На шалях праўды [Бертальт Брэхт] (fb2) читать онлайн

- На шалях праўды (пер. Лявон Баршчэўскі) (а.с. Паэзія народаў свету) (и.с. Паэзія народаў свету) 1.73 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Бертальт Брэхт

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

БЕРТАЛЬТ БРЭХТ НА ШАЛЯХ ПРАЎДЫ


На шалях праўды: Вершы і песні/Пер. з ням., прадм. і заўв. Л. Баршчэўскага.— Мн.: Маст. літ., 1988.— 118 с., 6 л. іл.— (Паэзія народаў свету).


Рэдкалегія: Рыгор Барадулін, Язэп Семяжон, Васіль Сёмуха, Янка Сіпакоў, Максім Танк

Пераклад з нямецкай, прадмова і заўвагі Лявона Баршчэўскага

Рэцэнзент Анатоль Клышка


Пераклад зроблены з выданняў:

Brecht В. Gesammelte Werke in 20 Bänden: Bände 8, 9, 10,— Frankfurt am Main: Suhrkamp Verlag, 1976.— Bd. 8 — 422 S.;

Bd. 9 — 400 S.; Bd. 10 — 364 S.

Brecht B. Grüner Mond von Alabama: Gedichte und Lieder aus Stücken.— Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1975.— 160 S.


Ілюстрацыі ўзяты з кнігі:

Schumacher.Leben Brechts in Wort und Bild.— Berlin: Henschelverlag, 1979.— 441 S.



БЯЗЛІТАСНА I — З ЛЮБОЎЮ...


«Гэты надзвычай багаты паэт,— пісаў у 1957 годзе пра Бертальта Брэхта яго выдатны паплечнік у літаратуры Ліон Фейхтвангер,— сеяў ва ўсім, што б ён ні ствараў, зярняты думак і адчуванняў, якія прарасталі пазней. Ён быў перакананы, што кожны па-сапраўднаму жывы твор расце і развіваецца з самога сябе, мяняючыся ў залежнасці ад таго, хто яго слухае альбо чытае». Гэтыя словы павінны дапамагчы нам лепш спасцігнуць тую з’яву, якую называюць «феноменам Брэхта». Як, зрэшты, і тое, што мы можам прачытаць у эсэ заходнегерманскай пісьменніцы Луізы Рынзер: «Хіба ж гэта не дзіва, што ў краінах, дзе баяцца Брэхтавага, гэта значыць, марксісцкага светапогляду, ненавідзяць яго, змагаюцца з ім — у гэтых самых краінах тэатры залічваюць Брэхта ў класікі?!»

Драматург з сусветнай славаю, выдатны паэт, празаік, публіцыст, тэарэтык тэатра, рэжысёр, ён пакінуў гарачы след у «мастацкай біяграфіі» нашага надзвычай бурлівага і няўрымслівага стагоддзя.

Нарадзіўся Бертальт Брэхт 10 лютага 1898 года ў баварскім горадзе Аўгсбургу ў сям’і чыноўніка гандлёвай фірмы, які пасля прабіўся ў дырэктары папяровай фабрыкі. Пройдзе шмат гадоў, і ў вершы «Выгнаць было за што...» Брэхт напіша, што ён «гадаваўся ў сям’і заможных бацькоў», але калі «вырас і агледзеўся як след», то хутка «пакінуў свой клас і прыйшоў да простых людзей». Ды напачатку ягоны свет — гэта дом бацькоў на ўскрайку Аўгсбурга, блізкасць да прыроды, каларытныя малюнкі з жыцця сялян бліжэйшых вёсак, усведамленне іхняй жыццёвай дасведчанасці, нязмушаная выразнасць іхняй швабскай гаворкі... Усё гэта арганічна ўліецца ў свет будучых Брэхтавых твораў. 1908—1917 гады: Аўгсбургская рэальная гімназія. Гімназічны часопіс «Жніво», пачынаючы з 1913 года, амаль у кожным нумары змяшчае вершы, артыкулы, апавяданні юнага Брэхта...

Першая сусветная вайна... Калі настаўнік задае вучням дзевятага, Брэхтавага класа пісаць сачыненне з прэтэнцыёзнаю назвай, запазычанай у Гарацыя, «Dulce et decorum est pro patria mori» («Соладка і пачэсна паміраць за айчыну»), будучы пісьменнік не можа стрымаць сваёй іроніі і сарказму. «Выказванне наконт таго,— піша ён у сачыненні,— што паміраць за айчыну соладка і пачэсна, можна назваць адно што тэндэнцыёзнай прапагандай. Страціць жыццё — гэта заўсёды цяжка: што ў пасцелі, што на полі бітвы, а маладым людзям — і пагатоў...» У канцы аўтар дадае, што Гарацый, як вядома, не надта прытрымліваўся таго, што сам казаў, і, як паўстала небяспека, кінуўшы на полі шчыт і меч, ратаваўся ўцёкамі...

Гэтая нянавісць да вайны і да яе падпальшчыкаў будзе потым па-філасофску асэнсавана і выразна выкладзена і ў «Легендзе пра мёртвага салдата», калі Брэхт, ужо студэнт медыцыны (ідзе 1918 год), працуе памочнікам санітара ў вайсковым шпіталі, і праз дваццаць гадоў, у «Нямецкай азбуцы вайны», калі сусветна вядомы драматург Брэхт у эміграцыі вымушаны ратавацца ад тых, хто збіраецца распачаць другую сусветную вайну, і яшчэ праз дзесяць з лішкам год, калі Брэхт, рэжысёр новага тэатра новай сацыялістычнай дзяржавы, заклікае моладзь паставіць заслону трэцяй сусветнай вайне...

Малады драматург Берт Брэхт (так ён падпісваецца пад першымі сваімі творамі) становіцца вядомы ўжо ў пачатку 20-х гадоў. За п’есу «Біццё барабанаў уначы» ён у 1922 г. атрымлівае прэстыжную літаратурную прэмію імя Генрыха Клейста. Поспех маюць таксама «Вааль» і «У гушчэчы гарадоў». У гэты самы час (1918—1922 гг.) ствараецца і першы зборнік паэзіі, але выходзіць ён толькі ў 1927 годзе пад назваю «Хатнія казані Бертальта Брэхта». Імя Брэхта-паэта адразу ж пачынае згадвацца побач з імёнамі найлепшых тагачасных паэтаў Германіі. «Хатнія казані» — гэта своеасаблівыя пародыі на царкоўныя псалмы і харалы, на маралізатарскія «гарадскія рамансы» з рэпертуару вулічных спевакоў і шарманшчыкаў. Чытаюцца гэтыя «балады», «рамансы», «хронікі» як знарок наіўныя ці аголена-цынічныя аповяды пра крымінальных злачынцаў, распуснікаў, прастытутак. Выснова, якую робіць цынічны, але, разам з тым, шчыры і дзёрзкі лірычны герой вершаў,— не надта аптымістычная: прырода бароніць ліха, на зямлі паўсюль — вецер і халады, і нялёгка тут згледзець, ці дружалюбны гэты свет, бо чалавеку ў ім не дужа ўтульна... Але герой гэты не заўсёды мірыцца з тым. У «Хатніх казанях» усё больш рашуча прабівае сабе дарогу думка, што ўвогуле чалавек такі, якім яго робяць жыццёвыя ўмовы, што мараль не можа быць чымсьці адвечным ці нязменным, што крымінальны злачынец і рэспектабельны буржуа — гэта амаль тое самае. У 1928 г. адбываецца прэм’ера «Трохграшовай оперы» — п’есы, якая прыносіць Брэхту сапраўды сусветную вядомасць. Зонгі з «Трохграшовай оперы», выступаючы ў п’есе своеасаблівымі зваротамі да публікі, нечакана памнажаюць выніковасць усяго дзеяння, дапамагаюць ствараць эфект ачужэння — стрыжань Брэхтавай канцэпцыі «эпічнага тэатра». Танальнасць і тэмы гэтых зонгаў вельмі падобныя да танальнасці і тэм вершаў з «Хатніх казаняў». Але апошні верш «Пра беднага Б. Б.» — гэта і пэўны масток да новага паэтычнага зборніка, які Брэхт стварае ў другой палове 20-х гадоў і які друкуецца ў 1930 годзе толькі часткова, пад пазвай «З хрэстаматыі для жыхароў гарадоў». Усе творы гэтай кнігі напісаны свабодным вершам — «вершам без рыфмаў і рэгулярнага рытму», тэарэтычнае абгрунтаванне якога паэт зробіць пазней. Менавіта ў вершах гэтай кнігі побач з матывамі самотнасці, падзеленасці людзей у вялікім горадзе на поўны голас гучаць матывы пратэсту, а светаўспрыманне аўтара выглядае акрэслена марксісцкім. Гэта не выпадкова. Другая палова 20-х гадоў — перыяд сталення творчага метаду Брэхта. Ранейшыя сацыял-анархісцкія элементы ў яго светапоглядзе неслі з сабою ўплыў пэўных экспрэсіянісцкіх тэндэнцый. Але вывучэнне марксізму (наведванне Марксісцкай рабочай школы, самастойнае штудыраванне «Капітала» Маркса) робіць з Брэхта перакананага прыхільніка метаду сацыялістычнага рэалізму. Фарміруецца крэда Брэхта-паэта. У 1926 г. ён піша: «Лірыка — гэта, безумоўна, адна з тых з’яў, якія ацэньваюцца адпаведна іх спажывецкай вартасці — інакш кажучы, адпаведна карысці, якую яны прыносяць... Мінулая эпоха ім- і экспрэсіянізму (ці то «кніжнага мастацтва», канец якога блізкі) стварала вершы, змест якіх складаўся з вабных віньетак і з прыемных сваім пахам слоў. Яны былі занадта далёкія ад свайго першапачатковага прызначэння: паведамляць думкі альбо карысныя нават іншым меркаванні». Гэтага свайго крэда Брэхт цвёрда трымаецца ва ўсёй сваёй творчасці 30-х гадоў. Прыгадайма тут і п’есы «Узлёт і заняпад горада Махагоні», «Мерапрыемства», «Маці», «Святая Ёганна разніц», «Круглагаловыя і вострагаловыя», «Вінтоўкі пані Карар», «Матухна Кураж і яе дзеці», першы варыянт «Жыцця Галілея»... Ці празаічныя творы:

«Трохграшовы раман», «Гешэфты пана Юлія Цэзара»...

Ідэі «эпічнага тэатра» ці «драматычнага рамана» Брэхта маюць лагічны працяг у яго «малой» паэзіі. Між тым палітычная сітуацыя не вельмі спрыяе пісанню вершаў: той, каго паэт у сваіх творах пагардліва называе «маляром», прыходзіць да ўлады на Брэхтавай радзіме. Разам з жонкай, вядомай актрысай Гэленай Вайгель, і дзецьмі Брэхт пакідае Германію больш як на пятнаццаць гадоў. Чэхаславакія, Аўстрыя, Швейцарыя, Данія, Фінляндыя, Швецыя, СССР, Злучаныя Штаты — гэтак вядуць яго дарогі, пуцявіны палітычнага эмігранта. I два наступныя зборнікі паэзіі выходзяць за мяжой: «Песні, вершы, хары» — у Парыжы (1934 г.), а «Свэндбаргскія вершы» — у Лондане (1939 г.). У іх, гэтых кнігах, аднак, змешчаны далёка не ўсе вершы, напісаныя Брэхтам на той час.

З 1936 года Брэхт — адзін з рэдактараў антыфашысцкага часопіса «Das Wort» («Слова»), які выходзіць у Маскве. Жывучы за межамі СССР, ён рэгулярна дасылае ў часопіс свае вершы, іншыя творы. Шмат якія з іх прызначаюцца для трансляцыі праз антыфашысцкую радыёстанцыю на Германію, таму ў іх — частыя паўтарэнні радкоў, доўгія рытмічныя адзінкі.

У «Свэндбаргскіх вершах» (назва зборніка паходзіць ад назвы мясціны паблізу Капенгагена ў Даніі, дзе Брэхт жыў з 1933 па 1938 год) побач з традыцыйнымі для тагачаснай творчасці Брэхта формамі рыфмаванага верша, а таксама вялікага аб’ёмам свабоднага верша сустракаюцца зусім невялічкія, у некалькі радкоў, паэтычныя творы, адметныя сваёй філасафічнай напружанасцю. Гэта — вынік Брэхтавага захаплення класічнай кітайскай філасофіяй і паэзіяй (Ду Фу, Лі Бо). Мабілізуючы ўсе сродкі сэнсавага выяўлення, Брэхт уводзіць у гэты верш і пэўныя асаблівасці вуснай гаворкі. Найчасцей ён будзе вяртацца да гэтай формы верша пазней — у 40-я і 50-я гады (яскравы прыклад — «Букаўскія элегіі»).

З лета 1941 па восень 1947 года Брэхт жыве ў Санта-Моніка (ЗША), гарадку славутага кінаканцэрна-гіганта Галівуда. Сваё стаўленне да вымушанай працы ў ім паэт сцісла і трапна выказаў у чатырох радках верша «Галівуд»... Але галоўная тэма творчасці Брэхта па-ранейшаму — змаганне з фашызмам. Пра гэта — новыя п’есы: «Кар’ера Артура Уі, якую можна было б прадухіліць», «Швэйк у другой сусветнай вайне», шмат якія вершы...

Нарэшце «тысячагадовы рэйх» бясслаўна сканаў. Паўстаюць новыя надзённыя пытанні. Неўзабаве пасля амерыканскай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі Брэхт перарабляе сваю п’есу «Жыццё Галілея», і ў ёй пачынае яшчэ больш выразна гучаць тэма адказнасці вучонага перад чалавецтвам. Недабітыя фашысты спрабуюць падымаць галовы ў заходняй частцы Германіі, на Брэхтавай радзіме, і паэт адгукаецца з’едлівым вершам-памфлетам «Анахранічнае шэсце, або Вольнасць і democracy». Што такое гэтая амерыканская democracy, ён мае магчымасць пераканацца яшчэ раз, калі 30 кастрычніка 1947 года яго выклікаюць на допыт у макартысцкі «Камітэт па пытаннях антыамерыканскай дзейнасці» кангрэсу ЗША. Брэхту, у адрозненне ад некаторых ягоных амерыканскіх калегаў, шанцуе: ён пазбягае турмы. А літаральна на другі дзень пасля допыту ён назаўсёды пакідае Амерыку. Каля года Брэхт жыве ў Хэрмсбергу, недалёка ад Цюрыха (Швейцарыя), а 23 кастрычніка 1948 г. яго чакае ўрачыстая сустрэча ў Берліне. Тут неўзабаве ён атрымлівае магчымасць працаваць самастойна з тэатрам «Берлінэр ансамбль» і, гэткім чынам, ажыццявіць сваю даўнюю мару — стварыць новы, эпічны тэатр. У гэты час не забываецца Брэхт і на вершы. Песні, у якіх услаўляецца адраджэнне роднай краіны, творы для дзяцей, лірыка кахання — вось некаторыя тэмы і жанры тагачаснай паэзіі Брэхта. У ГДР ён вядзе і актыўную грамадскую дзейнасць: яго абіраюць прэзідэнтам агульнагерманскага ПЕН-цэптра, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў ГДР. Брэхт рашуча выступае супраць вузкалобых дагматыкаў ад мастацтва, якія імкнуцца на свой капыл перайначыць марксісцкія прынцыпы культурнай палітыкі сацыялістычнай дзяржавы. Калі ж рэакцыйная заходняя прэса падымае лямант, патаемна спадзеючыся завабіць у свой лагер літаратара з сусветным імем,— Брэхт з годнасцю адказвае гэтым «абаронцам свабоды творчасці»: «У мяне мае перакананні не з-за таго, што я тут. Я тут якраз таму, што ў мяне такія перакананні».

