
I на веча праўду кліча,
         Хоць-та сэрца звонам б’ецца, —
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
         Граю толькі на жалейцы.
Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
         Хоць-та сэрца к славе рвецца, —
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
         Граю толькі на жалейцы.
Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
         Хоць-та сэрца к гусльям рвецца, —
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
         Граю толькі на жалейцы.
Я ня гром, што сьветы крыша
I людзям законы піша,
         Хоць-та сэрца громам б’ецца, —
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
         Граю толькі на жалейцы.
Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
         Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гімн вясёлы
Нашым нівам, нашым сёлам
         Я зайграю на жалейцы.

Каб я князем быў…

Каб я князем быў ўладарным
         Гэтых ніў і хат, —
Быў бы князем гаспадарным,
         Вёў бы добры лад;
На пасадным мейсцы б селі
         Права і закон,
Праўду вечную ўсе б мелі —
         Вечавы свой звон.
Не цягнуў бы я з падданых
         Крыўдай соль і хлеб, —
Кожны сам сабе ад рана
         Малаціў бы цэп.
Каб я сонцам залацістым
         Плаваў над зямлёй,
Быў бы сонейкам вячыстым
         Летам і зімой.
Не лажыўся б на разлогі
         Непраглядны цень,
Асьвятляў бы ўсе дарогі
         Ўночы і удзень.
Гадаваў бы ў вечным цьвеце
         Поле і лугі,
Распаліў бы ўсе на сьвеце
         Путы-ланцугі.
Каб я рэчкай быў міжгорнай
         На зямлі маёй,
Быў бы рэчкай жыватворнай
         Для старонкі ўсёй.
Ажыўляючай крыніцай
         Быў бы наяву,
Чыстай, шклістаю вадзіцай
         Змыў бы сон-траву.
На засушаныя кветкі
         Клаўся бы расой
I каціўся б праз палеткі
         Сьветлай паласой.
Каб я птушкай быў крылатай,
         Пець і лётаць мог,
Быў бы птушкай незаклятай,
         Па расе ня сох.
Груганом бы я ня крумкаў,
         Не наводзіў сьлёз,
А на крыльлях нашу думку
         Да Бога б панёс.
Крыўду-ведзьму нашых межаў
         Беднату і цьму, —
Ўсё б папраўдзе, як належа,
         Вылічыў яму…

Песьня сонцу

Вольным гоманам хвоек высокіх,
      Туманамі санлівых нізін,
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
      Клічам, сонца, цябе як адзін!
Распусьці залацістыя косы,
      Схаладзелы загон ацяплі,
Аквяці лугавыя пакосы,
      Ўсходы новыя сей на зямлі.
Зь непатульнай, пакорнай зямліцай
      Заручыся, шлюб вечны вазьмі,
Разьлівайся люстранай крыніцай
      Між даламі, гарамі, людзьмі…
Рассыпайся па сёлах, па нівах
      Брыльяньцістай ажыўчай расой;
У вясёлках купайся цьвятлівых,
      Ласкай сэрца, душу супакой…
Як у сьвята купальскае, сонца,
      Свой жывы абнаўляеш паглёд,
Аднаві славу нашай старонцы,
      Аднаві яе сумны народ!
Хай нам явары вечныя думы,
      Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,
І нясуцца хай гэтыя шумы,
      Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..
Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх
      Да крывіцкіх туманных нізін…
Казкай векаў блізкіх і далёкіх
      Клічам, сонца, цябе як адзін!

Песьня-байка

З-за далёку, із усходу
Віхар мчыцца ў непагоду,
        Байкі сее маладые;
        Думка чуе, думка ные…
…Ціха — Бачце: штось віднее,
Льецца нейкая надзея,
        Штосьці едзе з новым сватам,
        З новым шлюбам с хаты ў хату…
Скінь лахманец непазорны.
Пыл згані з ваконцаў чорны,
        Пыл змяці хутчэй з ваконца,—
        Шэпні-клікні: сонцэ! сонцэ!..
Бытцам с песьняй, бытцам з ласкай,
С чараўніцкай нейкай казкай
        З-за далёку, із усходу
        Віхар мчыцца ў непагоду…

Прад сьвітаньнем

Ціха… Бачце: штось варушыцца,
      Штось паўстаці хоча;
Перажытасьць гнецца, крушыцца,
      Новы сьвет шапоча.
Сонца зь цемрамі змагаецца;
      Мох зьлятае з хат і пунь;
Даль за даляй ажыўляецца;
      Ўсходзе ядраная рунь.
Дрыгацяць напасьці-пошасьці,
      Аціхаюць совы,
Разьнімаюцца з паношасьцей
      Крыльлі гругановы.
На курганішчы спускаюцца
      Туманы жывой расой
I па пустках расплываюцца
      Бесканечнай паласой.
Доляй-мачыхай прыдаўленых
      Зоры аклікаюць,
Ля магілішч акрываўленых
      Валахі чакаюць.

Маладая Беларусь

Вольны вецер напеў вольных песень табе,
      Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
      Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей,
      Зацьвіла, расьцьвіла даўгажданая
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
      Паплыла, пацякла неспыняная.
Паплыла, пацякла зь сьветлай казкай жыцьця
      Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак — карона твая,
      Ўся сама — ясната лебядзіная.
Зіхаціш і гусьлярскаю песьняй зьвініш,
      Узьнімаеш мінуўшчыну даўнюю;
Час сягоньняшні уперад ісьці не пыніш
      І глядзіш сьмела ў будучнасьць тайную.
Сьмела ў сонца ідзеш, як жывы агняцьвет,
      Сееш ласкавы сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
      Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
      Абнаўленьня павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
      Маці-радасьць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо ня так тапары у зялёным бары
      Хвойкі валяць зімой маразянаю,
Ўжо ня так касары ад зары да зары
      Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песьня бязь сьлёз,
      Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
      Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
Расьцьвітай жа, узьнімай на арліных крылах
      Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасьцяг
      Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай, рассылай на край сьвет пасланцоў,
      Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
      Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так
      Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
      Косьці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся зь нізін, сакаліна сям’я,
      Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь, маладая мая,
      Свой пачэсны пасад між народамі!..

Выйдзі…

Ўстань ты, старонка, родная маці!
Годзе зімовага рабскага сну,
Годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці, —
Выйдзі на поле, на сенажаці,
           Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгія векі
Ты валачыла з кастры, з палыну;
Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла зьдзекі, —
           Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы віхрамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежныя наспы мела начлегам…
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…
           Выйдзі спаткаці вясну!
З поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану зь лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чарадою
Рваць твае грудзі… Выйшла жывою, —
           Выйдзі ж спаткаці вясну!
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі бяз часу ў труну,
Казак вучылі, што ты ў магіле,
Толькі ж бліск сонца здраду асіліў —
           Выйдзі спаткаці вясну!
Ясна, сьвяточна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну
З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песьняй расьпейся, славай акрыйся,
           Выйдзі спаткаці вясну!
Сплецену зь церняў маеш карону,
Хорам твой — неба і нівы краса,
Царства ў чатыры дрэмле староны,
Слугі — мазольных рук міліёны…
           Выйдзі… Чакае вясна!..

Ты, зялёная дубрава…

Ты, зялёная дубрава,
Сон скідай, расьцьвітай,
I шумеці добрай славай
Не кідай на ўвесь край.
Гамані, расходзься шумам
Ад мяжы да мяжы,
Ўлі надзею вольным думам,
Аб усім раскажы.
Казку быўшых песьнясьпеваў
Распалі, разагрэй;
Разьмяці управа, ўлева
Сухацьвет, сухавей.
Маладыя загаворы
Ў ход пусьці, сатвары;
Яснаглядам долы, горы
Асьвянці, прыбяры.
Кінь разгонна весьці сьвету
Аб сабе, аб сяўбе
I да неба вестку гэту
Данясі у кляцьбе.
Абніміся зь нівай роднай
I душой, і грудзьмі;
Край прыбіты, непагодны
Ўскалыхні, падымі…

Песьня Званара

На высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
      Толькі птушка-арол дзе садзіцца,
Там збудую, ўзьвяду, нізі ўсёй на віду,
      Мураваную вежу-званіцу
I завешу я звон, з усіх чутны старон —
      Раўня голас і віхру, і грому.
Як пушчу яго ў ход, склічу ў міг карагод,
      Ні адзін не заседзіцца дома!
Разгудзіцца мой звон ад акон да акон,
      Душы збудзіць, па сэрцах удара,
Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц,
      Заварушацца яры, папары.
На ной кліч вечавы хто жывы, чуць жывы,
      Пад гарою касой загамоне.
Гулам звона скажу, сьцежку-шлях пакажу
      На прывольле, на ўродныя гоні!
За гарой за другой дам жывы вадапой,
      Жыватворнае кожнаму зельле;
На нязьлічаны час па нягодах папас
      Усім тым, што цярпяць і цярпелі.
Гэткі будзе мой клік — і магуч, і вялік,
      А ня трапіць ён к душам прыспаным, —
Вызву гром, перуны — хай памогуць яны
      Развагніць, затрасьці ўсе паляны.
Стогне бура грымот. Я свой звон ход у ход
      Размахну, як ніхто і ніколі;
Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур,
      Толькі розгалас пойдзе па полі.
Ляжа крушняю там вежа, звон і я сам,
      Арол-птушка ўскрыліцца пад небам.
А навокал гары задымяць сьцежары,
      Груганамі ўскалышуцца вербы…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
I вясна, і зіма. Быў званар — і няма.
      Ціха, ціха на белым прасторы.
Толькі жыў нежывы звону гул вечавы,
      Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры.
Йдзе, сыходзіць лет шмат. Званара помніць брат,
      Помніць звон, а сястрыца — званіцу.
Аб высокай гарэ, дзе ніхто не арэ,
      Казкі-байкі ліюцца крыніцай.
Як у прошчу па лек стане йсьці чалавек
      К мохам высланай крушні каменьня, —
Ад звана чарапок, цэглы — муру кусок —
      Будуць несьці падмогу ў цярпеньні.
Буду ўсё званаром, хоць даўно пад дзярном
      Сьпіць мая галава маладая.
Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет
      Адно толькі на зломе ўзрастае!

*** Не уздыхай…

Не ўздыхай, не бядуй, брат замучаны мой!
         I жыцьця не кляні, не кляні!
Думу-песьню запей, стань адважнай ступой,
         Яшчэ раз не засьні, не засьні!
Хоць за хмараю хмара плыве чарадой,
         Сільней хмар — гэта сонца вагні.
I ты, брат, не бядуй, рвіся к сонцу душой,
         Яшчэ раз не засьні, не засьні!
Болей крыжам адным — гэта цень прад зарой,
         А там лепшыя новыя дні!
Дык ня плач жа, брат мой, запей песьню са мной!
         Яшчэ раз не засьні!

*** Не пужайся…

Не пужайся, што здрадные хмары
Неба ўслалі с канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
                                 Ешчэ прыдзе весна!
Не пужайся, што лісць пажаўцелы
Лес скідае с канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
                                 Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што бедная ніва
Апусьцела с канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Неужоннае скончэна жніва:
                                 Ешчэ прыдзе весна.
Не пужайся, што вольные сілы
Ў путах дрэмлюць с канца да канца,
Што насільства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
                                 Ешчэ прыдзе весна,
                                               Ешчэ прыдзе!..

Гэй, наперад…

Гэй, наперад, покі сэрца
      Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
      Гэй, да сонца! гэй, да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
      Йшлі на той сьвет без пары;
Сёньня ў нашай моцы гора,
      Мы — жыцьця гаспадары!
Думка ў думку, дружна, сьмела
      Усе наперад грамадой!
Кожны ведай сваё дзела,
      Знай, за праўду крэпка стой!
К новай долі шлях нам ляжа,
      Як на небе Млечны Шлях,
Слова, дум ніхто ня зьвяжа,
      Жыць, цярпець ня будзе страх!
І ня стане больш пакуса
      Першых-лепшых збоку браць,
Славяніна-беларуса
      Вечна ў лапці абуваць.
Дык наперад, покі сэрца
      Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы!
      Гэй, да сонца! гэй, да зор!

*** За праўду…

За праўду, за шчасце, за лепшую долю
        Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду ня дайся, свайго дабівайся.
        Адвага хай будзе з табой!
Хай горкія сьлёзы, што ў сьпёкі, ў марозы
        Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
        І ў сэрцы распаляць агні.
Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць,
        Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасьце і славу
        Душу вырывай зь цемнаты.
Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі —
        Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
        Палічаць і нас за людзей.
Дык жыва ж к пачатку — ня час спаць у шапку,
        Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
        Збудзіўся і к праўдзе заве!..

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;
Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людскога жыцьця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песьню…
Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязьведанай далі,
К вядомай павернецца долі людской;
Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, сьвятло і прывольле, —
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей…
I так безупынку, то к небу — дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.

Мой дом

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Дзе бітвы точаць ветраў хвалі
Зь сям’ёй глухіх калматых хмар.
*
Мой дом — амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лесуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.
*
Мой дом — пясчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,
Аздобай цьвет — чырвоны пот.
*
Мой дом — узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.

Як я полем іду…

Як я полем іду, гнецца колас ка мне,
Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду;
Колас чуе усё ў зачарованым сьне, —
Колас гнецца ка мне, як я полем іду.
Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног,
Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду;
Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных зьнямог, —
Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду.
Як я лесам іду, зважна думкі сную,
Аглядаю сьвятую дубоў грамаду;
Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю,
Зважна думкі сную, як я лесам іду.
Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце;
Бледны сум падыходзіць — прыносіць нуду;
Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце, —
Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.

Я ад вас далёка…

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,
     Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
     Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
     Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
     Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
     І паняў хто шчыра той агонь і мора,
     Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
     Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
     Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я —
Дома толькі думка днюе і начуе;
     Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
     Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, —
     Што мне замянілі б хату і бярозкі,
     Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
Я ад вас далека… Дзеліць нас паўсьвета, —
А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;
     Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,
     Цешуся з праталін вольнага прадвесьня,
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, —
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
     З выраю як толькі сустракаю гусі,
     Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далёка… Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі;
     Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
     Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
     Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
     Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, —
     Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
     Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, —
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца
     І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
     Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

Мінуты шчасьця

Сплылі ў душу з высі высокай
I зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
         На дальнім летнім небасхіле.
Цьвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаньнем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
         Цяклі нявыплаканай сілай.
Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах
         На ўсёй будзённасьці завілай.
Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крышталі,
Аж пацягнулі вышай, далей,
         Туды, адкуль сышлі так міла.
Вітаю іх і не вітаю,
Стаю, як пільгрым на расстаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
         Як над пустой стаю магілай.

Вячэрняя малітва

Як летняе сонца свае згасіць косы
I кветкі нябесны зайграюць нясьмела, —
Ноч сее тады серабрыстыя росы,
Над логам зьвісае туманнай пабелай.
Ад бледнага месяца бледныя цені
Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні;
Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў,
Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні.
Цікавая думка над сном усплывае,
Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца,
Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая,
I вогнікам ціхім навокала ўецца.
Малітва вячэрняя ў той час выходзе,
Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі,
I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.
О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша
З планетнай зарніцай і месяцам бледным!
Хай песьня спакою душу укалыша
I вынесе чыстай над шумам пабедным!

Зоркі

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты,
Зоркі на небе страчаў я чатыры;
Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты,
Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.
Першая — бацькава зорка ясьнела,
Маткі — другая глядзела ў сьвет горка,
Трэйцяя мне мігацела нясьмела,
Роднай зямелькі — чацьвертая зорка.
Першая згасла навекі ня ў часе,
Звольна губляе бліск свой другая,
Трэйцяя сумнаю мглой спавілася,
Толькі чацьвертая лепей міргае.

Шлях мой…

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
      Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, —
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
      Ўецца зімой і вясной.
Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
      Ухуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,
      Казкай, нягаданым сном.
Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
      Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,
      Бедамі клікалі спаць.
Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
      Пут гэтых толькі ня бачачы сам:
«Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы.
      «Далей!» — адказ яму дам.
Далей і далей праз выдмы няплодныя,
      Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,
Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,
      Покі ня згасьне жыцьцё!..

*** Дзе ты, шчасьце маё?.

Дзе ты, шчасьце маё, дзе ты, сьветлая доля?
За што сэрца гняце жалю дзікая змора?..
Воыйду цёмнай парой гэт’ за вёску на поле
І падслухаю сьціха, што ночка гавора.
Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу
Песьняй радасьці зглуша і ўсьпіць назаўсёды,
Мо’ пакажа няшчаснаму к долі дарогу
І разгоне ў душы цемнаты, непагоды.
Га! нічога ня чуць, толькі неяк, здаецца,
Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны,
Толькі шум баравы зь цёмнай далі нясецца
І пяе у душы пахавальныя гімны.

*** Легло на сэрцы…

Легла на сэрцы гора нядольнае,
         Легла і мучыць, гняце,
Ў думках замёрла жальба нявольная,
         Боль неспажыты цьвіце.
Дзе я ні кінуся, зь песьняй ні вылету, —
         Выхаду, сьцежкі няма…
Лёдам гасьцінец мой выбіты, выліты, —
         Лёд — як магіла сама.

У чужой старане

Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрца больлю сьціскаецца мне
I спакой недзе коціцца проч.
        Думы цяжкія роем снуюць,
        Капашацца чмяльмі ў галаве,
        Сноў спазнаць залатых не даюць,
        Кожна мучыць, к загубе заве.
Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым,
Чорнай п’яўкай сьлізгоча ў душы…
Аб жыцьці беспраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.
        Ах, салодкі ўспамін не адзін
        Шалясьціць, як вяроўкаю кат…
        Столькі іх, гэтых мілых часін!
        А забыці іх сілы няхват.
Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень?
        Роднай песьні вясёлы напеў
        Не ўзлунаў над калыскай маей;
        Супраціўны скрозь мучыць павеў,
        Як за хлебам пайшоў да людзей.
Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваёй, ах, на роднай зямлі
Сустракаўся я з сонейкам так.
        На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
        І гарачай крывей паліваў,
        Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —
        Тэй зямлі трох аршын не дастаў.
Што ж? — разгулівай, сыты чужак,
Між забраных крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.
        Гэй, ты, краю халодны, чужы,
        Прытулі бесхацінца к сабе:
        Ён цябе, як і роднай мяжы,
        Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.
Ты, дзяўчына чужая, закрый
Па скананьні мне зрэнкі мае,
Ты, чужы друг, мне яміну рый,
Віхр чужы хай памінкі сьпяе.
        Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,
        Мае путы павесьце на ім;
        Мае сьлёзы з магілы расой
        Выйдуць путы зьяднаці іржой.

Холадна…

Холадна, холадна ў хатцы маей:
        Лёгка навек загавеці;
Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй;
        Божа! як жудка на сьвеце!
Голасна будзячы сонну глушу,
        Віхры зусюль завываюць;
Думка за думкаю лезе ў душу,
        Сэрца нудою сьціскаюць.
Нейкім туманам усё заплыло;
        Глуха!.. Ні сілы, ні гарту…
Ўсё пражыванае прахам ішло.
        Ўсё, што йдзе, думаць ня варта.
Зь нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет,
        Зь нейкім на той сьвет сыходзім;
Потам, крывёю век сьцелецца сьлед,
        Песьню змучэньня заводзім.
Ступіш… і гадзіны ўюцца ля ног,
        Крыкнеш… ня чуюць каменьні;
Рукі працягнеш ты, повен трывог…
        Ласкі ня знаюць паленьні.

Мая доля

Што дасі заўтра, доля зьмянлівая,
        Спадзяюся пацехі я мала;
Адно знаю, што ўсё нешчасьлівае
        Ты мне толькі дагэтуль давала.
Сіратой па чужых кутах кідала
        І нудою мне грудзі сушыла;
Ня раз так мне была ты абрыдала,
        Што ўсьміхалася шчасьцем магіла.
Ты калі мне ў вачох разьясьнялася,
        Сэрца білася верай, надзеяй,
Хоць нязванаю зьнекуль зьяўлялася,
        І тады адны сьлёзы я сеяў.
Ты шумеламне песьні магільныя,
        Як мяцеліца дзікая ў полі;
Ты нясла мне усё непрыхільнае…
        Эх, ня знаць бы цябе мне ніколі!
Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,
        А зіма і слата гадавалі,
Ад няволі ты мучыць наўчылася,
        А пасьля мне багі цябе далі…

Прыстаў я жыць…

Прыстаў я жыць на белым сьвеце,
Хоць столькі ўвокала жыцьця;
Завялі думкі на расьцьвеце,
Душа жадае небыцьця.
Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чарнатой, —
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе зь зернем-сіратой.
Пытаньня злога не пазбыцца,
Як мара бледная, стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багам паклоны біць?
Мінуў, загінуў час вяселы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл.
Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасягнутых вышынь,
Каб, апынуўшыся ў крышталі
Шчасьлівых сонечных іскрын,
Самое сонца ўзяць у рукі
I як з паходняй, зь ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.
Ўзьнімаць патоптаныя душы,
Людскім названьнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі яшчэ сьпяць.
Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом…
I сіл ня стала зь непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.
Чырвонай зданьню ў цёмных сенцах
Наш рок сьляпы снуе, цьвіце;
Зьмяіны рогат адшчапенцаў
Жывыя грудзі рве, гняце.
На ніве роднай зброд прадажны
Скрозь гаспадарку распрасьцёр,
Чужацкай песьняю прыказнай
Калыша здаўлены прастор.
І шумна чаркі напаўняе
Крывёй асьлепленых рабоў…
Гульню так чорную спраўляе
Паміж крыжоў, паміж грабоў.
Ваякі лепшыя за славу,
За славу роднай стараны,
Або ляглі ў бітве крывавай,
Або у путах — і яны
Ярмо валочаць паніжэньня,
Ў кляцьбе бясьсільнай гоняць век…
Глядзіш… пытаеш свайго ценю:
Дзе тут зьвер, дзе чалавек?
У жудкім, чорным беспрасьвіцьці
Бушуе выпасьвены кат…
Любіць… Каго, за што любіці?
I ненавідзець сіл няхват.
О Божа праведны, ты сілу
Сваю вяліку акажы:
Ня згінуць з Бацькаўшчынай мілай
Свайму слузе дапамажы.
Сашлі мне сьветлую падмогу
Астаткі сіл сваім аддаць
I — не зрабіўшы брату злога —
Пад крыжам бацькавым сканаць.

Дзе?.

Дзе ты, хатка, дзе сялібка,
      Родны мой куточак,
Што мне даў бы скаратаці
      Рэшту дзён і ночак?
Дзе загон зямелькі чорнай,
      Дарагая ніва,
Што дала б мне нацяшацца
      З залатога жніва?
Дзе ты, конік мой, буланчык
      Хто цябе дзе спасьціў,
Што павёз бы, што памчаў бы
      Ў сьвет, за лес, па шчасьце?
Дзе прыяцелі, дружочкі,
      Родныя, чужыя,
Што мне б крыўдай не сушылі
      Леты маладыя?
Дзе ты, любая дзяўчынка,
      Роўная цьвяточку,
Што мне зачыніла б вочы
      У апошню ночку?..
Што было, што не — сплыло ўсё
      Як вадзіца ў мора,
Засталіся толькі думкі
      На бяду, на гора.
Засталіся толькі песьні,
      Ды што зь імі будзе:
Доля смуткам аплятае,
      Сьмехам бэсьцяць людзі.

К моладасьці

Ты скажы, скажы,
Мая моладасьць,
Што дала ты мне,
Сыну хамскаму?
        Ой дала ты мне
        Скарб нязьмераны:
        Сілу моцную,
        Неўгамонную.
За труды мяне
Не адхвалюцца,
З мазалёў, крыві
Не аддзівюцца.
        Дзе мой капне пот,—
        Дзірван, пасека
        Шуміць коласам,
        Урадлівасьцяй.
Сенажаць-трава
Ляжэ покатам,
Стогне зелен бор
Пад рукой маей,
        Дый услужнасьцей
        I пакорнасьцей
        Надарыла ты
        Мяне, моладасьць.
Адно, доля дзе,
Скажы, моладасьць?
Чаму волю даць
Ты забылася?

Чэлавеку

Ці ты чуеш, як стогне віхура,
Як старой хаткі сьцены дрыжаць,
Як у коміне вые панура,
Як сукі ў боры цёмным трашчаць?..
Ці ты бачыш, як хмара за хмарай,
Як дым, небам плывуць чарадой,
Як кусты, сенажаці, папары
Заліліся магільнай імглой?..
Ці ты бачыш ноч гэту над намі,
Ноч асеньнюю, дзікую ноч,
Засьцілае што сьвет цемнатамі
Непраглядна, хоць ў процьму ты скоч?..
Ці паняў, што мрок гэты гавора,
Што аддалены шле яго шум,
Як у гэта бязьмежнае мора
Ты глядзіш, гэтых слухаеш дум?..
О, дрыжыш перад шэптамі чараў
Цёмнай ночы, магутны цар дня,
I прыходзіцца ўцяміць няздары,
Што мудрэйша ёсьць моц, як твая.
Дарма розумам цэлыя годы
Ў жыцьця дзівы, як мог, заглядаў:
Чарадзейную кнігу прыроды
Не пытаў, адчытаў, скарыстаў.
Што зямля б на сьвет жыць не пусьціла,
Ты паняў да канца з урада;
Табе пара каня адмяніла,
Цябе слухае вецер, вада.
Ты і неба ўсе скрыткі падгледзеў:
Зьлічыў, колькі зор, што ёсьць на іх;
I нічому, здаецца, ўжо недзе
Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.
Ты і ў прышласьць рад глянуць зараньня,
Зьмёў бы пыл забыцьця з прошлых дней,
Ўсё ж бязьсілен твой розум і знаньне
Перад голасам духу начэй.
Ты дрыжыш перад нечымсь, як глянеш
Ў гэту цем, падслухаеш яе;
Як дзіцё, як матыль, слабым станеш…
А ноч тайна а дзівах пяе.
Мае сьвет неадкрытыя сілы,
Што людское ўсё знаньне прайшлі
Гэтых сіл не пазнаць да магілы
Табе, думнаму цару зямлі.

Згнаньнік

Выгналі з хаты, выгналі людзі,
        Выгналі косьці жывыя;
Сівер са сьнегам рынуўся ў грудзі,
        Рынуўся зьверам на шыю.
Месяц загінуў, выгасьлі зоры,
        Даль залягла беспрасьветам;
Хмары глухія, хмары — як горы,
        Ходзяць, сапуць непрыветам.
Смольлю, заломам сьцежка-дарога,
        Ведзьма-мяцеліца стогне,
Жудкія думы шэпча трывога,
        Сэрца то змоўкне, то дрогне.
Горбяцца плечы, кволыя плечы,
        Як бы цягнулі каменьне,
Рукі мароз і сячэ, і калеча,
        Корчацца ногі ў каленьню.
Годзе змагацца з доляй паганай,
        Сонца шукаць сярод ночы,
Блудам блудзіць па мёртвых палянах,
        Сьлёзьмі крывавіці вочы.
Сыпся, кружыся, бел-сьнег, навокал,
        Мяккай кладзіся пасьцеляй!..
Ляжам, як ляжа ранены сокал,
        Знойдзем, нарэшце, прысельле.
Лес мой, жывая пушча-старуха,
        Мы не загінем з табою…
Шумам пальеш мне казкі да вуха,
        Важна ўкалышаш спакоем.
Дзе-нідзе вогнік глянуў сквапліва,
        Братняя блізка хаціна:
Гэта з праглядам выбрыў на ніву
        Воўк — як і ты — сіраціна.
Голас пачуўся, быццам хто кліча,
        Штось у душы затраслося:
Гэта ў галінах вецер скавыча,
        Воклік магільны разносе.
З дальняга неба зоркі міргнулі…
        Як бы ня так ужо цёмна…
Зоркі сьвяціці ўсім не мінулі,
        Толькі… мінулі бяздольных.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Полаг гатовы белы, пуховы;
        Ляж, не глядзі, не ўслухайся!
Сну у магіле яснай, сьняговай,
        Вечнага сну не пужайся.
Прыйдзе вясна, распусьцяцца лозы…
        Ты ўжо ў пасьцелі зялёнай…
Сьпі, мой гаротнік, годзе ліць сьлёзы,
        Біці нягодам паклоны…

С песень жыцьця

Час быў вясеньні. На скібіны дно
Пала, ўзышло, зарунела зярно.
      Ў курную хату, на яве ці ў сьне,
      Доля-нядоля прынесла мяне.
*
Лета настала. Ўжо колас глядзеў.
Рос, красаваў, наліваўся, — дасьпеў.
      Шчасьця, пацехі ня знаўшы ў жыцьцю,
      Вырас і я на нядолю сваю.
*
Восень на сьвеце. Бор стогне, шуміць;
Колас нязжаты на полі стаіць.
      Нудна у сэрцы, дзе вокам ні кінь,
      I я, як той колас, бядую адзін…
*
Зімка прыйшла; белы вываліў сьнег;
Колас у гурбе знайшоў свой начлег.
      З доляй змагацца зь сіл выбіўся я,
      Эх ты, магілка, эх, дзе ты, мая?..

Хмары і думы

Чорныя хмары па небе плывуць, —
Чорныя думы заснуць не даюць:
      Хмары хацінай, а думкі душой
      Рады затрэсьці, заціснуць сабой.
Валіцца з хмараў то сьнег, то вада, —
Чорныя думы прыносіць бяда;
      Так і ваюе бядак-чалавек
      З хмарамі, з думамі цэлы свой век…

Зваеваным

Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі,
І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу сышлі…
Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі…
Хай жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…
Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,
Плача-галосіць у коміне вецер глухі…
Сьпіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!
Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;
Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!
Вы, перамогшы усё, узьняліся арламі,
Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!
Грозна нясьліся магутныя вашыя клікі;
Нават каменныя душы скідалі свой сон;
Радасьцю дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…
Сіл не хапіла… запеў пахаронны вам звон.
Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…
Сьпіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!

Вясна за вясною…

К нам вясна за вясною ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Хоць бы раз заірдзела раса
Жыватворна убогім палям,
Хоць бы раз зазьвінела каса
I дзень лепшы наклікала нам.
Вянуць кветкі штораз без пары,
Вяне зелень спустошаных ніў.
Шум ня моўкне ў зялёным бары:
Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.
Не напоўніць вам клецяў сваіх,
Пот і сьлёзы льіцё вы здарма;
Ў паднявольнічнай службе ў чужых
Не падняць вам галоў з-пад ярма.
Вам — пакорным рабам — не вясны,
Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,
А пад песьні паўночнай зімы
Ямы ў полі сабе ж будаваць.
Будаваць, покі вы чужака
Нівай будзеце роднай карміць,
Будаваць, покі ваша рака
Чужакову каню дае піць.
Для асьлепленых, здаўленых вас
Не было і няма іншых дум…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Так над намі вясной кожны раз
Стогне бору зялёнага шум.
Так вясна за вясной к нам ідзе
I бязьсьледна адходзе ад нас…
Ні канца той бядзе і нудзе,
Ні пачатку сьвятла хоць на час.

Не спадзейся…

Не спадзейся, сын і матка,
      Ад жыцьця патолі…
Ні канца, ані пачатку
      Вашай чорнай долі.
Ці сягоньня, ці то заўтра —
      Як і ўчора, усё так;
Стогн гнязьдзіціся спанатрыў,
      Жаль пляце свой мотак.
Шчасьце ў путах… Звод разьвеяў
      Думку маладую,
Засталось крыху надзеі,
      Дый паганяць тую.
Вера ў будучыны жніва
      Спапялела з гора,
Крыўда-ведзьма незьмянліва
      Заліла, як мора.
Гарт апёрся на кургане,
      Як ноч, уздыхае,
I ў кургане уздыханьне
      Гарту падцінае.
Каня з смагі на пагодзе
      «Піць» галосе ў небе,
Ды ў завею воўк заводзе
      Па крывавым хлебе.

Не для нас…

Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляла на небе высокім
Сеяць думкі вясеньнія, райскія,
Гэт’, па сьвеце вялікім, шырокім.
Для нас ніва, намі ўспаханая,
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Б’е паклоны направа, налева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над ракою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шаптацца з душою.
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разьліваецца
Салавейкава звонкая песьня…
Сонца паліць нам грудзі збалелыя,
Ніва ласкі над намі ня мае,
Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,
Ці ж тут міла і песьня якая?!
З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,
Б’ёмся, гінем і шчасьця ня бачым;
Працай жывяцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачам…

Чаго хмурацца…

Чаго хмурыцца
Неба сіняе?
Чаго носяцца
Віхры дзікія?
Чаго шэрыя
Совы ўзгукалісь?
Чаго чорныя
Крукі грагаюць?
Чаго гадзіны
Падкалодныя
Шыпяць, сыкаюць
На сьвятое ўсё?
Ці та сонейка
Загасілася,
Ці та ўскрылася
Апраметная?
Душы сільныя
Абясьсілелі,
Сэрцы добрыя
Азьвярэліся;
Песьні вольныя
Апанурылісь
I магільнымі
Звоняць жальбамі.
А за песьнямі
Звон кайданавы,
Стогн закованых
Разьлягаецца…
Эх, і страшна ж ты,
Зямля родная;
Эх, і страшна ж ты,
Жыцьцё людскае!..

