На вуліцы Карла Маркса с Паэтам [Мікола Купрэеў] (fb2) читать постранично, страница - 3

- На вуліцы Карла Маркса с Паэтам 156 Кб, 49с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікола Купрэеў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вершыка, была б капейчына якая. А цешча: хай не піша, бо пойдзе з Гарыкам у “Голубой Дунай"... У тыя гады ў кожным райцэнтры, пасёлку былі “Голубые Дунай”. Так, Паэт, калісьці, калі я быў старшакласнікам, і мы сям'ёй жылі тут, у гэтым гарадку, а наш домік стаяў во тут, дзе цяпер гасцініца, стаяў у вішнёвым садзе, - калісьці ў рэчцы гэтай цякла чыстая-чыстая вада, ажно каменьчыкі на жоўтым дне свяціліся, і ў рацэ было поўна ракаў. Мы лавілі іх цэлымі мяшкамі і здавалі ў наш “Голубой Дунай” - за рублі. А вунь там, недалёчка, было балотца, а за ім на ўзгорачку рос бярэзнічак, у маі ён кішэў хрушчамі. Але потым па рашэнні цэка балотца асушылі, бярэзнічак пасыпалі лётчыкі хімікатамі, з поля ў рэчку таксама пацяклі хімікаты - ні ракаў, ні хрушчоў, ні бярэзнічку, ні чыстае вады. Былое балотца паднялося ў неба пылам, пыл той блукае недзе ў космасе. Што ты там, Паэт, скрабеш кіпцюрамі па зямлі? Можа, запісваеш за мной? Глядзі. Будзь хоць ты разумны. А то - трапіш у псіхушку. Але не бойся. Я не дам. Я перастаў баяцца. I сёння, калі што, у райкоме заяўлю: проста у рэдакцыі ёсць месца, бярыце на работу, рэдактар згодны, а калі не возьмеце - падпалю ваш Дом Саветаў. Сакратар, канечне, пасмяецца: Дом жа Саветаў жалезабетонны, не гарыць. Толькі ты там, ля ганка, не гаўкай.

Паэт падняўся з травы, сцепануўся, пазяхнуў, спусціўся з берага, глытнуў вады, чмыхнуў, узняў галаву і раптам завыў, як ваўчаня.

- Пацярпі. Сталоўка адчыняецца ў восем, яна блізка Давай пройдземся берагам.

Я ўжо заўважыў, што Паэт мой - сабака непаслухмяны. Паказаў яму пальцам, каб бег уперадзе, а ён валюхаўся ззаду - як я, паэт з маленькай літары, апошнія гады таптаўся ззаду грамадства з пяццю-шасцю самотнымі верлібрамі.

Я наступіў на нейкую даўнюю, патрэсканую костку, узяў яе, паказаў сабачку і кінуў уперад.

- Паэт, на!

Паэт пабег за косткай, схапіў яе зубамі і, радасна віхляючы хвастом, кінуўся назад да мяне, паклаў костку ля маёй нагі, прыпаў мордачкай да зямлі і вернападдана глядзеў мне ў вочы. Тады я шпурнуў костку ў раку. На маё здзіўленне, Паэт скокнуў з берага ў ваду і паплыў, весела фыркаючы, да таго месца, куды ўпала костка, спыніўся, азірнуўся, пакрыўджана заскуголіў і паплыў назад да берага, выскачыў на траву, падбег да мяне і схапіў зубамі калашыну маіх штаноў, злосна вуркатнуў. Я адпіхнуў яго ўбок. Паэт перакуліўся, сеў на заднія лапы і радасна гаўкнуў - мусіць, падумаў, што я з ім гуляю. Але я пагрозліва паківаў яму пальцам і паказаў на месца, ззаду за сабой. Паэт зразумеў, і калі, ідучы далей берагам, я азірнуўся, убачыў: ён паціху, стомлены гэткай цяжкой для яго ўзросту нечаканай ранішняй муштрай, валюхаецца за мной. Я прыпыніўся:

- Паэт, падыдзі да былога паэта.

Працягнуў да яго руку, Паэт лізнуў яе.

- Далей не пойдзем. Далей рэчка стала канавай, бачыш - зусім прамой, смярдзючай - з таго боку ў яе сцякае раўчук з усякімі брыдотамі з двара спіртзавода. Добра табе. Падрасцеш - ні піць, ні курыць не будзеш. А мы, чалавекі, у гэтым жыцці ўсякае атруты зведаем. Так нам трэба, грэшныя мы. А завошта прырода - трава, дрэва, вада - пакутуе? Завошта чалавек здзекуецца з яе? Тысячу разоў грэшны. Хадзем адсюль. Хадзем назад.

Паэт бег паперадзе мяне, да нашага каменя. Дыхнуў збоку свежы ветрык, кінуў сабаку пад ногі нейкую паперчыну, ён схапіў яе зубамі, вярнуўся да мяне, паклаў паперчыну на траву. Я ўгледзеўся: гэта быў аркуш са школьнай хрэстаматыі - з вершам Петруся Броўкі “Пахне чабор”.

Мы селі - я на камень, сабака побач. Я перакуліў яго на спіну, паказытаў жывот, Паэт задраў лапы ўверх і шчасліва глядзеў у неба.

- Паэт!

- Гаў!

- Устань!

Сабака падняўся.

- Глядзі, - я паказаў рукой за раку, за мост. - Перад намі вуліца Карла Маркса. Глядзі, у канцы вуліцы, упоперак яе - чатырохпавярховы гмах, гэта Дом Саветаў. Нам з табой сёння трэба туды. Там сёння вырашыцца мой далейшы лёс.

- Гаў-гаў!

- Маўчы, Паэт, і слухай. У нас з табой да прыёму яшчэ даволі часу, і мы зойдзем у тры хаты. Першая - адразу за гасцініцай. У ёй жылі дзядзька Антон і цётка Люба. Цяпер яны дзед і баба. Калі жывуць... Не ведаю... Прайшло дваццаць тры гады, як мы з'ехалі ў іншы раён, і я сюды болей не прыязджаў... Дык от - не ведаю, што яно і як у гэтай хаце і ў іншых хатах.

Паэт падпоўз да маіх ног, схіліў галаву набок і слухаў.

- Двор дзядзькі Антона. Чырвоная дашчаная агароджа, у двары - старая яблыня, пад ёй - невялічкая альтанка. За ёй - калодзеж з адзіным на ўсю вуліцу жураўлём. А пад сценамі, пад агароджай - буйналістае лапушынне. Кожнай раніцы вясной, летам і восенню да халадоў дзядзька Антон выходзіў з акардэонам у двор ды іграў мелодыі вядомых песень. Музыку чулі па ўсёй вуліцы. Мы, ужо ладныя хлопцы, схілялі галовы на чырвонўю Антонаву агароджу і слухалі, а я дык іншы раз ішоў да дзядзькі ў двор, садзіўся побач з ім, браў у рукі барабан - маленькі, з жоўтай ільсністай скуры з