Паварот на лета [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично

- Паварот на лета 239 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Нiна Мацяш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніна Мацяш Паварот на лета


Падрыхтаванае на падставе:  Мацяш Н. Паварот на лета: Вершы, паэмы.— Мн.: Маст. літ., 1986.— 158 с.: іл.— (Б-ка беларус. паэзіі).


Copyright © 2013 by Kamunikat.org



* * *
Лёс мой,
лёс мой — цяжкі колас,
часам — цяжкі камень...
Мне люляць цябе да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою
быць сам-насам
і несці у людзі
то ў кароне промняў ясных
ды ў пчаліным гудзе,
то шукаць табе ратунку
ад навалы чорнай.
Час падлічвае рахункі,
мелюць часу жорны.
Думкі, крокі,
гнеў і радасць, —
будзе хлеб ці ўдалы?
Не скрывіць душой ні разу —
гэта шмат ці мала?
І любіць ажно да болю,
як матулін голас,
Беларусь — і сонца, й долю...
Лёс мой,
цяжкі колас!
1970



АГОНЬ УНАЧЫ
Няма святла.
Відаць, абрыў на лініі —
Вятрыска ж круціць, нібы ашалеў.
Прыклала ноч свае далоні сінія
Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў.
А мне — утульна, нечакана хораша,
Прыціхшы, слухаць буру і сябе,
Ступаць за думкай без шчымлівай горычы,
Як аратай за плугам пры сяўбе.
Ды раптам сэрца працяло трывожнае:
А што, калі з дарогі хто зблудзіў
Ці проста страшна стала падарожнаму,
Што ў непагадзі ён зусім адзін?..
Асмалак свечкі леташняй каляднае
Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй —
І вось ужо з акна майго выглядвае
Скупы агеньчык, добры гном начэй!
Шыбуй сюды, знявераны і стомлены!
Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло.
І падалося мне:
сам шквал надломлены
Быў гэтым кволым, прызыўным святлом.
Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы зазірнуў.
1967



НАДЗЕЯ
Цябе разгубленасць
катавала,
Ты спатыкалася,
ды ўставала.
Цябе паліла
агнём няўдачы,
А гы па прыску
ішла гарачым.
Канала ты
на кастрах адчаю,
Ды зноўку з попелу —
жывая!
Даўно б згібела
без цябе я,
Мой добры Фенікс,
мая надзея.
1967



АМО ТЕ
«АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES» —
«Кахаю цябе, кахай мяне,
вернасць бяссмертна», —
пісалі старажытныя рымляне
на заручальных пярсцёнках.
З Рыма, з даўніх-давён,
Праз стагоддзі-вякі,
У абрадавым звоне крыштальным
Прыкаціуся пярсцёнак
Да жаночай рукі,
Прыкаціўся пярсцёнак
Да мужчынскай рукі, —
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Блаславіў Гіменей,
Абяцаў Гіменей
Сонца, шчасце раскрыленых даляў.
І выстукваюць сэрцы
У цябе і ў мяне:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Па жыцці не прайсці,
Каб не зведаць бяды.
Нам бы ж толькі пярсцёнкі шапталі
Праз вясну і праз слоту,
Праз сівыя гады:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
1968


РАСЧАРАВАННЕ
Расчараванне — як абвал.
Хіба ўгадаеш гэта ліха?
Уцёк каменьчык з-пад нагі,
За ім знянацку і другі,
Чацвёрты, восьмы... Шчэ імгненне —
І вось пад кручу ужо, уніз,
Лавіна груку і камення!
Галёкне рэха ў катлавіне,
Заб'ецца спуду ў стромах сініх,
І раптам стане ціха-ціха...
Расчараванне — як абвал.
1969


* * *
Памяці Леаніда Якубовіча

Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
І ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...
1970


ЖЫЛА-БЫЛА РАКА
«Не адгаворвайце, — рака прасіла