Разьвейся, туман…

Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары,
      Над хатай пахілай маей!
Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары
      Ня мучаць душы і грудзей…
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,
      На лепшае звала жыцьцё.
Вы, злыя туманы, вы, хмары, бяз жалю,
      Закрылі, забралі мне ўсё…
Стаю і гляджу я на хату крывую,
      На ніву пустую сваю —
I сьлёз не стрымаю, і ціха бядую,
      I нудную песьню пяю;
I к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,
      Ці моц скуль якая ня йдзе?
I цёмна, і нема ад краю да краю,
      Ні сьвету, ні сьледу нідзе…
Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы,
      Дух праўды і волі прыгас,
Нядоля і гора, навокал — магілы —
      Вось роднага шчасьця абраз…

Сэрца спытай…

Прыгледзься днём яснаму сонцу
I месяцу ночнай парой;
Ў шум цёмнай услухайся пушчы
І ў шумы паводкі вясной;
Кінь вокам на мур пабяляны,
На стрэхі з саломы зірні;
Зайдзі на магілкі з крыжамі
I насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках ня кінула жыць;
Сягоньняшні дзень паймі добра,
Што ўсьлед нашай долі бяжыць…
I ўсюды — ад краю да краю,
Дзе зьвернецца думка твая, —
Аб роднай старонцы пытайся
Ты неба, зямлі і жыцьця.
А сэрца — калі ня зьвёў сэрца —
Адкажа за ўсіх неўнарай:
У нас ёсьць паны і іх слугі,
А людзі… што ж?.. Сэрца спытай…

*** Бледные будніе дні…

Бледныя буднія дні
Сумна па роднай зямлі
         Мутнай плывуць паласой;
Часам калі-нікалі
Дзе-нідзе бліснуць агні,
         Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць,
Песьні, што рабскія сны
         З душ паднявольных зьмялі б,
Толькі заводзяць званы,
Толькі асіны скрыпяць
         Над уміраньнем сяліб.
Скрогат нясецца з асін…
Рабству паклоны біў дзед,
         Гнуўся пад палкамі ў крук;
Бацька — за дзедам; усьлед
З бацькам пляцецца і сын;
         Ты ж кудой пойдзеш, унук?..

«Забраны край»

Я ведаю, знаю старонку такую,
      Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
      Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна, —
      Ня поймеш, адкуль узялісь;
Людзей запытаеш, — адкажуць спакойна:
      «Забраны край» гэты калісь.
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі
      Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодныя дзеткі
      Чужую жывёлу пасуць…
Кладуцца заломы… Дабро зьмей валоча…
      Цянюе ля хат ваўкалак…
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,
      «Забраны край» тузаюць так.
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
      На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
      Чужак зьневажае дачок.
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
      За «мамак» к наездцам ідуць,
А тыя за іх малако, за апеку
      «Забраны край» болей гнятуць.
Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;
      Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам зьмяшаны старыя законы,
      Наладжан нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
      Народным дабром, як сваім…
Заплача ў пагоду канюх па расінцы, —
      «Забраны край» жаліцца зь ім.
Наведзены струны у скрыпках па-свойску
      Чужая зрывае рука;
Жалейка азьвецца зь вясны пад бярозкай, —
      Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень ня ляжа, як змора паданьня
      Лягла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змаганьня
      «Забраны край» вырве з душы.
Жыцьцё год бязь ліку на шнурык свой ніжа,
      Бязь ліку няволя есьць сіл…
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам, —
      Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,
      На стогн жывых грозна глядзяць
I зь ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:
      «Забраны край» клічуць устаць.

У ночным царстве

Скрыпяць трухляцінай асіцы,
Над курганамі зьвяр’ё вые…
Гасьцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць… Сярод пустыні
Хрусьцяць надломаныя косьці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восьці.
Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцьце ў жылах кроў сьцінае,
Душу бязьсільле вынімае,
Гняце зьмяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасьць трупавея, —
I царства ночнае шалее,
Над курганамі зьвяр’ё вые.

Беларус

Сеў, як той крыж на разстаі,
       Сярод пушч і поля,
Злажыў рукі і чэкае
       Усё нейкай долі.
Ўстане-ж, пойдзе полем, логам,
       Будзе дыхту, будзе:
Пачэпаў тупым нарогам
       Кургановы грудзі.
Лом с крыжоў магільных звале,
       Бульбу падпекае…
Пад’еу, сеў, як крыж, і далей
       Долі ўсё чэкае.
А ці-ж прыдзе доля гэта,
       Трудна адгадаці,
Пакуль толькі з лета ў лета
       Пляце яму лапці.

Ці-ж ня доля мая…

I нашто ж мне воля вольная,
Залатая, расхахольная? —
        Цемняком пайду сьляпы я
        На дарожкі крыжавыя!
        Эх ты, доля мая,
        Маю волю ўжо я!
I нашто школа з настаўнікам, —
Добра быць і неахайнікам:
        Калі з кніжкі не даўчуся, —
        У астрозе далаўчуся.
        Эх ты, доля мая,
        Маю школу ўжо я!
I нашто ж мне поля гонейкі,
З дабром клеці, коні, волікі?
        Я магу жыць і «пашырэ»
        У шырокай у Сібіры.
        Эх ты, доля мая,
        Землю маю ўжо я!
I нашто ж мне хата новая,
Сталы, лавы ўсё дубовыя?
        Злыдні змогуць маю сілу, —
        Як пан, лягу у магілу.
        Эх ты, доля мая,
        Хату маю ўжо я!..

Грай-жэ, музыка!

Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць…
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай жа, музыка, сэрцам рві струны…
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе…
Шумна, разгульна… Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно…
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды, —
Сыну і ўнуку падаўна дано…
Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа асьлепленых кат…
Прэч, прэч, сумленьне! Золатаў гулі!..
Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..
Сьветла, прасторна… Зьзяюць брыльянты…
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў вакне?..
Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне…
Грай жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі зь зямлі, —
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косьці паўсталі і ў танец пайшлі.
Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..
Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам…
Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..
Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?..
Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца…
Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..

Брату

Мой ты ўбогі, мой ты цёмны,
      Родны мой,
Ты пытаеш, хто такія
      Мы з табой?
Ці мы людзі, ці скаціна, —
      Запытай
Гэту коску, гэту сошку,
      Гэты гай;
Гэта поле, на якім ты
      Млееш, млеў;
Гэту згніўшую хацінку,
      Гэты хлеў.
Запытайся сваёй долі,
      Сваіх пут,
Ці мы людзі, ці скаціна,
      Хто мы тут?

Як спытаюцца нас…

Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
      I спытаюцца нас:
«Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
      Дзе айчызна у вас?»
Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
      Які даць тут адказ,
I адкажам: «Э, што там…
Мусіць, бабскім звычаем
      Зьбегла ўпрочкі на час».

Дзе вы?

Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы зь песьняй удалою,
Як на поле на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
Ці пайшлі вы у далёкую
У старонку у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе, свабодныя?
Дзе ваш водгалас магучы,
Як вы звалі, сыны родныя,
Да той працы да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
Гэй, нявідна друга сільнага, —
Сьпіць. Хто ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку ад магільнага
Песьня вырвацца ня можа!..

Вялікдзень

Два сьвяты на сьвеце — ад нівы да нівы:
      Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы.
      I далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!
Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў
      Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
      У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.
      Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,
А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,
      Аб тых, што ў сьвітаньні навек адышлі, —
Усе костачкі тыя на гонях папарных, —
      Жывых, што ў бяспуцьці акуцьце зьвіняць…
Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,
      Пачатую справу шырыць, расшыраць!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы
      Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.
Зірні ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы.
      I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
      Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз…
Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне
      Вясна ўжо на сьвеце, — Хрыстос уваскрос!

Хрыстос васкрос

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей;
Вялікі мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! — пяе сялянін
З сваей убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,
Хрыста згубіўшыя сыны,
Што ўціхамоўку куюць путы
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
I я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!

Навагодніе жаданьня

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
      Да жычэньня сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
      Беларусаў сямейка худая.
Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
      Аж сабраўся так доўг немаленькі.
Хай жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў
      Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!
Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль
      К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель, —
      Хай Год Новы ўсё гэта паправе!
Сваркі, звадкі ня раз былі згубай для нас,
      Разлучалі са шчасьцем, з свабодай…
Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,
      Брацтва, роўнасьць, супольнасьць і згода!
Во жычэньні усе, Новы Год, да цябе;
      Іх ня вельмі і многа, здаецца.
Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,
      Знаю, ў думках усім вам снуецца!

Мая малітва

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
         І зоркам, што ночкай мігцяцца.
Малюся свабоднаму ветру — віхуры,
Што лётае птушкай ад краю да краю,
І пасьвіць у высях панурыя буры,
         І ў комінах песьні іграе.
Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеце,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
         Пужаючы старцаў і дзеці.
Малюся жывучай вадзіцы — разводдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы,
Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,
         І хаты, і чоўны друзгоча.
Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу — Усясьвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
         За родны загон Беларусі.

Пад крыжам

З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцьвеўшым стаю
I ўвокал — ад гораў да гораў —
Зямлю аглядаю сваю.
Навокала сьцелецца столькі
Багацьця, красы і сьвятла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за адною лягла.
Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідагочы лісьць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.
Звод нейкі гамоніць, шапоча:
— Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць ня хоча,
Ня хоча паняць і заснуць.
Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой непрыхільнаю сум,
I тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.
Бязьсільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць…
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста…
Пракляцьце — і тое маўчыць.

Суды

На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы зь белых грудзей,
I судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны…
З плеч зрывалі уборы злацістыя
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
Зь лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
На сустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-сьвету калі-нікалі;
Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу…
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.

З кутка жаданьняў

З цэлым народам гутарку весьці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсьці,
Гэта адно мне падпорай жыцьця.
Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай зь ёй хаце быць мілым гасьцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну, —
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу зь цьмы, зь беспрасьвецьця,
К славе зь бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе —
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.

Для зямлі прадзедаў маіх…

Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на сьвеце,
На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці
I ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці
I карону сплесьці з сонца, зор залатых, —
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і Бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога…
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе…
I за гэта толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.

На вялікім сьвеце…

На вялікім сьвеце б'е жыцьцё крыніцай,
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаваньне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім сьвеце неба сьлёз ня сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асьляпніца
I ня водзіць душаў пагібеньня кнеяй.
На вялікім сьвеце б'юць званы на славу,
Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву,
Па Законе Божым, зь яснатой яскравай…
А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы…

Я люблю

Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптаньне крынічнае ўлетку…
Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску — сваёй крыўды сьведку,
Свой народ — гэту зьвяўшую кветку,
Цэлы край — родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.
Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі, —
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?

II. Па межах родных…

Па межах родных…

Па межах родных і разорах,
      Пад небам зводна-неспагадным,
      Спакоем воджаны век здрадным,
Сную, і нейкі са мной шорах.
Са мной, за мною ўсьлед сум-вораг
      З глухім нашэптам, непрынадным:
      Як ты ні хочаш быць праглядным, —
Сягоньня ўсё тут — як і ўчора ж!
      Усё жыве тым самым Богам, —
      Таксама шумнае прадвесьне
Усёй ня зводзе з гоняў плесьні…
      Араты ўсход нясе адлогам:
      Курган чапаючы нарогам,
Ня ўспомніць прадзедавай песьні.

Мой край

Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на сьвеце на белым
I жаляцца руняй зялёнай,
I коласам жаляцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
Зь мінуўшчыны казкі складае
I шле іх далека па нівах,
Плакуча, ад краю да краю…
Паводкаю коцяцца воды
Руч'ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітыя плесьняю вёскі
Між пустак заселі бясьсільна,
Ўтуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай зьнямогі-пакуты
I, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так сьпіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.

Над Нёманам

Ціха і плаўна ўдаль коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
Зь берагу Нёман ня выйдзе амаль.
        Вербы і вольхі калышуцца глуха,
        Сінія хвалі шумяць і бурляць.
        Чуткай душою ў такі час паслухай, —
        Здасца, там гэтакі голас чуваць:
«Гэй, не дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.
        Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
        Некалі бераг мой бачыў і знаў,
        Іншы меў выгляд — ня гэткі жабрачы,
        Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.
Край, дзе жыцьцё ясваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баяў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.
        Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
        Слава далёка за мора ішла,
        Ворага кожны за плечы браў сьмела,
        Цемра чужынцаў ня страшнай была.
Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоньня, народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, —
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
        З вольнай дружынаю князь на пасадзе
        Вольнаму люду законы пісаў;
        Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў —
        Слухаў, што веча яму звон казаў.
Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон…
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазьвецца калі болей ён?..
        Так, так, мой дружа, іначай бывала, —
        Не называўся забытым мой край;
        „Поўнач“ ня раз у ім схову шукала,
        „Захад“ знаў сілу яго неўнарай.
Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.
        Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
        З новым парадкам, з адменным жыцьцём, —
        Роднага ж краю тутэйшыя людзі
        Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
Я іх ня ваблю сваёю ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, —
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве.
        Скора сын бацьку, а бацька сыночка
        Не распазнаюць адзін аднаго;
        Дзеці чужацкія корме ўжо дочка,
        Маці працуе на злыдня свайго.
Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы узьдзелі, у рабства пайшлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.
        Рынкам жывога тавару няслава
        Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
        Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
        Торг гругановы вядуць між сабой.
Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чалавеча, зьмярцьвелы у сьне!..
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне!..»
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
        Гэтакі ў часе глухой непагоды
        Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль.
        Сьціхне, і плаўна зноў коцяцца воды
        Вольнага Нёмана ў цёмную даль.

Над Сьвіслачай

У Карзюках
Плаўна Сьвіслач-рэчка
Удаль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць.
Зелянеюць вольхі
Па краях ракі,
Высяцца над імі
Сумна Карзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Менск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далятае
Дзікі сьвіст машын
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам,
Між палёў сялян
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсю ж гэту мясьціну
Неба абняло,
Залацістым сонцам
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Карзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой ня знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Карзюках сьніць?
Ці пайсьці гасьнінцам
Долі ў сьвет шукаць?
Ці рацэ, русалкам
Галаву аддаць?..

Над Іматрай

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
         Іматрай завуць вадаспад.
Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі,
На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць,
Нем толечы каменны бераг, як з сталі,
         I зарасьнік хвойны маўчыць.
Шалее Іматра між каменных глыбаў,
За хваляю хвалю імчыць к нізіне;
Як хмар недаступных махнатыя скібы,
         Адна адну схопіць, піргне.
Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу,
Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой,
Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам,
         Зноў выскачаць к небу гарой.
Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім дантаўскім процьмам на зьдзіў,
I люнуць на волю, забыўшыся шалаў,
         Плывуць паміж пустак і ніў.
Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе,
Адвечністым шумам калышунь прастор;
Свабодай сваёю і роднай Суомі
         Сягнуць быццам хочуць да зор.
Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды,
І сэрца лялеецца ў сьцішнай жальбе,
Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай
         Ды як бы ўсё клічуць цябе:
«Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце,
Спачын векаавечны дамо ў забыцьці;
Нязьведанай воляю будзем шумеці
         І гутарку з сонцам вясьці.
Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі
Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар;
Народ аб нас казку злажыць не забудзе,
         І песьню нам зложыць пясьняр».
Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай,
Ракой з вадаспадам заліўся пакат;
Вуоксаю рэчка завецца у фінаў,
         Іматрай завуць вадаспад.

Вёска

За хатай хата у парадак
Сядзіць адна каля адной;
Залегла вуліца сяродкам,
Будынкі збоку чарадой.
Ня год, ня два зьняла з плеч вёска, —
Дзянькоў уцёкшых знак відаць:
Мох у салому паўпіваўся,
Падпора час сьпяшыць стрымаць.
Жыцьцё у лапці абувае
Сваяк, чужынец-прайдзісьвет,
Бяда багацтву б'е паклоны,
Цямнота к знаньню зводзіць сьлед.
Вядзе вайну сьляза са сьмехам,
Дзярэцца той, а той дрыжыць,
З грахамі важыцца пакута,
У пары ноч і дзень бяжыць.
Ня знаю: шчасьце ці няшчасьце
Ўе тут спакойнае гняздо…
У вёскі гэтага спытайся, —
Маўчыць і вёска пакуль што.

Сад

Гальлё панадна разлапушыў
За хатай прадзедавай сад;
Чарэшні, яблыні і грушы
Сышліся згодліва у рад.
Ківаюць макаўкамі ўдала,
Плывуць напевы ад галін,
Як бы зь іх кожная ўзывала:
«Хадзі, бяспутнік, адпачынь!
Хадзі, усядзься каля нас ты,
Жыцьця прыгод забудзь напасьць,
Паслухай музыкі лісьцястай:
Яна табе гарт новы дасьць.
Ты многа йшоў, блудзіў ты многа, —
Жаданьня крыж ты нёс і нёс,
Аж на расстайных стаў дарогах;
Цяпер — да нас ад бур і сьлёз!..»
Так быццам вабіць сад лісткамі
Пад цень свой думку многа лет;
А думка — што? яна зь вятрамі,
Ня знай, за чым ляціць у сьвет…

Рэчка

Між гор — далінаю — за вёску,
Не аглядаючыся ўзвыш,
Суважна, попрасту, па-свойску
Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.
Падгоніш каменьчык жвіровы,
Травінку водную трасеш,
Чапаеш кораньчык альховы,
Па верху кветачку нясеш.
I лёд зімой табе ня шкодзе —
Ўсё коцішся; а цёплым днём
На бераг выглянеш разводзьдзем,
Дый посьле — зноў сваім сьлядком.
Нясецца весела вадзіца,
Мая зь ёй думка сьлед у сьлед, —
То рвецца ўдаль, то зноў баіцца.
I міл, і страшан думцы сьвет.
А рэчка як бы мне гавора:
«Аб долі хочаш знаць маей?
Я — капля ў моры; толькі ж мора
Маё ад дум тваіх сьвятлей!..»

Сельскіе могілкі

Люблю я могілкі з каплічкай,
Прысельле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Сьлязой дзе кожан дол абмыт.
Сваё дзе Радаўніца сьвята
Сьпяшыць у год абходзіць раз, —
Сялян склікаючы сямейку,
Спраўляе зь сьветам тым папас.
Жывыя душ успамінаюць
Сваёй успанае радні,
Над імі жаляцца галінкі,
Нясуць былыя думцы дні…
Агул жыцьця ўсяго абыймеш,
Друзы пагод і непагод,
Зямлю і неба ў рукі возьмеш, —
У гэты край зьляціць паглёд.
I як жа міл дзірванчык цішы,
Спакою дзіўнага узгор,
Дзе не чапіў сялянства пушчы
Навейшай мудрасьці тапор!..

Явар і Каліна

Песьняй вясны лебядзінаю,
      Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
      Ў сумнай даліне над ярам.
Лісьцікі зеленяй хваляцца
      Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
      Песьцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
      З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
      Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць сьмехаў русалчыных,
      Лопату крыльляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
      Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
      Ў повесьцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
      Скінуўшы зімнія чары.

Явар

За пакутнай за гарою
Ўзьнёсься явар адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі.
Колькі, бедны, крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме:
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць-біцца
Сіл замала зь непагодай —
Па лісточку, па галінцы
Ўсё губляе з кожным годам.
Гэй, і явар жыў надзіва,
Паглядаў у сьвет з адвагай,
Быў ён князем гэтых ніваў,
На ўсім сьвеце меў павагу.
Ад узгорка да узгорка —
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці то соладка, ці горка —
Помніць явара жалейка.
I ў дзень будні, і ў нядзелю
Ён зь людзямі са сваімі.
Колькі песень аб ім сьпелі?
Колькі ў песьнях яго імя?
Зьбеглі леты за лятамі.
Як ня нашы, нашы песьні;
I мы самі, як ня самі.
А наш явар? Аж балесьне…
За пакутнай за гарою
Плача хмурны, адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі…

Дуб

Распусьціўшы сучча
У глухім прывольлі,
Сам адзін расьце ён
На далёкім полі.
Як цар, у кароне,
Аб нічым ня дбае,
Ці то стогне бура,
Ці віхор гуляе.
На адным ён мейсцы
Днюе і начуе;
Многа казак знае,
Многа песень чуе.
Дождж падмыў карэньне;
Ў ім дупло — як хата…
Ён стаіць і дрэмле —
Грозны, расахаты.

Вярба

Стаіць вярба сухая
У полі на мяжы,
Кару з галін сьпіхае,
Галіны — як крыжы.
Ці непагадзь іх мые,
Ці сьпеката пячэ, —
Ўгару глядзяць нямыя,
Штогод нямей яшчэ.
Шчабетлівая птушка
Папеці не ляціць,
I мятлічак, і мушка
Гняздо баяцца віць.
Адно птах несьвянцоны
Спраўляе свой папас…
Падбітыя вароны
Ды груганы падчас…
А ўсесьвяточнай ночай,
Як ляжа цемната,
Ў сухой вярбе ляскоча
Асеньняя слата.
Галодны вецер сьвішча,
Шалее ў злыбядзе,
Цямняцкае ігрышча
З сухотніцай вядзе.
Праклённы хохат-рогат,
Выклічыны жуды,
I жальны ціхі ёкат
Там чуецца тады.
Ў такі час кажуць людзі
Аб той вярбе сухой:
Хай Бог судзьдзёю будзе
Над грэшнаю душой.

Груша

Калышацца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільены.
Шпакі на ёй чырыкаюць,
I белкі часам скачуць,
I сонца дарыць сьпекамі,
I хмары дажджом плачудь.
Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То зь небам, то зь зямлёю.
Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці,
Хоць мо' аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.
Хоць будзе мо' расказываць
Аб долі, аб багацьці,
З даўнейшага, прайшоўшага
Пыл забыцьця зьмятаці…
О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці…

Дзьве таполі

Там, за вёскай, у полі дзьве стаялі таполі,
         Як адна, дзьве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
         Як адна, дзьве таполі стагналі.
Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,
         Як адна, дзьве таполі шумелі,
I аб Захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі,
         Як адна, дзьве таполі ўсё пелі,
Што пануюць у полі над дубамі таполі,
         Як адна, дзьве таполі пануюць,
Што начуюць у полі самаўладна таполі,
         Як адна, дзьве таполі начуюць…
Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
         Як адна, дзьве таполі пачулі,
I навекі у полі дзьве заснулі таполі,
         Як адна, дзьве таполі заснулі.

Лес

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што зь веку ў век нам байкі бае?
Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асьцярожна.
Там зьвер туды-сюды шнуруе,
На гальлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.
Зімой сапе сьцюдзёнай думай,
Улетку песьняміь уп'ешся,
А ўвосень там — ах, шумы, шумы!
Ня чуй — сьлязою абліешся!
Няхай жа сьвісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне…
О пушча, цёмная ня ў меру,
Чыя душа з табой ня дрогне?!

Бор

Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
Зь небам вядзе патайны разгавор.
Глуха нясуцца вольныя шумы,
Веткі касматыя гнуцца, трашчаць;
Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы,
Хочацца пушчу падслухаць, паняць.
Што ты, аб чым ты, бор неспакойны,
Гэткую гутарку ў шуме завёў;
Ці сваёй доляй ты недавольны,
Ці што ня так ты на сьвеце знайшоў?
Можа, ты ўбачыў сьлёзы нядолі?
Можа, дзяцей тваіх недруг пацяў?
Можа, пачуў ты звон путаў няволі?
Можа, няшчасных жыцьцё ты паняў?
А можа, вецер, што скрозь гуляе,
Што-небудзь новае збаяў табе?..
Эй, гавары ты, пушча глухая!
Слухаць прыйшоў я здалёку цябе.
Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
Зь небам ён толькі вядзе разгавор!

Воўк

Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос.
Зубам ляскоча аб зуб,
Вочы палаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.
Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.
Ноч — ён на вырай, на жыр;
Дзень — у бярлогу, як смоўж…
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж…
Выў ён, а рэха ўсё ўдаль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль…
Рэха пракляцьце нясло.

Ваўкалак

Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе
I зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды ваўкалак.
У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўзьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.
На веры людской і павазе,
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
I водзіць трусьлівасьць за нос.
Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмяяцца ня дасьць над сабой;
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.
Ці з ласкай яго, ці няласкай —
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых зьярміў ён мільён.
Лет тысячы зьела няпамяць,
За богам узводзіцца бог,
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць —
Ніхто ваўкалака ня змог.
Як толькі зямля заначуе
I зорак абойдуць рады,
Па нівах, па сёлах шнуруе,
Шнуруе туды і сюды.

Ў вечным боры…

Ў вечным боры цемнатворы
Скачуць, плачуць, весяляцца;
Жнуць, зьбіраюць дзіва-жніва
Ў сонным полі, ў горкай долі.
Ночай ходзяць, днём заводзяць,
Твораць, мораць яснагляды;
Веюць, сеюць плесьні ў песьні
На палаці ў кволай хаце.
Як начніцы-чарналіцы,
Скрыпам, шыпам маладзяцца:
Кінем, плюнем чары-мары
На паляны нечапаны;
Над курганам незабраным
Скруты-путы разасьцелем,
Сном-травою станем, глянем
На няўлады, на пасады…
З чорным богам прад парогам
Сталі ў хвале, як кароны,
I пануюць — скачуць, плачуць
Цемнатворы ў вечным боры.

Хохлік

Як зайграе ў лесе хохлік, —
Замірае песень воклік;
Як зачэпіць мох і лозы, —
Аджываюць сьмех і сьлёзы…
Ў цёмным яры скачуць чары,
Кветка чахне на папары,
Лісьць трасецца на асіне,
Вогнік блукаецца сіні.
Барадой лясун ківае,
Шалы нетрай спавівае;
Ваўкалак за дамавінай
Выпаўзае на пуціну.
Ад загону усьветы
Сухалесы, пустацьветы.
Хохлік грае, ведзьма скача,
Ноч сьмяецца, сонца плача,
Толькі песень не чуваці
На стаптанай сенажаці.

Чорны Бог

У караўніцах амшалых
      З галавы да ног,
Зь дзікіх багнаў, перавалаў
      Выбрыў Чорны Бог.
Вызваў пошасьці, начніцы,
      Цемрай зазіяў;
Тушыць новыя мглавіцы,
      Тушыць новы зьяў.
Ногці смольлю разлапушыў,
      Ногці-верады,
З гікам пудлівыя душы
      Гоніць дзе-куды.
Цемравіца, суталока
      Зьверзлася ў адно,
Лезе звага, ненарока
      Ўсё на дно, на дно.
З каршунамі, з курганамі
      Занялася прыць, —
Чорны Бог заняўся пламем,
      Чорны Бог гарыць.
Паланейся, развугляйся,
      Зьмейны Чорны Бог, —
Ты йшчэ зь Белым не зраўняўся,
      Ты яго ня змог!..

Ноч за ночкай…

Ноч за ночкай ідзе, сьцішна, тайна брыдзе,
      Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
      Ацямрае гасьцінец-дарогу.
І урок, і залом абымае крылом,
      Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй зь ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
      Кажана і саву заручае.
Зь ям вылазіць, як лунь, Вадзянік і Лясун,
      Выпраўляюць русалкі бяседу;
Зьмей дабро цягне з пунь, пакуль крыкне пявун,
      Пакуль поўнач ня зробіць прагледу.
Неба свой нямы сход: месяц, зор харавод
      Над зямлю то выводзіць, то зводзіць;
Сьпіць сяло, дрэмле кот, вецер цісьнецца ў плот,
      Як на дудках, у шчэпках заводзіць.
Так ноч ночку вядзе, сьцішна, тайна брыдзе,
      Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
      Ацямрае гасьцінец-дарогу.

Запушчэны палац

      Твой кволы валадар, забыўшыся навук
Велічыні Зыгмунтавай і лет цярпеньня,
«Разьдзел» узаканяе ў загранічным ценю
      I лічыць, колькі дома кінуў хвоек штук…
      А дома, роскашы і працы многіх рук,
Папас магнацкіх перацьвіўшых пакаленьняў,
Стаіш, — і цэгла валіцца з гнілых скляпеньняў
      I ў шчыліне гняздо ўе ўслужлівы павук.
      Жывёлу гоне ў парк галодны «сэрвітут»,
Ля сьцен цянюе забабон ад лета ў лета:
Нячысьцік зь ведзьмамі гуляе ў пустцы гэтай.
      Так зьніштажэньне ў кожан гзымс паўзе і кут
      I зубы скаліць: «Моц мая і права тут!
На ўход жыцьця сюды ўжо я кладу тут „veto“».

Палац

Стогнуць пад мурам халодным таполі;
Крыліцца ў ветках начніца;
Моляцца совы па днеўным прывольлі;
Вецер калыша званіцай.
Сьцелюцца мжакі асеньняй валокны;
Вечар нялюдзен, трывожан;
Шыбамі звоняць палацавы вокны,
Ценямі мур упрыгожан!
Высакі, бледны адвечныя сьцены,
Мары-слупы чарадою;
Важны дзядзінец, трава па калена;
Сад з агародай жывою.
Дымна замглелі, як блудныя вогні,
Ў вёсцы далёкай лучыны…
Весела, ярка ў палацы сягоньня,
Хвіляй-мінутай — гадзіна.
Шыбы зардзелі блысканьнем няўхватным,
Кружацца пары, мігаюць;
Душы да славы ўсябратняй ня здатны,
Вокліка суму ня знаюць.
Бел, як астрог сярод пусткавай пашы,
Думку палац неспакое:
Штось да яго парывае і страша;
Зводны, аздобай пакоі.
Неўглядзь за поўнач насьпела часіна,
Сон на пакоі паў ройма…
Досьвета ў вёсцы далёкай лучыны
Далей мігцяцца па-свойму.

Тае сьнег…

Тае сьнег, таюць сковы зімы ледзяністыя,
Сонца з ласкай ажыўчай гуляе ў прывольлі!
Хутка жаўранак песьняй сваёй галасістаю
Прывітае аратых на полі.
      Узьніме чорную скібу саха працавітая,
      Ляжа ўсходнае зерне у пахаць сырую,
      Закалосіцца поле, сьлязой, потам зьлітае,
      Зашуміць сваю думу старую.
Гаспадар той суважна свой шнур па-сьвяточнаму
Абыходзіці будзе, красой любавацца,
Прыслухоўвацца к шэлесту нівы няўрочнаму
І маліцца к сваёй зямлі-матцы.
      Сьмела гляне на сьвет і на долю зьмянлівую
      Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ў знакі
      Тыя сілы з усходу і захаду мсьцівыя,
      Што даймаюць цяпер, як вужакі.

Паводка

Крэпкі, магутны аковы зімовыя —
      Льдзяныя брылы на захад і ўсход.
Бліснула сонца, сонца вясновае —
      Топіцца гурбіна, топіцца лёд!
З грохатам, зь лёскатам крыга за крыгаю
      Прэцца, нясецца ў нязнаную даль;
Хваля за хваляю коціцца, мігае,
      Ломіць прашкоды, як молатам сталь.
Дарма запорыну людзі бяздольныя
      Выбегуць ставіці сіле такой:
Скрыша паводка ўсясільная, вольная,
      Скрыша і пойдзе сваёй пуціной!
Эх ты, разводзьдзейка! Эх ты, бурлівае!
      Ты аднаўляеш, купаеш зямлю;
Вынесі ж, вынесі хваляй жычліваю
      К лепшаму шчасьцю людскую сям'ю!

З песень аб вясьне

I зелень, і кветкі, і песьні,
I неба вясёлая яснасьць…
Ні цьмы той, ні сьнегавай плесьні, —
Дзе глянеш — адна, братка, шчаснасьць!
Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статка іграе жалейка;
Зь сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая…
Захоча — і сьвет пераверне!
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!

Сёмуха

Нарэшце па віхрах, па сьцюжы
Заглянуў вясеньні прасьвет;
Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа,
Як іншы, як лепшы стаў сьвет?
Пі бачыш, як неба міргае,
Як траўкай сьмяецца зямля?
Ці чуеш, што кум-лес нам бае?
Уцям, колькі ў рэчцы жыцьця.
А глянь ты на вёску на нашу,
На брацьцяў забытых у ей,
Я знаю, як доля іх страша
I колькі ім зводзіць надзей.
Во Сёмуху выйшлі спаткалі,
Надзелі сьвяточны убор,
Зялёнай галінкай уткалі
Сьвятлічку, і ганак, і двор.
I цешацца людзі, як дзеці;
Сягоньня труд скінуўся з рук,
Хоць заўтра на белым на сьвеце
Ах, колькі чакае іх мук!..

З летніх малюнкаў

Коціцца, ўецца далінкай крыніца,
Б’ецца, плюскоча ў каменьнях вадзіца,
      Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзіцы дастацца,
      Губкамі чэрпнуці хоча.
Вольха лісткамі ёй шыю ласкоча,
Плюскатам рэчка сьмяецца у вочы,
      Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсьміхаюцца соладка, дзіўна,
      Думка іх шчыра вітае…

Летняя раса

Як брыльянты, расьсявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.
А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць, —
Рос прыходзіць адцьвітаньне,
Гуманы у рэчцы таюць.
Як брыльянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!

