Мэры Кэт [Мікола Лупсякоў] (fb2) читать онлайн

- Мэры Кэт 40 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікола Лупсякоў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Мікола Лупсякоў Мэры Кэт

Уся гісторыя пачалася вось з чаго... Прыходжу я ў школу, а мой сябар Янка Маркаўцоў у калідоры на вуха мне шэпча:

—  Ведаеш, а ў нас у класе навічок. Дзяўчынка, аграномава дачка. Задавака — ого, брат! Бацьку ў калгас прыслалі. А яе маці — такі вучоны, што па калгасах ездзіць. У Міхалковых кватэру знялі, дык увесь дзень учора кнігі туды вазілі. Цяпер у Міхалковых у пярэдняй хаце кнігі, і ў шафах, і на паліцах — усюды.

—  Ты мне не шапчы, — раззлаваўся я, — я дрэнна чую.

—  Майн Рыд, Купер, Маўр! Чаго толькі там няма! I кнігі ўсе ў залатых пераплётах! — на ўвесь голас крыкнуў Янка.

—  Во цяпер, — кажу, — чую, толькі крычы трохі цішэй, бо ад твайго крыку ў вушах баліць.

—  Добра, буду крычаць цішэй, бо тая дзяўчынка яшчэ пачуе, — паслухмяна адказаў Янка. — Прозвішча яе Пшанічная, а завуць дзіўна — Эма. Каса ў гэтай Эмы аж да пояса, а партфель з замком «маланка». Сядзіць Эма цяпер з Ганнай Паяркавай.

—  Каса, кажаш, доўгая?

—  Ого, брат! Во дзе будзе нам работы! Во будзе смеху! А калі пойдзе скардзіцца, — упэўнена сказаў Янка, — прыгрозім! Так і скажам: пойдзеш да дырэктара, дык тады лепей і ў клас не заходзь.

— А калі бацька яе, аграном гэты самы, раззлуецца ды нашым бацькам працадні не запіша — тады што? — запытаўся я.

—  А нічога, — адказаў Янка. — Мы тады выступім на сходзе і так раскрытыкуем, што яго з аграномаў здымуць.

—  А і праўда, — згадзіўся я.

I вось заходжу ў клас. Як заўсёды, за якую хвіліну перад пачаткам урока. У класе цішыня, мільгаюць старонкі падручнікаў. Усе чакаюць настаўніка. За вокнамі светлая, ясная раніца. Далёка на небасхіле палымнее ўсход, школьны сад падсту-паецца да самых нашых вокан. Класная дошка зіхаціць: яе добра выцерлі мокрай анучкай.

Я борздзенька бягу да свайго месца, каб сесці раней, чым зойдзе настаўніца. Саджуся. Шпарка раскрываю партфель. Першы ўрок — літаратура. Тэма — Някрасаў. Біяграфія. «Мароз, Чырвоны нос». Я дастаю падручнік, сшытак, аловак, ручку. Кладу рукі на парту і з палёгкаю ўздыхаю. Цяпер можна і агледзецца. Дзе ж тая Эма, пра якую расказваў мне Янка? Ага, сядзіць разам з Ганнай Паяркавай. На пярэдняй парце, на Янкавым месцы. А Янка перабраўся ў самы задні куток. Цяпер яму раздолле! Добра было б і мне перабрацца, але ж адтуль усяго не пачуеш. I сяджу я на другой парце — якраз насупраць гэтай самай Эмы Пшанічнай. Ого, якая яна! У новенькай форме, кірпаносая, чырванашчокая, з доўгай касой і на руцэ — гадзіннік. Адразу відаць, што гэтая Эма вельмі культурная. Гаварыць з ёй, мусіць, трэба асцярожна, падбіраючы розныя прыгожыя словы. I як гэта яе бацька ў калгас прыехаў? I маці? Эма... У нас у школе ніводнай Эмы не было, і раптам — на табе! Сядзіць з гадзіннікам, як якая пекная паненка. Я на той гадзіннік ужо разоў дваццаць зірнуў бы, а яна... Рукі паклала на парту, локці ўшыркі. Слухае настаўніцу. Як жа ёй, задавацы гэтакай, паказаць, што ў нас з такімі, як яна, не жартуюць...

Тут настаўніца задала класу нейкае пытанне, і Эма Пшанічная падняла руку.

— Ну вось, паслухаем, што скажа навічок, — сказала настаўніца. — Калі ласка, Эма!

