бег на месцы, бо кожны новы выбух накрываў іх з галавой віхурай неабдымнага полымя і святла, аглушаў нетутэйшымі грымотамі…
А яны беглі — чалавек, вярблюд і сабака, беглі не аглядваючыся, і раптам, здалося Едыгею, над ім з'явілася нейкая белая птушка — ці не тая, што некалі пырхнула з белай хусцінкі Найман-Аны, калі жанчына падала з сядла, працятая стралой уласнага сына-манкурта… Белая птушка ляцела побач з чалавекам і крычала яму ў тых грымотах і ў тым сконе свету:
— Чый ты? Як тваё імя? Успомні сваё імя? Твой бацька — Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай…
І доўга яшчэ чуўся яе голас у пагусцелай цемры…
Праз колькі дзён з Кзыл-Арды прыбылі на Баранлы-Буранны абедзве Едыгеевы дочкі Саўле і Шарапат, з мужамі, з дзецьмі, атрымаўшы тэлеграму аб смерці саразекскага Казангапа. Памянуць, падзяліць з усімі жалобу прыехалі, а разам з тым і пагасцяваць у бацькоў, бо не бывае дабра без горычы.
Калі яны сышлі з цягніка ўсёй гурмой і аб'явіліся каля Едыгеева парога, бацькі дома не было, а Укубала выбегла насустрач і, плачучы, кідаючыся ў абдымкі, цалуючыся, усё прыгаворвала:
— Дзякуй, вялікі дзякуй табе, божа! Ай, як добра! Бацька як узрадуецца! Як добра, што прыехалі! І ўсе разам прыехалі, сабраліся ды прыехалі! Бацька такі ўжо будзе рады!
— А дзе ж бацька? — спыталася Шарапат.
— А ён вернецца пад вечар. Паехаў з раніцы да начальства нейкага, па важнай справе. Потым раскажу. Ды што ж вы стаіцё? Гэта ж ваш дом, дзеці мае…
Цягнікі ў гэтых мясцінах усё гэтак жа ішлі з захаду на ўсход і з усходу на захад…
Последние комментарии
9 часов 57 минут назад
9 часов 59 минут назад
10 часов 57 минут назад
11 часов 20 минут назад
1 день 5 часов назад
1 день 5 часов назад