Лазня [Вінцэсь Мудроў] (fb2) читать онлайн

- Лазня 19 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Вінцэсь Мудроў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Вінцэсь МУДРОУ


ЛАЗНЯ


Апавяданне


Суботнім вечарам бацька выцягвае з-пад ложка парэпаную фібравую валізку і выстуквае на ёй косткамі пальцаў «Карэла-фінскую польку». Гэта ў яго добра атрымліваецца: грукат стаіць на ўсю кватэру. Пасля таго бацька пстрыкае зашчапкамі, і маці кладзе ў валізку змену бялізны, мыла і лубяную, падобную на бараду лесуна, вяхотку.

Кожнага суботняга вечара мы з бацькам ідзем у лазню.

У нашай кватэры ёсць ванна, але няма гарачай вады. Маці неяк нагрэла для мяне пару выварак, напоўніла ванну, але не паспеў я памыцца, як у дзверы пастукала старая Каржыха — суседка, што жыве пад намі. У яе там вада з трубы паперла. Больш мы ў хаце не мыліся.

Я першым выбягаю з кватэры, скачу праз дзве прыступкі па лесвіцы, а вылецеўшы з пад’езда, наструньваў вуха ў спадзеўцы пачуць тую самую «Карэла-фінскую польку», але ўжо ў выкананні суседа з саракавой кватэры. Гэта сын Каржыхі. Ён яе часцяком грае на старым трафейным акардэоне.

Валізка ў бацькавай руцэ злёгку матляецца, ручка рыпіць у такт хадзе, і я намагаюся ісці ў ровень з тым рыпеннем. Але ўвесь час даводзіцца збівацца з рытму, бо па дарозе сустракаем бацькавых знаёмцаў, якія, зірнуўшы ў мой бок, кожнага разу прамаўляюць: «Які ў цябе ўжо сын вялікі». «Хутка ў школу пайду», — паведамляю бацькавым знаёмцам, і тыя ўхвальна ляпаюць мяне па плячы. Перад самай лазняй ручка ўжо не рыпае, бо бацька ўпіраецца пальцам у зашчапку і, прымружыўшы вочы, выглядае — ці стаяць на ганку дзядзькі з піўнымі кухлямі ў руках. Піва ў лазенным буфеце бывае прыкладна раз на месяц.

Бачу дзядзькоў з кухлямі, і ў мяне, як і ў бацькі, уздымаецца настрой. Піва, вядома ж, не п’ю, ды мне яго ніхто і не дасць. Радуюся, што пакаштую кампоту з айвы. Але пра гэта апавяду пазней.

У лазенным прысенку поўна народу. Тут пераблыталіся дзве чаргі. Адна па квіткі, а другая ў буфет па піва, якое буфетчыца пампуе непасрэдна з бочкі.

— Давайце толькі тым, хто памыўся! — крычаць у натоўпе.

Выпіць гаючага напою прыходзяць «людзі з вуліцы», і паміж імі ды распаранымі чырванатварымі дзядзькамі раз-пораз усчынаюцца сваркі.

— Залезь, як я, на палок, а тады і піва бяры, — гугнявіць нехта ў нетрах натоўпу.

— Чаго цябе забірае, можа, я таксама мыцца прыйшоў, — кажа ў адказ бамбіза ў завэдзганай вапнавай рошчынай ватоўцы. — Тут непадалёку ўдзень і ўночы працуе раствора-бетонны вузел — дзядзька адтуль, відаць, і прывалокся.

— А дзе твой венік, а дзе мыла, а дзе твае трусы?

Ад вакенца касы прабіраецца, узняўшы ўгору квіток, цётухна ва ўзбітай на вочы хустцы.

— Няма ратунку ад п’яніц, — выдыхае цётухна, і бамбіза з растворнага вузла адступае ўбок, каб даць ёй дарогу.

Бацька займае чаргу ў касу, нецярпліва пераступае з нагі на нагу, а я, каб заняць вочы, чытаю «Правілы наведвання грамадскіх лазняў», што вісяць на сценцы. «Дзеці да 12 гадоў дапускаюцца толькі ў суправаджэнні бацькоў», — па складах, варушачы вуснамі, чытаю першы пункт. «У жаночыя аддзяленні дапускаюцца хлопчыкі да 3 гадоў... Катэгарычна забараняецца прыносіць і распіваць...» — мяне пхаюць у бок, і я падаюся да сценкі, не адрываючы вачэй ад правілаў. «Забараняецца таксама мыць бялізну, выносіць балеі з мыцельніка і выходзіць у фае ў аголеным выглядзе...». «А калі ў прасціну закруціцца — гэта аголены выгляд?» — думаю я, згадаўшы, як аднойчы лысы дзядзька закруціўся ў прасціну, пайшоў у буфет узяць кухаль піва, але буфетчыца не дала. Сказала, што распраненых не абслугоўвае. З лысага тады ўвесь мыцельнік смяяўся. Казалі, што калі б прасціна не прыліпла да мокрай сракі, глядзеўся б як рымскі арыстакрат.

