Тайна гіблай затокі [Уладзімір Мажылоўскі] (fb2) читать постранично

- Тайна гіблай затокі 265 Кб, 80с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Мажылоўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ


ТАЙНА ГІБЛАЙ ЗАТОКІ


Містычная аповесць


Частка І


1

Суботнім вечарам дваццаць дзявятага студзеня 1564 года, калі князь Пётр прыйшоў з лазні і дапіваў першы кубак хлебнае, халоднае брагі, да яго ў хату, без папярэджання і стуку, уваліўся перапалоханы брат Васіль.

— Толькі што вярнуўся з віжавання Грышка Хлёст, — задыхаючыся ад хуткай хады і ўзрушэння, проста ад парога прасіпеў ён апошнюю навіну, — і расказвае халоп неверагоднае.

— Ну-у! — раззлаваны Пётр падхапіўся з лавы і рэзка павярнуўся да брата. Халодны хлебны напой плескануўся на яго бараду, тонкай ручаінай пацёк на чырвоныя, распараныя грудзі, але князь гэтага не адчуваў.

— Кажа, што ліцвіны поўнасцю разбілі войска князя Пятра Іванавіча, яго самаго ці то засеклі, ці то закавалі ў жалеза і зараз спешным маршам ідуць сюды, па нашы душы.

Малодшага брата трэсла ліхаманка, сківіцы яго гучна шчоўкалі, рукі, як і маленькія вочы, не знаходзілі спакою. Пётр ад такой навіны зноў апусціўся на лаву, потым рэзка падхапіўся з яе.

— Не можа такога быць! — гучна, амаль істэрычна выгукнуў ён і запусціў гліняным кубкам у печ. На яго крык у пакой заскочыў устрывожаны ахоўнік, але ваявода махнуў яму рукой: «Знікні!» — і павярнуўся да брата:

— Князь Шуйскі Інфлянты паставіў на калені, прайшоў столькі бітваў, што іншаму баярыну і не снілася, ваяваў Полацк... Не, такога не можа быць! Не мо-жа!

— Чаму не можа? Білі ж нас і раней ліцвіны, і неаднойчы!

— Калі тое было? — распранае цела князя Пятра пакрылася буйнымі кроплямі поту. — Якое ж тады войска мае Радзівіл? Сорак тысяч? Пяцьдзясят? Семдзесят?

Брат паціснуў плячыма:

— Хлёст на панадворку чакае.

— Давай яго сюды!

Пяцідзясятнік Грышка Хлёст, невысокі, каржакаваты стралец з шызым носам і падпаленай, рудаватай барадой, спалохана, бокам увайшоў у памяшканне, зняў свой каўпак і грузка паваліўся на калені. Калі б хтосьці з братоў у гэты момант сказаў слова ці нават проста кашлянуў, Грышка ўпаў бы і на жывот, але ў горача натопленым пакоі панавала цяжкая цішыня. Допыт пачаў старшы з братоў, Пётр:

— Ну што ты даведаўся пра князя Шуйскага? Ці надзейныя твае звесткі?

Стралец, заікаючыся і блытаючыся ў словах, пачаў расказ:

— Я раніцай са сваёй паўсотняй выехаў на віжаванне ў бок Зубрэвічаў. Ля вёскі мы схаваліся ў прыдарожным ельніку, добра ўкрыліся і пачалі чакаць, спадзеючыся захапіць у палон якога-небудзь неасцярожнага шляхціца. Але шляхціцаў не было. Тады я і Цёмка Гуз пераапрануліся пад сялян і накіраваліся ў мясцовую карчму, каб паслухаць, пра што там гавораць людзі...

— Гарэлкі папіць ты туды направіўся, сабачае рыла! — прашыпеў князь Пётр. — Што далей?

— У карчме мы ўзялі гарлач піва і селі ў цёмны кут, каб нас ніхто не бачыў. Хутка туды ўвалілася з дзясятак шляхціцаў. Яны былі вясёлыя, гучна рагаталі, бруднымі словамі адзываліся аб вашай светласці...

— Па справе давай!

— Ад іх мы і пачулі, што князь Шуйскі забіты, а войска яго поўнасцю разгромлена. Што саракатысячны атрад Радзівіла Рудога павінен злучыцца з ліцвінскім войскам, якое спяшаецца сюды з Барысава, і разам яны намерыліся акружыць нас і ўсіх бязлітасна выразаць. Быццам ад іх караля паступіў загад — палонных не браць!

— Вось звяры! — вырвалася ў Васіля.

Старшы брат злосна зыркнуў на малодшага, крыва ўсміхнуўся, але прамаўчаў. Расказ стральца падаўся яму неверагодным па сваёй сутнасці, выклікаў шмат пытанняў і сумненняў, але ж і пяцідзясятніку не з рукі было падманваць. Такімі звесткамі не жартуюць, за такія жарты караюць шыбеніцай! Ваявода махнуў Хлясту рукой, дазваляючы таму падняцца з каленак і пакінуць памяшканне. Калі стралец зачыніў за сабой дзверы, Пётр звярнуўся да брата:

— Ты яму верыш?

Васіль нерашуча паціснуў плячыма, адвёў вочы і пачаў папраўляць кнот аплыўшай свечкі. Па зачаднелых сценах пакоя заскакалі фантастычныя цені-пачвары.

— Заўтра нядзеля, і мы ў царкву збіраліся схадзіць!

— Глядзі, каб цябе заўтра не адпявалі ў гэтай царкве! — груба, бы адсякаючы сумненні, выгукнуў Пётр. — Ды адчапіся ты ўрэшце ад свечкі! Ідзі лепш узмацні варту і кладзіся адпачываць.

Аднак і старэйшаму з Абаленскіх не спалася: чорныя думкі, адна жудаснейшая за другую, лезлі ў галаву, кашмарамі бударажылі ўяўленне, перашкаджалі сну. «Ператапілі ў хаце, — апоўначы не вытрымаў ваявода і падняўся з лежака: — Пачытаю крыху, магчыма, лягчэй стане». Ён перажагнаўся, ступіў на халодную падлогу, наблізіўся да стала, адкінуў вечка невялікага куфра, дастаў адтуль кнігу і цяжка ўздыхнуў — усяго некалькі тыдняў таму сам цар даў яму гэтую кнігу з уласнай ліберэі. «Чытай, Пятро, — яшчэ і зараз