Адзін лапаць, адзін чунь Автор: Міхась Стральцоў Жанр: Современная проза https://coollib.com/b/369917-mihas-straltsow-adzin-lapats-adzin-chun Міхась Стральцоў Адзін лапаць, адзін чунь1 ...Раптам казытліва стала спіне: над стрэшкай пограба імгліста ўсхапіўся снежны ўзвей, калюча зацерусіў у вочы; потым разам аціхла — чуваць было, як з шаргаценнем спаўзаў па сцяне і ападаў долу вецер. Снежны пыл на вейках і на шчоках раставаў, і рабілася цёпла. На раскапаным ля пограба сумёце таксама была стрэшка, сутонліва-белая і лёгкая, як аблачынка ці птушынае пяро, і — мройлівая ў сваёй прыцемненай белі. Пазёмка сцішана шоргала па сумёце, празрыста-дымна распаўзаючыся за агародам у полі. Ён увабраў галаву ў плечы, не зважаючы, што непрыемна-холадна дакранаўся да шчакі зледзянелы матузок ад аблавушкі, і — глядзеў... Птушкі ляцелі на разлатую Піліпчыкаву лясоўку, пад вецер, і таму зніжаліся над пуняй, але не селі — зноў ляцелі ў поле, робячы круг: вераб'і пырхнулі тугой чародкай, пад імі, ніжэй, ішла сініца, ...