Гульня ў падкіднога [Таіса Бондар] (fb2) читать постранично

- Гульня ў падкіднога 842 Кб, 253с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Таіса Бондар

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Таіса БОНДАР


ГУЛЬНЯ Ў ПАДКІДНОГА


Раман


ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Розыгрыш


Вечар упаўзаў у горад па усіх вуліцах і вулачках, ні на што, ні на каго не зважаючы. Ды і на што зважаць? На каго? Было б яшчэ неба чысцейшым, каб якой зорцы зрэдку падзівіцца, а то шэра і шэра. Ва ўсім, на ўсіх - звыклая шэрань. Нават бліскі фар ці асветленыя сям-там вокны - карціны не мянялі. Застаўленая карабкамі камяніц прастора выдавала жывою і нежывою адначасна, а знізу, з палопанага асфальту зацёртага між высокіх сцен дворыка увогуле успрымалася каменным мяшком, напоўненым гулам і гудам.

Статкі машын... Натоўпы людзей... Стужкі трамвайных рэек... Слупы ліхтароў... Пагляд адштурхоўваўся ад усяго, што трапляла на вочы, і саслізгваў у цёмную твань якой-небудзь пазаўчарашняй думкі. Міг-другі, і зноў - той жа рух, той жа рытм... Пакуль не завішчаць на бліжнім павароце тармазы ці не загалосіць паблізу, ачышчаючы шлях, сірэна. Хто прымружыць вочы, хто плечы ўнурыць, міжволі сцінаючыся і азіраючыся, а момант мінае, як мінуў папярэдні, як міне наступны. Падглядваць за каторым з іх можна, а навошта? Тая сцэнка, іншая, а герой - хто? Дзе?


***

- Шаноўная публіка! Разыгрываецца драма...

- Трагедыя! - чуецца сіпенне аднекуль збоку.

- Разыгрываецца вострасюжэтная драма... - спрабуе пачаць спачатку дылда ў парыку часоў Людовіка, і каб льга было разгледзець пад маскаю спакойнай, упэўненай абыякавасці яго твар, стала б ясна: пярэчыць не выпадае, не варта...

- Трагедыя! - гучней пярэчыць-сіпіць тоўсты карантыш аднекуль у яго з-пад пахі і, адштурхнуты, не падае, а адкочваецца ўбок, каб гэпнуцца пасярод пляцоўкі, падкурчыць пад сябе ногі і абаперціся на іх локцямі, абхапіўшы далонямі твар.

- Шаноўная публіка! Разыгрываецца вясёлая драма, у якой на памінках па вялікай дзяржаве п’юць-гуляюць усе, прапіваючы рэшту стра­ху перад усеўладнымі валадарамі гэтага свету, - тэатральна, ва ўсю моц голасу, абвяшчае дылда і, задаволены сам сабою, гучна смяецца. - Дзе ўжо ім, ха-ха-ха, уразумець-уцяміць, якому валадару шлях расчышчаюць!

- Перад кім ты вылузваешся? - з ледзь прыхаванаю непрыязнасцю кідае рэпліку карантыш, не памяняўшы позы, нават не зварухнуўшыся.

- Як гэта перад кім? - заёрзаў той, азіраючыся. - Хіба публіка не сабралася? Ці мо занавес...

- Ага.

- Што - «ага»? Ага, публіка, ці ага...

Разыгрываючы здзіўленне, зрабіўшы колькі кругоў вакол той кропкі, дзе стаяў, а потым вакол карантыша, вось ужо шмыгае дылда носам, як шапку, сцягвае з галавы парык, шпурляе яго долу, пад ногі, і шырокім ру­кавом пачынае выціраць узмоклую пад парыком плешыну.

- Чорт ведае што... - бурчыць. - Перад кім вылузваюся? Нафіга гэтыя каралеўскія кудзеркі сучаснаму палітыку?

- Ага.

- Што - «ага»?

- Нафіга.

- Ды пайшоў ты! - незласліва агрызаецца, апускаючыся на падлогу непадалёку, дылда. - Няма ні з кім, ні перад кім іграць, а іграеш...

- Ты не іграеш, а ўсё больш каркаеш: драма... памінкі... Яшчэ чаго добрага, накаркаеш!

- Можна падумаць: ты што б іншае казаў, трапіўшы на авансцэну!

- Ты і ўзапраўду верыш, што трапіў на авансцэну жыцця, што мы на сцэне, а не ў закуліссі? - неяк лена, пацягваючыся, адказаў карантыш, і па ўсім было відаць, што яму даўно збрыдла гэта гульня.

- Пасады, кшталту маёй - ці тваёй! - абы-каму не даюцца.

- Сёння ёсць пасада, заўтра...

- Пад зад нагой? Ну, не-е! На тое і галава, каб сядзелася ўтульна... Аднаму каму паднясеш, другога каго падхваліш - глядзіш, і ты заўважаны кім трэба. А ўжо як заўважаны, дык і ўшанаваны. У свой час. Усё ў свой час!

- Палыселі, свайго часу чакаючы, - бурчыць карантыш, мяняючы позу на больш зручную. - А прыйдзе той час мо толькі для таго, каб нас уперад нагамі вынесці.

- За сябе кажы! - злуецца дылда. - Намеснік міністра не заўсёды міністрам становіцца, але і сваё рэдка ўпускае. Ён - я! - наменклатура, а каго здолею сыграць сёння ці заўтра, тое заўтра вырашыцца. Ужо ж, у хеўры адвергнутых не апынуся. I ты - калі будзеш за мяне, за маё змагацца! - не апынешся. А то смэркі развесіў, загундосіў: завышаем... падрываем... не заўважаем... А хто і чаго, запытаць, не заўважае? Ужо ж і сляпому відаць, што калос - на гліняных нагах: піхні - і рассыплецца!

- Мы што - ужо гатовы падпіхнуць? - палохаецца карантыш.

- Будзе каму падпіхнуць! - прыцішыў той голас. - Нам бы не прапусціць тую хвіліну, калі пасыплецца, каб сабе што якое прыхапіць. Скарбы ж нямераныя - у распыл пойдуць.

Карантыш з усёй сілы стараўся не паказаць, як напалоханы смеласцю пачутых слоў, і ў яго гэта атрымлівалася кепска, ненатуральна, ад чаго яго кідала то ў жар, то ў холад. Ён не заўважаў, што даўно зняў парык і марна спрабаваў уцерціся ім, паціху адсоўваючыся