Зямля Фердынанда (fb2)

- Зямля Фердынанда 327 Кб, 101с. (скачать fb2) - Віктар Карамазаў

Настройки текста:




Віктар Карамазаў


Зямля Фердынанда


Аповесць


1


Нідзе, толькі тут і нідзе больш, толькі ў Багданаве, у роднай вёсцы, у маёнтку яшчэ з Мамай, з Татам, - абодвух усё жыццё, з маленства, пісаў і называў з вялікіх літар - Фердынанд мог прызнацца:

"Хаджу, гляджу, і так мне тут добра. Забываюся на ўсё, хачу быць дзіцём і цешыцца з таго, што Бог дае мне.

Рыхтую пакоі наверсе ў Муры".

Мурам у сям’і Рушчыцаў называлі старую, ад дзядоў, скарбоўню са склепам, якую ў новым часе перабудавалі пад жыллё, надаўшы ёй выгляд мураванага, на два паверхі, асабняка. Маючы задуму жыць і працаваць у вёсцы на прыродзе, Фердынанд за год да заканчэння Акадэміі мастацтваў пачаў абсталёўваць у Муры наверсе, дзе вокны ва ўсе бакі і шмат святла, сваю творчую майстэрню.

Жаданне вярнуцца з царскай сталіцы ў Багданаў з’явілася не ад аднае любові да роднага гнязда. Свой шлях у мастацтве ён вызначыў даволі пэўна: "Чакаю, калі можна будзе маляваць з натуры, але і тады буду трымацца абавязковай адзіноты. Творчасць для мяне з’яўляецца справай надта індывідуальнай, каб ёю цешыцца ў горадзе, у людскім натоўпе".

Тасео et observo! (маўчы і назірай!) - яго творчае крэда. Яно, як думаў Рушчыц, патрабавала ад мастака жыць у прыродзе, а прырода, якую любіў і ведаў, была ў Багданаве.

Тут яму заўсёды было добра. Але асабліва моцная туга па вёсцы гнала сюды з надыходам вясны. Яшчэ і снег, ужо шэры, залізаны адлігамі, ляжаў у падлесках ды калдобінах, і маразы наведваліся па начах, яшчэ і сонейка свяціла, не грэючы, а сэрца ўжо шчымела, спакою не давала ў сталіцы.

Гэтай вясною Фердынанд прыехаў у Багданаў перад самым Вялікаднем. З цягніка сышоў, як заўсёды, у Солах і адтуль сорак з гакам вёрстаў калаціўся ў брычцы па няроўнай, з гузамі лёду, дарозе. Як ехаў, суцяшала думка, што адпачне, прыехаўшы, у сваім утульным, мамаю дагледжаным пакойчыку ў старым, з лістоўніцы, доме, а, убачыўшы, як прыбралася да свята вёска, як землякам ужо не сядзелася па хатах, вясну на вуліцы віталі, і ён не затрымаўся ў доме. Якраз выдаўся Вялікі чацвер. З бацькам наведаў касцельную захрыстыю, там захапіўся кантрастным святлом на ялінках і на зялёнай драпіроўцы, як весела яно гуляла ад запаленых свечак, - рабіў замалёўкі.

Дадому ехаў з думкамі яшчэ і пра любімы, за садам у падлеску, ручай.

Неяк сярод зімы, застаўшыся адзін у акадэмічнай майстэрні, сядзеў каля акна, глядзеў на халодную, пад лёдам ды пад снегам, Няву, на высокія крыжы Петрапаўлаўкі, сабора, сумуючы па вёсцы, па бацьках, і пад настрой злёгку настальгічны, па памяці ды ўяўленні зрабіў празрысты, як мара пра далёкае сваё, вясновы, хоць за акном зіма ляжала, эскіз з ручаём, сонечна-зіхоткім паміж лясных пагоркаў. Прыйшлі сябры, Рылоў і Пурвіт, заўважылі эскіз і захапіліся яго святлом, адценнямі, тонам.

Настойвалі, каб паказаў ручай настаўніку. Аж разгубіўся ад нечаканага захаплення сяброў.

Дома, шукаючы супакаення, узяўся чытаць "Чысцец" Запольскай. Была ўжо ноч глыбокая, а ён, пакуль не дачытаў раман, не клаўся ў ложак. З ім мацнелі адчуванні і думка, што ўсё ў жыцці, нават і сэнс яго, ад чысціні ў прыродзе і ў душах у людзей.

На другі дзень у майстэрню завітаў Куінджы. Фердынанд якраз працаваў над эскізам з Фаўнам, лясным міфалагічным богам. Фаўн сядзеў на скале, а пад скалой кіпела мора. Настаўнік узяў пэндзаль, паклаў колькі мазочкаў, даў парады, як пісаць ваду ў шторм, і раптам загледзеўся на эскіз з вясновым ручаём.

- А там у вас штосьці новае? - спытаў. - Вы дзе гэта знайшлі?

- У сваёй вёсцы.

Куінджы пачаў распытваць пра вёску, якая ў ёй прырода, якія людзі, бацькамі пацікавіўся: якой культуры, веры, мовы. Усё, што Фердынанд казаў, слухаў, здавалася, з увагай, а ўражанняў ад эскіза размова не прыглушыла - выбухнуў:

- Ах, які свежы тон! Так, гэта - вясна.

Фердынанд паспяшаўся - нібыта ў чымсьці апраўдацца:

- Пісаў па памяці.

Настаўнік вочы прыжмурыў, бровы звёў, спыніў:

- Тым больш выдатна, што захавалі ў памяці вясновую натуру, тон. Калі карціну пішаце, хавайце ад вачэй натурныя эцюды, пішыце тое, што засталося ў памяці, першае ўражанне. У ім, найпершым, самая краса і праўда. Гэтак і памяць вобразную будзеце развіваць. - Падумаўшы, дадаў:

- Тут мне бачыцца ваш будучы дыплом. Я бласлаўляю вас.

Цяпер, жывучы ў Багданаве, Фердынанд кожны дзень у розны час, пры розным асвятленні, нават як сонца хавалася ў хмарах, хадзіў да ручая, бачыў яго не толькі ў натуры, але і ў сваім, на палатне, фармаце, нават у раме будучай карціны, памеры якой таксама падказаў настаўнік. У той раме, якой яшчэ не было, як не было карціны, бачыў вільготнае паветра, высокую засмужаную лінію далягляду, як мякка яна яднала зямлю і неба, адчуванні людской і нейкай таямнічай, напэўна, Божай, радасці.

У Багданаве пражыў тыдзень, а яшчэ праз тыдзень, ужо ў Пецярбурзе, занатаваў у сшытку:

"22. 04. 1897.

Вуглём пачаў "Вясну".

Колькі дзён мінула - прызнаўся ў тым самым сшытку:

"Закончыў ваду ручая. Не ведаю, ці добра атрымалася, ці