Гэпварт, 16, 1924 [Сэлинджер Джером Дэвид] (fb2) читать постранично

- Гэпварт, 16, 1924 273 Кб, 85с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Сэлинджер Джером Дэвид

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




Джэрам Дэйвід СЭЛІНДЖЭР


ГЭПВАРТ, 16, 1924


Мушу напачатку даць пэўныя звесткі, самыя простыя і неабходныя: па-першае, мяне завуць Бады Глас, і ладню жыцця — вельмі мажліва, што ўсе сорак шэсць гадоў — я пачуваўся так, нібыта мяне дзесьці ўстанавілі, як мае быць зманціравалі і момантамі ўторквалі ў разетку, каб я праліў крыху святла на кароткае і заблытанае жыццё старэйшага майго брата, ужо нябожчыка, Сімара Гласа, які памёр, учыніў самагубства, палічыў за лепшае абарваць жыццё яшчэ у 1948, маючы трыццаць адзін год.


Я збіраюся адразу ж, ці й не на гэтым самым аркушы паперы, пачаць друкаваць дакладную копію Сімарава ліста, пра існаванне якога я не падазраваў чатыры гадзіны назад. Мая маці, Бэсі Глас, даслала яго заказным.

Сёння пятніца. У апошнюю сераду ўвечары па тэлефоне я сказаў Бэсі, што ўжо колькі месяцаў пішу доўгае апавяданне пра адну не зусім звычайную вечарыну, якая адбылася, бо павінна была адбыцца, і на якую і яна, і Сімар, і бацька, і я — усе мы пайшлі аднаго вечара 1926 года. Гэты апошні факт мае, хоць і невялікае, але, мяркую, ледзь не цуднае дачыненне да нашага ліста. Так, “цуднае” — не дужа вабнае слова, але тут яно здаецца да месца.

Больш ніякіх каментароў, паўтару толькі, што я маю намер выдрукаваць дакладную копію ліста, слова ў слова, коска ў коску. Распачынаю. 28 мая 1965.


Лагер Сайман Гэпварт

Возера Гэпварт

Гэпварт, Мэйн

Гэпварт, 16, 1924, або

проста на лане ў багоў!!


Дарагія Бэсі Лэс, Бэатрыс, Уолтэр і Уэкер!


Буду пісаць за нас абодвух, як відаць, бо ж Бады бавіцца недзе, і невядома, дакуль. Ад шасцідзесяці да васьмідзесяці адсоткаў часу напэўна, як бы я ні здзіўляўся і ні засмучаўся, гэты цудоўны, няўлоўны, камічны хлопец бавіцца недзе ў іншым месцы! Перакананы, што вы сэрцам і пячонкамі адчуваеце, як страшэнна не стае нам вас усіх. На жаль, я нават не пешчу надзеі, што гэткае, з вашага боку, стасуецца да нас. Гэтае шкадаванне — прычына маёй не надта глыбокай, несур’ёзнай роспачы, хоць, зрэшты, не такой і несур’ёзнай. Заўжды да агіды прыкра: штосьці асягнуўшы сэрцам або целам, шукаць тады, як падтрымкі, ухвалы свайму чыну. Цалкам перакананы, што калі капялюш А. падчас шпацыру А. па вуліцы сарвала ветрам, то прыемны абавязак Б. падняць і ўручыць той А., не вывучаючы твар А. і не шукаючы на ім знакаў удзячнасці! Божа, няхай мне бракуе маёй каханай радзіны без шчымлівага спадзявання, што й ёй бракуе мяне гэтак жа, дай мне ўзбіцца на гэта! Тут патрэбны мацнейшы характар, неасягальны для такой размазні, як я. Божа, але ж чыстая праўда і тое, што Ты бязлітасна праследуеш чалавека, калі той проста ўспамінае! Як не хапае нам кожнага вашага няўрымслівага, жывога твару! Я нарадзіўся без ніякага апірышча на выпадак працяглай разлукі з роднымі людзьмі. Просты і смешны факт, які вярэдзіць душу: мая незалежнасць тонкая, што павуцінка, не гэтак, як у майго няўлоўнага малодшага брата і таварыша па летніку

Працяты думкай, як невыносна, і асабліва сёння, мне вас не стае (ледзь трываю, па праўдзе кажучы), у да датак я хапаюся за шчаслівую магчымасць ужыць сваё новае, хоць і цалкам трывіяльнае валоданне пісьмовай канструкцыяй і прыстойнай будовай сказа, як гэта падавалася ў той малой кніжачцы, адначасна неацэннай і нікчэмнай, над якой, вы бачылі, я сляпіў вочы на працягу тых няпростых дзён, што папярэднічалі нашаму ад’езду сюды. Хоць гэта вам страшэнна нудна, дарагія Бэсі і Лэс, раскошная ці проста зграбная канструкцыя сказаў займае юнага дурня накшталт мяне, валодаючы пэўнай мімалётнай значнасцю! У мяне тара спала б з плячэй, калі б сёлета мая сістэма пазбылася напышлівасці. Бо інакш магчымая мая будучыня як маладога паэта, вольнага навукоўца і шчырага, не сапсутага манернасцю чалавека, пад пагрозай. Прашу вас абодвух і, магчыма, міс Овэрман, калі раптам вы зойдзеце ў бібліятэку або завітаеце да міс Овэрман у вольны час, зірніце свежым вокам на ўсё, што я тут напісаў, а пасля неадкладна паведамце мне, ці не наткнуліся вы на грубыя хібы або проста на неахайнасць у будове сказаў, граматыцы, пунктуацыі, а мо на якую безгустоўнасць. Калі вы сапраўды натрапіце на міс Овэрман, зусім выпадкова ці знарок, калі ласка, папрасіце яе быць да мяне ў гэтай невялікай справе жорсткай, міла запэўніваючы яе, што мяне даводзяць да шаленства і непакояць пэўныя неадпаведныя непадабенствы, і сярод іншага, шырозны прагал паміж галасамі: маім жывым і тым, якім я прамаўляю з аркуша! Чуешся пагана і несамавіта з двума галасамі. I яшчэ, будзьце ласкавы, перадайце гэтай цудоўнай, вартай хваласпеву даме маю вечную любоў і пашану. Як бы я жадаў, каб вы, прызнаныя мае ўлюбёнцы, адкінулі прэч думкі пра яе як пра старамодную зануду. Аніякая яна не зануда. У гэтай малой лагоднай жанчынкі сціпла праглядвае вялікая прастата і слаўная моц духу невядомае гераіні Грамадзянскае ці Крымскае