Падарожжа на «Кон-Цікі» [Тур Хейердал] (fb2) читать онлайн

- Падарожжа на «Кон-Цікі» (пер. Сяргей Міхальчук) 8.78 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Тур Хейердал

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Тор Хейердал Падарожжа на «Кон-Цікі» [На плыце ад Перу да Палінезіі]


Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літаратуры.


Навуковая рэдакцыя і заўвагі члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР С. В. Обручава.

Пераклад зроблены з выдання: Тор Хейердал. Путешествие на «Кон-Тики». Издательство ЦК ВЛКСМ «Молодая гвардия», 1957.


Пераклад С. Міхальчука.

Малюнкі ў тэксце Ф. Лемкуля.

Вокладка і тытул А. Сапеткі.


Рэдактар I. Сакалоўскі.

Мастацкі рэдактар М. Гуціеў.

Тэхнічны рэдактар В. Новікава.

Карэктары М. Барсукова і I. Мешчанінава.


ПРАДМОВА


Кніга нарвежскага этнографа Тора Хейердала прысвечана апісанню арганізаванага ім разам з пяццю таварышамі ў 1947 годзе падарожжа на плыце ад берагоў Перу да астравоў Палінезіі. Па выключнай рашучасці і ўмельству, з якімі ўдзельнікі экспедыцыі ажыццявілі, карыстаючыся нязначным матэрыяльным абсталяваннем, небяспечнае марское плаванне цераз Ціхі акіян, гэтае падарожжа з’яўляецца адной з самых смелых і выдатных навуковых экспедыцый апошняга стагоддзя.

На простым плыце з дзевяці бярвенняў, змацаваных вяроўкамі са сцяблоў раслін, са звычайным прамым парусам даследчыкі прайшлі 4 300 марскіх міль ад берагоў Паўднёвай Амерыкі да астравоў Палінезіі. Яны праплылі на плыце ў два разы больш, чым Калумб у час яго першага падарожжа да астравоў Вест-Індыі, якое ён зрабіў на добра аснашчаных мараходных караблях, хоць і невялікіх па памеру.

Поспех плавання плыта Хейердала быў абумоўлены дакладным аналізам узаемадзеяння плыняў і вятроў гэтай часткі Ціхага акіяна, і па глыбіні навуковага прадбачання і смеласці задумы гэтую экспедыцыю можна параўнаць толькі з дрэйфам цераз Паўночны Ледавіты акіян, дрэйфам, які быў праведзены ў 1893—1896 гадах другім нарвежцам — Фрыт’ёфам Нансенам.

Экспедыцыя Хейердала мела на мэце даказаць, што старажытныя жыхары Перу маглі даплысці на сваіх плытах да астравоў Палінезіі. Хейердал належыць да групы этнографаў, якія прытрымліваюцца «амерыканскай» гіпотэзы аб паходжанні палінезійцаў. Гэтыя вучоныя лічаць, што астравы Акеаніі былі заселены выхадцамі з Паўднёвай або Паўночнай Амерыкі. Праціўнікі гэтай гіпотэзы перш за ўсё спасылаліся на тое, што старажытныя жыхары Амерыкі і асабліва жыхары ціхаакіянскага ўзбярэжжа не мелі мараходных суднаў.

Хейердал, спрабуючы надрукаваць сваю манаграфію аб амерыканскім паходжанні палінезійцаў, сустрэў у навуковых колах, якія прытрымліваліся агульнапрынятай гіпотэзы аб азіяцкім паходжанні палінезійцаў, рэзкую апазіцыю і, каб даказаць сваю здагадку, вырашыў перш за ўсё абвергнуць пярэчанні аб немагчымасці плавання з Перу ў Палінезію на прымітыўных перуанскіх суднах. I ён бліскуча даказаў, што на плыце, які нічым не адрозніваецца ад старажытнага перуанскага, можна праплыць, карыстаючыся плынню і пасатнымі вятрамі, амаль да цэнтра Палінезіі.

Але, як піша ў пасляслоўі і сам Хейердал, ён даказаў гэтым толькі мараходныя якасці бальзавых плытоў. Для доказу амерыканскага паходжання палінезійцаў патрэбна было больш саліднае навуковае абгрунтаванне, і гэтаму пытанню Хейердал прысвяціў спецыяльную вялікую навуковую працу, якую да яго падарожжа ніхто не хацеў надрукаваць і якая пасля шумнага поспеху экспедыцыі, падмацаваная новымі данымі, была надрукавана ў 1952 годзе.

Як даказваюць прыхільнікі гіпотэзы азіяцкага паходжання палінезійцаў, мова і ўся культура звязваюць іх з народамі паўднёвай Азіі.

Па свайму антрапалагічнаму тыпу палінезійцы блізкія да паўднёваазіяцкай групы мангалоіднай расы, але маюць прымесь аўстралоідных рыс, у той час як індзейцы Амерыкі, таксама мангалоіднага паходжання, не маюць гэтай аўстралоіднай прымесі. Мова палінезійцаў, іхнія міфы, паданні, рэчы матэрыяльнай культуры — усё гэта яскрава сведчыць аб тым, што яны выхадцы з Азіі, а не з Амерыкі. Усе свойскія жывёлы і культурныя расліны (апрача батату) занесены палінезійцамі з Інданезіі і Меланезіі: да іх з’яўлення атолы Палінезіі амаль не мелі расліннасці. Усё гэта таксама пацвярджае, што старажытнай радзімай палінезійцаў з’яўляецца Паўднёва-Усходняя Азія. Жыхары азіяцкага ўзбярэжжа і астравоў Інданезіі здаўна былі добрымі мараплаўцамі. На сваіх быстраходных пірогах яны паступова праніклі далёка на ўсход і засялілі нарэшце амаль усе астравы Ціхага акіяна.

Хейердал у апісанні падарожжа на «Кон-Цікі», а таксама ў надрукаванай навуковай працы прыводзіць вялікую колькасць доказаў сувязі Палінезіі з Амерыкай. Гэтыя матэрыялы, безумоўна, вельмі цікавыя і заслугоўваюць увагі з боку спецыялістаў і далейшага вывучэння. Але некаторыя паралелі, якія праводзіць ён паміж культурай палінезійцаў і старажытных жыхароў Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, з’яўляюцца вельмі спрэчнымі.

Занадта смела, напрыклад, Хейердал абыходзіцца з матэрыяламі, якія датычаць вострава Пасхі (яны даюцца часткова і ў гэтай кнізе). Палінезіец-этнограф Тэ Рангі Хіроа ў сваёй кнізе «Мараплаўцы сонечнага ўсходу», выдадзенай у перакладзе на рускую мову ў 1950 годзе, прыходзіць да вываду, што культура вострава Пасхі мае цесную сувязь з іншымі астравамі Палінезіі. «Даўгавухія», якіх Хейердал лічыць выхадцамі з Перу, прыйшлі з Маркізскіх астравоў, дзе шырока распаўсюджаны цяжкія вушныя аздабленні. «Караткавухія» — выхадцы з вострава Мангарэвы, жыхары якога не праколваюць сабе вушэй. Жыхары Маркізскіх астравоў ставілі ў сябе на радзіме вялізныя статуі і будавалі апорныя сцены. Тое самае яны рабілі і на востраве Пасхі. Астатнія факты тлумачацца гэтак жа проста, без прыцягнення сувязей з культурай Перу.

Але для некаторых фактаў падабенства, якое сапраўды мае месца, трэба дапусціць існаванне ў мінулым непасрэднага кантакту жыхароў Амерыкі і Палінезіі. Так, несумненна, што салодкая бульба, батат або кумара, завезена з Амерыкі ў Палінезію яшчэ да кругасветных плаванняў еўрапейцаў; што некаторыя рэчы, знойдзеныя ў час раскопак старажытных паселішчаў у Паўднёвай Амерыцы, сведчаць аб сувязі з Палінезіяй.

Прыхільнікі «азіяцкай» гіпотэзы ўжо даўно меркавалі, што палінезійцы, на дзіва смелыя мараплаўцы, маглі на сваіх пірогах даплываць да берагоў Паўднёвай Амерыкі. Палінезійцы рабілі і робяць на сваіх пірогах вялізныя пераходы паміж астравамі Палінезіі — аж да Гавайскіх астравоў на паўночным усходзе і вострава Пасхі на паўднёвым усходзе, з радыусам плаванняў да 2 500 марскіх міль. Напрыклад, яшчэ нядаўна пяць братоў з вострава Пасхі праплылі ў звычайнай рыбацкай пірозе ад гэтага вострава да Таіці (гэта значыць большую адлегласць, чым ад вострава Пасхі да Паўднёвай Амерыкі, паміж якімі 2 030 міль) і вярнуліся назад. Цяпер, пасля экспедыцыі Хейердала, трэба лічыць даказаным, што і асобныя групы перуанцаў маглі трапляць на плытах у Палінезію.

Гіпотэза аб азіяцкім паходжанні палінезійцаў, нягледзячы на экспедыцыю Хейердала і з’яўленне яго кнігі, па-ранейшаму застаецца найбольш абгрунтаванай.

Але Хейердал сабраў шмат новых фактаў для пацвярджэння «амерыканскай» гіпотэзы, і справа будучых даследчыкаў вырашыць, наколькі вялікая доля амерыканскага элемента ў культуры палінезійцаў і ў фарміраванні гэтага народа.

Падарожжа Хейердала трэба лічыць адной з самых цудоўных і смелых навуковых экспедыцый нашага часу, а кнігу яго — самай цікавай аповесцю аб падарожжах. Нездарма за шэсць год — з часу выхаду ў свет першага нарвежскага выдання ў 1948 годзе і да сярэдзіны 1954 года — кніга Хейердала выйшла за мяжой шматлікімі выданнямі агульным тыражом больш за 2 500 тысяч экземпляраў: тыраж дагэтуль нечуваны і неверагодны ў капіталістычным свеце для кнігі аб навуковай экспедыцыі.

С. В. Обручаў


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ ТЭОРЫЯ

Позірк на мінулае. — Стары з вострава Фату-Хіва. — Вецер і плынь. — Пошукі Цікі. — Хто засяліў Палінезію? — Загадка Паўднёвага мора. — Тэорыя і факты. — Легенда пра Кон-Цікі і белую расу. — Пачатак вайны.


Часам вы можаце апынуцца ў незвычайным становішчы. Усё дагэтуль адбывалася паступова, самым натуральным чынам; і калі ўжо вярнуцца назад ніяк нельга, вы раптам пачынаеце дзівіцца і пытаць у самога сябе, як вы да гэтага дайшлі.

Так, напрыклад, калі вы выбраліся ў плаванне па акіяну на драўляным плыце з папугаем і пяццю спадарожнікамі, то раней ці пазней непазбежна здарыцца наступнае: аднойчы цудоўным ранкам вы прачняцеся ў акіяне, выспаўшыся, магчыма, лепш, чым звычайна, і пачняце думаць аб тым, як вы тут апынуліся.

Адным такім ранкам я сядзеў, запісваючы ў мокрым ад расы суднавым журнале:

«17 мая. Дзень незалежнасці Нарвегіі. Мора бурнае. Вецер даволі моцны. Сёння я выконваю абавязкі кока і знайшоў сем лятучых рыб на палубе, аднаго кальмара на даху каюты і адну невядомую рыбіну ў спальным мяшку Тарстэйна...»

Тут аловак спыніўся, і непазбежная думка пачала падкрадвацца: дзіўнае, аднак, семнаццатае мая; ды і ўсё навокал сапраўды досыць незвычайнае. З чаго гэта ўсё пачалося?

Злева перад маімі вачыма рассцілаўся неабсяжны прастор сіняга акіяна, хвалі якога, няспынна гонячыся за гарызонтам, з шыпеннем каціліся зусім побач. Калі я паварочваўся направа, я бачыў цёмную каюту і барадатага чалавека, які ляжаў у ёй на спіне і чытаў Гётэ; пальцамі голых ног гэты чалавек моцна ўпіраўся ў крацісты пераплёт нізкага бамбукавага даху маленькай хісткай каюты, што была нашым домам.

— Бенгт, — сказаў я, адпіхваючы зялёнага папугая, які наравіў сесці на суднавы журнал, — можаце вы растлумачыць мне, якога дябла мы тут апынуліся?

Томік Гётэ апусціўся пад залаціста-рыжую бараду.

— Якога д’ябла я апынуўся, вы ведаеце лепш за мяне. Гэта ўсё ваша праклятая ідэя, але я думаю, што гэта грандыёзная ідэя.

Ён задраў ногі яшчэ на тры перакладзіны вышэй і спакойна перагарнуў старонку. З таго боку каюты тры другія мае спадарожнікі нешта рабілі на бамбукавай палубе пад пякучымі праменнямі сонца. У адных трусах, карычневыя ад загару, аброслыя барадой, з палосамі солі на спіне, яны мелі такі выгляд, быццам усё жыццё займаліся тым, што плавалі на драўляных плытах па Ціхім акіяне на захад. Сагнуўшыся, у каюту ўвайшоў Эрык з секстантам і кучай паперак у руках:

— Восемдзесят дзевяць градусаў сорак шэсць мінут заходняй даўжыні, восем градусаў дзве мінуты паўднёвай шырыні — някепска прайшлі, хлопцы, за суткі!

Ён узяў у мяне аловак і зрабіў маленькі кружок на карце, што вісела на бамбукавай сцяне; маленькі кружок у канцы ланцужка з дзевятнаццаці кружкоў, якія звіваліся на карце, пачынаючы ад порта Кальяо ў Перу. Герман, Кнут і Тарстэйн таксама паспяшаліся праціснуцца ўсярэдзіну, каб зірнуць на новы маленькі кружок, які перанёс нас на добрыя 40 марскіх міль бліжэй да астравоў Паўднёвага мора[1].

— Бачыце, хлопцы? — горда прамовіў Герман. — Гэта значыць, што мы знаходзімся на адлегласці васьмісот пяцідзесяці міль ад берагоў Перу.

— А да бліжэйшых астравоў па курсу застаецца яшчэ тры тысячы пяцьсот, — прадбачліва дадаў Кнут.

— I, калі гаварыць зусім дакладна, — зазначыў Тарстэйн, — мы знаходзімся на пяць тысяч метраў вышэй дна акіяна і на некалькі там метраў ніжэй месяца.

Такім чынам, цяпер мы дакладна ведалі, дзе мы, і я мог вярнуцца да сваіх думак аб тым, чаму мы тут апынуліся. Папугая нічога не цікавіла; яму толькі хацелася ўскараскацца на суднавы журнал. А навакол распасціраўся ўсё той жа сіні акіян пад сінім купалам неба.

Магчыма, усё пачалося летась зімой у кабінеце аднаго з нью-йоркскіх музеяў. А можа, пачатак быў пакладзены ўжо дзесяць гадоў таму назад на маленькім востраве з групы Маркізскіх, сярод Ціхага акіяна. Можа, мы прычалім цяпер да гэтага ж вострава, калі толькі паўночна-ўсходні вецер не аднясе нас крыху на поўдзень, у бок Таіці і архіпелага Туамоту. Перад маімі вачыма выразна ўзнікаў у думках астравок з яго скалістымі гарамі ржава-чырвонага колеру, зялёнымі зараснікамі, што збягалі па схілах да мора, і стройнымі пальмамі, якія, нібы вітаючы мараплаўцаў, пагойдваліся на беразе. Астравок называўся Фату-Хіва; паміж ім і тым месцам, дзе мы зараз знаходзіліся, не было ніякага сухазем’я, нас падзялялі тысячы міль. Але я нібы бачыў вузкую даліну Оуіа якраз там, дзе яна спускалася да мора, і ўспамінаў, як мы сядзелі на пустэльным беразе і глядзелі кожны вечар на гэты ж бязмежны акіян. Тады са мной была жонка, а не барадатыя піраты, як цяпер. Мы збіралі разнастайных прадстаўнікоў жывёльнага свету, а таксама малюнкі, статуі і іншыя помнікі загінуўшай культуры. Я добра памятаю адзін вечар. Цывілізаваны свет здаваўся такім неўявіма далёкім і нерэальным. Мы жылі на востраве ўжо амаль год; апрача нас, тут не было белых; мы па сваёй волі адмовіліся ад ўсіх выгод цывілізацыі, як і ад яе нягод. Мы жылі ў хаціне, якую пабудавалі для сябе на пàлях, у засені пальмаў на беразе, і елі тое, чым маглі забяспечыць нас трапічныя лясы і Ціхі акіян.

Суровая, але карысная школа дала нам магчымасць пазнаёміцца з многімі загадкамі Ціхага акіяна. Я думаю, што і ў фізічнай працы і пры рашэнні задач разумовых нам часта даводзілася паўтараць практыку першабытных людзей, якія з’явіліся на гэтыя астравы з невядомай краіны і палінезійскія патомкі якіх непадзельна панавалі над астраўным царствам, пакуль не з’явіліся еўрапейцы з бібліяй у адной руцэ і з порахам і гарэлкай у другой.

У той вечар мы сядзелі, як гэта часта бывала і раней, на беразе пры святле месяца, і акіян распасцілаўся перад намі. Пры такіх абставінах, поўных рамантыкі, усе нашы пачуцці былі абвостраны. Мы ўбіралі ў сябе водар буйной расліннасці джунгляў і салёны пах акіяна, мы чулі шапаценне ветру сярод лісця ў верхавінах пальмаў. Праз роўныя прамежкі часу ўсе гукі заглушаліся шумам бурунаў, якія ўзнімаліся проста перад намі, падалі, пенячыся, на бераг і разбіваліся на ўспененыя кругі ва ўзбярэжнай гальцы. Нейкі час сярод незлічонага мноства зіхатлівых у праменнях месяца каменьчыкаў чулася выццё, грукат і скрогат; потым усё зноў сціхла, калі акіян адступаў, каб сабрацца з сіламі для новага націску на непераможны бераг.

— Дзіўна, — сказала жонка, — але на тым баку вострава ніколі не бывае бурунаў.

— Так, — адказаў я, — але тут наветраны бераг; прыбой заўсёды бывае з гэтага боку.

Мы ўсё сядзелі і любаваліся акіянам, які, здавалася, вырашыў настойліва, без канца паўтараць нам, што ён коціць свае хвалі з усходу, усходу, усходу. Спрадвечны ўсходні вецер, пасат, узнімаючы хвалі на паверхні акіяна, каціў і каціў іх валы наперад; яны з’яўляліся з-за небасхілу з усходу і каціліся далей, да іншых астравоў. Тут перад намі хвалі акіяна, якія раней не сустракалі ніякіх перашкод, разбіваліся аб скалы і рыфы, між тым як усходні вецер проста падымаўся над берагам, лясамі і гарамі і без ніякай затрымкі ляцеў, як і дагэтуль, усё на захад, ад вострава да вострава, у той бок, дзе заходзіла сонца.

Так спрадвеку каціліся хвалі і плылі лёгкія воблакі з-за небасхілу з усходу. Першыя людзі, якія дабраліся да тутэйшых астравоў, добра ведалі, што гэта іменна так. Птушкі і насякомыя таксама ведалі, а на расліннасць астравоў гэтая акалічнасць мела рашаючы ўплыў. А самі мы ведалі, што далёка-далёка за небасхілам, на ўсходзе, адкуль з’яўляюцца воблакі, распасціраецца адкрыты бераг Паўднёвай Амерыкі. Ён знаходзіўся на адлегласці 4 300 марскіх міль, і паміж ім і намі не было нічога, апрача акіяна.

Мы глядзелі на воблакі, што праплывалі над намі, і на залітае святлом месяца ўсхваляванае мора і слухалі расказ амаль голага старога, які сядзеў на кукішках, пазіраючы ўніз на затухаючы жар маленькага вогнішча.

— Цікі, — роўным голасам гаварыў стары, — быў і богам і правадыром. Гэта Цікі прывёў маіх продкаў на астравы, на якіх мы цяпер жывём. Раней мы жылі ў вялікай краіне за морам.

Стары паварушыў кіем вуголле, каб не даць яму патухнуць. Ён сядзеў і думаў. Ён жыў у мінулым і быў моцна звязаны з ім. Ён пакланяўся сваім продкам і іх подзвігам тых далёкіх часоў, калі продкі былі багамі. А ў будучым ён спадзяваўся далучыцца да іх. Стары Тэі Тэтуа быў адзіным жывым прадстаўніком вымершых плямёнаў, якія раней насялялі ўсходні бераг вострава Фату-Хіва. Ён сам не ведаў, колькі яму год, але яго маршчыністая, быццам выдубленая карычневая скура мела такі выгляд, нібы яна сушылася на сонцы і ветры сотню гадоў. Ён быў, вядома, адным з нямногіх жыхароў гэтых астравоў, якія памяталі легендарныя расказы бацькоў і дзядоў пра вялікага палінезійскага правадыра — бога Цікі, сына сонца, і верылі ў іх.

Калі тою ноччу мы ляглі спаць у маленькай хаціне на палях, расказы старога Тэі Тэтуа аб Цікі і старажытнай радзіме астраўлян за акіянам неадступна стаялі ў маіх вушах пад акампанемент глухога выцця далёкага прыбою. Яны гучалі, як голас даўно мінулых дзён, які, здавалася, штосьці нашэптваў у начной цішыні. Я не мог заснуць. Час быццам перастаў існаваць, і Цікі са сваімі мараплаўцамі ўпершыню высаджваўся ў пене прыбою на бераг вострава. Раптам мне ў галаву прыйшла адна думка, і я сказаў жонцы:

— Слухай, ты звярнула ўвагу на тое, што вялізныя каменныя статуі Цікі наверсе ў джунглях на дзіва падобны на гіганцкія маналітныя помнікі знікшых цывілізацый у Паўднёвай Амерыцы?

Я быў упэўнены, што выццё буруноў пацвердзіла мае словы. А потым я паступова перастаў іх чуць і заснуў.

Напэўна, з гэтага ўсё і пачалося. Ва ўсякім разе, з гэтага пачаўся шэраг падзей, якія ўрэшце прывялі да таго, што шэсць чалавек і зялёны папугай адплылі на плыце ад берагоў Паўднёвай Амерыкі.

Я памятаю, як спалохаўся мой бацька і здзівіліся мая маці і сябры, калі, вярнуўшыся ў Нарвегію, я перадаў свае слоікі з насякомымі і рыбамі, што прывёз з Фату-Хівы, Заалагічнаму музею ўніверсітэта. Я вырашыў кінуць заалогію і ўзяцца за вывучэнне першабытных народаў. Мяне захапілі нераскрытыя таямніцы Паўднёвага мора. Павінна ж існаваць нейкае разумнае тлумачэнне іх — і я паставіў сабе на мэце вывучыць усё, што было вядома аб легендарным герою Цікі.

У наступныя гады буруны і напаўразбураныя помнікі ў джунглях былі для мяне чымсьці накшталт далёкага прывіднага сну, які з’яўляўся фонам і акампанементам да маіх заняткаў па вывучэнню плямён, што насялялі астравы Ціхага акіяна. Спробы зразумець думкі і паводзіны першабытных людзей толькі з дапамогай кніг і музейных калекцый, вядома, марны, але гэтак жа марна было б для сучаснага даследчыка старацца на ўласным вопыце зразумець усю прамудрасць, сабраную ў кнігах, якія займаюць усяго адну паліцу.

Навуковыя працы, хронікі эпохі першых даследаванняў, незлічоныя калекцыі ў музеях Еўропы і Амерыкі давалі багаты матэрыял, які мог дапамагчы у вырашэнні загадкі, што так цікавіла мяне. Пачынаючы з таго часу, як еўрапейцы, пасля адкрыцця Амерыкі, упершыню даплылі да астравоў Ціхага акіяна, вучоныя ўсіх спецыяльнасцей сабралі безліч фактаў аб жыхарах Паўднёвага мора і аб усіх народах, якія насялялі навакольныя краіны. Але думкі вучоных рэзка разыходзіліся і ў пытанні аб паходжанні гэтага адасобленага астраўнога насельніцтва і ў вызначэнні прычын, якімі можна было б растлумачыць той факт, што гэты тып людзей сустракаецца толькі на ізаляваных астравах ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.

Калі першыя еўрапейцы адважыліся, нарэшце, пераплыць найвялікшы з усіх акіянаў, яны былі здзіўлены, убачыўшы, што ў цэнтральнай частцы акіяна размешчана мноства маленькіх гарыстых астравоў і нізкіх каралавых рыфаў, аддзеленых адзін ад аднаго і ад усяго свету вялізнымі прасторамі вады. I кожны з гэтых астравоў быў заселены людзьмі, што прыйшлі туды раней за еўрапейцаў, — высокімі прыгожымі людзьмі, якія сустракалі іх на беразе з сабакамі, свіннямі і свойскімі птушкамі. Адкуль яны з’явіліся? Яны размаўлялі на мове, якой ніхто не ведаў. Еўрапейцы, бессаромна называючы сябе першаадкрывальнікамі гэтых астравоў, убачылі на іх апрацаваныя палі і вёскі з храмамі і хацінамі. На некаторых астравах былі нават знойдзены старажытныя піраміды, брукаваныя дарогі і высечаныя з каменя фігуры вышынёй з чатырохпавярховы дом. Але тлумачэння ўсіх гэтых таямніц не было. Што гэта за народ? Адкуль ён прыйшоў?

Можна з упэўненасцю сказаць, што адкáзаў на гэтыя пытанні было амаль столькі ж, колькі мелася прысвечаных ім прац. Спецыялісты розных галін навукі прапаноўвалі самыя разнастайныя рашэнні праблемы, але ўсе іх тэорыі не вытрымлівалі крытыкі вучоных, якія працавалі ў іншых галінах ведаў. Малайя, Індыя, Кітай, Японія, Аравія, Егіпет, Каўказ, Атлантыда, нават Германія і Нарвегія самым сур’ёзным чынам высоўваліся ў якасці радзімы палінезійцаў. Але кожны раз знаходзілася якое-небудзь пытанне рашаючага характару, што не магло быць вытлумачана новай тэорыяй, і ўсё збудаванне вучоных рассыпалася ў пыл.

А там, дзе спыняецца навуковае пазнанне, пачынае сваю работу фантазія. Таямнічыя маналіты на востраве Пасхі і ўсе іншыя помнікі невядомага паходжання, знойдзеныя на гэтым маленькім, адкрытым для ўсіх вятроў адзінокім востраве, які ляжыць на паўдарозе паміж бліжэйшымі астравамі і берагам Паўднёвай Амерыкі, далі пажыву для самых розных тэорый. Некаторыя даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што знаходкі на востраве Пасхі шмат чым нагадваюць помнікі дагістарычнай цывілізацыі Паўднёвай Амерыкі. Магчыма, калісьці паміж востравам і мацерыком існаваў мост з сухазем’я, які пазней апусціўся? Магчыма, востраў Пасхі і ўсе іншыя астравы Паўднёвага мора, на якіх мы знаходзім падобныя між сабой помнікі, з’яўляюцца рэшткамі кантынента, што знік пад вадой?

Гэтая тэорыя была шырока распаўсюджана сярод неспецыялістаў, але геолагі і іншыя вучоныя не надавалі ёй значэння. Больш таго, заолагі, на падставе вывучэння насякомых і малюскаў на астравах Паўднёвага мора, бясспрэчна даказалі, што на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва гэтыя астравы, як і ў нашы дні, былі зусім аддзелены адзін ад аднаго і ад навакольных мацерыкоў[2].

Такім чынам, мы дакладна ведаем, што продкі палінезійцаў калісьці, па сваёй ахвоце або ў выніку неабходнасці, прыплылі на гэтыя ізаляваныя астравы на нейкіх суднах па волі ветру або плыні. Больш уважлівае вывучэнне насельніцтва Паўднёвага мора дало ўсе падставы лічыць, што яно з’явілася тут усяго некалькі стагоддзяў таму назад. Хоць палінезійцы насяляюць астравы, раскіданыя па акіяну на плошчы ў чатыры разы большай за ўсю Еўропу, усё ж у іх мове не адбылося істотных змен на розных астравах. Тысячы міль аддзяляюць Гавайскія астравы на поўначы ад Новай Зеландыі на поўдні і астравы Самаа на захадзе ад вострава Пасхі на ўсходзе, аднак жыхары ўсіх гэтых астравоў гавораць на дыялектах адной агульнай мовы, якую мы называем палінезійскай. Пісьменнасці не існавала ні на адным з астравоў, калі не лічыць некалькіх драўляных таблічак з незразумелымі іерогліфамі, якія захавалі жыхары вострава Пасхі, хоць ні яны самі і ні адзін вучоны не маглі прачытаць іх. Але на астравах існавалі школы, і самым важным прадметам, які вывучалі ў іх, былі паэтычныя легенды, паколькі для палінезійцаў гісторыя з’яўлялася адначасова і рэлігіяй. Яны з павагай ставіліся да продкаў і пакланяліся сваім нябожчыкам-правадырам, першым сярод якіх быў Цікі, а пра самога Цікі гаварылі, што ён быў сынам сонца.

Амаль на кожным востраве мужчыны, якія навучаліся ў школе, маглі назваць без запінкі імёны ўсіх сваіх правадыроў, пачынаючы з часу першага засялення вострава. Часта, не давяраючы памяці, яны карысталіся складанай сістэмай вузлоў на пераплеценых вяроўках, як гэта рабілі калісьці індзейцы-інкі ў Перу. Сучасныя даследчыкі запісалі на розных астравах усе мясцовыя радаслоўныя і выявілі, што яны з выключнай дакладнасцю супадаюць як у імёнах, так і ў колькасці пакаленняў. Так было ўстаноўлена, — зыходзячы з разліку змены пакаленняў палінезійцаў у сярэднім кожныя 25 год, — што астравы Паўднёвага мора былі заселены каля 500 года нашай эры. Другая культурная хваля, якой адпавядала новая лінія правадыроў, дасягнула гэтых астравоў прыблізна ў 1 100 годзе, калі з’явіліся новыя, больш познія перасяленцы...

Адкуль так позна маглі яны з’явіцца? Відаць, вельмі мала хто з даследчыкаў браў пад увагу той несумненны факт, што людзі, якія так позна з’явіліся на гэтых астравах, былі людзьмі сапраўднага каменнага веку. Нягледзячы на сваю кемлівасць і на дзіва высокую ва ўсіх іншых адносінах культуру, гэтыя мараплаўцы прывезлі з сабой каменныя сякеры пэўнага тыпу і шмат іншых характэрных для каменнага веку прылад, якія і распаўсюдзілі па ўсіх астравах, дзе яны з’яўляліся. Не трэба забываць аб тым, што, калі не лічыць паасобных ізаляваных плямён, якія жылі ў першабытных лясах, і некаторых адсталых народаў, к 500 ці 1100 году нашай эры нідзе ва ўсім свеце, апрача Амерыкі, не існавала жыццездольных цывілізацый, якія б стаялі на ўзроўні каменнага веку. А ў Амерыцы нават высока развітыя індзейскія цывілізацыі зусім не ведалі жалеза і карысталіся каменнымі сякерамі і прыладамі таго ж самага тыпу, якія былі ва ўжытку на астравах Паўднёвага мора ў час іх адкрыцця.

Гэтыя шматлікія індзейскія цывілізацыі былі бліжэйшымі суседзямі палінезійцаў на ўсходзе. На захадзе жылі тольчі чарнаскурыя першабытныя плямёны Аўстраліі і Меланезіі, далёкія родзічы неграў, а далей за імі знаходзіліся Інданезія і ўзбярэжжа Азіі, дзе людзі выйшлі з каменнага веку, напэўна, раней, чым у любой іншай частцы зямнога шара.

Я пачаў усё менш і менш цікавіцца Старым Светам, дзе так многа вучоных шукалі продкаў палінезійцаў і ніводзін не знайшоў іх, і перанёс сваю ўвагу на вывучаныя і нявывучаныя індзейскія цывілізацыі ў Амерыцы, якія раней нікім не браліся ў разлік. I на самым блізкім ва ўсходнім напрамку мацерыку, там, дзе зараз знаходзіцца размешчаная ўздоўж узбярэжжа Ціхага акіяна паўднёваамерыканская рэспубліка Перу, і ў сумежных горных раёнах мелася шмат вельмі цікавых слядоў, варта было толькі паставіць сабе на мэце пашукаць іх. Тут калісьці жыў і стварыў адну з самых арыгінальных у свеце цывілізацый нейкі невядомы народ, які потым, у далёкія часы, раптоўна знік, быццам быў змецены з твару зямлі. Ён пакінуў пасля сябе вялізныя, падобныя на чалавечыя істоты каменныя статуі, якія нагадвалі скульптуры, знойдзеныя на востраве Піткэрне, Маркізскіх астравах і востраве Пасхі, і высокія піраміды, пастаўленыя ўступамі, як на Таіці і Самаа. Каменнымі сякерамі гэтыя людзі высякалі ў гарах глыбы велічынёй з таварны вагон, перацягвалі іх за некалькі міль у даліны і ставілі іх старчаком або адну на адну, ствараючы вароты, высокія сцены і тэрасы — якраз такія ж, якія мы знаходзім на некаторых астравах Ціхага акіяна.

У гэтай горнай краіне к таму часу, калі першыя іспанцы з’явіліся ў Перу, індзейцы-інкі стварылі сваю вялікую імперыю. Яны расказвалі іспанцам, што грандыёзныя помнікі, якія ўзвышаюцца ў бязлюдных далінах, былі пабудаваны народам белых багоў, што жыў тут да таго, як самі інкі сталі гаспадарамі краіны. Пра гэтых знікшых архітэктараў інкі гаварылі, што яны былі мудрыя, міралюбныя настаўнікі, якія калісьці, вельмі даўно, прыйшлі аднекуль з поўначы і навучылі іх першабытных продкаў будаўнічаму майстэрству і земляробству, а таксама перадалі ім свае звычаі і свой уклад жыцця. Яны не былі падобны на іншых індзейцаў, бо мелі белую скуру і доўгія бароды. Ростам яны былі вышэйшыя за інкаў. Урэшце яны адплылі з Перу гэтак жа нечакана, як і з’явіліся там; улада ў краіне перайшла ў рукі інкаў, а белыя настаўнікі назаўсёды пакінулі берагі Паўднёвай Амерыкі і зніклі дзесьці на захадзе, сярод Ціхага акіяна.

I вось, калі еўрапейцы з’явіліся на астравах Ціхага акіяна, яны вельмі здзівіліся, убачыўшы, што шмат хто з мясцовых жыхароў мае амаль белую скуру і бараду. На некаторых астравах можна было сустрэць цэлыя сем’і, якія адрозніваліся ад іншых выключна белай скурай, светлымі — ад рыжаватых да бялявых — валасамі, блакітна-шэрымі вачыма і тварамі з кручкаватым носам амаль семітычнага тыпу. Астатнія палінезійцы мелі залаціста-карычневую скуру, чорныя валасы і пляскатыя бясформенныя насы. Рыжавалосыя жыхары называлі сябе урукеху і гаварылі, што яны з’яўляюцца на астравах непасрэднымі патомкамі першых правадыроў, якія былі белымі багамі і насілі імя Тангароа, Канэ і Цікі. Легенды пра таямнічых белых людзей, ад якіх калісьці пайшлі астраўляне, распаўсюджаны па ўсёй Палінезіі. Калі ў 1722 годзе Роггевеен[3] адкрыў востраў Пасхі, ён быў вельмі здзіўлены, убачыўшы сярод жыхароў, што сабраліся на беразе, «белых». А самі жыхары вострава Пасхі маглі пералічыць сваіх продкаў, якія мелі белую скуру, аж да часоў Цікі і Хоту Матуа, калі тыя ўпершыню прыплылі па акіяне «з гарыстай краіны на ўсходзе, якая была спалена сонцам».

Ведучы далей свае пошукі, я выявіў у культуры, міфалогіі і мове жыхароў Перу вельмі цікавыя факты, якія заахвоцілі мяне яшчэ з большай настойлівасцю заняцца высвятленнем пытання аб тым, адкуль быў родам палінезійскі бог Цікі.

I я знайшоў тое, што шукаў. Аднойчы, седзячы над легендамі інкаў пра сонца-караля Віракоча, які быў вярхоўным уладаром знікшых белых людзей у Перу, я прачытаў:

«Віракоча ён называўся на мове інкаў (кечуа), і, значыць, гэтае імя мае параўнальна нядаўняе паходжанне. Першапачатковае імя бога-сонца Віракоча, якім калісьці, відаць, часцей называлі яго ў Перу, было Кон-Цікі або Іла-Цікі, што азначае Сонца-Цікі або Агонь-Цікі. Кон-Цікі быў вярхоўным жрацом і сонца-каралём «белых людзей» з легенд інкаў, тых людзей, якія пакінулі пасля сябе гіганцкія руіны на берагах возера Ціцікака. Легенда расказвае, што на Кон-Цікі напаў правадыр па імені Кары, які прыйшоў з даліны Какімба. У час бою на адным з астравоў на возеры Ціцікака таямнічыя барадатыя белыя людзі былі перабіты, але сам Кон-Цікі і яго бліжэйшыя паплечнікі выратаваліся і дабраліся да берагоў Ціхага акіяна, адкуль яны потым зніклі, адплыўшы кудысьці на захад за акіян».

Я больш не сумняваўся ў тым, што белы правадыр — бог Сонца-Цікі, выгнаны, паводле расказаў інкаў, іх продкамі з Перу, быў не хто іншы, як белы правадыр — бог Цікі, сын сонца, якога жыхары ўсіх астравоў усходняй часткі Ціхага акіяна называюць прабацькам свайго народа. Шмат якія падрабязнасці з жыцця Сонца-Цікі ў Перу, са старажытнымі назвамі мясцін вакол возера Ціцікака, зноў ажылі ў гістарычных легендах, распаўсюджаных сярод мясцовага насельніцтва ціхаакіянскіх астравоў.

Аднак скрозь і ўсюды ў Палінезіі я знаходзіў пацвярджэнне таго, што міралюбны народ Кон-Цікі не здолеў адзін доўга ўтрымліваць у сваіх руках уладу на астравах. Пацвярджэнне таго, што на звязаных парамі ваенных мараходных суднах — такой жа прыкладна велічыні, як караблі вікінгаў, — паўночна-заходнія індзейцы прыплылі па акіяне на Гавайскія астравы і прабраліся далей на поўдзень, на ўсе іншыя астравы. Яны змяшаліся з народам Кон-Цікі і прынеслі новую цывілізацыю ў астраўное царства. Гэта быў другі народ каменнага веку, народ, які з’явіўся ў Палінезіі прыблізна ў 1100 годзе і які не ведаў ні металу, ні ганчарнай справы, ні колаў, ні верацяна, ні збожжавых культур.

Дык вось, я займаўся раскопкамі ў Брытанскай Калумбіі, шукаў зробленыя ў старажытным палінезійскім стылі малюнкі на камені ў мясцінах, дзе жылі паўночна-заходнія індзейцы. У гэты час немцы ўварваліся ў Нарвегію.

Напра-ва, нале-ва, кру-гом. Мыццё лесвіц у казарме, шараванне да бляску чаравікаў, школа радыёсувязі, парашут і, нарэшце, Мурманскі канвой[4] і плаванне да берагоў Фінмаркена[5], дзе на працягу ўсёй непрагляднай зімы пры адсутнасці сонца-бога панаваў бог ваеннай тэхнікі.

Настаў мір. I вось прыйшоў дзень, калі я закончыў абгрунтаванне сваёй тэорыі. Я павінен вынесці яе на абмеркаванне спецыялістаў-вучоных. Для гэтага трэба ехаць у Амерыку.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ НАРАДЖЭННЕ ЭКСПЕДЫЦЫІ

Сярод спецыялістаў. — Ніхто не верыць. — У Доме маракоў. — Апошні сродак. — Клуб падарожнікаў. — Новы рыштунак. — Я знаходжу таварыша. — Трыумвірат. — Адзін мастак і два ўдзельнікі Супраціўлення. — У Вашынгтоне. — Нарада ў ваенным міністэрстве. — У інтэнданцкае кіраўніцтва са спіскам пажаданняў. — Фінансавыя праблемы. — Сярод дыпламатаў у ААН. — Мы ляцім у Эквадор.


Дык вось, гэта пачалося ля вогнішча на востраве Паўднёвага мора, дзе сядзеў стары палінезіец і расказваў легенды і гісторыі з жыцця свайго племені. Праз многа гадоў я сядзеў з другім старым, на гэты раз у цёмным кабінеце на адным з апошніх паверхаў вялікага Нью-Йоркскага музея.

Вакол нас у добра аформленых шкляных вітрынах ляжалі гліняныя чарапкі даўно мінулых, але ўжо вывучаных часоў — пуцяводныя ніці ў туманнай старажытнасці. Сцены былі застаўлены таксама і кнігамі. Наўрад ці больш за дзесяць чалавек прачыталі некаторыя з іх. Стары, які прачытаў усе гэтыя кнігі, а шмат якія з іх напісаў сам, сядзеў за пісьмовым сталом — сівы, лагодны стары. Але зараз я, бясспрэчна, балюча пакрыўдзіў яго, таму што ён спалохана ўхапіўся за падлокатнікі свайго крэсла з такім выразам на твары, быццам я зблытаў усе яго карты.

— Не! — сказаў ён. — Ніколі!

Такі выгляд меў бы, напэўна, дзед Мароз, калі б хто-небудзь асмеліўся пры ім сцвярджаць, што ў наступным годзе каляды будуць на купалле[6].

— Вы памыляецеся, моцна памыляецеся, — паўтараў ён і з абурэннем трос галавой, нібы адмахваючыся ад недарэчнай ідэі.

— Але вы ж яшчэ не прачыталі маіх довадаў, — стаяў я на сваім, з надзеяй паказваючы на рукапіс, што ляжаў на стале.

— Довады! — усклікнуў ён. — Вы не маеце права ставіцца да этнаграфічных праблем, як да дэтэктыўнай тайны!

— А чаму? — спытаў я. — Усе мае вывады грунтуюцца на маіх уласных назіраннях і на фактах, якія апісаны ў навуцы.

— Задача навукі — чыстае і без усякіх прыкрас даследаванне, — спакойна сказаў стары. — А не спроба даказаць тое або іншае.

Ён асцярожна адсунуў неразгорнуты рукапіс убок і схіліўся над сталом.

— Зусім правільна, што Паўднёвая Амерыка была радзімай некаторых самых цікавых старажытных цывілізацый і што мы не ведаем, хто былі гэтыя людзі і куды яны зніклі пасля таго, як да ўлады прыйшлі інкі. Але адно мы ведаем безумоўна — ні адзін з народаў Паўднёвай Амерыкі не перасяліўся на астравы Ціхага акіяна.

Ён дапытліва зірнуў на мяне і гаварыў далей:

— I ведаеце чаму? Адказ вельмі просты. Яны не маглі трапіць туды. У іх не было лодак!

— Але ў іх былі плыты, — нерашуча запярэчыў я. — Вы ведаеце, плыты з бальзавага дрэва[7].

Стары вучоны ўсміхнуўся і спакойна сказаў:

— Ну, паспрабуйце зрабіць падарожжа з Перу да астравоў Ціхага акіяна на плыце з бальзавых дрэў.

Я не знайшоў, што адказаць. Ужо было позна. Мы абодва падняліся. Стары вучоны, развітваючыся, дабрадушна паляпаў мяне па плячы і сказаў, што заўсёды гатовы да маіх паслуг, калі мне спатрэбіцца дапамога. Але ў будучым я павінен спецыялізавацца або на Палінезіі, або на Амерыцы і не блытаць дзве зусім розныя антрапалагічныя вобласці. Ён зноў схіліўся над сталом.

— Вы забылі гэта, — прамовіў ён, падаючы мой рукапіс.

Я кінуў позірк на назву: «Палінезія і Амерыка; даследаванне дагістарычных сувязей». Сунуўшы рукапіс пад паху, я панура паплёўся ўніз па лесвіцы і, апынуўшыся на вуліцы, змяшаўся з натоўпам.

У гэты вечар я падаўся ў адзін з ціхіх завулкаў у Грынвіч Віледж[8] і пастукаўся ў дзверы старога аднапавярховага дома. Я любіў прыходзіць сюды са сваімі маленькімі праблемамі, калі адчуваў, што праз іх пачынаю траціць свой душэўны спакой.

Шчуплы чалавечак з доўгім носам спачатку толькі чуць-чуць прачыніў дзверы, а потым з шырокай усмешкай на твары расчыніў іх насцеж і літаральна ўцягнуў мяне ў дом. Ён прывёў мяне адразу ж на маленькую кухню і тут жа запрог у работу — прымусіў насіць талеркі і відэльцы, а сам тым часам узяўся падвойваць порцыю нейкай вельмі смачнай, мяркуючы па паху, стравы, якая смажылася на газавай пліце.

— Вы цудоўна зрабілі, што зайшлі. Як справы?

— Горш і быць не можа, — адказаў я. — Ніхто не хоча чытаць рукапіс.

Ён разлажыў сваю смажаніну па талерках, і мы пачалі вячэраць.

— Можна падумаць, — сказаў ён, — што ўсе, у каго вы былі, лічаць вашу ідэю недаўгавечнай фантазіяй. Ведаеце, тут, у Амерыцы, часта сутыкаешся з мноствам самых кур’ёзных ідэй.

— Справа не толькі ў гэтым, — сказаў я.

— Вядома, — згадзіўся гаспадар. — I ў вашым падыходзе да пытання. Яны спецыялісты ўсе без выключэння, і яны не вераць у метад работы, які ўрываецца ва ўсе спецыяльнасці — ад батанікі да археалогіі. Яны абмяжоўваюць поле сваёй дзейнасці, каб не распыльвацца і глыбока вывучаць пытанне з усімі падрабязнасцямі. Сучасная навука патрабуе, каб кожная спецыяльнасць рылася ў сваёй уласнай ямцы. Ніхто не прывык займацца разборам і супастаўленнем таго, што здабыта з розных ямак.

Ён падняўся і дастаў тоўсты рукапіс.

— Зірніце, — сказаў ён. — Мая апошняя работа пра малюнкі птушак на вышыўках кітайскіх сялян. Я патраціў на яе сем гадоў. Але яе адразу прынялі да друку. У нашы дні попыт на манаграфіі.

Карл, безумоўна, меў рацыю. Але вырашыць праблемы Ціхага акіяна без усебаковага асвятлення іх мне здавалася такой жа немагчымай справай, як немагчыма разабрацца ў складанай шахматнай пазіцыі, калі ўлічваць рух фігур толькі свайго колеру.

Мы прыбралі са стала, і я пачаў дапамагаць Карлу выціраць памытую пасуду.

— З Чыкагскага ўніверсітэта нічога няма?

— Нічога.

— А што вам сказаў сёння ваш стары прыяцель у музеі?

Я адказаў, насілу падбіраючы словы:

— Ён зусім не зацікавіўся. Ён сказаў: паколькі ў індзейцаў былі толькі звычайныя плыты, то, няма чаго і думаць аб тым, што яны маглі адкрыць астравы Ціхага акіяна.

Маленькі чалавечак раптам з усяе сілы пачаў выціраць талерку, быццам спаганяючы на ёй злосць.

— Так, — загаварыў ён нарэшце. — Па праўдзе кажучы, мне гэта таксама здаецца практычным пярэчаннем супроць вашай тэорыі.

Я тужліва зірнуў на маленькага этнографа, якога лічыў сваім верным саюзнікам.

— Не зразумейце мяне няправільна, — паспяшаўся дадаць ён. — Я думаю, што праўда на вашым баку, але разам з тым усё так няясна. Мая праца аб вышыўках пацвярджае вашу тэорыю.

— Карл, — сказаў я, — я абсалютна ўпэўнены, што індзейцы пераплылі Ціхі акіян на сваіх плытах, і гатовы сам пабудаваць такі плыт і пераплысці акіян толькі для таго, каб даказаць, што гэта магчыма.

— Вы звар’яцелі!

Мой сябар палічыў гэта за жарт і нават засмяяўся ад такой недарэчнай думкі.

— Вы звар’яцелі! На плыце?

Ён не знаходзіў слоў і толькі недаверліва глядзеў на мяне, нібы чакаючы, што я вось-вось усміхнуся, пацвярджаючы, што я пажартаваў.

Ён не дачакаўся ўсмешкі. Я зразумеў цяпер, што сапраўды ніхто не згодзіцца з маёй тэорыяй, хаця б толькі таму, што паміж Перу і Палінезіяй ляжыць бязмежны акіян, а каб пераплысці яго, я нічога не мог прапанаваць, апрача дагістарычнага плыта.

Карл няўпэўнена глядзеў на мяне.

— Цяпер мы пойдзем і вып’ем па чарцы, — прапанаваў ён.

Мы пайшлі і выпілі па чатыры.

У канцы тыдня настаў час плаціць за кватэру. Гэтымі ж днямі я атрымаў з нарвежскага банка пісьмо, у якім мне паведамлялася аб тым, што банк не можа больш пераводзіць мне долары — валютныя абмежаванні. Узяўшы свой чамадан, я сеў у метро, якое прывезла мяне ў Бруклін. Там я пасяліўся ў Доме нарвежскіх маракоў, дзе добра і ўволю кармілі, а цэны адпавядалі майму кашальку. Я атрымаў маленькі пакойчык на другім паверсе, але харчаваўся разам з усімі маракамі ў вялікай сталовай унізе.

На змену адным маракам прыходзілі другія. Яны адрозніваліся адзін ад аднаго па тыпу, па росту і па ступені цвярозасці, але ўсе мелі адну адметную рысу, характэрную для ўсіх, — калі яны гаварылі аб моры, яны ведалі аб чым гавораць. Я даведаўся, што велічыня хваляў і бурнасць мора не залежаць ад глыбіні і адлегласці ад берага. Наадварот, паблізу ад берага штормы часта бываюць больш небяспечныя, чым у адкрытым моры. На мелкаводдзі, уздоўж берага, дзе праходзяць мясцовыя плыні або канчаюцца акіянскія, мора часта бывае больш бурным, чым далёка ад сушы. Судна, якое прыгодна для плавання ўздоўж адкрытага берага, здолее вытрымаць і далёкае плаванне па акіяну. Я даведаўся таксама, што ў час буры вялікія караблі часта зарываюцца ў хвалі носам або кармой так, што тоны вады навальваюцца на іх палубу і, як трысцінку, згінаюць стальныя трубы, між тым як маленькае судна даволі часта шчасліва выходзіць са шторму, бо яно лёгка змяшчаецца між хвалямі і танцуе на іх, нібы чайка.

Я сустрэў тут людзей, якія ў буру выратаваліся ў лодцы пасля таго, як іх карабель пайшоў на дно.

Але пра плыты яны ведалі мала. Плыт — гэта не карабель, у яго няма ні кіля, ні фальшборта. Гэта проста плывучае прыстасаванне, на якім ратуюцца ў час катастрофы і трымаюцца на вадзе, пакуль на дапамогу не падыдзе якое-небудзь судна. Між іншым, адзін з маракоў з павагай гаварыў аб плытах у адкрытым моры; яму давялося тры тыдні плаваць на плыце, калі нямецкая тарпеда патапіла яго карабель сярод Атлантычнага акіяна.

— Але вы не можаце кіраваць плытом, — дадаў ён. — Ён рухаецца ўбок і назад або круціцца па волі ветру.

Я адкапаў у бібліятэцы справаздачы, напісаныя першымі еўрапейцамі, якія пабывалі на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Сярод гэтых справаздач знайшлося нямала малюнкаў і апісанняў вялікіх індзейскіх плытоў з бальзавага дрэва. У іх быў чатырохкутны парус, нешта накшталт кіля і доўгае рулявое вясло на карме. Значыць, імі можна было кіраваць.

Міналі тыдні, а я ўсё яшчэ жыў у Доме маракоў. Ніякага адказу ні з Чыкага, ні з іншых гарадоў, куды я паслаў экземпляры свайго рукапісу. Ніхто не прачытаў яго.

Аднойчы ў суботу я набраўся смеласці і пайшоў на Уотэр-стрыт у магазін марскіх інструментаў і карт. Там мяне ветліва называлі «капітанам», пакуль я выбіраў навігацыйную карту Ціхага акіяна. Са згорнутай у трубку картай пад пахай я сеў у прыгарадны поезд, што ішоў у Осінінг[9], дзе ў прыгожым загарадным доме жыла маладая сям’я маіх знаёмых, нарвежцаў па паходжанню, у якіх я заўсёды праводзіў канец тыдня. Муж раней быў марскім капітанам, а цяпер стаяў на чале нью-йоркскай канторы параходнай кампаніі «Фрэд Ульсен».

Пасля купання ў басейне для плавання ўсе гарадскія справы былі забыты, і калі Амб’ерг прынесла паднос з кактэйлем, мы селі на лужку, выбраўшы зручнае месца на сонейку. Я больш не мог стрымлівацца і, разаслаўшы на траве карту, спытаў у Вільгельма, ці магчыма, на яго думку, каб людзі маглі шчасліва дабрацца на плыце з Перу на астравы Палінезіі.

Крыху разгубіўшыся, ён глядзеў больш на мяне, чым на карту, але тут жа даў сцвярджальны адказ. Умяне быццам гара з плячэй звалілася: я ведаў — усё, што мела якое-небудзь дачыненне да караблеваджэння і да плавання на парусах, было не толькі спецыяльнасцю, але і любімым каньком Вільгельма. Я адразу ж пазнаёміў яго са сваімі планамі. На вялікае маё здзіўленне, ён катэгарычна заявіў, што гэта сапраўднае вар’яцтва.

— Але вы толькі што сказалі, быццам лічыце гэта магчымым, — перапыніў яго я.

— Зусім правільна, — згадзіўся Вільгельм. — Але такія ж вялікія шанцы і на тое, што ваша задума можа мець кепскі канец. Самі вы ніколі не плавалі на бальзавым плыце і, відаць, думаеце, што ён, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, перанясе вас цераз Ціхі акіян.

Можа, перанясе, а можа, і не. Старажытныя індзейцы Перу апіраліся на вопыт пакаленняў. Хто ведае, магчыма, на кожны плыт, што пераплыў акіян, прыпадала дзесяць плытоў, якія пайшлі на дно, а магчыма, і сотні на працягу стагоддзяў. Як вы сцвярджаеце, інкі выходзілі ў адкрыты акіян цэлымі флатыліямі гэтых бальзавых плытоў. Тады, калі з адным з плытоў здаралася няшчасце, пацярпеўшых маглі падабраць з суседніх. Але хто зможа падабраць вас сярод акіяна? Калі вы нават возьмеце з сабой радыёстанцыю на выпадак катастрофы, не думайце, што будзе лёгка знайсці маленькі плыт сярод хваляў за тысячы міль ад берага. У час шторму вас можа змыць з плыта, і вы паспееце дзесяць раз утапіцца, перш чым хто-небудзь дабярэцца да вас. Лепш за ўсё заставайцеся тут і чакайце, пакуль у вучоных знойдзецца час прачытаць ваш рукапіс. Напішыце яшчэ раз і падварушыце іх; гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.

— Я ўжо больш не магу чакаць, — у мяне хутка не застанецца ні цэнта.

— Вы можаце пераехаць да нас. Калі вы ўжо загаварылі аб гэтым, дык як вы мяркуеце арганізаваць экспедыцыю з Паўднёвай Амерыкі без грошай?

— Лягчэй зацікавіць экспедыцыяй, чым непрачытаным рукапісам.

— Але што гэта вам можа даць?

— Абвяржэнне аднаго з самых моцных аргументаў супроць маёй тэорыі, не кажучы ўжо аб тым, што ў навуковых колах звернуць увагу на гэтую справу.

— А калі ваша задума скончыцца кепска?

— Тады я нічога не дакажу.

— I тады вы скампраметуеце вашу ўласную тэорыю ў вачах усіх, ці ж не так?

— Магчыма. Але, як вы самі сказалі, адна з дзесяці спроб удавалася і да нас.

З дому выйшлі дзеці, каб пагуляць у кракет, і ў той дзень мы больш не вярталіся да гэтага пытання.

У наступную суботу я зноў з’явіўся ў Осінінг з картай пад пахай. А калі я ад’язджаў, на карце была нанесена алоўкам доўгая лінія ад берагоў Перу да астравоў Туамоту ў Ціхім акіяне. Мой сябар капітан страціў надзею адгаварыць мяне, і мы прасядзелі некалькі гадзін, робячы разлікі магчымай хуткасці руху плыта.

— Дзевяноста сем дзён, — сказаў Вільгельм, — але памятайце, што гэта толькі пры тэарэтычных, ідэальных умовах, калі ўвесь час будзе спадарожны вецер і плыт сапраўды, як вы думаеце, можа плыць пад парусам. Вы павінны разлічваць, што падарожжа будзе працягвацца не менш чым чатыры месяцы, і быць гатовымі да таго, што яно, магчыма, не скончыцца так хутка.

— Добра, — з надзеяй на будучае адказаў я, — будзем разлічваць сама менш на чатыры месяцы і закончым плаванне за дзевяноста сем дзён.

Маленькі пакойчык у Доме маракоў, як мне здалося, стаў куды больш утульным, чым звычайна, калі я ў гэты вечар вярнуўся дадому і з картай у руках сеў на краі ложка. Я вымераў крокамі плошчу пакоя з дакладнасцю, якая была толькі магчыма, калі ўлічыць, што тут стаялі ложак і камода. О так, плыт павінен быць значна большым. Я высунуўся праз акно, каб зірнуць на далёкае зорнае неба вялікага горада, якое можна было ўбачыць толькі проста над галавой між высокімі сценамі дамоў. На плыце хоць і будзе цесна, але ўсё ж знойдзецца дастаткова прастору для таго, каб бачыць над сабой неба з усімі зоркамі.

На 72-й заходняй вуліцы, недалёка ад Цэнтральнага парку, размешчан адзін з самых адасобленых нью-йоркскіх клубаў. Толькі маленькая, начышчаная да бляску медная дошчачка з надпісам «Клуб падарожнікаў» магла намякнуць прахожым, што ў гэтым доме знаходзіцца нешта незвычайнае. Але, апынуўшыся ўсярэдзіне, вы нібы рабілі парашутны скачок у нейкі зусім іншы свет, што знаходзіцца за тысячы міль ад нью-йоркскіх небаскробаў і бясконцых патокаў аўтамабіляў між імі. Калі за вамі зачыняюцца дзверы ў Нью-Йорк, вы трапляеце ў атмасферу палявання на ільвоў, альпійскіх паходаў і палярных зімовак і ў той жа час адчуваеце сябе так, быццам знаходзіцеся ў салоне раскошнай яхты, якая робіць кругасветнае плаванне. Трафеі палявання на гіпапатамаў і аленяў, наразныя карабіны, іклы сланоў, ваенныя барабаны і коп’і, індзейскія дываны, ідалы і мадэлі караблёў, флагі, фатаграфіі і карты акружаюць членаў клуба, калі яны збіраюцца за абедам або слухаюць лекцыю аб далёкіх краінах.

Пасля майго падарожжа на Маркізскія астравы я быў абраны правадзейным членам клуба і, як адзін з самых маладых членаў, бываючы ў Нью-Йорку, рэдка прапускаў пасяджэнні. I вось цяпер, калі дажджлівым лістападаўскім вечарам я зайшоў у клуб, мяне вельмі здзівіў незвычайны выгляд памяшкання. На падлозе пасярод залы ляжаў надзьмуты гумавы плыт з пакетамі аварыйнага запасу прадуктаў і ўсялякімі прыладамі, а на сталах і сценах ляжалі і віселі парашуты, гумавыя касцюмы, выратавальныя курткі і палярны рыштунак уперамежку з прыладамі для перагонкі вады і іншымі цікавымі вынаходкамі. Нядаўна абраны член клуба, палкоўнік Хаскін з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл, збіраўся прачытаць лекцыю і прадэманстраваць шэраг новых ваенных вынаходак, якія, на яго думку, у будучым маглі б быць карыснымі для навуковых экспедыцый і ў паўночных і ў паўднёвых шырынях.

Пасля лекцыі пачалася гарачая вясёлая дыскусія. Вядомы дацкі палярны даследчык Петэр Фрэйхен[10], высокі грузны мужчына, падняўся са свайго месца, скептычна трасучы доўгай барадой. Ён не верыў у гэтыя навамодныя вынаходкі. Аднойчы ў час экспедыцыі ў Грэнландыю ён сам карыстаўся гумавай лодкай і мяшком-палаткай замест эскімоскага каяка[11] і іглу[12], і ў выніку траха не загінуў. Першы раз у час пургі, калі «маланка», пры дапамозе якой былі змацаваны палотнішчы ўваходу, так змерзлася, што ён не здолеў нават залезці ў палатку. А потым другі раз, калі ён рыбачыў, кручок зачапіўся за надзьмутую гумавую лодку; лодка, вядома, была праколата і затанула пад ім, як кавалак анучы. Яму і яго сябру эскімосу ўдалося на гэты раз дабрацца да берага ў каяку, які паспеў прыйсці ім на дапамогу. Ён упэўнены, што ні адзін самы таленавіты сучасны вынаходца не можа, седзячы ў лабараторыі, прыдумаць што-небудзь лепшае ў параўнанні з тым, чым карысталіся навучаныя вопытам тысячагоддзяў эскімосы ў сябе на радзіме.

Дыскусія закончылася нечаканай прапановай палкоўніка Хаскіна. Правадзейныя члены клуба могуць для сваіх бліжэйшых экспедыцый выбраць усё, што яны хочуць з навінак, якія ён дэманстраваў; адзіная ўмова — яны павінны, вярнуўшыся, паведаміць у яго лабараторыю сваю думку аб гэтых рэчах. Мне гэта толькі і трэба было. У той вечар я апошнім пакінуў памяшканне клуба. Я павінен быў уважліва агледзець усе гэтыя новенькія рэчы, што так нечакана зваліліся мне ў рукі і для атрымання якіх мне дастаткова было толькі выказаць сваё жаданне. Гэта было якраз тое, у чым я меў патрэбу, — рыштунак, з дапамогай якога мы маглі б паспрабаваць выратавацца, калі б насуперак надзеям наш драўляны плыт пачаў бы разбурацца, а іншых плытоў паблізу не было.

Назаўтра раніцай, снедаючы ў Доме маракоў, я ўсё яшчэ не пакідаў думаць аб убачаным рыштунку, як раптам добра апрануты, атлетычнага складу малады чалавек падышоў са сваім снеданнем на падносе да майго стала і сеў побач. Мы разгаварыліся; выявілася, што ён таксама не быў мараком, а дыпламаваным інжынерам з Транхейма, і прыехаў у Амерыку, каб закупіць дэталі машын і практычна азнаёміцца з тэхнікай халадзільнай справы. Ён жыў непадалёку і часта прыходзіў перакусіць у Дом маракоў, бо тут была добрая нарвежская кухня. Ён запытаўся ў мяне, што я раблю, і я коратка пазнаёміў яго з маімі планамі. Я сказаў, што калі да канца тыдня не атрымаю ніякага пэўнага адказу адносна майго рукапісу, то пачну рыхтавацца да экспедыцыі на плыце. Мой субяседнік амаль не задаваў пытанняў і слухаў з вялікай цікавасцю.

Праз чатыры дні мы зноў сустрэліся ў той жа сталовай.

— Ну, як вы парашылі, едзеце ў падарожжа ці не? — спытаў ён.

— Так, — адказаў я. — Еду.

— Калі?

— Як мага хутчэй. Калі я надоўга затрымаюся, з Антарктыкі пачнуць дзьмуць штормы, ды і на астравах надыдзе пара ўраганаў. Я павінен адплыць з Перу ў бліжэйшыя месяцы, але спачатку мне трэба дастаць грошай і арганізаваць усю справу.

— Колькі чалавек будзе з вамі?

— Я думаю, што ўсяго патрэбна шэсць чалавек; тады на плыце нас будзе дастаткова, каб не надакучыць адзін аднаму; апрача таго, з такой колькасцю людзей можна зручна размеркаваць вахты ля руля на працягу сутак, па чатыры гадзіны на кожнага.

Некалькі секунд ён стаяў, быццам абдумваючы штосьці, а потым горача загаварыў:

— Эх, ліха на яго, як мне хочацца паехаць з вамі! Я мог бы ўзяць на сябе тэхнічныя вымярэнні і метэаралагічныя назіранні. Вы ж, вядома, павінны будзеце падмацаваць свой эксперымент дакладнымі вымярэннямі сілы і напрамку вятроў, плыняў і велічыні хваляў. Не забудзьце, што вам давядзецца праплыць вялізныя прасторы акіяна, аб якіх практычна ніхто нічога не ведае, паколькі яны знаходзяцца ў баку ад звычайных марскіх шляхоў. Такая экспедыцыя, як ваша, можа правесці цікавыя гідраграфічныя і метэаралагічныя даследаванні; я здолею прынесці карысць сваімі ведамі па тэрмадынаміцы.

Я нічога не ведаў пра гэтага чалавека, апрача таго, пра што мог сказаць яго адкрыты твар. А гэты твар мог сказаць шмат аб чым.

— Згода, — прамовіў я. — Мы плывём разам.

Яго звалі Герман Ватсінгер. Ён быў гэткі ж гора-марак, як і я.

Праз колькі дзён я прывёў Германа як свайго госця ў Клуб падарожнікаў. Там мы адразу ж натрапілі на палярнага даследчыка Петэра Фрэйхена. Фрэйхен меў шчаслівы дар: ён ніколі не мог згубіцца ў натоўпе. Высокі і шырокі, нібы дзверы ў гумне, з ускудлачанай барадой, ён, здавалася, быў пасланцом бязмежнай тундры. Яго акружала нейкая асаблівая атмасфера — быццам ён увесь час ідзе па следу мядзведзя-грызлі.

Мы падвялі яго да вялікай карты, што вісела на сцяне, і расказалі аб нашым плане пераплыць Ціхі акіян на індзейскім плыце. Ён шырока расплюшчыў свае блакітныя, як у хлапчука, вочы, якія ад гэтага зрабіліся зусім круглымі, і ўвесь час скуб сябе за бараду, слухаючы, што мы гаворым. Потым ён тупнуў сваёй драўлянай нагой аб падлогу і тужэй зацягнуў рэмень.

— Тысяча чарцей! Я хацеў бы, хлопчыкі, рушыць разам з вамі!

Стары падарожнік па Грэнландыі наліў нам па куфлю піва і пачаў расказваць пра сваю веру ў судны першабытных народаў, у здольнасць гэтых людзей перасоўвацца па сушы і па моры, прыстасоўваючыся да прыродных умоў. Яму самому даводзілася спускацца на плыце па вялікіх сібірскіх рэках і, плаваючы на караблі ўздоўж арктычных берагоў, цягнуць на буксіры плыты мясцовых жыхароў. Расказваючы, ён тузаў сябе за бараду і пад канец запэўніў нас, што мы будзем мець ад нашага падарожжа вялікую прыемнасць.

Дзякуючы гарачай падтрымцы Фрэйхена справа закруцілася з шалёнай хуткасцю, і неўзабаве аб ёй загаварыў скандынаўскі друк. Ужо назаўтра раніцай пачуўся моцны стук у дзверы майго пакоя ў Доме маракоў. Мяне клікалі да тэлефона ў ніжні калідор. У выніку гэтай размовы ў той жа вечар Герман і я пазванілі ля пад’езду аднаго з дамоў у фешэнебельным квартале Нью-Йорка. Нас сустрэў шыкоўна апрануты малады чалавек у лакіраваных дамашніх пантофлях і шаўковым халаце, надзетым на сіні касцюм. З першага погляду, калі ён, прытульваючы да носа надушаную хустачку, прасіў прабачэння за сваю прастуду, можна было падумаць, што гэта нейкі пястун. Але мы ведалі, што гэты хлапчына праславіўся ў Амерыцы сваімі подзвігамі як лётчык у час вайны. Апрача нашага ўвесь час спакойнага з выгляду гаспадара, там былі яшчэ два энергічныя маладыя журналісты, ахопленыя прагай дзеяння і поўныя розных ідэй. Аднаго з іх мы ведалі як таленавітага карэспандэнта.

За пляшкай добрага віскі гаспадар растлумачыў, што зацікавіўся нашай экспедыцыяй. Ён прапанаваў знайсці для нас неабходныя сродкі пры ўмове, што мы дадзім згоду пісаць аб падарожжы ў газеты, а вярнуўшыся, зробім паездку па розных гарадах з лекцыямі. Пад канец сустрэчы мы дамовіліся і выпілі за паспяховае супрацоўніцтва паміж тымі, хто фінансуе экспедыцыю, і тымі, хто ўдзельнічае ў ёй. Цяпер усе эканамічныя праблемы павінны былі вырашыцца; імі зоймуцца нашы кампаньёны, а мы можам больш не турбавацца. Герман і я павінны зараз жа распачаць падбор экіпажа і неабходнага рыштунку, пабудаваць плыт і рушыць у дарогу да таго, як настане перыяд штормаў.

На другі дзень Герман звольніўся з работы, і мы сур’ёзна ўзяліся за справу. З дапамогай Клуба падарожнікаў я паспеў ужо атрымаць згоду даследчай лабараторыі матэрыяльнай часткі ваенна-паветранных сіл забяспечыць нас усім, што я папрашу; кіраўнікі лабараторыі лічылі, што такая экспедыцыя, як наша, цудоўна паслужыць выпрабаванню іх рыштунку. Гэта быў добры пачатак. Цяпер нашы галоўныя задачы заключаліся ў тым, каб знайсці чатырох адпаведных людзей, гатовых выбрацца ў падарожжа з намі на плыце, і расстарацца харчу на ўсю дарогу.

Падбіраць людзей, якім давядзецца ў будучым разам плыць па акіяне на плыце, трэба было вельмі старанна. Інакш пасля месячнага знаходжання ў адкрытым моры маглі б узнікнуць розныя непрыемнасці і сваркі. Я не хацеў камплектаваць каманду плыта з маракоў: яны наўрад ці ведалі больш за нас аб тым, як трэба кіраваць плытом, а затое пазней, калі б нам удалося давесці справу да канца, маглі б, чаго добрага, пачацца размовы, што мы дабіліся поспеху, магчыма, толькі таму, што былі лепшымі маракамі, чым старажытныя будаўнікі плытоў у Перу. I ўсё ж на плыце не шкодзіла мець хоць аднаго чалавека, які ўмеў бы, ва ўсякім разе, карыстацца секстантам і адзначаць наш курс на карце; гэта было неабходна для навуковых справаздач.

— Я ведаю аднаго мастака, — сказаў я Герману. — Гэта высокі, здаравенны хлапчына, які ўмее іграць на гітары і не ведае, што такое смутак. Ён закончыў мараходнае вучылішча і некалькі разоў плаваў вакол свету да таго, як засеў дома з пэндзалем і палітрай. Я ведаю яго з маленства, і мы часта рабілі з ім турысцкія паходы па гарах на радзіме. Я напішу яму; я ўпэўнены, што ён прыедзе.

— Гэта той, хто нам трэба, — згадзіўся Герман. — Але нам таксама неабходна мець чалавека, які б разбіраўся ў радыё.

— У радыё! — спалохана ўсклікнуў я. — На якое ліха яно нам здалося? Яму не месца на дагістарычным плыце!

— Вы памыляецеся; гэта мера перасцярогі, якая не пашкодзіць вашай тэорыі, калі нам не давядзецца пасылаць сігналы няшчасця і прасіць аб дапамозе. А радыё нам спатрэбіцца, каб перадаваць метэаралагічныя назіранні і іншыя звесткі. Да таго ж мы не будзем мець магчымасці карыстацца радыё для прыёму папярэджанняў аб штормах, паколькі для гэтай часткі акіяна такіх папярэджанняў не бывае, а калі б яны і былі, якая з іх карысць для нас на плыце?

Паступова я згадзіўся з ім, бо ўсе мае пярэчанні, уласна кажучы, грунтаваліся галоўным чынам на маёй непрыязнасці да ўсялякіх кнопак і ручак, якія трэба круціць.

— Як гэта ні дзіўна, — прызнаўся я, — але ў мяне ёсць многа знаёмых, якія маюць дачыненне да радыёсувязі на вялікія адлегласці. У час вайны я быў залічаны ў падраздзяленне радыёсувязі — відаць, «па спецыяльнасці». Я абавязкова напішу Кнуту Хаугланду і Тарстэйну Рабю.

— Вы з імі знаёмы?

— Так. З Кнутам я першы раз сустрэўся ў Англіі ў 1944 годзе. Англічане ўзнагародзілі яго ордэнам за ўдзел у парашутным дэсанце, які звёў на нішто спробы немцаў стварыць атамную бомбу: Кнут быў радыстам у групе ўдзельнікаў Супраціўлення, што зрабіла дыверсію па знішчэнню ў Р’юкан запасаў цяжкай вады[13]. Калі я сустрэўся з ім, ён толькі што вярнуўся з другой аперацыі ў Нарвегіі; гестапа ледзь не злавіла яго з тайным перадатчыкам, схаваным у коміне радзільнага дома ў Осла. Нацысты яго запеленгавалі, і ўвесь будынак быў акружаны нямецкімі салдатамі з кулямётамі насупраць кожных дзвярэй. Фемер, начальнік гестапа, сам знаходзіўся на двары, чакаючы, калі прывалакуць Кнута. Але прывалаклі яго ўласных людзей. Кнут з дапамогай рэвальвера прабіўся ад вышак да падвала, а адтуль — на задні двор і пад градам куль знік за бальнічнай сцяной. Я сустрэўся з ім на сакрэтнай станцыі ў старасвецкім англійскім замку; ён вярнуўся для арганізацыі падпольнай сувязі між сотняй перадаючых станцый у акупіраванай Нарвегіі.

Сам я толькі што закончыў парашутную практыку, і мы збіраліся разам саскочыць у Нордмарку, паблізу ад Осла. Але тут якраз рускія ўвайшлі ў раён Кіркенеса, і невялікі нарвежскі атрад быў накіраваны з Шатландыі ў Фінмаркен на змену, калі можна так сказаць, цэлай рускай арміі. Мяне таксама паслалі туды. Там я і сустрэўся з Тарстэйнам.

У тых мясцінах была яшчэ сапраўдная арктычная зіма, і паўночнае ззянне зіхацела на зорным небе над намі. Дзень і ноч стаяла непраглядная цемра. Калі мы праходзілі па пажарышчах спаленага раёна Фінмаркена, пасінелыя ад холаду і хутаючыся ў футравую вопратку, з маленькай халупы сярод гор вылез вясёлы хлапец з блакітнымі вачыма і калючымі светлымі валасамі. Гэта быў Тарстэйн Рабю. У пачатку вайны ён уцёк у Англію і прайшоў там курс навучання; потым яго тайна перакінулі ў Нарвегію, кудысьці пад Трамсё. Ён хаваўся з маленькім перадатчыкам дзесьці паблізу ад лінкора «Цірпіц» і на працягу дзесяці месяцаў штодзень паведамляў у Англію аб усім, што адбывалася на борце карабля. Ён пасылаў данясенні ўночы, далучаючы свой тайны перадатчык да прыёмнай антэны, што паставіў нямецкі афіцэр. Яго рэгулярнымі данясеннямі і кіраваліся англійскія бамбардзіроўшчыкі, якія ўрэшце ўсё-такі патапілі «Цірпіца».

Тарстэйн уцёк у Швецыю, адкуль зноў перабраўся ў Англію, а пасля з новым радыёперадатчыкам саскочыў на парашуце ў тыле немцаў у пустэльным раёне Фінмаркена. Калі немцы адступілі, ён апынуўся ў нас у тыле і выйшаў са свайго сховішча, каб дапамагчы нам сваёю маленькай радыёўстаноўкай, бо наша магутная радыёстанцыя была выведзена са строю мінай. Гатоў біцца аб заклад, што і Кнуту і Тарстэйну абрыдла цяпер сядзець без сапраўднай работы, і абодва яны будуць рады зрабіць невялікую прагулку на драўляным плыце.

— Напішыце і прапануйце ім, — параіў Герман.

Вось я і напісаў кароткія пісьмы, без усякіх прыкрас, Эрыку, Кнуту і Тарстэйну:

«Збіраюся пераплыць Ціхі акіян на драўляным плыце, каб пацвердзіць тэорыю аб тым, што астравы Паўднёвага мора былі заселены з Перу. Ці не хочаце прыняць удзел? Я гарантую толькі бясплатны праезд да Перу і да астравоў Паўднёвага мора і назад; у час падарожжа вы здолееце ў поўнай меры паказаць свае тэхнічныя таленты. Адказвайце неадкладна».

Назаўтра ад Тарстэйна прыйшла такая тэлеграма:

«Еду. Тарстэйн».

Два другія таксама паведамілі, што яны згодны.

Шостым удзельнікам мы думалі ўзяць то аднаго, то другога, але кожны раз узнікалі якія-небудзь перашкоды. Тым часам Герману і мне трэба было брацца за вырашэнне пытання аб прадуктах. Мы зусім не думалі ў час падарожжа есці толькі вяленае мяса лам або сушаныя клубні кумары[14], бо не збіраліся даказваць, што калісьці мы самі былі індзейцамі. Мы ставілі сабе на мэце выпрабаваць магчымасці і ўласцівасці плыта інкаў, даведацца, наколькі ён прыгодны для плавання ў моры і якую можа мець грузапад’ёмнасць, і высветліць, ці ўдасца яму — з намі на борце — шчасліва пераплыць па волі стыхій акіян і дабрацца да Палінезіі. Нашы папярэднікі індзейцы маглі, вядома, пражыць на плыце на сушаным мясе і рыбе і сушаных клубнях кумары, паколькі гэтымі прадуктамі яны харчаваліся і на беразе. Але мы мелі на ўвазе высветліць, паўтарыўшы іх падарожжа ці ўдавалася ім, плывучы па акіяне, здабываць для сябе свежую рыбу і карыстацца дажджавой вадой. Што датычыць харчу для нас, дык я разлічваў на звычайны палявы рацыён, да якога мы прызвычаіліся на вайне.

Якраз у гэтыя дні ў Вашынгтон прыехаў новы памочнік нарвежскага ваеннага аташэ. Я выконваў абавязкі яго намесніка, калі ён камандаваў ротай у Фінмаркене, і ведаў, што гэта быў «агнявы смерч», які з шалёнай энергіяй хапаўся за вырашэнне любой задачы, пастаўленай перад ім. Б’ёрн Рорхалт належаў да таго тыпу людзей, якія проста не ведаюць, што ім рабіць, калі, закончыўшы адну цяжкую справу, яны не бяруцца адразу ж за новую.

Я абмаляваў яму ў пісьме наша становішча і папрасіў яго пусціць у ход свой тонкі нюх і разведаць, ці не знойдзецца ў кіраўніцтве забеспячэння амерыканскай арміі які-небудзь чалавек, з кім можна было б наладзіць сувязь. Шанцы на поспех заключаліся ў тым, што ваенная лабараторыя распраноўвала новыя палявыя рацыёны, якія мы маглі б выпрабаваць гэтак жа, як мы збіраліся выпрабаваць рыштунак для лабараторыі ваенна-паветраных сіл.

Праз два дні Б’ёрн пазваніў нам па тэлефоне з Вашынгтона. Ён пагаварыў у аддзеле знешніх сувязей амерыканскага ваеннага міністэрства, і там былі не супроць таго, каб даведацца, у чым справа. З першым поездам Герман і я выехалі ў Вашынгтон.

Мы засталі Б’ёрна ў яго кабінеце ў ваеннай місіі.