Лета

Эх ты, лета гарачае, бурнае!
Ажыўляеш ты поле і луг.
Люба, думкі пакінуўшы хмурныя,
На сьвет выйсьці ды глянуць вакруг.
Шум стаіць над лясістай дуброваю,
Быццам рада аб нечым ідзе;
Рэчка, ў прысадзь схаваўшысь альховую,
Бурліць; рыбка плюскоча ў вадзе.
Ў збожжа ўсякае ніва прыбралася —
Хараства там якога няма! —
Як зялёны дыван, распласталася;
Шопат нейкі плыве ад жытца.
Колас з коласам гутарку дзіўную
Завялі, бы на хмары злуюць;
Песьні жаваранкаў пераліўныя
Замаркоціцца, спаць не даюць.
А лагі, а гумнішчы, аселіцы?
Вось абняў, прытуліўся, ляжы…
Хто з вас, хто не любіці асьмеліцца
Ўлетку сьвет ад мяжы да мяжы?..
Дай жа, лета, мне веру магучую,
Што калісь сваю долю знайду,
Дай мне песьні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу!

Сьпека

Прыскам пылае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як бы сьвет вечным пажарам
Хоча абняць і спаліць.
Звугліла высі-загоны,
Звугліла долы-лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорныя дыму кругі.
Сьцежкі заслала агніцай —
Белым пякучым пяском,
Выссала рэчкі-крыніцы,
Ў дно іх зірнула агнём.
Саванам бледна-замглёным
Сьвету душу спавіла,
Потам крывава-чырвоным
Вочы зямлі заліла.
Крык-жальба вырвецца з губаў
К сонцу з плакучых грудзей, —
Сонца зіяе загубай,
Сонца сьмяецца, як зьмей.

Заклятая кветка

Чуць толькі Купальскае сьвята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей…
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
…Сава пяе песьню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, —
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б'юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той —
Тыц — стой!.. Глядзяць зорніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле —
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле…
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне — рагоча,
Крыламі кажан шапаціць…
Сьлед костачкі сьцелюць — услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі Купальле, —
Мільёны па кветку бягуць!..

На Купальле

На Купальле на сьвятое
Рві, матуля, зельле тое,
Што ў нас папараць завецца!
I шчасьлівым быць здаецца!
Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі
Палажы за абразамі,
Пасьвянці сваймі сьлязамі.
Двойчы, тройчы — а крапліста —
Зьлі сьлязою брыльяньцістай
I чакай зь яго прыплоду
Ад усходу да заходу…
Як узыдуць зь зельля кветкі, —
Будуць шчасьце меці дзеткі,
Будзеш, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацьце!..

Жніво

Насьпелая постаць шчасьлівых пасеваў
       За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,
       Зсівелы ўжо колас схінула к мяжы
У сумным шэптанні: «дзе, жнеі мае, вы?»
I жнеі зыйшліся. — На-права, на-лева,
       Кладучы ў снапы каласы-старажы,
       Зашасталі глуха сярпы, як нажы,
Пад жніўные вечна-старые напевы.
       Спагадная-нудная песьня плыве,
Губляючы ў пушчы свае пералівы,
У шэлестах белаго коласа нівы.
       Плыве гэта песьняка мне і заве,
       I ў сэрцы звініць, як каса у траве:
«Ты так-жэ, брат, сееш… а дзе тваё жніво?»

Адцьвітаньне

Не шасьцяць каласы,
Звон ня валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
Не іскрыцца небазбор,
Не цьвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б'е ў нямы курган, —
Шапаціць імглісты бор.
Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б'ецца у паўсьне,
Думка сэрцу аб вясьне
Здрадны голас падае.

На склоне лета

Пусьцее поле, моўкне птушка,
Скідае жоўты лісьць бяроза,
Нямее песьня-весялушка,
Ліюцца зь неба каплі-сьлёзы.
У полі глуха вецер сьвішча
I ў комін з шумам далятае.
Ня то жыцьцё, не пажарышча,
Ня то пагібельнасьць якая!
А ў сэрцы, сэрцы неспакойным,
Жаль так і ўеўся з пусткай гэтай;
Снуюцца думы роем ройным.
О, як ты страшны мне, склон лета!
Была вясна, і ўсё на сьвеце
Жыло, цьвіло — і вось ня стала…
Няма вясны, заплач па леце;
Нуда ва ўсім запанавала.
Такая ж доля наша, людзі:
Жыві ды пекайся ўсёй сілай;
Праходзяць годы, чахнуць грудзі,
Бач, і дапекаўся магілы.

З асенніх напеваў

I

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля-раздольле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожжам ня хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвыя
У соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе з коласам,
Песень, і тых не чуваці.
Сонна адна-адзінокаю
Груша стаіць над мяжою, —
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асеньняй нудою.
Неба штодзень пахмурнейшае,
Сонца штодзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.
Вецер заводзіць у коміне,
Быццам жыцьцё сваё ганіць;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.
Так і ўцякаў бы ад гэтага
Там гэт'! За горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваёй долі навекі.

II

Сьцелюцца цэлы дзень росы,
Вечны цень сьпіць на зямлі,
Бледныя сонцавы косы
Выглянуць рэдка калі.
Здаля даносяцца шумы,
Ў коміне шумы пяюць;
Ціснуцца буднія думы,
Сноў забыцьця не даюць.
Нейкая зводная сіла
З выглядам вечна старым
Вабіць здалёку магілай,
Крыжам міргае сваім.

III

Змоўклі лісьцястыя шэлесты,
Гальлі худыя тырчаць,
Мёртвыя дзе-нідзе верасты
Зеленяй зводнай блішчаць.
Цягнуцца дрэвы расхутаны
К небу з балотных нізін, —
Корань, у жвіры заплутаны,
Не адпускае галін.
Рогат зьвярыны пакоціцца
Дзікім жаданьнем бяз слоў, —
Пушча замрэ, закалоціцца,
К воблакам цягнецца зноў.

IV

З гальных ліп і бяроз
Лісты валяцца,
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.
Шапацяць, шалясьцяць
Залацістыя,
Веткі ў неба глядзяць
Пусталістыя.
Дачакаўшы вясны,
Зноў ажыўляцца;
Не паўстануць лісты,
Што асыплюцца.

V

Неба поўна сівых хмараў,
Сьвет палошча дождж сьцюдзёны
Чорнай кучай на папары
Чахнуць каўкі і вароны.
Сонца ўжо ніхто ня бача,
Вецер вые, завывае;
Восень стогне, восень плача,
Думы сумам спавівае.
Ў маёй хаце у пахілай —
I няцёпла, і нявідна,
Выглядае, як магіла,
Выглядае неяк крыўдна.
I ў душы, хоць плач, як нудна,
Гэтак цёмна, як і ў хаце;
Ой, як нудна! Сказаць трудна…
Галасіў бы, слаў пракляцьці.
Галасіў бы, як галосе
Вецер гэты, восень гэта,
Каб аж рэха разьляглося,
Гэт, на цэлае паўсьвета!
Каб ляцела, не сьціхала
Па шырокаму па полю,
I ўсім чыста апявала
Маю горкую нядолю.

VI

Дзе ты схавалася, яснае сонца,
         Ясныя летнія дні дзе падзеліся? —
Сьцюжа гуляе па роднай старонцы,
         Зімнія песьні расьпеліся.
Стогнуць мяцеліцы грозныя ў полі,
         Ціснуцца думы пра шчасьце былое,
Сэрца лядзеніцца з жалю, зь нядолі —
         Беднае сэрца людское.
Беднае, беднае… Колькі мучэньня
         Быт чалавечы табе пасылае!..
Ох, каб не сэрца, было бы сьлёз меней, —
         Шчасьліў, хто сэрца ня мае.

VII

Ў думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца;
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.
Неба пакрылася
Мглою, туманамі,
Галкі узносяцца
Па-над курганамі.
Поле шырокае
Пусткай абселася,
Дуброва шумная
Зь лісьцяў разьдзелася.
Імжыць сьцюдзёністы
Дождж над зямелькаю,
Сьвет пакрываючы
Жаласьцю нейкаю.
Людзі у курныя
Хаткі пакрыліся, —
Радасьць мінулася,
Песьні забыліся.
Бабка старэнькая,
Зможана мукамі,
Казкі даўнейшыя
Шэпча з унукамі.
Віхар у коміне
Жудка заносіцца,
То як бы жаліцца,
То ў хату просіцца.
Ў думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца;
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.

Восень

Вось і па леце… Няма яснай гожасьці;
Восень запела пагудку сваю;
Нудна, жаль нейкі адцьвіўшай прыгожасьці,
Гіне ахвота к пацехам, к жыцьцю.
Вока не пасьвіцца зеленяй, коласам,
Сэрцу раздольля, прывольля няма;
Вецер заводзіць нябожчыцкім голасам,
Вые, рагоча, як ведзьма сама.
Лісьце струпеўшае з дрэў асыпаецца,
Веткі шкілетамі сталі бязь іх,
Воўчыя зрэнкі між пнёў палыскаюцца,
Птушчын і лопат, і шчэбет заціх.
Неба адзелася цёмнымі хмарамі,
Сыпе сьцюдзёнай слатою, дажджом;
Жоравы, гусі лятуць над папарамі…
Цёмна, пагібельна, сьлёзна кругом.
Штосьці трывожнае, зло-непрыхільнае
Сунецца з гэтай мярцьвячай глушы…
Восень панурая, восень магільная!
Страшна ты чуткаму сэрцу, душы.

Зіма

Было цёпла. У ваконцы
Заглядала ясна сонца.
Аж, ні села і ні пала,
Зіма зь сьнегам загуляла!
Усю нашую старонку
Спавіла, як у пялёнку, —
Няма траўкі, няма кветак,
Пуста гэтак, мёртва гэтак!
Сьціхла рэчка, як забіта,
Пад шкляною лёду плітай;
Лес пашумам не гамоніць,
Птушак песьнямі ня звоніць.
Век халодны без адмены,
Мароз стукае у сьцены,
А ад сьнегу днём і ночай
Іскры сыплюцца у вочы.
Скрыпяць санкі на марозе
Па высьлізьганай дарозе…
Эй, каб шчаснай больш часінкі,
Вось бы зьлётаў да дзяўчынкі!..

Сьнег

Залягла, як пасьцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
      Гэта сьнег, толькі сьнег…
За старухай-зямлёй
Ты пасьцель, дружа мой,
Узваліў на душу,
Як бы крыж на мяжу,
I ўжо рад не на сьмех:
      Гэта сьнег, толькі сьнег…
Думкі, сэрца, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
      Гэта сьнег, толькі сьнег…
Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр — і забыў,
Каб нічога ня дбаць,
Сьмела ўдаль паглядаць,
Быць самым не на сьмех…
      Гэта сьнег, толькі сьнег…
Хтось — сваяк, не сваяк —
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
      Гэта сьнег, толькі сьнег…
Мо' і лёгкія дні…
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада…
Само шчасьце, сам сьмех!
      Гэта сьнег, толькі сьнег…

III. Для Яе

*** З зорак усходніх, заходніх…

З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
        маланкі выткаў бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону —
        вяночак зьвіў бы табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай,
        цяністай строіў бы кнеі;
Воблачак зьняў бы на трон зь небасклону,
        з-пад сонца пышны, багаты.
Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,
        царэўнай яснай тады я, —
Славіць, шчасьлівіць сваю маладую,
        сьвятую песьняй няпетай.
Сэрцавы струны зьвінелі б нязьвеўна,
        павеўна гімны жывыя;
Казку тварыў бы з табой залатую —
        такую, як думка гэта.

Не прасьпі…

Сьпі, дзяўчына, покуль сонца
Не зайграла над хацінай;
А як сонца на аконца
Бліскі кіне —  ўстань, дзяўчына!
Ўстань, зьніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць з касою!
Ў сонцы віся далей, вышай, —
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы сьмелай,
Пасмы радасьці снаваці…
Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна…
З сонцам, з сэрцам, зь вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына!..

Як у лесе зацьвіталі…

Як у лесе зацьвіталі
      Ліпы ды каліна, —
Залатыя сны снавалі
      Мы з табой, дзяўчына.
Калыхаліся, шумелі
      Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
      Трысьнягі ды лозы.
*
Як у жыце наліліся
      Каласкі нагінна, —
Сустрэліся, абняліся
      Мы з табой, дзяўчына.
Мігацелі, зіхацелі
      У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
      Заміралі росы.
*
Як дасьпела, счырванела
      Ягада-рабіна, —
Ўвокал глянулі нясьмела
      Мь з табой, дзяўчына.
Верасы пад лісьцем спалі,
      Бор зялёны гнуўся,
Недзе пелі ў цёмнай далі.
      Журавы ды гусі…

Песьня

Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
         Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
         Ў садзік ка мне пагуляці.
Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
         Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
         Бачыць ня будуць нас людзі.
Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
         Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
         Буду — слугой, ты — царыцай.
Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
         Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
         На зайздрасьць цэламу сьвету.
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
         Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
         Ўецца туман сенажацяй.

Людка

Як Людкі ня бачу, —
Ня міла мне жыць:
I сохну, і плачу,
I сон не бяжыць!
I хатка — ня міла,
Ўрагамі — дружкі,
I сьвет — як магіла,
I ночкай — дзянькі!
Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё! —
I плач уцёк недзе,
I раем — жыцьцё!
Хоць поўна хмар неба, —
Сьвет-яснасьць адна!
Сам сыты бяз хлеба,
Вясёлай душа!
Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной, —
Усё хочацца толькі
Быць зь Людкай-красой…
К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
I песьню аб Людцы
На ўвесь сьвет грымнуць!
Грымнуць — прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На сьвет, на людзей!

Мая дзяўчынка

У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, —
      Каласісты вянок жыта —
      Коска жычкаю павіта;
Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
      Дзьве пралескі — яе вочкі
      Ці два ў збожжы васілёчкі;
Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цьвету-ружы ля аконца;
      Яе губкі — не калінкі, —
      Проста сьпелыя малінкі!
Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
      Два букеты зь незабудкі —
      Маладыя яе грудкі;
Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны;
      Ручкі — хто зраўняўся зь імі!
      Так і шчасьце не абыме;
Сэрца… Ўсюды за ім пойдзеш…
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш…
      У дзяўчынкі, у княгіні,
      Што падчас мне вочкам кіне.

Жнея

Як сама царыца
У залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж сьпелых гоняў.
З каласкоў вяночак —
Моладасьці сьведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчасьлівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна — царыца —
Весела, шчасьліва
Карануе песьняй
Залатое жніва.
Сьмела йдзе у сонцы
Ўся сама — як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.

Я хацеў бы…

Насьледаваньне з Асныка
Я хацеў бы душу адшукаці такую
      I такое хацеў бы я сэрца знайсьці,
Што са мной праз жыцьцёвую сьцежку блудную
      Захацела б супольна і згодна ісьці.
Вочак пару хацеў бы я мець прад сабою, —
      Як у ясныя зоры, ў якія б глядзеў,
І забыўся б, што ходзіць маркотнасьць за мною,
      I забыўся б, што крыўды цярплю ад людзей.
Адных губак хацеў бы, што мне б саладзілі
      Пацалункамі горкую долю маю,
Што з-пад сэрца, з душы галасок бы здабылі
      I ўсяму падціналі, што ў жальбах пяю.
Я хацеў бы знайсьці ручак беленькіх двое,
      Што к сабе прыгарнулі б, пясьцілі мяне,
Памаглі б мне змагаціся з чорнай нудою,
      А па сьмерці павекі закрылі бы мне.
Я хацеў бы сабе прыгалубіць дзяўчынку,
      Маю долю-нядолю дзяліці са мной,
З сэрцам чыстым, якую б усякай часінкай
      Я любіў бы, туліў і служыў бы якой.
Аднаго толькі сэрца мне трэба, хачу я,
      I адной, што мяне б зразумела, душы…
Хачу мала, так мала, а доля ня чуе:
      Сіратой сам адзін я гібею ў глушы.

Мая жонка

Не хачу я жонкі
Не з сваёй старонкі,
         Як я — багацейшай,
         І як я — мудрэйшай.
Я вазьму такую,
К якой любасьць чую,
         Што мяне палюбіць,
         Як сябе самую.
Будзем зь ёю жыці
I долю хваліці,
         Весьці лад у хаце,
         Дзетак гадаваці.
I так жыць па праве
Ў добрай будзем славе,
         Покуль хаўтуроў нам
         Злая сьмерць ня справе.

Да дзяўчынкі

Не цурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгалуб бедака-сірату:
Збудзі сэрца, збудзі, — хай навек не засьне,
Дабудзь песьню з душы, разгані цемнату.
Не было мне пацех ад людзей, ад жыцьця,
Не заглянула сонца у хату маю, —
Віхры гналі-гулі без канца, без пуцьця,
Ажно долю паганую кляў я сваю…
Ой, так шоў — так сыходзіць мне год за гадком, —
А ёсьць шчасьце, ах, ёсьць на бяспутнай зямлі!
Гэта шчасьце ў каханьні, ў змаганьні са злом —
Дык хадзі ж, не ўцякай — душу, сэрца вазьмі!
Ты і я удваіх станем сьмелай ступой
Змагаць гора-бяду, паніжэньне і блуд,
Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой
За нявольны свой край, за свой змучаны люд!

*** Абнімі ты мяне, маладая…

Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па сьвеце цярністым.
Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
Зь ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.
Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаньнем,
Вышлем росы брыльянтныя ў сваты.
Узалоцімся ў сьветлыя сьлёзы,
Ў сьлёзы-іскры забраных загонаў;
Сьнегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.
Адну песьню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, па сьвеце цярністым…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманьнем гарачым, агністым.

Перад ночкай

Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
       У зорак грамадзе:
Тайнасьць жуткая — гэт, здаля
       У сьвет ідзе, ідзе.
Дагарэла ўжо лучынка,
       Спачываці час!
«Добрай ночы» сьпей, дзяўчынка,
       Сьпей хоць раз, хоць раз!
Запей нотай сэрцу блізкай
       А долі маей,
Быццам маці над калыскай,
       Ты запей, запей!
Пей пацехай, пей разгульна,
       Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
       Ты прысьпі, прысьпі!
Сьпеўшы песьню, ў ціхамоўку
       Без трывогані
На плячо мне звесь галоўку
       I засьні, засьні!
Цемнатой нас ночка скрые
       Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатые
       Сны с табой, с табой!..

Па захадзе…

Мой міленькі прыйшоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў аконца.
Заныла сэрцайка маё,
Як гэтае пачула,
Сваё зьняла я акрыцьцё
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі выйшла я на двор
Да любага зь сьвятліцы,
А неба рдзела ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай.
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любыя,
I распляталі мне касу,
I ласкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх —
I моўчкі паглядалі,
Як цені з хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў
I штось шаптаў нясьмела.
Сьляза жывая за сьлязой
З маіх зраніц сплывала,
Ў адно мяшалася з расой,
Што на пяску ляжала.
А ночка пела з бліскам зор
Нам сьмелы гімн каханьня,
Сьмяяўся, плакаў сіні бор
Да самага сьвітаньня.
I мілы выйшаў ад мяне,
Адзін пайшоў к пагонцы,
А ўсьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіла ўжо сонца…

З недацьветаў

Зелянелі лагі,
Зацьвіталі сады, —
З маладою сваёй
Я спаткаўся тады.
Вецер косы яе
Расплятаў, спавіваў,
Прыпадаў да грудзей,
Калыхаў, напяваў…
Абняліся мы зь ёй,
Божым сном паплылі
Ўдаль да сонца ўдваіх
Па зялёнай зямлі,
Па квяцістым пуці,
Паласой залатой,
Ўдаль да сонца ўдваіх
Заадно зь яснатой…
Пад агністай зарой,
Над сівым курганом
Заручаліся зь ёй
Туманом і агнём…
Аж нязьменная ноч
Наплыла, апляла,
Непраходнай сьцяной
Паміж намі лягла:
Маладую маю
Разлучылі са мной…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Так расстаўся навек
Я з сваёю вясной.

Ці ты чуеш?

Ці ты чуеш, дзяўчынка,
Як трасецца хацінка,
Як вятрыска скуголе,
Шум нясе нейкі з поля?
Ці, пачуўшы, пазнала,
Што ўсё гэта нагнала
Табе ў сэрца са сьвету, —
Ці адчула ўсё гэта?..
Гэта восень заводзе,
Сьлёзы лье ў непагодзе
Над табой, нада мною,
Над няшчаснай зямлёю.
Не пужайся ж ты крыкаў
Непагоды вялікай…
Нас Бог крыўдзіць зь людзямі,
Восень плача над намі.

С табою…

С табою спаткаліся ў лесе:
Багун і чарнобель к нам слаўся,
Сьмеяўся пушчар, а у сьмесе
За ценем цень новы снаваўся.
       За намі, прад намі снавалі
       Павучные, бледные цені,—
       Мяне у палац зазывалі,
       Цябе у сьвятые прадсені.
Сьвятая пасьцель небасхілу
Крывавай імглой заплывала,
Пасад заручальны магілай
Пуціна сьлепая хавала.
       Пуціна была, мы і тую
       Згубілі, як лепей — не зналі:
       Ці маем шукаці старую,
       Ці к новай блукаціся далей?

Заручыны

Далёкай, нялёгкай сьцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой,
         Як цар і царыца;
Шурпаты няжаты сох верас ля ног,
Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох
         Над цёмнай крыніцай.
На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясьмела раса, як сьляза,
         На лісьцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў
I шумам-задумам законы пісаў
         Ў нягаданых словах.
Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшыя пні,
         Як варта на стражы;
I ціха суліхай сьцікаўся, плыў цень,
За горы, за моры адходзіў наш дзень,
         Мінуты ўжо важыў.
Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
I поўнач на помач, палохаці сны,
         Нязначна падклікаў…
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў…
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
         Бяз памяці, дзіка…

Даўгажданная

Ты прыйшла ка мне тады,
Як зьвінелі халады,
Як стагнаў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.
I сагрэла ты мяне
Ў палуцьме, у палусьне;
Паня ты была, я — пан…
Посьле зноў зацьвіў курган.
Ад мяне пайшла тады,
Падганялі халады,
Скрыпам выў яловы плот,
Хохлік бегаў ля варот.

Ты прыдзі…

Ты прыйдзі ка мне вясною,
      Кветкаю прыйдзі;
Заквіці красой са мною,
      Думку разбудзі…
Ты прыйдзі ка мне улетку,
      Коласам прыйдзі;
Песьняй жніўнай на палетку
      Думку саладзі…
Ты прыйдзі ка мне зімою,
      Сонейкам прыйдзі,
Даўнай казкай залатою
      Думку абудзі…
Ты прыйдзі ка мне увосень,
      Зоркаю прыйдзі;
Ў сьвет далёкі з шумам сосен
      Думку павядзі…
Ты прыйдзі і на магілкі,
      Кветкаю прыйдзі;
Белай ручкай клён няхілкі
      Шчыра пасадзі…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
      Ты прыйдзі…

Над рэкою ў спакою…

Над ракою ў спакою
Зацьвітала каліна;
У сяле за ракою
Вырастала дзяўчына.
Да зялёнай каліны
Прылятала зазюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.
Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
Перастала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
Зь ненаглядным страчацца.
Бедавала зязюля,
Што каліны ня стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
Па рацэ гналі хвалі
Ўдаль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны…
Над ракою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна;
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.

Як у повесьці

Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
      Ў вёсцы — зь сьвятліцай хаціна,
      У хаце — з бабуляй дзяўчына.
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала, —
      Хлопец у хаце жыў зь дзедам,
      Быў той дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
      Зналіся змалку абое,
      Зналі і сёе, і тое.
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
      Кужаль Маланка снавала,
      Цэўкі сукала і ткала.
Улетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіці за вёску;
      Сена дзяўчына сушыла,
      Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
      Шла яна бульбу капаці
      Ці лён часала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою;
      Часам яна ў лес хадзіла
      Ці на таку малаціла.
Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
      Там пасадзілі за штосьці,
      Не адпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача, —
      Нешта капае, валоча,
      Ждучы ўсё сонейка ўночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
      Людзі ж казалі, што Янка
      Вельмі любіўся з Маланкай.

Дзяўчынка і вянок

Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы —
Не хапала адной кветкі…
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці — ня знаюць…
Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
Клопат… Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі — ўпрочках, — хлопца мае…
Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе…
За вянок — дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.

Ястрэб

Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,
         I кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
         I выгрызе сэрца, і кроў высьсе зь цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, —
Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
         Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
         Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
         Па любай сваёй у вялікай жалобе,
         Чакае, аж ястраб і зь ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
         Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:
         Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
         Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
         Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.

Хмарка і Маладзік

Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
        Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
        Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
        Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню —
        Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
        Страшыць сонца ня раз.
А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
        Дык прымі ў добры час…
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
        Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок,
Як бы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, —
        Прытуліся ж ка мне…
Ты — царыца, я — цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам зайздросьціць жа тут
        Будуць зь веку у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так
I ўжо волі ніяк
        Не дадзім мы на зьдзек.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
I гуляюць адны
Ад вясны да вясны
        На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
        Вольна, весела нам!

Русалка

Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, зь ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе зь ёй над крыніцай.
I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасьць ім, малодзенькім,
Зграе вясельле вецер крылаты.
Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Разьвесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц.
Казку аставяць дзіўную згнаньнікам.
Страх баязьлівым кожны зь іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!..

IV. Наша вёска

Наша вёска

1

Горы ды каменьне,
Вузкія палоскі:
Гэта наша поле,
Поле нашай вёскі.
Курныя ваконцы —
Каб сьвятла хоць трошкі:
Гэта нашы хаты,
Хаты нашай вёскі.
Лапці ды сярмягі —
Як абраз ня боскі:
Гэта нашы людзі,
Людзі нашай вёскі.
Карчмы ды астрогі,
Крыжыкі, бярозкі:
Гэта наша доля,
Доля нашай вёскі.

2

Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны.
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
Зь сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучысься, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
Зь песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою зь нядоляй.

3

Там, за лесам-борам,
На апецы боскай,
Як нядолі сьведка,
Села наша вёска.
Ёй няма спачынку,
Ёй няма пацехі,
Крышыць, ломіць вецер
I платы, і стрэхі.
А хоць і няўдала
Выглядаюць хаты,
Ходзяць к ёй у госьці
Бедны і багаты.
I ўсё б чыста зь вёскі,
Што маглі, забралі,
А што ж далі вёсцы?
Гэй! скажы, што далі?
Далі тую долю,
Што ўсе праклінаюць,
Далі тую волю,
Што ў няволі маюць…

Мужык

Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсьць гэты сьвет вялік,
Зь мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
I сьвята рэдка калі знаю, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
I, як сабака, сьвет пакінуць, —
      Бо я мужык, дурны мужык.
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
      Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
      Я буду жыць! — бо я мужык!

Аб мужыцкай долі

1

Дайце скрыпку мне маю.
         Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
         Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло —
         Ветрам хоць разьвей,
Завяло ж там, завяло
         Бяздольле людзей!
Бачыш, быццам чалавек,
         Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
         Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палях,
         Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзях,
         У каленях дрож.
Колькі слава і рука
         За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
         Сном вячыстым сьпіць,
За ўсю працу, за ўвесь труд,
         Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
         Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
         Мачыху-зямлю, —
Увосень схопіць недарод
         За работу ўсю.
Зімой — холадам зь сям'ёй
         Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
         З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
         I не паглядзіш —
Ачапіў Мікіту звод,
         Лёг пад белы крыж.

2

Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш як-нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Няма ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто сьсе мой пот;
Скажаш праўду — як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век безь перарыву
Гараваў, ракой пот цёк,
I вось — дайцеся ўсе дзіву —
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем, —
Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце —
Я таксама гол і бос.
Скора з чэрвямі сам-насам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мохам зрос;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручай разьнёс.
Замест ружаў, геаргіняў —
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі ў дамавіне
Ляжу я — нядолі сын.
Спачываю, пазабыты
I чужымі, і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восеньню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішча, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком,
Можа, сэрца чыё дрогне
I ўздыхне над мужыком.

3

Сагнуўшы плечы ў крук,
Араў зямлю Паўлюк,
         Як чорны вол варочаў,
А з дня ў дзень, з году ў год
За плот шоў ўвесь прыплод,
         Сам днём блудзіў, як ночай.
Так выйшла ўся моц з жыл, —
Араць ня стала сіл,
         Настаў канец дакукі…
З касою сьмерць прыйшла,
З сабой весьць прынясла:
         Пара складаці рукі!
Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк,
Ня гне ўжо плечы ў крук,
         Быдлём ня чэзьне болей.
Памёр і не спазнаў,
Што на чужых араў
         Ўвесь век чужое поле.

4

За сахой, бараной,
За сярпом і касой
З дня на дзень, з году ў год
Сьлёзы, пот лье народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
         Гэй, го-го! Гэй, го-го!
         Мы жывём і пяём,
         Хлеб наш людзі ядуць,
         Мы ж мякіну жуём!..
З тапаром і пілой
Маразянай зімой
З дня на дзень, з году ў год
Шуркі ставіць народ,
А за гэта за ўсё
Што ж здабыў за жыцьцё?
         Гэй, го-го! Гэй, го-го!
         Мы жывём і пяём,
         Аграваем другіх,
         Самі холад клянём!..
На палац, на пакой
На сьпіне на худой
З дня на дзень, з году ў год
Бэлькі носіць народ,
А за гэта за ўсё
Што здабыў за жыцьцё?
         Гэй, го-го! Гэй, го-го!
         Мы жывём і пяем,
         Дамы ставім людзям,
         Самі мром пад вуглом!..

5

Як выйду за хату
На траву-лагі,
А што ж касіць буду,
Божа дарагі?
         Ой, лю-лі, лю-лі,
         Што ж буду касіць?..
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Сівец, аер, куп'ё —
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату,
Дзе дабро — шнурок,
А што буду жаць я,
Зьбіраць, везьці ў ток?
         Ой, лю-лі, лю-лі,
         Што ж буду зьбіраць?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Мятлу, гірсу, званец, —
Вось і ўсё, і канец!
*
Як выйду за хату, —
Бор шуміць, пяе…
А што ж буду сеч я,
Дзе хвойкі мае?
         Ой, лю-лі, лю-лі,
         Дзе дровы, бярно?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
Лаза, корчык, гнільлё, —
Вось і ўсё, вось і ўсё!
*
Як выйду за хату, —
Дарога ідзе,
А куды ж, кудою
Мяне павядзе?
         Ой, лю-лі, лю-лі,
         Куды ж завядзе?
Туды-сюды, сям-там —
Сьмех казаці людзям:
У астрог, у карчму, —
Вось і ўсё усяму!..

6

Эх, дзяцюк, хама ўнук,
         Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
         Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрад,
         Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабіць там
         Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
         Трудах, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
         Між паноў, між сытых?
А мо' дзе на куце
         Разам там саджаюць
І віном дарагім
         Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом —
         Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
         Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
         З шапкаю ў парозе —
Вось якраз, як зімой
         З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
         Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
         Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
         Недаежай панскай,
У руку цмакануць
         За прывет, за ласку.
А вунь, дзе панна йдзе, —
         Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? — у яе
         Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць, —
         Думай і аб хаце…
Вось, сабак дворных дзе
         Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
         Нязваны, нясланы,
Са сьлязой пад брывой,
         Нясыты, няп'яны.
Знаць, ня так, небарак,
         Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
         Піці, весяліцца.
Што ж рабіць? трэба жыць…
         Слухай долі-маткі
I панам ня хлюсьці,
         Пільнуй сваёй хаткі,
Цемнаце, беднаце
         Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
         Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
         Мой гаротны браце, —
Дзе радзіўся, дзе ўзрос, —
         Трэба і ўміраці.

7

Сажань шырынёю
Надзельны шнурок…
Пустыня, бяз гною,
Каменьне, пясок…
Пад сьнегам адпрэла
Жытцо за зіму;
Прыхваціпа, зьела
Сьпека ярыну.
Бульба — як арэхі,
Як цьвек — бурачок…
— Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок!
Багаты будзь зь нівы,
Ўвесь чынш заплаці;
Будзь весел, шчасьлівы,
Ня пі, не крадзі!
Жый згодна з усімі
І Бога хвалі,
Не крычы з другімі:
«Свабоды! Зямлі!»

8

Нашто хлеб, нашто багацьце,
Калі нам мякіны хваце?
Нашто боты, чаравікі,
Калі ёсьць лаза і лыкі?
Нашто век зямлі хацеці?
Памром — сажань будзем меці!
Нашто новыя нам хаты?
Казна, двор і так багаты.
Нашто сьвет навукі шчаснай,
Калі сьлёзы сьвецяць ясна?
Нашто лек на гора болькі,
Калі маем манаполькі?
Нашто знаці ўсяго многа?
I так трапім да астрога!..