Як і раней, Брэхт аддае шмат сілы нястомнай барацьбе за мір, змаганню супраць пагрозы новай сусветнай вайны. У 1954 г. яго ўшаноўваюць Міжнароднай Ленінскай прэміяй «За ўмацаванне міру паміж народамі».

Ён напружана працуе над новымі творамі: за час жыцця ў ГДР з’яўляюцца п’есы «Дні Камуны», «Турандот, або Кангрэс ачышчальнікаў», апавяданні, вершы, працы па тэорыі тэатра. «Берлінэр ансамбль», дзе побач з ім працуюць ягоныя старыя сябры і паплечнікі Эрнст Буш, Гэлена Вайгель, Эрвін Гешонэк і іншыя, набывае сусветную вядомасць.

Вершы Брэхта гэтай пары вылучаюцца сваёй філасафічнасцю; яны прасякнутыя глыбокай жыццёвай мудрасцю...

Ён памёр 14 жніўня 1956 года, праз некалькі дзён пасля рэпетыцыі новага варыянта спектакля, куды Брэхт пайшоў, не паправіўшыся як след пасля хваробы. Яго магіла — у Берліне, на могілках Даратэен-фрыдгоф, побач з магіламі славутых філосафаў Гегеля і Фіхтэ.

Паэзія Брэхта шмат у чым незвычайная. Ён быў ворагам «імглістасцей», «паўзмроку», няяснасці контураў і паняццяў у вершах. Відавочныя прыкметы яго стылю — энергічны лаканізм мовы, вострая крытычная думка, наўмысная і часам грубая простасць выказванняў. Шмат якія з Брэхтавых вершаў могуць каму-кольвечы падацца жорсткімі і нават бязлітаснымі. Але яны бязлітасныя не да людзей, якіх Брэхт глыбока і шчыра любіў і заклікаў быць дружалюбнымі адзін да аднаго. Яны бязлітасныя да таго жыццёвага ладу, які спараджае абыякавасць і вераломнасць у дачыненнях паміж людзьмі.

Згодна з падлікамі даследчыкаў, Брэхт пакінуў пасля сябе больш як паўтары тысячы вершаваных твораў. У гэты зборнік, які прапануецца беларускаму чытачу, увайшлі пераклады толькі невялікай часткі з іх.


Лявон Баршчэўскі


З кнігі «Хатнія казані Бертальта Брэхта» (1927)

ПРА ПАДАТЛІВАСЦЬ ПРЫРОДЫ


Ах, збанок з малаком прыпадае, вядома, таксама
Да старэчага рота, слінявага і без зубоў.
Ах, ля ног скуралупа прыцішана трэцца сабака:
Хоча ўрэшце спазнаць, што такое — людская любоў.
Ах, схіляюцца вязы прыгожай цяністай лістотай
Над нягоднікам, што дзесь за вёскай гвалтуе дзіця.
Пыл паслужліва троп ваш крывавы хавае, забойцы,
Нам яго аддае на маўклівы прысуд Забыцця.
I шуміць узбярэжнымі дрэвамі вецер наўмысна,
Каб ад мора не чуліся крыкі тапельцаў-нябог.
Задзірае той вецер прыветна служанцы спадніцу,
Каб спазнаў сіфілітык прыезджы красу яе ног.
I ўначы не чутно больш за шэптам юрлівым жанчыны,
Як дзіця трохгадовае ціхенька плача ў куце.
I ў руку, што яго лупцавала, сам просіцца яблык лісліва —
З плёну дрэва, якое штогод так багата цвіце.
Ах, як вочы падлеткавы ззяюць натхнёна,
Калі бацька свой нож на быка пачынае вастрыць.
I ўздымаюцца грудзі ў жанчын, што дзяцей нашых кормяць.
Як вайсковая музыка ўзнёсла па вёсцы грыміць.
Ах, прадажныя нашыя маткі, сыны ж — баязліўцы.
Людзі выспы шукаюць, калі йдзе іх лодка на дно,—
Выспе гэтай даволі, што людзі змагацца не кінуць,
Каб пачуць трэціх пеўняў і ўбачыць, як стане відно.
1926

ПРА ДРУЖАЛЮБНАСЦЬ СВЕТУ


1
На зямлю, дзе вецер, халады,
Галышом вы ўсе прыйшлі.
Тады Вам было не выжыць без цяпла,
I жанчына вам пялюх дала.

2
Вас тут не чакаў зусім ніхто:
Не прыехала па вас ландо.
Хто вы, свет не ведаў у той час,
Калі нехта ўзяў на рукі вас.

3
Дый не вінаваты свет зусім —
Можаце і развітацца з ім.
Можа, хто да вас няўважны быў,
Але хтось над вамі й слёзы ліў.

4
I з зямлі, дзе вецер, халады,
Ў струпах пойдзеце вы назаўжды.
Даспадобы кожнаму зямля —
Калі жменьку ў дол шпурнуць пасля.

1920


ПРА ЛЮДЗЕЙ КАРТЭСА[1]


На сёмы дзень быў невялікі вецер,
Паляны паяснелі, сонца выйшла...
I захацелася ім адпачыць. З павозак
Яны з гарэлкай бочкі паскідалі,
Быкоў адпрэглі, надвячоркам іх забілі.
Калі ж усім халаднавата стала,
Галля насеклі ў хмызняку балотным
I на палянцы вогнішча расклалі.
Глыталі потым смажанае мяса,
Гарэлкай запівалі і спявалі песні,
А ноч зялёная і свежая была.
Напіўшыся й напеўшыся да хрыпак,
Яны за поўнач каля вогнішча паснулі,
Зірнуўшы абыякава на зоркі.
Салодка спалі. Толькі ўранку хтосьці
Нібыта чуў бычынае рыканне...
Каля дванаццаці прачнуліся яны,
Зблажэлыя, з няўцямнымі вачыма.
Падняўшыся, яны здзіўлёна бачаць,
Што ў іх па-над галовамі спляценне
Галін магутных, нібы рукі тоўстых,
Пакрытых дробнай і густой лістотай
I кветкамі з саладкаватым пахам.
I цяжка дыхаць ім пад тым скляпеннем,
I робіцца шчыльнейшае яно...
Тут капітан зароў: «Хапай сякеры!»
Ды іх няма: яны ўсе засталіся
На тым баку — там, дзе равуць быкі.
I людзі з бруднай лаянкай на вуснах
Да зарасніку кідаюцца ў жаху,
А зараснік шчыльней іх абступае.
I рвуць яны аслаблымі рукамі
Яго, а ён дрыжыць, нібыта
Ад подыху слабога вецярка...
Пасля гадзін нечалавечай працы
Яны ілбамі моўчкі прынікаюць
Спацелымі — да моцных тых галін,
Што ўсё растуць і памнажаюць роспач
Між імі. I ўжо надвячоркам познім,
Які дазвання цёмны — бо лістота
Цяпер святла зусім не прапускае —
У жаху людзі, нібы малпы ў клетцы,
Сядзяць з пустымі жыватамі і маўчаць.
...Уночы зараснік згусцеў, ды месяц
Яшчэ дапамагаў ім бачыць нешта,
I толькі раніцай праз той гушчар
Яны ўжо згледзець не маглі нічога
Навокал — да сваёй апошняй хвілі...
Удзень у лесе быццам спеў пачуўся
Прыглушаны, нібы перагуканне,
Ды потым сціхла ўсё. Больш не раўлі быкі.
Ізноў рыканне чулася нібыта
На золку, толькі недзе ўжо далёка...
Пасля прыйшлі гадзіны цішыні,
I, не спяшаючыся, лес пры ясным сонцы
Праз колькі тыдняў праглынуў лугі.
1919

УСПАМІН ПРА МАРЫЮ А.


1
Прыгожым днём у верасні блакітным
Прыцішана, між слівін маладых,
Трымаў я ціхае сваё каханне,
Як мару, у абдымках у сваіх.
Над намі воблака ў нябёсах сініх,
Бялейшае за белы снег, плыло:
Яго я ўбачыў, ды прайшла хвіліна —
I неба зноў чысцюткае было.

2
З тае пары прайшло нямала часу,
I дрэвы тыя ссечаны, відаць.
Калі ж аднойчы «што цяпер з каханнем?»
Табе захочацца ў мяне спытаць,
Я адкажу: «Я не магу ўжо ўспомніць,
Ды сэнс пытання ведаю твайго».
Але вось твар яе... Што мне вядома,
Дык толькі — што я цалаваў яго.

3
Пра пацалункі я б забыў таксама,
Каб вецер воблака нам не прынёс —
Яго я помню й вечна буду помніць:
Бялюткае плыло яно з нябёс...
Яшчэ цвітуць, мажліва, тыя дрэвы,
I ў той жанчыны сем ужо сыноў —
А воблака квітнела хвілю. Ў неба
Зірнуў я — ды яно растала зноў.

1920


ЛЕГЕНДА ПРА МЁРТВАГА САЛДАТА


1
Калі чацвёртай ваеннай вясной
Мір нешта настаць не мог,
Нямецкі салдат зрабіў вывад свой
I смерцю геройскай лёг.

2
Вайна ж не канчалася. Кайзер тут
Сур’ёзна пачаў шкадаваць,
Што вось — салдату прыйшоў капут,
А трэба ж далей ваяваць.

3
Калі ўжо лета ўзялося як след
I спаў салдат між тла,
Уночы неяк вайсковая мед-
камісія прыйшла.

4
Гурмою вайсковыя дактары
К магіле падышлі.
Салдата выкапалі яны
Асвенчаным шуфлем з зямлі.

5
Учынены зноў салдату таму
(Ці рэшткам яго) медагляд,
I пішуць «да службы прыдатны» яму
I што дэзерцір быў салдат...

6
Яны забралі салдата з сабой,
А ўночы так слаўна было:
Хто быў без каскі, той бачыць мог
Зор бацькаўшчыны святло.

7
У цела струхлелае ўлілі
Пякучага шнапсу карцом...
З ім пад руку дзве сястры ішлі,
Жанчына — амаль што гальцом.

8
Паколькі ж смярдзеў гніллём салдат,
Пусцілі папá перад ім:
Кадзілам ён водзіць уперад і ўзад —
Смуроду не ўнюхаць праз дым...

9
Аркестр выбівае «бум-тарарах!» —
Бравурны марш, і салдат
Выкідвае ногі спрытна так
I роўна трымае зад.

10
I два санітары тупаюць тут,
Трымаючы моцна яго —
Каб ён не пляснуўся у бруд.
То быў бы скандал, о-го-го!

11
Тры фарбы імперыі на саян
Нанесеныя былі,
Каб людзі (крый божа!) ўбачыць гнілля
З-пад фарбаў тых не змаглі.

12
Там бюргер — крухмальны перад і фрак —
Таксама маршыраваў:
Ён добра свой абавязак, як
Сапраўдны немец, знаў.

13
Хоць ледзьве трымаўся салдат на нагах,
Ды гэты паход яго пёр
Па цёмнай шашы пад «бум-тарарах»,
Нібы сняжынку віхор.

14
Сабакі й каты ў захапленні крычаць,
Натхнёна пішчаць пацукі:
Ніхто французам не хоча стаць,
Бо гэта ж сорам такі!

15
Выходзілі ў вёсках жанчыны да іх
Амаль з кожнага двара,
Схіляліся дрэвы, месяц свяціў,
I ўсё раўло: «Ур-ра!»

16
Зноў марш развітальны, «бум-тарарах»,
Сабакі, папы́, жанкі...
А недзе ў сярэдзіне — мёртвы салдат,
Бы п’яны гібон які.

17
Калі салдата па вёсках вялі,
Ён ледзь віднеўся ў радах,
Бо ўсе навокал «ура!» раўлі
Пад гучны «бум-тарарах!».

18
Наўкол, атачыўшы салдата таго,
Спявалі, скакалі яны —
Салдата відаць яшчэ зверху было,
Ды там — толькі зоркі адны...

19
Не вечна ім ззяць. Вось праходзіць час,
Фарбуецца неба зарой,
I зноўку завучаным крокам салдат
Ідзе паміраць як герой.

1918


ПРА БЕДНАГА Б. Б.


1
Я, Бертальт Брэхт, з лясоў паходжу цёмных,
Мая маці насіла мяне ў гарады
Ў сваім целе. I тых лясоў прахалода
Застанецца жыць ува мне назаўжды.

2
У горадзе асфальтавым я — дома,
Ўсе мэтлахі маю: газеты, віно...
Крыху недаверлівы, кволы, лянівы,
Але задаволены — ўсё адно.

3
З людзьмі дружалюбны я і надзяваю
Кацялок (патрабуе так звычай людскі).
Кажу: «Гэта — жывёлы з асаблівым пахам»
I дадаю: «Што ж, і сам я такі».

4
Пасядзець апоўдні ў маіх фатэлях
Жанчын нярэдка я запрашаю,
Гляджу бесклапотна на іх і кажу ім:
«Я — той, на каго вам разлічваць не раю».

5
А ўвечары да мяне прыходзяць мужчыны.
Зварот «джэнтльмен» мы ў прывычку ўзялі —
Яны на мой стол кладуць свае ногі,
Кажуць: «Нам будзе лепш». А я не пытаю: «Калі?»

6
Шэрым ранкам мочацца ў лесе яліны,
I шкоднікі іхнія, птушкі, тады пачынаюць крычаць.
Я ж у горадзе п’ю свой апошні келіх,
Выкідаю апалак і йду, растрывожаны, спаць.

7
Мы ўсё ў гмахах сядзелі — народ легкадумны.
Што збурыць іх няможна, была ў гмахаў слава.
(Гэтак мы збудавалі вялікія седалы выспы Манхэтан
I антэны ўсцягнулі — Атлантыцы на забаву.)

8
Застанецца ад тых гарадоў, што прайшло праз іх — вецер.
Цешыць дом едака — ён той дом спусташае;
Мы ведаем: мы — папярэднікі ў гэтым свеце,
Ды наступнікаў, вартых чагось, з нас ніхто не чакае.

9
I нявіннасць з-за горычы я спадзяюся не страціць
У той буры, што ўзнімецца хутка над нашай зямлёй,—
Я, Бертальт Брэхт, у асфальтавы горад прыгнаны
З лесу цёмнага, ў целе маці маёй.

