Атамізацыя [Василий Семенович Гигевич] (fb2) читать онлайн

- Атамізацыя 302 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Василий Семенович Гигевич

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Васіль Гігевіч Атамізацыя

Мы так радыкальна змянілі асяроддзе, што цяпер для таго, каб існаваць у ім, мы павінны змяніць сваю сутнасць.

Норберт Вінэр, заснавальнік кібернетыкі

Змяніўся вобраз жыцця, само разуменне Свету.

Усё пераплялося ў нейкі заблытаны клубок, дзе людскія жарсці, подласць, бескультур’е суседнічаюць з усё больш паскаральным развіццём навукі. Нейкія мала зразумелыя законы кіруюць намі. На першы план выходзіць не пагроза імгненнай пагібелі людзей у выніку ядзернага катаклізму, а верагоднасць яшчэ больш пакутлівага знішчэння ўсяго роду чалавечага.

Н. М. Маісееў, акадэмік РАН

Сучасная аповесць-казка

1

Як і ўсе вялікія прыгоды, мае пачаліся з сямейнага скандалу.

Вярнуўся з работы, есці хочацца, а мая ненаглядная чарговы серыял глядзіць, адарвацца ад тэлевізара не можа. Я гэтак далікатненька намякаю, што галодны мужчына — горай за афрыканскага льва. А яна — пачакай трошкі, сотую серыю дагледжу і пачну рыхтаваць вячэру. Ну, браточкі мае, шчыра прызнаюся, не вытрымаў, дапяклі гэтыя серыялы, выказаўся, бо цярпеў дагэтуль, маўчаў, як кляты…

Чаго толькі мне не прыпомніла!..

Жанчыны, скажу я вам, гэта такія стварэнні… Калі яна ў настроі, то — усё прабачыць, замест ляманту ў шчочку чмокне і прыгалубіць. Але ж падвярніся не ў час, святым анёлам дамоў прыйдзеш, усё роўна будзеш вінаватым, і тады табе ўжо ўсё прыпомніцца, да апошняга пазалеташняга камара, якога не затоўк, калі вечарам на беразе рэчкі сядзелі.

Можа, усё ладам і скончылася б, ну, палямантавала б трохі і супакоілася. Але ж у той вечар мяне як чорт які пад’юдзіў, калі мая прыгажуня занадта разышлася і пачала залішне мяне бэсціць. Я ёй толькі і сказаў: «Надта ты са мной гаруеш… Ты яшчэ ўспомні, як у мамкі ў Жыціве жыла…»

Жыціва — гэта вёсачка, дзе яна нарадзілася і дзе была надта шчаслівай. Дагэтуль часта мяне, як шылам, калола: «Вось, калі ў мамкі ў Жыціве жыла…»

Божухна, лепш бы я прамаўчаў!

Чаго толькі не наслухаўся ў той надвячорак! Зразумеў, што мая прыгажуня — самая найгаротнейшая з усіх гаротніц, якія толькі былі на свеце. І заставалася мне адзінае — браць вяроўчыну ды намыльваць…

Так і не павячэраў. Ляпнуў дзвярыма і падаўся да сябрука. Надта вялікім сябруком ён мне і не быў, на рыбалцы неяк пазнаёміліся, на гэтым і трымалася наша сяброўства. Селі за стол, гаворку распачалі. А ён, калі яму верыць, быццам бы ў нейкіх органах працаваў. Паглядзеў на мяне пільна і кажа:

— Нешта ты, Базыль, сёння надта ўзвінчаны.

Я пытаю:

— Адкуль ведаеш?

А ён:

— Пальцы ўздрыгваюць.

Што значыць — прафесійная хватка!

Я і «раскалоўся» — пра скандал з жонкай расказаў.

Ён мне:

— Калі твая хлюндра гэтак цябе дапякла, так і быць: раз правучы, каб на ўсё жыццё… Што па дробязях цыркацца… — і замоўк, гледзячы на мяне.

Тут я і «клюнуў» на ягоную вудачку:

— А як зрабіць такое?

Ён:

— Ёсць адно заданне важнае. Кандыдаты патрабуюцца. Гэта — як камандзіровачка будзе, гадкоў на пяць. Тады яна ўведае, пажыўшы без цябе… Пасля, як шаўковая будзе…

Я, канечне, спытаў: «Няўжо сярод вас, разумнікаў, адчаюгаў няма, каб выканаць гэтае важнае заданне?»

— Адчаюгі, можа, і знойдуцца, — адказаў ён, — а разумных, каб выканаць яго, — кот наплакаў. Гэта — па-першае. А па-другое, скажу, што да нас, як і ў мафію, і ў масонства ўваход ёсць, а выхаду няма. А тут надта ўжо сур’ёзнае заданне намячаецца, дэталяў я і сам да канца не ведаю, не казалі мне. Ды і тэсты на кемлівасць — цяжкавата іх прайсці, сыплюцца нашы…

Тады я:

— А з работаю як? А пенсія, калі на тое пайшло?

Ён бліснуў вачыма, ажно павеяла холадам, і:

— Не хвалюйся, не ты першы, не ты апошні… Усё прадумана. Аб’явім, што знік пры невядомых абставінах. Калі захочаш — лістоўкі з фотаздымкамі паўсюль вывесім, прыкметы апішам, нават у Інтэрпол інфармацыю закінем…

— А доказы?

Ён тут жа:

— Легкавік свой дзе ставіш?

— Ля пад’езда. Як і многія. Гараж далекавата, лянуюся…

— Размалоцім ушчэнт. Асфальт ля машыны чырвонай фарбаю выпацкаем. Камар носа не падточыць. Пасля, калі заданне выканаеш, машыну адрамантуем.

— А як жа вы растлумачыце маё паяўленне?

— Аб’явім, што быў без памяці некалькі гадоў. Ты што, газет не чытаеш, тэлевізара не глядзіш? Цяпер такіх нямала: выйшаў чалавек з дому і — не вярнуўся. Потым, годзікаў праз пяць, паяўляецца невядома адкуль. Пачынаюць у яго дапытвацца, а ён — нічагусенькі не помніць. Гэта — горшы варыянт, калі з заданнем не справішся. А ў лепшым — героем будзеш. Рызыка, сам разумееш… Хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. Дык як, згода, па руках?

Задумаўся я… Шкада брата стала — сардэчнік, ён без рыбалкі жыць не можа, вазіў я яго дагэтуль штотыдзень на рэчку.

А ён далей соль на жывыя раны сыпле:

— Не ты адзін у такую сітуацыю трапляеш. Некалі быў цар, Адысеем звалі. І жоначка ў яго была, Пенелопа. Ён пасля дзяржаўнай службы дамоў стомлены вяртаецца, а Пенелопа са служанкамі лясы точыць пра багоў алімпійскіх. Ён ёй — слова, а яна яму, багамі алімпійскімі заклапочаная, — тры ў адказ. Як і ў цябе атрымлівалася. Якая тут табе ўжо вячэра?.. Цярпеў ён, цярпеў, а тады каманду гэткіх жа, як і сам, гаротнікаў сабраў і ў мора падаўся. Гэта пасля гаварыць пачалі, што ён залатое руно паплыў шукаць. Але, павер мне, усё іначай было. Заадно ён і Пенелопу рашыў правучыць, праверыць, ці верная яна яму. І вось, калі ён паплыў, калі да яе розныя сваты з усіх канцоў свету папёрлі, калі горачка цяпнула, тады яна і ўведала, што страціла…

Падумаў я: Адысей не пабаяўся царства страціць, то што мне губляць?

Кажу яму:

— Так і быць, калі прайду тэсты, ды і ўсё астатняе, машыну не чапай, аб’явы не вывешвай. Ты лепш чутку пусці, што мяне ў шпіёны завербавалі. Я ключы ад машыны і дакументы на яе брату пакіну, а ты замест мяне будзеш з ім на рыбалку ездзіць.

Зноў ён зыркнуў на мяне, у самыя вочы ўтаропіўся, вусішчы пальчыкамі распраміў — на таракана стаў падобны. Позіркам сваім, як шылам, да сэрца самага працяў і кажа:

— Падумай. Пасля, як распіску дасі, позна будзе.

А мяне як чорт панёс, ведама, чалавек я гарачы:

— Выклікай на гутарку!

Што ж, назаўтра прыехалі да мяне на работу, перагаварылі пра нешта з начальствам, запрасілі мяне ў чорны легкавік з таніраванымі вокнамі, павезлі да сябе ў нейкую будыніну, на дзвярах якой ніякіх шыльдаў няма.

Завялі ў нейкі кабінет, дзе цяжкія шторы на вокнах. За стол пасадзілі. На стале, як і трэба, — тры тэлефоны, графін з вадою, шклянка, камп’ютарны манітор. Гаворку распачалі. Двое са мною гаварылі, а трэці, у цёмных акулярах, у капялюшыку, насунутым на самыя вочкі, сядзеў у кутку кабінета і нічога не гаварыў — не раіў, не пытаўся. Скасавурыўся я на гэтага невядомца і — аж уздрыгнуў… Гэта ж ён, той сябрук, з якім некалі на рыбалцы пазнаёміліся, які ўчора сватаў мяне на справу сур’ёзную. Акулярамі прыкрыўся, капялюшыкам, на вочкі насунутым, прыкрыўся, але ж — вусы, вусы тырчалі ўсё тыя ж — як у таракана… Твар, як казаў адзін мой сябрук, ніякай біяграфіяй, ніякімі дакументамі не прыкрыеш…

Другі сябрук, інтэлігент па паходжанні, пра тое ж самае яшчэ казаў: «Гены пальцам не прыкрыеш». Гэты сябрук надта ганарыўся сваімі генамі, якія ад дзеда ўзяў. Ён у нейкай сакрэтнай лабараторыі вывучаў гены і мемы, што такое мемы — не ведаю. Толькі сядзем за стол, возьмем па чарцы, а тады ён і будзе казаць задуменна:

— Калі б ведалі вы, хлопцы, што такое гены і мемы… Яны ж, можа, самастойныя, яны намі кіруюць лепш усякага начальства, перадаюцца ад аднаго чалавека да другога, яны, можа, — і тут ён абавязкова палец угору падымаў, — хоць і нябачныя, але складаюць сутнасць жыцця… Вось, самі паглядзіце…

Пасля гэтых слоў ён даставаў фатаграфію з кішэні і нам паказваў. На ёй дзед барадаты красаваўся. Як і дзед, сябрук таксама бараду адгадаваў… Падобныя яны былі, як вылітыя. Асабліва бародамі…

Паказаўшы нам фатаграфію, сябрук далей казацьме будзе:

— Мой дзед некалі самастаяцельны быў, тры жарабкі ў хазяйстве меў, авечак загон — гаспадар быў сапраўдны… Пасля раскулачылі, ляснулася ўсё… Але ж, як ні падумай, гены ягоныя сваю справу зрабілі — во, бачыце, хоць коней у мяне і няма, але ж і я не прапаў, сам у людзі выбіўся, кандыдацкую зляпіў, у навуцы не апошні чалавек… Давайце, хлопцы, за гены чарку падымем… Іх пальцам не раздушыш…

Пасля такіх заяў нам нічога не заставалася, як з сябруком пагадзіцца…

Канечне, я і выгляду не падаў, што знаёмы з ім. Ды і ён сядзеў моўчкі, быццам не ведаў мяне.

А мо спадзяваўся, што не пазнаю яго?

Субяседнікі сур’ёзныя трапіліся, не ахламоны, пры гальштуках, але ж і я не лыкам шыты. І яны якраз тым жа цікавіліся, чым і я цікавіўся ў вольны ад работы час. Толькі тут да мяне дайшло, чаму на мяне паў выбар. Далікатненька яны падводзілі гаворку да галоўнай тэмы, пакуль я не ляпнуў:

— Ды што вы мне ўсё круціце, муціце?.. Вы думаеце, я нічым апроч работы не цікаўлюся, не чытаю нічога? Я не толькі незямнымі цывілізацыямі цікаўлюся, я нават і пра віваны лятаючыя ведаю…

У іх, прызнаюся, і вочкі застылі. Канечне, дзе ім пра тыя віваны ведаць, у іх сваёй работы хапае.

— А што гэта такое, віваны? — пытаюць.

Ну, я і давай ім тлумачыць, што такое віваны. Заадно і пра багоў касмічных расказаў, якія некалі на зямных дзяўчатах жаніліся. Бо ў мяне такія папкі сабраныя, такія выразкі з прэсы, што ім і не снілася. Яны і не ведалі, што я самастойна вёў расследаванне пра незямныя цывілізацыі яшчэ з тых часоў, калі пра іх у адкрытую гаварыць баяліся, на кухнях за бутэлькаю пра іх перашэптваліся, ды і то — з аглядкаю… Пра многае я ім тлумачыў…

Пераглянуліся гэтыя двое між сабою, галовамі паківалі — мабыць, падумалі, што я ім падыходжу. Тады адзін з іх і кажа:

— Што ж, пішы распіску.

І тут жа падсунулі чысты ліст. Ручку ў рукі торкнулі. Ды не звычайную шарыкавую, а нейкую спецыяльную, са спецчарнілам зялёным. Мабыць, чарніла тое было невыводнае. На чорненькім корпусе ручкі залатая гравіроўка вяззю была выведзена: «Для сакрэтных распісак».

Прыгожая была ручка, рэдкасная. На бялюткай мелаванай паперчыне я і пачаў крэмзаць:


Распіска


Я, Базыль, родам з Жыціва, клятвенна абяцаю пасля сённяшняга дня захоўваць давераную мне тайну, у якую мяне будуць пасвячаць…


Толькі я размахнуўся, каб распісаць свае будучыя абавязацельствы і вечныя клятвы, як той, у цёмных акулярах, які дагэтуль моўчкі сядзеў у кутку кабінета, сказаў:

— Не толькі нашу, але і агульначалавечую таямніцу…

Тут я і папярхнуўся… Вады папрасіў у шклянку наліць…

Перапісаў, як мне падказалі, тую распіску, аддаў ім бялюткую паперчыну з зялёненькім тэкстам, а тую прыгожую ручку неўпрыкмет у кішэньку пінжака паклаў. Думаў, на памяць застанецца. Аж не, — у акулярах, хоць і быў мне сябрук, усё заўважыў, кажа:

— Ручку, ручку на месца пакладзі…

Давялося тую ручку аддаць. Ну, думаю, вось дзе сапраўдныя справы вядуцца…

Вось так усё і закруцілася.

Прайшоў тэсты розныя, — і на кемлівасць, і на псіхалагічную ўстойлівасць, потым спецкурсы пачаліся, спецпадрыхтоўка ды яшчэ — маўклівасць вечарамі, калі красатулі сваёй нічога не мог ні сказаць, ні растлумачыць.

Хлопцы са спецорганаў, якія пад ранне дамоў да сваіх прыгажунь вяртаюцца і, часам лыка не вяжучы, нічога ў сваё апраўданне не могуць сказаць, добра ведаюць, на што намякаю…

Як у апраўданне, я ўспамінаў цара Адысея, суцяшаў сябе: пачакай, пачакай, прыгажуня мая ненаглядная, вярнуся героем, тады ўсё табе прыпомню, да апошняга твайго слоўца, якімі ты мяне бэсціла.

Калі ўсё вырашылася, з калегамі па працы па-чалавечы развітаўся. Само сабою — адвальную арганізаваў. Застолле было добрае, гаварылі пра мяне словы харошыя. Скажу па сакрэце, калі хочаце пачуць, што будуць гаварыць пра вас на вашых жа хаўтурах — арганізуйце адвальную…

Адна жанчына дык і вершык мне прысвяціла. Яна нядаўна ў суседні аддзел прыйшла, мабыць, рознага пра мяне наслухалася. Мо і бачыла мяне, вясёлага, калі хлопцам анекдоты баяў. Устала з-за стала, застаўленага ядою і пітвом, лісточак з рыдыкюльчыка дастала і, запунсавеўшы ад хвалявання, звонкім як званочак, чысцюткім, не пракураным галаском сказала, час ад часу пазіраючы на мяне:

— Ад імя нашага аддзела я прысвячаю вам верш.

У апошні час, як я змікіціў, людзі чамусьці вершы пачалі сачыняць. Усюды, куды не паткніся, на гулянках розных, так і чуеш: «А цяпер я вам верш прачытаю. Сам сачыніў…» Дык вось, пачатак яе верша і цяпер памятаю:

Базыль, Базыль, у краях далёкіх

Ты пра сяброў не забывай.

Дзяўчат прыгожых, сінявокіх

Не забывай, успамінай.

І далей у тым вершыку нейкія намёкі былі на будучую сустрэчу, калі раскажу, дзе бываў і што бачыў…

Да гэтага часу на рабоце чуткі пайшлі, што мяне ў шпіёны завербавалі. Адны казалі, што пад прыкрыццём пасольства буду працаваць, другія, што ў глыбокую рэзідэнтуру запускаюць. І ўсе чамусьці шкадавалі мяне.

Глядзеў я на гэтую запунсавелую і сінявокую і таксама гэтак шкадаваў… I думалася міжвольна: вярнуся, сінявочка, табе першай пра шпіёнства сваё раскажу, цёмнымі вечарамі ў самае вушка шаптаць буду.

Ну, а потым мае будучыя хаўтуры танцамі і песнямі замяніліся.

Ох, і скакаў жа я на тых танцах, ох, і выдылінгіваў!

Хораша мы спявалі:

Ой, сівы конь бяжыць,

На ім бела грыва.

Ой, спанаравілась,

Ой, спанаравілась

Мне адна дзеўчына…

Не так та дзеўчына,

Як яе лічанька…

Як гэта здорава: спяваць і адчуваць салодкае яднанне з добрымі людзьмі, якое, можа, толькі цераз песню і адчуеш! Бо што яшчэ, скажыце мне, апроч народных звычаяў і народнай песні нас яднае і можа яднаць?

Затым да брата-сардэчніка падаўся. Збольшага, сакрэтаў не выдаючы, расказаў, што да чаго і з чаго ўсё пачалося.

А ён таксама ў гарачай вадзе купаны — тут жа са сваёй парадаю:

— Разводзься, калі гэтак дапякла. I — дзелу канец, і нікуды падавацца не трэба.

Памуляў я вуснамі і кажу:

— Калі кожны мужчына пачне разводзіцца пасля сямейнага скандалу, ты нават і ўявіць не можаш, што будзе тварыцца на свеце. Г эта ўжо наша мужчынская доля.

— Якая доля? — вытарашчыў вочы брат.

— Цярпець жаночыя выбрыкі да скону сваіх дзён. Яны ж без слёз і скандалаў не могуць жыць, яны ж неяк па-іншаму петраць… I беды ўсе пачынаюцца, калі мы, мужчыны, думаем, што жанчыны гэткія ж, як і мы, калі да сваіх спраў імкнёмся іх прывучыць… Не трэба гэтага рабіць, яны проста — іншыя, зусім па-іншаму думаюць. Мы, мужчыны, калі што надумалі — тут жа і прымаемся за справу: робім з дня ў дзень, воч да зор не падымаючы, малатка ці сякеры не выпускаючы з рук. А яны што робяць звычайна? Яны і не думаюць брацца ні за якую справу, найперш мяркуюць, як бы нас хутчэй да сваіх рук прыбраць. А справы ім нашы — як пану гармонь патрэбныя… Вось таму яны слёзкамі нас даймаюць, штодня на сябе новыя кофтачкі нацягваюць, памадзяцца, як могуць, падфарбаванымі вочкамі бяруць нас у палон. Вось так, — заарканіўшы нас, яны сваю справу зробяць, а тады ўжо камандуюць намі, як ім уздумаецца…

— Цябе і зацугляе… — сумняваецца брат.

— А-а, чаго, — супакойваю яго. — У добрыя і мяккія ручкі я заўсёды гатовы аддацца… Карацей, таго ў цёмных акулярах са спецорганаў памятаеш?

— Памятаю, — адгукаецца брат. — Вёрткі ён надта. Такіх у ступе не затаўчэш. То ён пад вяскоўца косіць, то пад еўрапейца… З кожным чалавекам па-рознаму гаворыць…

— Ключы ад машыны на стол кладу. Ён звоніць табе, заве на рыбалку. Пакуль мяне не будзе — ездзіце. Вось там на рыбалцы ты яго і выхоўвай, прывучай да слова роднага.

— А як жа без яго, слова роднага, абыходзіцца? Разам з моваю, без звычаяў сваіх і народ знікае, у насельніцтва ператвараецца… Ты што, не ведаеш, што слова — не гук пусты? Няўжо не ведаеш, што слова на генетычны код чалавека ўплывае? Як і вада, гэтак жа і слова чалавека як лечыць, так і калечыць. Г эта не я, а вучоныя даказалі. Людзі пра ўсё гэта і без вучоных ведалі, калі над вадою шапталі свае загаворы і вадзіцаю загаворанай дзетак лячылі… О-о, мы яшчэ не ведаем толкам, што такое — слова, мова родная… Як думаеш, чаму так склалася, што ў кожнага народа мова свая?.. Як толькі мова знікае, то і народ тут жа знікае… А-а, што табе, боўдзілу, тлумачыць!..

Брат на мяне глядзіць, як на нябогу якога, галоўкаю ківае спачувальна.

I што рабіць мне з ім, скажыце, людцы родныя?

Нічога, выкруцімся… Не ўпершыню нам… — брат не мне, а некаму іншаму абяцае. Па ўсім відно, на мяне ён ужо даўно рукой махнуў. Вочы хавае і глухавата:

— Вечна цябе некуды заносіць, як тых іванаўскіх прыдуркаў.

Пра гэтых вадзілаў са знакамітага Іванава я неяк брату расказаў.

Давялося з імі начаваць на трасе. Спыніліся за горадам. Машыны побач

паставілі, вогнішча развялі, вячэру гатаваць пачынаем. Гляджу, адзін пад «камаз» палез ні з таго ні з сяго, кардан пачынае адкручваць. «Навошта?» — пытаю. «Подопью — поеду», — адказвае. Другі маўчком ля цяпельца сядзіць. Павячэралі. Само сабою — чарку ўзялі. Спаць пара ўкладвацца. Гэты, каторы кардан адкруціў, у машыну залазіць, заводзіць і газаваць пачынае на ўсю катушку, рулём круціць, сігналіць час ад часу — едзе… Другі куртку нацягвае. «Ты куды, на ноч гледзячы?» — пытаю. «Пойду, похлопочу», — адказвае і ў цемры знікае. Сяджу ля вогнішча, зоркі ў небе лічу і не ведаю, што рабіць. Адзін — газуе, другі — чорт ведама дзе… Нарэшце праз якую гадзіну другі вяртаецца. З фінгаламі, у сіняках, збіты на яблык горкі… Падыходзіць да машыны, кабіну адчыняе і кажа першаму: «Станавісь, прыехалі…» I праўда, першы машыну глушыць, пытаецца: «А ты похлопотал?» «Похлопотал», — адказвае другі. «Ну, тогда спать давай укладываться…»

Гляджу на брата і — не да смеху мне. Схуднелы ў трэшчыну, пасля аперацыі на сэрцы ён нікуды надта не можа падацца і для яго рыбалка цяпер — адзінае збавенне ад гэтага жаху халоднага, што нечакана ні з таго ні з сяго накочваецца на ўсіх сардэчнікаў. Па самым краёчку жыцця ходзіць. I што думае ён, чым суцяшае і апраўдвае дні пражытыя?

I ён яшчэ кудысьці лезе… Тут здароўечка конскае трэба мець…

Гледзячы на ключы ад машыны, брат усё гэтак жа глухавата, на мяне вачэй не падымаючы:

— Дома сядзеў бы, гора не сёрбаючы…

— Нічога, усё ў жыцці спазнаць трэба, — адказваю і ў акно на двор гляджу. А там у пясочніцы хлопчык годзікаў трох гуляе. Побач на лавачцы мамка сядзіць, газецінку чытае, праўдачку хоча ўведаць, мо нават — і «Народную волю»… Час ад часу вочкамі туды-сюды пуляе. Ногцікі на ножках фарбаваныя, прычосачка, фігурка — усё, як паложана. Такія прыгажунечкі годзікі са тры як пасядзяць з малым у цеснай двухпакаёўцы, потым галоднымі тыгрыцамі на вуліцу вылятаюць… — Нічога, — паўтараю брату, — усё ў жыцці спазнаць трэба. Мой сябрук у шэсцьдзясят ажаніўся на дваццацігадовай.

— Ну, і як, нажыўся? — за спінаю чую.

Успамінаю анекдот пра пажар, што спапяліў і хату, і хлеў, і паветку — усё дашчэнту, і гаспадара, які, на папялішчы стоячы, патыліцу пачэсваючы, хваліўся суседзям: «Але ж і мышэй ляснула…»

I кажу:

— Затое вяселле было добрае. Я на тым вяселлі быў. Два дні спяваў, скакаў, ногі адтоўк… На ўсё жыццё запомню… Маладой на вяселлі драўляную качалку падарыў. Паказаў, як карыстацца… Што з яе возьмеш, з маладой, — нявопытная яшчэ, няўмека… А качалка ёмкая, мацнейшая за міліцэйскую дубінку. Гвазданеш адзін раз па дурным ілбішчы — два тыдні сіняк не сыдзе…

— Качалка хоць цэлаю засталася?

!ншым разам засмяяліся б…

А цяпер — не… Зірнуў на брата. Натапырыўся, як вожык, маркоціцца. I так — метр з шапкаю, а цяпер, здаецца, яшчэ меншы стаў. I гэтак зашчымела ў душы, гэтак стала шкада гэтага хударэбрыны, які без машыны нікуды не зможа выбрацца, ні на рэчку, ні на возера, бо сіл нестае цягаць на сабе рыбацкае прычындалле. Тут ужо і я вочы схаваў і з ягонай кватэры шуснуў.

Як зладзюган, што шчасце чужое спёр.

Калі з прыгажуняю развітваўся, калі ўрэшце сказаў, што выпраўляюся на важнае заданне, яна разрумзалася, чамусьці апраўдвацца пачала, успомніла пра гэтыя серыялы, якія цяпер да скону дзён глядзець не будзе. Абняла мяне, Базылёчкам родненькім пачала называць. I шаптаць пачала, што калісьці-калісьці шаптала…

Каб не гэтыя яе слёзы, дык я, можа, і гогалем бы на вуліцу падаўся, а так у грудзях пачало штосьці клупціцца, да горла падымацца. I неяк па-іншаму пачаў глядзець на бесталковую, у нечым няшчасную хлюндру жыціўскую, якая, як і многія жанчыны, адно толькі і бачыла: днём — работу на бяздумным канвееры, а вечарам — непрыбраную кватэру, бялізну, кухню з вечна нямытымі талеркамі. З дня ў дзень адно і тое ж гарадское… I яшчэ, як шчасце адзінае — серыялы. А я іх, боўдзіла, адабраць надумаў. I шкадоба, вялікая шкадоба пачала заціскаць мяне.

— Нічога, пацярпі трохі, вярнуся і мы ў лес у ягады сходзім, а мо — і ў грыбы шаснем, — прымірэнча і нават вінавата сказаў.

А што яшчэ мог сказаць?

Што распіска мною дадзена?..