На прадвесьні

…I сівер ледзь хаткі ня зьверне,
I сьнегу ані не ўбывае,
А тут у сьвіронку — ні зерня,
Апошняя бульба ўцякае!
I сена няма ад Грамніцаў,
Саломкі той зараз ня хваце;
Кабылка падбегчы баіцца,
Кароўка ня хоча ўставаці.
Даведаўся ў двор і да сына —
Ня служцы куток свой карміці!
I больш не даюць з магазына,
Няма дзе рубля зарабіці…
Нялёгка на сэрцы, нялёгка!
Дум чорных ня збыцца дзень цэлы…
А так яшчэ траўка далёка,
Калі ж і той колас насьпелы?!

Аратаму

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаце,
      Вясна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргоча, ўжо лісьцік шапоча,
      Цябе шнур чакае даўно.
Хай сошка крывая, кабылка худая
      I ты сам, крывы і худы,
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
      На тыя прадзедаў сьляды.
Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
      Ты ў крыўду ня даўся б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
      Дый сам ты галодзен зусім…
Дык выпрамся ж трошку, дый жыва за сошку,
      Ды ў поле — к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
      Ты выараш, братка, сабе…
Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі —
      Любі сваю ніву, свой край
I, колькі ёсьць сілы, да самай магілы
      Ары, барануй, засявай!..

Араты

Цягнецца араты
За сахой крывой.
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.
Бразджыць, скача сошка
То на пень, то з пня…
Цяжанькая ношка,
Араты, твая!
Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ ня стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.
I ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
Зь якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?
Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чалавек?
Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.
Ў сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Не лічы варон!
За кожным зваротам
Баразну ральлі
Палівай ты потам,
Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці,
Аддыхнуць, дружок…
Нясе жонка есьці
Цэлы спарышок.
Ну, што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці ж на то ўсё лета,
Араты, арэш?
Ці ж на тое трэба
Ліці табе пот,
Каб есьці бяз хлеба
Лебяду, асот?
Ці ж на тое ў полі,
Хоць душой замры,
Б'есься без патолі
З зары да зары?
Доля твая, доля!
Дзе ж яна расла?
На чыстае поле
Хіба уцякла!
Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней:
Зь цябе сьвет багаты,
Ты ж усіх бядней…

Касцам

Дзе вы, брацьці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
        Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?
Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць,
        Час вам сілу сваю паказаць!
Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,
        Няхай вале ў пракосы траву;
Няхай прыйдзе канец на сівец, на званец, —
        Хай пазнаюць усе грамаду!
Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…
        Гэй, прывыклі да гэтага вы!
Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,
        І ніхто не жалеў вас ані!
Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
        Дый касой замахай весялей,
I з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі
        Песьню родную долі сваей!
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
        Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
        Гэта наша пацеха адна!..

На сенажаці

Чуць на небе зара
      Занімаецца,
Ў курнай хаце мужык
      Падымаецца,
Цягне сьвітку з пала
      Прапацелую,
Цягне лапці з калка
      Скарчанелыя.
I касу ён бярэ
      Адкляпаную,
I жарсьцьвянку нясе
      Дзераўляную.
Так на луг ён ідзе
      Свой някошаны,
Зь песьняй топіць касу
      Ў траве зрошанай.
Яго сілу ў касьбе
      Відаць моцную,
Дый у песьні сьлязу
      Чуць гаротнага…

За касой

Кожны раз, як жывой муравой-дываном
         Лета высьцеле луг, сенажаць, —
Косы сьвішчуць, зьвіняць над ракой за сялом,
         За касой касцоў песьні чуваць.
Ясна косы блішчаць у цьвітучай расе,
         Высьцілаюць пракос у пракос;
Песьні зь ветрам шумяць, пушча водклік нясе, —
         Пушча слухае песень і кос.
Шле яна свой адказ ад капцоў да капцоў,
         Заміраючы ў вечнай жальбе;
Ці даждуся калі кос і песень касцоў
         На другой, на вялікай касьбе?..

Зажынкі

      Натачы, кавалёк,
      Вострым-востра сярпок,
Адпусьці, назубі, загартуй;
      I ляшчынкі кусок
      Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
      Насьпяліўся шнурок,
      Б'е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясьціць.
      Пойдзе ходам сярпок,
      Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
      Страшыў ніўку грамок,
      Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
      Шлі заломы, урок, —
      Не збаяўся хлябок! —
Памажы, Божа, толькі зажаць!
      Ляжа сноп у снапок,
      Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!
      Будзе рад бедачок
      Звозіць скарб у тачок, —
Вось яна, з мазалямі рука!

Жнеям

Красаваў, наліваўся
I дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой, кліча.
Сонца ўзыдзе і зайдзе,
Не кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.
Выйшлі з хатак за вёску,
Гнуцца, бедныя, ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.
Жніце, жніце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці —
Прыйдзе зімка, марозы:
К той прытуліцца братка,
К той — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой, хлеба
Дай, сястрыца, матулька!
Ходзяць хмары па небе
Зь нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні той многа.
Хто зьлічыў тыя каплі,
Што нам неба прыносіць?
Хто прыслухаўся, людзі,
Аб чым жнейка галосіць?!.

Жніво

Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае,
       З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясьмелые,
       Годзе загоны сабой харашыць!
Жнеяў прышла во дружына вялікая,
       С песьняй за дзела ўзялася сваё;
Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,
       Глуха снапамі кладзецца жытцо.
Сталі ў калючым аржонні с павагаю
       Мэтлікі шнурам адзін за адным;
Сэрцэ забілось надзеі адвагаю:
       Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым.
Эх, заплаці-ж, дабрыцо, ты аратаму
       За яго ў полі ўвесь труд над табой:
Дай ты багацьце яму небагатаму—
       С клеці ня зводзься ягонай пустой.
Хай яго збудуцца думкі, адналечэ
       Гэтулькі вынясе, выцярпе ён,
З году у год аручы, засеваючы,
       Потам, крывёю абліты загон!..

Песьня жнеяў

Бор наш высокі над усе бары,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры, —
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
         Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
         Час сярпы зубіць — і жаць.
Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе, схаваўшысь, высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Зьліча калосьсе найменшы хлапец.
         Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
         Час сярпы зубіць — і жаць.
Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен — каб лепей рос — жудкай расой:
Потам мужычым, крывёй і сьлязой.
         Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
         Час сярпы зубіць — і жаць.
Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацяць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцем.
         Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
         Час сярпы зубіць — і жаць.
Водкі к дажынкам ня будзе няхват;
Песьню сьпяём мы ўсе пану ўпадрад:
Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
Зь лета у лета будзь сыт і багат.
         Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
         Час сярпы зубіць — і жаць.

Над ніваю ў непагоду

1

Постаць нязжатая слотамі гноіцца,
Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца.
         Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй;
Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца,
Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…
         Як жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!
Столькі і працы, і поту загнанымі
Ўложана ў ніву скупую сялянамі,
         Столькі пайшло уздыханьня, мальбы!
Гляньце — усё нішчыцца злой непагодаю,
Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,
         Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы.
Сэрца забытых крывёй абліваецца
Доля няшчаснага ў полі бадзяецца
         Рады зьнікуль не відаць і ня чуць;
Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя:
Што бедакі, хлебаробы гаротныя
         Холадам, голадам зімнім пачнуць?
Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца,
З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,
         Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз…
Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?
Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?
         Божа… а сьлёз тых, о, колькі тых сьлёз!..

2

I чаго ж, непагода сьлязьлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
I таго не сабраць за табой!
У пракосе, ў капе, дый няскошана
I стаіць, і гніе сенажаць;
I ў снапах, і нязжатым бадзяецца
Дабро ў полі, аж сьлёз не стрымаць.
I ня хочаш ты гору мужычаму
Спагадаць, непагода, ані;
Не глядзіш, як ён будзе праводзіці
Зь дзецьмі, з жонкай зімовыя дні…
Што пачне ён, бядак, як расьсьцелецца
Белы сьвет на дварэ, на страсе?
Чым сямейку карміць яму прыйдзецца
I трасянкі з чаго натрасе?
Дзіцё плакаці будзе галоднае,
Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,
Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца
Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.

Прышла восень…

Прыйшла восень, мужычок,
        Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
        Прынясла.
Працаваў ты, працаваў
        Круглы год.
Разьліваў ты, разьліваў
        Кроў і пот, —
Надзяліў жа малайца
        Труд вялік:
Налажыў куток сянца
        Наш мужык.
Злажыў торпамі ў таку
        Скарб — снапы:
Акалоту у кутку
        З паўкапы;
З копку грэчкі і аўса
        Ў другі кут.
Вось і плата табе ўся
        За твой труд.
Ідзі ў ток, ідзі да дня
        Цэпам бі
I кароўку, і каня
        Накармі.
Адбяры, што ўзяў вясной,
        У магазын,
Насып мех ты збажыной,
        Вязі ў млын…
Прыйшла восень, мужычок,
        Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
        Прынясла.

Зімовая ноч

Каля зоркі зорка
Ўніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Сьнегам зіхаціць.
На гасьцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат…
Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка,
Сані — за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санях клубком.
Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна,
Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сьніцца
Ў гэту ночку дум…
Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясьне, аб сонцы,
Аб жыцьці другім.
Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..

Зіма

1

На марозе, на мяцеліцы
Прынёс сівер зіму срогую;
Людцы песьняй не вяселяцца,
Ўхаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю
Сьнегу белага, халоднага;
Страх мець холад над старонкаю
Для убогага, галоднага!
Ня плач, бедны, сьлязой горкаю!
Да вясны трэба памучыцца:
Ўзойдзе доля новай зоркаю,
I няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную,
Што ня век зіма паношыцца,
I бяз жальб, што шлеш напрасныя,
Сьлёзы высахнуць па крошачцы.

2

Белы стрэхі, бела поле;
Змоўкла птушак сакатаньне.
Гайда, Янка! Вось раздольле!
Кінь калёсы — выладзь сані!
Заскакаў мароз па сьценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есьці просяць…
Не пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай жа дрогне лес пануры, —
Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што ня ўмеру
Там трасесься, як у трасцы?
Насталі сваю сякеру,
Хай у пушчы стук раздасца!..
Ты худы, кабылка худа —
Хвойку вывезьлі, аж міла!
Даказалі-такі цуду:
Конь, мужык на сьвеце — сіла!

Хто ты гэткі?

Хто ты гэткі?
      — Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
      — Долі лепшай.
Якой долі?
      — Хлеба, солі.
А што болей?
      — Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
      — Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысьціўся?
      — Пры дарожцы.
Чым асьвенчан?
      — Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
      — Ня быць скотам…

Ці ж гэта многа?!

Ад сьвету, ад Бога
Жадаю нямнога:
         Зямелькі з валоку,
         К ёй шнур неўдалёку,
         Зь сьвятлічкай хацінку,
         За жонку дзяўчынку,
         Кусок салца к хлебу,
         Рубля на патрэбу,
         Здароўя чым болей,
         Крыху долі, волі —
I ўсё! больш нічога…
Ну, ці ж гэта многа?!

*** Праз што плачаш, мужычок?

Праз што плачаш, мужычок?
      — Празь людзей і неба.
Чаго хочаш, мужычок?
      — Трохі солі, хлеба.
Калі шчасьліў, мужычок?
      — Як водкі нап’юся.
Калі грозен, мужычок?
      — Як з жонкаю б’юся.
Праз каго сыт, мужычок?
      — Праз свой труд і сілу.
А ня ў крыўдзе калі ты?
      — Як лягу ў магілу.

Песьня сіроткі

Трэба мне, сіротцы, доля.
        Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
        І хлеба.
На тым сьвеце бацька, маці
        Ў магіле, —
Сама я запрацаваці
        Ня ў сіле.
Хто ж адзецца, пракарміцца
        Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
        Мой Божа?
Пайду к дрэўцу прытулюся,
        Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
        Бядачай.
Пашлю скаргу, хай нясецца
        За мора,
Як мне цяжанька жывецца, —
        Гавора.
Мо' ня льюць там сьлёз напрасна
        Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
        Сіроткай.
Стогне бор, віхры зрываюць
        Плёт з стрэхаў, —
Мае жальбы заміраюць
        Бяз рэха…

Былі ў бацькі тры сыны…

Былі ў бацькі тры сыны,
Ды ўсе ж яны Васілі.
Адзін служыць у дварэ,
Поле панскае арэ;
Другі стражнікам зь іх стаў,
Куляй, шабляй засьвістаў;
Трэйці згінуў у баю
За свабоду і зямлю.
Бацька ў вёсцы сваёй сьпіць,
I дуда пры ім ляжыць;
Ён часамі дзьме ў яе,
Песьню нудную пяе:
Ой ты, дудка, ой, дуда!
Бяда жыці мне, бяда!
Не вяселіш ты мяне
Ў маёй беднай старане.

С песень беззямельнаго

1

Ніваў загоны,
Лес, сенажатка,
Садзік зялёны
І гэта хатка —
Ня нашы, братка…
Сёлета гэта
Выарам гладка,
Далей на лета
Чуць-чуць з апраткай
Цягнемся, братка.
Потам абліта
Ніва і градка,
Наша рунь жыта
Дый сенажатка —
Панскія, братка.
А хоць нам трэба,
Так, неспагадка,
Мець кусок хлеба, —
Вер, будзе сьвятка
І ў нас, мой братка!
Пройдзе, як вейка,
Крыўда і звадка,
Будзе зямелька,
Будзе і хатка
- Ў магілцы, братка!..

2

Як спыніўся я за хатай,
      Як пайшоў, —
Ні прыстанішча, ні сьвята
      Не знайшоў.
Сьвецяць зоры дабрадзейна,
      Зіхацяць, —
Маёй толькі безьзямельнай
      Не відаць.
Я з рукамі позна, рана
      К сім і тым:
І к сваёму і да пана, —
      Служу ўсім;
I ару, і бараную,
      Засяю,
На ўрадлівасьць жа гляджу я
      Не сваю!
Пастыр стадка ў поле гоніць
      I пяе:
Дзе ж кароўкі, валы, коні,
      Дзе мае?
Ці на небе хмары тыя,
      Ці ў вадзе?
I сюды я, і туды я —
      Ой, нідзе!
За кусок той хлеба чорны
      Ты аддай
Сілу, думкі, — будзь пакорны
      I чакай!..
Нямой рыбай аб лёд біся
      Век-вяком
I ў магілку паваліся
      Бедаком.
Вецер енчыць, сьвішча ў полі,
      Вольна дзьме,
Кляне, моліцца ў нядолі
      За мяне.
Ходзяць хмары чарадою
      Над зямлёй,
Плачуць, плачуць нада мною
      Сіратой…

3

Што за шчасьце, што за доля,
      Мой Божа!
Ані хаткі, ані поля,
      Ні збожжа!..
Па чужых кутах бадзяцца
      Век трэба,
I гавець, і адгаўляцца
      Бяз хлеба,
Гінуць сілы над чужою
      Работай.
Заліваесься сьлязою
      З ахвотай.
Ці тут п'яўкі, ці тут людзі —
      Хто зьведаў? —
Адно ўнуку сохнуць грудзі,
      Як дзеду.
Жывеш, мучысься бяз толку,
      Бяз волі,
Хоць жывы лезь у дамоўку
      Зь нядолі.
Пайду к пушчы загукаю
      Да зоркаў,
Як мне ў бедным родным краю
      Жыць горка…
Што за шчасьце, што за доля,
      Мой Божа!
Ані хаткі, ані поля,
      Ні збожжа…

4

Растапілісь гурбы,
Зачарнелі скібы, —
Гайда, безьзямельнік!
Пашукай сялібы!
Шмат зямлі на сьвеце,
Шмат на сьвеце хатак, —
Толькі безьзямельных
Мінуў гэты датак…
Скідае куточак,
Азярняціць поле, —
Бач, пагналі далей,
Гоняць без патолі!
Пхнецца безьзямельнік,
Стогне, уздыхае, —
Падпякае сонца,
Дожджык палівае.
Вецярок калыша,
Як галінку тую,
Песеньку заводзіць,
Як жыцьцё, старую…
Не ўздыхай, мой родны!
Знойдзеш, — прыйдзе сьвята:
Слаўным, роўным станеш
Зь бедным і багатым!
З чатырох дылёвак
Будзеш мець мясьціну,
На век вечны поля
Роўна тры аршыны.
Ляжаш там, заляжаш,
Бедачок сярмяжны,
У дзянькі і ночкі
Ціха і паважна…
А цяпер, сягоньня,
Па лясах, па скібах,
Гайда, безьзямельнік,
Пашукай сялібы!

5

Паляці ты лесам, полем,
Голас неразьвейны,
Аб той долі ці нядолі,
Долі безьзямельнай.
Ці ж ня пан я, не вяльможны?
Бойцеся вы Бога!
Нават злодзей, на ўсё сквапны,
Не ўкрадзе нічога.
Маё поле, мае гоні —
Воблакі сівыя,
Маё стадка, мае коні —
Хмары вараныя.
Маё поле арэ вецер
I пасе скаціну,
Што бушуе падчас лішне
Ў летнюю часіну.
Мой палац, хто ведаць хоча, —
Неба прастор гэты,
Што ўдзень сонцам, зормі ночай
Сьвеціцца адзеты.
Ніхто не пераарэ мне
Мяжы ў маім полі,
Там падаткаў не плачу я
Нікому, ніколі.
Як узойдзе маё поле,
Высокая ніва,
Туды мчацца мае думкі
Па сваё па жніва.
Мчацца думкі, зьвіняць песьні
Вольна, неразьвейна
Аб той долі ці нядолі,
Долі безьзямельнай.

6

Ой, скажы ты, безьзямельнік,
      Вашэці,
Скуль ты ўзяўся, бедачына,
      На сьвеце?
Ці скрасілі цябе лёды,
      Марозы?
Ці вылілі цябе воды
      Са сьлёзаў?
Дзе ўзрастаў ты, безьзямельны,
      Хаваўся?
Пад якой страхой, мазольнік,
      Бадзяўся?
Ці пад плотам-частаколам
      Багатых,
Ці на прызьбе родных сёлаў,
      Пад хатай?
Хто атуліваў малога
      Ў пялёнкі?
Хто пеў песьні пры калысцы
      Ў пацёмкі?
Ці то вецер, што бяз толку
      Галосіць
I зь бядачых хат саломку
      Разносіць?
Чым ты хрышчан, які меў ты
      Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
      Шмат летак?
Ці то плотам, зьнемажэньнем
      Нязьменным,
Ці то крыўдай, паніжэньнем
      Штодзенным?
Хто вучыў цябе, малога
      Як дзіцяцю,
Як шукаць на сьвеце долі,
      Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць
      Вясною,
Ці мяцеліцы, што выюць
      Зімою?
Ой, чаго ты спадзяваўся
      Ад сьвету,
Як зьявіўся на зямельку
      На гэту?
Ці карчомкі таёй п'янай,
      Гуляшчай,
Ці цямнічкі акаванай,
      Лядашчай?
А як сьмерць на цябе, мілы,
      Надойдзе,
Дзе магілка твая будзе,
      Крыж твой дзе?
Ці ў чужым далёкім краі,
      Ў няволі,
Ці пад родным лесам, гаем,
      У полі?
Ну, дакуль жа ты ўсё будзеш
      Марнеці
Без прыпынку, без пацехі
      На сьвеце?
З дня на дзень бядак чакае
      Ўсё сонца, —
Раса вочы выядае
      Бясконца.

7

Ох, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Ціснуць думы знаныя,
Жалем выліваныя.
У цябе, саколіка,
Ані свайго полейка,
Ані свайго воліка,
Ані свайго століка.
Ходзіш ты вячорамі
Зь ціхаю пакораю,
Бачаць неба з зорамі,
Полейка з разорамі.
I клянеш напэўнае
Гора не разьвейнае,
Долю пустасейную,
Долю безьзямельную.
Толькі думы думныя
Чуюць хмары буйныя,
Хвойкі, елкі шумныя
Дый ня людзі чуйныя.
Вось, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Бачу ўсё мне знанае,
Сьлязьмі паліванае.

8

Дзе мой дом, дзе ты, хата мая,
Дзе загон хлебадайнай зямлі?
Сам — зь бядой, ні жыцьця, ні пуцьця!
Знай, гаруй ды магілку хвалі.
Дзень і ноч нада мной, сіратой,
Стогне, сьцелецца стада хмурын,
Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй
Сьцежку росіш адзін, сам адзін!
З году ў год злыдні з кута ў куток
Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць;
Як вятрышчы сарваны лісток,
Падхапілі, нясуць і нясуць.
Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі,
А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет;
Вось і звон, шмат званоў… Загулі…
Бач, труна, пры труне адзін дзед.
Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў,
Палажылі ў дамоўку — ляжы!
Дайце ж камень на грудзь, каб ня ўстаў
Безьзямельнік, гаротнік сьляпы!..

V. Сваім і чужым

Ужо днее…

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.
Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перад вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой, — зь якога я краю, —
Паслухайце смутную повесьць маю.
З канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;
Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.
З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных
Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.
Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!
Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,
Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае паглядалі з'укоса
I песьню з насьмешкай віталі маю!
З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
I страшна было мне так жыць сіратой!
За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
I думкі снаваў аба мне з году ў год.
Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.
Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Між віхраў, і бураў, і холаду зім
Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою,
I тузаюць мной, як народам маім.
Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
I думаў чужынец, што ўжо я няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!
Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваёй старане!
Прайшло засьляпеньне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!

Роднае слова

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці
Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця.
Мы нясьлі — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.
Не для нас сасонкі нашы зашумелі,
Не для нас пасевы нашы зарунелі;
Адно ты нам, слова, засталося верным,
Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.
*
Каб вясьці нас, як мы век свайго сумленьня
Не заклеймавалі помстай, зьніштажэньнем, —
Мы калі ўміралі, то ішлі на муку
Для чужой карысьці, пад чужой прынукай.
Сеючы ж і дома, і за домам косьці, —
Дзе нас гналі нашы леташнія госьці, —
Як у пушчы цёмнай, зьбіліся з дарогі
I здарма чакалі ад людзей падмогі…
*
Ўсё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею,
Ды таго ня вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.
Ой, ня вырваць з сэрца цябе, наша слова,
Ой, ня ўзяць ніякім сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяціны,
Як бяруць у бацькі апошняга сына!
*
Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы зь небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе.
I мы самі нават мо' не спазнавалі,
Як у думках нашых цябе гадавалі,
Як цябе хавалі ў шчасьці і няшчасьці
Ад напраснай злосьці, ад людской напасьці.
*
Ты ў жыцьці вяло нас з хвалай і няхвалай;
Быў час — свае правы чужым дыктавала;
І цяпер хто зводна над табой сьмяецца, —
Гэта або вецер, што ў платах трасецца,
Або той сьмяецца, хто ня знаў ніколі
Чалавечых думак, чалавечай долі, —
Хто ў грудзях гадуе злосна, непрытворна
Замест сэрца — камень, мест душы — дым чорны.
*
Як жыло ты з намі — будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў зь сьветам гаманіці…
З попелу мінуўшых дзён сьляпых, крывавых
Весела узойдзе рунь сьвятлянай славы,
I радзімым словам рукой мазалістай
Беларус упіша на старонцы чыстай
Кнігі ўсіх народаў важна, ў непрымусе
Сумную аповесьць роднай Беларусі.

«Нашай Ніве»

Не загаснуць зоркі ў небе,
        Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
        Покі будуць людзі.
Ночка цёмная на сьвеце
        Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
        Ўсходзіць ды красуе.
Наша зерне — нашы думкі —
        Не загінуць сьвету, —
Бліснуць краскай непаблеклай
        Вечных агняцьветаў.
З добрых думак, што мы кінем
        На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва —
        Доля, панаваньне.
Беларускаю рукою
        Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
        Бацькаўшчыне мілай.
Зацьвіце яна, як сонца
        Пасьля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
        Між усіх народаў.
Не загіне край забраны,
        Покі жывы людзі, —
Не загаснуць зоркі ў небе,
        Покі неба будзе!

Ворагам беларушчыны

Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус?
Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён ня ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
Зь якім радзіўся, падрастаў.
Цяпер і вы загаварылі,
З апекай выйшлі, як зь зямлі;
А што ж дагэтуль вы рабілі?
А дзе ж дагэтуль вы былі?
Ваш брат і цёмны, і галодны;
Хацінка свой зжывае век;
I век ня знаў ён дум свабодных,
I крыўдзіў свой брат — чалавек.
Вам страшна нашай сьлёзнай песьні
I жальбы страшна вам глухой?
Вам жудка сонца напрадвесьні?
Мілей вам холад зь цемнатой?
А што ж вам беларус такога
Пасьмеў зрабіць, пасьмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць!
Эх, кіньце крыўдамі карміцца, —
Кожны народ сам сабе пан;
I беларус можа зьмясьціцца
Ў сям’і нялічанай славян!
Напасьцю, лаянкай напраснай
Грудзей ня варта мазаліць!
Не пагасіць вам праўды яснай:
Жыў беларус і будзе жыць!
Ня столькі «хамскія» натуры
На карках вынесьлі сваіх!
I сьвіст даносчыкаў пануры,
Паверце, не запудзіць іх!
К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
I будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед!

Гэй, капайце, далакопы…

Гэй, капайце, далакопы,
      Яміну-магілу, —
А шырока, а глыбока,
      Колькі хваціць сілы.
Так капайце днём і ночай,
      Помач усклікайце, —
Бо ў тым доле хаваць будзем,
      Беларусь хаваці.
*
Гэй, ударце, загудзіце,
      Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
      Дома не залежаў.
Так званіце, не кідайце,
      Дружыну склікайце…
Хаўтуры ўжо свае будзе
      Беларусь спраўляці.
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
      Слаўныя музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
      Як ёсьць сьвет вялікі.
Так іграйце, каб было ўжо
      І глухім чуваці, —
Каб маркотна не было спаць
      Беларусі-маці.
*
Гэй, зьбірайцесь на памінкі,
      І сыны, і дочкі,
Справім гучную бяседу
      Пад аслонай ночкі.
Сабірайцесь, ды ня сьнеце
      Галасіці звонка, —
Памінаць бо толькі будзем
      Родную старонку.

На рынку

— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!
      А жыва да нас на таргоўлю:
Пакупка — гасьцінчык вам кожнаму будзе
      Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!
Паціху… ня бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —
      Крый Божа, якога прымусу.
Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка…
      Ўсёй куплі — душа беларуса…
Меў хату, меў поле; — прыйшлі і забралі…
      Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.
Ну, ўсякаму ж трэба як-небудзь жыць далей, —
      Душу вось і можа прадаці…
Падходзь жа, паночку!.. зьнімі акуляры —
      Лепш будзе агледзіць пакупку,
Ты, барынька, так жа падбліжся!.. мы нары
      Дамо нават зь ёю, галубкай…
Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе —
      Узяў за Хрыста калісь Юда…
Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня:
      Станела ўсё — душы і цуды.
Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці,
      І — ваша душа ва ўсёй хвале…
Бо так — не купіўшы — ня сьлед на крыж весьці,
      Гатовы сказаць, што вы ўкралі…

Чужым

Мы вас прынялі хлебам і соляй,
        Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
        Кветкі жывыя.
Нашы сасонкі шумнага бору
        Далі вам хаты,
Далі загонаў нашых разоры
        Гонар багаты.
Пух і аўчынкі нашага хову
        Грэлі зімою.
Птушкі вам гралі з нашай дубровы
        Гімны вясною.
Ценем тулілі вас у сьпякоту
        Нашы чарэсьні,
Нашыя жнейкі ў жніўну работу
        Пелі вам песьні.
Вашым патомкам нашыя маткі
        Казкі складалі:
Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі
        Сеў засявалі.
Верны славянскім спадкам, браточна
        Ў госьцях вас мелі,
I шанавалі людска, сьвяточна
        Ў будні, ў нядзелі.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Сотні лет песьцім днямі і ночай
        Госьця на шыі —
Зьмея, што з пуняў скарбы валоча,
        Скарбы чужыя.
Вы ўжо забылі, людзі здарэньня,
        Дзе ваш прыпынак, —
Вывелі ў гандаль славу сумленьне —
        Праўду на рынак.
Сьлепа зракліся сораму, ўвагі,
        Ў хорамы селі, —
Брацьцям жа ўзьдзелі лапці, сярмягі,
        Торбы надзелі…
Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча
        Вашу нам шкоду:
Зьліча праступкі… к суду пакліча
        Крыўда народу.

Прарок

Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сьцежкай
З навукай новаю к людзям.
Праціўны вецер лез у вочы
I плачам пеў, як дзіцянё,
Зьвяр'ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганьнё.
А ён, ня знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд сьвяты агонь.
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.
Аж так дасяг — аквечан хвалай —
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
Народ змарнеўшы таго краю
Свайго на'т імені ня знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў.
Галовы людзі пахіліўшы,
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.
Прарок — пасол сьвятла — ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:
«Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!
Глядзіце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі той зямлі.
Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі б полымем зары?
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
I запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.
Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
I дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
I знаю, што было, што будзе,
I вас у крыўды не аддам».
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
— Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?

Дудар

На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе
(А дуда — як веча звон)
Духам кліч пускае ў людзі —
Песьня ў песьню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зьмятае плесьню,
Мох зь мінуўшчыны ляціць.
Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнага кладуць…
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.
Роднай Бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так.
Долю-волю у бязвольлі,
Што сышла, ідзе няўзнак.
Гоман-славу, чорнай хваляй
Што зьбіралі курганы,
Белы косьці, што гублялі
Беларускія сыны,
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх…
Як бы модлы і пакуты
Ўсіх — і наскіх, і чужых.
І сягоньняшняй праявай
Звоніць шчасьце небарак,
Што са славаю за славу
I памерці няма як.
I у будучыну гляне
Думкай песьня дудара,
Зь непрывычным запытаньнем:
Ці прачнуцца не пара?!
Так даўно у нас ня й гралі,
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, —
Знаць, бывалы ён дудар.
Старасьвецкі ён музыка,
Важна толк вядзе ў дудзе,
Важна доляю вялікай
I свабодаю гудзе.
На курганавым каберцы
Нечувалае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць.

З мінуўшых дзён

Перайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.
           Пад магіл навалай
           Дрэме Русь, Літва, —
           За той тая з хвалай
           Легла галава.
Не гудзе ў павазе
Голас вечавы,
Не шукаюць князі
Славы і бітвы.
           Войска Усяслава
           Не ідзе ў паход
           На той бой крывавы
           За свой край, народ.
Сьцены і запоры
Палачан, Мянчан
Леглі у разоры
Зможаных палян.
           Ні сьвятых дуброваў,
           Зьніч пайшоў з вадой;
           Загасьціў лад новы,
           Ды ня той, ня свой.
Слых адно праходзе
Калі-нікалі
У жывым народзе,
На жывой зямлі.
           Баіць, гнучы шыі,
           Паднявольны люд:
           Мы ў сваім чужыя, —
           Край забраны тут!
Так прайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.

Памяці Вінцука Марцінкевіча

Шмат лет не ручыла нам доля.
Крывымі вяла пуцінамі,
Ня маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.
Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Ня раз падцікалася з думкай,
Што мы ўжо — ня мы і ня людзі.
З нас самых і з гутаркі нашай
I свой, і чужынец стаў кпіці.
Ўсё роднае стала няродным,
Прост хоць і на сьвеце ня жыці.
Так ночка хацела быць паняй,
Так сівер нас зводзіў і страшыў,
Ды вось, як на тое, судзіў Бог
I нам на сваім быць кірмашы.
Нябожчык Вінцук Марцінкевіч
Ня сьцерпіў такой нашай мукі, —
Паслухаўшы сэрца, бярэ ён
Дуду беларускую ў рукі.
I песьню за песьняй парадкам
Пусьціў, як жывую крыніцу:
Пасыпалісь, проста як зь неба,
«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы».
Як стораж, стаў сьмела на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,
Што мы далей сеем сягоньня.
А кемкую меў ён натуру, —
Спанатрыў, дзе праўду шукаці,
У тахт беларусавай думцы
Патрапіў запеці, зайграці.
Калі засьмяецца, бывала,
То хоць за бакі ты бярыся;
Калі ж і разжаліцца сумам,
Дык хоць ты зь сьлязою жаніся.
Умеў ён прынадна настроіць
Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,
Што нам і цяпер яна грае,
I вечна канца ёй ня будзе.
Чвэрць веку, як бае ўжо недзе
Сьвятым беларускія песьні,
А быццам ён з намі талкуе
Аб нашай зіме і прадвесьні.
Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.

Памяці Мар'і Конопніцкай

I сышла ты, пясьнярка народаў,
Божы сьветач жывых пакаленьняў,
Ў новы край невядомага быту
Ад жыцьцёвых няпраўд і цярпеньняў.
I пакінула загадку сьвету —
Ўсім няшчасным і зблізка, і здалі:
Ці то сонца зайшло назаўсёды,
Ці ім долю мо' іх пахавалі?..
Бо як песьня твая ўсемагутна
Безгранічна зьвінела, будзіла, —
Так няма ні граніцы, ні меры
Ўсёй жальбе над тваёю магілай.
I хаця сэрца сьціхла, заныла,
Хоць, як зоры, ўжо вочы ня сьвецяць, —
Голас думак тваіх яшчэ будзе
Не з адным гаманіці сталецьцем.
Дух твой зь сьветласьцяй неба сальецца
I з праменьнямі сонца сьвятога
Сьлёзы-росы высушываць будзе
І паказываць к праўдзе дарогу.
Памяць насып-магілку ўхарошыць
З жывых кветак рукою сірочай,
Як квяцісты былі твае песьні
Сярод земскай і сьцюжы, і ночы.
А зь мільёнаў грудзей набалелых
Плысьці ўздох зь веку ў век не пакіне
Па заступніцы ўсіх нешчасьлівых,
Па вялікай пясьнярцы-княгіні.

