Вежа [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично

- Вежа 145 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Някляеў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Някляеў Вежа


Фантастычная аповесць

© Камунікат.org


Вежа


Дваццаць восьмага ліпеня, у аўторак, Ютка Казубоўскі прачнуўся, як заўсёды, рана, памыўся, паснедаў на скорую руку і рушыў будаваць вежу да неба.

На гліністым пагорку ў канцы сотак мелася ў Юткі круглая, глыбокая яма, дзе на зіму буртавалася бульба. На дне гэтай ямы і заклаў Ютка першы камень у падмурак сваёй вежы.

Некаму можа падацца дзіўнаватым, што чалавек у наш час, на скорую руку паснедаўшы, без дай прычыны бярэцца за работу, у якой не было ў людзей аніякай патрэбы з пары Вавілона. Некаму, але не жыхарам Карун, дзе яшчэ зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, капаўся калодзеж скрозь усю зямлю, каб можна было ў яго скочыць і глянуць, што ж робіцца там, на другім канцы свету. Таму, калі Хведар Былінскі, сусед Юткі Казубоўскага, крочыў паўз Юткавы соткі на ферму і спытаўся ў Юткі, што гэта ён тут робіць, дык зусім не здзівіўся Юткавым намерам, а сказаў толькі:

- А... Ну, памагай Бог, - і пашыбаваў сабе далей.

- Казаў Бог, каб ты памог, - буркнуў яму ўслед Ютка, бо каціў вельмі ўжо вялікі камень, аднаму не пад сілу. Тады Хведар вярнуўся - і ўдвух яны скінулі камень у яміну.

- А дзе ты цяпер бульбу буртаваць будзеш? - спытаўся Хведар.

- Ат, - махнуў рукою Ютка, - колькі той бульбы. А работы з ёй - лепей у горадзе купіць.

- I то праўда, - згадзіўся Хведар. - Ты вялікае каменне адзін не цягай. Памагу, як з работы пайду.

На суботу, першага жніўня, падмурак быў закладзены, стаяў трывала, надзейна, хіба толькі землятрус яго мог скрануць. Дый то гледзячы які, бо яміна глыбінёю каля дзесятка метраў, выкапаная ў чырвонай ганчарнай гліне, з якой спрадвеку рабіліся ў Карунах звонкія, як гарэхі, гаршкі, - замураваная ледавіковымі валунамі такая яміна - гэта вам не жарты. А каб не чапляліся да Юткі, што ды чаго, чаму ды навошта, укапаў ён каля падмурка драўляны слупок, у макаўку якога ўвагнаў бляшаную шыльдачку, з аднаго боку якой былі выбіты аўтамабільныя нумары 17-39 ТРМ ПРИЦЕП, а з другога акуратна напісана, кожнае слова асобным колерам: будуецца вежа да неба.

- Гэта ты правільна прыдумаў, - сказаў Хведар, ідучы ў нядзелю на ферму. - Бо могуць не зразумець. Неяк паболела на свеце абсалютна дурнога народу. Як у пару пана Цырлюкевіча.

Пан Цырлюкевіч быў тым панам, які ў XIX стагоддзі меў у Карунах глобус, і, калі карунцы пачалі капаць калодзеж скрозь усю Зямлю, пан Цырлюкевіч праткнуў свой глобус сталёваю спіцай з боку Карун - і аказалася, што другі канец спіцы вытыркнуўся ў Ціхім акіяне. Праз тое пан Цырлюкевіч пачаў даводзіць, што калі нават карунцы пракапаюць калодзеж, то ўсё адно выйсці з яго на той канец свету не змогуць. Болыы таго: вада хлыне ў дзірку і затопіць не толькі Каруны, але і шмат якія іншыя вёскі і хутары, што ляжаць паблізу. Паколькі пана Цырлюкевіча ніхто ў Карунах слухаць не схацеў, ён паведаміў пра тое ўраду, націскаючы ў сваім допісе на слова "дыверсія", пасля чаго ў Каруны прыехала аж чацвёра дактароў: трое ў хуткім часе з'ехалі, а адзін застаўся назаўсёды, ажаніўшыся з Зоськай Каняўка і заснаваўшы такім чынам у Карунах доктарскую дынастыю.

Пан Цырлюкевіч, зразумеўшы, што ўрад палічыў яго вар'ятам, пачаў будаваць на Літвінавай гары акіянскі трохпалубны карабель, каб у час патопу зратаваць сябе, племяннога жарабца Ахіла, тузін галоў дробных хатніх жывёлін, а таксама тых карунцаў, якія, на думку пана Цырлюкевіча, мелі вартасць і значэнне для далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі. У карунскага папа захаваўся спіс людзей, якіх пан Цырлюкевіч збіраўся ўзяць на борт свайго карабля, і ў гэтым спісе хай сабе не на першым месцы, але ўсё ж значыліся прапрадзед Юткі Казубоўскага і прабабка Хведара Былінскага.

Карабель, на жаль, застаўся недабудаваны - і на тое былі дзве прычыны. Па-першае, ніхто ў Карунах толкам не ведаў, як будуюцца акіянскія караблі. Па- другое, пан Цырлюкевіч аднойчы ўзяў і зразумеў, што ў такую дзірку, як калодзеж, вада не хлыне патопам, а пацячэ звычайнай ракой, і што з гэтага, калі рака акажацца рыбнай, для карунцаў можа быць нават немалая карысць. Пан Цырлюкевіч зразумеў тое, калі ўжо ставіліся мачты, калі мала што заставалася, каб карабель давесці да ладу, але падумайце: навошта акіянскі карабель там, дзе можна разлічваць толькі на больш-менш прыстойную рэчку? Пан Цырлюкевіч падумаў і ўцяміў, што гэта бязглуздзіца. Так той карабель і застаўся недабудаваны, стаіць без мачтаў на Літвінавай гары, на самым высокім месцы якраз пры выездзе з Карун. Дарэчы, ён саслужыў аднойчы карунцам зусім нядрэнную службу, але пра гэта не зараз, не тут, а як-небудзь іншым разам і іншым часам.

Дзень за днём Юткава вежа паціху, але няўмольна падымалася да неба. Слых пра незвычайную будоўлю ў Карунах хутка абляцеў раён, вобласць, рэспубліку - і вырваўся за межы краіны. У канцы лета, трыццатага жніўня, у чацвер, каля дзесяці гадзін раніцы ў Каруны завітала першая замежная дэлегацыя: група прафсаюзных дзеячаў з