Эма паднялася ды так складна адказала, што мы ўсе раты паразяўлялі. Мы тады яшчэ не ведалі, што Эма — круглая пяцёрачніца. Я ўзлаваўся не на жарт. Вырваў з сшытка чысты лісток паперы і борздзенька напісаў першае, што прыйшло ў галаву: «Я, начальнік зграі разбойнікаў Пантона-Мантона-Дэмантона, папярэджваю цябе, што калі ты будзеш выскачкай і калі пачнеш скардзіцца на нас настаўнікам, дык мы ўтворым над табой суд разбойнікаў. Падумай над гэтым добранька!»

I падпісаўся: «Крыважэрны разбойнік Пантона-Мантона-Дэмантона». Радуючыся, што гэтак здорава ўсё выдумаў, я шпурнуў запіску на Эміну парту, а сам нахіліўся над падручнікам. Аднак я паспеў заўважыць, што Эма ўзяла запіску і пачала яе разгортваць. Я ўнурыўся ў падручнік, баючыся падняць вочы. Раптам — перад самым маім носам упала запіска. Я разгарнуў яе і прачытаў:

«Пантона-Мантона-Дэмантона! Калі толькі ты мяне кранеш хоць пальцам, я дам табе такой здачы, што ты дзясятаму закажаш. Ты яшчэ не ведаеш, што я была ў афрыканскіх джунглях, падарожнічала па Місісіпі, а хутка паеду ў Індыю». I подпіс: «Мэры Кэт».

Я сядзеў як мыла з'еўшы. Па-першае, як яна дазналася, што запіску напісаў я, а па-другое, не ведаў, хто такая Мэры Кэт, дзе яна пра яе вычытала. I тут я цвёрда — раз і назаўсёды — вырашыў: з гэтага дня я буду самы большы вораг Эмы Пшанічнай. Буду яе ненавідзець, буду ёй помсціць. Каб не быць пустабрэхам, адразу ж зляпіў з хлеба шарык, наслініў яго і запусціў у Мэры Кэт. Мэры Кэт азірнулася, гнеўна стрэльнула ў мяне вачыма. На маё няшчасце, усё гэта заўважыла настаўніца і падышла да мае парты:

—  Антон Бубноў, гэта непрыстойна. Прасі прабачэння ў дзяўчынкі!

Я падняўся. Эма таксама паднялася, камечачы ў руках хлебны шарык. А настаўніца маўкліва пазірала на мяне, і ў яе позірку былі дакор і пагарда:

—  Навошта ты пакрыўдзіў такую добрую, прыгожую дзяўчынку?

—  Гэта не я, — сказаў я, — гэта нехта іншы.

—  I ты яшчэ адмаўляешся? — сказала настаўніца. — Я ж бачыла. I ў цябе хапае сумлення зводзіць усё на другіх? Прасі прабачэння.

Я прамармытаў нешта.

—  Мацней гавары! — загадала настаўніца.

—  Прашу прабачэння! — уголас сказаў я. — Перасадзіце мяне на другую парту, бо тут я не магу.

—  Не, — адрэзала настаўніца. — Будзеш сядзець тут. А цяпер выйдзі з класа, пахадзі па калідоры ды як след падумай...

Мэры Кэт з палёгкаю ўздыхнула.

Рэштку ўрока я прастаяў на калідоры, абдумваючы розныя помслівыя планы. I дзіва: чым болын я думаў, тым больш падабалася мне Эма Пшанічная і... тым больш злаваўся на яе і на сябе.

II

У хаце чысціня, прыгажосць, утульнасць. Печ зранку прапалена, ад яе патыхае цеплынёй. Я сяджу за сталом. Урокі зроблены. Падручнікі, сшыткі, падрыхтаваныя да заўтрашняга дня, ляжаць у партфелі. На стале перада мною стаіць прыёмнік, можна павярнуць уключальнік і паслухаць музыку. Але я не раблю гэтага. Мне прыемна вось так сядзець і адпачываць. Пачынае вечарэць. Вецер, дождж, за вокнамі хістаецца рэдкае голле дрэў. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Цяпер у нас работы мала, толькі ля кузні людзі завіхаюцца: рыхтуюць сані, кары — узімку вазіць з лугоў сена. Маці ўвесь дзень дома. Варыць, корміць карову, свіней. Тупае то на двор, то з двара. А я сяджу, незадаволены самім сабой і ўсімі. Сумленне точыць мяне. Ну навошта я пакрыўдзіў гэтую Эму? Што яна мне дрэннага зрабіла? Добра яшчэ, што настаў-ніца не сказала дырэктару. I які сорам: прабачэння прасіў! Цяпер хоць ты ў клас не паказвайся.