Iгнату Буйніцкому

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
      Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца — усё чыста
      Хадыром зь ім ходзіць.
Калі пусьціцца скакаці, —
      Ажна сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
      Бадай што ня бачыў.
Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
      «Мельнік», ці «Антошка», —
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
      Не змыліць ні трошка.
Пад дуду і пад цымбалы
      Топне, прысьпявае…
Сьцеражыцеся, ўсе людзі:
      Беларус гуляе!
Не ўнімайся ж і скачы нам,
      Покі сілы хваціць,
Мо' пачнуць і думкі нашы
      Весялей скакаці!

Памяці Тараса Шаўчэнкі

25 лютага 1909 г.
Сягоньня на Ўкрайне вялікае сьвята:
      Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара».
На ўсіх і павага, і стройныя шаты,
      I песьні ня моўкнуць свайго песьняра.
Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды
      Паклон б'е разбуджана ўся старана,
Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды,
      I думае думу стэпоў цішына.
Пясьняр кабзарысты нікім не забыты,
      Як жыў дзеля песьні, так зь песьняй ня ўмёр;
Здабыў сабе славу ня з мармурнай пліты,
      А з слоў, што ня крыша ні век, ні тапор.
Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі,
      Штыхам і гарматам ён пострахам быў;
Кавалі яго, як зьвяра, ланцугамі
      I кідалі ў лёхі, каб згінуў, ня жыў.
Сьляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі,
      Што людзі — як ён — і ў магілах ня мруць,
Што можна зьвязаць толькі рукі і ногі,
      А вольныя думы — хто важыўся скуць?!
Бываюць упадкі — люд стогне балесьне;
      Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць;
Пясьняр умірае… а песьня?.. а песьня?..
      Эх! каменю толькі ня дана паняць!
Жыве гэта песьня, як віхар клакоча,
      Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,
Зрывае запоры і брамы ламоча,
      I крыўда нямее, і змога дрыжыць.
Калісь воклік песьні і сьвет нам адмене,
      Адслоне другія пуціны жыцьця,
Шчасьлівасьці яснай узойдуць праменьні,
      Аквеціцца доляю лепшай зямля.
Дык дай жа чэсьць песьні на Ўкрайне! За Ўкрайнай
      Той кожны, хто праўды ня здрадзіў жывой;
І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна,
      Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой.
О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!
      Ты роднага слова ў сабе не глушыў,
Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,
      Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.
На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,
      На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,
У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы
      Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.
I к нам тваё слоўца ня раз далятала;
      Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.
Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,
      Прымі, брат, і наш беларускі прывет!

Лірнік вясковы

Памяці Вл. Сырокомлі

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
       Не аб славе забытаго краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
       Гэту песьню сягоньня складаю.
Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры—
       Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай
       Над зямелькай ясьнела і зьбегла.
Аб музыцэ, што лірай сваей чарадзейскай
       Мне ў душы сьветач выклікаў новы,
Каб мсыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,
       Як жыве вечна Лірнік вясковы.
*
Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна,
       На магілках, што Росса завуцца,
Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай,
       Над дзярнінай бярозкі трасуцца.
Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам
       Аб жыцьці пахаваным пад імі;
Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым,
       Пасьвенцаці сьлезамі жывымі.
Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала
       Ніву нашу і насып жвіровы,—
Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала:
       Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.
*
На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,
       Гэт пад лесам за вёскай бедачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
       Пастушок там на дудцэ так плачэ.
Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,
       Сам, як колас, хістаецца ў полі…
На загоне жнея над снапочкамі гнецца;
       Сонцэ іхней дзівуецца долі.
Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,
       Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
       Ім аставіў іх Лірнік вясковы.
*
Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
       Што ў хмяліных бялее повоях,—
На пачэсным кутку заседае жаданай—
       Мілай госьцей ў багатых пакоях.
I ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай
       Тую-ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песьня плыве над ліповой калыскай—
       Гэтак маці над дзіцем бядуе.
З маткай рэчка і вецер па свойму запелі,
       Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Як-бы тые напевы яны зразумелі,
       Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.
*
А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны,
       Будзеш долей закінут у горад,—
Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,
       Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
       Ноч праводзюць, усходу чэкаюць,
Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны—
       Ты спытай — яны Лірніка знаюць.
Там і сіняя мгла, як настануць марозы,
       На муры сее пух брылянтовы,
Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы,
       Што калісь выліў Лірнік вясковы.
*
Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай
       Думкі-чары, як кветкі разсеяў,—
I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра—
       Адгадаці малая надзея.
Час патрапе усё пакрышыць, адалеці,
       Путы нават змарнеюць у плесьні,—
Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
       Будуць жыці і лірнікаў песьні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі.
       Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх жывучы між намі
       Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

Брату ў чужыне

Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напявае зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?
Аздобнасьць неба — сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом;
Русалак ночкай разгаворы,
Шчасьлівых птушак песьні днём?
Ці помніш ты пагляд нясьмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў сьвет той белы,
Твая дзе моладасьць сплыла?
Нямое поле сенажаці
Лазой аквечаны дзірван;
Магілкі, сьпяць дзе твае брацьці,
На ўзьмежку прадзедаў курган?
Ці помніш прызбу, плот з прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляныя бацькамі,
Адвекам крыўлены набок?
Паміж прысад гасьцінец біты —
Пясчаны, ўзьвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песьню-байку «люлі»,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
Зь якой зьліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вясковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты…
Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..

Песьняру-Беларусу

Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песьняру?
Як у шуканьні вечным хлеба
Знайсьці ясьнейшую пару?
О, не хадзі к другім за радай, —
У пушчы сонна не шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.
Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песьні выгалась свае!
За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Пясьняр — слуга слугі усякай,
Пясьняр і цар усіх царэй!
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пайшла весьць ва ўсе хаткі,
Як зь ніў найбольшую браць дань.
Шчасьлівы ты ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы сьветач распалі!
Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
I вокліч славы пранясецца,
Пясьнярскай славы з роду ў род.
Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
I важна слаўлен, песьнярыста,
На той сьвет сойдзеш, як лісток.
Памёр пясьняр. — Над белым крыжам
За годам год перабяжыць;
Няпамяць імя пяўца зьліжа,
А песьня будзе жыць і жыць!

Наша песьня

Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
        Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
        Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!
Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,
        Дума-песьня ня хітра складаная,
Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..
        Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.
Як на небе зара ці як думка ў душы,
        Не скуесься няволі ты путамі:
Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы, —
        Запяешся людзьмі і закутымі.
Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам,
        Апявай жыцьцё наша праклятае,
І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,
        Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае.
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
        Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
        Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..

*** Падсякайце тое дрэва…

Падсякайце тое дрэва,
        Што ў корні ўсыхае;
Не ўважайце таго сэрца,
        Што жалю ня мае.
Страшце птушку, празь якую
        Свойская загіне;
Забывайце песьню, што вам
        Вораг ваш накіне.
Ой, гадуйце, падлівайце
        Гай жывы, зялёны:
Сэрцу добраму давайце
        Добрыя паклоны.
Паважайце тую птушку,
        Што крыўды ня робе;
Не цурайцесь роднай песьні
        Ў шчасьці і ў жалобе.

Папросту

Простым мы словам зь сьветам гаворым,
Песьні аб цяжкай творым нягодзе,
З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,
        Рвёмся к свабодзе.
Простая нашых прадзедаў слава,
Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа —
        Простым гасьцінцам.
Сьвет там выдумкі хітрыя знае —
Троны, кароны, вісельні, кулі, —
Выдумаць гэта мы ў сваім краі
        Неяк мінулі.
Летась нягодна, сёлета горай
Проста жылося, проста жывецца,
Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы
        Кожны к нам прэцца.
Нас гадавалі віхры і ночкі,
Крыўдай паілі нас ад пялёнкі —
Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі
        З роднай старонкі.
Хочам папросту, каб лепш ручыла
Нашым хацінам, нашым прыплодам,
Каб стаць раўнёю славай і сілай
        Іншым народам.
Проста жывём мы, як доля лучыць,
I крывадушыць не прабавалі…
Просім папросту: кіньце нас мучыць,
        Ляхі, маскалі!

Вучыся…

Вучыся, нябожа, вучэньне паможа
Змагацца зь нядоляй, зь няволяй…
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, —
Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як труд і навука,
Ці ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
I гора сваё зваяваці.
Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе — а толькі вазьміся!..
I знойдзецца ў працы аддыхі часінка,
I ў крыўду ўрагом не дасіся.
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
I к долі, і к волі, і к славе…
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,
I шчасьце ж такое ты маеш…

У вучылішчэ

Клумак з кніжкамі пад пахай,
Думак поўна галава, —
Там у школу даўным шляхам
Сыпе сельская дзятва.
Гурмам сыпе да навукі, —
Знаць ахвоту, ўвагу знаць:
Як жа, трэба знаньня штукі
Сходаць, скеміць, пераняць!
Буквы з памяці той клеце,
Той «таблічку» ў нос бурчыць;
Адным словам, яшчэ дзеці,
Адным словам, трэба ўчыць!

Янінцэ Паўловіч

      Для Янінкі, для цёзкі,
      Шлю паклон шчыры зь вёскі:
Жычу весела расьці, ўсе навукі перайсьці,
      I шчасьліва, і ахвотна,
      Ды бяз сумнасьці маркотнай
           Песьні пець
           І ляцець
      Па-над борам
      К сонцу, к зорам,
З вольнай думкай па-над гаем,
Па-над нашым бедным краем…
*
Для Янінкі, для цёзкі,
      Шлю паклон шчыры зь вёскі:
Жычу, посьле ўсіх навук без прынукі і дакук,
      Жыці з мужам, а багатым,
      Каб была век доля сьвятам,
           Добра жыць
           І любіць
           Дружку дружка,
           Як пяюшка —
      Птушка птушку, што век звонка
      Славіць нашую старонку
           І са мною для цёзкі
           Шле паклон шчыры зь вёскі!..

Ён і яна

Гэткай пары на сьвеце
Роўных ім не было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ёй да твару ўсё йшло.
Безь яго ёй ня жыці,
А яму безь яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.
Не чапалі іх мукі
I ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі —
Толькі знай, толькі бач!
Слава йшла полем-борам,
I то йшла ня бы як —
Ажна цёмненькім зорам
Было зайздрасна так.
Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць;
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх — не згадаць!
Так жылі, многа сьцёрлі
Лет сваіх маладых;
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.
Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
I нідзе, і ніхто.
Толькі чулыя людзі
Ўзьнесьлі насып зь зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі:
«Дзьве душы Бога просяць,
Каб хоць так бедным ім
На тым сьвеце жылося,
Як тут зь імі жывым.
Бо жыла так прыгожа
Гэта пара адна:
Ён быў Голад-нябожа,
А Няволя — яна».

Падымайся, ўставай!

Падымайся, ўставай!
Апранай капоту:
Ад двара, ад купца
Клічуць на работу.
Падымайся, ўставай!
Шмат ё латаць дзюрак:
Зарос кустам дзірван,
Трэба сотню шурак.
Падымайся, ўставай!
Умыйся сьлязою:
Кабыліну ваўкі
Кончаць за гарою.
Падымайся, ўставай!
Думкі патрывожы:
Хмара йшла, разьнясла
Твае гоні-збожжа.
Падымайся, ўставай!
Зьвяла немач сына:
Трэба ймшу закупіць,
Трэба дамавіна.
Падымайся, ўставай!
Не бурчы спрасонку:
Дружкі йшлі і зайшлі,
Просяць у карчомку.
Падымайся, ўставай!
Прапіў, выпіў — годзе!
Цэлы сьвет у вачах
Калаўротам ходзе.
Падымайся, ўставай!..
I нашто ж ты здаўся?
Пацягнулі ў астрог;
Ну, вось і даспаўся!

Мой пагляд і мэта

З прыпевак тутэйшага
Я па закону і па веры
Ганю свой быт паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват;
Той мне, таму штось вінен я;
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Да гаспадаркі маю клёку:
Як дзед, як прадзед, так вяду;
Штось мо' й ня так, як глянуць збоку,
Але я дзьму на ўсё ў дуду…
Кусток лазовы, ўзрэхаў рад —
Ня бачу ў гэтым грэху я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я к працы здатны і ахвочы —
З гультайствам дружбы не вяду;
Натое Бог дзянёк рабочы
Даў чалавеку на раду;
Тры ж дні якія ў тыдзень сьвят
Прасьвяткаваць магу і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Жыву з суседзьмі па-суседску, —
Пакорны згоды я слуга;
Ня быць нікому ў воку рэдзькай
Я век стараюсь як мага.
Які ж «на козыр» возьме «гад» —
Дзяржу ў руках кол ёмка я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Зладзейства — крый ты мяне Божа,
Каб я зрабіў… ражон мне ў бок!
Каня ж напасьціць чужым збожжам,
У панскім лесе сьсеч дубок,
Сянца напхаці панарад —
Яшчэ згаджуся з гэтым я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Зьдзірач, працэнтнік, ліхаімца —
Ў мяне такі не чалавек;
Я сам з другімі рад дзяліцца,
Але ўсё ў меру, як той лек:
Ніколі больш як «пяцьдзесят
За сто» і ўзяць ня сьмею я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Я п'янства, п'яніц прост ня зношу:
Іх вораг — я, яны — мае;
Калі ж сусед мне скажа: «проша»
I чарку ставіць на стале,
Ўступаю просьбам, рад ня рад.
Што ж? — дзьве-тры чаркі — ня хвор я…
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
На пана, жыда і на чына
Ня маю ласкі ні крыхі;
Хоць перад першым сагнуць сьпіну,
З другім гешэфцік завясьці,
А з трэйцім знаць ў хабарах лад —
Не ад таго падчас і я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Як людзі добрыя, навукі
Я з малку дзён пакаштаваў
I расьпішуся без прынукі,
Сынка ж у школу не даваў.
Дзед без навукі жыў лет шмат,
I сыну ж тое дзяўблю я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Люблю чытаць я і газэты:
Як, дзе, што — ведаці люблю;
Сякі-такі толк знаю ў гэтым —
Купляць жа — дык не прызнаю…
Сусед пазычыць яе рад,
Чытаць за «дзякуй» ласкаў я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Знаём з расейскай, з польскай мовай;
Сваёй з гасьцьмі ані мру-мру,
Хаця ня зрокся і «вясковай» —
«Папросту» з «простым» гавару.
Зь яе ж рабіць які парад,
За гэта дзякую ўжо я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.
*
Так па закону і па веры
Ганю свой век паміж людзей;
Жыцьцё сваё ўжо так разьмерыў,
Крывулі ў ім каб ні аднэй.
Таму я — кум, таму я — сват,
Той мне, таму штось вінен я.
Такі на ўсё ў мяне пагляд,
Такая мэта ўжо мая.

VI. Байкі і Аповесьці

Мікіта і валы

Байка
Ці летась, ці залетась, тут ці там —
      Штось мне няўцям,
      Ляшыў Мікіта
      Жыта,
      I, як на злосьць, яму адну
      Валы скрывілі баразну.
Вось ён і стаў (хоць добра йшлі ўсё лета)
      Ім выгаварываці гэта:
      «Я вас, — так кажа, — як магу
      I сьцерагу,
      Сам недасплю,
      А вас кармлю:
      Трасяначкай зімою,
Улетку траўкай лугавою,
      Штодня вадзіцы
      Даю з крыніцы.
А вы што мне? — Бязбожна
      Крыўляеце барозны,
      Хоць і няможна
      Ўсё такое»…
Валы пад тое:
      «Мы б мо і не крыўлялі,
Каб павадоў, ярма і пуг ня зналі».

Два мужыкі і глушэц

Байка
Неяк раз вясной
На балоце, над рэкой
Глушэц на ёлцы заседаў
I сам з сабою талкаваў.
А ведама усім,
Што з мясам гэты птах сваім
Бывае дарагім.
Дык вось, два мужыкі-панове,
Як бы ў змове,
Той з аднаго, а той с таго канца
Аблаву робяць на глушца.
Так падцікаюцца ўсё бліжэй, бліжэй—
I той, і той на птушку пальцы ліжэ!
Аж так і згледзіў таго той
I, як на ліха, ў спор с сабой:
«Куды ты лезеш, тонканогі?!»—
Шапнуў Іван с сваей дарогі,
Рукі нялёгкай чэлавек,
З якой слыве свой цэлы век.—
«Да гэтай птушкі мне закон,
А ты, гультай, адгэтуль вон!»
— «Ня твой, а мой! — сапе пан Ежы,—
К яму моў сьлед стары, а твой, гад, сьвежы!
Я маю с прадзедаў ад веку»
«Над гэтай пусткаю апеку!» —
— «Не ты, а я тут пан!»—
Гукнуў ужо Іван,—
«Віш, ты: абраўся „сямідзённік“!»—
— «А ты што лепшае, „казённік“?!»—
Кідаюць стрэльбы і за грудзі
Узяліся людзі.
I што-ж будзе?..
Глушэц на гэты іхні шум,
Што вёў так шчыра с кумам кум,
Падумаў: «Вот, так ласуны над ласунамі:
Знайшлі сварыцца
Пры чужым карытцы!..»
I… паляцеў, залопаўшы крыламі.
А ну, чытацелю, згадай канец:
Хто мужыкі, а хто такі глушэц?

Асёл і навука

Байка
Аслова невуцтва ня раз
Служыла дурням за паказ; —
Дык вось нарэшце узялі
Асла ў навуку аддалі
I сталі ўчыць яго чытаць, —
Вучылі нават і пісаць.
Асёл так шчыра ўчыцца ўмеў,
Што кніжкі ўсе, як сена, зьеў
I столькі ў гэтым скарыстаў,
Што горш убоістым ён стаў!..
*
Людзям ёсьць тут такі прымер
(Ёсьць людзі на быдля манер):
Хоць колькі ні вучы асла,
Аслом ён будзе да канца!..

Ігнат і пьяўкі

Байка
Лет шмат
      Таму назад
      Ігнат
Гарачынёй, здаецца,
      Купаўся ў рэчцы
      І, як на грэх
(Бадай, што заяц,
      Паганец,
      Сьцежку перабег),
К адной зь дзьвюх ног
Прынадзіў п’явак трох.
      Прыліплі, цягнуць, як мага,
      Аж сохне, корчыцца нага.
Бяда! Ўжо кінуўся і сяк і так,
      Заціснуўшы кулак,
Да іхняй скуры небарак, —
      Яны ж каб дбалі:
      Смокчуць далей!..
«Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,
      Ці ж мала вам сваёй вадзіцы? —
      I сьмех, і грэх, і стыд, скажу я,
      Смактаці кроў чужую!» —
      Так ім навучна ён талкуе,
      I ў той жа час
(Ня першы п’яўкам, відна, раз)
      Пачуў адказ:
      «Мае суседкі вінаваты», —
Кіўнула зь іх адна Ігнату,
Як ёсьць уся ў бліскучых латах,
      I пацягнула цёплы смок,
Аж колька ў крук згібала бок.
«Ня мне, а гэным дзьвюм крывёй
      Жыць хочацца чужой», —
      Пачуў ён ад другой
      Таўстой, таўстой,
Ды сёрб, ад першага ямчэй,
Даць мусіў з жыліны сваей.
      «Я? я так толькі, з дабраты,
А вось за тых вазьміся ты!» —
З чароду трэйцяя хлюснула,
Найболей кемкага агулу,
I смагла, смагла смактанула…
*
      Што далей там было, —
      Да байкі не дайшло.
П’яўкі ж (ой, чорт недзе рад!),
Хоць дней сышло — праходзіць шмат,
      Жывуць як бы ні ў чым, —
А толькі, як даць раду ім,
      Варожа ўсё Ігнат!..

Страх

У страха вочы вялікі.

Да пары жбан ваду носіць.

Прыказкі
      Ці з ласкі, ці зь няласкі Боскай
Ня нашым гэтасудзіць зданьнем, —
Стаяла вёска бліз Лагойска
З сваёй нудой і нараканьнем.
А ў ёй жыў Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся — ад пялёнак.
      Быў Юрка чалавек нядрэнны,
Адно быў трохі пустамеля:
Аж так і трэскаюцца сьцены,
Як расхлюсьціцца мала-веле;
Ня раз ён з толку сам саб'ецца,
Ці праўду рэжа, ці сьмяецца.
      А як крыху ён быў падпіўшы,
Свае тады не пазнавалі:
I ў поўнач з папраці расьцьвіўшай
Зрывае кветку на Купальле,
I на Узьвіжаньне зь зьвярамі
Гуляе ноч, як з сваякамі.
      Няма яму ніякіх страхаў:
Шаптун, вядзьмак прад ім хавайся!
Самога чорта нёс пад пахай,
З самою ведзьмай цалаваўся!
Такі ўжо Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся — ад пялёнак.
      Але на нашым зьменным сьвеце
Няма, бач, сталага нічога,
I салаўём падчас запеці
Ваўка прымусяць беспутнога, —
Так наш і Юрка, як ніколі,
Зьмяніўся з часам паняволі.
      Было, як помню, гэта самай
Перад Вадохрышчам куцьцёю.
Вячэру зьеўшы, да Адама
Сышліся ўсе мы грамадою —
От, пры лучыне ў цёплай хатцы
Паваражыць, пазабаўляцца.
      Былі старыя і малыя,
Падросткі, хлопцы і дзяўчаты;
Крычаць адны, сьмяюцца тыя,
Аж так і рвецца гоман з хаты!
І Юрка тут, і па-сваёму
Прагаварыць ня дасьць нікому.
      Я слухаў, слухаў, ды цярпеньня
Ня стала слухаць перахвалкаў!
Слоў колькі, выйшаўшы у сені,
Шапнуў Лявону і Міхалку;
Пагаварыўшы, зноў прыходзім
I гутарку няўзнак заводзім:
      — Хто (тут я к Юрку вокам кінуў)
Адважны з вас такой парою
Ў манеж схадзіць, набраць мякіны
I к нам сюды вярнуцца зь ёю, —
Хаця і поўнач ужо пэўне
I першыя ня пелі пеўні? —
      Тут хлопцы жыва падхапілі:
«Вось Юрка нам дакажа славы!
Ці ж ён бы страху не асіліў?
О, ён для дружбы, для забавы
І ў пекла, калі трэба, сходзе, —
Адважным гэта сьмех, і годзе!..»
      Наш Юрка, хоцькі ці ня хоцькі,
Ня рад з свайго ўжо выхваляньня;
Папхнуўся ў ток той сярод ночкі,
А зь ім наш сьмех і наруганьне.
Аж вось, празь нейкіх мінут дваццаць,
Мы чуем: «Гвалт! ратуйце, братцы!»
      На двор мы выбеглі ўсе гурмам.
Ляціць наш Юрка, як здань, белы,
У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам,
Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;
Убег у хату, дух ня зьмене,
Як бы у чортавай быў жмені.
      Мы ўсе яго давай у хаце
Прыводзіць к ладу і спакою,
Давай сьмяліць, давай пытаці:
— Што, гавары, было з табою? —
Той страх змагаючы авечы,
Пляце няствораныя рэчы:
      — О, Езу! Божа мой вялікі, —
Ён так расказ пераплятае.
— Я чуў няземскія там крыкі,
Была там сіла незямная!
З усякім страхам я пазнаўся,
А з гэткім век не спатыкаўся!..
      Іду ў манеж я той Рыгораў,
Прыйшоў і мацаю у куце,
I думаю сабе ўжо скора
Да вас зь мякінаю вярнуці;
Аж калі хапну я за нешта —
I сіл маіх прапала рэшта!..
      Згубіў і памяць, і адвагу,
Дрыжу, хістаюся, як колас,
I не магу, і даў бы цягу,
А тут — бух! нейкі страшны голас:
Ні чалавечы, ні сабачы, —
Люцыпар зь пекла не іначай!
      Сабраў я тут астаткі сілы
Ды як нагамі не задыдню!
Хоць бы схавацца да магілы,
Але ўцячы ад гэтай злыдні!
I прыляцеў к вам гэтак, брацьці,
Вы ж прэце чорта выганяці! —
      I ўсім не па сабе нам стала:
Мурашкі бегаюць па целе, —
А што, як праўды тут нямала
I ўбіўся чорт на самым дзеле?
Але ўсе надрабляем мінай
I ў ток зьбіраемся з лучынай.
      Ідзём. I Юрка дрыпе ззаду.
Прыйшлі. З увагай, як належа,
Давай шукаць пужалу, здраду
Па ўсіх вуглах, кутках манежа.
Аж бач — у куце, у мякіне,
Ляжыць сьвіньня, як усе сьвіньні!!!
      Ўсе ў рогат! кпінкі і прытыкі
Пайшлі у ход на ўсе староны:
«Зух Юрка! Чорт жыў і вялікі!»
«Ці не пагнаць вадой сьвянцонай?»
А Юрка… Юрка з пустамелі
Стаў з часам сьмелым і на дзеле.

Сват

Ня зьведаўшы броду,

Ня сунься ў воду.

Прыказка
З апавяданьня старога дзецюка
      — Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы!
Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы.
Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы,
Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы. —
Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
      — Зімой было гэта, — гаворыць ён далей, —
Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі,
I ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй, —
Няма таго дня — вечарынкі, вясельлі.
Папіў той гарэлку, той едзе у сваты;
Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш той хаты.
      Глядзеў я, глядзеў я, — дый вытрымаць трудна, —
А быў я натуры ня вельмі маруднай.
Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам, —
Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам, —
Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе,
Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў.
      З сабой у дарогу гарэлкі набралі, —
Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, —
Конь добры быў сватні, званок прычапілі,
З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!..
Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? —
Бяда — не бяда, акіян па калені!
      — Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі,
Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. —
Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы;
Ноч ясна, марозна — і месяц, і зоры.
Званок заліваецца, сьвішча палозьзе,
Сьнег скача, конь пырхне, — тры пляшкі у возе!..
      Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак;
Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак.
— А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі.
— Дык проша ж у хату! — Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.
      З парога сказалі, як сьлед: «…пахвалёны!»
— Навекі! — сказаў гаспадар на паклоны
I просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі,
Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.
      Дасталі тытун, затуманілі люлькі, —
Капшук мой быў слаўны, — дастаў ад бабулькі, —
I, як бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.
      Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
I гутарку аб інтарэсе заводзіць.
— Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!
      (Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.)
      Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла.
— Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні.
Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні.
      Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!), ня сьцяміўшы рэчы:
— Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
Хлапец і ня бедны, і добрай натуры,
Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… —
      Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі:
— Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі!
Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча,
Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў!
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..
      Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, —
Вы сьмейдеся самі ці лайце ад ведзем;
Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не адступіць, хоць шло б ня ўсё гладка.
      Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, Божа, віны!..
Сват гэтага толькі ня цяміць нічога:
Яму ўсюды проста, як з моста дарога.
      Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем, — што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсе гэта ня кепска — па першай няўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..
      А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, —
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак…
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо' пад такою радзіўся планэтай…
      Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць.
Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое.
— Чые, — спытаў, — гэта? — Аж дзеўка з куточка
— Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка…
      Што ж болей? Эх, болей… падлі там сівухі! —
Ну і наварыў жа мне сват саладухі!
Прайшло з таго часу год дваццаць бяз мала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны…
      Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота…
Так байку закончыў сваю нам Міхалка —
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, —
Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.

Паляўнічы і пара галубкоў

Прысьвячаю прафэсару

Б. Эпімах-Шыпілу

Легэнда зь індыйскай кнігі Магабгарата[1]
Ў Магабгараце, кнізе Інд,
Якой лет тысячы тры лічым,
Такая повесьць там стаіць
Аб галубках і паляўнічым.

I

Быў чалавек, якога ўсім
Было заняцьцем — паляваньне;
У лесе, ў полі дзень і ноч,
Як быццам ляжа там і ўстане.
За птушкай птушку ловіць ён
Са хцівасьцю благой у змове —
На рынак цягне прадаваць, —
Прадасьць і зноў ідзе і лове.
Пануе ў пушчы, бы ў якім
Сваім за хатай агародзе,
Ў сям'і крылатай пуд і страх
Сілом і клеткаю наводзе.
Паміж бацькоў, паміж дзяцей
Птушыных сее ён разлуку,
Ні ласкі к ім, ні жалю к ім
Ня меў, ня знаўся зь іхняй мукай.
З сумленьнем дружбы не вядзе —
Да крыўд і мук яму зло сватам;
Закон багоў яму ні ў што;
З душы і сэрца вечным катам.
I доўга так палюе ён,
Зьнімае так ахвяры ў клеткі,
Ажно прыпадак немалы
Спаткаў яго ў пустыні гэткі.

II

Дня аднаго ў кустах блудзіў
І лёгкага выглядваў хлеба, —
Пагоду ясную і дзень
На ноч зьмяніла бурай неба.
За хмарай хмару валакло,
А грозна, чорна, безустанку;
Пярун ляцеў за перуном,
Штоміг — маланка за маланкай.
Ліло, як з рэшата, дажджом,
Раўняла нізкі дол з узгорам,
I лес, і поле абняло,
Як пеклам, як шалёным морам.
Заціхла птушка, зьвер заныў;
Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай…
За грэх караў зямлю, ці што,
Так грозны Сатакрата.
А паляўнічы, хоць і мок,
Не пакідаў сваёй работы:
Галубку ўбачыў пад кустом —
За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай.
Здабыча лёгкая была:
Галубка, выбіўшыся зь сілы,
Хоць і хацела — не магла
Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

III

Тым часам сьціхла бура ўжо,
Але і вечар быў на сьвеце;
На небе месяц абышоў,
I зоркі сталі ў небе йрдзеці.
Што тут рабіць? дамоў ісьці? —
Ісьці і цёмна, і далёка;
У лесе цемным начаваць? —
I небясьпечна, і нялёгка:
Усюды сьвеціцца вада,
Вада зьліваецца з галінаў;
Нічым нідзе дастаць агню,
А тут яшчэ і рык зьвярыны…
I голад такжа не маўчыць:
Пара даўно чаго паесьці…
Нічога. Рады ўжо няма.
Прыйшлося ў лесе ноч правесьці.
Пад дрэва буйнае ідзе,
Шукае ў ім сабе апоры;
У знак пакоры — галаву
Схіліў і так яму гавора:
«О, дрэва, будзь прыстаньнем мне:
Ў сваёй з багамі мей апецы».
Сказаў і лёг на камень там,
Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было
Сялібай, хатай галубковай;
Сядзіць прамоклы на ім ён
I так бядуе слова ў слова:
«Куды загінула мая
Галубка, вечная падружка?
Такая страшная пара!
Як выйдзе жывенькаю птушка?
Мо' вецер зьбіў яе куды,
Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі
Ці вораг бедную злавіў,
Ці перуны насьмерць спалілі?
Што мне з жыцьця, калі яго
Ня будзе ўжо з кім каратаці?
Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет,
I сам ня свой у сваёй хаце.
Палац з брыльянтаў; сотні слуг
Хай за цябе паложаць грудзі, —
Бяз ласкі — з слугамі палац
Астрогам, пусткай вечнай будзе.
З падружкай мілаю і лес —
Як найбагатшы стане хорам…
Няма яе — няма жыцьця,
Усё — адной няўцехай, горам».

V

Галубка чуе галубка,
I сэрца радасьцю ёй б'ецца, —
Што гэтак помніць ён аб ей,
Такому жалю аддаецца.
Але нядоўга шчасьце ёй
Усьмехам думкі калыхала:
Галодны тут жа госьць ляжаў,
А гэта значыла нямала.
«Ня думай, мілы, аба мне, —
Так галубку галубка кажа, —
Уперад волю споўнь багоў:
Яны пры ўсім стаяць на стражы…
Гасьця ты маеш у сябе,
Замёрз і есьці пэўна хоча, —
Заняцца шчыра мусіш ім,
Каб не пракляў цябе і ночы».
Пачуў, стаў весел галубок,
Ад радасьці аж як ня плача.
Сьпяшыць гасьцю служыць, пытаць,
Якую той цярпіць нястачу.
«Я зьмёрз», — гавора той яму.
Галуб рад памагчы ў прыгодзе
(Бо й дрэва ў цень хавае свой
Таго, хто нават сеч прыходзе).

VI

Гальлё сухое і лісткі
Зьбірае, колькі сілы мае,
Кудысьці зьлётаў па агонь,
Разьвёў і госьця йзноў пытае.
А паляўнічы да яго:
«Дай есьць, галодны я сягоньня».
Тут бедны галубок схмурнеў:
Ня знае, дзе яду спагоне.
То ж ён па-птушаму жыве,
Жыве тым, што пашле здарэньне;
Няма запасу ў галубка,
А госьць ня можа знаць цярпеньня.
Падумаў трохі галубок
I штосьці выдумаў такое…
«Спакоен, — кажа, — госьцік, будзь.
I голад твой я заспакою».
Сказаўшы гэта, над агнём
Ён тройчы звольна акруціўся
І, як маланка, як страла,
Ў агонь, як ёсьць, жыўцом зваліўся…
Ўстрос паляўнічым страх і жаль;
Дае зарок ня жыць так болей:
Спаліў прылады ўсе свае,
Галубку выпусьціў на волю.