Чарга ў касу, у адрозненне ад «піўной», рухаецца даволі хутка. Бацька ўжо непадалёку ад вакенца. Хвалюецца — ці хопіць квітоў. Мінулым разам скончыліся акурат у той момант, калі ён піхнуў нос у вакенца. Сядзелі потым і чакалі — калі людзі памыюцца.

«Пад час намыльвання нельга пырскаць мыльнымі хлапякамі, а абліваючыся вадой, не паліваць суседзяў», — мільгацяць уваччу радкі лазенных правіл, і да вушэй далятае радасны бацькаў воклік:

— Віць!

У прымыльніку вільготна, душна і тхне нейкай агідай. Я прынюхваюся, спрабуючы выявіць — чым гэта смярдзіць,— ды бацька штурхае ў спіну. Маўляў, рухайся хутчэй, трэба заняць шапік.

Непадалёку ад нас распранаецца аднарукі інвалід, які таксама мыецца па суботах. Небарака згубіў правую руку ў баях пад Смаленскам, і цяпер замест яе — ліловай водцені кукса. Інвалід любіць пагаманіць пра вайну, асабліва калі сёрбне піва. Слухаць яго цікава і ўадначас страшна. Надоечы пра нейкіх казахаў апавядаў, якіх прыгналі на фронт, паднялі ў атаку, а немцы іх мінамётным агнём накрылі. За паўгадзіны цэлы полк загінуў.

— Распранайся хутчэй, — бацька падхоплівае бляшаную балею і знікае ў ахутанай парам пройме дзвярэй.

Месца, каб паставіць балею, знайшлі ў дальнім канцы лазні.

Лена ваджу намыленай вяхоткай па грудзіне, неадрыўна пазіраючы на вялізную лужыну, што разліваецца пасярод мыцельніку. Бярозавае лісце забіла зліўную адтуліну, і вада падступае да нашай лавы. Цікава назіраць, як па лазеннаму мору плывуць мыльныя бурбалкі і, не раўнуючы, як чаўны, гойдаюцца на хвалях, узнятых чарговай перакуленай на голаў балеяй.

— Бляха, дзе Кузьміч? — незадаволена азываецца нехта за спінай, і вось ужо той самы Кузьміч — апранены ў белы халат і абуты ў кірзавыя боты лазеншчык — прачышчае адтуліну каляным дзеркачом, і мора, развітаўшыся са светам засопленым зыкам, знікае.

— Мыць бялізну забаронена! — звяртаецца лазеншчык да дзядзькі, што сядзіць на другім канцы лавы і шаруе сацінавыя трусы.

Дзядзька кідае трусы на лаву, а калі Кузьміч адыходзіць, зноў падхоплівае, кладзе на калена і пачынае з яшчэ большым імпэтам шугаць па іх пляскатым змылкам. Відаць, не чытаў правілаў. І таўсценны бамбіза, які мыецца поруч, таксама не знаёмы з правіламі. Ганяе па валасатай грудзіне намыленую вяхотку, пырскаючы пенай на добрых два метры. Нават на маю макаўку хлапякі заляцелі. І навошта тады тыя правілы пішуць, калі іх, апроч мяне, ніхто не чытае?

Бацька пазычыў у некага венік і пабег парыцца. Парыцца ён звычайна доўга, і я кожнага разу хвалююся. А раптам там, на палку, учадзее? Аднойчы завёў мяне ў парыльню, дык пасля таго ў мяне на карку скура аблупілася. Апёк, відаць. Маці потым лаялася.

Насцярожліва, на цырлах, падыходжу да дзвярэй парыльні і гэтак жа насцярожліва адчыняю. Уваччу, ахутаныя гарачай смугой, мітусяцца ружовыя целы.

— Сява, паддай! — крычыць нехта з палка, і ў твар мне б’е пругкая аблачына. Твар гарыць агнём, я выкульваюся з таго страшнага месца і бягу пад «дожджык».

Цёплыя струмені падаюць на плечы, казытліва збягаюць па сцёгнах. «Дожджык» — лепшае, што ёсць у лазні. Гатовы стаяць пад ім цэлую гадзіну. Ды як пастаіш, калі ў мой бок сунецца той самы бамбіза з валасатай грудзінай. Галава і твар пакрыты мыльнай пенай, таму ён невідушча водзіць рукамі, хапае мяне за нос, і я, сагнуўшыся, выслізгваю з-пад казытлівых струменяў.

А вось і бацька. Яго нават цяжка пазнаць: чырвоны, як рак, ад макаўкі ўздымаецца пара, а да ілба прыліп бярозавы лісток.

