Навелы [Праспэр Мерымэ] (fb2) читать постранично

- Навелы (пер. Сяргей Шупа, ...) (а.с. Скарбы сусветнай літаратуры) (и.с. Скарбы сусветнай літаратуры) 2.06 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Праспэр Мерымэ

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Праспэр Мерымэ Навелы 


Праспэр Мерымэ

Навелы:  (Рэдкал.: С.  Андраюк, Я. Брыль, А. Бутэвіч і інш.; Уклад., прадм., камент. і пер. з фр. А. Істоміна і С. Шупы.- Мн.: Маст. літ., 1990.- 367 с.: [8] л. іл. (Скарбы сусвет. літ.).


Матэа Фальконэ


Пераклад: Алесь Істомін


Ідучы з Порта-Век'я на паўночны захад ад цэнтра выспы, адразу заўважыш, што мясцовасць крута ўздымаецца, а пасля трох гадзін хадзьбы пакручастымі сцяжынкамі, заваленымі вялікімі скальнымі зломкамі, а часам і перарэзанымі ярамі, выйдзеш на ўскрай вялікага макі. Макі - гэта краіна карсіканскіх пастухоў і ўсіх, хто не ў згодзе з законам. Трэба ведаць, што карсіканскі ратай, каб пазбыцца клопату ўгнойваць поле, падпальвае дзялянку лесу: такое бяды, калі полымя захопіць больш, чым трэба; як там ні ёсць, ён упэўнены, што возьме добры ўраджай з гэтае зямлі, угноенае попелам дрэваў, што на ёй раслі. Каласы зрэзваюць, салому пакідаюць, бо жаць яе цяжка, а карэнне дрэваў, што засталося ў зямлі нячэпанае, выпускае наступнаю вясною вельмі густыя парасткі, што праз некалькі год вырастаюць на сем-восем футаў. Гэты густы хмызняк і завецца макі. Ён складаецца з самых розных дрэваў і кустоў, перамяшаных і пераблытаных з волі божае. Адно з сякераю ў руцэ чалавек можа прадзерціся праз іх, а трапляюцца макі такія густыя і непралазныя, што нават муфлоны сюды не праб'юцца.

Калі вы забілі чалавека, - ідзіце ў макі Порта-Век'я, і вы будзеце жыць тут бяспечна, маючы стрэльбу, порах і кулі; не забудзьцеся пра карычневую бурку з капюшонам, што служыць і посцілкаю, і коўдрай. Пастухі дадуць вам малака, сыру і каштанаў, і вам няма чаго баяцца судоўцаў ці сваякоў забітага, хіба што, калі мусіце спусціцца ў горад на прыпас.

Калі я быў на Корсіцы ў 18... Матэа Фальконэ меў хату за палову лье ад гэтага макі. Ён быў досыць багаты як на гэту краіну, жыў высакародна, то ж бо нічога не робячы, з даходаў ад сваіх статкаў, якія пастухі, жывучы качэўнікамі, пасвілі то тут, то там у гарах. Калі я ўбачыў яго праз два гады пасля падзеяў, якія я збіраюся вам распавесці, яму было сама больш пяцьдзесят год. Уявіце сабе чалавека невысокага, але дужага, з валасамі кучаравымі і чорнымі, як сажа, з арліным носам, тонкімі вуснамі, вялікімі рухавымі вачыма і скураю, што колерам удавала выварат ботаў. Ягоная трапнасць лічылася за надзвычайную нават у гэтым краі, дзе так багата добрых стралкоў. Матэа, напрыклад, ніколі не страляў па муфлонах шротам, але за сто дваццаць крокаў пацэльваў па іх куляю ў галаву альбо ў лапатку, адпаведна са сваім выбарам. Уночы ён страляў таксама спрытна, як і ўдзень. Мне расказвалі пра выпадак, што мог бы падацца неверагодным тому, хто не бываў на Корсіцы. Запаленую свечку ставілі за восемдзесят крокаў ад яго за лістом празрыстае паперы, не большым за талерку. Матэа падымаў стрэльбу, свечку тушылі, і ён страляў у поўнай цемры і пападаў тры разы з чатырох.

Такое дасканальства прынесла Матэа Фальконэ вялікую славу. Лічылася, што ён такі самы добры сябра, як і небяспечны вораг; праўда, спагадлівы і добры, ён жыў у міры з усёю камунаю Порта-Век'я. Праўда, казалі, што ў Корце, адкуль ён узяў сабе жонку, ён жорстка расправіўся са сваім супернікам, што лічыўся за чалавека небяспечнага і ў бойцы, і ў каханні: прынамсі, Матэа прыпісвалі адзін такі стрэл, што прынёс смерць гэтаму малойцу, калі ён галіўся перад люстэркам, падвешаным на акне. Справу замялі, і Матэа ажаніўся. Жонка ягоная, Джузэпа, нарадзіла яму спачатку трох дачок (ад чаго ён шалеў) і нарэшце сына, якога ён назваў Фартуната - надзея сям'і, носьбіт імя. Дачок удала аддалі замуж, і бацька іхні мог пры нагодзе спадзявацца на кінжалы і карабіны зяцёў. Сыну было ўсяго дзесяць год, але ён выяўляў ужо немалыя свае здольнасці.

Аднаго восеньскага дня Матэа з жонкаю выйшлі на досвітку пераведаць адзін статак, што пасвіўся на паляне ў макі. Малы Фартуната хацеў пайсці з імі, але паляна была далёка, дый некаму трэба было пільнаваць дома. Бацька не ўзяў яго, і мы ўбачым далей, ці не давядзецца яму за гэта каяцца.

Мінула ўжо некалькі гадзін па адыходзе бацькоў. Фартуната спакойна ляжаў на сонейку, паглядаючы на блакітныя горы і думаючы, што ў нядзелю ён пойдзе ў горад, на абед да свайго дзядзькі капрала[1] калі раптам ягоныя разважанні перапыніў стрэл. Ён падняўся і паглядзеў у бок даліны, адкуль данёсся шум. Распачалася бязладная страляніна, яна чулася ўсё бліжэй, нарэшце на сцяжынцы, што вяла з даліны да хаты Матэа, выйшаў чалавек у вастраверхім каптуры, якія носяць горцы, барадаты, увесь у лахманах. Ён пасоўваўся з цяжкасцю, абапіраючыся на стрэльбу. Ён быў паранены ў нагу. Гэта быў бандыт[2], што ўночы хадзіў у горад, каб купіць пораху, дарогаю ён трапіў у засаду карсіканскіх вальтыжораў[3]. Пасля зацятае абароны ён мусіў адступаць, перабягаючы ад скалы да скалы і адстрэльваючыся. Але ён не нашмат выперадзіў вальтыжораў, а