ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА [Сергей Песецкий] (fb2) читать постранично

Книга 410159 устарела и заменена на исправленную

- ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА (пер. Руслан Равяка) 1.25 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Сергей Песецкий

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сяргей Пясецкі ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА

.

.

Раман «Жыцьцё раззброенага чалавека» быў напісаны Сяргеем Пясецкім яшчэ ў вязьніцы Сьв. Крыжа на поўдні Польшчы, дзе ў той час палякі трымалі самых небясьпечных злачынцаў. Паводле ўспамінаў пісьменьніка, гэты раман ён зьбіраўся выдаць першым і лічыў яго больш вартым за «Каханка Вялікай Мядзьведзіцы». Пясецкаму хацелася паказаць жыхарам тагачаснай Польшчы ўсю сваю крыўду, калі пасьля дэмабілізацыі былых жаўнераў, якія абаранілі краіну, проста выкідалі на вуліцу як непатрэбныя рэчы.

Аднак міжваенная польская цэнзура магла не прапусьціць гэты раман, таму Пясецкі спачатку перадаў з турмы ў друк рукапіс больш нэўтральнага «Каханка…», а раман «Жыцьцё раззброенага чалавека» мусіў быць надрукаваны ў 1939 г., ужо пасьля вызваленьня аўтара. Аднак гэтаму перашкодзіла вайна.

Пясецкі перахоўваў рукапіс на працягу ўсёй вайны, аднак большая частка яго згубілася, калі па вайне аўтар перабраўся ў Італію, а пасьля ў Англію. Толькі ў 1957 г. удалося аднавіць раман, а пасьля выдаць яго.

Дзеяньні раману адлюстроўваюць усю бядоту і раскошу жыцьця міжваенных Вільні, Ліды, Баранавічаў і іншых гарадоў. Чытач пабачыць вільготныя сутарэньні, падпольныя порнастудыі, зладзейскія прытоны і шыкоўныя гатэлі з элітнымі прастытуткамі ў Заходняй Беларусі.

Гэта адна з найбольш удалых кніжак Пясецкага, якая разам з «Каханкам Вялікай Мядзьведзіцы» зьяўляецца аўтабіяграфічнай і адлюстроўвае складанае жыцьцё скандальнага аўтара: добраахвотніка польскага войска, антысавецкага партызана «Зялёнага дубу», кантрабандыста, шпега і злачынцы. Толькі дзякуючы вязьніцы гэты чалавек здолеў вывучыць польскую мову і стварыць шэдэўры польскай літаратуры, падзеі ў якіх адбываюцца на беларускіх землях.

Руслан Равяка

1

Другі тыдзень я бяз мэты бадзяюся ў джунглях цагляных гмахаў, у каменным лябірынце вуліц. Я чужаніца тут. Ня маю нікога знаёмага і ні адкуль не чакаю дапамогі.

Падчас доўгіх, самотных вандровак, назіраючы за жыцьцём жыхароў гэтых джунгляў, я меў магчымасьць рабіць мноства цікавых назіраньняў. Найперш заўважыў, што людзі, якія знаходзяцца на вуліцах, пераважна ненармальныя. Паводзяць сябе як вар’яты, выпушчаныя з вар’ятні… Насустрач мне ідзе тоўсты стары і радасна ўсьміхаючыся пазірае мне ў вочы. Раптам б’е сабе далоньню па галаве, вытарашчвае вочы, разварочваецца на месцы і ледзьве ня бегма пераходзіць дарогу на супрацьлеглы бок вуліцы, адкуль толькі што прыйшоў. Другі круціць галавою, нешта шэпча і жэстыкулюе. Іншы робіць нейкія дзіўныя міны, уздымае бровы, міргае вокам. За ім, шамочучы ядвабам, цётка вядзе дзяўчынку ўскрайкам ходніка з боку дарогі, амаль не пакідаючы ёй месца дзе ступіць. Дзіця сасьлізгвае да рыштку. Цётка штурхае яе ўверх, дае поўху і, сыкаючы голасам ведзьмы, зь перакрыўленым ад злосьці тварам, пачынае прыглушаным шэптам дакараць дзяўчынку. Праходзіць іншая жанчына, маладзейшая… Таксама ў ядвабе. Рэзкі пах парфумы. Ненатуральнае, юрлівае калыханьне клубоў. Ногі спружыняць на хадулях высокіх абцасаў. Яе мінае юнак. Ён азірнуўся, уцягваючы носам паветра. Пры гэтым наступіў на мазоль пану ў кацялку, што ішоў побач. Той засіпеў ад болю і пачаў падскокваць на адной назе.

— Ах, ты…! — пан сутаргава сьціснуў ляску зь нікелёвай булдавешкай.

— Выба-ачайце ка-алі ла-аска, — сьпеўна азваўся юнак, а праз хвілю, калі пан у кацялку пакульгаў далей, высалапіў за яго сьпінай язык.

Далей нейкая рабая, страшэнна худая дзяўчынка вядзе на шворцы два сабакі. Часта нахіляецца і нешта кажа ім ненатуральным, шапялявым голасам — як да дзяцей.

Усе сьпяшаюцца. Вочы блукаюць. Нэрвовыя рухі, часта бязмэтныя. Твары заклапочаныя. Усьмешкі ненатуральныя, быццам намаляваныя.

Галасы поўныя злосьці ці зачараваньня, альбо — пры халодных, варожых позірках — штучнага «мёду».

Я спыняюся перад вялізнай вітрынай крамы. За тоўстым, бліскучым шклом на зялёным тле аксаміту маляўніча раскідана мноства модных дробязяў жаночага туалету. Панчохі, кашулькі, блюзы, торбачкі, бюстгальтары, парасоны, рукавічкі… як кветкі на лузе. Усё зіхаціць, б’е ў вочы, кліча. Усё выраб цывілізацыі — яе тэрмомэтар. А пасярэдзіне нахабна раскірэчыліся майткі — штандар цывілізацыі. Гляджу на іх каляровыя банты, на хвалю карунак. Лыкаю сьлінай, чуючы голад. Колькі гэта каштуе? Колькі хлеба за гэта можна купіць? Раптоўна заўважаю ў адбіцьці вітрыны, як у люстэрку, востры позірк, які вывучае выраз на маім твары. Пераводжу погляд управа. Бачу прыжмураныя, «аналізуючыя» вочы і іранічную ўсьмешку дзяўчыны з тэчкай пад пахаю. Напэўна, студэнтка… Разумніца… Падумала, што я эратаман.

Іду далей. Велічэзная вітрына кнігарні. Кнігі, кнігі… Колькі кніжак! Хто іх чытае і хто піша? Хацеў бы пабачыць тых, хто піша кнігі. Напэўна, таксама вар’яты…. Ня дам веры, каб цалкам разумова