— Думаю, што ўсё будзе ў парадку, — сказаў ён. — Нас прымуць у аддзеле знешніх сувязей заўтра, як толькі мы будзем мець адпаведнае пісьмо ад палкоўніка.

«Палкоўнік» — гэта быў Ота Мунтэ-Кос, нарвежскі ваенны аташэ.

Даведаўшыся, у чым справа, ён паставіўся да нас вельмі добразычліва і ахвотна згадзіўся даць патрэбнае рэкамендацыйнае пісьмо.

Калі назаўтра раніцай мы прыйшлі па пісьмо, ён раптам падняўся з-за стала і сказаў, што, бадай, будзе лепей паехаць разам з намі яму самому. У аўтамабілі палкоўніка мы пакацілі да Пентагона, самага вялікага будынка на свеце, дзе знаходзяцца кіраўніцтвы ваеннага міністэрства. Палкоўнік і Б’ёрн у поўнай параднай форме сядзелі наперадзе, а Герман і я прымасціліся ззаду і пазіралі праз пярэднюю шыбу на вялізны гмах Пентагона, што ўзвышаўся на плошчы перад намі. Гэты грандыёзны будынак з трыццаццю тысячамі чыноўнікаў і з дваццаццю шасцю кіламетрамі калідораў павінен быў з’явіцца месцам маючай адбыцца «нарады па пытанню адносна плыта» з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ваеннага міністэрства. Ніколі ні дагэтуль, ні потым не здаваўся Герману і мне наш плыт такім безнадзейна маленькім.

Пасля бясконцых вандраванняў па лесвіцах і калідорах мы дабраліся да дзвярэй аддзела знешніх сувязей і неўзабаве, акружаныя афіцэрамі ў новенькай, з іголачкі, форме, сядзелі за вялікім сталом з чырвонага дрэва; месца старшыні займаў сам начальнік аддзела знешніх сувязей.

Суровы, шырокі ў касці афіцэр са значком Уэст-Пойнтскай акадэміі[15], што важна сядзеў у канцы стала, доўга не мог уцяміць, якое дачыненне можа мець амерыканскае ваеннае міністэрства да нашага драўлянага плыта. Але як след прадуманая прамова палкоўніка і добрае ўражанне, якое зрабілі нашы адказы на град пытанняў, што задавалі афіцэры за сталом, паступова схілілі яго на наш бок, і ён з цікавасцю прачытаў пісьмо з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл. Потым ён падняўся, аддаў свайму штабу лаканічныя распараджэнні аказаць нам дапамогу ў адпаведных інстанцыях і, пажадаўшы нам пакуль што ўдачы, пакінуў пакой, дзе адбывалася нарада. Калі дзверы за ім зачыніліся, малады штабны капітан прашаптаў мне на вуха:

— Гатоў біцца аб заклад, вы атрымаеце ўсё, што вам патрэбна. Гэта вельмі нагадвае невялікую ваенную аперацыю і разам з тым робіць крыху больш разнастайнай нашу штодзённую канцылярскую рутыну мірнага часу; апрача таго, гэта дасць магчымасць па-сапраўднаму, метадычна выпрабаваць рыштунак.

Аддзел сувязей тут жа дамовіўся аб сустрэчы з палкоўнікам Льюісам з эксперыментальнай лабараторыі галоўнага інтэнданцкага кіраўніцтва, і мяне з Германам адвезлі туды на аўтамабілі.

Палкоўнік Льюіс — прыветлівы велікан з фігурай спартсмена — адразу ж выклікаў да сябе супрацоўнікаў, якія кіравалі доследамі ў розных галінах. Усе яны паставіліся да нас вельмі прыязна і неадкладна прапанавалі кучу ўсялякага рыштунку, які было б пажадана старанна выпрабаваць. Самыя вялікія нашы надзеі былі перакрыты, калі яны пачалі пералічваць амаль усё, што толькі магло нам спатрэбіцца, — ад палявых рацыёнаў да мазі ад загару і спальных мяшкоў, якія не баяцца сырасці. Потым яны павялі нас аглядаць усе гэтыя рэчы. Мы каштавалі на смак спецыяльныя рацыёны ў цудоўнай упакоўцы; мы бачылі запалкі, якія загараліся і пасля таго, як іх апускалі ў ваду, новыя ўзоры прымусаў і бітоны для вады, гумавыя мяшкі, адмысловы абутак, кухоннае начынне, нажы, што не танулі ў вадзе, і мноства іншых рэчаў, неабходных для экспедыцыі.

Я зірнуў на Германа. Ён меў выгляд добра выхаванага хлопчыка, які ходзіць з багатай цётухнай па кандытарскаму магазіну. Высокі палкоўнік крочыў наперадзе, дэманструючы ўсе гэтыя цудоўныя рэчы, а калі абход быў закончаны, супрацоўнікі лабараторыі запісалі, што нам патрэбна і колькі. Я думаў, што бой ужо выйграны, і марыў толькі аб тым, каб хутчэй апынуцца ў сябе ў гасцініцы і, прылёгшы, спакойна і мірна ўсё абдумаць. Тут высокі прыветлівы палкоўнік раптам прамовіў:

— Ну, цяпер трэба пайсці пагаварыць з шэфам; ён павінен вырашыць, ці можам мы даць вам усё гэта.

Я адчуў, што ў мяне абарвалася сэрца. Значыць, мы павінны зноў пачынаць усё спачатку, зноў пусціць у ход сваё красамоўства, а адно неба ведае, што за тып гэты «шэф».

Выявілася, што шэф быў афіцэр невысокага росту, вельмі сур’ёзны і строгі. Калі мы ўвайшлі да яго, ён, седзячы за пісьмовым сталом, акінуў нас праніклівым позіркам сваіх блакітных вачэй. Ён прапанаваў нам сесці.

— Ну, чаго хочуць гэтыя панове? — рэзка запытаў ён у палкоўніка Льюіса, не зводзячы з мяне вачэй.

— О, сякую-такую дробязь, — хуценька адказаў Льюіс і ў агульных рысах растлумачыў сутнасць нашай просьбы. Начальнік цярпліва слухаў, не зварухнуўшы нават пальцам.

— А што яны могуць даць нам узамен? — запытаў ён, не выказваючы ніякіх адзнак здзіўлення.

— Ну, — лагодна сказаў Льюіс, — мы спадзяёмся, што ўдзельнікі экспедыцыі, напэўна, здолеюць даць водзыў аб тым, наколькі прыгодны новыя віды прадуктаў і некаторыя рэчы рыштунку ў тых цяжкіх умовах, у якіх яны будуць імі карыстацца.

Вельмі сур’ёзны афіцэр за пісьмовым сталом павольна, але без усякай ненатуральнасці, адкінуўся ў крэсле, усё яшчэ не зводзячы з мяне позірку; мне здалося, што я правальваюся скрозь глыбокае скураное крэсла, калі ён холадна сказаў:

— Я зусім не разумею, як могуць яны даць нам што-небудзь узамен.

У пакоі запанавала мёртвая цішыня. Палкоўнік Льюіс папраўляў свой каўнерык, ніхто з нас не вымавіў ні слова.

— Зрэшты, — нечакана зноў загаварыў начальнік, і цяпер у самых куточках яго вачэй прамільгнула лёгкая ўсмешка, — смеласць і энергію таксама трэба браць у разлік. Палкоўнік Льюіс, няхай яны атрымаюць усё!

Ледзь не задыхаючыся ад радасці, я сядзеў у аўтамабілі, які вёз нас дадому ў гасцініцу, калі раптам на Германа напаў нейкі сутаргавы смех.

— Вам кепска? — занепакоена спытаў я.

— Ды не, — адказаў ён, бессаромна смеючыся, — я падлічыў, што ў прадуктовых рацыёнах, якія мы атрымаем, будзе 684 бляшанкі ананасаў, а я іх вельмі люблю.



Трэба зрабіць тысячу спраў, і амаль усе — разам, каб шэсць чалавек, драўляны плыт і яго груз своечасова апынуліся ў пэўным месцы на перуанскім узбярэжжы. А ў нашым распараджэнні тры месяцы і мы не маем лямпы Аладзіна.

Мы паляцелі ў Нью-Йорк з рэкамендацыйным пісьмом ад аддзела сувязей і сустрэліся з прафесарам Бэрэ з Калумбійскага ўніверсітэта. Ён быў старшынёй Камітэта геаграфічных даследаванняў ваеннага міністэрства, і ён націснуў тыя кнопкі, з дапамогай якіх Герман, нарэшце, атрымаў усе каштоўныя інструменты і апараты, неабходныя для навуковых вымярэнняў.

Потым мы паляцелі ў Вашынгтон да адмірала Гловера з Гідраграфічнага інстытута марскога міністэрства. Дабрадушны стары марскі воўк паклікаў усіх сваіх афіцэраў і, пазнаёміўшы іх з Германам і мною, паказаў на карту Ціхага акіяна, што вісела на сцяне:

— Гэтыя маладыя людзі цікавяцца нашымі самымі новымі картамі. Дапамажыце ім!

Шасцярэнькі і колцы закруціліся далей, і англійскі палкоўнік Ламсдэн склікаў нараду брытанскай ваеннай місіі ў Вашынгтоне, каб абмеркаваць нашы далейшыя задачы і шанцы на шчаслівы зыход экспедыцыі. Мы атрымалі кучу добрых парад і набор англійскага рыштунку, які быў прывезены на самалёце з Англіі, каб мы выпрабавалі яго ў час падарожжа на плыце. Англійскі ваенны ўрач, заўзяты прыхільнік «акулінага парашка», усяляк расхвальваў яго. Нам дастаткова будзе высыпаць у ваду жменьку парашка, калі акула стане занадта нахабнай, і яна адразу ж знікне.

— Сэр, — ветліва запытаў я, — значыць, маючы гэты парашок, мы можам зусім не баяцца акул?

— Ну, — з усмешкай адказаў англічанін, — гэта якраз тое, аб чым мы хочам даведацца!

Калі часу ў абрэз і прыходзіцца замяняць поезд самалётам, а ногі аўтамабілем, тады кашалёк хутка становіцца тонкім, як высушаны ліст. Пасля таго як мы патрацілі грошы, што атрымалі ад продажу майго білета для праезду назад у Нарвегію, нам давялося ісці да нью-йоркскіх сяброў-кампаньёнаў, каб прывесці ў парадак фінансавыя справы. Там нас напаткала нечаканае расчараванне. Фінансавы дырэктар ляжаў у пасцелі з тэмпературай, а два яго таварышы не мелі сілы што-небудзь зрабіць, пакуль ён не паправіцца. Яны не адмаўляліся ад нашага фінансавага пагаднення, але зараз нічым не маглі дапамагчы. Яны папрасілі нас на нейкі час адкласці ўсю справу — марная просьба, бо мы не маглі спыніць шматлікія шасцярэнькі і колцы, якія ўжо закруціліся на поўную хуткасць. Цяпер мы маглі думаць толькі аб тым, каб хоць не зваліцца; спыняцца або тармазіць было занадта позна. Нашы сябры-кампаньёны згадзіліся ліквідаваць сіндыкат, каб даць нам магчымасць дзейнічаць хутка і незалежна ад іх.

I вось мы стаім на вуліцы, а ў кішэнях у нас па-ранейшаму пуста.

— Снежань, студзень, люты, — лічыў Герман.

— Калі што, і сакавік, — дадаў я, — але ў сакавіку мы абавязкова павінны адплыць!

Усё здавалася нам няпэўным, але адно мы ведалі добра. Наша падарожжа мела сур’ёзную мэту, і мы не хацелі, каб нас ставілі на адну дошку з акрабатамі, якія спускаюцца па Ніягары ў пустых бочках або сядзяць па 17 дзён на самым версе флагштока.

— Толькі не залежаць ад фірмаў, што гандлююць жавальнай гумкай або кока-кола, — рашуча сказаў Герман.

У гэтым пытанні між намі была поўная згода.

Мы маглі расстарацца нарвежскіх кронаў, але на гэтым баку Атлантычнага акіяна яны не вырашалі праблемы. Мы маглі звярнуцца з просьбай аб субсідыі, але наўрад ці нам яе далі б для доказу спрэчнай тэорыі; урэшце якраз таму мы і задумалі падарожжа на плыце. Неўзабаве мы пераканаліся, што ні газетныя трэсты, ні асобныя мецэнаты не асмельваюцца ўкласці грошы ў справу, якую самі яны і ўсе страхавыя таварыствы лічылі самазабойствам; але калі мы вернемся жывымі і здаровымі, тады ўсё будзе па-іншаму.

Становішча было досыць паганае, і на працягу многіх дзён мы не бачылі ніякага выхаду. Тады на сцэне зноў з’явіўся палкоўнік Мунтэ-Кос.

— Вы селі на мель, хлопцы, — сказаў ён. — Вось для пачатку чэк. Я магу пачакаць, пакуль вы вернецеся з астравоў Паўднёвага мора.

Яшчэ некалькі чалавек паследавалі яго прыкладу, і неўзабаве пазычаных нам грошай было дастаткова, каб мы маглі зноў узяцца за работу без дапамогі пасрэднікаў і іншых камерсантаў. Пара было ляцець у Паўднёвую Амерыку і пачынаць будаўніцтва плыта.

Старажытныя перуанскія плыты рабілі з бальзавых дрэў; сухія, гэтыя дрэвы лягчэйшыя за коркавыя. Бальзавыя дрэвы растуць у Перу, але толькі далёка ад узбярэжжа, за Андамі; таму ў часы інкаў мараплаўцы дабіраліся ўздоўж берага да Эквадора і там ссякалі вялікія бальзавыя дрэвы ля самага Ціхага акіяна. Мы збіраліся зрабіць гэтак сама.

У наш час падарожнік сутыкаецца з зусім іншымі праблемамі, чым у часы інкаў. Мы можам карыстацца паслугамі аўтамабіля, і самалёта, і бюро падарожжаў; але каб справа не зрабілася занадта лёгкай, у нас затое ёсць перашкоды, што называюцца граніцамі, на якіх праз меру старанная варта з меднымі гузікамі правярае вашу асобу, корпаецца ў вашым багажы і мучыць вас бясконцымі анкетамі, калі вы шчасліва пройдзеце ўсе папярэднія выпрабаванні. Страх перад гэтымі людзьмі з меднымі гузікамі навёў нас на думку, што мы не можам высадзіцца ў Паўднёвай Амерыцы са скрынкамі і чамаданамі, поўнымі дзіўных рэчаў, і, ветліва пакланіўшыся, папрасіць, скажаючы амаль кожнае іспанскае слова, дазволу пабудаваць плыт і адплыць на ім. Нас, напэўна, пасадзілі б у турму.

— Не, — сказаў Герман, — мы павінны мець афіцыйны дазвол.

Адзін з нашых сяброў з ліквідаванага трыумвірата быў карэспандэнтам пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый; ён завёз нас туды на аўтамабілі. Калі мы ўвайшлі ў вялікую залу пасяджэнняў, дзе прадстаўнікі ўсіх народаў сядзелі адзін ля аднаго на лаўках, усе моўчкі слухалі гарачую прамову чорнавалосага рускага, які стаяў перад вялізнай картай свету, што вісела на сцяне. Гэтая сцэна зрабіла на нас моцнае ўражанне.

Нашаму сябру-карэспандэнту ўдалося ў час перапынку распачаць размову з адным з дэлегатаў Перу, а потым уцягнуць у гутарку аднаго з прадстаўнікоў Эквадора. Седзячы ў вестыбюлі на мяккай скураной канапе, яны ўважліва выслухалі наш праект пераплыць акіян, каб пацвердзіць тэорыю аб тым, што стваральнікі старажытнай цывілізацыі на іх радзіме былі першымі людзьмі, якія дасягнулі астравоў Ціхага акіяна. Абодва абяцалі інфармаваць аб нашым плане свае ўрады і гарантавалі нам садзеянне, калі мы прыедзем у Перу і Эквадор. Тругве Лі, які праходзіў якраз цераз прыёмную, пачуўшы, што мы яго суайчыннікі, падышоў да нас, і хтосьці прапанаваў яму рушыць разам з намі ў падарожжа на плыце. Але для яго хапала бур і на сушы. Памочнік сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, доктар Бенхамін Коен з Чылі, славуты археолаг-аматар, даў мне пісьмо да прэзідэнта рэспублікі Перу, які быў яго блізкім сябрам. У вестыбюлі мы сустрэлі таксама нарвежскага пасла Вільгельма фон Мюнце-Моргенст’ерне, які з гэтага часу аказваў экспедыцыі вельмі вялікую дапамогу.

I вось, мы купілі два білеты і паляцелі ў Паўднёвую Амерыку. Калі чатыры магутныя маторы зараўлі адзін за другім, мы, зусім знясіленыя, адкінуліся ў глыбокіх крэслах. Цяжка выказаць словамі тое пачуццё палёгкі, якое ахапіла нас пры думцы аб тым, што з першай часткай праграмы мы разлічыліся і цяпер рухаемся проста насустрач прыгодам.


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI У ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫЦЫ

Мы прызямляемся на экватары. — Праблема бальзавых дрэў. — На самалёце ў Кіта. — Паляўнічыя за галовамі і «бандыдас». — Па Андах на «вілісе». — У нетрах джунгляў. — У Ківеда. — Мы сячэм бальзавыя дрэвы. — Уніз па рацэ Паленке на плыце. — Прывабны ваенны порт. — У марскога міністра ў Ліме. — Сустрэча з прэзідэнтам Перу. — З’яўленне Даніельсона. — Вяртанне ў Вашынгтон. — Дванаццаць кілаграмаў дакументаў. — Баявое хрышчэнне Германа. — Мы будуем плыт у ваенным порце. — Перасцярогі. — Напярэдадні адплыцця. — Плыт назвалі «Кон-Цікі». — Бывай, Паўднёвая Амерыка!


Як толькі самалёт пераляцеў экватар, пачаўся паступовы спуск скрозь малочна-белыя воблакі, якія раней распасціраліся пад намі, нібы асляпляльная снегавая пустыня ў зіхатлівых праменнях сонца. Касмыкаваты туман ліпнуў да вокнаў самалёта, потым ён разышоўся і павіс над нашымі галовамі ў выглядзе воблакаў, а ўнізе паказалася ярка-зялёная хвалістая паверхня джунгляў. Мы ляцелі над паўднёваамерыканскай рэспублікай Эквадор і прызямліліся ў трапічным аэрапорце Гуаякіль. З курткамі, камізэлькамі і паліто на руцэ, такімі неабходнымі толькі што, мы вылезлі з самалёта і апынуліся ў атмасферы цяпліцы; адказваючы на прывітанні гаваркіх жыхароў Поўдня ў трапічным убранні, мы адчувалі, як нашы кашулі прыліпаюць да спіны, нібы мокрая папера. Таможныя і іміграцыйныя чыноўнікі абнімалі нас і ледзь не на руках данеслі да таксі, на якім мы даехалі да лепшай у горадзе, адзінай добрай гасцініцы. Там кожны з нас хуценька знайшоў сваю ванну і, напусціўшы халоднай вады, залез у яе.

Мы знаходзіліся ў краіне, дзе растуць бальзавыя дрэвы, і цяпер нам трэба было купіць бярвенні для пабудовы плыта.

Першы дзень мы прысвяцілі вывучэнню грашовай сістэмы і некалькіх іспанскіх слоў, з дапамогай якіх мы маглі б знайсці дарогу назад у гасцініцу.

На другі дзень мы асмеліліся разлучыцца з ваннамі і зрабілі некалькі прагулак, з кожным разам усё далей адыходзячы ад дома, дзе мы спыніліся. I калі Герман задаволіў сваё дзіцячае жаданне дакрануцца рукою да сапраўднай пальмы, а я ўволю наеўся трапічнай садавіны, мы вырашылі заняцца купляй бальзавых дрэў.

На наша няшчасце, гэта было лягчэй сказаць, чым зрабіць. Вядома, мы маглі набыць колькі хочаш бальзавай драўніны, але не ў выглядзе неабходных нам цэлых бярвенняў. Мінулі часы, калі бальзавыя дрэвы секлі тут жа на ўзбярэжжы. Пасля апошняй вайны іх нідзе паблізу не засталося; бальзавыя дрэвы высякалі тысячамі і адсылалі на авіяцыйныя заводы, паколькі гэта вельмі порыстая і лёгкая драўніна. Нам расказалі, што цяпер вялікія бальзавыя дрэвы растуць толькі ў джунглях унутры краіны.

— У такім разе мы павінны паехаць унутр краіны і самі насячы іх, — сказалі мы.

— Ніяк нельга, — запярэчылі нам аўтарытэтныя людзі. — Пачаўся перыяд дажджоў, усе дарогі ў джунглях сталі непраходнымі — разліліся рэкі, і ўсюды непралазная гразь. Калі вам патрэбны бальзавыя дрэвы, вяртайцеся ў Эквадор праз паўгода; тады дажджы скончацца і дарогі ў джунглях прасохнуць.

Апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, мы пайшлі да дона Густава фон Бухвальд, бальзавага караля Эквадора, і Герман разгарнуў перад ім эскіз плыта, на якім былі паказаны памеры неабходных нам бярвенняў. Шчуплы, невысокага росту бальзавы кароль, не трацячы часу, схапіўся за тэлефонную трубку і паслаў сваіх агентаў на пошукі. На любым лесапільным заводзе былі дошкі рознай таўшчыні і асобныя кароткія бярвенні, але ніводнага бервяна, якое адпавядала б нашым патрабаванням, яны не змаглі адшукаць. На звалцы ў самога дона Густава знайшліся два вялікія бервяны, сухія, як порах, але на іх мы далёка не заехалі б. Было ясна, што пошукі бескарысны.

— У майго брата вялікая плантацыя бальзавых дрэў, — сказаў дон Густава. — Яго завуць дон Федарыка, і ён жыве ў Ківеда, невялікім пасёлку сярод джунгляў. Ён забяспечыць вас усім, што вам патрэбна, як толькі мы здолеем наладзіць з ім сувязь пасля дажджоў. Цяпер нічога не выйдзе, бо ў джунглях ідуць дажджы.

Калі дон Густава сказаў, што нічога не выйдзе, то і ўсе спецыялісты Эквадора па бальзавых дрэвах таксама скажуць, што нічога не выйдзе. Такім чынам, мы былі ў Гуаякіле без ніводнага бервяна для плыта і не мелі магчымасці паехаць і самім ссячы дрэвы; такая магчымасць з’явіцца толькі праз некалькі месяцаў, калі будзе ўжо занадта позна.

— Час не чакае, — сказаў Герман.

— I мы павінны дастаць бальзавыя дрэвы, — сказаў я. — Трэба, каб плыт быў дакладнай копіяй, інакш мы наўрад ці застанемся ў жывых.

Маленькая школьная карта, якую мы дасталі ў гасцініцы, з зялёнымі джунглямі, карычневымі гарамі і чырвонымі кружочкамі населеных пунктаў расказала нам, што джунглі няспынна цягнуцца ад берагоў Ціхага акіяна да самага падножжа магутных Андаў. У мяне з’явілася думка. Зараз было зусім відавочна, што дабрацца з узбярэжнага раёна праз джунглі да Ківеда, дзе растуць бальзавыя дрэвы, немагчыма. Але што, калі мы паспрабуем дабрацца да іх з супрацьлеглага боку, спусціўшыся ў гушчар джунгляў з аголеных снегавых ланцугоў Андаў? Гэта было выйсце, адзінае выйсце ў нашым становішчы.

На аэрадроме меўся невялікі грузавы самалёт, на якім нас згадзіліся адвезці ў Кіта, сталіцу гэтай своеасаблівай краіны, размешчанай на горным плато ў Андах на вышыні 3 000 метраў над узроўнем мора. Сяк-так прымасціўшыся сярод скрынак і самалётнага абсталявання, мы раз-по-раз паглядалі на зялёныя джунглі і зіхатлівыя рэкі, пакуль самалёт не ўвайшоў у воблакі. Калі мы вынырнулі з іх, бязмежнае мора туману, што клубіўся пад намі, закрыла даліны ад нашых вачэй, але наперадзе на фоне асляпляльна блакітнага неба з воблакаў паказаліся суровыя схілы гор і голыя скалы.

Самалёт лез проста ўверх уздоўж схілу гор, быццам па нябачнаму фунікулёру, і хоць мы знаходзіліся над самым экватарам, перад намі цягнуліся зіхатлівыя снегавыя палі. Потым мы нырнулі між скал і апынуліся над высакагорным плато, пакрытым багатай веснавой расліннасцю; там мы прызямліліся паблізу ад самай своеасаблівай на свеце сталіцы.

Са ста пяцідзесяці тысяч жыхароў Кіта большасць з’яўлялася чыстакроўнымі горнымі індзейцамі і метысамі, паколькі гэта была сталіца іх продкаў яшчэ задоўга да таго, як Калумб і паўночнаеўрапейцы адкрылі Амерыку. Горад меў сваё адметнае аблічча дзякуючы старадаўнім манастырам, дзе захоўваліся вельмі каштоўныя скарбы мастацтва, і іншым велічным будынкам эпохі іспанскага панавання, якія ўзвышаліся над дахамі нізкіх дамоў індзейцаў, пабудаваных з неабпаленай цэглы. Цэлы лабірынт вузкіх вуліц цягнуўся сярод гліняных сцен; вулачкі кішэлі горнымі індзейцамі ў спярэшчаных чырвонымі плямамі плашчах і высокіх самаробных капелюшах. Адны, паганяючы нагружаных аслоў, ішлі на рынак, другія сядзелі, згорбіўшыся, уздоўж глінабітных сцен і драмалі на сонцы. Некалькі аўтамабіляў з арыстакратамі іспанскага паходжання, апранутымі ў трапічныя касцюмы, праехалі адзін за адным, павольна рухаючыся і няспынна сігналячы, каб пракласці сабе дарогу сярод дзяцей, аслоў і басаногіх індзейцаў. Паветра тут, на высокім плато, было такое празрыстае, што навакольныя горы здаваліся часткай вулічнага пейзажу і рабілі яго яшчэ больш казачным. Наш прыяцель па самалёту Хорхе, па мянушцы «шалёны лётчык», быў па паходжанню са старадаўняй іспанскай сям’і ў Кіта. Ён знайшоў для нас месца ў пацешнай старамоднай гасцініцы, а потым пачаў гойсаць па гораду, то з намі, то адзін, шукаючы які-небудзь транспарт, каб мы маглі на ім пераваліць цераз горы, а потым, па джунглях, дабрацца да Ківеда. Увечары мы сустрэліся ў старадаўнім іспанскім кафэ, і Хорхе расказаў нам кепскія навіны: мы павінны выкінуць з галавы нават думку аб паездцы ў Ківеда. Нельга знайсці ні экіпажа, ні праваднікоў для пераезду цераз горы; і, тым больш, вядома, не можа быць і гаворкі аб падарожжы ў джунглі, дзе пачаліся дажджы і дзе падарожнікі маглі апынуцца пад пагрозай нападу, калі яны засядуць у гразі. Усяго толькі год назаддзесяць амерыканскіх інжынераў-нафтавікоў былі забіты атручанымі стрэламі ва ўсходняй частцы Эквадора. Тут і цяпер жыве шмат лясных індзейцаў, якія бадзяюцца зусім голыя па джунглях і палююць з дапамогай атручаных стрэл.

— Некаторыя з гэтых індзейцаў палююць і на галовы, — замагільным голасам паведаміў Хорхе, бачачы, што Герман не выказвае ніякіх адзнак трывогі і спакойна аплятае смажаніну, запіваючы яе чырвоным віном.

— Вы думаеце, што я перабольшваю, — шэптам гаварыў ён далей. — Але хоць гэта строга забаронена, у нас ёсць яшчэ людзі, якія зарабляюць на жыццё тым, што прадаюць высушаныя чалавечыя галовы. Гэтаму гандлю няма як пакласці канец, бо і зараз лясныя індзейцы адсякаюць галовы ў сваіх ворагаў з іншых вандроўных плямёнаў. Яны разбіваюць і дастаюць косці чэрапа, а пустую скуру галавы напаўняюць гарачым пяском; галава зморшчваецца і робіцца не большай за кашэчую, але форма застаецца ранейшай, і рысы твару захоўваюцца. Гэтыя зморшчаныя галовы ворагаў калісьці былі каштоўнымі трафеямі, цяпер яны з’яўляюцца дэфіцытным таварам на чорным рынку. Метысы-пасрэднікі прывозяць іх гандлярам на ўзбярэжжа, а тыя перапрадаюць турыстам па нечуваных цэнах.

Хорхе пераможна паглядзеў на нас. Ён і не здагадваўся, што днём Германа і мяне зацягнулі ў пакой швейцара і прапанавалі купіць дзве такія галавы па тысячы сукрэ[16] за штуку. Гэтыя галовы цяпер часта падрабляюць, пускаючы ў ход галовы малпаў, але тыя, што нам паказалі, былі самыя сапраўдныя галовы чыстакроўных індзейцаў. Яны так добра захаваліся, што можна было разгледзець найдрабнейшыя рысы твару. Гэта былі галовы мужчыны і жанчыны, кожная велічынёй з апельсін; жанчына была вельмі прыгожанькая, хоць толькі вейкі і доўгія чорныя валасы захавалі свае натуральныя памеры. Я скалануўся ад гэтага ўспаміну, але выказаў сумненне, што наўрад каб паляўнічыя за галовамі сустракаліся на захад ад гор.

— Ніхто не можа гэтага ведаць, — панура сказаў Хорхе. — А што вы скажаце, калі ваш сябар знікне, а потым на рынку з’явіцца яго галава ў мініятуры? Аднойчы так здарылася з маім сябрам, — дадаў ён, пільна пазіраючы на мяне.

— Раскажыце нам пра гэта, — папрасіў Герман, павольна і без асаблівай прыемнасці жуючы смажаніну.

Я акуратна адклаў убок відэлец, і Хорхе распачаў свой расказ. Калісьці ён разам з жонкай жыў у маленькім пасёлку сярод джунгляў, займаўся прамыўкай золата і скупліваў здабычу ў іншых старацеляў. У іх быў сябар, мясцовы жыхар, які рэгулярна прыносіў ім золата і мяняў яго на тавары. I вось гэтага сябра забілі ў джунглях. Хорхе высачыў забойцу і прыгразіў, што застрэліць яго. Забойца быў адным з тых, што гандлююць зморшчанымі чалавечымі галовамі. Ва ўсякім разе на яго мелі падазрэнне. Хорхе паабяцаў яму, што даруе жыццё, калі ён зараз жа аддасць галаву. Забойца як бачыш прынёс галаву сябра Хорхе, якая зрабілася цяпер велічынёй з кулак мужчыны. Хорхе страшэнна расхваляваўся, калі зноў убачыў свайго сябра, бо той зусім не змяніўся, калі не лічыць таго, што ён стаў такім маленькім. Вельмі ўзрушаны, ён прынёс маленькую галаву дадому жонцы. Убачыўшы яе, жонка страціла прытомнасць, і Хорхе прыйшлося схаваць свайго сябра ў чамадан. Але ў джунглях была такая сырасць, што галава пакрывалася цэлымі нарасцямі зялёнай плесні, і Хорхе вымушаны быў час-ад-часу даставаць яе і сушыць на сонцы. Яна вельмі міла пагойдвалася, прывязаная за валасы да вяроўкі, на якой сушылі бялізну, а жонка Хорхе кожны раз траціла прытомнасць, як толькі бачыла яе. Але аднойчы мыш прагрызла дзірку ў чамадане і досыць моцна папсавала галаву. Хорхе быў вельмі засмучаны і пахаваў свайго сябра з усімі цырымоніямі ў маленькай ямцы на аэрадроме.

— Гэта ж усё-такі быў чалавек, — так закончыў свой расказ Хорхе.

— Цудоўны абед, — сказаў я, каб перавесці размову на іншую тэму.

Калі мы ішлі ў цемры дадому, мне было чамусьці непрыемна глядзець на Германа ў нізка насунутым на вушы капелюшы. Між іншым, ён нацягнуў яго так глыбока для таго, каб хоць крыху закрыцца ад халоднага начнога ветру, што дзьмуў з гор.

На другі дзень мы сядзелі з нашым генеральным консулам Брунам і яго жонкай у іх вялікім загарадным маёнтку пад высокімі эўкаліптамі. Брун лічыў малаверагодным, што праектуемае намі падарожжа праз джунглі ў Ківеда можа прывесці да колькі-небудзь значных змен у памеры нашых капелюшоў, але... у тых раёнах, якія мы збіраліся наведаць, вадзіліся разбойнікі. Ён дастаў выразкі з мясцовых газет; у іх паведамлялася, што пасля таго як настане сухі сезон, неабходна будзе паслаць атрады салдат для знішчэння «бандыдас», якіх многа развялося ў сумежных з Ківеда раёнах. Выбірацца ў падарожжа туды цяпер было б сапраўдным вар’яцтвам, і мы ні ў якім разе не дастанем ні праваднікоў, ні сродкаў перасоўвання. Калі мы з ім размаўлялі, па дарозе прамчаўся «віліс» амерыканскага ваеннага аташэ, і гэта падало нам новую ідэю. У суправаджэнні генеральнага консула мы паехалі ў амерыканскае пасольства, і нам удалося пабачыць самога ваеннага аташэ. Гэта быў падцягнуты жыццярадасны малады чалавек у хакі і высокіх ботах; смеючыся, ён спытаў у нас, чаго мы швэндаемся на вяршынях Андаў у той час, як мясцовыя газеты пішуць, што мы павінны рушыць у плаванне па акіяну на драўляным плыце.

Мы растлумачылі, што дрэвы стаяць яшчэ на корані ў ківедскіх джунглях. А мы залезлі сюды, на дах мацерыка, і не можам дабрацца да іх. Мы папрасілі ваеннага аташэ пазычыць нам або а) самалёт і два парашуты, або б) «віліс» з шафёрам, які ведае краіну.

Нейкі момант ваенны аташэ, уражаны нашым нахабствам, не мог вымавіць ні слова; потым ён безнадзейна паківаў галавой і, усміхаючыся, сказаў: «Добра, калі трэцяй магчымасці няма, лічу за лепшае другую».

Назаўтра раніцай а пятай з чвэрткай гадзіне да дзвярэй гасцініцы пад’ехаў «віліс»; з яго выскачыў капітан інжынерных войск эквадорскай арміі і далажыў, што ён з’явіўся ў наша распараджэнне. Ён меў загад прывезці нас у Ківеда, не зважаючы ні на якую гразь. «Віліс» быў застаўлены каністрамі з бензінам, бо на дарозе, што чакала нас наперадзе, не было ні бензінавых калонак, ні нават следу колаў. У сувязі з паведамленнямі аб «бандыдас» наш новы сябар капітан Агурта Алексіс Альварэс быў узброены да зубоў нажамі і вогнестрэльнай зброяй. Мы ж прыехалі ў Эквадор з самымі мірнымі намерамі, у куртках і гальштуках, каб купіць на ўзбярэжжы бярвенняў для плыта, і ўся наша маёмасць на «вілісе» складалася з мяшка з бляшанкамі кансерваў, калі не лічыць наспех купленых намі брызентавых штаноў колеру хакі — па пары на кожнага — і старэнькага фотаапарата. Апрача таго, генеральны консул прымусіў нас узяць яго вялізны парабелум з поўным запасам патронаў, каб мы маглі знішчыць кожнага, хто надумаецца стаць нам на дарозе. «Віліс» са свістам прамчаўся па пустых вулачках, дзе прывіднае святло месяца залівала пабеленыя гліняныя сцены, мы выехалі за горад і хутка памчаліся па добрай пясчанай дарозе на поўдзень цераз горы.

Добрая дарога ўздоўж хрыбта вяла да горнай вёскі Латакунга, дзе індзейскія домікі без вокнаў цесна стаялі вакол белай вясковай царквы з пальмамі на плошчы перад ёю. Тут мы звярнулі на дарогу для мулаў, якая, то падымаючыся, то апускаючыся, вілася на захад па ўзгорках і далінах Андаў. Мы апынуліся ў свеце, які нам ніколі не сніўся. Гэта быў свет горных індзейцаў — на ўсход ад сонца і на захад ад месяца[17], размешчаны па-за часам і па-за прасторай. За ўсю дарогу мы не бачылі ніводнай фурманкі, ніводнага кола. Нам трапляліся толькі басаногія пастухі ў стракатых панчо, якія гналі перад сабой бязладныя статкі павольных лам, ды зрэдку па дарозе праходзілі цэлыя сем’і індзейцаў. Муж звычайна ехаў наперадзе на муле, між тым як яго маленькая жонка, дробна перабіраючы нагамі, бегла ззаду з цэлай калекцыяй капелюшоў на галаве і малым дзіцем у кашолцы за спінай. I ўвесь час яна на хаду прала воўну. Ззаду, без усякіх паганятых, цягнуліся аслы і мулы, нагружаныя сухім ламаччам, чаротам і глінянай пасудай.

Чым далей мы рухаліся, тым больш рэдка сустракаліся нам індзейцы, якія ўмелі гаварыць па-іспанску, і неўзабаве лінгвістычныя веды Агурта сталі такімі ж бескарыснымі, як і нашы. Тут і там былі відаць кучкі хацін, што ляпіліся на схілах гор; гліняныя пабудовы трапляліся ўсё радзей і радзей, усё часцей і часцей сустракаліся хаціны з галін і сухой травы. Здавалася, што і гэтыя халупы, і карычневыя ад сонца людзі, з пакрытымі сеткай маршчын тварамі, выраслі з самой зямлі пад праменнямі спякотнага сонца Андаў. Яны з’яўляліся такой жа неад’емнаю часткаю скал, каменных восыпаў і горных паш, як і сама трава горных лугоў. Не маючы амаль ніякай маёмасці, нізкарослыя горныя індзейцы вызначаюцца жалезнай вынослівасцю дзікіх жывёл і дзіцячай непасрэднасцю першабытнага народа; і чым менш яны размаўляюць, тым больш смяюцца. Мы ўсюды сустракалі ззяючыя твары з беласнежнымі зубамі. Белы чалавек наўрад ці здолеў бы патраціць або зарабіць у гэтых мясцінах хоць адзін шылінг. Тут не было ні афіш, ні дарожных знакаў, і калі на дарогу падала якая-небудзь бляшанка або абрывак паперы, іх зараз жа падбіралі як карысную для гаспадаркі рэч.

Мы падымаліся ўгару па выпаленых сонцам схілах без ніводнага кусціка або дрэва і спускаліся ў даліны, пакрытыя голымі пяскамі, зарослыя толькі кактусамі, пакуль не ўзабраліся, нарэшце, на самы грэбень гор; вакол слаліся снегавыя палі ў дзьмуў такі пранозлівы халодны вецер, што мы вымушаны былі запаволіць хуткасць, каб не ператварыцца ў ледзяшы; мерзнучы ў сваіх лёгкіх кашулях, мы марылі аб спякоце джунгляў. Нам давялося доўга кружыць сярод гор па камяністых восыпах і травяністых схілах, шукаючы дарогу далей. Але калі мы дасягнулі заходняга схілу, дзе Анды крута абрываюцца да падножжа, сцежка, разлічаная на язду верхам, па якой мы рухаліся дагэтуль, далей пайшла па навіслых над бяздоннем карнізах, і з усіх бакоў нас акружалі толькі стромкія скалы і вузкія цясніны. Усе нашы надзеі былі цяпер на Агурта, які, скурчыўшыся, сядзеў за рулём і ледзь паспяваў своечасова звярнуць кожны раз, як толькі мы набліжаліся да краю прадоння. Раптам рэзкі парыў ветру ўдарыў нам у твар; мы дасягнулі краю грэбеня, адкуль Анды радам абрывістых уступаў крута спускаліся да джунгляў, якія ляжалі далёка ўнізе, на дне прадоння глыбінёй каля 4 000 метраў. Але нам не давялося адчуць галавакружэння ад позірку на гэтае далёкае мора джунгляў: як толькі мы дасягнулі краю грэбня, нас ахуталі густыя воблакі, непраглядныя, як дым з катла ведзьмы. Але цяпер дарога пайшла крута ўніз без усякіх перашкод. Увесь час уніз, уздоўж цяснін, скал і грэбеняў, а паветра рабілася ўсё больш вільготным і цёплым і ўсё больш напаўнялася цяжкім душным водарам цяпліц, які падымаўся з джунгляў, што рассцілаліся ўнізе.

А потым пачаўся дождж. Спачатку невялікі, ён неўзабаве забарабаніў па нашым «вілісе» з усяе сілы; адусюль з гор імчаліся патокі вады шакаладнага колеру. Мы таксама амаль што плылі, спускаючыся з сухога горнага плато ў зусім іншы свет, у якім усё — і камень, і дрэва, і гліна — было захутана ў мяккае, насычанае вільгаццю пакрывала з дзірвану і моху. Навокал раслі вялікія лісты; часам яны дасягалі гіганцкіх памераў і звісалі, нібы зялёныя парасоны. Пасля з’явіліся першыя рэдкія ганцы трапічнага лесу, з якіх, быццам доўгія махры, звешваліся ліяны і мох. Усюды чуваць было цурчанне і плёскат вады. I чым больш спадзістым рабіўся спуск, тым усё цясней абступалі нас джунглі; нарэшце армія зялёных асілкаў праглынула наш маленькі «віліс», які павольна рухаўся, узнімаючы фантаны пырскаў, па зусім размоклай гліністай дарозе. Паветра было вільготнае і цёплае, напоенае цяжкім водарам трапічных раслін.

Было ўжо цёмна, калі мы на схіле хрыбта дабраліся да купкі хацін, накрытых пальмавым лісцем. Прамоклыя да апошняй ніткі пад цёплым дажджом, мы вылезлі з машыны, каб правесці ноч пад дахам. Незлічоныя полчышчы блох, што напалі на нас у хаціне, мы назаўтра ўтапілі ў дажджы. Нагружаны бананамі і іншай паўднёвай садавінай, наш «віліс» імчаўся далей праз джунглі, усё ніжэй і ніжэй, хоць нам здавалася, што мы ўжо даўно дабраліся да канца спуску. Дарога рабілася ўсё больш гразкай, але мы рухаліся без перашкод, а разбойнікі пакуль што нічым не выяўлялі сваёй прысутнасці.

«Віліс» спыніўся толькі тады, калі дарогу нам перагарадзіла шырокая каламутная рака, што каціла свае воды праз джунглі. Мы моцна загразлі, бо і ўверх і ўніз па рацэ бераг быў зусім непраходны. На невялікай прагаліне стаяла хаціна, каля якой некалькі метысаў развешвалі на залітай сонцам сцяне шкуру ягуара; побач скакалі сабакі і грэбліся ў гразі куры; і тыя і другія забаўляліся тым, што караскаліся на кучы бабоў какава, рассыпаных для прасушкі на сонцы. Калі «віліс», раз-по-раз гразнучы ў балоце, наблізіўся да хаціны, усе сарваліся са сваіх месц; метысы, якія гаварылі па-іспанску, расказалі, што гэтая рака называецца Паленке, а Ківеда знаходзіцца на тым беразе, якраз насупраць. Ніякага моста тут не было, рака быстрая і глыбокая, але яны гатовы пераправіць нас разам з аўтамабілем на плыце. Гэтае кур’ёзнае збудаванне ляжала на беразе ля самай вады. Крывыя бярвенні — таўшчынёй некаторыя з руку, а некаторыя з нагу — былі змацаваны паміж сабой валокнамі раслін і парасткамі бамбуку і ўтваралі хісткі плыт, у два разы даўжэйшы і ў два разы шырэйшы за наш «віліс». Падклаўшы па дошцы пад кожнае кола і з хваляваннем чакаючы, што з гэтага выйдзе, мы ўсцягнулі машыну на бярвенні; хоць большая частка іх схавалася ў каламутнай вадзе, усё-такі плыт трымаў на сабе «віліс», і нас, і чатырох амаль голых мужчын шакаладнага колеру, якія доўгімі жэрдкамі адпіхвалі плыт ад берага.

— Бальза? — у адзін голас спыталі Герман і я.

— Бальза, — пацвердзіў адзін з хлапцоў, без усякай павагі тупнуўшы нагой па бервяну.

Плынь падхапіла нас і панесла ўніз па рацэ; час-ад-часу мужчыны налягалі на свае жэрдкі і накіроўвалі плыт у патрэбным напрамку; мы пераплылі раку наўскасяк і апынуліся ў больш спакойнай вадзе ля другога берага. Такой вось была наша першая сустрэча з бальзавым дрэвам і першае плаванне на бальзавым плыце. Мы шчасліва прычалілі да працілеглага берага і ўрачыста ўехалі ў Ківеда. Два рады дамоў з прасмоленых бярвенняў, з пальмавымі дахамі, на якіх нерухома сядзелі грыфы, утваралі штосьці накшталт вуліцы, і гэта быў увесь пасёлак. Жыхары кінулі свае заняткі, і ўсе, чорныя і карычневыя, маладыя і старыя, высыпалі хто з дзвярэй, хто з вокнаў. Яны імчаліся насустрач «вілісу» — грозная шумная чалавечая хваля. Яны акружылі аўтамабіль з усіх бакоў, карабкаліся ў яго і падлазілі пад яго. Мы моцна трымалі свае пажыткі, між тым як Агурта шалёна круціў руль. Потым адна шына на нешта пракалолася, і «віліс» апусціўся на адно кола. Мы прыехалі ў Ківеда і павінны былі зведаць цырымонію прывітальных абдымкаў.

Плантацыя дона Федарыка знаходзілася крыху далей уніз па рацэ. Калі «віліс» з Агурта, Германам і мною з’явіўся, ныраючы на выбоінах, на дарожцы сярод мангавых дрэў, сухарлявы стары жыхар джунгляў шпарка закрочыў нам насустрач. Яго суправаджаў пляменнік, Анхела, юнак, які жыў разам з ім у лесе. Мы перадалі пісьмо ад дона Густава, і неўзабаве наш «віліс» стаяў адзін на двары. Тым часам паліў асвяжальны трапічны дождж. У доме дона Федарыка нас чакаў святочны абед. Кураняты і малочныя парасяты, патрэскваючы, смажыліся на адкрытым агні, а мы сядзелі вакол стала, заваленага трапічнай садавінай, і расказвалі, чаго мы прыехалі.

Праз зацягнутыя сеткай вокны чуўся шум трапічнага ліўню і далятаў цёплы салодкі пах раслін, што цвілі наўкола.

Дон Федарыка ажывіўся, як хлапчук. Ну, вядома, ён бачыў бальзавыя плыты, калі быў яшчэ дзіцем. Пяцьдзесят гадоў назад, калі ён жыў унізе, на ўзбярэжжы, індзейцы з Перу даволі часта прыплывалі ў Гуаякіль прадаваць рыбу на вялікіх бальзавых плытах, якія ішлі пад парусам уздоўж берага. Яны прывозілі па некалькі тон сушанай рыбы, загружаючы ёю бамбукавую каюту, што стаяла пасярэдзіне плыта. З імі часам прыплывалі жонкі, і дзеці, і сабакі, і свойскія птушкі. Такія вялікія бальзавыя дрэвы, якія яны выкарыстоўвалі для пабудовы плытоў, цяпер у час дажджоў знайсці будзе цяжка, бо дабрацца нават верхам на кані да бальзавых плантацый, што знаходзяцца наверсе ў лясах, немагчыма з прычыны паводкі і непралазнай гразі. Але дон Федарыка зробіць усё, што ў яго сілах; магчыма, знойдзецца некалькі дрэў у лесе недалёка ад бунгала, а нам жа патрэбна не так ужо многа.

Позна ўвечары дождж на нейкі час перастаў ліць, і мы прагуляліся пад мангавымі дрэвамі вакол бунгала. Тут у дона Федарыка раслі ўсялякія гатункі дзікіх архідэй, што звісалі з галін; яны раслі ў палавінках какосавых арэхаў. У адрозненне ад культурных гатункаў архідэй, гэтыя рэдкія расліны маюць цудоўны пах. Калі Герман нагнуўся, каб панюхаць адну з кветак, з лісця над яго галавой высунулася штосьці падобнае на доўгага тонкага бліскучага вугра. Маланкавы ўдар бізуна Анхела — і на зямлю, звіваючыся, упала змяя. Яшчэ секунда, і юнак моцна прыціснуў шыю змяі да зямлі раздвоенай на канцы палкай, а потым размажджэрыў ёй галаву.

— Укус смяртэльны, — прамовіў ён і для доказу паказаў нам два выгнутыя ядавітыя зубы.

Нам здавалася, што скрозь і ўсюды мы бачым ядавітых змей, якія прытаіліся ў лісці, і мы паспяшаліся хутчэй увайсці ў дом, забраўшы з сабою трафей Анхела, што нежывым скуратком звісаў з палкі. Герман сеў здымаць скуру з зялёнай пачвары, а дон Федарыка пачаў расказваць фантастычныя гісторыі пра ядавітых змей і ўдаваў таўшчынёй з талерку, як раптам мы, ўбачылі на сцяне цені двух вялізных скарпіёнаў, велічынёй з амараў. Кідаючыся адзін на аднаго, яны вялі бой не на жыццё, а на смерць. Вось яны сашчапіліся клюшнямі і, выгінаючы заднюю частку тулава, рыхтуюцца нанесці рашаючы ўдар ядавітым джалам на хвасце. Гэта было жудаснае відовішча; толькі пасля таго, як хтосьці з нас пераставіў лямпу, мы зразумелі, што гэта яна адкідвала ненатуральна вялізны цень двух самых звычайных скарпіёнаў велічынёю з палец, якія біліся на краі стала.

— Няхай сабе б’юцца, — смеючыся, сказаў дон Федарыка. — Адзін знішчыць другога, а той, хто выжыве, спатрэбіцца нам, каб у доме не вадзіліся прусакі. Трэба толькі шчыльна завешваць ложак маскітнай сеткай і вытрасаць адзенне перад тым як надзяваць яго, і ўсё будзе ў парадку. Мяне не раз кусалі скарпіёны, а я ўсё яшчэ жывы, — са смехам дадаў стары.

Я спаў добра, калі не лічыць таго, што кожны раз, прачынаючыся ад занадта гучнага піску яшчаркі ці шолаху кажана ў мяне над вухам, я перш за ўсё ўспамінаў аб ядавітых стварэннях.

Мы ўсталі на досвітку, каб як мага раней рушыць на пошукі бальзавых дрэў.

— Вытрасем як след адзенне, — сказаў Агурта, і пры гэтых словах скарпіён выпаў з рукава яго кашулі і знік у шчыліне падлогі.

Адразу ж, як толькі ўзышло сонца, дон Федарыка паслаў сваіх рабочых верхам на конях ва ўсіх напрамках, каб агледзець, ці не знойдзецца дзе-небудзь паблізу ад сцежак бальзавых дрэў, да якіх можна было б падступіцца. Самі мы, дон Федарыка, Герман і я, неўзабаве дабраліся да паляны, на якой, як ведаў дон Федарыка, расло гіганцкае старое дрэва. Яно намнога ўзвышалася над усімі навакольнымі дрэвамі, а ствол яго быў амаль з метр таўшчынёю. Згодна з палінезійскім звычаем, перш чым пачаць сячы дрэва, мы далі яму імя; мы назвалі яго Ку ў гонар палінезійскага бога амерыканскага паходжання. Потым я ўзмахнуў сякерай і ўсадзіў яе ў ствол бальзавага дрэва. Неўзабаве сякеры застукалі па ўсім лесе. Але сячы бальзавую драўніну — гэта ўсё роўна, што сячы корак тупой сякерай; сякера проста адскаквала, і, зрабіўшы некалькі ўдараў, я вымушаны быў пусціць на сваё месца Германа. Сякера пераходзіла з рук у рукі, ляцелі трэскі, а мы — у духаце джунгляў — абліваліся потам. Пад канец дня Ку стаяў, быццам певень, на адной назе, трасучыся пад нашымі ўдарамі. Потым ён захістаўся і, чапляючыся за суседнія дрэвы, ламаючы тоўстыя галіны і невялікія дрэўцы, цяжка грымнуўся на зямлю. Мы ацерабілі ствол ад сукоў і пачалі здзіраць кару, робячы зігзагападобныя надрэзы па спосабу індзейцаў. Раптам Герман выпусціў з рук сякеру і, схапіўшыся за нагу, шалёна заскакаў, нібы сабраўся прадэманстраваць перад намі ваенны танец палінезійцаў. Са штаніны ў яго выпала бліскучая мурашка, велічынёю не меншая за скарпіёна і з доўгім джалам на хвасце. Галава ў яе была цвёрдая, як клюшня амара. Мы ледзь раздушылі мурашку на зямлі абцасам.

— Конга[18], — спачувальна растлумачыў дон Федарыка. — Гэтае маленькае стварэнне горш за скарпіёна, але для здаровага чалавека яго ўкус не вельмі небяспечны.

Нага ў Германа ныла і балела некалькі дзён, але, не зважаючы на гэта, ён не адставаў ад нас і гойсаў на кані па лясных сцежках, шукаючы новыя гіганцкія бальзавыя дрэвы. Час-ад-часу мы чулі ў глухім, некранутым лесе скрып і трэск і глухі шум падзення. Дон Федарыка задаволена ківаў галавой. Гэта азначала, што яго рабочыя-метысы павалілі яшчэ адно вялізнае бальзавае дрэва для плыта. На працягу тыдня да Ку далучыліся Канэ, Кама, Іла, Мауры, Ра, Рангі, Папа, Таранга, Кура, Кукара і Хіці — усіх разам дванаццаць магутных бальзавых дрэў, названых у гонар легендарных палінезійскіх герояў, чые імёны былі калісьці прывезены адначасова з іменем Цікі з-за акіяна з Перу. Бліскучыя ад соку бярвенні былі вывезены з лесу спачатку на конях, а потым трактар дона Федарыка прыцягнуў іх на бераг ракі перад бунгала.

Бярвенні, поўныя драўніннага соку, былі зусім не такія лёгкія, як корак. Яны важылі, напэўна, па тоне кожнае, і нас вельмі непакоіла думка аб тым, як яны будуць трымацца на вадзе. Адно за другім мы падкацілі іх да краю берага; там мы да канца кожнага бервяна прывязалі вяроўку з моцных сцяблоў ліян, каб яго не панесла з вадою, калі яно будзе спушчана ў раку. Потым мы скацілі бярвенні па адным з берага. Падаючы, кожнае бервяно ўзнімала вялізныя фантаны пырскаў. Бярвенні кружыліся і плавалі, апусціўшыся ў ваду да палавіны; яны не асядалі, калі мы хадзілі па іх. Звязаўшы бярвенні моцнымі ліянамі, якія скрозь і ўсюды звісалі з верхавін дрэў у джунглях, мы зрабілі два часовыя плыты; адзін з іх павінен быў весці другога на буксіры. Затым мы пагрузілі на плыты запас бамбукавых ствалоў і ліян — яны павінны былі спатрэбіцца нам пазней, — і я з Германам перайшоў на плыт у суправаджэнні двух мужчын невядомай змешанай расы, якія не разумелі нас і якіх мы не разумелі таксама.

Калі мы адплылі ад берага, бурлівы паток вады падхапіў нас і шпарка панёс уніз па плыні. Абмінаючы першы мыс, мы кінулі развітальны позірк назад і скрозь пырскі вады ўбачылі нашых сяброў, якія стаялі на краі берагавога выступу перад бунгала і махалі нам услед. Потым мы залезлі пад маленькую паветку з зялёнага бананавага лісця, даверыўшы усе кіраванне плытом двум карычневым спецыялістам, якія, кожны з вялікім вяслом у руках, прымасціліся адзін на носе, а другі на карме. Спакойнымі рухамі без усякіх намаганняў яны трымалі плыт на самай быстрыні, і мы, пагойдваючыся, імчаліся ўніз па рацэ, раз-по-раз мяняючы курс, каб абмінуць затопленыя ствалы дрэў і пясчаныя водмелі.

Джунглі стаялі суцэльнай сцяной уздоўж абодвух берагоў; папугаі і іншыя птушкі з яркім апярэннем выпырхвалі з густой лістоты, калі мы праплывалі міма. Некалькі разоў мы бачылі, як пры нашым набліжэнні то тут, то там кідаўся ў раку алігатар і адразу знікаў у каламутнай вадзе. Неўзабаве, між іншым, мы ўбачылі яшчэ больш цікавую пачвару. Гэта была ігуана[19], або гіганцкая яшчарка велічынёй з кракадзіла, але з вялікім гарлавым мяшком і грэбенем уздоўж спіны. Яна драмала на гліністым беразе, быццам спала тут з дагістарычных часоў, і не паварушылася, калі мы бясшумна праплылі паўз яе. Весляры рабілі нам знакі, каб мы не стралялі. Праз некаторы час мы ўбачылі другую ігуану, амаль з метр даўжынёю. Яна ўцякала па тоўстым суку, які звешваўся над самым плытом. Апынуўшыся ў бяспечным месцы, ігуана спынілася, ззяючы на сонцы сваёй сіне-зялёнай скурай, і ўтаропілася на нас халоднымі змяінымі вачыма. Потым мы плылі міма зарослага папараццю ўзгорка, і на яго вяршыні ўбачылі яшчэ адну ігуану, самую вялікую з усіх. Нерухома стоячы з узнятымі грудзьмі і галавой, яна вырысоўвалася на фоне неба, нагадваючы высечаны з каменя сілуэт паласатага дракона. Яна нават не павярнула галавы, калі мы міналі ўзгорак, а пасля знікла ў джунглях.

Плывучы далей, мы адчулі пах дыму і ўбачылі на прагалінах уздоўж берага некалькі хацін з саламянымі стрэхамі. За нашым плытом пільна сачылі, стоячы на беразе, злавесныя з выгляду людзі, вычварная помесь індзейцаў, неграў і іспанцаў. Іхнія лодкі, вялізныя выдаўбаныя чаўны, ляжалі на беразе, перакуленыя дагары дном.

Калі настаў час абеду, мы падмянілі нашых прыяцеляў ля рулявых вёслаў, пакуль тыя смажылі рыбу і плады хлебнага дрэва на невялікім агні, раскладзеным на пласце мокрай гліны. Смажаныя кураняты, яйкі і трапічная садавіна таксама ўваходзілі ў наша меню. А плыт тым часам шпарка плыў і плыў, несучы нас праз джунглі да акіяна. Якая нам цяпер справа да таго, што дажджы затапілі ўсю краіну? Чым большыя дажджы, тым шпарчэй цячэ рака.

Калі цемра ахутала раку, на беразе пачаўся аглушальны канцэрт. Жабы і рапухі, маскіты і цвыркуны квакалі, гулі і стракаталі, нібы шматгалосы хор. Час-ад-часу ў цемры чуўся прарэзлівы віск дзікай кошкі, то тут, то там пішчалі спуджаныя са сваіх месц начнымі марадзёрамі джунгляў птушкі. Некалькі разоў мы бачылі цьмянае святло агню ў хацінах лясных жыхароў і чулі крыкі людзей і брэх сабак, калі мы праплывалі ў цемры міма. Але часцей за ўсё цішыня ночы парушалася толькі лясным канцэртам, і мы моўчкі сядзелі, любуючыся зорным небам, пакуль дрымота і дождж не загналі нас у каюту з лісця, дзе мы палеглі спаць, не забыўшы папярэдне паставіць на баявы ўзвод рэвальверы.

Чым далей плылі мы ўніз па рацэ, тым часцей трапляліся нам хаціны і плантацыі туземцаў, і неўзабаве з абодвух бакоў на берагах з’явіліся сапраўдныя вёскі. Рух на рацэ падтрымліваўся тут з дапамогай чаўноў, на якіх плылі, адпіхваючыся доўгімі жэрдкамі; тут і там мы бачылі маленькія бальзавыя плыты, нагружаныя кучамі зялёных бананаў.

Там, дзе Паленке злівалася з Рыё Гуаяс, рака была ўжо такая глыбокая, што паміж горадам Вінсес і ўзбярэжным портам Гуаякіль дзелавіта курсіраваў колавы параход. Каб сэканоміць час, Герман і я пераселі на параход і паплылі на ім міма густа населеных роўных берагоў да акіяна. Нашы карычневыя прыяцелі павінны былі, застаючыся ўдвух на плыце, плысці следам за намі.

У Гуаякіле Герман і я развіталіся. Ён застаўся ля вусця ракі Гуаяс, каб чакаць бальзавыя бярвенні. Ён павінен быў пагрузіць іх на параход кабатажнага плавання і прывезці ў Перу, а там распачаць будаўніцтва плыта і прасачыць за тым, каб ён быў дакладнай копіяй старадаўніх індзейскіх плытоў. А я на рэйсавым самалёце вылецеў на поўдзень у сталіцу Перу, Ліму, каб пашукаць адпаведнае месца для будаўніцтва плыта.

Самалёт ляцеў на вялікай вышыні ўздоўж берага Ціхага акіяна; з аднаго боку цягнуліся пустэльныя горы Перу, а з другога далёка ўнізе слаўся зіхатлівы акіян. Там мы мелі намер распачаць сваё плаванне на плыце. Калі я глядзеў з вышыні на акіян, ён здаваўся мне бязмежным. Неба і мора зліваліся ў няўлоўнай рысцы небасхілу далёка-далёка на захадзе, і я не мог пазбавіцца ад думкі, што і за небасхілам распасціраюцца многія сотні такіх марскіх раўнін, якія агінаюць адну пятую зямнога шара, перш чым зноў дасягаюць зямлі — астравоў Палінезіі. Я спрабаваў сканцэнтраваць свае думкі на тым, што чакае нас праз некалькі тыдняў, калі мы паплывём на малюсенькім плыце па гэтым блакітным бязмежным прасторы, але паспяшаўся хутчэй прагнаць і гэтую думку, бо яна выклікала ў мяне непрыемнае адчуванне, якое ахоплівае звычайна чалавека, калі ён збіраецца вось-вось скочыць з парашутам.

Дабраўшыся да Лімы, я паехаў на трамваі ў порт Кальяо пашукаць месца, дзе мы маглі б заняцца будаўніцтвам плыта. Я адразу ж убачыў, што ўсе прычалы былі забіты суднамі і ўздоўж усяго берага стаялі краны і пакгаузы, таможныя склады, дамы партовага кіраўніцтва і іншыя будынкі. Крыху далей ад гавані бераг не быў забудаваны, але там было столькі купальшчыкаў, што гэтая цікаўная публіка як бачыш расцягнула б плыт з усім рыштункам, варта было б нам толькі на момант адвярнуцца ад яго. Кальяо з’яўляецца зараз самым вялікім портам краіны з сямімільённым белым і карычневым насельніцтвам. Для тых, хто будуе плыты, час у Перу змяніўся яшчэ больш, чым у Эквадоры, і я бачыў толькі адзін выхад — трэба прабрацца за высокую агарожу, што акружае ваенны порт, ля чыгунных варот якога стаяла варта са зброяй у руках; вартавыя злосна і падазрона кідалі позіркі на мяне і іншых пабочных людзей, што праходзілі міма агарожы. Той, хто здолее трапіць туды, будзе знаходзіцца ў поўнай бяспецы.

У Вашынгтоне я сустрэўся з перуанскім марскім аташэ і меў ад яго рэкамендацыйнае пісьмо. Назаўтра я пайшоў з гэтым пісьмом у марское міністэрства і папрасіў, каб мяне прыняў марскі міністр Мануэль Ніета. Ён прымаў наведвальнікаў раніцой у прыгожай, абстаўленай у стылі ампір зале міністэрства, дзе ўсё зіхацела люстрамі і пазалотай. Я крыху пачакаў, а потым увайшоў міністр у параднай форме, нізкі прысадзісты афіцэр; няўмольны, як Напалеон, ён гаварыў коратка і дакладна. Ён запытаў, што мне трэба, і я адказаў, што прашу, каб мяне дапусцілі ў ваенны порт для будаўніцтва драўлянага плыта.

— Малады чалавек, — сказаў міністр, сярдзіта барабанячы пальцамі па стале. — Вы стукаецеся не ў тыя дзверы. Я з прыемнасцю дапамагу вам, але мне неабходна мець дазвол міністра замежных спраў; само сабой зразумела, што я не магу пусціць чужаземцаў на ваенную тэрыторыю і дазволіць ім карыстацца ваеннымі майстэрнямі. Звярніцеся ў пісьмовай форме да міністра замежных спраў. Жадаю поспеху.

Я з жахам падумаў аб паперках, што перасылаюцца з месца на месца і знікаюць у нетрах канцылярый. Якое шчасце было жыць у грубую эпоху Кон-Цікі, калі не існавала такіх перашкод, як пісьмовая заява! Трапіць асабіста да міністра замежных спраў было куды цяжэй. Нарвегія не мела дыпламатычнага прадстаўніка ў Перу, і наш генеральны консул Бар, які заўсёды гатоў быў услужыць мне, мог дапамагчы мне сустрэцца толькі з саветнікам міністэрства замежных спраў. Я баяўся, што далей гэтага справа не пойдзе. Цяпер магло спатрэбіцца пісьмо доктара Коена прэзідэнту рэспублікі. I я звярнуўся да ад’ютанта прэзідэнта Перу з просьбай аб аудыенцыі ў яго правасхадзіцельства дона Хосе Бустаментэ і Рывера. Праз некалькі дзён мне паведамілі, што я павінен быць у палацы а дванаццатай гадзіне.

Ліма — сучасны горад з паўмільённым насельніцтвам; ён раскінуўся на зялёнай раўніне ля падножжа пустэльных гор. Па сваёй архітэктуры, а таксама, бадай што, не ў меншай ступені, дзякуючы сваім садам і бульварам ён, бясспрэчна, з’яўляецца адной з самых прыгожых сталіц у свеце — кутком сучаснай Рыўеры або Каліфорніі, ажыўленым маляўнічымі будынкамі ў старадаўнім іспанскім стылі. Палац прэзідэнта знаходзіцца ў цэнтры горада і ўзмоцнена ахоўваецца ўзброенымі вартавымі ў яркай форме. Атрымаць аудыенцыю ў Перу — справа сур’ёзная, і пераважная большасць жыхароў бачыла прэзідэнта толькі на экране кіно. Салдаты з бліскучымі патранташамі правялі мяне ўгору па лесвіцы, а потым па доўгім калідоры; у канцы яго трое ў цывільным праверылі мае дакументы і запісалі мяне ў кнігу; перада мною адчынілі масіўныя дубовыя дзверы, і я апынуўся ў пакоі, дзе стаяў доўгі стол і некалькі радоў крэслаў. Там мяне сустрэў нейкі мужчына ў белым касцюме, папрасіў мяне сесці, а сам знік. Праз некалькі секунд расчыніліся шырокія дзверы, і мяне папрасілі зайсці ў наступны пакой, абстаўлены з куды большай раскошай. Нейкая важная фігура ў бездакорным мундзіры рушыла насустрач мне.

«Прэзідэнт», — падумаў я і выцягнуўся ў струнку. Але не. Чалавек у расшытым золатам мундзіры прапанаваў мне сесці ў старадаўняе крэсла з прамой спінкай і знік. Я не праседзеў на краёчку крэсла і мінуты, як расчыніліся яшчэ адны дзверы і слуга з паклонам запрасіў мяне ў вялікі, багата ўпрыгожаны, пазалочаны пакой з пазалочанай мэбляй. Слуга знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся, і я ў адзіноце застаўся сядзець на старадаўняй канапе, разглядаючы анфіладу пустых пакояў з насцеж расчыненымі дзвярыма. Было так ціха, што я чуў, як хтосьці прыглушана кашляў за некалькі пакояў ад мяне. Потым пачуліся цвёрдыя крокі, яны ўсё набліжаліся; я ўсхапіўся з канапы і нерашуча пакланіўся важнаму пану ў форме. Але не, гэта таксама быў не ён. З таго, што сказаў гэты пан, я зразумеў, што прэзідэнт шле мне свае прывітанні і што ён хутка вызваліцца, як толькі закончыцца пасяджэнне савета міністраў. Праз дзесяць хвілін цвёрдыя крокі зноў парушылі цішыню, і на гэты раз у пакой увайшоў чалавек з залатымі аксельбантамі і эпалетамі. Я імкліва ўсхапіўся з канапы і нізка пакланіўся. Чалавек пакланіўся яшчэ ніжэй і павёў мяне праз некалькі пакояў і ўгору па лесвіцы, засланай тоўстымі дыванамі. Ён пакінуў мяне ў малюсенькім пакойчыку, у якім стаялі канапа і скураное крэсла Увайшоў мужчына невысокага росту, у белым касцюме; я пакорліва стаяў, чакаючы, што ён зноў мяне куды-небудзь павядзе. Але ён нікуды мяне не павёў, толькі ветліва прывітаўся і застаўся на месцы. Гэта быў прэзідэнт Бустаментэ Рывера.

Прэзідэнт ведаў па-англійску ў два разы больш, чым я па-іспанску; пасля таго як мы абмяняліся прывітаннямі і ён жэстам запрасіў мяне сесці, наш сумесны запас слоў быў вычарпаны. Знакамі і жэстамі можна сказаць шмат што, але нельга з іх дапамогай атрымаць дазвол на будаўніцтва плыта ў перуанскім ваенным порце. Я здагадаўся, што прэзідэнт мяне не разумее, а сам ён здагадаўся аб гэтым яшчэ раней, бо праз некаторы час ён выйшаў, а потым вярнуўся ў суправаджэнні міністра авіяцыі. Міністр авіяцыі генерал Рэверэда быў энергічны, атлетычнага складу мужчына ў форме ваенна-паветраных сіл з крыльцамі на грудзях. Ён добра гаварыў па-англійску з амерыканскім акцэнтам.

Я папрасіў прабачыць мне за непаразуменне і сказаў, што хацеў бы, каб мне далі дазвол прайсці не на аэрадром, а ў ваенны порт. Генерал засмяяўся і растлумачыў, што яго запрасілі сюды толькі як перакладчыка. Крок за крокам мая тэорыя была выкладзена прэзідэнту, які ўважліва слухаў і задаваў пры дапамозе генерала Рэверэда слушныя пытанні. Пад канец ён сказаў:

— Калі існуе думка, што астравы Ціхага акіяна былі ўпершыню адкрыты людзьмі з Перу, то Перу зацікаўлена ў гэтай экспедыцыі. Скажыце, чым мы можам вам дапамагчы.

Я папрасіў выдзеліць нам месца на тэрыторыі ваеннага порта для будаўніцтва плыта, даць нам магчымасць карыстацца флоцкімі майстэрнямі, забяспечыць памяшканнем, дзе мы маглі б захоўваць рыштунак, і даць дазвол на ўвоз яго ў краіну, дазволіць карыстацца сухім докам і паслугамі рабочых порта для дапамогі нам у рабоце, а таксама даць судна, якое адбуксіравала б нас ад берага. калі мы рушым у дарогу.

— Чаго ён просіць? — нецярпліва спытаў прэзідэнт такім тонам, што нават я зразумеў.

— Нічога асаблівага, — коратка адказаў Рэверэда. I прэзідэнт, задаволены такім адказам, кіўнуў у знак згоды.

Перш чым аудыенцыя была закончана, Рэверэда паабяцаў, што міністр замежных спраў атрымае асабістае ўказанне ад прэзідэнта, а марскому міністру Ніета будзе дадзена поўная свабода дзеянняў для аказання нам неабходнай дапамогі.

— Хай беражэ ўсіх вас бог! — сказаў на развітанне генерал, смеючыся і ківаючы галавой. Увайшоў ад’ютант і правёў мяне да дзяжурнага.

У той жа дзень у газетах Лімы быў надрукаваны артыкул аб нарвежскай экспедыцыі, якая павінна адплыць на плыце ад берагоў Перу; адначасова газеты паведамлялі, што шведска-фінская навуковая экспедыцыя закончыла свае работы па вывучэнню жыцця індзейцаў у джунглях на берагах Амазонкі. Два шведы, удзельнікі гэтай экспедыцыі на Амазонку, падняліся ў чоўне ўверх па рацэ ў Перу і толькі што прыехалі ў Ліму. Адзін з іх быў Бенгт Даніельсон з Упсальскага ўніверсітэта, ён збіраўся цяпер заняцца вывучэннем горных індзейцаў у Перу.

Я выразаў артыкул. Седзячы ў сябе ў нумары, я пісаў пісьмо Герману адносна месца для будаўніцтва плыта, як раптам да мяне пастукалі ў дзверы. Увайшоў высокі загарэлы хлапец у трапічным касцюме; калі ён зняў белы шлем, мне кінулася ў вочы ярка-рыжая барада, якая, здавалася, асмаліла яго твар і выпаліла частку валасоў на галаве. Гэты хлапец з’явіўся з нетраў джунгляў, але адразу можна было здагадацца, што яго месца ва ўніверсітэцкай аўдыторыі.

«Бенгт Даніельсон», — падумаў я.

— Бенгт Даніельсон, — адрэкамендаваўся наведвальнік.

«Ён даведаўся пра плыт», — падумаў я і запрасіў яго прысесці.

— Я толькі што даведаўся пра вашы планы наконт плыта, — прамовіў швед.

«I вось ён прыйшоў, каб разграміць маю тэорыю, паколькі ён этнограф», — падумаў я.

— I вось я прыйшоў, каб высветліць, ці не магу я стаць вашым спадарожнікам на плыце, — міралюбна сказаў швед. — Я цікаўлюся тэорыяй міграцыі.

Я нічога не ведаў пра гэтага чалавека; мне было вядома толькі, што ён вучоны і што ён з’явіўся проста з джунгляў. Але калі швед вырашыў падарожнічаць на плыце адзін з пяццю нарвежцамі, яны не павінны адмаўляцца прыняць яго ў кампанію. Апрача таго, не зважаючы на пышную бараду Бенгта, было відаць, што ён мае вясёлы характар.

Бенгт стаў шостым удзельнікам экспедыцыі, паколькі месца яшчэ было не занята. I, як выявілася, ён з’яўляўся адзіным сярод нас, хто ўмеў гаварыць па-іспанску.

Калі праз некалькі дзён пасажырскі самалёт, роўна гудучы сваімі маторамі, ляцеў уздоўж узбярэжжа на поўнач, я зноў пачціва глядзеў на бязмежны сіні акіян, што рассцілаўся пад намі. Здавалася, што ён павіс і плыве ў самім небе. Неўзабаве мы ўшасцёх саб’емся ў кучу, як мікробы ў пылінцы, недзе там унізе, дзе столькі вады, што ўвесь небасхіл на захадзе здаецца перапоўненым ёю. Мы будзем адны ў акіяне, не маючы магчымасці адысці адзін ад аднаго далей чым на некалькі крокаў. Зрэшты, пакуль што між намі была досыць вялікая адлегласць. Герман знаходзіўся ў Эквадоры і чакаў бярвенняў. Кнут Хаугланд і Тарстэйн Рабю толькі што прыляцелі ў Нью-Йорк. Эрык Хесельберг быў на борце карабля, што плыў з Осла ў Панаму. Сам я ляцеў у Вашынгтон, а Бенгт, гатовы рушыць у дарогу, застаўся ў гасцініцы ў Ліме і чакаў прыезду астатніх.

Усе мае спадарожнікі не ведалі раней адзін аднаго, і ўсе яны былі зусім рознымі людзьмі. Таму на працягу некалькіх тыдняў на плыце мы будзем гарантаваны ад таго, што надакучым адзін аднаму сваімі расказамі. Навальнічныя хмары, нізкі ціск і непагадзь будуць для нас менш небяспечны, чым пагроза сутыкнення характараў шасці чалавек, якім давядзецца некалькі месяцаў знаходзіцца разам на дрэйфуючым плыце. У гэтым выпадку добры жарт часта бывае такім жа карысным, як выратавальны пояс.

У Вашынгтоне ўсё яшчэ стаяла суровая зіма, халодная і снежная. Я вярнуўся туды ў лютым. Бёрн энергічна ўзяўся за праблему радыё, і яму ўдалося зацікавіць амерыканскае таварыства радыё-аматараў і дамовіцца, што яго члены будуць прымаць паведамленні з плыта. Кнут і Тарстэйн займаліся арганізацыяй сувязі, якая павінна была ажыццяўляцца з дапамогай караткахвалевых перадатчыкаў, сканструяваных спецыяльна для гэтай мэты, а часткова з дапамогай партатыўных радыёстанцый, якімі карысталіся ў час вайны ўдзельнікі Супраціўлення. Трэба было вырашыць тысячу пытанняў, вялікіх і маленькіх, калі мы хацелі выканаць у час падарожжа ўсё, што было задумана. А горы паперак у папках усё раслі і раслі. Ваенныя і цывільныя дакументы, белыя, жоўтыя і сінія, на англійскай, іспанскай, французскай і нарвежскай мовах. У наш практычны век нават падарожжа на плыце павінна было абысціся папяровай прамысловасці ледзь не цэлай піхтай. Законы і абмежаванні звязвалі нас па руках і нагах; мы вымушаны былі разблытваць адзін вузел за другім.

— Гатоў біцца аб заклад, што ўся гэтая перапіска важыць дзесяць кілаграм, — сказаў неяк у роспачы Кнут, згінаючыся над пішучай машынкай.

— Дванаццаць, — спакойна ўдакладніў Тарстэйн. — Я ўзважыў.

Мая маці, відаць, добра разумела наша становішча, калі пісала ў гэтыя драматычныя дні апошніх падрыхтаванняў: «Мне хочацца аднаго — ведаць, што вы ўсе шасцёра ўжо шчасліва знаходзіцеся на плыце!»

Потым аднойчы прыйшла спешная тэлеграма з Лімы аб тым, што Герман быў перакулены ў час купання магутнай хваляй і выкінуты на бераг, моцна пабіты і з вывіхнутай шыяй. Ён знаходзіўся на лячэнні ў адной з бальніц Лімы.

Да яго адразу ж вылецелі Тарстэйн Рабю і Герд Волд, якая ў час вайны была прадстаўніцай у Лондане адной з груп нарвежскага руху Супраціўлення, а цяпер дапамагала нам у Вашынгтоне. Герман ужо ачуньваў. Яго паўгадзіны пратрымалі падвешаным на рамнях, сцягнутых вакол галавы, пакуль дактары ставілі яму на месца першы шыйны пазванок. Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што пазванок меў трэшчыну і перавярнуўся задам наперад. Германа выратавала ад смерці яго цудоўнае здароўе; неўзабаве ён выпісаўся з бальніцы і, увесь у сіняках, не могучы павярнуць шыі, з рэўматычнымі болямі, зноў з’явіўся ў ваенным порце, куды былі прывезены бальзавыя бярвенні, і ўзяўся за работу. Ён павінен быў на працягу некалькіх тыдняў знаходзіцца пад наглядам дактароў, і мы не былі ўпэўнены, ці здолее ён плысці разам з намі. Але сам ён ні на хвіліну не сумняваўся ў гэтым, нягледзячы на першае горкае выпрабаванне ў абдымках Ціхага акіяна.

Праз некаторы час прыляцеў з Панамы Эрык, а Кнут і я — з Вашынгтона, і цяпер мы ўсе сабраліся ў нашым зыходным пункце — Ліме.