Я цяжка ўздыхаю і задумваюся над сваім лёсам. Некалі даўно, калі я быў яшчэ зусім малы, я прастудзіўся і захварэў на вушы. Мяне лячылі, але з таго часу я крыху пачаў недачуваць. Каб хто ведаў, як я тады мучыўся! Увесь час баяўся: што, як зусім аглухну? Я ўнурыўся ў самога сябе, мала з кім сябраваў, а дома, падрыхтаваўшы ўрокі, прывык сядзець адзін, як цяпер. Я прывык да такой адзіноты, яна мне падабаецца. У школе спачуваюць мне. I вучні, і настаўнікі добра разумеюць, што мне цяжка. Гэта першы выпадак, калі мяне папрасілі выйсці з класа. I мне раптам стала шкада самога сябе. Я рашыў, што цяпер ужо зусім не загавару з Эмай, буду не заўважаць яе, нават ніколі не гляну на яе. Прыгожая, выпеставаная, уся як лялька, яна выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці...

Блізіўся вечар. Змрок усё больш гусцеў, а я сядзеў адзін, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Трэба было запаліць электрычнасць, але я не кранаўся з месца. Вярнуўся з поля бацька. Пахадзіў за перагародкай, голасна сказаў маці:

— Аграном гэты новы — талковы чалавек. Зямлю ён любіць і ведае.

III

Усю восень, аж да першых маразоў, я не размаўляў з Эмай, пры сустрэчах адварочваўся, на ўроках не пазіраў на яе, а калі нашы позіркі выпадкова сустракаліся, дык я надаваў свайму твару пагардлівы выраз. Я дамогся свайго: мяне пасадзілі на другую парту. Эму, відаць, здзівіла і ўразіла мая адкрытая пагарда. Некалькі разоў, неўпрыкмет, я заўважаў на сабе яе здзіўлены позірк. Чым больш я цураўся яе, тым часцей яна пазірала ў мой бок. Затое ўсё больш і больш радаваўся, бачачы яе збянтэжанасць і разгубленасць. «Так табе і трэба!» — разважаў я.

Неяк аднойчы ў выхадны дзень я ішоў па вуліцы і на рагу нос у нос сутыкнуўся з Эмай.

—  Ой! — спалохана ўсклікнула яна.

Я моўчкі пачаў яе абыходзіць, але яна раптам схапіла мяне за руку.

—  Слухай, Антон, чаго ты мяне цураешся? Што я табе зрабіла, Пантона-Мантона-Дэмантона? Я ж не вінавата, што настаўніца заўважыла, як ты кінуў шарык. Я ж нікому нічога не сказала... Капітан зграі, дзе твае разбойнікі, што ты ходзіш заўсёды адзін?

Я абыякава паглядзеў на Эму. Але ж хіба можна было не заўважыць яе — круглатварую, прыгожую, з доўгай касою, што была перакінута наперад цераз плячо. I ўсё ж пагарда перамагла. Я адвярнуўся і амаль подбегам пашыбаваў па вуліцы. Аглянуўся, яна пакрыўджана ўсміхнулася і нейкі час стаяла на месцы, пазіраючы сабе пад ногі.

У школе ў выхадныя дні для вучняў старэйшых класаў наладжвалі вечары мастацкай самадзейнасці і танцы пад баян. На такіх вечарах звычайна бывалі дзяжурныя настаўнікі. Да танцаў я не ахвотнік. Але на гэты раз я рашыў схадзіць, паглядзець, як вучні танцуюць. Мне раптам палегчала, я павесялеў, настрой мой палепшаў.

Старанна адпрасаваў свой новы касцюм у клетку, надзеў гальштук пад белую шаўковую кашулю, наваксаваў туфлі. Прыбраўшыся, я доўга круціўся перад люстэркам. 3 непрывычкі мне было сорамна ў маім новым адзенні, тым больш што я апрануў і нядаўна купленае новае паліто. Некалькі разоў я спыняўся, наважваючыся вярнуцца дадому, але нейкая сіла цягнула да школы.