Што пры спецзаданнях уваход ёсць, а выхаду…

З кватэры падаўся, а ў вачах усё яшчэ стаялі сівыя пасмачкі валасоў, набухлыя вены на руках. I пах… Звыклы малочны пах яе цела перабіваў усё…

2

Каторы год на калязямной арбіце вёўся мантаж першага ў гісторыі чалавецтва зоркалёта. Раз за разам стартавалі з касмадромаў засакрэчаныя нумарныя ракеты, якімі па частках дастаўлялася на калязямную арбіту ўсё тое найноўшае і найскладанейшае, што магло разагнаць зоркалёт да тых неверагодных хуткасцей, пры якіх час на зоркалёце пачынаў запавольвацца: іонны рухавік, шматвёрсны сонечны ветразь, камп’ютар саманавучальны, пасадачны модуль…

Тым жа скептыкам, якія ўсё яшчэ сумняваюцца ў праўдзівасці маіх прыгод, магу і формулу прывесці — яе на спецкурсах мне паказалі. У формулцы гэтай пры вялікай хуткасці: літарка вэ — час на зоркалёце, літарка тэ — будзе запавольвацца ў параўнанні са звычайным часам, літарка тэ нуль — у якім будзе жыць яна, прыгажуня мая ненаглядная.

Вы, скептыкі і няверы, спытайце вучоных мужоў і яны пацвердзяць вам, што я — не манюка, што ўсё вышэйпрыведзенае называецца парадоксам блізнюкоў.

Сёння магу сказаць, чым была выклікана такая засакрэчанасць вакол першага ў гісторыі чалавецтва палёту да зор, дагэтуль недасяжных. Хоць, здавалася, усё павінна было быць наадварот: вось і настаў той міг, калі чалавек з зямной калыскі выйшаў па-сапраўднаму і ўпершыню пад сонечным ветразем, разагнаны іонным рухавіком, кіруе да зор — радуйся, радуйся чалавек… Аж не, звышсакрэтнасць спатрэбілася.

Апошнім часам на Зямлі рэзка пачасціліся розныя катаклізмы: землятрусы, цунамі, тайфуны, неверагодныя шматдзённыя ліўні і тут жа несусветныя халады — усё раз за разам абрыньвалася на чалавецтва. Ыкліва раставалі векавыя леднікі, снегавыя палярныя шапкі за дзесяцігоддзі паменшыліся на трэць, Гальфстрым — акіянскае цячэнне — мяняў кірунак, а гэта азначала вялікае абледзяненне ўсёй Еўропы і Англіі, не ўпамінаючы пра гаротныя краіны Скандынавіі.

У зямной атмасферы таксама чорт ведама што тварылася. То ў Афрыцы, то ў Мексіцы — усюды паяўляліся знакамітыя лятаючыя талеркі. Пайшлі чуткі, што ваенныя лётчыкі, якія спрабавалі збіць гэтыя талеркі, тут жа пачыналі хварэць на незразумелыя хваробы, балазе ніякія ракеты тыя талеркі не маглі дастаць, бо яны, талеркі, імгненна разганяліся і гэтак жа імгненна спыняліся, былі бачнымі і нябачнымі.

Людзей днём і ноччу непакоіў загадкавы палтэргейст: прадметы рухаліся самі, у пустых пакоях чуліся галасы, адкручваліся краны і вада з іх цурком лілася, агонь ні з таго ні з сяго ўспыхваў і адзенне на людзях жывых гарэла — жахоцце адно пачалося, а мужы вучоныя — як вады ў рот панабіралі, нічога не маглі сказаць.

Паявіліся людзі, якія сцвярджалі, што ў іх галовах гучаць нейкія галасы, даюць каманды… Некаторыя гаварылі, што іх невядомыя істоты да сябе на лятаючыя талеркі бралі і там над імі аперацыі рабілі. Канечне ж, гэтых, у якіх галасы ў галоўках гучалі, тут жа ў дурку адпраўлялі, лячыць пачыналі, ды толку мала было, бо і сапраўды — мо тыя людзі і не вінаватымі былі?

Вучоныя мужы выступілі з рознымі гіпотэзамі. Адны загаварылі пра гібельны парніковы эфект, які чалавецтва сваёй дзейнасцю стварае, другія — пра чарговы эвалюцыйны этап, які невядома чым скончыцца, — мо нават і машыннай цывілізацыяй, якой чалавецтва не спатрэбіцца, калі хто і застанецца жывым у той цывілізацыі, дык рабом бяспраўным робатаў і машых думаючых будзе абслугоўваць, а трэція вылучылі гіпотэзу, што Зямля — жывы арганізм накшталт клеткі…

Як гэта заўсягды вядзецца ў вучоным свеце, палкія спрэчкі разгарэліся наконт апошняй гіпотэзы. Бо і праўда, калі пагадзіцца, што Зямля — жывы арганізм, які думаць можа, то што ж тады атрымліваецца, браточкі родныя? Кім жа тады чалавек з’яўляецца? Дзеля чаго і навошта ён на Зямлі існуе?..

О-о, колькі мудрагелістых пытанняў паяўляецца, калі пагадзіцца, што Зямля — жывы арганізм! Скажу адразу: не бяруся вырашаць гэтыя пытанні, вам іх пакіну…

I увогуле, як думаецца мне, апошнім часам людзі шмат чаго ўведалі, — і правіламі, і законамі сябе аплялі, ганарлівымі сталі, — а між тым штосьці выветрылася з іхніх душ…

Ды не буду, не буду доўга разважаць пра ўсё гэта, невытлумачальнае, што на чалавецтва насоўвалася з усіх бакоў, пра ўсё гэта вам раскажуць палітыкі і філосафы разумныя, яны ж, палітыкі і філосафы, штодня выйсце падказваюць, калі па тэлевізары парады даюць, а я дадам толькі, што сярод некаторых вучоных выспела думка, што лятаючыя талеркі і зямныя катаклізмы маюць між сабою пэўную сувязь. Прыкладна ў гэты ж час вучоныя з СЭЦI — міжнародная арганізацыя, якая праз тэлескопы розны незямны розум увесь час шукае ў прасторах касмічных — зафіксавалі з дальняга космасу сігналы штучнага паходжання.

Спецыялісты тут жа заняліся расшыфроўкаю сігналаў. У сродкі масавай інфармацыі, як вы добра памятаеце, прасачылася паведамленне пра гэтыя загадкавыя сігналы, але, каб супакоіць людзей і не ствараць лішняга ажыятажу, тут жа была пушчана дэза — маўляў, ніякіх штучных сігналаў няма, памылачка выйшла, замест штучных сігналаў адкрылі чарговы пульсар…

Як ні мяркуй, але атрымлівалася, што чалавецтва стаяла на парозе прамых кантактаў з незямнымі цывілізацыямі.

Успомніліся міфы розных народаў, дзе гаварылася пра прышэсце і нашэсце з нябёсаў невядомых істот, успомніліся паданні пра калясніцы вогненныя, што ў небе тысячагоддзі таму лёталі і ад куль на зямлю вогненныя стрэлы ляцелі, малюнкі наскальныя і намаляваныя ў пячорах падземных успомніліся, на іх выразна бачыліся як істоты ў скафандрах, так і самі касмічныя ракеты, прарокі і прадказальнікі ўспомніліся — і Настрадамус, і балгарская бабка Ванга. Ды і тыя ж тэксты біблейскія зусім па-іншаму пачалі чытацца, зусім іншы сэнс у іх пачаў адкрывацца.

Першымі за тэму незямных кантактаў ухапіліся кінарэжысёры — людзі баявыя і хваткія, якія заўсёды стаяць на чале новага прагрэсіўнага мыслення. У сваіх геніяльных оскараносных фільмах і мультфільмах яны пакрысе, памаленечку пачалі рыхтаваць разгубленае чалавецтва да доўгачаканай сустрэчы… Тут прапаноўваліся розныя варыянты, — і аптымістычныя, і песімістычныя. Нагледзеўшыся тых фільмаў са спецэфектамі, многія гледачы ў разгубленасці самі сабе не маглі сказаць, дзе — рэальнасць, а дзе — кінавыдумка…

Увогуле, калі гаворка зайшла пра кінарэжысуру, то заадно варта ўспомніць і пра тэлебачанне…

Гэтак сталася, што без тэлебачання, дзе гаспадарылі палітыкі, хахмачы і кінарэжысёры, людзі ўжо і свету не бачылі — штодня яны толькі тым і цікавіліся, як жылі-пажывалі разумнікі палітыкі, тыя дзесяць хахмачоў, што з телеэкрана не злазілі, тыя кіна-і тэлезоркі рознага манеру.

Дык вось, якраз тады быў тэрмінова распачаты сакрэтны праект будаўніцтва зоркалёта. Чакаць бяду на Зямлі не было сэнсу, спадзявацца на салодкія рэжысёрскія баечкі таксама няварта, трэ было самім кіраваць да той планеты Дзэта, адкуль сыходзілі сігналы штучнага паходжання. Можна толькі ўявіць, што пачнецца на Зямлі, калі нечысць касмічная на Зямлю наваліцца. Тут ужо ніякія Бэтманы, ніякія супергероі не дапамогуць.

3

Не буду стамляць доўгім апісаннем міжзорнага падарожжа, балазе, што яго і не памятаю — быў летаргічны сон, які закончыўся, калі зоркалёт наблізіўся да планеты Дзэта, ад якой сыходзілі сігналы штучнага паходжання. Аўтаматызаваная сістэма ў гадзіну Х разбудзіла мяне, я тут жа перабраўся ў пасадачны модуль, які аддзяліўся ад зоркалёта і пачаў зніжацца да паверхні планеты.

Як толькі пасадачны модуль ахутаўся бялюткімі воблакамі, тут жа — ці паверыце? — адкуль ні вазьміся ля модуля паявіліся бліскучыя лятаючыя талеркі. Акружылі мой модуль. Амаль гэтак жа, як матацыклісты ў шлемах акружаюць лімузіны палітычных дзеячаў, што час ад часу з мігалкамі і выццём праносяцца па гарадскіх праспектах. Я і натапырыўся — няўжо ў палон бяруць?

Праз ілюмінатары модуля пачаў узірацца ўніз. Пад задымленымі аблокамі адкрылася мне прыгожая планета, як на далоні паказалася — зялёныя раўніны, высачэзныя горы, на вяршынях якіх бялелі снегавыя шапкі. З гор рэчкі гнуткія ў раўніны сцякалі… У вочы мне кінуліся піраміды, што вяршынямі ў аблоках хаваліся, то там, то сям, па ўсёй планеце яны былі раскіданы. Я кумекаць пачаў: а ці не тут схавана загадка нашых зямных пірамід — як дзве кроплі яны былі падобныя, толькі гэтыя, незямныя, былі нашмат большыя, вяршынямі ў аблоках хаваліся. А на вяршынях тых пірамід меліся аграмаднейшыя кіламетровыя круглыя бліскучыя купалы.

Што гэта былі за купалы, навошта яны былі? Можа, — найперш падумалася, — гэта былі тыя звышмагутныя антэны, якімі ў космас сігналы да нас, на Зямлю маглі перадавацца?..

Ад піраміды да піраміды лятаючыя талеркі насіліся, то нізка над зямлёю іхняй, то восока яны падымаліся. Былі талеркі гэткія ж, як і тыя, што цяпер мой пасадачны модуль акружылі…

На раўнінах паўсюль палі і лясы — былі яны падзеленыя на раўнюсенькія прамакутнічкі. Праз павелічальнае шкло ілюмінатара пачаў я пільней прыглядацца да тых палёў і лясоў. I ўбачыў — не паверыце, — што на палях расце кукуруза, пшаніца каласіцца, а ўсё тое, што за лясы прымаў, было фінікавымі пальмамі, аліўкавымі дрэвамі…

Тады і адкрылася мне таямніца паходжання на Зямлі кукурузы, пшаніцы, лячэбных фінікаў і алівак, бо, як чуў ад вучоных людзей, не маглі ж яны самі па сабе на Зямлі паявіцца — генетыка ў іх іншая, незямная… Як вучоныя казалі, была кукуруза і пшаніца ежаю багоў, што з космасу на Зямлю прыляталі і некалі цёмнае чалавецтва пакрысе адукоўвалі, таемныя веды людзям перадавалі, настолькі важныя і таемныя, што іх толькі жрацы егіпецкія маглі ведаць. Таму пад кіраўніцтвам жрацоў егіпецкіх рабы і змаглі пабудаваць піраміды загадкавыя, сакрэты якіх і па сённяшні дзень ніхто не можа разгадаць. Вось табе і на… Ясненька мне стала, адкуль да нас тыя багі прыляталі калісьці…

Мо нават і таямніца пчолак працавітых, якія калектыўным розумам жывуць, тут хавалася? Ды ці толькі адны пчолкі калектыўным розумам жывуць… А мурашы, якія ў мільённыя калоніі збіраюцца, а птушкі, а звяры, якія нябачнай сувяззю між сабою павязаны і жывуць мірна?

Вось дзе — мне цюкнула — адкрыюцца таямніцы многія, вось чаму мне распіску прапанавалі напісаць…

Па ўсім відаць было, што на гэтай планеце — як ужо казаў, Дзэта называлася — нейкія разумныя істоты сваю дзейнасць вялі. Паўсюль — на раўнінах зялёных, у гарах — аграмаднейшыя кіламетровыя яміны меліся. Адны яміны былі пустыя, а ў другіх машынамі іхняя зямля разрывалася. На стужках канвеерных са дна ямін наверх тая зямля выносілася і тут жа ў закрытыя будыніны падавалася. У будынінах трубы высачэнныя тырчалі, з іх белаваты дым сеяўся. Ад пірамід высачэнных гладзенькія і роўненькія дарогі разбягаліся ва ўсе бакі, па іх машыны бегалі… Пільней прыгледзеўся я і падзівіўся: разумненькія былі тыя незямныя істоты, бо машыны іхнія не проста так па дарогах бегалі, ад пірамід яны бесперастанку вывозілі да пустых ямін штосьці. Мабыць, мне падумалася, туды яны скідвалі адыходы дзейнасці сваёй. Смецце яны скідвалі,— што тут казаць… У нас дык яго скідваюць за гарадамі ў горы высачэнныя, а яны, бач, разумненькія, у яміны скідвалі…

Апроч палёў і лясоў я мора ўбачыў — белапенная палоска вілася ўздоўж берага… Па моры іхнім аграмаднейшыя караблі плавалі. Яшчэ там, у моры іхнім, на сваях таўсценных збудаванні высіліся, з труб высачэнных у неба іхняе дым клубіўся.

Але, як ні прыглядаўся, ды ніякіх жывых стварэнняў ні на раўнінах, ні ў лясах, ні на палях я не ўбачыў.

Нечакана пачуў голас у сваёй галаве…

«Ну вось, цяпер, калі жывым вярнуся, і я таксама ў дурку загрымлю» — гэта было першым, што падумалася.

Але ж ведаў я, што не вар’ят, балазе тэсты на псіхалагічную ўстойлівасць прайшоў.

Пачуў я незямны голас незямной істоты. Голас надта нагадваў левітанаўскі бас, якім некалі перадаваліся важныя тасаўскія паведамленні:

— Вітаем цябе, пасланец далёкага розуму. Зараз мы скіруем твой пасадачны модуль на пляцоўку, дзе зможаш апусціцца. I надалей, каб табе было зручней, даверся нашым дзеянням і рэкамендацыям.

Канечне, я быў падрыхтаваны да рознага віду кантакту, пры мне нават і зброя мелася, як індывідуальная, так і агульнакарабельная, якая магутным энергаполем аберагала мой пасадачны модуль ад каго і чаго заўгодна, але толькі цяпер я зразумеў, што ўсё пачынаецца зусім іначай. Ды і якім чынам я мог супроцьстаяць гэтаму левітанаўскаму басу, які сам па сабе ў маёй галаве гаспадарыў?

Тут жа кнопкі на пульце кіравання самі па сабе прыйшлі ў рух.

«Палтэргейст, — мільганула ўва мне. — I тут ён завёўся, не толькі на Зямлі гаспадарыць…»

Пад камандай нябачнага палтэргейста пасадачны модуль пачаў імкліва апускацца да паверхні планеты Дзэта. Разам з маім модулем апускаліся і лятаючыя талеркі. Бетонная пляцоўка паказалася. На яе і апусціўся мой модуль пасадачны. Лятаючыя талеркі не адставалі — кругам яны нізенька завіслі над пляцоўкаю. Адзінаццаць штук іх было, роўна адзінаццаць, як цяпер помню. Затым знізу талерак вытыркнуліся падставачкі, па тры штукі ў кожнай, на гэтыя падставачкі яны і апусціліся. У кожнай талерцы адкрыліся знізу дагэтуль нябачныя дзверцы і адтуль на лесвічках паказаліся…

Пра каго вы найперш падумалі?

Правільна, правільна вы падумалі — паказаліся яны, знакамітыя гуманоіды, якіх вось ужо каторы годзік чалавецтва сустракала на Зямлі.

«Гэтулькі людцаў ні за што ў дурку запёрлі», — зноў чамусьці падумалася мне пра тых няшчасных, якія людзям праўду хацелі сказаць. Былі гуманоіды розныя — нашы зямныя сведкі не хлусілі, — і высокія, метры пад тры, худыя плоскія дылды, і маленькія, не болей за метр, пузаценькія карлы, пра якіх гэтак часта пісала зямная прэса і якіх аблюбавалі хваткія кінарэжысёры. Г аловы ў іх — і без мяне ведаеце — былі авальныя, нечым нагадвалі яйка курынае, вочкі вузкаватыя, выпуклыя і неміготкія. Замест вушэй і носа дзірачкі меліся.

I яшчэ я змікіціў — лапкі і ногі іхнія былі гнуткія, бы шлангі гумовыя, вадою залітыя. Колеру гуманоіды былі рознага, карлы — зеленаватыя, а дылды — зямліста-шэрыя… I яшчэ заўважыў — як толькі дылды да мяне бокам станавіліся, яны ледзьве бачыліся, надта ўжо танюсенькімі былі…

Усе — і карлы, і дылды — як толькі са сваіх талерак выбраліся, тут жа мой пасадачны модуль акружылі, пільна на яго ўтаропіліся.

Шлюзы пасадачнага модуля самі па сабе адчыніліся, — як чалавек кемлівы, я здагадаўся, што зноў палтэргейст спрацаваў, — і, хочаш не хочаш, а давялося да гэтых нялюдскіх стварэнняў падавацца. Канечне ж, перад гэтым бартавая аўтаматызаваная сістэма праверыла атмасферу Дзэты — аказалася яна гэткай жа, як і на Зямлі. I тут мне цюкнула, чаму ж гэтыя стварэнні нашу Зямельку аблюбавалі…

Толькі паказаўся на лесвіцы пасадачнага модуля, як нялюдскія стварэнні лапкамі на мяне пачалі торкаць, за галоўкі хапацца — мабыць, я ім надта брыдкім паказаўся.

Паверце, яны мне таксама не анёламі падаліся.

Чамусьці ўспомніў беларусачак нашых, самых прыгажэйшых ва ўсім свеце: у спаднічках кароценькіх, у сукеначках прыталеных з доўгімі выразамі, што ножанькі прыадкрываюць, у кофтачках лёгенькіх… I як скоса, пры патрэбе, яны ўмеюць у самыя вочы зазірнуць — да сэрца працяць токам салодкім і тады ўжо — гэтак атрымліваецца — памяць траціш і ляпечаш, ляпечаш чорт ведама што, а яны з цябе тут жа вяроўкі віць пачынаюць і вяроўкамі гэтымі душу тваю спавіваюць…

I ўпершыню сумненне прарэзалася: а ці варта было сюды перціся, каб гэтаю брыдотаю любавацца?

Спусціўся з лесвіцы пасадачнага модуля, удыхнуў сухое, з нейкім хлоркава-бальнічным пахам, паветра — з непрывычкі аж у галаве закружыла — і ўбачыў, як з гурту вытыркнуўся маленечкі, з метр ростам, зеленаваты пузаценькі гуманоід і да мяне падаўся.

Я аслупянеў, успомніўшы інструкцыі і рэкамендацыі наконт кантактаў з іншымі цывілізацыямі: не набліжацца без патрэбы да незямной істоты, не рабіць рэзкіх рухаў, першаму на кантакт не ісці, зброю мець, але зноў жа — без патрэбы не прымяняць… Хоць пра якую тут зброю магла весціся гаворка, калі гэтыя карлы і дылды напрамую свае думкі ў маю галаву перадавалі?

Зноў у галаве сваёй пачуў голас незямны. Але на гэты раз то быў не важны тасаўскі левітанаўскі бас, не… То быў звычайны чалавечы голас, нейкі нават і ласкавы, — гэткім галаском звычайна жанчыны запрашаюць у хату дарагога госця: заходзьце, родненькі мой, ужо стол для вас накрыты…

Здагадаўся, што цяпер са мною ад імя жыхароў Дзэты пузаценькі карла гаворыць:

— Ад імя жыхароў нашай шчаслівай планеты Дзэта рады павіншаваць вас з прыбыццём. Спадзяёмся, што ваша гасцяванне будзе карысным і вам, і нам. Адразу ж супакоім — пасля каранціннага тэрміну, калі захочаце — можаце ў нас назаўжды застацца, а не захочацца — на Зямлю можаце вярнуцца, балазе, як вы здагадаліся, кантакты з зямлянамі ў нас ёсць.

«Нічога сабе заявачкі, — думаў я, — каб мне ды тут заставацца… Выканаць бы графік абследавання, а там — ногі ў рукі…»

Так думаў я і ўсё глядзеў ва ўсе вочы на зеленаватага пузеню, на іншых стварэнняў, якія на мяне зырыліся і ўсё галовамі круцілі ды размахвалі гнуткімі лапкамі.

Ніякіх іншых гукаў я не чуў, бы знаходзіўся пад вадою, толькі ласкавы галасок гучаў у маёй галаве:

— Просім вас не здзіўляцца надта. Многае што з нашага жыцця напачатку падасца вам дзіўным, неверагодным нават, але пацярпіце, паразважайце — дзеля гэтага вам і даецца каранцінны тэрмін, — а потым будзеце самі выбіраць, дзе і як жыць, а значыць — зможаце выбіраць свой лёс.

Перабіраючы гнуткімі ножкамі, маленечкі карла зусім блізка да мяне падышоў і лапку працягнуў. У галаве сваёй я пачуў галасок:

— Пазнаёмімся, таварыш…

Паглядзеў я на гуманоіда, на гэтую зеленаватую лапку — была яна трохпалаю, вузенькаю… Завагаўся — а раптам, раптам сваёй лапкаю ён мяне заарканіць, ці праз лапку заразіць нейкай заразаю. I, было не было, дзе маё не прападала… — узяўся за тую халаднаваценькую мяккую лапку. Нічога, жывым астаўся… Ніякім токам мяне не шарахнула… I ў той жа час ласкавы галасок у маёй галоўцы гучаў:

— Яшчэ раз вітаю вас асабіста. Як вы здагадаліся, між сабою мы можам абменьвацца інфармацыяй як праз паветра, так і тэлепатычна. Самі бачыце, мы з вамі наладзілі прамы тэлепатычны канал сувязі. Напачатку вам будзе нялёгка весці з намі гутарку, але мы пастараліся на ўсе сто, — мы спецыяльна засвоілі вашы выразы, ваш, так бы мовіць, стыль і вобраз мыслення. У любы міг, калі вам захочацца чаго, ясна і выразна скажыце ці то самі сабе, ці то ўслых сваё жаданне, і яно тут жа спраўдзіцца. Усё гэта падобна на казку, але ж вы самі ўбачыце, што казку на нашай шчаслівай планеце мы даўно зрабілі яваю. Дарэчы, без ніякай містыкі, а ўсяго толькі — дзякуючы прагрэсіўнаму мысленню…

Чакаў я чаго заўгодна, але вось такога варыянта ніяк не планаваў — каб нейкі голас у маёй галаве пра нейкае шчасце трындзеў, а зрабіць я — нічога не мог…

— Піць хачу, — прамармытаў засмяглымі ад перажытага вуснамі.

I тут здалёку-здалёку як быццам шум хваляў марскіх пачуў і ў шуме гэтым асобныя галасы праразаліся:

— Ёсць кантакт… Ёсць кантакт… Ура-а! Ён піць хоча… Падаць яму піць…

Дылды і карлы галоўкамі яшчэ больш заківалі, паднялі лапкі ўгору і пачалі імі махаць — мабыць, неяк зразумелі ці адчулі — адкуль мне ведаць — просьбу маю.

Тут пузаценькі гуманоід ад мяне адвярнуўся і, гледзячы на натоўп гуманоідаў, тую лапку, якую толькі што мне торкаў, угору падняў, — мяркую, ён быў старэйшы ці начальнік нейкі. Шум тут жа заціх. Затым ён зноў да мяне павярнуўся, зазірнуў мне ў вочы. Пачуў ласкавае:

— Што будзеце піць?

Як казаў сябрук перад вяселлем, калі жаніўся на дваццацігадовай, справы, справы пачыналіся…

Уявіце сябе на маім месцы: вось у вас сакрэтная распіска, сакрэтнае спецзаданне і спецпадрыхтоўка, доўгі летаргічны сон, напружанае чаканне непрыемнасцей, адказнасць перад чалавецтвам, а тут на табе — і галасы ў галаве гучаць, і гэтая халаднаватая лапка гуманоіда, якую толькі што ў руцэ трымаў… Калі б гэта сон быў, то — можна зразумець, а тут — самая што ні ёсць рэальнасць… Адзін, сябрукоў блізка няма, падтрымкі няма ад каго чакаць. Што будзеш піць — пытаюцца…

I тады я заказаў…

Правільна, вы правільна падумалі наконт майго заказу.

4

Ачомаўся ў пакоях, якія нагадвалі гасцінічныя нумары. Усё мелася, што мне было трэба: і ванна, і туалетны пакой, і асобны пакой, дзе стаяў столік з незразумелымі стравамі, і яшчэ пакой, дзе адна сцяна была бліскучай і матавашэраю, а перад ёю стаяла крэсла. Скумекаў я — відэаэкран.

I яшчэ дапетрыў, што гуманоіды пачынаюць са мною нейкае ігрышча і мне цяпер заставалася гуляць па іх правілах, ці — не гуляць. Пакуль выбару ў мяне не было.

Памыўшыся, зубы пачысціўшы, перакусіўшы стравы незямныя, — то былі ні то кашы, ні то пюрэ незразумела з чаго прыгатаваныя, іх нават і жаваць не давялося — я тут жа пайшоў у пакой, дзе сцяна была матава-шэрай. Толькі ўсеўся ў крэсла, як засвяціўся экран і на ім паказаўся ўжо знаёмы мне маленечкі пузаценькі гуманоід. То быў не звычайны экран, а стэрэаэкран, з’явілася адчуванне, што жывы карла маячыць перад самымі вачамі, роцік ягоны то адкрываўся, то закрываўся…

Гуманоід той знаходзіўся ў нейкім пакоі, які тэлестудыю нагадваў. I гэтак жа, як у тэлестудыі, хтосьці нябачны — аператар нейкі ці рэжысёр, не ведаю, як назваць іх, — пачаў перад маімі вочкамі з гуманоідам усялякія фокусы вытвараць: ён станавіўся то — маленькім, то — агромністым на ўсю сцяну, то — ні з таго ні з сяго бліскучыя вочкі свае дамяне набліжаў і тады мяне жахоцце ахоплівала…

Лацвей было б, каб усё рабілася па-чалавечы, — хай бы гэты карла да мяне ў пакой зайшоў, за столік сеў і гутарку са мною пачаў. Дык жа не — ён як бы быў побач і ў той жа час — не было яго, нейкім няўлоўным ён станавіўся… I тады падумалася, што не карла галоўны завадатар пры знаёмстве са мною, а ўсе тыя нябачныя аператары і рэжысёры, якія робяць яго то вялікім, то маленькім.