На беразе на тэрыторыі ваеннага порта ляжалі вялізныя бальзавыя бярвенні з лясоў Ківеда. Усе мы былі расчулены гэтай сустрэчай. Свежассечаныя круглыя бярвенні, жоўтыя ствалы бамбуку, чарот і зялёнае бананавае лісце — увесь наш будаўнічы матэрыял — ляжалі зваленыя ў кучы сярод грозных падводных лодак і эсмінцаў. Шэсць светласкурых ураджэнцаў Поўначы і дваццаць карычневых «матросаў», у венах якіх цякла кроў інкаў, махалі сякерамі і доўгімі нажамі — мачэце[20], упрагаліся ў канаты і вязалі вузлы. Падцягнутыя марскія афіцэры ў сіняй з золатам форме хадзілі міма і здзіўлена пазіралі на гэтых бледных чужаземцаў і на гэтыя раслінныя матэрыялы, што так нечакана з’явіліся ў іх у порце.

Першы раз за апошнія стагоддзі бальзавы плыт будаваўся ў бухце Кальяо. Легенды інкаў сцвярджаюць, што ў гэтых берагавых водах іх продкі ўпершыню навучыліся плаваць на такіх плытах ад знікшага племені Кон-Цікі, а гістарычныя даныя сведчаць аб тым, што ў больш познія часы еўрапейцы забаранілі індзейцамкарыстацца плытамі. Плаваючы на адкрытым плыце, чалавек рызыкуе жыццём. Патомкі інкаў ішлі ў нагу з часам; як і мы, яны носяць штаны са складкай і матроскі. Бамбук і бальза належаць першабытнаму мінуламу; тут таксама ўсё рухаецца наперад — да брані і сталі.

Ультрасучасны порт рабіў для нас цудоўныя паслугі. З Бенгтам як перакладчыкам і з Германам як галоўным канструктарам мы адчувалі сябе ў шматлікіх цяслярскіх і парусных майстэрнях нібы дома; для захоўвання нашага рыштунку мы мелі ў сваім распараджэнні палову пакгауза; нам выдзелілі невялікі плывучы пірс, ля якога мы спусцілі бярвенні ў ваду, калі распачалося будаўніцтва.

Мы выбралі дзевяць самых тоўстых бярвенняў, лічачы, што іх хопіць на плыт. Для таго каб вяроўкі, якія павінны былі злучыць між сабой бярвенні і змацаваць увесь плыт, не маглі саслізнуць, у бярвеннях былі выразаны глыбокія пазы. Ва ўсім збудаванні не было ні аднаго кастыля або цвіка, ні аднаго кавалка стальнога троса. Перш за ўсё мы спусцілі дзевяць вялікіх бярвенняў у ваду, адно ля другога, пачакалі, колькі трэба, каб яны набылі тое становішча, у якім яны плавалі б у натуральных умовах, а потым моцна звязалі іх паміж сабой. Самае доўгае бервяно, чатырнаццаціметровае, было пакладзена пасярэдзіне і даволі намнога вытыркалася з абодвух канцоў. Абапал яго былі сіметрычна ўкладзены астатнія бярвенні, чым далей ад сярэдняга, тым усё карацейшыя, так што па баках плыт меў у даўжыню каля дзесяці метраў, а нос вытыркаўся нібы навугольнік снегаачышчальніка. Карма плыта была абрэзана па прамой, за выключэннем трох сярэдніх бярвенняў, якія крыху тырчалі назад; на гэтым выступе была ўмацавана кароткая тоўстая калода з бальзавага дрэва, якая ляжала ўпоперак плыта і мела гнёзды для ўключыны рулявога вясла. Калі дзевяць бальзавых бярвенняў былі моцна звязаны асобнымі кавалкамі пяньковай вяроўкі таўшчынёй трыццаць міліметраў, зверху, упоперак іх, прыблізна праз кожны метр, мы ўмацавалі тонкія бальзавыя бярвенні — ранжыны[21]. Сам плыт быў цяпер гатовы, старанна змацаваны трыма сотнямі вяровак рознай даўжыні, кожную з якіх мы завязалі моцным вузлом. Наверсе мы наслалі палубу з расшчэпленых бамбукавых ствалоў, прымацаваных да ранжын; палуба была заслана цыноўкамі, сплеценымі з маладых парасткаў бамбуку. Пасярэдзіне плыта, крыху бліжэй да кармы, мы пабудавалі невялікую адкрытую каюту з бамбукавых жэрдак; сцены яе былі сплецены з бамбукавых парасткаў, а дах зроблены з бамбукавых планак і глянцавітых бананавых лісцяў, укладзеных адзін на адзін, нібы чарапіца. Перад каютай мы паставілі адну ля другой дзве мачты. Яны былі высечаны з цвёрдага, як жалеза, мангравага дрэва; яны стаялі нахільна адна да адной, і верхавіны іх былі звязаны разам крыж-накрыж. Вялікі чатырохкутны парус быў умацаваны на рэі, якую мы зрабілі з двух бамбукавых ствалоў, папярэдне звязаўшы іх для большай трываласці разам.

Дзевяць вялікіх бярвенняў, на якіх мы збіраліся пераплыць акіян, былі спераду завостраны, як у плытах індзейцаў, каб яны маглі лепш слізгаць у вадзе, а на носе над самай паверхняй вады мы зрабілі вельмі нізкі фальшборт для абароны ад хваль.

У некалькіх месцах, дзе паміж бярвеннямі былі вялікія шчыліны, мы прасунулі тоўстыя сасновыя дошкі, — пяць штук, якія ішлі ў ваду на паўтара метра папярочным кантам уніз пад прамым вуглом да плыта. Яны былі размешчаны без усякай сістэмы, мелі ў таўшчыню дваццаць пяць міліметраў, а ў шырыню шэсцьдзесят сантыметраў. Яны трымаліся на месцы з дапамогай кліноў і вяровак і з’яўляліся, уласна кажучы, маленькімі паралельнымі кілямі, або швертамі. Такія кілі меліся на ўсіх бальзавых плытах у часы інкаў задоўга да адкрыцця Амерыкі і прызначаліся для таго, каб не даваць ветру і плыні зносіць плоскія драўляныя плыты з вызначанага напрамку. Ніякіх парэнчаў або агарожы вакол плыта мы не рабілі, але ўздоўж кожнага борта было пакладзена доўгае тонкае бальзавае бервяно, якое давала цвёрдую апору для ног.

Уся пабудова з’яўлялася дакладнай копіяй старадаўніх перуанскіх і эквадорскіх суднаў, калі не лічыць нізкага фальшборта на носе, які, як потым высветлілася, быў зусім непатрэбны. Што датычыць розных дэталей абсталявання, то мы, вядома, маглі выбіраць усё адпаведна свайму густу, калі толькі гэта не адбівалася на мараходных якасцях нашага судна. Мы ведалі, што ў недалёкім будучым плыт будзе для нас усім светам і што таму кожная дробязь у тым, як мы ўладкуемся, з кожным тыднем, праведзеным на плыце, будзе набываць усё большае значэнне.

Таму мы пастараліся надаць нашай маленькай палубе па магчымасці больш разнастайны выгляд. Бамбукавы насціл пакрываў не ўвесь плыт: ён цягнуўся толькі перад бамбукавай каютай і ўздоўж правага адкрытага боку яе. Злева ад каюты было штосьці накшталт задняга двара, застаўленага моцна прывязанымі скрынкамі і прадметамі рыштунку; паміж імі і краем плыта заставаўся толькі вузкі праход. Спераду на носе і на карме, аж да задняй сцяны каюты, дзевяць вялізных бярвенняў не мелі ніякага насцілу. Такім чынам, калі мы хацелі абысці вакол бамбукавай каюты, мы павінны былі з жоўтага бамбукавага насцілу і плеценых цыновак перашагнуць на круглыя шэрыя бярвенні на карме, а потым зноў падняцца на кучы грузу, што ляжалі з другога боку. Адлегласць была невялікая, але псіхалагічны эфект ад пераадолення нейкіх перашкод ствараў уражанне разнастайнасці і кампенсаваў абмежаванасць прасторы, па якой мы маглі рухацца. На верхавіне мачты мы зрабілі драўляную пляцоўку — не так для таго, каб мець назіральны пункт, калі мы будзем, нарэшце, набліжацца да зямлі, як для таго, каб можна было залезці на яе ў час плавання і глядзець на акіян пад іншым вуглом.

Калі плыт пачаў набываць больш-менш закончаны выгляд і пагойдваўся ўжо на вадзе сярод ваенных караблёў, ззяючы залацістымі стваламі спелага бамбуку і зелянінай лісця, сам марскі міністр прыехаў агледзець нашу работу. Мы бязмерна ганарыліся сваім суднам — жывым успамінам аб часах інкаў, — якое стаяла тут, у акружэнні страшных ваенных караблёў. Але марскога міністра ахапіў невыказны жах, калі ён убачыў наш плыт. Мяне выклікалі ў кіраўніцтва ваеннага порта, і я павінен быў падпісаць дакумент, які здымаў з марскога міністэрства ўсякую адказнасць за тое, што мы пабудавалі ў яго порце. Потым я быў выкліканы таксама да начальніка порта Кальяо і падпісаў там другі дакумент, у якім гаварылася, што ў выпадку, калі я з людзьмі і грузам пакіну порт на плыце, адказнасць за гэта будзе ляжаць цалкам на мне. Праз некаторы час ваенны порт дазволілі наведаць групе замежных марскіх спецыялістаў і дыпламатаў. Іх меркаванні таксама пакідалі мала надзей на шчаслівы зыход нашай задумы. Яшчэ праз некалькі дзён мяне запрасіў да сябе пасол адной з вялікіх дзяржаў.

— Вашы бацькі жывыя? — запытаў ён. I калі я адказаў сцвярджальна, ён паглядзеў мне проста ў вочы і прамовіў злавесным, замагільным голасам: — Вашы маці і бацька будуць вельмі засмучаны, атрымаўшы вестку аб вашай смерці.

Як прыватная асоба, ён прасіў мяне адмовіцца ад падарожжа, пакуль яшчэ не позна. Адзін адмірал, які аглядаў плыт, сказаў яму, што мы ні ў якім разе не застанемся жывымі. Перш за ўсё, памеры плыта няправільныя. Ён такі малы, што пры моцных хвалях перакуліцца дагары дном; у той жа час ён мае такую даўжыню, што нос і карма будуць знаходзіцца на дзвюх розных хвалях, і бальзавыя бярвенні плыта з людзьмі і грузам зломяцца, як саломінка, не вытрымаўшы напружання. I што яшчэ горш, буйнейшы ў краіне экспарцёр бальзавых дрэў сказаў яму, што порыстыя бальзавыя бярвенні здолеюць праплыць па акіяну толькі чацвёртую частку патрэбнай адлегласці, а потым яны набрыняюць вадой і патонуць пад намі.

Усё гэта гучала нявесела, але паколькі мы ўпарта стаялі на сваім, то нам падарылі біблію, каб мы абавязкова ўзялі яе з сабою ў плаванне. Адным словам, спецыялісты, якія аглядалі плыт, мала абнадзейвалі нас. Штормы, а магчыма і ўраганы змыюць нас за борт і знішчаць адкрытае, з нізкай асадкай судна, якое бездапаможна будзе кружыць па акіяне па волі ветру і хваль. Нават пры звычайным, спакойным надвор’і нас увесь час будзе заліваць салёнай вадой, якая раз’есць скуру на нагах і папсуе ўсё, што будзе знаходзіцца на плыце. Калі падсумаваць усё, што нагаварылі нам па чарзе розныя спецыялісты, дык выходзіла, што кожная вяроўка, кожны вузел, кожны памер, кожны кавалак дрэва на плыце павінны былі з’явіцца прычынай нашай пагібелі ў акіяне. Ішлі ў заклад на вялікія сумы аб тым, колькі дзён пратрымаецца плыт, а адзін лёгкадумны марскі аташэ пабіўся аб заклад на ўсё віскі, якое змогуць выпіць удзельнікі экспедыцыі да канца свайго жыцця, калі яны шчасліва даплывуць да якога-небудзь вострава ў Паўднёвым моры.

Горш за ўсё было, калі ў гавань зайшло нарвежскае судна і мы прывялі капітана і некалькі яго самых вопытных маракоў у ваенны порт. Мы нецярпліва чакалі іх крытычных заўваг, і наша расчараванне было вельмі вялікае, калі ўсе яны сышліся на тым, што тупаносаму нязграбнаму плыту парус не прынясе ніякай карысці; капітан, апрача таго, лічыў, што ў тым выпадку, калі мы будзем трымацца на вадзе, спатрэбіцца год або і два для таго, каб наш плыт, падхоплены плынню Гумбольдта, дабраўся да працілеглага берага акіяна. Боцман глядзеў на нашы мацаванні і ківаў галавой. Мы можам не хвалявацца. Не міне і двух тыдняў, як усе вяроўкі ператруцца і плыт разваліцца, бо ў моры вялікія бярвенні будуць увесь час рухацца ўверх і ўніз і церціся адно аб адно. Калі мы не заменім нашы вяроўкі стальнымі тросамі або ланцугамі, можам спакойна складваць чамаданы і ехаць дадому.

Гэтыя довады цяжка было абвергнуць. Калі хоць адзін з іх будзе правільны, дык у нас няма ніякіх шанцаў на поспех. Шчыра кажучы, я не раз пытаўся сам у сябе, ці ведаем мы, што робім. Сам я не мог нічога адказаць на гэтыя перасцярогі, бо не быў мараком. Але ў мяне заставаўся адзіны козыр на руках, на якім грунтавалася ўся наша задума. У глыбіні душы я ўвесь час быў упэўнены, што дагістарычная цывілізацыя распаўсюдзілася з Перу на астравы Ціхага акіяна ў тую эпоху, калі плыты, такія як наш, былі адзінымі суднамі на тутэйшым узбярэжжы. З гэтага я зрабіў вывад, што калі бальзавыя дрэвы плавалі і мацаванні трымаліся ў Кон-Цікі ў 500 годзе нашай эры, та яны будуць гэтак жа паводзіць сябе і цяпер, калі мы, не мудруючы, пабудавалі свой плыт дакладна па ўзору яго плыта. Бенгт і Герман цалкам прынялі маю тэорыю, і пакуль спецыялісты аплаквалі нас, хлопцы ставіліся да ўсяго зусім спакойна і цудоўна праводзілі час у Ліме. Аднойчы ўвечары Тарстэйн з трывогай запытаўся ў мяне, ці ўпэўнены я, што акіянская плынь ідзе ў патрэбным напрамку. Мы знаходзіліся ў гэты час у кіно і любаваліся на Дароці Ламур, якая разам з гавайскімі дзяўчатамі танцавала ў саламянай спаднічцы сярод пальмаў на маляўнічым астраўку Паўднёвага мора.

— Сюды мы і павінны накіравацца, — сказаў Тарстэйн. — I мне шкада вас, калі плынь ідзе не так, як вы сцвярджаеце!

Калі да дня адплыцця засталося не так ужо многа, мы пайшлі ў звычайнае пашпартнае бюро, каб атрымаць дазвол на выезд з краіны. Бенгт, як перакладчык, стаяў у чарзе першым.

— Ваша прозвішча? — запытаў цырымонны маленькі чыноўнік, падазрона пазіраючы паўзверх акуляраў на вялізную бараду Бенгта.

— Бенгт Эмерык Даніельсон, — пачціва адказаў Бенгт.

Чыноўнік заклаў у пішучую машынку доўгі бланк.

— На якім параходзе вы прыехалі ў Перу?

— Ведаеце, — пачаў тлумачыць Бенгт, нагнуўшыся да перапалоханага маленькага чалавечка, — я прыехаў не на параходзе, я прыплыў у Перу на чоўне.

Анямеўшы ад здзіўлення, чыноўнік зірнуў на Бенгта і надрукаваў «човен» у адпаведнай графе бланка.

— А на якім параходзе вы пакідаеце Перу?

— Зноў жа, ведаеце, — ветліва прамовіў Бенгт, — я пакідаю Перу не на параходзе, а на плыце.

— Яшчэ што выдумайце! — сярдзіта ўсклікнуў чыноўнік і злосна выцягнуў з машынкі бланк. — Вы будзеце адказваць на мае пытанні як належыць ці не?

За некалькі дзён да адплыцця харчы, вада і ўвесь наш рыштунак былі пагружаны на плыт. Мы ўзялі прадуктаў на шэсць чалавек на чатыры месяцы; гэта былі армейскія рацыёны, упакаваныя ў невялікія моцныя кардонныя каробкі. Герману прыйшло ў галаву разагрэць асфальт і абліць роўным слоем кожную каробку з усіх бакоў. Пасля гэтага мы пасыпалі каробкі пяском, каб яны не зліпліся, і цесна злажылі іх пад бамбукавай палубай, дзе яны занялі ўсё месца паміж дзевяццю тонкімі ранжынамі, што падтрымлівалі палубу.

З крыштальна чыстай крыніцы, што знаходзілася высока ў гарах, мы напоўнілі пяцьдзесят шэсць маленькіх бітонаў, у якія ўвайшло каля 1 100 літраў вады для піцця. Бітоны мы таксама замацавалі паміж ранжынамі так, каб іх увесь час абмывала вада акіяна. На бамбукавай палубе мы прывязалі астатні рыштунак і вялікія плеценыя кашы, поўныя садавіны і какосавых арэхаў.

Адзін кут бамбукавай каюты Кнут і Тарстэйн занялі пад радыёстанцыю. У глыбіні каюты ўнізе паміж ранжынамі мы паставілі, добра прымацаваўшы да бярвенняў, восем скрынь.

У дзвюх скрынях знаходзіліся навуковыя інструменты і кінаплёнка, астатнія шэсць былі аддадзены ў наша распараджэнне, па адной на кожнага; гэта быў намёк на тое, што кожны можа ўзяць з сабою столькі асабістых рэчаў, колькі змесціцца ў яго скрыні. Эрык прывалок некалькі рулонаў паперы для малявання і гітару, і так напакаваў сваю скрыню, што вымушаны быў трымаць свае шкарпэткі ў скрыні Тарстэйна. Потым з’явіліся чатыры матросы са скрыняй Бенгта. Ён не ўзяў з сабою нічога, апрача кніг, але затое ўмудрыўся ўціснуць у яе 73 творы па сацыялогіі і этнаграфіі. Зверху на скрыні мы паклалі плеценыя цыноўкі і саламяныя матрацы. Цяпер мы былі гатовы ў дарогу.

Перш за ўсё плыт вывелі на буксіры за межы ваеннага порта і працягнулі крыху вакол гавані, каб праверыць, ці правільна размешчаны груз; потым яго адбуксіравалі цераз усю гавань да яхт-клуба. Там напярэдадні нашага адплыцця ў прысутнасці запрошаных і іншых зацікаўленых асоб павінна было адбыцца «хрышчэнне» плыта.

27 красавіка быў узняты нарвежскі флаг, а на рэі развяваліся флагі замежных дзяржаў, якія аказалі экспедыцыі практычную падтрымку. Набярэжная была запоўнена людзьмі, што хацелі паглядзець на цырымонію «хрышчэння» незвычайнага судна. Колер скуры і рысы твару многіх гледачоў сведчылі аб тым, што іх далёкія продкі плавалі на бальзавых плытах уздоўж гэтага берага. Але былі тут і патомкі старадаўніх іспанскіх сем’яў на чале з прадстаўнікамі марскога ведамства і ўрада, а таксама паслы Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Аргенціны і Кубы, былы губернатар англійскіх калоній у Ціхім акіяне, шведскі і бельгійскі пасланнікі і, нарэшце, нашы сябры-землякі, супрацоўнікі нарвежскага консульства, на чале з генеральным консулам Барам. Мітусіўся натоўп журналістаў, пстрыкалі кіноапараты; не хапала толькі духавога аркестра і вялікага барабана. Нам усім было зразумела толькі адно: калі плыт рассыплецца на часткі пасля выхаду з гавані, мы лепей паплывем у Палінезію кожны на асобным бервяне, чым асмелімся вярнуцца назад.

На долю Герд Волд, сакратара экспедыцыі і сувязной паміж намі і мацерыком, выпала «ахрысціць» плыт малаком какосавага арэха часткова таму, што гэта гарманіравала з каменным векам, а часткова таму, што шампанскае па памылцы было схавана на дне асабістай скрыні Тарстэйна. Пасля таго як усім, хто сабраўся нас праводзіць, было аб’яўлена па-англійску і па-іспанску, што плыту даецца імя вялікага папярэдніка інкаў — сонца-караля, які паўтары тысячы год назад знік з Перу і, паплыўшы па акіяну на захад, пазней з’явіўся ў Палінезіі, — Герд Волд распачала цырымонію «хрышчэння» плыта «Кон-Цікі». Яна так моцна ўдарыла какосавым арэхам (шкарлупіна якога была ўжо наколана) аб нос плыта, што малако і кавалачкі ядра трапілі ажно на валасы бліжэйшых гледачоў, што пачціва стаялі навокал.

Потым мы падцягнулі ўгору бамбукавую рэю і паднялі парус, у цэнтры якога наш мастак Эрык намаляваў чырвонай фарбай барадаты твар Кон-Цікі. Гэта была дакладная копія галавы сонца-караля з высечанай з чырвонага каменя статуі, якую знайшлі у разбураным горадзе Ціахуанака.

— Ах, сеньёр Даніельсон! — у захапленні ўсклікнуў старшы рабочы з партовай майстэрні, убачыўшы барадаты твар на парусе.

Ён называў Бенгта сеньёрам Кон-Цікі на працягу двух месяцаў пасля таго, як мы паказалі яму барадаты твар Кон-Цікі на лісце паперы. I толькі цяпер ён, нарэшце, зразумеў, што сапраўднае прозвішча Бенгта было Даніельсон.

Перад адплыццём мы ўсе былі запрошаны да прэзідэнта на развітальную аудыенцыю, а пасля яе зрабілі прагулку высока ў горы, каб уволю наглядзецца на скалы і камяністыя восыпы, перш чым мы рушым у дарогу па бязмежным акіяне. Пакуль ішла работа па будаўніцтву плыта на беразе, мы жылі ў пансіёне сярод пальмавага гаю ў аколіцах Лімы; у порт Кальяо і назад мы ездзілі на аўтамабілі міністэрства авіяцыі з шафёрам, якога Герд удалося наняць на час падрыхтоўкі экспедыцыі. Цяпер мы папрасілі шафёра завезці нас проста ў горы як мага далей, але з такім разлікам, каб можна было вярнуцца ў той жа дзень. I вось мы кацілі па пустэльных дарогах уздоўж старажытных арашальных каналаў часоў інкаў, пакуль не дасягнулі галавакружнай вышыні 4 000 метраў над мачтай нашага плыта. Тут мы проста елі вачыма скалы, і горныя вяршыні, і зялёную траву, стараючыся наглядзецца на спакойныя горныя кручы Андаў, якія рассцілаліся перад намі. Мы імкнуліся пераканаць саміх сябе, што нам страшэнна абрыдлі каменні і цвёрдая зямля і што мы прагнем хутчэй падняць свой парус і пазнаёміцца з акіянам.


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ ПА ЦІХІМ АКІЯНЕ. I

Драматычнае адплыцце. — Мы выходзім на буксіры ў адкрытае мора. — Узнімаецца вецер. — Змаганне з хвалямі. — Жыццё ў плыні Гумбольдта. — Самалёт не знаходзіць нас. — Бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. — Дрэва і вяроўкі. — Мы харчуемся лятучымі рыбамі. — Незвычайны сусед па ложку. — Змяіная макрэль трапляе ў няёмкае становішча. — Вочы ў акіяне. — Расказ пра марскую здань. — Мы сустракаем самую вялікую на свеце рыбу. — Пагоня за марской чарапахай.


У той дзень, калі буксір павінен быў вывесці «Кон-Цікі» ў адкрыты акіян, у гавані Кальяо было надзвычай ажыўлена і людна. Марскі міністр даў распараджэнне партоваму буксіру «Гуардзіян Рыас» вывесці нас з бухты і далей у адкрытае мора за паласу кабатажнага плавання — туды, куды ў даўно мінулыя часы выходзілі на рыбную лоўлю індзейцы на сваіх плытах. Газеты прысвяцілі гэтай сенсацыі артыкулы пад чырвонымі і чорнымі шапкамі, і 28 красавіка натоўпы народу з самай рашцы запоўнілі набярэжныя.

Мы павінны былі ўсе сабрацца на плыце ў пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы, а да таго часу ў кожнага з нас знайшліся розныя справы ў горадзе. Калі я з’явіўся на набярэжнай, на плыце знаходзіўся адзін Герман. Я знарок спыніў машыну даволі далекавата і прайшоўся па ўсім моле, каб як след размяць ногі напаследак перад плаваннем, аб працягласці якога ніхто не мог бы сказаць нічога пэўнага. Я скочыў на плыт, завалены без усякага парадку кучамі бананаў, кашамі і мяшкамі з садавінай, якія былі скінуты на палубу ў самую апошнюю хвіліну і якія мы павінны былі прывесці да ладу і папрывязваць, як толькі хоць крыху апамятаемся пасля адплыцця. Пасярод гэтай гары пакорліва сядзеў Герман; яго рука ляжала на клетцы з зялёным папугаем — развітальным падарунку нейкай сяброўскай душы ў Ліме.

— Папільнуйце хвілінку папугая, — сказаў Герман. — Я павінен сысці на бераг і выпіць апошнюю шклянку піва. Буксір прыйдзе не так хутка.

Толькі ён знік у натоўпе на набярэжнай, як людзі пачалі махаць рукамі і на штосьці паказваць. З-за краю мола, плывучы на поўнай хуткасці, паказаўся буксір «Гуардзіян Рыас». Ён стаў на якар на тым баку цэлага лесу мачтаў, якія заміналі яму падысці да «Кон-Цікі», і ад яго адплыў вялікі маторны кацер, каб правесці нас між яхтамі. Кацер быў увесь запоўнены ваеннымі маракамі — матросамі і афіцэрамі — і кінааператарамі; пакуль аддаваліся загады і пстрыкалі камеры, моцны буксірны канат быў прывязаны на носе плыта.

— Un momento![22] — закрычаў я спалохана, не ўстаючы з месца, дзе я сядзеў з папугаем. — Яшчэ занадта рана. Трэба пачакаць астатніх — los expedicionarios[23], — спрабаваў я растлумачыць, паказваючы ў бок горада.

Але ніхто не разумеў мяне. Афіцэры толькі ветліва ўсміхаліся, і канат на носе плыта быў замацаваны паводле ўсіх правілаў. Я адвязаў канат і скінуў яго ў ваду, суправаджаючы свае дзеянні ўсякімі, знакамі і жэстамі. Папугай, скарыстаўшы зручны момант у агульнай мітусні, высунуў дзюбу з клеткі і павярнуў зашчапку ў дзверцах; калі я азірнуўся, ён ужо весела пахаджваў па бамбукавай палубе. Я паспрабаваў злавіць яго, але ён, крыкнуўшы некалькі слоў па-іспанску, якія не маглі азначаць нічога іншага, апрача лаянкі, — гэта я ведаў, — пераляцеў на кучу бананаў. Сочачы адным вокам за матросамі, якія стараліся зноў накінуць канат на нос, я пачаў ганяцца за папугаем. Ён з крыкам уляцеў у бамбукавую каюту, і там я загнаў яго ў кут і схапіў за нагу ў той самы момант, калі ён хацеў пераляцець цераз мяне. Калі я зноў з’явіўся на палубе і запіхнуў маю трапяткую здабычу ў клетку, матросы на беразе паспелі ўжо зняць прычалы плыта, і ён бездапаможна танцаваў на доўгай хвалі, што дакацілася да нас з-за мола. У роспачы я схапіў кароткае вясло, дарэмна стараючыся не даць плыту ўдарыцца аб пáлі набярэжнай. Потым маторны кацер рушыў з месца; адзін рывок — і «Кон-Цікі» пачаў свой далёкі шлях. Адзіным маім спадарожнікам быў папугай, які ўмеў гаварыць па-іспанску; ён сядзеў, надзьмуўшыся, у клетцы. Натоўп на беразе радасна крычаў і махаў рукамі, а смуглявыя кінааператары ў маторным кацеры ледзь не падалі ў мора, як мага стараючыся зняць кожную дэталь драматычнага адплыцця экспедыцыі з Перу. У адчаі я адзінока стаяў на плыце, выглядаючы знікшых спадарожнікаў, але ніхто не з’яўляўся. Так мы падплылі да «Гуардзіян Рыас», які чакаў нас пад парай, гатовы зняцца з якара і рушыць у дарогу. Як згледзець вокам, я ўскарабкаўся па вяровачнаму трапу і нарабіў на параходзе такога шуму, што адплыццё было адкладзена і маторны кацер рушыў назад да набярэжнай. Яго не было досыць доўга, а потым ён вярнуўся, поўны прыгожанькіх сеньярыт, але без ніводнага члена экіпажа «Кон-Цікі». Усё гэта было вельмі прыемна, але ніколькі не рабіла лягчэйшым маё становішча; чароўныя сеньярыты стоўпіліся на плыце, а кацер паплыў зноў на пошукі los expedicionarios noruegos[24].

Тым часам Эрык і Бенгт, не спяшаючыся, спускаліся да набярэжнай з ахапкам газет і часопісаў і рознай дробяззю ў руках. Насустрач ім ішоў натоўп людзей, якія разыходзіліся па хатах; нарэшце ля паліцэйскай заставы іх спыніў нейкі паслужлівы чын, які паведаміў ім, што глядзець больш няма на што. Бенгт, грацыёзна размахваючы цыгарай, запярэчыў паліцэйскаму, што яны прыйшлі не як гледачы; яны самі павінны плысці на плыце.

— Гэта немагчыма, — спагадліва сказаў паліцэйскі. — «Кон-Цікі» адплыў гадзіну таму назад.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Эрык, дастаючы адзін з пакетаў. — У мяне тут ліхтар!

— А вось гэта штурман, — дадаў Бенгт, — а я суднавы аканом.

Яны прарваліся праз ланцуг, але плыта сапраўды не было.

У роспачы яны хадзілі сюды-туды па молу, дзе і сустрэліся з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія таксама нецярпліва шукалі свой знікшы плыт. Тут яны ўбачылі кацер, які падыходзіў да берага, і неўзабаве мы ўсе былі, нарэшце, разам, і вада вакол плыта запенілася, калі «Гуардзіян Рыас» павёў нас на буксіры да адкрытага акіяна.

Было ўжо далёка за поўдзень, калі мы рушылі ў дарогу. «Гуардзіян Рыас» павінен быў буксіраваць нас да раніцы, пакуль мы не выйдзем за межы берагавых водаў. Як толькі мы мінулі мол, насустрач нам пакаціліся вялізныя хвалі, і ўсе маленькія лодкі, якія суправаджалі нас, адна за адной павярнулі назад. Толькі некалькі вялікіх яхт правялі нас да выхаду з бухты, каб паглядзець, як пойдуць нашы справы далей.

«Кон-Цікі» рухаўся ўслед за буксірам, нібы сярдзіты казёл, якога цягнуць на вяроўцы, і зарываўся носам у сустрэчныя хвалі так, што вада залівала палубу. Гэта не абяцала нічога добрага — хвалі на моры былі зусім невялікія ў параўнанні з тымі, якія чакалі нас у будучым. Пасярод бухты буксірны канат лопнуў, і наш канец яго спакойна апусціўся на дно, між тым як «Гуардзіян Рыас» плыў усё далей і далей.

Мы кінуліся да борта плыта, каб вылавіць канец каната, а яхты памчаліся наперад, спрабуючы спыніць параход. Пякучыя мядузы велічынёй з добры цабэрак падымаліся і апускаліся разам з хвалямі ўздоўж плыта і абляпілі ўсе вяроўкі слізкім слоем пякучага студзеню. Калі плыт хіліўся на адзін бок, мы, лежачы ніцма, перагіналіся цераз борт і стараліся дацягнуцца рукой да паверхні вады, але нашы пальцы толькі закраналі слізкі канат. Потым плыт зноў хіліўся ў другі бок, і нашы галовы акуналіся ў хвалю, а салёная вада і вялізныя мядузы перакочваліся цераз нашы спіны. Мы пляваліся, лаяліся, выцягвалі з валасоў клейкія часцінкі мядуз, але калі буксір вярнуўся, канец каната быў выцягнуты і падрыхтаваны, каб злучыць нас з параходам.

Мы збіралігя закінуць яго на борт буксіра, як раптам нас нечакана панесла пад тырчаўшую карму парахода. Плыт магло вось-вось прыціснуць хвалямі да кармы і раздушыць. Забыўшы пра ўсё на свеце, мы схапілі бамбукавыя жэрдкі і вёслы і стараліся, пакуль не позна, адпіхнуцца. Але гэта нам ніяк не ўдавалася: калі плыт знаходзіўся ў яміне паміж дзвюма хвалямі, мы не маглі дацягнуцца да кармы, што навісла над намі, а як толькі плыт узнімаўся на хвалі, уся карма «Гуардзіян Рыас» апускалася ў ваду і адразу расплюшчыла б нас, калі б плыт зацягнула пад яе. Наверсе, на палубе буксіра, людзі мітусіліся і крычалі; нарэшце вінт запрацаваў ля самага борта плыта, і ў апошнюю хвіліну ўзнятая вінтом хваля адкінула нас убок. Нос плыта атрымаў некалькі моцных удараў і крыху змяніў сваю форму, але потым паступова выраўняўся.

— Калі такі кепскі пачатак, дык канец затое павінен быць добрым, — сказаў Герман. — Хутчэй бы кончылася гэтая валтузня: ад такой трасяніны плыт можа кожную хвіліну разваліцца.

«Гуардзіян Рыас» вёў нас на буксіры ўсю ноч; мы плылі павольна і амаль без затрымак. Яхты даўно развіталіся з намі, апошнія берагавыя агні зніклі ў нас за кармой. Зрэдку ў цемры праплывалі агні караблёў, што перасякалі нашу дарогу. Мы падзялілі ноч на вахты, каб сачыць за буксірным канатам, і ўсім удалося някепска выспацца. Назаўтра раніцай, калі пачало днець, густы туман вісеў над берагам Перу, між тым як перад намі на захадзе было зусім чыстае блакітнае неба. Па акіяну каціліся доўгія спакойныя хвалі з невялікімі грабянямі; наша адзенне, бярвенні і ўсё, за што мы ні браліся, намокла ад расы. Было халаднавата, і зялёная вада вакол нас была на дзіва сцюдзёнай для 12° паўднёвай шырыні. Мы знаходзіліся ў плыні Гумбольдта, якая несла халодныя масы вады з Антарктыкі на поўнач уздоўж берагоў Перу, а потым паварочвала на захад і перасякала акіян, ідучы пад самым экватарам. Якраз у гэтых водах Пісара[25], Сараце[26] і іншыя старажытныя іспанцы ўпершыню сустрэлі вялікія парусныя плыты індзейцаў-інкаў, якія заплывалі звычайна на 50 — 60 міль ад берага для лоўлі тунцоў і залатой макрэлі ў самой плыні Гумбольдта. Увесь дзень тут дзьмуў вецер з берага, але пад вечар ён пачынаў дзьмуць у працілеглы бок і дапамагаў рыбакам вярнуцца дамоў, калі яны гэтага хацелі.

Буксір стаяў зусім побач з намі, і мы ўсяляк стараліся ўтрымаць плыт як мага далей ад яго носа, пакуль спускалі на ваду маленькую гумавую лодку. Яна плавала на хвалях, як футбольны мяч, і, танцуючы, наблізілася да «Гуардзіян Рыас»; Эрык, Бенгт і я ўхапіліся за вяровачны трап і ўскарабкаліся на борт.

З дапамогай Бенгта, які быў нашым перакладчыкам, нам паказалі на нашай карце дакладнае месцазнаходжанне плыта. Мы былі за 50 марскіх міль ад берага на паўночны захад ад Кальяо; для таго каб нас не патапілі кабатажныя судны, мы павінны будзем на працягу некалькіх першых начэй запальваць агні. Далей мы не сустрэнем ніводнага судна, бо ў гэтай частцы Ціхага акіяна не праходзіць ні адна параходная лінія.

Мы ўрачыста развіталіся з усімі, хто быў на борце буксіра; нейкімі дзіўнымі позіркамі праводзілі нас, калі мы спускаліся ў нашу лодачку і, пагойдваючыся на хвалях, плылі назад да «Кон-Цікі». Потым буксірны канат адвязалі, і плыт быў пакінуты на волю лёсу. Трыццаць пяць чалавек на «Гуардзіян Рыас» выстраіліся ўздоўж борта і махалі нам да таго часу, пакуль мы маглі распазнаваць іх абрысы. А шэсць чалавек сядзелі на скрынях на плыце і праводзілі буксір вачыма, пакуль ён не схаваўся ўдалечыні. Толькі пасля таго, як чорны слуп дыму развеяўся і знік за небасхілам, мы паківалі галавой і зірнулі адзін на аднаго.

— Да пабачэння, да пабачэння, — сказаў Тарстэйн. — Цяпер, хлопцы, пара пускаць у ход нашу машыну!

Мы засмяяліся і, наслініўшы пальцы, пачалі вызначаць напрамак ветру. Дзьмуў даволі лёгкі брыз, які мяняўся з паўднёвага на паўднёва-ўсходні. Мы паднялі бамбукавую рэю з вялікім прамавугольным парусам. Ён расслаблена звісаў, і гэта надавала твару Кон-Цікі зморшчаны, нездаволены выгляд.

— Старому не падабаецца, — прамовіў Эрык, — калі ён быў маладым, вятры дзьмулі мацней.

— Ага, здорава мы імчымся, — сказаў Герман і кінуў кавалак бальзавага дрэва ў ваду ля носа плыта.

— Адзін, два, тры... трыццаць дзевяць, сорак, сорак адзін.

Кавалак дрэва ўсё яшчэ спакойна ляжаў у вадзе побач з плытом; ён не прайшоў і палавіны шляху ўздоўж борта.

— Цудоўна! — сказаў Тарстэйн. — Чаго добрага, гэтая трэска будзе суправаджаць нас усю дарогу.

— Спадзяюся, што вячэрнім брызам нас не аднясе назад, —сказаў Бенгт. — Развітанне з Кальяо было вельмі вясёлым, але я не хацеў бы, каб нас віталі там з такім хуткім зваротам!

Але вось кавалак дрэва мінуў канец плыта. Мы крыкнулі «ўра» і пачалі ўкладваць і замацоўваць усё, што было скінута на палубу ў апошнюю хвіліну. Бенгт распаліў прымус унутры пустой скрыні, і неўзабаве мы смакавалі гарачае какава з галетамі і прабівалі дзіркі ў свежых какосавых арэхах. Бананы, як выявілася, былі яшчэ не зусім спелыя.

— Адносна аднаго цяпер можна сказаць, што ўсё ў парадку, — здаволена смеючыся, прамовіў Эрык.

У шырокіх штанах з авечай шкуры, у высокай індзейскай шапцы на галаве, з папугаем на плячы, ён пахаджваў па палубе.

— Толькі вось адно мне не падабаецца, — дадаў Эрык, — калі мы будзем і надалей нерухома тырчаць тут, дык усе гэтыя маладаследаваныя сустрэчныя плыні могуць аднесці нас якраз да ўзбярэжных скал.

Мы пагаварылі аб тым, ці не ўзяцца нам за вёслы, але вырашылі пачакаць ветру.

I вецер узняўся. Ён падзьмуў з паўднёвага ўсходу роўна і моцна. Неўзабаве наш парус выпнуўся наперад, нібы грудзі пры магутным уздыху, а твар Кон-Цікі весела заззяў. I «Кон-Цікі» пачаў рухацца.

— Эгэй! — радасна закрычалі мы, павярнуўшыся на захад, і ўзяліся падцягваць штагі і ванты. Рулявое вясло было апушчана ў ваду, і расклад вахт набыў сілу. Мы кідалі папяровыя шарыкі і трэскі за борт ля носа плыта і перабягалі на карму, адлічваючы з гадзіннікам у руках:

— Раз, два, тры... восемнаццаць, дзевятнаццаць — ёсць!

Паперкі і трэсачкі праплывалі міма рулявога вясла і неўзабаве выстройваліся, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, пагойдваючыся ўверх і ўніз сярод хваль, за кармой. Мы плылі наперад метр за метрам. «Кон-Цікі» не разразаў ваду, як вастраносыя гоначныя яхты. Нязграбны і шырокі, цяжкі і грувасткі, ён спаважна рухаўся наперад, перавальваючыся з хвалі на хвалю. Ён не спяшаўся, але, рушыўшы з месца, упарта і настойліва плыў усё далей і далей.

Цяпер уся наша ўвага была звернута на рулявое прыстасаванне. Плыт быў пабудаваны дакладна так, як яго апісвалі іспанцы, але ў наш час сярод жывых не засталося нікога, хто б мог даць нам практычны ўрок кіравання індзейскім плытом. Гэтае пытанне мы падрабязна абмяркоўвалі на беразе са спецыялістамі, але вынікі былі зусім нездавальняючыя. Спецыялісты ведалі не больш за нас. Як толькі паўднёва-ўсходні вецер узмацніўся, мы павінны былі ўтрымліваць плыт у такім становішчы, каб вецер надзімаў парус з боку кармы. Калі плыт занадта многа паварочваўся бокам да ветру, парус адразу ж пачынаў паласкацца і біў па грузу, па людзях і бамбукавай каюце, а ўвесь плыт паварочваўся і плыў далей кармою наперад. Гэта было цяжкае змаганне; тры з нас ваявалі з парусам, а астатнія тры з усяе сілы навальваліся на доўгае рулявое вясло, каб павярнуць нос драўлянага плыта і адвесці яго ад ветру. А пасля таго як нам удавалася павярнуць плыт, рулявы павінен быў пільна сачыць, каб праз хвіліну не паўтарылася ўсё спачатку.

Рулявое вясло даўжынёю шэсць метраў свабодна ляжала паміж шпянькамі-ўключынамі, што былі ўбіты ў вялізную калоду, прымацаваную да кармы. Гэта было тое самае рулявое вясло, якім карысталіся нашы туземныя сябры, калі мы сплаўлялі бярвенні ўніз па рацэ Паленке ў Эквадоры. Доўгая жэрдка з мангравага дрэва была моцная, як сталь, але такая цяжкая, што адразу ж патанула б, калі б мы ўпусцілі яе за борт. Да канца жэрдкі была прывязана вяроўкамі вялікая лопасць з сасны. Патрабавалася ўся наша сіла, каб нерухома ўтрымліваць доўгае рулявое вясло, калі хвалі ўдаралі ў яго. Нашы пальцы вельмі хутка таміліся, бо мы вымушаны былі сюд-туд сутаргава сціскаць вясло, каб павярнуць яго і надаць яму такое становішча, пры якім лопасць стаяла б у вадзе зусім прама. Тут нас выручыла тое, што мы здагадаліся прывязаць да дзяржальна рулявога вясла папярочны брусок, які служыў нам цяпер рычагом. А тым часам вецер мацнеў.

А другой палове дня пасат дзьмуў ужо на ўсю сілу. Акіян хутка пакрыўся раўлівымі хвалямі, якія набягалі на нас ззаду. Цяпер мы ўпершыню па-сапраўднаму зразумелі, што знаходзімся ў палоне ў самога акіяна. Цяпер ён з’яўляўся суровай рэчаіснасцю; сувязі са светам, у якім мы жылі дагэтуль, больш не было. Шчасліва ўсё абыдзецца ці не, будзе цяпер цалкам залежаць ад мараходных якасцей бальзавага плыта ў адкрытым акіяне. Мы ведалі, што з гэтага часу няма ніякай надзеі на сустрэчны вецер, ніякіх шанцаў вярнуцца назад. Мы ўвайшлі ў сапраўдны пасат, і з кожным днём нас будзе гнаць усё далей і далей у акіян. Нам заставалася толькі плыць наперад з надзьмутым ветрам парусам; калі мы паспрабуем павярнуць назад, нас усё роўна панясе далей у мора кармой наперад. Перад намі быў толькі адзін выхад — плыць з ветрам, кіруючы нос плыта у той бок, дзе заходзіць сонца. Але ж гэта і з’яўлялася якраз мэтай нашага падарожжа — плыць па шляху сонца, так, як гэта рабіў, паводле нашых меркаванняў, Кон-Цікі са сваімі старажытнымі сонцапаклоннікамі, калі іх выгналі з Перу за акіян.

З радасцю і палёгкай мы ўбачылі, як наш драўляны плыт падняўся на першы грозны грэбень хвалі, які, пенячыся, накаціўся на нас. Але рулявы зусім не меў сілы ўтрымліваць вясло ў нерухомым становішчы, калі раўлівыя хвалі накочваліся на вясло і ледзь не вырывалі яго з уключын або адносілі яго ўбок, і рулявы, бездапаможна павісшы на ім, круціўся, як акрабат. Нават удвух не ўдавалася ўтрымаць вясла, калі хвалі ўзнімаліся побач і навальваліся на рулявых, якія стаялі на карме. Нам прыйшла ў галаву думка працягнуць вяроўкі ад лопасці вясла да абодвух бартоў плыта і з дапамогай іншых вяровак замацаваць вясло на месцы ва ўключынах так, каб яно было абмежавана ў сваім руху і магло супраціўляцца нават найвялікшым хвалям, пакуль мы самі будзем у стане трымацца.

Яміны між хвалямі паступова рабіліся ўсё глыбейшымі, і мы зразумелі, што знаходзімся ў самай імклівай частцы плыні Гумбольдта. Было відавочна, што хвалі выкліканы плынню, а не проста ўзняты ветрам. Зялёная халодная вада акружала нас з усіх бакоў, і зубчастыя горы Перу зніклі ў градзе густых воблакаў за кармой. Калі цемра ахутала акіян, пачалася наша першая стычка са стыхіямі. Мы ўсё яшчэ не былі ўпэўнены ў акіяне, усё яшчэ не ведалі, будзе ён нашым сябрам ці ворагам, калі мы апынемся з ім адзін на адзін, да чаго мы, уласна кажучы, самі імкнуліся. Сярод цемры мы чулі, як шум хваляў вакол нас раптам заглушаўся свістам вала, што насоўваўся на плыт, і бачылі белы грэбень, які падкрадваўся да нас упоравень з дахам каюты. Мы хапаліся за што папала і з трывогай чакалі, калі маса вады рыне на нас і на плыт. Але кожны раз нас ахоплівала ўсё тое ж пачуццё здзіўлення і палёгкі. «Кон-Цікі» спакойна ўзнімаў карму і падымаўся ўгору, не звяртаючы ўвагі на горы вады, што бурліла абапал яго бартоў. Потым ён зноў апускаўся ўніз і чакаў наступнай вялікай хвалі. Самыя высозныя валы часта каціліся па два або па тры запар, а паміж імі ішоў доўгі рад больш дробных хваляў. У тым выпадку, калі два вялікія валы рухаліся адзін за адным на занадта блізкай адлегласці, другі вал падаў на карму ў той час, як першы ўсё яшчэ трымаў нос плыта высока ў паветры. Таму мы пастанавілі, паколькі фальшборта на карме не было, каб рулявы, стоячы на вахце, абавязкова абвязаў сябе вакол пояса вяроўкай, другі канец якой моцна прывязваўся да плыта. Задача рулявых заключалася ў тым, каб трымаць парус заўсёды надзьмутым, не даючы носу лодкі ўхіліцца ўбок ад хваляў і ветру. Мы замацавалі на скрыні на карме стары карабельны компас, каб Эрык мог правяраць курс і вылічваць наша месцазнаходжанне і хуткасць руху. Зараз мы не ведалі дакладна, дзе мы знаходзімся, бо ўсё неба было заслана непрагляднымі хмарамі, а да самага гарызонту слаўся толькі хаос валаў. Вахту ля руля даводзілася весці двум чалавекам адразу; стоячы адзін каля аднаго, яны павінны былі з усяе сілы змагацца з вяслом, якое імкнулася вырвацца з рук, між тым як астатнія, залезшы ў сярэдзіну адкрытай каюты, спрабавалі хоць крыху падрамаць. Калі насоўвалася сапраўды вялізная хваля, рулявыя пакідалі вясло. на адны вяроўкі і, выбегшы на палубу, хапаліся за бамбукавую жэрдку, што тырчала з-пад даху каюты, а масы вады з грукатам навальваліся на іх з боку кармы і знікалі між бярвеннямі або скочваліся за борт плыта. Тады вахтавыя зноў кідаліся да вясла, пакуль плыт не паспеў павярнуцца, а парус не пачаў паласкацца. Варта было плыту апынуцца бокам да хваляў, і яны лёгка маглі б затапіць бамбукавую каюту. Калі ж хвалі набягалі на плыт ззаду, яны адразу ж знікалі між тырчаўшымі бярвеннямі і рэдка дасягалі сцяны каюты. Круглыя бярвенні на карме прапускалі ваду, як зубцы відэльцаў. У гэтым была яўная перавага плыта: чым болей шчылін, тым лепей — праз дзіркі пад намі вада сцякала, але ніколі не падымалася.

Прыблізна а палове ночы ў паўночным напрамку мы заўважылі агні карабля. У тры гадзіны раніцы тым жа курсам праплыў яшчэ адзін. Мы махалі маленькім парафінавым ліхтаром і давалі сігналы ўспышкамі электрычнага ліхтара, але з караблёў нас не ўбачылі; агні павольна прайшлі на поўнач і зніклі ў цемры. Наўрад, каб хто-небудзь на борце парахода мог нават падумаць, што паблізу ад іх гайдаецца на хвалях сапраўдны індзейскі плыт. I мы ўсе, хто знаходзіўся на гэтым плыце, таксама не думалі, што гэта быў апошні карабель і апошні след людзей, якіх мы бачылі па гэты бок акіяна.

Нібы мухі, мы чапляліся ў цемры па двое за рулявое вясло і адчувалі, як нас з галавы да ног залівае халаднаватай марской вадой; вясло тузала так, што ў нас усё балела і спераду і ззаду, а рукі здрантвелі ад напружання. Выпрабаванні гэтых першых дзён і начэй былі для нас добрай школай; з навічкоў, дзякуючы ім, мы зрабіліся сапраўднымі маракамі. На працягу першых сутак кожны з нас, строга па чарзе, дзве гадзіны стаяў ля руля, а потым тры гадзіны адпачываў. Мы пастанавілі, каб праз кожную гадзіну свежы чалавек падмяняў аднаго з двух рулявых, які прабыў ужо на вахце дзве гадзіны. Каб справіцца з рулявым вяслом, у час вахты прыходзілася страшэнна напружваць усе мышцы цела. Калі рулявы стамляўся адпіхваць вясло, ён пераходзіў на другі бок і пачынаў цягнуць. Калі рукі і грудзі пачыналі нясцерпна балець ад штуршкоў, мы паварочваліся спінай, так што сінякі ад удараў вяслом пакрывалі нас і спераду і ззаду. Змораныя і знясіленыя, мы запаўзалі ў каюту, як толькі прыходзіла змена, і, абвязаўшы ногі вяроўкай, засыналі ў сваім прасоленым адзенні раней, чым паспявалі залезці ў спальны мяшок. Амаль у тую ж хвіліну хтосьці груба тузаў за вяроўку: тры гадзіны прайшлі, і трэба было зноў выходзіць і змяняць аднаго з двух таварышаў, што стаялі на вахце ля рулявога вясла.

Наступная ноч была яшчэ горшай; замест таго каб супакоіцца, мора разгулялася яшчэмацней. Змагацца па дзве гадзіны запар з рулявым вяслом стала не пад сілу; у другую палову вахты ад чалавека ўжо было мала карысці, і хвалі бралі верх над намі, круцілі нас, адпіхалі ўбок, а вада залівала плыт. Тады мы перайшлі на гадзінныя вахты ля руля і паўтарагадзінны адпачынак. Так першыя шэсцьдзесят гадзін прайшлі ў няспыннай барацьбе з хаосам хваляў, якія бесперастанку навальваліся на нас адна за другой. Высокія хвалі і нізкія, спічастыя і круглыя, косыя хвалі і хвалі паўзверх другіх хваль. Горш за ўсіх сярод нас адчуваў сябе Кнут. Ён быў вызвалены ад вахтаў ля руля, але ўзамен гэтага прыносіў ахвяры Нептуну і моўчкі пакутаваў у кутку каюты. Звесіўшы галаву, папугай панура сядзеў у сваёй клетцы і пачынаў лопаць крыламі кожны раз, як толькі плыт атрымліваў нечаканы штуршок і вада з шумам стукалася ў заднюю сцяну каюты. «Кон-Цікі» гайдала не надта моцна. Ён трымаўся на хвалях куды больш устойліва, чым любое судна такіх жа памераў; але было немагчыма ўгадаць наперад, у які бок нахіліцца палуба ў наступны раз, і мы так і не авалодалі майстэрствам смела рухацца па плыце, паколькі яго не толькі гайдала, але і ўвесь час кідала з боку ў бок.

На трэцюю ноч мора крыху супакоілася, хоць усё яшчэ дзьмуў моцны вецер. Прыблізна ў чатыры гадзіны раніцы з цемры нечакана з’явіўся ўспенены вал, які дагнаў плыт і павярнуў яго на 180°, перш чым рулявыя паспелі сцяміць, што адбылося. Парус пачаў стукаць па бамбукавай каюце, пагражаючы разбіць яе ўшчэнт і разарвацца сам. Прыйшлося ўсім выскачыць на палубу ратаваць груз і паццягваць шкоты, для таго каб паспрабаваць вярнуць плыт на правільны курс і каб парус мог зноў надзьмуцца і мірна выпнуцца ўперад. Але плыт не паварочваўся. Ён ішоў наперад кармой, што мы ні рабілі. Адзіным вынікам усёй валтузні са снасцямі і рулявым вяслом было толькі тое, што двое з нас траха не зваліліся за борт, калі іх у цемры накрыла парусам. Мора прыкметна рабілася ўсё больш спакойным. З анямелымі ад стомы рукамі і нагамі, усе ў сіняках, з абдзёртай скурай на далонях і вачыма, якія самі зліпаліся ад пастаяннага недасыпання, мы былі ні на што не здатны. Лепш было захаваць сілы на выпадак, калі надвор’е пагоршыцца і патрэбнабудзе ўся наша энергія — ніколі ж нельга загадзя ведаць, што цябе чакае. Таму мы апусцілі парус і абкруцілі яго вакол бамбукавай рэі. «Кон-Цікі» ляжаў бокам да хваляў і падскакваў на іх, нібы корак. Усе рэчы на плыце былі моцна прывязаны, а мы ўшасцёх залезлі ў маленькую бамбукавую каюту, леглі ўпокат і заснулі як забітыя, сціснутыя, нібы сардыны ў бляшанцы кансерваў.

Мы і не думалі, што змаганне са стыхіяй, якое давялося нам вытрымаць, было самае цяжкае за ўвесь час падарожжа. Толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы знайшлі просты і дасціпны спосаб кіравання плытом, спосаб, якім карысталіся калісьці інкі.

Мы прачнуліся позна раніцай, калі папугай пачаў свістаць, крычаць і скакаць узад і ўперад па жэрдачцы. Хвалі ўзнімаліся яшчэ высока, але цяпер яны каціліся доўгімі роўнымі валамі і не налазілі гэтак дзіка і бязладна адна на адну, як напярэдадні. Першае, што мы ўбачылі, было сонца, якое ярка асвятляла жоўтую бамбукавую палубу і надавала акіяну вакол нас вясёлы і дружалюбны выгляд. Якая нам справа да таго, што хвалі пеняцца і высока ўзнімаюцца, калі яны пакідаюць наш плыт у спакоі? Якая нам справа да таго, што яны ўзнімаюцца проста перад намі, калі мы ведаем, што праз секунду плыт ускарабкаецца наверх і, быццам паравы каток, прыгладзіць успенены вал, а цяжкая грозная гара вады толькі прыўзніме нас у паветра і будзе вурчаць і цурчаць, перакочваючыся пад намі? Старыя майстры з Перу ведалі, што яны рабілі, калі адмаўляліся ад лодак з пустацелым корпусам, які мог напаўняцца вадой, і ад занадта доўгіх плытоў, якія не маглі б пераходзіць з адной хвалі на другую. Коркавы паравы каток — вось чым з’яўляўся бальзавы плыт.

У поўдзень Эрык вызначыў наша месцазнаходжанне; выявілася, што пасля таго як мы прынялі парус, нас значна аднесла на поўнач уздоўж берага. Мы ўсё яшчэ знаходзіліся ў паласе плыні Гумбольдта, на адлегласці роўна сто марскіх міль ад сушы. Цяпер паўставала сур’ёзнае пытанне, ці не аднясе нас да здрадлівых плыняў, што праходзяць крыху на поўдзень ад астравоў Галапагос. Гэта магло б кепска скончыцца, бо там моцныя акіянскія плыні, якія рухаюцца ў напрамку Цэнтральнай Амерыкі, цягалі б нас на сабе то ў адзін, то ў другі бок. Але калі ўсё будзе добра, як мы разлічвалі, галоўная плынь панясе нас на захад цераз акіян, раней чым мы паспеем забрацца далёка на поўнач, да астравоў Галапагос. Вецер па-ранейшаму дзьмуў проста з паўднёвага ўсходу. Мы паднялі парус, павярнулі плыт кармой у бок ветру і аднавілі вахты ля руля.

Кнут паправіўся пасля пакутлівай марской хваробы; ён і Тарстэйн залезлі на хісткую верхавіну мачты і распачалі эксперыменты з нейкімі таямнічымі антэнамі, якія яны пускалі ўгору, прывязваючы да паветранага шара або змея. Раптам адзін з іх крыкнуў з радыёрубкі, што ён чуе марскую радыёстанцыю Лімы, якая выклікае нас. Нам паведамілі, што самалёт амерыканскага пасольства вылецеў з узбярэжжа, каб перадаць нам апошняе развітальнае прывітанне і паглядзець, які выгляд мы маем сярод акіяна. Неўзабаве мы наладзілі прамую сувязь з радыстам самалёта, а потым зусім нечакана для ўсіх нас нам удалося пагутарыць з сакратаром экспедыцыі Герд Волд, якая знаходзілася на борце самалёта. Мы дакладна, як толькі маглі вызначыць, перадалі каардынаты свайго месцазнаходжання і на працягу некалькіх гадзін падавалі радыёпеленгацыйныя сігналы. Голас з эфіру гучаў то мацней, то слабей, адпаведна таму, набліжаўся ці аддаляўся АРМІ-119, які, у пошуках нашага плыта, апісваў кругі над акіянам. Але мы так і не пачулі гулу матораў і не ўбачылі самога самалёта. Не так лёгка было заўважыць нізкі плыт унізе сярод хваляў, а з плыта бачнасць была вельмі абмежаваная. Нарэшце самалёт адмовіўся ад пошукаў і вярнуўся на бераг. Гэта была апошняя спроба адшукаць нас.

У наступныя дні мора было бурным, але шумлівыя хвалі беглі з паўднёвага ўсходу з роўнымі інтэрваламі, і кіраваць плытом было куды лягчэй. Вецер і хвалі ўдаралі ў плыт з левай задняй чвэрці, так што рулявога менш залівалі хвалі, а плыт трымаўся на вадзе больш устойліва і не круціўся. Мы з трывогай прыкмячалі, што паўднёва-ўсходні пасат і плынь Гумбольдта з кожным днём адносяць плыт якраз у той бок, дзе нас падпільноўваюць сустрэчныя плыні, што агінаюць астравы Галапагос. Мы рухаліся на паўночны захад так шпарка, што ў сярэднім праплывалі ў тыя дні па 55—60 марскіх міль, а рэкордная хуткасць дасягнула ажно 71 мілі.

— А як на астравах Галапагос, нішто жывецца? — заклапочана спытаў аднойчы Кнут і паглядзеў на карту, дзе ланцужок кружочкаў, што абазначалі месцазнаходжанне нашага плыта ў розны час, нагадваў палец, які злавесна паказваў у бок праклятых астравоў Галапагос.

— Наўрад, — адказаў я. — Расказваюць, што інка Тупак

Юпанкі незадоўга да эпохі Калумба адплыў з Эквадора і дасягнуў астравоў Галапагос, але ні ён сам і ніхто з яго спадарожнікаў не пасяліліся там, бо там няма вады.

— О’кэй, — сказаў Кнут. — Дык якога д’ябла нам плыць туды! Спадзяюся, мы туды і не трапім.

Цяпер мы так прывыклі бачыць вакол сябе танцуючыя хвалі, што перасталі звяртаць на іх увагу. Якая нам справа да таго, што мы крышачку патанцуем, маючы пад сабой тысячы метраў вады, калі мы і плыт увесь час трымаемся на паверхні? Няцяжка было заўважыць, што бальзавыя бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. Горш за ўсё было з кармавымі ранжынамі; засунуўшы кончык пальца ў іх размоклую драўніну, можна было пачуць, як пад ім хлюпала вада. Нічога не кажучы спадарожнікам, я адламаў кавалак намоклага дрэва і кінуў яго за борт. Ён спакойна апусціўся ў ваду і павольна знік у глыбіні. Пазней мне давялося бачыць, як некаторыя з маіх таварышаў рабілі тое ж самае, выбраўшы для гэтага час, калі ім здавалася, што на іх ніхто не глядзіць. Яны стаялі, засяроджана назіраючы за тым, як набраклы вадой кавалак драўніны паступова знікаў у глыбіні зялёнай вады. Перад адплыццём мы адзначылі асадку плыта, але пры неспакойным моры было немагчыма ўстанавіць, як глыбока ён сядзеў цяпер, бо бярвенні то на нейкі момант узнімаліся з вады, то зноў глыбока апускаліся ў яе. Але калі мы ўтыкалі ў бервяно нож, то з вялікай радасцю пераконваліся, што на глыбіні прыблізна 25 міліметраў ад паверхні дрэва было сухое. Мы падлічылі, што ў выпадку, калі вада будзе пранікаць у бярвенні такімі ж тэмпамі і надалей, то да таго часу, як мы пачнем, паводле нашых меркаванняў, набліжацца да зямлі, плыт ужо не здолее трымацца на вадзе. Але мы спадзяваліся, што ў больш глыбокіх слаях, бліжэй да асяродка, драўнінны сок будзе выконваць ролю засцерагальнага ад прамочвання саставу і не дасць бярвенням набрыняць яшчэ больш.

Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.

На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.

Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.

Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.

У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.

Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты[27] і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.

Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.

Першы абавязак кока, як толькі ён прачынаўся раніцай, заключаўся ў тым, што ён выходзіў на палубу і збіраў усіх лятучых рыб, якія зрабілі ўночы пасадку на плыце. Кожны раз, як правіла, іх было не менш за паўтузіна, а аднойчы раніцай мы знайшлі на плыце дваццаць шэсць тлустых лятучых рыб. Неяк раз, калі кухарыў Кнут, лятучая рыба ўдарыла яго па руцэ; ён быў вельмі засмучаны, што яна не шлёпнулася проста на патэльню ў кіпячы тлушч.

Тарстэйн толькі тады па-сапраўднаму адчуў, у якім цесным суседстве з акіянам мы жывём, калі, прачнуўшыся, убачыў на сваёй падушцы сардыну. У каюце было так цесна, што Тарстэйн вымушаны быў ляжаць галавою ў дзвярах; і калі хто-небудзь, выходзячы ўночы, выпадкова закранаў яго па твары, ён кусаў таго за нагу. Ён схапіў сардыну за хвост і недвухсэнсава даў ёй зразумець, што шчыра любіць усе сардыны. На другую ноч мы прадбачліва падкурчылі пад сябе ногі, каб пакінуць Тарстэйну як мага больш месца; але неўзабаве адбылася падзея, якая прымусіла Тарстэйна перабрацца спаць на скрыню з кухоннай пасудай, што стаяла ў радыёрубцы.

Гэта здарылася праз некалькі начэй. Хмары завалаклі ўсё неба, і было вельмі цёмна; для таго каб таварышы ў час змены вахты бачылі, куды яны ступаюць, пералазячы цераз яго, Тарстэйн паставіў парафінавы ліхтар каля самай сваёй галавы... А чацвёртай гадзіне ночы Тарстэйн прачнуўся, бо ліхтар перакуліўся і штосьці халоднае і мокрае пачало біцца каля яго твару. «Лятучая рыба», — падумаў ён і стаў мацаць у цемры вакол сябе, каб выкінуць яе. Ён дакрануўся да чагосьці доўгага і мокрага, што звівалася, як змяя, і адразу ж адхапіў руку, нібы апёкшыся. Пакуль Тарстэйн спрабаваў запаліць ліхтар, нябачны наведвальнік перапоўз цераз яго да Германа. Герман таксама падхапіўся, ад гэтага прачнуўся і я, думаючы, што гэта кальмар, якія часам з’яўляюцца ўночы ў гэтых водах. Калі нам удалося запаліць ліхтар, мы ўбачылі, што Герман сядзіць з выглядам пераможца, моцна сціскаючы адной рукой шыю доўгай вузкай рыбіны, якая звіваецца, нібы вугор. Рыба мела ў даўжыню каля метра і нагадвала сваім тонкім тулавам змяю; у яе былі вялікія чорныя вочы і доўгая галава з драпежнай зяпай, поўнай доўгіх вострых зубоў. Зубы былі вострыя, як нажы, і маглі адгінацца назад да паднябення, каб прапусціць у горла схопленую ежу. Герман усё яшчэ сціскаў у руках сваю здабычу, як раптам з рота драпежніка выскачыла лупатая белая рыбка даўжынёй каля дваццаці сантыметраў. А ўслед за ёю з’явілася і другая такая самая. Было зусім відавочна, што яны абедзве з’яўляліся глыбакаводнымі рыбамі, якім давялося пабываць на зубах у змяінай рыбы. Тонкая скура змяінай рыбы мела сінявата-фіялетавы колер на спіне і блакітнавата-стальны знізу; яна лёгка здымалася цэлымі шматкамі пад нашымі пальцамі.

Ад усяго шуму прачнуўся, нарэшце, і Бенгт, і мы падсунулі яму пад нос ліхтар і доўгую рыбіну. Ён спрасонку прыўзняўся ў сваім спальным мяшку і ўрачыста прамовіў:

— Не, такой рыбы не бывае.

I, сказаўшы так, спакойна павярнуўся і зноў заснуў.

Бенгт не вельмі памыляўся, гаворачы так. Пазней высветлілася, што мы ўшасцёх, седзячы вакол ліхтара ў бамбукавай каюце, былі першымі людзьмі, якія ўбачылі гэтую рыбіну жывою. На ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі і астравоў Галапагос некалькі разоў знаходзілі толькі шкілеты такой рыбіны; іхтыёлагі назвалі яе Gempylus, або змяінай макрэллю, і думалі, што яна жыве на дне акіяна на вялікай глыбіні, бо ніхто не бачыў яе жывою. Але калі яна і трымалася на вялікай глыбіні, то ва ўсякім разе толькі ўдзень, калі сонца сляпіла яе вялікія вочы. Таму што цёмнымі начамі змяіная макрэль разгульвала па хвалях; знаходзячыся на плыце, мы мелі магчымасць у гэтым пераканацца.

Праз тыдзень пасля таго, як гэтая рэдкая рыбіна трапіла ў спальны мяшок Тарстэйна, да нас з’явіўся другі наведвальнік. Зноў было чатыры гадзіны раніцы, і маладзік ужо зайшоў, так што навокал панавала цемра, але зоркі зіхацелі. Плыт лёгка слухаўся руля, і калі мая вахта скончылася, я вырашыў прайсціся ўздоўж борта да носа, каб, перадаўшы змену, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Як заўсёды ў вахтавых, у мяне вакол пояса была абвязана вяроўка; з парафінавым ліхтаром у руцэ я асцярожна ішоў уздоўж крайняга бервяна, каб абмінуць мачту. Бервяно было мокрае і слізкае, і я страшэнна раззлаваўся, калі хтосьці зусім нечакана схапіўся ззаду за маю вяроўку і пачаў так тузаць, што я ледзь не страціў раўнавагі. Я раз’юшана азірнуўся і пасвяціў ліхтаром, але нікога не ўбачыў. Потым зноў тузанулі за вяроўку, і я заўважыў, што на палубе нешта блішчыць і звіваецца. Гэта была яшчэ адна змяіная макрэль; на гэты раз яна так глыбока ўпілася сваімі зубамі ў вяроўку, што некалькі зубоў зламалася, перш чым мне ўдалося вызваліць яе. Відаць, святло ліхтара падала на белую вяроўку, якая звівалася за мною, і наша госця з глыбіні акіяна схапіла яе, спадзеючыся пажывіцца вельмі доўгім і, напэўна, надзвычай смачным кавалачкам. Яна закончыла свае дні ў слоіку з фармалінам.

Акіян падносіць шмат сюрпрызаў таму, хто жыве ў кватэры, размешчанай на адным узроўні з яго паверхняй, і рухаецца па ім павольна і бясшумна.

Бывае часам, што паляўнічы, які прадзіраўся праз гушчар лесу, вяртаецца і кажа, што не бачыў ніякай дзічыны. А другі паляўнічы сядзіць на пні і чакае, і часта вакол яго пачынаюць чуцца шолахі і трэск, і цікаўныя вочы выглядваюць з зарасніку. Тое самае можна сказаць і пра акіян.

Звычайна мы плаваем па ім, грукаючы машынамі і стукаючы поршнямі, успеньваючы ваду вакол носа карабля. Потым мы вяртаемся і гаворым, што нават сярод акіяна няма на што глядзець.

Калі мы плылі па акіяне, седзячы ля самай вады, не было дня, каб нас не наведвалі цікаўныя госці, якія шнырылі наўкол; некаторыя, як, напрыклад, залатыя макрэлі і лоцманы, так прывыклі да нас, што суправаджалі плыт па акіяну, дзень і ноч круцячыся каля яго.

Калі надыходзіла ноч і зоркі мігцелі ў цёмным трапічным небе, вада вакол нас пачынала фасфарэсцыраваць, спаборнічаючы сваім зіхаценнем з зоркамі. Кожны зіхатлівы планктонны арганізм так нагадваў круглы распалены вугольчык, што мы міжвольна падкурчвалі свае босыя ногі, калі зіхатлівыя шарыкі выкідвала хвалямі на карму плыта. Беручы іх у рукі, мы маглі распазнаць, што гэта былі ярка святлівыя гарнелі[28]. У такія ночы мы часам палохаліся, убачыўшы два круглыя святлівыя вокі, што раптоўна з’яўляліся з вады зусім побач з плытом і пазіралі на нас, не маргаючы, жудасным позіркам, які міжвольна гіпнатызаваў чалавека, — можа, гэта выплыў сам дух мора. Часта гэта былі вялікія кальмары, што з’яўляліся з глыбіні і плавалі на паверхні, ззяючы ў цемры д’ябальскі зялёнымі вачыма, якія нагадвалі сваім бляскам фосфар. А іншы раз гэта былі святлівыя вочы глыбакаводных рыб, якія падымаліся на паверхню толькі ўночы і нерухома ляжалі, утаропіўшыся на нас, зачараваныя цьмяным святлом ліхтара. Некалькі разоў, калі акіян быў спакойны, у чорнай вадзе вакол плыта раптам з’яўляліся круглыя, па 60—90 сантыметраў у дыяметры, галовы, якія, не варушачыся, глядзелі на нас вялікімі бліскучымі вачыма. Іншы раз мы бачылі ноччу ў вадзе святлівыя шары дыяметрам амаль з метр; яны загараліся праз няправільныя прамежкі часу і нагадвалі электрычныя лямпачкі, што ўспыхваюць на адно імгненне.

З цягам часу мы прывыклі да гэтых падземных, ці, правільней кажучы, падводных, істот, што жылі пад намі, і ўсё-такі кожны раз здзіўляліся, калі з’яўлялася новая разнавіднасць. Аднойчы а другой гадзіне ночы, калі неба было зацягнута хмарамі і рулявы ледзь мог адрозніць чорную ваду ад чорнага неба, ён заўважыў слабае святло пад вадой, якое паступова набыло форму вялізнай жывёлы. Нельга было вызначыць, свяціўся гэта планктон на яе целе, ці фасфарэсцыравала сама жывёла, але гэтае мігценне ў чорнай вадзе надавала прывіднай істоце невыразныя зменлівыя абрысы. Яна здавалася то круглай, то авальнай або трохкутнай, а потым раптам падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пачала самастойна плаваць узад і ўперад пад плытом. Урэшце гэтых святлівых зданяў стала тры, і яны апісвалі пад намі павольныя кругі. Гэта былі сапраўдныя страшыдлы, бо толькі бачная частка іх цела мела ў даўжыню 6—8 метраў. Мы ўсе хутчэй выбеглі на палубу і пачалі сачыць за прывідным танцам. Страшыдлы плылі за плытом, і гэтае відовішча працягвалася некалькі гадзін. Таямнічыя і бясшумныя, нашы святлівыя спадарожнікі трымаліся даволі глыбока пад вадой, часцей за ўсё з боку правага борта, дзе гарэў ліхтар, але іншы раз яны праплывалі проста пад плытом або з’яўляліся з левага боку. Мяркуючы па мігценню святла на іх спінах, можна было думаць, што жывёлы гэтыя па памерах большыя за сланоў, але гэта былі не кігы, бо яны ні разу не падняліся на паверхню, каб падыхаць паветрам. Магчыма, мы сустрэліся з гіганцкімі скатамі, якія змяняюць сваю форму, калі паварочваюцца набок? Яны не звярталі ніякай увагі, калі мы падносілі ліхтар да самай паверхні вады, стараючыся выбавіць наверх, каб можна было як след іх разгледзець.

I, як усе сапраўдныя дамавікі і здані, яны зніклі ў глыбіні, як толькі пачало брацца на досвітак.

Нам ніколі не ўдалося б атрымаць правільнае тлумачэнне гэтага начнога наведвання трох святлівых страшыдлаў, каб рашэнне загадкі не прыйшло само па сабе, калі праз паўтара дня пры яркім сснцы да нас з’явіўся яшчэ адзін наведвальнік. Гэта адбылося 24 мая, калі мы дрэйфавалі на лёгкім зыбу, якраз на 95° заходняй даўжыні і 7° паўднёвай шырыні. Было каля паўдня, і мы толькі што выкінулі за борт вантробы дзвюх вялікіх залатых макрэлей, якіх злавілі раніцой. Для таго каб асвяжыцца, я саскочыў з носа плыта ў акіян і, прывязаны да канца вяроўкі, ляжаў у вадзе, гатовы кожную хвіліну пры першай небяспецы вылезці на бярвенні плыта. Раптам я заўважыў тоўстую бурую рыбіну даўжынёй каля двух метраў, якая павольна падплывала ў празрыстай вадзе з яўным намерам бліжэй пазнаёміцца са мною. Я хуценька ўскарабкаўся на край плыта і, седзячы пад гарачымі праменнямі сонца, пачаў назіраць за рыбай; у гэты момант пачуўся дзікі крык Кнута, які сядзеў на карме за бамбукавай каютай. Ён крычаў з усяе сілы «акула!», пакуль голас яго не сарваўся і не перайшоў у фальцэт. Паколькі акулы з’яўляліся ля плыта амаль штодзень, не выклікаючы такога хвалявання, мы ўсе зразумелі, што адбылося нешта зусім асаблівае, і кінуліся на карму, каб ратаваць Кнута.

Кнут сядзеў там на кукішках і мыў у вадзе свае штаны; калі ён на нейкі момант узняў вочы, перад ім была пачварная морда, якой ніхто з нас не бачыў за ўсё сваё жыццё, галава сапраўднага марскота страшыдла — такая вялізная і такая агідная, што калі б нават з’явіўся перад намі сам дух мора, ён не зрабіў бы на нас такога моцнага ўражання. Абапал шырокай і пляскатай, як у жабы, галавы сядзелі два маленькія вокі, а вакол жабінай пашчы, шырынёй траха не паўметра, цягнуліся, звісаючы ля куткоў рота, доўгія складкі.

Галава пераходзіла ў вялізнае тулава, якое заканчвалася доўгім тонкім хвастом са спічастым хваставым плаўніком; плаўнік гэты стаяў зусім прама і сведчыў, што марское страшыдла не належыць да атрада кітоў. Тулава здавалася ў вадзе бураватым, але і галава і цела былі густа ўсыпаны маленькімі белымі плямамі. Страшыдла павольна рухалася, ляніва плывучы за нашай кармой. Яно ашчэрылася, нібы бульдог, і злёгку біла хвастом. Вялікі круглы плаўнік на спіне тырчаў з вады, часам высоўваўся і хваставы плаўнік; а калі страшыдлу здаралася апынуцца ў яміне паміж хвалямі, вада перакочвалася цераз яго шырокую спіну, быццам абмывала нейкі падводны рыф. Перад яго шырокай пашчай веерападобным строем плыла цэлая чарада паласатых, як зебра, лоцманаў, а вялікія прыліпалы і іншыя паразіты сядзелі, моцна ўчапіўшыся ў вялізнае тулава, і падарожнічалі з ім у вадзе; усе разам яны з’яўляліся цікавай калекцыяй, якая размясцілася вакол чагосьці падобнага на плывучую скалу, што глыбока сядзела ў вадзе.

Залатая макрэль, кілаграмаў дзесяць вагой, насаджаная на шэсць самых вялікіх рыбалоўных кручкоў, вісела ззаду плыта як прынада для акул; лоцманы натрапілі на залатую макрэль, патыкаліся носам, не чапаючы яе, а потым заспяшаліся назад да свайго гаспадара і ўладара, марскога цара. Нібы механічная пачвара, ён пусціў у ход сваю машыну і, лёгка слізгаючы ў вадзе, наблізіўся да залатой макрэлі, якая ляжала перад яго пашчай. Мы асцярожна падцягнулі прынаду да самага краю плыта, і марское страшыдла павольна рушыла за ёю. Яно не разяўляла рота, быццам лічачы, што не варта расчыняць насцеж дзверы дзеля такой нікчэмнай дробязі, як макрэль, што стукалася аб яго пашчу. Калі гігант падсунуўся да самага плыта, ён пацёрся спіною аб цяжкае рулявое вясло, і яно адразу выскачыла з вады. Цяпер мы мелі поўную магчымасць разгледзець страшыдла з самай блізкай адлегласці — з такой блізкай адлегласці, што, убачыўшы гэтае невыказна фантастычнае відовішча, мы ўсе нібы звар’яцелі і, недарэчна рагочучы, пачалі штосьці ўзбуджана крычаць. Сам Уолт Дзісней[29], пры ўсёй сіле сваёй фантазіі, не мог бы стварыць больш пачварнае марское страшыдла, чым тое, што раптам апынулася каля нас, варушачы жахлівымі сківіцамі ля краю плыта.

Страшыдла было, як выявілася, кітовай акулай, самай вялікай акулай і самай вялікай рыбай у свеце, якая толькі вядома ў нашы дні.

Яна сустракаецца выключна рэдка, але асобныя экземпляры сям-там трапляліся ў акіянах пад тропікамі. Кітовая акула ў сярэднім мае ў даўжыню 15 метраў і важыць, як сцвярджаюць заолагі, 15 тон. Кажуць, што буйныя экземпляры іншы раз дасягаюць у даўжыню 20 метраў; у забітага з дапамогай гарпуна дзіцяняці печань важыла 300 кілаграмаў, а ў шырокай пашчы налічвалася каля 3 тысяч зубоў.