Прыйшоўшы ў школу, здаў у гардэроб сваё паліто і ціхенька пашыбаваў па калідоры. У калідоры было шмат вучняў — найбольш дзяўчынак. Дзверы ў адным класе былі расчынены, там ігралі на баяне. Я падышоў да дзвярэй і пачаў глядзець, як вучні вучацца танцаваць. I раптам убачыў Эму. Яна сядзела поплеч са старшай піянерважатай і пра нешта з ёю гаварыла. Павярнулася, убачыла мяне і пырснула смехам. Пэўна, ёй кінулася ў вочы маё новае адзенне. I як гэта я забыўся, што магу сустрэць тут гэтую Мэры Кэт? Я ж за ўвесь дзень пасля той сустрэчы ні разу пра яе і не падумаў. А ёй, пэўна, здаецца, што гэта я для яе так прыбраўся. Не дачакаецца! Я з ёю не толькі сябраваць, а і зусім знацца не хачу. У яе сваё жыццё, у мяне — сваё. Я пагаварыў трохі з аднакласнікамі і пайшоў дадому.

IV

Кожная пара года па-свойму прывабная, прыгожая. Я люблю вясну, калі з трэскам ломіцца на рацэ лёд і гаманкія поўныя воды нясуць крыгі. Растае снег, бягуць ручайкі, спяваюць жаўрукі. Апранаюцца ў зеляніну хмызнякі, зямля, атуленая цяплом, чакае блізкай навальніцы. I вось ужо правуркатаў у небе гром, зацвіла вярба — можна рабіць дудкі. На паплавах ходзіць цыбаты бусел. Недзе ў затоках сонна крэкчуць жабы. Цёпла, прыгожа, прыемна. Некуды кліча, вабіць цябе жыццё, і ўздымаюцца грудзі ад глыбокага дыхання. А ў галаве — колькі думак, колькі мар! Але вось дні пацяплелі, выкаласілася жыта, вывеліся маладыя шпакі, густа зацвіў чабор на пясчаных узгорках, трава на заліўных лугах паднялася ў пояс, бульба зацвіла, запахла ўсюды сырадоем, цёплай зямлёй, гуркамі. Колькі багацця адразу і зацвіло, і забуяла на зямлі!

Я хаджу па ляску. Мне трэба зрэзаць вудзільна. 3 нажом-складанчыкам у руцэ я падыходжу да бярозкі, доўга аглядаю яе.

Іду сабе далей. Да наступнай бярозкі.

Я люблю таксама восень з яе першымі яснымі днямі, дажджом, з першымі замаразкамі і маразамі. А зіма! А першы снег! А іней на дрэвах і лёд на рацэ! I конь, запрэжаны ў сані, што імчыцца некуды далёка па дарозе!

Я сяджу дома пасля школы і чытаю кнігу. На дварэ першы сняжок і першы дужы марозік. Ісці нікуды не хочацца. Раптам пад акном мільганула постаць Янкі Маркаўцова — майго аднакласніка. Я спакойна сяджу за сталом, чакаючы, калі ён зойдзе ў хату. Рыпяць дзверы. За перагародкай чуваць Янкаў голас:

—  Добры дзень, цётачка! — Гэта ён з маёй маці вітаецца.

—  Добры дзень, Янка, — кажа маці.

—  Антон дома?

—  Дома. Кнігу чытае. Заходзь.

Янка ўвальваецца да мяне, цяжка дыхаючы.

—  Я зараз такое дзіва бачыў, што і не паверыш, Хадзем, пакуль не позна. Там столькі народу са бралася — як не з усяго калгаса. Я табе нічогo не раскажу, гэта трэба пабачыць.

—  А ты скажы.

—  Не, — махае рукамі Янка. — Такое не раска жаш! Хутчэй апранайся, бо яшчэ спознімся.

Я паслухмяна кладу кнігу, апранаюся, і мы выходзім з хаты.

Янка вядзе мяне за вёску, да рэчкі. На ўзгорку мы прыпыняемся. Адсюль ужо відаць рэчку і вя-лікае балонне[1], усё залітае вадою. Пад узгоркам стаіць немалы натоўп мужчын і кабет, а перад імі, па чыстым лёдзе, катаецца на каньках чалавек, апрануты ў вязаны цёмна-сіні фізкультурны касцюм, на галаве ў яго шарсцяны берэт. Ды як катаецца! Такога я яшчэ і не бачыў. Па крузе. То перадам імчыцца, то спіной, то раптам як пачне кружыцца, што толькі берэт мільгае, а тады разгоніцца і імчыць на адной назе.