Мабыць, і ў зямным жыцці штосьці падобнае творыцца, мо нават і палітыкі ўсяго толькі лялькамі з’яўляюцца, якія чыюсьці волю выконваюць, калі па тэлевізары інтэрв’ю даюць, калі на розныя сімпозіумы ездзяць і заявы робяць…

Карла падняў лапку ўгору і, усё зырачыся на мяне круглымі вочкамі, сказаў:

— Вітаю вас зноў. Сёння пачну знаёміць вас з нашай цывілізацыяй. Я наладжу вам цыкл пазнавальных лекцый. На экране будзеце тое-сёе бачыць. Нічога ад вас хаваць мы не збіраемся, бо вы для нас — госць жаданы. Перад адпраўкаю ў міжзорнае падарожжа пра нас, гуманоідаў, вам гаварылі шмат плётак, вучылі асцерагацца нас. Навошта, навошта?

Зырыўся на неміготкія халаднаватыя вочы-яйкі, на гнуткія лапкі трохпалыя, на шчыліну вузенькую, якую, мабыць, ротам трэба называць, і пакрысе пачынаў прывыкаць да гэтага незямнога стварэння. Сам сабе яму нават і прозвішча даў, Лупавокім ахрысціў…

Між тым лекцыя пазнавальная тут жа і пачалася:

— Законы прыроды аднолькавыя, як тут, так і там, на Зямлі вашай. Мы прайшлі ўсе тыя стадыі развіцця, якія і вы цяпер праходзіце. Усё было ў нас: і войны між плямёнамі і дзяржавамі, і канфлікты розныя…

Падчас маналогу Лупавокенькі знік з экрана, — цяпер я бачыў каляровыя кліпы, бачыў, як вялікія гуманоіды біліся насмерць з малымі, бачыў паселішчы іхнія, што агнём шугалі… Адчуванне ў мяне паявілася, быццам я чарговы фантастычны баявік гляджу. Але ж я то ведаў — то ніякі не баявік, то жыццё рэальнае…

Падчас гэтых кліпаў, што перад маімі вачамі мільгацелі, я чуў голас майго гіда-гуманоіда:

— Надышла пара, калі мы прыдумалі фанцікі. Адразу ж у нас паменела канфліктаў, нам стала лягчэй жыць і ўвогуле наш цывілізацыйны працэс перайшоў у прагрэс, пачаў імкліва развівацца. За фанцікі можна было купіць раба, ежу, зброю..

— Дык вы пра грошы гаворыце, — вырвалася ў мяне. Не дурань жа я поўны.

— Не грошы гэта… — зноў на экране з’явіўся Лупавокі. — Вось як вам, зямному чалавеку, лепш растлумачыць? Фанцікі былі паяднаны з часам. Ведаеце, што такое час?

— Канечне… Гадзіна, суткі, год — вось вам і прыклад часу…

— А ў філасофскім сэнсе, у філасофскім? — дабіваў мяне Лупавокі.

Тут я і ручкамі развёў.

— Вось-вось, — чамусьці ўзрадаваўся настаўнічак мой, — па сакрэце прызнаю, што ніхто не ведае, што такое час.

I тут гід мой на шэпат перайшоў. Адразу ж скажу — з голасам гуманоіда нейкія дзівосы тварыліся. Як быццам бы ён акцёр быў, які па-рознаму мог гаварыць, — то ён шаптаў ласкава, то павышаў галасок, а то — на левітанаўскі бас пераходзіў. Вось і цяпер ён мне ціхутка як бы нейкую таямніцу адкрываў:

— Зноў жа па сакрэце скажу, што час непарыўную сувязь з жыццём мае. Няма жыцця — няма і часу. Калі вы малым былі, успомніце, — суткі для вас цэлай вечнасцю здаваліся. А потым, калі пасталелі, гады — як месяцы замільгацелі… Для вас дзень — адно імгненне з жыцця доўгага, а для нейкага матылька-аднадзёнка — вечнасць, у якой ён паяўляецца, жыве і гіне беззваротна… Што ёсць час?.. Час даецца вам у адчуваннях. Пры катастрофах розных, калі жыццё ваша знаходзіцца на мяжы быцця і небыцця, час нечакана расцягваецца, як гумавы становіцца… Нейкая секунда малюпасенькая ў хвіліны расцягваецца. Хто падобнае перажыў — век не забудзе… Ці можам мы ўявіць час без жывога рэчыва?

Маўчаў я. Думаў.

I пра час.

I пра гэтага разумнага настаўнічка.

А ён, памаўчаўшы, казаў далей:

— Вашы філосафы гавораць, што час — гэта форма паслядоўнай змены падзей. Правільна я кажу?

Плячыма ціскануў на ўсякі выпадак, хоць форму гэтую пасля слоў ягоных я, па праўдзе скажу, ніяк не мог ні адчуць, ні ўявіць.

— А цяпер, як чалавек разумны, падумайце: гэтыя падзеі нехта, — і тут настаўнік мой лапку ўгору падняў і чамусьці на яшчэ большы шэпат перайшоў, — НЕХТА павінен фіксаваць. А хто ён, гэты НЕХТА? Каму дадзена гэта права? Вам? Мне? Ці, можа, матыльку, для якога дзень — цэлая вечнасць? У кожнага з нас свой час. Можа, яго ўвогуле няма, можа, ёсць толькі адчуванне чагосьці, таго, што схавана ад нас у будучым і — не болей?..

Тут я ўвогуле нічога не мог сказаць, нават плячыма не мог паціснуць.

А ён далей гаварыў:

— Але не будзем занадта філасофстваваць, паразважаем пра час на рэальным прыкладзе. Возьмем для прыкладу жыццё ваша. Усе вы грашыма карыстаецеся. Дапусцім, вы сягоння бедны, гэта — адна падзея. А праз тыдзень багаценькім становіцеся, гэта — другая падзея. I як гэта можа адбыцца? Якая паміж гэтымі падзеямі сувязь?

Маўчу, вачыма лыпаю.

— Ну, як не здагадацца… Я вам грошы пазычу і вы — багаты. Дык якая форма змены падзей?

Маўчу, зноў жа — толькі вачыма лыпаю.

— Чаму вы сталі багатым? Таму, што грошы займелі… Як не здагадацца… Паміж рознымі падзеямі новая форма паявілася, і форма гэтая — грашыма называецца… Усё проста. Вы цяпер зразумелі, што грошы маюць непарыўную сувязь з часам? Грошы — гэткая ж філасофская катэгорыя, як і час. Без грошай, як і без часу, ніводная цывілізацыя не можа існаваць.

Цямніў ён нешта, ой, чэсна скажу, цямніў!

— Пачакай, пачакай… — сказануў я, — не блытай адно з другім. Грошы, яны во, — і пальцамі я пашчоўкаў перад тварыкам гуманоіда, — шалясцець у пальцах павінны, а час…

Паглядзеў на мяне пільна, быццам першы раз бачыў, — зноў у каторы раз нябачныя рэжысёры да мяне ягоныя вочкі наблізілі, і тут жа ў мяне адчуванне паявілася, што апроч гэтых вялізных чорных вачэй нічога ў свеце няма, былі гэтыя вочы як тыя касмічныя чорныя дзіркі, што ўсё жывое і нежывое ў сябе ўсмоктваюць і з сябе нічога не выпускаюць… I голас ягоны пачуў:

— Разумны вы чалавек… Не дарэмна вас сюды выправілі… Усё правільна, ды не зусім… Вось таму мы фанцікі і прыдумалі, каб грошай пазбавіцца. Як потым я дакажу, і вы самі ў гэтым упэўніцеся, фанцікі якраз гэтым ад грошай і адрозніваюцца, што напрамую сувязь з часам маюць. Ніякіх рабаўніцкіх працэнтаў у нас не было і ў паміне, мы проста адразу ж дамовіліся, што фанцікі з кожным днём усё даражэлі і даражэлі… Таму ў нас і выразы філасофскія паявіліся:

Фанцікі — гэта час.

Час — гэта фанцікі.

Усё рабілася па-справядліваму, на філасофскай аснове.

Навуковыя цэнтры ў нас паявіліся, там сувязь паміж фанцікамі і часам вывучалася, агромністыя канторы паявіліся, дзе фанцікі купляліся і прадаваліся, спецыяльныя даследаванні праводзілі мы, формулы і законы адкрывалі з дапамогаю якіх, гандлюючы фанцікамі, можна было выгаду мець. У вас гэта выгада прыбыткам называецца. Пра гэты прыбытак вашы класікі-прарокі цэлыя таўсценныя тамы панапісвалі.

Грошы — Тавар — Грошы, — вось як яны пісалі… А паміж імі прыбытак уклініўся…

— Ды не муці ты мне мазгі,— не вытрымаў я. — Пра гэты прыбытак я табе лепш анекдот раскажу. Адзін курыныя яйкі пачаў варыць і прадаваць па той жа цане, як і сырыя. Пытаюць у яго: які табе прыбытак з гэтага дзела? А ён: а навар, навар каму застаецца?..

— Не зразумеў я твой анекдот… — суняўся трохі мой настаўнічак. А потым зноў яго панесла: — Вось так у нас і пайшло-пакацілася жыццё побач з фанцікамі. Гуманоіды набывалі і збывалі фанцікі, гандлявалі імі. Ды не толькі гуманоіды, але і цэлыя дзяржавы наладзілі гандаль фанцікамі: багацейшая дзяржава прадавала фанцікі бяднейшай, а тыя ў сваю чаргу гуманоідам пазычалі… Усё закруцілася, як у віры…

Хоць і хацелася мне выказацца наконт гэтых фанцікаў і гульняў з імі, але змаўчаў — чакаў, чым жа скончылася гэтая забава.

— З кожным годам фанцікаў станавілася ўсё больш і больш. Нашы заводы па выпуску фанцікаў працавалі днём і ноччу. Кожны гуманоід імкнуўся ўхапіць як мага болей фанцікаў, хто быў з фанцікамі — той і пан быў… Само сабою — працаваць даводзілася, і тут ужо — няважна было, дзе і чым займаўся гуманоід, галоўным было — фанцікі ўмець зарабляць, вакол фанцікаў, як ля крыніцы гаючай, жыццё віравала… Новыя каштоўнасці, новая агульнапланетная мараль пачала выпрацоўвацца сярод нашых гуманоідаў і ўсё гэта — і мараль і каштоўнасці — так альбо іначай былі паяднаны з фанцікамі.

Але між тым пакрысе на нашу цывілізацыю бяда чорнай хмараю насоўвалася, з-за гэтых фанцікаў наша цывілізацыя ледзьве не ляснулася…

Колькі было падроблена фанцікаў, колькі крадзяжоў і забойстваў было з-за фанцікаў на Дзэце нашай! Ой-ёй-ёй, вялікая бяда насоўвалася на нас! Калі чэсна гаварыць, дык ужо ніхто дакладна і злічыць не мог, колькі было гэтых фанцікаў.

Цяпер ужо карла стаў у натуральную велічыню. Па пакойчыку пахаджваў і на мяне скоса пазіраў. Зырыўся на Лупавокага і ўпершыню на ягоным твары ўгледзеў нейкую як бы ўсмешачку.

…Ці насмешачку.

Вусны ягоныя васьмёрачкаю пачалі скручвацца, а вочкі-яйкі станавіліся вузейшымі…

— I што ж вы тады прыдумалі?

— Лісцікі і браназалецікі. На той час наша цывілізацыя дасягнула вашага ўзроўню. Камп’ютары ў нас паявіліся, праз спадарожнікі мы стварылі адзінае інфармацыйнае поле. На лісціку з дапамогаю камп’ютараў мы маглі запісаць, колькі ёсць у гуманоіда фанцікаў, ад нуля і да бясконцасці… Дапусцім, зарабіў гуманоід за дзень дзесяць фанцікаў — бац, праз камп’ютар інфармацыя і заносілася на лісцік. I зноў жа, у магазіне, напрыклад, гуманоід падносіў на выхадзе лісцік да датчыка спецыяльнага — бац, пяць фанцікаў як карова языком злізала…

— Ды я і сам пра гэта добра ведаю, амаль тое ж і ў нас творыцца, — махануў рукою Лупавокаму. — Зарплату атрымаеш і яна тут жа знікае з кішэні, быццам карова языком злізвае… Ты лепш раскажы, навошта вам бранзалецікі спатрэбіліся?

Цікавая, я вам далажу, гутарка распачыналася. I што дзіўна, усё больш свойскім станавіўся для мяне гэты карла. Цяпер я выразна бачыў, што ён усміхаецца.

А мо і насміхаецца…

— Вы кемлівы і здагадлівы чалавек, — чамусьці ўсё падхвальваў мяне Лупавокі. — Вам палец у рот не кладзі… Вы ўсё на ляту хапаеце. Кожнаму гуманоіду пры нараджэнні мы чаплялі на лапку бранзалецік. I — усё, усе праблемы вырашаліся самі па сабе, бо ўсё было пад кантролем. На бранзалецік мы маглі заносіць розную інфармацыю: дзе з’явіўся гуманоід, як сябе паводзіць, як вучыцца, якія парушэнні мае, колькі фанцікаў мае… Ваў, колькі інфармацыі мы маглі заносіць на бранзалецік! Праз ваколпланетнае інфармацыйнае поле — інтэрнэт па-вашаму — мы аб’ядналі інфармацыю з кожнага бранзалеціка ў адзіным суперкамп’ютары. I цяпер ужо, куды б гуманоід ні пайшоў, чым бы ён ні ўздумаў займацца, мы ўсё пра яго ведалі. У туалеце пакажацца, — а нам ужо вядома… Ні лісцікі, ні фанцікі нам не спатрэбіліся. Дапусцім, збіраўся гуманоід адпачываць. Ён у спецкантору прыходзіў, бранзалецік падносіў да спецдатчыка — ага, парушэнняў няма, фанцікі на рахунку маеш — можаш выпраўляцца… Прыязджаў ён адпачываць на марское ўзбярэжжа, дзе фінікі і аліўкі спеюць, а там ужо чакаюць яго, бо пад кантролем усё, жыві і радуйся на ўсім гатовенькім, бо ўсё аплачана: і нумары, і пітво рознае, і абеды чатырохразовыя — райскі стол называецца, шуруй да яго, бяры, чаго душа жадае…

Прызнаюся, цяпер адчуваў, што Лупавокі пасмейваецца з мяне. Бы з неразумнага дзіцяці. I словы такія знаходзіў… Штосьці мяне насцярожвала, штосьці ён не дагаворваў… Але ж, самае дзіўнае, гаварыў ён лагічна, без запіначкі, не прыдрацца было.

— Жыццё пачало біць ключом, прагрэс пайшоў у наступ. Канторы і заводы па выпуску фанцікаў і лісцікаў пачалі закрывацца, чыноўнікаў паменела, хабару не стала. Розныя там пашпарты, даведкі — цяпер гэта камп’ютар рабіў. Жулля паменела. Дысцыпліна паявілася, бо ўсё было пад поўным кантролем. А дзе падзецца таму жуліку — з космасу праз спадарожнікі і бранзалецікі ён павязаны, як на ланцугу сабака… I галоўнае, паўтаруся, цяпер ніякай пісаніны, ніякіх дакументаў не патрабуецца — усё-ўсё можна заносіць на бранзалецік і адтуль жа, з бранзалеціка, гэтую ж інфармацыю ў любы міг можна было злізваць.

— Дык ты пакажы мне гэтыя фанцікі, лісцікі, бранзалецікі, — і сам не прыкмеціў, як на «ты» перайшоў.

— А гэта — пройдзены этап, — махануў перад маім носам лапкаю мой гід ці настаўнік — чорт ведама, як мне было называць яго. Некалі ў нас на рабоце аднаго павысілі ў званні. Мы да яго — замачыць трэба тваё павышэнне. Ён нам ручкаю таксама, як і Лупавокі, махануў і кажа: «А гэта — пройдзены этап для мяне». Так і не замачылі, пажміндзіўся…

— Няма іх у нас. Вось цяпер я і кажу табе, што фанцікі — гэта час. Яны як бы ёсць і між тым — няма іх… Гэтак жа, як і час, — ён як бы ёсць і між тым — няма яго, памацаць яго не можаш… На ўсёй Дзэце ніводнага фанціка, ніводнага бранзалеціка не знойдзеш. Як і ніводнага лісціка не знойдзеш…

— Я-як? — здзівіўся я і тут жа ўспомніў даўным-даўно чытанае ў кнігах пра будучыя шчаслівыя гады, якія некалі наступяць, калі грошы не спатрэбяцца, калі ўсе людцы шчаслівымі будуць. — У вас што — камунізм наступіў?

— Ды не блытай ты камунізм з прагрэсам, — таксама непрыкметна на «ты» перайшоў Лупавокі. — Мы чыпы прыдумалі. Мы суперкамп’ютар прыдумалі і ў космас яго затарабанілі. Мы ўсю планету адзіным інфармацыйным полем ахапілі. Як павуцінне накінулі на ўсю планету. Яшчэ лепшым жыццё стала. Цяпер усюды, дзе б гуманоід не знаходзіўся, ён падключаны да суперкамп’ютара, адтуль ён можа любую інфармацыю вывудзіць. Але гэта было толькі напачатку. А далей… Як ты думаеш, што было далей, чалавек разумны?

«Ну, Лупавокенькі, ты цяпер ужо ў адкрытую здзекуешся з мяне», — падумаў я і сказануў, каб таму не падалося, што я — нягегліца поўны, што і я нешта цямлю:

— Вы, мабыць, чыпамі замянілі бранзалецікі. I праз чыпы замкнулі ўсю інфармацыю…

— Правільна, правільна разважаеце, госць шаноўны, — разліваўся ў маёй галоўцы ласкавы галасок Лупавокенькага. — А дзе ж мы тыя чыпы прыляпілі, як думаеш?

Паціснуў я плячыма, а Лупавокенькі лапкаю па галоўцы заляпаў:

— Сюды ўжывілі… Чыпы — яны ж малюпасенькія-малюпасенькія, як зерне макавае. Цяпер, калі ў нашых галовах чыпы, ты нават і ўявіць не можаш, як імкліва пачала развівацца наша цывілізацыя. На новы віток развіцця мы выйшлі.

Глядзеў неміготкімі вачыма на Лупавокага, хацеў сказануць нешта, ды, памуляўшы вуснамі, нічога не мог сказаць.

Вось табе і забава ў фанцікі, лісцікі, бранзалецікі…

А Лупавокі, здаецца, ад радасці аж свяціўся:

— Вось запытай у мяне што хочаш і я табе тут жа выдам адказ. Ну, задавай сваё пытанне, задавай.

Хоць ён і быў на стэрэаэкране, але, паўтаруся, ён жывей жывога быў: маячыў узад-уперад перад вачыма маімі здзіўленымі, пузеньчык свой выставіўшы, лапкамі памахваючы і скоса пазіраючы на мяне з гонарам.

— Сто дваццаць дзевяць у пятай… Колькі будзе?

— Ха-ха, — пачуў у адказ. — Знайшоў пра што пытаць…

I тут жа лічбы пасыпаліся…

Падумаў я, успомніў студэнцтва: бяссонныя ночы перад сесіяй, тыя прадметы і экзамены, якія потым, праз гады, сніліся начамі. I спытаў:

— А квантавую механіку, а тэрмадынаміку ведаеш?

Зноў Лупавокі задаволена хахакнуў. Я і не прыкмеціў, як ля яго паявілася крэсла, ён усеўся, лапкі на грудзях скрыжаваў, ножка за ножку закінуў:

— Табе які закон тэрмадынамікі растлумачыць: першы ці другі? Табе, можа, пра сутнасць энтрапіі расказаць? Можа, табе формулы з квантавай механікі напісаць? Зразумей: чыпы напрамую звязаны з агульнапланетным камп’ютарам, адтуль інфармацыю скачваюць і туды, — па тунькалаўцы сваёй лапкаю заляпаў, — напрамую перадаюць. Сувязь цесная.

— Як гэта — перадаюць?..

— Ваў-ваў-ваў, — здзіўлена развёў лапкамі Лупавокенькі. — Няўжо цяжка здагадацца? У вас радыётэлефоны ёсць?

— Канечне, — азваўся я. — Фотаздымкі можам рабіць, не толькі размаўляць між сабою. Адзін аднаму, як па тэлевізары, тыя фотаздымкі можам адпраўляць. Мы цяпер без іх — як без рук. Дзеткі ў школу носяць. У апошніх распрацоўках усё ў адзіны блок злеплена: і дыктафон, і тэлефон, і камп’ютар, і відэакамеры, якія праз інтэрнэт людзей яднаюць лепш за тэлевізары… Праўда, недахоп адзін маецца: людзі чамусьці дурнець і глухнуць пачалі, лічыць могуць толькі на калькулятарах, чамусьці шмат нябог пачало нараджацца, а чаму — ніхто не ведае. Між сабою дзеці сябраваць перасталі, у школу — як на катаргу плятуцца, пад плінтусы гатовыя хавацца, бо часу няма, толькі тым і занятыя — гульнямі з радыётэлефонамі. Мода новая пачалася: самі сябе, языкі выставіўшы, здымаюць на відэатэлефоны і ў інтэрнэце тыя здымкі выкладаюць. Днююць і начуюць дзеткі ў інтэрнэце, для іх сёння інтэрнэт даражэйшы за рэальнасць. Многія ад тых інтэрнэтгульняў наркаманамі становяцца, не вылечыць іх ніяк… Кніжак не чытаюць…

— Пра якія кніжкі ты гаворыш?.. Кніжкі — даўно пройдзенны этап для нас. Як для вас папірусныя світкі… Навошта яны вам? Ад кніжак галава пухне. Мы ўсе кніжкі ў бібліятэках адсканіравалі і праз чыпы іх змест у суперкамп’ютар загналі. Кніжак у нас цяпер нідзе не знойдзеш. Паэты, пісацелі розныя, якія чорт ведама пра што пішуць, — пра нейкія перажыванні і разважанні — даўно зніклі на нашай Дзэце, як у вас некалі маманты павыміралі… I з вачэй далоў — і з сэрца вон, гэтак у вас кажуць. Кніжкі — усяго толькі інфармацыя, не болей… У вас, дарэчы, пісацелі ёсць?

— Пісацеляў, як ты кажаш, шмат, а вось паэтаў — мала, — адказваю.

— Вось-вось, мы кніжкі вашых пісацеляў у любы момант можам адсканіраваць, у суперкамп’ютар загнаць, а затым — бац! — праз чыпы ў дзіцячыя галоўкі загонім. Адукаванне ў іх будзе поўнае, па поўнай праграме… Гэтую інфармацыю гатовенькую не толькі дзеці, а і ты без ніякага намагання можаш атрымаць з чыпа, які ў тваёй галоўцы ўжыўлены. Захацелася табе — бац! — ты ўжо пра ўсё ведаеш… Бясплатна і без ніякага намагання — вось што самае галоўнае. А то ў бібліятэцы вочкі сляпі, думай, разгадвай, што той паэт хацеў сказаць. Усё, што табе трэба, ты спытаеш у таго чыпа і ён цераз камп’ютар тут жа ў тваю галоўку адказ выдасць. Ты ж ведаеш, што мозг — камп’ютар той жа. I гэтыя маленечкія-маленечкія радыётэлефоны мы чыпамі назвалі. Паняў?

— Паняў, ды не зусім, — сказаў я. Нейкім надта свойскім станавіўся гэты маленечкі карла. Ужо і скура ягоная зеленаватая не бянтэжыла, ужо і вочкі круглыя неміготкія не трывожылі. А што галасок ягоны ў галаве гучаў — дык я, чэсна прызнаюся, ужо і не задумваўся:

— Як жа гэта інфармацыя перадаецца?

— Ваа-аў! — развёў лапкі Лупавокенькі, — вас яшчэ вучыць ды вучыць. Цёмныя вы людзі…

— Ну, ты ўжо надта не наязджай на нас! — тут і я здачы выдаў, бо зачапіла мяне.

— Ладна, ладна, — прымірэнча падняў лапку Лупавокі. —!нфармацыю на першым часе мы перадавалі па гукавым канале, праз нейроны слыху. Тэлепатычна, так сказаць. Схема такая:

Гуманоід — чып — суперкамп’ютар — зноў гуманоід.

Амаль гэткая ж замкнутая схема атрымліваецца, пра якую вашы класікі-прарокі пісалі, калі гаварылі пра грошы — тавар — грошы. Толькі цяпер ужо ўсё рабілася на сучаснай навуковай аснове. I — самае галоўненькае, што замест прыбытку гуманоід станавіўся разумнейшым, болей прагрэсіўным. Панімаеш, дзярэўня цёмная?

Ну, думаю, галапузік Лупавокенькі, я табе яшчэ прыпомню дзярэўню цёмную… Але ж — маўчу пакуль што… А ён далей хваліцца:

— Замкнутая гэта схема адзіным энергетычным контурам. Амаль гэтак жа атрымліваецца, як у нас з табою, калі мы гутарку вядзём.

— А потым?

— А потым… Мозг — камп’ютар, гэта табе ўжо вядома. Нашым вучоным удалося расшыфраваць механізм перадачы ўсіх сігналаў, не толькі гукавых: зрокавых, пахі розныя, адчуванняў розных: цяпла і холаду, салодкага і горкага, прыемнага і непрыемнага. Знайшлі нашы вучоныя і той цэнтр, дзе сігналы збіраюцца, аналізуюцца і рашэнне прымаецца на дзеянне ці бяздзеянне гуманоіда. Цэнтр гэты і ёсць тое, што вы душою называеце, што вы называеце сваёй сутнасцю, сваім Я. Вось да гэтага цэнтра, да душы вашай хвалёнай нам і ўдалося падключыць чыпы. I тады нам такое поле дзейнасці адкрылася… Ва-аў, якія магчымасці мы цяпер маем!