1922


З санетаў 1925—1927 гадоў

АДКРЫЦЦЁ, ШТО Я ЗРАБІЎ У МАЛАДОЙ ЖАНЧЫНЕ[2]


Расстанне ўранку. Ля дзвярэй — яна.
Ды згледзеў я, ступіўшы на парог,
Што ў дзеўчыны на скроні — сівізна,
I ад яе пайсці тады не змог.
— Чаму,— яна спытала,— пасля ночы
Ты не пайшоў, застаўся тут са мной?
Я па грудзях яе правёў рукой
I потым адказаў ёй проста ў вочы:
— На ноч апошні раз я застаюся,
Ты ж, любая, свой скарыстоўвай час.
Нядобра, што ты ўсё на раздарожжы.
Нам трэба штось рашаць, бо мы забылі, мусіць,
Што гэтак ты зусім загінуць можаш...
I тут жаданне аглушыла нас.

1925


САНЕТ


Што ведаў я з былых яшчэ часоў —
Дык гэта пошум лесу ці вады
Там за акном. I я драмаў тады
Ў капе яе прыгожых валасоў.
Уранку шмат згадаць мне сілы не стае:
Крыху калені помню... шыю... моцны пах
Вады прасоленай у валасах...
I ўсё, што чуў калісьці пра яе.
Я твар забуду гэты, кажуць мне,
Бо ён — як чысты ліст. Яна, відаць,
Уцяміла: мяне ёй не ўтрымаць,
Яна б сама тут не пазнала, не,
Ў жыцці ніколі аўтарскай рукі,
Каб прачытала гэтыя радкі.

[1925]


З кнігі «З хрэстаматыі для жыхароў гарадоў» (1930)

ПРА ПЯТАЕ КОЛА


Мы з табою сядзім, калі ты раптам бачыш,
Што ты ёсць пятае кола
I цябе пакідае надзея,
Ды мы
Анічога не бачым яшчэ.
Мы заўважылі: ты
Стаў спяшацца ў размовах.
Ты вышукваеш слова, з якім бы
Ты мог пайсці ад нас.
Бо карціць табе перш за ўсё,
Каб на гэта зважаць пачалі.
Ты ўстаеш, не дакончыўшы фразы,
Кажаш злосна, што хочаш пайсці.
Мы гаворым: «Застанься!» і тут
Раптам бачым: ты — пятае кола.
Ты, аднак, зноў сядаеш да нас.
Гэтак вось застаешся ты з намі ў часіну,
Калі мы раптам бачым, што ты —
Гэта пятае кола.
Толькі ты
Болей не заўважаеш таго.
Дык дазволь нам урэшце сказаць,
Што ты ёсць пятае кола.
I не думай, што я (хто пра гэта сказаў) —
Нягоднік.
I цягніся не па сякеру лепш —
Вазьмі вунь шклянку з вадой.
Я ведаю, ты больш нічога не чуеш,
Ды ўголас ты не кажы,
Што свет наш нядобры:
Кажы толькі шэптам пра гэта.
Бо чатыры — вядома, зусім не зашмат:
Зашмат — гэта пятае кола,
I свет наш ані не благі —
Ён проста занадта населены.
(Табе ўжо казалі пра гэта.)

1926


ЧАТЫРЫ ПРАПАНОВЫ, ЗРОБЛЕНЫЯ ЧАЛАВЕКУ З РОЗНЫХ БАКОЎ У РОЗНЫ ЧАС


1
Тут вось будзе твой кут,
Тут пакладзі свае рэчы,
Мэблю пастаў пад свой густ.
Скажы, чаго яшчэ трэба?
Вось табе ключ —
Заставайся тут.

2
Тут вось — наша жытло,
Табе — той пакойчык з ложкам.
Можа, й паможаш нам трошкі...
Будзе талерка свая —
Ну, заставайся ў нас.

3
Тут вось — прытулак твой:
Пасцель з амаль свежай бялізнай —
Толькі адзін спаў на ёй...
Лыжкаю есці грэбуеш?
Дык спаласні ў тым цэбры —
Чыстая будзе яна.
Можаш застацца ў нас.

4
Там будзе твой пакой...
А можаш на ноч тут застацца,
Але — за асобную плату.
Не перашкоджу я. Праўда —
Зрэшты, не хворая я.
Дый не горш тут, як дзесьці ў іншым месцы,—
Можаш тут заставацца.

1926


З кнігі «Песні, вершы, хары́» (1934)

З «КАЛЫХАНАК»


Адважным маім учынкам
I поспехам у барацьбе
Было ўжо тое, сынку,
Што вынасіла я цябе.
Ні Блюхер[3] не змог бы, ні Мольтке
У гэтакім выйграць баі,
Дзе пара пялёнак толькі —
Трафей самы дарагі,
Дзе глыток малака — змаганне
I здабытак — напалены дом;
I, пакуль ты вялікі станеш,
Я ваюю і ноччу і днём.
Бо здабыць сабе трохі хлеба
Значыць стачачны пост утрымаць.
I разбіць генералаў трэба,
Перад танкамі не спасаваць...
А калі ў цяжкай ратнай працы
Я на ногі пастаўлю цябе,
Разам з намі ты будзеш змагацца
I здабудзеш усё ў барацьбе.

1932


ЗМАГАРАМ У КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫХ ЛАГЕРАХ


Вы, ледзь дасягальныя,
Схаваныя ў канцлагерах,
Далёка ад слова людскога,
Пабітыя бізунамі,
Катаваныя люта, ды
Не абвергнутыя,
Знікшыя, ды не забытыя!
Няшмат мы чуем пра вас:
Адно што вы непапраўныя,
Што вас не перавучыш. А значыць, вы адданыя справе рабочых.
Вас ніхто не зняверыць ніколі,
Што ў Германіі ўсё яшчэ
Ёсць людзі адны і другія — прыгнечаныя і прыгнятальнікі,
I што толькі змаганне класаў
Уратуе з галечы масы людзей вёсак і гарадоў.
Чуем мы, што ні пугай, ні дыбай
Вас нельга прымусіць сказаць,
Нібы два ў два будзе пяць.
Вось таму вы, знікшыя, ды не забытыя,
Катаваныя люта, ды
Не абвергнутыя —
Вы, разам з усімі непапраўнымі змагарамі,
Цвёрдымі праўдалюбцамі,
Будзеце сапраўднымі
Правадырамі Германіі.

[1933]


ПАХАВАННЕ ПАДБУХТОРШЧЫКА Ў ЦЫНКАВАЙ ТРУНЕ[4]


У дамавіне гэтай
Цяпер ляжыць мярцвяк,
Ці ногі ягоныя і галава,
Ці яшчэ, можа, меншая частка яго,
Ці нічога зусім, бо ён быў Падбухторшчык.
Яго першапрычынаю ліха прызналі —
Закапайце ж яго. I найлепей
Хай пойдзе ягоная жонка з ім разам на скуралупню,
Бо таго, хто ішоў з ім побач,
Таксама пазналі.
Гэтае, што ляжыць у труне,
Падбівала вас шмат да чаго:
Каб есці ўволю ўсім,
Жытло каб сухое мець,
Каб накарміць дзяцей,
Змагацца за капейку сваю,
Салідарнымі быць з усімі
Прыгнечанымі — такімі, як вы,
I яшчэ — каб думаць.
Гэтае, што ляжыць у труне цынкаванай,
Казала вам, што вытворчасць
Патрабуе іншай сістэмы
I што вы, мільёны працоўных,
Павінны ўзяць уладу —
Інакш вам не будзе лепш.
I таму, што гэтае вось, у труне.
Казала пра ўсё вам — таму яно там, у труне,
I яго закапаюць
Як падбухторшчыка, што вас падбухторваў.
I той з вас, хто кажа пра добры харч
I хто прагне жытла сухога,
Хто змагаецца за капейку сваю,
Хто думае і хто салідарны заўжды
З прыгнечанымі ўсімі,
Мусіць з гэтага часу, як ён,
Быць у труне цынкаванай запаяны,
Як падбухторшчык запхнуты туды
I закапаны.

[1933]


БАЛАДА ПРА ЎХВАЛЕННЕ СВЕТУ


1
Я справядлівы, ды не надта бравы:
Свет іхні я пабачыў, кожны кут —
Зважаў на палец толькі, ўвесь крывавы,
I мармытаў: «Мне даспадобы тут».

2
Бізун уверсе, свет перад вачамі...
Стаяў я й пераконваўся ўвесь час,
Што з хвацкімі спаткаўся разнікамі.
Спыталі: «Рады?» — «Рады!» — быў адказ.

3
I ўсім казаў я «рады» з гэтай хвілі,
Бо ўсё-ткі трусам лепш, чым трупам, быць;
I, каб мяне за горла не схапілі,
Хваліў я ўсё, што сорамна хваліць.

4
Я ведаў: юнкер спекулюе збожжам,
Хоць галадае не адзін бядняк —
Праўдашукальнікам сказаў я: «Можа,
Крыху задорага, ды трэба так».

5
Іх свет — той свет. Каб там пражыць шыкоўна,
Патрэбен кожны трэці ўладарам;
«Прасіце ў іх,— сказаў я беспрацоўным,—
Я ў эканоміі не моцны сам».

6
Там бачыў тых я, хто падпальваў войны
(На гэта ім ізноў дазвол далі),
I я крычаў — з душою неспакойнай:
«Ура — тэхнічным геніям зямлі!»

7
...Пра дэпутатаў, што прыгожым слоўцам
Ачмурваюць галодных і слабых,
Кажу я: «Гэта — добрыя прамоўцы:
Бываюць, праўда, і памылкі ў іх...»

8
Чыноўнікі, пацягнутыя цвіллю,
Па іхнім свеце растрасаюць гной...
Няшмат яны на гэтым зарабілі —
Прашу: адзначце ласкай іх сваёй!

9
Хай дзёрзкасць паліцэйскіх не пужае:
Я ім і тым, хто на чале судоў
(Каб бачылі, што я не асуджаю),
Нясу ручнік — каб з рук абцерлі кроў.

10
Не. Суддзяў, што баропяць дбайна ўласнасць,
Пад стол хаваючы крывавы бот,
Не крыўджу я ніколі. Гэтак, ясна,
Я абміну шмат лішніх перашкод.

11
Усім кажу: «Іх падкупіць няможна:
Хто гэтулькі заплаціць тым панам
За тое, каб не гвалцілі законы? —
Хіба ж не непадкупнасць гэта вам?»

12
Я гіцляў бачыў там, што б’юць бязвінных
Жанчын, дзяцей — дый побач, ля мяне.
Але ж у іх гумовыя дубінкі,
I я кажу: «Яны не гіцлі, не!»

13
Паліцыі, што з бедняком ваюе,
Дае ратунак ад галечы нам,
Калі мяне ад крадзяжу ўратуе —
Апошнюю кашулю я аддам!

14
I, можа, вы скрозь пальцы паглядзіце
(Бо я ж зусім бяскрыўдны, не маню!),
Калі скажу: я з тых, што ў прэсе пішуць
Штодня і шчодра ўсякую хлусню,—

15
З газетчыкаў. Крывёй ахвяр няшчасных
Яны крамзоляць: «Не забойцы гэта...»
А я кажу: «Стыль неблагі. Чытайце!»
I свежую ўручаю вам газету.

16
Пісьменнік цешыць нас «Гарой чароўнай»[5]:
Прыгожа піша ён (за суму неблагую),
Дзе ж праўда — там маўчыць (бясплатна, безумоўна).
«Ён МАНіць, бо зусім сляпы»,— кажу я.

17
«Смярдзіць не рыба — пахну дрэнна сам я»,
Крычыць усім гандляр, бо ён гнілля
Не будзе есці. Я ж — не выкідаю:
Ён, можа, і мяне каму прадасць пасля?

18
I сіфілітыку, які дзяўчыну
Сабе купіў за грошы не свае,
Даю руку я — асцярожна, але шчыра —
З падзякай, што ўзяў замуж ён яе.

19
Без дактароў, што адкідаюць бедных,
Бы рыбакі — ўбок плотачак малых,
Я абысціся не магу: як захварэю,
Кладуся ў роспачы на стол да іх.

20
Я інжынераў, што канвеер ставяць
(Які людзям скарочвае жыццё),
За дасягненні ў тэхніцы ўхваляю —
Мяне кранае думкі развіццё!

21
...Настаўнікі там ёсць. Яны па ўзоры
Па ўласным апрацоўваюць дзяцей.
За гэта ім дзяржава плаціць грошы,
Іначай — голад. Дык не лайце тых людзей!

22
Дзяцей я знаю, год пад чатырнаццаць:
Гаворка — бы ў старых, а рост — бы восем ім.
Але ў адказ на немае пытанне
«Чаму?» кажу: «Не, я не ведаю зусім».

23
Прафесары... Яны, канечне, мноства
Сказаць умеюць вельмі пекных фраз
Пра крызісы — але не пра забойствы.
Што ж, калі ім далі такі заказ?

24
Навуку слаўлю, што дае нам веды
I гэтым зноў галечу нам нясе,—
Як і рэлігію, што цягне нас у цемру,
Хоць ёй крычаць таксама «слава!» ўсе.

25
Папы́ мне блізкія. Трымаць высока
Ім дазваляюць бойкі і вайна
Святую веру ў шчасце на нябёсах.—
Аддайце ж ім належнае спаўна!

26
...Іх свет хваліў і бога, і ліхвярства.
Я чуў галодных стогн і заўважаў,
Як тыцкаў хтосьці ў неба тоўстым пальцам,—
«Там нешта ёсць, зірніце»,— я сказаў.

27
Тупыя кумпалы, бы з твораў Гроса[6],—
Яны імкнуцца ўпарта зноў і зноў
Разрэзаць горла чалавецтву проста,
I я падтрымліваю іх без слоў.

28
Забойцы выбіраюць вунь ахвяры,
А я гляджу на гэта ўсё, між тым,
Спалохана, але не без спагады,
Крычу: «Я згодны! Цалкам і зусім!»

29
Там, бачу я, забойцы маршыруюць,
I гучна ўсім ім крыкнуць «хальт!» хачу...
Ды знаю: побач пільна тут вартуюць —
I раптам я не «хальт!», а «хайль!» крычу.

30
Я не люблю галечы і пакут,
I ліра стрымана гучыць мая.
Ды свету вашага мярзотны бруд
Усё ж уголас ухваляю я.

1930


ПЕСНЯ ПАЭТАЎ-ЛІРЫКАЎ, ЯКІЯ ЗАРАБІЛІ САБЕ ГАНАРАР (напісана ў першай палове XX стагоддзя, калі за вершы перасталі плаціць грошы)


1
Гэты твор мой напісаны вершам. Кажу вам пра гэта,
Бо вы, пэўна, не можаце ўжо растлумачыць як след,
Што такое ёсць верш і яшчэ хто такі ёсць паэт.
Сапраўды, вы не надта шануеце вашых паэтаў!