—  Хто ж гэта такі? — пытаюся я ў Янкі.

—  Адгадай, — адказвае. — Век не адгадаеш. Збеглі мы з узгорка да балоння, і тут я ўтрапеў: каталася Эма Пшанічная. Прыгожая, зграбная, дужая, яна ўпэўнена насілася па лёдзе на зайздрасць мне і ўсім. Кабеты перашэптваліся і ківалі галовамі: вось дык аграномава дачка!

Я ўспомніў апошнюю сустрэчу з ёю на вуліцы, і мне стала ясна, што дарэмна я радаваўся сваёй перамозе над ёю.

V

Гэтую ноч я амаль не спаў. Зайздрасць не давала мне спакою. Што за такая вучаніца ў нас? Калі яна паспела навучыцца так здорава бегаць на каньках? Успамінаючы яе, я ўсё болып адчуваў незразумелую для сябе трывогу. Нешта новае, хвалюючае падступал -паўняла мяне ўсё больш і больш. I раптам мне падумалася: а што калі я куплю канькі і навучуся катацца так, як гэтая Эма? Вучыцца буду дзе-небудзь на далёкай крыніцы, каб ніхто не бачыў. Пакуль пойдзе снег — часу хопіць. А тады адразу здзіўлю ўсіх...

Гэтая думка захапіла мяне. Ды як! Ужо раніцою я пачаў прасіць у бацькі грошы на чаравікі і канькі. Бацька ніколі і ні ў чым мне не адмаўляў.

— Канькі? — толькі і перапытаў ён. — Добра. Даўно трэба было табе навучыцца на каньках хадзіць. Заўтра я еду ў райцэнтр і прывязу табе канькі.

I вось яны перада мною — новыя чаравікі з прыкручанымі нажавікамі. Я пазіраю на іх і дзіўлюся: як гэта я, жывучы ля ракі, не меў канькоў? Але на лёдзе мой настрой мяняецца.

Я іду да самай далёкай крыніцы, дастаю з-пад палы чаравікі з канькамі і пачынаю пераабувацца. Потым ступаю на лёд. I не магу ўстояць: мае ногі коўзаюцца — адна ўлева, другая ўправа, і мяне як хто збівае на дол. Мне робіцца сумна: дарэмна я ўсё гэта надумаў. Не дагнаць мне яе. Я падымаюся і адразу ж падаю яшчэ раз. Але блізка нікога няма, і я настойліва пачынаю трэніравацца і ўсё падаю на лёд і бокам, і спінаю, і жыватом. Урэшце к канцу дня мне ўдаецца ўсё ж праехацца на каньках добрыя гоні... Я весялею.

У нас вечарамі бывае вельмі прыгожа. Успыхвае электрычнасць у вокнах хат, запальваецца ліхтар на вуліцы ля крамы. Цісне мароз, дрэвы стаяць у інеі. У калгасным клубе пачынаецца кіно. Папыхвае паравік у школьнай майстэрні. Толькі мяне няма ні ў кіно, ні ў школе, ні ў клубнай більярднай. Я ў гэты час нясуся па рэчцы на каньках. Лёд спявае пад маімі нагамі. Мне горача. Твар аж палае ад гарачыні. Над рэчкай, у глыбіні неба, гараць вялікія і малыя зоры. Па берагах у цемені мільгаюць лазовыя кусты. Я адзін. Штуршок за штуршком па знаёмай дарозе.

Нікога няма на рацэ. Цемень, лёд, вецер ды я! Адзін адным. Што там цяпер робіць гэтая Эма? Пэўна, у кіно пайшла, а можа, дома ўрокі вучыць. I зусім не ведае, што я тут адзін на рэчцы. I не трэба, каб ведала. Мне добра. А Эма хай сабе сядзіць там адна. Хай думае, што яна лепшая за мяне. Мне ўсё роўна. Мне добра вось так, аднаму, успамінаць пра яе. Зорны халодны вечар. Трашчыць мароз. А я катаюся і ўсё думаю, думаю. Дарэмна я тады не загаварыў з ёю. 3 ёй можна, бадай, і пасябраваць. Але ж калі б пасябраваў, дык хіба быў бы я цяпер вечарам адзін на рэчцы? Прэч, прэч такія думкі...