Хоць чалавек я і кемлівы, ды тут нічога не мог сказаць. Мабыць, у мяне быў надта разгублены выгляд, бо Лупавокі супакойваць пачаў:

— Нічога тут незвычайнага няма, ніякай містыкі… Мозг выпраменьвае энергапалі, на гэтыя энергапалі можна далікатненька праз чыпы ўздзейнічаць, карэкціровачку рабіць на энергетычным узроўні. Тут такі прагрэс пачаўся, што вам, зямлянам, і не снілася… Лячыць гуманоідаў мы можам ад хвароб розных, асабліва эфектыўным аказалася лячэнне сацыяльна небяспечных гуманоідаў. Закон у нас такі ёсць — пра спакой нашай цывілізацыі. Закон Спакою і Парадку — так ён называецца. Згодна пункта другога палажэння трэцяга Закона сацыяльна небяспечныя гуманоіды не павінны збірацца ў групы болей трох, а калі ўздумаюць збірацца, то тут жа лечацца ў прымусовым парадку. А такія ў нас, табе па сакрэце скажу, завяліся. Некаторыя не пажадалі сабе чыпы ўжыўляць — хоць ты ім кол на галаве чашы ды праз дзірку чыпы туды заганяй… Яны сябе натураламі пачалі называць, надумаліся, дурні, чыпы з галовак выцягваць і на сметнікі выкідваць… Карацей, вайну прагрэсу аб’явілі… Але іх, натуралаў, мала засталося, калёным жалеззем мы іх выпальваем… Велізарнейшы эфект атрымаўся пры розных псіхалагічных адхіленнях. Самае галоўнае — пры такім лячэнні гуманоіду не трэба ў бальніцу класціся, больш таго, скажу па сакрэце, гуманоід і не ведае, што яго лечаць… Суперкамп’ютар за ўсімі чыпамі кантроль вядзе, як толькі адхіленні ў паводзінах гуманоіда назіраюцца — тут жа карэкціровачка і робіцца. Бальніцы мы пазакрывалі, эканомія паявілася, эфектыўнасць дзейнасці нашай павялічылася на тысяча дзвесце працэнтаў. Так што сам разумееш, бранзалецікі нам не спатрэбіліся, мы іх даўным-даўно на сметнік гістарычны выкінулі.

I тут, як толькі ён пра гістарычны сметнік сказаў, я падумаў чамусьці пра рабоў рымскіх, якім на шыі металічныя ашыйнікі чаплялі… Нічога за тысячагоддзі не памянялася, — ні на Зямлі, ні на Дзэце… Руку ўгору падняў і, адчуваючы сябе вучнем перад гэтым разумненькім карлам, сказаў:

— Хопіць на сёння. Хопіць.

— Што ж, тваё жаданне — для мяне закон, — пагадзіўся Лупавокі. — Я знікаю. Каб табе сумна не было, дыстанцыйнік пакіну. На экране можаш наша сённяшняе жыццё паназіраць. Канечне, як госця дарагога, мне хацелася б павазіць цябе па нашай шчаслівай планеце, пазнаёміць з гуманоідамі бліжэй, але прабач, твой выгляд…

— Што, не спадабаўся вам? — буркануў пакрыўджана я і тут жа падумаў: «Таксама, прыгажун знайшоўся!»

Лупавокі заківаў галоўкаю:

— Цябе эліта сустракала, папярэджаны былі і то — сам бачыў рэакцыю. А калі цябе ўсім паказаць — пачнецца павальнае парушэнне Закона Спакою і Парадаку. На ўсёй Дзэце хаос пачнецца. Ты што думаеш, калі б раптам нас паказалі ўжывую перад вамі, зямлянамі, не тое ж самае пачало б тварыцца? I яшчэ… Мабыць, пачынаеш сумаваць па зямным жыцці, таму табе сюрпрыз падрыхтавалі. Вечарам прадстаўнік наш да цябе зазірне. Не палохайся і не здзіўляйся. Усё, што будзе рабіць — для тваёй жа радасці.

I знік мой настаўнічак разам з крэсельцам. А я толькі цяпер угледзеў на крэсле на падлакотніку невялічкі дыстанцыйнік.

5

Адваліўся я ў крэсле. Вочы заплюшчыў і сам з сабою, разумным, гутарку пачаў… Як казаў мой сябрук, які некалі на дваццацігадовай ажаніўся, з самім сабою, разумным чалавекам і пагаварыць прыемна…

Нешта занадта Лупавокенькі мяне нахвальваў. Падазрона гэта было, надта падазрона. Нешта ён рыхтаваў мне, нейкую пельку заводзіў… Усё саломку падсцілаў…

Потым, калі аддыхаўся трохі, узяў дыстанцыйнік ды пачаў націскаць кнопкі.

I ўбачыў я жыццё іхняе.

Напачатку гуманоіды паказаліся. Цяпер, калі да іх пачаў пільней прыглядацца, убачыў, што сярод іх ёсць мужчынскія і жаночыя тыпы. У мужчынскіх, як здагадаўся, на галоўках меліся невялічкія, з кулачок дзіцячы, не то рожкі, не то гузачкі. У жаночых тыпаў гэтых рожак не было. Што здзівіла — адзення яны ніякага не насілі. А калі адзення на іх ніякага не было, то, самі разумееце, у іх і сораму ніякага не было, не саромеліся яны адно аднаго ні кропелькі…

Затым паказаліся агромністыя піраміды. Аказалася — то іхнія гарады былі, накрытыя суцэльнымі празрыстымі дахамі. Шчоўкаючы пультам дыстанцыйніка, я пачаў падарожнічаць па гарадах. Зверху да нізу там ліфты агромністыя меліся, бесперастанку адны гуманоіды ўгору падымаліся, а другія — уніз апускаліся, у калідорах доўгіх, асветленых нябачнымі ліхтарамі, рухомыя дарожкі меліся і на дарожках гуманоіды стоячы ехалі, адны — направа, другія — налева. Шчоўкаючы пультам дыстанцыйніка, падарожнічаў я па іхніх гарадах, падымаўся ўсё вышэй і вышэй, аж да таго агромністага бліскучага купала, які красаваўся на вяршынях пірамід. Але, чым вышэй я падымаўся, тым часцей бачыў у доўгіх калідорах на дзвярах кабінетаў шыльдачкі:

Для службовага карыстання Толькі па кодзе Доступ староннім да суперкамп’ютара забаронены

Самі здагадваецеся, што ў тыя засакрэчаныя кабінеты я не мог зазірнуць. Калі ж да самага бліскучага купала дабраўся, то перад уваходам у той купал вялізная шыльда мелася:


Глюонны генератар Староннім не патыкацца Смерць на месце


«Вось табе і на — падумалася мне, — не толькі на Зямлі ёсць засакрэчаныя арганізацыі, але і тут іх хапае…»

Машын дымных я там нідзе не ўбачыў. Ды і навошта ім былі тыя машыны, калі ўсё было прадумана да дробязей, усё было скампанавана.

Там жа, у высачэзных пірамідах, і жыллё гуманоіднае было, і кабінеты— кабінкі, дзе гуманоіды працавалі: у вялізных пакоях, седзячы за доўгімі сталамі, адгароджаныя невысокімі сценачкамі, яны ў нейкія празрыстыя лісцікі зырыліся, лапкамі ў іх торкалі ды час ад часу адно на аднаго пазіралі і роцікі адкрывалі — мабыць, як здагадаўся я — гаварылі між сабою… Але пра што яны гаварылі — я не чуў.

Магазіны іхнія ўбачыў. I сапраўды, Лупавокі праўду ляпіў: ніякіх касіраў не было ў магазінах, нават ніякіх датчыкаў на выхадзе з магазінаў не было — спакойна заходзілі ў магазіны гуманоіды, бралі з паліц рознакаляровыя тубы і тут жа выходзілі. У тубах, як здагадаўся, і былі тыя самыя сокі, кашы і пюрэ, якімі мяне кармілі падчас сняданку.

Калі прыцемак пачынаў ахутваць планету, на іхнім небе паяўляліся штучныя свяцілы, сваімі пражэктарамі магутнымі яны асвятлялі тыя піраміды. Здагадаўся: гуманоіды спадарожнікі з вялікімі люстэркамі ў космас запусцілі, люстэркі тыя святло іхняга сонца лавілі і на планету накіроўвалі — цяпер ім ноч не страшная.

Бераг марскі я там угледзеў, але гуманоіды ў моры не пялёхаліся — у спецыяльных басейнах, пад празрыстымі дахамі яны плавалі.

I ўвогуле, калі глядзеў на палі прамакутныя, калі лясы іхнія разглядаў, нідзе я гуманоідаў не бачыў. Ды і звяроў у лясах і на палях я нідзе не ўбачыў, нават казюрак ніякіх я там не бачыў, птушак рухомых не было відаць. Замест птушак лятаючыя талеркі насіліся. Тут нейкая загадка мелася. Думалася, што, мабыць, гуманоідам надта салодкія піраміды іхнія, там яны на свет паяўляюцца, там усё жыццё праводзяць і там жа і ў нябыт адыходзяць, а лясы і палі яны толькі для сваіх патрэб скарыстоўваюць. Каб кісларод мець, каб пшаніцу з кукурузаю вырошчваць. I — не болей…

I яшчэ глыбей, у нетры планетныя, апусціўся — там тунэлі меліся і ў тунэлях тых хуткія снарады-цягнікі насіліся, гуманоідаў вазілі ад адной піраміды да другой.

У падземных скляпеннях я заводы ўбачыў, дзе ежа гатавалася. Бачыў, як з пшаніцы і кукурузы мука белая малолася, а затым з той мукі розныя пульхныя булкі пякліся, у булкі фінікі і аліўкі запіхваліся. Булкі, запакаваныя ў празрыстыя пакеты, у спецыяльныя кантэйнеры складваліся і на склады вывозіліся… I ўсё гэта рабілася аднымі аўтаматамі, на даўжэзных канвеерных гнуткіх лініях. Ніводнага гуманоіда на тых заводах я не ўгледзеў.

Там жа, пад зямлёю іхняй, знаходзіліся іншыя заводы, на якіх рабіліся спадарожнікі касмічныя, падземныя снарады-цягнікі, што бесперастанку ад піраміды да піраміды насіліся, дэталі і часткі пірамід новых, ды яшчэ — знакамітыя лятаючыя талеркі, якія не толькі над Дзэтаю насіліся, але і людцаў бесперастанку трывожылі.

Не толькі на паверхні планеты, але і у скляпеннях падземных садавіна і гародніна вырошчвалася: у парніках вялізных, фіялетавым святлом асветленых. Замест зямлі там нейкія спажыўныя растворы ля карэньчыкаў цурчалі. Там жа, у басейнах і карытах доўгіх, рыба гадавалася.

Спецыяльныя заводы я ўбачыў, дзе садавіна і гародніна перамешвалася, у катлах варылася і разам з рыбным фаршам у тубы каляровыя запіхвалася.

Розныя ў іх меліся заводы. Былі і такія, дзе ежу з паветра рабілі… Не верыце мне, брахуном можаце называць — як хочаце… Але ж дальбог на свае вочы я бачыў цэхі з канвеернымі лініямі, на якіх і выраблялася незямная ежа; на пачатку канвеерных ліній аўтаматы калолі шпрыцамі штосьці малюпасенькае-малюпасенькае, а потым гэтае малюпасенькае на канвеернай стужцы рухалася, абдзімалася ці то газамі, ці то паветрам з труб розных і само па сабе расці пачынала, павялічвацца, як цеста дражджавое набухала. У рэшце рэшт гэтае набухлае ў катлы трапляла, там яно перамешвалася, фарбавалася дабаўкамі па-рознаму ў катлах розных, а пасля спецыяльнымі аўтаматамі ў тубы прыгожыя і каляровыя запіхвалася, на тубах тых каляровыя этыкетачкі наклейваліся, на адных — кукуруза была намалёвана, на другіх фінікі ці аліўкі як натуральныя красаваліся, на трэціх — рыба агромністая. Якраз гэтыя тубы я і бачыў у магазінах іхніх.

I тут мне цюкнула: каму булкі з фінікамі і аліўкамі, а каму — шыш з паветра…

Цікава, чым жа харчуецца Лупавокенькі?

I што ж яны такое калолі, чым жа было тое малюпасенькае, з чаго цеста само па сабе пухла?

Усё было прадумана, усё было, як Лупавокенькі казаў, пад кантролем поўным.

Зноў у каторы раз я ўспомніў камунізм, пра які бядота марыць, а багацеі клянуць, на чым свет стаіць. Грошай у іх няма, бяры ў магазінах, што хочаш, аўтаматы вакол, парадачак поўны, ні міліцыі, ні паліцыі няма нідзе…

Шчоўкаючы кнопкамі на пульце дыстанцыйніка, разглядаючы жыццё незямное, я злавіў сябе на тым, што мяне нешта ці то трывожыць, ці то бянтэжыць.

I карлы, і дылды былі нейкімі надта вялымі, як хворымі ўсё роўна. Я рэдка бачыў, каб збіраліся яны купкамі. Купкамі яны збіраліся толькі на рабоце, у сваіх кабінетах-кабінках.

Урэшце скеміў, што трывожыла і здзіўляла: не бачу сямейных пар… I малюпасенькіх гуманоідаў, дзяцей іхніх, я нідзе не ўбачыў. Дзе яны былі, дзе хаваліся? Можа, мне падумалася, яны якраз і знаходзіліся за тымі засакрэчанымі дзвярыма на вяршынях пірамід, можа, якраз там і вялося іхняе выхаванне і адукаванне праз чыпы малюпасенькія? Гуманоіды адно аднаго не цікавілі — вось што я змікіціў, калі назіраў за імі сваім спрактыкаваным вокам. Мужчынскія тыпы жылі самі па сабе, жаночыя — самі па сабе. I да ўсяго ж — нейкія невясёлыя яны былі, не бачыў я, каб яны смяяліся…

Вярнуўшыся з работы, гуманоіды тут жа ўладкоўваліся перад вялікімі, на ўсю сцяну, стэрэаэкранамі і глядзелі нейкія надта ім займальныя відовішчы, — гэтыя відовішчы, мабыць, і было тым агульным, што іх яднала.

Яшчэ ўгледзеў, што паўсюль: і ў басейнах ля марскога берага, і ў рабочых кабінках маюцца дзіўныя крэслы-ляжанкі, у гэтыя крэслы-ляжанкі гуманоіды часта ўкладваліся і як бы драмалі…

Шмат, шмат пытанняў узнікла, калі назіраў за жыццём незямным. Штосьці хавалася ад мяне…

Стомлены ад уражанняў, задрамаў урэшце. Прачнуўся ад голасу мяккага:

— Не здзіўляйцеся. Зараз будзем праводзіць першы сеанс.

Угледзеў, як адчыніліся нябачныя дагэтуль дзверы і ў пакой Лупавокенькая — бо рожкаў на яе галаве не мелася — укаціла тое самае дзіўнае крэсла-ляжанку, якое дагэтуль на стэрэаэкране бачыў. Укаціла, лапкаю на крэсла паказвае і голас яе чую:

— Не бойцеся. Нічога кепскага не будзе.

«Кранты прыйшлі…» — мне тут жа ўспомніліся гісторыі пра тое, што гэтыя зялёныя чалавечкі вытваралі з людзьмі падчас кантактаў.

«Вось табе і саломка падасланая» — разгублены, я глядзеў то на крэсла-ляжанку, то на яе, зелянуху Лупавокенькую…

Чорт ведама, адкуль непрыемнасці чакаць.

I тады рашыўся, бо чалавек рызыкоўны…

У крэсла-ляжанку ўлёгся, Лупавокенькая ўпрытык наблізілася, — бр-рр, якія дрыжыкі працялі маё цела! — і прыткнула да галавы маёй гузічак ліпучы. I — усё… Тут жа яна і з пакоя выйшла, — мабыць, каб мяне залішне не трывожыць.

На сон мяне пацягнула. I сніцца мне пачало…

…Быццам на Зямлі я апынуўся — ля рэчкі, на беразе высокім, адкуль далёка-далёка відаць усё… Бачу, як у вячэрнім паўзмроку зялёны заліўны луг перада мною прасціраецца, кусты на ім лазовыя цямнеюць, бялёсым туманам абвітыя. А яшчэ далей, за лугам, на ўзгорку, хаты вясковыя ў рад стаяць, агеньчыкі вокнаў свецяцца. Бялюткая вымытая некім поўня на чорным небе паказваецца — вялікая, якую ў раннім юнацтве бачыў, калі першы раз дзяўчынку з танцаў праводзіў і ў салодкай знямозе, трымаючы яе мяккую далоньку, сядзеў да світанку на лаўцы, напітваючыся сунічным пахам, — бо днём яна ягады збірала.

I тады, калі трымаў гарачую мяккую далоньку, я ведаў толькі адно-адзінае — цэнтр Сусвету знаходзіцца не дзе-небудзь удалечыні, а тут, на гэтай лаўцы, дзе насцярожанай сцішанай птушкаю сядзіць дзяўчына, ад якой струменіць лясны сунічны водар. Без ніякіх формул і законаў я пэўна ведаў, што мы з ёю знаходзімся ў цэнтры Сусвету, і таму ў душы было адчуванне злітнасці, еднасці з зорамі міготкімі, якія купалам ахіналі нас, з поўняю, што свяціла для нас, з гэтай загадкавай цемраю бясконцай, што ахінала, адгароджвала нас ад усяго на свеце…

I таму так не хацелася развітвацца з ёю. I гэтак хутка мільгала салодкая ноч…

I на гэты раз, калі сябе на беразе бачу, амаль усё тое ж, юначае і дагэтуль забытае, паўтараецца: і хваляванне, і боязь страціць штосьці надта дарагое, што не зможаш набыць ні за якія грошы, ні за якое багацце, без чаго і жыць немагчыма…

Толькі я ўжо не на лаўцы сяджу, а ля вогнішча невялікага, якое то ўзгараецца, то да чырвонага жару прыпадае — агонь сваім таемным жыццём жыве… I побач, толькі руку працягні, сядзіць яна, мая шэльма жыціўская, яшчэ тая, усмешлівая без прычыны яўнай, у сукенцы, што калісьці насіла… На мяне скоса пазірае ды чамусьці ўсміхаецца, а чаму — толькі ёй вядома ды яшчэ адной жанчыне, партрэт якой мастак намаляваў, — таксама яна ўсміхаецца каторае стагоддзе, на людзей пазіраючы, і каторае стагоддзе людзі ідуць да таго партрэта, як да іконы гаючай і лячэбнай, імкнучыся разгадаць сэнс яе ўсмешкі…

I адчуваю нечакана, калі гляджу на яе, усмешлівую, што маё пякучае хваляванне, мая боязь страціць нешта надта дарагое бы агеньчыкам асвятляе стылую душу і з жахам бачу там неймаверную безліч нечага лішняга, мне зусім непатрэбнага, што гадамі ляжыць цяжкім друзам: законы разумныя, якімі маё сённяшняе існаванне апраўдваецца, званкі тэлефонныя, што не пытаючыся дазволу ў свядомасць урываюцца, кніжкі запісныя, дзе жыццё распісана на тыдні наперад, абяцанкі камусьці зрабіць штосьці і самому, бы старцу з торбаю, дачакацца чагосьці, грошы, якіх, чым болей маеш, тым болей не хапае, даўгі вечныя перад некім, і яшчэ, і яшчэ… I разумею, што без гэтага цёплага агеньчыка мне немагчыма жыць.

I як жа я жыў, як дагэтуль жыву!..

Я гляджу на луг, які ўсё болей і болей засцілаецца туманам, слухаю далёкія-далёкія дзіцячыя крыкі, нетаропкае і рытмічнае рыпенне драча, — і крыкі, як і рыпенне драча ў аглушальнай цішыні здаюцца надта звонкімі,— гляджу на бліскучую і гнуткую палосу вады рачной, што ўнізе пад абрывам жывым срэбрам паблісквае, гляджу на сцішаную поўню, што ўсё ярчэй і ярчэй нізкія воблакі высвечвае, і, як гэта бывае, калі чалавек закаханы, перапоўнены адчуваннем хараства і суладдзя з усім, што акружае, хачу падзяліцца з ёю багаццем сваім. Я не ведаю, як усё выказаць, толькі і магу:

— Паглядзі, як хораша.

I яна тут жа, як гэта бывае ў закаханых, разумее мяне, ёй і слоў ніякіх гаварыць не трэба, прыхінаецца да мяне і ціхутка, як самую найвялікшую таямніцу, шэпча:

— Я тут нарадзілася…

I ад яе шэпту мяне ўсяго скаланае, я асцярожна, з бояззю страціць самае найдаражэйшае ў свеце, што не набудзеш ні за якое багацце, праводжу рукой па яе мяккіх валасах, удыхаю пах чыстага, напоўненага сунічным пахам цела — і адчуваю, як хмельна кружыцца галава. У нейкім трызненні я таксама пачынаю шаптаць ёй штосьці сваё, запаветнае, чаго дагэтуль ды і потым ніколі нікому не шаптаў…

6

Прачнуўся не ў крэсле-ляжанцы, а ў спальні на ложку. Сон быў яркі, жывы — ніколі такіх яркіх сноў не бачыў. I адчуванні былі вострыя, здавалася, што яна, прыгажуня, усё яшчэ побач — я адчуваў дотык пальцаў яе на сваім целе, адчуваў пах яе чыстых валасоў, пах яе сунічнага цела…

I яшчэ — стомленасць неймаверная была ва ўсім целе…

Зноў пачалося ўсё тое ж, цяпер ужо знаёмае: ванна, столік з сытнымі кашамі і пюрэ, якія і жаваць не трэба.

Торкаў я лена відэльцам у тыя кашы, і думалася мне міжвольна: а якой жа ежаю мяне кормяць — той, што з газаў і паветра зроблена, ці той, з садавіны і гародніны, якая ў падземных скляпеннях выспявае?.. У вачах маіх стаяў іншы стол, на якім бульбачка парай сыходзіць, дзе капуста квашаная ў талерцы бялее, дзе грыбы вымачаныя на талерцы цямнеюць, дзе кольцам каўбаса дамашняя ружавее, дзе дранікі горкаю высяцца ля патэльні са свежыною салодкаю, дзе тваражок і масла ў талерачках…

Эх, — брата ўспомніў, — і праўду ён казаў некалі: куды і чаго мяне занесла?.. Дома сядзеў бы… Але ж, ці ўседзеш, калі перад табою дарогі зваблівыя і спакуслівыя высцілаюцца? Гэтак, мабыць, чалавек устроены, што зыбацца ён павінен перад спакусаю нязведанага і сумам спазнанага…

Пасля сняданку падаўся да стэрэаэкрана. Цяпер я пачынаў што да чаго разбірацца. Зразумеў: пара, пара надышла, Базылёчак, галавою шурупіць, думаць трэба, іначай абдураць, як апошняга ёлупня…

Экран тут жа і засвяціўся. Карла з’явіўся. Зноў нябачныя аператары і рэжысёры пачалі з ім усялякія фокусы вытвараць перад вачамі маімі. Лапку ён ўгору падняў і галасок ягоны пачуў я:

— Прывітанне!

— Прывітанне, — буркануў я.

— Як спалася?

«А тваё якое дзела да сноў маіх?» — хацеў сказануць, ды змаўчаў.

Чымсьці ён мне не падабаўся. I не знешнасцю сваёю, не, да знешнасці ягонай як бы і прывыкаць пачаў, штосьці іншае пачынала выпіраць з ягонай сутнасці. Не падабалася мне, што галасок у яго мяняўся, — то ён гучна гаварыў, то надта ўжо ласкава. Мяне не абдурыш, ведаю: калі мякка сцелюць, то мулка спаць… Нешта падобнае са мною бывала і на Зямлі: толькі-толькі шуры-муры заводзіш з прыгажуняю пісанай, яна перад табою лістом сцелецца, а тут раптам — бац! — нутром адчуваеш, што ніякая яна не прыгажуня, і тады ўжо, каб і вяроўчынаю хто прывязаў да гэтай пісанай прыгажунечкі, усё роўна збег бы.

А мо і праўду кажуць тыя, хто сцвярджае, што вакол кожнага чалавека маецца нейкае поле, яго аўрай называюць, і толькі яно, а не знешнасць, на цябе ўздзейнічае. У адных гэтае поле — светлае, цёплае, лечыць цябе і супакойвае і таму так атрымліваецца, калі на такога чалавека глядзіш, то — вока адпачывае… А ў другіх — цёмнае, бліскане такая прыгажуня вачыма і — без слоў ведаеш, што — сцерва перад табою…

I мо ўвогуле, — часцяком думаю — гэтыя нябачныя сілы дабра і зла не міф, не казка, а самая што ні ёсць рэальнасць, яны правяць намі, а мы, нос задраўшы, ганарымся разумным шматслоўем сваім, знешнасцю сваёю, адзеннем сваім, багаццем сваім, сваёю ўладай…

А сапраўды, хто ж мы?!

Як сказана было некалі адным разумным чалавекам, скарыся, скарыся горды чалавек, перад тым неспазнаным, што цябе акружае!

Так-то ён, чалавек, табе і скарыцца — дачакаешся!..

Але зноў жа — нешта не туды, не туды мяне панесла… Пра гуманоідаў, пра незямных стварэнняў вяду я аповед…

Памаўчалі мы, гледзячы адно аднаму ў вочы. А тады я і распачаў свой допыт:

— У вас ёсць мужчынскія і жаночыя тыпы. Але, калі я глядзеў на ваша жыццё, нідзе не ўбачыў закаханых. Усе ў вас нейкія адзінокія. Я нідзе ні разу не ўбачыў, каб гуманоіды за рукі трымаліся. У нас на Зямлі адразу ж закаханых бачыш — ідуць побач і, самі таго не прыкмячаючы, за ручкі трымаюцца, а на тварах святло свеціцца незямное…. А ў вас… Мужчынскія тыпы — самі па сабе жывуць, жаночыя — самі па сабе…

— Ты хочаш спытаць, ці ёсць у нас каханне? — перапытаў карла.

— Так.

— А гэта для нас пройдзены этап, — махануў лапкаю Лупавокенькі. Зноў непрыкметна крэсліца ля яго паявілася, усеўся ён і стаў углядацца ў мяне.

«Во прыліп ты да гэтых этапаў, як сляпы да плоту», — падумаў я і пачаў ўдакладняць:

— У вас што, усе пагалоўна сталі сексменшасцямі?

— Ды не-е… Гэта мы таксама прайшлі на пэўным этапе.

— А што ж тады ў вас творыцца?

Лупавокенькі вусны васьмёрачкаю скруціў — ухмыльнуўся — і:

— Вось між намі, мужчынамі, давай гаварыць начыстую…

Тут і я міжвольна скрывіўся — таксама мне, мужчына знайшоўся!..

Пільней прыгледзеўся да гэтага мужчынкі і толькі цяпер угледзеў у яго між ног маленечкі, з мезенчык дзіцячы, гузачок, нічым не прыхаваны…

«Хоць бы транты якія на сябе нацягнуў, — падумаў я, усё яшчэ ўхмыляючыся. — Ён мяне яшчэ дзярэўняю папікае… На зямлі няграматныя папуасы і пігмеі ў лясах глухіх жывуць і то — сваё багацце хаваюць, як могуць, а ты, разумны этапнічак…»

Хацелася, хацелася мне выказацца, але, пажаваўшы словы, я так і не сказаў яму нічога. У гасцях я быў, а госцю не ўсё паложана гаварыць…

Мабыць, Лупавокенькі і сам скеміў, што ляпнуў не тое, пачаў папраўляцца:

— Няхай сабе і не мужчыны… Ты таксама не прыгажун. Адны вушы і насяра чаго вартыя…

— Гледзячы для каго, — тут жа адпарыраваў я. Цяпер нават і не думаў скакаць пад ягоную дудку. — Некаторым дык і надта падабаюцца і нос, і вушы. I многае іншае…

Памаўчалі. Хацелася мне яму яшчэ пару ласкавых дабавіць, ды зноў жа — сцярпеў. Маўчу, цярплю, як кляты…

А ён зноў пачаў сваё весці, — усё яго на філасофію цягнула і гэтай сваёю філасофіяй Лупавокенькі мяне бы інтэрнэтаўскім павуціннем аблытваў:

— Вось скажы, дзе ўсё пачынаецца пры каханні: тут, — лапкаю ў накірунку гузачка махануў, — ці — тут? — і на галоўку лапкаю торкнуў.