2
Ці заўважылі вы, што паэзіі больш у газетах
Не друкуюць? А вы неспыталі чаму?
Добра, я адкажу вам. Таму што калісьці паэта
Ўсё ж чыталі і неяк плацілі за вершы яму.

3
А цяпер больш за вершы не плацяць. Во — справа якая.
I таму вельмі цяжка знайсці вершапісцаў руплівых...
Бо паэту цікава: хто плаціць? Не толькі: хто вершы чытае?
А без грошай пісаць ён не будзе — дык вось да чаго давялі вы!

4
«Дзе і ў чым вінаваты я, зрэшты? — пытацца ён стане.—
Я ж заўсёды пісаў так, як мой мецэнат патрабуе.
Ці было, каб я раз хоць парушыў свае абяцанні?»
Ды ўжо чую цяпер і ад тых, хто карціны малюе,

5
Што карцін не купляе ніхто! Хоць усе іх наўкола
Усхваляюць — яны ўсё гніюць у падвале.
Што ж, панове, цяпер вы не плаціце грошай?
Мы ж чытаем, што вы яшчэ болей багатыя сталі.

6
Хіба ж мы не спявалі прыгожа, пад’еўшы ад пуза,
Пра шыкоўнасць жыцця, каб яшчэ вам жылося шыкоўней,
Пра спакусную плоць вашых жонак, пра іхнія грудзі,
Пра сум восені і пра ручай, які ззяе пад поўняй?

7
I пра слодыч пладоў, і пра шэлест пажоўклай лістоты,
Зноў пра плоць вашых жонак, пра звышчалавечае нешта
I пра тое, у што кожны з нас ператворыцца потым,
Як сваё пражыве на ўлюбёнай зямельцы дарэшты.

8
Вы не толькі за гэта нам шчодра плацілі — яшчэ і за тое,
Каб мы тым, хто ніколі ў залочаным крэсле
Не сядзеў, дбайна слёзы ўціралі і ўсё суцяшалі хлуснёю
Іх — каму вы ў жыцці на ўсю поўніцу гора прынеслі.

9
Мы — заўважце! — на вас працавалі ўвесь час паслухмяна
I адно пра зарплату вам сціпла нагадвалі зрэдку.
Дзеля вас адных безліч зрабілі мы ўчынкаў заганных:
Так хацелася мець сваю порцыю вашых аб’едкаў...

10
Ах, да вашай павозкі, што ўгразла ў крыві, ў гідкім брудзе,
Мы прыпрэгчы прыгожыя слоўцы хацелі заўзята;
«Полем гонару» вашы назвалі тады скуралупні
I «братамі з губамі жалезнымі» — вашы гарматы.

11
Мы рабілі малюнкі да вашых падаткавых бланкаў,
I былі тыя бланкі прывабныя, проста наўздзіў!
I, спяваючы песні на нашыя словы ў запале,
Люд падаткі заўсёды вам своечасова плаціў.

12
Мы завучвалі словы, замешвалі фразы старанна:
Столькі слоўцаў прыгожых і вельмі выразных знайшлі,
Каб іх простыя людзі ўсмакталі ў сябе паслухмяна,
Каб авечкамі ціхімі ўсе перад вамі былі.

13
Мы ў гісторыі ўмелі знайсці паралель, калі трэба,
Паміж вамі і тымі, каго, галадаючы, й продкі хвалілі.
Навучыліся ўзносіць мы ўсіх дабрадзеяў да неба,
А на ворагаў іхніх мы вершаў кінжалы вастрылі.

14
Дык чаму наш кірмаш не цікавы вам болей нізвання?
Не заседжвайцеся ж за сталом. Нам пакіньце аб’едкаў таксама!
Дык чаму больш замоваў няма на карціны і на дыфірамбы —
Ці мяркуеце вы, што вам больш не патрэбна рэклама?

15
Вам няможна без нас абысціся. Мы ж — напагатове:
Скіраваць на сябе вашу ўвагу імкнёмся няспынна.
Мы, між іншым, таннейшыя сёння — паверце, панове!
Ды аддаць задарма ўсё ж не можам мы верш ці карціну.

16
Калі верш пачынаўся, радкі кожны першы і трэці
Я яшчэ між сабой рыфмаваў, у дадатак.
Толькі рыфмы даваліся цяжка. I тут я падумаў:
«Хто за гэта заплоціць?» I марны пакінуў занятак.

1930


ГЕРМАНІЯ

Хай іншыя кажуць пра сваю ганьбу,

Я кажу пра маю.


Германія, маці бледная,
Сядзіш ты, такая паскудная,
Між іншымі народамі.
Ты між заплямленых нават —
Навідавоку ўся.
Твой сын самы бедны —
Забіты.
Калі яго мучыў голад,
Твае сыны другія
Ўзнялі руку на яго.
Пра гэта ўсім стала вядома.
З узнятымі гэтак рукамі,
На родных братоў узнятымі,
Яны прад табой разгульваюць,
У твар табе подла смяюцца,
Пра гэта вядома ўсім.
У доме тваім так гучна
I так бессаромна хлусяць,
А праўда мусіць маўчаць.
Што, хіба гэта не так?
Чаму цябе славяць тыраны,
Прыгнечаныя ж — вінавацяць?
Зняволеныя
Тыцкаюць пальцам, але
Прыгнятальнікі хваляць парадак,
Наладжаны ў доме тваім?
Прытым усе бачаць, як ты
Падгарнула падол сарамліва,
Што ўвесь заліты крывёю
Найлепшага сына твайго.
Смяюцца ўсе, як пачуюць прамову з твайго дома.
Ды той, хто цябе ўбачыць, за нож адразу бярэцца,
Нібы перад ім — рабаўніца.
Германія, маці бледная,
Сыны цябе так знявечылі,
Што ты сядзіш між народамі
Пасмешышчам
Ці пудзілам!

1933


З цыкла «Доследы»

ПРА БАЛАДУ ШЫЛЕРА «ЗАРУКА»[7]


О, век шляхетны рыцараў сумлення!
...Быў Дыянісам схоплены Дамон.
Ды ўсё ж паехаў на вяселле ён:
Тыран пусціў, не страціўшы цярпення,—
Аднак узяў заложніка. Імчыць
Дамон стралой. Ён не парушыць слова
I вернецца назад абавязкова,
I сябар верны застанецца жыць.
Тады былі святыя дагаворы —
Усе ў заруку верылі заўзята.
I хай ляціць яздок праз лес і горы —
Не трэба ціснуць на яго занадта...
Выснову Шылераву лёгка адгадаць:
Тыран зусім быў не тыран, відаць!

З кнігі «Свэндбаргскія вершы» (1939)

З «НЯМЕЦКАЙ АЗБУКІ ВАЙНЫ»[8]


У ГАСПАДАРОЎ
Размова пра ежу ганебнай лічыцца —
З-за таго, што яны ўжо
Самі добра пад’елі.
Людзі з нізоў павінны канаць,
Не ўведаўшы смаку
Добрага мяса.
I вечарам гожым яны
Ад стомы ўжо думаць не могуць
Пра тое, адкуль прыйшлі
I пойдуць куды.
Яшчэ ім не выпала ўбачыць
Вялікага мора ці гор,
А жыццю іх прыходзіць канец.
Усё ж калі людзі з нізоў
Не будуць пра нізкае думаць,—
Не ўзняцца ім угару.
ХЛЕБ ГАЛОДНАГА З’ЕДЗЕНЫ,
Мяса ніхто больш не знае. Народ
Дарма праліваў пот.
На дрэвах лаўровага гаю
Абсечаныя сукі.
З комінаў заводаў ваенных
Клубамі валіць дым.
МАЛЯР КАЖА ПРА БУДУЧЫНЮ ВЯЛІКУЮ:
Яшчэ растуць лясы,
Яшчэ плодзяць палі,
Яшчэ стаяць гарады,
Яшчэ дыхаюць людзі.
РАБОЧЫЯ ПАТРАБУЮЦЬ ХЛЕБА,
Гандляры патрабуюць рынкаў.
Раней галадаў беспрацоўны. Цяпер
Галодны той, хто працуе.
Рукі, што без працы былі, рухаюцца ізноў:
Яны вырабляюць снарады.
ТЫЯ, ШТО ЦЯГНУЦЬ МЯСА З НАШЫХ СТАЛОЎ,
Вучаць жыццём задавольвацца.
Тыя, хто зробленае намі есць,
Патрабуюць самаахвярнасці.
Тыя, хто набіў каўбух, кажуць прамовы галодным
Пра час вялікі, што прыйдзе.
Тыя, хто край у бездань вядзе,
Кажуць, што простым людзям кіраваць
Занадта цяжка.
КАЛІ ГАСПАДАРЫ ГАВОРАЦЬ ПРА МІР,
Народ просты ведае:
Будзе вайна.
Калі гаспадары шлюць войнам праклёны,
Ужо на мабілізацыю падпісан загад.
ГАСПАДАРЫ СЫШЛІСЯ
У пакоі адным —
Чалавек з вуліцы,
Пахавай надзеі свае.
Урады падпісваюць
Пакты аб ненападзе —
Чалавек маленькі,
Рыхтуй свой тэстамант.
НОЧ НА ДВАРЭ.
Мужы і жонкі
Кладуцца ў пасцелі. Маладыя жанчыны
Народзяць сіротаў.
НА МУРЫ БЫЛО КРЭЙДАЙ НАПІСАНА:
«Яны хочуць вайны».
Таго, хто гэта пісаў,
На свеце ўжо няма.
ВАЙНА, ШТО БУДЗЕ,— НЕ ПЕРШАЯ:
Былі войны і да яе.
Калі апошняй прыйшоў канец,
Былі пераможаныя і пераможцы.
У пераможаных просты народ
Галадаў. У пераможцаў
Ён быў галодны таксама.
КАНСТРУКТАРЫ ГАРБЕЮЦЬ
У залах над чарцяжамі —
Крыху не тая лічба — і гарадоў праціўніка
Не ўдасца разбурыць.
З НАВУКОВЫХ БІБЛІЯТЭК
Ідуць чарадой разнікі.
Маткі стаяць і туляць дзяцей,
Разгублена шукаючы ў небе
Вынікі працы вучоных.
ГЕНЕРАЛ, ТВОЙ ТАНК — МАШЫНА МАГУТНАЯ:
Ён валіць долу лес і нішчыць сотні людзей —
Ды ўсё ж адну ён мае загану:
Яму патрэбен кіроўца.
Генерал, бамбавоз твой выдатны:
Ён за буру хутчэй ляціць і больш за слана падымае —
Ды ўсё ж адну ён мае загану:
Яму патрэбен механік.
Генерал, чалавек — прыдатная вельмі істота:
Ён можа лятаць і забіваць —
Ды ўсё ж адну ён мае загану:
Ён думаць умее.
КАЛІ ВАЙНА ПАЧНЕЦЦА,
Браты вашы, можа, іншыя стануць,
I іх твараў пазнаць будзе нельга,
Але вы павінны застацца ранейшымі.
Яны пойдуць на вайну
Не як на рэзню, а як
На справу сур’ёзную,
Забудуць пра ўсё яны.—
А вы ні пра што забываць не павінны.
Вам будуць гвалтам ліць шнапс у горла,
Як і астатнім усім,
А вы павінны застацца цвярозымі.

1938


БАЛАДА ПРА МАРЫЮ ЗАНДЭРС, «ЯЎРЭЙСКУЮ ШЛЮХУ»


1
У Нюрнбергу створаны імі закон[9]
I плачуць жанчыны, якія не з тым,
З кім трэба, дзялілі пасцель.
       Ў прадмесцях мяса даражэе,
       Гучней барабаны грымяць...
       О, божухна! Страшных падзеяў
       Уночы нам трэба чакаць.

2
Занадта ўжо цёмныя валасы,
Марыя, ў каханка твайго. I лепш
Не будзь больш ласкавая з ім.
       Ў прадмесцях мяса даражэе,
       Гучней барабаны грымяць...
       О, божухна! Страшных падзеяў
       Уночы нам трэба чакаць.

3
Матуля, ўсё ж... дай мне ключ:
Не так ужо кепска ўсё,
I месяц — такі як заўжды...
       Ў прадмесцях мяса даражэе,
       Гучней барабаны грымяць...
       О, божухна! Страшных падзеяў
       Уночы нам трэба чакаць.

4
Аднойчы ранкам, у дзевяць гадзін,
Па горадзе везлі яе,
У сподняй кашулі, астрыжаную дагала
I з шыльдаю на грудзях.
На вуліцы роў натоўп, а яна
Глядзела халодна на ўсіх.
       Ў прадмесцях даражэюць тушы,
       Зноў выступіць Штрайхер, відаць.
       О, божухна! Каб мы ўсё ж мелі вушы,
       Мы зналі б, чаго нам чакаць!

1935


ПЕСНЯ АДЗІНАГА ФРОНТУ


I раз ужо мы — людзі,
Прабачце, мы павінны есці ўсе!
Нас не накорміць балбатня,
Харчэй не прынясе.
       Марш! Раз, два, тры!
       I — раз, два, тры!
       Тваё месца, таварыш, між нас.—
       Станавіся ў Адзіны рабочы фронт,
       Бо ты сам — рабочы клас!
I раз ужо мы — людзі,
Не хочам, каб у твар нам тыцкаў бот,
Не прагнем нявольнікаў мець пад сабой
I зверху цярпець прыгнёт.
       Марш! Раз, два, тры!
       I — раз, два, тры!
       Тваё месца, таварыш, між нас.—
       Станавіся ў Адзіны рабочы фронт,
       Бо ты сам — рабочы клас!
I раз кожны з нас — пралетарый,
Нас не ўратуе нейкі дабрадзей:
Збавенне рабочых павінна паўсюль
Быць справай рабочых людзей.
       Марш! Раз, два, тры!
       I — раз, два, тры!
       Тваё месца, таварыш, між нас.—
       Станавіся ў Адзіны рабочы фронт,
       Бо ты сам — рабочы клас!

[1934]


ПЫТАННІ ЧЫТАЧА-РАБОЧАГА


Хто Фівы сямібрамныя будаваў?
У кнігах напісана пра цароў.
Ці ж гэта цары на сабе камяні цягалі?
Ну, а стакроць разбураны Вавілон —
Хто яго адбудоўваў столькі разоў?
Дзе ў зіхоткай ад золата Ліме стаялі
Дамы́ будаўнікоў?
Куды адвячоркам, як быў скончан Кітайскі мур,
Пайшлі муляры? У Рыме вялікім —
Безліч трыумфальных выгбаў. Хто ўзвёў іх? Над кім
Кесары трыумфавалі? Хіба ў багата апетай Візантыі
Жыхарам будаваліся толькі палацы? У легендарнай Атлантыдзе нават
У ноч, калі мора яе захлынала,
Тапельцы клікалі сваіх рабоў.
Юны Аляксандр Індыю заваяваў...
Ён адзін?
Цэзар пабіў галаў...
Няўжо ж пры ім не было хоць бы кухара?
Плакаў Філіп Іспанскі, калі яго флот патануў...
А што, больш ніхто не плакаў?
Фрыдрых Другі перамог у Сямігадовай вайне[10]. А хто
Тады яшчэ перамог?
Кожная старонка — трыумф...
Хто пераможную бяседу рабіў?
Што ні дзесяць год — вялікі чалавек...
Хто аплочваў выдаткі?
Так многа звестак,
Столькі пытанняў.

