Прысуд [Франц Кафка] (fb2) читать постранично

- Прысуд (пер. Лявон Баршчэўскі) (а.с. Бібліятэка замежнай прозы) (и.с. Бібліятэка замежнай прозы) 790 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Франц Кафка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ФРАНЦ КАФКА ПРЫСУД


Апавяданні і мініяцюры


БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ

Серыя заснавана ў 1983 г.


Рэдкалегія: Серафім Андраюк, Янка Брыль, Іван Навуменка, Іван Пташнікаў і Барыс Сачанка

Прадмова Пятра Васючэнкі

Пераклад з нямецкай мовы Лявона Баршчэўскага


Рэдактар I. П. Дабрыян.

Мастак Т. Д. Царова.

Мастацкі рэдактар А. I. Дрозд.

Тэхнічны рэдактар М. М. Сакалоўская.

Карэктар Л. А. Дзядзюля.

Аператар К. І. Санжарэўская.


Пераклад паводле кніг:

Кайсл F. Sӓmtliche Erzӓhlungen. — Frankfurt am Main: Fisher Taschenbuch Verlag, 1985. — 406 S.

Kafka F. Erzӓhlungen. — Leipzig: Reclam, 1985. — 248 S.

Kafka F. Das Urteil. — Berlin/Weimar: Aufbau-Verlag, 1985.— 247 S.


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку. Ліцэнзія ЛВ № 3. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.

Аддрукавана з арыгінал-макета ў друкарні выдавецтва «Беларускі Дом друку».

230013, Мінск, праспект Ф. Скарыны, 79.


ПЕРАТВАРЭННЕ ФРАНЦА КАФКІ

1


«Аднойчы раніцою Рыгор Замза ачомаўся ад неспакойнага сну і раптам заўважыў, што ён у сваім ложку ператварыўся ў пачварную жамяру. Лежачы на панцырна-мулкай спіне, ён бачыў, калі толькі трошкі падымаў галаву, свой выпуклаваты, карычневы, падзелены на дзве часткі дугападобнымі плеўкамі жывот, на версе якога ўсё яшчэ трымалася, але гатовая ўжо была ссунуцца долу коўдра. Шматлікія і танюсенькія — калі параўнаць з усім астатнім — ножкі ў беспарадку мітусіліся ў яго перад вачыма».

Гэта пачатак «Ператварэння» — найслыннейшай з навелаў Франца Кафкі.

Жудасныя метамарфозы, якія змяняюць чалавека на пачвару,— скразная тэма сучасных відэажахаў. Але ў Кафкавым «Ператварэнні» жудасць — не галоўнае з пачуццяў. Бездапаможнасць, самота, няёмкасць, сорам — перажыванні ператворанага. Адчужанасць, гідлівасць, варожасць — пачуцці ягоных сямейнікаў. Бацьку, маці, сястру бянтэжыць не сам акт ператварэння, колькі ягоныя наступствы. У новым стане коміваяжор Рыгор Замза няздатны наведваць службу, рабіць гандлёвыя вандроўкі, прыносіць грошы, утрымліваць радзіну. Яго сорамна паказаць кватарантам, прыслузе. Яго не палохаюцца — гідзяцца, нават маці. Ён робіцца цяжарам, праклёнам сям'і. Сам усведамляючы гэта, ён, спакутаваны, саслабелы ад хваробы і голаду, зніякавелы да ўсяго, канае — ляжыць на падлозе ў сваім пакоі, бясформеннаю грудаю праху, смецця. I радзіна з палёгкаю ўздыхае.

Дзіва, але персанажы як бы змовіліся не рэагаваць на галоўнае — саму магчымасць ператварэння чалавека ў жамяру. Як быццам гэта — непрыстойная, гнюсная, але цалкам верагодная з'ява. Як быццам людзі скрозь ператвараюцца ў сараканожак, прынамсі, такое можа напаткаць кожнага.

Яно напраўду здараецца скрозь — у вусцішных снах, кашмарах, мроях. Але рэч у тым, што сон, які прысніў Кафкаў герой, ёсць і яваю. Ад яе не прачынаешся як ад звычайнага сну. Адзіны вядомы спосаб перапыніць кашмар — фізічная смерць.

Кафка — непераўзыдзены снатворца, кожную хвілю свайго зямнога быцця ён адчуваў гэтую адзіную фатальную магчымасць, пра што перадусім сведчаць ягоныя «Дзённікі». Тое ж даводзяць мроі ягоных герояў — Карла Росмана з «Амерыкі», Ёзафа К. з «Працэсу», К. з «Замка», Рыгора Замзы з «Ператварэння». Для такога класічнага суб'ектывіста, як Кафка, проста не існуе прынцыповае дыстанцыі, якую крытыка звыкла праглядае паміж «я» героя і «я» стваральніка. Свет Кафкавых герояў — ягоны ўнутраны свет, якому цесна ў палоне кволага чалавечага цела і які імкнецца вырвацца з палону, напоўніць сабою істоты шматлікіх літаратурных персанажаў. Сам Кафка не раз скардзіўся на дыскамфорт свайго фізічнага быцця ад недасканаласці цела: «Бясспрэчна, што галоўнай перашкодай да поспеху ёсць мой фізічны стан. З такім целам нічога не даможашся. Я мушу звыкнуцца з ягонай заўсёднай недасканаласцю. Апошнія ночы, поўныя кашмарных сноў... мяне сёння раніцай настолькі выбілі з каляіны, што, апроч ілба свайго, я нічога не адчуваў, мой цяперашні стан настолькі далёкі ад чагось цярпімага, што з чыстай гатоўнасці да смерці я ахвотна скруціўся б у клубок з дзелавымі паперамі ў руках на цэментавай падлозе калідора. Маё цела занадта даўгое пры ягонай кволасці, у ім няма ані кроплі тлушчу для тварэння блаславенага цяпла, для захавання ўнутранага агню, няма тлушчу, якім мог бы іншым разам падсілкавацца змардаваны патрэбамі дня дух, не робячы шкоды цэламу».

Гідлівасць, з якой сямейнікі сузіраюць знявечанае цела Замзы, і нелюбоў да ўласнае фізічнае істоты Кафкі — праявы аднаго пачуцця адчужанасці, аднаго комплексу, які праяўляўся ў падсвядомым імкненні да суіцыду, самазнішчэння. Тое, што Кафка не наважыўся зрабіць з уласным целам, ён прызначыў для сваіх рукапісаў, дзённікаў, накідаў незавершаных твораў, якія бачыліся ім як частка сваёй жа істоты. Ці не замахам на суіцыд выглядае славуты тастамант Кафкі, які ён, прадчуваючы смерць, адрасаваў сябру, літаратару