Прызнаюся, што ніколі пра гэта і не думаў. Паціснуў плячыма.

— Дык вось, я аўтарытэтна заяўляю і гэта табе пацвердзяць вашыя вучоныя — тут усё пачынаецца і заканчваецца, — і зноў ён па пятрылаўцы сваёй лапкаю заляпаў. — Калісьці мы ўсё гэта праходзілі, як дзеці школу праходзяць: і секс па тэлефоне, і стэрэапарнухі… Калі цвяроза разабрацца, то ўсё гэта —толькі спосаб уздзеяння на мозг па пэўных каналах… А потым у нас пайшлі парнухі са стогнамі і пахамі… А потым…

Я перабіў яго:

— Не дуры мне галавы. Адно з другім не блытай…

— Чаму? — зыркалаўкі да мяне наблізіў. — Вось ты нядаўна сон салодкі сніў. Што ёсць сон?

Тут Лупавокенькі са свайго крэсліца падскочыў і зноў пачаў перада мною швэндацца ўзад-уперад, і пачаў гаварыць:

— Сон — гэта вялікая загадка. Разгадваючы сны мы навучыліся прадказваць будучыню. Цэлая навука ў нас ёсць — снобачанне… Ці не праводзіць у снах чалавек свае самыя лепшыя імгненні? Задумайся, чаму ў вас наркаманы да наркаты цягнуцца? Вось скажы ты мне, чаму у вас так атрымліваецца: некаторыя маладзенькія хлопцы і дзяўчаткі, у якіх усё ёсць — і жаданні, і здароўе, а яшчэ ў школе да цыгарэт, да наркаты цягнуцца, ад бутэлькі піўной адарвацца не могуць? Патлумачу табе, адкрыю ісціну — ад цыгарэт, наркаты і піва ў іх галовах пераварочваецца свет. Сны ім тады — саладзейшыя за рэальнасць. А і праўда, чым сны горшыя за рэальнасць? У крэсле-ляжанцы цераз чыпы мы можам ўздзейнічаць на цэнтры насалоды галаўнога мозга. I ў выніку — сам упэўніўся — гэта лепш за вашы серыялы па тэлевізары, гэта саладзей за наркотыкі. Так што заадно мы даўно з наркаманамі разабраліся. Цяпер разумееш, чаму ў нас няма кахання ў вашым, зямным, разуменні. Яно ёсць, але іншае… Таму нам і сем’і не трэба, навошта яны?.. З сем’ямі ў нас гэтулькі праблем было: здрады вечныя, сваркі бясконцыя з-за лыжкі непамытай, шлюбы, разводы, палюбоўніцы і палюбоўнікі адзін за адным гойсаюць, уходдзя ім няма ніякага, справы даходзілі да забойстваў і самазабойстваў… А псіхозаў колькі было з-за кахання? Пра ўсё гэта ваш разумнік Фрэйд распавёў цэлую навуковую тэорыю — пра псіхааналіз на сексуальнай глебе… Ён, ваш разумнік Фрэйд, усё ў свеце тлумачыў на аснове сваёй тэорыі, без яе ведання вашы людзі ніяк не могуць абысціся, на чаргу запісваюцца, дзе псіхааналітыкі за грошыкі з вашымі людзьмі праводзяць разумную работу…

I зноў ні з таго ні з сяго я ўспомніў пра камунізм. I грошай у іх няма, і сем’яў няма, і райскія сталы, парадак поўны, нават наркаманаў няма, пад кантролем у іх усё…

Памуляў я вуснамі і:

— А з дзеткамі як вырашаеце праблему? Ваша гуманоідная цывілізацыя тут жа гігнецца, калі іх не будзе.

— Не хвалюйся, усё пад кантролем, — ён падняў лапку ўгору. — Некалі нашы, так бы мовіць, жаночыя тыпы, гуманоідзіхі, перасталі нараджаць дзяцей. Прызнаюся табе, тут трохі і мы былі вінаватымі: у свой час цэлае пакаленне вырасла, седзячы ля тэлевізараў і камп’ютараў, дзе, бы праз адтуліну замочную, глядзелі салодкія парнухі. Сам здагадваешся, што пасля такога выхавання пазнікалі ўсе таямніцы, усё стала ясна і проста…

«Во прывязаўся», — падумаў я.

А той сваё вёў:

— У нас усё было: і сурагатныя маці былі… Скажу адразу ж, з гэтымі сурагатнымі маці адны праблемы: з гуманоідзіхі ад старасці парахня сыплецца, а яна аб’яўляе усёй Дзэце, што стала маці і ў яе двойня малюпасенькіх гуманоідаў паявілася, хоць чые тыя гуманоіды — ніхто не ведае ды і не можа ўведаць… А што нам было рабіць, калі ад сурагатнай маці скалечаны нябога гуманоід паяўляўся — на сметнік выкідваць?.. I цэнтры ў нас спецыяльныя меліся, дзе бяздзетным парам дапамагалі… А потым, як кланіраванне адкрылі, нам лягчэй стала — мы гэтую справу паставілі на канвеер. Скажу табе — разумнік, вялікі разумнік быў ваш Форд, які прыдумаў канвеерныя лініі… Да пары да часу мы хавалі ад цябе гэтую інфармацыю, бо ты быў маральна не падрыхтаваны, прафанам быў поўным… Але цяпер, калі ты пра чыпаванне сёе-тое ўведаў, мы можам паказаць табе праўду…

I тут знік Лупавокенькі.

На стэрэаэкране я ўбачыў агромністыя як бы заводскія карпусы, якія дагэтуль бачыў. Унутры тых карпусоў, што нагадвалі заводскія цэхі, я ўгледзеў круглыя празрыстыя колбы, былі яны спрэс аплеценыя белымі трубачкамі. Мабыць, як я здагадаўся, па тых трубачках спажыўныя растворы паступалі ў колбы. А ў колбах — эмбрыёны гуманоідаў былі. Маленькія-маленькія, з пазногцік мезенчыка. I ўсе гэтыя колбы, прымацаваныя да доўгіх ланцугоў, памалу рухаліся, і ў колбах падрасталі эмбрыёны гуманоідаў, станавіліся ўсё большымі і большымі — як канвеерныя лініі…

Амаль гэткімі ж тыя канвеерныя лініі былі, як і тыя, на якіх ежа з газаў і паветра сама па сабе паяўлялася.

Асобны корпус я ўбачыў, там гуманоіды, схіліўшыся над мікраскопамі, спецыяльнымі пінцэтамі тварылі штосьці — мабыць, там яны і рабілі свае эксперыменты над нябачнымі камячкамі жыцця, кланіраванне рабілі… А потым, як я здагадаўся, яны тыя камячкі ў колбы шкляныя запускалі і на канвеер выпраўлялі…

У канцы канвеерных ліній спажыўныя растворы з колбаў выкачваліся, спецыяльнымі лазернымі праменьчыкамі тыя колбы разразаліся, адтуль спецыяльным аўтаматам вымаліся гуманоіды малюпасенькія, яны тут жа ўкладваліся на новыя канвеерныя лініі, якія далей рухаліся і хаваліся ад маіх вачэй за цёмнай занавескаю. Што там з імі далей адбывалася — не паказалі мне. Але і без гэтага я здагадаўся, што там з малюпасенькімі гуманоідамі рабілі.

Без ніводнага дарослага гуманоіда ўсё гэта рабілася…

I глядзеў я ва ўсе вочы на доўгія рухомыя канвеерныя лініі, — як эмбрыёны у колбах варушыліся, да шкла бліскучага дакраналіся то лапкамі, то галоўкамі…

I праўду Лупавокі сказаў — не падрыхтаваны я быў да іхняй рэальнасці, прафанам быў поўным, бо мне чамусьці жахліва стала.

— Што ж вы вытвараеце?! — крыкнуў я. — З дзіцём маці сувязь мае. Дзіця яшчэ да нараджэння галасы чуе, настрой маці адчувае. Таму і раяць дактары, каб маці на прыгожае глядзела, каб музыку слухала. Ды не эстраду крыклівую, а класіку, каб песні народныя спявала. Ты ведаеш хоць, што праз песню народную, праз мову родную генетыка народа фарміруецца? I кожнае слова, як мне некалі брат сказаў — не гук пусты, а — сувязь народная… О-о, што вы творыце, што вытвараеце? Маці малаком сваім дзіця павінна карміць — так яна з дзіцём завязвае вечную сувязь… Мо таму выміраюць цэлыя нацыі, што маці з дзіцём сувязь траціць, а калі яна яшчэ курыць ды піць пачынае, то і дзеткі гэткімі ж дэбіламі вырастаюць…

— Ха-ха, — зноў, як Піліп з канапель, выскачыў на стэрэаэкране Лупавокенькі, у сваё крэсла ўсеўся і пачаў узірацца ў мяне, — мы пра гэта таксама ведаем. Навука наша не дрэмле… У нашых інкубаторыях усё прадугледжана, усё пад кантролем: і музыка ёсць — суперкамп’ютар выводзіць нам розныя мелодыі, дзве тысячы пяцьсот мелодый у ім. Калі трэба, можам і заказаць больш мелодый, нам нядоўга — усяго сем нот, а мелодый з іх уга-га колькі суперкамп’ютар можа наляпіць. У адпаведнасці з новым імклівым часам пад наша новае кліпаванае мысленне суперкамп’ютар стварае новую больш рытмічную музыку. Дзугі-дзугі тая музыка называецца. I песенькі таксама ўвесь час новыя сачыняюцца. Труля-ля, труля-ля нашы песенькі называюцца. Гэтыя песенькі толькі спецыяльна адабраныя спевакі спяваюць.!х у нас трыццаць тры на ўсю Дзэту, яны гуманоідаў радуюць днём і ноччу. Пад суперкамп’ютарную музыку яны толькі роцікі адкрываюць — ім і спяваць не трэба, бо суперкамп’ютар танальнасць, рытміку і ўсё астатняе самастойна робіць. Хоць, па праўдзе скажу, песні для эмбрыёнаў мы ў апошнія гады адмянілі, а дарослыя гуманоіды іх не спяваюць — і без песень мы жывём прыпяваючы, навошта яны?..

— А выбракоўка ёсць? — я ўжо да канца наважыў ісці ў сваім пазнанні.

— Канечне, як і ва ўсякім тэхналагічным працэсе. Мутацыйныя некантралюемыя зрухі, усё такое…

— I што ж вы тады робіце?

— Ствалавыя клеткі пускаем на лякарствы — ашаламляльны эфект атрымліваецца, я табе далажу. Гэта на першым этапе, калі ідзе актыўны працэс дзялення клетак. А на пазнейшых этапах розныя органы гуманоідаў мы пускаем на запчасткі. Спачатку робім замарозку эмбрыёнаў у вадкім азоце, гэтым мы ствараем банк запчастак і ствалавых клетак, а потым, пры патрэбе, ужыўляем тыя запчасткі дарослым гуманоідам.

Пахаладзела ўсё ўва мне. Пасля пачутага і ўбачанага не да жартаў стала. Ад хвалявання ў мяне і рукі задрыжэлі.

Дзе ж мяжа іхняга пазнання саміх сябе?

I ці ёсць яна, гэтая мяжа?

— Што ж вы вытвараеце? — зноў ледзьве не прастагнаў я.

— А што ты ўсё дзівішся, дзівішся?.. — нечакана з Лупавокенькага палезла нешта іншае, прыхаванае да пары, што дагэтуль я душой адчуваў. Знікла ў ягоным голасе ласкавасць, левітанаўскі басок пачаў праразацца ўсё мацней і мацней. У памерах ён павялічыўся, на ўсю сцяну перада мною паўстаў, вочкі ягоныя наблізіліся да мяне, і аднекуль зверху, без майго ведама, у маю галаву пачало ўлівацца: «Вось вы ўсе пагалоў адзенне з сінтэтыкі носіце, яно ж таксама зроблена з газаў і паветра. Хоць і трашчыць на голым целе, і страляе, хоць на алергію ад яго хварэеце, а носіце, фарсіце адно перад адным… Катлеты з генетычнай соі за мяса прымаеце. I — нічога, не давіцеся… Пачакайце… Усё будзе, як у вашых святых кніжках напісана, — манну нябесную будзеце есці. Прывы-ыкнеце… I дзеткі ў інкубаторыях будуць нумараваныя, адразу ж пасля паяўлення на свет вы з іх таксама, як і мы, спецыялістаў будзеце рыхтаваць: канвеершчыкаў, праграмістаў, матэматыкаў, тэхнолагаў… А то — невядома каго гадуеце без ніякай праграмы, плодзіцеся без меры… Скажу табе па сакрэце, — дзякуючы прагрэсу кланіраванне не кожнаму гуманоіду дазволена рабіць, не кожны смее зазірнуць у вечнасць, толькі выбраныя, толькі яны могуць трапіць у наш рай… Усё, усё будзе ў вас, як у вашых святых прарочых кніжках напісана: і мёртвыя жывымі стануць, уваскрэснуць з дапамогаю генетычных тэхналогій…»

Тут я ўжо не мог стрымацца. Колькі ж цярпець! Як казала мне адна прыгажуня, якая на кухні час ад часу ў мужа талерку запускала: мае нервы — не вяроўкі… Пачуўшы тыя слоўцы пра вяроўкі і нервы, недарэка муж стрымгалоў ляцеў да дзвярэй, бо ўслед тут жа — гэта ён ведаў — ляцела талерка… Лятаючыя талеркі не толькі ў блакітных нябёсах паяўляюцца… Талеркі пад рукою ў мяне не аказалася…

— Ах ты, галапузік зялёненькі… — крыкнуў я, забыўшыся, што не дома, што ў гасцях, дзе павінен маўчаць. — Мяне ўсё дзярэўняю папікаеш, цёмным лічыш, а чаму маўчыш, што ў нашых свяшчэнных кніжках яшчэ пра Гамору і Садом напісана?.. Чаму маўчыш, што там яшчэ сказана пра разбураную Вавілонскую вежу?.. За што і чаму яна была разбурана, не падкажаш?.. Як мне — дык манну нябесную на сняданак падсоўваеш, а булкі з фінікамі каму дастаюцца? Каму мамалыга з аліўкавым маслам дастаецца?..

Пра ўсё забыўшыся, кінуўся да стэрэаэкрана і з размаху кулаком… Ды тут, — ці паверыце! — аказалася, што перада мною было не шкло, не стэрэаэкран, а галаграма неадчувальная і кулаком сваім я нікога не мог зачапіць.

Вось табе і на… Абдурыў мяне Лупавокенькі, абдурыў…

— Прывы-ыкнеш да новай рэальнасці, зменіш сваю сутнасць… — усё гучаў і гучаў у маёй галаве грозны бас Лупавокенькага. — Не толькі да чыпавання прывыкнеш… Усё, што бялком называецца, есці будзеш, не толькі манну нябесную: і катоў, і сабак, і мышэй, і саранчу, і чарвякоў… З чаго тая яда зроблена — якая табе розніца?.. Бялкі бялкамі павінны харчавацца — вось табе і ўся мудрасць, вось табе і ўся філасофія….

7

Галаграма патухла, я заплюшчыў вочы. Калаціла і трэсла мяне пасля пачутага і ўбачанага. Я ўсё яшчэ бачыў эмбрыёнаў, якія варочаліся ў колбах, варушылі лапкамі, лобікамі да шкла датыкаліся. Хоць і незямныя, нялюдскія стварэнні былі, ды чамусьці — гэткая ўжо ў мяне натура — шкада іх стала. Уявілася мне, як потым у іх галовы ўводзілі чыпы. Пасля гэтага маленькім гуманоідам, мабыць, і дурэць не хацелася. I не хацелася гуляць у салодкія хованкі, ляжалі яны, мабыць, сцішаныя, а ў іх галовы праз чыпы днём і ноччу ўводзілася інфармацыя.

I потым, калі яны падрасталі, чым жа цікавіліся, што іх хвалявала і цешыла? Кніжак, у якіх казкі напісаны, яны не чытаюць, ды ім і не трэба чытаць, творы ў іх галовы ўжо іншыя загнаны… Маляваць ім не трэба — на стэрэаэкранах для іх даўно ўсё намалявана — мультстрашыдлы, дзе пачвары адна за адной ганяюцца… Песні, што людзей яднаюць, ім не трэба спяваць, бо яны іх ніколі не чулі і не ведаюць, што гэта такое — ціхія пранікнёныя матуліны песні… I, чым больш разважаў пра гуманоідаў, тым жахлівей было: разумеў, якімі няшчаснымі яны станавіліся, калі вырасталі… I не задумваліся над тым, хто яны і навошта жывуць. Ува мне адно і тое ўбілася: яны былі не вінаватымі… I не задумваліся, што праз чыпы ў іх галовы праграма закладвалася, якая імі поўнасцю кіравала і валодала… I таму цікавілі іх толькі відовішчы на стэрэаэкране, ды салодкія крэслы-ляжанкі.!х, акрамя работы на канвеерах, новых праграм чыпавання і кадзіравання, методык кланіравання, нішто і нічога не цікавіла…

Колькі будзе сто дваццаць дзевяць у пятай ступені яны ведаюць…

Квантавую механіку ведаюць, сутнасць энтрапіі ведаюць…

Праграміраванне і кадзіраванне ведаюць…

I вераць, думаюць, што разумныя і самастойныя ў сваіх рашэннях, а калі сапраўды?..

Жахліва мне стала ад сваіх здагадак.

I яшчэ я падумаў…

Калі гуманоіды навучыліся самі сябе вырошчваць у колбах, калі яны на лякарствы пускаюць ствалавыя клеткі, значыць, яны і расліны генетычна падправілі, і рыбы, што ў падземных карытах плавалі, таксама генетычна падпраўленыя. I мо таму ў магазінах іхніх я ніякіх прадуктаў не бачыў — тубы суцэльныя, дзе адны кашы і пюрэ, як у касманаўтаў, і ў тубах тых невядома чаго намешана…

Хоць каму што намешана: адным булкі з фінікамі і аліўкамі, а другім — шыш з газаў і паветра…

Ды і пра натуралаў Лупавокенькі нешта цямніў, маніў ён мне, лапшу на вушы вешаў. Можа, і праўда, — жылі на Дзэце натуралы, якіх Лупавокенькі калёным жалеззем выпальваў, але ж, як ён сам прагаварыўся, была ў іх і эліта, якой не ўжыўлялі чыпы. Можа, прадстаўнікі гэтай эліты і сустракалі мяне, і вельмі здзіўляліся, калі ўбачылі. Можа, за тымі засакрэчанымі шыльдамі, якія былі на вяршынях пірамід, і якія я ўгледзеў, і хавалася іхняя эліта, што правіла Дзэтаю?.. Можа, там і хаваліся гуманоіды, якія праз кланіраванне зазірнулі ў вечнасць?

Не ўсё так проста на гэтай Дзэце… А пытацца пра іхнія праблемы ў Лупавокенькага не хацелася — у мяне сваіх зямных праблем хапае… Ды і што ён мог мне сказаць?..

Тое, што для чысціні эксперыментаў над чыпамі і суперкамп’ютарам трэба весці кантроль — дык гэта не толькі мне зразумела, а і апошняму дурню… А кантроль той, мабыць, дазволена весці эліце. Каму ж яшчэ?..

Для кагосьці на палях каласіцца пшаніца, для кагосьці выспявае залацістая кукуруза…

I зноў і зноў ува мне білася: каму булкі, а каму — шыш з газаў і паветра…

Цямніў, цямніў Лупавокенькі: пра адно гаварыў, філасофстваваў, думаў пра другое, а на справе рабілася трэцяе…

Але, скажу я вам — і на Зямлі штосьці падобнае пачало тварыцца. Як прызнавалася мне адна прыгажуня, калі мы з ёй у ложку ляжалі: ты ніколі не ўведаеш, пра што думае жанчына, якая побач з табою жыве гадамі… Я, пачуўшы гэтыя словы, голы ледзь з ложка не выскачыў.

— Як гэта можа быць?! — залямантаваў я. — Ты ж толькі што гаварыла пра вечнае каханне…

— А вось так і можа быць, — адказала яна мне з усмешкаю. — Ты сам падумай, якім бы жахлівым было жыццё, калі б мы ведалі, што думае іншы… А таму гадай, пакутуй штодня, кахаю я цябе, ці — пра іншага мару… Старайся, скачы перада мною пад дудку маю, пакутуй, і ў гэтым — шчасце тваё…

I адразу ж — ці паверыце, засмяялася, да мяне прыхінулася, абняла…

Застагнаў я з гора, паглядзеў на яе і з адчаю ледзьве не заплакаў…

Жанчыны, жанчыны… Можа, і праўда, вы — разумнейшыя за нас, мужчын, якія вечна праўду-матку ў вочы рэжуць?..

Я і па сёння не ведаю, добра гэта ці дрэнна, што мы адно аднаго да канца не можам уведаць… Таямніцы, таямніцамі мы ахутаны…

А мо і праўда — настаў новы час, новая эпоха, калі граматны чалавек налаўчыўся за словам хаваць свае думкі і пачуцці? Не толькі палітыкі, калі гутараць сам-насам, хаваюць ад людзей свае намаганні і меркаванні, але і людзі, прагрэсам падхопленыя…

Дык скажыце, які сёння свет настае? За што, скажыце, тады ўхапіцца чалавеку, калі слова становіцца разменнаю манетаю? Можа, усе нашы беды з таго, што гаворым адно, а думаем зусім іншае?..

Але ж, мабыць, яшчэ большыя беды пачнуцца, калі праз чыпы хтосьці будзе ведаць нашы думкі?

Шмат, шмат пра што мне думалася.

I яшчэ адно няяснае трывожыла мяне. Пакуль я і сам не мог зразумець, але адчуванне трывогі не пакідала мяне ні на хвіліну.

А потым зноў адчыніліся нябачныя дзверы, зноў Лупавокенькая ўкаціла ў мой пакой крэсла-ляжанку. Запрасіла ўкладвацца. Я агледзеў яе з галавы да ног — была яна без ніякіх трантаў, як і Лупавокенькі.

I я ёй сказаў:

— Не.

Яна здзівілася. Затым прагучаў яе голас:

— Сягоння метыска будзе. Пакажа танец жывата, і ўсё такое…

— Не, — паўтарыў я і падумаў: «Ты лепш гэту метыску Лупавокенькаму падсунь. Во пуду будзе, заікаю стане да канца дзён сваіх».

Лупавокенькая крэсла-ляжанку выкаціла з пакоя, я застаўся адзін.

I найшло, найшло на мяне… Пасля таго, што ўбачыў і пачуў, у маёй душы з’явіўся нейкі шалёны адчай. I зноў упрытык я сутыкнуўся з тым, з чым, мабыць, час ад часу сутыкаецца кожны чалавек — з чорнаю адзінотай, калі ўсё, чым жывеш дагэтуль, чым цешыш сваю душу, здаецца пустым, нікчэмным, і быццам скручаны агромністай марской хваляю, пачынаеш задыхацца і не ведаеш, куды падацца ад пякельнага болю.

О-о, як шкада чалавека ў такія хвіліны! I добра, калі знойдзецца ў гэты міг блізкая душа, якая суцешаць і пачне шкадаваць цябе, адзінокага… Не вінаваціць, не папракаць, а ўсяго толькі — шкадаваць…

Я заплюшчыў вочы і нібы скрозь белы туман, убачыў…

…Убачыў лясную дарогу, а па ёй, каляіністай, коціць легкавік. Надвячорак… Залацістае сонца скрозь сосны слепіць вочы. Я за рулём сяджу, а побач мой брат круціцца, рукі пацірае: «Ну, сягоння, я табе абяцаю — клёў бу-у-дзе. Я душою чую». Таксама гарачы, дай волю — наперадзе легкавіка па каляінах панясецца да ляснога возера. Вядома, ад адной маці нарадзіліся, тая таксама тры работы адразу рабіла: шыла, падлогу мыла і спявала яшчэ…

З баравога лесу ў акно машыны хвалямі ліецца салодкі водар, у якім паядналіся шкіпінарны пах смалы-жывіцы, сунічак салодкіх, што на пагорках у траве хаваюцца, пах застаялай празрыстай вады ў каляінах, далёкія, ледзь чутныя пахі дурніц, багульніку, што плывуць з лагчын. I яшчэ над усімі пахамі траў лясных уладарыць пах чагосьці — таго даўняга, паўзабытага, што так востра адчувалася ў маленстве і што выцягвала з хаты і змушала згаладнелымі вачыма ўзірацца туды, за выган, дзе гнулася рачулка, дзе стаяў лес вечнай і непарушнай сцяною, куды дарогі вялі — аж на самы край свету…

Ззаду, з багажніка, гэткімі ж хвалямі даносіцца салодкі пах гарохавай кашы. Вядро набухаў, можна накарміць роту салдат, а ён — адным ляшчам яе прыгатаваў.

Машыну трэба весці асцярожна, у любы міг можаш днішчам ці на белы пясок сесці, ці карчавежыну падчапіць. Iх тут хапае — і яловыя, і сасновыя — усю дарогу пераплялі… Ужо з паўгадзіны коцім і, здаецца, што гарадоў тлумных нідзе няма, і вёсак нідзе няма, а ўсюды, куды ні паедзь, будзе лес, лес, лес…

Нарэшце прыкочваем да невялічкага чыстага прагалу на беразе возера. Управа і ўлева ад прагалу спрэс трыснёг у вадзе зелянее, з шумам пад ветрам выгінаецца. Брат выскоквае з машыны і, зірнуўшы на хвалістую паверхню вады, яшчэ болей радасна, чым дагэтуль, лямантуе: «Выдатна! Сёння нікога няма. I калы ў вадзе нашы стаяць нечапаныя».

Ведама, што няма нікога… Не шмат знойдзецца дурняў, каб за дзве сотні вёрст у глухамань перціся, дзе камар’я поўна…

— Давай, шавяліся, — падганяе мяне брат. Адкрывае багажнік, дастае вядро з яшчэ цёплай, перацёртай зваранай прасяной і гарохавай кашай, кажа: — Я сёння на дзве катушкі лавіць буду. Да-ам яму!..

Выцягваю з багажніка гумовую лодку, пачынаю накачваць насосам-пішчалкаю. Брат вывальвае на поліэтыленавы мяшок кашу і змешвае яе з перацёртымі семкамі сланечніка. I такі салодкі водар нясецца ад той кашы, што не стрымліваюся, падыходжу да яе.

— Ты што — не еў сёння? — пытае брат і адразу дадае: — Ну, хопіць, хопіць. Ляшчам не застанецца.

