Буранны паўстанак [Чынгіз Айтматаў] (fb2) читать постранично, страница - 107

- Буранны паўстанак (пер. Міхась Стральцоў) 954 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Чынгіз Айтматаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

каяўся, што пачаў тую размову, дарэмна пусціў словы на вецер. Хіба Сабітжан той чалавек, да якога трэба звяртацца па дапамогу? Вучаны, бач. Можа, яго і вучылі дзеля таго, каб ён зрабіўся такім, якім стаў. Сам жа казаў пра людзей, якімі кіруюць па радыё. Можа, і ім кіруе ўжо нехта нябачны і ўсемагутны…

І чым больш думаў стары Едыгей, тым больш крыўдна і балюча было яму ад гэтых думак.

— Манкурт ён! Самы сапраўдны манкурт! — прашаптаў ён раззлавана, ненавідзячы і разам з тым шкадуючы Сабітжана.

Але і не падумаў змірыцца з тым, што здарылася. Ён разумеў, што павінен нешта зрабіць, каб сцвердзіцца ў сваёй праўдзе. Калі ён адступіць — будзе пераможаны. Ён яшчэ не мог вызначыць, што зробіць, з чаго пачне, каб яго спадзяванні наконт Ана-Бейіта спраўдзіліся, каб яго намеры дайшлі да тых, хто можа адмяніць загад. Але што не адступіцца — ведаў дакладна.

У цяжкім роздуме Едыгей азірнуўся па баках. Наўкол быў маўклівы стэп. Надвячорнія цені ўжо заляглі ў чырванаватых ярах. Спадарожнікаў даўно ўжо не было відаць. І не чуваць. І нікога побач. Апошні з тых, хто ведаў і захоўваў у памяці саразекскую быль — стары Казангап, — ляжаў цяпер на строме пад горбай магільнага жвіру, пасярод бяскрайняга стэпу. Едыгей уявіў сабе, як з цягам часу магільны курганок ападзе, паменшае, зліецца з палыном і цяжка, а то і немагчыма будзе разглядзець яго на тым месцы. Так таму і быць — ніхто не перажыве зямлі, ніхто не міне яе…

Сонца набрыняла, пацяжэла на сконе дня, пахілілася пад цяжарам сваім да небакраю. Хісткае сонечнае святло іначылася штохвілі. У чэраве надвячорка гусцілася імгла, налівалася страхавітай сінізной — гэта так добра было відно на зіхоткім золаце яшчэ светлай пространі неба.

Разважаючы, абдумваючы, як быць, Буранны Едыгей рашыўся на тое, каб зноў вярнуцца да таго шлагбаўма пры ўездзе ў абаронную зону. Цяпер, калі з пахаваннем было скончана, калі ён не быў звязаны нікім і нічым, ён мог дазволіць сабе дзейнічаць на ўласны страх і рызыку так, як лічыў патрэбным. Найперш ён хацеў дабіцца, каб яго правялі, няхай нават пад канвоем, да вялікага начальства, або настаяць, каб тое начальства выйшла да шлагбаўма выслухаць яго, Бураннага Едыгея. І тады б ён усё выказаў яму…

Дзейнічаць ён вырашыў неадкладна, бо і зачэпка вось была — выпадак з пахаваннем Казангапа. Ён даў сабе слова выказаць настойлівасць ля шлагбаўма і не адыходзіцца адтуль, пакуль яго не выслухае самы вялікі начальнік…

— Таўбакель! Калі ў сабакі ёсць гаспадар, дык у воўка ёсць бог! — падбадзёрыў ён сябе і ўпэўнена прыспешыў Каранара, паварочваючы яго ў бок шлагбаўма.

Тым часам сонца села, пачало ўвачавідкі цямнець. Калі ён наблізіўся да зоны, было ўжо зусім цёмна. Заставалася каля паўкіламетра да шлагбаўма, калі наперадзе пачалі выбліскваць ліхтары. Тут, не даязджаючы да паставога, Едыгей злез са свайго вярблюда. Той быў не памочнік яму ў задуманай справе. Ды і невядома, колькі часу ўсё гэта зойме, і таму лепш заявіцца самому па сабе, а Каранара пакуль пакінуць стрыножаным у стэпе. Няхай сабе пасвіцца.

— Ну ты пачакай пакуль мяне, а я пагляджу, як там будзе, — прабурчаў ён, звяртаючыся да Каранара.

Пакуль Едыгей важдаўся ўпоцемку з путамі, было так ціха наўкол, такая глухая цішыня стаяла, што ён чуў сваё дыханне і кожны гук наўкол. Над галавой засвяцілася вунь колькі зор, вунь як абсыпалі неба. Так ціха было, нібы ўсё наўкол чакала нечага…

Нават звычайны да цішыні Жалбарс і той, насцярожыўшыся, нудзіўся нечага. Чым яму не падабалася гэтая цішыня?

— Тут яшчэ і ты блытаешся пад нагамі! — нездаволена сказаў гаспадар. Потым ён падумаў: а куды дзець сабаку? І нейкі час быў заняты гэтай думкай. Сабака будзе замінаць яму. Пасмяюцца з яго і з сабакі. Скажуць, у памагатыя ўзяў. Так што лепш без яго. І тады Едыгей рашыў прывязаць яго да вярблюджай збруі. Няхай пабудуць разам. І ён паклікаў сабаку. «Жалбарс! Жалбарс! Хадзі сюды», — і схіліўся, каб завязаць вузел на ягонай шыі. І тут якраз нешта здарылася ў небе, нешта скранулася ў пространі, нешта нарастала, грымотна нарастала там. І зусім побач, недзе блізка зусім, у зоне касмадрома, ускінулася ў неба яркая ўспышка грознага полымя. Буранны Едыгей аж здрыгануўся ад нечаканасці і спалоху, а вярблюд з крыкам кінуўся ў саразекі… Сабака ціснуўся да Едыгеевых ног.

Гэта пачала ўздымацца ў неба першая баявая ракета-робат, прызначаная для стрэчнай аперацыі «Абруч». У саразеках было роўна восем гадзін вечара. Услед за першай ірванулася ўвысь другая, за ёй трэцяя, і яшчэ, і яшчэ… Ракеты памкнулі ў дальні космас закладваць вакол зямнога шара пастаянны кардон, каб нічога не зыначылася ў зямных справах, каб усё заставалася як ёсць…

Неба абрынулася на галаву, страсянулася ў клубах рухомага полымя і дыму… Чалавек, вярблюд, сабака — гэтыя безабаронныя істоты звар'яцела кінуліся прэч. Ахопленыя жахам, яны беглі разам, шукаючы падтрымкі адно ў адным, беглі стэпам, і аграмадныя вогненныя бліскі высвечвалі іх…

Але як бы доўга яны ні беглі, гэта быў