Страшыдла было такое вялізнае, што, калі яно пачало апісваць кругі вакол плыта і пад ім, яго галава відаць была з аднаго боку, а ўвесь хвост тырчаў з другога. А спераду яго морда здавалася такой непраўдападобна вычварнаю, флегматычнаю і дурною, што мы не маглі ўтрымацца ад смеху, хоць добра разумелі, што хвост страшыдла меў дастаткова сілы, каб у выпадку нападу разматлашыць на кавалкі і бальзавыя бярвенні, і вяроўкі, што звязвалі іх. Зноў і зноў апісвала кітовая акула ўсё вузейшыя кругі пад самым плытом, а мы маглі толькі назіраць і чакаць, што будзе далей. Праплываючы міма кармы, акула мірна і плаўна праходзіла пад рулявым вяслом і прыўзнімала яго ў паветра, між тым як лопасць вясла слізгала ўздоўж яе спіны. Мы стаялі з усіх бакоў палубы з ручнымі гарпунамі напагатове, але яны здаваліся нам чымсьці накшталт зубачыстак у параўнанні з вялізнай жывёлінай, з якой нам трэба было вытрымаць бой. Не было ніякіх адзнак таго, што кітовая акула збіраецца пакінуць нас; яна кружыла вакол плыта і плыла ўслед за намі, нібы верны сабака. Ніхто з нас ніколі дагэтуль не адчуваў і нават не думаў, што яму давядзецца адчуць штосьці падобнае; уся гэтая прыгода з марскім страшыдлам, якое плавала ззаду плыта і пад ім, здавалася нам да такой ступені незвычайнай, што мы сапраўды не маглі паставіцца да яе сур’ёзна.


Кітовая акула кружыла вакол нас каля гадзіны, але нам здавалася, што яе візіт працягваўся цэлы дзень. Нарэшце Эрык, які стаяў з двухмятровым гарпуном на рагу плыта, не вытрымаў і, падбадзёраны нашымі недарэчнымі крыкамі, замахнуўся гарпуном. Кітовая акула павольна слізгала ў напрамку да яго і высунула сваю шырокую галаву якраз ля самага рога плыта. Эрык — сапраўдны асілак — на ўсю моц узмахнуў гарпуном і ўсадзіў яго ў кашчавую галаву акулы.

Прайшло некалькі секунд, перш чым страшыдла як след зразумела, што адбылося. I тады, як згледзець вокам, мірная прыдуркаватая жывёліна ператварылася ў гару стальных мускулаў. Мы пачулі, як са свістам праляцела над бортам вяроўка гарпуна, і ўбачылі фантан вады, калі страшыдла галавой уніз нырнула ў глыбіню. Тры чалавекі, што стаялі бліжэй за іншых, былі збіты з ног; пралятаючы ў паветры, вяроўка балюча сцебанула дваіх з іх. Тоўсты канат, дастаткова моцны, каб утрымаць шлюпку, зачапіўся за край плыта, але адразу ж лопнуў, нібы кавалак шпагату, а праз некалькі секунд выкінутае дрэўка гарпуна паказалася на паверхні вады за дзвесце метраў ад нас. Чарада напалоханых лоцманаў прамільгнула ў вадзе, з усяе сілы стараючыся дагнаць свайго старога гаспадара і ўладара.

Мы доўга чакалі, што страшыдла, нібы падводная лодка, прымчыцца назад; але нам больш не давялося ўбачыць кітовую акулу.

Цяпер мы знаходзіліся ў Паўднёвай экватарыяльнай плыні і рухаліся ў заходнім напрамку роўна за 400 міль на поўдзень ад астравоў Галапагос. Пагроза таго, што нас аднясе да галапагоскіх плыняў, мінула; усё наша знаёмства з гэтым архіпелагам абмежавалася паклонамі, якія нам перадавалі вялікія марскія чарапахі, што заплывалі так далёка ў акіян, несумненна, з гэтых астравоў. Аднойчы мы ўбачылі вялізную марскую чарапаху зусім блізка ад плыта. Яна плюхалася ў вадзе, высунуўшы на паверхню галаву і адну нагу. Калі ўзняўся зыб, мы заўважылі ў вадзе пад чарапахай зялёныя, сінія і залацістыя цені і зразумелі, што чарапаха змагаецца не на жыццё, а на смерць з залатымі макрэлямі. Бой вёўся яўна адным бокам: 12—15 вялікагаловых, ярка афарбаваных макрэлей атакавалі шыю і ногі чарапахі, відаць, спрабуючы даканаць яе зморам, паколькі чарапаха не можа праляжаць цэлы дзень на бруху, уцягнуўшы галаву і ногі пад шчыт.

Як толькі чарапаха заўважыла плыт, яна нырнула і паплыла проста да нас, а ўслед за ёю, даганяючы яе, рушылі зіхатлівыя залатыя макрэлі. Чарапаха падплыла да самага краю плыта і, напэўна, мела намер ускараскацца на бярвенні, як раптам убачыла нас. Калі б мы былі больш спрактыкаваныя, мы лёгка маглі б злавіць яе вяроўкамі, пакуль яе вялікі шчыт пазольна праплываў уздоўж плыта. Але мы прапусцілі зручны момант, занадта доўга разглядаючы яе, і калі пятля была гатова, гіганцкая чарапаха ўжо мінула нос плыта. Мы спусцілі на ваду маленькую гумавую лодку, і Герман, Бенгт і Тарстэйн кінуліся наўздагон у круглай шкарлупіне, якая была толькі крыху большай за тую, што плыла наперадзе. Бенгт як наш аканом у думках ужо смакаваў розныя мясныя стравы і цудоўны суп з чарапахі. Але чым мацней веславалі нашы таварышы, тым хутчэй рухалася пад вадой, амаль на самай паверхні, і чарапаха; не паспелі яны адплыць ад плыта на сотню метраў, як чарапаха раптам бясследна знікла. Што б там ні было, але хлопцы зрабілі адну добрую справу. Калі маленькая жоўтая гумавая лодка, танцуючы на хвалях, накіравалася назад, уся чарада зіхатлівых залатых макрэлей рынулася за ёю. Яны кружыліся вакол новай чарапахі, і самыя смелыя спрабавалі схапіць лопасці вёслаў, што апускаліся ў ваду, нібы ногі чарапахі, за якой яны дагэтуль гналіся. Тым часам мірная чарапаха шчасліва збавілася ад усіх сваіх нахабных ворагаў.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ НА ПАЎДАРОЗЕ

Штодзённае жыццё і эксперыменты. — Вада для экіпажа плыта. — Батат і гарбуз раскрываюць таямніцу. — Какосавыя арэхі і крабы. — Юханес. — Мы плывём па юшцы з рыбы. — Планктон. — Фасфарэсцэнцыя, якую можна есці. — Знаёмства з кітамі. — Мурашкі і марскія качачкі. — Плывучыя любімцы. — Залатыя макрэлі становяцца нашымі спадарожнікамі. — Лоўля акул. — «Кон-Цікі» ператвараецца ў марское страшыдла. — Акулы пакідаюць нам лоцманаў і прыліпал. — Лятучыя кальмары. — Невядомыя наведвальнікі. — Вадалазны кош. — З тунцамі і банітамі ў іх стыхіі. — Неіснуючы рыф. — Таямніца кіля разгадана. — Палова дарогі.


Міналі тыдні. Мы не бачылі ніякіх адзнак карабля. Не сустракалася ў вадзе і прадметаў, якія б сведчылі аб тым, што на свеце існуюць іншыя людзі. Увесь акіян належаў нам; небасхіл быў адкрыты перад намі з усіх бакоў, і ад самога купала неба дыхала сапраўдным спакоем і прыволлем.

Паветра, насычанае свежай соллю, здавалася, звінела, і ўся сінь без адзінай плямкі, што акружала нас, абмывала і ачышчала і цела і душу. Усе складаныя праблемы цывілізаваных людзей здаваліся нам на плыце штучнымі і прывіднымі, не больш як выдумкамі разбэшчанага чалавечага розуму. Рэальнымі былі толькі стыхіі. А стыхіі, відаць, не звярталі ўвагі на маленькі плыт. Ці, хутчэй за ўсё, яны лічылі яго чымсьці натуральным, чымсьці такім, што не парушала гармоніі акіяна і прыстасоўвалася да плыняў і хваль, як птушка або рыба. Цяпер стыхіі былі не страшным ворагам, што з пенай кідаўся на нас, а надзейным сябрам, які цвёрда і ўпэўнена дапамагаў нам рухацца наперад. Вецер і хвалі штурхалі і падганялі, а акіянская плынь пад намі несла нас наперад, да нашай мэты.

Калі б у які-небудзь звычайны дзень, з тых, што мы правялі сярод акіяна, нам сустрэўся карабель, з яго борта было б відаць, што мы спакойна пагойдваемся ўгору і ўніз на доўгай хвалі з дробнымі беленькімі грабеньчыкамі наверсе, яна павольна коціцца ўсё далей і далей, а пасат надзімае наш аранжавы парус і выгінае яго ў бок Палінезіі.

З карабля ўбачылі б на карме плыта загарэлага барадатага голага чалавека, які цягне за пераблытаныя вяроўкі, шалёна змагаючыся з доўгім рулявым вяслом, або — калі надвор’е добрае — проста сядзіць на скрыні, дрэмлючы на гарачым сонцы, і злёгку прытрымлівае пальцамі ног рулявое вясло.

Калі Бенгта не было ля руля, то яго можна было знайсці ў дзвярах каюты, дзе ён, лежачы на жываце, чытаў адну са сваіх сямідзесяці трох кніг па сацыялогіі. Апрача таго, Бенгт выконваў абавязкі аканома і павінен быў штодзённа складаць меню. Германа ў любы час дня можна было бачыць літаральна ўсюды — на верхавіне мачты з метэаралагічнымі прыладамі, пад плытом у вадалазных акулярах за аглядам кіля або ў прывязанай да плыта гумавай лодцы, занятага паветранымі шарамі і нейкім дзіўным вымяральным апаратам. Ён быў у нас начальнікам тэхнічнай часткі і нёс адказнасць за метэаралагічныя і гідраграфічныя назіранні.

Кнут і Тарстэйн заўсёды штосьці рабілі са сваімі напаўсухімі батарэямі, паяльнікамі і схемамі. Для таго каб іх маленькая радыёстанцыя працавала сярод пырскаў і сырасці, на вышыні 30 сантыметраў над паверхняй вады, патрабаваўся ўвесь вопыт, набыты імі ў час вайны. Кожную ноч яны па чарзе пасылалі ў эфір звесткі аб надвор’і. Іх прымалі выпадковыя радыёаматары і перадавалі затым Метэаралагічнаму інстытуту ў Вашынгтон і ў іншыя адрасы. Эрык звычайна сядзеў на палубе, папраўляў парусы і сплятаў канцы вяровак; часам ён выразаў што-небудзь з дрэва або маляваў на паперы барадатых людзей і незвычайных рыбін. Штодзённа, роўна ў поўдзень, ён браў секстант і залазіў на скрыню, каб глянуць на сонца і вызначыць, колькі мы праплылі за мінулыя суткі. У мяне таксама хапала работы: я вёў суднавы журнал, пісаў справаздачы, збіраў планктон, лавіў рыбу, рабіў кіназдымкі. У кожнага быў свой занятак, свая работа, за якую ён адказваў, і ніхто не ўмешваўся ў справы другіх. Усе менш прыемныя работы, як вахта ля руля і прыгатаванне ежы, выконваліся па чарзе. Кожнаму даводзілася праводзіць ля рулявога вясла па дзве гадзіны днём і па дзве гадзіны ноччу. А абавязкі кока кожны з нас выконваў па раскладу дзённых дзяжурстваў. На плыце было не так многа законаў і правілаў: стоячы ўночы на вахце, неабходна абавязкова абвязвацца вяроўкай, выратавальная вяроўка павінна знаходзіцца на пэўным месцы, у каюце няможна есці, а «прыбіральняй» з’яўляецца толькі самы далёкі канец кармавога бервяна. Калі трэба было прыняць важнае рашэнне, мы на манер індзейцаў склікалі ваенны савет і, перш чым што-небудзь пастанавіць, усе разам абмяркоўвалі пытанне.


Звычайна дзень на борце «Кон-Цікі» пачынаўся з таго, што той, хго стаяў апошнім на начной вахце, раскатурхваў кока, і заспаны кухар, вылезшы на мокрую ад расы палубу, залітую ранішнім сонцам, перш за ўсё пачынаў збіраць лятучых рыб. Замест таго каб есці рыбу сырой, як гэта было заведзена ў палінезійцаў і перуанцаў, мы смажылі яе на невялікім прымусе, што стаяў унутры скрыні, моцна прывязанай да палубы перад дзвярыма каюты. Гэтая скрыня была нашай кухняй. Сюды не залятаў вецер — паўднёва-ўсходні пасат, ад якога цяжка было схавацца дзе-небудзь у іншым месцы на плыце. Толькі ў тых выпадках, калі вецер і хвалі занадта энергічна забаўляліся з полымем прымуса, драўляная скрыня загаралася; аднойчы, калі кок заснуў, усю скрыню ахапіла полымем, якое перакінулася на сцяну бамбукавай каюты. Але як толькі дым пранік у каюту, агонь быў зараз жа патушаны: на «Кон-Цікі» хадзіць па ваду было недалёка.

Ад паху смажанай рыбы рэдка калі прачыналіся тыя, што спалі ў каюце, і таму кок, згатаваўшы снеданне, пачынаў торкаць іх відэльцам або запяваў сігнал пабудкі, ды так фальшыва, што тут ужо ніхто не мог доўга вытрымаць. Калі паблізу ад плыта не было відаць плаўнікоў акул, то дзень пачынаўся з кароткага купання ў Ціхім акіяне, пасля чаго снедалі на адкрытым паветры на краі плыта.

Харч быў добры. Мы праводзілі два эксперыменты: адзін меў дачыненне да інтэнданцкага кіраўніцтва XX стагоддзя, другі — да Кон-Цікі і V стагоддзя. Першы дослед быў пастаўлены на Тарстэйне і Бенгце. Яны харчаваліся спецыяльнымі рацыёнамі ў маленькіх тонкіх пакетах, што захоўваліся ў каробках, якія мы пазапіхвалі паміж бярвеннямі і бамбукавай палубай. Дарэчы, Тарстэйн і Бенгт ніколі асабліва не ганяліся за рыбай і іншай марской ежай. Праз кожныя некалькі тыдняў мы развязвалі вяроўкі, якімі бамбукавая па“ луба была прымацавана да бярвенняў плыта, і даставалі новыя запасы. Іх мы потым моцна прывязвалі перад каютай. Шчыльны слой асфальту, што з усіх бакоў пакрываў кардонныя каробкі, вельмі добра ахоўваў іх, між тым як герметычна закрытыя бляшанкі, якія ляжалі побач без упакоўкі, былі папсаваны марской вадой, што ўвесь час плюскацела вакол нашага прадуктовага склада.


У Кон-Цікі, калі ён упершыню падарожнічаў па акіяне, не было ні асфальту, ні герметычна закрытых бляшанак; тым не менш ён не адчуваў сур’ёзных цяжкасцей з прадуктамі харчавання. I тады мараплаўцы харчаваліся тым, што маглі ўзяць з сабою з сушы, і тым, што яны маглі здабыць для сябе ў дарозе. Зусім магчыма, што Кон-Цікі, адплываючы ад берагоў Перу пасля разгрому ля возера Ціцікака, ставіў перад сабой адну з дзвюх наступных мэт. Мажліва, што ён — жывое ўвасабленне сонца сярод свайго народа, які абогатвараў сонца, — асмеліўся паплыць проста ў акіян, каб рухацца па шляху самога сонца, спадзеючыся знайсці новую, больш мірную краіну. Другая мажлівасць заключалася для яго ў тым, каб накіраваць свае плыты ўздоўж узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, высадзіцца дзе-небудзь далей на поўнач і заснаваць там новае царства, да якога не маглі б дабрацца ворагі. Адплыўшы ад заселеных варожымі плямёнамі небяспечных скалістых берагоў, ён, таксама як і мы, апынуўся ў палоне ў паўднёва-ўсходняга пасату і плыні Гумбольдта і па волі гэтых стыхій вымушаны быў апісаць дакладна гэтакі ж вялікі паўкруг проста на захад.

Якія б ні былі планы ў гэтых сонцапаклоннікаў, пакідаючы сваю радзіму, яны, вядома, мелі з сабою запас прадуктаў на час падарожжа. Сушанае мяса і рыба, салодкая бульба з’яўляліся галоўнай часткай іх першабытнага харчу. Калі ў тыя часы людзі выбіраліся ў падарожжа на плытах уздоўж пустэльнага берага Перу, яны бралі з сабой вялікі запас вады. Замест глінянай пасуды яны часцей за ўсё карысталіся вялізнымі бутлямі з гарбузоў, якія не баяліся штуршкоў і ўдараў. Яшчэ больш зручнымі для карыстання на плыце былі тоўстыя ствалы гіганцкага бамбуку; у іх прасвідроўвалі ўсе перагародкі і налівалі ў сярэдзіну ствала ваду праз маленькую дзірку, якую закаркоўвалі якой-небудзь затычкай або залеплівалі смалой ці камеддзю. Трыццаць — сорак тоўстых бамбукавых ствалоў можна было прывязаць уздоўж плыта пад бамбукавай палубай, і там яны ляжалі ў цяньку і ўвесь час абмываліся халаднаватай (26°С у экватарыяльнай плыні) марской вадой. Такі запас вады быў у два разы большы, чым нам спатрэбілася за час падарожжа, а яго можна было і павялічыць, проста прывязаўшы яшчэ некалькі дзесяткаў бамбукаў пад плытом, дзе яцы нічога не важылі б і не займалі б месца.

Пасля таго як мінула два месяцы, мы заўважылі, што прэсная вада зрабілася затхлай і непрыемнай на смак. Але за гэты час заўсёды можна было праплыць тую частку акіяна, дзе выпадае мала дажджоў, і даўно апынуцца ў мясцінах, у якіх запас вады папаўняўся б моцнымі ліўнямі. Мы штодзень выдавалі па літру з чвэрцю вады на чалавека, і далёка не заўсёды гэтая порцыя разыходзілася.

Калі нават нашы папярэднікі выбіраліся ў дарогу, не маючы ў запасе дастатковай колькасці прадуктаў харчавання, яны ўсё ж не адчувалі вялікіх нястач, пакуль рухаліся па акіяну разам з багатай на рыбу плынню. За ўвесь час нашага падарожжа не было таго дня, каб мы не бачылі вакол плыта рыб і не маглі іх злавіць без асаблівай цяжкасці. Амаль кожны дзень хоць некалькі лятучых рыб самі з’яўляліся да нас на плыт. Здаралася нават, што вялікія баніты, вельмі смачныя, траплялі на плыт з хвалямі, якія набягалі на карму, і трапяталіся на палубе, калі вада збягала праз шчыліны між бярвеннямі, нібы праз сіта. Памерці ад голаду было немагчыма.

Старажытныя індзейцы добра ведалі, як можна праганяць смагу, калі няма прэснай вады. Іх спосабам часта карысталіся ахвяры караблекрушэнняў у час апошняй сусветнай вайны, высмоктваючы вільгаць з сырой рыбы. Можна таксама выціскаць сок, загарнуўшы кавалак рыбы ў якую-небудзь анучку, а калі рыбіна вялікая, то прасцей за ўсё выразаць у яе тулаве некалькі ямачак і пачакаць, пакуль яны хутка напоўняцца вадкасцю, якую выдзяляюць лімфатычныя залозы рыбы. На смак гэты напітак не дужа прыемны — калі ў вас ёсць што-небудзь лепшае, — але солі ў ім так мала, што смага праганяецца.

Нам значна менш хацелася піць, калі мы рэгулярна купаліся, а потым мокрыя ляжалі ў засені каюты. Калі ж вакол нас велічна патрулявала акула, не даючы нам магчымасці пакупацца па-сапраўднаму ў акіяне, то дастаткова было проста легчы на карме на бярвенні і моцна трымацца за вяроўкі пальцамі рук і ног. I тады мы прымалі ванны ў празрыстай вадзе Ціхага акіяна, якая перакочвалася цераз нас праз кожныя некалькі секунд.

Калі чалавек пакутуе ў спёку ад смагі, ён звычайна думае, што яго арганізм патрабуе вадкасці, і гэта часта можа прывесці да празмернага выдаткавання запасу вады без ніякай карысці. У сапраўды спякотныя дні ў тропіках можна выпіць столькі цеплаватай вады, што яна пачне падступаць вам да горла, а смага ўсё ж не прападзе. У такіх выпадках арганізм патрабуе не вадкасці, а, якгэта ні дзіўна, солі. У спецыяльныя рацыёны, якія мы мелі з сабой, ўваходзілі таблеткі солі для рэгулярнага прыёму іх у вельмі спякотныя дні, паколькі разам з потам арганізм выдзяляе соль. Нам было асабліва горача, калі вецер зусім сціхаў, а сонца пякло бязлітасна. Мы спрабавалі ўліваць у сябе столькі вады, што яна пачынала хлюпаць у нас у жываце, а нашы глоткі прагна патрабавалі яшчэ і яшчэ. У такія дні мы дабаўлялі да нашага рацыёну прэснай вады ад 20 да 40 працэнтаў горка-салёнай марской вады і, на вялікае здзіўленне, пераконваліся, што гэтая саланаватая вада праганяе смагу. Мы доўга адчувалі ў роце смак марской вады, але ніколі нам не рабілася ад яе моташна; і тым самым мы адначасова павялічвалі свой рацыён вады.

Аднойчы раніцай, калі мы сядзелі за снеданнем, хваля выпадкова плюхнула ў кашу і зусім бясплатна навучыла нас, што аўсянкай у значнай ступені можна перабіць непрыемны смак марской вады.

Старыя палінезійцы захавалі ў памяці цікавыя паданні, паводле якіх іхнія старажытныя продкі, плывучы цераз акіян, мелі з сабой лісце нейкай расліны, якую яны жавалі, каб праганяць смагу. Другая ўласцівасць гэтай расліны заключалася ў тым, што, паклаўшы кавалачак яе ў рот, можна было піць, не адчуваючы агіды, чыстую марскую ваду. На астравах Паўднёвага мора такіх раслін няма; яны, відаць, раслі на радзіме іх продкаў. Палінезійскія гісторыкі настойліва сцвярджалі, што гэта праўдзівыя факты; сучасныя вучоныя зацікавіліся імі і прыйшлі да вываду, што адзінай вядомай раслінай, якая мае такія ўласцівасці, з’яўляецца кока, а расце яна толькі ў Перу. А як даказалі археалагічныя раскопкі, у дагістарычным Перу гэтая самая расліна кока, якая мае ў сабе какаін, заўсёды ўжывалася і інкамі і іх знікшымі папярэднікамі. Выбіраючыся ў цяжкае падарожжа па гарах або ў плаванне па акіяну, яны бралі з сабой пачкі гэтага лісця і шмат дзён запар жавалі яго, каб не адчуваць смагі і стомленасці. Гэта дазваляла ім на працягу пэўнага часу нават без шкоды для сябе піць марскую ваду.

На «Кон-Цікі» нам не давялося пакаштаваць лісцяў кока; у нас на пярэдняй частцы палубы былі вялікія плеценыя кашы, поўныя іншых раслін, якія паклалі глыбокі адбітак на ўсё жыццё астравоў Паўднёвага мора. Моцна прывязаныя кашы стаялі пад аховай сцяны каюты, і, па меры таго як ішоў час, з іх усё вышэй і вышэй падымаліся жоўтыя парасткі і зялёнае лісце. Гэта нагадвала маленькі трапічны сад на драўляным плыце. Калі першыя еўрапейцы з’явіліся на астравах Ціхага акіяна, яны ўбачылі вялікія плантацыі салодкай бульбы на востраве Пасхі, на Гавайскіх астравах і ў Новай Зеландыі; той жа самы батат вырошчвалі таксама на іншых астравах, але толькі ў межах Палінезіі. У тых краінах, што знаходзіліся далей на захад, яго зусім не ведалі. Салодкая бульба з’яўлялася адной з самых важных раслін, якія вырошчвалі на гэтых далёкіх астравах, дзе людзі без яе вымушаны былі б харчавацца галоўным чынам рыбай. З гэтай раслінай звязана шмат палінезійскіх легенд. Паводле падання, яе прывёз не хто іншы, як сам Цікі, калі разам з жонкай Пані з’явіўся з першапачатковай радзімы іх продкаў, дзе салодкая бульба была важным прадуктам харчавання. Новазеландскія легенды расказваюць, што салодкую бульбу прывезлі з-за акіяна на суднах, якія былі не чаўнамі, а «бярвеннямі, звязанымі між сабой вяроўкамі».

Добра вядома, што Амерыка, калі не лічыць Палінезіі, — адзінае месца на зямлі, дзе салодкая бульба расла да таго, як там з’явіліся еўрапейцы.

А салодкая бульба Ipomaea batatas, што прывёз Цікі на астравы, гэта тая самая бульба, якую са старажытных часоў вырошчвалі ў Перу індзейцы.

Сушаная салодкая бульба была самым галоўным прадуктам харчавання ў час падарожжаў і ў індзейцаў старажытнага Перу і ў палінезійцаў. На астравах Паўднёвага мора бататы растуць толькі пры старанным доглядзе, і паколькі яны баяцца марской вады, спроба растлумачыць іх шырокае распаўсюджанне на гэтых ізаляваных астравах тым, што іх магло прынесці з Перу, гэта значыць больш чым за 4 тысячы марскіх міль, акіянскай плынню, зусім беспадстаўная. Гэтая спроба абвергнуць такі важны довад тым больш марная, што, як устаноўлена філолагамі, на ўсіх раскіданых на вялікай прасторы астравах Паўднёвага мора салодкую бульбу называюць «кумара», а пад гэтай самай назвай «кумара» салодкая бульба была вядома ў старажытных індзейцаў у Перу. Назва паплыла ўслед за бататам цераз акіян.

Другой вельмі важнай раслінай, якую вырошчваюць у Палінезіі і якую мы везлі з сабой на «Кон-Цікі», быў гарбуз у форме бутэлькі — Lagenaria vulgaris. Не менш важнае значэнне, чым сам плод, мела абалонка гарбуза — палінезійцы высушвалі яе над агнём і карысталіся потым як пасудзінай для вады. Гэтая тыпічная агародная расліна, якая зноў-такі не магла сама пераплыць акіян і распаўсюдзіцца ў дзікім выглядзе на астравах, была вядома і старажытным палінезійцам і першым жыхарам Перу. Такія гарбузы ў форме бутэлек, ператвораныя ў пасудзіну для вады, мы знаходзім у закінутых дагістарычных магілах на берагах Перу; імі карысталіся там рыбакі за шмат стагоддзяў да таго, як на астравах Ціхага акіяна з’явіліся першыя людзі. Палінезійская назва гэтага гарбуза, «кімі», сустракаецца і сярод індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі, адкуль бярэ свой пачатак культура Перу.

У дадатак да рознай паўднёвай садавіны, што была з’едзена намі за некалькі тыдняў, перш чым яна паспела згніць, мы мелі з сабой трэцюю расліну, якая, гэтак жа як і салодкая бульба, адыграла найбольшую ролю ў гісторыі Ціхага акіяна. У нас было дзвесце какосавых арэхаў, якія давалі работу нашым зубам і забяспечвалі нас асвяжальным напіткам. Некаторыя арэхі неўзабаве пачалі прарастаць, і роўна праз дзесяць тыдняў пасля таго, як мы адплылі ад берагоў Перу, у нас з’явіўся паўтузін малюсенькіх пальмаў вышынёй 30 сантыметраў, парасткі якіх ужо распусціліся, утварыўшы тоўстыя зялёныя лісцікі. Какосавая пальма яшчэ ў дакалумбаўскую эпоху расла і на Панамскім перашыйку і ў Паўднёвай Амерыцы. Аўтар гістарычных хронік Аўеда[30] піша, што какосавыя пальмы раслі ў вялікай колькасці на ціхаакіянскім узбярэжжы Перу, калі там з’явіліся іспанцы. К таму часу какосавыя пальмы даўно ўжо зелянелі на ўсіх астравах Ціхага акіяна. Батанікі пакуль што не маюць пэўных звестак адносна таго, якім шляхам яны распаўсюджваліся па Ціхім акіяне. Але адно зараз ужо ўстаноўлена. Нават какосавы арэх з яго славутай шкарлупінай не можа перабрацца цераз акіян без дапамогі чалавека. Арэхі, якія ляжалі ў нас на палубе ў кашах, заставаліся прыгоднымі для ўжывання і не трацілі здольнасці прарастаць на працягу ўсяго нашага падарожжа ў Палінезію. Але прыкладна столькі ж арэхаў мы палажылі сярод каробак з прадуктамі пад палубай, дзе вакол іх увесь час плюскацелі хвалі. Гэтыя арэхі ўсе да аднаго былі папсаваны марской вадой. А як вядома, ніводзін арэх не можа плыць па акія-не хутчэй, чым бальзавы плыт, які падганяецца ветрам. Пачыналася з таго, што вочкі арэха ўбіралі ў сябе ваду і рабіліся мяккімі, а потым праз іх марская вада пранікала ўсярэдзіну. Апрача гэтага, цэлая армія зборшчыкаў смецця сачыла па ўсім акіяне за тым, каб ніводзін плывучы прыдатны да ежы прадмет не мог перабрацца з адной часткі свету ў другую.

Іншы раз у ціхія дні сярод сіняга акіяна далёка ад усякіх берагоў мы бачылі побач з нашым плытом белае пяро птушкі. Адзінокія буравеснікі і іншыя марскія птушкі, якія могуць спаць на вадзе, сустракаліся нам за тысячы міль ад самай блізкай зямлі. Калі, падплыўшы да маленькага пяра, мы пачыналі яго ўважліва разглядаць, мы бачылі на ім двух — трох пасажыраў, якія з усімі выгодамі плылі туды, куды гнаў іх вецер. Як толькі «Кон-Цікі», нібы нейкі Галіаф, апярэджваў іх, пасажыры, убачыўшы новае судна, што рухалася шпарчэй і было значна большым, пакідалі свае месцы і як мага хутчэй перабіраліся па вадзе на плыт, а пяро плыло далей ужо ў адзіноце. Неўзабаве «Кон-Цікі» кішэў безбілетнымі пасажырамі. Гэта былі маленькія марскія крабы. Велічынёй з пазногаць пальца, а часам і куды большыя, яны з’яўляліся вельмі смачным ласункам для веліканаў на плыце, калі нам удавалася злавіць іх. Маленькія крабы выконвалі ролю паліцэйскіх на паверхні акіяна; яны доўга не думалі, калі бачылі што-небудзь спажыўнае. Варта было коку не заўважыць лятучую рыбу, што ляжала між бярвеннямі, як назаўтра на ёй ужо сядзелі восем або дзесяць маленькіх крабаў і частаваліся, жвава працуючы клюшнямі. Пры набліжэнні каго-небудзь з нас яны часцей за ўсё палохаліся, хутка ўцякалі і хаваліся, але на карме ў маленькай дзірцы ля калоды для рулявога вясла пасяліўся адзін краб — мы назвалі яго Юханесам, — які быў зусім свойскім. Разам з папугаем, нашым агульным любімцам, краб Юханес таксама быў членам нашай кампаніі на плыце. Калі вахтавы, седзячы ў сонечны дзень за рулём спінай да каюты, не бачыў побач з сабой Юханеса, ён адчуваў сябе вельмі адзінокім сярод бязмежнага прастору сіняга акіяна. У той час як іншыя маленькія крабы спалохана ўцякалі і хаваліся, як прусакі на звычайным караблі, Юханес смела сядзеў перад сваімі дзвярыма і, вылупіўшы вочы, чакаў змены вахты. Кожны з нас, выходзячы на вахту, прыносіў крошкі галет або кавалачак рыбы для Юханеса, і дастаткова было нагнуцца над яго нарою, як ён адразу ж з’яўляўся на парозе і працягваў лапкі. Ён клюшнямі збіраў крошкі з нашых пальцаў, бег назад у нюрку і, седзячы ўнізе ля выхаду, перажоўваў яду, нібы школьнік, які напхаў сабе поўны рот.

Крабы, быццам мухі, абляпілі намоклыя какосавыя арэхі, якія лопаліся ад браджэння ўнутры, або жывіліся выкінутым хвалямі на плыт планктонам. А планктон, гэтыя найдрабнейшыя марскія арганізмы, з’яўляўся някепскай ежай нават для нас, веліканаў, калі мы навучыліся здабываць яго па столькі зараз, каб хапіла на ніштаваты глыток.

Гэтыя амаль нябачныя планктонныя арганізмы, што ў незлічонай колькасці плаваюць па акіянах па волі плыняў, з’яўляюцца, бясспрэчна, вельмі пажыўнай ежай. Калі некаторыя рыбы і марскія птушкі самі не ядуць планктону, то ў такім выпадку яны жывуць за кошт іншых рыб або марскіх жывёл, якія, незалежна ад сваіх памераў, часам вельмі вялікіх, харчуюцца ім. Планктон — гэта агульная назва для тысячы відаў бачных і нябачных воку дробных арганізмаў, якія плаваюць у акіяне ля самай паверхні. Некаторыя з іх з’яўляюцца раслінамі (фітапланктон), а астатнія — рыбінымі ікрынкамі, што плаваюць незалежна адна ад адной, або малюсенькімі жывёламі (заапланктон). Жывёльны планктон харчуецца раслінным планктонам, а раслінны планктон жыве за кошт аміячных, азоцістакіслых і азотнакіслых злучэнняў, якія ўтвараюцца пры распадзе мёртвага жывёльнага планктону. Служачы ежай адзін для аднаго, гэтыя два віды планктонных арганізмаў з’яўляюцца ў той жа час харчам для ўсіх, хто рухаецца ў вадзе і над вадой. Праўда, планктонныя арганізмы вельмі малюсенькія па велічыні, але затое па колькасці іх вельмі многа. У шклянцы багатай на планктон вады іх налічваецца тысячы. Не адзін раз людзі паміралі ў моры ад голаду, таму што ім не трапляліся рыбы такой велічыні, каб іх можна было біць восцямі, лавіць сеткай або на кручок. У такіх вьнпадках часта здаралася, што людзі плылі літаральна ў моцна разбаўленай юшцы з сырой рыбы. Калі б да кручкоў і сетак, што былі ў іх, яны мелі прыладу для працэджвання юшкі, сярод якой плылі, яны маглі б атрымаць пажыўную гушчу — планктон. Калі-небудзь у будучым людзі пачнуць, напэўна, думаць аб тым, каб збіраць планктон у моры ў вялікіх маштабах, як калісьці, даўным-даўно, ім прыйшла ў галаву думка збіраць зярняты на зямлі. Ад аднаго зярняці карысці няма, але ў вялікай колькасці яны даюць хлеб.

Адзін вучоны-гідрабіёлаг падзяліўся з намі гэтай ідэяй і прыслаў нам рыбалоўную сетку, якая адпавядала тым стварэнням, што мы збіраліюя лавіць. «Сетка» гэтая была сплецена з шаўковых нітак і мела прыкладна пяцьсот ячэек на квадратны сантыметр. Яна была сшыта ў форме лейкі, шырокі канец якой быў замацаваны вакол жалезнага кальца дыяметрам 45 міліметраў. Сетка плыла на вяроўцы за плытом. Як і пры іншых відах рыбнай лоўлі, уловы бывалі розныя ў залежнасці ад часу і месца. Уловы змяншаліся па меры таго, як вада ў акіяне, далей на захад, рабілася цяплейшай; самыя лепшыя вынікі ў нас бывалі ўночы, паколькі шмат якія віды планктонных арганізмаў пры сонечным святле, відаць, апускаюцца глыбей у ваду.

Калі б у нас не было іншых спосабаў бавіць час на плыце, мы маглі б цэлымі днямі ляжаць, уткнуўшыся носам у планктонную сетку. Не таму, што ад яе ішоў прыемны пах, — наадварот, ён быў досыць-такі непрыемны. I не таму таксама, што гэта было апетытнае відовішча, бо юшка мела, праўду кажучы, агідны выгляд. А таму, што, раскладваючы ўлоў на палубе і разглядаючы няўзброеным вокам кожную з гэтых найдрабнейшых істот паасобку, мы маглі любавацца бясконцай разнастайнасцю фантастычных форм і колераў.

Часцей за ўсё гэта былі падобныя на малюсенькіх гарнелей ракападобныя (капеподы) або асобныя ікрынкі рыб, але трапляліся таксама лічынкі рыб і малюскі, пацешныя мініяцюрныя крабы ўсіх колераў, мядузы і мноства разнастайных дробных стварэнняў, якія, можна было падумаць, з’явіліся з «Фантазіі» Уолта Дзіснея. Адны з іх нагадвалі лятучыя махрыстыя здані, выразаныя з цэлафану, другія былі падобны на малюсенькіх чырванадзюбых птушачак з цвёрдай ракавінай замест пер’яў. У свеце планктону шчодрая на выдумку прырода, здавалася, не ведала межаў; убачыўшы гэтае відовішча, любы мастак-сюррэаліст[31] прызнаў бы сябе пераможаным.

Калі халодная плынь Гумбольдта крыху на поўдзень ад экватара павярнула на захад, мы маглі праз кожныя некалькі гадзін даставаць з сеткі па аднаму — два кілаграмы планктоннай кашкі. Планктон, які збіраўся ў сетцы, нагадваў торт сваімі каляровымі слаямі — бурымі, чырвонымі, шэрымі і зялёнымі — у залежнасці ад таго, па якіх планктонных палях мы праплывалі. Уночы, калі вада вакол нас фасфарэсцыравала, нам здавалася, што мы перабіраем у мяшку зіхатлівыя каштоўныя каменні. Але варта было нам узяць іх у рукі, і скарбы піратаў ператвараліся ў мільёны найдрабнейшых зіхатлівых гарнелей і святлівых рыбіных лічынак, якія ззялі ў цемры, нібы куча распаленых вугольчыкаў. А калі мы перакідвалі іх у вядро, спрасаваная мешаніна расплывалася, нібы цудоўная каша са светлячкоў. Наш начны ўлоў, такі прыгожы здалёк, зблізку меў агідны выгляд. Але хоць ад яго вельмі непрыемна пахла, на смак ён быў параўнальна нішто, калі ў вас хапала мужнасці ўзяць у рот лыжку гэтага фосфару. Калі ўлоў складаўся з карлікавых гарнелей, ён па смаку нагадваў амара, краба або паштэт з крэветак. А калі ў асноўным гэта былі ікрынкі глыбакаводных рыб, дык іх смак нагадваў чорную ікру, іншы раз вустрыц. Непрыгодны для яды раслінны планктон часцей за ўсё складаўся з такіх дробных часцінак, што яны разам з вадой праходзілі праз ячэйкі сеткі, або яны былі такія буйныя, што мы маглі лавіць іх пальцамі. «Шкодным дамешкам» у гэтай страве былі падобныя на шкляныя шарыкі студзяністыя кішэчнаполасцевыя, якія сустракаліся адзінкамі, і медузы велічынёю з сантыметр. Яны былі горкія, і іх прыходзілася выкідваць. Усё астатняе можна было есці або ў натуральным выглядзе, або зварыўшы ў прэснай вадзе нібы кашу ці суп. Густы бываюць розныя. Двое з нас лічылі, што планктон вельмі смачны, двое лічылі, што ён нішто сабе, а для дваіх аднаго яго выгляду было больш чым дастаткова, каб адбіць ахвоту да яды. Па пажыўнасці планктон не ўступае буйным малюскам; прыпраўлены і як след прыгатаваны, ён, бясспрэчна, можа быць першакласнай стравай для ўсіх аматараў марскога харчу.

Тое, што гэтыя маленькія арганізмы маюць у сабе дастаткова калорый, даказана блакітнымі кітамі, якія з’яўляюцца самымі вялікімі ў свеце жывёламі, а харчуюцца планктонам. Наш спосаб лоўлі з дапамогай маленькай сеткі, якую мы часта даставалі з вады пажаванай галоднымі рыбамі, здаваўся нам страшэнна прымітыўным, асабліва пасля таго, як аднаго разу, седзячы на палубе, мы ўбачылі кіта, які, праплываючы непадалёку ад нас, выкідваў каскады вады, проста працэджваючы планктон праз свае цэлулоідныя вусы. А аднойчы ўся наша сетка прапала ў акіяне.

— Чаму б вам, планктонаедам, не рабіць так, як ён? — пагардліва спыталі Тарстэйн і Бенгт у астатніх, паказваючы на кіта, які пускаў фантаны. — Набірайце проста ў рот і выдзімайце ваду праз вусы!

Мне даводзілася бачыць кітоў здалёк з параходаў, і я разглядаў іх чучалы ў музеі, але ніколі ў мяне не ўзнікала адчування, што гэтая гіганцкая туша з’яўляецца такой жа сапраўднай цеплакроўнай жывёлай, як, напрыклад, конь або слон. Вядома, як біёлаг, я прызнаваў, што кіт сапраўднае млекакормячае. Але сам па сабе ён уяўляўся мне з усіх пунктаў погляду вялікай халоднай рыбай. Цяпер жа, калі вялізныя кіты імчаліся да нашага плыта і плылі побач з ім, наша ўражанне было зусім іншым. Аднойчы мы, як звычайна, сядзелі за абедам ля самага краю плыта, так блізка ад вады, што, для таго каб спаласнуць кубкі, нам дастаткова было нахіліцца назад; раптам усе мы ўздрыгнулі ад нечаканасці, калі ззаду ў нас хтосьці цяжка засоп, нібы конь, плывучы па вадзе, і на паверхні з’явіўся вялікі кіт. Ён глядзеў на нас і быў так блізка, што мы бачылі яго дыхала, якое блішчала, нібы наглянцаваны бот. Было так дзіўна чуць сапраўднае дыханне сярод акіяна, дзе ўсе жывыя істоты не маюць лёгкіх і, бясшумна звіваючыся, варушаць сваімі шчэлепамі, што мы сапраўды адчувалі цёплае сяброўскае пачуццё да нашага старажытнага далёкага родзіча — кіта, які, гэтак жа як і мы, забраўся так далёка ў акіян. Замест халоднай, жабападобнай кітовай акулы, у якой не хапала розуму нават на тое, каб высунуць нос і пады́хаць свежым паветрам, на гэты раз нас наведаў хтосьці, хто нагадваў адкормленага вясёлага бегемота з заалагічнага саду, і зрабіў некалькі ўдыхаў і выдыхаў (мне гэта спадабалася больш чым што), перш чым апусціцца пад ваду і знікнуць.

Кіты наведвалі нас шмат разоў. Часцей за ўсё гэта былімаленькія марскія свінні і зубатыя кіты; яны вялікімі чародамі гулялі вакол нас на паверхні вады; але час-ад-часу сустракаліся і вялікія кашалоты або іншыя гіганцкія кіты, якія плавалі па адным або чародамі па некалькі штук. Іншы раз яны праплывалі, быццам караблі, на небасхіле, сюд-туд выкідваючы ў паветра фантаны вады, але часам яны накіроўваліся проста на нас. Першы раз, калі вялікі кіт змяніў курс і яўна знарок рушыў проста да плыта, мы падрыхтаваліся да небяспечнай сутычкі. Па меры таго як кіт набліжаўся, кожны раз, калі ён высоўваў галаву з вады, мы ўсё больш выразна чулі, як цяжка і рэдка пыхкае ён дыхаючы. Здавалася, што ў вадзе насілу рухаецца вялізная, таўстаскурая, нязграбная сухапутная жывёліна, гэтак жа не падобная на рыбу, як кажан не падобны на птушку. Кіт падплыў да левага борта, дзе мы ўсе сабраліся ля самага краю плыта; адзін з нас сядзеў на самым версе мачты і крычаў, што бачыць яшчэ сем ці восем кітоў, якія плывуць да нас.

Вялікі бліскучы чорны лоб першага кіта паказаўся не больш чым за два метры ад нас, але раптам ён апусціўся ў ваду, і потым мы ўбачылі, што вялізная сінявата-чорная спіна павольна слізганула пад плыт якраз пад нашымі нагамі. Нейкі час кіт ляжаў там, цёмны і нерухомы, а мы, затаіўшы дух, глядзелі ўніз на гіганцкую выгнутую спіну млекакормячага, куды большага ў даўжыню за ўвесь наш плыт. Потым яно павольна апусцілася ў глыбіню сіняватай вады і знікла з вачэй. Тым часам вакол плыта сабралася ўся чарада, але кіты не звярталі на нас увагі. Напэўна, людзі самі нападалі першымі на тых кітоў, якія рабілі шкоду сваёй велізарнай сілай і тапілі ўдарамі хваста кітабойныя баркасы. Усю раніцу мы бачылі вакол сябе кітоў, якія шумна саплі, у самых неспадзяваных месцах, але ні разу яны не штурханулі ні плыт, ні рулявое вясло. Яны былі цалкам задаволены тым, што спакойна гулялі ў асветленых сонцам хвалях. Але прыблізна а палове дня ўся чарада, быццам па сігналу, нырнула і знікла назаўсёды.

Не толькі кітоў даводзілася нам бачыць у сябе пад плытом. Падняўшы цыноўкі з чароту, на якіх мы спалі, мы маглі праз шчыліны між бярвенняў глядзець проста ўніз у празрыстую сінюю ваду. Паляжаўшы так пэўны час, можна было заўважыць грудны або хваставы плаўнік, які пагойдваўся ў вадзе, а час-ад-часу і ўсю рыбіну. Калі б шчыліны былі на некалькі сантыметраў шырэйшымі, мы маглі б з усімі выгодамі ляжаць у пасцелі з вудаю і лавіць рыбу пад сваімі матрацамі.

Самымі неадступнымі спадарожнікамі плыта былі залатыя макрэлі і лоцманы. Пачынаючы з таго моманту, калі першыя залатыя макрэлі далучыліся да нас у плыні Гумбольдта за бухтай Кальяо, не было таго дня за ўвесь час падарожжа, каб мы не бачылі буйных экземпляраў, якія звіваліся вакол нас. Што прыцягвала іх да плыта, мы не ведалі; магчыма, іх таямніча вабіла тое, што можна плаваць у цяньку, маючы над сабою дах, які няспынна рухаецца; а мо’, іх вабіла ежа, якую яны знаходзілі ў нашым агародзе з водарасцей і ракавінак, што махрамі звісалі з усіх бярвейняў і рулявога вясла. Абрастанне пачалося з тонкага роўнага слою зеляніны, але потым зялёныя нарасці водарасцей сталі павялічвацца з надзвычайнай хуткасцю, так што «Кон-Цікі», карабкаючыся па хвалях, меў выгляд нейкага барадатага марскога бога. А сярод зялёных водарасцей быў любімы прытулак малюсенькіх малявак і нашых безбілетных пасажыраў — крабаў. Адзін час плыт запаланілі мурашкі. У некаторых бярвеннях былі дробныя чорныя мурашкі, і калі мы апынуліся ў моры і драўніна пачала ўбіраць у сябе вільгаць, мурашкі выпаўзлі і перабраліся ў спальныя мяшкі. Яны былі ўсюды і так кусалі і мучылі нас, што мы пачалі пабойвацца, каб яны не выжылі нас з плыта. Але паступова, калі ў акіяне нас пачало ўсё часцей заліваць хвалямі, мурашкі зразумелі, што такія ўмовы не для іх, і толькі некалькі паасобных насякомых вытрымалі падарожжа цераз акіян. Лепей за ўсіх, таксама як і крабы, адчувалі сябе на плыце марскія качачкі[32] даўжынёю 25—40 міліметраў. Яны пладзіліся сотнямі, асабліва на падветраным баку плыта, і як толькі мы адсылалі дарослых рачкоў у кацёл на суп, маладыя лічынкі ўкараняліся і ішлі ў рост. Рачкі гэтыя мелі свежы і прыемны смак; для салаты мы бралі водарасці — іх таксама можна было есці, але яны былі не такія смачныя. Фактычна мы ні разу не бачылі, каб залатыя макрэлі жывіліся ў агародзе, але яны раз-по-раз паварочваліся сваім бліскучым брухам угору і падплывалі пад бярвенні.


Залатая макрэль — трапічная рыба з бліскучай афарбоўкай — звычайна бывае ў даўжыню ад 100 да 135 сантыметраў і мае вельмі сплюснутае тулава з надта высокай галавой і шыяй. Аднойчы мы выцягнулі на плыт рыбіну даўжынёй 143 сантыметры; яе галава мела ў вышыню 37 сантыметраў. Расфарбоўка ў залатой макрэлі надзвычай прыгожая. У вадзе яна пераліваецца сінімі і зялёнымі колерамі, нібы мясная муха, і зіхаціць залаціста-жоўтымі плаўнікамі. Але калі мы выцягвалі іх з вады, часам назіралася дзіўная з’ява. Паміраючы, рыба паступова змяняла афарбоўку: спачатку станавілася серабрыста-шэрай з чорнымі плямамі, а потым уся серабрыста-белай. Гэта працягвалася чатыры — пяць мінут, пасля чаго зноў павольна аднаўлялася ранейшая афарбоўка. Нават у вадзе залатая макрэль іншы раз змяняе, як хамелеон, свой колер; часта мы заўважалі «новую разнавіднасць» бліскучых рыб меднага колеру, якія, як выяўлялася пры больш блізкім знаёмстве, былі нашымі старымі спадарожнікамі — залатымі макрэлямі.

Высокі лоб рабіў залатую макрэль падобнай на бульдога са сплюснутымі бакамі; і калі драпежнік, нібы тарпеда, кідаўся ў пагоню за чарадой лятучых рыб, ён сваім ілбом рассякаў паверхню вады. Калі залатая макрэль была ў добрым настроі, яна паварочвалася на бок, шпарка імчалася наперад, падскаквала высока ў паветра і, нібы блін, плазам шлёпалася назад; такія скачкі паўтараліся праз аднолькавыя прамежкі часу і кожны раз суправаджаліся слупам пырскаў. Ледзь толькі яна паспявала плюхнуцца ў ваду, як з’яўлялася ў паветры зноў і зноў. Але калі яна была ў кепскім настроі, напрыклад, калі мы выцягвалі яе на плыт, тады яна кусалася. Тарстэйн некалькі дзён накульгваў і хадзіў з анучкай, абвязанай вакол вялікага пальца на назе, бо трапіў ім у рот залатой макрэлі, якая не прапусціла зручнага выпадку запусціць зубы крыху мацней, чым звычайна. Вярнуўшыся на радзіму, нам даводзілася чуць, што залатыя макрэлі іншы раз нападаюць на людзей у час купання і з’ядаюць іх. Гэта было кепскім кампліментам для нас, калі ўлічыць, што мы кожны дзень купаліся сярод залатых макрэлей, не выклікаючы ў іх асаблівай цікавасці. I ўсё-такі яны былі небяспечныя драпежнікі, бо мы знаходзілі ў іх страўніках і кальмараў і цэлых лятучых рыб.

Лятучыя рыбы былі любімай ежай залатых макрэлей. Варта было чаму-небудзь плюхнуць на паверхні вады, і яны стрымгалоў кідаліся туды, спадзеючыся, што гэта лятучая рыба. Часта ў дрымотны ранішні час, калі мы ,жмурачыся, вылазілі з каюты і яшчэ сонныя акуналі зубную шчотку ў акіян, мы адразу прачыналіся, падскакваючы ад нечаканасці, убачыўшы пятнаццацікілаграмавую рыбіну, якая маланкай вылятала з-пад плыта і расчаравана тыцкалася носам у зубную шчотку. Бывала, што мы спакойна снедалі, седзячы на краі плыта, а ў гэты час залатая макрэль выскаквала з вады і так шлёпалася на бок, што марская вада залівала нашы спіны і трапляла ў ежу.

Аднойчы, калі мы сядзелі за абедам, з Тарстэйнам здарыўся выпадак, які бывае толькі ў самых неверагодных апавяданнях паляўнічых. Ён раптам паклаў відэлец і апусціў руку ў акіян; перш чым мы зразумелі, што здарылася, вада забурліла, і вялікая залатая макрэль, звіваючыся, апынулася сярод нас.

Аказваецца, Тарстэйн схапіў канец лёскі, якая павольна праплывала паўз нас і на другім канцы якой вісела на кручку зусім ашаломленая залатая макрэль, тая самая макрэль, што парвала лёску Эрыка, калі ён рыбачыў некалькі дзён таму назад.

Не было таго дня, каб шэсць — сем залатых макрэлей не суправаджалі нас, кружачы вакол плыта і пад ім. У іншы дзень, праўда, іх магло быць толькі дзве або тры, але затое назаўтра іх з’яўлялася штук трыццаць або сорак. Звычайна, калі мы хацелі мець на абед свежую рыбу, дастаткова было папярэдзіць аб гэтым кока за дваццаць мінут загадзя. Тады ён прывязваў кавалак шпагату да кароткай бамбукавай палкі і чапляў на кручок палову лятучай рыбы. I ў той жа момант, рэжучы галавой паверхню вады ў пагоні за кручком, з’яўлялася залатая макрэль; а за ёю па пятах імчаліся яшчэ дзве ці тры. Гэта была цікавая рыбная лоўля. Мяса толькі што злоўленай залатой макрэлі было тугое і смачнае; яно нагадвала адначасова траску і сёмгу і не псавалася дні два, а большага нам і не трэба было, бо рыбы ў акіяне хапала.

Знаёмства з лоцманамі адбывалася ў нас інакш. Акулы прыводзілі іх і пасля сваёй смерці пакідалі нам для ўсынаўлення. Ужо неўзабаве пасля нашага адплыцця плыт наведала першая акула. А потым яны сталі амаль штодзённымі гасцямі. Часам акула проста падплывала, каб паглядзець на плыт, і, апісаўшы вакол нас адзін ці два кругі, плыла далей на пошукі здабычы. Але часцей акулы прыстройваліся за кармой, якраз ззаду рулявога вясла; там яны ляжалі зусім бясшумна, пазіраючы то на адзін, то на другі борт, і толькі зрэдку ледзь прыкметна варушылі хвастом, каб не адстаць ад плыта, які спакойна рухаўся наперад. Шэра-блакітнае тулава акулы, асветленае праменнямі сонца, калі яна знаходзілася ля самай паверхні вады, здавалася бураватым; яно ўзнімалася і апускалася разам з хвалямі, так што спінны плаўнік увесь час пагрозліва тырчаў з вады. Калі мора было бурным, хвалі іншы раз падымалі акулу куды вышэй плыта, тады яна велічна плыла да нас у суправаджэнні мітуслівай світы маленькіх лоцманаў, якія трымаліся ўвесь час перад яе пашчай, і мы бачылі яе ўсю цалкам, нібы ў шкляной скрыні. На працягу некалькіх секунд нам здавалася, што і акула і яе паласатыя спадарожнікі вось-вось апынуцца на самом плыце, але потым плыт грацыёзна нахіляўся ў падветраны бок, карабкаўся на грэбень хвалі і спускаўся з другога боку яе.

Спачатку мы ставіліся да акул з вялікай павагай; прычынай таму былі іх рэпутацыя і пагрозлівы выгляд. У гэтым завостраным тулаве, якое было не што іншае, як вялізны клубок стальных мускулаў, таілася шалёная сіла, а шырокая пляскатая галава з маленькімі зялёнымі кашэчымі вачыма і шырачэзнай пашчай, у якой мог змясціцца футбольны мяч, сведчыла аб бязлітаснай прагнасці. Калі чалавек ля руля крычаў «акула ўздоўж правага борта» або «акула ўздоўж левага борта», мы выскаквалі на палубу, хапалі ручныя гарпуны і восці і станавіліся ў рад уздоўж краю плыта. Звычайна акула бясшумна плавала вакол нас, ледзь не прыціскаючыся спінным плаўніком да бярвенняў. Наша павага да акулы яшчэ больш вырасла, калі мы ўбачылі, што восці гнуліся, як спагецці[33], адскакваючы ад падобнай на наждачную паперу брані на спіне акулы, а наканечнікі ручных гарпуноў ламаліся ў час гарачай сутычкі. Калі нам і ўдавалася прабіць скуру акулы і дабрацца да яе мускулаў і храсткоў, гэта прыводзіла толькі да хвалюючай барацьбы; вада вакол нас кіпела, але ўсё канчалася тым, што акула вырывалася і ўцякала, а на паверхні вады заставалася маленькая маслістая пляма, якая паступова расплывалася.

Каб не страціць наш апошні гарпун, мы звязалі ў пучок некалькі самых вялікіх рыбалоўных кручкоў і засунулі іх у тулава залатой макрэлі. Потым мы спусцілі прынаду за борт, прычым прадбачліва замянілі лёску стальным шматжыльным тросікам, які мы прымацавалі да канца нашай выратавальнай вяроўкі. Акула падплыла павольна і рашуча; высунуўшы галаву над вадой, яна разявіла сваю падобную на серп пашчу, рвануўшы, схапіла цалкам залатую макрэль і праглынула яе. Тут яна і папалася. Распачаўся бой, у час якога акула ўспеніла ўсю ваду вакол плыта, але мы моцна ўчапіліся за вяроўку і падцягнулі вялізнага драпежніка, які супраціўляўся з усяе сілы, да самых бярвенняў кармы; там акула ляжала ўжо спакойна, нібы чакаючы, што будзе далей, і толькі шырока разяўляла пашчу, быццам хочучы запалохаць нас радамі сваіх вострых, як піла, зубоў. Хваля, што набегла ў гэты момант, ускаціла акулу на край слізкіх ад водарасцей бярвенняў; накінуўшы вяровачную пятлю на хваставы плаўнік страшыдла, мы хуценька адбегліся на пачцівую адлегласць і пачалі чакаць, пакуль закончыцца ваенны танец.

У храстку першай акулы мы знайшлі наканечнік нашага ўласнага гарпуна і спачатку думалі, што гэтым тлумачыцца яе параўнальна слабае супраціўленне. Але пазней мы такім жа чынам лавілі адну акулу за другой, і кожны раз без асаблівай цяжкасці. Як бы ні тузалася і ні ўпіралася акула, як бы ні прыходзілася нам напружвацца, каб падцягнуць яе ў вадзе, яна рабілася зусім бездапаможнай і пасіўнай і ніколі не магла поўнасцю паказаць сваю страшэнную сілу, калі толькі нам удавалася туга нацягваць лёску, не паддаючыся ні на сантыметр у гэтай барацьбе — «хто каго перацягне». Акулы, якіх мы выцягвалі на плыт, звычайна мелі ў даўжыню ад двух да трох метраў, і сярод іх трапляліся і блакітныя і бурыя. У апошніх скура, што абцягвала мускулы, была вельмі цвёрдай; для таго каб праткнуць яе вострым нажом, мы павінны былі біць з усяе сілы, і нават тады нож часта адскакваў. На жываце скура была такая ж непрабіваемая, як і на спіне, і адзіным слабым месцам з’яўляліся шчэлепныя шчыліны ля галавы, па пяць штук з кожпага боку.

Выцягнуўшы акулу з вады, мы амаль заўсёды бачылі на яе тулаве чорных слізкіх прыліпалаў. З дапамогай авальнага прысоска на цемені пляскатай галавы яны прылепліваліся так моцна, што нам не ўдавалася адарваць іх, хоць мы з усяе сілы цягнулі за хвост. Але прыліпалы самі маглі адчапіцца і, як згледзець вокам, перабрацца на другое месца. Калі ім надакучвала вісець, моцна прысмактаўшыся да акулы, а іх стары гаспадар не збіраўся вярнуцца ў акіян, яны саскаквалі з яго і знікалі між шчылін плыта, каб плыць на пошукі другога гаспадара. А калі прыліпала не знаходзіў акулы, ён часова прысмоктваўся да скуры якой-небудзь іншай рыбы.

Прыліпалы бывалі розныя — і з палец і сантыметраў трыццаць у даўжыню. Мы спрабавалі паўтарыць стары хітры прыём палінезійцаў, якім яны часам карыстаюцца, калі ім удаецца злавіць жывога прыліпалу. Яны прывязваюць вяровачку да яго хваста і пускаюць у ваду. Прыліпала стараецца прысмактацца да першай трапіўшай на вочы рыбы і чапляецца за яе так моцна, што шчаслівы рыбак можа выцягнуць разам з прыліпалам і рыбу, на якой той трымаецца. Нам не шанцавала. Кожны раз, як толькі мы выпускалі прыліпалу з прывязанай да яго хваста вяровачкай, ён як мага хутчэй кідаўся да плыта і моцна прысмоктваўся да аднаго з бярвенняў, думаючы, што яму трапілася надзвычай добрая вялікая акула. I там ён вісеў, як бы мы ні тузалі за вяроўку. З цягам часу ў нас з’явілася досыць многа такіх невялічкіх прыліпалаў; яны, пагойдваючыся, упарта віселі сярод ракавінак на бярвеннях плыта і падарожнічалі з намі па Ціхім акіяне.

Але прыліпалы былі дурныя і непрыгожыя і ніколі не станавіліся нашымі любімцамі, як іх вясёлыя таварышы — лоцманы. Лоцманы — маленькія цыгарападобныя, паласатыя, нібы зебры, рыбы, якія шпарка плывуць чародкамі перад мордай акулы. Яны атрымалі такую назву таму, што, як калісьці шмат хто думаў, яны служылі лоцманамі для свайго падслепаватага сябра, паказваючы яму дарогу ў моры. На справе ж, яны проста рухаюцца разам з акулай і калі дзейнічаюць незалежна ад яе, дык толькі ў тых выпадках, калі на вочы ім трапляе якая-небудзь ежа. Лоцман суправаджае свайго гаспадара і ўладара да апошняй хвіліны. Але паколькі ён не здольны прычапіцца да скуры гіганта, як гэта робяць прыліпалы, ён доўга не можа апамятацца ад здзіўлення, калі яго стары гаспадар раптам знікае ў паветры і не вяртаецца назад. Тады лоцманы пачынаюць разгублена мітусіцца ўзад і ўперад у пошуках гаспадара і заўсёды вяртаюцца і круцяцца ля кармы плыта, дзе знікла акула. Час ідзе, але акула не вяртаецца, і яны вымушаны шукаць сабе новага гаспадара і ўладара. А пад бокам, бліжэй за ўсіх — сам «Кон-Цікі».

Калі мы лажыліся на край плыта і звешвалі галовы ў празрыстую ваду, ніжняя частка плыта здавалася нам брухам нейкага марскога страшыдла; рулявое вясло нагадвала хвост, а кілі тырчалі нібы тупыя плаўнікі. I паміж імі адзін ля аднаго плавалі ўсе ўсыноўленыя намі лоцманы, якія не звярталі ніякай увагі на галовы людзей, што пускалі бурбалкі; хіба толькі адна — дзве рыбкі імкліва кідаліся ўбок і тыцкаліся нам у нос, каб пасля гэтага зноў спакойна вільнуць назад і заняць сваё месца ў радах нястомных плыўцоў.

Нашы лоцманы патрулявалі двума атрадамі: большая частка плавала паміж кілямі, астатнія прыгожым, падобным на веер строем рухаліся перад самым носам плыта. Час-ад-часу яны імкліва кідаліся ўбок, каб схапіць якую-небудзь прыгодную для яды драбязу, што праплывала міма; а пасля нашых абедаў, калі мы мылі за бортам пасуду, можна было падумаць, што разам з аб’едкамі мы высыпалі ў ваду цэлую скрынку цыгар — паласатых лоцманаў. Яны не прапускалі, папярэдне не пазнаёміўшыся, ніводнага кусочка, і калі ён быў не расліннага паходжання, то лоцманы адразу ж глыталі яго. Гэтыя пацешныя рыбкі туліліся пад нашым; крыльцам з такой дзіцячай даверлівасцю, што мы, нібы тыя акулы, адчувалі да іх нейкую бацькоўскую спагаду. Лоцманы зрабіліся марскімі любімцамі «Кон-Цікі», і было ўстаноўлена «табу», якое забараняла крыўдзіць іх.

Сярод нашай світы былі, вядома, лоцманы, якія яшчэ не выйшлі з дзіцячага ўзросту, бо яны мелі ў даўжыню трошкі больш, чым два сантыметры, у той час як большасць была даўжынёй сантыметраў пятнаццаць. Калі кітовая акула, пасля таго як Эрык усадзіў ёй у чэрап гарпун, кінулася з хуткасцю маланкі прэч, некаторыя з лоцманаў, што суправаджалі яе, перайшлі на бок пераможца; яны былі ў даўжыню па шэсцьдзесят сантыметраў. Неўзабаве пасля шэрагу перамот за «Кон-Цікі» плыло следам 40—50 лоцманаў, і многім з іх так спадабалася спакойнае плаванне і штодзённыя аб’едкі, што яны суправаджалі нас на працягу тысяч міль.

Але часам лоцманы здраджвалі нам. Аднойчы ў час вахты ля руля я звярнуў увагу на тое, што на поўдзень ад нас вада раптам забурліла, і ўбачыў вялізную чараду залатых макрэлей, якія, нібы бліскучыя тарпеды, імчаліся ў наш бок. Звычайна яны набліжаліся, мірна гуляючы, то падскакваючы, то шлёпаючыся назад у ваду пляскатымі бакамі; на гэты раз яны імчаліся з шалёнай хуткасцю больш па паветры, чым па вадзе. Сіні зыб быў узбіты ў белую пену сутаргавымі рухамі ўцекачоў, што ляцелі без усякага парадку; а за імі, быццам быстраходны кацер, зігзагамі імчалася нечая чорная спіна. Залатыя макрэлі вялізнымі скачкамі наблізіліся да самага плыта; тут яны нырнулі і ўсёй чарадой, у якой было траха не сто штук, цесна збіўшыся, кінуліся на ўсход, так што ўсё мора ў нас за кармой зазіхацела яркімі фарбамі. Бліскучая спіна таго, хто гнаўся за імі, напалову паказалася над вадой, апісаўшы прыгожую крывую, нырнула пад плыт і памчалася, як тарпеда, за чарадой залатых макрэлей. Гэта была надзвычай здаравенная блакітная акула, даўжынёй, бадай што, каля шасці метраў. Калі яна знікла, мы не далічыліся часткі нашых лоцманаў. Яны знайшлі больш прывабнага марскога героя і вырашылі далучыцца да яго.

На думку спецыялістаў, з усіх марскіх жывёл больш за ўсё нам трэба было асцерагацца кальмараў, паколькі яны маглі забрацца на плыт. У Нацыянальным геаграфічным таварыстве ў Вашынгтоне нам паказалі справаздачы і драматычныя здымкі, зробленыя пры ўспышках магнію; гэтыя здымкі сведчылі, што адзін з раёнаў плыні Гумбольдта вельмі часта наведваюць велізарныя кальмары, якія ўночы выплываюць на паверхню акіяна. Яны такія пражэрлівыя, што калі адзін з іх, схапіўшы кавалак мяса, трапляе на кручок, дык адразу ж з’яўляецца другі і пачынае жэрці свайго родзіча, які апынуўся ў палоне. У іх такія шчупальцы, што імі яны распраўляюцца з вялікай акулай і пакідаюць страшэнныя шрамы на целе кітоў; а паміж шчупальцамі ў іх схавана не слабейшая, чым у арла, дзюба. Нам напаміналі, што кальмары часта ляжаць на вадзе, свецячы ў цемры вачыма, і што, калі нават яны палянуюцца ўскараскацца на сам плыт, то сваімі доўгімі шчупальцамі змогуць пранікнуць ва ўсе куткі нашага судна. Нас зусім не цешыла перспектыва адчуць, як халодныя шчупальцы сціскаюць нам ноччу шыю і выцягваюць са спальных мяшкоў; таму на выпадак, калі б мы раптам прачнуліся ад дотыку шчупальцаў, мы ўзялі з сабой цяжкія нажымачэце, па аднаму на кожнага. Думка аб кальмарах больш за ўсё трывожыла нас перад адплыццём, асабліва пасля таго, як акіянографы ў Перу загаварылі з намі на гэтую самую тэму і прадэманстравалі карту, на якой самы небяспечны ўчастак быў абазначаны якраз у плыні Гумбольдта.

Доўгі час мы не прыкмячалі ніякіх адзнак гэтых малюскаў ні на плыце, ні ў акіяне. Але вось аднойчы раніцай мы атрымалі першае папярэджанне, што яны знаходзяцца ў гэтых водах. Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі на плыце маленькае дзіцяня кальмара; яно было велічынёю з ката. Уночы яно без усякай дапамогі збоку ўзлезла на палубу і цяпер ляжала мёртвае, абвіўшы шчупальцамі бамбукавую жэрдку перад дзвярыма каюты. Густая чарнільна-чорная вадкасць расцяклася па бамбукавай палубе і ўтварыла лужынку вакол кальмара. Мы спісалі некалькі старонак у суднавым журнале гэтым чарнілам, якое нагадвала чорную туш, а потым выкінулі труп дзіцяняці за борт на радасць залатым макрэлям.

Мы палічылі, што гэтае нязначнае здарэнне прадказвае з’яўленне больш буйных начных наведвальнікаў. Калі дзіцяня магло забрацца на плыт, дык тым больш здольны на гэта яго галодны бацька. Нашы продкі адчувалі, напэўна, тое ж, што і мы, калі яны плавалі на сваіх караблях у эпоху вікінгаў і думалі аб духу мора.

Але наступная падзея зусім збіла нас з панталыку. Неяк раніцай мы знайшлі на вільчаку нашага даху з пальмавага лісця маладога кальмара, які меў яшчэ меншыя памеры. Мы ніяк не маглі гэта вытлумачыць. Залезці туды сам ён не мог, бо чарнільныя плямы былі відаць толькі вакол яго, пасярэдзіне даху. Яго не магла ўпусціць туды марская птушка, бо на ім не было ніякіх пашкоджанняў або слядоў ад дзюбы. Мы вырашылі, што яго закінула на дах хваляй, хоць ні адзін з тых, хто стаяў на вахце, не мог успомніць, каб уночы была такая хваля, якая б залівала плыт. Мінала адна ноч за другой, і мы рэгулярна знаходзілі на плыце новых маладых кальмараў, самы маленькі сярод якіх быў велічынёю з сярэдні палец.

Неўзабаве мы прывыклі да таго, што кожную раніцу на палубе сярод лятучых рыб ляжалі адзін — два маленькія кальмары, нават калі ўночы мора было зусім спакойнае. Гэтыя маладыя кальмары належалі да той самай чортавай разнавіднасці, пра якую нам расказвалі; яны мелі восем доўгіх шчупальцаў, усеяных круглымі прысоскамі, і два яшчэ даўжэйшыя, з падобнымі на калючкі кручкамі на канцы. Але вялікія кальмары ні разу не з’яўляліся на плыце. У цёмныя ночы мы бачылі, як павольна праплывалі ля самай паверхні вады, ззяючы фосфарным святлом, чыесьці вочы; і толькі ўсяго адзін раз акіян вакол нас закіпеў і забурліў, калі штосьці падобнае на вялікае кола ўсплыло наверх і перавярнулася ў паветры, а некаторыя з нашых залатых макрэлей, ажно выскакваючы ад жаху з вады, кінуліся наўцёкі. Але чаму вялікія кальмары ніколі не з’яўляліся на плыце, у той час як маленькія былі пастаяннымі начнымі наведвальнікамі, доўга заставалася для нас таямніцай; рашэнне гэтай загадкі мы знайшлі толькі праз два месяцы — два месяцы, за якія мы назапасілі багаты вопыт; у той час мы знаходзіліся ўжо па-за межамі злашчаснага раёна кальмараў.

Маладыя кальмары па-ранейшаму з’яўляліся на плыт. Аднойчы сонечнай раніцай мы ўсе ўбачылі чараду нейкіх бліскучых стварэнняў, што выскаквалі з вады і ляцелі па паветры, нагадваючы вялікія кроплі дажджу, між тым як мора кіпела ад залатых макрэлей, якія гналіся за імі. Спачатку мы думалі, што гэта чарада лятучых рыб, бо ў нас на плыце пабывала ўжо тры разнавіднасці іх. Але калі яны наблізіліся і некаторыя пачалі пералятаць над плытом на вышыні прыкладна паўтара метра, адно з гэтых стварэнняў стукнулася аб грудзі Бенгта і шлёпнулася на палубу. Гэта быў маленькі кальмар. Нашаму здзіўленню не было канца. Калі мы змясцілі яго ў брызентавае вядро, ён усё адпіхваўся і падскакваў угору, але ў маленькім вядры не мог як след разагнацца і толькі напалову выскакваў з вады. Усім вядома, што кальмар звычайна плавае па прынцыпу ракетнага самалёта. Ён з вялікай сілай прапускае ваду праз закрытую трубку, што праходзіць збоку ў яго тулаве, і такім чынам можа даволі хутка, штуршкамі, рухацца назад; падкурчыўшыўсе свае шчупальцы і склаўшы іх, нібы кісць рукі, на галаве, ён набывае абцякаемую, як у рыбы, форму. З бакоў ён мае дзве круглыя тоўстыя складкі скуры, якія звычайна служаць для кіравання і для таго, каб зручней было плаваць у вадзе. Але вось мы выявілі, што безабаронныя маладыя кальмары, якія з’яўляюцца любімай пажывай для многіх буйных рыб, могуць уцякаць ад сваіх ворагаў, узнімаючыся ў паветра, нібы лятучыя рыбы. Яны ажыццявілі на практыцы прынцып ракетнага самалёта задоўга да таго, як чалавечы геній натрапіў на гэтую ідэю. Яны напампоўваюць і выпускаюць з сябе марскую ваду да таго часу, пакуль не набываюць вялізнай хуткасці, а потым, распрастаўшы складкі скуры, нібы крылы, яны адрываюцца пад вуглом ад паверхні вады. Як і лятучыя рыбы, маладыя кальмары імчацца планіруючым палётам над хвалямі, пакуль дазваляе ўзяты імі разгон. Пасля гэтага выпадку мы пачалі звяртаць на іх увагу і часта бачылі, як яны па адным, па два або па тры праляталі 45—55 метраў. Той факт, што кальмар можа планіраваць, быў навіной для ўсіх заолагаў, з якімі нам давялося сустрэцца, пасля таго як мы вярнуліся з экспедыцыі.

Бываючы ў гасцях у мясцовых жыхароў на ціхаакіянскіх астравах, я часта еў кальмараў. На смак яны нагадваюць сумесь амара і гумы. Але на «Кон-Цікі» кальмары займалі апошняе месца ў нашым меню. Калі яны бясплатна траплялі нам у рукі, мы мянялі іх на што-небудзь іншае. Абмен адбываўся наступным чынам: мы начэплівалі кальмара на кручок і закідвалі яго ў акіян, а потым выцягвалі назад разам з вялікай рыбінай, што ўчапілася ў яго. Маладыя кальмары падабаліся нават тунцам і банітам, а гэтыя рыбы займалі ў нашым меню ганаровае месца.

Мы не адчувалі недахопу ў новых знаёмствах, калі нас павольна несла па акіяну. У маім дзённіку ёсць шмат запісаў, падобных на гэтыя:

«11/5. Сёння, калі мы вячэралі на краі плыта, нейкая вялізная марская жывёліна двойчы з’яўлялася на паверхні побач з намі. Яна страшэнна плюхала, потым знікла. Мы не можам нават здагадацца, што гэта за жывёліна.

6/6. Герман бачыў тоўстую цёмную рыбіну з шырокім белым брухам, вузкім хвастом і калючкамі. Яна некалькі разоў выскаквала з вады з боку правага борта.

16/6. З левага борта відаць цікавая рыбіна. У даўжыню каля двух метраў, максімальная шырыня 30 сантыметраў, доўгая тонкая галава бурага колеру, вялікі спінны плаунік ля галавы і крыху меншы на сярэдзіне спіны, магутны, падобны на серп, хваставы плаўнік. Трымаецца ля паверхні, часам плавае, звіваючыся, як вугор. Калі Герман і я з ручным гарпуном паплылі ў гумавай лодцы, яна нырнула. Праз некаторы час паказалася зноў, але неўзабаве нырнула і знікла.

17/6. У поўдзень Эрык сядзеў на верхавіне мачты і заўважыў 30—40 доўгіх вузкіх рыб бурага колеру — гэтакіх жа, як учора. На гэты раз яны шпарка набліжаліся з левага боку і знікалі за кармой, прамільгнуўшы ў вадзе, нібы буры пляскаты цень.

18/6. Кнут заўважыў нейкае стварэнне, падобнае на змяю, вузкае, даўжынёю сантыметраў 60—90; яно было відаць у вадзе ля самай паверхні і то разгіналася, то згіналася, а потым нырнула, звіваючыся, быццам змяя».

Часам мы павольна праплывалі міма вялікай цёмнай масы, што нерухома ляжала ля самай паверхні, нагадваючы падводную скалу па плошчы велічынёй з добры пакой. Хутчэй за ўсё, гэта быў гіганцкі скат з вельмі кепскай рэпутацыяй, але ён ні разу не зварухнуўся, а мы ні разу не падплывалі так блізка, каб можна было добра разгледзець яго абрысы.

Паколькі ў вадзе вакол нас была такая разнастайная кампанія, час заўсёды праходзіў хутка. Горш было, калі нам самім даводзілася даваць нырца ў акіян і аглядаць вяроўкі з ніжняга боку плыта. Аднойчы адзін з кіляў выпаў і слізгануў пад плыт; там ён заблытаўся ў вяроўках, і мы не маглі яго дастаць. Лепш за ўсіх ныралі Герман і Кнут. Двойчы Герман падплываў пад плыт і, лежачы там сярод залатых макрэлей і лоцманаў, спрабаваў вызваліць дошку. Ён толькі што вынырнуў другі раз і прысеў на краі плыта, каб перавесці дух, як раптам за якія-небудзь тры метры ад яго мы заўважылі двухзпаловайметровую акулу, якая павольна падымалася з глыбіні, накіроўваючыся да кончыкаў пальцаў яго ног.Магчыма, мы былі ў адносінах да акулы несправядлівымі, але нам здалося, што яна мае не зусім добрыя намеры, і мы ўсадзілі ёй гарпун у чэрап. Акула палічыла сябе пакрыўджанай, і пачалася барацьба, ад якой узняліся фантаны пырскаў; у выніку акула знікла, пакінуўшы маслістую пляму на паверхні вады. А аблытаны вяроўкамі кіль так і застаўся ляжаць пад плытом.

Тады Эрык надумаўся змайстраваць вадалазны кош. Мы мелі пад рукамі мала матэрыялаў, але ў нас былі бамбук, вяроўкі і стары кош з лубу, у якім ляжалі какосавыя арэхі. З дапамогай бамбуку і сплеценых вяровак мы падоўжылі верх каша і цяпер маглі спускацца за борт у ім. Спакуслівыя ногі былі схаваны ў кашы, і хоць вяровачная сетка мела толькі псіхалагічнае ўздзеянне і на нас і на рыб, усё-такі, калі хто-небудзь імчаўся на нас з варожымі намерамі, мы маглі ў той жа момант скурчыцца на дне каша, а таварышы, якія заставаліся ца палубе, адразу выцягнулі б нас з вады.

Вадалазны кош з’явіўся не толькі карыснай рэччу, але з цягам часу стаў для нас цудоўным месцам для цікавых назіранняў. Ён даваў нам магчымасць вывучаць плывучы акварыум, што знаходзіўся пад намі.