1938


ЛЕГЕНДА ПРА ЎЗНІКНЕННЕ КНІГІ «ДАО ДЭ ЦЗІН» ПА ДАРОЗЕ ЛАО ЦЗЫ[11] Ў ЭМІГРАЦЫЮ


1
Захацеў стары філосаф ціха
Рэшту хоць дажыць з апошніх дзён...
Бачыў ён, што ўсюды панавала Ліха,
Што Дабро нібыта ўжо асуджана на скон,—
I рашыў ад’ехаць ён.

2
Прыхапіў няшмат вучоны рэчаў
(Ды і што ён мог узяць за раз?):
Люльку, што курыў заўжды пад вечар,
Кнігу, што чытаў у вольны час,
Хлеба трохі на запас.

3
Ад’язджаючы, з далінай развітаўся,
Родныя агледзеў паплавы...
Ехаў ціха. I, хоць бык спыняўся
Часцяком, каб ухапіць травы,—
Ўсё маўчаў мудрэц сівы.

4
На чацвёрты дзень, ці то на пяты,
Мытнік падышоў, сказаў: «Закон
Кажа мыта браць...» — «Я не багаты».
Хлопчык-пагапяты падказаў: «Філосаф ён...» —
Мытнік саступіў на схон...

5
Ды спытаўся ўсё ж (цікава стала):
«Што ж ён здолеў новага адкрыць?»
Адказаў хлапчук: «Ды тое, што вада памалу
Нават скалы можа разбурыць,
Нават камяні размыць».

6
Каб да ночы выбрацца ў даліну,
Хлопчык воз далей павёў гарой
I ўжо завярнуў быў за яліну —
Раптам апантана мытнік той
Закрычаў: «Гэй, ты! Пастой!»

7
Ён вандроўнікаў спыніў ля моста:
«Ну, дык як, мудрэц, наконт вады?»
— «Што табе вада?..» — «Хоць я і мытнік просты,
Хто — каго, цікава мне заўжды.
Ведаеш — дык не маўчы тады:

8
Напішы ўсё ясна на паперы,
Гэта нельга звозіць ад людзей.
Пэндзлік ёсць, чарніла. Павячэрай
У мяне. Мой дом адчынен для гасцей.
Ну, дык што? Рашай хутчэй!

9
На яго зірнуў мудрэц таропка:
Мытнік не багач, відаць па ўсім,
Босы, носіць світку-самаробку,
Лоб не ў зморшчынах, ды твар — не каб зусім...
I сказаў: «Што зробіш з ім...»

10
Каб на просьбу адказаць адмовай,
Ён, маўляў, занадта ўжо стары,
А цікаўным памагчы — заўжды гатовы.
Тут сказаў хлапчук: «Штось халаднее на двары...»
— «Ну, давай, назад бяры...»

11
Штось яны пісалі каля тыдня.
Мытнік кожны з гэтых доўгіх дзён
Іх карміў. I з кантрабандай злыдняў
Лаяў нават не так гучна ён.—
Тая праца мела плён:

12
Выйшаў хлопчык неяк на світанні
Мытніку настырнаму ўручыць
Восемдзесят і адно казанне.
Тут прасіў філосаф браму адчыніць...
Ці ж больш ветлівым магчыма быць?

13
Аддамо філосафу даніну,
Што стварыў шэдэўр на схіле дзён.
Ён напраўду геній. Толькі мы павінны
Ўсё ж і мытніку зрабіць паклон:
Мудраца пісаць прымусіў ён!

1938


НЕПЕРАМОЖНЫ НАДПІС


Падчас сусветнае вайны
У камеры італьянскай вязніцы Сан-Карла,
Поўнай злодзеяў, дэзерціраў, п’яніц,
Салдат-сацыяліст на сцяне хімічным алоўкам накрэсліў:
«Леніну слава!» —
Пад самай столлю, ў цёмнай камеры ледзь-ледзь відзён,
Ды зроблен у вялікіх літарах быў надпіс.
Турэмшчыкі, як гэта ўбачылі, паслалі з вапнай маляра,
I доўгім пэндзлем ён замазаў пагрозлівы той надпіс.
Ды вапнаю з вядра маляр адно што літары абводзіў —
Таму цяпер пад столлю было ўжо вапнай выведзена:
«Леніну слава!»
Другі маляр шырокім пэндзлем зафарбаваў нарэшце ўсё
I надпіс знік часова, але ўранку
З-пад вапны, што ўжо высахла, зноў праступілі літары:
«Леніну слава!»
Тады турэмшчыкі на надпіс той выслалі муляра з долатам,
I ён высякаў за літарай літару, гадзіну — не менш,
А як скончыў, пад столлю віднеўся бясколерны, ды
Глыбока ў мур урэзаны непераможны надпіс:
«Леніну слава!»
— Цяпер сцяну бурыце,— сказаў тады салдат.

[1930]


НА СМЕРЦЬ ЗМАГАРА ЗА МІР (Памяці Карла фон Асецкага[12])


Той, хто не скарыўся,
Забіты.
Той, хто забіты,
Не скарыўся.
Вусны таго, хто папярэджваў,
Напханыя зямлёю.
Пачынаецца крывавая авантура.
Магілу міралюбцы
Топчуць батальёны.
Дык што, ён змагаўся дарэмна? —
Калі той, хто вёў барацьбу адзін,
Забіты,
Вораг не перамог яшчэ.

1938


НАДМАГІЛЬНЫ НАДПІС ГОРКАМУ


Тут ляжыць
Пасланец жабрацкіх кварталаў,
Той, хто пісаў пра катаў народа
I з імі змагаўся,
Той, хто адукаваўся ў вулічных універсітэтах —
Выхаванец ніжэйшых класаў,
Які памагаў знішчаць сістэму, дзе былі «вышэйшыя» і «ніжэйшыя»,
Настаўнік народа,
Што вучыўся ў народа.

1936


СУЦЯШЭННЕ КАНЦЛЕРА


Пасля цяжкіх удараў лёсу
Канцлер спрабуе звычайна
Вялікай прамоваю
Прыхільнікаў сваіх падбадзёрыць:
Вядома, і жняцу даспадобы
Саломіны прамыя.

ПРЫСТАНІШЧА


Ляжаць на стрэхах вёслы. Невялікі брыз
Не скіне ўніз саломы.
I пад дзіцячыя арэлі на двары
Слупы ўкапалі строма.
Прыходзіць пошта два разы на дзень, лічы,
Сюды, дзе так лістоў чакаюць.
Па Зундзе вунь паромы праплываюць,
Дзвярэй чацвёра ў доме ёсць, каб уцячы...

[1938]


ВЫГНАЦЬ БЫЛО ЗА ШТО...


Я ў сям’і заможных бацькоў гадаваўся.
Яны мне чаплялі каўнерык і вучылі мяне
Мець у прыслузе патрэбу,
Вучылі загадваць, але
Калі я вырас і агледзеўся як след,
Мне людзі майго кола не спадабаліся,
Не спадабалася прыслугу мець —
I я пакінуў свой клас і прыйшоў
Да простых людзей.
Гэтак
Яны ўзгадавалі здрадніка, навучыўшы
Сваім штучкам, а ён цяпер
Ім здраджвае, служыць ворагу.
Што ж, я плявузгаю пра іх таямніцы. Жывучы сярод люду,
Я тлумачу, як яны
Ашукваюць яго.
Я прадказваю, што будзе,
Бо ведаю іх намеры.
Папы́ іх купленыя на лаціне гавораць,
Я ж іх прамовы перакладаю слова ў слова на простую гаворку —
I высвятляецца, што гэта падман. Я скідаю долу
Шалі іх справядлівасці і дэманструю
Фальшывыя гіры. Іх шпегі паведамляюць ім,
Што я сяджу між абкрадзеных,
Калі тыя плануюць паўстанне.
Мне яны пагражалі і забралі ў мяне
Тое, што заслужыў я працай.
А раз не стаў я лепшы,
Яны пачалі цкаваць мяне. Толькі
У мяне засталіся ў руках дакументы,
У якіх выкрывалася іхняя змова
Супраць народа. Тады
Яны наўздагон мне паслалі
Сакрэтную грамату,
Абвінавацілі мяне ў нізкім складзе думак —
Гэта значыць, у складзе думак прыніжанага люду.
Куды б я ні прыехаў, паўсюль мяне ганьбуюць
Маёмныя, а немаёмныя
Чытаюць сакрэтную грамату
I мне даюць прытулак.
— Цябе, гавораць яны,
Выгнаць было за што!

1938


ДА НАШЧАДКАЎ


1
Сапраўды, я жыву ў змрочную часіну!
Бяскрыўднае слова сведчыць пра дурноту,
Нязморшчаны лоб
Кажа пра абыякавасць. Таго, хто смяецца,
Яшчэ не спаткала
Жахлівая вестка.
Што ж за часіна гэта, калі
Размова пра дрэвы — амаль што злачынства,
Бо схаванае ў ёй маўчанне пра зверствы.
Той, хто спакойна йдзе там па вуліцы,
Хіба ён паможа сваім сябрам —
Тым, што цяпер у бядзе?
Што ж, на хлеб зарабіць я магу яшчэ,
Але, верце мне, гэта — ўсяго выпадковасць.
Нічога з таго, што раблю я,
Не можа даць мне права ўволю наядацца.
Праз выпадак я ацалеў.
(Як скончыцца ўдача мая — я загіну.)
Мне кажуць: «Ты — еш і пі! I цешся, што не галадаеш!»
Ды як жа мне есці й піць, калі
Я тое, што ем, бяру ў галоднага,
А шклянкі вады маёй бракуе сасмягламу?
Я б мудрым быць хацеў.
Старыя кнігі пішуць пра мудрасць:
Унікнуць спрэчак свету і малое сваё жыццё
Пражыць без страху,
Абысціся без гвалту,
На крыўду адказваць ласкай,
Забыцца на мары свае, не здзяйсняць іх —
Вось гэта завецца мудрасцю.
На гэтае ўсё я не здольны.
Сапраўды, я жыву ў змрочную часіну!

2
У гарады я прыходзіў, калі там бунтавалі,
Калі голад там панаваў.
Да людзей я прыходзіў падчас хваляванняў
I выказваў сваё абурэнне.
Гэтак ішлі гады́,
Прызначаныя мне на зямлі.
Сілы нам не ставала,
А да мэты далёка было:
Яе было ледзь відаць, а я
Дайсці наўрад ці разлічваў.
Гэтак ішлі гады́,
Прызначаныя мне на зямлі.

3
Вы, тыя, каго не ўсмактала плынь,
Што нас усіх праглынула,
Не забывайцеся,
Пра нашыя хібы кажучы,
I на тую часіну змрочную,
Якой вы не ўведалі.
Мы ж ішлі,
Краіны мяняючы за чаравікі часцей,
Праз войны класаў, у роспачы,
Калі бачылі крыўду ўсе наўкол — і маўчалі.
I нам добра вядома было,
Што нянавісць да нізкага
Рысы таксама скажае,
Што ад абурэння з-за крыўды
Голас робіцца хрыплы. На жаль,
Мы — хто пракладваў шлях дружалюбнасці—
Не маглі самі быць дружалюбныя.
Але вы, калі прыйдзе час
I чалавек памагаць чалавеку будзе,
Прыгадваючы нас,
Не судзіце строга.

[1938]


З вершаў 1938 — 1947 гадоў

ЛІТАРАТУРА БУДЗЕ ПЕРАГЛЕДЖАНА[13]


Марціну Андэрсену Нэксё

1
Тых, каго пасадзілі ў залачоныя крэслы пісаць,
Спытаюць аднойчы,
Хто ткаў ім адзежу.
Не па іхніх узнёслых фразах
Ацэняць тады іх кнігі. Адно
Радкі, напісаныя мімаходзь, па якіх будзе можна
Меркаваць пра тых, хто ткаў ім адзежу,
Прачытаюць з цікавасцю, бо ў тых радках гаворка йдзе пра рысы,
Уласцівыя нашым продкам.
I цэлыя літаратуры,
З вытанчаных зваротаў створаныя,
Даследуюць, каб давесці,
Што там, дзе ўладарыў прыгнёт,
Былі бунтары таксама.
Малітоўныя поклічы незямных істот
За доказ будуць, што істоты зямныя прыгняталі адна адну.
Чароўная музыка слоў паведаміць толькі,
Што шмат хто з людзей быў галодны.

2
Тады, аднак, уславяць тых,
Хто пісаў на голай зямлі,
Тых, хто быў на баку прыніжаных,
Хто быў побач са змагарамі,
Тых, хто казаў пра пакуты прыніжаных,
Хто пра подзвігі змагароў спяваў —
Уславяць моваю высакароднай,
Што раней існавала толькі,
Каб апяваць каралёў.
Іх расказы пра несправядлівасць, іх заклікі
Яшчэ захаваюць адбіткі пальцаў
Прыніжаных. Бо менавіта ім
Расказы тыя перадалі. Бо менавіта яны
Іх панеслі далей, пад кашулямі ў поце,
Праз кардоны паліцыі
Да такіх жа, як самі яны.
Настане, настане пара, калі
Разумных гэтых і дружалюбных,
Абураных і поўных падзеі людзей —
Тых, хто пісаў на голай зямлі,
Паплечнікаў прыніжаных і змагароў,
Уславяць паўсюды.

1939


КЕПСКІ ЧАС ДЛЯ ЛІРЫКІ


Я ж ведаю: на свеце любяць
Шчаслівага толькі. Голас ягоны
З прыемнасцю чуюць. Прывабны твар яго.
Крывое дрэва на вуліцы
Сведчыць, што глеба дрэнная,
Ды прахожыя ўсё ж справядліва
Называюць яго калекам.
Не бачу я лодак зялёных, вясёлых люстраў Зунда —
Толькі падраны рыбацкі невад
Стаіць у мяне ўваччу.
Чаму ж я кажу пра тое толькі,
Што вунь — гаспадыня дома
Ў свае сорак год крывая? —
Грудзі ў дзяўчат маладых
Цёплыя, як і заўсёды.
Мне рыфма ў песнях маіх
Здавалася б ненатуральнай.
Цяпер ува мне спрачаюцца
Захопленасць квеценню яблыні
I жах ад прамоў маляра.
Ды толькі гэта другое
Мяне прымушае пісаць.

З ЦЫКЛА «1940»


Мой сын малы ў мяне пытаецца, ці трэба вучыць матэматыку.
«Нашто? — сказаць мне хочацца.— Што два кавалачкі хлеба больш за адзін кавалачак,
Ты зразумееш і так».
Мой сын малы ў мяне пытаецца, ці трэба вучыць французскую.
«Нашто? — сказаць мне хочацца.— Гіне дзяржава гэтая;
Калі ж ты вачыма галоднымі зірнеш і заенчыш жаласна,
Цябе зразумеюць усе».
Мой сын малы ў мяне пытаецца, ці трэба вучыць гісторыю.
«Нашто? — сказаць мне хочацца.— Вучыся ў зямлю закопвацца
I — мо застанешся жывы».
— Вучы, сын,— кажу я.— Вучы матэматыку,
Вучы французскую, вучы гісторыю!