Вялікія круглыя камякі перацёртай з семкамі кашы зноў укладваюцца ў вядро, надзьмутая лодка падносіцца да вады і ў яе загружаецца ўсё тое, без чаго ляшча не возьмеш: бляшанкі з вёрткімі чарвякамі, тры катушкі. Але не забыцца б толькі падсачык новенькі, яшчэ не апрабаваны, а таксама — садок для рыбы, ліхтарыкі на святладыёдах, што на галаву чапляюцца, як у шахцёраў… Што яшчэ?.. А-а, ледзьве не забыў… А грузілы, а стужку ліпучую, каб катушкі да калоў прывязаць, а накамарнікі на ўсякі выпадак, бо камар’ё, як звяр’ё, ужо цяпер жыцця не дае. А плашчы на ўсякі выпадак, калі ветрам нацягне дождж. А надзіманы гумовы матрац, куды трэба ўсадзіць па-царску…

Адплываем. Брат арлом сядзіць на матрацы, на хвалістае возера пазірае. I раптам успамінаю: а каша?.. Каша ў вядры так і засталася ля машыны.

— Боўдзіла! — заводзіцца брат. — Вечна ў цябе парадку няма ніякага, вечна ты ўсё забываеш. Цямнець зараз будзе.

Вяртаемся. Бяру кашу. Зноў адплываем. Рыпаюць вёслы. За спінаю нічога не бачу, брат, як палкаводзец, камандуе, рукою то ўправа, то ўлева торкае. Выграбаю вёсламі і ўсё пазіраю на ўсохлы надта ўжо худы братаў твар. Аперацыя на сэрцы дарэмна не мінаецца. I страшны, страшны ён становіцца вечарам, калі стамляецца.

Да калоў падплываем, калі залацістае вялікае сонца кранаецца вады. А работы яшчэ — непачаты край, як маці некалі казала… Трэба катушку да кола ліпкай стужкаю прымацаваць, трэба жылку з гумкаю адвесці ад кола метраў на сто, не меней, бо лешч — асцярожны, на дурніцу яго не возьмеш… Там жа, на канцы гумкі, грузіла з паплаўком трэба ў ваду апусціць. Назад да катушкі трэба вярнуцца і, зачапіўшы за крайнія кручкі пластмасавыя паплаўкі, апусціць іх у ваду — гумка тут жа пацягне гэтыя паплаўкі туды, дзе будзем карміць рыбу.

Зноў трэба адплываць ад кола і плысці да паплаўкоў і карміць, карміць ляшчоў, якія недзе там, пад паверхняю хвалістай вады, плаваюць парамі ад берага да берага. Ляшчы чамусьці парамі гуляюць… I зноў да кола трэба плыць, вёрткіх чарвякоў на кручкі трэба чапляць, званочак звонкі трэба да жылкі мацаваць. Гэта ўсё — работа з адной катушкаю. А такіх сёння тры. А яшчэ ветрык лёгкі лодку ўвесь час зыбае, адносіць убок. А брат камануе, падганяе… Аж спіна мокрая.

Калі трэцюю катушку прывязваю да кола, у спешцы, адной рукою трымаючыся за кол, а другою — за катушку, нечакана адчуваю, што яна выслізвае з пальцаў і ў ваду — боўць…

Лепш я б сам туды боўтнуў.

— Боўдзіла! — толькі і гаворыць брат. Лепш бы ён мне аплявуху залімоніў. Брат адварочваецца і глухавата жаліцца не мне, а таму, хто ўсё гэтае агромністае і бязмежнае стварыў і цяпер, мабыць, зверху на тварэнне сваё з ухмылачкаю пазірае. — Такая катушка, яшчэ савецкая, не сённяшняя кітайская падробка… Жылкі сто метраў, гумкі дваццаць… Кручкоў пяць штук, японскіх, кобра… Павадкі, пацерачкі, вяртлюжкі… Цэлы надвячорак угробіў… Чарвякоў накапай. Кашы навары… А-а, што яму, на ўсё гатовенькае прыкоціць… Той раз падсачык утапіў, гэты…

Вось табе і на… Я думаў, што яму ласку раблю, на рыбалку адвозячы, аказваецца…

Але цярплю, маўчу, як кляты.

Распранаюся і асцярожна, каб лодку не перакуліць, апускаюся ў ваду.

А не то будзе, як сябруку, які хваліўся, што ягоныя гены пальцам не прыкрыеш…

Як мае быць да рыбалкі падрыхтаваўся. Боты з шырокімі халявамі на ногі ўсцягнуў. Навошта яны яму спатрэбіліся сярод лета? Бінокль цэйсаўскі, дарагі, на шыю начапіў. Мабыць, шчупака ў вадзе марыў разгледзець. Нож-фінку ў кожаным футалярчыку да пояса прымацаваў. Усё зрабіў па-гаспадарску, як дзед ягоны рабіў, калі жарабкоў і авечак гадаваў.

Гумовую лодку напампавалі, яго ў яе пасадзілі, вёслы ў рукі далі, спінінг збоку: плыві, родненькі, геніяльны ты наш…

Ён і паплыў. Ды не да чароту гнуткага, дзе шчупак хаваецца, а чамусьці на сярэдзіну возера. Заплыў. Глядзім: падняўся ў лодцы, як помнік на гарадской плошчы ўзвысіўся, і спінінгам махануў, адчаюга…

I імгненна спінінг у адзін бок паляцеў, ён — у другі, а перакуленая лодка зверху яго накрыла. Плаваць сябра не ўмеў, інтэлігент няшчасны, рукамі і нагамі па вадзе малоціць:

— Базыль! Базыль!..

Думалі напачатку — дзесяцікілаграмовы шчупак яго на дно цягне.

Бот японскі, калі нагамі малаціў, у ваду навечна боўтнуў. Барада злямчылася, слізкая — не ўзяцца, калі да берага цягнуў. Спінінг не знайшлі. Пра бінокль і казаць нечага… Ледзве адкачалі.

Потым ужо, на беразе, я сказаў:

— Ну, што, геніяльны ты наш, не цябе нам шкада, а гены твае, яшчэ трохі — і яны навечна ў вадзе засталіся б… Гэтак жа, як катушка, — спрабую нырнуць, каб знайсці яе.

О-о, якая мокрая і непрыемная вада! Ды і глыбіня — метры тры, не менш, недарэмна пяціметровыя калы высякалі. Пакуль рукамі дно дастаю, ужо ў вушах пачынае звінець і вочы, адчуваю, як у таго ляшча, на лоб пачынаюць лезці. Апускаю руку ў глей. Ён мяккі, як пух. Дзе ты ў ім катушку знойдзеш… Гары яна гарам… Пробкаю выскокваю на паверхню, хапаю ротам паветра.

I як там, у гэтай багне, ляшчы жывуць, чаму і чаго яны радуюцца?

— Ну, што? — пытае брат.

— Глей там. Не знайсці, — адказваю і зноў асцярожна забіраюся ў лодку, што грозна зыбаецца ад кожнага руху.

— Ладна, — прымірэнча гаворыць брат. — На адну буду лавіць. На рабоце магніт вазьму. У наступны раз мы яе магнітам знойдзем. Чарвякоў давай, разявака.

Цярплю, маўчу.

Непрыкметна зямлю агортвае цемень. Слабыя хвалі рытмічна гайдаюць лодку, прывязаную да калоў. Камар’ё клятае ветрык знёс да прыбярэжных кустоў — ціха, чыста цяпер вакол нас і мо таму дзённы і штодзённы тлум таксама выветрываецца з душы. З-за невысокіх хмар вылузваецца месяц і адразу з’яўляецца рухомая срэбраная паласа вады — цягнецца да далёкага берага. Там нехта распаліў вогнішча і, як бывае ў такіх выпадках, здаецца, што там, адкуль даносяцца незнаёмыя галасы, чуецца звонкі жаночы смех і нават даплывае песня — не эстрадна-блатняцкая, не… — здаецца, што там і шчасце тваё…

I такое адчуванне, што не на рыбалцы мы, не на вадзе азёрнай, а ў нейкім іншым загадкавым свеце, і толькі цяпер разумець пачынаю, што ўсе мае веды, пачутыя ад настаўнікаў і з кніг вычытаныя — не дакладныя, што сусвет зусім па-іншаму злеплены.

Я гляджу на ваду ціхую, на прытухлае, але не зусім чорнае воблачнае неба, дзе зор не бачна, і ўспамінаю чамусьці радкі з верша паэтэсы, што заўчасна пайшла з жыцця:

Гэты вечар не твой,

Гэта ноч не мая,

Ты не будзеш са мной,

Я не буду твая…

Як і многія паэтэсы, яна была няшчаснай у жыцці, ёй вельмі хацелася таго чыстага і светлага пачуцця, без якога цяжка, а мо і немагчыма жыць, і таму яна…

Паэты ўвогуле няшчасныя, шчаслівых, мабыць, і не бывае, бо адчуваюць кожным нервам гэтую вялікую таямніцу, якая акружае чалавека ад ягонага першага крыку і да апошняга. I гэтая таямніца акружае ўсё жывое. Асцярожным словам яны мкнуцца расказаць разумным адукаваным людзям пра гэтую таямніцу, якую ніякімі формуламі, ніякімі законамі спасцігнуць нельга і без адчування якой чалавек, мабыць, не можа жыць.

…Усё ведаюць палітыкі, але бяссільныя перад дарам сапраўдных паэтаў прадбачыць будучае.

…Бо, як сказана ў адной кнізе, спачатку было слова, і ведаюць палітыкі, што толькі праз слова і дзякуючы слову чалавек зможа ўведаць ісціну і тады ўжо — гора, гора будзе ім, людзі пачнуць смяяцца з іх…

I яшчэ я думаў…

А ў брата між іншым клёў пачаўся. Так і чуецца:

— Ёсць…

Пасля гэтага брат махае рукамі так, што лодка ходзіць ходырам — выцягвае жылку стометровую, цягне таропка, быццам гэтая рыбіна апошняя ў ягоным жыцці.

Не вытрымліваю:

— Можаш спакайней?.. Лодку перакуліш.

— Ты ўжо лепш памаўчы, рыбачок, які катушку ў вадзе губляе. На большае ты не здольны. Не вучы вучонага. Разбяруся і без тваіх парад.

Што ж, цярплю, маўчу…

Выцягвае ён падлешчыкаў грамаў па дзвесце, называе іх ляшчамі. Падвёўшы аднаго да лодкі, выцягвае з вады — падлешчык, на дзіва, спакойна даецца яму ў рукі, нібы ручны… Бачу ў цемры, як чыстым золатам гараць круглыя неміготкія вочкі рыбіны. Бачу срэбраную луску. Брат здымае падлешчыка з кручка і, фарсіста падкінуўшы яго ўгору, кідае ў садок, што ля борта лодкі боўтаецца ў вадзе. Як знарок ён гэта робіць, бо клёву ў мяне няма.

Хоць і цёмна, але адчуваю, што аднекуль з’яўляецца жаба, на грудзі ўзбіраецца і пачынае душыць, душыць, змушае мяне шаптаць чарговаму падлешчыку: «Ды выплюнь ты чарвяка таго, выплюнь… Няўжо табе мала кашы гарохавай?»

Не аднаго харошага чалавека гэтая жабоцька прыдушыла. Бывае, як прывяжацца, дык і не адпускае і тады ўжо ад чалавека нічога людскага не застаецца, толькі адзін цень, што без толку соўгаецца па зямлі…

На ляшчоў мы пачалі ездзіць толькі гэтым летам, дагэтуль брат карасёў лавіў на закідуху — грамаў па сто — дзвесце, іх ён называе карасішчамі…

— Табе, можа, падсачык даць? — пытаю я.

— Не трэба мне твой падсачык. Я яго запраста, рукою вазьму. Вось так, вось… Ты лепш сваю катушку глядзі, — адказвае ён.

Маўчу…

Недзе ў дзве гадзіны ночы брат узрадавана шэпча:

— Ёсць. I ладны, як парася.

I рукамі махае — жылку выцягвае.

— Ты хоць жылку ў ваду спускай, бараду зробіш, да світанку не разблытаеш, — кажу я.

— Абыдуся і без тваёй парады, рыбачок…

Метраў за дваццаць ад лодкі з’яўляецца хваля, брат паверх вады цягне рыбіну да лодкі. I сапраўды, гэта ягоны вечар і ночка ягоная… Вялізнага ляшча, як плаху валачэ. I чым бліжэй да лодкі, тым больш трывожыцца лешч, блізкую бяду чуе — «разгульваць» пачынае злева направа… Але ж і брат не промах — валачэ і валачэ ляшча і бармоча адно і тое ж, як п’яны:

— Хар-рошы лешч! Такога я яшчэ не цягнуў. Хар-рошы.

— Падсачык даць? — пытаю я.

— Не трэба. Я яго з вады падымаць не буду. Я яго ў вадзе вазьму, вось так, рукою.

Брат нагінаецца да борта лодкі, цягне руку да галавы вялізнага, кілаграмы на тры, ляшча.

А тым часам лешч, угледзеўшы братаву руку, рэзка разварочваецца гнуткім целам, лёгенька, бы гнілую нітку, абрывае павадок з жылкаю нуль тры, і знікае ў блізкім яму свеце — тут жа падаецца, мабыць, да сваёй ляшчыхі, без якой не ўяўляе жыцця…

Адкрыўшы рот, брат так і застыў з працягнутай да вады рукой — хоць ты з яго помнік ляпі, у цэнтры горада выстаўляй і надпіс пад помнікам рабі: «Рыбак, што ляшча правароніў…»

О-о, цікавым атрымаўся б той помнік! Рыбакі валам бы валілі б да яго, махаючы рукамі, гаманілі б пра свае прыгоды, смяяліся б і рагаталі ўпокат, анекдотамі душы свае весялілі б. Глядзіш — і паляўнічыя там паказаліся б, свае прыгоды пачалі б плесці… Ля натоўпу тут жа, як з-пад зямлі, дзяўчаты з’явіліся б, для блізіру семкамі пачалі б гандаляваць… Знаёмствы пачаліся б… Я з дому гармонік прывалок бы, урэзаў бы польку-бабачку! Танцы пачаліся б… Песні і прыпеўкі пачуліся б… Э-эх, як там забруіла б сапраўднае жыццё!

Шкада, шкада, што я не скульптар, што не паэт — няма ў мяне здольнасцей апісаць усё тое, што жыццём называюць…

На брата гляджу, у вочы ягоныя. Яны ў яго цяпер, як у таго падлешчыка, якога нядаўна з вады выцягваў, круглыя-круглыя… I — неміготкія, канечне ж…

I тут, нарэшце кажу, дагэтуль цярпеў, маўчаў:

— Ну, што, давыпендрываўся?.. Падса-ачык яму не трэба… Руко-ой вазьму, — салодзенькім галаском перадражніваю. — Табе не ляшчоў лавіць, табе толькі карасёў балотных на закідуху цягаць… Табе толькі яршоў саплівых лавіць, на іх ты спец. Ду-урыла!..

Брат уздыхае, потым выдыхае з сябе паветра, і нейкім, дагэтуль не чуў ні разу, ціха-жалобным голасам выводзіць:

— Харошы быў лешч. Кілаграмаў пяць, не меней. Такі павадок абарваць — запраста! Я ніколі не думаў, што ў яго такая сілішча…

Я сядзеў у рыбацкім крэсле і, хоць у мяне былі заплюшчаны вочы, усё бачыў…

Гэты вечар не твой,

Гэта ноч не мая…

8

.. I спытаў я ў Лупавокага пра тое найгалоўнейшае, што мяне трывожыла, што не давала спакою:

— А вы як адносіцеся да смерці?

Думаў, што ён зноў лапкаю махне і пра чарговы этап развіцця сваёй планеты пачне расказваць. Аж — не… Ён утаропіўся ў мяне, маўчаў, мабыць, думаў, як бы мне больш даходліва ўталкаваць.

I раптам ён пачаў:

— Каб сказаць, што такое смерць, трэба добра ведаць, што такое жыццё. Вось скажы, што ёсць жыццё?

Нездарма доўга маўчаў Лупавокі. Хоць я чалавек і разумны, але ад нечаканасці рукамі развёў:

— Як табе сказаць… Пра якое жыццё ты пытаеш?

— Пра ваша, канечне, пра зямное.

Адразу ж мне ўявілася Зямля, спрэс ахутаная дымнымі воблакамі. Нетаропка круціцца яна вакол сваёй нахіленай восі і кружыцца вакол свайго гаючага свяціла. I паспрабаваў я ўявіць не чалавечае жыццё, а найперш гэтую безліч неймаверную рухомага і нерухомага, крыклівага і безгалосага, малюсенькага, што толькі праз мікраскоп угледзіш, і агромністага, што ганяецца адно за адным і што жыве адно за кошт другога, што сплецена адно з адным і пераходзіць з аднаго ў другое, што паяўляецца з невядомасці, гіне і тут жа ўзнаўляецца…

I як жа яму, Лупавокаму, расказаць пра гэтую таямніцу і загадку, што ўсю Зямлю пранізвае, пачынаючы з глыбінь марскіх і заканчваючы нябеснымі высямі?

Мабыць, я заціх ненадоўга, бо Лупавокі пачаў мне рабіць наводачкі:

— Вашы вялікія прарокі і прадказальнікі гаварылі…

— А, ведаю, пра каго ты… Настрадамус і бабка Ванга…

— Ды не-ее… — працягнуў Лупавокі. — У вас іншыя былі, якія пра грошы і прыбытак пісалі. Калісьці Маркс і Энгельс усё прадбачылі.

Глядзеў я на яго, вытарашчыўшы вочы. Сказаў толькі:

— У нас жа іх, як ты кажаш, на гістарычны сметнік выкінулі.

— Дарэмна, дарэмна… Яшчэ не раз вы будзеце выцягваць іх з таго сметніка. Дык вось, адзін з іх сказаў, што жыццё — спосаб існавання бялковых цел, барацьба за выжыванне правіць усім… Ты ведаеш пра гэта?

— Вучылі калісьці, — прагаварыў я, «прыціснуты» фактамі. — Але гэта было даўно. Цяпер у нас столькі навін у стоканальным тэлевізары, у тым жа інтэрнэце гэтулькі розных меркаванняў, што і не ведаеш, хто кім правіць.

— Ну, дык я табе падкажу… У святле вучэння вашых прарокаў усе праблемы смерці вырашаюцца проста: ёсць барацьба за выжыванне бялковых злучэнняў: адно гіне, тут жа з’яўляецца новае… Ёсць такая форма існавання бялковых злучэнняў. Толькі і ўсяго. Разумееш?

Ці хітрыў ён, ці нічога не разумеў. Я адразу ж пайшоў у наступленне:

— Пра іншыя бялковыя целы не магу ручацца, але ж я, чалавек, — тут у гарачцы кулаком сябе ў грудзі ляснуў, — адчуваю, што падчас смерці штосьці адбываецца. Нейкая таямніца тут ёсць. Таму мы і палохаемся смерці. Усё жывое палохаецца смерці… На гэтым жаху, можа, наша жыццё трымаецца. На ім, а не на нейкай тваёй барацьбе. I мудрасць народная зводзіцца да таго, каб людзі не баяліся смерці. Штосьці таемнае ёсць між людзей, тое, што важней барацьбы, важней смерці… Пра ўсё гэта паэты гавораць… Разумееш, пра што гаворка вядзецца?

— Ха-ха, знайшоў каго слухаць, паэтаў малаадукаваных… Што яны ведаюць, твае паэты? — Лупавокенькі з крэсла свайго падняўся і пачаў швэндацца перада мною ўзад-уперад. Як лектар які, і пазіраючы на мяне вузкімі неміготкімі вачыма, кажа:

— Вы яшчэ не дараслі крышачку да разумення сапраўднай сутнасці. Што ж, бачу, ты чалавек разумны, таму трошкі і прыадкрыю табе, як ты кажаш, схаваную ад жывых таямніцу. Нашы вучоныя даведаліся, што справа тут не ў бялковых целах, тут усё складаней. Бялкі і ўсё астатняе, што вы называеце жывым рэчывам, гэта толькі вяршыня айсберга. Углыб, углыб матэрыі мы зазірнулі, туды, дзе кваркі знаходзяцца, дзе глюоны. I што ж мы там знайшлі, як думаеш, чалавек разумны і кемлівы?

Маўчаў я, пазіраючы на Лупавокага.

— А нічагусенькі мы там не знайшлі. Вось у чым парадокс парадоксаў. Адны згусткі энергапалёў рознага характару. Ядзерныя — ну, пра іх ты з квантавай механікі ведаеш, — глюонныя — вы іх потым адкрыеце і палтэргейст навучыцеся рабіць. Матэрыя, калі вывучаеш яе, знікае, як міраж… Вось гэтыя нябачныя энергапалі і ствараюць усё тое, што вы называеце атамамі, малекуламі, бялкамі, а там ужо — лапкаю падаць — і ўсё астатняе, што ты жыццём называеш: і малпа крыклівая, і леў грозны, і чарвяк вёрткі, і рыбіна, і птушка, і мікроб нябачны. Ніякай выпадковасці ў прыродзе няма і не можа быць… Але самы галоўны парадокс у тым, што паяўляюцца бялкі з нічога, як тая ж манна нябесная…

— На што ты мне намякаеш? — я ніяк не мог зразумець сутнасці ягонай логікі.

— А ўсяго толькі, што жыццё — гэта сон, міраж. I нечага тут кашалі плясці пра нейкую так званую загадку смерці. Няма ніякай загадкі — вось што вы павінны зарубіць на сваіх глюгастых насах раз і навечна. Канечне, гэта цяжка зрабіць, лягчэй ухапіцца за хлуслівыя выдумкі. Вы павінны засвоіць новую філасофію жыцця і тады вам стане лягчэй жыць. Смерці няма, як і жыцця няма, ёсць толькі пераход адных палёў у другія…

Вось табе і на: часу — няма, адны нябачныя фанцікі з чыпамі правяць жыццём, смерці — няма, а само жыццё — усяго толькі сон…

Мабыць, у мяне быў надта ашаломлены выгляд. Крыху перадыхнуў і пытаю ў свайго настаўнічка:

— Дык з чаго ж нам пачынаць?

Зноў Лупавокі наблізіў да мяне свае вочкі.

— Як і ўсякая новая філасофія, гэтая павінна замяніць старую.

— Якую? У нас іх шмат: і хрысціянства, і буддызм, і мусульманства. А яшчэ ёсць атэісты, тыя наогул усе рэлігіі адмятаюць.

— А ўсе рэлігіі чохам — на гістарычны сметнік пад націскам прагрэсу. Там даўным-даўно ляжаць нікому непатрэбныя вашы перуны, лесуны, русалкі, вадзянікі. Там жа — і алімпійскія багі. Вечна вы трымаецеся за штосьці незразумелае, чаго няма на свеце. Каму моліцеся? Чаму пакланяецеся? Апамятайцеся!.. Міфам моліцеся. З-за гэтых міфаў распачынаеце войны, адно аднаго гатовы спаліць жыўцом.

— Каго гэта мы спалілі? — пытаюся.

— А-а, забыліся, быццам язык праглынуўшы, святымі хочаце быць… А хто адкажа за крыжовыя паходы, калі пад сцягамі рэлігійнымі лілася кроў? А хто тапіў людзей у рачных водах, калі сілаю хрысцілі нязгодных, якія пакланяліся Вялесу?.. А каго інквізіцыя паліла?.. Хто спаліў Джардана Бруна, за што яго на вогнішчы жыўцом спалілі?.. Хто Гуса спаліў — не скажаш мне?..

— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? — здзівіўся я.

— А ўсё адтуль, з інфармацыйнага поля, якое ахутвае вашу планету. Вы яшчэ і не ведаеце толкам, што такое — інфармацыйнае поле. Мы да яго праз глюонныя генератары напрамую можам падлючацца. Мы за вамі пільна сочым, вядзём дакладны падлік. Усё, што вам хаосам здаецца, сапраўды — зусім не хаос, волас з вашай галавы не ўпадзе без нашага рашэння. Вы яшчэ не ведаеце, чаму грэшнікі шчасліва жывуць да глыбокай старасці, а праведнікі раней часу ў нябыт адыходзяць… Да пары да часу вы і не будзеце гэтага ведаць. Хутка мы вам такія ісціны адкрыем, ад якіх у вас вочы на лоб палезуць…

Во, заспяваў! Вось дзе саломка падаслана!

— Ды на што ты мне намякаеш? Калі я думаю, што Зямля наша — жывая і, што яна можа думаць, дык за гэта і мяне могуць спаліць?

— Не пужайся, жыць будзеш, — суцяшае ён мяне. — У вас іншых метадаў хапае ад пуза. Сучасных.

— Што ж гэта за метады? — пытаюся.

— А просценькія… Не трэба ведаць людзям пра твае меркаванні і разважанні… Маўчы, хавайся — вось лозунг, якім новыя не ўзгодненыя з намі ідэі глушацца на корані. А думаць думай, хоць засілься ад сваіх думак. Каму гэта трэба і каму гэта цікава? За цябе ёсць каму думаць. Палітыкі хай думаюць, стоканальны тэлевізар хай думае, газеты хай думаюць… Людзі маўчаць павінны, маўчаць. Ведаеш, як у вас некалі адзін паэт сказаў: пасіцеся, народы свету, вас трэба рэзаць ці стрыгчы… Пасля гэтых слоў яго, дарэчы, з пісталета грохнулі… Вось і ты не высоўвайся, маўчы, як рыбіна, тады і жыцьме будзеш…

Памаўчаў Лупавокенькі. А затым вочкі да мяне наблізіўшы з дапамогаю нябачных рэжысёраў і аператараў, пачаў адукоўваць:

— Няўжо без сваіх пустых міфаў вы не можаце жыць? Баіцеся зірнуць праўдзе ў вочы… Няма ні пекла, ні раю — у прыродзе іх няма… Пра гэтае ж самае некалі і вашы вялікія прарокі гаварылі — пра рэлігію, як опіум для народа.

«Во, прычапіўся ты да гэтых прарокаў!» — хацелася ўсклікнуць мне, ды маўчаў, слухаючы яго.

— Ну, а ў практычным плане… Кідайце вы дурнотай займацца, на сутнасць, на сутнасць сваю зірніце…

— I што? — ніяк не мог зразумець я.

— Адзенне — далоў… Прычоскі там розныя, лакі-шмакі, пазногцікі фарбаваныя, ліфчыкі-шміфцікі — навошта вам усё гэта? Танцы-шманцы, музыканты, паэты твае хвалёныя, спевакі, мастакі — усе яны насельніцтву толькі мазгі пудраць, адрываюць ад планаў, ад канвеераў, ад работ важных… На сутнасць глядзіце адкрытымі вачыма. А то зарплаты бухаеце чорт яго ведае на што… Нашы гуманоіды, якія ў вас пабывалі, такі жах нам паведамляюць. Што вы робіце?.. Жыццё адно аднаму скарачаеце: здрады, палюбоўнікі і палюбоўніцы, забойствы, крадзяжы, карупцыя невыводная, хлусня суцэльная… А з-за чаго ўсё, калі разабрацца на цвярозую галаву?.. За чым усё жыццё ганяецеся? Чаму ў старасці кожны з вас бездапаможны і пакрыўджаны невядома кім не можа сам сабе сказаць толкам: куды ж знікае той салодкі агонь, што дагэтуль душу грэў? I тады толькі, на фінішы, кожны з вас пачынае разумець, што нічога яму не трэба: ні адзенне, ні лакі, ні шмакі, што ўсё жыццё чалавек ганяўся за міражамі. Вось таму мы і сцвярджаем, што жыццё — салодкі гэта сон, не больш. Няма ў жыцці ніякага сэнсу, які вы так шукаеце стагоддзямі і тысячагоддзямі, няма…

Прызнаюся шчыра, у мяне і рукі апусціліся, і сказаць яму нічога не мог. Усё ён быццам бы правільна гаварыў, лагічна, а між тым, між тым… Нейкі фокус ён учыніў… Маўчаў я, а гэтае зеленапузае стварэнне мне далей пра сутнасць гаварыла:

— Канечне ж, вы рухаецеся ў кірунку пазнання сутнасці, але ж вельмі павольна.