Калі акіян спакойна каціў свае хвалі, мы па чарзе залазілі ў кош, і нас спускалі пад ваду, дзе мы заставаліся, пакуль хапала запасу паветра, набранага ў лёгкія. Унізе ў вадзе святло неяк дзіўна змянялася і прадметы не адкідвалі ценю. Варта было нашым вачам апынуцца пад вадой, і крыніца святла — у адрозненне ад нашага надводнага свету — нібы пераставала існаваць. Пераломленыя праменні даходзілі да нас не толькі зверху, але і знізу; сонца больш не ззяла, яно было ўсюды. Калі мы глядзелі ўгору, на дно плыта, дык нам здавалася, што яно ярка асветлена; дзевяць вялікіх бярвенняў і ўся сетка вяровачных мацаванняў разам з гірляндамі ярка-зялёных водарасцей, што, пагойдваючыся, звісалі з усіх бакоў плыта і з рулявога вясла, — усё было заліта таямнічым святлом. Лоцманы плавалі стройнымі радамі, падобныя на зебраў у рыбінай скуры, а вялікія залатыя макрэлі нястомна, насцярожана, шпарка апісвалі кругі, высочваючы здабычу. Тут і там святло падала на набрынялую чырвоную драўніну кіля, які вытыркаў уніз са шчыліны; на дошцы сядзела мірная калонія белых марскіх качачак; рытмічна варушачы махрастымі жоўтымі шчэлепамі, яны ўбіралі ў сябе кісларод і ежу. Калі хто-небудзь набліжаўся да іх, яны хуценька закрывалі палавінкі сваіх ракавін з чырвонай і жоўтай аблямоўкай і сядзелі за зачыненымі дзвярыма, пакуль не пераконваліся, што небяспека мінула. Тут унізе святло вызначалася дзівоснай выразнасцю і на нас, прывыклых на палубе да трапічнага сонца, уздзейнічала вельмі супакойваюча. Нават тады, калі мы глядзелі ўніз, у бяздонную глыбіню акіяна, дзе пануе вечная чорная ноч, гэтая ноч паўставала перад намі афарбаванай у прыемны блакітны колер, бо ад яе адлюстроўваліся сонечныя праменні. Мы былі вельмі здзіўлены, што, знаходзячыся ля самай паверхні, можам бачыць рыб, якія плаваюць далёка ўнізе, у глыбіні яснай чыстай сіні. Магчыма, гэта былі баніты, але сустракаліся і іншыя віды; яны плавалі на такой глыбіні, што мы не маглі іх пазнаць. Часам яны трымаліся вялізнымі чародамі, і мы часта задавалі сабе пытанне: уся акіянская плынь поўная рыбы, ці гэтыя чароды, што праплывалі ўнізе, у глыбіні, знарок сабраліся пад «Кон-Цікі», каб некалькі дзён пабыць у нашай кампаніі.

Больш за ўсё нам падабалася апускацца ў ваду, калі нас наведвалі вялікія тунцы з залатымі плаўнікамі. Іншы раз яны прыплывалі да плыта вялікімі чародамі, але часцей з’яўляліся па два або па тры і некалькі дзён запар апісвалі вакол нас спакойныя кругі, пакуль нам не ўдавалася падчапіць іх на кручок. З плыта яны здаваліся проста вялікімі нязграбнымі рыбінамі бураватага колеру, без якіх-небудзь там упрыгожанняў; але калі мы спускаліся да іх у іхнюю ўласную стыхію, яны раптам ні з таго ні з сяго змянялі і колер і форму. Змена гэтая была такая незразумелая, што мы некалькі разоў вымушаны былі падымацца на паверхню і зноў вызначаць напрамак, каб праверыць, ці тыя самыя гэта рыбы, на якіх мы глядзелі ў вадзе. Вялікія рыбіны не звярталі на нас ніякай увагі; яны па-ранейшаму спакойна рабілі свае велічныя манеўры і набывалі такую зграбную форму, якой мы не бачылі ні ў адной іншай рыбы, а іх афарбоўка рабілася бледна-ліловай, з металічным адценнем. Сваімі дасканалымі прапорцыямі і абцякаемай формай яны нагадвалі магутныя тарпеды, што зіхацяць серабром і сталлю, і ім дастаткова было ледзь-ледзь паварушыць адным або двума плаўнікамі, каб іх тулава вагой 70—80 кілаграмаў з невыказнай зграбнасцю пачынала слізгаць у вадзе.

Чым бліжэй знаёміліся мы з акіянам і яго жыхарамі, тым менш мы дзівіліся, і тым больш прывычным ён рабіўся для нас. I мы навучыліся паважаць старажытныя першабытныя народы, якія жылі ў цеснай сувязі з Ціхім акіянам і таму ведалі такія яго асаблівасці, аб якіх мы не маем уяўлення. Вядома, мы ўстанавілі цяпер, колькі солі знаходзіцца ў вадзе акіяна, і далі тунцам і залатым макрэлям лацінскія назвы. Старажытныя палінезійцы гэтага не зрабілі. I ўсё ж баюся, што першабытныя народы мелі аб акіяне больш правільнае ўяўленне, чым мы.

Тут, у акіяне, амаль не было вехаў, якія б паказвалі дарогу. Хвалі і рыбы, сонца і зоркі з’яўляліся і знікалі. Меркавалася, што ніякай сушы не існуе на ўсёй прасторы, роўнай 4 300 марскім мілям, якія аддзяляюць астравы Паўднёвага мора ад Перу. Таму мы вельмі здзівіліся, калі, набліжаючыся да 100° заходняй даўжыні, убачылі, што на карце Ціхага акіяна, проста перад намі па курсу, якім мы плылі, маленькім кружочкам абазначана падводная скала. Паколькі карта была выдадзена ў гэтым годзе, мы заглянулі ў «Лоцыю Паўднёвай Амерыкі». Мы прачыталі: «У 1906, а затым зноў у 1926 годзе былі заўважаны буруны прыкладна на адлегласці ў 600 міль на паўднёвы захад ад астравоў Галапагос, пад 6° 42' паўднёвай шырыні, 99° 43' заходняй даўжыні. У 1927 годзе параход прайшоў за адну мілю на захад ад гэтага пункта, але з яго не заўважылі ніякіх бурунаў; у 1934 годзе другі параход прайшоў за адну мілю на поўдзень ад гэтага месца і таксама не выявіў ніякіх слядоў бурунаў. Маторнае судна «Кауры» ў 1935 годзе, робячы прамеры, не дасягнула ў гэтым пункце дна на глыбіні 300 метраў».

Паводле карт, плаванне ў гэтым раёне ўсё яшчэ лічылася справай рызыкоўнай, але паколькі нашаму плыту пры занадта блізкім набліжэнні да мелі пагражала меншая небяспека, чым судну з глыбокай асадкай, мы вырашылі накіравацца проста да месца, адзначанага на карце, і паглядзець, што там знаходзіцца. Падводная скала была адзначана крышку на поўнач ад таго пункта, да якога мы, відаць, трымалі курс; таму мы павярнулі руль управа і падцягнулі чатырохкутны парус так, што нос плыта быў нацэлены прыкладна на поўнач, а хвалі і вецер мы сустракалі з правага борта. Цяпер у нашы спальныя мяшкі трапляла ціхаакіянскай вады трохі больш, чым звычайна; ды і вецер у гэты час значна ўзмацніўся. Але мы з радасцю пераканаліся, што «Кон-Цікі» можна зусім упэўнена кіраваць, ідучы нават пад вельмі вялікім вуглом у бок ветру, калі толькі мы не гублялі яго. У такім выпадку парус пачынаў паласкацца, і мы вымушаны былі выконваць цыркавыя нумары, каб прымусіць плыт зноў слухацца руля. На працягу двух дзён і начэй мы вялі плыт на паўночна-паўночны захад. Хвалі ўзнімаліся высока, і калі пасат зрабіўся няўстойлівым і дзьмуў то з паўднёвага ўсходу, то з усходу, яны ішлі ўжо няспыннымі радамі; але мы плылі і плылі, узнімаючыся і апускаючыся разам з валамі, што падалі на нас. На верхавіне мачты ўвесь час хто-небудзь дзяжурыў, і калі плыт падымаўся на грэбень, гарызонт перад намі значна пашыраўся. Грабяні хваль узнімаліся амаль на два метры вышэй даху нашай бамбуковай каюты; а калі дзве магутныя хвалі навальваліся на нас адначасова, то, сутыкнуўшыся, яны ўзляталі яшчэ вышэй і ператвараліся ў шыпячы вадзяны смерч, які мог наляцець на нас з любога боку. Калі настала ноч, мы забарыкадавалі ўваход у каюту скрынямі з прадуктамі; але акіян раз-по-раз парушаў наш спакой. Не паспелі мы заснуць, як затрашчала бамбукавая сцяна; тысячы струменяў вады фантанамі паліліся на нас праз бамбукавую пляцёнку, а ўспенены паток лінуў на скрыні з прадуктамі, а потым — усярэдзіну каюты.

— Паклічце па тэлефоне водаправодчыка, — пачуў я нечы сонны голас, калі мы скурчыліся, каб даць вадзе магчымасць сцячы праз падлогу. Водаправодчык не прыйшоў, і ў гэтую ноч мы, лежачы ў пасцелі, прынялі не адну ванну. У час вахты Германа на плыт выпадкова завітала вялікая залатая макрэль.

Назаўтра хвалі крыху супакоіліся, бо пасат вырашыў, што цяпер ён нейкі час будзе дзьмуць з усходу. Мы змянялі адзін аднаго на верхавіне мачты, бо можна было чакаць, што пад вечар мы дасягнем таго пункта, да якога плылі. У гэты дзень мора здавалася нам больш ажыўленым, чым заўсёды. Магчыма, гэта тлумачылася тым, што раней мы не прыглядаліся так пільна.

Пасля поўдня мы ўбачылі вялікую меч-рыбу, якая набліжалася да плыта, плывучы ля самай паверхні. Два спічастыя плаўнікі, што тырчалі з вады, знаходзіліся адзін ад аднаго амаль за два метры, а меч, здавалася, быў гэтакі ж доўгі, як і тулава. Меч-рыба апісала крывую побач з рулявым і знікла за грабянямі хваль. Калі мы сядзелі за абедам, які быў даволі-такі добра прыпраўлены салёнай вадой, хваля с шыпеннем узняла да самых нашых твараў вялікую марскую чарапаху са шчытом, галавой і нагамі, якія звісалі з чатырох бакоў. Калі на змену гэтай хвалі прыйшлі дзве другія, чарапаха знікла гэтак жа раптоўна, як і з’явілася. I на гэты раз мы зноў заўважылі, як, пабліскваючы сваім зеленавата-белым брухам, мітусіліся ў вадзе пад ахаваным бранёй паўзуном залатыя макрэлі. Гэты раён акіяна быў выключна багаты на малюсенькія лятучыя рыбы даўжынёй па два — тры сантыметры, якія плылі побач з намі вялікімі чародамі і часта траплялі на плыт. Мы бачылі таксама адзінокіх чаек-паморнікаў, нас пастаянна наведвалі фрэгаты, якія ляталі ўзад і ўперад над плытом, нагадваючы сваім раздвоеным хвастом гіганцкіх ластавак. З’яўленне фрэгатаў звычайна лічыцца адзнакай гаго, што блізка зямля, і аптымістычны настрой на плыце ўзмацняўся.

«Магчыма, тут сапраўды ёсць падводная скала або пясчаная водмель», — думалі некаторыя з нас. А самыя вялікія аптымісты гаварылі:

— А што, калі мы знойдзем астравок з зялёнай травою? Хто ведае, да нас жа тут бывала так мала людзей. Тады б мы адкрылі новую зямлю — востраў Кон-Цікі!

Пасля абеду Эрык усё часцей і часцей залазіў на скрыню, якая і скруцілі ў трубку ходу і павінен быў з’яўлялася нашай кухняй, і, прыжмурыўшыся, глядзеў у секстант. У 6 гадзін 20 мінут пасля поўдня ён паведаміў наша месцазнаходжанне: 6° 42' паўднёвай шырыні і 99° 42' заходняй даўжыні. Мы былі на адлегласці адной мілі на ўсход ад адзначанай на карце скалы. Мы апусцілі бамбукавую рэю на палубе парус. Вецер дзьмуў з успавольна данесці нас да месца. Калі сонца хутка апусцілася ў акіян, на змену яму ва ўсім сваім харастве з’явіўся месяц і асвяціў паверхню акіяна, які ад гарызонта да гарызонта пераліваўся чэрню і серабром. Бачнасць з верхавіны мачты была добрая. Усюды каціліся, сутыкаючыся між сабой, доўгія валы хваль, але пастаянных бурунаў, якія сведчылі б аб наяўнасці падводнай скалы або водмелі, не было. Ніхто з нас не заходзіў у каюту; усе, пільна ўглядаючыся, стаялі на палубе, а два — тры чалавекі назіралі з мачты. Калі мы павольна плылі ў цэнтры адзначанага на карце раёна, мы ўвесь час рабілі прамеры. Да канца сплеценага з 54 нітак шаўковага шнура даўжынёй больш за 800 метраў мы прывязвалі ўсе свінцовыя грузілы, якія толькі ў нас былі; калі ўлічыць нават, што з прычыны дрэйфу плыта шнур апускаўся не зусім вертыкальна, усё-такі груз вісеў на глыбіні не менш 600 метраў. А дна не была ні на ўсход ад адзначанага месца, ні ў цэнтры, ні на захад ад яго. Акінуўшы позіркам у апошні раз паверхню акіяна і канчаткова пераканаўшыся, што маем поўнае права лічыць гэты раён абследаваным і што тут няма ніякіх водмелей, мы паставілі парус і павярнулі руль у нармальнае становішча, так што вецер і хвалі зноў апынуліся ззаду кармы злева. I наш плыт зноў рушыў наперад сваім звычайным спакойным ходам. Як і раней, хвалі ўскочваліся на карму і знікалі між бярвеннямі. Цяпер мы маглі спаць і есці, не хварэючы душой, хоць акіян вакол нас разгуляўся па-сапраўднаму і шалеў некалькі дзён, а пасат дзьмуў то з усходу, то з паўднёвага ўсходу.

У час гэтага маленькага падарожжа да неіснуючага рыфа мы пачалі разумець, якую ролю адыгрываюць выстаўныя кілі; а калі пазней Герман і Кнут, нырнуўшы ўдвух пад плыт, вызвалілі пяты кіль, мы даведаліся аб гэтых цікавых дошках яшчэ больш — даведаліся тое, чаго ніхто не разумеў з таго часу, як самі індзейцы перасталі займацца гэтым забытым спортам. Тое, што дошка выконвала ролю кіля і давала плыту магчымасць рухацца пад вуглом да ветру, было нам зразумела. Але калі мы чыталі ў старажытных іспанскіх гісторыкаў, што індзейцы да пэўнай ступені «кіруюць» сваімі бальзавымі плытамі ў акіяне з дапамогай «своеасаблівых выстаўных кіляў, якія яны прасоўваюць у шчыліны паміж бярвеннямі», гэта здавалася зусім незразумелым і нам і ўсім астатнім, хто займаўся гэтым пытаннем. Выстаўны ж кіль проста заганяўся ў вузкую шчыліну і быў нерухомы; ён не мог паварочвацца ў бакі і служыць замест руля.

Таямніца была разгадана пры наступных абставінах. Дзьмуў роўны вецер, і акіян зноў супакоіўся, так што на працягу некалькіх дзён нам не трэба было нават дакранацца да прывязанага рулявога вясла, для таго каб трымаць «Кон-Цікі» ў патрэбным напрамку. Мы засунулі вылаўлены кіль у шчыліну на карме, і ў той жа момант «Кон-Цікі» змяніў курс на некалькі градусаў з захаду на паўночны захад, а потым зноў паплыў спакойна і роўна па новаму курсу. Калі мы выцягнулі кіль назад, плыт павярнуў на ранейшы курс. А варта было нам выцягнуць дошку толькі напалавіну, як і плыт таксама паварочваў на стары курс толькі напалавіну. Проста падымаючы і апускаючы кіль, мы маглі змяняць курс і трымацца яго, не дакранаючыся да рулявога вясла. У гэтым і заключалася дасціпная выдумка інкаў. Яны распрацавалі нескладаную сістэму рычагоў, у якой, паколькі вецер ціснуў на парус, мачта з’яўлялася нерухомым пунктам. Плячыма рычага былі часткі плыта спераду ад мачты і ззаду ад яе. Калі агульная паверхня кіляў спераду была большая, нос плыта лёгка паварочваўся ў бок ветру, а калі паверхня кіляў ззаду была большая, у бок ветру паварочвалася карма. Уплыў бліжэйшых да мачты кіляў — у адпаведнасці з законам аб суадносінах паміж даўжынёй пляча і сілай — быў самым слабым. Калі вецер дзьмуў з кармы, выстаўныя кілі пераставалі дзейнічаць; тады, для таго каб плыт ішоў роўна, неабходна было ўвесь час працаваць рулявым вяслом. У такім выпадку плыт ішоў проста туды, куды гнаў яго вецер; апрача таго, выяўлялася, што плыт крыху даўжэўшы, чым гэта трэба, для таго каб лёгка слізгаць па хвалях. А паколькі дзверы каюты і месца, дзе мы абедалі, знаходзіліся з правага боку, мы заўсёды стараліся, каб хвалі набягалі на плыт ззаду пад вуглом злева.

Вядома, у далейшым рулявы мог стаяць ля кіля, падымаючы і апускаючы яго ў шчыліны, замест таго каб цягнуць то ў адзін, то ў другі бок вяроўкі рулявога вясла; але мы ўжо так прывыклі да вясла, што лічылі за лепшае кіраваць ім, устанавіўшы з дапамогай кіляў толькі агульны курс.

Наступная знамянальная веха на нашым шляху была такая ж нябачная, як і водмель, што існавала толькі на карце.

Гэта адбылося на сорак пяты дзень нашага падарожжа па акіяну; мы прайшлі ад 78° заходняй даўжыні да 108° і знаходзіліся роўна на паўдарозе да бліжэйшых астравоў наперадзе. Між намі і Паўднёвай Амерыкай на ўсходзе было больш за 2 тысячы міль, і такая ж адлегласць аддзяляла нас ад Палінезіі на захадзе. Самай блізкай сушай былі астравы Галапагос на ўсход-паўночны ўсход і востраў Пасхі на поўдзень, але і да іх больш чым на 500 міль распасціраўся бязмежны акіян. Мы не бачылі, ды і не маглі ўбачыць ніводнага карабля, бо па гэтай частцы Ціхага акіяна не пралягалі звычайныя параходныя шляхі.

Але, шчыра кажучы, мы не адчувалі гэтых вялізных адлегласцей; гарызонт непрыкметна рухаўся разам з намі, і наш плывучы свет заставаўся ўвесь час нязменным — абмежаваны небасхілам круг, што ўзнімаўся да неба, плыт у цэнтры круга і ўсё тыя ж зоркі, якія ноч пры ночы павольна рухаліся над намі.


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ ПА ЦІXІМ АКІЯНЕ. ІІ

Пацешнае судна. — У гумавай лодцы сярод акіяна. — Небяспечная неасцярожнасць. — Бязмежная сінь. — Сярод акіяна ў бамбукавай хаціне. — На мерыдыяне вострава Пасхі. — Таямніца вострава Пасхі. — Каменныя гіганты. — Парыкі з чырвонага каменя. — «Даўгавухія». — Цікі — сувязное звяно. — Шматзначныя геаграфічныя назвы. — Мы ловім акулу рукамі. — Папугай. — Пазыўныя 12В. — Плаванне па зорках. — Тры хвалі. — Шторм. — Крывавая лазня ў акіяне, крывавая лазня на плыце. — Чалавек за бортам. — Яшчэ адзін шторм. — «Кон-Цікі» дажывае свой век. — Вестуны з Палінезіі.


Калі мора бывала не надта бурным, мы часта выязджалі на маленькай гумавай лодцы і рабілі здымкі. Я ніколі не забуду нашай першай спробы. Акіян быў такі спакойны, што дваім з нас захацелася спусціць на ваду маленькую лодку, падобную на паветраны шар, і крыху папрацаваць вёсламі. Толькі яны адплылі ад плыта, як адразу ж пакінулі веславаць і пачалі рагатаць на ўсё горла. Іх адносіла ўсё далей, яны то знікалі між хвалямі, то зноў паказваліся, і кожны раз, варта было ім толькі кінуць позірк на нас, як яны зноў так гучна смяяліся, што іх галасы звінелі над пустэльным акіянам. Нічога не разумеючы, мы азіраліся навакол і не бачылі нічога камічнага, калі не лічыць нашых уласных кудлатых галоў і барадатых твараў; але паколькі два таварышы, што знаходзіліся ў лодцы, павінны былі ўжо да гэтага прывыкнуць, у нас закралася думка, што яны раптам звар’яцелі. Магчыма, сонечны ўдар. Абодва хлопцы, зусім абяссілеўшы ад смеху, насілу вылезлі з лодкі назад на «Кон-Цікі» і, цяжка дыхаючы, са слязьмі на вачах пачалі ўгаворваць нас праехацца і паглядзець самім.

Я і яшчэ адзін спадарожнік скочылі ў гумавую лодку, якая танцавала на вадзе побач з нашым суднам; хваля падхапіла лодку і аднесла яе ад плыта. Мы адразу ж плюхнуліся на сядзенні лодкі і дзіка зарагаталі. Нам прыйшлося як мага хутчэй караскацца назад на плыт і супакойваць тых, хто не паспеў яшчэ пабыць у лодцы, бо яны думалі, што мы абодва з’ехалі з глузду. Гэта мы самі і наш горды карабель зрабілі на нас такое неймавернае, як у недарэчным сне, уражанне, калі мы ўпершыню глянулі на ўсё здалёк. Да таго часу нам ні разу не даводзілася бачыць плыт у адкрытым акіяне збоку. Бярвенні знікалі нават за самымі маленькімі хвалямі, і мы бачылі — калі нам наогул удавалася штонебудзь убачыць — толькі нізкую каюту з шырокімі дзвярыма і натапыраным дахам з лісця, які падскакваў сярод хваль. Плыт нагадваў сабой старэнькую, мілую сэрцу нарвежскую пуню, дзе складваюць сена на зіму; пуня гэтая, пахіліўшыся набок, бездапаможна плыла ў адкрытым акіяне, куды гналі яе хвалі, а ў ёй знайшлі сабе прытулак загарэлыя барадатыя бадзягі. Такі ж міжвольны смех ахапіў бы нас, калі б мы ўбачылі, што хтосьці плыве за намі па акіяне ў ночвах. Нават звычайная хваля, калі яна перакочвалася цераз край плыта, залівала да палавіны адлегласць паміж бортам і сцяной каюты, і здавалася, вось-вось яна рынецца ў шырока расчыненыя дзверы, за якімі, пазяхаючы, ляжалі кудлатыя барадачы. Потым недарэч ная пуня зноў з’яўлялася на паверхні, і бадзягі ў каюце па-ранейшаму ляжалі такія ж сухія, валасатыя, жывыя і здаровыя, як і дагэтуль. Калі набягала больш высокая хваля, то каюта, і парус, і ўся мачта маглі знікнуць за гарою вады, але ў наступную хвіліну каюта з бадзягамі была, вядома, зноў тут як тут.

Усё гэта мела неважнецкі выгляд, і нам даволі цяжка было зразумець, чаму ўсё ішло так шчасліва на борце нашага своеасаблівага судна.

У наступны раз, калі мы адплылі ў лодцы, каб як след пасмяяцца з сябе, ледзь не здарылася няшчасце. Вецер і хвалі былі, як выявілася, мацнейшымі, чым мы меркавалі, і «Кон-Цікі» пракладваў сабе дарогу сярод хваль з куды большай хуткасцю, чым мы маглі думаць. Ратуючы сваё жыццё, мы вымушаны былі веславаць з усяе сілы, стараючыся дагнаць незгаворлівы плыт, які не мог ні спыніцца і пачакаць, ні павярнуць назад. Нават тады, калі нашы таварышы на борце «Кон-Цікі» спусцілі парус, вецер так дзьмуў у бамбуковую каюту, што бальзавы плыт несла на захад з такою ж хуткасцю, якую мы маглі развіць з дапамогай маленькіх цацачных вёсел у нашай круглай гумавай лодцы, што скакала на хвалях. У кожнага была толькі адна думка: любою цаною мы павінны зноў быць р.азам. Мы правялі ў акіяне жахлівыя хвіліны, перш чым нам удалося дагнаць плыт і, залезшы на яго, апынуцца зноў дома, сярод таварышаў.

З гэтага дня было строга забаронена адплываць у гумавай лодцы, не прывязаўшы яе загадзя доўгай вяроўкай да плыта, каб тыя, што заставаліся на борце, маглі, калі гэта спатрэбіцца, падцягнуць лодку. Таму мы ніколі не адплывалі далёка ад плыта, за выключэннем тых выпадкаў, калі вецер дзьмуў вельмі слаба і акіян быў пакрыты толькі лёгкім зыбам. Калі плыт знаходзіўся на паўдарозе да Палінезіі, стаяў якраз такі штыль, і велічны акіян, выгінаючыся вакол зямнога шара, прасціраўся ва ўсе бакі гарызонта. Цяпер мы маглі спакойна пакідаць «Кон-Цікі» і плыць у сіні прастор між небам і акіянам. Часам у нас закрадвалася пачуццё адзіноты, калі мы бачылі, як сілуэт нашага судна, аддаляючыся, рабіўся ўсё меншым і меншым, а вялікі парус урэшце ператвараўся ў чорны квадрат, ледзь прыкметны на небасхіле. Акіян прасціраўся ўдалячынь, сіні пад сінім небам, і там, дзе вада і неба сустракаліся, сінь злівалася і мяжа між імі знікала. У нас бывала такое адчуванне, быццам мы віселі ў прасторы; вакол нас быў пусты сіні свет; не існавала нічога, на чым можна было б спыніць свой позірк, апрача трапічнага сонца, залатога і гарачага, якое пякло нам шыю. Потым далёкі парус адзінокага плыта на небасхіле прыцягваў нас да сябе, нібы магніт. Мы веславалі назад, узлазілі на плыт і адчувалі, што вярнуліся дадому, у наш уласны свет, на плыт, які здаваўся нам цвёрдай, надзейнай зямлёй. А ўсярэдзіне бамбукавай каюты нас чакаў цянёк і водар бамбуку і завялага пальмавага лісця. Залітай сонцам нічым незаплямленай сіні, якую мы бачылі праз адкрытую сцяну каюты, цяпер было для нас зусім дастаткова. Да гэтага відовішча мы прывыклі, і яно задавальняла нас да таго часу, пакуль бязмежная ясная сінь зноў не спакушала нас пакінуць плыт.

Проста дзіву можна было дацца, якое псіхалагічнае ўздзеянне рабіла на нас хісткая бамбукавая каюта. Яна была памерам 21/2 на 4 метры, і, для таго каб зменшыць ціск ветру і хваль, мы пабудавалі яе такой нізкай, што ніхто з нас не мог, выпрастаўшыся, стаяць нават пад вільчаком даху. Сцены і дах былі зроблены з моцных бамбукавых жэрдак, звязаных між сабой і ўмацаваных адцяжкамі; яны былі шчыльна заплецены расшчэпленымі дубцамі з маладога бамбуку. Гэтая абрашотка зялёнага і жоўтаг.а колеру з гірляндамі лісця, што звісалі з даху, была куды больш прыемнай для вока, чым каюта, пафарбаваная белай фарбай. I хоць бамбукавая сцяна з правага боку была на адну трэць сваёй даўжыні адкрытай, а дах і сцены прапускалі праменні сонца і месяца, гэты прымітыўны бярлог даваў нам адчуванне бяспекі, якога мы не змаглі б мець у гэтых умовах пры беласнежных перагародках і закрытых ілюмінатарах. Мы паспрабавалі знайсці тлумачэнне гэтаму цікаваму факту і прыйшлі да наступнага вываду. Для нашай свядомасці было зусім нязвыкла асацыіраваць накрытае пальмавым лісцем бамбукавае жыллё з марскімі падарожжамі. Не існавала ніякай натуральнай гарманічнай сувязі паміж вялізным акіянам, які няспынна каціў свае воды, і ўсёю на дзірках пальмавай хацінай, што плыла сярод хваль. Таму або хаціна павінна здавацца нам зусім недарэчнай сярод хваль, або хвалі павінны здавацца зусім недарэчнымі вакол хаціны. Пакуль мы знаходзіліся на плыце, бамбукавая хаціна з яе пахам джунгляў была для нас звычайнай рэчаіснасцю, а ўспененыя хвалі здаваліся чымсьці мала рэальным. Але калі мы знаходзіліся ў гумавай лодцы, хвалі і хаціна мяняліся ролямі. Бальзавыя бярвенні, нібы чайка, заўсёды слізгалі па хвалях і заўсёды давалі выхад вадзе, якая залівала карму, і гэта ўсяляла ў нас непахісную веру ў сухое месца пасярод плыта, дзе знаходзілася каюта. Чым далей працягвалася падарожжа, тым у большай бяспецы мы адчувалі сябе ў нашым утульным бярлогу; і мы глядзелі на белыя грабяні хваль, што скакалі ў дзікім танцы перад дзвярыма, з такім пачуццём, нібы гэта быў цікавы фільм, які нам абсалютна нічым не пагражае. Няхай сабе адкрытая сцяна знаходзіцца ўсяго за паўтара метра ад гнічым не агароджанага краю плыта і толькі на паўметра вышэй узроўню вады, усё ж, залезшы ўсярэдзіну каюты, мы адчувалі сябе так, быццам падарожнічалі па сушы за шмат міль ад мора і знаходзіліся ў нейкай лясной хаціне, далёка ад усіх небяспек акіяна. Тут мы маглі ляжаць на спіне, пазіраць угору на пацешны дах, які пагойдваўся, нібы галіны на ветры, і з прыемнасцю дыхаць ляснымі пахамі свежай драўніны, бамбуку і завялага лісця пальмаў.

Часам мы адплывалі ў гумавай лодцы, каб зірнуць на сябе ўночы. Чорныя як смоль хвалі налазілі з усіх бакоў, а мірыяды мігатлівых трапічных зорак слаба адлюстроўваліся ў планктоне ля паверхні вады. Увесь свет быў надзвычай просты — зоркі ў цемры. Быў гэта 1947 год да нашай эры ці нашай эры, раптам страціла ўсякае значэнне. Мы жылі, і гэта мы адчувалі з усёй вастрынёй. Мы разумелі, што жыццё было поўным для людзей і да надыходу веку тэхнікі — бадай што, у шмат чым нават больш поўным і багатым, чым жыццё сучаснага чалавека. Час і эвалюцыя ў такія хвіліны пераставалі існаваць. Усё, што ў жыцці чалавека было рэальным і мела значэнне, сёння заставалася такім жа, якім яно было калісьці і будзе заўсёды. Мы адчувалі сябе ў самых нетрах гісторыі, вакол нас была бясконцая непраглядная цемра пад роем зорак. Перад намі сярод ночы паўставаў з хваль «Кон-Цікі» і зноў апускаўся за чорныя масы вады, якія ўзнімаліся між ім і намі. У святле месяца плыт ахутвала нейкая асаблівая атмасфера. Тоўстыя бліскучыя бярвенні з махрамі водарасцей, квадратныя абрысы чорнага паруса вікінгаў, натапыраная бамбукавая хаціна з жоўтым святлом парафінавага ліхтара ззаду — усё гэта нагадвала хутчэй малюнак з чароўнай казкі, чым рэальную рэчаіснасць. Час-ад-часу плыт зусім знікаў за чорнымі хвалямі; потым ён зноў з’яўляўся і рэзкім сілуэтам вырысоўваўся ў святле зорак, а з яго бярвенняў сцякалі зіхатлівыя струмені вады.

Пазіраючы ўночы на наш адзінокі плыт, мы без асаблівай цяжкасці маглі ў думках уявіць сабе, як дзесьці за небасхілам, калі людзі ўпершыню пракладвалі сабе дарогу цераз гэты акіян, трымаючыся падобнага на веер строю, каб было больш шанцаў заўважыць зямлю, праплывала цэлая флатылія такіх суднаў. Незадоўга да з’яўлення іспанцаў інка Тупак Юпанкі, які падначаліў сваёй уладзе і Перу і Эквадор, у суправаджэнні многіх тысяч людзей адплыў у акіян з цэлай армадай бальзавых плытоў на пошукі астравоў, якія, паводле чутак, знаходзіліся дзесьці ў Ціхім акіяне. Ён знайшоў два востравы; некаторыя лічаць, што гэта былі астравы Галапагос; і пасля васьмімесячнай адсутнасці яму і яго шматлікім веслярам насілу ўдалося вярнуцца ў Эквадор. Вядома, і Кон-Цікі са сваімі спадарожнікамі на некалькі стагоддзяў раней плыў такім жа строем, але паколькі яны адкрылі астравы Палінезіі, у іх не было прычын спрабаваць вярнуцца назад.

Калі мы зноў вылазілі на плыт, мы часта садзіліся вакол парафінавага ліхтара на бамбукавай палубе і гаварылі аб мараплаўцах з Перу, якія паўтары тысячы год назад зведалі тое самае. Ад ліхтароў на парус клаліся вялізныя цені барадатых людзей, і мы думалі аб белых людзях з барадой, сляды знаходжання якіх мы сустракалі ў міфалогіі і архітэктуры на ўсёй прасторы ад Мексікі да Цэнтральнай Амерыкі і ў паўночна-заходняй частцы Паўднёвай Амерыкі аж да Перу. Там таямнічая цывілізацыя перад прыходам інкаў знікае, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі, і гэтак жа раптоўна з’яўляецца на адзінокіх астравах на захадзе, да якіх мы цяпер набліжаліся. Магчыма, гэтыя вандроўныя настаўнікі належалі да старажытнага цывілізаванага народа, што жыў за Атлантычным акіянам і ў даўно мінулыя часы пераплыў яго такім жа простым спосабам, скарыстаўшы заходнюю акіянскую плынь і пасат, якія даставілі іх з Канарскіх астравоў у Мексіканскі заліў? Вядома, гэтая адлегласць была куды карацейшай, чым тая, якую мы пераадольваем, а мы больш не верылі, што акіян з’яўляецца абсалютна ізалюючым фактарам. Шмат якія даследчыкі на падставе важкіх довадаў сцвярджалі, што вялікія індзейскія цывілізацыі — ад ацтэкаў у Мексіцы да інкаў у Перу — з’явіліся ў выніку нечаканых міграцыйных хваль; хвалі гэтыя прыходзілі з-за акіяна з усходу, у той час як амерыканскія індзейцы ў цэлым ёсць не што іншае як азіяцкія паляўнічыя і рыбацкія плямёны, якія на працягу 20 тысяч год або нават больш доўгага часу прасачыліся ў Амерыку з Сібіры. Нас, безумоўна, павінна здзіўляць тая акалічнасць, што мы не знаходзім ніякіх слядоў паступовага развіцця вялікіх цывілізацый, якія калісьці распаўсюджваліся ад Мексікі да Перу. Чым глыбей у зямлю ішлі раскопкі археолагаў, тым больш высокую культуру яны знаходзілі, пакуль не дасягалася пэўная мяжа, якая яскрава сведчыла аб тым, што старажытныя цывілізацыі ўзніклі, не маючы ніякіх карэнняў у першабытных культурах.

I цывілізацыі ўзніклі там, куды падыходзіць атлантычная плынь, — сярод пустыняў і джунгляў у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, а не ў раёнах з больш умераным кліматам, дзе ўмовы для развіцця цывілізацый і ў старажытнасці і ў сучасную эпоху былі куды больш спрыяльныя.

Тое ж самае мы назіраем і на астравах Паўднёвага мора. Самыя выразныя сляды цывілізацыі мы знаходзім на бліжэйшым да Перу востраве Пасхі, хоць глеба на гэтым невялікім астраўку сухая і неўрадлівая і хоць ён размешчаны ад Азіі далей, чым усе астатнія ціхаакіянскія астравы.

Мінуўшы палову дарогі, мы праплылі якраз такую адлегласць, якая аддзяляе востраў Пасхі ад Перу, і гэты легендарны востраў ляжаў на поўдзень ад нас. Стараючыся ісці звычайным шляхам плыта ў акіяне, мы адплылі ад мацерыка ў вельмі зручным месцы — пасярэдзіне перуанскага ўзбярэжжа. Калі б мы адплылі ў месцы, размешчаным крыху на поўдзень, бліжэй да Ціахуанаке, зруйнаванай сталіцы Кон-Цікі, дык мы ішлі б з тым жа ветрам, але ў больш слабай плыні, і яна панесла б нас у напрамку да вострава Пасхі.

Калі мы мінулі 110° заходняй даўжыні, мы апынуліся ўжо ў палінезійскай акіянічнай вобласці, паколькі палінезійскі востраў Пасхі быў цяпер да Перу бліжэй, чым мы. Мы знаходзіліся на адным мерыдыяне з першым аванпостам астравоў Паўднёвага мора, цэнтрам самай старажытнай астраўной цывілізацыі. Вечарамі, пасля таго як распалены пуцяводны шар апускаўся да небасхілу і ў суправаджэнні ўсіх колераў спектра знікаў у акіяне на захадзе, лёгкі пасат уваскрашаў у памяці расказы пра незвычайныя таямніцы вострава Пасхі. Начное неба згладжвала ўсякае ўяўленне аб часе, а галовы барадатых веліканаў зноў вырысоўваліся на парусе.

Але далёка на поўдні, на востраве Пасхі, стаяць высечаныя з каменя яшчэ больш гіганцкія галовы з вострай барадой і рысамі твару белых людзей, стаяць у роздуме над таямніцамі стагоддзяў. Так стаялі яны, калі першыя еўрапейцы адкрылі востраў у 1722 годзе, і так стаялі яны дваццаццю двума палінезійскімі пакаленнямі раней, калі продкі цяперашніх жыхароў высадзіліся са сваіх чаўноў і знішчылі ўсіх, хто трапіў ім у рукі, дарослых мужчын таямнічага цывілізаванага народа, які насяляў гэты востраў. З таго часу гіганцкія каменныя галовы на востраве Пасхі лічацца адной з самых невырашальных таямніц старажытасці. Тут і там на схілах узгоркаў гэтага бязлеснага вострава ўзнімаліся да неба вялізныя статуі — каменныя калосы, цудоўныя фігуры людзей, высечаныя з адной глыбы вышынёю з трох- або чатырохпавярховы дом. Як маглі старажытныя людзі надаць форму гэтым гіганцкім каменным калосам, а потым перанесці і паставіць іх? I, быццам гэтага ім яшчэ было мала, яны ўмудрыліся на галовах некаторых статуй, на вышыні дванаццаці метраў над зямлёй, паставіць у раўнавазе дадатковую гіганцкую глыбу чырвонага каменя, якая нагадвала вялізны парык. Што гэта ўсё азначала і якімі ведамі ў галіне механікі валодалі гэтыя знікшыя архітэктары, калі яны вырашалі праблемы, даволі цяжкія і для лепшых сучасных інжынераў?

Урэшце, калі супаставіць усе даныя, то таямніца вострава Пасхі, бадай што, не з’яўляецца невырашальнай; ключом да гэтай загадкі могуць быць людзі з Перу, што прыплылі на плытах. На гэтым востраве старажытная цывілізацыя пакінула такія сляды, якія не мог сцерці сам час. Востраў Пасхі з’яўляецца вяршыняй старажытнага патухшага вулкана. Брукаваныя дарогі, пракладзеныя старажытнымі цывілізаванымі жыхарамі, вядуць да месцаў высадкі на ўзбярэжжы, якія добра захаваліся, і гэта даказвае, што глыбіня вады вакол вострава не змянілася да нашых дзён. Гэта не рэшткі мацерыка, які апусціўся ў ваду, а малюсенькі закінуты востраў, які быў такім жа маленькім і адзінокім і тады, калі ён з’яўляўся культурным цэнтрам Ціхага акіяна.

Пасярод конусападобнага астраўка знаходзіцца кратэр патухшага вулкана, а на дне кратэра размешчаны незвычайныя каменяломні і скульптурная майстэрня. Яна засталася такою ж, якою стагоддзі назад яе пакінулі старажытныя скульптары і архітэктары, калі яны паспешліва кінуліся да ўсходняга мыса вострава, дзе, як гаворыць паданне, чужынцы перабілі ўсіх дарослых мужчын-астраўлян. Паколькі работа мастакоў была раптоўна перапынена, мы можам зараз яскрава ўявіць сабе звычайны рабочы дзень у кратэры вострава Пасхі. Каменныя сякеры скульптараў, цвёрдыя, як крэмень, ляжаць, кінутыя ля рабочых месц, і сведчаць аб тым, што гэты культурны народ не ведаў жалеза, як не ведалі яго скульптары Кон-Цікі, калі яны ўцяклі з Перу, пакінуўшы пасля сябе такія ж гіганцкія каменныя статуі на плато ў Андах. I тут і там знаходзяць каменяломні ў тых мясцінах, дзе легендарныя белыя барадатыя людзі высякалі проста са схілу гары каменныя глыбы даўжынёю дзевяць — дванаццаць метраў, карыстаючыся сякерамі з яшчэ больш цвёрдага каменя. I тут і там гіганцкія глыбы, якія важылі шмат тон, пераносіліся за многа кіламетраў па няроўнай мясцовасці, перш чым іх устанаўлівалі стаўма ў выглядзе вялізных чалавечых фігур абоставілі адну на адну, ствараючы таямнічыя тэрасы і сцены.

Шмат вялікіх незакончаных статуй да гэтага часу ляжыць там, дзе іх пачалі рабіць, — у заглыбінах у сцяне кратэра на востраве Пасхі; яны паказваюць, як ішла работа на розных этапах. Самая вялікая чалавечая фігура, якая была амаль гатова, калі скульптары вымушаны былі ўцякаць, мела ў даўжыню 22 метры; калі б яна была закончана і ўстаноўлена, галава гэтага каменнага гіганта знаходзілася б на адным узроўні з дахам васьміпавярховага будынка. Кожная асобная статуя была высечана з адной суцэльнай глыбы, а рабочыя нішы для скульптараў вакол ляжачай каменнай фігуры сведчаць, што над статуяй адначасова працавала ўсяго некалькі чалавек. Статуі на востраве Пасхі ляжалі на спіне з сагнутымі ў локцях рукамі, з кісцямі рук на жываце, вельмі падобныя на каменных калосаў у Перу. Статуі апрацоўваліся ў майстэрні да самых найдрабнейшых дэталей, і толькі потым іх выносілі і дастаўлялі на месца прызначэння. На апошнім этапе работы ў каменяломні гіганцкая фігура заставалася прымацаванай да скалы толькі вузкай каменнай перамычкай, што знаходзілася пад спінаю; потым, загадзя падклаўшы пад статую валуны, каб яна не скацілася, адсякалі і перамычку.

Вялікая колькасць такіх статуй была ўжо спушчана ўніз, на дно кратэра; там яны стаялі, прыпёртыя да схілу. Але многа самых вялізных калосаў было выцягнута наверх і дастаўлена за шмат кіламетраў па цяжкапраходнай мясцовасці; там іх ставілі на каменную пліту, а на галаву ўскладвалі яшчэ адну гіганцкую глыбу з чырвонай лавы. Толькі адну гэтую пераноску можна лічыць сапраўдным цудам, але адмаўляць гэты факт немагчыма, як нельга адмаўляць таго, што знікшыя з Перу скульптары пакінулі ў Андах каменных гігантаў такой жа велічыні — сведчанне іх дасканалага майстэрства. Больш за ўсё маналітаў, пры гэтым самых буйных, было знойдзена на востраве Пасхі, дзе скульптары выпрацавалі свой уласны стыль; аднак прадстаўнікі той самай знікшай цывілізацыі паставілі такія ж гіганцкія чалавечыя фігуры на шмат якіх іншых, больш блізкіх да Амерыкі, ціхаакіянскіх астравах, і ўсюды маналіты дастаўляліся да свяшчэннага месца з далёкіх каменяломняў. На Маркізскіх астравах я чуў легенды аб тым, якім спосабам перацягвалі каменных гігантаў; паколькі гэтыя легенды дакладна паўтараюць расказы мясцовых жыхароў аб пераносцы каменных калон да вялізнага партала на востраве Тангатабу, то можна меркаваць, што той самы народ карыстаўся тым самым метадам і для пераноскі статуй на востраве Пасхі.

Работа скульптараў у каменным кар’еры патрабавала шмат часу, але выконвалі яе толькі некалькі спецыялістаў. Работа па дастаўцы закончаных статуй праводзілася хутчэй, але затое для яе патрэбна была вялікая колькасць людзей. У той час, пра які ідзе гаворка, маленькі востраў Пасхі быў багаты на рыбу, а вялікія плантацыі перуанскай салодкай бульбы старанна апрацоўваліся. Спецыялісты лічаць, што ў тыя добрыя часы востраў мог пракарміць 7 ці 8 тысяч чалавек насельніцтва. Для таго каб падняць вялізныя статуі ўгору па крутым схіле кратэра, зусім дастаткова было тысячы чалавек, і 500 чалавек маглі справіцца з далейшай пераноскай іх па востраве.

З лубу і валокнаў раслін плялі надзвычай трывалыя канаты, і, замацаваўшы каменнага гіганта на драўляных рамах, натоўп цягнуў яго на зробленых з бярвенняў і невялікіх валуноў катках, якія, для таго каб рамы лепш слізгалі, націраліся карэннямі тара.

Аб тым, што старажытныя цывілізаваныя людзі па-майстэрску выраблялі вяроўкі і канаты, пераканаўча сведчаць знаходкі на астравах Паўднёвага мора і — з яшчэ большай несумненнасцю — у Перу, дзе першыя еўрапейцы ўбачылі вісячыя масты даўжынёю ў сотню метраў, перакінутыя цераз бурныя патокі і цясніны і зробленыя з плеценых канатаў таўшчынёю з талію дарослага мужчыны.

Калі каменнага калоса прыцягвалі на вызначанае яму месца, узнікала новае пытанне: як ягопаставіць. Група астраўлян будавала з каменняў і пяску спецыяльны насып са спадзістым схілам з аднаго боку і з крутым працілеглым схілам. Па спадзістай паверхні гіганцкую фігуру ўсцягвалі наверх, нагамі ўперад. Калі статуя дасягала вяршыні насыпу, яна перавальвалася цераз востры край і саслізгвала проста ўніз так, што яе ногі траплялі ў загадзя выкапаную яму. Патыліца гіганта была ўпоравень з вяршыняй насыпу, па ім ускочвалі яшчэ адну цыліндрычную каменную глыбу і ўстанаўлівалі на галаве статуі, і толькі пасля гэтага насып разбуралі. Такія гатовыя насыпы стаяць у некалькіх месцах на востраве Пасхі, чакаючы вялізных статуй, якія ніколі не з’явяцца. Уся гэтая тэхніка была дзівоснай, але ў ёй няма нічога таямнічага, калі толькі мы адмовімся ад недаацэнкі разумовых здольнасцей людзей старажытнасці і возьмем пад увагу тое, што яны мелі ў сваім распараджэнні шмат часу і вялікую колькасць рабочай сілы.

Але навошта яны рабілі гэтыя статуі? I чаму трэба было абавязкова ісці ў другую каменяломню, за сем кіламетраў ад майстэрні ў кратэры, і здабываць там чырвоны камень спецыяльнага гатунку, каб класці яго на галовы фігур? I ў Паўднёвай Амерыцы і на Маркізскіх астравах часта ўся статуя была зроблена з гэтага чырвонага каменя, па які прыходзілася хадзіць вельмі далёка. Чырвоныя галаўныя ўборы ў людзей вышэйшага саслоўя былі характэрнай адзнакай і ў Палінезіі і ў Перу.

Пастараемся спачатку высветліць, чый вобраз увасаблялі статуі. Калі першыя еўрапейцы наведалі востраў Пасхі, яны ўбачылі на беразе таямнічых «белых людзей»; і, што было зусім незвычайна для гэтых плямён, сярод іх сустракаліся мужчыны з доўгімі рыжымі бародамі — патомкі жанчын і дзяцей, якія належалі да першых жыхароў вострава і над якімі злітаваліся захопнікі. Самі астраўляне сцвярджалі, што некаторыя з іх продкаў былі белымі, між тым як астатнія мелі карычневую скуру. Яны дакладна вылічвалі, што з таго часу, як з нейкіх іншых палінезійскіх астравоў прыплылі тыя, у якіх была карычневая скура, мінула дваццаць два пакаленні, у той час як беласкурыя з’явіліся на вялікіх суднах з усходу ажно за пяцьдзесят сем пакаленняў (гэта значыць прыблізна паміж 400 і 500 годам нашай эры). Людзей, што прыйшлі з усходу, называлі «даўгавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, падвешваючы да мочак якія-небудзь цяжкія рэчы; таму вушы звісалі ў іх да плеч. Гэтыя таямнічыя «даўгавухія» бЫлі перабіты, калі на востраў з’явіліся «караткавухія»; але ўсе каменныя статуі на востраве Пасхі мелі доўгія, аж да плячэй вушы, як і самі скульптары.

А легенды інкаў у Перу расказваюць, што сонца-кароль Кон-Цікі быў уладаром белых людзей з бародамі, якіх інкі называлі «вялікавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, якія выцягваліся ў іх да плячэй. Інкі падкрэслівалі, што забытыя ўсімі гіганцкія статуі ў Андах былі пастаўлены іменна «вялікавухімі» людзьмі Кон-Цікі, да таго як у баі на востраве возера Ціцікака самі інкі часткова перабілі іх, а астатніх прымусілі ўцячы з краіны.

Такім чынам выходзіць, што белыя «вялікавухія» людзі Кон-Цікі, якія зніклі з Перу і паплылі кудысьці на захад, мелі багаты вопыт па стварэнню гіганцкіх каменных статуй, а белыя «даўгавухія» людзі Цікі прыйшлі на востраў Пасхі з усходу і добра разбіраліся ў гэтай самай справе, у якой яны адразу пасля свайго з’яўлення на востраве паказалі сябе закончанымі майстрамі, паколькі на востраве Пасхі нельга знайсці аніякіх слядоў паступовага развіцця гэтага майстэрства.

Параўноўваючы вялікія каменныя статуі на некаторых астравах Паўднёвага мора з такімі ж статуямі ў Перу, мы часта знаходзім між імі больш падабенства, чым паміж маналітамі з розных астравоў Паўднёвага мора. На Маркізскіх астравах і на Таіці такія статуі вядомы пад агульнай назвай Цікі, і там яны ўвасабляюць вобразы продкаў, якія праславіліся ў гісторыі астравоў і пасля смерці былі прыраўнаваны да багоў. Гэтым, бясспрэчна, тлумачыцца і тое, што галовы статуй з вострава Пасхі аздоблены дзіўнымі чырвонымі шапкамі. Як ужо гаварылася, на ўсіх палінезійскіх астравах можна было сустрэць асобных людзей і цэлыя сем’і, якія мелі чырванаватага колеру валасы і светлую скуру; самі астраўляне сцвярджалі, што якраз гэтыя людзі з’яўляюцца патомкамі першых белых людзей, якія жылі на астравах. На некаторых астравах удзельнікі рэлігійных святкаванняў, каб быць падобнымі на сваіх старажытных продкаў, фарбавалі сабе скуру ў белы колер і валасы ў чырвоны. У час штогодняй цырымоніі на востраве Пасхі галоўны ўдзельнік урачыстага свята адразаў сабе валасы, каб можна было пафарбаваць галаву ў чырвоны колер. А вялізныя шапкі з чырвонага каменя на гіганцкіх статуях вострава Пасхі былі высечаны ў форме, характэрнай для мясцовага стылю прычоскі; на іх зверху быў круглы вузел, — ён адпавядаў традыцыйнаму маленькаму вузлу, у які мужчыны звязвалі свае валасы на макаўцы галавы.

У статуй на востраве Пасхі былі доўгія вушы, бо і самі скульптары мелі доўгія вушы. Для парыкоў знарок выбіраўся чырвоны камень, бо ў саміх скульптараў былі чырванаватыя валасы. Падбародкі былі вострыя і тырчалі наперад, бо самі скульптары гадавалі бароды. Твары статуй мелі характэрныя рысы белай расы — прамы вузкі нос і тонкія, рэзка акрэсленыя губы, таму што самі скульптары не належалі да малайскай групы народаў. I калі ў статуй былі занадта вялікія галовы і непрапарцыянальна маленькія ногі, а кісці рук былі складзены на жываце, то гэта тлумачыцца тым, што менавіта ў такім, а не іншым выглядзе скульптары прывыклі рабіць гіганцкія статуі ў Перу. Адзінай аздобай статуй на востраве Пасхі з’яўляўся заўсёды пояс на жываце. Такі ж сімвалічны пояс мы бачым на кожнай статуі сярод руін старажытнага горада Кон-Цікі ля возера Ціцікака. Гэта легендарная эмблема сонца-караля — пояс-вясёлка. На востраве Мангарэва існ.аваў міф, паводле якога сонца-бог зняў з сябе вясёлку, якая была яго чароўным поясам, і спусціўся па ёй з неба на востраў Мангарэва, каб засяліць яго сваімі беласкурымі дзецьмі. Калісьці на ўсіх гэтых астравах, як і ў Перу, ссмнца лічылася самым старажытным роданачальнікам.

Мы часта сядзелі на палубе пад зорным небам і без канца гаварылі аб загадкавай гісторыі вострава Пасхі, хоць наш плыт несла проста ў сэрца Палінезіі і мы не мелі ніякіх шанцаў убачыць гэты адзінокі востраў сваімі вачыма, а не на карце. Але на востраве Пасхі захавалася так многа слядоў, якія вядуць на ўсход, што сама яго старажытная назва можа служыць ключом да разгадкі.

Назва «востраў Пасхі» з’явілася на карце таму, што нейкі галандзец «адкрыў» востраў на вялікдзень. I мы забыліся, што самі мясцовыя жыхары, якія ўжо даўно жылі на востраве, мелі для сваёй радзімы больш павучальныя і шматзначныя назвы. У палінезійцаў гэты востраў вядомы не менш чым пад трыма назвамі.

Адной з іх з’яўляецца Це-Піце-це-Хенуа, што азначае «Пуп астравоў». Гэтая паэтычная назва, якая, на думку саміх палінезійцаў, з’яўляецца самай старажытнай, з усёй відавочнасцю прымушае глядзець на востраў Пасхі зусім інакш, чым на іншыя астравы, што размешчаны далей на захад. Ва ўсходняй частцы вострава, паблізу ад легендарнага месца высадкі першых «даўгавухіх», стаіць старанна апрацаваны каменны шар, які называюць «Залаты пуп» і лічаць таксама «пупам» самога вострава Пасхі. Тое, што паэтычныя продкі палінезійцаў зрабілі эмблему вострава ў выглядзе пупа на ўсходнім беразе і абвясцілі бліжэйшы да Перу востраў «пупам» незлічонага мноства астравоў, якія размешчаны далей на захад, мела сімвалічнае значэнне. Калі ўзяць пад увагу, што палінезійскія паданні гавораць аб адкрыцці астравоў, як аб іх «нараджэнні», дык гэта з’яўляецца несумненным сведчаннем таго, што іменна востраў Пасхі лічыўся злучальным звяном паміж усімі астравамі і іх першапачатковай радзімай.

Другая назва вострава Пасхі, Рапа-нуі, азначае «Вялікая Рапа»; ёсць таксама Рапа-іці, або «Маленькая Рапа», — другі востраў такой жа велічыні, які знаходзіцца далёка на захад ад вострава Пасхі. Ва ўсіх народаў існуе зусім натуральны звычай называць сваю першапачатковую радзіму, напрыклад, Вялікая Рапа, а другую радзіму — Новая Рапа або Маленькая Рапа, калі нават абедзве мясцовасці маюць аднолькавую велічыню. Жыхары Маленькай Рапы захавалі да нашых дзён паданні, у якіх гаворыцца, што першыя людзі прыйшлі на іх востраў з Вялікай Рапы — вострава Пасхі, які знаходзіцца на ўсходзе і з’яўляецца самым блізкім да Амерыкі. Гэта ёсць прамое пацвярджэнне таго, што першапачатковая іміграцыя ішла з усходу.

Трэцяя і апошняя назва гэтага ключавога вострава, Мата-Кіце-Рані, азначае «Вока (якое) глядзіць (у) неба». На першы погляд гэта можа здацца дзіўным; з такой жа падставай, калі не з большай, чым аб параўнальна нізкім востраве Пасхі, можна і аб іншых узвышаных, гарыстых астравах — як Таіці, Маркізскія або Гавайскія астравы — сказаць, што яны глядзяць у неба. Але слова «рані» (неба) у палінезійцаў мае два значэнні. Яно азначае таксама першапачатковую радзіму іх продкаў, свяшчэнную зямлю сонца-караля, пакінутае горнае царства Цікі. I гэта надзвычай шматзначна, што з тысячы астравоў, раскіданых па акіяну, іменна самы блізкі да Амерыкі востраў Пасхі быў названы вокам, якое глядзіць у бок радзімы. Яшчэ больш здзіўляе тое, што назва Мата-Рані, якая азначае на мове палінезійцаў «вока неба», з’яўляецца блізкай па паходжанню старажытнай назве мясцовасці ў Перу, што размешчана на ціхаакіянскім узбярэжжы насупраць вострава Пасхі, ля падножжа Андаў, якраз там, дзе вышэй у гарах знаходзілася старажытная зруйнаваная сталіца Кон-Цікі.

Адзін толькі востраў Пасхі даваў нам дастаткова тэмаў для гаворкі, калі мы сядзелі на палубе пад зорным небам і адчувалі сябе ўдзельнікамі ўсіх гэтых дагістарычных падзей. Нам здавалася, быццам з часоў Цікі мы толькі і рабілі, што плылі па хвалях пад сонцам і зоркамі ў пошуках зямлі.

Мы больш не адчувалі ранейшай павагі да хваль і акіяна. Мы ведалі іх, ведалі, чаго можам чакаць ад іх, знаходзячыся на плыце. Нават акула зрабілася для нас звычайнай, штодзённай з’явай; мы даведаліся аб яе нораве і паводзінах і ўжо не хапаліся за ручны гарпун і нават не адыходзілі ад краю плыта, калі акула з’яўлялася побач. Наадварот, калі яна спакойна плыла, нібы слізгала, уздоўж бярвенняў, мы нават спрабавалі схапіць яе за спінны плаўнік. Урэшце гэта перайшло ў зусім новы від спорту — гульня з акулай у «хто каго перацягне» без вяроўкі.

Мы пачалі даволі сціпла. Нам нічога не абыходзіла налавіць залатых макрэлей куды больш, чым мы маглі з’есці. Каб не адмаўляцца ад адной з любімых забаў і ў той жа час не траціць дарэмна запасаў правізіі, мы прыдумалі камічную лоўлю рыбы без кручка, якая была аднолькава прыемна і залатым макрэлям і нам. Мы прывязвалі непатрэбных нам лятучых рыб да вяроўкі і закідвалі яе так, што яны плавалі на паверхні вады. Залатыя макрэлі імчаліся да лятучых рыб і хапалі іх, а потым мы пачыналі цягнуць кожны ў свой бок; выходзіла, як у сапраўдным цырку, бо варта было адной залатой макрэлі выпусціць вяроўку, як на змену ёй з’яўлялася другая. Мы мелі цікавую забаву, а залатыя макрэлі ўрэшце атрымлівалі рыбу.

Потым мы распачалі тую ж гульню з акуламі. Да канца вяроўкі мы прывязвалі кавалак рыбы або часцей мяшок з рэшткамі абеду і спускалі прынаду за борт. Замест таго каб павярнуцца на спіну, акула высоўвала галаву з вады і падплывала, шырока разявіўшы пашчу, каб праглынуць пачастунак. Мы не маглі ўтрымацца ад спакусы тузануць за вяроўку, як толькі акула збіралася глымануць сваімі сківіцамі; падманутая акула з самым дурнавата-цярплівым выглядам падплывала бліжэй і зноў разяўляла пашчу, каб схапіць прынаду, якая выскаквала ў яе з рота кожны раз, калі яна хацела праглынуць яе. Справа канчалася тым, што акула падплывала да самых бярвенняў і пачынала падскакваць, нібы сабака, які выпрошвае падачку, што спакусліва пагойдваецца над яго носам. Гэта нагадвала тое, як кормяць шыракаротага бегемота ў заалагічным садзе, і неяк раз у канцы ліпеня, пасля трохмесячнага плавання, у маім дзённіку з’явіўся наступны запіс:

«Мы пасябравалі з акулай, што суправаджала нас сёння. За абедам мы частавалі яе аб’едкамі, якія кідалі ёй у разяўленую пашчу. Калі яна плыла побач з намі, можна было падумаць, што гэта злосны сабака, які зараз знаходзіцца ў добрым гуморы і гатоў пасябраваць з намі. Трэба сказаць, што акулы маюць даволі пацешны выгляд, пакуль вы с.амі не трапляеце да яе ў пашчу. Ва ўсякім разе, нам звычайна было прыемна пазіраць на іх, калі яны плавалі вакол нас, праўда, пры ўмове, што мы ў гэты час не купаліся».

Аднойчы, калі прывязаная да вяроўкі бамбукавая палка з мяшком, у якім знаходзілася яда для акулы, ляжала на краі плыта, нечакана набегла хваля і змыла мяшок за борт. Бамбукавая палка плыла ўжо за якія-небудзь дзвесце метраў ад кармы плыта; раптам яна стала ў вадзе тарчма і памчалася ўслед за плытом, нібы збіралася сама вярнуцца на сваё месца. Калі вудзільна, пагойдваючыся, наблізілася да нас, мы заўважылі трохметровую акулу, якая плыла пад ім; бамбукавая палка тырчала з вады, быццам перыскоп. Акула праглынула мяшок з ядою, але не перагрызла вяроўкі. Неўзабаве вудзільна дагнала нас, спакойна праплыло міма і знікла дзесьці наперадзе.

Хоць мы з цягам часу пачалі глядзець на акул зусім іншымі вачыма, чым спачатку, усё-такі павагу да пяці ці шасці радоў вострых, як брытва, зубоў, схаваных у яе вялізнай пашчы, мы заўсёды адчувалі.

Неяк раз Кнуту давялося нехаця пакупацца ў кампаніі з акулай. Нікому з нас ні ў якім разе не дазвалялася адплываць ад плыта — як з прычыны таго, што плыт магло аднесці занадта далёка, так і таму, што пастаянна існавала пагроза трапіць на зуб акуле. Але аднойчы было надзвычай ціха, і мы выцягнулі ўжо на борт некалькі акул, што плылі следам за намі; таму я дазволіў хутка пакупацца ў акіяне. Кнут нырнуў і, праплыўшы пад вадой даволі вялікую адлегласць, з’явіўся на паверхні і збіраўся вярнуцца назад. У гэты момант мы заўважылі з мачты, што пад ім рухаецца ў вадзе цень, значна большы за самога Кнута. Мы папераджальна закрычалі, па магчымасці спакойна, каб не спалохаць таварыша, і Кнут з усяе сілы заспяшаўся да плыта. Але цень пад ім належаў яшчэ лепшаму майстру плавання, які рынуўся з глыбіні і пачаў даганяць Кнута. Яны дасяпнулі плыта адначасова. Пакуль Кнут карабкаўся на палубу, двухметровая акула праслізнула якраз пад яго жыватом і спынілася ля плыта. У падзяку за тое, што яна не адкусіла Кнуту нагі, мы далі ёй смачную галаву залатой макрэлі.

Звычайна прагавітасць у акуле абуджаецца не тады, калі яна ўбачыць здабычу, а калі адчуе яе пах. Каб правераць гэта, мы садзіліся на край плыта і апускалі ногі ў ваду; акулы падплывалі да нас «на адлегласць метра або паўметра, а потым спакойн.а паварочваліся хвастом і адплывалі. Але варта было вадзе хоць чуць-чуць афарбавацца крывёй, як гэта здаралася, калі мы патрашылі рыбу, — і плаўнікі акул ажывалі, акулы наляталі на нас, нібы мясныя мухі, з усіх бакоў. Калі мы выкідвалі вантробы акул, драпежнікі проста трацілі розум і, ашалелыя ад паху крыві, нібы звар’яцелыя, гойсалі вакол нас. Яны прагна жэрлі вантробы свайго родзіча, а калі мы апускалі ў ваду нагу, яны кідаліся з хуткасцю ракеты і нават хапалі зубамі бярвенні ў тым месцы, дзе толькі што была нага. Бываюць акулы і акулы, паколькі яны цалкам падуладны свайму настрою.

У нашых адносінах з акуламі мы ўрэшце дайшлі да такой фамільярнасці, што пачалі цягаць іх за хвост. Цягаць жывёлін за хвост лічыцца не надта цікавым відам спорту, але гэта тлумачыцца, напэўна, тым, што ніхто не спрабаваў заняцца такімі фокусамі з акуламі. Прызнацца па шчырасці, гэта вельмі цікавы спорт.

Для таго каб схапіць акулу за хвост, мы павінны былі спачатку прапанаваць ёй які-небудзь сапраўды смачны кавалачак. Каб атрымаць яго, акула гатова высунуць галаву з вады. Звычайна яду ёй прапаноувалі ў танцуючым мяшку. Кзрміць акулу проста з рук — малая пацеха. Калі з рук кормяць сабак або ручных мядзведзяў, яны хапаюць зубамі за мяса і пачынаюць рваць і тузаць яго, пакуль не адкусяць кавалачак або не схопяць увесь кусок. Але калі вы трымаеце на бяспечнай адлегласці ад галавы акулы вялікую залатую макрэль, то акула падскаквае, ляскае сківіцамі і, хоць вы не адчуваеце ніякага рыўка, палавіна м.акрэлі раптам знікае, і вы застаяцеся сядзець з хвастом у руках. Мы насілу разразалі нажом залатую макрэль на дзве часткі, а акула за якую-небудзь долю секунды ледзь прыкметным імклівым рухам убок сваіх сківіц з трохкутнымі пілападобнымі зубамі перарэзвала, нібы машынкай для наразання каўбасы, спінны хрыбет. Калі акула спакойна паварочвалася, каб схавацца ў глыбіні, яе хвост калыхаўся над паверхняй вады, і тады было лёгка яго схапіць. Скура акулы на вобмацак нагадвае наждачную паперу, а з ніжняга боку кончыка яе хваста ёсць ямка — відаць, для таго, каб ямчэй было ўхапіцца. Калі нам удавалася схапіцца за хвост у гэтым месцы, то можна было трымацца даволі моцна. Потым, перш чым акула паспявала апамятацца, трэба было з усяе сілы рвануць і выцягнуць хвост акулы ях мага далей, прыціснуўшы яго да бярвенняў. Секунду ці дзве акула не магла нічога сцяміць, а потым пачынала выкручвацца пярэдняй часткай тулава і вырывацца, але досыць вяла, бо без дапамогі хваста яна не можа развіць ніякай хуткасці. Астатнія плаўнікі служаць толькі для захоўвання раўнавапі і замест руля. Пасля некалькіх безнадзейных рыўкоў, у час якіх ад нас п.атрабавалася толькі не выпускаць хваста, ашаломленая акула падала духам і рабілася зусім пасіўнай; паколькі страўнік акулы — ён у яе свабодна перамяшчаецца — пачынаў апускацца ў бок галавы, то ўрэшце акулу ахопліваў поўны параліч. Як толькі акула заціхала і нерухома звісала, чакаючы далейшых падзей, надыходзіў момант, калі трэба было цягнуць яе на ўсю моц. Нам рэдка ўдавалася выцягнуць цяжкую рыбіну з вады больш чым напалову, бо тут акула прыходзіла да памяці і астатнюю работу выконвала сама. Магутнымі рыўкамі яна паварочвала галаву ў наш бок і высоўвала яе на бярвенні; тады мы падцягвалі яе з усяе сілы, на якую былі здольны, і пры гэтым як мага хутчэй адскаквалі ўбок, каб выратаваць свае ногі, таму што цяпер настрой у акулы быў зусім не дабрадушны. Яна білася і падскаквалала на палубе і малаціла хвастом па бамбукавай сцяне, працуючы ім, як кувалдай. Цяпер яна болей не шкадавала сваіх стальных мускулаў. Вялізная пашча была шырока разяўлена, а рады зубоў ляскалі і кусалі ўсё навокал, да чаго яны маглі дастаць. Часам ваенны танец заканчваўся тым, што акула больш ці менш выпадкова плюхалася за борт і, перажыўшы такую вялікую знявагу, назаўсёды знікала; але часцей за ўсё яна слепа білася на бярвеннях кармы, і мы паспявалі накінуць пятлю і зашмаргнуць яе на хвасце акулы, або яна сама навекі пераставала шчэрыць свае д’ябальскія зубы.



Калі акула трапляла да нас на палубу, наш папугай пачынаў страшэнна хвалявацца. Ён паспешліва выскакваў з бамбукавай каюты і з шалёнай хуткасцю карабкаўся па сцяне, пакуль не дабіраўся да бяспечнага назіральнага пункта — даху з пальмавага лісця; там ён сядзеў, ківаючы галавой, або бегаў узад і ўперад уздоўж вільчака і крычаў ад узбуджэння. Ён ужо даўно стаў добрым мараком і заўсёды быў вясёлы і ў гуморы. Мы лічылі, што нас на плыце сямёра — шэсць чалавек і зялёны папугай. Халаднакроўнаму крабу Юханесу прыходзілася ўсё-такі задавальняцца тым, што яго лічылі не зусім паўнапраўным кампаньёнам. На ноч папугай залазіў у клетку, якая знаходзілася пад дахам каюты, але ўдзень ён важна пагульваў па палубе або вісеў на вантах і штагах, вырабляючы самыя дзівосныя акрабатычныя нумары. Спачатку на штагах і вантах у нас былі тэндары[34], але ад іх пераціраліся вяроўкі, і мы замянілі іх звычайнымі марскімі вузламі. Калі штагі і ванты пад уздзеяннем сонца і ветру выцягнуліся і пачалі правісаць, мы ўсе вымушаны былі ўзяцца за ўмацаванне цяжкіх, як жалеза, мачтаў з мангравага дрэва, якія ўсё больш і больш нахіляліся і пагражалі заблытацца ў снасцях і ўрэшце ўпасці. У самы крытычны момант, калі мы з усяе сілы цягнулі, папугай закрычаў сваім рэзкім голасам:

— Цягні! Цягні! Хо-хо-хо-хо, ха-ха-ха! — Ён прымусіў і нас зарагатаць, а сам смяяўся да таго часу, пакуль не пачаў ад радасці трэсціся і круціцца на штагах.

Спачатку нашы радысты ставіліся да папугая непрыязна. Здаралася часам, што яны сядзелі ў радыёрубцы, забыўшы пра ўсё на свеце, з магічнымі навушнікамі, наладзіўшы сувязь з якім-небудзь радыёаматарам, скажам, з Аклахомы. Раптам іх навушнікі змаўкалі, і яны не маглі злавіць больш ні гуку, колькі ні стараліся правяраць правады і круціць кнопкі. Папугай у гэты час займаўся тым, што дзёўб дрот антэны. Асабліва часта гэта бывала ў першыя дні, калі прывязаная да паветранага шара антэна ўзнімалася проста ўгору. Але аднойчы папугай сур’ёзна захварэў. Ён панура сядзеў у сваёй клетцы і два дні нічога не еў, а ў яго памёце блішчалі залацістыя драбінкі антэны. Тут нашы радысты раскаяліся ў сваіх злосных пажаданнях, а папугай у сваіх грахах; з гэтага дня Тарстэйн і Кнут сталі найлепшымі сябрамі папугая, і ён заўсёды спаў толькі ў радыёрубцы. Калі папугай з’явіўся на борце, яго роднай мовай была іспанская; Бенгт сцвярджаў, што папугай пачаў гаварыць па-іспанску з нарвежскім акцэнтам яшчэ задоўга да таго, як навучыўся паўтараць любімыя воклічы Тарстэйна на сакавітай нарвежскай мове.

На працягу двух месяцаў весялосць папугая і яго яркае апярэнне прыносілі нам шмат радасці, але аднойчы папугай спускаўся па штагу з верхавіны мачты, і якраз у гэты момант вялікая хваля заліла ззаду плыт. Калі мы заўважылі, што папугая няма на борце, было ўжо занадта позна. Мы не бачылі яго нідзе, а «Кон-Цікі» нельга было ні павярнуць назад, ні спыніць; калі які-небудзь прадмет падаў за борт плыта, мы не мелі магчымасці вярнуцца па яго — у гэтым мы пераканаліся не раз.

У першы вечар, калі загінуў папугай, у нас быў прыгнечаны настрой: мы ведалі, што тое ж самае можа здарыцца з кожным з нас, варта толькі зваліцца за борт у час адзінокай начной вахты.

Мы ўвялі яшчэ больш строгія правілы перасцярогі, змянілі выратавальную вяроўку, якою карысталіся на начных вахтах, і пастараліся пераканаць адзін аднаго, што мы не можам лічыць сябе ў бяспецы толькі таму, што ўсё ішло добра на працягу першых двух месяцаў. Адзін неасцярожны крок, адзін неасцярожны рух — і нават сярод белага дня мы можам апынуцца там, дзе апынуўся зялёны папугай.

Некалькі разоў мы бачылі вялікую белую абалонку яек кальмара, якая пагойдвалася на сінім зыбу, нагадваючы яйкі страуса ці белыя чарапы. I ўсяго толькі раз мы заўважылі малюска, які звіваўся пад абалонкай. Мы бачылі беласнежныя шары, якія плавалі паблізу ад нас, і спачатку нам здавалася, што можна зусім лёгка падплыць у лодцы і злавіць іх. Калі парвалася вяроўка планктоннай сеткі і шаўковая сетка засталася ззаду і плыла за плытом, мы былі гэтак жа аптымістычна настроены і спусцілі на ваду лодачку, прывязаўшы да яе вяроўку, каб лягчэй было вярнуцца. Але, на наша здзіўленне, мы пераканаліся, што вецер і хвалі не даюць лодцы падплыць і што вяроўка, якую мы прывязалі да «Кон-Цікі», моцна тармозіць у вадзе; нам ні разу не ўдалося падвеславаць да таго месца, дзе толькі што знаходзіўся плыт. Часам да прадмета, які мы хацелі падняць, заставалася ўсяго некалькі метраў, але тут вяроўка напіналася, і «Кон-Цікі» цягнуў нас прэч, на захад. «Што за борт упала, тое прапала» — такі быў вывад, да якога мы паступова прыйшлі і якога потым ніколі не забывалі да канца нашага плавання. Калі мы хацелі застацца жывымі, трэба было моцна трымацца за «Кон-Цікі», пакуль ён не ўткнецца носам у сушу на тым баку акіяна.

Пасля таго, як загінуў папугай, радыёрубка апусцела; але калі назаўтра раніцай трапічнае сонца зноў заззяла над Ціхім акіянам, наша жалоба мінула. У бліжэйшыя некалькі дзён мы выцягнулі нямала акул і, кожны раз знаходзячы ў страўніку акулы сярод галоў тунцоў і іншых рэштак спажывы драпежніка чорную выгнутую дзюбу, думалі, што гэта дзюба нашага папугая. Але, разгледзеўшы яе як след, заўсёды пераконваліся ў сваёй памылцы — гэта была дзюба ператраўленага кальмара.

Ад самага пачатку плавання абодвум радыстам хапала работы ў іх рубцы. Як толькі мы апынуліся ў плыні Гумбольдта, са скрынак з батарэямі пачала капаць марская вада, і прыйшлося накрыць радыёрубку, якая баялася сырасці, брызентам, каб не даць папсавацца ўсяму таму, што толькі магчыма было ўратаваць ад псавання ва ўмовах адкрытага мора. Потым радыстам давялося паламаць галаву над тым, як прыладзіць на маленькім плыце дастаткова доўгую антэну. Яны паспрабавалі пусціць антэну ўгору, прывязаўшы яе да паветранага змея, але парывам ветру змея проста шпурнула ў хвалі, і ён знік. Тады яны пачалі пускаць антэну ўгору з дапамогай паветранага шара, але трапічнае сонца прапальвала дзіркі ў шары, так што ён зморшчваўся і падаў у акіян. А потым у іх пачаліся непрыемнасці, у якіх быў вінаваты папугай. Да ўсяго гэтага можна дадаць, што толькі пасля двух тыдняў падарожжа ў плыні Гумбольдта мы выйшлі з мёртвай зоны Андаў, у межах якой кароткія хвалі такія ж нямыя і пазбаўленыя жыцця, як паветра ў пустой скрынцы з-пад мыла.

Але вось аднойчы кароткія хвалі нечакана прабіліся, і пазыўныя сігналы Тарстэйна пачуў нейкі выпадковы радыёаматар у Лос-Анжаласе, які на сваім радыёперадатчыку стараўся ўстанавіць сувязь з другім аматарам у Швецыі. Амерыканец спытаў, якой сістэмы наш перадатчык, і, атрымаўшы вычарпальны адказ, пацікавіўся у Тарстэйна, хто ён такі і дзе жыве. Калі ён даведаўся, што Тарстэйн жыве ў бамбукавай каюце на плыце сярод Ціхага акіяна, пачулася некалькі дзіўных шчаўчкоў, і Тарстэйн заспяшаўся паведаміць некаторыя падрабязнасці. Як толькі чалавек у эфіры апамятаўся ад здзіўлення, ён перадаў нам, што яго завуць Гал, а яго жонку — Анна, што яна па паходжанню шведка і пашле вестку нашым сем’ям аб тым, што мы жывыя і здаровыя.

У гэты вечар нам здавалася вельмі дзіўным, што зусім чужы чалавек па імені Гал, нейкі невядомы кінааператар, адзін са шматлікіх жыхароў далёкага Лос-Анжаласа, быў адзіным на свеце чалавекам, калі не лічыць нас саміх, які ведаў, дзе мы знаходзімся і што ў нас усё добра. Пачынаючы з гэтага вечара, Гал, ён жа Гарольд Кемпел, і яго сябар Фрэнк Кюевэс па чарзе дзяжурылі кожную ноч і лавілі сігналы нашага плыта, а Герман атрымліваў удзячныя тэлеграмы ад начальніка бюро надвор’я ЗША за тое, што двойчы ў суткі перадаваў па шыфру метэаралагічныя звесткі з раёна, аб якім звесткі прыходзілі вельмі рэдка, а зводак наогул не было. Пазней Кнут і Тарстэйн амаль кожную ноч наладжвалі сувязь і з іншымі радыёаматарамі, а тыя перадавалі нашы прывітанні ў Нарвегію праз кароткахвалевіка па імені Эгіль Берг, які жыў у Нутаддзене[35].

Усяго на некалькі дзён, калі мы знаходзіліся сярод акіяна, наша радыёстанцыя зусім перастала працаваць, бо ў радыёрубку налілося занадта многа салёнай вады. Нашы радысты проста са скуры вылузваліся, цэлымі днямі і начамі важдаючыся са шрубкамі і паяльнікам, а далёкія радыёаматары думалі, што з плытом усё скончана. Потым неяк вечарам пазыўныя L12B паляцелі ў эфір, і ў той жа момант радыёрубка загула, нібы асінае гняздо, бо некалькі соцень амерыканскіх кароткахвалевікоў адначасова застукалі ключамі, адказваючы на наш заклік. Сапраўды, калі мы траплялі ва ўладанні нашых радыстаў, у нас было такое адчуванне, нібы мы сядзім на асіным гняздзе. Усё было мокрае ад вады, якая пранікала з усіх бакоў; на бальзавым бервяне ляжаў невялікі гумавы дыванчык, на якім сядзелі радысты, але калі хто-небудзь з нас дакранаўся да ключа Морзэ, ён адразу адчуваў удар току адначасова ў задняй частцы і ў кончыках пальцаў. А калі хто-небудзь з нас, пабочных, спрабаваў украсці аловак з багатай на розныя рэчы радыёрубкі, у яго валасы на галаве станавіліся дыбам або з агрызка алоўка пачыналі сыпацца вялікія іскры. Толькі Тарстэйн, Кнут і папугай маглі без рызыкі лавіраваць у гэтым кутку каюты, і мы прыбілі кавалак кардону, каб адзначыць мяжу небяспечнай для астатніх зоны.