У вёсцы тухнуць агні. Позна, а я ўсё яшчэ катаюся. Мне добра, прыемна, і здаецца мне, што я чую лепей. Вунь загрымела далёка наперадзе, аж гул пайшоў — гэта лёд трэснуў. А вось зацахліла, залескатала — далёка на чыгунцы поезд ідзе. Прайшоў, і сціхла, толькі сабакі ў вёсках брэшуць. Цішыня. Зоры, як жывыя, пераміргваюцца ў небе. Мне пачынае падабацца мая адзінота. А наперадзе? Што чакае мяне наперадзе? Нарэшце я рашуча зварочваю на балонне, пад'язджаю да берага. У кустах скідваю чаравікі з канькамі, насоўваю валёнкі і іду ў вёску. Канькі нясу пад палой, каб ніхто не ўбачыў, калі сустрэнецца. Наперадзе ў мяне — прыемны, здаровы сон.

VI

Ну ж і дзянькі пачаліся! Гэта ж не жартачкі — навучыцца катацца на каньках так, як Эма! Без усякіх падказаў. Першы дзень я быў і нос павесіў. У мяне балелі і бакі, і спіна, і ногі. А тут яшчэ я некалькі разоў выцяўся аб лёд і каленкамі, і бокам. Ішоў дадому і думаў, што я самы нешчаслівы на свеце чалавек. Дома, павячэраўшы, адразу ўпаў на ложак і заснуў як забіты. Мне снілася рэчка, сіні лёд. Ён быў вельмі слізкі. Я падаў, стагнаў ад болю, але не прачынаўся. Назаўтра ісці з канькамі на рэчку мне не хацелася. Але ж перад вачыма ўвесь час стаяла Эма. I вось пасля ўрокаў я зноў пачаў збірацца. Апрануў лыжны касцюм, пінжак, схаваў чаравікі з канькамі пад палу і падаўся на рэчку. Ішоў без ніякага жадання, як па прымусу. Хацеў нават вярнуцца з паўдарогі, але перадумаў: яшчэ сёння паспрабую. У кустах скінуў валёнкі, абуўся ў чаравікі, скінуў пінжак. I пачалося тое самае. Адзін раз праеду, адзін раз павалюся. Аднак жа ў гэты дзень выходзіла ўсё лепей. Я трохі стаяў на каньках, хоць і змарыўся так, што пот цурком ліўся па твары. Вечарам я ўжо катаўся. Праўда — дрэнна, але ж гэта быў толькі другі дзень! Цяпер я ўжо не сумняваўся, што і адзін навучуся хадзіць на каньках. Тут патрэбна толькі вытрымка, насто-лівасць. Калі мне было цяжка, я садзіўся адпачываць і ўяўляў сабе той дзень, калі праеду перад Эмай на каньках. Я ўяўляў, як будуць дзівіцца знаёмыя і сябры, якой разгубленай будзе Эма. Гэта надавала мне сілы і заахвочвала мяне. I я зноў пачынаў катацца.

Але раптам мяне ахапіў непакой: а як хто-небудзь убачыць ды ўсім раскажа? Мяне кідала нават у холад ад гэтай думкі. Праўда, месца глухое і далёка ад дарогі...

Рукі і ногі мае ад няспынных трэніровак наліваліся сілай. Я адчуваў, як з кожным днём усё больш тужэюць мускулы, а рухі робяцца болын разважлівыя і дакладныя. Чым лепш удавалася мне коўзанне, тым весялейшы я рабіўся. I настаўнік, і вучні пачалі пазіраць на мяне, як мне здавалася, са здзіўленнем.

Першы ўстрывожыў мяне мой сябар Янка Маркаўцоў. Неяк на перапынку ён запытаўся:

—  Слухай, Антон, чаго гэта ты ходзіш кожны дзень на раку? Што ты там робіш?

А за Янкам і іншыя пачалі чапляцца:

—  Што гэта ў цябе за паходы такія?

Тут ужо я не на жарт спалохаўся: а што, як высачаць ды да часу пра ўсё дазнаюцца? Пра тое, што вучуся катацца, ведалі толькі бацька ды маці — і больш ніхто.