VII

Дый воля ўжо ёй не ў карысьць,
Сядзіць і сумненька бядуе:
«I лес, і сонца, і прастор
Мяне ня цешаць маладую.
Дружок ужо на сьвеце тым;
З кім варкаваць, як даўней, буду?
Нядолю-долю з кім дзяліць?..
Жыцьцё ўжо мне няспыннай жудай.
Пайду за ім, пайду к яму.
Прымі мяне к сабе, мой любы!»
I з гэтым словам, як і ён,
Звалілася ў агонь-загубу.
Яшчэ больш паляўнічым тут
Затрэсла скруха-неціхота:
Лавіці птушкі у сіло
Навек адпала ўжо ахвота.
Па куце здаўся за грахі:
Узьдзеў пакутны ўбор жабрачы…
Ракой ідзе — ня п'е вады,
У лесе птушкі — як ня бача.
Аж так дабрыў, дзе лес палаў…
Ўляцеў і сьледу не заставіў…
Па сьмерці ўбачыў галубкоў
Паміж сьвятых на небе ў славе.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Ўсю гэту повесьць знаем мы
Аб галубках і паляўнічым
З Магабгараты, кнігі Інд,
Якой лет тысячы тры лічым.

У Купальскую ноч

Цёплым летам на Купальле,
Як ноч ляжа без граніцы,
Зводы, чары бліжай, далей
Відны ў пушчы над крыніцай.
Ля калоды, на калодзе —
Ў кожным лесавым куточку —
Кветка-папараць усходзе,
Зацьвітае ў гэту ночку.
Хто захоча ў цёмнай гушчы
Пашукаці, паспытаці,
Падпільноўвае дух пушчы —
I ня дасьць нічога ўзяці.
Вось глядзіце! Зважна, ціха
Чалавек ідзе, крадзецца;
Што за немач, што за ліха?
Ці ж няма ўжо дзе падзецца?
Вочы кроўю наліліся,
Аб зуб зубам страх ляскоча,
Клубам гнецца, прыхіліўся:
Кветку-шчасьце цапнуць хоча.
I мармоча, як спрасоньня,
Пад шурпатымі сукамі:
«Ці ж, як летась, і сягоньня
Мне з пустымі йсьці рукамі?
Кожны год іду сюды я,
Кожны год надзею маю,
А тут немачы нямыя
Круцяць, верцяць з боку, з краю.
Зьбіўся з толку, жыць нязмога;
Вечны голад кветкі-шчасьця,
То ад Бога, то да Бога
Гоніць, цісьне, як з напасьці.
Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як бы зорка, як бы сонца!
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы».
Ну шукаці, як шукаці!
Цемра з нэтрай скача скокі,
Звод рагоча ў цёмнай гаці,
Смоўж зіркае аднавокі.
Так шукае, лазіць лазам,
Просіць, моліць, заклінае,
А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае:
«Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чапай маіх харомаў!
Я — дух пушчы, дух сярдзіты,
Не спушчу нідзе нікому!
Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людскіх костачак узгорак.
Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і з табою!
За цьвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!
Як на сьвет сьвет нарадзіўся,
Як душа засела ў целе,
Ўсе ляцелі к гэтай місе,
I ніводныя ня елі.
Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А ня дасьць надзець аковы.
Адчапіся, адхрысьціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасьціўся
Цьвет пасьцігнуці жаданы.
Бачыш, ночанька, як сажа,
Жджы лепш раніцы, ня кветкі!» —
Так дух пушчы з пушчай кажа
Чалавеку напасьледкі.
А ён блудзіць, ходам ходзе
Тамка, тутка, далей, бліжай,
То скрадаецца, як злодзей,
То бярэцца плазам-крыжам.
То абыйме дрэва-елку,
То рукамі водзіць пуста,
То пагоніць з хвойкі белку,
То спужае птушку з куста.
Пад нагамі мох шапоча,
Лісьце ласіцца па твары,
Ён шукае і мармоча,
Як ня чуе чараў-мараў.
«Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні!
Вунь вам верас, вунь вам лычка;
Ці няўжо вам не абрыдне
Шаматаці мной, як тычкай?
Шоў я полем, сенажацяй,
Шоў гарою і далінай,
А тут кветкі не спагнаці,
Хоць хавайся ў дамавіну!
А нашто ж мне над калыскай
Аб ёй ночка напявала?
Напявала, што ўжо блізка,
А пасьля сама схавала.
А нашто ж мне на папары
Насьвістоўвала жалейка,
Жальма жаліла на сквары?
Аж і сьціхла, дабрадзейка!
А нашто ж мне звонам косы
Вызванялі на прасьцягу?
Самі выгубілі росы,
Мне пакінулі боль-смагу.
А нашто ж мне на вясельлі
Пелі, гралі, чаркі білі?
Самі сьціхлі, занямелі,
Мне ўчарашні дзень згубілі.
А нашто ж мне на Каляды
Галасілі па-хаўтурну?
Самі вылеглі загладай,
Я ў жальбе снуюся бурнай.
А нашто ўсё гаварыла:
Жджы на кветку, на Купальле!
З году ў год чакаю мілай
I шукаю бліжай, далей.
Можа, тамка? можа, гэтта?
Пнуся, рвуся ўзад і ўперад —
I на лета, ўсё на лета…
Вязьнем я і кветка ў нерат.
Не трашчыце, не шасьціце,
Сухалесы, пустацьветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусьветы!
Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь сьмела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажыльле зводзіць цела…
Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як бы зорка, як бы сонца…
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы».
I пабег, пабег па лесе,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў
Галаву над пнём пахілым.
А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае
I так далей кажа сказам, —
Ночка слухае нямая.
«Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядывай на печку!
Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асьвяці мой хорам годне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
Зь верай вернай і надзеяй, —
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем;
А ня зробіш — сотні летак
Выць так будзеш паміж вязьзем.
Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,
Віцца будзеш, як вужака,
Дзень ці ноч, ня скажаш: годзе!
Чахнуць будзеш, небарака!
Бачыш, чуеш: царства наша
Вечна, сільна, неўгамонна;
Духа пушчы не застраша
Ні сякера, ні карона.
Не ўздымайся сухавейне,
Не вышуківай закляцьця!
Скора поўнач, скора пеўні
У тваёй зайграюць хаце».
Дух гамоніць, лес трасецца,
Стогнуць хвойкі і асіны,
Шум пакоцісты нясецца,
Як хто гіне або згінуў.
Чалавек маўчыць, марудзе,
Ўзад, уперад пройдзе, гляне.
Вось мінута, а штось будзе,
Можа, можа, і дастане…
Абы поўнач, як маланка,
Не змахнула цьвет закляты, —
Прахам пойдзе ўся гулянка,
Зноў год жджы на гэта сьвята!
Што? Стаіць, глядзіць, о Божа!
Кветка-папараць абходзе,
Зацьвіла, як мак, прыгожа,
Як бы сонца на усходзе.
Схамянуўся, прэ кустамі,
Як шалены, прэцца к кветцы;
Лес кусаецца сукамі,
А ён туж дапрэ, здаецца.
Раптам певень загалосе
Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы. —
Ўсё — як сон… не засталося…
Лісьць трасецца на бярозцы.
Не то з пуду, не то з жалю
Вочы трэ, глядзіць нясьмела —
Пуста, дзіка, бліжай, далей,
Толькі штосьці зашумела.
Зашумела, замуціла,
Дзікі рогат паплыў рэхам,
Думка сьніла, не дасьніла,
Паляцела з пушчай сьмехам.
Паваліўся, як сноп жыта, —
Як сноп жыта пры сасонцы.
Крык адно, як звон разьбіты:
«Дайце кветку! Дайце сонца!»

На Дзяды

Хто там стогне так на ўзьмежку,
        На капцы у полі?
Як згубіўшы к долі сьцежку,
        Як ня знаўшы долі.
Ці там вецер водзіць гулі
        Так па самагубе, —
Бы сваё дзіцё матуля
        Песьціць ды галубе?
Ці над бацькаўскай магілай
        Жаліцца сіротка,
Ці сваёй шукае мілай
        Хлопец-адзінотка?
Ой, не плача брат над братам
        На мяжы кургана,
А бядуе так душа там —
        Зьвязана, скавана.
Хто умее слухаць, можа
        Шмат пачуць чаго там;
Як прычытвае, нябожа,
        Бы Лазар пад плотам.
Не жылося мне даўней так
        (Льецца гэткі голас),
Не такі мой быў палетак,
        Іншы меў ён колас.
Шла мая ў даль дзіва-сіла,
        Як бы хвалі Нёмну;
На касе сваёй насіла
        Княжацку карону.
Ніў маіх ніхто б ня зьмерыў,
        Не зьлічыў сялібаў;
Мела ў пушчах многа зьвера,
        Многа ў водах рыбы.
Засядала, расьцьвітала
        За гадамі годы;
Залатыя думкі ткала
        З шчасьця і свабоды.
Мелі страж гранічны вехі;
        Гадавала дзетак
І чакала зь іх пацехі,
        Як вясною з кветак.
Трох сыноў дала судзьбіна
        Да майго парога,
А такія — сын у сына,
        Як нідзе, ні ў кога!
Іх пясьціла, як умела,
        Ласкаю вясёлай;
Красак, сонца не жалела
        Я для іх, саколаў.
І расьлі яны, расьлі так,
        Мае княжаняты,
На багацьце, на прыбытак,
        На вось тое сьвята.
Як са мною будуць разам
        Жыці, панаваці,
Славы быць жывым абразам
        У людзей і ў хаце…
Бегам беглі дні і ночкі,
        Леты за лятамі…
I павырасьлі сыночкі
        Самі, як ня самі,
Як дубы у полі чыстым,
        Як сасонкі ў боры,
Як у небе абадзістым
        Тыя сьвечкі-зоры, —
Так магутны, яснасьветны
        На пагляд былі ўсе,
Хоць да бою з апраметнай…
        Ажна сьвет дзівіўся!
Ды ўдаліся, ой, сынкі мне
        Не аднэй натуры,
Як бы тыя ноткі ў гімне
        Цішы і віхуры.
Працавітага быў першы
        Складу і нагібу,
Так, здаецца, што й памершы
        Ўсё араў, касіў бы.
За другім была ахвота
        К лежні, к панаваньню;
За чужой бы жыў работай,
        Спаў бы да зьмярканьня.
Трэйці ўсіх бы толькі мучыў —
        Склад меў быці катам,
З паганякаю на ўзруччы
        К зьдзекам быў заўзятым.
Вось такой натуры, складу
        Ў іх я дачакала;
На дарма, як мёд-прынаду,
        Думка ў думку ткала.
Не прышлось мне жыць на сьвеце
        Ў славе і дастатку:
Загубілі родны дзеці,
        Загубілі матку.
I сярэдні, і малодшы,
        Родныя дзяціны,
Як мая — пайшлі к салодшай
        Ласцы без прычыны.
Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца,
        Гнуць у ёрмы шыі…
I ўтапілі ў чужаніцы
        Душы маладыя.
Заставаўся толькі старшы
        Гаспадарыць дома,
Бо ад тых быў гаспадаршы,
        Хоць быў ў іх за лома.
Заставалася адна я
        Сын адзін са мною
Як той путнік на расстаі,
        Летам і зімою.
Сяк ці так, жылось паволі
        Ў палавіне з горам —
Тым у хаце, тым на полі,
        А другім за морам.
Аж дакучыла, знаць, далей
        Недзе так бадзяцца,
І сынкі зьбірацца сталі,
        Ззадалёк вяртацца.
Як прыйшоў дамоў сярэдні,
        Выглядаў багата,
Й не пазнаў, як зьвер пасьледні,
        Ні мяне, ні брата.
Ў плуг запрог свайго браточка
        Навек, да скананьня,
А мяне асеньняй ночкай
        Выгнаў на бадзяньне.
Як дамоў вярнуўся меншы,
        Сьвету як увідзеў, —
Аказаўся дасьціпнейшы,
        Чым сярэдні, ў крыўдзе.
Над старэйшым братам ставіў
        Стражы і запоры,
Цела ранамі крывавіў,
        Зьдзекаваўся ў горы.
Зьдзек і далей строіць дай жа,
        Ласку з сэрца выжыў:
Суд судзіў, што я — ня я ўжо,
        І расьпяў на крыжы.
Так мая краса завяла
      I маёй сялібы!
Ліхата апанавала
        І капцы, і скібы.
Адплацілі роднай матцы
        Княжаняты-дзеці:
Відмай кінулі бадзяцца,
        Сіратой гібеці.
Ходзяць, гоняць сухавеі
        Праўданьку сьвятую;
Брата брат не разумее,
        Брата брат катуе.
Я на гэтым на кургане
        Ўсё сяджу і плачу,
Усё чакаю зьмілаваньня,
        Дый ніскуль ня бачу.
Ці апомняцца сыночкі
        У сваёй правіне?
Ці загінудь сярод ночкі,
        Што і сьлед загіне?..
Стогнуць ветрам калыханы
        Ліпы ды бярозы,
А ноч сее скрозь туманы
        Золь, слату, як сьлёзы.
Лапацяць крыламі жудка
        Кажаны, начніцы,
Як бы суд спраўлялі тутка
        Ведзьмы-чараўніцы.
А душа сама — бяз хаты,
        Знаць, зь вялікай мукі
То зрывае зь сябе шаты,
        То ў крыж зложыць рукі,
То паказвае на плечы,
        То капец абойме…
Бог яго усё дарэчы
        Зразумее, пойме!
Можа, зь іншага хто краю
        Скеміў бы сумленьне,
Што яна там вычварае
        З жалю і цярпеньня.
То нам кажа ночкай цёмнай
        На мяжы ў пракляцьці,
Як Дзяды ў нас векапомны
        Стануць адпраўляці.

На Куцьцю

I

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны снег іскрыцца;
На бел-свет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
      Глуш абнялася з цішыной
      I спавівае ўсё у чары,
      Паўзуць і сеюць шорах свой
      Старым парадкам цені-мары.
Вылазе з цемры бледны звод,
Глядзіць сліўнём на долы, горы
I тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
      I тут і тамка свой прыгон
      Распасцірае царства ночы;
      Салодкі сон, магільны сон
      Смяецца свету ўсяму ў вочы.

II

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Не спіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыццё
Ў агнёх старога папялішча.
      Іскрыстым, бліскатным святлом
      Заліты княжскія святліцы,
      Дружына вольная кругом
      Сталоў дубовых варушыцца.
Золататканы абрусы
З сталоў звісаюць дыванамі,
На абрусах чысцей расы
Віно красуецца каўшамі.
      Духі мінуўшчыны куццю
      На старасвецкі лад спраўляюць.
      Даўно бываламу жыццю
      Дары належныя складаюць.

III

На беласнежны на пасад
Усходзе князь, усходзе княжна,
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.
      Агні брыльянтаў, як зарніц,
      Зіяюць з княжацкай кароны, —
      Краса б'е з князеўных зраніц,
      Як бліск маланак развуглёны.
Звярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
      Бярэ коўш соладка віна,
      П'е за дружыну маладую,
      I княжна з князем п'е да дна;
      Князь гутарку павёў такую.

IV

«Адзін, адзін раз толькі ў год
Збірацца можам з ласкі року,
Каб год іржавы карагод
Зганяць з мінуўшчыны далёкай.
      Нас не кранулі косы змен:
      Царым мы ў дум жывых гэйнале,
      Хоць на падмурках гэтых сцен
      Другія наш пасад занялі.
Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць над нашым краем,
Свяцільні ж нашы не замруць,
Што ў сэрцах вольных рассвятляем.
      Прашу паклікаці ганцоў
      I месца даці ім па чэсці:
      Ад нашых стоптаных капцоў
      Якія нам прыносяць весці?..»

V

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў святліцу,
Ідуць суважнаю ступой
I князю й княжне пакланіцца.
      А першы гэткі светлы быў,
      Як небам сланыя праменні:
      Ў руцэ меў светач, што на здзіў
      Усе усюды зводзіў цені.
А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі перунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук
I лук стальны меў за плячамі.
      А трэці быў і раб і цар,
      I слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
      Як вечнасць, молад быў і стар;
      Меў гуслі — на грудзях віселі.

VI

I першы князю гэткі сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яшчэ ўсе жывы.
      А толькі ўсё той самы лад:
      З вачэй не зняты йшчэ павязкі,
      Ці йдуць уперад ці назад,
      Відны сляды цямрычнай ласкі.
А як ішоў між іх з святлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сляпым замораныя сном,
Худыя рукі ўвысь цягнулі.
      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      „Аддайце сонца наша нам!
      Нашто схавалі-расхапалі?“»

VII

Другі за першым князю сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яны ўсе жывы.
      А топчуць толькі ўсе той след,
      Валочаць ёрмы за сабою;
      Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет,
      Адною жаляцца слязою.
А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасонні,
I столькі, столькі крэпкіх рук
К маёй паціснулася броні.
      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      „Аддайце славу нашу нам!
      Нашто схавалі-расхапалі?“»

VIII

I трэці князю гэткі сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яны ўсе жывы.
      А толькі торг усё ідзе
      Над іх душою патаптанай;
      Яны, як цені, ў грамадзе
      Маўчаць і йдуць на пір паганы.
А як я ўдарыў па струне,
Замітусіліся, як пчолы,
I на гарэ і нізіне
Мне падавалі голас кволы.
      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      „Аддайце песню нашу намі
      Нашто схавалі-расхапалі?“»

IX

Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны,
I дасць адказ такі ў канцы
Ганцам на іхнія навіны:
      «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,
      Раз хочуць сонца, славы, песні;
      Заб'юць ім зычныя званы
      Прабудным звонам напрадвесні.
Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Ўзнясуць пасад на кургане
На панаванне недасяжне.
      На дзеле — кожны йшчэ слугой,
      У думках — вольныя ўжо людзі;
      Над сэрцам іх, над іх душой
      Наш дух лунаці вечна будзе».

X

«Вы, другі верныя, ганцы,
Як летась, сёлета, налета
Ўсе пагранічныя капцы
Абходзьце зноў з маім прыветам.
      Гуслямі, лукам і святлом
      Будзіце, клічце і свяціце
      I так спануйце іхнім сном,
     Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.
А покуль поўнач не прыйшла,
Вясці бяседу будзем далей;
Засядзьце ўсе кругом стала,
Хай зазвініць віно ў крышталі.
      А чарку першую ўзнясём
      За цень мінуўшчыны у сеці,
      Другой к цяпершчыне прап'ём,
      Праславім будучыню трэцяй».

XI

Садзіцца княжна, князь, кругом
Садзіцца вольная дружына;
Шуміць бяседа за сталом,
Плыве часіна за часінай.
      I разгараецца ясней
      Паходня радасці забытай,
      I светазарнасцю сваей
      Вясёлкі сее самавіты.
Ямчэй нацягваецца лук,
Цэль рассякаюць агнястрэлы,
Дрыжыць паўчына і павук,
Дрыжыць прыблудак ачарнелы.
      Рахкочуць гуслі звон у звон,
      На бел-свет розгалас нясецца,
      Як бел-свет, коціцца разгон
      I ў думцы казкай раздаецца.

XII

Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.
      Залопаў крыллямі пятух, —
      I ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
      Замоўк разгул, агонь патух,
      Старое згасла папялішча.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамераў…
А быў тут хто або не быў, —
I так і гэтак мала веры.
      I так і гэтак свой прыгон
      Распасцірае царства ночы:
      Салодкі сон, магільны сон
      Смяецца свету ўсяму ў вочы.

Забытая скрыпка

I

Доўга пад трамай ляжала
        Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
        Скрыпка адна ў забыцьці.
Колькі йшло лет за лятамі,
        Колькі йшло, сходзіла сіл! —
Скрыпка драмала. Пластамі
        Клаўся і рос на ёй пыл.
Потам залітыя вочы
        Гэткі ня мог сьлязіць глум,
Пальцу мазольнаму ўночы
        Страшна крануць было струн.
Доўга чакае і сьмягне,
        Покі хто з сэрцам такі
Скрыпчыны струны нацягне,
        Гэткай чакае рукі!..

II

Шоў вёскай той падарожны,
        Чэзла дзе струньніца так,
Шоў і ў хаціну трывожна
        Сьмеліцца стукнуць бядак.
Зважна дамок адчыніўся,
        Просіць гасьціць гаспадар…
Скрыпка пад трамай… зьдзівіўся…
        (Быў падарожны — пясьняр.)
Цягне скрыпулю з-пад трамы,
        Пыл абмятае палой, —
Струны заенчылі самі,
        Жаляцна самі сабой.
Льюцца пясьнярскія словы,
        З дошкай ліповай пяюць;
Зьвесіўшы людзі галовы,
        Слухаюць, думкі снуюць.

III

«Доўга шукаў цябе, скрыпка», —
        Гэткая песьня плыве, —
«Быў без вадзіцы я рыбка,
        Ягадка ў буйнай траве.
Рвалася сэрца і думы,
        Гэт, да нязгадных сьвятліц,
Клікалі хвойныя шумы,
        Клікалі шэпты крыніц!
Клікалі… Поўнілісь грудзі
        Смуткам надзей і трывог…
Шоў між людзямі ў адлюддзі,
        Што мог, і то ўжо ня мог!
Вёску мінаў я за вёскай,
        Плёўся праз выдмы, кусты;
Трэ было, трэ было свойскай,
        Музыкі свойскай, як ты».

IV

«Слаўся, сьвятая здабыча!
        Пан я сягоньня ўсіх ніў!
Песень маіх не паліча
        Той аж, хто зоры зьлічыў!
Птушкаю з выраю буду,
        Пеці зязюлькай пачну,
Радаўніц жалямі люду
        Ў вочы цікава зірну!
Громаў, маланак ахвотна
        Буду і цар, і пастух,
Лягу расіцай вільготнай,
        Выш'ю вясёлкавы крут!
Дзівамі кветкі купальскай
        Кожную зваблю душу;
Буду няласкай і ласкай,
        Богаў фальшывых скрышу»!

V

«Прыйдзе Узьвіжаньне — стану
        Ў лесе парадак вясьці:
Ў думкі жывіне ўсёй гляну,
        Буду ўсёй пушчай трасьці.
Ночкай асеньняй засяду
        За стол спраўляці „дзяды“;
З тым сьветам буду мець раду,
        Ўспомню магілкі тады.
Вымкну зноў птушкай на вырай;
        Сьвет не захоча ўжо спаць:
Будзе праводзіць ён шчыра,
        Будзе ён шчыра чакаць.
Грай жа ты, скрыпка жывая,
        Кожнай расходзься струной!
Хто мае сэрца? хто мае?!
        Гэй жа, за мною, са мной»!

VI

«Я пакажу ўсе вам чары —
        Чары ўсе неба, зямлі, —
Шчасьця другога пажары,
        Дзе б вы сагрэцца маглі.
Праўду ў лад новы настрою,
        Новыя песьні злажу…
Гэй жа, за мною, са мною!
        К сонейку шлях пакажу!..»
Так прызывае-галосе
        Скрыпка ў руках песьняра.
Рэха пад неба няслося.
        Днела ўжо; гасла зара.
Музыку чуюць суседзі —
        Камень бы зрушыць магла!
Сьпеў пясьняр. Глянуў, угледзеў:
        Хата пустая была…

За што?

Маці мая, маці,
Што ж ты мне зрабіла, —
За што гараваці
На сьвет парадзіла?
За што, за што
Твой сын бядак,
За што, за што
Ён плача так?
— Скажы!
Плача твой дзяціна,
Ты й сама ня скачаш, —
За сябе і сына
Плачаш, маці, плачаш.
За што, за што
Твой сын бядак,
За што, за што
Ты плачаш так?
— Скажы!
Тваё гора знае
Сын твой ад пачатку,
Бядуе, ўздыхае
За сябе і матку.
За што, за што
Наш лёс такі,
За што, за што
Мы бедакі?
— Скажы!
Маці мая, маці,
Крыўды з нас сьмяюцца,
І твае, й дзіцяці
Горка сьлёзы льюцца.
За што, за што
Лье не адзін,
За што, за што —
I маці, й сын?
— Скажы!

У шынку

Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
На стол чаркі! П'юць, знай, нездарма бедакі.
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!
Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю,
Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю!
Толькі рэж — не жалей, агнісьцей, весялей, —
Так ад самай душы, ад збалелых грудзей!
Сірата я сягоньня — дзе гляну — вазьму.
Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму;
Цягавіт быў, ня раз недаспаў, недаеў,
Жаль старога — ня ў час ён душой загавеў…
Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзьве,
Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;
Там бярозка, пасаджана мною, шуміць,
Салавейка вясной там сьпяваці ляціць…
…Свой напеў галасіла прадвесьне людзям,
Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:
Тым няхват хлеба, корму, — падаткі другім
I той сон і спакой аднімалі зусім.
I стары мой у гэтым ані не адстаў:
Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.
Што рабіць? Ёсьць Красулька — жывёлка адна,
Трэба ў горад, на торг, — няма рады, бяда!
Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,
За вяроўку, за цёлку ды марш пехатом.
Толькі робіцца цёмна ў вачох бедаку:
I чаму ж так ўсё не ручыць мужыку?
Вось і горад. Красульку таргуюць, — прадаў,
Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,
Машыруе дамоў, падпявае з нуды, —
Хоць на час адкупіцца ёсьць чым ад бяды.
Многа зьвера у пушчы ў цёмнай снуе,
Болей злыдняў між намі ё, людзі мае!
Многа сьцежак-дарожак ля нас лягло тут,
Толькі зь іх мужыку — адны мукі і блуд…
Ужо ладна за горад стары адышоў,
Тут за пазуху зірк: што схаваў — не знайшоў!
Ні кароўкі, ні грошы няма ўжо, няма…
Не бяда: дзяга ёсьць, ёсьць пацеха адна!
Мы з дарогі чакаем — і маці, і я;
Дзень, другі не відаць, ажно трэцяга дня
Слых пайшоў па сяле, што ў лясочку пятлёй
Хтось закончыў жыцьцё — гэта быў… гэта мой…
Гэй, што сьпіш там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
Болей водкі! П'юць, знай, нездарма бедакі!
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!..

У Піліпаўку

…Помню, ў Піліпаўку гэта было.
Ой, спаганяў сьнег ахвоту!
Долу, дарогі як ёсьць занясло;
Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму:
Дзіка мяцеліцы вылі,
З трэскам марозы гасілі ў сьцяну,
Птушак у лёце глушылі…
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй
Курыцца дымна лучына.
Месьціць хацінка са жменю людзей:
Бацьку, матулю і сына.
Бацька, сагнуўшысь, сядзіць за сталом;
Блудны, прытухлыя вочы…
Печку падпёршы схудалым плячом,
Маці паціху хліпоча.
Далей, ля сьценкі, палочак стаіць.
Думкі бацькоў там аж млелі:
Сын іх, Сымонка, тры дні ўжо ляжыць,
Тры дні на Божай пасьцелі…
З самых дзён малку Сымона свайго
Так гадавалі, пясьцілі!
Меці на старасьць падпору зь яго
Думкі супольна раілі.
Малец — як лялька, крапячы, як дуб,
Прызыў падходзіў на лета, —
Высах, як шчэпка, стаў ціхі, як слуп, —
Песьня няпетая сьпета!
Тры дні назад яшчэ з бацькам яны
Шуркі у лесе стаўлялі:
Гулка гудзелі там іх тапары,
Елкі, асіны стагналі.
Вечарам — дзіва! ні стуль і ні сьсюль,
Зьлёг і ляжыць, як павала;
Раілась маці ўжо ў многа бабуль,
Зёлак усякіх давала.
Дарма яна яму гэтак і сяк
Піць-есьць нясе адначасьне:
Дні свае лічыць збалелы бядак,
Вось-вось часіна — загасьне.
Ўжо не чакае сямейка дабра,
Аж тут, як воляю боскай,
Доктар адзін па дарозе з двара
Ехаў, заехаў і ў вёску.
Выслухаў, выстукаў хлопца кругом,
Даў карталюшку на лекі;
Ехаць да гораду кажа бацьком,
Ехаць хутчэй да аптэкі!
«Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе,
Толькі лякарства прывозьце!» —
Кінуў старым так і з хаты ідзе,
Дый толькі бачылі ў вёсцы…
Мілі ж тры ў горад; тры мілі — ня сьмех!
Конік худы — прыстаць можа;
Тут яшчэ гэты нязьмераны сьнег,
Ды ночка пусткай трывожа…
Трудная рада: да раньня чакаць
Хвораму лекаў прыйшлося.
Бацька во сеў над сталом — ня йдзе спаць,
Маці над сынам галосе.
Ноч на аддых — адзін міг мужыку,
Годам сыходзе — ў няшчасьці.
Шмат іх, даўжэнькіх, ой, шмат на вяку,
Як жа к сьвятлу тут папасьці?..
Час бег… Апошняя стухла зара.
Неба бялее на ўсходзе.
Ну, Сьцёпка! Ехаць і час, і пара,
Годзе маркоціцца, годзе!
З горада лекаў ты шмат навязеш,
Сын твой як бачыш устане!
Сільнай рукой пакіруе лямеш,
Сьвісне касой на сьвітаньні!
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
…Выехаў Сьцёпка. Чуць-чуць стала днець.
Конік малы, зацяганы.
Сыпка дарога, сьлед значан ледзь-ледзь,
Дзень хмураваты, вятраны…
Ехаў, даехаў Сьцяпан наканец,
Грош апасьледні пакінуў,
Лекаў набраў — і ганда маладзец!
Валіць дамоў, бедачына.
Валіць… Піліпаўкай, ведама ўсім,
Дню лік — гадзіна, ня болей.
Выехаў з горада — цёмна зусім,
З конікам сам ён у полі.
З поўначы сівер наскочыў сухі,
Сьнегам стаў кідаць зласьліва;
Шум ад завеі панёсься глухі,
Пеклам і неба, і ніва…
Конік Сьцяпанаў нага за нагой
Пхнецца ў сьнягу па калені;
Пройдзе і стане, трасе галавой;
Пугу штораз чуе меней.
Пхнуўся, цягнуўся, — нарэшце, як стаў,
Далей ні кроку — трасецца.
Як яго Сьцёпка ні гнаў-паганяў,
Хоць ты забі — ані зь мейсца!
Шорах па целе Сьцяпана пайшоў
Страшныя родзяцца думы
Шмат яшчэ вёрстаў дабрацца дамоў.
Грозяць сьняжаныя шумы.
Што тут рабіць? Конь ня хоча вязьці,
Дома сын лекаў чакае…
Кінуць каня? Пехатою ісьці?
Жаль, ды і ночка ж такая!
Ўсё ж сын мілей! — Лезе з санак Сьцяпан.
Крыжам дарогу зазначыў;
Цяжка на сэрцы, у вочах туман,
Боскага сьвету ня ўбачыш…
«Будзь здароў, косю! Хоць жаль мне цябе, —
Хворы Сымонка чакае!» —
Так шапнуў Сьцёпка — і ў поле брыдзе,
Ў гурбах чуць ногі зьмяняе.
Шоў ён, шоў дружна, а дзе і куды
Зьбіўся, і сам тут ня ведаў;
Сілы слабелі ад хуткай хады;
Думкі аб сыне йшлі сьледам.
Сьцісьне лякарства за пазухай ён,
Шэпча малітву да Бога,
I, хоць ня першы раз гэткі нагон,
Крадзецца ў сэрцы трывога:
Што, калі зьняў абрыдны яго блуд?
Як тады выйсьці у вёску?
«Сядзь, адпачні, — штось яму шэпча тут, —
Вось дзе, пад гэту бярозку!»
«Праўда, — падумаў, — пара аддыхнуць,
Многа прайшоў ты, нябожа!»
Сеў і мацуецца, каб не заснуць, —
Ведаў, што стацца тут можа…
Зьвіўся клубочкам і ціха сядзіць;
Лёгкасьць на сэрцы такая…
Толькі мяцеліца вые, шуміць,
Песьні яму напявае:
«Сьпі, мой Сьцяпанка, дзіцятка маё,
Я тут тваёю ўжо паняй!
Гэткай пасьцелі ня меў за жыцьцё,
Ў гэткай — і конь твой, і сані.
Сына сьпяшыш ты, сьляпы, ратаваць?
Ну, і нашто ж гэтак рвацца?!
Лёгка ж табе было век гараваць,
З мачыхай-доляй змагацца?
Я ашчасьліўлю, мой братка, цябе,
Ўбачышся быццам у небе;
Гора, бяда не падойдзе к табе,
Думаць ня трэба аб хлебе.
Сьпі! Знаю, крыўды ня раз зазнаў ты,
Братам ня быў між братамамі.
Я пашкадую цябе, сіраты,
Буду галубіць сьнягамі…
Меў жа прыпынак ты зносны калі,
Гонячы быт свой цыганскі?
Я з гулкай песьняй: „Ай, люлі-люлі!“
Спраўлю начлег табе панскі.
Скончу я песеньку-байку сваю,
Зоры пачнуць усьміхацца,
Будуць глядзець на спакойнасьць тваю,
Будуць табой уцяшацца!..»
Гэтак над сонным завея пяе,
Гэтак яго калыхала;
І, што ж вы скажаце, людзі мае? —
Сьцепку навекі прыспала.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Зьбегла па гэтым дзён нешта са тры,
Тры дні — а шмат даказалі:
Ў Сьцёпкавай хаце удрух сталяры
Дзьве дамавіны зьбівалі.
Зь іх адну зьбілі для костак старых,
Сына ў другую злажылі —
I пахавалі па-божаму іх,
Родных, навекі ў магіле.
Сходзіўся ўдоўку пацешыць народ,
Братнім слаўцом адзываўся:
«Маеш адзін хоць расход і заход,
Крыжам адным абышлася!»