Аднойчы позна вечарам Кнут сядзеў у радыёрубцы і пры святле ліхтара нешта варажыў над сваім апаратам; раптам ён пацягнуў мяне за нагу і сказаў, што размаўляе з хлопцам па імені Хрысціян Амундсен, які жыве пад самым Осла. Гэта быў адзін з радыёаматарскіх рэкордаў, паколькі наш маленькі караткахвалевы перадатчык з яго 13990 кілацыкламі ў секунду мог даць не больш шасці ват, гэта значыць прыблізна столькі ж, колькі дае маленькі электрычны ліхтар. Гэта адбылося 2 жніўня, і мы праплылі ўжо 60° у заходнім напрамку, так што Осла знаходзілася якраз на працілеглым баку зямнога шара. Каралю Хакону заўтра спаўнялася 75 год, і мы паслалі яму віншавальную тэлеграму проста з плыта; а яшчэ праз дзень мы зноў пачулі Хрысціяна, і ён перадаў нам адказ караля, які пажадаў нам далейшай удачы і шчаслівага заканчэння падарожжа.

Другі эпізод застаўся ў нас у памяці як кантраст усяго нашага жыцця на плыце. У нас было два фотаапараты, а Эрык узяў з сабою запас хімікаліяў, каб праяўляць здымкі ў дарозе, так што мы маглі нанава здымаць тое, што выходзіла няўдала. Пасля таго як нас наведала кітовая акула, Эрык не мог больш трываць і неяк вечарам, строга прытрымліваючыся адпаведных інструкцый, развёў хімікаліі і праявіў дзве плёнкі. Негатывы — усе ў крапінках і маршчынах — нагадвалі малюнкі, атрыманыя па більдтэлеграфу. Плёнка была сапсавана. Мы папрасілі па радыё параіць, што нам рабіць, і наша радыёграма была прынята адным кароткахвалевіком у Галівудзе; ён пазваніў па тэлефоне ў фоталабараторыю і неўзабаве ўклініўся ў размову і паведаміў, што ў нас занадта цёплы праявіцель і што нельга карыстацца вадой з тэмпературай вышэй 16°С, інакш на негатывах будуць маршчыны.

Мы падзякавалі за параду і тут жа пераканаліся, што самая нізкая тэмпература вакол нас — гэта тэмпература самой акіянскай плыні, а яна раўнялася прыкладна 27°. Але ж Герман быў інжынер-халадзільшчык, і я жартам прапанаваў яму давесці тэмпературу вады да 16°. Ён папрасіў дазволу пусціць у ход маленькую бутэльку вугальнай кіслаты, што засталася пасля надзімання гумавай лодкі; потым ён прарабіў нейкія фокусы ў металічнай каструлі, накрытай спальным мяшком і шарсцяной фуфайкай. I раптам шчаціністая барада Германа пакрылася інеем, і ён з’явіўся ў каюце з каструляй, у якой ляжаў вялікі кавалак белага лёду.

Эрык зноў узяўся праяўляць, і вынікі на гэты раз былі цудоўныя.

Але хоць словы-прывіды, што разносяцца па эфіру кароткімі хвалямі, былі невядомай раскошай у далёкія дні Кон-Цікі, усё ж акіянскія хвалі пад намі заставаліся такімі ж, як і даўней, і я.ны неслі наш бальзавы плыт упарта на захад, як яны гэта рабілі тады, паўтары тысячы год назад.

Пасля таго як мы праплылі палову нашай дарогі да астравоў Паўднёвага мора, надвор’е зрабілася крыху больш няўстойлівым, і час-ад-часу наляталі шквалы з дажджом, а пасат змяніў свой напрамак. Ён нязменна дзьмуў з паўднёвага ўсходу, пакуль мы не прайшлі значную частку экватарыяльнай плыні; потым ён пачаў усё больш і больш адхіляцца на ўсход. 10 чэрвеня мы дасягнулі самага паўночнага пункта пад 6° 19' паўднёвай шырыні. Мы знаходзіліся тады так блізка да экватара, што, здавалася, нас пранясе міма нават самых паўночных з Маркізскіх астравоў і мы канчаткова згубімся сярод акіяна, не знайшоўшы зямлі. Але потым пасат яшчэ раз змяніў свой напрамак, пачаў дзьмуць не з усходу, а з паўночнага ўсходу і панёс нас па крывой на поўдзень, да шырынь, на якіх размешчаны свет астравоў.

Часта здаралася, што напрамак ветру і хваляў заставаўся нязменным на працягу некалькіх дзён запар; тады мы зусім забывалі, чыя была вахта і ўспаміналі аб гэтым толькі ўночы, калі вахтавы заставаўся адзін на палубе, бо пры пастаянным ветры рулявое вясло моцна прывязвалася і «Кон-Цікі» рухаўся з надзьмутым парусам без усякага нашага ўдзелу. У такія ночы вахтавы мог спакойна сядзець ля дзвярэй каюты і сачыць за зоркамі. Калі сузор’і мянялі сваё становішча на небе, значыць яму трэба выйсці і высветліць, што гэтаму прычынай: скранулася з месца вясло, ці змяніўся вецер.

Нам самім было дзіўна, да чаго ж лёгка кіраваць плытом па зорках, пасля таго як мы некалькі тыдняў запар назіралі іх рух па купалу неба. Па праўдзе кажучы, уночы больш і не было на што глядзець. Мы ведалі, дзе ноч пры ночы павінны знаходзіцца розныя сузор’і; а калі мы наблізіліся да экватара, на паўночным небасхіле так выразна была відаць Вялікая Мядзведзіца, што мы спалохаліся, каб хаця не з’явілася і Палярная зорка, якую мы маглі ўбачыць толькі ў тым выпадку, калі б перасеклі экватар. Але як толькі ўсталяваўся паўночна-ўсходні пасат, Вялікая Мядзведзіца зноў знікла.

Старажытныя палінезійцы былі вялікімі мараплаўцамі. Яны арыентаваліся ўдзень па сонцы, а ўночы па зорках. Яны валодалі надзвычаннымі ведамі адносна руху нябесных свяціл. Яны ведалі, што зямля круглая, і ў іхняй мове меліся словы, якія азначалі такія складаныя паняцці, як экватар, паўночныя і паўднёвыя тропікі. На Гавайскіх астравах яны выразалі карты акіяна на абалонцы круглых гарбузоў, а на некаторых іншых астравах рабілі падрабязныя карты з пераплеценых сукоў, да якіх для абазначэння астравоў прымацоўваліся ракавіны, а галіны азначалі самыя важныя плыні. Палінезійцы ведалі пяць планет, называлі іх вандроўнымі зоркамі і распазнавалі сярод нерухомых зорак, якія мелі ў іхняй мове каля 300 розных назваў. У старажытнай Палінезіі добры мараплаўца цвёрда ведаў, у якой частцы неба ўсходзіць тая ці іншая зорка і дзе яна павінна знаходзіцца ў розныя часы ночы і ў розныя поры года. Яны ведалі, якія зоркі дасягаюць зеніту над тым ці іншым востравам, і ў такіх выпадках астравы называліся па імені тых зорак, што кожную ноч з году ў год кульмініравалі над імі.

Палінезійцы не толькі ведалі, што зорнае неба з’яўляецца вялізным зіхатлівым компасам, які няспынна круціцца з усходу на захад, але таксама разумелі, што розныя зоркі над іх галавой заўсёды паказваюць, як далёка на поўнач або на поўдзень забраліся мараплаўцы. Калі палінезійцы даследавалі і падначалілі сабе сваё астраўное царства, якое ахоплівала ўсю бліжэйшую да Амерыкі частку акіяна, яны наладзілі зносіны паміж некаторымі астравамі, і гэтымі шляхамі карысталіся многія наступныя пакаленні. Гістарычныя паданні расказваюць аб тым, як плавалі правадыры з Таіці на Гавайскія астравы, што знаходзяцца за 2 тысячы марскіх міль на поўнач і на некалькі градусаў на захад. Спачатку рулявы па сонцы і зорках кіраваў на поўнач, пакуль зоркі над яго галавой не гаварылі яму, што яго лодка знаходзіцца на шырыні Гавайскіх астравоў. Тады ён паварочваў пад прамым вуглом і кіраваў на захад, пакуль не з’яўляліся птушкі і воблакі, якія паказвалі яму дарогу да ўжо блізкіх астравоў.

Адкуль палінезійцы запазычылі свае вялікія веды па астраноміі і свой каляндар, падлікі ў якім зроблены з выключнай дакладнасцю? Вядома, не ад меланезійцаў або малайцаў, якія жылі на захадзе. Але той самы старажытны знікшы цывілізаваны народ — «белыя і барадатыя людзі», — які перадаў сваю надзвычайную культуру ацтэкам, майя і інкам у Амерыцы, стварыў на дзіва падобны каляндар і меў такія ж веды ў галіне астраноміі, аб якіх у Еўропе ў тыя часы не маглі і марыць.

У Палінезіі, як і ў Перу, пачаткам каляндарнага года лічыўся дзень, калі сузор’е Стажараў упершыню з’яўляецца над небасхілам, і ў абедзвюх краінах гэтае сузор’е лічылася апекуном земляробства.

У Перу, там, дзе горная краіна паніжаецца ў бок Ціхага акіяна, да нашых дзён захаваліся ў пясчанай пустыні руіны вельмі старажытнай астранамічнай абсерваторыі — помнік таго самага таямнічага цывілізаванага народа, які высякаў каменных гігантаў, будаваў піраміды, вырошчваў салодкую бульбу і гарбузы ў форме бутэлек і пачынаў год з усходу Стажараў. Кон-Цікі быў знаёмы з зоркамі, калі накіраваў свой парус у Ціхі акіян.

2 ліпеня дзяжурнаму на начной вахце ўжо не прыйшлося спакойна сядзець і вывучаць зорнае неба. Пасля некалькіх дзён лёгкага паўночна-ўсходняга пасату падзьмуў модны вецер і мора зрабілася бурным. Позна ўвечары ззяў месяц і дзьмуў свежы спадарожны вецер. Падлічыўшы, колькі секунд патрабавалася нам, каб апярэдзіць трэску, кінутую ў ваду побач з носам плыта, мы вымералі хуткасць нашага руху і ўбачылі, што ўстанавілі рэкорд. У той час, як сярэдняя хуткасць раўнялася, кажучы на нашым жаргоне, 12—18 «трэскам», на гэты раз мы мелі ўсяго «6 трэсак», і бурлівы струмень зіхатлівай вады бег следам за кармой плыта.

Чатыры чалавекі храплі ў бамбукавай каюце, Тарстэйн сядзеў на сваім дыванчыку і стукаў ключом Морзэ, а я знаходзіўся на вахце ля руля. Перад самай поўначчу я заўважыў зусім незвычайную хвалю, якая, куляючыся, насоўвалася на нас проста з кармы, закрываючы ўвесь небасхіл ззаду, а за ёю я мог тут і там разгледзець успененыя грабяні яшчэ дзвюх такіх жа вялізных хваль, што каціліся ўслед за першай. Калі б мы толькі што не мінулі гэтае месца, я быў бы ўпэўнены, што бачу высокія буруны, якія навальваюцца на нябачную, а таму асабліва небяспечную водмель. Як толькі першая хваля, узнімаючыся ў святле месяца, нібы доўгая сцяна, дакацілася да нас, я папераджальна крыкнуў, рэзка павярнуў плыт, каб ён знаходзіўся ў найбольш выгадным становішчы, і пачаў чакаць, што будзе далей.

Калі першая хваля дагнала нас, плыт задраў карму ўгору і ўбок і ўзняўся на грэбень, які ў гэты момант якраз рынуўся ўніз, і ўсё зашыпела і закіпела вакол нас. Мы плылі сярод хаосу бурлівай пены, між тым як сама магутная хваля перакочвалася пад намі. Нос узляцеў угору апошнім, калі хваля прайшла, і мы пачалі слізгаць кармою ўніз у вялізную яміну між хвалямі. Адразу ж наляцела, уздыбіўшыся, другая сцяна вады, і нас зноў шпарка падкінула ўгору, а празрыстыя патокі вады наваліліся ззаду, калі мы ўзляцелі на грэбень. Цяпер плыт павярнула бортам да хваляў, і было зусім немагчыма хутка надаць яму патрэбны кірунак. Наступная хваля наблізілася і ўзнялася з успененых касмылёў пены, нібы зіхатлівая сцяна, верхні край якой абваліўся, як толькі яна дагнала нас. Калі вал накрыў плыт, мне нічога не заставалася рабіць, як моцна ўхапіцца за бамбукавую жэрдку, што тырчала з-пад даху каюты; так я стаяў, затаіўшы дыханне, адчуваючы, як плыт падкінула высока ўгору і ўсё вакол мяне імкліва пацягнулі за сабой шыпучыя ўспененыя віры. Яшчэ момант — і мы з «Кон-Цікі» зноў былі над вадой і спакойна слізгалі ўніз па спадзістым баку хвалі. А потым хвалі зноў зрабіліся нармальнымі. Тры вялізныя валы імчаліся наперадзе нас, а за кармою ў святле месяца мы бачылі ланцужок какосавых арэхаў, якія пагойдваліся на вадзе.

Апошняя хваля моцна ўдарыла па каюце, так што Тарстэйн у радыёрубцы паляцеў дагары нагамі, а астатнія адразу прачнуліся, напалоханыя шумам; з-пад бярвенняў і праз сцяну ў каюту лінула вада. З левага боку ў насавой частцы палубы бамбукавы насціл быў сарваны, і ў гэтым месцы чарнела дзірка, падобнач на невялікую варонку ад снарада; наш вадалазны кош расплюшчыла аб выступ носа, але ўсё астатняе засталося непашкоджаным. Адкуль узяліся гэтыя тры вялізныя хвалі, мы так ніколі і не здолелі больш-менш упэўнена растлумачыць; магчыма, яны былі выкліканы нейкімі тэктанічнымі рухамі дна акіяна, якія для гэтых раёнаў з’яўляюцца досыць звычайнымі[36].

Праз два дні нам давялося перажыць першы шторм. Пачалося з таго, што вецер зусім сціх, і белыя пёрыстыя воблакі, якія пры пасаце плылі над намі ў нябеснай сіні, былі раптам выціснуты чорнай градой густых хмар, што набеглі з поўдня з-за небасхілу. Потым пачаліся парывы ветру з самых нечаканых бакоў, так што рулявы на вахце страціў усякую магчымасць кіраваць плытом. Як толькі нам удавалася павярнуць карму ў бок новага напрамку ветру і парус роўна і пругка надзімаўся, парывы ветру адразу ж наляталі з другога боку і парус траціў свае гордыя абрысы, пачынаў паласкацца і лопаць па чым папала, ствараючы небяспеку для каманды і грузу Пасля гэтага вецер раптам пачаў упарта дзьмуць з таго боку, адкуль насоўвалася непагадзь. I калі чорныя хмары заклубіліся над намі, вецер узмацніўся і паступова перайшоў у сапраўдны ўраган.

Неўзабаве хвалі расхадзіліся так, што пачалі ўзнімацца вакол нас на вышыню да пяці метраў, а асобныя грабяні з шыпеннем імчаліся на вышыні шасці — васьмі метраў, і калі мы апускаліся паміж дзвюма хвалямі, яны былі на адным узроўні з верхавінай нашай мачты. Усе мы, сагнуўшыся ў тры пагібелі, ледзь трымаліся на палубе, а вецер трос бамбукавую сцяну і свістаў і выў ва ўсіх снасцях.

Каб не заліло радыёрубку, мы накрылі брызентам заднюю сцяну і левы бок каюты. Увесь незамацаваны груз быў моцна прынайтаваны, а парус спушчаны і абкручаны вакол бамбукавай рэі. Калі неба зацягнула хмарамі, акіян зрабіўся цёмным і грозным і з усіх бакоў пакрыўся белымі грабянямі. Доўгія палосы мёртвай пены цягнуліся з наветранага боку шырокіх валаў, і ўсюды, дзе хвалі падалі і разбіваліся, узнікалі зялёныя шрамы, якія яшчэ доўга пеніліся на сіне-чорным акіяне. Калі валы разбіваліся, іх грабяні зносіла ветрам, і над акіянам, нібы салёны дождж, віселі пырскі. Нарэшце пачаўся трапічны лівень, які хвастаў па паверхні акіяна гарызантальнымі шкваламі і закрыў усё ад нашых вачэй. Вада, што сцякала ў нас з галавы і барады, была саланаватая на смак. А мы, голыя і азяблыя, скурчыўшыся, усё бегалі, спатыкаючыся на кожным кроку, сюды-туды па палубе і сачылі за тым, каб усе снасці былі ў парадку і маглі шчасліва перанесці шторм. Калі мы заўважылі на небасхіле першыя адзнакі шторму і потым, калі ён пачаў набліжацца да нас, на нашых тварах можна было прачытаць напружанае чаканне і трывогу. Але калі ён усур’ёз разгуляўся над намі і «Кон-Цікі» лёгка і бадзёра адольваў усе перашкоды на сваім шляху, шторм ператварыўся ў хвалюючы від спорту; мы ўсе любаваліся раз’юшанымі стыхіямі, якія бушавалі вакол нас, бачачы, што наш бальзавы плыт цудоўна спраўляецца з імі і ўвесь час трымаецца, нібы корак, на грабянях хваль, а асноўная маса ашалелай вады ўвесь час праносіцца на які-небудзь дзесятак сантыметраў ніжэй нас. У такое надвор’е акіян шмат чым нагадвае горы. У нас было такое адчуванне, быццам мы ў буру апынуліся пад адкрытым небам на самым высокім горным плато, голым і шэрым. Хоць мы знаходзіліся ў сэрцы тропікаў, кожны раз, калі плыт слізгаў угору і ўніз па ўспененых валах бязмежнай пустыні акіяна, нам здавалася, што мы імчымся з гары сярод сумётаў снегу і скал.

У такое надвор’е рулявому на вахце трэба было не спаць у шапку. Калі самыя крутыя хвалі праходзілі падпярэдняй часткай плыта, бярвенні на карме зусім вылазілі з вады, але ў наступны момант зноў апускаліся, каб праз хвіліну ўскарабкацца на новы грэбень. Хвалі ішлі іншы раз так блізка адна ад другой, што задняя даганяла нас, калі першая яшчэ трымала нос плыта задзёртым угору; тады на рулявога з шумам падалі, бязладна круцячыся, цэлыя патокі вады, але праз секунду карма падымалася і вада знікала, сцякаючы між бярвеннямі, нібы між зубамі відэльцаў.

Мы падлічылі, што пры звычайным, спакойным моры, калі самыя высокія хвалі часцей за ўсё ішлі з прамежкамі ў сем секунд, кожныя суткі на нашу карму трапляла каля 200 тон вады; але мы гэтага амаль не заўважалі, бо вада спакойна расцякалася вакол босых ног рулявога і гэтак жа спакойна знікала між бярвеннямі. Але ў час моцнага шторму плыт на працягу сутак прымаў на сваю карму больш за 10 тысяч тон вады, калі лічыць, што кожныя пяць секунд на яе падала ад некалькі дзесяткаў літраў да двух ці трох кубічных метраў вады, а часам і значна больш. Іншы раз хваля налятала на плыт з аглушальным, як удар грому, грукатам, і рулявы стаяў па пояс у вадзе, пры гэтым у яго было такое адчуванне, быццам ён вымушаны ісці ўброд супроць плыні па імклівай рацэ. Плыт, здавалася, на момант прыпыняўся ўздрыгваючы, а потым вялізная маса вады, што ціснула на яго карму, спадала каскадамі за борт.

Герман увесь час знаходзіўся на палубе з анемометрам у руцэ і вымяраў сілу ўраганных шквалаў, якія не спыняліся цэлыя суткі. Потым ураган паступова перайшоў у моцны вецер з рэдкімі дажджавымі шкваламі, ад якіх акіян вакол нас бурліў, як і раней. А мы пры добрым спадарожным ветры, перавальваючыся з хвалі на хвалю, плылі на захад. Для таго каб дакладна вымераць сілу ветру ў непагадзь, Герман пры першай магчымасці залазіў на верхавіну мачты, што ні на хвіліну не пераставала разгойдвацца, і павінен быў трымацца там з усяе сілы.

Як толькі надвор’е крыху палепшала, усе вялікія рыбы вакол нас нібы ашалелі. Акіян паблізу ад плыта кішэў акуламі, тунцамі, залатымі макрэлямі і параўнальна нешматлікімі перапуджанымі банітамі; усе яны слізгалі пад самым плытом або ў хвалях побач з ім. Сярод іх ні на хвіліну не спынялася зацятая смяротная барацьба. Спіны вялізных рыбін, выгінаючыся, высоўваліся з вады; драпежнікі раптам зрываліся з месца і кідаліся ў пагоню, і вада вакол плыта не адзін раз густа афарбоўвалася крывёю. Біліся галоўным чынам тунцы і залатыя макрэлі; макрэлі плылі вялікімі чародамі, яны рухаліся куды хутчэй, чым звычайна, і трымаліся ўвесь час насцярожана. Нападалі тунцы; досыць часта мы бачылі, як рыба кілаграмаў 70—80 вагою падскаквала высока ў паветра, трымаючы ў пашчы скрываўленую галаву макрэлі. У той час як асобныя залатыя макрэлі стрымгалоў уцякалі ад тунцоў, якія гналіся за імі па пятах, чарада макрэлей не адступала перад ворагам, хоць некаторыя з іх звіваліся ў вадзе з вялікімі адкрытымі ранамі на шыі. Час-ад-часу і акул, здавалася, ахоплівала сляпое шаленства, і мы бачылі, як яны даганялі і хапалі вялікіх тунцоў, для якіх акула з’яўляецца дужэйшым за іх саміх ворагам.

Не відаць было ніводнага мірнага маленькага лоцмана. Магчыма, іх паелі раз’юшаныя тунцы, ці, можа, яны пахаваліся ў шчыліны пад плытом або ўцяклі далей ад поля бою. Мы не асмельваліся апусціць галаву ў ваду, каб заглянуць пад плыт.

Знаходзячыся аднойчы на карме па сваёй патрэбе, мне давялося перажыць вялікі страх — пазней я не мог без смеху ўспамінаць аб гэтым пачуцці поўнай разгубленасці, што ахапіла мяне тады. Мы прывыклі да невялікіх хваль у нашай прыбіральні; але я быў страшэнна перапалоханы, калі раптам атрымаў моцны ўдар ззаду чымсьці вялікім, халодным і вельмі цяжкім: гэтае «нешта» вынырнула пада мной з вады і нагадвала галаву акулы. Перш чым я паспеў апамятацца, я ўжо карабкаўся ўверх па штагу з такім адчуваннем, што ў маю заднюю частку ўчапілася акула.

Герман, які аж павіс на рулявым вясле, увесь курчачыся ад рогату, расказаў мне, што вялікі тунец плазам пляснуў мяне па голым месцы сваімі 70 кілаграмамі халоднай рыбінай тушы. Пазней, калі Герман, а потым Тарстэйн стаялі на вахце, тая самая рыбіна спрабавала ўскочыць на плыт з хвалямі, што набягалі на карму; двойчы гэтая здаравенная рыбіна была ўжо на краі бярвенняў, але кожны раз яна зноў зрывалася за борт, перш чым нам удавалася схапіць яе за слізкае тулава.

Праз нейкі час вялікі ашалелы баніт трапіў з хваляй проста на плыт, і мы вырашылі скарыстаць яго і злоўленага перад тым тунца для рыбнай лоўлі, каб навесці парадак у крывавым хаосе, што акружаў нас.

У нашым дзённіку запісана:

«Першай трапіла на кручок і была выцягнута на плыт двухметровая акула. Як толькі мы дасталі кручок, яго праглынула двухзпаловайметровая акула, якую мы таксама выцягнулі на борт. Калі кручок быў зноў закінуты ў ваду, на яго трапіла яшчэ адна двухметровая акула; мы падцягнулі яе на край плыта, але тут яна вызвалілася і нырнула. Кручок адразу ж закінулі зноў, і яго схапіла двухзпаловайметровая акула, з якою ў нас распачалася зацятая барацьба. Мы ўжо выцягнулі яе галаву на бярвенні, як раптам усе чатыры стальныя жылы былі перакушаны, і акула знікла ў глыбіні. Закінулі новы кручок і выцягнулі яшчэ адну акулу. Цяпер, стоячы на коўзкіх бярвеннях кармы, стала небяспечна займацца рыбнай лоўляй, бо тры акулы ўсё яшчэ час-ад-часу ўскідвалі галовы і ляскалі сківіцамі пасля таго, як мы палічылі іх за мёртвых. Мы адцягнулі акул за хвост і злажылі ў кучу на насавой частцы палубы, і неўзабаве пасля гэтага на кручок трапіўся вялікі тунец, які даў нам дыхту больш, чым любая з акул, што даводзілася нам выцягваць. Ён быў такі тлусты і цяжкі, што ніхто з нас не мог падняць яго за хвост.

Акіян усё яшчэ кішэў ашалелымі рыбамі. Яшчэ адна акула схапіла кручок, але вырвалася, калі мы траха ўжо не выцягнулі яе на плыт. Потым мы без асаблівых прыгод выцягнулі двухметровую акулу, за ёю — паўтараметровую. Затым мы злавілі яшчэ адну двухметровую акулу і выцягнулі і яе. Калі кручок быў закінуты зноў, мы выцягнулі яшчэ адну крыху большую акулу».

Куды б мы ні ступалі, усюды натыкаліся на вялікіх акул, якія, сутаргава падскакваючы, малацілі хвастамі па палубе або стукаліся аб бамбукавую каюту. Калі мы пачалі рыбную лоўлю пасля двух начэй шторму, мы ўжо былі стомленыя і змучаныя і цяпер літаральна разгубіліся, не ведаючы, якія акулы ўжо здохлі, якія яшчэ могуць, сутаргава ляскаючы сківіцамі, схапіць нас, калі мы наблізімся, і якія толькі прыкідваюцца мёртвымі, а на справе толькі падпільноўваюць нас. Калі дзевяць вялізных акул завалілі ўсю палубу вакол нас, мы былі так стомлены ад выцягвання лёсак і барацьбы з паміраўшымі акуламі, што пасля пяці гадзін цяжкай працы вырашылі адмовіцца ад далейшай лоўлі.

Назаўтра залатых макрэлей і тунцоў было менш, але акул гэтулькі ж, колькі і напярэдадні. Мы зноў пачалі лавіць і выцягваць іх, але неўзабаве кінулі гэты занятак, бо заўважылі, што свежая кроў акул, сцякаючы з плыта, толькі прыцягвае яшчэ большую колькасць гэтых драпежнікаў. Мы выкінулі ўсіх мёртвых акул за борг і змылі кроў з палубы. Бамбукавыя цыноўкі, як выявілася, былі парваны зубамі і грубай скурай акул; самыя акрываўленыя і самыя падраныя мы выкінулі за борт і замянілі іх новымі залаціста-жоўтымі бамбукавымі цыноўкамі, некалькі пачак якіх было моцна прывязана на пярэдняй частцы палубы.

Калі ў гэты вечар мы палеглі спаць, варта было нам заплюшчыць вочы, як перад намі ўзнікалі драпежныя разяўленыя пашчы акул і плямы крыві. А пах мяса акул даймаў нас на кожным кроку. Мы маглі есці акул; на смак яны былі падобны на пікшу, калі толькі мы вымочвалі кавалкі рыбы на працягу сутак у вадзе, каб пазбавіцца ад паху аміяку. Але баніты і тунцы былі куды смачнейшыя.

У гэты вечар я ўпершыню пачуў, як адзін з маіх спадарожнікаў сказаў, што добра было б зручна выцягнуцца на зялёнай траве пад пальмамі на якім-небудзь востраве; ён быў бы рады ўбачыць што-небудзь іншае замест халодных рыб і бурнага акіяна.

Зноў настала добрае надвор’е, але яно было не такое ўстойлівае і надзейнае, як раней. Час-ад-часу зусім нечаканыя рэзкія парывы ветру прыносілі з сабою вялікія ліўні, якім мы былі вельмі рады, бо значная частка нашага запасу вады пачала псавацца і на смак нагадвала цяпер затхлую балотную ваду.

Калі лівень дасягаў найбольшай сілы, мы збіралі ваду, якая сцякала з даху каюты, і стаялі голыя на палубе, з асалодай адчуваючы, як свежая вада змывае з нас соль.

Лоцманы зноў плылі ля плыта на сваіх звычайных месцах; але былі гэта тыя самыя старыя сябры, якія вярнуліся да нас пасля таго, як скончылася крывавая лазня, ці гэта былі новыя спадарожнікі, набытыя ў гарачцы бітвы, мы не маглі сказаць.

21 ліпеня вецер раптам зноў супакоіўся. Паветра было цяжкае, і зрабілася зусім ціха; мы ўжо ведалі, штб гэта магло азначаць. I сапраўды, пасля некалькіх шалёных парываў з усходу, з захаду і з поўдня вецер памацнеў і пачаў дзьмуць з поўдня, дзе небасхіл зноў завалаклі чорныя, грозныя хмары. Герман увесь час знаходзіўся на палубе з анемометрам, які паказваў ужо больш за пятнаццаць метраў у секунду, як раптам спальны мяшок Тарстэйна рынуўся за борт. Падзеі, якія разыграліся ўслед за тым на працягу некалькіх секунд, занялі куды менш часу, чым патрэбна для таго, каб расказаць пра іх.

Герман, спрабуючы злавіць мяшок на ляту, паслізнуўся і зваліўся ў ваду. Сярод шуму хваль мы пачулі слабы крык аб дапамозе і ўбачылі галаву і руку Германа, якою ён заграбаў ваду, і адначасова нейкі невыразны зялёны сілуэт, што круціўся непадалёку на вадзе. Герман з усяе сілы стараўся падплыць назад да плыта, шалёна змагаючыся з высокімі хвалямі, што ўзнімалі яго і адносілі ўбок ад левага борта. Тарстэйн, які знаходзіўся на карме ля рулявога вясла, і я, стоячы на носе, першымі ўбачылі яго і пахаладзелі ад жаху. Мы закрычалі на ўсё горла: «Чалавек за бортам!» — і кінуліся да бліжэйшай выратавальнай вяроўкі. За шумам акіяна астатнія не чулі крыку Германа. Але цяпер у адзін момант на палубе ўсё ажыло і замітусілася. Герман добра плаваў, і хоць мы адразу зразумелі, што яго жыццё пастаўлена на карту, мы ўсё ж спадзяваліся, што яму ўдасца даплыць да плыта, раней чым зрабіць гэта будзе ўжо занадта позна.

Тарстэйн, які стаяў бліжэй за ўсіх да бамбукавага цыліндра, вакол якога была наматана вяроўка для выратавальнай лодкі, — хутка схапіў яго. Гэта быў адзіны выпадак за ўвесь час падарожжа, калі вяроўку заела і так недарэчы. Усё адбылося за некалькі секунд.

Герман цяпер знаходзіўся на адной лініі з кармой плыта, але за некалькі метраў ад яе і мог яшчэ спадзявацца на ратунак, калі б яму ўдалося падплыць да лопасці рулявога вясла і павіснуць на ёй. Паколькі ён не паспеў ухапіцца за выступ бярвенняў, ён працягнуў руку да лопасці вясла, але яна праслізнула міма. I вось ён ляжаў якраз там, адкуль, як мы ўжо ведалі, нішто не вяртаецца. Пакуль Бенгт і я спускалі на ваду лодку, Кнут і Эрык спрабавалі кінуць Герману выратавальны пояс. Прывязаны да доўгай вяроўкі пояс вісеў заўсёды напагатове на рагу даха каюты; але ў гэты дзень вецер быў такі моцны, што кожны раз адносіў выратавальны пояс назад на плыт. Усе спробы дакінуць пояс канчаліся няўдачай, а Герман ужо знаходзіўся далёка за рулявым вяслом і з усяе сілы стараўся не адставаць ад плыта, але з кожным парывам ветру адлегласць павялічвалася. Ён зразумеў, што з гэтага часу разрыў будзе ўсё павялічвацца, але ў яго яшчэ заставалася слабая надзея на лодку, якая цяпер была ўжо на вадзе. Без вяроўкі, бо яна з’яўлялася нібы тормазам, магчыма, удалося б падагнаць гумавую лодку да чалавека, які плыў насустрач; іншая справа — ці ўдасца гумавай лодцы калі-небудзь вярнуцца да «Кон-Цікі». Усё-такі ў трох чалавек у гумавай лодцы былі нейкія шанцы на тое, каб выратавацца, у аднаго чалавека ў акіяне — ніякіх.

Раптам мы ўбачылі, што Кнут кінуўся з плыта і нырнуў галавой уніз у акіян. У адной руцэ ён трымаў выратавальны пояс і плыў, апіраючыся на яго. Кожны раз, калі галава Германа з’яўлялася на грэбені хвалі, Кнут знікаў, а кожны раз, калі з’яўляўся Кнут, Германа не было відаць. Але вось мы ўбачылі галовы абодвух адначасова: яны падплылі адзін да аднаго і абодва трымаліся за выратавальны пояс. Кнут махаў рукой; паколькі тым часам мы паспелі ўсцягнуць гумавую лодку на борт, то мы ўсе ўчатырох ухапіліся за вяроўку ад выратавальнага пояса і пачалі цягнуць з усяе сілы, не зводзячы ў той жа час вачэй з вялікага цёмнага прадмета, які быў відаць у вадзе ззаду двух плыўцоў. Гэтая таямнічая жывёліна час-ад-часу высоўвала над грэбенем хвалі вялікі зеленавата-чорны трохвугольнік; ён ледзь не да смерці перапалохаў Кнута, калі той плыў да Германа. Тады толькі Герман ведаў, што трохвугольнік належаў не акуле і не якому-небудзь іншаму марскому страшыдлу. Гэта быў надзьмуты рог непрамакальнага спальнага мяшка Тарстэйна. Але спальны мяшок нядоўга трымаўся на вадзе пасля таго, як мы выцягнулі на плыт абодвух нашых таварышаў жывымі і здаровымі. Той, хто пацягнуў спальны мяшок углыб акіяна, выпусціў больш каштоўную здабычу.

— Як добра, што я не быў у ім, — сказаў Тарстэйн і зноў узяўся за рулявое вясло.

Зрэшты, у гэты вечар нам было не да жартаў. Нас усіх яшчэ доўга прабіралі нервовыя дрыжыкі. Але халодныя дрыжыкі змешваліся з гарачым пачуццём радасці, што мы па-ранейшаму ўшасцёх на плыце.

У гэты дзень мы нагаварылі Кнуту кучу прыемных слоў — і сам Герман і ўсе астатнія.

Аднак у нас было мала часу, каб доўга думаць аб тым, што ўжо адбылося; чым больш цямнела неба над намі, тым мацнейшымі станавіліся парывы ветру, і да надыходу ночы на нас наляцеў новы шторм. Цяпер прывязаны да доўгай вяроўкі выратавальны пояс знаходзіўся на вадзе за кармой; калі ў час шквалу хто-небудзь з нас зноў зваліцца за борт, то, магчыма, яму ўдасца схапіцца за пояс, які плыў за рулявым вяслом. Калі надышла ноч, вакол нас стаяла непраглядная цемра, у якой не было відаць ні плыта, ні акіяна; шалёна скачучы ў цемені з хвалі на хвалю, мы чулі толькі, як выў вецер у мачтах і снасцях, і адчувалі, як шквалы наляталі на гнуткія сцены бамбукавай каюты з такой сілай, што здавалася, вось-вось знясуць яе за борт. Але каюта была накрыта брызентам і добра ўмацавана адцяжкамі. Мы адчувалі, як «Кон-Цікі» кідаўся ва ўсе бакі на ўспененых хвалях і бярвенні, нібы клавішы раяля, хадзілі ўгору і ўніз у такт руху хваль. Мы кожны раз дзіву даваліся, што патокі вады не ўрываюцца праз шырокія шчыліны ў падлозе каюты; гэтыя шчыліны з’яўляліся толькі нібы мяхамі, праз якія няспынна імчаліся ўгору і ўніз струмені вільготнага паветра.

Ажно пяць дзён надвор’е было няўстойлівае: то дзьмуў сапраўдны ўраган, то вецер падаў да слабага. Акіян быў зрыты шырокімі, ахутанымі смугой ад успененых шэравата-сініх хваль далінамі, а грабяні хваль здаваліся выцягнутымі ў даўжыню і сплюснутымі ад напору ветру. Потым на пяты дзень на небе з’явіліся блакітныя прасветы, і разам з тым, як ураган аддаляўся ад нас, злавесныя чорныя хмары саступалі месца ўсёпераможнаму блакітнаму небу.

Шторм нарабіў нам работы: рулявое вясло было разбіта, парус разарваны, а выстаўныя кілі матляліся і стукаліся, нібы стальвагі, аб бярвенні, бо ўсе вяроўкі, якімі яны былі замацаваны пад вадой, зусім перацерліся. Але самі мы і груз ніколькі не пацярпелі.

Пасля двух штормаў «Кон-Цікі» сур’ёзна разладзіўся. Ад напружання ў час пад’ёму на крутыя грабяні хваль усе вяроўкі выцягнуліся, а ад няспыннага руху бярвенняў вяроўкі ўрэзаліся ў іх. Мы дзякавалі богу за тое, што паслухаліся ўказанняў інкаў і адмовіліся ад стальных тросаў, якія ў час шторму проста перапілавалі б увесь плыт на дробныя кавалкі. А калі б з самага пачатку ў нас былі зусім сухія бальзавыя бярвенні, якія маюць высокую плывучасць, плыт даўно набрыняў бы марской вадой і затануў бы ў акіяне разам з намі. Сок свежассечаных дрэў з’яўляўся тым саставам, які не даваў вадзе пранікнуць у порыстую бальзавую драўніну. Але цяпер вяроўкі так аслаблі, што небяспечна было ступіць паміж двума бярвеннямі, бо пры рэзкім сутыкненні яны маглі расціснуць нагу. На носе і на карме, дзе не было бамбукавай палубы, мы былі вымушаны, згінаючы калені, шырока расстаўляць ногі, каб стаяць адразу на двух бярвеннях. Карма, пакрытая мокрымі водарасцямі, зрабілася слізкай, як лісце бананаў; там, дзе мы звычайна хадзілі, мы зрабілі сярод зелені пастаянную дарожку, а ля руля, дзе стаяў вахтавы, паклалі шырокую дошку, і ўсё-такі, калі хваля падкідвала плыт, утрымацца на нагах было нялёгка. А з левага боку адно з дзевяці вялізных бярвенняў дзень і ноч, глуха хлюпаючы, стукалася аб ранжыны. Пачалі злавесна скрыпець таксама і вяроўкі, якія звязвалі верхавіны дзвюх нахіленых мачтаў, бо гнёзды для мачтаў былі высечаны ў двух розных бярвеннях і рухаліся незалежна адно ад другога.

Мы зрасцілі рулявое вясло, прывязаўшы да яго доўгія кавалкі цяжкага, як жалеза, мангравага дрэва. Эрык і Бенгт паправілі парус, і «Кон-Цікі» зноў горда ўзняў галаву і выпнуў грудзі ў бок Палінезіі, а рулявое вясло танцавала за кармой у хвалях, якія, пасля таго як усталявалася добрае надвор’е, зноў былі лагоднымі і невысокімі. Але кілі ніколі больш не сталі такімі, якімі былі раней; яны не адказвалі на ціск вады з ўсёй сваёй ранейшай сілай, таму што змясціліся і матляліся пад плытом нічым не замацаваныя. Было бескарысна спрабаваць агледзець вяроўкі з боку дна, бо яны зусім зараслі водарасцямі. Абследаваўшы ўсю бамбукавую палубу, мы ўбачылі, што толькі тры з асноўных вяровак былі парваныя; яны ляжалі, скруціўшыся, прыціснутыя да грузу, аб які яны перацерліся. Было відавочна, што бярвенні ўвабралі ў сябе вялікую колькасць вады, але груз зменшыўся, і гэта ўраўнаважвала страту плывучасці. Большая частка правізіі і вады для піцця, а таксама сухіх батарэй нашых радыстаў была ўжо зрасходавана.

Тым не менш пасля апошняга шторму мы былі ўпэўнены, што плыт не распаўзецца і праплыве тую параўнальна невялікую адлегласць, якая аддзяляла нас ад астравоў, што знаходзіліся наперадзе.

Цяпер на першы план станавілася іншая праблема: як наша падарожжа закончыцца?

«Кон-Цікі» будзе няўхільна імкнуцца на захад, пакуль не ўпрэцца носам у берагавыя скалы або ў якую-небудзь іншую нерухомую перашкоду, якая спыніць яго рух. Падарожжа закончыцца толькі тады, калі ўся каманда, цэлая і здаровая, выйдзе на бераг аднаго са шматлікіх палінезійскіх астравоў, што раскінуліся наперадзе.

Калі мінуў апошні шторм, мы зусім не ведалі, куды можа прычаліць плыт. Мы знаходзіліся на аднолькавай адлегласці і ад Маркізскіх астравоў, і ад архіпелага Туамоту, прычым магло здарыцца і так, што мы спакойненька праплывём паміж гэтымі дзвюма групамі астравоў, не ўбачыўшы ні той, ні другой. Бліжэйшы востраў з групы Маркізскіх знаходзіўся за 300 міль на паўночны захад, бліжэйшы востраў архіпелага Туамоту — за 300 міль на паўднёвы захад, а вецер і плынь былі няўстойлівыя, але наогул неслі нас на захад, у шырокія вароты акіяна паміж дзвюма групамі астравоў.

Самым блізкім востравам у паўночна-заходнім напрамку быў той самы Фату-Хіва, маленькі, пакрыты джунглямі гарысты астравок, на якім я калісьці жыў у пабудаванай на беразе хаціне на палях і слухаў вобразныя расказы старога аб гераічным продку — Цікі. Калі б «Кон-Цікі» прычаліў да гэтага ж берага, я сустрэў бы там шмат знаёмых, але наўрад ці самога старога. Ён, напэўна, ужо даўно памёр, цвёрда спадзеючыся спаткацца са сваім продкам Цікі. Калі плыт накіруецца да гэтага ланцуга гарыстых Маркізскіх астравоў, то высадка будзе для нас нялёгкай справай. Астравы гэтай групы ляжаць далёка адзін ад аднаго, і акіян, не сустракаючы ніякіх перашкод, навальваецца на стромкія скалы, так што нам давядзецца быць пільнымі і кіравацца да вусцяў нешматлікіх далін, якія заўсёды заканчваюцца вузкай паласой пляжу.

Калі ж плыт пагоніць да каралавых рыфаў архіпелага Туамоту, то там акіян на многія сотні кіламетраў густа ўсеяны шматлікімі астравамі. Але гэтая група астравоў вядома таксама пад назвай Нізкага, ці Небяспечнага, архіпелага, таму што бярэ сваё паходжанне ад каралаў і складаецца з небяспечных падводных рыфаў і пакрытых пальмамі атолаў, якія ўзвышаюцца ўсяго на два — тры метры над паверхняй вады. Рыфы акружаюць ахоўным кальцом кожны атол і з’яўляюцца сур’ёзнай перашкодай для плавання ва ўсім гэтым раёне. Але хоць атолы Туамоту створаны караламі, а Маркізскія астравы з’яўляюцца рэшткамі патухлых вулканаў, абедзве групы астравоў населены адным і тым жа палінезійскім народам, і каралеўскія сем’і ўсюды лічаць Цікі сваім роданачальнікам.

Яшчэ 3 ліпеня, калі мы знаходзіліся за тысячу міль ад Палінезіі, сама прырода паведаміла нам, — як яна ў свой час паведаміла першабытным перуанскім мараплаўцам, калі яны дасягнулі гэтых мясцін на сваіх плытах, — што дзесьці наперадзе сярод акіяна сапраўды знаходзіцца зямля. Пакуль мы не праплылі добрую тысячу міль ад берагоў Перу, мы час-ад-часу бачылі невялікія чароды фрэгатаў. Прыкладна на 100° заходняй даўжыні яны знікалі. і нам пачалі трапляцца толькі маленькія буравеснікі, якія жывуць у акіяне. Але 3 ліпеня на 125° заходняй даўжыні фрэгаты зноў з’явіліся. Пачынаючы з гэтага дня, мы часта бачылі невялікія чародкі фрэгатаў. Яны ляцелі высока ў небе або праносіліся над грабянямі хваль, хапаючы лятучых рыб, якія выскаквалі ў паветра, ратуючыся ад залатых макрэлей. Паколькі гэтыя птушкі прыляцелі не з Амерыкі, якая была ззаду ў нас, то іх радзіма павінна была знаходзіцца ў другім баку — наперадзе.

16 ліпеня прырода дала нам яшчэ больш пэўнае ўказанне. У гэты дзень мы выцягнулі трохметровую акулу, і яна вырыгнула са свайго жывата вялікую неператраўленую марскую зорку, якую праглынула нядаўна ля берага дзесьці паблізу.

А назаўтра да нас прыляцелі першыя госці непасрэдна з астравоў Палінезіі. Гэта была знамянальная падзея на плыце, калі мы заўважылі на небасхіле ў заходнім напрамку двух вялікіх глупышоў, якія неўзабаве пачалі нізка лунаць над нашай мачтай. Распасцёршы свае крылы, якія мелі ў размаху паўтара метра, яны доўга кружылі над намі, а потым, склаўшы крылы, селі на ваду побач з плытом. Залатыя макрэлі адразу ж кінуліся да таго месца і пачалі надакучліва шнырыць вакол вялікіх вадаплаўных птушак, але абодва бакі не чапалі адзін аднаго. Гэта былі першыя жывыя вестуны, якія прынеслі нам прывітанне з Палінезіі. Увечары яны не паляцелі, а засталіся на вадзе, і яшчэ апоўначы мы чулі, як яны з хрыплымі крыкамі кружылі вакол мачты.

Лятучыя рыбы, якія траплялі да нас на плыт, былі цяпер значна большымі па памерах і належалі да другога віду; я памятаў іх па рыбацкіх прагулках, якія рабіў з жыхарамі вострава ўздоўж берагоў Фату-Хівы.

На працягу трох сутак мы трымалі курс проста на Фату-Хіву, але потым падзьмуў моцны паўночна-ўсходні вецер і аднёс нас на поўдзень, у бок атолаў Туамоту, за межы самой экватарыяльнай плыні, і цяпер акіянскія плыні пачалі паводзіць сябе ненадзейна. Адзін дзень яны былі прыкметны, на другі дзень знікалі. Плынь іншы раз ішла, як нябачная рака, разгаліноўваючыся ва ўсе бакі. Калі яна была шпаркая, хвалі станавіліся большымі і тэмпература вады звычайна зніжалася на адзін градус. Напрамак і сілу плыні мы вызначалі кожны дзень па розніцы паміж вылічаным Эрыкам месцазна-ходжаннем плыта і вызначаным ім па сонцу[37].

На парозе Палінезіі вецер сказаў «пас» і перадаў нас ціхаму адгалінаванню плыні, якая, на вялікі наш жах, ішла ў напрамку Антарктыкі. Поўнага штылю не было — мы не зведалі яго ні разу за ўсё наша падарожжа, — і калі вецер быў вельмі слабы, мы падвешвалі да мачты ўсе нашы анучкі, каб выкарыстаць самы нязначны подых. Не было ніводнага дня, каб мы рухаліся назад, у бок Амерыкі; найменшая адлегласць, пройдзеная за суткі, складала 9 марскіх міль, між тым як сярэдняя хуткасць за ўвесь час нашага падарожжа раўнялася 421/2 мілям у суткі.

Усё-такі ў пасата не хапіла духу пакінуць нас ля самай мэты. Ён зноў пачаў выконваць свае абавязкі — штурхаць і гнаць дажываючае свой век судна, якое рыхтавалася ўвайсці ў новую незвычайную краіну.

З кожным днём чароды марскіх птушак рабіліся ўсё больш шматлікімі і бязмэтна кружылі над намі ва ўсіх напрамках. Аднойчы ўвечары, калі сонца заходзіла ў акіян, мы заўважылі, што птушкі нечым моцна ўсхваляваны. Яны ляцелі на захад, не звяртаючы ніякай увагі на нас і на лятучых рыб. З верхавіны мачты мы маглі бачыць, што, праляцеўшы над намі, яны ўсе рухаліся ў адным і тым жа напрамку. Магчыма, ім зверху было відаць тое, чаго не бачылі мы. А можа, імі кіраваў інстынкт. Ва ўсякім разе, яны ляцелі да пэўнай мэты, проста дадому, на бліжэйшы востраў, да сваіх гнёздаў.

Мы павярнулі рулявое вясло і накіравалі наш плыт дакладна ў той бок, дзе зніклі птушкі. Нават пасля таго, як сцямнела, мы чулі крыкі адсталых чарод, што праляталі над намі на фоне зорнага неба якраз у тым напрамку, якога мы цяпер трымаліся. Гэта была цудоўная ноч; месяц быў амаль у поўні — трэці раз за час плавання «Кон-Цікі».

Назаўтра над намі кружыла яшчэ больш птушак, але ўвечары ўжо не трэба было, каб яны паказвалі нам дарогу. К гэтаму часу мы заўважылі на небасхіле дзіўнае, нерухомае воблака. Іншыя воблакі здаваліся маленькімі, лёгкімі шматкамі воўны; яны з’яўляліся на поўдні і, падганяемыя пасатам, праплывалі па небе, а потым знікалі за небасхілам на захадзе. Такімі я калісьці бачыў гэтыя гнаныя пасатам воблакі на востраве Фату-Хіва, такімі мы іх бачылі над сабой уночы і ўдзень на борце «Кон-Цікі». Але адзінокае воблака на небасхіле на паўднёвым захадзе ад нас не рухалася, — яно проста вісела ў паветры, нібы нерухомы слуп дыму, між тым як астатнія воблакі праплывалі міма. Такія воблакі, як гэтае, палатыні называюцца Cumulonimbus. Палінезійцы не ведалі гэтага, але ім было вядома, што пад такімі воблакамі знаходзіцца зямля. Калі трапічнае сонца моцна награе пясок, утвараецца паток цёплага паветра, які ўзнімаецца ўгору, і ў больш халодных слаях атмасферы вадзяная пара ў ім згушчаецца.

Мы кіравалі на воблака, пакуль яно не знікала разам з захадам сонца. Вецер быў устойлівы, і з моцна прывязаным рулявым вяслом «Кон-Цікі» сам, без ніякага нашага ўдзелу, як гэта часта бывала ў добрае надвор’е ў акіяне, трымаўся свайго курсу. Работа таго, хто стаяў на вахце, заключалася цяпер у тым, каб залезці на верхавіну мачты і як мага даўжэй сядзець там на нацёртай за апошнія дні да бляску пляцоўцы, выглядаючы, ці не з’явяцца адзнакі таго, што блізка зямля.

Усю гэтую ноч над намі чуліся аглушальныя крыкі птушак. I свяціў амаль круглы месяц.


РАЗДЗЕЛ СЁМЫ ЛЯ АСТРАВОЎ ПАЎДНЁВАГА МОРА

Мы бачым зямлю. — Нас адносіць ад Пука-Пука. — Святочны дзень ля рыфа Ангатау. — На парозе раю. — Першыя астраўляне. — Новая каманда «Кон-Цікі». — Кнут атрымаў дазвол сысці на бераг. — Прайграны бой. — Нас зноў нясе ў акіян. — У небяспечных водах. — Ад Такуме да Рароіа. — Нас нясе ў «кацёл ведзьмаў». — У палоне бурунаў. — Караблекрушэнне. — Выкінуты на каралавы рыф. — Мы знаходзім бязлюдны востраў.


У ноч на 30 ліпеня «Кон-Цікі» акружала нейкая новая незвычайная атмасфера. Магчыма, аглушальныя крыкі разнастайных марскіх птушак над намі стваралі адчуванне, што набліжаюцца нейкія падзеі. Пасля таго як на працягу трох месяцаў мы чулі, апрача шуму акіяна, толькі аднастайны скрып мёртвых вяровак, шматгалосы крык птушак здаваўся такім узбуджальным і такім зямным. А месяц, што плыў над нашым назіральным пунктам на верхавіне мачты, здаваўся большым і круглейшым, чым звычайна. У нашым уяўленні ён адлюстроўваў верхавіны пальмаў і ўсю рамантыку цеплакроўнага свету; над акіянам з халоднымі рыбамі месяц не ззяў такім жоўтым святлом.

У шэсць гадзін Бенгт спусціўся з верхавіны мачты, пабудзіў Германа і ўлёгся спаць. Калі Герман залез на рыплівую хісткую мачту, ужо з’явіліся першыя пробліскі зары. Хвілін праз дзесяць ён зноў спусціўся па вяровачных лесках і пацягнуў мяне за нагу.

— Выходзьце хутчэй ды зірніце на ваш востраў!

Твар Германа ззяў; я ўсхапіўся, а ўслед за мною і Бенгт, які не паспеў яшчэ заснуць. Штурхаючыся і замінаючы адзін аднаму, мы паспешліва карабкаліся як мага вышэй, пакуль не дабраліся да месца скрыжавання мачтаў. Вакол нас лятала мноства птушак, а бледная блакітна-фіялетавая паласа на небе адлюстроўвалася ў акіяне, як апошні напамінак аб адыходзячай ночы. Але вось увесь небасхіл на ўсходзе пачаў афарбоўвацца яркай чырванню, а далёка на паўднёвым усходзе неба паступова набывала крывава-барвовую афарбоўку, і на яго фоне ўздоўж краю акіяна бледным ценем акрэслівалася, нібы праведзеная сінім алоўкам, невялікая рыса.

Зямля! Востраў! Мы прагна глядзелі на яго, не зводзячы вачэй. потым разбудзілі таварышаў; яшчэ сонныя, яны выскачылі на палубу і пазіралі ва ўсе бакі, нібы думалі, што нос нашага плыта вось-вось уткнецца ў бераг. Марскія птушкі, што з крыкам праляталі над намі, утваралі як быццам паветраны мост між нашым плытом і далёкім востравам, які ўсё больш выразна выступаў на небасхіле, па меры таго як з набліжэннем сонца і надыходам дня чырвоны фон разліваўся па небе і пераходзіў у залацісты. Першай нашай думкай было, што востраў знаходзіцца не там, дзе яму належала быць. I паколькі востраў не мог перасунуцца, то, відавочна, за ноч плыт аднесла на поўнач. Нам дастаткова было кінуць адзін позірк на акіян, каб па напрамку хваль адразу зразумець, што, пакуль было цёмна, мы страцілі ўсе шанцы прычаліць тут. Там, дзе мы цяпер знаходзіліся, вецер ужо не даваў нам магчымасці накіраваць плыт да вострава. У раёне акіяна вакол архіпелага Туамоту было шмат моцных мясцовых плыняў, якія, натыкаючыся на зямлю, разгаліноўваліся ва ўсе бакі; шмат якія з іх, сустрэўшыся з магутнымі прыліўнымі плынямі, што рухаліся ўзад і ўперад праз рыфы і лагуны, змянялі свой напрамак.

Мы павярнулі рулявое вясло, хоць добра ведалі, што гэта бескарысна. А палове сёмай сонца ўзышло над акіянам і пачало ўзнімацца проста ўгору, як гэта заўсёды бывае ў тропіках. Востраў знаходзіўся ад нас на адлегласці некалькі міль і паўставаў перад вачыма ў выглядзе ледзь прыкметна тырчаўшай з вады палоскі лесу ўздоўж небасхілу. Дрэвы цесна стаялі за вузкай светлай стужкай берага, а ён быў такі нізкі, што праз роўныя прамежкі часу хаваўся за хвалямі. Паводле вызначэнняў Эрыка, гэта быў Пука-Пука, самы крайні востраў архіпелага Туамоту. «Лоцыя Ціхага акіяна 1940 года», дзве нашы карты і назіранні Эрыка давалі чатыры розныя варыянты каардынат гэтага вострава, але паколькі паблізу ніякай іншай зямлі не існавала, то мы не маглі сумнявацца, што востраў, які мы бачылі, быў Пука-Пука.

Ніхто з нас не выказваў бурных пачуццяў. Мы падцягнулі парус, павярнулі вясло і моўчкі стаялі на палубе або на верхавіне мачты. углядаючыся ў зямлю, што раптам з’явілася сярод бязмежнага ўсёабдымнага акіяна. Нарэшце-такі мы сваімі вачыма пераканаліся ў тым, што ўсе гэтыя месяцы сапраўды рухаліся, а не проста гайдаліся на хвалях у цэнтры аднаго і таго ж спрадвечнага, абведзенага небасхілам круга. Зрэшты, нам здавалася, быццам мы бачым нейкі плывучы востраў, што раптам апынуўся сярод сіняга пустэльнага акіяна, у цэнтры якога знаходзілася наша пастаяннае месцажыхарства, і быццам гэты востраў павольна плыў па нашых уладаннях, кіруюь чыся на ўсход. Нас усіх ахапіла пачуццё глыбокага задавальнення і спакою ад усведамлення таго, што мы сапраўды дасягнулі Палінезіі; але да гэтага пачуцця дамешвалася лёгкае мімалётнае расчараванне, што мы былі вымушаны бездапаможна глядзець на востраў, які, нібы міраж, узнік перад намі, і плыць, плыць у бясконцую далеч па акіяну на захад.

Адразу пасля ўсходу сонца над вершалінамі дрэў у левай частцы вострава ўзняўся густы чорны слуп дыму. Мы сачылі за ім і думалі самі сабе, што гэта, напэўна, прачнуліся жыхары вострава і гатуюць снеданне. Тады нам не прыйшло ў галаву, што астраўляне заўважылі нас са сваіх назіральных пастоў і падаюць дымам сігналы, запрашаючы нас высадзіцца. А сёмай гадзіне да нас даляцеў лёгкі пах дымку ад спаленага пальмавага дрэва. Гэты пах хвалююча казытаў нашы прасоленыя ноздры. Адразу абудзіліся і агарнулі мяне ўспаміны аб вогнішчы на беразе Фату-Хівы. Праз паўгадзіны мы адчулі пахі лесу і свежассечаных дрэў. Востраў пачаў паступова аддаляцца, цяпер ён знаходзіўся за кармой, і час-ад-часу з яго даляталі да нас лёгкія павевы ветру. Хвілін пятнаццаць Герман і я стаялі, учапіўшыся ў верхавіну мачты, і прагна ўбіралі ў сябе цёплы пах лісця і зеляніны. Гэта была Палінезія — цудоўны, раскошны водар сушы пасля дзевяноста трох салёных дзён сярод хваль. Бенгт ужо зноў хроп у сваім спальным мяшку. Эрык і Тарстэйн ляжалі на спіне ў каюце і аб чымсьці думалі, а Кнут раз-по-раз выбягаў на палубу, каб панюхаць, як пахне лісце, а потым нешта пісаў у сваім дзённіку.

А палове дзевятай Пука-Пука схаваўся ў акіяне ззаду ў нас, але яшчэ да адзінаццаці гадзін з верхавіны мачты мы маглі бачыць бледную блакітную палоску над усходнім небасхілам. Потым і яна знікла, і толькі высокае кучава-дажджавое воблака, што нерухома вісела ў небе, паказвала нам, дзе знаходзіцца Пука-Пука. Птушкі зніклі. Яны лічаць за лепшае трымацца наветранага боку вострава, каб вецер дапамагаў ім, калі яны будуць увечары вяртацца дадому з поўным страўнікам. Залатых макрэлей таксама амаль не было відаць, і нас суправаджала толькі некалькі лоцманаў, якія плылі пад плытом.

У гэты вечар Бенгт сказаў, што ён марыць аб стале і крэсле, бо вельмі стаміўся чытаць, лежачы то на спіне, то на жываце. Зрэшты, ён рад, што нам не ўдалося падплыць да берага, бо ён не паспеў яшчэ прачытаць тры кнігі. Тарстэйну раптам захацелася яблыкаў. А я сам прачнуўся ўночы ад зусім выразнага цудоўнага паху біфштэкса з цыбуляй. Але высветлілася, што так пахне брудная кашуля.

Назаўтра раніцай мы ўбачылі два новыя воблакі, якія ўзнімаліся ля небасхілу, нагадваючы дым двух паравозаў. Па карце мы ўстанавілі, што каралавыя астравы, над якімі гэтыя воблакі ўзвышаліся, называюцца Фангахіна і Ангатау[38]. Вецер дзьмуў так, што воблака над Ангатау знаходзілася ад нас у больш зручным напрамку; таму, моцна прывязаўшы вясло, мы ўзялі курс на Ангатау, а самі спакойна цешыліся цудоўным спакоем і цішынёй Ціхага акіяна. Пры добрым надвор’і жыццё на бамбукавай палубе «Кон-Цікі» было вельмі прыемным, і мы з асалодай прагна ўбіралі ў сябе ўсе ўражанні, упэўненыя ў блізкім заканчэнні нашага падарожжа, што б там ні чакала нас наперадзе.

На працягу трох сутак мы плылі ў напрамку воблака над Ангатау; надвор’е стаяла цудоўнае, рулявое вясло само вяло нас па курсу, і плынь не выкідвала з намі ніякіх жартаў. Раніцай чацвёртага дня Тарстэйн у шэсць гадзін змяніў на вахце Германа, і той сказаў яму, што ён пры святле месяца як быццам бачыў абрысы нізкага вострава. Калі неўзабаве ўзышло сонца, Тарстэйн прасунуў галаву ў дзверы каюты і крыкнуў:

— Наперадзе зямля!

Мы ўсе кінуліся на палубу, і тое, што мы ўбачылі, прымусіла нас узняць усе нашы флагі. Першым узляцеў на карме нарвежскі флаг, за ім на верхавіне мачты — французскі, паколькі мы набліжаліся да французскай калоніі. Неўзабаве ўся наша калекцыя флагаў развявалася на свежым пасатным ветры — амерыканскі, англійскі, перуанскі і шведскі, не лічачы флага Клуба падарожнікаў. Цяпер ніхто з нас не мог сумнявацца, што «Кон-Цікі» прыбраны як след. На гэты раз месцазнаходжанне вострава было ідэальным — проста па нашаму курсу і крыху далей ад нас, чым Пука-Пука, калі ён паўстаў перад намі на досвітку чатыры дні таму назад. Як толькі сонца паднялося на небе за намі, мы ўбачылі высока ў туманным небе над востравам светла-зялёнае мігценне. Гэта было адлюстраванне ціхай зялёнай лагуны ўнутры кальца з рыфаў. Над некаторымі нізкімі атоламі такія міражы стаяць у паветры на вышыні некалькіх тысяч метраў, і першабытныя мараплаўцы бачылі гэтыя адлюстраванні за шмат дзён да таго, як сам востраў паказваўся на небасхіле.

Прыблізна а дзесятай гадзіне мы ўзяліся за рулявое вясло; цяпер трэба было вырашыць, да якой часткі вострава мы будзем кіраваць.

Мы маглі ўжо распазнаць асобныя верхавіны дрэў і бачылі рады ствалоў, што зіхацелі на сонцы на фоне густога цяністага лісця.

Мы ведалі, што недзе між намі і востравам знаходзяцца небяспечныя падводныя рыфы, якія падпільноўваюць усё, што набліжаецца да прыветлівага з выгляду вострава. Высокія валы зыбу, бесперашкодна набягаючы з усходу, закрываюць гэтыя рыфы; і паколькі вялізныя масы вады на мелкім месцы затрымліваюцца, яны ўзнімаюцца к небу і з грукатам і пенай падаюць уніз, праносячыся над вострымі каралавымі рыфамі. Не адзін карабель трапіў у гэтую пастку — быў зацягнуты на страшэнныя падводныя рыфы архіпелага Туамоту і разбіты ўшчэнт аб каралавыя скалы.

З боку мора мы не заўважалі ніякіх адзнак жахлівай пасткі. Мы плылі ўслед за хвалямі і бачылі толькі выгнутыя зіхатлівыя грабяні, якія адзін за другім анікалі ў напрамку вострава. I рыфы і ўся ўспененая д’ябальская свістапляска над імі былі схаваны ад нас радамі шырокіх грабянёў хваль, што каціліся наперадзе. Але з абодвух канцоў вострава, і з паўночнага і з паўднёвага, дзе берагавая лінія загіналася, мы бачылі, што за некалькі соцень метраў ад зямлі ўвесь акіян меў выгляд белага бурлівага кіпетню, які ўзнімаўся высока ў паветра.

Мы накіравалі свой плыт так, каб апынуцца на рубяжы «кухні ведзьмаў» ля паўднёвага краю вострава, і спадзяваліся, што, трапіўшы туды, мы здолеем плыць уздоўж атола, пакуль не абмінем мыс і не будзем на падветраным баку; ва ўсякім разе, мы разлічвалі, перш чым нас пранясе міма, дасягнуць дастаткова мелкага месца, дзе мы маглі б з дапамогай самаробнага якара спыніцца і, дачакаўшыся змены ветру, апынуцца, такім чынам, пад аховай вострава.

Пад поўдзень мы маглі ўжо распазнаць у бінокль расліннасць вострава — пышныя зялёныя кусты на фоне густога гаю з маладых какосавых пальмаў. На беразе перад лесам на светлым пяску тут і там ляжалі вялікія глыбы каралаў. Ніякіх іншых адзнак жыцця не было, калі не лічыць белых птушак, што луналі над кронамі пальмаў.

У дзве гадзіны мы падплылі да вострава і цяпер рухаліся ўздоўж яго ля самага краю непрыступных рыфаў. Чым бліжэй мы падплывалі, тым усё больш выразна было чуваць, як равуць буруны, разбіваючыся аб рыфы; гук гэты спачатку нагадваў несціханы шум вадаспада, а неўзабаве стаў падобны на грукат бясконцага кур’ерскага поезда, які імчаўся паралельна нам за некалькі соцень метраў ад нашага правага борта. Цяпер мы маглі разгледзець таксама белыя пырскі, што сюд-туд узляталі высока ў паветра за кучаравымі грабянямі хваль збоку ад нас, там, дзе грукатаў «поезд».

Цяжкім рулявым вяслом працавалі двое; яны стаялі за бамбукавай каютай і таму не бачылі, што робіцца наперадзе. Эрык як штурман залез на скрыню, што служыла нам кухняй, і падаваў каманду абодвум рулявым. Наш план заключаўся ў тым, каб трымацца як мага бліжэй, але ў той жа час на дастаткова бяспечнай адлегласці ад грозных рыфаў. З верхавіны мачты мы ўвесь час назіралі, ці не пакажацца ў каралавым кальцы які-небудзь пралом або праход, праз які мы маглі б паспрабаваць праслізнуць. Плынь несла нас цяпер уздоўж рыфа і не выкідвала ніякіх фокусаў. Расхістаныя кілі давалі нам магчымасць рухацца пад вуглом да ветру ў межах 20° у той ці другі бок, а вецер дзьмуў уздоўж рыфа.

У той час як Эрык вёў плыт па звілістаму курсу, трымаючыся ад рыфаў на такой адлегласці, каб не магла ўзнікнуць пагроза быць уцягнутым у вір, Герман і я паплылі ў прывязанай на вяроўцы гумавай лодцы. Калі плыт ішоў правым галсам, вяроўка цягнула і нас управа, і мы падплывалі так блізка да грукацеўшых над рыфамі бурунаў, што нам удавалася кінуць позірк на сцяну вады колеру зялёнага шкла, што ўцякала ад нас; калі хвалі, круцячыся вірамі, адкочваліся назад, мы маглі ўбачыць таксама голыя рыфы, якія тырчалі з вады, нагадваючы напаўразбураную барыкаду з іржавай жалезнай руды. Наколькі сягала вока, мы не маглі заўважыць уздоўж берага ніякага праходу. Эрык завіхаўся з парусам, падцягваючы левае палотнішча і аслабляючы правае, а рулявыя з усяе сілы націскалі на вясло, і «Кон-Цікі» зноў змяняў курс і, перавальваючыся, адыходзіў з небяспечнай зоны да наступнага павароту на другі галс.

Мы з Германам сядзелі ў прывязанай да плыта лодачцы, і кожны раз, калі «Кон-Цікі» набліжаўся да рыфаў і зноў аддаляўся ад іх, у нас замірала сэрца, бо лодку адносіла так блізка да рыфаў, што мы пачыналі адчуваць, як рытм хваляў становіцца ўсё больш частым і ўсё больш нервовым і пагрозлівым. I кожны раз мы былі ўпэўнены, што цяпер Эрык занадта захапіўся, што цяпер няма ніякай надзеі вывесці «Кон-Цікі» з паласы бурунаў, якія цягнулі нас да праклятых чырвоных рыфаў. Але кожны раз Эрык спрытным манеўрам паварочваў плыт, і «Кон-Цікі» зноў шчасліва адплываў у бок адкрытага акіяна, аддаляючыся ад здрадніцкіх віроў. Увесь гэты час мы плылі ўздоўж вострава на такой блізкай адлегласці, што бачылі ўсё да самых драбніц на беразе; і гэтая райская прыгажосць была для нас недаступна: дарогу да яе перагароджвалі ўспененыя рыфы.

Прыблізна а трэцяй гадзіне дня пальмавы лес на беразе расступіўся і праз шырокі прасвет мы ўбачылі сінюю люстрана-гладкую лагуну. Але кальцо рыфаў заставалася такім жа суцэльным, як і дагэтуль, і гэтак жа злавесна шчэрыла з пены свае крывава-чырвоныя зубы. Праходу не было, пальмавы лес зноў сцяною стаяў на беразе, а мы ўсё плылі і плылі з ветрам уздоўж вострава. Праз некаторы час пальмавы лес парадзеў, і перад нашымі вачыма адкрылася ўнутраная частка каралавага вострава. Перад намі, нагадваючы вялікае ціхае горнае возера, ляжала цудоўная светлая марская лагуна, акружаная зіхатлівымі пляжамі і какосавымі пальмамі, што злёгку пагойдваліся пад павевамі ветру. Чароўны востраў зялёных пальмаў утварыў шырокае мяккае пясча,нае кальцо вакол гасціннай лагуны, а другое кальцо акружала ўвесь востраў іржава-чырвоным мячом, які ахоўваў «вароты раю».

Увесь дзень мы лавіравалі ўздоўж Ангатау і любаваліся хараством вострава, што знаходзіўся зусім блізка, траха не за дзвярыма нашай каюты. Сонца асвятляла кроны пальмаў, і ўсё на востраве здавалася райскім і радасным. Паколькі нашы манеўры паспелі стаць звыклай справай, Эрык дастаў сваю гітару і, стоячы на палубе ў перуанскім капелюшы з шырокімі палямі, іграў і спяваў сентыментальныя песні Паўднёвага мора, а Бенгт заканчваў на краі палубы ўсе падрыхтаванні да багатага абеду. Мы разбілі стары какосавы арэх, які везлі з Перу, і выпілі за здароўе маладых свежых арэхаў, што звісалі з дрэў на востраве. Уся атмасфера гэтага дня — спакой, што панаваў над лесам светла-зялёных пальмаў, якія глыбока пусцілікарэнні ў зямлю і ззялі ў праменнях сонца, спакой над белымі птушкамі, якія луналі вакол верхавін пальмаў, спакой над люстрана-гладкай лагунай і мяккім пясчаным берагам і шаленства чырвоных рыфаў, кананада і барабанны грукат у паветры — усё гэта рабіла надзвычайнае ўражанне на нас шасцярых, што з’явіліся тут з акіяна. Гэтае ўражанне назаўсёды застанецца ў нашай памяці. Цяпер не было ніякіх сумненняў, што мы дасягнулі другога боку; перад намі быў самы сапраўдны востраў Паўднёвага мора. Прычалім мы да яго ці не — гэта іншая справа, ва ўсякім разе мы даплылі да Палінезіі; неабсяжны прастор акіяна назаўсёды застаўся ў нас ззаду.

Выйшла так, што гэты святочны дзень ля Ангатау быў дзевяноста сёмым днём нашага падарожжа. Як гэта ні дзіўна, але паводле нашых разлікаў у Нью-Йорку якраз дзевяноста сем дзён складалі той мінімальна неабходны тэрмін, за які пры тэарэтычна ідэальных умовах мы маглі дасягнуць бліжэйшых астравоў Палінезіі.

А пятай гадзіне мы мінулі дзве накрытыя пальмавым лісцем хаціны, якія стаялі на беразе сярод дрэў. Ні дыму, ні іншых адзнак жыцця мы не заўважылі.

У палове шостай мы зноў рухаліся ў напрамку рыфаў; мы набліжаліся да заходняга краю вострава, і трэба было ў апошні раз паглядзець як след навокал, каб не прамінуць які-небудзь праход. Сонца стаяла ўжо так нізка, што сляпіла нас, калі мы глядзелі ўперад; але там, дзе акіян удараўся аб рыфы, за некалькі соцень метраў, за крайнім мысам вострава, мы ўбачылі ў паветры маленькую вясёлку. Цяпер абрысы мыса выразна былі відаць нам. А на беразе ў глыбіні мы заўважылі кучку нерухомых чорных плям. Раптам адна з іх павольна накіравалася да вады, а некалькі іншых шпарка падаліся да ўзлеску. Гэта былі людзі! Мы плылі ўздоўж рыфаў так блізка, як толькі маглі; вецер зусім сціх, і мы адчувалі, што вось-вось апынемся з падветранага боку вострава. Тут мы ўбачылі, што на ваду спусцілі пірогу, два чалавекі скочылі ў яе і пачалі веславаць з таго боку рыфа. Праплыўшы крыху, яны павярнулі пірогу ў бок адкрытага акіяна; мы ўбачылі, як хвалі высока падкінулі яе ў паветра, калі яна, кіруючыся проста да нас, пралятала ў праходзе паміж рыфамі.

Значыць, праход паміж рыфамі знаходзіўся тут; гэта была наша адзіная надзея. Цяпер мы маглі таксама разгледзець усю вёску, што была размешчана ў пальмавым гаі. Але цені рабіліся ўсё даўжэйшымі і даўжэйшымі, надыходзіў вечар.

Людзі, што сядзелі ў пірозе, памахалі нам рукой. Мы энергічна замахалі ў адказ, і яны наляглі на вёслы. Гэта была палінезійская пірога з балансірам, і дзве карычневыя фігуры ў майках веславалі, седзячы тварамі ўперад. Цяпер зноў пачнуцца лінгвістычныя цяжкасці. З усіх, хто знаходзіўся на плыце, толькі я, пасля свайго падарожжа на Фату-Хіву, памятаў некалькі слоў на дыялекце жыхароў Маркізскіх астравоў, але палінезійскую мову лёгка забыць з прычыны недахопу практыкі ў нашых паўночных краях.

Таму, калі пірога стукнулася аб борт плыта і два жыхары вострава ўскочылі на палубу, мы адчулі некаторую палёгку, бо адзін з іх з шырокай усмешкай на твары падаў карычневую руку і ўсклікнуў па-англійску.

— Добры вечар!

— Добры вечар, — здзіўлена адказаў я. — Вы можаце гаварыць па-англійску?

Мужчына зноў усміхнуўся і кіўнуў галавой.

— Добры вечар, — паўтарыў ён. — Добры вечар.

Гэта быў увесь яго запас чужаземных слоў, але і ён выклікаў у яго пачуццё глыбокай перавагі над сваім больш сціплым сябрам, які трымаўся на другім плане і шырока ўсміхаўся ад захаплення, што ў яго такі вучоны таварыш.

— Ангатау? — спытаў я, паказваючы ў бок вострава.

— Х’Ангатау, — сказаў мужчына і сцвярджальна кіўнуў галавой.

Эрык ганарыста глянуў на нас. Ён не памыліўся; мы знаходзіліся там, дзе павінны былі знаходзіцца паводле яго вызначэнняў.

— Маімаі хее іута, — паспрабаваў я распачаць размову.

Згодна тых ведаў, што я набыў на Фату-Хіве, гэта павінна было прыблізна азначаць: «Хочам высадзіцца на бераг».

Абодва жыхары вострава паказалі ў бок нябачнага праходу ў рыфе, і мы павярнулі рулявое вясло, збіраючыся паспрабаваць шчасця. У гэты момант з вострава падзьмулі больш рэзкія парывы ветру. Над лагунай навісла невялікая дажджавая хмара. Вецер пагражаў аднесці нас прэч ад рыфа, і мы зразумелі, што з дапамогай рулявога вясла мы не здолеем прымусіць «Кон-Цікі» лавіраваць супроць ветру пад даволі вялікім вуглом і дабрацца да вусця праходу ў рыфу. Мы зрабілі спробу намацаць дно, але якарны канат быў занадта кароткі. Цяпер нам заставалася ўзяцца за вёслы і прытым як мага хутчэй, перш чым мы апынемся ў палоне ветру. З маланкавай хуткасцю мы спусцілі парус, і кожны з нас узброіўся вялікім вяслом. Я хацеў даць па вяслу і абодвум гасцям, якія стаялі, з асалодай зацягваючыся атрыманымі ад нас цыгарэтамі. Але яны толькі энергічна трэслі галовамі і збянтэжана паказвалі напрамак.

Я стараўся знакамі даць ім зразумець, што мы ўсе павінны веславаць, і паўтараў словы: «Хочам высадзіцца на бераг». Тады больш развіты з двух сяброў нагнуўся, пакруціў у паветры правай рукой і сказаў:

— Брррррррр!..

Не было ніякага сумнення, што ён раіў нам запусціць рухавік. Астраўляне думалі, што яны знаходзяцца на палубе нейкага надзвычай цяжка нагружанага судна. Мы павялі іх на карму і прапанавалі абмацаць знізу бярвенні і пераканацца, што ў нас няма вінта. Яны былі ашаломлены, выцягнулі з рота цыгарэты і кінуліся да борта плыта; цяпер з кожнага боку сядзела, заграбаючы вёсламі ваду, па чатыры весляры. У гэты час сонца апусцілася проста ў акіян за мысам, і парывы ветру з вострава ўзмацніліся. Было падобна на тое, што мы зусім не рухаліся. Астраўляне са спалоханымі тварамі скочылі назад у пірогу і зніклі. Сцямнела, мы зноў былі адны і з усяе сілы веславалі, каб нас не аднесла ў адкрыты акіян.

Калі цемра ахутала ўвесь востраў, з-за рыфа, танцуючы на хвалях, з’явіліся чатыры пірогі, і неўзабаве натоўп палінезійцаў ускарабкаўся на борт; усе яны хацелі паціснуць нам рукі і атрымаць цыгарэты. З гэтымі хлопцамі на борце, якія добра ведалі мясцовыя ўмовы, нам не пагражала ніякая небяспека; яны не дадуць, каб нас зноў знесла ў акіян і каб мы зніклі з вачэй; значыць, сёння вечарам мы будзем на беразе!