Каб не рызыкаваць, я змяніў распарадак дня. Урокі пачаў рыхтаваць адразу пасля школы, а вечарам, як толькі пачне цямнець, — на лёд. I вось імчу, любуючыся зманлівым разлівам электрычных агнёў у цемені. I такое тады ўсё добрае ўспа-мінаецца. Успамінаецца Кіці з рамана Льва Талстога «Анна Карэніна». Як яна здорава каталася на каньках! Успамінаюцца школа, настаўнікі, Эма. Аднойчы я нават канькамі на лёдзе выпісаў гэтае імя.

Добра было б прамчацца ўдваіх па лёдзе навыперадкі. Ды для гэтага мне яшчэ трэба трэніравацца ды трэніравацца! Але чаму я павінен вучыцца адзін? I ўсё больш і больш пачало з'яўляцца ў мяне жаданне: выйсці на каньках удзень на ба-лонне, калі там будзе катацца Эма Пшанічная.

VII

У наступны дзень я бяру канькі і бягу на лёд. Эма ўжо там — пра гэта мне сказаў Янка Маркаўцоў, якому я яшчэ ўчора адкрыў свой сакрэт. Ясны зімовы дзень. Чысты лёд аж зіхаціць на сонцы. Зграбная яе постаць у вязаным касцюме мільгае перада мною. Вось Эма робіць круг. Вось робіць васьмёрку. Раптам імчыцца на адной назе, потым кружыцца на месцы. I зноў — імклівы бег.

Ужо няма на беразе натоўпу, як гэта было спачатку. Канечне, я быў бы рады, каб былі на беразе людзі. Няхай бы падзівіліся, як я катаюся. Але ж гэта не так ужо важна. Важна, што я навучыўся. А слава — яна прыйдзе пасля, калі толькі ёй трэба будзе прыйсці.

Каля лёду я скідваю валёнкі, аддаю іх Янку, а сам абуваю чаравікі з канькамі.

Эма спыняецца і пазірае на нас. Я падхопліваюся і, на здзіўленне Янкі, смела імчуся па лёдзе. Я раблю спачатку круг — зусім такі, як яна. Потым васьмёрку. Потым імчуся на адной назе. Усё гэта выходзіць у мяне проста. Не горш, мусіць, чым у яе. Потым я імчуся наўпрост — аж пад самы далёкі бераг. Яна не вытрымлівае і зрываецца ўслед за мною. Але ж хіба ёй дагнаць мяне!

Столькі дзён і вечароў быў я на лёдзе. Усю восень і пачатак зімы!

Пад берагам я раблю яшчэ адзін круг і спыняюся. Яна — расчырванелая, здзіўленая — пад'язджае да мяне.

— Антон, — з усмешкай пытае яна, — калі гэта ты навучыўся катацца на каньках?

—  А вось і навучыўся, — не без гонару кажу я. — Не толькі ж табе адной катацца, Мэры Кэт. Дарэчы, Мэры Кэт — гэта гераіня з якога рамана? Нешта я ніяк не прыпомню.

—  Ні з якога, — адказвае яна. — Я сама выдумала.

Мы пайшлі разам — плячо ў плячо.

—  Антон, — раптам запыталася Эма, — а ты чуеш, як гудзе лёд пад нашымі нагамі?

—  Чую, Эма, толькі вельмі невыразна, — адказаў я.

—  А як цяпер на шляху аўтамашына гудзе — чуеш?

—  Не, гэтага не чую, Эма.

—  Пантона-Мантона-Дэмантона! Ты не крыўдуеш на мяне, што я так пытаюся? Давай не будзем сварыцца, а будзем дружыць.

Ну што было сказаць на гэта? Нейкая новая радасць запаўняла мяне. Дзень пачаў здавацца прыгажэйшым.

—  Давай дружыць, — падумаўшы, згадзіўся я...

...Я чую. ...Я чую, як шуміць вецер, як размаўляюць вясною ручаі, як крычаць кнігаўкі, што прыляцелі на паплавы і лугі. Я чую шэпт першых лісцяў, гарачы, добразычлівы шэпт аб тым, што вось як прыгожа вакол... Калі і як такое са мною здарылася — я і сам сказаць не магу. Але ж здарылася! За доўгія месяцы ўпартай вучобы і працы! Нічога як быццам не адбылося асаблівага, і раптам усё ўварвалася ў вушы.

Нібы мяне закружыла ў радаснай прыгажосці жыцця.

Заўвагі

1

Балонне — нізкі заліўны луг каля ракі.

(обратно)

Оглавление

  • Мікола Лупсякоў Мэры Кэт
  • *** Примечания ***