САНЕТ У ЭМІГРАЦЫІ


З радзімы выгнаны, я тут гляджу адно,
Дзе мне яшчэ знайсці шынок харошы,
Каб думкі там свае прадаць за грошы.
Ісці я мушу шляхам, што даўно
Стаптаны ўвесь падэшвамі бяздомных—
Куды, не ведаю, вядзе той шлях.
Усюды «spell your name»[14] мне кажуць. Ах,
«Name» гэтае было сярод вядомых!
Дый добра, што яны яго не знаюць:
Ім не схацелася б паслуг маіх,
Каб скемілі, што тут мяне шукаюць.
Я ведаю іх звычкі, і, мажліва,
Аднойчы ўзнікне падазрэнне ў іх,
Што я служу не надта ўжо рупліва.

ГАЛІВУД


Каб сабе на хлеб зарабіць, я шторанку
На кірмаш выходжу, дзе гандлююць хлуснёю.
Надзеямі перапоўнены,
Станаўлюся я між гандляроў.

1942


ПЕСНЯ НЯМЕЦКАЙ МАЦІ


Я карычневую кашулю,
Сын мой, колісь табе набыла...
Каб жа ведаць пра ўсё, што будзе,
Я б сябе са свету звяла.
Як у гітлераўскім прывітанні
Застывала рука твая —
Што адсохнуць ёй наканавана,
Сыне мой, не даўмелася я.
Я пра «волатаў нацыі мужнай»
Чула, сынку, прамовы твае —
I не ўбачыла, і не адчула,
Што ты — толькі пакутнік яе...
I калі ты за Гітлерам борзда
Шыбаваў — між ягоных салдат —
Я не ведала, што ўжо ніколі
Вам, такім, не вярнуцца назад.

1944


АНАХРАНІЧНАЕ ШЭСЦЕ, АБО ВОЛЬНАСЦЬ I DEMOCRACY[15]


У Нямеччыне — вясна.
Між руінамі яна
Насцілае свой кілім:
Рунь адважная на ім.
Вось тады на Поўдні дзесьці
Пышнае ўсчалося шэсце:
Цугам выбаршчыкі йшлі,
I дзве шыльды ў іх былі.
Лак на шыльдах тых злузаўся,
Бляклы надпіс ледзь чытаўся —
Хоць да твару паднясі —
«Вольнасць і democracy».
На царкве званы спявалі,
Жабракі наўкол стаялі,
Шмат калекаў і сірот...
I салдатак цэлы ўзвод.
I сляпы пытаўся шчыра
Ў чалавека у мундзіры,
Хто там гэтак галасіў:
«Вольнасць і democracy!»
Ззаду дурань шыбаваў
I на ўвесь валляк спяваў:
«’лёнз анфан, кгод сэв зы кінн[16]
Бразгай, долар,— дзын-дзын-дзын!»
Джгалі ў рáсах два паны,
Неслі абразы яны,
А пад расай, ля зямлі,
Шпоры ўсім відаць былі.
На палотнішчы ў крыжоў
Не было цяпер кручкоў:
Каб ад часу не адстаць,
Іх прыйшлося паздзіраць.
Брыў святы айцец між імі,
Пасланец таго, хто ў Рыме.
Ён глядзеў, скрывіўшы рот,
Устрывожана на Ўсход.
Тупалі былога цені:
Кожны з іх меў у кішэні
Фінку добрай даўжыні
I хацеў адно разні.
Іх папы ішлі гурмою —
З фірмаў, што штампуюць зброю.
Чуліся іх галасы:
«Вольнасць і democracy!»
I, да каплуна падобны,
Пангерманец[17] бег асобна;
Ён свабодна ужываць
Хоча слова «забіваць».
Быў відзён сям-там настаўнік,
Ўладалюбца, мазгаўстаўнік.
Спрытна гэтакі малойца
Робіць з моладзі забойцаў.
Дактары йшлі ганарыста —
Служкі верныя нацыстаў.
Камуністы іх цікавяць:
Каб эксперыменты ставіць.
Тры вучоныя істоты
(Душагубкі — іх работа)...
«Хіміі,— той гурт прасіў,—
Вольнасць і democracy!»
Вось — пагромныя ваякі,
«Шцюрмер»аўскія пісакі.[18]
Іх крыклівая парода
Хоча друку мець свабоду.
Знатныя ішлі асобы.
У мінулым — юдафобы:
Ў іх цяпер кліч баявы —
«Меншасцям — усе правы!»
Кандыдат у адвакаты...
Быў калісьці дэпутатам
I арыйцам пры нацыстах.
Ён жа з найчысцейшых чысты!
Спекулянцік побач крочыў:
Ён, вядома, вельмі хоча
Рабаваць усенародна —
Рынак атрымаць «свабодны».
Вунь суддзя смяецца: ён
Даўні скарыстаў закон,
Вылузнуўся ніштавата —
Апраўдаў сябе і катаў.
Музыканты і паэты...
Любяць лаўры і катлеты,
Здолелі яны ў імгненне
Новае займець сумленне.
I эсэсман, што за грошы
Забіваў,— цяпер «харошы»:
Волі просіць ён для ўсіх,
Волі і — democracy!
З «Лігі» крочаць маладзіцы[19]
Ў іх задраныя спадніцы:
Янкі ім за тыя лыткі
Дораць шакаладу пліткі.
З «Сілы й радасці»[20] жанкі,
З «Зімняй помачы»[21] дзялкі,
Дзеячы ўстаноў нацысцкіх —
Тых «зямляцтваў» рэваншысцкіх...
Па гасцінцах брыў шматлюдных
Той натоўп смярдзючы, брудны,
I бляваў, і галасіў:
«Вольнасць і democracy!»
I разносіў той паход
Аж да Ізара[22] смурод —
Дзе фашысты бралі ўладу
I дайшлі да заняпаду...
Мюнхен знаў пра шэсце гэта,
Бо чытаў ужо газеты.
I стаялі на дарозе
Абывацелі ў трывозе.
Клыпаў той паход паўскос,
Між руін, і шыльды нёс —
Тут з Карычневага дома[23]
Выйшла шэсць фігур вядомых.
I яны адначасова
Нахілілі ўніз галовы,
Далучыліся да шэсця,
Каб старыя шыльды несці.
Спрытна ўзлезлі на калёсы
Шэсць старых «партайгеносэ»...
Іх пачуліся басы:
«Вольнасць і democracy!»
З пугаю ў руцэ кашчавай
Ехаў там Прыгнёт крывавы:
Меў ён колы бранявыя —
Падарунак індустрыі.
За Прыгнётам тым адразу
Вёз іржавы воз Праказу:
Пад карычневай анучай —
Пыса ў язвінах смярдзючых.
Ехала Xлусня імкліва
З кухлем дармавога піва[24]:
Хочаш піва, дабрадзей? —
Аддавай сваіх дзяцей!
Хоць старая ўжо Дурнота,
Але ўвішная істота —
Едзе ў таўханіне той,
Сочыць пільна за Хлуснёй.
Збоку высунуўшы боты,
Ехала Забойства потым
I насвіствала матыў
Пра «sweet dream of liberty»[25].
Юнкеру служыўшы шчыра
У фельдмаршальскім мундзіры,
Ехаў пад канец Разбой,
Шар зямны цягнуў з сабой.
I шасцёрку тых адлюдкаў
Нешта ўжо занадта хутка
Гэты лозунг спакусіў —
«Вольнасць і democracy».
За сямейкай гэтай слыннай
Везлі ў возе дамавіну —
Што за косці там ляжаць,
Не так лёгка адгадаць...
Вецер выў сярод руін
Гэтай хеўры «на спачын» —
Ім, хто прагнуў на вякі
Ў тых дамах быць. Пацукі
Велізарнай чарадою
Ўслед паўзлі, і над зямлёю
Вецер іхні піск насіў:
«Вольнасць і democracy!»

1947


З вершаў апошніх гадоў (1949-1956)

***


Калі нашыя гарады сталі смеццем,
Спустошаныя разніковай вайною,—
Мы будаваць нанова іх пачалі,
Азяблыя, галодныя, слабыя.
Як у даўніну сівую, мы цягалі
Жалезныя тачкі са смеццем,
Рукамі выкопвалі цэглу з зямлі,
Каб не прадаць дзяцей у ярмо чужынцам.
Дзеля іх, дзяцей нашых, мы працавалі,
Ім адкрывалі і ачышчалі школы,
З векавых ведаў саскрэбвалі бруд —
Каб з іх карысць была дзецям.

[1949]


ДА МАІХ ЗЕМЛЯКОЎ


Вы, між руін каму выжыць пашанцавала,
Самі сабе ўрэшце паспачувайце,
Войнаў больш новых не распачынайце —
Хіба дагэтуль было іх вам мала?
Прашу вас, сабе трохі паспачувайце!
Мужчыны, бярыце не шаблі, а кельні:
Быў бы й сягоння дах цёплы над вамі,
Каб не ўзяліся за шаблі вы самі.
Вядома ж, пад дахам сядзіцца прыемней.—
Прашу вас, бярыце не шаблі, а кельні!
Вы, дзеці, міру ў бацькоў прасіце —
Каб гэты заклік быў імі пачуты,
«Не хочам жыць у руінах!» — скажыце.
«Не хочам, як вы, цярпець пакуты!»
Вы, дзеці, міру ў бацькоў прасіце!
Вас, матак, каму дадзена на свеце
Вайну дазволіць альбо не, прашу я —
Зрабіце, каб жылі ўсе вашы дзеці,
Дарыце ім жыццё — не смерць ліхую.
Вас, матак, я прашу: жыць дайце дзецям!

1949


КІТАЙСКІ ЛЕЎ, ЗРОБЛЕНЫ З КАРАНЁЎ ЧАЙНАГА ДРЭВА


Злыя баяцца тваіх кіпцюроў,
Добрыя цешацца тваёю зграбнасцю.
Хацеў бы я, каб гэтаксама
I пра вершы мае казалі.

1951


ВЕДАМСТВА ЛІТАРАТУРЫ[26]


Ведамства літаратуры, як вядома, выдзяляе
Выдавецтвам рэспублікі паперу —
Пэўную колькасць дэфіцытных рулонаў,
Каб друкаваць пажаданыя творы.
Пажаданыя творы — тыя, якія змяшчаюць ідэі,
Знаёмыя Ведамству з газет.
Гэтакі падыход —
Як зважаць на асаблівасці нашых газет —
Дазволіў бы зберагчы шмат паперы, калі б
Ведамства на кожную ідэю з газет
Па адной кнізе толькі прапускала. На жаль,
Яно лёгка пускае ў друк усе кнігі, дзе перакоўтваецца адна
Ідэя нашых газет.
З гэтае вось прычыны
Для друку твораў некаторых майстроў
Бракуе паперы.

1953


НЕ ТОЕ МЕЛАСЯ НА ЎВАЗЕ[26]


Калі Акадэмія мастацтваў ад ўлад вузкалобых запатрабавала
Свабоды мастацкага выяўлення,
Навокал пачуліся крыкі і віскат.
Ды гучней за ўсё і за ўсіх
Данесліся аглушальныя воплескі
З таго боку сектаральнай граніцы.
«Свабоду! — грымела адтуль.— Свабодумастацтву!
Свабоду ва ўсім! Свабоду ўсім!
Свабоду прыгнятальнікам! Свабоду падпальшчыкам войнаў!
Свабоду магнатам Рура! Свабоду гітлераўскім генералам!»
Гэтак вось, даражэнькія мае!
За Юдавым пацалункам рабочым
Будзе Юдаў пацалунак мастакам.
Падпальшчык з бутэлькай бензіну
Са злацешнай усмешкай крадком
Да Акадэміі мастацтваў блізіцца.
Але ж мы зусім не дзеля таго
Патрабавалі свабоды рук,
Каб яго абдымаць, а толькі каб выбіць
З рук брудных ягоных тую бутэльку.
Нават самыя вузкія лбы, за якімі —
Адданасць справе міру,
Мастацтву жаданыя болей, чым аматар мастацтва,
Які ёсць адначасна аматар мастацтва вайны.

1953


З «БУКАЎСКІХ ЭЛЕГІЙ»[27]

ЗАМЕНА КОЛА


Я сяджу на ўзбочыне дарогі.
Шафёр кола мяняе.
Мне там, адкуль я еду, не даспадобы,
Мне там, куды я еду, не даспадобы.
Чаму ж на тое, як мяняюць кола,
Гляджу я нецярпліва?

КВЕТНІК


Над возерам, між елкай і таполяй срэбнай,
Схаваны паміж мурам і кустоўем кветнік.
Пасаджаны ён мудра: ад вясны пачатку
Да позняй восені палаюць кветкі ў ім.
Вось тут уранку почасту сяджу я,
I хочацца мне, каб я мог заўсёды —
Пры ўсякім, добрым ці благім, надвор’і —
Людзям на свеце чымсьці быць прыемным.

ДЫМ


Маленькая хатка між дрэў, каля возера.
Плыве над дахам дым у вышыню.
Каб не было яго,
Якія былі б панылыя
I хатка, і дрэва, і возера.

ЖАЛЕЗА


Я сёння ўначы
Сніў буру вялікую:
Яна на будоўлі каркас наляцела,
Сарвала жалезную бэльку
I адкінула ўбок яе.
А ўсё, што было драўлянае,
Гнулася — ды ацалела.

ЯЛІНЫ


На золку ў ялін
Медны колер.
Гэткімі бачыў я іх Паўсотні год таму —
Яшчэ да сусветных войнаў,
Вачыма маладымі.

1953


ПЫТАННЕ


Як набудуеш вялікі парадак
Без мудрасці мас? I хто з ёю не лічыцца,
Не зможа паказаць дарогі
Мільёнам людзей.
Вялікія настаўнікі!
Кажучы прамовы,
Вушэй не затыкайце.

УЦЕХІ


Першы позірк уранку з акна
Адшуканая кніга старая
Натхнёныя твары
Снег, чаргаванне пор года
Газета
Сабака
Дыялектыка
Гарачы душ, купанне
Даўнейшая музыка
Зручныя чаравікі
Спасціжэнне
Сучасная музыка
Пісаць, вырошчваць
Спяваць, вандраваць
Быць дружалюбным

[1954]


***


Я таксама думаў, што будзе даволі
Слоў самых простых. Калі я скажу ўсё, як ёсць,
У кожнага мусіць парвацца сэрца.
А тое, што ты загінеш, як не абароніш сябе,—
Ты ўсё ж зразумееш потым.

