Маўчанне травы: Паэма лёсу [Васіль Зуёнак] (fb2) читать постранично

- Маўчанне травы: Паэма лёсу 450 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Зуёнак

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Зуёнак Маўчанне травы


Маўчанне травы: Паэма лёсу.— Мн.:Маст. літ., 1980.— 192 с., 8 л. іл.


Рэдактар В.Б. Спрынчан

Мастацкія рэдактары Е.М. Малышава, В.П. Жыжэнка


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


1
Запросіны
Палёўкай пры лесе — Узбор'е —
Вёска — сорак двароў:
На захад — жытное горне,
На ўсход — перазовы бароў.
Куды пахінуцца — гадае,
Напэўна, тысячу год:
На захад — дзень хлебадайны,
На ўсходзе — песні ўмалот.
Ледзь певень абудзіць падвор'е —
Не ломіць ніхто караля:
Не ведае стомы Узбор'е,
Спрадвеку жыве з мазаля.
Вяснуецца ў полі з сяўнёю,
П'е жніўнем з ламоткіх крыніц
I боханам — сонцу раўнёю —
Узыходзіць на покут святліц.
Ля борцяў узятак цікуе,
Румуе калоды на сплаў,
Цяслярыць і скрыпкі штукуе —
Ніхто не прыліпне да лаў!
Вось так і трывае паціху,
Не звыклая часу лічыць,
З прымоўем: няўродзіца — ліха
I ліха — як песня маўчыць.
Купалка, вяснянка, калядка,
Талочніца, жніўка, кума,
Скакуха, любоўніца-звадка
І тая — каб сват не драмаў...
Я слухаў вас. Хай пазайздросцяць,
Каму не ўдалося пачуць!..
Ляжаць спевакі на пагосце...
А песні?.. Ды лепш памаўчу...
Бываюць жа цуды зямныя!
I ёсць паміж ix старана:
То баравая заные,
То жніўная ў сэрцы струна.
2
Карчма
Дарог на свеце мноства,
Ды дзве
любы куток
Скрыжоўваюць наўпроста:
Аснова і уток.
Аснова весніх крокаў,
Уток гадоў-надзей:
Ніхто не пройдзе бокам —
I ў шчасці, і ў бядзе...
Усё і ў нас, як трэба:
Узбор'е — на крыжах,—
Цягні свой воз пад небам,
Нібы на двух гужах...
Адна раскашавала
Дарога ўсцяж палёў,
Другая прышывала
Узбор'е да бароў.
На ростані, прагорклай
Ад часу й палыну,
Буяла Веснагорка
Паганствам штовясну:
Спяванкі, жарты, скокі,
Арэлі, карусель,
Пад поўняй аднавокай —
Трава ды жаўтазель...
A ўзбоч — карчма стаяла,
I рэй тут вёў Абром,
Збіваў машну памалу,
Скупляючы дабро.
Жытам, аўсам ды грэчкам
Даваў дарогу ён
I сала не адпрэчваў,
Абы ўзрастала ў плён!
Каб сухавей не яхкаў,
Каб спорыўся ўмалот,
Абром маліўся Яхве,
Хрысту — мужыцкі род.
Дабpo на стол заморскі
Сплывала па Дзвіне.
У Рызе пот узборскі
Чырвонцамі звінеў.
Ды там ужо кілзалі
Гешэфт тузы з тузоў...
Абром жа, мы б сказалі,
Beў працу між нізоў.
А Хана карчмавала —
Не быў манахам стол —
Варыла, шынкавала
Ды брала на засол.
І чарка вам, і закусь,
І драбяза-тавар:
Істужка, булка з макам,—
Так і гусцеў навар.
Усіх вітала Ханка —
Хто зблізку, хто здалёк:
Падкочвала фурманка,
Туліўся хатулёк...
За грошы і ў пазыку —
Ніхто не меў заган:
Вандроўныя музыкі
І канакрад цыган.
Чаляднікі медзь трэслі,
І ў шклянцы вус мачыў
Ляснік, што ўчора ў лесе
Пні-свежакі злічыў.
Ды вэрхалу найболей
І выручкі было,
Калі ў карчме застолле
Нядзельнае гуло.
Збіралася бяседа
На прыцемку — тады,
Як вечар за абедам
На нюх лавіў сляды.
Ішлі сабе няўзнакі:
Адзін — прадаць авёс,
Другі — стральнуць табакі,
A трэці — байку нёс.
Па кроплі і яшчэ раз
Сагрэтая душа
З ярма нядолі шэрай
Прасілася спярша.
І гойдалася нізка
Ў дыме гамана,
Пакуль сляпы Аніска
Жалейку не кранаў.
Тады скакала ў пяткі
Вясёлая душа,
Хоць за душой і ў святкі
Не мела ні граша.
Скакала не ад страху,
Скакала не сп'яна,
Скідала апранаху
І гнала ў дол яна
Ўдарамі абцаса
І гора, і нуду.
І кідала тым часам
Прыпеўку на хаду:
Авохці мне,
Злая доля прыгне —
А я не зламлюся,
А я разагнуся!
З падкрутам і ўпрысядку
І з грукатам грамніц
Душа скакала ў пятках
Пад гойданне масніц.
Не зналася з мяжою —
Дзе неба, дзе зямля!
Душа была душою
Яўсея-каваля.
А з лаўкі ў лад, з прысвістам
Ішоў на круг Васіль —
То высцілаўся лістам,
То пеўнем калясіў.
І любаваўся ўпотай