Тут я не вытрымаў, зноў руку ўгору падняў:

— Пачакай, пачакай… Дай перадыхнуць трохі.

— Згодзен. Новую філасофію нялёгка прыняць і засвоіць. Новая філасофія, дарэчы, будзе фармаваць і новы парадак вашага жыцця. Без новай філасофіі жыцця, павер мне, вы ніяк не выкруціцеся. Адкінеце вы ўрэшце сваё хрысціянства, мусульманства і буддызм пад націскам прагрэсу, нідзе не дзенецеся, а ўзамен што будзе?..

— Дык у чым жа сутнасць тваёй звышновай філасофіі? — пытаю.

Ён адказвае:

— НАМ УСЁ ДАЗВОЛЕНА.

Я зусім сумеўся, гледзячы на гэтага метровага бязносага гуманоіда, якому ўсё дазволена. I не ведаў, шчыра скажу, ці плакаць мне, ці смяяцца… А яму было не да смеху, ён далей мне прарочыў:

— Гэта наша галоўная запаведзь. I яшчэ ў нас ёсць запаведзі:


ГУМАНОІД — САМАЕ ДАСКАНАЛАЕ СТВАРЭННЕ Ў СВЕЦЕ.

УСЁ Ў СВЕЦЕ I СУСВЕЦЕ ТОЛЬК ДЛЯ ПАТРЭБ ГУМАНОЩА.


Мы даўным-даўно вырашылі праблему, над якой вашы філосафы якое стагоддзе голавы тлумяць — хтоперад кім танчыць: вы перад Зямлёю і Сусветам, ці — Зямля і Сусвет перад вамі? Мы, мы гаспадары не толькі нашай Дзэты, але і Сусвету. Сам бачыш, якія агромністыя піраміды мы пабудавалі для сваіх патрэб, сам бачыў нашы падземныя заводы і тунэлі, сам бачыў нашы агромністыя караблі на моры, сам бачыў нашы лятаючыя талеркі, сам бачыў, які парадак мы навялі на нашай Дзэце. Мы яшчэ не тое зробім. I, павер на слова, нішто нас не стрымае, супроць прагрэсу не папрэш… Мы Дзэту ўдасканальваем, як хочам, для сваіх патрэб яе ладзім.

Тут ён нечакана, ні з таго ні з сяго, на крэсліца ўскочыў, застыў там, лапку да мяне працягнуў і гучным басам, у мяне аж у вушах заклала, сказаў:

— Мы не можам чакаць літасці ад Дзэты, узяць яе ў свае лапкі — наша задача!

Пасля гэтага ён з крэсліца спусціўся, але не супакоіўся:

— I ў філасофскім плане ў нас поўны парадак. У нас яшчэ ёсць запаведзі, на іх я табе намякаў дагэтуль.


ФАНЦІКІ — ГЭТА ЧАС.


Без фанцікаў, як і без часу ніводная цывілізацыя не можа існаваць. Знайшоўся ў вас некалі адзін чалавек, які на фанцікі замахнуўся, мянялаў з храма пачаў выганяць… I што вы з ім за ягоныя выхадкі зрабілі? На крыж яго і — цвікамі калёнымі да дрэва, цвікамі… Каб іншым непанадна было на фанцікі замахвацца, яго, укрыжаванага, вы побач з разбойнікамі на гары вывеселі…

I яшчэ ёсць запаведзь:


ЖЫЦЦЁ — СОН.


Добрая гэта запаведзь, добрая…. Яна вашых людзей будзе супакойваць лепш за наркотыкі…

На аснове гэтых запаведзяў мы будуем новую мараль. Падумай добра, чалавек разумны, і ты сам са мною згодзішся.

I знік Лупавокі, растаў, бы міраж.

Я быў агаломшаны, цяжка ўздыхнуў. Падумаў, яшчэ трохі — і пачну верыць, што жыццё — усяго толькі сон…

Вочы заплюшчыў і сам з сабою, разумным, пачаў гутарку. Адзінота на мяне добра дзейнічае. Але не пра гэта цяпер хачу гаварыць.

Пра жыццё я думаў, пра смерць…

Зачапіў, надта зачапіў маю душу сваімі разважаннямі гэты Лупавокенькі. Як і многія, я не кожны дзень думаў пра смерць, пра сэнс імгнення пражытага. Я — звычайны чалавек са звычайнымі чалавечымі слабасцямі, я не філосаф, і нават не палітык — гэта ім усё да дробязей вядома…

Зноў брат успомніўся, — як моршчыцца ягоны твар пад вечар, калі ён пасля рыбалкі стомлены садзіцца ў легкавік і ўсё хапае таблеткі гаючыя…

I пра рыбалку ўспомнілася, і не летнюю, а тую, зімовую, — калі халодны вецер студзіць пальцы, калі бачыш, як дрогкі лёгкі паплавок усплывае на паверхню вады і кладзецца набок, тут ужо не праваронь толькі — рывок вудачкі ўгору… I адчуванне ільдзініста-халоднай рыбіны, мо нават і ляшча, што пругка нацягвае жылку… А затым — позірк у беласнежную далеч, дзе горбяцца рыбакі, якія пільнуюць сваё шчасце… А ты глядзіш на варон, што кружаць і кружаць над рыбакамі, каркаючы, перагаворваюцца між сабою і ўсё чакаюць, калі хто з іх адвернецца, каб імгненна скрасці ягоную рыбіну… I разумееш нечакана, што для цябе, як і для гэтых рыбакоў, сцішана-затоеных, галоўнае — не рыбалка, не, галоўнае — адчуванне прасторы і свабоды, што цешаць душу…

Прыгажуня ненаглядная ўспомнілася, мабыць, з адчаю тэлевізар пабіла і цяпер з надзеяй пазірае ў акно, мяне чакаючы…

I радкі паэтэсы ўспомніліся:

Гэты вечар не твой,

Гэта ноч не мая…

I яшчэ радкі аднаго паэта ўспомніліся:

А была, толькі ночка была,

Толькі ночка на ранішняй сіні,

Калі ішоў я ўскраем сяла,

Калі кані застацца прасілі…

Быў ён тады малады, прыгожы і з лёгкасцю, як гэта бывае ў маладосці, пакідаў родны дом, усё спадзяваўся на шчасце, якое чакала там, удалечыні…

I яшчэ мне падумалася пра сінявокага сямнаццацігадовага хлопца, які захварэў на сухоты. Быў ён у той час далёка ад радзімы, сумаваў па родным краі. I ведаў, што памірае. Ведаў і напісаў:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Чаму ж ён быў не самотны перад адыходам туды, дзе энергетычныя палі, дзе чорныя дзіркі, дзе ненажэрная пустэча?

Ён усяго толькі і меў радасці — кнігу тоненькую, у якой пісаў, як у бубны дахаў вецер б’е, як у лесе гул магутны чуецца — то лясун гудзе… I яшчэ ён пісаў пра нас тагачасных:

Краю мой родны!

Як выкляты Богам —

Столькі ты зносіш нядолі…

9

А тады я і пытаю ў гуманоіда:

— Скажы, як на духу, навошта мы вам спатрэбіліся, калі вы такія разумныя? Думаю, вы не проста да нас свае талеркі пасылаеце. Не проста ж вы мяне тут улагоджваеце: і рознымі кашамі корміце, і крэсла-ляжанку падсоўваеце, і дасягненні свае паказваеце, сакрэтаў сваіх не хаваеце. Вы ж, мабыць, і палтэргейст у нас робіце, так?

А ён мне:

— Так, можам рабіць на адлегласці. Праз глюонныя сувязі мы яго можам рабіць, дзе захочам. Не толькі ў сябе на Дзэце, але і на вашай Зямлі. Атрымліваецца поўная матэрыялізацыя: і гукі ствараем, і пахі, і прадметы можам варочаць… Лятаючыя талеркі, якія вы сустракаеце на Зямлі, ёсць не што іншае, як тварэнне глюоннага генератара, — ён стварае ілюзію рэальнасці, таму вы ніяк і ніколі не можаце злавіць ці збіць нашы плазмоіды… Канечне, не без гэтага, — час ад часу мы і самі прылятаем да вас, каб паназіраць і пракантраляваць, што ў вас творыцца. Мы адкрываем новы этап пазнання прыроды. Як чалавеку разумнаму, скажу табе: ў нас з’явілася невялічкая праблема.

— Ну, кажы, кажы пра сваю праблему, — прыспешваю я яго, і адчуваю: вось яно, галоўнае, пачынаецца, вось той кручочак, на які, быццам на жыўца, хоча злавіць мяне Лупавокенькі.

— Па незразумелай прычыне ў апошні час працягласць жыцця гуманоідаў пачала скарачаецца. Робіць, робіць гуманоід, толькі-толькі яму надыходзіць пара ісці на адпачынак, а ён… I яшчэ адно назіраецца: тоўстыя — таўсцеюць, тонкія — худзеюць… Мутацыйны працэс рэзка павялічыўся. А ўсё гэта — выдаткі вытворчасці, прадукцыйнасць падае, эфектыўнасць дзейнасці набліжаецца да нуля цэлых нуль дзясятых працэнтаў. Планы, а яны ў нас, павер, аграмаднейшыя, рушацца. Да ўсяго ж яшчэ мікробы на нас наваліліся. I труцім мы іх, і лякарствы найноўшыя прымяняем, а яны імгненна мадыфіцыруюцца і зноў плоймаю на нас навальваюцца. Вось таму ты нідзе на адкрытым паветры нас не бачыў. Гэтае паветра мы так стэрылізуем, так стэрылізуем, а толку — ні на іголку… У лясах і палях, ты сам бачыў, мы парадкі збольшага навялі: дзе — павыбівалі лішняе звяр’ё, а дзе — патруцілі, лішнія расліны, нам непатрэбныя, мы пестыцыдамі вывелі. У моры сваім мы рыб драпежных знішчылі, сем відаў пакінулі. А вось што рабіць з вірусамі — ніяк не можам разабрацца.

Гляджу, як ён толькі ўспомніў пра мікробаў і вірусаў, яго ажно закалаціла. З крэсліца свайго ўскочыў і забегаў узад-уперад перада мною. Цяпер ён ужо і на мяне не пазіраў, а ўсё перад сабою глядзеў, быццам там гэтых мікробаў і вірусаў бачыў і ўсё гаварыў:

— Яны ж — жывыя, гады… I шмат жа іх, усё пранізваюць: і звяроў, і птушак, і рыб — цэлая нябачная цывілізацыя… Яны ж пэўную форму маюць, па форме амаль гэткія ж, як і мы, бываюць… Ты ўяўляеш: у клетку жывую малюсенькую залазяць, яе генетычны код на свой капыл для сваіх патрэб пераналаджваюць, а затым — жывуць, як у бога за пазухай, размнажаюцца, ніяк іх адтуль не выкурыш… Не думаюць, што нам тады — пакутуй ад хвароб розных… Больш таго — паміж сабою яны пастаянна кантактуюць, абменьваюцца інфармацыяй, прыстасоўвацца могуць да чаго заўгодна. Яны ж хітранькія… У звяр’ё, у птушак, у рыб забіраюцца, а затым праз іх да нас дабіраюцца. I яны нам вайну аб’явілі чамусьці. I тут ужо — хто каго… Адных пачынаем труціць ядахімікатамі, гармонамі, антыбіётыкамі, пестыцыдамі, яны тут жа — паміж сабою кантакты наладжваюць, адны другім сігналы перадаюць, форму мяняюць, муціруюць, з птушак у звяр’ё перабіраюцца, са звяр’я да рыб — не злавіць іх ніяк… З яшчэ большай злосцю яны на нас навальваюцца. Мы ж не толькі паветра стэрылізуем, ваду кіпяцім пастаянна, але і стравы абсалютна ўсе кансервантамі кансервіруем… I ўсё роўна яны да нас дабіраюцца і грызуць, поедам ядуць нас… З-за іх наша жыццё скарачаецца. Паразіты, адным словам, свалаччо клятае і праклятае. На дрэвы пазалазаць і, толькі ў лесе пакажашся, яны адтуль на нашы голавы пікіруюць. Па траве босым нельга прайсці — там іх кішмя кішыць… У мора нельга залезці. Пасля таго, як мы калючых нікому непатрэбных мядуз вылавілі і на кансервы пусцілі, яно чамусьці нейкім смярдзючым стала. Мы цяпер ад вірусаў кругавую абарону трымаем. Бо ў любы міг наша цывілізацыя з-за нейкай бацылы можа ляснуцца. Нешта падобнае ў вас было, калі мангольская імперыя развалілася. А з-за чаго, з-за каго? Малюпасенькая заразная блыха ўпілася ў мангола і давай касіць аднаго за другім… А ваш звышмагутны Аляксандр, які паўсвету захапіў, чым скончыў? А іншыя цары і ўладары з-за чаго гінулі? З-за іх, вірусаў праклятых, шчаслівае жыццё ўладароў абарвалася…

I зноў з яго папёрла тое прыхаванае, што дагэтуль ад мяне хаваў старанна — злосць папёрла… Такі малы, меншы за брата майго, нягеглы, а гэтулькі злосці, як маці некалі казала — поўныя косці…

Мне не толькі брат, але і іншыя гаварылі, што надта люблю парады даваць.

— Жэрці трэба меней, тады і жыць будзеце болей, тады і таўсцець не будзеце, тады і здаравейшыя будзеце

А ён мне, не папярхнуўшыся:

— Не, праблема глыбей схавана. Ежа ў нас, сам спрабаваў, каларыйная, энергетычная, засваяльнасць сто працэнтаў, яе і жаваць не трэба. Антыбіётыкамі, гармонамі і стэроідамі прыпраўленая, генетычна пад нашы арганізмы ўдасканаленая, кансервантамі збалансаваная — выдатная ў нас ежа! Мы яе толькі раз у суткі спажываем. Пасля такой правільнай ежы нашы нябожчыкі, якіх у Дзэту закопваем, гадамі не псуюцца, муміфіцыруюцца самі сабою… Мы потым іх, нябожчыкаў муміфіцыраваных, праз генетычны код і кланіраванне ўваскрасаць пачнём. Але не ўсіх, я табе ўжо гаварыў, толькі выбраных…

— А ствалавыя клеткі не дапамагаюць? — ласкава пытаю.

— Спачатку дапамагалі, але не надта… Гэтыя гады-мікрапаразіты, гэтыя вірусы нябачныя да чаго хочаш прыстасуюцца, не толькі да ствалавых клетак…

Падымаюся з крэсла, гляджу на Лупавокага, кажу:

— А што ж вы хочаце мець, даражэнькія? Хай ужо вы мне мазгі пудрыце, хай… Але ж вы што, і Дзэту прыгожую жывую і разумную абдурыць надумалі? Толькі вам жыць хочацца, а іншым нельга, не дазволена? Ні мурашам, ні пчолкам, ні казюркам, ні мятлікам, ні рыбам, ні птушкам, ні звярам — толькі вам можна?.. Толькі вы разумныя, а астатнія ўсе — дурні, у іх толькі адны інстынкты?.. А самі вы адкуль на Дзэце паявіліся? Скажы мне, адкуль вы такія разумныя з’явіліся?

— Мы з дрэў пазлазілі і тут жа за работу прыняліся. Сваімі лапкамі сваё шчасце ляпіць пачалі. Вось так мы і з’явіліся, — у адказ мне паспрабаваў ён адбіцца. — Работа зрабіла гуманоіда Гуманоідус Сапіенсам. Гэтым ён і адрозніваецца ад усіх звяроў і птушак… Ну, і розум, канечне, нам дапамог. Ва ўсіх жывых стварэннях ёсць інстынкты, а ў нас — розум усім правіць…

— А тады, як на дрэвах сядзелі, у вашых галовах быў розум ці толькі адны інстынкты?

Завагаўся Лупавокенькі. Разгубіўся нават.

А я яго дабіваць пачаў:

— Дык скажы ты мне, калі ж у вашых галовах з’явіўся розум?

— Як з дрэў пазлазілі, тады розум і з’явіўся. Разам з работаю і розум з’явіўся… Спачатку той розум быў маленечкім-маленечкім, а потым павялічыўся, да інфармацыйнага поля пачаў падключацца. Цяпер вунь, сам бачыш, які ён стаў вялікім, усю Дзэту ахапіў наш розум. I мы сваім калектыўным розумам праз чыпы і суперкамп’ютар можам у любы момант падключацца да інфармацыйных палёў, становімся яшчэ больш разумнейшымі. У-ух, якія мы цяпер разумныя, не тое, што мінулыя пакаленні!..

— А дурнець ад вялікага розуму не можаце? Пасля чыпавання і кланіравання не пачнеце дурнець, зноў на дрэвы не палезеце?

— Не-е, — заківаў ён галавой. — Ніяк не можам.

— А ён, розум ваш, з космасу да вас прыляцеў? Ты мне скажы ўрэшце, што ёсць ваш розум? Як жа ён, розум, узнік у вашых галовах?

— Ды што ты да мяне прыстаеш з гэтым розумам?! Якая розніца, адкуль і калі ён з’явіўся ў нашых галовах? Можа, з інфармацыйнага поля мы запітваемся…

— А я ў цябе, разумнага, хачу спытаць, чаму вы гэтак смела ўсё жывое вакол сябе нішчыце? Можа, у вірусаў таксама розум ёсць. Можа, вірусы дзеля таго існуюць, каб жыць за ваш кошт? Калі вы Дзэтаю правіць надумалі, то і вірусы не лыкам шытыя… Вы ж цяпер ад відэаэкранаў і крэселляжанак адарвацца не можаце, і скажы мне, што, якая трасца вас ля іх трымае? Iнстынкты ці розум? Можа, хвалёны розум завядзе вас у такую багну, адкуль ніколі не выберацеся? Сляпыя сляпых водзяць… Дзэта думаць не можа, толькі вы можаце думаць? Жах… Па птушках з гармат збіраецеся паліць, хімікатамі рыбу труціце, сем відаў у моры пакінулі… Вы ж сваю

Дзэту ненавідзеце, у піраміды свае пазалазілі, босымі на траву ці ў лес выйсці баіцеся, усіх баіцеся, не толькі мікробаў і вірусаў: і птушак і мятлікаў, і мурашоў… А Дзэце толькі таго і трэба — каб яе любілі і шанавалі як родную маці. Дзэта ад вашай дзейнасці недзе стогне… Дзіўлюся, што яна вас яшчэ церпіць, не скідвае са свайго цела ні землятрусамі, ні цунамі… Можа, разумная Дзэта вірусаў нябачных на вас і насылае, каб суцішыць трохі, ты не думаў пра гэта?

Гуманоід глядзіць на мяне, як аслупянелы. Нават вочкамі не лыпае. А я далей яму «дзярэўню» цёмную прыпамінаю:

— Чаму гэта я і ў лес магу схадзіць басанож, і на рэчку хаджу купацца? I — ніякі чорт мяне не бярэ. А як у вёсцы маёй, якую ты цёмнай дзярэўняю называеш, дык усе людзі з жывёлаю, як роўныя гавораць, мянушкі ёй даюць, сварацца на жывёлу, шкадуюць яе — адной сям’ёю жывуць. Азірніся вакол, паглядзі, можа, на любові ўсё жыццё трымаецца. Так, на ёй, а не толькі на розуме, не толькі на рабоце і на нейкай там барацьбе тваёй. А вы што творыце? Надакучыла зусім, далей ужо няма куды… Чыпы ў галовах манціруеце… Салодкае маленства ад дзетак адбіраеце… Вы што, не петрыце, куды палезлі? Ды вам не толькі вірусы, а і тыя ж палі энергетычныя гэтак і з такога боку таўкануць, што атамная бомба, тыя ж Чарнобыль з Фукусімаю раем пакажуцца… У нас на Новай Зямлі некалі такую вадародную ірванулі, што ледзьве ўсю планету не спапялілі, самі разумцы-вучоныя напалохаліся, не толькі палітыкі, — дзве гадзіны шматвёрстная вогненная сфера палала, яшчэ трохі дабавілі б магутнасці і — Сусветны акіян зашугаў бы… Толькі жахоцце перад вогненнай сфераю і асцепяніла вучоных і палітыкаў. Праўда, перад адпраўкаю да цябе мне стала вядома, што яны ў іншым накірунку ірванулі з усёй сілы — праз калайдэр Бога за бараду наважыліся патузаць, часцінку ягоную, кажуць, ужо знайшлі… Ці не пачнецца тут тое ж, што было некалі з вадароднай, што некалі з вежаю Вавілонскаю было, калі не горай? Сутнасць, сутнасць вам падавай, палтэргейст вы навучыліся рабіць… Глюонныя сувязі вы адкрылі… Вучыць мяне збіраешся, а сам хоць бы транты якія на сябе нацягнуў, сарамоцце сваё хоць бы прыхаваў…

Сам не прыкмеціў, як дражніць пачаў Лупавокага — галаском ягоным заспяваў:

— Каханне вам не трэба, крэсла-ляжанкі вам трэба замест кахання, відэагульні вам трэба, да лісцікаў і да экранаў так папрыліпалі, боўдзілы, што і адрозніць не можаце, дзе жыццё, а дзе выдумка… Дзетак чыпамі з маленства маральна калечыце, не ведаюць, бедныя, што такое — грэх, што такое — сорам. А потым, калі падрастаюць, якімі яны становяцца? Толькі квантавую механіку з энтрапіяю ведаюць. А што яшчэ яны ведаюць? Ды і ты сам пра сарамлівасць, пра грэх нічога не ведаеш. А што такое — грэх?.. Вы ж усе межы пераступілі, Гамору і Садом узаконілі, інкубаторыі для дзяцей узаконілі… Не толькі ўсё жывое на Дзэце загубілі і запаскудзілі, але і саміх сябе спаскудзілі ілжывым словам… Кожны з вас толькі самім сабою заклапочаны. Фанцікамі, чыпамі і крэсламі-ляжанкамі заклапочаныя… Толькі і думаеце, як бы пажыць болей, цераз кланіраванне і замарозку ў вечнасць марыце залезці, толькі і марыце, як бы насалоды болей ухапіць…

Мабыць, у мяне быў надта грозны выгляд, бо гляджу: галоўкаю Лупавокі закруціў, лапкі ўніз апусціў і давай свой гузачок прыкрываць…

Доўга я мараль яму чытаў, а тады ўжо, як на душы трохі адлягло, пытаю:

— Дык якія ў вас, гаротнічкаў, прапановы?

А ён:

— Ваш генетычны матэрыял нам пазарэз патрэбен. Дзе якія эксперыменты мы ўжо зрабілі, калі на Зямлю прыляталі і вашых прадстаўнікоў на талеркі забіралі, каб доследы над вамі правесці. Вынікі станоўчыя. Нашы вучоныя плануюць абнавіць генафонд гуманоідаў вашым генафондам. Гэтай міжцывілізацыйнай акцыяй мы рэзка павысім свой аслаблены імунітэт супроць розных вірусаў.

Тут я рот і адкрыў. А закрыць яго — ніяк не магу, як брат некалі, калі ляшча правароніў.

А ён далей спявае:

— Нічога страшнага, нічога страшнага, няма ніякай містыкі… Мы вам перадаем тэхналогіі, нашы перадавыя дасягненні, а вы нам групку добраахвотнікаў высылаеце. Не хочаце добраахвотнікаў, злачынцаў падавайце. Чым іх у турмах будзеце гадамі трымаць і грошы на іх траціць — вы іх нам высылайце. Мы на іх хуценька аброці накінем, — праз тыдзень, калі чыпаванымі стануць, самі сябе не пазнаюць, шаўковымі стануць… I распачнём мы тады новы гістарычны этап, дзе загаспадарыць Гома Гуманоідус. Ва-аў, які ён будзе дужы і мудры! Мы не толькі пачнём рабіць кланіраванне, мы не толькі новых істот і стварэнняў выведзем, мы ўвогуле новую рэальнасць пабудуем. Калі ты гэтакі ўпарты, дык я тады адкрыю самую вялікую таямніцу, якую дагэтуль мы хавалі ад цябе:


ЭНЕРГАПАЛ! З ДАПАМОГАЮ ГУМАНОIДНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ПАВІННЫ САМI СЯБЕ ЎДАСКАНАЛЬВАЦЬ.


Для гэтага, толькі для гэтага ў свеце мы, гуманоіды, і паявіліся, у гэтым сутнасць нашай гістарычнай і касмічнай місіі. Тут нават і вашы філосафы разам з маралістамі не змогуць да нас прыдрацца, бо ўсё будзем рабіць на законнай філасофскай аснове. Хутка мы над усім Сусветам гаспадарыць зможам. Мы ўсё зможам спасцігнуць, нават у чорныя дзіркі зможам зазірнуць і ўведаем, куды ж матэрыя падзенецца, за радыяцыйны пояс Сусвету выйдзем і з Суперрозумам прамы кантакт наладзім.

Тут я яму:

— I не думай, і не спадзявайся на маю дапамогу… Тут я табе памочнічкам не буду. Сам лезь у свет паралельны, у тыя чорныя дзіркі, адкуль выхаду няма… Я лепт з братам на рыбалку рвану, ці на лецішча любімае, дзе дуб стаіць, касіць траву там буду.

Ямчэй у крэсла я ўсеўся і, на Лупавокенькага пільна гледзячы, па слоўцу пачаў выпускаць. Цяпер ужо не ён мяне, а я яго вучыць пачаў:

— Касу адмянташу, першы пакос пайду і не прыкмечу, як за плотам, дзе сцяжына вузкая, прыгажуня з’явіцца. Угледзіць мяне, рабацяшчага, дуб стогадовы, канюшыну зялёную, якая з шуханнем пад касу будзе класціся і пытацца пачне здзіўлена:

— А ў вас што — і градак няма на ўчастку, як у добрых людзей?

Я ёй, работу не прыпыняючы, адкажу:

— А навошта мне тыя грады? У мяне вунь замест іх дуб расце. Энергетычны. Падыдзеш да яго, руку прыкладзеш да кары шурпатай і неўзабаве без ніякага лекара становішся здаровым.

Яна і прыліпне ля драўлянага плота. Пачне думаць — які ж разумны чалавек ёй на дарозе трапіўся!

А я на яе быццам бы і глядзець не буду. Разоў пяць махану касою, а потым — касільна ў зямлю, мянташку з кішэні дастану і не спяшаючыся пачну мянташыць касу. Шах-шах, шах-шах… Вокам яе фігурку акіну, паглядамі перастрэнемся. Вочы ў яе сінія, глыбокія, бы вада азёрная. Утапіцца можна, калі глядзець доўга. Таму я першым адвяду позірк і праз сілу пра работу думаць пачну. А яна, памаўчаўшы, як і ўсякая жанчына, пачне даваць мне параду:

— Дык вы, можа, тарахцелку б завялі, якой траву косяць. Цяпер усе з тарахцелкамі на ўчастках тарахцяць. Цяпер усе па замежнай модзе газоны робяць — ні адной лішняй травінкі на тых газонах няма. Культурна атрымліваецца…

Я ёй спакойна:

— Тарахцелкаю той няхай разумныя і культурныя інтэлігенты тарахцяць, а я, можа, сапраўдны мужчына, які павінен умець касіць. Трэба мне той лішні шум у галаве…

I — зноў за касільна вазьмуся. I зноў ля яе ножак: шах-шах, шах-шах…

Яна хаціну маю агледзіць і дзівіцца будзе:

— А ў вас што — і тэлевізара няма, бо антэны я не бачу.

