Перакулены час [Южык Міхась] (fb2) читать постранично

- Перакулены час 929 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Южык Міхась

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхась Южык





ПЕРАКУЛЕНЫ ЧАС

Раман

Куды? Адкуль?.. –


маўчанне.


Не дасць адказу час.


Стаю – і сам пытанне,


іду – і сам адказ.


Алесь Разанаў


1

Што выбіла яго з каляіны, Васіль Сурмач аніяк не мог даўмецца. Хмурны кастрычніцкі дзень? Дык яшчэ ўчора, пры такім жа, здаецца, надвор’і, пачуваўся ён болей чым здорава. Можа, пабачаная сёння ў абедзенны перапынак пахавальная працэсія? Ды не так працэсія, як хлопец у дамавіне. Так, малады хлопец. Васіль наогул не выносіў глядзець на пахаванні. А хто любіць? Гэтыя галашэнні, роспач. Яму заўсёды станавілася млосна ды шкада, балюча шкада родзічаў нябожчыка. Няшчасныя, ім жыць з гэтым жахам усё жыццё! Тады мімаволі разбіраў страх: а што калі памрэ хто з блізкіх? Дальбог, не для яго гэта нерваў. І вось сёння, каторы ўжо раз за апошнія месяцы, злавесным напамінам мільганула: а і мне ж паміраць! Гэтая подлая фраза ўпарта сядзела ў свядомасці. І рабілася яшчэ балючэй і вусцішней ад таго, што, як здавалася Сурмачу, ведае пра гэтую неадхільнасць смерці адзін толькі ён. Ва ўсякім разе, у СКБ завода, дзе працаваў дваццаціпяцігадовы інжынер Васіль Сурмач, панавала тыповае мітусліва-заклапочанае жыццё, а на тварах саслужыўцаў не было відаць і следу думак аб вечным.

А між тым паміраць усім. Васіль рассеяна аглядаў курыльню, у якой зараз знаходзіўся. Побач гаманілі рабацягі з вопытнага цэха: пра гарэлку, пра баб – што яны яшчэ могуць? А крыху воддаль – інтэлігенцыя: хлапчыны з суседняга сектара. Васіль знарок не падыходзіў да іх. Як агорклі іхнія банальныя пацвельванні, пакепліванні адзін з аднаго, лаянка ў адрас начальства, выхвальства ў сваіх камерцыйных і любоўных поспехах! І прыкра яшчэ тое, што і сам ён заўжды падтаквае ім ды гуляе ў тую ж ханжаскую гульню языкамі. Каб не выглядаць сярод іх недарэкам. А хто яны такія, каб перад імі выгінацца? Вось той, цыбаты з вялікай галавой – Яшка Шызоў, лічыць сябе дасціпнікам. Гумар у яго грубы, пасцельны, рогат занадта звонкі. Ягоны сусед – Валодзька… як яго дылду… Малашэвіч, ці Янушэвіч – той больш маўчыць з глыбакадумнай мінай на твары, быццам бы робіць вялікую ўступку суседзям адной сваёй прысутнасцю. Жэсты, міміка, словы ў яго штучныя. Усё грае нейкую ролю. Дый усе яны тутака – акцёры! Кожны праследуе пэўную мэту, фанабэрыцца і задаецца перад акаляючымі. І самае подлае, што і ён сам, Васіль, нешта з сябе строіць, хоцькі-няхоцькі, а паказвае таму ж Малашэвічу сябе з нейкага лепшага – не лепшага, але ненатуральнага, не свайго боку. Навошта? Памруць жа ўсе!

З маўклівай злосцю Сурмач выплюнуў недакурак. Той паляцеў на цэментную падлогу, упаў каля урны незатушаным. Васіль рушыў да выхаду міма ажыўленай купкі рабочых, міма Шызова і Малашэвіча. “Зараз цыбаты скажа штосьці кшталту: прачысціў лёгкія? І сам жа зарагоча”, – падумалася Сурмачу.

– Здароў, Васёк! Напампаваў грудзі? – сапраўды вылецела з рота Шызова прымітыўная падколка. Выбухнуў рогат.

Васіля ажно перасмыкнула, нібы нехта абварыў яго кіпенем: “Гадзянё! І гэтак ён штодня, па разоў трыццаць – любому! Як ён сам сабе не абрыдзеў!..”

Узляцеўшы праз два лесвічныя пралёты на свой паверх, Сурмач нарэшце ўспомніў, што найболей гняло яго сённяшнім днём. Больш чым думкі пра смерць, пра марнасць існавання і ўсеагульную людскую дурноту яго верадзіла маючая адбыцца гутарка з жанчынай, што зараз размашыста крочыла яму насустрач. Гэта была Зоська Шальговіч, нязменная і назойлівая яго палюбоўніца. Васіль меўся сёння канчаткова разабрацца з ёю. Наважыў ён гэта яшчэ ўчарашнім вечарам, калі не з’явіўся на агаворанае загадзя спатканне – у Зосьчын інтэрнат. І сёння немінучая малапрыемная разборка ціснула на падсвядомасць, азмрочвала настрой і паніжала працаздольнасць хлопца.

Гісторыя гэтага службовага рамана да банальнасці простая. Васіль вылучыў вабную Шальговіч сярод іншых жанчын амаль адразу пасля ўладкавання ў СКБ. Статная, з магутнымі сцёгнамі і высокімі грудзьмі, яна, цокаючы па калідоры, усякі раз проста кіпяціла яго жывёльную сутнасць. Як, зрэшты, і большасці хлопцаў і дзядзькоў іхняй установы. Чуткі аб Зосьчынай “згаворлівасці” дасягалі не вельмі тады смелага ў любоўных справах Сурмача. Дзяўчына была старэйшай за яго на тры гады, ростам і вагой – амаль роўная, і таму Васіль не прымаў рашучых захадаў, каб у той ці іншай ступені з ёю зблізіцца. Што, аднак, не перашкаджала яму кожнага разу прагна праводзіць вачыма па калідоры яе звышвабную постаць, здароўкацца пры сустрэчах ды разумець яе агнявыя позіркі на свой капыл. Ва ўяўленні самі сабой паўставалі пякучыя карціны нязбытных, як тады падавалася, варункаў з Зоськай. Але… Аднойчы, улетку, іхні завод не вытрымаў псеўдарынкавай эканомікі і спыніў сваю дзейнасць на пару месяцаў. Усіх прымусова, на мінімальным грашовым