Буранны паўстанак [Чынгіз Айтматаў] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Буранны паўстанак (пер. Міхась Стральцоў) 954 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Чынгіз Айтматаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

зашмальцаваны і паабіты, кідаў цень на яго вочы. Пра што ён думаў?

— Што будзем рабіць цяпер? — пыталася жонка.

Едыгей падняў галаву, зірнуў на яе з горкай усмешкай.

— Што будзем рабіць? А што робяць у такіх выпадках? Хаваць будзем. — Ён прыўзняўся з лавы, як чалавек, што ўжо меў рашэнне. — Ты вось што, жонка, вяртайся як хутчэй. А цяпер слухай мяне.

— Слухаю.

— Разбудзі Аспана. Не глядзі, што начальнік раз'езда, нічога, перад смерцю ўсе роўныя. Скажы яму, што Казангап памёр. Сорак чатыры гады прарабіў чалавек на адным месцы. Аспан, можа, тады яшчэ і не нарадзіўся, калі Казангап пачынаў тут і ніякага сабаку ні за якія грошы не зацягнуць было сюды, на саразекі. Колькі цягнікоў прайшло тут на вяку яго — валасоў не хопіць на галаве. Няхай ён падумае. Так і скажы. І яшчэ слухай…

— Слухаю.

— Будзі ўсіх як аднаго. Стукай у вокны. Колькі нас тут народу — восем дамоў, на пальцах злічыць… Усіх паднімі на ногі. Ніхто не павінен спаць сёння, калі памёр такі чалавек. Усіх паднімі на ногі.

— А калі лаяцца будуць?

— Наша справа сказаць кожнаму, а там няхай лаяцца. Скажы, што я загадаў будзіць. Трэба сумленне мець. Чакай!

— Што яшчэ?

— Забяжы спачатку да дзяжурнага, сёння Шаймердзен сядзіць дыспетчарам, перадай яму што і як і скажы, няхай падумае, як быць. Можа, знойдзе мне замену гэты раз. Калі што, няхай дасць знаць. Ты зразумела мяне, так і скажы!

— Скажу, скажу, — адказала Укубала, а потым спахапілася, нібы ўспомніўшы раптам пра самае галоўнае, недаравальна забытае ёю. — А дзеці ж яго! Вось табе і на! Трэба ж ім найперш вестку падаць, а то ж як? Бацька памёр…

Едыгей спахмурнеў адчужана, яшчэ больш пасуровеў.

— Якія ні ёсць, але ж дзеці, — казала Укубала, нібы апраўдваючы каго, ведаючы, што Едыгею гэта непрыемна слухаць.

— Ды ведаю, — махнуў ён рукой. — Што ж я, нічога не цямлю? Яно так, нельга без іх, але каб на тое воля мая, я іх блізка не дапусціў бы!

— Едыгей, гэта не наша справа. Няхай прыедуць і самі хаваюць. Размоў будзе пасля, не адмыешся…

— А што я, перашкаджаю? Няхай едуць…

— А калі сын не паспее з горада?

— Паспее, калі захоча. Пазаўчора яшчэ, калі быў на станцыі, сам тэлеграму адбіў яму, што, маўляў, так і так, бацька твой пры смерці. Чаго болей! Ён сябе разумным лічыць, павінен зразумець, што да чаго…

— Ну калі так, то добра, — напэўна прымірылася жонка з высновамі Едыгея і, усё яшчэ думаючы пра нешта сваё, што трывожыла яе, сказала: — Добра, каб з жонкай прыехаў, усё-ткі свёкра хаваць, а не каго-небудзь.

— Гэта ўжо самі няхай рашаюць. Што тут падказваць, не малыя ж дзеці.

— Яно так, канечне, — усё яшчэ сумняваючыся, згаджалася Укубала.

І яны змоўклі.

— Ну, ты не заседжвайся, ідзі, — нагадаў Едыгей.

У жонкі, аднак, было яшчэ што сказаць.

— А дачка ягоная — Анзада бедная — на станцыі з мужам сваім, п'янтосам беспрабудным, ды з дзецьмі, ёй таксама трэба паспець на пахаванне.

Едыгей міжволі ўсміхнуўся, паляпаў жонку па плячы.

— Ну вось, ты цяпер пачнеш перажываць за кожнага… Да Анзады тут рукой падаць, з раніцы падскочыць хто-небудзь на станцыю, скажа. Ты, жонка, зразумей адно — і ад Анзады, і ад Сабітжана тым больш, няхай ён і сын, мужчына, карысці будзе мала. Вось паглядзіш, прыедуць, нікуды не дзенуцца, але будуць стаяць як госці староннія, а хаваць будзем мы, так ужо выходзіць… Ідзі і рабі, як я сказаў.

Жонка пайшла, потым спынілася нерашуча і зноў пайшла. Але тут паклікаў яе сам Едыгей:

— Не забудзь найперш да дзяжурнага, да Шаймердзена, няхай каго пашле замест мяне, я пасля адраблю. Нябожчык ляжыць у пустым доме, і побач нікога, як можна… Так і скажы…

І жонка пайшла, кіўнуўшы. Тым часам на дыстанцыйным шчыце загуў, заміргаў чырвоным святлом сігналізатар — да раз'езда Баранлы-Буранны набліжаўся новы састаў. Па камандзе дзяжурнага належала прыняць яго на запасную лінію, каб прапусціць стрэчны, які таксама быў ужо ля раз'езда, толькі ля стрэлкі з процілеглага боку. Звычайны манеўр. Пакуль цягнікі рухаліся па сваіх каляях, Едыгей аглядваўся часам на Укубалу, што ішла краем лініі, — нібы ён забыў нешта сказаць ёй. Сказаць, вядома, было што, ці мала спраў перад пахаваннем, усяго адразу не ўспомніш, але паглядваў ён не таму, проста зараз ён зноў убачыў, як пастарэла, памізарнела жонка, і гэта таксама відно было ў жаўтлявым святле чыгуначных ліхтароў.

«Значыцца, старасць ужо на плячах сядзіць, — падумалася яму. — Вось і дажылі — стары і старая!» І хаця здароўем бог яго не пакрыўдзіў, моцны быў яшчэ, але лік гадам набягаў немалы — шэсцьдзесят, ды яшчэ з гадком, шэсцьдзесят адзін было ўжо. «Глядзіш, гады праз два і на пенсію могуць папрасіць», — сказаў Едыгей сам сабе без пасміхання. Але ён ведаў, што не так скора пойдзе на пенсію і не так проста знайсці чалавека ў гэтых мясцінах на ягонае месца пуцявога і рамонтнага рабочага, стрэлачнікам ён бываў час ад часу, калі хто-небудзь захварэе ці пойдзе ў адпачынак. Хіба што хто паквапіцца на дадатковую аплату за аддаленасць і