Мы шпарка прывязалі на носе «Кон-Цікі» канаты, працягнутыя да кармы кожнай пірогі, і чатыры ўстойлівыя лодкі з балансірам паплы лі веерападобным строем, нібы сабачая запрэжка, перад драўляным плытом. Кнут саско чыў у гумавую лодку і далучыўся да запрэжкі, а мы з вёсламі ў руках размясціліся на двух бакавых бярвеннях «Кон-Цікі». I вось упершыню за ўвесь час нашага плавання пачалося змаганне з усходнім ветрам, які так доўга быў для нас спадарожным.

Месяц яшчэ не ўзышоў, было цёмна, хоць вока выкалі, і дзьмуў моцны вецер. На беразе жыхары вёскі назбіралі ламачча і распалілі вялікае вогнішча, каб паказаць нам, у якім баку знаходзіцца праход праз рыфы. Мы плылі ў цемры сярод грукату бурунаў — здавалася, што гэта нязмоўкла равуць вадаспады. Спачатку грукат усё нарастаў і нарастаў.

Мы не бачылі весляроў, якія цягнулі нас, плывучы ў сваіх лодках перад намі, але мы чулі, як яны гарланілі свае зухаватыя ваяўнічыя песні на палінезійскай мове. Мы чулі, што Кнут быў з імі, бо кожны раз, калі палінезійскія мелодыі сціхалі, да нас далятаў адзінокі голас Кнута, які спяваў нарвежскія народныя песні ў суправаджэнні палінезійскага хору. Каб павялічыць какафонію, і мы на плыце зацягнулі: «У малышкі Тома Брауна ўсхапіўся прышч на носе»; і ўсе мы, белыя і карычневыя, са смехам і песнямі налягалі на вёслы.

Мы былі ў прыўзнятым настроі. Дзевяноста сем дзён. Дабраліся да Палінезіі. Сёння ўвечары ў вёсцы будзе свята. Астраўляне весела падскаквалі і крычалі. Судны прыходзілі ў Ангатау ўсяго адзін раз у год, калі скупшчыкі копры прыплывалі на шхуне з Таіці па ядры какосавых арэхаў. Таму сёння ўвечары сапраўды будзе свята вакол вогнішча.

Але вельмі моцны вецер дзьмуў і дзьмуў не перастаючы. Мы стараліся так, што ў нас балелі ўсе мускулы. Мы не здавалі сваіх пазіцый, але агонь вогнішча на беразе ані не набліжаўся, а буруны грукаталі гэтак жа, як і раней. Паступова спевы заціхлі. Усе маўчалі. Весляры рабілі ўсё, што маглі, і нават больш таго. Агонь не рухаўся, ён толькі скакаў угору і ўніз, калі мы ўзнімаліся і апускаліся на хвалях. Мінула тры гадзіны, і было ўжо дзевяць гадзін вечара. Паступова нас пачало зносіць. Мы стаміліся.

Мы далі астраўлянам зразумець, што патрэбна яшчэ падмога з зямлі. Яны растлумачылі нам, што на беразе народу шмат, але на ўсім востраве ўсяго толькі вось гэтыя чатыры мараходныя пірогі.

Тут з цемры вынырнуў Кнут на сваёй лодцы. У яго з’явілася думка: ён можа ў гумавай лодцы дабрацца да берага і прывезці яшчэ мужчын з вострава. У выпадку неабходнасці ў лодцы могуць, скурчыўшыся, змясціцца пяць—шэсць чалавек.

Гэта было занадта рызыкоўна. Кнут не ведаў мясцовасці. У гэтай апраметнай цемры ён нізавошта не здолее дабрацца да праходу ў каралавым рыфу. Тады Кнут прапанаваў узяць з сабою важака астраўлян, які мог бы паказваць яму дарогу. Я лічыў і гэты план таксама даволі небяспечным, паколькі мясцовым жыхарам ніколі не даводзілася праводзіць нязграбную гумавую лодку праз вузкі і небяспечны праход. Але я папрасіў Кнута прывезці да нас важака, які веславаў на пірозе, што знаходзілася дзесьці ў цемры наперадзе нас, каб даведацца, што ён думае аб становішчы, у якім мы апынуліся. Было зусім відавочна, што надалей мы не зможам утрымлівацца нават на месцы і нас аднясе назад.

Кнут рушыў на пошукі важака і растаў у цемры. Мінуў нейкі час, але Кнут з важаком не вярталіся. Мы пачалі гучна клікаць іх, але ў адказ пачулі наперадзе толькі рознагалосыя воклічы палінезійцаў. Кнут знік у цемры. Тады мы здагадаліся, што адбылося. Сярод шуму і мітусні Кнут, спяшаючыся, няправільна зразумеў мяне і паплыў разам з важаком на бераг. Крычаць было бескарысна, бо там, дзе цяпер знаходзіўся Кнут, усе астатнія гукі заглушаў грукат бурунаў, што разбіваліся аб перашкоду на сваім шляху.

Адзін з нас схапіў ліхтар для сігналізацыі азбукай Морзэ, шпарка залез на верхавіну мачты і пачаў перадаваць: «Вяртайцеся. Вяртайцеся».

Але ніхто не вярнуўся.

Два чалавекі адсутнічалі, трэці ўвесь час знаходзіўся на верхавіне мачты і падаваў сігналы, і нас мацней пачало адносіць назад, і мы ўсё больш і больш адчувалі, што сапраўды стаміліся. Мы кідалі ў ваду трэскі і пераконваліся, што павольна, але няўхільна рухаемся не ў той бок, куды трэба. Агонь вогнішча на беразе зменшыўся, шум бурунаў чуўся цішэй. I чым далей адносіла нас з-пад аховы пальмавага лесу, тым большую уладу браў над намі спрадвечны ўсходні вецер. Мы яго зноў пазналі. Цяпер было амаль тое самае, што бывала ў акіяне. Паступова мы ўсвядомілі, што ўсе нашы надзеі прапалі марна. Нас зносіла ў акіян. Але мы павінны, як і дагэтуль, веславаць з усяе сілы. Мы павінны па магчымасці запаволіць рух назад, пакуль Кнут—жывы і здаровы — не апынецца зноў на плыце.

Мінула пяць мінут. Дзесяць мінут. Паўгадзіны. Агонь вогнішча ўсё змяншаўся; час-ад-часу, калі мы знаходзіліся паміж дзвюма хвалямі, ён зусім знікаў. Шум бурунаў зрабіўся падобны на далёкі шэпт. Узышоў месяц; мы бачылі мігценне яго дыска за верхавінамі пальмаў на беразе, але неба, здавалася, засцілала туманная смуга, і яно было напалову закрыта воблакамі.

Мы чулі, што астраўляне пачалі перашэптвацца, і раптам заўважылі, што з адной з пірог канат быў скінуты ў ваду, а сама пірога знікла. У астатніх трох пірогах людзі стаміліся і былі напалоханы; яны веславалі ўжо не на поўную сілу. «Кон-Цікі» зносіла ўсё далей у адкрыты акіян.

Неўзабаве астатнія тры канаты аслаблі, і тры пірогі стукнуліся аб борт плыта. Адзін з жыхароў вострава падняўся на палубу і, паківаўшы галавой, ціха сказаў:

— Іута (на бераг).

Ён трывожна паглядзеў на агонь вогнішча, які цяпер часта надоўга знікаў, толькі час-ад-часу ўдалечыні мігала яркая іскра. Нас шпарка зносіла. Бурунаў не было чуваць; толькі акіян роў, як звычайна, ды рыпелі і стагналі ўсе снасці «Кон-Цікі».

Мы шчодра пачаставалі напаследак астраўлян цыгарэтамі, і я наспех накрэмзаў запіску, якую яны павінны былі ўзяць з сабою і перадаць Кнуту, калі яны знойдуць яго. У запісцы гаварылася:

«Вазьміце з сабой двух астраўлян у пірозе, а гумавую лодку прывядзіце на буксіры. Не вяртайцеся ў гумавай лодцы адзін».

Мы разлічвалі на тое, што добразычлівыя астраўляне згодзяцца ўзяць Кнута з сабой у пірозе, калі, вядома, яны наогул палічаць магчымым плыць у акіян; а калі яны вырашаць, што гэта занадта небяспечна, то спроба Кнута дагнаць плыт сярод акіяна ў гумавай лодцы была б сапраўдным вар’яцтвам.

Астраўляне ўзялі запіску, скокнулі ў пірогі і зніклі ў цемры ночы. Апошняе, што мы чулі, быў рэзкі голас нашага першага прыяцеля, які ветліва крыкнуў на развітанне:

— Добры вечар!

Мы пачулі пачцівы шэпт яго таварышаў, якія не валодалі такімі багатымі лінгвістычнымі ведамі, а потым усё змоўкла; ні адзін гук не далятаў да нас, быццам мы ўсё яшчэ знаходзіліся за дзве тысячы міль ад самай блізкай зямлі.

Веславаць нам учатырох тут, у адкрытым акіяне, без ніякай аховы ад ветру было бескарысна, але мы не пераставалі падаваць светавыя сігналы з верхавіны мачты. Мы больш не асмельваліся перадаваць «вяртайцеся»; цяпер мы рэгулярна пасылалі толькі сноп святла. Было зусім цёмна. Толькі зрэдку месяц прабіваўся скрозь хмары. Відаць, мы знаходзіліся пад кучава-дажджавым воблакам, што ўзнімалася над Ангатау.

А дзесятай гадзіне мы страцілі усякую надзею зноў убачыць Кнута. Мы моўчкі сядзелі на краі плыта і жавалі галеты; па чарзе мы лазілі на мачту, якая без шырокага паруса з галавой Кон-Цікі здавалася цяпер звычайным бервяном, і падавалі сігналы.

Мы вырашылі сігналіць усю ноч, бо не ведалі, дзе знаходзіццз Кнут. Мы не хацелі верыць, што ён загінуў у бурунах. Кнут ніколі не падаў духам, з чым бы ні даводзілася яму мець справу: з цяжкай вадой ці з бурунамі; ён, вядома, жывы. Але як непрыемна, вельмі непрыемна пакідаць яго аднаго сярод палінезійцаў на далёкім ад усякіх шляхоў ціхаакіянскім астраўку. Паганая гісторыя! Пасля ўсяго нашага доўгага падарожжа мы толькі і здолелі ненадоўга наблізіцца да адзінокага астраўка Паўднёвага мора, высадзіць на яго аднаго чалавека і зноў адплыць. Варта было першым палінезійцам, усміхаючыся, з’явіцца да нас на плыт, як яны вымушаны былі адразу ж як мага хутчэй уцякаць, каб не апынуцца ў такім жа становішчы, што і «Кон-Цікі», які дзіка і нястрымна імкнуўся на захад. Горш і не прыдумаеш. А вяроўкі ў гэтую ноч так жахліва рыпелі. Нікому з нас не хацелася спаць.

Было палова на адзінаццатую. Бенгт спусціўся з хісткай мачты, І яго павінен быў змяніць наступны. Раптам мы ўсе ўздрыгнулі. У ахутаным цемрай акіяне мы выразна пачулі галасы. Вось зноў. Гаварылі па-палінезійску. На ўсю сілу сваіх лёгкіх мы закрычалі ў чорную ноч. Пачуўся крык у адказ; сярод іншых галасоў мы распазналі голас Кнута! Мы ледзь не звар’яцелі ад радасці; стомленасці як не было; у нас быццам гара з плячэй звалілася. Што з таго, што нас аднесла ад Ангатау? У акіяне ёсць і іншыя астравы. Цяпер, калі мы ўсе ўшасцёх зноў сабраліся на плыце, дзевяць бальзавых бярвенняў, што так палюбілі падарожнічаць, могуць плыць, куды яны хочуць.

Тры пірогі з балансірам, слізгаючы на хвалях, вынырнулі з цемры, і Кнут першы скочыў на палубу добрага старога «Кон-Цікі», а ўслед за ім шэсць карычневых мужчын. Доўга гаварыць не было калі; астраўляне павінны атрымаць падарункі і як мага хутчэй рушыць назад, у небяспечную дарогу да востраза. Агню на беразе не было відаць, на небе амаль ніводнай зоркі; ім давядзецца ў цемры веславаць супроць ветру і хваль, пакуль яны не ўбачаць святло вогнішча Мы шчодра надзялілі іх прадуктамі, цыгарэтамі і іншымі падарункамі, і кожны з іх на развітанне горача паціснуў нам руку.

Астраўляне яўна непакоіліся за нас; яны паказвалі на захад, даючы нам зразумець, што мы рухаемся ў бок небяспечных рыфаў. Важак са слязьмі на вачах пяшчотна пацалаваў мяне ў падбародак, і я з удзячнасцю падумаў аб сваёй барадзе, якая адгадавалася за час падарожжа. Потым яны паселі ў пірогі, а мы ўшасцёх засталіся на плыце зноў разам і зноў адны.

Мы аддаліся на волю хваль і ветру і пачалі слухаць расказ Кнута.

Думаючы, што ён выконвае маё даручэнне, Кнут плыў у лодцы да берага разам з важаком астраўлян. Той, працуючы маленькімі вёсламі, кіраваў да праходу ў рыфе. Раптам Кнут са здзіўленнем убачыў светавыя сігналы з «Кон-Цікі», якія гаварылі, што трэба вярнуцца назад. Ён знакамі даў зразумець гэта свайму весляру, але той не паслухаўся; тады Кнут сам схапіўся за вёслы, але важак вырваў іх; вакол ужо грукаталі буруны, і распачынаць барацьбу не мела сэнсу. Лодка праскочыла праз праход у рыфе і паплыла з таго боку яго, пакуль хваля не вынесла яе на вялікую глыбу каралаў на самім востраве. Натоўп палінезійцаў схапіў гумавую лодку і выцягнуў яе высока на бераг, а Кнут стаяў пад пальмамі, акружаны вялікім натоўпам жыхароў вострава, якія гаманілі на нейкай незразумелай мове. Карычневыя, з голымі нагамі мужчыны, жанчыны і дзеці ўсіх узростаў абступілі яго і абмацвалі матэрыял, з якога былі пашыты яго кашуля і штаны. Самі яны былі апрануты ў старыя пашарпаныя касцюмы еўрапейскага фасону, але белых людзей на востраве не было.

Кнут выбраў некалькі самых спрытных і дужых з выгляду хлопцаў і знакамі прапанаваў паплыць разам з ім у гумавай лодцы. Але тут, перавальваючыся, падышоў нейкі вялікі тоўсты мужчына, Кнут вырашыў, што гэта правадыр, бо ён насіў старую форменную шапку і гаварыў гучна і аўтарытэтна. Усе расступіліся перад ім. Кнут растлумачыў па-нарвежску і па-англійску, што яму патрэбны людзі, каб вярнуцца на плыт, пакуль яго не знесла ветрам і хвалямі. Правадыр расплываўся ва ўсмешцы, але нічога не зразумеў, і ўвесь натоўп з крыкамі пацягнуў Кнута, не зважаючы на яго самыя гарачыя пратэсты, у вёску. Там яго сустрэлі сабакі і свінні; прыгожанькія дзяўчаты Паўднёвага мора прынеслі яму свежай садавіны. Кнут здагадаўся, што астраўляне гатовы зрабіць усё, каб яму было на востраве як мага лепш, але ён не паддаваўся спакусе. Кнут з сумам думаў аб плыце, які плыў усё далей і далей кудысьці на захад.

Намеры астраўлян былі відавочны. Яны вельмі хацелі, каб мы пабылі з імі, і яны ведалі, што звычайна на судне белых людзей заўсёды ёсць куча добрых рэчаў. Калі б ім удалося ўтрымаць Кнута на беразе, дык і астатні экіпаж дзіўнага судна, вядома, таксама з’явіўся б сюды. Ні адзін карабель не пакіне белага чалавека на востраве, які знаходзіцца ў баку ад марскіх шляхоў.

Пасля некалькіх смешных эпізодаў Кнуту ўдалося вырвацца, і, акружаны паклоннікамі і паклонніцамі, ён падаўся хутчэй да сваёй лодкі. Яго словы на ўсіх вядомых яму мовах і жэсты былі зусім недвухсэнсавы; астраўляне зразумелі, што Кнут павінен вярнуцца і вернецца на знікшае дзесьці сярод ночы дзіўнае судна, якое так спяшалася, што павінна было без затрымкі рухацца далей.

Тады жыхары вострава пайшлі на хітрыкі: яны знакамі растлумачылі Кнуту, што астатнія яго таварышы прычалілі да вострава з другога боку мыса. Некалькі хвілін Кнут не ведаў, што рабіць, але тут на беразе, дзе жанчыны і дзеці не давалі пагаснуць вогнішчу, пачуліся гучныя галасы. Гэта вярнуліся тры пірогі, і весляры прынеслі Кнуту запіску. Ён апынуўся, здавалася, у бязвыхадным становішчы. У запісцы быў загад не выходзіць у акіян аднаму, а ўсе астраўляне рашуча адмаўляліся плыць з ім.

Сярод палінезійцаў пачалася гарачая спрэчка. Тыя, хто быў на пірогах і бачыў плыт, добра разумелі, што затрымліваць Кнута, спадзеючыся гэтым самым прымусіць сысці на бераг і астатніх, зусім бескарысна. Закончылася тым, што абяцанні і пагрозы Кнута, для выказвання якіх ён карыстаўся агульназразумелай мовай жэстаў, прымусілі экіпаж трох пірог згадзіцца плыць з ім у акіян наўздагон за «Кон-Цікі». I яны рушылі ў ахутаны трапічнай ноччу акіян, ведучы на буксіры гумавую лодку, а жыхары вострава нерухома стаялі ля згасаючага вогнішча і глядзелі ўслед свайму новаму бяляваму сябру, які гэтак жа хутка знік, як і з’явіўся.

Калі пірогі ўзнімаліся на хвалях, Кнут і яго спадарожнікі бачылі далёка ў акіяне цьмяныя светавыя сіпналы з плыта. Доўгія вузкія палінезійскія пірогі, з вострымі балансірамі для ўстойлівасці, рэзалі ваду, як нажы, але Кнуту здавалася, што мінула цэлая вечнасць, перш чым ён зноў адчуў пад нагамі тоўстыя круглыя бярвенні «Кон-Цікі».

— Добра правялі час на беразе? — з зайздрасцю спытаў Тарстэйн.

— О, каб вы толькі бачылі, якія дзяўчаты на востраве! — паддражніў яго Кнут.

Не падымаючы паруса і не апускаючы вясла за борт, мы ўсе ўшасцёх залезлі ў бамбукавую каюту і спалі, як глыбы каралаў на беразе Ангатау. Тры дні мы плылі па акіяне, не бачачы ні’якай зямлі.

Нас несла проста да злавесных рыфаў, якія акружалі астравы Такуме і Рароіа і на 40—50 міль перагароджвалі акіян наперадзе нас. Мы прыкладвалі ўсе намаганні, каб пазбегнуць сустрэчы з гэтымі небяспечнымі рыфамі і абмінуць іх з поўначы; усё ішло як быццам добра, пакуль аднаго разу ўночы вахтавы не прыбег у каюту і не паклікаў нас усіх на палубу.

Вецер змяніўся. Нас несла проста на рыф Такуме. Пачаўся дождж, і было вельмі кепска відаць, што робіцца наперадзе. Да рыфа заставалася недалёка.

Сярод ночы мы сабралі ваенны савет. Цяпер справа ішла аб выратаванні жыцця. Абмінуць рыф з поўначы не было ўжо ніякай надзеі, мы павінны паспрабаваць прайсці з паўднёвага боку. Мы падцягнулі парус, павярнулі рулявое вясло і рушылі ў небяспечнае плаванне, маючы за кармой няўстойлівы паўночны вецер. Калі ўсходні вецер зноў падзьме да таго, як мы паспеем мінуць увесь доўгі пяцідзесяцімільны бар’ер рыфаў, мы апынемся сярод бурунаў цалкам у іх уладзе.

Мы дамовіліся аб усім, што трэба будзе рабіць, калі аварыя стане непазбежнай. Чаго б гэта ні каштавала мы павінны заставацца на борце «Кон-Цікі». Мы не павінны залазіць на мачту, адтуль мы будзем сыпацца, як пераспелыя грушы, а павінны моцна трымацца за шкоты і ванты мачты, калі хвалі будуць перакочвацца цераз нас. Мы паклалі на палубу нічым не замацаваны гумавы плыт і прывязалі да яго маленькі воданепранікальны радыёперадатчык, невялікі запас прадуктаў, бутлі з вадой і запас медыкаментаў. Гумавы плыт прыб’е да берага незалежна ад нас, і ён вельмі спатрэбіцца, калі нам самім удасца шчасліва, але з пустымі рукамі перабрацца цераз рыф. На карме «Кон-Цікі» мы прывязалі доўгую вяроўку з буем, які таксама будзе прыбіты да берага: пры дапамозе яе мы будзем мець магчымасць паспрабаваць падцягнуць драўляны плыт, калі ён засядзе на рыфе. Пасля гэтага мы ляглі спаць.

Пакуль дзьмуў паўночны вецер, мы павольна, але няўхільна плылі ўздоўж бар’ера каралавых рыфаў, што прытаіліся ў засадзе за небасхілам. Але вось неяк пасля паўдня вецер сціх, а калі ён аднавіўся, то дзьмуў ужо з усходу. Паводле вызначэнняў Эрыка, мы ў гэты час забраліся ўжо так далёка на поўдзень, што была сякая-такая надзея мінуць самы паўднёвы край рыфа Рароіа. Мы павінны паспрабаваць абмінуць яго і схавацца за ім, перш чым рухацца далей да наступных рыфаў.

Калі настаў вечар, споўнілася сто дзён нашага плавання па акіяне. Позна ўночы я прачнуўся з нейкім дзіўным трывожным пачуццём. Было штосьці незвычайнае ў руху хваляў. «Кон-Цікі» рухаўся зусім не так, як ён павінен быў бы плыць у гэтых умовах. Мы зрабіліся вельмі адчувальнымі да змен у рытме руху бярвенняў. Я адразу ж падумаў аб з’явах зваротнага руху вады ад берага, да якога мы набліжаліся, і сюд-туд выходзіў на палубу і залазіў на мачту. Нічога не было відаць, апрача акіяна. Але я не мог спакойна спаць. Час ішоў.

На досвітку, а шостай гадзіне, Тарстэйн паспешліва спусціўся з верхавіны мачты. Далёка наперадзе ён убачыў цэлы рад маленькіх, зарослых пальмамі астравоў. Перш за ўсё мы павярнулі рулявое вясло так, каб нос плыта глядзеў як мага больш на поўдзень. Тое, што бачыў Тарстэйн, былі, напэўна, маленькія каралавыя астравы, якія, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, ляжаць за рыфам Рароіа. Відаць, нас падхапіла плынь, што ішла на поўнач.

У 7 гадзін 30 мінут ланцуг зарослых пальмамі астравоў паказаўся ўздоўж усяго небасхілу на захадзе. Самы паўднёвы з іх знаходзіўся амаль проста наперадзе на нашым курсе; такім чынам, уздоўж усяго небасхілу справа ад нас цягнуліся астравы з купамі пальмаў, далей на поўнач астравы ператвараліся ў малюсенькія, ледзь прыкметныя кропкі. Да бліжэйшага вострава было чатыры ці пяць міль.

Агляд з верхавіны мачты паказаў, што хоць нос плыта накіраваны да крайняга вострава ў ланцугу, плыт так моцна зносіла ўбок, што мы плылі не ў тым напрамку, куды глядзеў нос. Мы рухаліся па дыяганалі, проста да рыфа. Калі б кілі былі замацав,аны, у нас заставалася б яшчэ нейкая надзея праскочыць. Але акулы плылі за самай кармой, і мы не маглі нырнуць пад плыт і замацаваць расхістаныя кілі новымі вяроўкамі.

Мы зразумелі, што нам засталося правесці на «Кон-Цікі» ўсяго некалькі гадзін. Іх трэба было выкарыстаць для падрыхтоўкі да непазбежнага крушэння на каралавым рыфе. Мы вырашылі, што павінен рабіць кожны з нас, калі гэты момант настане; кожны ведаў свае абавязкі; мы не будзем мітусіцца і наступаць адзін аднаму на ногі, калі пачнецца катастрофа і будзе дарагой кожная секунда. «Кон-Цікі» падымаўся і апускаўся, а вецер нёс нас на рыф. Ужо не было сумненняў, што бязладныя горы хваль наперадзе нас утвараюцца над рыфамі—частка хваль ішла наперад, а астатнія, разбіўшыся аб перашкоду, што паўстала на іх шляху, імкліва адкочваліся назад.

Мы ўсё яшчэ плылі з узнятым парусам, спадзеючыся, што нават цяпер нам удасца праслізнуць міма рыфаў. Калі «Кон-Цікі», якога ўвесь час адносіла плынню, пачаў паступова набліжацца да іх, мы ўбачылі з мачты, што ўвесь ланцуг зарослых пальмамі астраўкоў злучаны каралавымі рыфамі, якія ў адных месцах тырчалі над вадой, а ў другіх — былі схаваны пад ёю; гэтыя рыфы чымсьці нагадвалі мол, аб які, круцячыся белай пенай і высока ўзнімаючыся ў паветра, разбіваліся хвалі. Авальны атол Рароіа мае ў дыяметры 25 міль, не лічачы рыфаў Такуме, якія прымыкаюць да яго. Увесь больш доўгі бок атола цягнуўся з поўначы на поўдзень, і мы набліжаліся да яго з усходу. Сам рыф, што распасціраўся суцэльнай лініяй з аднаго краю небасхілу да другога, знаходзіўся ад нас усяго за некалькі соцень метраў, а за ім ляжалі ідылічныя астраўкі, якія кальцом акружалі ціхую ўнутраную лагуну.

Са змешаным пачуццём назіралі мы, як уздоўж усяго небасхілу перад намі сінія хвалі Ціхага акіяна ўзляталі высока ў паветра і разляталіся дробнымі пырскамі. Я ведаў, што нас чакала; я раней бываў на архіпелазе Туамоту і, стоячы ў бяспечным месцы на беразе, назіраў за грандыёзным відовішчам на ўсходзе, дзе прыбой адкрытага акіяна разбіваўся аб рыфы. У паўднёвым напрамку паступова паказваліся ўсё новыя і новыя рыфы і астравы. Мы, відаць, знаходзіліся ля самай сярэдзіны каралавага бар’ера.

На «Кон-Цікі» ўсё было падрыхтавана да заканчэння падарожжа. Усё каштоўнае было складзена ў каюце і прывязана. Дакументы і дзённікі мы запакавалі ў непрамакальныя мяшкі разам з плёнкамі і іншымі рэчамі, якія магла папсаваць вада. Бамбукавую каюту мы накрылі брызентамі і прывязалі іх самымі моцнымі вяроўкамі. Калі мы зразумелі, што ніякай надзеі не засталося, мы ўзламалі бамбукавую палубу і нажамі-мачэце перарэзалі ўсе вяроўкі, на якіх трымаліся кілі пад плытом. Выцягнуць кілі было нялёгка, бо яны абраслі тоўстым пластом ракавінак. Калі нам гэта ўдалося, мы тым самым зменшылі асадку плыта; яна раўнялася цяпер толькі таўшчыні ніжняй часткі бярвенняў, і нас лягчэй магло перанесці цераз рыф. Без кіляў, са спушчаным парусам, плыт канчаткова павярнуўся бокам і знаходзіўся цалкам пад уладай ветру і хваль.

Самую доўгую з вяровак, што былі ў нас, мы прымацавалі да самаробнага якара і абвязалі яе вакол левай мачты ўнізе; калі якар будзе кінуты за борт, «Кон-Цікі» ўвойдзе ў паласу прыбою кармой уперад. Сам якар складаўся з пустых бітонаў для вады, якія мы напоўнілі адпрацаванымі батарэямі ад радыёперадатчыка і металічным ламаччам; з бітонаў крыж-накрыж тырчалі тоўстыя палкі мангравага дрэва.

Загад нумар адзін, які быў першым і апошнім, гаварыў: «Заставацца на плыце!» Што б там ні здарылася, мы павінны моцна чапляцца за ўсё, што трапіцца пад рукі на плыце, а дзевяць вялізных бярвенняў хай вытрымліваюць насціск рыфаў. У нас саміх хопіць па горла работы, калі нам давядзецца супраціўляцца напору вады. Калі мы скочым за борт, мы станем бездапаможнымі ахвярамі віроў, якія будуць кідаць нас узад і ўперад цераз вострыя каралавыя скалы. Гумавы плыт на крутых хвалях перакуліцца або разарвецца на шматкі аб рыфы, бо пад нашым цяжарам ён будзе глыбока сядзець у вадзе. А драўляныя бярвенні рана ці позна будуць выкінуты на бераг, і мы разам з імі, калі толькі нам удасца пратрымацца.

Потым усяму экіпажу было прапанавана абуць чаравікі — упершыню за сто дзён — і мець напагатове выратавальныя паясы. Ад паясоў, зрэшты, карысці будзе мала; калі хто-небудзь зваліцца ў ваду, дык ён не патане, а яго будзе стукаць аб рыфы, пакуль не разаб’е насмерць. У нас быў яшчэ час, каб пакласці ў кішэні пашпарты і долары, што засталіся пасля адплыцця з Перу. Але нас непакоіла не тое, што мы мелі мала часу.

Насталі трывожныя хвіліны, калі мы бездапаможна плылі бокам, крок за крокам набліжаючыся да рыфа. На плыце было, як ніколі, ціха; мы ўсе, моўчкі або перакідваючыся лаканічнымі фразамі, то залазілі ў каюту, то зноў выходзілі на бамбукавую палубу і займаліся сваёй справай. Сур’ёзны выраз на нашых тварах даказваў, наколькі добра ўсе разумелі, што нас чакае, а адсутнасць нервознасці сведчыла аб непахіснай веры ў плыт, якую мы ўсе паступова набылі. Калі ён перанёс нас цераз акіян, то ён даставіць нас жывымі і на бераг.

У каюце, набітай прывязанымі каробкамі з прадуктамі і іншым грузам, панаваў сапраўдны хаос. Тарстэйну ледзьве ўдалося вызваліць для сябе месца ў радыёрубцы, дзе засгаваўся кароткахвалевы перадатчык, на якім ён не пераставаў працаваць. Мы цяпер знаходзіліся на адлегласці больш за 4 тысячы міль ад нашай старой базы ў Кальяо, адкуль Перуанскае ваенна-марское вучылішча падтрымлівала з намі пастаянную сувязь, і яшчэ далей — ад Гала і Фрэнка і іншых радыёаматараў у Злучаных Штатах. Але нам пашанцавала напярэдадні ўстанавіць сувязь з заўзятым аматарам-кароткахвалевіком, які жыў на Раратонзе, адным з астравоў архіпелага Кука; нашы радысты, насуперак усім звычаям, дамовіліся зноў наладзіць сувязь з ім на світанні. I ўвесь час, пакуль нас адносіла ўсё бліжэй і бліжэй да рыфа, Тарстэйн сядзеў, стукаючы ключом, і выклікаў Раратонгу.

Запісы ў суднавым журнале «Кон-Цікі» гавораць:

«8. 15. Мы павольна набліжаемся да зямлі. Цяпер ужо няўзброеным вокам відаць асобныя пальмы з правага борта.

8. 45. Вецер змяніўся і дзьме зараз у яшчэ больш неспрыяльным для нас напрамку, так што ніякай надзеі абмінуць рыф няма. На плыце ніхто не нервуецца, але на палубе ідуць паспешлівыя падрыхтаванні. На рыфе перад намі відаць штосьці падобнае на каркас разбітага парусніка, але, магчыма, гэта толькі куча плаўніку.

9. 45. Вецер нясе нас проста на перадапошні востраў, але на дарозе нас падпільноўвае рыф. Цяпер мы выразна бачым увесь каралавы рыф; тут ён паўстае перад намі, нібы спярэшчаны белым і чырвоным бар’ер, які тырчыць з вады і апаясвае ўсе астравы. Уздоўж усяго рыфа белы ўспенены прыбой узлятае да неба. Бенгт падае нам добрае гарачае снеданне — перакусваем апошні раз перад вялікай падзеяй! На рыфе ляжыць касцяк разбітага судна. Мы падплылі цяпер так блізка, што бачым за рыфам зіхатлівую лагуну і можам распазнаць абрысы іншых астравоў з таго боку яе».

Калі гэты запіс быў зроблены, глухое вурчанне бурунаў зноў наблізілася; яно чулася ўздоўж усяго рыфа, і паветра поўнілася чымсьці накшталт трывожнага барабаннага пошчаку, які абвяшчаў набліжэнне хвалюючага канца плавання.

«9. 50. Цяпер зусім блізка. Нас нясе ўздоўж рыфа. Да яго не больш за сто метраў. Тарстэйн размаўляе з чалавекам з Раратонгі. Усё гатова. Пара ўпакаваць журнал. Ва ўсіх настрой бадзёры; здаецца, справы кепскія, але мы адолеем і гэтую перашкоду!»

Праз некалькі мінут якар паляцеў за борт і зачапіўся за дно; «Кон-Цікі» апісаў паўкруг і павярнуўся кармой да бурунаў. Якар трымаў нас на працягу некалькіх вельмі каштоўных мінут, пакуль Тарстэйн, як звар’яцелы, выстукваў ключом. Яму зноў удалося звязацца з Раратонгай. Буруны грукаталі, і акіян раз’юшана ўзнімаўся і апускаўся. Увесь экіпаж быў заняты на палубе, а Тарстэйн вёў размову. Ён перадаў, што нас нясе на рыф Рароіа. Ён папрасіў Раратонгу слухаць нас на той самай хвалі кожную гадзіну. Калі пасля 36 гадзін ад нас не будзе ніякіх вестак, хай Раратонга паведаміць аб усім нарвежскаму пасольству ў Вашынгтоне. Апошнія словы Тарстэйна былі: «О кэй. Засталося 50 метраў. Пачынаецца. Да пабачэння». Потым ён выключыў радыёстанцыю, Кнут запячатаў дакументы, і абодва хуценька выбраліся на палубу і далучыліся да астатніх, бо ўжо стала ясна, што якар пачынае здаваць.

Хвалі рабіліся ўсе вышэйшымі і вышэйшымі, а яміны між імі ўсё глыбейшымі, і мы адчувалі, як плыт кідала ўгору і ўніз, угору і ўніз усё мацней і мацней. Я пракрычаў ранейшы загад:

— Трымайцеся, не думайце пра груз, трымайцеся самі!

Мы былі цяпер так блізка ад страшэннага вадаспада, што больш не чулі нязмоўчнага настойлівага выцця ўздоўж усяго рыфа. Цяпер мы чулі толькі асобныя грамавыя раскаты кожны раз, калі бліжэйшы бурун з грукатам налятаў на скалы.

Усе стаялі напагатове; кожны моцна ўхапіўся за вяроўку, якую ён лічыў самай моцнай. Толькі Эрык у апошні момант палез у каюту; ён не паспеў яшчэ выканаць аднаго пункта праграмы — ён не знайшоў сваіх чаравікаў!

Ніхто не стаяў на карме, бо якраз кармой плыт павінен быў ударыцца аб рыф. Не былі надзейнымі і два трывалыя штагі, што ішлі ад верхавіны мачты да кармы; калі мачта абваліцца, то тыя, хто будзе трымацца за іх, павіснуць за плытом над рыфам. Герман, Бенгт і Тарстэйн залезлі на скрыні, што былі прывязаны перад сцяною каюты; Герман учапіўся за адцяжкі ад вільчака даху, а два другія трымаліся за шкоты, з дапамогай якіх мы калісьці ставілі парус.

Кнут і я палічылі за лепшае трымацца за штаг, які ішоў ад носа да верхавіны мачты; калі нават мачта, каюта і ўсё астатняе паляціць за борт, думалі мы, усё-такі вяроўка, што ідзе ад носа, застанецца на плыце, паколькі мы былі павернуты цяпер носам да хваль.

Калі мы зразумелі, што цалкам падуладны хвалям, мы абрэзалі якарны канат, і нас панесла. Хваля ўзнялася проста пад намі, і мы адчулі, як «Кон-Цікі» ўзлятае ў паветра. Настаў рашаючы момант; мы імчаліся на грэбені хвалі з хуткасцю, ад якой займала дух, і наша расхістанае судна рыпела і стагнала, трасучыся пад нагамі. Ад узбуджэння ў нас бурліла кроў. Я памятаю, што, не прыдумаўшы нічога лепшага, я махаў рукой і на ўсё горла гарланіў «ура». Гэта давала нейкую палёгку і, ва ўсякім разе, не шкодзіла. Мае таварышы, вядома, думалі, што я звар’яцеў, але і яны ўсе ззялі радаснымі ўсмешкамі. Мы ляцелі наперад разам з шалёна-імклівай хваляй; гэта было баявое хрышчэнне «Кон-Цікі»; усё павінна быць у парадку і будзе ў парадку.

Але наш прыўзняты настрой неўзабаве знік. Ззаду, нібы бліскучая сцяна з зялёнага шкла, высока ўзнялася новая хваля; калі плыт апускаўся, яна ўжо накочвалася на нас, і ў той самы момант, як я ўбачыў яе высока над сабой, я адчуў моцны ўдар, і патокі вады закрылі мяне з галавой.

Я адчуваў, як усё маё цела з такой вялізнай сілай засмоктвае ў вір, што вымушаны быў напружыць кожны мускул і ўвесь час думаць аб адным — трымацца, трымацца! Мне здаецца, што ў такім роспачным становішчы хутчэй рукі адарвуцца ад плячэй, чым мозг падасць каманду разняць пальцы, нават калі вынік такой упартасці быў зусім відавочны. Потым я адчуў, што гара вады пачала спадаць, і маё цела вызвалілася ад страшэнных абдымкаў. Калі ўся гара, аглушальна равучы і грукочучы, пракацілася далей, я зноў убачыў Кнута, які, учапіўшыся ў вяроўку і скурчыўшыся, вісеў побач са мной. Ззаду вялікая хваля здавалася амаль плоскай і шэрай; у сваім палёце наперад яна перакацілася цераз вільчак даху каюты, што тырчаў над вадой; там мы ўбачылі трох нашых таварышаў, яны віселі, прыціснутыя да даху хваляй, што прайшла над імі.

Мы ўсё яшчэ трымаліся на вадзе.

Я расслабіў на момант мускулы, а потым зноў абхапіў рукамі і нагамі моцную вяроўку. Кнут саслізнуў уніз і, скочыўшы, як тыгр, далучыўся да тых, хто стаяў на скрынях пад аховай каюты. Я пачуў іх крыкі, якімі яны падбадзёрвалі мяне, але ў тую ж хвіліну ўбачыў новую зялёную сцяну, што паўстала з акіяна і, высока ўзнімаючыся, рухалася на нас. Я закрычаў, каб папярэдзіць сяброў, і, павісшы на вяроўцы, сцяўся ў як мага меншы і цвярдзейшы камячок. А ў наступную секунду над намі зноў было пекла, і «Кон-Цікі» зусім знік пад тоўшчай вады. Хваля цягнула і штурхала мяне, усёй сваёй сілай навальваючыся на няшчасны камячок чалавечага цела. Другая хваля прамчалася над намі, а потым трэцяя — гэткая самая.

Тут я пачуў радасны крык Кнута, які цяпер вісеў на вяровачных лесках:

— Зірніце на плыт, ён трымаецца!

Пасля трох хваль толькі падвойная мачта і каюта крыху пакасіліся набок. Зноў нас ахапіла пачуццё перавагі над стыхіямі, і ўзбуджэнне ад перамогі надало нам новыя сілы.

Потым я ўбачыў наступную хвалю, якая, узнімаючыся вышэй за ўсе іншыя, рухалася на нас, і, зноў крыкнуўшы, папярэдзіў астатніх, а сам хутчэй залез як мага вышэй на штаг і моцна павіс на ім. Потым мяне аднесла некуды ўбок, і я знік сярод зялёнай сцяны, што высока ўзвышалася над намі; таварышы — яны знаходзіліся крыху далей да кармы і бачылі, як я знік першым, — вызначылі, што хваля мела ў вышыню амаль восем метраў, а ўспенены грэбень ляцеў на пяць метраў вышэй, чым тая частка вадзяной сцяны, у якой знік я. Потым вялізны вал дагнаў і іх, і ва ўсіх нас была адна думка — трымацца, трымацца, трымацца!

На гэты раз мы, мабыць, ударыліся аб рыф. Сам я адчуваў толькі, як напінаўся штаг; ён, здавалася, то рэзка выгінаўся, то раптам слабеў. Але паколькі я вісеў на ім, я не мог вызначыць, адкуль далятаў грукат удараў — зверху ці знізу. Мы знаходзіліся пад вадой усяго некалькі секунд, але яны патрабавалі ад нас такой сілы, якою ў звычайных умовах наша цела не валодае. У чалавечым арганізме ёсць сіла куды большая за сілу адных толькі мускулаў. Я парашыў, што калі мне суджана памерці, то я памру ў гэтым становішчы, павісшы, нібы вузел, на штагу. Хваля з грукатам наляцела, прамчалася над намі і пакацілася далей, і калі яе выццё чулася ўжо дзесьці побач, мы ўбачылі жахлівае відовішча. «Кон-Цікі» зусім змяніўся, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Таго судна, якое мы ведалі ў акіяне на працягу тыдняў і месяцаў, больш не існавала; за некалькі секунд наш утульны дом быў разбіты ўшчэнт, ператварыўся ў руіны.

На плыце я бачыў толькі аднаго чалавека. Ён ляжаў ніцма ўпоперак вільчака даху каюты, выцягнуўшы рукі ў бакі; сама каюта была паламана і сплюшчана, як картачны домік, і ссунулася да кармы і правага борта. Гэтым нерухомым чалавекам быў Герман. Ніякіх іншых адзнак жыцця я не заўважыў, а горы вады, равучы, усё імчаліся і імчаліся побач цераз рыф. Цяжкая правая мачта была зламана, нібы запалка, і верхняя частка яе, падаючы, праціснула дах каюты так, што цяпер мачта з усімі снасцямі нізка навісла над рыфам з правага боку. На карме рулявую калоду павярнула ўздоўж, а ранжыну зламала; рулявое вясло разбілася на кавалкі. На носе фальшборт быў зламаны, нібы скрынкі з-пад цыгар, а ўся палуба сарвана і, быццам мокрая папера, прыціснута разам са скрынямі, бітонамі, брызентам і іншым грузам да пярэдняй сцяны каюты. Усюды тырчалі бамбукавыя палкі і абрыўкі вяровак, і ўсё гэта разам стварала ўражанне поўнага хаосу.

Я ўвесь пахаладзеў ад жаху. Якая карысць з таго, што я вытрымаў? Калі я страчу хоць аднаго з таварышаў тут, ля самай мэты, усё пойдзе прахам; а зараз, пасля апошняй сутычкі з хвалямі, я бачыў толькі аднаго чалавека. У гэты момант за бортам плыта паказалася скурчаная фігура Тарстэйна. Ён вісеў, як малпа, на снасцях мачты; яму ўдалося зноў узлезці на бярвенні і паўзком ускарабкацца на кучу абломкаў перад каютай. Цяпер і Герман павярнуў галаву і прымусіў сябе ўсміхнуцца, каб супакоіць мяне; але ён не рухаўся. Я моцна закрычаў, мала спадзеючыся выявіць, дзе знаходзяцца астатнія, і п.ачуў спакойны голас Бенгта, які адказаў, што ўся каманда на борце. Яны ляжалі, трымаючыся за вяроўкі, за барыкадай з пругкага насцілу палубы, які пераплёўся самым неверагодным чынам.

Усё гэта адбылося на працягу некалькіх секунд, калі «Кон-Цікі» зваротнай плынню выносіла назад з гэтага пекла. Новая хваля насоўвалася на плыт. У апошні момант я крыкнуў на ўсё горла, стараючыся перакрычаць грукат: «Чапляйцеся!» — і гэта было ўсё, што заставалася рабіць і мне; я павіс на вяроўцы і знік пад масай вады, якая нахлынула і прамчалася за дзве — тры секунды, якім, здавалася, не будзе канца. Я адчуваў, што мае сілы канчаюцца. Я бачыў, як канцы бярвенняў з шумам удараліся аб востры выступ каралавага рыфа, але не маглі перабрацца цераз яго. Потым нас зноў вынесла назад. Я бачыў таксама двух чалавек, якія ляжалі. распасцёршыся ўпоперак вільчака даху каюты, але ніхто з нас больш не ўсміхаўся. Я пачуў, як за хаатычнай кучай бамбуку спакойны голас прамовіў:

— Нічога не будзе.

Я і сам адчуваў сябе збітым з панталыку. Паколькі верхавіна мачты ўсё больш і больш нахілялася над правым бортам, я вісеў ужо за плытом на слаба напятай вяроўцы. Насоўвалася наступная хваля. Калі яна прайшла, я адчуў сябе страшэнна стомленым, і ў мяне было адно жаданне: залезці на бярвенні і легчы за барыкадай. Калі зваротная хваля адкацілася, я першы раз убачыў аголены зубчасты чырвоны рыф пад намі і заўважыў, што Тарстэйн, сагнуўшыся папалам, стаіць на бліскучых чырвоных каралах і трымаецца за пучок абарваных вяровак, што звісалі з мачты. Кнут, які стаяў на карме, збіраўся таксама саскочыць на рыф. Я закрычаў, што ўсе павінны заставацца на бярвеннях, і Тарстэйн, якога змыла за борт напорам вады, спрытна, нібы кот, скочыў назад на плыт.

Яшчэ дзве ці тры хвалі пракаціліся над намі, але яны былі не такія вялікія. Што тады адбывалася, я не ведаю; я памятаю толькі, што вада, пенячыся, налятала і адступала, а я сам апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй да чырвонага рыфа, на якім мы заселі. Потым да нас пачалі далятаць толькі насычаныя салёнымі пырскамі вірлівыя грабяні пены, і я здолеў нават ускарабкацца на плыт; там мы ўсе перайшлі на кармавы канец бярвенняў, які вышэй, чым астатнія, тырчаў над рыфам.

У гэты момант Кнут сагнуўся і, трымаючы ў руцэ канец вяроўкі, якая ляжала на карме, скочыў на рыф. Пакуль зваротная хваля адступала, ён прабег, прыгнуўшыся, метраў трыццаць па рыфу і спакойна стаяў,трымаючыся за канец вяроўкі, калі наступная хваля з пенай кінулася да яго, разбілася і шырокім патокам адкацілася назад ад плоскага рыфа.

Потым з напаўразбуранай каюты выпаўз Эрык, чаравікі былі на ім. Калі б усе зрабілі так, як ён, мы не зазналі б такіх пакут. Паколькі каюту не знесла за борт, а толькі прыціснула і амаль расплюшчыла пад брызентамі, што закрывалі яе зверху, Эрык спакойна ляжаў, выцягнуўшыся сярод грузу; ён чуў, як над ім раз-по-раз грукаталі аглушальныя раскаты, і бачыў, як прыгіналіся ўніз паламаныя бамбукавыя сцены. Калі ўпала мачта, Бенгт атрымаў лёгкае зрушэнне мазгоў, але яму ўдалося запаўзці ў разбураную каюту і прылегчы ля Эрыка. Нам усім трэба было ляжаць там, калі б мы маглі загадзя ведаць, як моцна будуць трымацца шматлікія вяроўкі і бамбукавыя пляцёнкі, прыціснутыя ад асноўных бярвенняў напорам вады.

Эрык стаяў напагатове на кармавых бярвеннях, і, калі хваля адкацілася, ён падскочыў і таксам.а перабраўся на рыф. Цяпер была чарга Германа, потым Бенгта. Кожны раз плыт падштурхвала крышку далей, і калі прыйшла чарга Тарстэйна і мая, плыт ужо так моцна сядзеў на рыфах, што не было патрэбы зараз жа пакідаць яго. Усе распачалі выратавальныя работы.

Мы цяпер знаходзіліся за два дзесяткі метраў ад таго праклятага выступу рыфа, каля якога і за якім разбіваліся доўгія валы бурунаў, што каціліся адзін за другім. Каралавыя паліпы паклапаціліся аб тым, каб пабудаваць атол такім высокім, што толькі самыя верхавінкі бурунаў маглі пералятаць паўз нас і папаўняць свежай марской вадой багатую на рыбу лагуну. Тут, з унутранага боку рыфа, было царства каралаў, і яны вызначаліся самай дзівоснай формай і афарбоўкай.

Адышоўшы даволі далекавата ўздоўж рыфа, мае таварышы ўбачылі гумавы плыт; поўны вады, ён ляжаў, пагойдваючыся на хвалях. Яны вылілі з яго ваду і падцягнулі назад да разбітага «Кон-Цікі»; тут мы, колькі можна было, нагрузілі яго самым неабходным — радыёстанцыяй, прадуктамі і бутлямі з вадой. Усё гэта мы перацягнулі цераз рыф і злажылі ў кучу на самай вяршыні вялікай каралавай глыбы, якая, нібы вялізны метэарыт, адзінока ўзвышалася на ўнутраным баку рыфа. Потым мы пайшлі назад да месца крушэння па новы груз. Хіба маглі мы ведаць, на якую вышыню ўзнімуцца хвалі, калі на нас рушаць прыліўныя плыні?

На мелкаводдзі з унутранага боку рыфа мы заўважылі нейкі прадмет, які ярка блішчаў на сонцы. Калі мы ўброд падышлі, каб падняць яго, мы былі вельмі здзіўлены, убачыўшы дзве пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Гэта было зусім не тое, што мы думалі; яшчэ больш мы здзівіліся, калі ўбачылі, што маленькія бляшанкі былі зусім светлыя і толькі нядаўна адкрытыя, а этыкеткі на іх з надпісам «ананас» былі дакладна такія ж, як на бляшанках з новых палявых рацыёнаў, якія мы самі выпрабоўвалі па даручэнню інтэнданцкага кіраўніцтва. Вядома, гэта былі нашы ўласныя бляшанкі з-пад ананасаў, што мы выкінулі пасля апошняга абеду на борце «Кон-Цікі». Мы ўвесь час плылі ўслед за імі да самага рыфа.

Каралавыя глыбы пад нашымі нагамі былі вострыя, і калі мы ішлі па няроўным дне, вада даходзіла нам то да шчыкалатак, то да грудзей — у залежнасці ад таго, якая была глыбіня рэчышчаў і каналаў сярод рыфаў. Анемоны і каралы надавалі ўсяму рыфу выгляд нейкага скалістага саду з імхамі, кактусамі і акамянелымі раслінамі, чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі і белымі. Усе колеры можна было ўбачыць тут. Каралы, водарасці, ракавіны і марскія малюскі, фантастычныя рыбы, што звіваліся ўсюды вакол нас, — усё мела сваю адметную афарбоўку. У больш глыбокіх каналах у празрыстай вадзе мы бачылі невялікіх акул, даўжынёю метр з лішнім, якія падкрадваліся да нас. Але варта было пляснуць далонню па вадзе, як яны адразу ж паварочвалі ў бакі і адплывалі прэч.

Там, дзе мы былі выкінуты на рыф, нас акружалі толькі лужыны вады з тырчаўшымі сям-там астраўкамі вільготных каралаў, а далей распасціралася спакойная сіняя лагуна. Быў час адліву, і ўсё новыя астраўкі каралаў паказваліся з вады, а прыбой, які безупынна грукатаў уздоўж рыфа, зрабіўся ніжэйшым, нібы апусціўся на адзін паверх. Што будзе тут, на вузкім рыфе, калі пачнецца прыліў, цяжка сказаць. Нам трэба было пакідаць яго.

Рыф нагадваў напалову апушчаную ў ваду крапасную сцяну і цягнуўся на поўдзень і на поўнач ад нас. Ля паўднёвага краю быў відаць доўгі востраў з густым пальмавым лесам, а на поўнач, паблізу ад нас, на адлегласці 600—700 метраў знаходзіўся другі, значна меншы востраў, які таксама зарос пальмамі. Ён ляжаў з унутранага боку рыфа; верхавіны пальмаў узнімаліся да неба, а беласнежныя пясчаныя пляжы спускаліся да ціхай лагуны. Увесь астравок нагадваў вялізную зялёную кашолку кветак ці рай у мініятуры. На гэтым востраве мы і спынілі свой выбар.


Герман стаяў ля мяне, і шырокая ўсмешка ззяла на яго барадатым твары. Ён не вымавіў ні слова, толькі выставіў руку і ціха засмяяўся. «Кон-Цікі» ўсё яшчэ сядзеў на тым баку рыфа, і пырскі прыбою пераляталі цераз яго. Ён быў інвалідам, але заслужаным інвалідам. На палубе ўсё было пакарэжана, але дзевяць бальзавых бярвенняў з ківедскіх джунгляў у Эквадоры былі па-ранейшаму зусім цэлыя. Яны выратавалі нам жыццё. Акіян мала чым пажывіўся з нашага грузу, а тое, што мы злажылі ўнутры каюты, наогул засталося цэлым. Мы самі знялі з плыта ўсё, што мела якую-небудзь каштоўнасць, і зараз наша маёмасць ляжала ў бяспечным месцы на вяршыні вялізнай гарачай ад сонца скалы на ўнутраным баку рыфа.

З таго часу як я саскочыў з плыта, мне, шчыра кажучы, не хапала нашых лоцманаў, якія раней заўсёды плылі ў вадзе наперадзе нас. Цяпер вялікія бальзавыя бярвенні ляжалі наверсе рыфа, апусціўшыся ў ваду ўсяго на якія-небудзь 15 сантыметраў, і пад носам плыта звіваліся карычневыя марскія малюскі. Лоцманы зніклі. Залатыя макрэлі зніклі. Толькі нейкія невядомыя пляскатыя рыбы з тупым хвастом і афарбоўкай паўлінаў дзелавіта шнырылі ўзад і ўперад паміж бярвеннямі. Мы апынуліся ў новым свеце. Юханес пакінуў сваю дзірку. Ён, безуМоўна, знайшоў тут другі прытулак.

Я ў апошні раз кінуў позірк на палубу плыта і заўважыў малюсенькую пальму ў расплясканым кошыку. З вочка какосавага арэха тырчала сцяблінка даўжынёй сантыметраў 45, а знізу тырчалі два корані. Я пакрочыў уброд да вострава, трымаючы ў руцэ гэты арэх. За некалькі крокаў наперадзе я ўбачыў Кнута, які весела плюхаў па вадзе да берага, трымаючы пад пахай мадэль плыта, майструючы якую, ён нямала папацеў у час падарожжа. Неўзабаве мы апярэдзілі Бенгта. Ён быў дбайны гаспадар. З гузам на лбе, з мокрай барадою, з якой капала марская вада, ён ішоў і, сагнуўшыся, папіхаў скрыню, якая пачынала танцаваць перад ім кожны раз, як толькі ў лагуну трапляў паток вады ад бурунаў, што разбіваліся ля знадворнага боку рыфа. Ён ганарліва прыўзняў вечка скрыні. Гэта была наша «кухня», а ў ёй — прымус і ўсё кухоннае начынне.

Я ніколі не забуду гэтага пераходу па рыфах да цудоўнага, зарослага пальмамі вострава, які, чым бліжэй мы падыходзілі да яго, рабіўся ўсё большым і большым. Калі я дабраўся да залітага сонцам пясчанага берага, я скінуў чаравікі і ішоў, зарываючыся пальцамі ног у цёплы абсалютна сухі пясок. Мне было прыемна глядзець на кожны след, які заставаўся на ніколі нікім не таптаным пясчаным беразе, што цягнуўся ўгору да невялікага гаёчку пальмаў. Неўзабаве кроны пальмаў спляліся над маёй галавою, а я ўсё ішоў і ішоў наперад да цэнтра малюсенькага вострава. Зялёныя какосавыя арэхі віселі пад верхавінамі пальмаў, а нейкія пышныя кусты былі густа ўсыпаны беласнежнымі кветкамі, якія пахлі так соладка і так ап’яняюча, што ў мяне пачала кружыцца галава. Дзве зусім ручныя крачкі пырхалі над маімі плячыма. Яны былі такія белыя і лёгкія, што нагадвалі малюсенькія выцягнутыя воблачкі. Маленькія яшчаркі выслізгвалі з-пад ног; самымі галоўнымі жыхарамі вострава былі вялікія крывава-чырвоныя ракі-адшэльнікі, што павольна поўзалі з усіх бакоў з украдзенымі ракавінкамі смаўжоў велічынёй з яйка, якімі прыкрывалі сваё далікатнае цела.

Я быў страшэнна ўзрушаны. Я стаў на калені і глыбока засунуў пальцы ў сухі цёплы пясок.

Падарожжа закончылася. Мы ўсе былі жывыя. Мы высадзіліся на маленькі бязлюдны востраў Паўднёвага мора. I які востраў! Тарстэйн падышоў да мяне, скінуў мяшок, выцягнуўся на пяску і, лежачы на спіне, глядзеў на верхавіны пальмаў і на лёгкія, як пушынкі, белыя птушкі, што бясшумна кружылі над намі. Неўзабаве мы ўсе ўшасцёх ляжалі тут. Герман, заўсёды поўны энергіі, ускарабкаўся на невялікую пальму і скінуў гронку зялёных какосавых арэхаў. Нашымі нажамі-мачэце мы зрэзалі іх мяккія верхавінкі, нібы гэта былі яйкі, і, задзёршы галовы, пачалі піць самы цудоўны на свеце асвяжальны напітак — салодкае халоднае малако маладсга, яшчэ няспелага плода какосавай пальмы. Са знадворнага боку рыфа зноў далятаў аднастайны барабанны пошчак варты, што ахоўвала «вароты раю».

— У чыстцы было крыху сыравата, — сказаў Бенгт, — але рай амаль такі, якім я яго сабе ўяўляў.

Мы з асалодай выцягнуліся на зямлі і ўсміхаліся белым пасатным воблакам, што праплывалі на захад высока над верхавінамі пальмаў. Цяпер мы болей не рухаліся бездапаможна за воблакамі; цяпер мы ляжалі на цвёрдай зямлі нерухомага вострава, у сапраўднай Палінезіі.

I пакуль мы ляжалі, выцягнуўшыся, буруны ля рыфа грукаталі, як поезд, — туды і сюды, туды і сюды, уздоўж усяго небасхілу.

Бенгт сказаў праўду: мы трапілі ў рай.


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ СЯРОД ПАЛІНЕЗІЙЦАЎ

Крыху рабінзанады. — Мы баімся, што нас пачнуць шукаць. — Усё ў парадку, «Кон-Цікі»! — Рэшткі яшчэ аднаго караблекрушэння. — Бязлюдныя астравы. — Бой з марскімі вуграмі. — Палінезійцы знаходзяць нас. — Духі на рыфе. — Пасол да правадыра. — Правадыр наведвае нас. — «Кон-Цікі» пазналі. — Высокі прыліў. — Падарожжа нашага судна па сушы. — Учатырох на востраве. — Жыхары астравоў прыязджаюць па нас. — Сустрэча ў вёсцы. — Продкі з краіны, дзе ўсходзіць сонца. — Палінезійскія танцы. — Лячэнне па эфіру. — Нам даюць каралеўскія імёны. — Яшчэ адно караблекрушэнне. — «Тамара» ратуе «Маоае». — На Таіці. — Сустрэча на набярэжнай. — Нас сустракаюць з пашанай. — Шэсць вянкоў.


Наш астравок быў бязлюдны. Хутка мы ўжо ведалі кожную купу пальмаў і кожны ўчастак берага, бо ўвесь востраў меў у папярочніку каля 200 метраў. Самы высокі пункт знаходзіўся менш чым на два метры над узроўнем лагуны.

Над нашымі галовамі на верхавінах пальмаў віселі вялікія гронкі зялёных какосавых арэхаў, тоўстая шкарлупа якіх ахоўвала халоднае малако ўнутры пладоў ад трапічнага сонца; значыць, на працягу першых тыдняў мы не будзем адчуваць смагі. Былі таксама спелыя какосавыя арэхі, мноства ракаў-адшэльнікаў, а ў лагуне — рыба ўсялякіх гатункаў; мы ні ў чым не будзем адчуваць патрэбы. На паўночным беразе вострава мы знайшлі рэшткі старога нефарбаванага драўлянага крыжа, напалову засыпанага каралавым пяском. Адсюль, калі глядзець у паўночным напрамку ўздоўж рыфа, можна было распазнаць разбіты каркас судна, які мы першы раз убачылі з больш блізкай адлегласці, калі нас несла паўз яго. Яшчэ далей на поўнач у сіняватай смузе відаць былі верхавіны пальмаў другога маленькага вострава. Значна бліжэй было да густа зарослага дрэвамі вострава, што знаходзіўся на поўдні. Ні на адным з гэтых астравоў мы не заўважалі адзнак жыцця, але пакуль што ў нас былі іншыя клопаты.

Рабінзон Хесельберг у вялізным саламяным капелюшы падышоў накульгваючы; ён прынёс цэлую кучу ракаў-адшэльнікаў, якія распаўзаліся ва ўсе бакі. Кнут расклаў агонь з ламачча, і неўзабаве мы елі ракаў, а на салодкае пілі какава з какооавым малаком.

— Як добра на беразе, праўда, хлопцы? — з захапленнем усклікнуў Кнут, які ўжо аднойчы адчуў гэта ў час падарожжа.

Кажучы так, ён спатыкнуўся і выліў амаль палову чайніка з гарачай вадой на голыя ногі Бенгта. Мы ўсе не вельмі цвёрда стаялі на н,агах у гэты першы дзень знаходжання на беразе пасля 101 дня, праведзенага на плыце; часам сярод пальмавых ствалоў нас вадзіла ў бакі, бо мы адстаўлялі нагу, каб сустрэць хвалю, якая не прыходзіла.

Калі Бенгт падаў нам перад ядой нашы відэльцы і талеркі, Эрык шырока ўхмыльнуўся. Я ўспомніў, што пасля апошняга абеду на плыце я як звычайна, перагнуўся цераз борт і вымыў пасуду, між тым як Эрык, зірнуўшы на рыф, сказаў: «Сёння, бадай што, я не буду турбаваць сябе гэтым». Калі ён убачыў сваю пасуду ў кухоннай скрыні, яна была такая ж чыстая, як мая.

Пасля абеду мы ўволю з асалодай паваляліся на зямлі, а потым пачалі збіраць намоклую радыёстанцыю; гэта трэба было зрабіць як мага хутчэй, каб Тарстэйн і Кнут здолелі распачаць размову ў эфіры р,аней, чым чалавек з Раратонгі перадасць паведамленне аб нашым сумным канцы.

Большая частка нашага радыёабсталявання была перанесена ўжо на бераг; сярод рэчаў, зваленых на рыфе, Бенгт знайшоў скрыню і ўхапіўся за яе. У той жа момант ён высока падскочыў ад удару электрычнага току; можна было не сумнявацца: тое, што знаходзіцца ўнутры скрыні, мае дачыненне да радыётэхнікі. Пакуль нашы радысты расшрубоўвалі, злучалі і збіралі апаратуру, астатнія ўзяліся за арганізацыю лагера.

Непадалёку ад таго месца, дзе нас выкінула на рыф, мы знайшлі цяжкі ад вады парус і прывалаклі яго на бераг. Мы нацягнулі парус паміж дзвюма тоўстымі пальмамі на маленькім лужку, з якога адкрываўся прыгожы від на лагуну; два другія рагі паруса мы замацавалі на бамбукавых жэрдках, што прыплылі да берага з месца крушэння. Густая агарожа з кустоў, усыпаных кветкамі, падпірала парус, так што ў нас быў дах і тры сцяны; перад нашымі вачыма рассцілалася зіхатлівая лагуна, а паветра вакол нас было напоена водарам кветак.

Прыемна было апынуцца тут. Мы задаволена ўсміхаліся самі сабе і цешыліся спакоем; кожны зрабіў сабе з пальмавых лісцяў пасцель, папярэдне прыбраўшы абломкі галін каралаў, якія зусім недарэчы тырчалі з пяску. Да надыходу ночы мы падрыхтавалі вельмі зручнае месца для сну, а ў сябе над галавой мы бачылі барадаты твар добрага старога Кон-Цікі. Ён больш не выпінаў свае грудзі пад напорам усходняга ветру. Цяпер ён нерухома ляжаў на спіне і пазіраў на зоркі, што мігцелі над Палінезіяй.

На кустах вакол н.ас віселі мокрыя флагі і спальныя мяшкі, а намоклае адзенне ляжала і сохла на пяску. Яшчэ адзін дзень на гэтым сонечным востраве, і ўсё як след высахне. Нават радысты былі вымушаны спыніць сваю работу і чакаць заўтрашняга дня, калі сонца высушыць іх апаратуру. Мы знялі з кустоў спальныя мяшкі і залезлі ў іх, пры гэтым кожны выхваляўся, што ў яго самы сухі мяшок. Пераможцам прызналі Бенгта: калі ён павярнуўся, яго мяшок не захлюпаў. Якая раскоша — мець магчымасць спакойна заонуць!

Прачнуўшыся на світанні, мы ўбачылі, што парус над намі правіс і напоўнены чыстай празрыстай дажджавою вадой. Бенгт паклапаціўся аб гэтым неспадзяваным падарунку неба, а потым, не спяшаючыся, спусціўся да лагуны і выкінуў на бераг некалькі смешных з выгляду рыбін, якіх ён завабіў у каналы, што пракапаў у пяску.

Ноччу ў Германа разбалелася шыя і спіна ў тых месцах, якія ён пашкодзіў сабе перад адплыццём з Лімы, а ў Эрыка быў прыступ даўно забытага ім прастрэлу. У астатнім наша прагулка цераз рыф абышлася надзвычай шчасліва: мы ўсе мелі нязначныя раны і драпіны, толькі Бенгт, якога мачта, падаючы, ударыла па лбе, атрымаў лёгкае зрушэнне. Самы пацешны выгляд меў я: рукі і ногі былі пакрыты сіне-чорнымі сінякамі — так моцна я сціскаў імі вяроўку.

Ніводзін з нас, зрэшты, не адчуваў сябе так кепска, каб выгляд зіхатлівай празрыстай лагуны не спакусіў яго хуценька пакупацца перад снеданнем. Лагуна была вялізная. Удалечыні яна была сіняя і ад пасату пакрывалася рабізной; і яна была такая шырокая, што мы ледзь маглі распазнаць рад ахутаных блакітнай смугой, зарослых пальмамі астравоў, якія акружалі атол з працілеглага боку. Але тут, на падветраным баку астравоў, пасат мірна шапацеў у пёрыстым лісці пальмаў, што злёгку пагойдваліся, а лагуна ляжала ўнізе, нібы нерухомае люстра, і адбівала ў сабе ўсю іх прыгажосць. Горка-салёная вада была чыстая і празрыстая; ярка афарбаваныя каралы, якія ляжалі на глыбіні амаль трох метраў, здавалася, былі так блізка ля паверхні, што мы, купаючыся, баяліся парэзаць аб іх ногі. У вадзе кішэлі цудоўныя разнавіднасці рыб самай разнастайнай афарбоўкі. Перад намі адкрываўся дзівосны свет, поўны забаў. Вада была ў меру халаднаватая, каб асвяжаць, а паветра сухое і нагрэта сонцам да прыемнай цеплыні. Але сёння трэба было хутчэй вылазіць на бераг: Раратонга перадасць трывожныя паведамленні, калі да канца дня не атрымае з плыт.а ніякіх вестак.

Шпулькі і іншыя дэталі радыёперадатчыка былі раскладзены на зусім сухіх каралавых плітах і сохлі на трапічным сонцы. Тарстэйн і Кнут паступова злучалі і зашрубоўвалі іх. Мінула ўся раніца, і становішча рабілася ўсё больш і больш напружаным. Мы закінулі ўсе іншыя справы і акружылі нашых радыстаў, спадзеючыся хоць чым-небудзь дапамагчы ім. Мы павінны быць у эфіры да дзесяці гадзін вечара. К таму часу скончыцца трыццацішасцігадзінны тэрмін, і радыёаматар з Раратонгі пачне выклікаць самалёты і выратавальныя экспедыцыі.

Настаў поўдзень, потым вечар, і сонца зайшло. Хапіла б толькі вытрымкі ў чалавека на Раратонзе! Сем гадзін, восем, дзевяць. Напружанне дасягнула сваёй гранічнай мяжы. Ніводнай адзнакі жыцця ў перадатчыку, але прыёмнік NC-173 пачаў ажываць ля самага нізу шкалы, дзе слаба гучала нейкая музыка. Але на аматарскім дыяпазоне нічога не было чуваць. Паступова, аднак, гукі пачалі прабівацца — мабыць, усё залежала ад сырой абмоткі, якая прасыхала з аднаго канца. Перадатчык быў усё яшчэ мёртвы — усюды кароткія замыканні і іскры.

Заставалася менш гадзіны. Нічога не будзе! Перадатчык выйшаў са строю, і мы парашылі зноў выпрабаваць маленькі падпольны перадатчык, якім карысталіся ў час вайны. Некалькі спроб мы ўжо рабілі на працягу дня, але без усякага выніку. Можа, ён цяпер крыху падсох? Усе батарэі былі зусім сапсаваны, і, каб атрымаць ток, нам давялося круціць маленькую ручную дынамку. Гэта была нялёгкая работа, і мы, чатыры прафаны ў радыётэхніцы, увесь дзень сядзелі і круцілі гэтую д’яблаву штуку.

Трыццаць шэсць гадзін павінны былі хутка скончыцца. Я памятаю, як хтосьці шаптаў: «сем мінут», «пяць мінут», і потым больш ніхто не глядзеў на гадзіннік. Перадатчык па-ранейшаму быў нямы, але прыёмнік нешта м,армытаў ужо блізка да патрэбнай нам хвалі. Раптам ён затрашчаў на хвалі аматара з Раратонгі, і мы вырашылі, што ён вядзе размову з радыёстанцыяй на Таіці. Неўзабаве мы злавілі наступны абрывак радыёграмы, якую перадавалі з Раратонгі:

«...ніводнага самалёта на гэты бок астравоў Самаа. Я зусім упэўнены...»

Потым ўсё зноў сціхла. Напружанне зрабілася нясцерпным. Што яны там задумалі? Няўжо яны адразу пасылаюць самалёт і выратавальныя экспедыцыі? Цяпер, безумоўна, паведамленні аб нас ляцяць па эфіру ва ўсе бакі.

Абодва радысты ліхаманкава працавалі, не ведаючы ні хвіліны спачынку. З іх твараў пот струменіў гэтак жа, як і з твару таго, хто круціў ручку дынамкі. Электрычныя ваганні паступова пачалі з’яўляцца ў контуры антэны перадатчыка, і Тарстэйн у экстазе паказваў на стрэлку, якая павольна падымалася па шкале, калі ён націскаў ключ Морзэ. Справа ішла на лад!

Мы, як шалёныя, круцілі ручку, а Тарстэйн выклікаў Раратонгу. Ніхто, не чуў нас. Яшчэ раз. Цяпер зноў прачнуўся прыёмнік, але Раратонга нас не чула. Мы выклікалі Гала і Фрэнка ў Лос-Анжаласе і марское вучылішча ў Ліме, але ніхто не чуў нас.

Тады Тарстэйн паслаў сігнал «CQ»: інакш кажучы, ён выклікаў усе станцыі на свеце, якія маглі пачуць нас на нашай аматарскай кароткай хвалі.

Гэта дало некаторы вынік. Цяпер чыйсьці слабы голас з эфіру пачаў ціха выклікаць нас. Мы паўтарылі сігнал і сказалі, што чуем яго. Тады ціхі голас з эфіру прамовіў:

— Мяне завуць Поль, я жыву ў Каларада; як вас завуць і дзе вы жывяце?

Гэта быў нейкі радыёаматар. Мы, не спыняючыся, круцілі ручку, а Тарстэйн схапіў ключ і адказаў:

— Гэта «Кон-Цікі»; нас выкінула на бязлюдны востраў у Ціхім акіяне.

Поль зусім не паверыў гэтаму паведамленню. Ён думаў, што нейкі кароткахвалявік з суседняга квартала разыгрывае яго, і больш не з’яўляўся ў эфіры. У роспачы мы рвалі на сабе валасы. Вось мы сядзім тут, пад пальмамі, зорнай ноччу на бязлюдным востраве, і ніхто не верыць нашым словам.

Тарстэйн не здаваўся; ён зноў узяўся за ключ і безупынна перадаваў: «Усё ў парадку, усё ў парадку, усё ў парадку». Мы што б там ні было павінны прыпыніць падрыхтоўку ўсіх гэтых выратавальных экспедыцый у розных канцах Ціхага акіяна.

Раптам мы пачулі ў прыёмніку, як хтосьці даволі ціха спытаў:

— Калі ўсё ў парадку, дык чаго хвалявацца?

Потым эфір зноў змоўк. I гэта было ўсё.

Ахопленыя роспаччу, мы гатовы былі падскочыць да верхавін пальмаў і атрэсці з іх усе какосавыя арэхі, і цяжка сказаць, што мы зрабілі б, калі б раптам нас не пачулі адначасова і Раратонга і наш стары добры Гал. Гал гаварыў, што ён плакаў ад радасці, калі зноў пачуў пазыўныя LI2B. Уся шуміха адразу спынілася; мы зноў былі адны, і ніхто нас не турбаваў на нашым востраве Паўднёвага мора. Зусім знясіленыя, мы палеглі спаць на нашы пасцелі з пальмавых лісцяў.

Назаўтра мы нікуды не спяшаліся і цешыліся жыццём, ні аб чым не думаючы. Адны купаліся, другія рыбачылі або бадзяліся па рыфу, шукаючы цікавых марскіх жывёлін; самыя энергічныя прыводзілі да ладу лагер і ўпрыгожвалі ўсё навокал яго. На беразе, адкуль відаць быў «Кон-Цікі», на ўзлеску, дзе пачынаўся пальмавы гай, мы выкапалі яму, выслалі яе лісцем і пасадзілі прарослы какосавы арэх, што прывезлі з Перу. Побач, якраз насупраць таго месца, дзе «Кон-Цікі» наляцеў на рыф, мы пабудавалі піраміду з каралавых глыбаў.

За ноч прыбой прасунуў «Кон-Цікі» яшчэ бліжэй да лагуны, і цяпер, акружаны ўсяго некалькімі лужынамі, ён ляжаў амаль увесь над вадой, сярод вялізных каралавых глыбаў далёка ад знадворнага краю рыфа.

Прагрэўшыся як след у гарачым пяску, Эрык і Герман адчувалі сябе куды лепш і захацелі прайсціся ўздоўж рыфа на поўдзень; яны спадзяваліся, што ім удасца перабрацца на вялікі востраў, які знаходзіўся ў тым баку. Я папярэдзіў, каб яны асцерагаліся акул, а яшчэ больш вугроў[39], і яны засунулі на ўсякі выпадак за пояс доўгія нажы-мачэце. Каралавыя рыфы з’яўляюцца месцам прытулку для страшных вугроў з доўгімі ядавітымі зубамі, якімі яны лёгка могуць адарваць чалавеку нагу. Пры нападзе яны рухаюцца, звіваючыся з хуткасцю маланкі, і выклікаюць панічны жах у мясцовых жыхароў, якія не баяцца плаваць побач з акулай.

Эрык і Герман прайшлі ўброд даволі далёка па рыфу на поўдзень, але месцам трапляліся больш глыбокія рэчышчы, па якіх вада ішла ў гэтым напрамку, і тады ім даводзілася скакаць у ваду і плыць. Яны шчасліва дабраліся да вялікага вострава і ўброд перайшлі на бераг. Доўгі і вузкі, пакрыты пальмавым лесам востраў цягнуўся далей на поўдзень; яго сонечныя пляжы былі ахаваны ад ветру рыфам. Эрык і Герман ішлі і ішлі ўздоўж вострава, пакуль не дасягнулі яго. паўднёвага берага. Пакрыты белаю пенаю рыф цягнуўся адсюль далей на поўдзень, да іншых астравоў. Тут нашы даследчыкі знайшлі разбіты каркас вялікага карабля; у яго было чатыры мачты, і ён ляжаў на беразе, падзелены на дзве часткі. Гэта быў стары іспанскі паруснік, нагружаны рэйкамі, і ржавыя рэйкі былі параскіданы ўздоўж рыфа. Эрык і Герман вярнуліся па другім баку вострава, але ніводнага следу на пяску ім так і не ўдалося знайсці.

Вяртаючыся назад цераз рыф, яны сюд-туд успуджвалі нейкіх дзіўных рыб і спрабавалі злавіць некаторых з іх; раптам на іх напала не менш васьмі вялізных вугроў.

Эрык і Герман убачылі ў празрыстай вадзе, як тыя набліжаліся, і выскачылі на вялікую каралавую глыбу; вугры пачалі звівацца вакол яе. Слізкія пачвары таўшчынёй з галёнку дарослага мужчыны былі ўсыпаны зялёнымі і чорнымі плямамі і нагадвалі атрутных змей; на маленькай галаве блішчалі злосныя змяіныя вочы, а зубы, вострыя, як шыла, мелі ў даўжыню два — тры сантыметры. Калі маленькія вёрткія галоўкі, звіваючыся, наблізіліся да сяброў, Эрык і Герман узмахнулі нажамі; галава аднаго вугра была адсечана, другі быў паранены. Кроў у вадзе прыцягнула цэлую чараду маладых блакітных акул, якія накінуліся на мёртвага і параненага вугроў, а Эрыку і Герману ўдалося пераскочыць на другую глыбу каралаў і ўцячы.

У гэты ж дзень я ішоў уброд да нашага вострава, як раптам хтосьці маланкавым рухам учапіўся з абодвух бакоў у маю шчыкалатку і моцна павіс на ёй. Гэта быў васьміног. Ён быў невялікі, але цяжка перадаць тое пачуццё агіды, якое я адчуваў, калі халодныя шчупальцы абвілі маю нагу і на мяне глядзелі лютыя маленькія вочы, што тырчалі на барвова-чырвоным слізістым мяшку — целе васьмінога. Я з усяе сілы дрыгнуў нагой, і васьміног, які не меў у даўжыню і метра, рушыў за ёю, але шчупальцаў не разняў. Відаць яго вабіла павязка на маёй назе. Я рыўкамі рухаўся да берага з агідным стварэннем на назе. Толькі пасля таго, як я дабраўся да краю сухога пяску, васьміног адпусціў мяне і пачаў павольна адступаць па мелкаводдзю; яго шчупальцы былі выцягнуты да берага, і ён не зводзіў з яго вачэй, нібы гатовы да новага нападу, калі я таго пажадаю. I толькі пасля таго, як я шпурнуў у васьмінога некалькі вялізных кавалкаў карала, ён паспешліва знік.

Разнастайныя прыгоды сярод рыфаў надавалі толькі пікантнасць нашаму шчасліваму жыццю на астраўку. Але мы не збіраліся векаваць тут, і пара было падумаць, як вярнуцца ў звычайны свет. За тыдзень «Кон-Цікі» прабіў сабе дарогу да сярэдзіны каралавага бар’ера, дзе цяпер і ляжаў, моцна засеўшы на аголеных рыфах. Вялізныя бярвенні, стараючыся пракласці сабе дарогу да лагуны, параспіхалі і абламалі даволі вялікія глыбы каралаў, але цяпер драўляны плыт засеў нерухома, і колькі мы яго ні цягнулі і ні штурхалі, усё было бескарысна. Калі б нам толькі ўдалося спусціць разбіты плыт у лагуну, мы маглі б, ва ўсякім разе, зрасціць мачту і аснасніць яго ў дастатковай ступені для таго, каб, рухаючыся з ветрам, пераплыць спакойную лагуну і паглядзець, што ёсць на другім баку яе. Калі на якім-небудзь з астравоў жылі людзі, дык хутчэй за ўсё на тым, што знаходзіўся далёка на небасхіле на захад, дзе атол выгінаецца ў падветраны бок.