— Ну ты тут мыешся? — пытаецца бацька, і я з уздыхам намыльваю голаў.


Праз гадзіну, дарэшты змораны, сяджу ля шапіка і ўтрапёна гляджу пад ногі. Пад нагамі ў мяне газета «Праўда» за мінулы месяц. Хоць яшчэ і не хаджу ў школу, але збольшага навучыўся чытаць, і цяпер засяроджваюся на кожным надпісе, што патрапляе на вочы. «Прамова М.С.Хрушчова на нарадзе...» — чытаю загаловак, але дзе была тая нарада, так і не даведваюся: бацька прыціскае «Праўду» мокрымі ступакамі.

— Не кідайце газеты на падлогу. Не аддзерці потым, — гукае Кузьміч, але яго ніхто не слухае. Вось і бацька кінуў пад ногі газеціну і з адчаем у кож­ным руху выцірае махровым рушніком валасы.

— Ну ты думаеш апранацца? — бацька насоўвае мне на шыю майку. — Хутчэй давай, а то іншым людзям трэба памыцца.

Насамрэч бацька не пра людзей рупіцца, а прагне сёрбнуць халоднага піва.

Калі самае прыемнае ў лазні — гэта цёплы дожджык, дык самае непрыемнае — хустка, якую, па матчыным загадзе, бацька нязграбным рухам ускідвае мне на патыліцу. Калі завязвае маці, дык на скронях складкі пакідае, і ладна абцягвае галаву. А бацька проста сціскае вузлом шыю, і хустка адразу, як у той цёткі ля касы, лезе на вочы. Добра яшчэ, што прыкрываю яе шапкай «з вушамі».

У буфеце народу зусім няшмат. З людскіх размоваў пачулі, што ў чарзе пачалі біцца, і лазеншчыца з жаночага аддзялення прывяла міліцыянера. Ён і выгнаў з лазні ўсіх п’яніц. Я іх, дарэчы, адразу вызначаю. Яны край кухля соллю пасыпаюць. Вось і аднарукі інвалід піхнуў тры пальцы ў сальніцу.

Калі піва няма, бацька ў бу­фет не заходзіць. А вось калі ёсць, абавязкова бярэ сабе кухаль, а мне маленькі слоік кампоту з айвы — адзінай смакошы, што там прадаецца. І просіць буфетчыцу зняць накрыўку.

Я бяру слоік, п’ю салодкі кампот, казелю вокам на бацьку. Цікава глядзець, як ён прыкладаецца да кухля, як прагна, злавесна варушачы коўцікам, глытае піва, а крыху не дапіўшы, адчайдушна аддзімаецца. На ілбе бацькавым пры гэтым выступаюць вялікія кроплі поту. Дапівае кухаль паволі, і потым вільготнымі вачыма глядзіць на буфетчыцу, якая куляецца за прылаўкам, пампуючы піва з бочкі. Бацька прагне дабаўкі, але маці дае грошы толькі на адзін кухаль і на слоік кампоту.

Хапаю ротам слізкі скрылёк і дзіўлюся — чаму бацька ўпадабаў горкае піва, а не салодкую і духмяную айву? Пару скрылькоў пакідаю маці, і так, са слоікам у руцэ, выходжу з лазні.

На цёмным небе ні месяца, ні зорак. Толькі свецяцца вокны на верхавіне вадавежы: яна стаіць адразу за лазняй. Вокны свецяцца ўсю ноч і бачныя ад пад’езда нашага дома. Мой аднагодак Мішка Корж — сын таго самага акардэаніста — кажа, што па начах на вадавежы збіраюцца злодзеі і дзеляць здабычу. Я таму, вядома, не даю веры. Але цяпер, пазіраючы на квадраты кволага святла, выразна ўяўляю круглыя сцены, такі ж круглы стол і падобных на піратаў злодзеяў, якія сядзяць вакол стала.

Каржыха, Мішкава бабуля, наогул апавядае страшныя рэчы. Нібыта ў пасёлку з’явіліся злодзеі, які «прагульваюць» у карты людзей — тых, якія ходзяць у кіно. Нехта са злодзеяў застаецца ў дурнях і цягне з калоды дзве карты. Выцягне, скажам, шасцёрку, а потым дзясятку — гэта значыць, трэба зарэзаць чалавека, які сядзіць у клубе на шостым месцы ў дзясятым радзе. Распавёў бацьку гэтую гісторыю, дык той толькі галавой матлянуў. Маўляў, якая лухта. А калі на вадавежы і сапраўды сядзяць злодзеі ды гуляюць у дурня? Гляджу апошні раз на нізку кволых агнёў — і на злом галавы бягу па дарозе ў той бок, дзе чутны шаргатлівыя бацькавы крокі ды мерны і такі прыемны для вуха рып лазеннай валізкі.