Чатыры крыжы

Як Лявон прашчаўся з хатай,
         Як стаў ў сьвет зьбірацца,
Пакланіўся маме, тату
         I Прачыстай Матцы.
Пакланіўся, памаліўся,
         Выплеўся за вёску.
На мяжу, як сноп, зваліўся
         Пад крывой бярозкай.
Паліліся самі сьлёзы,
         Хоць даўно ня плакаў…
Ўстаў, пайшоў, як не цьвярозы,
         Далей, небарака.
Смольлю вецер лез у вочы,
         Хмары палівалі;
Пушча страшыла уночы,
         Людзі ўдзень чапалі…
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Як Лявон прашчаўся зь сьветам,
         Як дамоў вяртаўся, —
Ні з пацехай, ні з прыветам,
         Кажуць, не спаткаўся.
Ўсюды добра, дома — лепей,
         Дзе гуляў дзяцінай,
Дзе ніхто цябе ня чэпе
         Так, бяз дай прычыны.
Да сваёй даплёўся вёскі
         I… пляцецца далей,
Дзе магілкі, дзе бярозкі
         Ля крыжоў стаялі.
Тры крыжы там небарака
         Новенькія ўбачыў…
Сеў пад імі і заплакаў —
         Па сваіх, няйначай.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Першы — маткі, другі — таткі,
         Трэйці — Паланеі…
Ў месяц стаў яшчэ адзін крыж
         На магільнай кнеі…

За чаркай

Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады!
Давай чарку на стол, — вот і ўся тут бяда!
Кінь драмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады,
Як ці жыць, ці ўміраць будзе ўжо не наўда!
Груканём, стуканём чарка ў чарку, як сьлед, —
Бач, і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.
Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе;
Плюнь на тое, што кепска, што лепей — шукай!
Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе;
Глянь сягоньня ўсё роўна — ці пекла, ці рай.
А было, ой, было, як малінка жыцьцё:
Быў шчасьліў, песьні пеў, на ўсё птушкай глядзеў…
Калі хочаш, скажу, раскажу табе ўсё…
Дай вось чарку, а то ўжо язык прымадзеў.
Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Празь дзяўчынку пайшло, а нялёгка пайшло.
Маладыя былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ёй семнаццаць было.
Па суседству жыла, звалі Еўкай яе,
Даспадобы была як і мне, так і ўсім.
Ці глядзіць на цябе, ці то песьню пяе, —
Не было ёй раўні ні у гэтым, ні ў чым.
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцякаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе, —
Павідаці яе, як збаўленьня, чакаў.
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ёй па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцякла удваіх не адна,
І цяпер гэты час маю ў сэрцы на дне.
На кірмашы хадзіў зь ёю разам ня раз,
І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ёй асьмяляў.
А матуля мая (рай нябескі ўжо ёй)
Так любіла яе, як бы родну дачку:
Ўсё чакала, назаву я сваёй, —
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
Дый адна злыбяда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як пятля, ўжо на шыі вісеў…
Брату выйшлі гады, бацька жыў і ня стар,
Я сам дуж і здароў, — значыць, льготы ня меў.
Што рабіць у такім тут жыцьці, беспуцьці —
Выйсьці цэлым зь пятлі, не палезьці наўрад:
Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісьці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся з салдат?..
Варажыў, разважаў сам адзін і зь людзьмі:
Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так;
Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць — пасьля, бо мо' здарыцца ўсяк.
Адлажыў напасьля, адлажыў наўсяды…
Хутка восень прыйшла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пайшло безь бяды:
Папрашчацца дзядзькі адпусьцілі дамоў.
Мо' і год не мінуў, як шынэль я надзеў, —
З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла;
Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў;
Жаль яшчэ і цяпер — недакучнай была…
У паходзе былі, і прыехаць ня мог
Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць;
I пасьля, да канца маёй службы, ўжо Бог
Хоць магілкі яе не судзіў аглядаць.
Ну, аб Еўцы чаму — ты спытаеш — маўчу?
От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё…
Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу
Думкі, як гэта мы зь ёй устроім жыцьцё.
Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў
I ахвоты ня меў да другіх да дзяўчат:
Ёй адной пісьмы слаў і спакою ня знаў, —
Ўсё чакаў таго дня, калі пусьцяць з салдат.
Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок
Маёй службы прыйшоў — адпусьцілі зусім.
Я вярнуўся, і што ж? Э, мой мілы браток! —
Была замужам Еўка за бацькам маім.
Што прыйшло ў галаву за старога пайсьці —
Над адгадкай такой думак я не ламаў:
Сіратою была, а у простым жыцьці,
Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.
Сам згадаеш, што я перажыў у той час, —
Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук.
Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас?
Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук.
А яна — ўжо пры мне — ўсё хмурней з кожным днём…
Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы паглёд?
Часам разам няўзнак — я, яна уздыхнём,
Ды я ў поле барзджэй, а яна — ў агарод.
Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна —
Наша мачыха ўжо — бачу, тае ў вачах;
Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцяна;
Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячах.
Год, ня болей, прайшло нам такога жыцьця…
Як казалі ў сяле — нехта кінуў урок…
На душы дзьве паменшыла наша сям'я:
Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк.
Гэтак сьпятрала мне доля-байка навек;
Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы — турмой.
Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек.
Празь няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.

Вісельнік

Зоркі ня ўбачыш, імгла непрыхільная
Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай;
Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае,
Носіцца грозна па пушчах, палетках.
Лес расхадзіўся, па шумы сусьветныя
Б'юць у тахт віхравы кожнай галінай,
Стогнуць дубы і бярозы сталетнія,
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя
Жудаснай дзікасьці поўны бязь меры.
Як жа салодзіце думкі разьбітыя,
Сэрца з разьбітай надзеяй і верай!
Годзе, душа маладая, пакутаваць,
Шляхам заломным снаваць бескарысна, —
Страшна загадкі усябыту расплутываць,
Выхад з туманаў знаходзіць разблысны:
К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой выклікала…
Згасла ўсё лепшае, загасла, зламалася, —
Далей змагацца сілы ня стала.
Будзь жа збаўленьнем, пятля канапляная!
Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:
Хутка збагацісься ў плоднасьць нязнаную,
Слаўнаю станеш — толькі паслухай!
Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны:
Жыва вяроўку — раз, два і гатова!
Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны
З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Вырылі яму жалезнай лапатаю,
Вырылі паміж крыжовых дарогаў,
Кінулі цела — эй, цела праклятае —
Без пасьвячэньня, бяз модлаў, з трывогай.
Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя;
Быў чалавек — і няма чалавека:
Згінуў ня то ўжо зусім каб скацінаю —
Так сабе ўрэзаў трацініну века.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца,
Сотні раз ніву спалошча, абсуша, —
Памяць аб вісельным век не затопіцца,
Будзе пужаці трусьлівыя душы.
З году да году у сьвята дзядовае
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
Песьню вятрыска пяе паграбовую…
Вісельнік блудзіць паўночнай часінай…

Курган

I

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[2] уцяклі, —
Ўдзірванелы[3] курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку[4] воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, —
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ…
Толькі гутарка ходзіць такая.

II

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна[5] глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар[6]
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары[7], хат амшалых[8], як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы[9] раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма[10].

III

Раз бяседа[11] вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі[12]:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[13], саетаў[14]!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра[15]-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, —
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары[16], чарэсні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня[17] вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната[18].
Невыдумная світка[19] — убор на плячах,
Барада, як снег белы — такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь[20], белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.

VI

— Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, —
Князь умее плаціць незвычайна!
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў[21];
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;
Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
І я сам, як і ты, так табе запяю…
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —
Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.

VII

«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганіў[22] бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы».

VIII

«Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:
Сарачні[23] там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Глянь у лёхі[24] свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.
Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.
Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —
Гэта цертая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы».

IX

«Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, —
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
Гэта слезы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, —
Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта — сэрцаў скамененых пламень.
Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п'яце асалоду, —
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!
Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела…
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».

X

Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў…
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лескатам выбегла рэха.
— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваей княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай[25].
Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў,
Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!

XI

Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.
Гуслі разам яго самагуды:
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.
Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні[26] шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.
Не часалі дамоўкі[27] яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ен з той пары — да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.

XII

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.
Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.
Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.

Грабар

Ўжо даўно у вялікім у горадзе
        Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім;
Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам
        Долы-сховы сякім і такім.
Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, —
        Супачынку ня знае грабар;
Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах
        Сам з рыдлёўкай сваёй — гаспадар.
Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца,
        Змыюць цела, пакуль прыбяруць,
А ў яго ні зь сяго дол і выкапан,
      I ня змыліцца ў меры нічуць.
Як дамоўку спускаюць вяроўкамі…
        Ажно дзіў, які важны спачын:
Глыбіня, шырыня дапасованы,
        Не дагодзіць так бацьку і сын.
А засыпе зямлёй супакойніка,
        Які насып удоўжкі і ўзвыш!
I дзярном-дываном бераг высьцеле,
      I з каменьчыкаў высьцеле крыж.
Доўга-коратка жыў так — няведама,
        Пэўна, жыў, колькі трэ' было жыць;
Але вось, як на злосьць, і абрыдала
        Яму гэтак штодня ямы рыць.
Без канца неспакойства штодзённае;
        Як на варце, з рыдлёўкаю стой;
Пахаваў, насып даў небарачніку, —
        Бач, другі ўжо расстаўся з душой.
Каб за раз ад усіх адкараскацца,
        Вось тады б то аддыха была!
Песьні б пеў, не мадзеў сьвятам, буднямі;
        А так — доля ня тое дала:
Мрэ адзін, а ўсё зь ім не ўмяншаецца;
        На яго мейсца родзіцца пяць…
Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю
        Той грабар і штось выдумаў, знаць.
Ён рыдлёўку сваю жалязяную
        Кавалю пацягнуў, паказаў;
Як зьмяю, так сваю землякопніцу,
        Насталіць, натачыць прыказаў
I давай ён тады дзіву дзіўную
        Апраметна капаць глыбіну,
А ўсё так, не 'бы як, не спыняючысь,
        Верне брылы адну на адну.
Хто спытае: каму? — не адказвае,
        Адно толькі ямчэй капане;
Аб нічым аб другім і не ўздумае,
        Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне.
Рые тыдзень, другі; яма большыцца;
        Ўжо кладзе за адкосам адкос;
Дол глыбок, і пясок над магілінай,
        Як і глыб, — гэтак высака ўзрос.
Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,
        Ўжо работы ўсяго на паўдня;
Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму…
        Не стрывала матуля-зямля:
Ў яму рухнула зьверху, хаваючы
        Грабара і яго працу ўсю…
Але што ж? Для каго ж дол быў копаны?
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
        Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!

Чараўнік

Забытая казка

I

Трох сыноў чараўнік на сьвет белы выводзіў,
      Трох сыноў, што хаваў узаперці;
Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, —
      Як жыць лепей, як лепей памерці.
Тры паказываў ім ён на сьвеце дарогі,
      Тры пуціны іх долі-нядолі,
I даваў-насылаў ён сынам асьцярогі:
      Што чакае у чыстым іх полі.
«А як пойдзе хто першай, — ён кажа ім гэтак, —
      Што на ўсход шляхам чорнымкладзецца, —
Напаткае чужацкі крывавы палетак,
      I ў крывавай скупаецца рэчцы.
Той шлях першы і першая рэчка атрутай
      Спояць так і за хатай і ў хаце, —
На другіх будзе строіці петлі і путы,
      I сам гэтыя путы цягаці.
А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай,
      Што на захад кладзецца вужакай, —
Свой палетак любіць стане горай чужога,
      Прыпадзе к чужой рэчцы, як п'яўка.
Той другі шлях і рэчка другая загладай
      Атуманяць душу, зальюць вочы;
Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, —
      Даць, знайшоўшы, другім не захоча.
А як пойдзе хто трэйцяй сьцяжынай-пуцінай,
      Што сваёй не мінае граніцы,
Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай,
      Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай.
Той шлях трэйці і трэйцяя рэчка сьляпою
      Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі…
Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною
      I таптаці узгор гэты будзе».
Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці —
      Спадкі — цень свой на памяць аставіў…
А сыны сталі праўдзе — няпраўдзе служыці
      У сваёй кожны долі і славе.
Спадабалася першаму першая сьцежка,
      А другая — другому сыночку,
Ўзяўся трэйці на трэйцяй, як грыб-сыравежка,
      Спатыкаці, праводзіці ночку.

II

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца…
      Ўжо збываюцца бацькавы словы:
Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,
      Ў зямлю йдуць маладыя галовы.
Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,
      Жалязянымі клешчамі сьціснуў;
Дзе ні ступіць — згібаюцца краскі і травы,
      I пракляцьце шуміць бескарысна.
Ён і рад і ня рад, а пуцьця меней штодзень
      На тэй выбранай сьцежцы, і ные;
Ўжо адны ў вочы кідаюць — здраднік, звыродзень,
      На пагібель, на звод шлюць другія.
Не зыходзіць са шляху свайго і другі сын —
      Чуць ня йдзе сьледам першага брата:
Ўжо на згубу зь зямлёю і з хатай запісан,
      I ўсё ж долі завідуе ката.
Засядаць, панаваць на хватаным багацьці
      Не кідае за дзьверы надзеі,
Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце,
      Хоць пасад свой на выдмах разьвеяў.
Загубіў сваю скуру, чужая ж ня цешыць
      Абадранай душы ў павуціне;
Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць,
      I так вязьне, як камень у ціне.
Трэйці, смоўжам прыліпшы да трэйцяй пуціны,
      Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці:
Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны,
      Не дае, што ня мае, раскрасьці,
З кволых ніў палыны быццам зводзіць, ня зводзіць,
      Часам косьці зачэпіць нарогам;
Дома дрэме, сьціскаецца стульна, як злодзей;
      Б'е падданчы паклон за парогам.
А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,
      Аплятае ўсё віднае ночай;
Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці;
      На браточкаў зубамі скрыгоча.
Так расьце нездавольства ў сыноў чарадзея —
      Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце;
З ходу-выхаду выйсьці адна ў іх надзея:
      Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.

III

Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе
      Важны ўзносіўся хорам-сталіца,
Чарнабожнік над ім непрагляды завесіў,
      Каб нялёгка было прыступіцца.
Стуль выходзілі ветры — і шум падымалі,
      Туды зь неба валіліся зоры,
Там адны уставалі, другія драмалі,
      Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры.
З зор сатканы былі недасяжныя сьцены,
      Росы ўнізе ірдзелі яскрава,
А на вышках, як сон на зямлі, пераменны
      Залаты месяц радасна плаваў.
Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы,
      Зіхацела ў ім кожна часьціна, —
На пасадзе сядзела цьвет-ночка — царыца…
      Звалі тыя і сія Судзьбінай.
Векавечна ў руцэ адной сонца трымала,
      Перуны у другой руцэ мела:
Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала,
      Інша раз перунамі шумела.
Патрасала пасады, скідала кароны;
      Тым, другім, была каменем-хлебам;
Выдавала народам старыя законы,
      Кіравала зямлёю і небам.
Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў,
      Чуў — ня чуў аб ёй, бачыў — ня бачыў,
Кожны толькі яе падпільновываў сьледу,
      Плакаў, выў, як было што іначай.
Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі
      Ў самасейным паходзе сталецьцяў,
Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі
      I адкрыць сьветы новыя ў сьвеце.
Гэткай паняй ясьнела у хораме зорным
      Цараўладнай і разам няўладнай;
Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным
      К царству, к рабству вяла беспраглядна.
Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў,
      Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, —
Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры,
      Як жыць лепей, памерці як лепей.

IV

Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай
      Наблудзіўшыся, выхад спаткалі:
Ім парады далі назаўсёды ў Судзьбіны,
      Як трымацца тых радаў, сказалі:
Першы брат ад яе меў наказ незабыты:
      — Нездарма быць хацеў царам ночы,
І сваіх і чужых расьпінаў на крыжы ты;
      Крыўдай праўдзе сьмяяўся у вочы.
Бачыш зоры і сонца вясёлае бачыш?
      Зь імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца,
А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш, —
      За табой кінуць зморы ганяцца.
Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай,
      Збудаваць Божы быт на пакутах, —
Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны,
      Не дасі — зь сьвету зыдзеш у путах.
Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы:
      — Не туды цэлы век пёрся здуру;
На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы,
      Каб напяці гладзейшую скуру.
Хто пакінуў свой дом на пасьмешышча нетрам,
      Дом чужы таму будзе астрогам;
Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам,
      Свой пасад таму стане бярлогам.
Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў, —
      Станься тым ды йдзі к меншаму брату…
Не прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына,
      Будзь пракляцьцем яму — свайму кату.
Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў:
      — Сну-траве ты занадта даў веры,
I ў сябе шанаваць чалавечага духа
      Не патрапіў наўчыць брата-зьвера.
Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы
      I зводзь імі прыблудаў заломы,
Што ляглі на твае крывасейна разоры,
      Што страчаеш за домам і дома.
Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы б
      Не валок зводны зьмей і начніцы;
Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып,
      Што паганіць нага чужаніцы.

V

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна,
      Йдуць суважна за зьменамі зьмены,
Перамены ў сябе засявае брат кожны,
      Шчасьцю ўзносяць свайму новы сьцены.
Асьвяціў сваё чорнае першы сумленьне
      Прагавіцьцем быць сонцу раўнёю,
Ў путах сьцюжу трымаць, меці жараў насеньне,
      Тлець, пылаць над людзьмі, над сабою.
Як сам цар-Грамавік, чуе ў жылах пажары:
      Сонцы б новыя сеяў па небе,
Абярнуў бы сялібныя ў полым абшары
      I сьвет цэлы спаліў бы ў патрэбе.
Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў,
      Аж сябе сам сабою распражыў:
Сонца сэрца яго растапіла, як льдзіну,
      А душу спапяліла на сажу.
Брат другі шоў на нетры сьляпыя аблавай,
      Воблік крадзены кідаў загубам,
Акрыляў сам самога асілкавай славай,
      Паўставаў проць хапанага клубам.
Як двурог-маладзік, маладзеў сярод зломаў,
      Вызіраў непакорай, пакорай,
На мінуўшым мінуўшыя ўзводзіў харомы,
      Падпіраў кастылямі падпоры.
Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою,
      Саграваў сэрцам лозы і шышкі,
Выцьвітаў, аж і стаў — чым быў — чорнай зямлёю, —
      Зьвесьць не зьвёў недахваткі і лішкі.
Трэйці брат загаворы здымаў з папялішча,
      Знаць даваў моц іх сьпячым народам;
На вялікае новых прыпеваў ігрышча
      Выступаў — адступаў чараводам.
Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнага зьмея,
      Трос заломам, як сівер мятліцай;
Сховы новыя ўзносіў паміж сухавеяў
      I пускаў к ім старыя крыніды.
Гнаў крыніцы, піў зь іх і ў іх затапіўся…
      На былым даў былому ўзрастаці;
Склеп нямы, дзе ляжаў чараўнік, адчыніўся, —
      Сьвет нанова стаў новых чакаці.

VI

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў
      I паказываў тры ім дарогі:
Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе;
      Стаў сачыць скрозь глухія парогі.
Ў хвалях мутных шукае, к каму дзе падсесьці,
      Нагавормі сваімі абвеяць;
Трох сыноў ён шукае, што ў чэсьці, ня ў чэсьці
      На яго мейсцы пошасьці сеюць…
Азірае сыноўнія спадкі ў пустошы,
      Ў быт глядзіць ад канца да пачатку;
Засыпае, ўстае на адцьвіўшай пакошы,
      Аджыўляецца ласкай прыпадку,
Барадой яго пошум, як лесам калыша,
      Хмары звонам кладуцца на плечы,
Грамавік на грудзёх яго гібелі піша,
      Ведзьмы шэпчуць аб соладкіх рэчах.
Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці,
      Упіваецца ў сэрцы нямыя,
I сьцібрае на путы струхлеўшыя косьці,
      I пляцёнкі з асьлепленых шые.
За сабою валочыць патухшыя душы,
      Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы;
Кроўю цёплай сьцюдзёныя вогнішчы тушыць,
      Сэрцы лёдам аблітыя лушчыць.
I свае і чужыя выцягвае звадай,
      Жылы белыя чорным патрэбам,
Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду
      Быць усім — і зямлёю, і небам.
Каб спустошыць, абнетрыць труп'ём чалавека,
      Даць папас на магільным папасе,
I так хэўраю будучых, быўшых адвекаў
      Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі.
Гэткай рдзее душой чараўнік-сьлепаводнік,
      Што сыноў навучаў трох калісьці,
А за ім сучыць сьледам, цянюючы, зводнік
      І гайдае зялёнае лісьце.
Шапаціць тое лісьце заснуўшым палянам, —
      Чуе ночка глухая, нямая:
Кожны край, што дачэсна завецца забраным,
      Гэткіх казак забытых шмат знае.

На папасе

Абразок
Вясенняя ноч. Непадалёк ад гасцінца — хвойнік. Тры падарожныя збіраюць галлё.


1-ы падарожны, (прыносячы галіну).

І пуста ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў беспуцці.
А помню, усё было іначай,
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз галля не значыў,
Агонь не зводзіўся, не гас.
2-і падарожны, (кідаючы сук).

Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узлез.
Яшчэ паўгода, год і будзе
Без блыску вогнішча начлег;
Не раз, не два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на смех.
3-і падарожны, (кідаючы лазіну).

Вось вам дубец лазы лазою!
З карэння выдзер, як ё, ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.
Хай блысне полымя пад неба, —
Пара манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы вазьміцесь распаліць…
1-ы падарожны.

Я рад бы славы даказаці,
Дый сваю губку замачыў.
2-і падарожны.

А я свой недзе цыр затраціў, —
Даўно і люлькі не курыў.
3-і падарожны.

Ну, добра! Зараз я вярнуся, —
Запаланее мігам лом:
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут с капшуком.
(Выходзіць).

1-ы падарожны, (к другому).

Садзіся, ваша, адпачынем!
Напэўне, спорна умахаў?
Дарожка — хай яна загіне:
Карэння столькі і канаў!
Дух чалавеку ўпрост выймае,
Не чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе з краю,
Ног зацяганых пажалей.
2-і падарожны.

О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачынку; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.
(Садзіцца).

Як неяк холадна на свеце,
Хоць май даўно ўжо на двары.
Але, але, дзе наш той трэці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..
3-і падарожны, (падходзячы).

А вось і я прыйшоў нарэшце!
Крыху задлякаўся з канём…
Агоньчык толечы развесці, —
А там закусім, аддыхнём.
(Дастае запалкі).

Запалім… А! Вось і навука!
Што гэта значыла б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае замоклі сярнікі.
Не дам нічога з імі рады;
Ў пацёмку трэба папасаць.
Вось непашанціла, дапраўды!
Ці ж думаў хто так прападаць?!
1-ы падарожны.

Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, —
Каб нам такой бяды павек!
Сцюдзёна, цёмна, ды ўсё ж лета —
Не счэз ніводзін чалавек.
А можа хто яшчэ над'едзе
І зніме гэты клопат з нас?
Дый першыня, ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…
2-і падарожны.

Мо помніш леташнюю восень:
Ўвесь свет быў глух і дзік, і пуст;
Шум не сціхае гонкіх сосен,
Здаецца, плача кожны куст.
Здаецца, пеклава вяселле
Ўзнялося, круціцца, сапе;
Ні блыску зорак, ні прыселля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
Цурком дождж льецца, як із луба;
Скаголе вецер, як той звер,
А мы пад хвойкамі, аж люба,
Начлег спраўляем, як цяпер.
3-і падарожны, (прыслухаючысь).

Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас ніхто тут не начуе, —
Каб не набраціся бяды?!
1-ы падарожны.

Сядзіце вы, а я падскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо сена хто наскубсці хоча, —
Вось шэльме дам, дык дам лазы.
(Адходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца).

А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць не вывярнуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.
(Па неякім часе варочаецца з незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэтака здаю…
Не многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую не ўходзіў:
Пайшоў, куды сказаў яму.
Незнаёмы.

Пакінь плясаці! Я вам не злодзей,
І лаяць так няма чаму.
Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.
Але, як вы, шукаў начлегу, —
Яго між вамі думаў мець,
Дый не туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.
2-і падарожны.

А як васана нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, не меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасмеў?..
3-і падарожны.

А праўду, праўду сват гавора,
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?
Усе тры.

Гавары!
Незнаёмы.

На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзям прыгледзьцеся худым,
І кій, і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.
З гразёй не будзеце мешаці,
Далей адпусціце ісці…
І вас чакаюць дзеткі ў хаце
І вы бяспутнікі ў жыцці!
Вось, лепш асвецім гэту кнею —
Святлку з нас пэўна ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею,
І песень так жа ўмею шмат.
1-ы падарожны.

Як бачым, ты глядзіш іначай.
2-і падарожны.

Відаць, не злодзеевы род.
3-і падарожны.

А хто б падумай? Так прастачы
І твой убор, і твой паглёд!
1-ы падарожны.

І казкі ўмее, і за песняй
Відаць не пойдзе ў кішэню.
2-і падарожны.

Адно бяда — што, хоць ты трэсні,
Не можам выкрасіць агню!
Незнаёмы.

Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне святло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям назло.
(Запаліваючы лом).

Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, братцы, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць саснячок.
Адкуль — ці песняю, ці казкай
Начаць вам думкі весяліць?
3-і падарожны.

А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песню можна закаціць.
1-ы падарожны.

А после скажаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткім што раз менш.
Незнаёмы.

Ну вось і слаўна! Што больш трэба? —
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там — і зорак чарада.
Люблю я гэткія прыцуды!
Тут чалавек, як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чапляецца павек.
(Пяе)

Жыў на свеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся:
Сонны сэрцам, душой
Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў — слязамі след значыўся.
Аж вось чуе Лявон
Са ўсіх клікі старон,
Што ён дурань, жыве па быдлячаму,
Дый сам тут зразумеў,
Што дум светлых не меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — не нуда,
Запеў песні свае разудалыя.
Зямля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крыцыць,
Як прасвету сабе дамагаецца,
Аж ад песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц падымаецца.
І пайшло ўсё ўверх дном.
Свісты, енкі кругом,
Груганы на дабычу злятаюцца:
Шчасце даць бедаку
Не ўсім шло на руку, —
Не ў руку, што Лявон прачухаецца.
Дарма сілен Лявон
І адважны так ён, —
На падмогу дарма ён надзеецца:
Галава у баі
Даў за праўду сваю, —
Толькі памятка — насып віднеецца.
Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзях вырас клён;
Калі ж вецер на свеце расходзіцца,
Шуміць шумна той клён:
Яшчэ ўстане Лявон —
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!
(Перастаўшы пець).

Вось і канец вам песні-байцы,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі не так што — выбачайце,
Даконьча ваша вас жыццё.
1-ы падарожны.

О, песню важную такую
Не пойме толькі гліны ком…
Цяпер няхай жа мы пачуем
Штось трохі аб жыцці тваём.
2-і падарожны.

А я крыху галля падбаўлю.
3-і падарожны, (да другога).

Я памагу табе крыху.
1-ы падарожны.

Аброці коням я папраўлю.
(Адходзяць усе тры).

Незнаёмы, (ўслед падарожным).

Я адпачну на маху.
(Адзін).

О, люд мой лапатны, патульны,
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які не ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцці і без жыцця.
Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе —
То косць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О Божа, крый!..
Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі,
Свайго цярпення нясі крыж.
Калі ж праглянеш ты, народзе, —
Арліным лётамі узляціш?
Пасцель пуховую пасцеліш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясмелых песняю асмеліш,
Якой сягоння бедзен сам?..
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплачаных дружкоў…
Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш,
Красою крыўды хоць касі!
Калі ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?
Падарожныя, (падходзячы).

А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…
Незнаёмы.

Цяпер зноў сядзем… ну, і што ж?
Ага! гістор'ю нашу зладзім, —
Адточым востра ўсё, як нож;
А можа трапім ею ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…
Падарожныя.

Што ты?! Ці ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!
Незнаёмы.

О не, крый Божа! Ось з няўцёку
Зляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне не лёгка,
Ну, і паднесла бедака…
Хто я і скуль — для вас цікава;
О, не вялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спыніўся тут.
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасці жылі:
Канёк, кароўка — ўсё багацце,
Ды гонеў двойчы — ўсей зямлі.
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але не выўчылі саўсім;
Сам з часам кніжны лад асіліў
І толк у ім даваў другім.
І мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я ею думкі ўсе апутаў:
Не знаў — на яве я, ці сне.
Цямноту ўсю паняў нездарнасць,
Я сілу знання ўсю паняў;
Свайго жыцця я відзеў марнасць,
Аж на сябе я рукі ўзняў.
Але не суджана было мне
Душой без часу загавець,
І сам не знаю ўжо сягоння —
Жалець таго, ці не жалець.
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расце пацеха з намі,
Як там не жалімся на лёс.
Што раз зваднейшыя ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайці у свет — бацькі мне светам,
А хата мне — астрожны склеп.
Смяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканьшы год.
Аж бацьку гора з ног зваліла, —
Пайшоў на той свет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Злёг брат, і дзве зляглі сястры.
Пашло няшчасце за няшчасцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш — смешкі ды напасці,
Хоць налажы ты галавой.
Пазнаў куткоў чужых сцюдзёнасць,
Нагайку службы я пазнаў,
У след мая шла беспрытоннасць,
З ёй вецер песні напяваў.
А думкі рваліся да сонца,
Туды, да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.
Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў, зло сваё скрышу.
…………………………
Іду… Куды ісці сягоння?
Аднэй няма, а шмат дарог…
Адлогам родныя спяць гоні,
Іржа на вышлках есць нарог.
На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сцежках мох расце калючы,
На ім — чырвоная раса.
Руцэ народная набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абезволеннай зямлі.
Йдуць песні, казкі ў дамавіну;
Якія дзед спяваў складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,
Чужым свісцёлкам месца даў.
Узносе пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры
І сеткі путае праворна,
Чапае могілак крыжы.
Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косці,
Дзе час варочае крыжы, —
Штось варушыцца у бяссіллі.
Ці ж бы там быў жывых папас?..
Няўжо нябожчыкаў змянілі,
Няўжо нябожчык кожны з нас?
……………………………
Але ўжо блізка і світанне;
Пара ўзнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара.
І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коней рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.
Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?
1-ы падарожны.

Ты не тутэйшы мусіць будзеш,
Або і горай ад яго?
2-і падарожны.

Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся б, браце, я.
3-і падарожны.

Так з кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца, без патрэб…
Ці ж то не лепш сядзець у хаце
І у спакоі есці хлеб?
Незнаёмы.

Э, што!.. Бывайце, людзі жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?..
Гэй, сыпма далей, там, на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!
Яшчэ спаткаемся калісьці —
За год, за колькі мо гадкоў,
Як звянуць сёлетнія лісці,
Як прыйдзе Радаўніца зноў.
(Адходзе, напяваючы):

Жыў на свеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…
1-ы падарожны.

І дзіўны ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?..
2-і падарожны.

Ці ж мала ёсць такіх авечак?
Ат, толькі смех глядзець на іх!
3-і падарожны.

А я скажу вам, егамосьці:
Сыходзе з поля маладзец;
Злавіў там з кніжак штось, чагосьці,
Ну і вар'юецца ўканец.
(Чуваць конскі топат).

1-ы падарожны.

А гэта што зноў за праява:
Каго нячысцік нясе так?
2-і падарожны.

Бадай, запутаная справа, —
Вунь, вунь — адзін, другі ездак.
3-і падарожны.

Сюді на вогнішча к нам едуць,
А з імі — нейкі важны чын.
1-ы ездак, (шыбка пад'язджаючы).

Ці не маглі вы бачыць, ведаць —
Сюдою путнік шоў адзін?
Падарожныя.

Не, не, паночкі! мы не знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад'язджаем:
На рынак ладзімся, на торг.
2-і ездак.

Паедзем дальша, тут нічога
Нам не паказвае на след.
3-і ездак.

А як вы ўбачылі б такога, —
Злавіць, звязаць — і к нам, чым свет!
(Ад'язджаюць).