АДКАЗ НА ВЕРШ «ПРА ДРУЖАЛЮБНАСЦЬ СВЕТУ»


Значыць, трэба нам утаймавацца
I сказаць: свой лёс не зменіш, безумоўна?
Смягнуць, кубак бачачы, й хапацца
У адчаі за парожні, а не поўны?
Значыць, мерзнуць на дварэ павінны
Мы, нібы няпрошаныя госці,
I з вялікай панскай ласкі дабрачыннай
Тут цярпець пакуты ад кагосьці?
Можа, лепей, галаву падняўшы,
Ад ніякіх асалод не адмаўляцца
I, у карак жываглотаў тых прагнаўшы,
На зямлі нарэшце ўтульна ўладкавацца?

Песні-зонгі і вершы з драматычных твораў[28]

БАЛАДА, У ЯКОЙ МАКХІТ УСІХ ПЕРАПРАШАЕ (З «Трохграшовай оперы», 1928)


Браты, нам — косці парыць у зямлі,
Вам — жыць. Таму на нас не будзьце злыя
I ў бараду не смейцеся, калі
Нам кат вяроўку зашмаргне на шыі.
I, як мы будзем смерцю пакараны,
Не кпіце з нас, як робіць гэты суд:
Мы ўсе папраўдзе — легкадумны люд,
Зрабіць іначай — вам наканавана.
Хай доля нашая вас абміне —
Прасіце бога, хай даруе мне.
I целы нашы сытыя з зямлі
Дождж неўзабаве змые праліўны,
I вочы, што так прагныя былі,
З вачніц павыядаюць груганы.
Мы ўзлезлі, мабыць, завысока трохі,
Цяпер праз хцівасць нашу — вось, вісім,
Скляваныя птушыным роем злым;
Мы тут — нібы на бальшаку ляпёхі.
Каб вам не перажыць падобных драм,
Прасіце бога, хай даруе нам.
Дзяўчат, што за грашы гатовы
Перад кім хочаш агаліцца,
I хлопцаў — тых катоў марцовых,
Што любяць гэтым пажывіцца,
Усякіх злодзеяў, забойцаў,
Каго вяроўка не міне,
I сутэнёраў, і прапойцаў —
Усіх прашу: даруйце мне!
Сабак з паліцыі не надта
Шаную, бо яны кармілі
Мяне адной травой праклятай
I многа ліха мне зрабілі.
Ды толькі сёння я, дарэчы,
Іх праклінаць не буду, не —
I каб далей пазбегнуць спрэчак,
Іх папрашу: даруйце мне!
Някепска ўрэзаць бы пабойняй
Катораму па цурбане,
Ды я... на ўсё забыўся сёння
I ўсіх прашу: даруйце мне!

ПАХВАЛА ПАРТЫІ (З п’есы «Мерапрыемства», 1930)


У чалавека — пра вачэй,
У партыі вачэй — тысяча.
Партыя бачыць сем краін,
Чалавек бачыць горад адзін.
У чалавека ёсць свой час,
У партыі часу — бездань.
Чалавека можна знішчыць зусім,
Партыю знішчыць нельга,
Таму што яна — авангард мас
I змагаецца згодна з вучэннем
Класікаў, што стварылі яго,
Спасцігнуўшы рэчаіснасць.

ДАРУЧЭННЕ (З п’есы «Святая Ёганна разніц», 1930)


1
Няможна прабачыць таму,
Хто не прыйшоў.
А той, хто спатыкнуўся,
Няхай не гаворыць пра камяні.
Таму, хто прыйшоў, не варта
Казаць, што яму было цяжка.
Ён павінен моўчкі тое рабіць, што трэба.

2
Мы далі табе даручэнне:
Становішча нам не спрыяла
I хто ты такі, мы не зналі.
Мог выканаць ты даручэнне,
Але ж і мог нам здрадзіць.
Ці выканаў ты яго?

3
Туды, дзе чакаюць, трэба прыходзіць!

4
Сетка, дзе разарвана
Адно-аднюткае вочка,—
Не вартая больш нічога:
Праз гэтае вочка ўцякае рыба,
Як быццам сеткі няма.
Раптоўна зусім непатрэбныя
Робяцца іншыя вочкі.

БАЛАДА ПРА КІДАННЕ ГУЗІКАЎ (З п’есы «Круглагаловыя і вострагаловыя», 1936)


1
Неяк да мяне дамоў
Пакалечаны прыйшоў:
— Як ты думаеш, магла б мяне
Пакахаць красуня альбо не?
Я сказаў:
              — Магчыма. Гузік зараз кіну,
Ён раскажа ўсё мне пра дзяўчыну...
Во, зважай —
Як убачыш: дзіркі ўверсе,
Дык ты сватацца не мерся —
Іншую сабе шукай.
Тут я гузік на падлогу кінуў.
— Бачыш, так і ёсць. Табе не пашанцуе.
Ён ускрыкнуў: — Дзіркі ў ім... скразныя!
Я ў адказ: — Пра тое і кажу я:
      Шчасця тут табе не будзе анізвання —
      Лепш, як ты адразу ўцяміш гэта.
      Не бывае ў нас дарма кахання —
      Трэба за яго плаціць манетай!

2
Неяк да мяне дамоў
Слабы розумам прыйшоў:
— Як ты думаеш, ці брат старэйшы мой
Спадчынай падзеліцца са мной?
Я сказаў:
              — Магчыма. Гузік зараз кіну,
Высветліцца ўсё тады павінна —
Вось, зірні:
Як убачыш: дзіркі ўверсе —
Лепей д’яблу ты даверся,
Брату ж роднаму — ні-ні!
Тут я гузік на падлогу кінуў.
— Бачыш, так і ёсць. Табе не пашанцуе.
Ён ускрыкнуў: — Дзіркі ж тут... скразныя!
Я ў адказ: — Пра тое і кажу я:
      Пасмяялася з цябе фартуна —
      Можаш мне паверыць, праўда гэта.
      Каб ад сварак быў табе ратунак,
      Мусіш брату заплаціць манетай!

3
Неяк да мяне дамоў
Бедны чалавек прыйшоў:
— Багацей ушчэнт мой бурыць дом,
Ці за гэта мне заплаціць ён?
Я сказаў яму:
                     — Вось гузік зараз кіну,
Ён мне скажа ўсё. Зірні, хлапчына,
На яго:
Як уверсе дзіркі ўбачыш,
Дык разлічваць тут на ўдачу
Больш табе няма чаго.
Зноў я гузік на падлогу кінуў.
— Бачыш, так і ёсць. Табе не пашанцуе.
Ён ускрыкнуў: — Дык яны ж... скразныя!
Я ў адказ: — Пра тое і кажу я.
      Што ж, фартуна, сябра мой, з цябе смяецца.
      Бачыш вось — жыццё даводзіць гэта.
      Што б ты ні рабіў на гэтым свеце —
      Будзеш сам за ўсё плаціць манетай!

ПЕСНЯ ПРА ВАДЗЯНОЕ КОЛА (З п’есы «Круглагаловыя і вострагаловыя»)


У шматлікіх песнях-одах
Пра вялікіх шмат гаворкі:
Зоркамі яны ўзыходзяць
I спадаюць, быццам зоркі.
Гэта суцяшае. Толькі трэба ведаць
Тым, хто ім дае і снедаць, і абедаць:
Будзе ў іх узлёт альбо няўдача —
Хто за ўсё заплаціць так ці йпачай?
       Што ж, вада, якая круціць кола,
       Угары не можа вечна быць.
       Ды яна спазна́е, толькі збегшы долу,
       Што ёй суджана ўвесь час круціць.
Мелі мы паноў — не злічыш,
Мелі тыграў і шакалаў,
Мелі з дзюбай, мелі з лычам —
Іх карміць нам выпадала.
Горшы, лепшы хтось быў з іх асобны —
Толькі з ботам бот заўжды падобны:
Нас таптаў ён. Тут — адна выснова:
Нам паноў не трэба ні старых, ні новых.
       I вада, якая круціць кола,
       Угары не можа вечна быць.
       Ды яна спазнае, толькі збегшы долу,
       Што ёй суджана ўвесь час круціць.
       Пан у бойцы за здабычу
       Ад крыві ажно шалее,
       Іншых вылюдкамі лічыць,
       Сам сябе ж — за дабрадзея...
Бы ў драпежнікаў гараць тады ў іх вочы:
Б’юцца ўсмерць паны, але ў часіну,
Калі мы карміць іх больш не хочам,
Раптам утвараюць фронт адзіны.
       Бо вада тады не круціць кола,
       Вечнаю не бавіцца гульнёй —
       Толькі з новай сілай і вясёла
       Справаю займаецца сваёй.

ПЕСНЯ МАТУХНЫ КУРАЖ (З п’есы «Матухна Кураж і яе дзеці», 1939)


Спыніце войскі, ваяводы,
Хай змоўкне марш бравурны ваш.
Вам на вайну патрэбны боты —
Купляйце ў матухны Кураж!
У ботах вашыя салдаты
З усёй маёмасцю сваёй —
Вашамі, хломаздам — заўзята
У самы жорсткі пойдуць бой.
      Вясна. Устань, хрышчоны люд!
      Снег сходзіць, нежывыя спяць...
      Усё, што ацалела тут,
      Паціху рушыць ваяваць.
Салдатам нельга, камандзіры,
Ісці на бітву без яды —
Кураж віном падлечыць шчыра
Іх ад знямогі і нуды.
На страўнік на пусты — гарматы...
Хіба ж, панове, можна так?
Найперш хай пад'ядуць салдаты,
I — можна ў пекла, напрасцяк!
      Вясна. Устань, хрышчоны люд!
      Снег сходзіць, нежывыя спяць...
      Усё, што ацалела тут,
      Паціху рушыць ваяваць.
Той здабывае перамогу,
Хто ўмее выжыць і ў бядзе.
Вайна ёсць гандаль, больш нічога,
Дзе ў ход свінец, не сыр ідзе!
Камусьці рупіла таксама
Здабыць, чаго ў другіх няма:
Ён хітраваў, хаваўся ў ямах,
Ды гінуў — рана і дарма.
Імкнуўся хтосьці нехлямяжа
Знайсці спакойны дзесь куток —
Знайшоў урэшце... Хай ён скажа,
Ці ж хто яго штурхаў у бок?
      Вясна. Устань, хрышчоны люд!
      Снег сходзіць, нежывыя спяць...
      Усё, што ацалела тут,
      Паціху рушыць ваяваць.
I матухна Кураж шыбуе
Ў Маравію, на Ульм, на Мэц...
Вайна сабе людзей гадуе,
Што любяць порах і свінец.
Ды пораху, свінцу ўсё ж мала —
Патрэбен на вайну і люд:
Каб ён валіў у войска валам.
Інакш усёй вайне — капут!
      Вясна. Устань, хрышчоны люд!
      Снег сходзіць, нежывыя спяць...
      Усё, што ацалела тут,
      Паціху рушыць ваяваць.
Са шчасцем дзесь і з небяспекай
Вайна ідзе ўжо сотню год,
А ў радавога чалавека
Няма надзеі на даход.
Дрэнь вопратка, дрэнь ежа. Пнецца
Заробак скараціць казна —
На цуд Кураж тут спадзяецца:
Мо ўсё ж не скончыцца вайна.
      Вясна. Устань, хрышчоны люд!
      Снег сходзіць, нежывыя спяць...
      Усё, што ацалела тут,
      Паціху рушыць ваяваць.

ПЕСНЯ ПРА ВОСЬМАГА СЛАНА (З п’есы «Добры чалавек з Сезуана», 1942)


1
Было ў пана Чжына сем сланоў,
I восьмы быў слон у пана.
Сем — дзікія сланы, а восьмы — ручны:
Ён сачыў за сямёркай старанна.
      Гэй, жвава!
      Да ночы панскі лес
      Вам выкарчаваць трэба ўвесь,
      А часу ўжо — ў абрэз!

2
Сямёра сланоў тралююць той лес,
На восьмым — пан Чжын, на карку.
Ўвесь дзень ён сядзіць і ляніва глядзіць,
Каб сямёрка рабіла шпарка.
      Гэй, хутка!
      Да ночы панскі лес
      Вам выкарчаваць трэба ўвесь,
      А часу ўжо — ў абрэз!

3
I раз — не схацела сямёрка сланоў
Далей працаваць у няволі.
Пан Чжын тут уміг узлаваўся на іх
I даў восьмаму рысу паболей.
      Навошта?
      — Да ночы панскі лес
      Ім выкарчаваць трэба ўвесь,
      А часу ўжо — ў абрэз!

4
Сямёра сланоў без зброі былі,
У восьмага ж — бівень застаўся:
I даў ён тут дыхту кожнаму з семярых тых,
А пан Чжын — ззаду — толькі смяяўся.
      Працуйце ж!
      Да ночы панскі лес
      Вам выкарчаваць трэба ўвесь,
      А часу ўжо — ў абрэз!

ПЕСНІ З П’ЕСЫ «КАЎКАЗСКІ МЕЛАВЫ КРУГ» (1945)

(1)


***
Як ішоў я на вайну, у скрусе
Дома я каханую пакінуў,
Даў сябрам наказ: пакуль вярнуся,
Дбаць аб гонары маёй дзяўчыны.
Як загіну я, яна к магіле
Жменьку прынясе зямелькі з жалем,
Скажа: «Ногі тут, што да мяне хадзілі,
Рукі — што мяне так абдымалі...»

(2)


***
О, слепата вялікіх!
Яны, быццам вечныя,
Ідуць у сваёй велічы
Па схіленых галовах,
Упэўненыя ў моцы нанятых кулакоў,
Давяраючы Гвалту, што існуе здавён.
Але доўга — гэта не вечна.
О, змена эпох! Надзея народаў!

(3)


***
Калі бурыцца дом Вялікага,
Пад абломкамі гіне шмат малых.
Тыя, хто не мог падзяляць шчасце магутных
Часта падзяляюць іх няшчасце.
Калі воз валіцца ў прорву,
Ён цягне туды з сабою
Запененых коней.

БАЛАДА ПРА ВЕДЫ (З п’есы «Турандот, або Кангрэс ачышчальнікаў», 1954)


Працуе хтосьці рупна, як мурашка,

Ды што праліты пот яму дае?

Такім, як ён, заўжды на свеце цяжка,

Таму што ведаў яўна не стае.

Хто без каня, той будзе растаптаны,

Хто на кані — паскача ў галаве.

Што б ні рабіў ты — веды набывай старанна:

Хто мае веды, з гэтага жыве.


Калі вось бачу я, гандляр звычайны,

Што мне акул вялікіх не дастаць —

Скрабу патыліцу сабе адчайна

I думаю, як мне акулай стаць?

А стаўшы ёю, бачу ўсё, як людзі

Льюць сто патоў за хлеб і крапіву.

Ды я адно лічу, скуль мне прыбудзе,

Бо маю веды. З гэтага жыву.


Вунь да ўрача прыйшоў на ныркі хворы.

Урач глядзіць праз зад яму, наскрозь —

Хоць хворы ледзь жывы, ды плаціць шчодра,

Бо доктар ведае пра ныркі штось:

Ён ведае цану і на лаціне

Ягоную хваробу назаве...

