Волат з Мігаўкі [Содаль Уладзімір] (fb2) читать постранично

- Волат з Мігаўкі 349 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Содаль Уладзімір

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




Уладзімір Содаль





ВОЛАТ З МІГАЎКІ


Успаміны землякоў пра Аляксандра Ўласава


КЛАРЫ КАPAТКЕВІЧ-СОДАЛЬ


маёй спадарожніцы жыцця, якая не адзін год катурхала мяне, каб я хоць калі завяршыў свой расповяд пра такую самаахвярную і самабытную постаць, якой быў і ёсць Уласаў, гэтую маю выпакутаваную сэрцам і душою кніжачку прысвячаю

Шчыра 


Уладзімір Содаль


ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКІЯ ВАРУНКІ


СЕНАТАР

У 1922 годзе Ўласаў стаўся сенатарам. А ці памятаюць пра гэта мігаўцы, ці, як яны сябе называюць, мігеўцы?

Пытаюся пра гэта ў Андрэя Гаранскага з Пяцюляў.

— Чаму ж не памятаем... Памятаем. Прыедзе, бывала, з Варшавы ў Мігаўку. Абступяць яго мужыкі і давай пытацца:

— Ну, як там у вашым сойме? А ён будзе казаць: «У сойме як у сойме... Без дручка там не абыдзешся. Часам так шчэпімся, хоць калы ў рукі бяры, каб сваё даказаць... Без калоў там не было як абысціся... Без калоў там ніякай рады не даць... Там жа хто сядзеў? Адны Радзівілы ды Патоцкія. З-за ix у тым сойме не прабіцца. Што ім да нашых сялянскіх клопатаў? Яны свае абшары бароняць. A Аўлас, як вядома, у тым сойме бараніў Беларусь, хацеў, каб яна была знаная і паважаная ўсім светам. Роўная сярод роўных... То ці магло ўсё гэта падабацца польскаму сойму? То і даводзілася, каб што там даказаць, ледзь не за колле брацца, ісці ў калы, на калы...

Пра Ўласава сенатарства ад спадарыні Марыі Дзярвінскай, таксама з Пяцюляў, пачуў і такое:

— Ён жа там міністрам быў. За Беларусь усё біўся. Дык палякі яго адтуль выкінулі... Пра Ўласава сенатарства нават памоўка на Мігаўцы хадзіла: калі хто топчыцца ля сельсавета ці яшчэ перад якой казённай установаю, дык таму кажуць:

— Што ты тут ходзіш, як той Улас ля сойма!


БЕЛАРУС З НАРАДЖЭННЯ І ПЕРАКАНАННЯ

У польскіх архівах ацалеў «Інфармацыйны Камунікат Рэферата па справах нацыянальнасцяў другога аддзела Генеральнага Штаба». У тым Камунікаце за 22-га лютага 1923 года даюцца характарыстыкі паслоў і сенатараў тагачаснага Польскага сойму. Прынамсі, пра Аляксандра Ўласава гаворыцца:

«Уласаў Аляксандр. Беларус з нараджэння і пераканання. Мае маленькі 100-марговы фальварачак Мігаўка. Дзеяч з 1906 года».

З гэтай кароткай польскай даведкі для нас найважнейшае азначэнне: «Аляксандр Ўласаў... беларус з нараджэння». Гэткім гаспадар Мігаўкі запомніўся і ягоным суседзям мігаўцам — мігеўцам.


* * *

Кузьма Чорны калісь казаў: «Кожны чалавек — гэта цэлы свет». Для Аляксандра Ўласава і такіх, як ён, цэлым светам была найперш уся Беларусь. Менавіта гэтак разумеў Уласаву постаць Рыгор Шырма. У адным адзіным лісце да мяне Аляксандра Ўласава пісала, што Рыгор Шырма менавіта казаў ёй, што: «Уласаў — дзяржаўная галава». Без Беларусі, па-за Беларуссю ён не ўяўляў свайго жыцця.


* * *

Не ведаць Аляксандра Ўласава, значыць — не ведаць гісторыі беларускага вызвольна-нацыянальнага руху, ля вытокаў якога быў і стаяў ён.

Іван Шутовіч


ВЯРТАННЕ Ў МІГАЎКУ

Мігаўка — даўняя ўласнасць Уласавых. Менавіта тут прамільгнула маленства ўсіх Уласюкоў. Алексава таксама. Затым Аляксандру давялося жыць у Пінску, Мінску, Рызе, Вільні, зноў у Мінску...

Больш-менш стала Аляксандр Уласаў пачаў жыць у Мігаўцы з канца 1920 года. На гэта яго скіравалі гістарычныя абставіны, прынамсі, падзел Беларусі на Ўсходнюю і Заходнюю паміж Польшчаю і Саветамі. Гэта быў нялёгкі момант у жыцці Ўласава. Трэба было рабіць выбар: у Заходняй Беларусі, за Радашкавічамі, застаўся яго фальварак, ягоная маёмасць, з рухомай і нерухомай каштоўнасцю. Саветы ж абяцалі гарманічны лад беларускаму люду: дзяржаўнасць, беларускія школы — і Ўласаў ужо быў пагадзіўся застацца ў радавай Беларусі. Але аднаго разу на менскай Купалавай кватэры, было гэта неўзабаве пасля выгнання палякаў з Беларусі, адбылася лёсавызначальная гаворка: пачалі думаць-гадаць, як складзецца жыццё беларускай інтэлігенцыі за Саветамі. Якраз у той вечар завітаў да Купалы і Алесь Чарвякоў. Пацікавіліся і ў яго, што ён думае. Алесь Чарвякоў чамусьці на той раз быў рашуча агрэсіўны, сказаў, як стрэліў: «Будзеце шкодзіць уладзе — расстраляюць...» Такі пастулат Алеся Чарвякова вельмі збянтэжыў Уласава. Ён ведаў бальшавікоў: тыя, калі сказалі расстраляюць, то пэўна ж расстраляюць, доўга чыкацца не будуць, і Ўласаў прымае рашэнне: вярнуцца ў сваю, ужо замежную Мігаўку і распачаць там не менш бурную дзейнасць, чым гэта рабіў у Менску. І яму, як нядзіўна, што-кольвек удаецца. I найперш стварае ў Радашкавічах беларускую гімназію. Праўда, перад гэтым польская ўлада дала яму паспытаць канцэнтрацыйнага лагера «Сташалкова». Але, вызваліўшыся з яго, дабіўся свайго: яму ўсё-такі