А навошта мне той тэлевізар, які людзей замбіруе?

— Як гэта — сёння жыць без яго? — яна будзе дзівіцца. — Сумна без тэлевізара. Канцэрты там бясплатныя, серыялы бесконцыя… Весела становіцца, калі глядзіш тэлевізар. А тым больш, калі глядзіш каляровы, на вадкіх крысталах… Навіны розныя ўбачыш, што — у Афрыцы робіцца, што — у Амерыцы… Адукаванаю становішся…

— I трэба табе тая Афрыка разам з Амерыкаю? — пачну яе вучыць. — Ты што — без іх абысціся не можаш? Ты лепш сваёй душою займіся, бо ўжо і сама не прыкмеціла, як змянілася, седзячы ля тэлевізара, чужыя выдумкі гледзячы. Ты ўжо не прыкмячаеш, як сапраўднае жыццё між пальцаў сплывае вадзіцаю.

— Дык што ж мне рабіць? — разгублена спытае яна. — Толькі пра работу на канвееры думаць, толькі ў адных градах і калупацца з дня ў дзень?.. Я ж тады не культурнаю буду…

Пагляджу я на яе пільна, — як яна галаву ўніз апусціла. Вусны невялікія, поўныя — значыць, не злая… Пальцы, што на плоце бялеюць, тонкія, далікатныя…. Шчокі чыстыя, беленькія — не выпівоха, не курыць… Пашкадаваць давядзецца, суцешыць…

— Скажу табе праўду: надта культурныя жанчыны мне не падабаюцца. Толку мне ад іхняй культуры, калі я і сам граматны. Халодныя яны нейкія, як запыленыя даведнікі ў бібліятэках… А мне трэба, каб побач быў чалавек душэўны, каб з ім было прыемна пагаварыць.

— Дык я разгаворлівая, — яе блакітныя вочы засвецяцца радасцю. Прызнаецца: — Я пагаварыць люблю. Толькі я бесталковая трохі…

— Ну, — супакою, — гэта можна выправіць. Пры добрым мужыку хутка талковаю станеш…

.. Касільна ў канюшыну ля яе прыгожых ножак уваткну, зноў за мянташку вазьмуся і, зірнуўшы ёй у вочы, скажу:

— Калі па мне, дык будзь ты бескультурнаю, але ж душэўнаю. У Жыціве, дзе я нарадзіўся, дзяўчаты былі не надта культурныя, акадэмій не заканчвалі, затое якія душэўныя песні спявалі! А якія вясёлыя былі ў іх прыпеўкі!

Я вочы прыжмуру, успомню вясковых «некультурных» дзяўчат. Успомню, як некалі яны спявалі:

Ты не жмі мяне да плота

I не лезь абы-куды.

Я ж табе не гарадская,

Як пажэнімся — тады…

Гучала гэта ў цемры, пад зорным небам, калі разыходзіліся па хатах пасля танцаў. I звінелі тады тыя прыпеўкі жывым жыццём, і жанчыны, пачуўшы які свежанькі яшчэ тонкі галосок, пыталіся самі ў сябе: «Чыя ж гэта такі галасок падае?.. Зацвітае недзе, як макаў цвет…»

Падумаю, можа, мне цяпер праспяваць ёй якую прыпеўку?.. Я іх шмат ведаю… Але як спахаплюся: не варта, яна, культурная, яшчэ пачне пра мяне думаць, як пра якога нахабніка… I таму толькі скажу:

— О-о, якія шчырыя і душэўныя дзяўчаты былі некалі ў вёсках! А цяпер ці чула ты дзе, каб культурныя жанчыны песні спявалі? Ы жа сорамна песні спяваць уголас. Так што ты не пра культуру думай, а пра мужа добрага, пра каханне. А то адна без пары адзічэеш… Не толькі мужчыны дзічэюць у адзіноце, але і жанчыны. Пачнеш, як адна мая знаёмая, у інтэрнэце займацца салодкаю гульнёю. Жаніх, называецца тая гульня. Мышкай шчоўкаючы, яна грады поле, кветкі вырошчвае, адным словам, вядзе віртуальную гаспадарку. I вось, калі ўсё старанна будзе зроблена, дык, як узнагарода, на інтэрнэтаўскім гарызонце паказваецца галава мужчыны.

Здаравушчы. Вусы, як у таракана, барада, во-о, — паказваю ёй, — як у сябрука майго, які гены вывучае, нос доўгі. Мышкай шчоўкаючы, яна яго пад свой густ прыладжвае, — захочацца, вусы зрэжа, бараду падкароціць, глюгу выправіць. Зрабіць гэта, як раз плюнуць, віртуальныя тэхналогіі што хочаш могуць зрабіць: машыны, пісталеты… I такога яна прыгажуна сваімі рукамі вылепіць, што пачынае ажно млець ад радасці.

Куды там мужу роднаму да гэтага прыгажуна! Галодны, высахлы, муж яе, як ты, корпаецца днямі ў градах, а яна толькі тым і занятая, каб на віртуальнага жаніха любавацца.

Прыадзене, — па сваім гусце касцюмчык на яго нацягне, гальштучак на шыю павесіць, — не будзе ж ён цэлымі днямі голым целам перад ёю свяціць.

I вось — ці паверыш, хутка ў іх дзеткі паяўляюцца. Хоць і віртуальныя, але ж на жаніха падобныя. Як вылітыя…

I далей — болей. Яна пачынае іх выхоўваць, жаніха даглядае з вялікай любоўю.

Вось як цяпер усё робіцца.

Ты, можа, таксама жаніха ў інтэрнэце шукаеш?

— Не, — прызнаецца яна, — я інтэрнэтам кепска валодаю. А без яго, дзе ты цяпер вартага мужчыну знойдзеш? — спытае яна ні то ў мяне, ні то ў навакольнага свету.

— Як гэта — дзе? — цяпер ужо і я пытацца буду. — На сцяжыне можаш сустрэць, на дарозе. Мала дзе… Не ў тэлевізары ж і не ў інтэрнэце ты яго сустрэць можаш. Ці ты, можа, стала як мая знаёмая, — толькі пра жаніха з інтэрнэта і можаш марыць?

I ў яе блакітныя вочы пільна зазірну… I зноў сінь азёрная пачне мяне зацягваць.

Чырванню шчокі ўспыхнуць, запунсавее ўся. Вочы да травы зялёнай апусціць. Калі пунсавее, значыць, не ўсё яшчэ страчана, не здзічэла яшчэ…

Не буду, не буду яе да слёз даводзіць…

Мянташыць касу пачну.

I тут яна ўбачыць, што з коміна маёй лазні сеецца блакітны дымок. I тады пытацца будзе:

— А ў вас што, апроч дуба яшчэ і лазня ёсць?

Я і не падумаю работу кідаць, пакос ля яе ног гнаць буду і буду казаць:

— Як гэта можа быць — каб у сапраўднага мужчыны на лецішчы ды не было лазні. Я пасля работы буду там парыцца вечарком дубовым венічкам.

Тут яна і суцішыцца як птушачка. Ціха сама сабе выдыхне:

— Добра вам: і дуб энергетычны, і лазня свая, а не казённая, дзе дыхаць няма чым. А ў мяне — дык адны грады з пустазеллем вечным.

Зноў суцяшаць буду:

— Нічога, гэта ўжо такая ваша жаночая доля — мужчыну даглядаць ды грады палоць, гаспадарку весці…

Пакос мой — само па сабе атрымаецца — ля яе ножак упрытык кругаля дае.

I тут зноў — вочы ў вочы — перасячомся. Зноў я касу мянташыць пачну, а яна сцішана:

— А паглядзець можна вашу лазеньку? Можа, калі разбагацею, і я надумаю такую зрабіць.

— Канечне, можна, — адзавуся. — Добраму чалавеку я заўсёды гатовы дапамагчы. Заходзь.

I вось яна ў лазні. I на палок глядзіць. I на печ пазірае, якую сам канструяваў і сам тры разы перакладваў — да толку даводзіў… На палок сядзе, шапне ціха:

— Цёпленька тут. Добрая лазенька. Вы што, так адзін і будзеце парыцца?

— Чаму гэта — адзін?.. Калі добры чалавек трапіцца — дык магу і запрасіць папарыцца. Я што — жмінда які. Сама бачыш — месца хапае. А пары мне не шкада. А тым больш — венічак дубовы з свайго дуба энергетычнага, моцны, хопіць не толькі на дваіх.

Галаву сумная апусціць. Задумаецца аб нечым, толькі ёю вядомым.

Затым моўчкі з лазенькі пойдзе. Услед за ёю па сцяжыне да варотцаў не пайду. Бо ў мяне, як некалі казала маці, работы — па вушы: лазню трэба даглядаць, касіць траву трэба. Глядзець буду на яе роўную спінку, на фігурку акруглую, якую поўныя ножкі над сцежкаю лёгка нясуць. У самым саку жанчына, не пераспелая яшчэ. Прападае… Ні за капейчыну прападае… Буду стаяць ля лазні і маўчаць.

Як каменны.

А яна, да варотцаў наблізіўшыся, азірнецца назад і так ціхенька скажа:

— Вось бы мне папарыцца…

Як і трэба — памаўчу спачатку, а тады ўжо скажу:

— Як змяркацца пачне — можаш паказацца. Венік я цяпер замачу.

Бязгучнае сонца да захаду хіліцца, — да той недасяжнай хвілістай лініі між полем і небам, якую называюць гарызонтам. У горадзе, гэтую лінію не ўгледзіш, — гмахі каменныя і высокія не дадуць паглядзець на дзіўнае відовішча.

Але, калі ты за горадам, калі вакол цішыня і прастор, калі перад вачыма поле і лес далёкі і ты сядзіш на лаўцы перад сваёй хатаю, тады паглядзі на вялікі чырвона-малінавы дыск, які бязгучна хіліцца да шараватых воблакаў. I не спяшайся, ні ў якім разе не спяшайся адводзіць позірку ад сонца, якое ўжо не слепіць. Цішынёю і спакоем, якія вакол цябе, пачне поўніцца душа твая. Пачнеш думаць пра дзень пражыты.

О-о, як хутка ён мільгануў! Толькі-толькі быў ясны ранак. I чыстае яркае і не спякотнае сонца на ўсходзе весяліла і бадзёрыла, сагравала душу надзеяю на непазбежнае шчасце. I ўпэўненасць была, што за доўгі дзень столькі зрабіць паспееш: і сустрэцца, і перагаварыць, і работу зрабіць. I ты хапаўся то за адно, то за другое і часта сярод белага дня, калі падымаў угору вочы, бачыў пякучае белае сонца, што бязгучна кацілася між аблокаў. I думалася тады: яшчэ далёка да вечара, яшчэ паспеецца… I зноў, вочы ад неба адарваўшы, хапаўся за сваё звыклае і запланаванае, забыўшыся на сонца ўгары, што коціцца і коціцца да той недасяжнай лініі, якая мяжуе між небам і зямлёю. I вось тады, калі сядзіш на лаўцы і сцішана глядзіш на шаравата-светлыя гурбы, да якіх хіліцца малінавы дыск, нечаканым жалем поўніцца душа: такім кароткім аказаўся дзень!

I што ты паспеў зрабіць за гэты дзень?

О-о, калі б гэты дзень змог пражыць нанава, то зусім іначай правёў бы яго, — не кідаўся б за няскочанай работай, зусім іначай гаварыў бы з людзьмі.

Але дзень заканчваецца.

I тады смутак агорне душу тваю. I пра штосьці іншае пачнеш думаць, — нібы ў душу сваю зазірнеш. I, калі не збаішся, убачыш там шмат чаго лішняга, табе непатрэбнага, за што прагна хапаўся цэлы дзень.

Ах, калі б зноў пачаўся ранак, то ўсё іначай зрабіў бы…

Але ж сонца хаваецца за нізкія шэрыя хмары, што слаяцца над гарызонтам, і хутка ноч шэрай, чорнай посцілкаю апусціцца на зямлю.

Спавіты цішынёю і веліччу неба ты будзеш усё глядзець на светла-ружовыя аблачыны, — вялікае сонца закоціцца за іх і адтуль, нябачнае, пачне пасылаць угору бела-залацістыя слупы…

Чамусьці ўспомніцца ціхае маленства, тыя вечаровыя імгненні, калі таксама глядзеў на святочнае каляровае відовішча і думаў, што сонца штовечар адыходзіць свяціць над іншым казачным краем, дзе ўсё-ўсё святочнае і залацістае, дзе людзі вясёлыя і прыгожыя, дзе яны жывуць шчасліва і заможна. I верыў тады, што хутка, як толькі вырасцеш, рванеш у той казачны недасяжны край, куды сцякае малінава-ружовае сонца.

О-о, якім спакоем і ўпэўненасцю ў будучым шчасці поўнілася некалі душа твая, калі глядзеў на захад сонца!

I вось цяпер — разумны і дарослы, зноў, як і некалі ў маленстве, глядзіш на захад сонца. I чамусьці, — чаму, скажыце мне, чаму? — вочы твае пачынаюць слязіцца, бо адчуваеш, што за кароткі дзень ты так чагосьці і не спазнаў. I не грошай табе шкада, не работы няскончанай…

У душы сваёй ты чагосьці не набыў…

Але не спяшайся адчайвацца.

Азірніся, без гневу і злосці азірніся — туды, дзе некалі сонца ўзыходзіла. I дзіўна: угледзіш там, на ўсходзе, як разгараюцца святочным ружова-белым святлом воблакі. Быццам там вось-вось зноў з’явіцца сонца. I відавочна пабольшае неба, стане больш выпуклым, — адчуеш душою ягоную веліч, ад захаду да ўсходу яно будзе пранізана святлом нябачнага сонца.

I зноў, у каторы раз за вечар, душа напоўніцца новым пачуццём, — жальба і шкадоба па нечым страчаным адступіць, нечакана адчуеш еднасць з агромністым небам, з нябачным сонцам. I тады зусім па-іншаму падумаеш пра непазбежную ноч, — скрозь слёзы падумаеш пра зоры, якія вось-вось з’явяцца над галавою і яны, велічныя зоры, табе пакажуць іншы свет і дадуць новую радасць…

У яшчэ светлаватым небе загарыцца першая зорка. I яна на сцяжыне пакажацца. Адразу ж, як зойдзе ў прылазнік, скажа:

— Я зусім распранацца не буду. Бо сарамлівая я. Я ў купальніку буду.

«А ты ўпэўнена, — мне так і карціць спытаць, — ты ўпэўнена, што без

купальніка мне на цябе захочацца глядзець?..»

Але ж — не трэба крыўдзіць гаротніцу. Кажу абыякава, каб яе супакоіць:

— Будзь сабе і ў купальніку, калі табе хочацца. Я ж — не нахабнік нейкі. Я таксама ў плаўках буду….

Лазня гарачым духам патыхае. Камяні, якія некалі на полі сабраў, зашыпяць злосна, калі ліну на іх кіпнем. Яна сцішана сядзіць на палку, бачу, што яе цела пакрываецца бялюткімі кропелькамі — ад вачэй да пят.

— Кладзіся на жывот, — кажу. — Буду парыць.

I от жа дзіўна — чым далей, тым больш, яна, разгаворлівая, цішэе. Паслухмяна на ліпавыя дошкі будзе класціся. Венічкам распараным па пятах прайдуся. Яна ўздрыгне ўсім целам, ціха выдыхне:

— Ой…

Зноў, паддаўшы пары, яшчэ раз прыкладуся да пят, і зноў пачую ўжо знаёмае: «Ой…»

А потым з размаху рэзка стукну венікам па яе лытках, па сцёгнах, набліжаючыся ўсё бліжэй да галавы. I раз, і другі, і трэці… Станік — так атрымаецца — расшпіліцца і пад ім пакажацца палоска бялюткага незагарэлага цела.

— Не горача? — спытаю і, здымаючы жар, пачну па яе целе праводзіць рукой.

Яна маўчаць будзе. I тады ўжо, пары паддаўшы, з усяго размаху я пачну рэзка і моцна біць венікам па яе мяккай і бязвольнай спіне. I цяпер яна ўжо не скажа ні слова.

— Перавярніся, — глуха шапну. I яна паслухаецца. I зноў пачну біць венікам па яе целе, з нізу да верху, абыходзячы на грудзях белыя незагарэлыя малочныя плямачкі. I далей буду час ад часу рукой сцягваць з яе цела лішні жар.

I тады ўбачу, што яна, бязвольная, пачынае плакаць, — рукою па вачах праводзіць, сціраючы з вачэй і са шчок празрыстыя буйныя кропелькі…

— Супакойся, — зноў шапну. — Суцішся. Не толькі ты адзінокая. Мы ўсе адзінокія…

I тады ўжо, калі яна, выплаканая, пойдзе роснай сцяжынаю да сваёй хаты, я таксама выйду пад зорнае неба. Ціха будзе ў свеце, бы пад вадою. Побач будзе сцішана высіцца дуб. Убачу траву скошаную, што валамі на зямлі ляжыць. I ад валоў прывяленых пах скошанай канюшыны даносіцца… I касу недалёка ад дуба ўбачу — касільнам у зямлю ўторкнутую. Пад святлом месяца блісне срэбрам сточаная мянташкаю сталь. Бялюткія зоры будуць мігцець над галавой — купалам казачным будуць ахінаць мяне. Чамусьці маленства ўспомніцца, калі адчуваў сябе ў цэнтры Сусвету, калі ўсё кружыла вакол мяне: і сонца цёплае, і зоры бясконцыя, і дарогі гнуткія… I тут падумаю пра іншыя дубы, якія цяпер у цемені недалёка высяцца ў полі за рачулкай гнуткаю — ля непрыкметнай вясковай хаціны. Да хаціны той людзі штогод ходзяць, каб паглядзець на калыску, у якой некалі маленечкі хлопчык рос, гадаваўся. Гэтаксама некалі над яго галавою зоры мігцелі і таксама месячык свяціў, таксама глядзеў той хлопчык на зямлю сцішаную, слухаў калыханку матчыну, а потым, калі падрос, у свет выправіўся і там, нагледзеўшыся гора людскога, ціха выдыхнуў пра той час гаротны для нашага люда:

Народ, беларускі народ,

Ты цёмны, сляпы, быццам крот.

I мовай тваёй пагарджаюць.

I за гэта, толькі за слова паэтычнае, яго за краты пасадзілі… Ён жа не разбойнік быў, і з храмаў нікога не выганяў, ён усяго толькі праўдзівае слова сказаў.

Змяніўся час, змяніўся люд, — помнік паэту з’явіўся.

I чамусьці закружыцца ў мяне галава, і зноў да слёз пашкадую, чаму я не паэт, у мяне не хапае слоў, каб расказаць пра таямніцы бясконцыя, якія людзей яднаюць.

I як распавесці табе, Лупавокенькі, пра гэтыя таямніцы, пра каханне загадкавае? Як расказаць, калі і з чаго яно ўспыхвае?…

А ён як п’яны, ці як неразумны сваё будзе казаць:

— Разумееш, я тут ні пры чым, ды і ты не вінаваты. Мы з табою — усяго толькі прадстаўнікі розных цывілізацый, паслы, так бы мовіць, добрай волі… Людзі вашы, на Зямлі, гэтак прагнуць сустрэцца з намі, СЭЦI арганізавалі, куды мільярды ўбухваюць, кантактаваць з намі хочуць, у тэлескопы нас хочуць убачыць, цэлыя міжнародныя касмічныя экспедыцыі ствараюць, каб з намі найхутчэй сустрэцца, а ты — супраць… Апамятайся, дзярэўня цёмная… Няўжо ты супраць прагрэсу? Наладжваць кантакты мы павінны. Табе толькі і работы — перадаць нашы прапановы, а прыляцець — мы і самі на лятаючых талерках да вас прыляцім. Створым міжцывілізацыйную кантактную групу, умовы абгаворым. Не пачнём жа мы ўсё рабіць ні з таго ні з сяго… Галоўнае, перадай вашым, што мы — рэальнасць, перадай, што гэта мы да вас калісьці прыляталі і навучылі вашых жрацоў піраміды будаваць, розуму навучылі… I вось цяпер мы зноў гатовы дапамагаць вам у імя светлай будучыні і прагрэсу…

I што мне заставалася рабіць?

А што б вы зрабілі на маім месцы?

Махануў я ў адчаі рукою…

10

…Праз ілюмінатар самалёта, калі дамоў ляцеў, я глядзеў уніз і бачыў там між разрываў воблачных бязмежны акіян.

Усё думаў над сваімі прыгодамі. I крыўдна мне было чамусьці… I зноў адзінота на мяне чорнай хваляю накацілася.

За чым у гэтым кароткім жыцці ганяцца і за што чапляцца?.. Чаму сталі людзі такімі разгубленымі? Чаму яны аберуч хапаюцца за тое, што ім ніколі не спатрэбіцца? Чаму людзі людзям верыць перастаюць? Чаму ж увесь час у бедах сваіх мы шукаем вінаватых і — ніяк не можам знайсці іх?.. Чаму радасць знікае ў нашых душах?

…А тады я ўбачыў унізе акіянскі бераг. На тым беразе ўбачыў хаціну і ў ёй старога, які пад раніцу сніў ільвоў — яны быццам кацяняты выбягалі з лесу на пясчаны бераг і між сабою пачыналі гуляць. Днём да старога хлопчык прыходзіў з пасёлка. Стары і хлопчык былі адзінокімі і, як здараецца ў такіх выпадках, сябравалі. Г аварылі як роўныя пра футбол, пра баксёраў і, канечне ж, пра рыбалку, бо стары ўсё жыццё быў рыбаком.

Затым бачыцца мне, як стары раніцай выплывае ў мора. Заплывае далёка-далёка, куды рыбакі звычайна не заплываюць. На сардзіну ён хоча злавіць вялікую рыбіну. I ловіць яе. Бачу, як змагаюцца рыбіна і стары, і сілы ў іх аднолькавыя. Рыбіна такая магутная, цягне лодку са старым у акіян бязмежны. I дзень праходзіць, і ноч, і новы сонечны дзень настае, а яны ўсё змагаюцца, стары і рыбіна. Да крывавых мазалёў націраюцца рукі старога, сонца абпальвае скуру на плячах… Урэшце стомленая рыбіна выплывае на паверхню. Яна такая вялізная, што ў лодку ніяк не месціцца. Стары прывязвае яе да лодкі і накіроўваецца да берага. I раптам каля лодкі з’яўляюцца ненажэрныя акулы. Вострымі зубамі яны кусаюць рыбіну. I зноў старому даводзіцца змагацца — б’е вяслом па акулах, але іх шмат і яны такія галодныя… I ноччу, калі стары падплывае да берага, ад рыбіны застаецца адзін абгрызены шкілет. Змучаны, знясілены, з акрываўленымі рукамі стары ўкладваецца ў беднай хаціне. Бачу я, як раніцаю ў хаціну прыходзіць хлопчык і, угледзеўшы акрываўленыя рукі старога, а на беразе агромністы шкілет рыбіны, пачынае плакаць.

I шкада мне гэтага старога да слёз.

Шкада хлопчыка.

I разумею — гады, стагоддзі пройдуць, а ўсё гэтак жа стары будзе сніць ільвоў, усё гэтак жа лавіць вялікую рыбіну і змагацца з акуламі да самага канца… I ўсё гэтак жа да яго раніцаю прыйдзе хлопчык і плакаць, плакаць ён будзе…

I яшчэ ўбачыў, калі зверху на задымленыя воблакі глядзеў, іншага хлапчыну, таго, які некалі з дому пайшоў і якога кані застацца прасілі. Убачыў яго, адзінокага, у гарадской кватэры. Сярод ночы не спіцца яму — ваду п’е з крана, а затым садзіцца ля акна і глядзіць на ціхую пустую вуліцу, асветленую ліхтарамі. Успамінае, як восеньскі студзёны вецер з шоргатам ганяе лісце па стылай зямлі, як першы снег лятае над вясковымі хатамі, над пустымі агародамі. I тады, у начной цішы, ён пачынае пісаць апавяданне пра жыццё, пра смерць, пра тое, як першаснежнай парою ў вёсцы смаляць вепрука, як перад гэтым сарока, чуючы блізкую смерць, з-за плота матлянецца на вачах і, затрашчаўшы, зачачэкаўшы, заламаўшы хвост, тут жа знікне.

… А затым бачу я, як ён, той хлапчына, стомлены, нібы блудны сын, вяртаецца туды, куды ўсе ў свой час вяртаюцца — да вытокаў сваіх…

Ціхі летні надвячорак. ^зе ён на росным лузе па вузкай сцежцы, якая вядзе да таго дому, з якога некалі пайшоў у свет… Сеецца шапочучы дождж і здаля, за сцяною дажджу і туману ён чуе, як бразгаюць ланцугі, якімі спутаны конь… I думае, што хутка, вельмі хутка, калі душа суцешыцца, ён пачне пісаць новае апавяданне пра каня, які гуляе на волі…

I зноў жа — разумею: час не ўладны над гэтым няшчасна-шчаслівым паэтам, які пісаў пра дабро і надзею, што акрэслілі свой круг вакол чалавека.

I яшчэ ўбачыў таго сінявокага юнака, які захварэў на сухоты. Убачыў, як ён на марскім беразе на лаўцы сядзіць і пазірае ўдалеч на белапенныя хвалі. Раз-пораз кашляючы нядобрым кашлем, успамінае сваю радзіму, свой край, як выкляты Богам, які ніколі не быў шчаслівым…

I пачынае шаптаць, шаптаць радкі верша пра дзеда, што сцягнуўся з печы, і сядзіць ля рэчкі, грэючыся на сонцы, і не шкадуе, што хутка стане зямлёю. Хлопец шэпча пра сваю душу, якая нібы дзікі ястраб, ірвецца ў неба на прастор…

I не самотны ён, бо кніжку мае.

I зноў жа, ведаю пэўна, што час не ўладны над гэтым хлопцам, ніхто над ім не ўладны — ні філосафы, ні хахмачы, якія з жыцця і смерці чарговую хохму лепяць, ні палітыкі, якія наперад усё ведаюць…

I тут як заслона ўпала з вачэй маіх. I падумалася мне…

О-о, не скажу я вам, пра што думалася мне ў тыя хвіліны, калі дамоў вяртаўся і праз ілюмінатар самалёта глядзеў звысоку на безабаронна адкрытую зямлю, без якой чалавек не можа жыць…

P. S. Усё дакладна запісаў з маіх слоў сябрук, нічога ад сябе не дадаў. Калі будзе друкаваць мае прыгоды, то няхай возьме ганарар сабе. Даю дазвол на друкаванне. Пад чым і подпіс стаўлю.

Базыль, родам з Жыціва.


Оглавление

  • Васіль Гігевіч Атамізацыя
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10