1-ы падарожны.

Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо без труду
Маглі б гуртом бяднягу ўзяць.
2-і падарожны.

А шкода, шкода было б хлопца!
Такі ж ён нейкі чараўнік…
3-і падарожны.

Не думаць! Як мы — рос у вёсцы,
Як мы — такі ён сам мужык.
1-ы падарожны.

Зайдзі ка мне — я даў бы хлеба.
2-і падарожны.

Апраткі б я не пажалеў.
3-і падарожны.

Каб начаваць было патрэба, —
Папас найлепцы ў мяне б меў.
1-ы падарожны.

Запраўды, так гавора важна.
2-і падарожны.

А ўжо ж, ганяюць не здарма!
3-і падарожны.

І песню так пяе працяжна!..
1-ы падарожны.

Душу, здаецца, рве яна.
2-і падарожны.

А ці ты помніш усю чыста?
1-ы падарожны.

Пачатак помню я увесь.
2-і падарожны.

А я сяродак галасісты.
3-і падарожны.

А мне канец у вушы ўлез.
(Расходзяцца, напяваючы):

Жыў на свеце Лявон,
Молад дужы быў ён,
Толькі з волей і долей не бачыўся…

VII. Перэклады с польскага

С Конрада Вальленрода — А. Міцкевіч

Сто лет мінала Крыжацкай навале,
Як кроў с паўночных смактала паганаў.
Прусы ўжо шыі ў ваковы згіналі,
Або ўцекалі з радзімых палянаў;
Немец за ўцёкшым пускаўся ў дагонкі,
Нішчыў да самай літоўскай старонкі.
Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман:
З аднаго боку льсьняць стрэхі сьвятыняў,
I лесу — схову багоў—чуваць гоман;
З другога—ўбіты на ўзгорку пустыні
Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці,
Грозна пільнуе літоўскіх загонаў,
Як-бы ўсю чыста зямлю Палемона
Хацеў-бы зьверху здушыць, загарнуці.
Гэтта літоўскай семья маладзежы
Ў шапках бабровых, ў сьвітках мядзьвежых,
З лукам праз плечы, с стрэламі пры боку
Снуе і сочыць за Немцам здалёку;
А там — нескратна, ў збраенні каваным
Немец сядзіць на кані аседланым,
К землям уставіў незабраным вочы,
Стрэльбу набіў і ружанцам ляскочэ.
Пільнуюць тые і гэтые броду.
Так Нёман з даўнай гасьціннасьці рупны,
Сялібы лучучы братніх народаў,
Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай,
I той мог толькі прайці яе сьмела,
Каму на волі жыцьцё надаела.
Адно галінка літоўскага хмелю,
Наджана тофілю прускага красай,
Пнецца па вербах і цінавым зельлю,
К любаму пнецца, як з даўнага часу:
Сьлед кіне ў рэчцэ вяночкам нявілым,
I на чужыне ўжо лучыцца з мілым.
Ды салавейкі пад Коўнай з дубровы
Са сваякамі гары запушчанскай
Свае літоўскіе баюць размовы,
Дзелюцца спольна і дружбай, і ласкай,
Як бы граніцы незнаючы новай.
А людзі?.. Людзі ўпіліся бітвою;
Даўная Прусаў з Літвою зажыласьць
Пашла ў непамяць; падчас толькі міласьць
I людзей годзіць… Я знаў людзей двое…
Гэй, Нёман! Хутка к тваім сумным водам
Рынуць навалы нясьці зністажэнне,
I ў бераг, з вечных галоцючы ценяў,
Тапор чужынца бязлітасна ўесца;
Стрэл салавейкаў разгоне ў гародах.
Што быту лепшаго выснуюць сплёты,
Парве ўсё чыста ненавісьць народаў,
Парве ўсё чыста… Каханкаў-жэ сэрцы
Злучацца ў песьнях ізноў Вайдэлёты.

Трох Будрысаў — А. Міцкевіч

Стары Будрыс трох сынаў, як сам, ёмкіх літвінаў
На дзядзінец заве і гаворэ:
Коні с пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць с клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.
З Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры сьвета староны:
Вольгерд рускіх біць едзе, Скіргел — ляхаў-суседзеў,
А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны.
Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі
На вайне пашукайце ўспамогі…
Ня йду сёлета з вамі,—знаю — трапіце самі;
Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі.
Вось адзін хай пасьпее за Альгердам ў Рассею
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там — саболі і лісы, і злацістые місы,
І ў баяраў там грошы — як лёду.
Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута,
Крыжакам дай, як сьледна, па пятах;
Меруць там на асьміны брыліянты, бурштыны,
Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў.
Скіргел с трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца;
Беднату там убачыш ліхую,
Але возьмеш за тое узбраенне стальное,
I мне стуль прывязеш сынавую.
Бо дзе я ня быў толькі, спадабаў адны Полькі,—
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы, як смоль — чорные бровы,
Як дзьве зоркі, так сьвецюцца вочы.
Маладым чэлавекам, я стуль быў прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле,
А ўсё-ж міла гляджу ў ту старонку.
Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Сходзе восень, зіма йдзе, сыны ўсё там — вайна дзе;
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.
Па сьняжыстай дарожцэ, мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ,
А пад буркаю нешта хавае:
Кубел — гэта, знаць, — ноша, а ў ім рускіе грошы…
Не!.. Палячка — твая сынавая.
Па сьняжыстай дарожцэ мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ,
А пад буркаю нешта хавае:
Мусіць с Прусаў, мой сыну, цягнеш кубел бурштыну…
Не!.. Палячка — твая сынавая.
Па сьняжыстай дарожцэ трэці нехта прэ к вёсцэ,
А пад буркай вяліка дабыча.
Будрыс — што? — не пытае, толькі госьці склікае,
На вясельле іх трэцяе клічэ.

Пані Твардоўская — А. Міцкевіч

Пьюць, ядуць і люлькі смалюць,
Таўкатня ўкруг і сваволя,
Ледзь карчмы тэй не развалюць…
Хі-хі, ха-ха, гэй-жэ, го-ля!
        На канцы стала Твардоўскі
        Сеў, патпёрся, выпнуў бруха,
        I крычыць на чым сьвет боскі,
        I усяк туманіць юха.
Салдату, ўдаваў што зуха,
Ўсіх ён лае, разганяе,—
Сьвіснуў шабляй каля вуха,
Ужо с салдата зайца мае.
        Старшыне, што місу з мясам
        Паражніў з вялікім смакам,
        Пырснуў квасам і тым часам
        Старшыню зрабіў сабакам.
Пстрык! шаўца у нос кароткі,
Тры да лба прыткнуў краночкі,
Цмокнуў цмок, і гданьскай водкі
Сы лба вытачыў паўбочкі.
        Тут, як водку піў с келіха,
        У келіху сьвіст зрабіўся;
        Глядзь на дно — Гэй, што за ліха!
        Ты чаго, кум, сюды ўбіўся?
На дне ў чарцэ бачыць — чорцік:
Чысты немец, знае ўвагу;
Пакланіўся і, як хорцік,
На падлогу дае цягу.
        Скочыў, вырас на два локці,
        Нос, як гачык — знаць, што не-людзь,
        I савіные пазногці
        На худых нагах віднеюць.
«А! Твардоўскі… як дуж, браце?!»
Так гаворэ і падходзе:
«Ці-ж ня хочэш нат пазнаці
Мафістофаля, дабродзей?
        Там, пад Лысаю-Гарою,
        Што душу нам атступаеш,
        Патпісаўся ты крывёю,
        А цяпер і ані дбаеш!
Надало-ж табе забыцца,
Што, як два мінуць гадочкі,
Меўся ў Рыме ты явіцца,
Каб цябе ўзяць за грахочкі.
        Ўжо сыходзе год і сёмы,
        I кантракт далей ня служэ,
        А за чары, ой, даўно мы
        Жджом цябе у пекле, дружэ.
Але хоць чэкаў я леты,
Помста ўрэшці даканана:
Рым завецца шынок гэты…
Кладу арышт на васпана».
        Даць хацеў Твардоўскі цягу
        На сказ гэтакі чартовы,
        Але той злавіў за дзягу:
        «А дзе, кажэ, гонар слова?»
Што рабіць? чэрта насьпела,
Схопе ў пекла тут, і годзе.
Дый Твардоўскі знае дзела,
I таму мазгі заводзе.
        «Гэй, ты, чорце! глянуць зволь-ка
        У кантракт, дзе пункты ўвідзіш,
        Што як лет мінецца столька,
        Па маю душу як прыдзеш,—
Буду права мець тры разы
Запрагчы цябе ў работу,—
Ты-ж найгоршые прыказы
Мусіш споўніць што да-ёты.
        Глянь, над карчмай малеванне:
        Конь грывясты, хвост, як вехаць;
        Тут жывым нехай ён стане,
        Мушу я на ём праехаць.
Біч с пяску скруці мне, бесе,
Каб каня меў чым пагнаці;
Хором выбудўй у лесе,
Каб было дзе папасаці.
        Зруб стаўляй з зернят арэху,
        Прыкажы знасіць іх раку,
        Жыда пэйсамі лаць стрэху,
        Места гонт — крый зернем маку.
Глянь, цьвячок такі прымерна:
Ў цаль — таўсты, даўгі—тры цалі;
Бі у кожна маку зерна
Па тры гэткіе ганталі».
        Мафістофель духам скочэ,
        Каня корме, пое, чысьце,
        Біч даўгі са жвіру точэ,
        А ўсё жыва і агнісьце.
Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
Ўзяў за повад, кон здаровы,
Знай, трымайся што ёсьць сілы,
Аж тут зірк: палац гатовы.
        «Так, так! выйграў, пане бісе;
        Ды работа жджэ другая:
        Ты скупайся ў гэтай місе—
        Толькі ў ёй вода сьвятая».
class="stanza">
Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сьцюдзёны крые;
Усё-ж, пан кажэ — слуга мусе,
Чорт скупаўся аж па шыю.
        Потым выскачыў, як з жару,
        I Твардоўскаго зноў страшэ:
        «Я цяжкую вынес кару,
        Але й ты у моцы нашай».
«Раз ешчэ—і будзе квіта—
Па кантракту ёсьць нагонка…
Глянь, вун баба каля сіта,
Гэта, чорце, мая жонка.
        Я на год у Вэльзабуба
        За цябе жыць астануся,
        А праз той час мая люба
        Жыць с табой, як з мужэм, мусе.
Службу, любасьць, шанаванне
Хай ёй вашэ прысягае,
Зломіш хоць адно заданне—
Уся умова прападае».
        Што той кажэ, чорт пільнуе,
        Вокам кідае на самку,
        Быццам бачыць, быццам чуе,
        І збліжаецца пад клямку.
А Твардоўскі пры ім сучэ,
Быццам гнецца, а ўсё бачэ;
Скочыў дзюркай чорт ат ключа,
I дагэтуль недзе скачэ.

Ў дагонку — А. Міцкевіч

С-пад прысад агарода бледны ўбег ваевода
        У палац свой са злосьцю й трывогай;
Дзе ў бакоўку дзьвер — стануў, у пасьцель жонкі глянуў,
        Глянуў там і не ўбачыў нікога.
У дол патупіўшы вочы, ўвесь дрыжыць, штось мармочэ,
        Вусы тузае, думае дзіка;
Адышоў ат пасьцелі, жутка зрэнкамі стрэліў,
        Казакй ту-ж Навума паклікаў.
Гэй, казачэ, ты, хаме! Што у садзе пры браме
        Ні сабакі німа, ані стражы?!
Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу,
        С цьвека стрэльбу цягні мне ураз-жэ!
Ўзялі броню—і ходу!.. Патцякліся к гароду,
        Дзе шпалеры альтану абселі…
На дзярновым пасадзе штось бялее у садзе:
        Там сядзела кабеціна ў белі.
Броўкі ручкай адною закрывала касою,
        Грудзі крыла рубком кашуліны,
А другою — памалу ат сябе атпіхала
        Што ў калень яе кленьчыў, мужчыну.
Той прыпаўшы к каленням гаварыў ей с цярпеннем:
        Дык усё, што было, ўжо далёка…
I твае уздыхання, і тваё прывітанне
        Аткупіў ваевода гатоўкай.
Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак,
        I любіць, і цярпець мушу здаля,
А ён с сэрцэм каменным бразнуў золатам зменным,—
        Ты яму прадалася без жалю.
Ён што вечара будзе песьціць белые грудзі,
        С табой цешыцца ў пуху лебяжым;
Намаю на загубу цалаваць шчочкі, губы
        Твае будзе цалункам уражым.
Я на коніку верным гэтым полем бязмерным
        Мкну сюды, за мной — холад і слоты,
Мкну вітаці ўздыханнем і ад’ехаць з жаданнем:
        Добрай ночкі і доўгай пяшчоты.
Ўсё яна йшчэ, як глуха; ён ей шэпчэ на вуха
        Тые жальбы, ці новы закляцьця;
Аж прымлеўшы, без сілы ручкай грудзі аткрыла
        I ў яго патанула абняцьце.
Ваевода с слугою сталі ту-ж пад вярбою,
        I з-за пояса бралі набоі,—
Атсекалі зубамі, прыбівалі штымплямі
        Жмені пораху й шроту удвое.
Пане! — так казак клічэ, — нейкі чорт мною смычэ;
        Не магу я застрэліць той дзеўкі:
Як свой курак адводзіў, я ўздрыгнуў, бы на лёдзе,
        І зьляцела сьлеза да панэўкі.
Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць, я наўчу цябе плакаць…
        На, тут с порахам гданскім сакеўку;
Усып патпалу а жыва, ногцем шчысьці красіва,
        Ды ў свой лоб стрэль, ці ў гэтую дзеўку.
Ў права… выжэй… памалу… жджы майго самапалу:
        Жаніха перш зьмяту на заўсёды!..
Ўзьвёў казак курак, сцэліў, не чэкаючы, стрэліў,
        I ўгадзіў ў самы лоб ваеводы.

Тры дарогі — М. Конопніцкая

Ідуць тры сьцежкі с хаты
На долю і нядолю:
Ідзе адна, дзе пану
Людцы пахаюць поле;
        На лева ад хаціны
        Ідзе ў карчму другая,
        А трэцяя — к магілкам,
        Дзе брат наш спачывае…
Ад цяжкай працы, поту
Адна расіцай сьвеціць;
Хто па другой праходзе,
— З бацькоў сьмяюцца дзеці;
        Палын расьце на трэцей,
        I наспы выжэй, ніжэй,
        I плачэ там бярозка,
        I крыж стаіць на крыжу…
Па сьцежках гэтых ходзяць
У лапцях нашы людзі.
Гэй! хто ім сьцежку ўскажэ,
Што весьці к шчасьцю будзе?..

Варажбітка — М. Конопніцкая

Вецер коціцца па полю,
Жытні колас гнецца прытка;
Гэй, цыганка-варажбітка,
Варажы мне маю долю.
        Варажы яе с чырвонай
        Зоркі, што пад хатай льсьніцца,
        С таго шуму, што так мчыцца
        Ад дубровы ад зялёнай.
Варажы з рукі яе мне,
З рукі правай, мазалістай,
I с крынічкі таей чыстай,
Што бурліць так па каменню.
        Варажы мне добрым словам
        С тэй вясёлкі многакветнай,
        I с тэй кнігі, с тэй прасьветнай,
        Што аб шчасьці кажэ новым.
…Тваей долі німа ў кнізе,
Ні у вадзіцы, ні на небе,
Толькі ў чорным тваім хлебе,
Толькі ў світцэ, рванай рызе.
        Ні на зорку залатую,
        Ні с крыніцы шумнай чыстай,
        А з рукі тэй мазалістай
        Мужыку тут варажу я.
Ой, ты будзеш, будзеш панам,
Ні то князям, ні гэтманам:
Тваё царства ўецца кругам,
Дзе ня пройдзеш толькі плугам.
        Бачэн будзеш ты ў чырвені,
        Што с крывавым потам льецца,
        I ў тым золаце — прамені,
        Што ад коскі адабьецца.
Скарб ты выарыш багаты
З нівы гэтай зааранай:
I таляры, і дукаты,
Толькі-ж не сабе, а пану.
        А шлюб возьмеш ты с царыцай,
        Што жыццё усё с табою
        Не захочэ разлучыцца…
        Ой, возьмеш ты шлюб з бядою.
Днём нашле сон, ночкай збудзе,
Сцерагчы будзе парога;
Ані з ёй табе у людзі,
Ані з ёй табе да Бога!
        Як вясною ўсходзюць кветкі,
        Падымаюіца хмурліва,—
        Укалышэ твае дзеткі
        Песьней голаду сьлязлівай.
Жджэ цябе дарога з ёю,
Ў доўж і ў шыр саўсім малая,
А ў зямлю глыбей за тое,
А ў гару — аж зор хватае.
        Па ёй будуць цябе весьці
        Твае волікі сівые
        I званы аж вежай трэсьці
        На магілкі на старые.

Родны дом — М. Конопніцкая

Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў ночку — летавай парой—
Шэптанем ліп варожыць сном,
Сьлязу солодзіць цішынёй.
Ці любіш дом? сваю страху?
Што многа лет гняце ў маху
Крывых варот нізкі парог,
Што ласкай сьцеліцца да ног.
Ці любіш дом? аджыўчы пах
Пракосных зёл, насьпелых ніў,
I ружы цвет, што ў кальчуках
Сваю прыгожэсьць засяліў.
Ці любіш дом? свой родны дом,
Што гул жывых сасон вярхоў
I духаў стогн, і віхраў хор
Пералівае ў тваю кроў.
Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў часе бур, плакучых хмар,
Калі ў душу ударыць гром,
Нясе прытульны думкам чар.
Раз любіш ты, і ўсей душой
Пад гэтай хочэш жыць страхой,
Кут бацькаў сэрцэм сьцеражы,
I сэрцэ ў ім на век злажы.

Тры пары дня — М. Конопніцкая

Прыдзе сьвітанне да маей хаткі
I разбуджаць мяне стане:
«Гэй! бяры коску; глянь! там на ўсходзе
Сонейка скора прагляне».
        Дзе ты. сермяга? Пот яшчэ значэн:
        Ночкай ня высах Пятровай.
        Дзе мая коска? дзе баяўніца:
        Час нам на луг за дуброву.
Прыдзе палудня да маей хаткі,
Ка мне патсядзе на лаву,
I так глядзіць там, як мае дзеткі
Жывюцца поснаю стравай.
        I лусту хлеба чорнага ломе,
        Рукі чагосьці трасуцца,
        А што кусочэк возьме, аткусе—
        Сьлёзы цурком паліюцца.
А прыдзе ночка да маей хаткі,
Стане ў куток, падапрэцца
I, ў думах-думках, стоючы гэтак,
Песьняй глухой адазвецца.
        А ў грудзях сэрцэ птушкай заскачэ,
        Хадыром хатка заходзе,
        Як ноч аб долі цяжкай мужычай
        Нудна галосе, заводзе.

Доля — В. Сырокомля

Ные сэрцэ без патолі,
        Нудна льюцца сьлёзы…
Выйду клікаць лепшай долі
        У даль, пад шум бярозаў.
Дзе ты лепшая, дзе, доля?
        Прыбудзь, — хай пазнаем!
Прымем хлебам, прымем солей,
        Шчыра прывітаем.
Дарма плачу, прызываю
        I ў жалю малю я:
Вецер словы адбівае,—
        Доля ані чуе…
Ой ты, песенька, маўчы ты!
        Не нам вецер зьбіці:
Хадзі с сэрцэйкам разьбітым
        Па долі тужыці.

Каралі — В. Сырокомля

Як ішоў я ў бой кіпячы,
        Як прашчаўся с хаткай,
Тут Гануля мая с плачэм:
        «Пойдзеш гінуць, братка!
Але буду я маліцца,
        Каб ця Бог ацаліў,
Ты-ж прынось за то гасьцінца
        „Шнур даўгі каралеў“».
З ласкай Божай паручыла
        Грамадзе радзімай:
Палі ворагавы сілы,
        Горад здабылі мы.
Як прыціхнулі гарматы,
        Як браму зламалі,
Хто саетаў, хто дукатаў—
        Я шукаў каралеў.
Хоць і ў шчасьці не радзіўся,
        А шукаю сьмела…
Шнур каралеў замігціўся,
        Як-бы вішэнь сьпелых.
Тут здабычыну схапіўшы,
        Не чэкаю далей,
Чымўскарэй сьпяшу к наймільшай
        Даць ей шнур каралеў.
Па гасьцінцы, па дарожцэ
        Кульгаю да дому…
Загудзелі званы ў вёсцэ,
        Як па нежывому.
Прыбліжаюся к хаціне,
        Аж тут людзі здаля:
«Твая Ганна ў дамавіне,—
        Ня трэба каралеў!»
Ой, заплакаў, ой, заенчыў
        Цяжэй цяжкай хмары,
Перад цэркаўкай укленчыў,
        Дый сьпяшу к аўтару:
Да Найсьвеншай да Марыі
        Збліжаюся ў жалі,
I завесіў Ей на шыі
        Я тых шнур каралеў.

Груган — В. Сырокомля

Спанад лесаў, спанад хмараў
        Груган вылетае,
Сеў пад вёскай на папары,
        Груганят склікае.
На вялікай, знаць, быў згубе
        У далёкіх старонках:
Рука правая у дзюбе
        З залатым пярсьцёнкам.
— Эй, скажы, груган незнаны,
        Скуль ты прыбываеш?
Скуль пярсьцёнак пазлачаны,
        I руку скуль маеш?—
— За гарамі, ой, дзяўчына,
        Страшны бой вядзецца;
Кроў ліецца ручаінай,
        Труп на труп кладзецца.
Зарывае люд рабочы
        Ссечаны галовы,
На малойцаў грудзі, вочы
        Сыплюць наспы новы.
На курганах на бедачых
        Воўчы рык чуваці;
Не адна галосіць, плачэ
        Сірата і маці.
Сьлязьмі горка залілася
        Бедная дзяўчына:
— Вось калі я дажылася
        Нешчаснай часіны!
Ой, руку я ўжо пазнала!
        Той, чыя, — не ўстане:
Гэты персьцень даравала
        Міламу ў разстанні.

Ў сьвет![28]

Эй, зямелька, загон ты мой чорны!
Рые плуг, барана твае кветкі;
Ў табе сьпяць ураджайные зёрны,
А мы ў сьвет, твае родные дзеткі.
        Сьвісьне коска ў тваей сенажаці,
        Бразьне серп на загоне пасьпелым,
        А прад намі прасьвіту не знаці,
        Непагодай спавіты сьвет цэлы.
О вы, зёрны, о сноп умалотны,
О ты, жніў залатая мінута!
Жаль, нуда з намі ўсьлед плыве слотна,
А прад намі— маркотнасьць, пакута.
        Жаль, нуда заляглі, як туманы
        Хмар над нашай зямелькаю-маткай,
        А загон яе ў скібы зараны,
        А ў самой яе дрэмлюць зернятка.
Хто пасьмее зямельку вініці,
Нарэкаць на цябе хто пасьмее,
Што ў бадзянні нам страшна так жыці.
Што ў жалобе мы гэткай марнеем.
        Жаль, нуда хай ідуці, перэд намі
        I маркотнасьць, і любасьць бязконца,
        А ты, маці, сваймі каласкамі
        Шумі, цешся і сьмейся да сонца.
Эй, зямелька, загон ты мой чорны!
І у нас ешчэ ўцеха загосьце;
Ешчэ будзем зьбіраць твае зёрны,
Ешчэ зложым свае ў табе косьці.

Примечания

1

«Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых паэм сьвету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і зьмяшчаюць у сабе каля 220000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-маральных філязофскіх твораў, шмат ёсьць і прыгожых, паэтычных вобразаў. Зь іх найпрыгажэйшы — „Наль і Дамаянці“ — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легэнда ж аб паляўнічым і галубках ня ёсьць даслоўным перакладам зь індыйскае мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесьці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага верша — „шлёкі“, якой усе кнігі Магабгараты напісаны». — Я. К.

(обратно)

2

У нябыт — у забыццё.

(обратно)

3

Удзірванелы — пакрыты дзірваном, густа зарослы травою.

(обратно)

4

Піліпаўка — час зімою, калі пачынаюцца моцныя маразы, завеі.

(обратно)

5

Думна — горда.

(обратно)

6

Абшар — прастор.

(обратно)

7

Сонных вёсак шары — нерухомыя цені нібы паснуўшых вёсак.

(обратно)

8

Амшалых — пакрытых мохам.

(обратно)

9

Модлы — малітвы.

(обратно)

10

Пакрыёма — употай.

(обратно)

11

Бяседа — застолле.

(обратно)

12

Садзіць на пасад — выдаваць замуж.

(обратно)

13

Брыльянт — каштоўны камень.

(обратно)

14

Саета — багатае адзенне з атласу і шоўку.

(обратно)

15

Гусляр — чалавек, які іграе на гуслях, музычным інструменце.

(обратно)

16

Ясакар — таполя.

(обратно)

17

Каня — балотная чайка, крык якой нагадвае гукі піць-піць-піць.

(обратно)

18

Магнат — памешчык, буйны землеўладальнік.

(обратно)

19

Світка — вопратка, пашытая з даматканага сукна.

(обратно)

20

Лунь — ястраб-мышалоў, у якога белае (светла-шэрае) апярэнне.

(обратно)

21

Дукат — старажытная манета, сярэбраная, пазней залатая.

(обратно)

22

Скурганіў — загубіў, умярцвіў.

(обратно)

23

Сарачні сох — сорак саракоў — вельмі многа.

(обратно)

24

Лёхі — склепы, падземныя памяшканні, сховішчы.

(обратно)

25

Цемра сярмяжная — зняважлівая клічка бедных, непісьменных сялян, якія насілі даматканыя сярмягі (світкі).

(обратно)

26

Сажань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.

(обратно)

27

Дамоўка — труна.

(обратно)

28

«С польскаго. Аўтора ня веда.». Я. К

(обратно)

Оглавление

  • I. Бацькаўшчыне
  •   *** Усяго па крысе…
  •   Песьня мая!
  •   Грайце, песьні…
  •   Сваякам па гутарцэ
  •   Паляці, мая мысьль
  •   Рвіся, думка!
  •   За свабоду сваю…
  •   На жалейцэ
  •     I
  •     II
  •   Каб я князем быў…
  •   Песьня сонцу
  •   Песьня-байка
  •   Прад сьвітаньнем
  •   Маладая Беларусь
  •   Выйдзі…
  •   Ты, зялёная дубрава…
  •   Песьня Званара
  •   *** Не уздыхай…
  •   *** Не пужайся…
  •   Гэй, наперад…
  •   *** За праўду…
  •   Мая думка
  •   Мой дом
  •   Як я полем іду…
  •   Я ад вас далёка…
  •   Мінуты шчасьця
  •   Вячэрняя малітва
  •   Зоркі
  •   Шлях мой…
  •   *** Дзе ты, шчасьце маё?.
  •   *** Легло на сэрцы…
  •   У чужой старане
  •   Холадна…
  •   Мая доля
  •   Прыстаў я жыць…
  •   Дзе?.
  •   К моладасьці
  •   Чэлавеку
  •   Згнаньнік
  •   С песень жыцьця
  •   Хмары і думы
  •   Зваеваным
  •   Вясна за вясною…
  •   Не спадзейся…
  •   Не для нас…
  •   Чаго хмурацца…
  •   Разьвейся, туман…
  •   Сэрца спытай…
  •   *** Бледные будніе дні…
  •   «Забраны край»
  •   У ночным царстве
  •   Беларус
  •   Ці-ж ня доля мая…
  •   Грай-жэ, музыка!
  •   Брату
  •   Як спытаюцца нас…
  •   Дзе вы?
  •   Вялікдзень
  •   Хрыстос васкрос
  •   Навагодніе жаданьня
  •   Мая малітва
  •   Пад крыжам
  •   Суды
  •   З кутка жаданьняў
  •   Для зямлі прадзедаў маіх…
  •   На вялікім сьвеце…
  •   Я люблю
  • II. Па межах родных…
  •   Па межах родных…
  •   Мой край
  •   Над Нёманам
  •   Над Сьвіслачай
  •   Над Іматрай
  •   Вёска
  •   Сад
  •   Рэчка
  •   Сельскіе могілкі
  •   Явар і Каліна
  •   Явар
  •   Дуб
  •   Вярба
  •   Груша
  •   Дзьве таполі
  •   Лес
  •   Бор
  •   Воўк
  •   Ваўкалак
  •   Ў вечным боры…
  •   Хохлік
  •   Чорны Бог
  •   Ноч за ночкай…
  •   Запушчэны палац
  •   Палац
  •   Тае сьнег…
  •   Паводка
  •   З песень аб вясьне
  •   Сёмуха
  •   З летніх малюнкаў
  •   Летняя раса
  •   Лета
  •   Сьпека
  •   Заклятая кветка
  •   На Купальле
  •   Жніво
  •   Адцьвітаньне
  •   На склоне лета
  •   З асенніх напеваў
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •   Восень
  •   Зіма
  •   Сьнег
  • III. Для Яе
  •   *** З зорак усходніх, заходніх…
  •   Не прасьпі…
  •   Як у лесе зацьвіталі…
  •   Песьня
  •   Людка
  •   Мая дзяўчынка
  •   Жнея
  •   Я хацеў бы…
  •   Мая жонка
  •   Да дзяўчынкі
  •   *** Абнімі ты мяне, маладая…
  •   Перад ночкай
  •   Па захадзе…
  •   З недацьветаў
  •   Ці ты чуеш?
  •   С табою…
  •   Заручыны
  •   Даўгажданная
  •   Ты прыдзі…
  •   Над рэкою ў спакою…
  •   Як у повесьці
  •   Дзяўчынка і вянок
  •   Ястрэб
  •   Хмарка і Маладзік
  •   Русалка
  • IV. Наша вёска
  •   Наша вёска
  •     1
  •     2
  •     3
  •   Мужык
  •   Аб мужыцкай долі
  •     1
  •     2
  •     3
  •     4
  •     5
  •     6
  •     7
  •     8
  •   На прадвесьні
  •   Аратаму
  •   Араты
  •   Касцам
  •   На сенажаці
  •   За касой
  •   Зажынкі
  •   Жнеям
  •   Жніво
  •   Песьня жнеяў
  •   Над ніваю ў непагоду
  •     1
  •     2
  •   Прышла восень…
  •   Зімовая ноч
  •   Зіма
  •     1
  •     2
  •   Хто ты гэткі?
  •   Ці ж гэта многа?!
  •   *** Праз што плачаш, мужычок?
  •   Песьня сіроткі
  •   Былі ў бацькі тры сыны…
  •   С песень беззямельнаго
  •     1
  •     2
  •     3
  •     4
  •     5
  •     6
  •     7
  •     8
  • V. Сваім і чужым
  •   Ужо днее…
  •   Роднае слова
  •   «Нашай Ніве»
  •   Ворагам беларушчыны
  •   Гэй, капайце, далакопы…
  •   На рынку
  •   Чужым
  •   Прарок
  •   Дудар
  •   З мінуўшых дзён
  •   Памяці Вінцука Марцінкевіча
  •   Памяці Мар'і Конопніцкай
  •   Iгнату Буйніцкому
  •   Памяці Тараса Шаўчэнкі
  •   Лірнік вясковы
  •   Брату ў чужыне
  •   Песьняру-Беларусу
  •   Наша песьня
  •   *** Падсякайце тое дрэва…
  •   Папросту
  •   Вучыся…
  •   У вучылішчэ
  •   Янінцэ Паўловіч
  •   Ён і яна
  •   Падымайся, ўставай!
  •   Мой пагляд і мэта
  • VI. Байкі і Аповесьці
  •   Мікіта і валы
  •   Два мужыкі і глушэц
  •   Асёл і навука
  •   Ігнат і пьяўкі
  •   Страх
  •   Сват
  •   Паляўнічы і пара галубкоў
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •   У Купальскую ноч
  •   На Дзяды
  •   На Куцьцю
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •     VIII
  •     IX
  •     X
  •     XI
  •     XII
  •   Забытая скрыпка
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •   За што?
  •   У шынку
  •   У Піліпаўку
  •   Чатыры крыжы
  •   За чаркай
  •   Вісельнік
  •   Курган
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •     VIII
  •     IX
  •     X
  •     XI
  •     XII
  •   Грабар
  •   Чараўнік
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •   На папасе
  • VII. Перэклады с польскага
  •   С Конрада Вальленрода — А. Міцкевіч
  •   Трох Будрысаў — А. Міцкевіч
  •   Пані Твардоўская — А. Міцкевіч
  •   Ў дагонку — А. Міцкевіч
  •   Тры дарогі — М. Конопніцкая
  •   Варажбітка — М. Конопніцкая
  •   Родны дом — М. Конопніцкая
  •   Тры пары дня — М. Конопніцкая
  •   Доля — В. Сырокомля
  •   Каралі — В. Сырокомля
  •   Груган — В. Сырокомля
  •   Ў сьвет![28]
  • *** Примечания ***