Адно нязнайка з голаду загіне —

Хто знае штось, той з гэтага жыве.


Дзве супярэчнасці каханне мае:

Кагось кахаюць, хтось кахае сам.

Даваць адным, браць іншым выпадае:

Камусьці — выспяткі, камусь — бальзам...

Прыкрый на твары свой румянец свежы,

Хай успамін душу табе не рве;

Дай нож каханаму, і ён цябе зарэжа:

Кахаеш ты — ён з гэтага жыве.


Хто пра багатых жонак знае нешта,

Хто мае падыход да багачоў —

Усе яны жывуць някепска, зрэшты.

Бо ўсё залежыць тут... ад ведаў зноў!

Хто знае штось пра гарадскія ўлады,

Той клопату не мае ў галаве:

Лаяльны ён, і гэтаму ўсе рады.

Ён знае штось і з гэтага жыве.


Хтось ведае кагосьці там з масонаў,

Абшарніка, які ў даўгах уграз,

Ці багацеяў ведае бяздомных —

Вось тут ужо ён — дойлід, першы клас!

Памерці мусіць той, хто нехлямяжа

У цемры чыкільгае, адстае...

Лепш не з’яўляўся б ён на свет. Аднак жа

Хто знае штось, той з гэтага жыве.


Адзін — «пад антыку» мастак выбітны

I ўмее «чарвяточыну» рабіць,

Другі — у рыбалоўстве дужа спрытны

I можа рыбу ў нерат прыманіць.

А трэці знае, як бядняк у полі

За хлеб і аплявухі кішкі рве...

Нязнайка — йдзе да іншых у няволю,

А хто што знае — з гэтага жыве.


Заўвагі перакладчыка

1

Эрнан Картэс (1485—1547) — іспанскі канкістадор, які заваяваў частку Цэнтральнай і Паўночнай Амерыкі.

(обратно)

2

У 1925—1927 гг. Брэхт (пераважна ў Аўгсбургу і Бадэн-Бадэне) стварае цыкл санетаў, якія друкуюцца ў розных выданнях. Большасць з гэтых санетаў была сабраная пад вокладкай адной кнігі толькі ў 1984 г., калі ў выдавецтве «Аўфбаў» (Берлін і Веймар) выйшаў зборнік Брэхта «Вершы пра каханне», укладзены Вернерам Хэхтам.

(обратно)

3

Гебхард фон Блюхер (1742—1819) і Гельмут фон Мольтке (1800—1891) — вядомыя ў свой час прускія военачальнікі.

(обратно)

4

Целы патрыётаў-антыфашыстаў, замардаваных у гестапа, нацысты аддавалі родным і блізкім у цынкаваных трунах — каб схаваць сляды катаванняў.

(обратно)

5

Пісьменнік цешыць нас «Гарой чароўнай»...— Тут аўтар намякае на Томаса Мана (1875—1955), славутага нямецкага пісьменніка, і ягоны раман «Чароўная гара». У гэтай страфе верша знаходзіць свой адбітак рэзка адмоўнае стаўленне Брэхта да інтэлігенцкай вытанчанасці некаторых герояў твораў Томаса Мана.

(обратно)

6

Тупыя кумпалы, бы з твораў Гроса...— Георг Грос (1893—1959) — выдатны нямецкі мастак-карыкатурыст, які ў 20-я і на пачатку 30-х гадоў стварыў серыю сатырычных вобразаў ліхвяроў і спекулянтаў Веймарскай рэспублікі.

(обратно)

7

Да цыкла «Доследы» належаць некалькі г. зв. «літаратурных санетаў», напісаных Брэхтам у другой палове 30-х гадоў. У гэтых вершах аўтар выказвае сваю нязгоду з пэўнымі антырэвалюцыйна-філістэрскімі момантамі ў творчасці вядомых нямецкіх пісьменнікаў мінуўшчыны, у прыватнасці Фрыдрыха Шылера (1759—1805).

(обратно)

8

Маляром Брэхт пагардліва называе Гітлера, намякаючы на тое, што ў маладыя гады Гітлер спрабаваў займацца жывапісам.

(обратно)

9

У Нюрнбергу створаны імі закон...— Гаворка ідзе пра закон, прыняты ў 1935 г. на партайтагу (з’ездзе) нацысцкай партыі, згодна з якім сувязь «арыйскай жанчыны» з яўрэем у Германіі абвяшчалася злачынствам. Юліус Штрайхер быў у той час рэдактарам пагромна-антысеміцкай газеты «Шцюрмер» («Штурмавік»).

(обратно)

10

Фрыдрых Другі перамог у Сямігадовай вайне...— Гэтае сцвярджэнне гістарычна недакладнае.

(обратно)

11

Лао Цзы (каля 300 г. да н. э.) — паўміфічны кітайскі філосаф, аўтар кнігі «Дао дэ цзін», у якой змешчаны пачаткі вучэння пра дао — неспазнавальны выток існавання, метафарычна ўпадоблены вадзе.

(обратно)

12

Карл фон Асецкі (1889—1938) — вядомы нямецкі публіцыст-антыфашыст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які ў 1933—1936 гг. быў вязнем фашысцкага канцлагера і пасля памёр у выніку катаванняў.

(обратно)

13

Верш напісаны да 70-годдзя Марціна Андэрсена Нэксё (1869—1954), выдатнага дацкага пісьменніка, сябра Б. Брэхта.

(обратно)

14

Spell your name (англ.) — назавіце Ваша прозвішча па літарах.

(обратно)

15

Верш напісаны па ўзору паэмы выдатнага англійскага паэта Персі Бішы Шэлі (1792—1822) «Маскарад анархіі», якую Брэхт перакладаў на нямецкую мову ў канцы 30-х гадоў. Ужываючы англійскае democracy (вымаўляецца прыблізна як дэмóўкрасі) замест нямецкага адпаведніка, Брэхт робіць намёк на «дэмакратыю» ў заходнім, англа-амерыканскім варыянце, сутнасць якой ён выкрывае ў гэтым вершы.

(обратно)

16

'лёнз анфан, кгод сэв зы кінн... (скаж. французск. і англ.) — пачатковыя словы тэкстаў нацыянальных гімнаў адпаведна Францыі і Вялікабрытаніі.

(обратно)

17

Пангерманец — нямецкі шавініст.

(обратно)

18

Вось — пагромныя ваякі, «Шцюрмер»аўскія пісакі...— Пра фашысцкую газету «Шцюрмер» гл. заўвагі да верша «Балада пра Марыю Зандэрс, «яўрэйскую шлюху».

(обратно)

19

З «Лігі» крочаць маладзіцы...— Тут маецца на ўвазе «Ліга нямецкіх дзяўчат», фашысцкая арганізацыя дзяўчат ва ўзросце 14—18 гадоў, якая ўваходзіла ў склад «Гітлер’югенда».

(обратно)

20

«Сіла і радасць» («Сіла праз радасць») — турыстычна-спартыўная арганізацыя ў фашысцкай Германіі, якая выкарыстоўвалася нацыстамі ў прапагандысцкіх мэтах.

(обратно)

21

«Зімняя помач» — акцыя «дабрачыннай» дапамогі вермахту ў фашысцкай Германіі, фактычна яшчэ адна форма абавязковага падатку.

(обратно)

22

Iзар — рака, на якой стаіць галоўны горад Баварыі Мюнхен — месца, адкуль пачыналася шэсце Гітлера да ўлады.

(обратно)

23

Карычневы дом — назва рэзідэнцыі нацыянал-сацыялісцкай партыі ў Мюнхене да разгрому фашызму.

(обратно)

24

З кухлем дармавога піва...— Брэхт нагадвае тут пра тое, што ў 20-я гады фашысты, каб прывабіць на свой бок як мага больш найбяднейшых людзей, адчынялі бясплатныя піўныя.

(обратно)

25

Sweet dream of liberty (англ.) — салодкая мара пра свабоду.

(обратно)

26

Улетку 1953 г. Брэхт апублікаваў серыю вершаў і артыкулаў, пафас якіх быў скіраваны супраць дагматычна-сектанцкага падыходу некаторых дзеячаў культуры ГДР да ажыццяўлення культурнай палітыкі ў краіне. Гэтыя выступленні Брэхта (у тым ліку ў вершы «Ведамства літаратуры») тэндэнцыйна тлумачыліся заходняй буржуазнай прэсай. У адказ ёй паэт напісаў верш «Не тое мелася на ўвазе».

(обратно)

27

Былі напісаныя Брэхтам на ягонай дачы ў Букаве, недалёка ад Берліна.

(обратно)

28

У падборцы змешчана толькі невялікая частка зонгаў і вершаў, напісаных Брэхтам да сваіх драматычных твораў. Некаторыя з іх друкаваліся ў паэтычных зборніках аўтара як самастойныя творы.

(обратно)

Оглавление

  • БЕРТАЛЬТ БРЭХТ НА ШАЛЯХ ПРАЎДЫ
  • БЯЗЛІТАСНА I — З ЛЮБОЎЮ...
  • З кнігі «Хатнія казані Бертальта Брэхта» (1927)
  •   ПРА ПАДАТЛІВАСЦЬ ПРЫРОДЫ
  •   ПРА ДРУЖАЛЮБНАСЦЬ СВЕТУ
  •   ПРА ЛЮДЗЕЙ КАРТЭСА[1]
  •   УСПАМІН ПРА МАРЫЮ А.
  •   ЛЕГЕНДА ПРА МЁРТВАГА САЛДАТА
  •   ПРА БЕДНАГА Б. Б.
  • З санетаў 1925—1927 гадоў
  •   АДКРЫЦЦЁ, ШТО Я ЗРАБІЎ У МАЛАДОЙ ЖАНЧЫНЕ[2]
  •   САНЕТ
  • З кнігі «З хрэстаматыі для жыхароў гарадоў» (1930)
  •   ПРА ПЯТАЕ КОЛА
  •   ЧАТЫРЫ ПРАПАНОВЫ, ЗРОБЛЕНЫЯ ЧАЛАВЕКУ З РОЗНЫХ БАКОЎ У РОЗНЫ ЧАС
  • З кнігі «Песні, вершы, хары́» (1934)
  •   З «КАЛЫХАНАК»
  •   ЗМАГАРАМ У КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫХ ЛАГЕРАХ
  •   ПАХАВАННЕ ПАДБУХТОРШЧЫКА Ў ЦЫНКАВАЙ ТРУНЕ[4]
  •   БАЛАДА ПРА ЎХВАЛЕННЕ СВЕТУ
  •   ПЕСНЯ ПАЭТАЎ-ЛІРЫКАЎ, ЯКІЯ ЗАРАБІЛІ САБЕ ГАНАРАР (напісана ў першай палове XX стагоддзя, калі за вершы перасталі плаціць грошы)
  •   ГЕРМАНІЯ
  • З цыкла «Доследы»
  •   ПРА БАЛАДУ ШЫЛЕРА «ЗАРУКА»[7]
  • З кнігі «Свэндбаргскія вершы» (1939)
  •   З «НЯМЕЦКАЙ АЗБУКІ ВАЙНЫ»[8]
  •   БАЛАДА ПРА МАРЫЮ ЗАНДЭРС, «ЯЎРЭЙСКУЮ ШЛЮХУ»
  •   ПЕСНЯ АДЗІНАГА ФРОНТУ
  •   ПЫТАННІ ЧЫТАЧА-РАБОЧАГА
  •   ЛЕГЕНДА ПРА ЎЗНІКНЕННЕ КНІГІ «ДАО ДЭ ЦЗІН» ПА ДАРОЗЕ ЛАО ЦЗЫ[11] Ў ЭМІГРАЦЫЮ
  •   НЕПЕРАМОЖНЫ НАДПІС
  •   НА СМЕРЦЬ ЗМАГАРА ЗА МІР (Памяці Карла фон Асецкага[12])
  •   НАДМАГІЛЬНЫ НАДПІС ГОРКАМУ
  •   СУЦЯШЭННЕ КАНЦЛЕРА
  •   ПРЫСТАНІШЧА
  •   ВЫГНАЦЬ БЫЛО ЗА ШТО...
  •   ДА НАШЧАДКАЎ
  • З вершаў 1938 — 1947 гадоў
  •   ЛІТАРАТУРА БУДЗЕ ПЕРАГЛЕДЖАНА[13]
  •   КЕПСКІ ЧАС ДЛЯ ЛІРЫКІ
  •   З ЦЫКЛА «1940»
  •   САНЕТ У ЭМІГРАЦЫІ
  •   ГАЛІВУД
  •   ПЕСНЯ НЯМЕЦКАЙ МАЦІ
  •   АНАХРАНІЧНАЕ ШЭСЦЕ, АБО ВОЛЬНАСЦЬ I DEMOCRACY[15]
  • З вершаў апошніх гадоў (1949-1956)
  •   ***
  •   ДА МАІХ ЗЕМЛЯКОЎ
  •   КІТАЙСКІ ЛЕЎ, ЗРОБЛЕНЫ З КАРАНЁЎ ЧАЙНАГА ДРЭВА
  •   ВЕДАМСТВА ЛІТАРАТУРЫ[26]
  •   НЕ ТОЕ МЕЛАСЯ НА ЎВАЗЕ[26]
  •   З «БУКАЎСКІХ ЭЛЕГІЙ»[27]
  •     ЗАМЕНА КОЛА
  •     КВЕТНІК
  •     ДЫМ
  •     ЖАЛЕЗА
  •     ЯЛІНЫ
  •   ПЫТАННЕ
  •   УЦЕХІ
  •   ***
  •   АДКАЗ НА ВЕРШ «ПРА ДРУЖАЛЮБНАСЦЬ СВЕТУ»
  • Песні-зонгі і вершы з драматычных твораў[28]
  •   БАЛАДА, У ЯКОЙ МАКХІТ УСІХ ПЕРАПРАШАЕ (З «Трохграшовай оперы», 1928)
  •   ПАХВАЛА ПАРТЫІ (З п’есы «Мерапрыемства», 1930)
  •   ДАРУЧЭННЕ (З п’есы «Святая Ёганна разніц», 1930)
  •   БАЛАДА ПРА КІДАННЕ ГУЗІКАЎ (З п’есы «Круглагаловыя і вострагаловыя», 1936)
  •   ПЕСНЯ ПРА ВАДЗЯНОЕ КОЛА (З п’есы «Круглагаловыя і вострагаловыя»)
  •   ПЕСНЯ МАТУХНЫ КУРАЖ (З п’есы «Матухна Кураж і яе дзеці», 1939)
  •   ПЕСНЯ ПРА ВОСЬМАГА СЛАНА (З п’есы «Добры чалавек з Сезуана», 1942)
  •   ПЕСНІ З П’ЕСЫ «КАЎКАЗСКІ МЕЛАВЫ КРУГ» (1945)
  •     (1)
  •     (2)
  •     (3)
  •   БАЛАДА ПРА ВЕДЫ (З п’есы «Турандот, або Кангрэс ачышчальнікаў», 1954)
  • *** Примечания ***