Жыццё і смерць Андрэя Варатынца,альбо Як упершыню з’явілася на Беларусі бульба [Дзмітрый Магілеўцаў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Жыццё і смерць Андрэя Варатынца,альбо Як упершыню з’явілася на Беларусі бульба 45 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Дзмітрый Магілеўцаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Варатынцы ледзь не нажылі смяротных ворагаў, але неўзабаве Андрэй з тымі ж двума старастовымі сынамі загадкавым чынам памірыўся дый спаліў пад Вільняй карчму. Лупцавалі ўсіх разам дый соллю не шкадавалі потым пасыпаць, каб памяталі даўжэй. Але дзе там! У шаснаццаць ягоных гадоў усё наваколле ажно стагнала. Казалі, ніводнай нецалаванай дзеўкі ці маладзіцы не засталося і ніводнай нераспрабаванай біклагі з мёдам. Разам з тым і вучыўся нядрэнна. Веры Варатынцы былі каталіцкай. Таму ксяндза паклікалі, і не абы-якога, а што ў Немцах вучыўся. I вось дзіва - Андрэй за два гады ўжо на лаціне пачаў балбатаць, і нават вершыкі складаць спрабаваў. Някепскія такія вершыкі, усё пра аморы, каханне на-іхняму. Ляшскую мову вывучыў, ледзь шкодзіць пачаўшы, а шкодзіць пачаў раней, чым хадзіць. Са жмудзінамі брахауся, як крэўны, і нават мярзотную жыдоўскую гаворку ведаў. Адкуль - невядома. Можа, бадзяючыся па корчмах ды навецях, дзе ў гарэлку (казаць брыдка) жыды ўсялякую поскудзь кладуць, накшталт бруду з-пад бычынага падхвосця, каб мацнейшаю здавалася.

Шаснаццаць гадоў па тым часе - ужо сталы чалавек, здольны і за сябе пастаяць, і за іншых, дый жаніцца ўжо можна. Бацька ж Андрэеў, чалавек добры і вялікай веры, толькі й рабіў, што маліўся за малодшага сына. Адзін дзень маліўся, каб анёлы на чале з Маці Божай дапамаглі яму, а другі - каб д’яблы хутчэй знеслі, каб не паспеў збыць сямейнага багацця і добрага імя. Шабляй махаў Андрэй, нібыта языком, а языком - нібы тым, пра што і казаць сорамна, а ўжо тым... Хм. Бяда ж небараку тая была, што думаць ён адначасова з гэтым усім ну ўвогуле не ўмеў. Калі сядзіць ціхенька, цвярозы, прыгожы, і раптам размаўляць пачне альбо распавядаць пра нешта - найразумнейшы чалавек, Саламон з Авідыем разам, ніяк не менш. Кніжкі чытае ці нешта майструе. Старых пра мясцовыя звычаі ды старажытныя падзеі распытвае - ну цуд проста, яму б ксяндзом быць. Але ж як скочыць на каня (а коней любіў не менш за жаночае цела) - робіцца вар’ятам.

Калі Андрэю споўнілася семнаццаць гадоў, бацька цвёрда вырашыў ад сябе яго прагнаць і нават забараніць сабе пра яго думаць. Але ж тут і выбухнуў мяцеж князя Міхайлы Глінскага. Якім чынам прыбіўся малады Варатынец да князя, дакладна не вядома. Магчыма, як магніт цягне да сябе металічнае смецце, так і князь цягнуў да сябе ўсіх, як татары кажуць, людзей "доўгай волі” і, ад сябе дадам, вельмі нядоўгага розуму. Сто талераў супраць аднаго пастаўлю - калі б які малады гультай з шабляю на пасе, гонарам на носе ды ветрам у галаве сеў на каня ў той час ды паехаў куды вочы глядзяць, абавязкова трапіў бы да Глінскага. Вялікі ўсё ж быў чалавек князь Міхайла.

Лепей за ўсё ў ягоным войску было падчас застолляў. Пілі няблага - зразумела, за будучыя перамогі. Наваколле рабавалі не горш за ардынцаў. Можа, менавіта таму і не падтрымала князя Міхайлу заможная шляхта, а ўласных грошай у князя не хапіла. Даволі хутка пайшлі на князя сталёвыя каралеўскія харугвы, войска ягонае пачало раставаць, нібы снег над веснавымі промнямі. Сумная тая гісторыя. Як і заўсёды здараецца, тыя, хто больш за ўсіх піў ды крычаў, першыя ж і зніклі. А вось Андрэй застаўся. Бо хоць і гультай быў, але ж сапраўднай шляхетнасці чалавек, і таго, з кім быў побач у час велічы і моцы, не кінуў падчас ганенняў і заняпаду. Разам з князем ён пайшоў да маскоўцаў, разам прыехаў у Маскву да вялікага маскоўскага князя Васіля, разам і хапіў выпрабаванняў лёсу.

Чаго давялося паспытаць Глінскаму ў Масковіі, наўрад ці вартае расповеду. Як кажуць, з князёў ды ў бруд. Праз паўгады князю стала відавочна, што з выбарам новай айчыны ён крыху памыліўся. Пачаў розным чынам дасылаць у Княства і да самога імператара Максіміліяна лісты з просьбамі аб дапамозе. Яшчэ прайшло колькі часу, і наш князь спрытненька і ціхенька рушыў назад, да караля Жыгімонта. Але ж далёка не ўцёк. Яго злавілі дый пасадзілі ў астрог. А ўсю служылую літву, якая з князем Міхайлам да маскоўцаў прыйшла, параспіхалі па Масковіі. Варатынца з тузінам іншых небаракаў запхнулі аж на Волгу, вартаваць ад Казанскага ханства. Жылі там, як сабакі, да таго ж і ў праваслаўную веру іх імкнуліся прымусам звесці.

Князь трываў нядоўга. Перспектываў асаблівых у Княстве ў яго не засталося, але засталіся большай часткай смяротныя ворагі. У новай айчыне ягоныя талент і веды (асабліва пра ўмацаванні, войскі ды шляхі Княства ды Кароны) маглі 6 быць вельмі карысныя. Маскве ў той час патрабавалася любая дапамога супраць Княства. Усе ведаюць, як гетман Астрожскі пад Оршаю ў тысяча пяцьсот чатырнаццатым годзе перамог маскоўскае войска. Але ж толькі вар’ят стане давяраць здрайцы. I таму Глінскаму суджана было існаваць на задворках жыцця аж да смерці вялікага князя Васіля.

Глінскі шмат чаго мог і здолеў-такі даць сваёй новай айчыне. Напрыклад, легенду пра тысячагадовае яе існаванне. Ці пляменніцу Алену, якая нарадзіла славутага і вельмі адметнага ў маскоўскай і навакольнай гісторыі цара Івана. Трэба