Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду [Анатоль Бензярук] (fb2) читать постранично

- Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду 552 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Анатоль Бензярук

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Анатоль Бензярук КАСЦЮШКІ-СЯХНОВІЦКІЯ

Гісторыя старадаўняга роду


Падрыхтаванае на падставе: Анатоль Бензярук, Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду, — Брэст: Академия, 2006. — 000 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Уступ РАДАВОДЫ КАСЦЮШКАЎ

Старадаўні беларускі шляхецкі род Касцюшкаў (інакш — Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) здавён выклікаў цікавасць у даследчыкаў.

Асабліва ўзрасла цікавасць да гісторыі гэтай сям’і пасля імклівага ўварвання на арэну сусветных падзей неардынарнай нават для мяжы ХVIII — ХІХ стагоддзяў асобы генерала Тадэвуша Касцюшкі — нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Час, у які жыў Т. Касцюшка, быў насычаны надзвычай важнымі гістарычнымі падзеямі, якія прадвызначылі лёс не толькі Еўропы, але і ўсяго свету. Сярод іх можна назваць працяглую вайну за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы і Вялікую Французскую буржуазную рэвалюцыю, у якіх чынны ўдзел браў Тадэвуш Касцюшка. Але сапраўдным зорным часам гэтага таленавітага вайсковага і палітычнага дзеяча сталі падзеі 1794 года, калі пад ягоным кіраўніцтвам на землях Рэчы Паспалітай выбухнула паўстанне, накіраванае супраць ганебных падзелаў краіны паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Нешчаслівы лёс касцюшкаўскага збройнага чыну, задушанага аб’яднанымі намаганнямі суседніх манархій, прадвызначыў канчатковае знішчэнне незалежнасці адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаваў. Але, разам з тым, гэтае паўстанне паклала пачатак нацыянальна-вызваленчай барацьбе народаў былой Рэчы Паспалітай за аднаўленне сваёй дзяржаўнасці ў ХІХ — ХХ стагоддзях.

Афіцыйныя польская, расійская, а пазней і савецкая гістарыяграфіі доўгі час разглядалі паўстанне як выключна польскую з’яву. Між тым, землі сучаснай Беларусі (тагачаснай Літвы) на працягу ажно пяці месяцаў — з красавіка па верасень 1794 года — былі месцам напружанага супрацьстаяння паўстанцкіх аддзелаў з рэгулярнымі ўзброенымі сіламі Расійскай імперыі. Шмат кіраўнікоў і простых удзельнікаў паўстання паходзілі з беларускіх земляў. Вялікая колькасць бітваў адбылася ў 1794 годзе ў межах сучаснай Беларусі [1], самыя значныя з іх — пад Крупчыцамі і Брэстам, недалёка ад родных мясцін кіраўніка паўстання [2].

Сам Найвышэйшы Начальнік (як называлі яго падчас збройнага чыну) заўсёды ўсведамляў сябе л і ц ь в і н а м — грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага — гістарычнай Літвы-Беларусі.

7 лютага 1790 года ў сваім знакамітым звароце на імя ваяводы Ю. Несялоўскага Т. Касцюшка настойліва прасіў перавесці яго з польскай арміі ў войска Вялікага княства Літоўскага, пры гэтым выказваўся надзвычай эмацыянальна: “Хіба вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я ёсць? Хіба я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць, калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэтага звароту будзе для Вас недастаткова, каб унясці на сойм прапанову пра маё вяртанне, то я, бачыць Бог, буду вымушаны што-небудзь кепскае сабе ўчыніць!” [3].

Нават у самыя крытычныя моманты паўстання Т. Касцюшка не губляў крэўнай сувязі з гістарычнай радзімай і звяртаўся з адозваю да сваіх прыхільнікаў на беларускіх землях: “Землякі і суайчыннікі мае! На вашай зямлі я нарадзіўся і ў запале праведным да маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прыхільнасць да тых, паміж якіх пусціў я карані жыцця...” [4].

Гэтыя “карані жыцця”, пра якія згадваў “найчысцейшы сын свабоды” (так называлі слыннага генерала ўжо яго сучаснікі), прарасталі з глыбокай старажытнасці — ад сям’і, што стагоддзямі жыла на Берасцейшчыне і заўсёды была адданая сваёй зямлі; ад роду, які цудоўна памятаў свае вытокі і ашчадна перадаваў у пакаленнях даўнія дакументы і спадчынныя традыцыі. Таму асобa будучага “Героя Двух Кантынентаў”, ягоныя маральныя чалавечыя якасці, філасофскае ўсведамленне свету, нарэшце, ягоная нацыянальна-патрыятычная свядомасць, шматлікія таленты і закладваліся менавіта ў сям’і.

Постаць Т.Касцюшкі надзвычай цэльная. Сёння ўжо відавочна, што імя і справы генерала павінныя шырэй выкарыстоўвацца на патрэбы беларускага нацыянальнага адраджэння і ўмацавання сучаснай беларускай дзяржавы, як раней (у ХІХ — сярэдзіне ХХ стагоддзяў) яны паспрыялі на карысць вяртання польскай дзяржаўнасці і стварэння сучаснай польскай нацыянальнай ідэі. Таму нядзіўна, што вывучэнне гісторыі сям’і, у якой нарадзіўся будучы военачальнік і палітык, было ў цэнтры ўвагі не аднаго пакалення навукоўцаў. Гісторыя стварэння адмысловых радаводаў і генеалагічных дрэваў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх доўжыцца ўжо 360 гадоў.

У 1641 годзе ў Кракаве пабачыла свет напісаная на лаціне праца Шымана Акольскага “Арбіта Польшчы”, з якой вынікае, што ўжо ў ХVІІ стагоддзі Касцюшкі ўяўляліся сучаснікам старажытным домам, моцна паяднаным сваімі каранямі з Берасцейскаю зямлёй („antiqua domus Kosciuszkonum in palatinatu Brestensi”) [5].

Складальнік аднаго