Міналі дні.

I вось аднойчы раніцай хтосьці з нашых хлопцаў прыбег стрымгалоў і сказаў, што бачыў белы парус на лагуне. З самага высокага месца на ўзлеску мы змаглі разгледзець малюсенькую белую плямку, якая выразна вылучалася на фоне апалава-сіняй лагуны. Не магло быць ніякіх сумненняў, што гэта парусная лодка, якая толькі што адплыла ад працілеглага берага. Мы бачылі, як яна павярнула на другі галс. Неўзабаве паказаўся яшчэ адзін парус.

На працягу ўсёй раніцы яны паступова набліжаліся і павялічваліся ў памерах. Яны плылі проста да нас. Мы паднялі на верхавіну пальмы французскі флаг і размахвалі нашым нарвежскім флагам, які мы прывязалі да доўгай палкі. Адзін парус знаходзіўся ўжо так блізка, што мы маглі распазнаць пад ім палінезійскую пірогу з балансірам. Аснастка яе была больш сучаснага тыпу. Дзве карычневыя фігуры стаялі ў пірозе і глядзелі на нас. Мы замахалі рукамі. Яны памахалі ў адказ і падплылі проста да берага па мелкаводдзю.

— Іа ора на, — прывіталі мы іх на палінезійскай мове.

— Іа ора на! — хорам крыкнулі яны ў адказ, і адзін выскачыў з пірогі і пацягнуў яе за сабой, ідучы ў вадзе па пясчаным дне проста да нас.

Абодва госці былі ў еўрапейскім адзенні, але іх прыгожыя, стройныя целы былі карычневыя. Ногі ў іх былі голыя, а на галаве, ад сонца, яны насілі самаробныя саламяныя капелюшы. Палінезійцы дабраліся да берага і крыху няўпэўнена пачалі набліжацца да нас; але калі мы ўсе па чарзе, усміхаючыся, паціснулі ім рукі, яны заззялі шырокімі ўсмешкамі, паказваючы два рады асляпляльна белых зубоў; гэтыя ўсмешкі гаварылі больш, чым словы.

Наша прывітанне на палінезійскай мове здзівіла і падбадзёрыла нашых гасцей і ўвяло іх у зман гэтак жа, як мы былі падмануты самі, калі іх аднапляменнік з Ангатау крычаў нам па-англійску «добры вечар». Яны пачалі штосьці шпарка і горача расказваць нам па-палінезійску, і прайшло нямала часу, перш чым яны зразумелі, што іх красамоўства зусім не дасягае мэты. Тады яны змоўклі і толькі па-сяброўску ўсміхаліся, паказваючы на другую пірогу, якая падплывала ўсё бліжэй.

У ёй было тры чалавекі, і калі яны ўброд дабраліся да берага і прывіталіся з намі, дык выявілася, што адзін з іх крыху гаворыць па-французску. Мы даведаліся, што на адным з астравоў на тым баку лагуны знаходзіцца палінезійская вёска і што жыхары яе аднойчы ўночы бачылі наша вогнішча. У рыфе Рароіа ёсць усяго адзін праход, які вядзе да астравоў, што акружаюць лагуну; і паколькі гэты праход размешчаны ля самай вёскі, дык кожнага, хто наблізіцца да астравоў, якія ляжаць за рыфам, жыхары вёскі павінны былі б абавязкова заўважыць. Таму старыя ў вёсцы парашылі, што агонь, які яны бачылі на рыфе на ўсходзе, не мог быць справай рук чалавека, а з’яўляўся чымсьці ненатуральным. Гэта адбіла ў жыхароў вострава ўсякую ахвоту пераплыць лагуну і самім паглядзець, што здарылася. Але потым да іх вострава прыбіла па лагуне зламаную скрынку, і на ёй былі нарысаваны нейкія знакі. Два палінезійцы, якія жылі пэўны час на Таіці і ведалі азбуку, разабралі надпіс і прачыталі слова «Цікі», што было напісана вялікімі чорнымі літарамі на дошцы. Цяпер больш не заставалася ніякіх сумненняў, што на рыфе з’явіліся духі, бо Цікі, — яны ўсе ведалі гэта, — быў даўным-даўно памёршы роданачальнік іх уласнага народа. Але праз некаторы час па лагуне прыплылі бляшанкі з сухарамі, цыгарэтамі, какосавыя арэхі і каробка са старым чаравікам; тады яны ўсе зразумелі: на ўсходнім баку рыфа адбылося караблекрушэнне, і правадыр паслаў дзве пірогі на пошукі людзей, што засталіся жывымі і чыё вогнішча на востраве яны бачылі.

Па просьбе сваіх таварышаў астраўлянін, які ўмеў гаварыць па-французску, спытаў, чаму на дошцы, што прыплыла па лагуне, было напісана «Цікі». Мы растлумачылі, што «Кон-Цікі» было напісана на ўсіх рэчах нашага рыштунку і што гэта назва судна, на якім мы прыплылі.

Нашы новыя сябры гучнымі воклічамі выказвалі сваё здзіўленне, калі пачулі, што ніхто не загінуў у час караблекрушэння і што пляскаты разбіты касцяк, які ляжыць на рыфе, і ёсць сапраўды тое судна, на якім мы прыплылі. Яны хацелі адразу ж пасадзіць нас усіх у пірогі і завезці ў вёску. Мы падзякавалі і адмовіліся, бо хацелі застацца да таго часу, пакуль не здымем «Кон-Цікі» з рыфа. Яны з жахам глядзелі на нязграбную пабудову, што засела на рыфе; вядома, нам няма чаго і марыць аб тым, што ўдасца зноў спусціць на ваду гэты папсаваны шкілет! Урэшце пасланец рашуча сказаў, што мы павінны плыць з імі; правадыр строга загадаў ім без нас не вяртацца.

Тады мы вырашылі, што адзін з нас паедзе з астраўлянамі як пасол для перагавораў з правадыром, а потым вернецца і раскажа нам усё пра той востраў. Мы не кінем плыт на рыфе і не можам пакінуць усе рэчы на нашым маленькім востраве. Бенгт сабраўся з астраўлянамі. Абедзве пірогі сцягнулі з пясчанага берага, і неўзабаве яны, плывучы са спадарожным ветрам, зніклі на захадзе.

Назаўтра на небасхіле паказалася мноства белых парусоў. Здавалася, што цяпер астраўляне прыплылі па нас на ўсіх суднах, якія ў іх былі.

Уся флатылія павярнула ў наш бок, і калі яна наблізілася, мы ўбачылі на пярэдняй пірозе сярод карычневых фігур нашага Бенгта, які махаў капелюшом. Ён крыкнуў нам, што з ім знаходзіцца сам правадыр, і мы пачціва выстраіліся на беразе, каб сустрэць гасцей, якія ўброд падыходзілі да вострава.

Бенгт вельмі ўрачыста адрэкамендаваў нас правадыру.

— Правадыра завуць, — сказаў Бенгт, — Тэпіураіарыі Тэрыіфаатау, але ён зразумее, като мы маем на ўвазе, калі будзем называць яго Тэка.

Мы і пачалі называць яго Тэка.

Правадыр Тэка быў высокі статны палінезіец з вачыма, якія сведчылі аб вялікім розуме. Ён быў знатны чалавек, патомак старадаўняга каралеўскага роду на Таіці і з’яўляўся правадыром абодвух астравоў: і Рароіа і Такуме. Ён вучыўся ў школе на Таіці, ведаў французскую мову і ўмеў чытаць і пісаць. Ён сказаў мне, што сталіца Нарвегіі называецца Хрысціянія[40], і спытаў, ці ведаю я Бінга Кросбі[41]. Ён паведаміў нам таксама, што на працягу апошніх дзесяці год усяго тры чужаземныя судны заходзілі на Рароіа, але іхнюю вёску некалькі разоў у год наведваюць шхуны мясцовых гандляроў копрай з Таіці, якія прывозяць тавары і забіраюць ядры какосавых арэхаў, Яны ўжо некалькі тыдняў чакаюць такую шхуну, так што яна можа з’явіцца ў любы час.

Справаздача Бенгта, коратка кажучы, зводзілася да наступнага: на Рароіа не было ні школы, ні радыё, ні белых людзей; але 127 палінезійцаў, якія жылі ў вёсцы, зрабілі ўсё, што маглі, каб размясціць нас з усімі выгодамі, і падрыхтавалі ўрачыстую сустрэчу.

Перш за ўсё правадыр пажадаў агледзець судна, на якім нам удалося жывымі дабрацца да рыфа. У суправаджэнні астраўлян мы рушылі ўброд да «Кон-Цікі». Калі мы наблізіліся, палінезійцы раптам спыніліся і, шумна гамонячы ўсе разам, пачалі абменьвацца заўвагамі. Цяпер можна было добра бачыць бярвенні «Кон-Цікі», і адзін з жыхароў вострава ўсклікнуў:

— Гэта не лодка, гэта пае-пае!

— Пае-пае! — паўтарылі ўсе яго таварышы хорам.

Узнімаючы пырскі, яны кінуліся бягом па рыфу і ўскарабкаліся на «Кон-Цікі». Яны лазілі ўсюды, узбуджаныя, як дзеці, абмацвалі бярвенні, бамбукавыя пляцёнкі і вяроўкі. Правадыр быў у такім жа прыўзнятым настроі, як і іншыя; ён вярнуўся да нас і некалькі разоў «паўтарыў:

— «Цікі» не лодка, гэта пае-пае. — У яго голасе чулася здзіўленне і цікавасць.

Пае-пае на палінезійскай мове азначае «плыт» і «памост», а на востраве Пасхі гэтае ж слова ўжываецца для абазначэння мясцовых лодак. Правадыр расказаў нам, што цяпер гэткіх пае-пае больш не існуе, але самыя старыя людзі ў вёсцы расказваюць старажытныя паданні пра пае-пае. Усе палінезійцы наперабой захапляліся вялізнымі бальзавымі бярвеннямі, але ад вяровак яны з пагардай адварочваліся. Такія вяроўкі пад уздзеяннем салёнай вады і сонца не пратрымаюцца і некалькі месяцаў. I астраўляне з гонарам паказвалі нам снасці на сваіх пірогах; яны самі сплялі іх з валокнаў какосавага арэха, і такія вяроўкі добра служаць па пяць год.

Калі мы вярнуліся назад на наш маленькі востраў, мы са згоды ўсіх назвалі яго «Фенуа Кон-Цікі», або «Востраў Кон-Цікі». Гэтую назву мы ўсе маглі выгаварыць, але палінезійцам вельмі цяжка давалася вымаўленне нашых кароткіх паўночных імёнаў. Яны прыйшлі ў захапленне, калі я сказаў ім, што яны могуць называць мяне Тэраі Мацеата, бо вялікі правадыр Таіці даў мне гэтае імя, «усынавіўшы» мяне ў час майго першага падарожжа ў тэтыя краі.

Астраўляне прыцягнулі з пірогаў свойскіх птушак, яйкі і плады хлебнага дрэва, другія з дапамогай трохзубых восцяў забілі ў лагуне некалькі вялікіх рыбін, і вакол лагернага вогнішча пачаўся баль. Мы павінны былі расказаць пра ўсе нашы прыгоды на пае-пае ў акіяне, і расказ пра кітовую акулу нам давялося паўтараць зноў і зноў. I кожны раз, калі расказ даходзіў да таго, як Эрык усадзіў гарпун у чэрап акулы, слухачы радасна ўскліквалі. Палінезійцы з першага позірку пазнавалі ўсіх рыб, замалёўкі якіх рабіў Эрык, і тут жа гаварылі нам, як гэтыя рыбы называюцца на іх мове. Але яны ніколі не бачылі ні кітовай акулы, ні змяінай макрэлі і нічога не чулі пра іх.

Калі настаў вечар, мы, на вялікую радасць усіх гасцей, уключылі радыё. Больш за ўсё ім спадабалася царкоўная музыка, але потым — мы самі былі вельмі здзіўлены гэтым — нашы радысты злавілі сапраўдную палінезійскую танцавальную музыку, якую перадавалі з Амерыкі. Тады самыя вясёлыя з астраўлян пачалі пагойдваць сагнутымі над галавой рукамі, і неўзабаве ўсе нашы госці ўсхапіліся на ногі і кінуліся ў скокі ў такт музыцы. З надыходам ночы ўсе ляглі спаць на беразе вакол вогнішча. Для астраўлян гэта была такая ж прыгода, як і для нас.

Калі мы прачнуліся назаўтра раніцай, палінезійцы ўжо ўсталі і смажылі свежаналоўленую рыбу; шэсць толькі што «распячатаных» какосавых арэхаў былі падрыхтаваны, каб мы маглі прагнаць смагу пасля сну.

У гэты дзень грукат ля рыфа быў больш гучны, чым звычайна; вецер узмацніўся, і буруны высока ўзляталі ў паветра там, за каркасам нашага судна.

— Сёння «Цікі» прыйдзе ў лагуну, — сказаў правадыр, паказваючы на разбіты плыт. — Прыліў будзе высокі.

Было каля адзінаццатай гадзіны, калі вада, праходзячы міма нас, стала пранікаць у лагуну. Лагуна пачала напаўняцца, нібы вялізны басейн, і ўзровень вады вакол усяго вострава падымаўся. Потым з акіяна лінулі цэлыя патокі. Вада ішла валамі, якія ўзнімаліся ўсё вышэй, і закрыла большую частку рыфа. Патокі вады імчаліся абапал вострава. Яны адрывалі вялізныя глыбы каралаў і наносілі вялікія пясчаныя водмелі, якія затым знікалі, нібы здзьмутая ветрам мука, а ў другім месцы з’яўляліся новыя водмелі. Асобныя бамбукавыя жэрдкі з разбітага плыта праплылі паўз нас, і «Кон-Цікі» пачаў варушыцца. Усё, што ляжала ля берага, прыйшлося перацягнуць углыб вострава, каб уратаваць ад прыліву. Неўзабаве з-пад вады відаць былі толькі самыя высокія выступы рыфа, і ўсе берагі вакол нашага вострава зніклі, а акіян падступаў усё бліжэй да лужкоў плоскага, як блін, вострава. Рабілася страшнавата. Здавалася, увесь акіян наступае на нас. «Кон-Цікі» павярнуўся на 180° і рушыў з месца, але хутка зноў засеў сярод другіх каралавых глыбаў.

Палінезійцы кінуліся ў ваду і, то плывучы, то ідучы ўброд сярод віроў, рухаючыся ад адной водмелі да другой, дабраліся да плыта. Кнут і Эрык суправаджалі іх. На плыце ляжалі падрыхтаваныя вяроўкі, і калі ён падняўся над апошнімі каралавымі глыбамі і сышоў з рыфа, астраўляне скочылі за борт і паспрабавалі ўтрымаць яго. Яны не ведалі «Кон-Цікі» і яго нястрымнага імкнення рухацца на захад. Плыт цягнуў іх за сабой зусім бездапаможных, і неўзабаве ён ужо з ніштаватай хуткасцю рухаўся цераз рыф і далей па лагуне. Дасягнуўшы больш ціхай вады, «Кон-Цікі», здавалася, крыху разгубіўся і пачаў азірацца, нібы ацэньваючы становішча, у якім ён апынуўся, і свае далейшыя магчымасці. Перш чым ён паспеў рушыць далей і знайсці выхад з лагуны, астраўлянам удалося абкруціць канец вяроўкі вакол пальмы на беразе. I вось «Кон-Цікі» застаўся ў лагуне на моцнай прывязі. Судна, якога не маглі спыніць ніякія перашкоды, праклала сабе дарогу цераз барыкаду і ўвайшло ва ўнутраную латуну вострава Рароіа.

Пад ваяўнічыя клікі з бадзёрым прыпевам «ке-ке-це-хуру-хуру» мы ўсе разам падцягнулі «Кон-Цікі» да берага вострава, які насіў яго імя. Прыліў дасягнуў вышыні, якая была на 120 сантыметраў большай, чым звычайны ўзровень вады. Мы думалі, што ўвесь востраў будзе затоплены.

Вецер падганяў хвалі, і яны ўзнімаліся па ўсёй лагуне, таму ў вузкія пірогі, якія залівала вада, мы змаглі змясціць толькі нязначную частку нашага рыштунку. Палінезійцам трэба было як мага хутчэй вяртацца ў вёску; Бенгт і Герман паплылі з імі, каб паспрабаваць дапамагчы маленькаму хлопчыку, які паміраў у адной з хацін у вёсцы. У хлопчыка быў гнойны нарыў на галаве, а мы мелі пеніцылін.

Наступны дзень мы правялі на востраве Кон-Цікі ўчатырох. Усходні вецер дзьмуў цяпер з такой сілай, што палінезійцы не маглі дабрацца да нас цераз лагуну, якая ўся была ўсеяна вострымі каралавымі рыфамі і мелямі. Вада за ноч крыху спала, але цяпер хвалі зноў раз’юшана набягалі доўгімі валамі, якія, нібы ўступы, імчаліся адзін за адным.

На другі дзень вецер пацішэў. Мы мелі магчымасць нырнуць пад плыт і пераканацца, што ўсе дзевяць бярвенняў былі цэлыя; вострыя выступы рыфаў толькі саскрэблі некалькі сантыметраў з іх ніжняга боку. Вяроўкі схаваліся так глыбока ў пазы, што ўсяго чатыры з іх былі перарэзаны караламі. Мы пачалі наводзіць парадак на плыце.

Пасля таго як мы прыбралі з палубы ўвесь хлам, расцягнулі, нібы гармонік, каюту, зрасцілі і паставілі мачту, наша гордае судна набыло больш прыстойны выгляд.

Удзень на небасхіле зноў паказаліся парусы: астраўляне прыехалі па нас і па астатні груз. Герман і Бенгт былі з імі; яны расказалі нам, што ў вёсцы рыхтуюцца да вялікага свята. Калі мы прыплывем на той востраў, дык не павінны выходзіць з пірог, пакуль сам правадыр не дасць на гэта дазволу.

Пры даволі моцным спадарожным ветры мы пераплылі лагуну, якая мела тут у шырыню шэсць міль. Мы са шчырым смуткам пазіралі на знаёмыя пальмы вострава Кон-Цікі, верхавіны якіх, пагойдваючыся, пасылалі нам апошняе прывітанне; але неўзабаве асобных дрэў ужо нельга было разгледзець, а потым і ўвесь востраў ператварыўся ў вузкую палоску зямлі, падобную на ўсе іншыя астраўкі, што раскінуліся ўздоўж усходняга рыфа. А наперадзе ўсё яскравей вырысоўваліся больш вялікія астравы. На адным з іх мы ўбачылі мол і дым, які ўзнімаўся над хацінамі сярод пальмаў.

Вёска, здавалася, зусім вымерла: не відаць было ні душы. Што там задумалі? На беразе за молам з каралавых глыбаў стаялі дзве адзінокія фігуры: адна — высокая і сухарлявая, другая — вялізная і тоўстая, як бочка. Калі мы падышлі, мы пачціва прывіталіся з абедзвюма. Гэта былі правадыр Тэка і яго намеснік Тупухое. Нам усім з першага позірку спадабалася шырокая сардэчная ўсмешка Тупухое. Тэка быў вельмі разумны чалавек і добры дыпламат, а Тупухое быў сапраўднае дзіця прыроды — на рэдкасць шчыры, поўны гумару і першабытнага здаровага розуму. Магутным складам і велічнымі рысамі твару ён дакладна адпавядаў вобразу палінезійскага правадыра, таму вобразу, які быў створаны нашым уяўленнем. I сапраўды, Тупухое раней быў паўнаўладным правадыром вострава, але паступова Тэка заняў першае месца, бо ён ўмеў гаварыць па-французску, лічыць і пісаць, і таму гаспадары шхунаў, што прыходзілі з Таіці па копру, больш не аблічвалі жыхароў вёскі.

Тэка растлумачыў нам, што мы павінны ўсе разам накіравацца ў вёску к дому для сходаў, і калі ўсе сышлі на бераг, урачыстая працэсія рушыла туды;

Герман ішоў наперадзе з флагам, які развяваўся на дрэўку гарпуна, а за ім — я паміж двума правадырамі.

У вёсцы ўсё сведчыла аб гандлі копрай з Таіці; дошкі і гафрыраванае жалеза былі прывезены на шхунах. Некаторыя хаціны былі пабудаваны ў дзівосным старадаўнім стылі з сукоў і пераплеценых пальмавых лісцяў, іншыя былі збіты цвікамі з дошак і нагадвалі маленькія трапічныя бунгала. Вялікі дашчаны дом, што стаяў убаку сярод пальмаў, з’яўляўся домам для сходаў; там павінны былі пасяліцца мы, шэсцьеўрапейцаў. Праз маленькія заднія дзверы мы з флагам увайшлі ў дом і адразу выйшлі з яго на шырокія прыступкі перад фасадам. Перад намі на плошчы стаялі ўсе здольныя рухацца жыхары вёскі, уключаючы жанчын і дзяцей усіх узростаў. Усе мелі надзвычай сур’ёзны выгляд; нават нашы вясёлыя сябры па востраву Кон-Цікі стаялі ў радах разам з іншымі і рабілі выгляд, што не пазнаюць нас.

Калі мы выйшлі на прыступкі, усе на плошчы адначасова адкрылі раты і заспявалі... «Марсельезу»! Тэка, які ведаў словы, запяваў, і справа ішла даволі гладка, нягледзячы на тое, што некалькі бабуль моцна фальшывілі на высокіх нотах. Жыхары вёскі здорава папрацавалі над развучваннем «Марсельезы». Французскі і нарвежскі флагі былі ўзняты перад тэрасай, і на гэтым закончыўся афіцыйны прыём нас правадыром Тэкам; ён павольна адышоўся ўбок, і цяпер тоўсты Тупухое выйшаў наперад і ўзяўся кіраваць цырымоніяй.

Тупухое хутка падаў знак, па якім усе з запалам заспявалі новую песню. На гэты раз справа ішла лепш, паколькі мелодыя была іх уласная, ды і словы былі на іх роднай мове, а спяваць свае танцавальныя песні яны ўмеюць. Мелодыя пры ўсёй сваёй мілай прастаце гучала так чароўна, што ў нас прабеглі мурашкі па спіне, нібы само Паўднёвае мора з ракатаннем насоўвалася на нас. Некалькі чалавек запявалі, а праз пэўныя інтэрвалы далучаўся ўвесь хор; мелодыя змянялася, але словы ўвесь час заставаліся адны і тыя ж:

«Добры дзень, Тэраі Мацеата і твае людзі, што прыплылі па акіяне на пае-пае да нас на Рароіа; так, добры дзень, заставайцеся даўжэй сярод нас, і няхай у нас будуць адны і тыя ж успаміны, каб мы заўсёды маглі быць разам — нават тады, калі вы паедзеце ў далёкую краіну. Добры дзень».

Нам давялося папрасіць іх праспяваць гэтую песню яшчэ раз, і астраўляне, перастаючы саромецца, усё больш і больш ажыўляліся. Потым Тупухое папрасіў мяне расказаць у некалькіх словах народу, чаму мы прыплылі з-за акіяна на пае-пае; усе хочуць пачуць пра гэта. Я павінен гаварыць па-французску, а Тэка будзе па частках перакладаць.

Перада мною стаяў і чакаў маіх слоў натоўп неадукаваных, але вельмі разумных карычневых людзей. Я расказаў ім, што мне давялося раней пабыць сярод іх аднапляменнікаў тут, на астравах Паўднёвага мора, і што я чуў пра іх першага правадыра, Цікі, які прывёў іх продкаў на гэтыя астравы з нейкай таямнічай краіны, месцазнаходжанне якой зараз ніхто не ведае. Лле ў далёкай краіне, якая называецца Перу, гаварыў я, кіраваў калісьці магутны правадыр, і ён меў імя Цікі. Народ называў яго Кон-Цікі, або Сонца-Цікі, бо, паводле яго слоў, ён быў патомкам сонца. Урэшце Цікі і частка яго прыхільнікаў пакінулі сваю краіну на вялікіх пае-пае; таму мы ўшасцёх думалі, што гэта быў той самы Цікі, які прыйшоў на гэтыя астравы. Паколькі ніхто не паверыў бы, што на пае-пае можна пераплыць акіян, мы самі адплылі на пае-пае з Перу; і вось мы тут; значыць, пераплыць можна было. Пасля таго як Тэка пераклаў маю кароткую прамову, Тупухсе, моцна ўзбуджаны, у нейкім экстазе выскачыў наперад і стаў перад натоўпам. Нн гучна крычаў па-палінезійску, размахваў рукамі, паказваў на неба і на нас, і ў яго гарачай прамове ўвесь час паўтаралася слова Цікі. Ён гаварыў так шпарка, што цяжка было прасачыць за сэнсам, але ўсе палінезійцы на плошчы лавілі кожнае яго слова і былі яўна ўсхваляваны. Тэка, наадварот, меў вельмі збянтэжаны выгляд, калі яму прыйшлося перакладаць.

Тупухое гаварыў аб тым, што яго бацька, і дзед, і прадзеды расказвалі пра Цікі, і, паводле іх слоў, Цікі быў першым правадыром, які цяпер знаходзіцца на небе. Але потым прыйшлі белыя людзі і сказалі, што паданні іх продкаў хлусня. Цікі ніколі не існаваў. Ён зусім не на небе, бо там Іегова. Цікі быў язычаскім богам, і яны больш не павінны верыць у яго. А цяпер мы ўшасцёх прыплылі да іх па акіяне на пае-пае. Мы першыя белыя людзі, якія прызнаюць, што іх бацькі гаварылі праўду. Цікі сапраўды жыў, але цяпер ён памёр і знаходзіцца на небе.

Спалохаўшыся, што я магу звесці на нішто ўсю працу місіянераў, я паспяшаўся выйсці наперад і растлумачыў, што Цікі сапраўды жыў — гэта так, не можа быць ніякіх сумненняў, — і што ён даўно памёр. Але знаходзіцца ён цяпер на небе ці ў пекле, ведае адзін толькі Іегова, бо Іегова быў заўсёды на небе, а Цікі быў смертным чалавекам, вялікім правадыром, як Тэка і Тупухое, можа, нават яшчэ больш вялікім.

Мае словы развесялілі і задаволілі палінезійцаў; яны ківалі галавой, з ухвалой мармыталі штосьці, і гэта яскрава сведчыла, што маё тлумачэнне ім да спадобы. Цікі калісьці жыў, гэта было галоўнае. Калі ён цяпер знаходзіцца ў пекле, дык, больш чым каму, непрыемна ад гэтага яму самому; Тупухое выказаў нават думку, што ў такім выпадку, бадай, ёсць больш надзеі сустрэцца з ім зноў.

Тры старыя дзяды праціснуліся наперад і пажадалі паціснуць нам рукі. Можна было не сумнявацца, што гэта яны захоўвалі ў народзе ўспаміны аб Цікі. Правадыр сказаў нам, што адзін з дзядоў ведае безліч паданняў і гістарычных балад з часоў далёкіх продкаў. Я запытаўся ў старога, ці няма ў паданнях якіх-небудзь намёкаў на тое, з якога боку прыйшоў Цікі. Не, ніводзін з дзядоў не мог успомніць, каб яму даводзілася чуць пра гэта. Але, доўга і старанна падумаўшы, самы стары з трох сказаў, што Цікі суправаджаў блізкі родзіч, па імені Мауі, а ў баладзе пра Мауі гаварылася, што ён прыйшоў на астравы з Пура, а слова «пура» азначае тую частку неба, дзе ўсходзіць сонца. Калі Мауі прыйшоў з Пура, сказаў стары, то, вядома, і Цікі прыйшоў з таго ж месца, а мы ўшасцёх таксама прыплылі на пае-пае з Пура, гэта зусім відавочна.

Я расказаў старым, што на невялікім адзінокім востраве, які называецца Мангарэва і які размешчаны бліжэй да вострава Пасхі, жыхары ніколі не ведалі лодак і аж да нашых дзён заўсёды плавалі па акіяне на вялікіх пае-пае. Аб гэтым дзяды не чулі, але яны ведалі, што іх продкі таксама карысталіся вялікімі пае-пае, якія паступова выйшлі з ужытку і аб якіх цяпер ведаюць толькі па назве і па паданнях. У далёкія старажытныя часы, дадаў самы стары з дзядоў, яны называліся «ронга-ронга», але цяпер гэтага слова ў мове больш не існуе. Аднак назва «ронга-ронга» ўпамінаецца ў самых старадаўніх легендах.

Гэтая назва зацікавіла мяне, таму што Ронга — на некаторых астравах вымаўляюць Лона — было імя аднаго з найбольш славутых легендарных продкаў палінезійцаў. У расказах пра яго падкрэслівалася, што ён меў белую скуру і светлыя валасы. Калі капітан Кук упершыню наведаў Гавайскія астравы, жыхары сустрэлі яго з распасцёртымі абдымкамі, бо яны палічылі, што гэта іхні белы суродзіч Ронга, які адсутнічаў шмат пакаленняў, а цяпер вярнуўся з радзімы іх продкаў на гэтым вялікім парусным судне. А на востраве Пасхі словам «ронга-ронга» называлі загадкавыя іерогліфы, таямніца якіх была пахавана разам з апошнім «даўгавухім», які ўмеў пісаць!

Між тым як старыя хацелі пагаварыць пра Цікі і ронга-ронга, маладым не цярпелася паслухаць пра кітовую акулу і падарожжа па акіяне. Але пачастунак быў ужо гатовы, а Тэка стаміўся перакладаць з адной мовы на другую.

Цяпер усім жыхарам вёскі было дазволена падысці і паціснуць руку кожнаму з нас. Мужчыны мармыталі «іа-ора-на» і траха не вывіхвалі нам руку, дзяўчаты стараліся праціснуцца наперад і віталіся з намі какетліва і сарамліва, а старыя бабулі лепяталі і хіхікалі, паказваючы на нашы бароды і белую скуру. Усе твары ззялі сяброўскай прыхільнасцю, так што розныя лінгвістычныя непаразуменні не мелі ніякага значэння. Калі астраўляне гаварылі нам што-небудзь зусім незразумелае па-палінезійску, мы адказвалі ім тым жа па-нарвержску, і ўсе вельмі весяліліся. Першае палінезійскае слова, якое мы вывучылі, было «падабаецца»; калі да таго ж можна было паказаць на тое, што нам падабалася, і разлічваць адразу ж атрымаць яго, дык усё было вельмі проста. Калі ж пры слове «падабаецца» моршчыўся нос, то гэта азначала «не падабаецца», і на гэтай аснове мы маглі зусім добра гаварыць між сабой.

Як толькі мы перазнаёміліся з усімі 127 жыхарамі вёскі, быў пастаўлены доўгі стол для абодвух правадыроў і нас, шасцёх, і вясковыя дзяўчаты пачалі прыносіць самыя далікатныя і смачныя стравы. Пакуль адны расстаўлялі ўсё на стале, падышлі другія і павесілі вянкі з кветак нам на шыю, а крыху меншыя вянкі надзелі нам на галаву. Кветкі мелі цудоўны, тонкі пах, а іх халаднаваты дотык у спёку быў вельмі прыемны. Так пачалося свята ў гонар нас, якое працягвалася некалькі тыдняў, пакуль мы не пакінулі востраў. Вочы ў нас шырока расплюшчыліся і рот напоўніўся слінай, калі мы ўбачылі сталы, застаўленыя смажанымі малочнымі парасятамі, куранятамі, смажанымі качкамі, свежымі амарамі, палінезійскімі рыбнымі стравамі, пладамі хлебнага і дыннага дрэва, малаком какосавых арэхаў. I ў той час як мы накінуліся на яду, натоўп весяліў нас палінезійскімі песнямі, а маладыя дзяўчаты танцавалі вакол стала. Мае таварышы смяяліся і былі ў поўным захапленні; выгляд мы мелі самы недарэчны, калі сядзелі за сталом з бародамі, якія развяваліся пад павевамі ветру, і з вянкамі з кветак на галаве, аплятаючы за абедзве шчакі, нібы перад гэтым толькі што паміралі з голаду. Абодва правадыры, як і мы, не хавалі свайго задавальнення.

Пасля яды пачаліся палінезійскія танцы ў грандыёзным маштабе. Жыхары вёскі хацелі паказаць нам мясцовыя народныя танцы. Нас, шасцёх, Тэку і Тупухое пасадзілі на табурэткі ў першым радзе, потым з’явіліся два гітарысты, прыселі на кукішкі і забрынчалі на сваіх інструментах сапраўдныя мелодыі Паўднёвага мора. Праз кола гледачоў, якія таксама сядзелі на кукішках і спявалі, слізгаючы і выгінаючыся, у круг увайшлі, тандуючы, два ланцугі мужчын і жанчын з шаматлівымі спаднічкамі з пальмавага лісця вакол сцёгнаў. Жвавым і энергічным запявалам была на дзіва тоўстая вахінэ[42], у якой адну руку калісьці адкусіла акула. Спачатку танцоры трымаліся крыху тэатральна і напружана; але калі яны ўбачылі, што белыя людзі з пае-пае не адварочваюць нос ад народных танцаў іх прабацькоў, танец пачаў усё больш і больш ажыўляцца. У яго ўключыліся і некаторыя пажылыя; ва ўсіх было цудоўнае адчуванне рытму, і яны ведалі танцы, якіх звычайна ўжо, вядома, не танцуюць. А калі сонца апусцілася ў Ціхі акіян, танцы сярод пальмаў пачалі набываць яшчэ больш бурны характар, і воплескі гледачоў рабіліся ўсё больш дружнымі. Танцоры забылі, што на іх глядзяць шэсць чужаземцаў; цяпер мы, шэсць белых, былі людзьмі іх народа і цешыліся відовішчам разам з імі.

Рэпертуар не меў канца: адна чароўная мімічная сцэна змяняла другую. Нарэшце натоўп юнакоў сеў на кукішкі, утварыўшы цеснае кола якраз перад намі, і па знаку Тупухое пачаў рытмічна адбіваць такт далонямі па зямлі — спачатку павольна, потым хутчэй і хутчэй; калі рытм стаў зусім бездакорным, нечакана ўключыўся барабаншчык і пачаў акампаніраваць ім, з шалёнай хуткасцю стукаючы дзвюма палкамі па сухім выдаўбленым цурбане; гук пры гэтым быў моцны і рэзкі. Пасля таго як рытм дасягнуў патрэбнага тэмпу, пачуўся спеў і ў кола імкліва ўскочыла дзяўчына з вянком з кветак вакол шыі і кветкамі за вухам. Басанож, сагнуўшы калені, яна рухалася ў такт музыцы, рытмічна пагойдваючы клубамі і закінуўшы рукі над галавой у сапраўдным палінезійскім стылі. Яна танцавала цудоўна, і неўзабаве ўсе гледачы адбівалі рытм, пляскаючы далонямі па зямлі. Яшчэ адна дзяўчына ўскочыла ў кола, а за ёю трэцяя. Яны рухаліся з дзівоснай гібкасцю, строга прытрымліваючыся рытму, і кружыліся ў танцы адна вакол другой, як грацыёзныя цені. Глухія ўдары рукамі па зямлі, спеў і вясёлы бой драўлянага барабана адначасова ўсё паскаралі і паскаралі свой тэмп, танец рабіўся ўсё больш і больш ашалелым, а гледачы аж вылі ад захаплення і адбівалі такт, стукаючы далонямі па зямлі.

Гэта было жыццё Паўднёвага мора, якім яго, гэтае жыццё, ведалі ў старыя часы. Зоркі мігцелі і пальмы пагойдваліся. Ноч была цёплая і доўгая, поўная водару кветак і спеву цыкад. Тупухое шырока ўсміхнуўся і пляснуў мяне па плячы.

— Маітаі? — спытаў ён.

— Так, маітаі, — адказаў я.

— Маітаі? — запытаўся ён ва ўсіх астатніх.

— Маітаі, — з энтузіязмам адказалі ўсе, і гэта было сапраўды так.

— Маітаі, — прамовіў Тупухое, ківаючы галавой і паказваючы на сябе; ён таксама быў вельмі задаволены.

Нават Тэка лічыў, што свята ўдалося вельмі добра; упершыню, сказаў ён, белыя людзі прысутнічаюць на іх танцах на Рароіа. Усё больш і больш хуткім рабіўся пошчак барабана, плясканне ў далоні, спевы і танцы. Але вось адна з дзяўчат перастала рухацца па кругу і, стоячы на месцы, пачала ўся выгінацца ў шалёным тэмпе, выцягнуўшы рукі ў бок Германа. Герман пасміхаўся ў бараду; ён не ведаў, што яму рабіць, як паставіцца да ўсяго гэтага.

— Падтрымайце нашу марку, — шапнуў я яму, — вы ж добры танцор.

I, на вялікую радасць натоўпу, Герман скочыў у кола і, сагнуўшыся ледзь не папалам, пачаў старанна вырабляць, выгінаючыся ўсім целам, складаныя па палінезійскага танца. Весялосць ахапіла ўсіх. Неўзабаве Бенгт і Тарстэйн кінуліся ў скокі; пот струменіў па іх тварах, калі яны працавалі з усяе сілы, стараючыся не адставаць ад акампанементу, рытм якога ўсё паскараўся і паскараўся; тэмп зрабіўся такім шалёным, што цяпер чуваць былі толькі гукі барабана, якія зліліся ў адзін працяглы гул, а тры сапраўдныя палінезійскія танцоркі ў такт музыцы дрыжалі, як асінавае лісце; нарэшце дзяўчаты апусціліся на зямлю, і бой барабана рэзка абарваўся.

Цяпер героямі вечара былі мы. Энтузіязм гледачоў не ведаў межаў.

Наступным нумарам праграмы быў танец птушак, адна з самых старажытных цырымоній на Рароіа. Мужчыны і жанчыны двума радамі, нібы чароды птушак, скакалі ў рытмічным танцы пад кіраўніцтвам галоўнага танцора. Галоўны танцор меў тытул правадыра птушак і вырабляў усім сваім целам пацешныя рухі, але ў агульным танцы не ўдзельнічаў. Калі танец птушак скончыўся, Тупухое растлумачыў, што ён быў выкананы ў гонар нашага плыта і што цяпер яго трэба паўтарыць, але галоўнага танцора павінен змяніць я. Паколькі мне здавалася, што асноўная задача галоўнага танцора заключалася ў тым, каб гарланіць дзікім голасам і кружыцца, віляючы задам і размахваючы рукамі над галавой, я насунуў глыбей на галаву свой вянок і выйшаў на сцэну. Выкручваючыся ў танцы, я бачыў, як рагатаў, ледзь не падаючы з табурэткі, стары Тупухое; музыка пачала слабець, бо спевакі і музыканты ўслед за Тупухое заходзіліся ад рогату.

Цяпер танцаваць хацелі ўсе, старыя і маладыя, і неўзабаве барабаншчык і музыканты, якія білі рукамі па зямлі, зноў апынуліся на сваіх месцах і зайгралі ўступ да агністага палінезійскага танца. Спачатку ў кола выбеглі дзяўчаты і пачалі скакаць, усё паскараючы і паскараючы рытм, яны запрашалі ўсіх нас па чарзе прыняць удзел у танцы, да якога паступова далучалася ўсё больш і больш мужчын і жанчын, якія тупалі нагамі і выгіналіся ўсё хутчэй і хутчэй.

Але Эрыка ніяк не ўдавалася разварушыць. Ад ветру і сырасці на плыце ў яго быў рэцыдыў прастрэлу, і ён, барадаты і нерухомы, сядзеў, як стары шкіпер, пыхкаючы люлькай. Яго не маглі зрушыць з месца дзяўчаты-танцоркі, што спрабавалі завабіць госця ў кола. На ім былі шырокія штаны з аўчын, якія ён надзяваў на сябе ўночы ў самы халодны час, калі наш «Кон-Цікі» рухаўся ў плыні Гумбольдта; седзячы пад пальмамі, голы па пояс, з вялікай барадой, у штанах з аўчын, ён, як дзве кроплі вады, быў падобны на Рабінзона Круза. Адна прыгожанькая дзяўчына за другой стараліся заваяваць яго прыхільнасць, але дарэмна. Ён, не кранаючыся з месца, сядзеў з вянком на кудлатай галаве і важна пыхкаў люлькаю.

Але вось дзябёлая цётка з магутнымі мускуламі выйшла ў кола, зрабіла некалькі больш-менш грацыёзных па, а потым, доўга не думаючы, рушыла да Эрыка. Ён з трывогай пазіраў на яе, але амазонка, чароўна ўсміхаючыся, рашуча схапіла яго за руку і сцягнула з табурэткі. Камічныя штаны Эрыка былі пашыты поўсцю ўсярэдзіну, і ззаду яны крыху распароліся, так што тырчаў белы касмыль воўны, які нагадваў заечы хвост. Эрык цягнуўся за сваёй дамай вельмі неахвотна і, накульгваючы, увайшоў у кола; у адной руцэ ён трымаў люльку, а другую прыціскаў да таго месца, дзе ў яго балела ад прастрэлу. Калі ён паспрабаваў зрабіць некалькі скачкоў, яму прыйшлося выпусціць з рук штаны, каб паправіць гатовы зваліцца вянок, а потым, са збітым набок вянком, ён вымушаны быў зноў схапіцца за свае штаны, якія пад уласным цяжарам пачалі спаўзаць з яго. У яго тоўстай дамы, што тупала ў танцы перад ім, быў не менш пацешны выгляд, і мы смяяліся так, што ажно слёзы капалі з нашых барод. Неўзабаве ўсе астатнія танцоры спыніліся, і выбухі рогату перакочваліся па пальмавым гаі, а танцор Эрык і жанчына-цяжкаатлет не пераставалі грацыёзна кружыцца. Нарэшце і яны былі вымушаны спыніцца, бо і спевакі і музыканты не маглі больш трываць і ледзь не качаліся па зямлі ад смеху.

Свята не спынялася да самага світання, і толькі раніцай нам было дазволена крыху адпачыць; але спачатку мы павінны былі зноў паціснуць рукі ўсім 127 жыхарам вострава. На працягу ўсяго нашага знаходжання на Рароіа мы кожную раніцу і кожны вечар паціскалі рукі ўсім жыхарам. Шэсць пасцеляў былі сабраны па ўсіх хацінах вёскі і пакладзены адна ля адной уздоўж сцяны дома для сходаў; на іх мы спалі, лёгшы ў рад, як сем маленькіх гномаў у казцы[43], і над нашымі галовамі віселі пахучыя вянкі.

Назаўтра шасцігадоваму хлопчыку, у якога быў нарыў на галаве, стала зусім кепска. Тэмпература ў яго ўзнялася да 41 градуса, і нарыў на самай макаўцы галавы зрабіўся велічынёю з кулак дарослага мужчыны і балюча пульсаваў.

Тэка расказаў, што ўжо шмат дзяцей загінула ад гэтай хваробы і што калі ніхто з нас не здолее прыдумаць якое-небудзь лячэнне, дык хлопчык не пражыве і некалькі дзён. У нас былі новыя прэпараты пеніцыліну ў форме таблетак, але мы не ведалі, якую дозу трэба даваць малому дзіцяці. Калі мы пачнем лячыць хлопчыка і ён памрэ, гэта, магчыма, будзе мець сур’ёзныя вынікі для ўсіх нас.

Кнут і Тарстэйн зноў распакавалі радыёстанцыю і нацягнулі антэну паміж самымі высокімі какосавымі пальмамі. Калі настаў вечар, мы зноў наладзілі сувязь з нашымі нябачнымі сябрамі, Галам і Фрэнкам, якія сядзелі ў сябе ў пакоі ў Лос-Анжаласе. Фрэнк злучыўся па тэлефоне з доктарам, і мы з дапамогай ключа Морзэ перадалі ўсе сімптомы хваробы хлопчыка і спіс лякарстваў, што былі ў нашай аптэчцы. Фрэнк перадаў нам адказ доктара, і ў гэты ж вечар мы пайшлі ў хаціну, дзе кідаўся ў гарачцы маленькі Хаумата, а палова вёскі плакала і галасіла над ім.

Герман і Кнут павінны былі ўзяцца за лячэнне, а астатнім хапала клопатаў з жыхарамі вёскі, якія стараліся трапіць у хаціну. Калі мы прыйшлі з вострым нажом і папрасілі згатаваць ваду, маці хлопчыка ледзь не самлела. Кнут і Герман пагалілі валасы на галаве хлопчыка і разрэзалі нарыў. Гной пырснуў траха не пад столь, і некалькі ўсхваляваных палінезійцаў уварваліся ў хаціну; іх прыйшлося выгнаць. Тут было не да жартаў. Пасля таго як рана была ачышчана і прадэзінфіцыравана, на галаву хлопчыка налажылі павязку, і мы пачалі лячэнне пеніцылінам. На працягу двух сутак малому давалі пеніцылін праз кожныя чатыры гадзіны; тэмпература трымалася вельмі высокая, і ўвесь час ішоў гной. I кожны вечар мы бралі кансультацыю ў доктара з Лос-Анжаласа. Потым тэмпература ў хлопчыка адразу знізілася, гной змяніўся плазмай, і пачаўся працэс загойвання; хлопчык усміхаўся і прасіў паказаць яму кніжкі з малюнкамі незвычайнага свету белых людзей, у якім існавалі аўтамабілі, каровы і дамы ў некалькі паверхаў.

Праз тыдзень Хаумата гуляў на беразе з іншымі дзецьмі; спачатку на галаве ў яго была вялікая павязка, а потым яму дазволілі яе зняць.

Цяпер, калі ўсё закончылася шчасліва, у вёсцы выявілася безліч хворых. У кожнага балелі зубы або быў сапсаваны жывот, і ва ўсіх, у старых і ў маладых, былі скулы ў самых розных месцах. Мы адсылалі хворых да доктара Кнута і доктара Германа, якія назначалі дыэты і шчодра раздавалі мазі і пілюлі, што былі ў нашай аптэчцы. Некаторыя вылечыліся, горш ад нашых лекаў нікому не было, і калі аптэчка апусцела, мы гатавалі кашку з какавы і аўсянай мукі, якая вельмі памагала істэрычным жанчынам.

Мы пражылі сярод нашых карычневых паклоннікаў некалькі дзён, і свята ў гонар нас, дасягнуўшы свайго апагея, вылілася ў новую цырымонію. Мы павінны былі стаць ганаровымі грамадзянамі Рароіа і атрымаць палінезійскія імёны. Сам я не павінен больш заставацца Тэары Мацеата: так маглі мяне называць на Таіці, але не тут, сярод іх.

Пасярод плошчы для нас паставілі шэсць табурэтак, і ўся вёска сабралася раней часу, каб заняць лепшыя месцы вакол пас. Тэка з важным выглядам сядзеў разам з усімі; ён быў сапраўдным правадыром, але толькі не ў тых выпадках, калі справа ішла аб старадаўніх мясцовых цырымоніях. Тады на першы план выступаў Тупухое.

Усе сядзелі і чакалі моўчкі, з вельмі сур’ёзным выглядам, між тым як вялізны тоўсты Тупухое ўрачыста і павольна набліжаўся з моцнай сукаватай дубінай у руцэ. Ён быў увесь прасякнуты ўрачыстасцю гэтага моманту, і ўсе не зводзілі з яго вачэй, калі ён, у глыбокім задуменні, падышоў і заняў сваё месца перад намі. Ён быў ад прыроды сапраўдным правадыром, цудоўным прамоўцам і акцёрам.

Ён павярнуўся да галоўных спевакоў, барабаншчыкаў і кіраўнікоў танцаў, узмахам сваёй сукаватай дубінкі паказаў на кожнага з іх па чарзе і ціхім стрыманым голасам аддаў ім кароткія загады. Потым ён павярнуўся зноў да нас і раптам шырока вытрашчыў свае вялікія вочы; вялізныя бялкі блішчалі на яго разумным мядзяна-карычневым твары гэтак жа ярка, як і зубы. Ён падняў сваю сукаватую дубінку, і з яго вуснаў пасыпаліся словы, як гарох з мяшка; ён гаварыў абрадныя формулы даўно мінулых часоў на старадаўнім, забытым дыялекце, які разумелі толькі старыя.

Потым ён паведаміў нам, карыстаючыся паслугамі Тэкі як перакладчыка, што імя першага караля, які атабарыўся на іх востраве, было Цікароа і што ён царстваваў над гэтым жа атолам з поўначы да поўдня, з усходу да захаду і ўгору да неба, якое распасціраецца над галовамі людзей. I пакуль хор выконваў старадаўнюю баладу пра караля Цікароа, Тупухое паклаў сваю вялікую руку мне на грудзі і, паварочваючы мяне да гледачоў, абвясціў, што дае мне імя Вароа Цікароа, гэта значыць Дух Цікароа.

Калі спевы заціхлі, настала чарга Германа і Бенгта.

Вялікая карычневая рука дакранулася па чарзе да іх грудзей, і яны атрымалі імёны Тупухое-Іцетахуа і Топакіна. Так звалі двух старажытных герояў, якія распачалі бой з марскім страшыдлам і забілі яго ля праходу ў рыфе Рароіа.

Барабаншчык некалькі разоў энергічна ўдарыў у барабан, і два здаравенныя мужчыны з павязкай вакол сцёгнаў і з доўгім кап’ём у кожнай руцэ выскачылі наперад. Высока падымаючы калені да самых грудзей, трымаючы коп’і вастрыём угору, паварочваючы галаву з боку ў бок, яны пачалі шпарка маршыраваць, адбіваючы нагамі такт. Калі зноў пачуўся грукат барабана, яны высока падскочылі і, строга захоўваючы рытм, пачалі паказваць легендарны бой па ўсіх правілах балетнага мастацтва. Уся інтэрмедыя была кароткая і імклівая і паказвала бой герояў з марскім страшыдлам. Потым пад спевы і з усімі цырымоніямі было дадзена імя Тарстэйну; яго назвалі

Мароаке — па імені старажытнага караля гэтай вёскі, а Эрык і Кнуг атрымалі імёны Тане-Матарау і Тэфаунуі ў гонар двух мараплаўцаў і марскіх герояў старажытнасці. Доўгая манатонная прамова, якой суправаджалася прысваенне ім імёнаў, гаварылася з надзвычайнай хуткасцю; няспынны паток слоў быў разлічаны адначасова на тое, каб зрабіць уражанне і пацешыць.

Цырымонія была закончана. Сярод палінезійцаў на Рароіа зноў з’явіліся белыя барадатыя правадыры. З натоўпу выйшлі наперад два ланцугі танцоўшчыкаў і танцоўшчыц у плеценых саламяных спаднічках, з каронамі з лубу на галаве. Танцуючы, яны наблізіліся да нас і пералажылі кароны са сваіх галоў на нашы; нам прыйшлося таксама надзець на сябе шлматлівыя саламяныя спаднічкі, і свята ішло далей сваім ходам.

Аднойчы ўночы ўвенчаныя кветкамі радысты звязаліся з радыёаматарам на Раратонзе, які перадаў нам паведамленне з Таіці. Гэта было сардэчнае прывітанне ад губернатара французскіх ціхаакіянскіх калоній.

Па распараджэнню з Парыжа ён паслаў урадавую шхуну «Тамара», якая павінна прывезці нас на Таіці, так што нам не трэба будзе чакаць коправай шхуны, часу прыходу якой ніхто не ведаў. Таіці быў цэнтрам французскіх калоній і адзіным востравам, які меў пастаянную сувязь з навакольным светам. Мы павінны дабрацца да Таіці і там сесці на параход, які робіць рэгулярныя рэйсы; ён і прывязе нас дадому, на радзіму.

На Рароіа па-ранейшаму святкавалі. Аднаго разу ўвечары з акіяна пачуліся нейкія дзіўныя завыванні; дазорныя спусціліся з верхавін пальмаў і паведамілі, што ля ўваходу ў лагуну знаходзіцца нейкае судна. Мы кінуліся бягом праз пальмавы лес да берага з падветранага боку вострава. Там мы пачалі ўглядацца ў акіян у напрамку, які быў працілеглы таму, адкуль мы прыплылі на «Кон-Цікі». З гэтага боку, закрытага ад ветру ўсім атолам і рыфам, буруны былі значна ніжэйшыя.

Якраз ля ўваходу ў лагуну з боку акіяна мы ўбачылі агні карабля. Неба было яснае і зорнае, і мы маглі распазнаць абрысы шырокай двухмачтавай шхуны. Гэта і ёсць судна губернатара, якое ён прыслаў па нас? Чаму яно не заходзіць у лагуну?

Астраўляне выяўлялі адзнакі ўсё нарастаючай трывогі. Цяпер і мы ўбачылі, што судна мела вялікі крэн і яму пагражала небяспека перакуліцца. Яно сядзела на мелі на нябачным падводным рыфе.

Тарстэйн схапіў ліхтар і прасігналіў:

— Quel bateau?[44]

— «Маоае», — перадалі нам у адказ.

«Маоае» была коправая шхуна, якая куреіравала паміж астравамі. Яна накіроўвалася на Рароіа па копру. Капітан і каманда шхуны былі палінезійцы, і яны ведалі аб рыфах на подступах да лагуны. Але ў цемры іх падвяла плынь. Гэта было яшчэ шчасце, што шхуна знаходзілася з падветранага боку вострава і што стаяла ціхае надвор’е, але плынь па-за межамі лагуны была ўсё ж падманлівая. Крэн «Маоае» павялічваўся і павялічваўся, і каманда спусціла шлюпку. Матросы прывязалі моцныя канаты адным канцом да верхавінаў мачт, а другія канцы канатаў прывезлі ў шлюпцы на бераг, дзе жыхары вострава абвязалі іх вакол ствалоў какосавых пальмаў, каб шхуна не перакулілася. Матросы з другімі канатамі спыніліся на шлюпцы за праходам у рыфе, спадзеючыся, што ім удасца зняць «Маоае» з мелі, калі пачнецца прыліў і ваду пагоніць з лагуны. Жыхары вёскі спусцілі на ваду ўсе свае пірогі і ўзяліся ратаваць груз копры. На борце шхуны было дзевяноста тон гэтага каштоўнага тавару. Мяшкі з копрай партыя за партыяй перавозіліся са шхуны на бераг.

Вада паднялася, але «Маоае» ўсё яшчэ сядзела на мелі, пагойдваючыся і стукаючыся аб каралавыя рыфы, пакуль не атрымала прабоіны. Калі развіднела, шхуна знаходзілася яшчэ ў горшым становішчы, чым раней. Каманда нічога не магла зрабіць; не варта было нават і спрабаваць сцягнуць з рыфа цяжкае судна, водазмяшчэннем 150 тон, пры дапамозе шлюпкі і пірог астраўлян. Калі шхуна будзе і далей ляжаць на тым самым месцы, стукаючыся аб рыф, яна разваліцца на кавалкі; а калі зменіцца надвор’е, яе аднясе да атола і ў прыбоі разаб’е на шчэпкі.

На «Маоае» радыё не было, але мы яго мелі. Аднак калі б мы нават і выклікалі выратавальнае судна з Таіці, то пакуль яно прыйшло б, ад «Маоае» ўсё роўна засталіся б адны абломкі. I ўсё ж другі раз у гэтым месяцы рыф Рароіа выпусціў сваю здабычу.

У той жа дзень, прыблізна апоўдні, шхуна «Тамара» паказалася на небасхіле на захадзе. Яе паслалі, каб забраць нас з Рароіа, і ўсе, хто знаходзіўся на яе борце, былі вельмі здзіўлены, убачыўшы замест плыта дзве мачты вялікай шхуны, якая, нахіліўшыся набок і разгойдваючыся, бездапаможна сядзела на рыфе.

На борце «Тамары» быў французскі чыноўнік, які кіраваў астравамі Туамоту і Тубуаі, Фрэдэрык Ан; губернатар паслаў яго з Таіці сустрэць нас. На «Тамары» знаходзіліся таксама француз-кінааператар і француз-радыст, але капітан і каманда былі палінезійцы. Сам Ан, француз па паходжанню, нарадзіўся на Таіці і быў цудоўным мараком. Са згоды капітана-таіцяніна, які быў рады зняць з сябе адказнасць у гэтых небяспечных водах, ён узяўся камандаваць суднам. Пакуль «Тамара» спрытна лавіравала сярод шматлікіх падводных рыфаў і віроў, абедзве шхуны былі злучаны моцнымі канатамі, і Ан распачаў майстэрскія і рызыкоўныя манеўры, а прыбой між тым пагражаў выкінуць абодва судны на адзін і той жа каралавы рыф.

Калі прыліў дасягнуў найбольшай вышыні, «Маоае» сышла з рыфа, і «Тамара» адбуксіравала яе на глыбокае месца. Але цяпер праз прабоіну вада пачала заліваць «Маоае», і яе прыйшлося як мага хутчэй адвесці ў лагуну на мелкаводдзе. На працягу трох дзён напалову затопленая «Маоае» стаяла ля вёскі, і ўсе помпы працавалі круглыя суткі. Найлепшыя шукальнікі жэмчугу з нашых сяброў-астраўлян ныралі пад шхуну са свінцовымі лістамі і цвікамі і залаталі самыя вялікія прабоіны, так што «Маоае» з няспынна працуючымі помпамі магла ў суправаджэнні «Тамары» дабрацца да дока на Таіці,

Калі «Маоае» была гатова да адплыцця, Ан правёў «Тамару» між пакрытых караламі мелкаводдзяў у лагунах да вострава Кон-Цікі. Плыт узялі на буксір, а потым «Тамара» рушыла назад да выхаду з «Кон-Цікі» на буксіры; а «Маоае» плыла следам за ёю на такой блізкай адлегласці, каб можна было зняць каманду, калі ў акіяне вада ў труме пачне прыбываць з большай хуткасцю, чым яе паспявалі выліваць помпы.

Наша развітанне з Рароіа было больш чым сумным. Усе, хто мог хадзіць, былі на моле; яны ігралі і спявалі нашы любімыя мелодыі, калі шлюпка з судна адвозіла нас на «Тамару».

Вялізны Тупухое ўзвышаўся ў цэнтры, трымаючы за руку маленькага Хаумата. Хаумата плакаў, слёзы цяклі і па шчоках магутнага правадыра. Ва ўсіх, хто стаяў на моле, былі слёзы на вачах, але ўсе яны спявалі і ігралі яшчэ доўга-доўга пасля таго, як шум бурунаў, што набягалі на рыф, заглушыў для нас усе іншыя гукі.

Гэтыя чыстыя сэрцам людзі, што стаялі на моле і спявалі, трацілі шэсць сваіх сяброў, а мы, шэсць чалавек, што моўчкі стаялі на палубе «Тамары», пакуль мол не схаваўся за пальмамі, а пальмы не зніклі ў акіяне, мы тратілі 127 сяброў. У вушах у нас не пераставала звінець дзівосная экзатычная мелодыя:

«...няхай у нас будуць адны і тыя ж успаміны, каб мы заўсёды маглі быць разам — нават тады, калі вы паедзеце ў далёкую краіну. Добры дзень».

Праз чатыры дні перад намі паўстаў з акіяна востраў Таіці. Ён не быў падобны на нітку жамчужын з кронамі пальмаў. Дзікія зубчастыя сінія горы ўзнімаліся да неба, і верхавіны іх былі ахутаны воблакамі, якія нагадвалі вянкі.

З набліжэннем да вострава на сініх гарах паказаліся зялёныя схілы. Пышная расліннасць поўдня зялёнымі плямамі збягала па рыжа-чырвоных узгорках і скалах, якія змяняліся глыбокімі цяснінамі і далінамі, што спускаліся да мора. Калі бераг быў ужо зусім блізка, мы ўбачылі стройныя пальмы, якія шчыльна абступалі ўсе даліны і ўвесь бераг за залацістым пляжам. Востраў Таіці быў калісьці ўтвораны вулканамі. Цяпер яны патухлі, і каралавыя паліпы паступова збудавалі ахоўны рыф вакол вострава, каб акіян не мог разбурыць яго.

Раніцай мы прайшлі праліў паміж рыфамі і апынуліся ў бухце Папеэце. Перад намі ўзвышаліся напалову схаваныя лісцем гіганцкіх дрэў і верхавінамі пальмаў царкоўныя шпілі і чырвоныя дахі дамоў. Папеэце — сталіца Таіці, адзіны горад у французскіх уладаннях у Акеаніі. Гэта быў горад забаў, рэзідэнцыя ўрада і цэнтр усіх марскіх шляхоў ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.

Калі мы ўвайшлі ў бухту, жыхары Таіці стаялі на беразе шчыльнай яркай жывой сцяною і чакалі нас. Навіны распаўсюджваюцца на Таіці з хуткасцю ветру, і кожнаму хацелася паглядзець на пае-пае, які прыплыў з Амерыкі.

Для «Кон-Цікі» было адведзена ганаровае месца ля марскога бульвара; мэр Папеэце вітаў нас, а маленькая палінезійская дзяўчынка паднесла нам ад імя Палінезійскага таварыства вялізны букет таіцянскіх палявых кветак. Потым падышлі маладыя дзяўчаты і, вітаючы нас са шчаслівым прыездам на Таіці, жамчужчыну Паўднёвага мора, надзелі нам на шыю салодка пахнучыя вянкі з белых кветак.

Я шукаў у натоўпе знаёмы твар, твар майго прыёмнага бацькі на Таіці, правадыра Тэрыыероо, якому падначальваліся 17 мясцовых правадыроў вострава. Вядома, ён быў тут. Высокі і дзябёлы, жвавы і вясёлы, як калісьці, ён вынырнуў з натоўпу з крыкам «Тэраі Мацеата!» і ўсміхаўся мне ўсім сваім шырокім тварам. Ён моцна пастарэў, але меў усё той жа паважны выгляд прыроднага правадыра.

— Позна ты з’явіўся, — сказаў ён, усміхаючыся, — але ты з’явіўся з добрымі навінамі. Твой пае-пае сапраўды прынёс на Таіці сіняе неба (тэраі мацеата), бо мы цяпер ведаем, адкуль прыйшлі нашы бацькі.

Губернатар наладзіў прыём у сваім палацы, быў званы вечар у гарадской ратушы, запрашэнні сыпаліся на нас з усіх бакоў гасціннага вострава.

Як і калісьці, правадыр Тэрыыероо наладзіў вялікае свята ў сябе ў доме ў даліне Папена, які я так добра ведаў; і паколькі Таіці не Рароіа, то і тут не абышлося без новай цырымоніі, у час якой мае таварышы, якія раней не мелі таіцянскіх імён, атрымалі іх.

Гэта былі бесклапотныя дні; сонца ярка свяціла, у небе павольна плылі лёгкія воблакі. Мы купаліся ў лагуне, лазілі па гарах і танцавалі палінезійскія танцы на траве пад пальмамі. Міналі дні. Яны ператвараліся ў тыдні і было падобна на тое, што тыдні ператворацца ў месяцы, перш чым прыйдзе карабель, які адвязе нас дамоў да спраў, што чакалі нас.

Потым была атрымана радыёграма з Нарвегіі, у якой паведамлялася, што суднаўладальнік Ларс Крысценсен даў загад судну «Тор I» водазмяшчэннем 4 тысячы тон накіравацца з Самаа на Таіці, каб забраць удзельнікаў экспедыцыі і прывезці іх у Амерыку.

Аднойчы на досвітку вялікі нарвежскі параход увайшоў у бухту Папеэце і французскі ваенны кацер адбуксіраваў «Кон-Цікі» да борта яго вялізнага суайчынніка; той працягнуў доўгую стальную руку і падняў свайго маленькага сваяка на палубу. Гучныя завыванні сірэны разлягліся па зарослым пальмамі востраве. Карычневыя і белыя людзі тоўпіліся на набярэжнай Папеэце і бясконцым ланцугом падымаліся на борт карабля з развітальнымі падарункамі і вянкамі.

Мы стаялі ля поручняў і выцягвалі, як жырафы, шыі, каб вызваліць падбародак з вянкоў, якія адзін за адным надзявалі на нас.

— Калі вы хочаце вярнуцца на Таіці, — закрычаў правадыр Тэрыыероо, як толькі над востравам прагучаў апошні гудок, — вы павінны, пасля таго як параход рушыць з месца, кінуць вянок у лагуну!

Канцы былі аддадзены, зараўлі рухавікі, вінт забурліў у вадзе, якая зрабілася зялёнай, і мы павольна адплылі ад набярэжнай.

Чырвоныя дахі неўзабаве зніклі за пальмамі, пальмы расталі ў сіні гор, якія павольна, нібы цені, апускаліся за небасхілам у акіян.

Хвалі хадзілі па сінім акіяне. Цяпер да іх было далёка. Белыя пасатныя воблакі праплывалі па сінім небе. Мы ўжо не рухаліся ў адзін бок з імі. Цяпер мы не падпарадкаваліся прыродзе. Мы знаходзіліся на шляху да XX стагоддзя, да якога было так далёка.

Але мы, шэсць чалавек, што стаялі на палубе каля нашых дзевяці вялізных бальзавых бярвенняў, былі ўсе жывыя. А на лагуне ў Таіці шэсць белых вянкоў ляжалі на вадзе, і ласкавыя хвалі то падганялі іх да берага, то адносілі назад.

Паспяховыя вынікі экспедыцыі на «Кон-Цікі» не даказалі правільнасці маёй міграцыйнай тэорыі. Мы даказалі толькі, што паўднёваамерыканскі бальзавы плыт мае якасці, аб якіх сучасныя вучоныя дагэтуль не ведалі, і што ціхаакіянскія астравы размешчаны ў межах дасягальнасці для дагістарычных суднаў, якія адплывалі з Перу. Першабытныя народы былі здольны рабіць далёкія падарожжы па адкрытым акіяне. У пытанні аб акеанічных міграцыях адлегласць не з’яўляецца рашаючым фактарам, калі толькі напрамкі ветру і плыні ўвогуле супадаюць і застаюцца нязменнымі ўдзень і ўночы на працягу круглага года. Пасаты дзьмуць на захад, і экватарыяльныя плыні таксама ідуць на захад з прычыны таго, што круціцца Зямля, а на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва Зямля круціцца ў адзін і той жа бок.


Заўвагі

1

Пераклад зроблены з выдання «Маладой гвардыі» 1957 года, якое ў сваю чаргу перакладалася з 21-га англійскага выдання 1954 года. Пасляслоўе аўтара ўзята з 10-га англійскага выдання 1951 года. Нарвежскія, іспанскія і англійскія імёны даюцца ў форме, найбольш блізкай да вымаўлення гэтых моваў; толькі ва ўласных імёнах у некалькіх выпадках пакінута транскрыпцыя, якая стала ў нас ужо традыцыйнай: так, пішацца Тор, Кнут і Герман — замест больш блізкіх да нарвежскага вымаўлення Тур, Кнют, Херман.

Геаграфічныя назвы дадзены ў транскрыпцыі Вялікага атласа свету, які быў выдадзены Галоўным кіраўніцтвам геадэзіі і картаграфіі ў 1954 годзе. З нязвыклых для нас геаграфічных назваў захоўваецца «Паўднёвае мора» — так на англійскай мове называюць паўднёвую частку Ціхага акіяна, — паколькі гэтую назву часта ўжывае аўтар.

(обратно)

2

Паўднёвая Амерыка, як мяркуюць, злучалася з Аўстраліяй і Паўднёва-Усходняй Азіяй сушай, якая існавала ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна вельмі даўно, у канцы палеазою, гэта значыць каля 200 мільёнаў год назад. Некаторыя геолагі лічаць, што ў паўднёва-ўсходняй частцы Ціхага акіяна магла існаваць суша і пазней, але ўсё ж задоўга да з’яўлення чалавека.

(обратно)

3

Якаб Роггевеен — галандскі мараплаўца (1669—1733), які зрабіў некалькі падарожжаў у паўднёвую частку Ціхага акіяна. У час аднаго з іх ім быў адкрыты востраў Пасхі, які атрымаў такую назву таму, што дзень яго адкрыцця супаў з днём царкоўнага свята. Ёсць звесткі, што раней, у 1687 годзе, гэты востраў адкрыў англійскі пірат Дэвіс.

(обратно)

4

Мурманскі канвой — у час Вялікай Айчыннай вайны так называлі караваны суднаў, якія праз паўночную частку Атлантычнага акіяна пад аховай ваенных караблёў прывозілі грузы з ЗША ў Мурманск. Ля берагоў Кольскага паўвострава ў ахове гэтых караванаў ад нападу немцаў прымала ўдзел савецкая авіяцыя.

(обратно)

5

Фінмаркен — паўночная правінцыя Нарвегіі на граніцы з СССР.

(обратно)

6

Купалле — 23 чэрвеня, дзень летняга сонцастаяння.

(обратно)

7

Бальза (ісп.) — у Паўднёвай Амерыцы так называюць плыты рознай формы, зробленыя з дрэва, бамбуку, трысця. Бальзавае дрэва — дрэва з лёгкай драўнінай, ахрома (Ochroma Iagopus), радзей сейба (Ceiba), з якіх звычайна робяць плыты і доўбленыя чаўны. Высушаная драўніна ахромы лягчэйшая, чым корак, але вельмі трывалая; яе выкарыстоўваюць пры будаўніцтве самалётаў, а таксама ў якасці ізаляцыйнага матэрыялу.

(обратно)

8

Грынвіч Віледж — вёска на востраве Манхатэн, якая пазней увайшла ў склад Манхатэнскага раёна Нью-Йорка.

(обратно)

9

Осінінг — гарадок паблізу ад Нью-Йорка. Другая яго назва, Сінг-Сінг, больш вядома, бо такую ж назву мае і турма, што знаходзіцца ў гэтым горадзе, у якой трымалі і трымаюць зараз многіх вядомых палітычных зняволеных.

(обратно)

10

Фрэйхен, Петэр — датчанін, славуты палярны даследчык. Нарадзіўся ў 1886 годзе, атрымаў медыцынскую адукацыю, з 1905 па 1924 год удзельнічаў у радзе вельмі цяжкіх экспедыцый у Грэнландыю. У час апошняй экспедыцыі 1921 — 24 гадоў адмарозіў сабе нагу, якую давялося ампутаваць. Правёў шмат год у Грэнландыі; першай яго жонкай была грэнландская эскімоска. Ім напісана некалькі цікавых кніг пра Грэнландыю і эскімосаў (ёсць пераклады на рускую мову).

(обратно)

11

Каяк — эскімоская лодка, лёгкі каркас яе абцягнуты скурай марскога звера.

(обратно)

12

Іглу — эскімоская хаціна, якую складваюць з прамавугольных кавалкаў цвёрдага снегу.

(обратно)

13

Цяжкая вада — вокіс дзейтэрыя, гэта значыць цяжкага ізатопа вадароду; ёсць у невялікай колькасці ў звычайнай вадзе. Гэтак жа, як і графіт, скарыстоўваецца пры вырабе атамных бомбаў у атамным катле для замаруджвання рэакцыі. Р’юкан — горад у паўднёвай Нарвегіі, у правінцыі Тэлемарк, з насельніцтвам каля 8 тысяч; пасля вайны тут зноў пабудаваны завод для вырабу цяжкай вады.

(обратно)

14

Кумара (або кумера) — назва салодкай бульбы, або батата, у Паўднёвай Амерыцы і Палінезіі.

(обратно)

15

Ваенная акадэмія; атрымала сваю назву ад горада Уэст-Пойнт, у якім яна знаходзіцца.

(обратно)

16

Сукрэ — эквадорская манета.

(обратно)

17

«На ўсход ад сонца, на захад ад месяца» — словы з нарвежскай казкі.

(обратно)

18

Конга — відаць, мурашка з сямейства Poneridae; гэтыя насякомыя, таксама як і сямейства Myrmicidae, у адрозненне ад іншых мурашак маюць джала на канцы брушка. Мурашак Ponera clavata, якія жывуць у паўночнай частцы Паўднёвай Амерыкі, вельмі баяцца мясцовыя індзейцы, бо ўкус іх надзвычай балючы і выклікае моцнае захворванне.

(обратно)

19

Ігуаны — сямейства яшчарак, мае да 300 відаў. Звычайная ігуана жыве ў Цэнтральнай Амерыцы і Бразіліі, пераважна на дрэвах, добра плавае, жывіцца насякомымі і раслінамі. Храбра абараняецца. На ігуан палююць, бо яны маюць смачнае мяса; яйкі іх таксама прыгодны для яды.

(обратно)

20

Мачэце (ісп.) — вялікі цяжкі нож, якім звычайна карыстаюцца для зрэзвання цукровага трыснягу.

(обратно)

21

Ранжыны (або рамжыны) — папярочныя бярвенні, якія кладуцца ўпоперак плыта для яго змацавання. На рачных плытах у СССР ранжыны прымацоўваюцца да падоўжных бярвенняў з дапамогай кольцаў (хамутоў), сплеценых з сырых дубцоў (віцы).

(обратно)

22

Адну хвілінку! (ісп.).

(обратно)

23

Удзельнікаў экспедыцыі (ісп.).

(href=#r23>обратно)

24

Удзельнікаў экспедыцыі, нарвежцаў (ісп.).

(обратно)

25

Пісара Франсіска (каля 1471—1541) — іспанскі канквістадор, які заваяваў дзяржаву інкаў у Перу.

(обратно)

26

Аугусцін дэ Сараце (каля 1492—1560) — іспанскі гісторык, склаў апісанне заваяванняў іспанцамі Перу.

(обратно)

27

Баніты — рыбы з падатрада скумбрыевых.

(обратно)

28

Гарнелі — маленькія ракі з дзесяціногіх (Decapoda), падобныя на крэветак.

(обратно)

29

Уолт Дзісней — сучасны амерыканскі кінарэжысёр-мультыплікатар; вядомы яго фільмы «Тры парасяткі», «Бэмбі», «Беласнежка і сем гномаў» і інш.

(обратно)

30

Дэ Аўеда і Вальдэс (1478—1557) — іспанскі гісторык, аўтар хронік.

(обратно)

31

Сюррэалізм — надрэалізм. Адна з эстэтычных плыней у Францыі, тыповая для эпохі крызісу буржуазнай культуры. Сюррэалісты сцвярджаюць, што крыніцай надрэалістычнага мастацтва з’яўляецца не аб’ектыўная рэальная рэчаіснасць, а падсвядомы свет чалавека, сны, трызненне, розныя паталагічныя станы.

(обратно)

32

Марскія качачкі — вусаногія рачкі, якія вядуць жыццё, прымацаваўшыся да каменняў і плывучых прадметаў.

(обратно)

33

Спагецці — італьянскія вельмі тонкія макароны без прасвету ўнутры.

(обратно)

34

Тэндэр — маленькая металічная рамка са шрубай для нацягвання тросаў або дроту.

(обратно)

35

Нутаддзен — горад у паўднёвай Нарвегіі ў правінцыі Тэлемарк з насельніцтвам каля 6 500 чалавек.

(обратно)

36

Тры высокія хвалі, якія апісвае Хейердал, — гэта, відаць, «тсунамі» — вялізныя хвалі, што ўзнікаюць пры моратрасеннях — тэктанічных рухах марскога дна, ачаг якіх знаходзіцца пад дном мора або на ўзбярэжнай частцы сушы. Хвалі гэтыя праходзяць цераз акіян з сярэдняй хуткасцю 200 метраў у секунду. Напрыклад, хваля японскага землетрасення 1854 года дасягнула Сан-Францыска праз 121/2 гадзін; у 1868 годзе хваля землетрасення ў Перу праз 121/2 гадзін дасягнула Гавайскіх астравоў, праз 19 гадзін — Новай Зеландыі, а праз 24 гадзіны — Японіі. Пры праходзе праз больш мелкаводныя ўчасткі акіяна хуткасць руху хвалі запавольваецца да 140 метраў у секунду пры глыбіні 2 тысячы метраў і да 16—20 метраў у секунду пры глыбіні 25—50 метраў. Дайшоўшы да берага, хваля дасягае вялікай вышыні, часам больш за 20 метраў, і, заліваючы ўзбярэжжа і падаючы, робіць страшэнныя разбурэнні і можа з’явіцца прычынай гібелі дзесяткаў тысяч людзей. Хвалі, якія дагналі «Кон-Цікі», мяркуючы па іх напрамку, ішлі ад берагоў Паўднёвай Амерыкі.

(обратно)

37

Вызначэнне месцазнаходжання карабля ў моры робіцца спачатку па «лічэнню» — для гэтага неабходна ведаць хуткасць ходу, якая бярэцца з паказанняў лага, і напрамак руху карабля, які вызначаецца компасам. На «Кон-Цікі» лага не было, і хуткасць ходу вызначалася па адставанню трэсак, як гэта апісана ў тэксце. Але і пры поўным уліку хуткасці і напрамку рэзультат атрымліваецца не зусім правільны, бо паказанні лага крыху недакладныя, і немагчыма таксама дакладна ўлічыць знос карабля ветрам і плынямі. Таму неабходна як мага часцей вызначаць месцазнаходжанне судна па сонцу або зорках пры дапамозе секстанта. Для гэтага трэба ведаць таксама вельмі дакладна і час, які цяпер правяраюць, прымаючы спецыяльныя сігналы часу вялікіх радыёстанцый; раней час вызначалі па дакладных гадзінніках — хранометрах.

(обратно)

38

Некаторыя астравы Палінезіі, аб якіх упамінае Хейердал, былі адкрыты ўпершыню рускімі мараплаўцамі (I. Ф. Крузенштэрнам, Ю. Ф. Лісянскім, В. М. Галаўніным, О. Е. Кацэбу і інш.) і атрымалі рускія назвы. Так, востраў Ангагау быў названы іменем Аракчэева, востраў Такуме — Валконскага, востраў Рароіа — Барклая дэ Толі, востраў Фангахіна атрымаў назву «востраў Прадпрыйманне» — па назве карабля экспедыцыі О. Е. Кацэбу.

(обратно)

39

Марскія вугры — рыбы з атрада вугрападобных; дасягаюць у даўжыню 2—3 метры і важаць да 65 кілаграмаў. Пражэрлівыя драпежнікі. Вядуцца ў трапічных і ўмераных водах Індыйскага, Атлантычнага і Ціхага акіянаў.

(обратно)

40

Хрысціянія — ранейшая назва сталіцы Нарвегіі Осла.

(обратно)

41

Бінг Кросбі — Гары Л. Кросбі — сучасны амерыканскі кінаартыст.

(обратно)

42

Вахінэ — па-палінезійску «жанчына».

(обратно)

43

Сем гномаў — з казкі братоў Грым «Беласнежка і сем гномаў».

(обратно)

44

Якое судна? (франц.).

(обратно)

Оглавление

  • Тор Хейердал Падарожжа на «Кон-Цікі» [На плыце ад Перу да Палінезіі]
  • ПРАДМОВА
  • РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ ТЭОРЫЯ
  • РАЗДЗЕЛ ДРУГІ НАРАДЖЭННЕ ЭКСПЕДЫЦЫІ
  • РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI У ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫЦЫ
  • РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ ПА ЦІХІМ АКІЯНЕ. I
  • РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ НА ПАЎДАРОЗЕ
  • РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ ПА ЦІXІМ АКІЯНЕ. ІІ
  • РАЗДЗЕЛ СЁМЫ ЛЯ АСТРАВОЎ ПАЎДНЁВАГА МОРА
  • РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ СЯРОД ПАЛІНЕЗІЙЦАЎ
  • *** Примечания ***