Жыццё і смерць Андрэя Варатынца,альбо Як упершыню з’явілася на Беларусі бульба [Дзмітрый Магілеўцаў] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Жыццё і смерць Андрэя Варатынца,альбо Як упершыню з’явілася на Беларусі бульба 45 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Дзмітрый Магілеўцаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

сказаць, забягаючы наперад, што падзяку князь атрымаў адпаведную - памёр у рэшце рэшт у турме.

Кажуць, з вышыні людзей бачым зусім інакш. А таму немагчыма знізу, з бруду і глупства, меркаваць пра жыхароў вяршыняў. Пра іх прызначэнне, мэты і ўчынкі, прагу да ўлады і моцы. Пра здольнасць іх і права весці за сабою людзей. I пакідаць іх.

Князь Міхайла перахрысціўся ў праваслаўную веру. Служылай літве пра тое паведамілі адразу ж. Але Андрэй, які дагэтуль пазіраў на князя, як вясковы хлапчук - на рыцара з каралеўскай світы, застаўся з агнусекам ды з Божай Маці. I раптам адчуў, што рабіць яму пасярод стэпу зусім няма чаго. I што дагэтуль бачыў ён у князю Міхайлу толькі бліскучы адбітак уласнага глупства. Гаворку мясцовую да таго часу наш герой наспеў вывучыць не горш за мясцовых жыхароў. Пераапрануўся ў падзёрты зіпун, у лапці, у лахманы дый збег разам са скамарохамі, якія мядзведзя вадзілі па вёсках. Пакінуў сабе з усяе маёмасці, што яшчэ заставалася, толькі агнусек ды бацькаву карабелу. Схаваў у лахманах. Прыгожы ўсё ж такі быў юнак - нягледзячы на хлопскую апратку, скакаў як чорт і ўсміхаўся як анел. А якія словы кабетам казаў, якія песні спяваў! Карацей, так файна ў скамарохаў справы пайшлі, што ледзь на мядзведзя свайго паўп’янага не забыліся. На святах вясковых і елі ад пуза, і пілі, і з сабою бралі, што ў торбы лезла. I Андрэя слухаліся. I рушылі пакрысе на паўночны захад - да Масквы.

Пад Разанню Андрэй упершыню забіў чалавека, з якім спаў пад адною дзяружкай ды дзяліў кавалак хлеба. Мацейку, скамарошага правадыра. Той хоць і дужы быў, і спяваў як салавей, аднак люта зайздросціў, бо астатнія скамарохі слухаліся Андрэя, а не яго. Таму, пайшоўшы да цівуноў у бліжэйшую слабаду, наплявузгаў, што таць Андрэй і гультай, а можа нават шпіён, бо ў сне гаворыць на дзіўнай мове і, забыўшыся, крыж на сябе кладзе не як добрыя вернікі. Раніцою цівуны ўтрох чакалі скамарохаў на лясной сцежцы за слабадой. Але ж перад тым увечары, вярнуўшыся са слабады, Мацейка даў маху - быў задужа ласкавы з Андрэем, усё падліваў яму мёду ды частаваў лепшымі кавалкамі, казаў, што ніколі так добра не жыў, як з Андрэем, лавіў кожнае яго слова, рагатаў ледзь Андрэй пасміхнецца, увесь час намагаўся зазірнуць у вочы. Таму Андрэй спаў, паклаўшы далонь на цаўё карабелы. А ранкам першы ж цівун, які выехаў насустрач, не паспеў нават двойчы сказаць “стой”. Другі торкнуў дзідай, і яна ўпала на зямлю разам з адсечанаю рукой, а праз хвіліну й сам зваліўся па зямлю. Трэці павярнуў каня дый прыпусціў наўцёкі, але ж Андрэй, перахапіўшы шаблю ў левую руку, правай узняў дзіду ды кінуў наўздагон. Дзіда ўвайшла ў спіну і выйшла з грудзей, нават падрапала крыху конскую шыю. Мацейка кінуўся ў лес, бег доўга і хутка, але стаміўся і, схаваўшыся за дрэвам, напаў на Андрэя з нажом. I памёр у яго на руках, і кроў з ягоных пасечаных грудзей змяшалася з крывёю, якая лілася з параненай Андрэевай рукі. Так, пазіраючы ў вочы чалавеку, якога забіў, пан Андрэй пабратаўся з мёртвым.

Было гэта вясною тысяча пяцьсот семнаццатага года ад нараджэння -Хрыстовага. Менавіта тады прыбыла ў Маскву амбасада ад імператара Максіміліяна на чале з Жыгімонтам Герберштэйнам. Акрамя ўсяго іншага, імператар прасіў адпусціць князя Глінскага, славутага рыцара й правадыра. Імператар абяцаў, што здолее выправіць схільную да здрады князеву душу. Адправіць князя ў найдалейшы кут Еўропы, у Іспанію, да двара Яго каталіцкае мосці Карла Першага, а ўжо там князя павернуць да сапраўднага шляху. Ды ўратуюць ад усялякіх спакусаў, бо жыццё там амаль як у кляштары - пад пільным вокам інквізіцыі. А Карл ужо падпільнуе як трэба, калі Максіміліян папросіць, бо ягоны ўнук і спадкаемца (амаль праз тры гады, калі Максіміліян памёр, Карл сеў на імператарскі трон і з Першага іспанскага зрабіўся Пятым нямецкім).

Андрэй загнаў аднаго за адным усіх цівуновых коней, спяшаючыся ў Маскву. Ляцеў не хаваючыся, з шабляй на пасе, апрануты ў вопратку, знятую з забітых. Разумеў, што адзіны паратунак - у хуткасці. Такога сягнуў у дзёрзкасці, што вартавым на шляху ў адказ на пытанне, адкуль і куды, распавёў, што едзе па справах князя Міхайлы Глінскага. I прапусцілі, калі ён загадаў ім, хлопам, варушыцца, бо інакш пакаштуюць шляхецкае нагайкі. А яшчэ ён піхнуў ботам у твар пешца, які крыху павольней адсоўваўся прэч. Апошні конь упаў пад самай Масквою, і ў горад Андрэй увайшоў пешшу, ізноў апрануўшыся ў хлопскае. Тут таксама пашанцавала - бо быў Вялікі тыдзень, людзі гуртам ішлі ў горад на свята, і ён праслізнуў, далучыўшыся да натоўпу багамольцаў. А неўзабаве адзін з амбасадарскіх пахолкаў, дробны шляхцюк, прыбег, страшэнна ўзбуджаны ды здзіўлены, да гаспадара і распавёў, што нейкі хлоп, убачыўшы яго, пачаў спяваць на лацінскай мове - і не што-небудзь, а шкалярскі гімн “Gaudeamus”. Гэткае - у барбарынскай Маскве! Барон Жыгімонт усміхнуўся і загадаў прывесці дзіўнага хлопа да сябе. Так жыццё Андрэя Варатынца, якое скацілася было ў найніжэйшую яміну, начало